Текст книги "Трывожнае шчасце"
Автор книги: Иван Шамякин
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 43 страниц)
III
Камандзір павітаўся – апошнія два дні ён не з'яўляўся нанач; спытаўся, як здароўе Сашы, зазірнуў у калыску, дзе ляжала Ленка, i разгублена спыніўся пасярод хаты. Ён не ведаў, што можна сказаць яшчэ, як развітацца, каб людзі не зразумелі, што ix пакідаюць. Ён стараўся зрабіць выгляд, што нікуды не спяшаецца, але трывожныя позіркі, якія кідаў на акно, выдавалі яго. Ды i не было ўжо сакрэтам адступленне. На вуліцы, у пяску, буксавалі машыны. Крычалі i злосна лаяліся чырвонаармейцы.
Даніла – шаснаццацігадовы брат Сашы, зразумеўшы ўсё, моўчкі паказаў вачамі на хворую сястру, i сцятыя вусны яго дрогнулі.
Камандзір паспрабаваў усміхнуцца:
– Такі салдацкі лёс, Данік. Сёння тут, заутра там…
Саша, якая запалёнымі вачамі напружана сачыла за кожным рухам камандзіра, устрапянулася, імкліва села на ложку.
– Вы адступаеце? Вы пакідаеце нас? Няўжо вы не маглі ўтрымаць ix на Дняпры i Сожы? На такіх вялікіх рэках?.. Божа мой!
– Супакойцеся, Аляксандра Фёдараўна, – не ўзнімаючы вачэй, сказаў камандзір. – Мы трымаемся, але мяне пераводзяць на другі ўчастак… Я зайшоў…
– Вы хлусіце! – закрычала Саша. – Навошта вы хлусіце? Каму вы хлусіце? Сваім людзям?.. Сестрам, маткам?.. Яны захапілі Гомель? Так? Не кажыце мне, я ведаю, чаму сёння не чуваць кананады… Вы адступаеце. Уцякаеце… Кідаеце нас… Дык i я іду з вамі!.. Я не астануся з гэтымі звярамі!.. Не! – Яна ўсхапілася з ложка. – Я не хачу, каб яны зноў павялі нас на расстрэл…
Старэйшая сястра Поля кінулася да яе, абняла, намагаючыся ўкласці на ложак.
– Саша, родная мая, куды ты пойдзеш? Ты ж на нагах не стаіш… Ты зусім хворая…
– Не чапайце мяне, – ірванулася Саша. – Вы хочаце, каб яны забілі маю дачку? Усе вы баязліўцы! Вы баіцёся кінуць гэтую трухлявую хату! «Бацькаў дом!..» А яны прыйдуць i спаляць ваш дом, заб'юць вас!.. Пабачыце тады!..
– Сястра! Не адны мы астаёмся… Народ астаецца! – дрыготкім гол асам, але па-мужчынску цвёрда i разважліва сказаў Данік.
Саша нікога не слухала, яна хутка збіралася ў дарогу: надзела лепшае плацце, чаравікі, хустку, прагледзела дакументы, якія ўзяць.
За акном паклікалі:
– Таварыш капітан!
Ён зняў пілотку, нахіліў галаву, уздыхнуўшы, прамовіў:
– Бывайце… – Потым ціха сказаў Сахпы: – З войскам вам няможна. Ды i наогул позна… – I так, з непакрытай галавой, ступаючы зусім нячутна, быццам крадучыся, выйшаў з хаты.
Поля, убачыўшы, што Сашу не ўтрымаць, схапіла з калыскі дзіця i рашуча сказала:
– Не дам Ленку! Забі – не дам! Ты хочаш загубіць яе? Чым ты яе карміць будзеш? У цябе ж няма малака! Ды i куды ты пойдзеш цяпер? Чула, што сказаў капітан?..
Саша каля стала паспешліва складала ў старую хустку дзіцячыя рэчы; пры словах сястры яна выпрасталася, застыла са старэнькай, засціранай пялёнкай у руках, са страхам i здзіўленнем паглядзела на сястру, якая трымала Ленку.
– Як людзі, Саша, так i мы, – зноў па-філасофску разважліва зазначыў брат. – Не будзем адрывацца ад людзей…
Саша перавяла позірк на пялёнку і… раптам, закрыўшы ёю твар, упала грудзьмі на стол, на дзіцячыя рэчы. Плечы яе затрэсліся ад плачу. Поля i Даніла кінуліся да яе.
– Саша, родная, супакойся.
Недзе зусім блізка разарваўся снарад. У ix хаце са звонам вылецела колькі шыб.
– Хутчэй у сад! – крыкнула Поля.
Данік абняў Сашу за плечы i сілком пацягнуў за сабой. Яна ішла як непрытомная, абыякавая ў гэты час да ўсяго, што рабілася навокал, ішла, як асуджаная на смерць.
У садзе, пад старой камлюкаватай грушай, было сховішча – такое, якое рабілі амаль усе ў першыя дні вайны па інструкцыі мясцовых улад: глыбокая яма з кароткай траншэяй ад яе. Праўда, Даніла добра ўдасканаліў сховішча: зверху ямы паклаў бярвенні, якія бацька нарыхтаваў, каб перарабіць хляўчук, накрыў саломай, засыпаў зямлёй, а сцены ўмацаваў лазовым плятнём; атрымаўся амаль бліндаж. Хаваліся ў ім не толькі ix сям'я, але i суседка з малымі дзецьмі.
Снарады рваліся рэдка, i выбухі аддаляліся ў напрамку шашы, трушчачы альховыя кусты паўз рэчку, што працякала за гародамі. Відаць, немцы вялі прыстрэлку моста, каб разбіць яго i затрымаць адступленне савецкіх часцей.
Траянавы сядзелі глыбока ў яме, на саломе, прыціснуўшыся адно да аднаго, i слухалі гэтыя выбухі. Поля i суседка ціха, амаль шэптам, з паўзамі, перамаўляліся.
– Я, Полечка, парсюка ў сенцах карміла i не помню, ці зачыніла хату… Калі не зачыніла – наробіць ён шкоды.
– Мы ўчора вярнуліся пасля налёту, a ў нас у хаце Сойкавых каза гаспадарыць. Усе кветкі папсавала…
– Гэтая падла нічога не баіцца. А куры – бачыла, як хаваюцца?
Саша крыху супакоілася, i цяпер яе раздражняла гэтая, як ёй здавалася, нікчэмная размова аб непатрэбных i дробязных падзеях i рэчах.
– Сціхніце вы! Людзі гінуць… А вы пра курэй…
Ад руху артылерыі i танкаў па шашы зямля стагнала.
– Я баюся, мамачка. Што гэта гудзіць? – прапішчала трохгадовая дзяўчынка.
– Гэта гром, дзетка. Не бойся.
Саша быццам захлынулася нечым.
– О Божа! – у роспачы прашаптала яна. – Як яны ўцякаюць! Як ім не сорамна! Столькі машын!
Данік не ўтрымаўся – вырашыў супакоіць сястру; ён у тым годзе скончыў сямігодку i не прамінаў выпадку прыгадаць які-небудзь гістарычны прыклад:
– Кутузаў да самай Масквы адступаў, а потым як даў французам, дык ляцелі яны…
– Змоўкні! – крыкнула ў роспачы Саша. – Змоўкніце вы! Як вы не разумееце!..
Усесціхлі, нават дзеці. Данік, пакрыўджаназабурчаўшы, пачаў выбірацца з ямы. Поля схапіла яго за кашулю:
– Куды ты, Данік? Куды ты лезеш пад кулі? Ох, гора мне з вамі!
– Ды адчапіся ты! – узлаваўся хлопец. – Я ж табе не дзіцёнак… Не маленькі! Сам ведаю, што раблю. – I ён рашуча вылез. Паляжаў на зямлі, прыслухоўваючыся, потым усхапіўся i ў адзін міг апынуўся на грушы.
Шаша праходзіла за якога паўкіламетра, паміж ёй i першымі хатамі вёскі была пустка з зараснікамі лазы i палосай алешніку. Там працякаў ручай, вада ў якім заўсёды мела колер густога чаю i пахла прэлым лісцем i травамі. Ручай гэты, як i рэчка, выцякаў з вялікага лесу, што пачынаўся адразу ж за шашой. Хаця, уласна кажучы, не там ён пачынаўся i не там канчаўся. Лес быў навокал, абступаў вёску з трох бакоў i толькі на захадзе крыху адыходзіў, кіламетры на два-тры, вызваліўшы месца пад пясчанае неўрадлівае поле, над якім у ветраныя дні ўзнімаліся хмары пылу.
З грушы Данік добра бачыў кавалак шашы i мост цераз рэчку. Хутка снарады перасталі рвацца, шаша апусцела.
У вёсцы таксама было пуста i ціха. Уздоўж ручая, маскіруючыся ў алешніку, адступалі пехацінцы; яны ішлі па адным, па два, уподбег, прыгнуўшыся, хоць ніхто не страляў. Наступіў нейкі момант, калі вайна сціхла. Але ад гэтага стала яшчэ больш жахліва i Даніку на грушы i жанчынам у сховішчы. Саша без слоў спявала калыханку. Малая адрывалася ад пустых грудзей i крычала, ёй хацелася есці. Яе крык палохаў жанчын, быццам яна магла наклікаць бяду. Таму ўсе, нават дзеці суседкі, кожны па-свойму, супакойвалі яе – гушкалі, спявалі «ката». Ніхто не думаў пра тое, што Ленцы ўсяго два месяцы i ніякая калыханка яе не супакоіць, малако – вось што ёй патрэбна было.
Цераз мост прайшоў грузавік і, збочыўшы ў кусты, спыніўся. З кузава выскачылі чырвонаармейцы, панеслі да моста скрыню, замітусіліся.
«Узарваць мост хочуць», – зразумеў Данік i пачаў з дзіцячай цікаўнасцю i нецярплівасцю чакаць выбуху, разважаючы, ці можа даляцець асколак да яго, аднак не думаючы пакідаць свой назіральны пункт на грушы. Раптам за мостам застракатала, i з-за павароту шашы выскачылі матацыклісты. Данік зразумеў, што гэта немцы, толькі тады, калі двое першых, якія амаль дасягнулі ўжо моста, неяк дзіўна кульнуліся, a адзін матацыкл па насыпе скаціўся ў рэчку i там, на мелі, прадаўжалі круціцца яго колы, ганяючы кругамі ваду. Данік куляй зляцеў з грушы, крыкнуў у сховішча:
– Немцы! – i зноў на грушу.
Ён пачуў, як ускрыкнула Саша. З дзіцем на руках яна кінулася да выхаду.
Поля i суседка ўчапіліся за яе i не пускалі. Заплакалі дзеці.
– Куды ты цяпер уцячэш? Куды ты пабяжыш? Хочаш, каб застрэлілі?
Ці то само гэтае страшнае слова, ці частыя стрэлы, якія пачуліся цяпер даволі выразна, прымусілі Сашу змяніць свой намер: яна зноў забілася ў куток. Калоцячыся ўсім целам, прыціснулася да вільготнай зямлі. Яна бачыла перад сабой ix, немцаў. Перад яе вачамі зноў, як неаднойчы ўжо, стаў той, што вёў ix на расстрэл. У яе памяць урэзалася кожная рыса яго твару. Малады, нават прыгожы, з ветлівай усмешкай… Цяпер, калі яна ведае, штоён вёў ix на расстрэл, ад гэтай усмешкі ледзянее кроў… Як ён можа так усміхацца! А за ім стаіць той, другі, што сказаў: «Курт, айн зойглінг канет ду ніхт эршысен…» Цяпер Саша дакладна ведае переклад гэтых слоў: «Курт, дзіця можаш не страляць». I вось ён зноў стаіць, ён зноў вымаўляе гэтыя страшныя словы, паказвае пальцам на Ленку i хавае свой твар… Сашы страшна, але ёй вельмі хочацца ўбачыць яго твар… Яна напружана ўглядаецца перад сабой. Яе хвораму ўяўленню здаецца, што твар яго нечалавечы, пачварны, аброс дзікай шчэццю… У часе кароткіх прыступаў гэтай незвычайнай хваробы, якяя цягнецца амаль месяц, перад ёй ніколі не з'яўляўся трэці немец – той, што выйшаў з лесу першы i што пабялеў, калі «гер лейтэнант» загадаў расстраляць ix… Гэтага яна ўспамінала тады, калі ў галаве было ясна ці калі расказвала камунебудзь аб жудасным здарэнні ў лесе. Тады ўспаміналася ўсё да драбніц. Толькі твару таго, што сказаў: «Дзіця можаш не страляць», Саша ніколі не магла ўспомніць, таму ў часе прыступаў ён стаяў перад ёй безаблічны i здаваўся вельмі страшным. Вось i цяпер ёй здалося, што яго нечалавечая, кашлатая рука цягнецца да Ленкі. Саша заплюшчыла вочы i закрычала:
– Во ён! Ратуйце Ленку! Поля!.. Данік!
Поля абняла яе.
– Саша, родная мая! – шаптала яна. – Нікога няма. Адны мы тут… Паглядзі… Маня, дзеці яе. Там – Данік… Данік! – гучна паклікала яна.
Але ў адказ пачула яшчэ больш частую i, здалося, больш блізкую страляніну. Старэйшая сястра, якая дзесяць год была ім, малодшым, за маці, адышла ад Сашы i высунула галаву са сховішча, шукаючы брата.
– Вось жа задам я гэтаму хлопцу! Лезе пад самыя кулі! Даніла! Зараз жа ідзі сюды!
Але хлопца нідзе не было, дарэмна яна клікала. Даніла ў гэты момант штосілы бег уздоўж ручая да моста, дзе грымеў бой. З вышыні ён убачыў, што другая група матацыклістаў выехала па лясной дарозе на заходні канец вёскі, да пясчанага броду. Ён убачыў, як яны пачалі перацягваць цераз рэчку свае матацыклы, i адразу зразумеў ix намер: зайсці ў тыл групе байцоў, што вядзе бой каля моста. Доўга не думаючы, ён памчаў, каб папярэдзіць ix.
Калі поўз ад ручая цераз пустку, яго, напэўна, засеклі, бо кулі ціўкалі навокал, ссякалі лазу. Але ён не зважаў. Яго мэта – паўразбураны цагляны хлеў былой дарожнай станцыі, адкуль біў наш кулямёт.
Ён дабраўся да гэтага хлява i ўбачыў там трох байцоў. Адзін ляжаў за ручным кулямётам i кароткімі чэргамі страляў за раку, прыгаворваючы:
– Што, з'елі, гады?
Другі моўчкі набіваў дыскі i падаваў кулямётчыку. Трэці стаяў за цагляным слупам, пільна сачыў за мостам, зрэдку страляў з вінтоўкі i нешта камандаваў. Убачыўшы Даніка, які прапоўз у хлеў праз дзірку ў сцяне, ён здзіўлена спытаў:
– Ты што робіш тут?
– Дзядзечка, яны перапраўляюцца там, – хлопец паказаў рукой – дзе. – Яны хочуць акружыць вас.
– Нічога, хлопчык, нічога, – супакоіў яго баец. – Хутка мы ўсё скончым… – I, уздыхнуўшы, прамовіў прачула: – Эх, таварыш камандзір! На смерць пайшоў! Лажыся, хлопчык! Бі ix, ірадаў, Сцяпан!
Кулямёт ударыў доўгай чаргой. I ў гэтую ж хвіліну грымнуў выбух, такі, што Данілу здалося – абвалілася неба. Зыбанулася зямля, а зверху пачало нешта падаць i балюча выцяла хлопца па назе i па плячы. Ен нават не адразу зразумеў, што ўзарвалі мост. Чакаючы ўдараў яшчэ, не ўзнімаў галавы. Але чыесьці дужыя рукі паднялі яго з зямлі. У твар хлопца глядзелі сумныя вочы байца, які страляў з вінтоўкі.
– Помні, хлопчык! – ціха i ўрачыста сказаў баец. – Каб узарваць мост, пайшоў на смерць наш камандзір – Аляксей Кошалеў. Запомні гэта прозвішча – Кошалеў! А цяпер асцярожна прабірайся да маці… А мы, таварышы, пакуль дым ды пыл, сіганём на той бок, а там – у лес! За мной! – I ён кінуўся ў пралом сцяны, за ім следам – кулямётчыкі.
Даніла перапоўз у лазняк i адтуль убачыў, што асталося ад моста.
Палавіна яго была зруйнавана зусім; нават драўляныя палі, вельмі густа набітыя i пераплеценыя паміж сабой падпорамі так, што любімай гульнёй хлапчукоў было лазіць пад мостам, былі патрушчаны выбухам. Па каламутнай вадзе плавалі кавалкі дрэва i бліскала паглушаная рыба. Данік падумаў, што ў іншы час пры такой сітуацыі можна было б добра пажывіцца рыбай. Але цяпер яго ўвагу прыцягвалі немцы на тым баку ракі. Яны туляліся па сасонніку, але высоўвацца баяліся i стралялі рэдка, бо не бачылі, у каго страляць. Толькі калі з другога боку шашы ў хмызняку шуганула ўгору высокае полымя (Данік здагадаўся, што гэта чырвонаармейцы падпалілі свой грузавік), немцы пачалі шалёную страляніну.
З-за павароткі шашы вылез танк, спыніўся i ўдарыў у полымя з гарматы.
«Біце, дурні, у белы свет, як у капейку!» – зларадна падумаў хлопец i спрытна папоўз да вёскі: недарэмна вучылі ix поўзаць па-пластунску. Дабраўшыся да саду дзеда Андрэя – суседа насупраць, ён устаў на ўвесь рост i пайшоў. Яму не хацелася, каб вяскоўцы бачылі, што ён паўзе ці ідзе, схіліўшы галаву, тым больш што страляніна сціхла. У яго нават з'явілася гарэзлівая думка пажартаваць: падкрасціся да сховішча, дзе, ён ведаў, сядзяць дзед-дзівак i яго нявестка Аксана, i гукнуць па-нямецку якое-небудзь «хендэ хох!». Але ён разумеў, што людзям не да жартаў, i пайшоў далей дваром. Адчыніў брамку i… аслупянеў. Па вуліцы ішлі немцы ў касках. Яны ішлі моўчкі ланцугом пасярод вуліцы, накіраваўшы дулы аўтаматаў на двары: баяліся засады. Данік адразу скеміў, што ўцякаць нельга – пачнуць страляць, i астаўся стаяць. Убачыўшы яго, немцы жвава загаманілі, некаторыя нават апусцілі аўтаматы i парушылі свой роўны ланцуг. Адзін, малады, бадзёры, падбег да Даніка, спытаў, паказваючы на двары:
– Русіш зольдат?
Данік паківаў галавой: няма.
Немец засмяяўся.
– О, гут, – i тут жа дастаў губны гармонік, сыграў перад самым тварам ашаломленага Даніка знаёмы матыў «Из-за острова на стрежень». Зноў засмяяўся, паказваючы белыя здаровыя зубы. Потым дастаў з нагруднай кішэні плітку шакаладу i працягнуў хлопцу. Данік узяў шакаладку, i немец, задаволены сабой i становішчам навокал, паляпаў яго па плячы i рушыў даганяць сваіх. Данік глядзеў ім услед, i сэрца яго ўсё мацней i мацней сціскалася ад нейкай невядомай дагэтуль балючай крыўды. Было крыўдна за незнаёмага Аляксея Кошалева, які загінуў, узрываючы мост. Навошта была яго смерць, калі гэта ні на хвіліну не затрымала ворага? Было крыўдна за сваю рэчку, якую ён любіў з маленства, за тое, што. яна такая мелкая i ў ёй так шмат бродаў… За сваю зямлю… За Сашу, якая так напалохана i дрыжыць у сховішчы. I за сябе. Як маленькаму, як блазнюку, сунулі яму шакаладку… А магчыма, тэты немец самы злосны i хітры фашыст.
Ён зайшоў у свой двор i шпурнуў шакаладку ў лужыну, затаптаў босымі нагамі. Сеў на ганак i заплакаў, не ўголас, a па-мужчынску ціха i пакутліва. У сэрцы яго не было яшчэ той усвядомленай нянавісці да прышэльцаў, якая з'явілася пазней. Але пагарда да ix, агіда да ix гармоніка, недарэчнай ігры, шакаладкі ўжо з'явіліся. А самае галоўнае – знік страх перад імі. Напалоханы Сашыным расказам, яе хваробай, ён хоць i трымаўся i не паказваў выгляду, але ў душы вельмі баяўся ix прыходу. Цяпер жа, калі ўбачыў ix, сустрэўся тварам у твар, страх гэты знік.
Данік пайшоў на гарод. Заплаканая, збялелая Поля, убачыўшы яго жывога, узрадавалася i ў той жа час накінулася:
– О Божа! У мяне сэрца чуць не выскачыла… Дзе ты бадзяешся, валацуга ты няшчасны? Як табе не сорамна!..
– Немцаў сустракаў,– з панурай іроніяй адказаў Данік.
– Што ты плявузгаеш!
– Чаму гэта плявузгаю? Вунь яны па вуліцы ідуць, паўз нашу хату… Вунь, чуеш, каля фермы ix матацыклы траскацяць. А вы седзіце тут, як краты. – У яго голасе i словах было столькі сталага i мужнага, што старэйшая сястра разгубілася.
Спусціўшыся ў сховішча, ён гаварыў тым жа тонам:
– Саша! Ты жывая тут? – Гэта ён спытаў з іроніяй, а потым сказаў сур'ёзна, зусім па-сталаму: – Дарэмна ты так дрыжыш перад імі. Трэба гонар мець. Бачыў я ўжо ix… Адзін мне шакаладку даў. Сволач! – Данік злосна плюнуў на салому. – За цукерку хацеў купіць…
Словы яго нечакана зрабілі на Сашу дзіўнае ўражанне: быццам ёй адмлыілі смяротны прысуд, які душыў яе, скоўваў, выклікаў прыступы гэтага дзікага страху, жахлівых уяўленняў. Не, у яе страх не знік, як у Даніка, але стаў цяпер нейкі звычайны, як у іншых людзей; гэта была боязь за самае дарагое – за дзіця, за сябе, за ўсіх блізкіх, страх перад невядомым – жыццём у акупадыі. Ці думаў хто калі-небудзь, што ім, маладым, вольным, шчаслівым, прыйдзецца жыць у акупацыі? Слова якое нязвыклае! Раней, калі Саша, чытаючы кнігі аб мінулым, аб Грамадзянскай вайне, сустракала гэтае слова, то ніколі не ўдумвалася асабліва ў яго сэнс. Яна ўпершыню зразумела гэты сэнс, калі яшчэ там, за Дняпром, прачытала прамову Сталіна. Але ўсё адно, да самай гэтай хвіліны ніколі не думала, што ёй прыйдзецца жыць на акупіраванай тэрыторыі. Спачатку яна верыла ў дзве вялікія ракі, потым, хворая, дала сабе клятву, што адступіць, уцячэ, памрэ, але з гэтымі нелюдзямі не астанецца. I вось – не адступіла… Памерці таксама нялёгка… Трэба жыць! Жыць! Але як жыць? Як бы яшчэ не верачы, што гэтае жудаснае слова «акупацыя» стала рэчаіснасцю, Саша амаль шэптам спытала:
– Ты праўда бачыў ix, Данік?
– Вельмі мне хочацца жартаваць!
– Значыцца, мы… у акупацыі.– Саша прамовіла вельмі сумна, але Поля ўсцешылася, што сказала яна гэта цвяроза, без роспачы, без крыку, як мог бы сказаць кожны здаровы чалавек. Поля вельмі баялася, што ў сястры пасля здарэння ў лесе нядобра ў галаве.
– У акупацыі? – Данік хмыкнуў.– На сваёй зямлі? – Ён, відаць, разумеў гэтае слова неяк інакш, па-свойму, ён не жадаў лічыць сябе зняволеным на сваёй зямлі, у сваёй хаце.
Размаўляючы, яны насцярожана прыслухоўваліся, што робіцца ў вёсцы. Страляніны не чуваць было нават удалечыні. Быццам вайна нечакана аддалілася на многа-многа кіламетраў. Але за ракой гурчалі маторы. Шум матораў пачаў хутка набліжацца, перайшоў у магутны гул, ад якога дрыжала зямля i на галовы ім сыпаўся пясок.
– Зноў самалёты, – заўважыла суседка.
– Не, танкі! – адразу вызначыў Данік. – Нашы ўзарвалі мост на шашы, i яны ідуць цераз рэчку каля фермы. Адразу туды выйшлі, быццам паказаў хто…
– Хіба мала яны закінулі шпіёнаў! – зноў спакойна i разважліва адгукнулася Саша.
– Каб узарваць мост, пайшоў на смерць Алёша Кошалеў. Запомніце яго імя! – гэтак жа ўрачыста, як сказалі яму, вымавіў Данік i цяжка ўздыхнуў.– A ўсё адно гэта не затрымала ix… Што наша рэчка!
Жанчыны не спыталі, хто такі Алёша Кошалеў i адкуль Данік усё ведае. У вогуле з таго моманту сёстры непрыкметна для сябе перасталі лічыць яго малым, за якім трэба глядзець. Цяпер ён пасталеў у ix вачах, яны слухалі яго ўважліва і, напэўна, падпарадкаваліся б любому яго загаду.
– Можа, i нашы дзесь вось так, – усхліпнула суседка, пачуўшы пра смерць. – Адступаюць, адступаюць, а потым…
– Няхай не адступаюць! – злосна перапыніла яе Саша. – Мой не адступае! Майму няма куды адступаць… Таму яны i трымаюцца там.
– Адкуль ты ведаеш? – здзівіўся Данік.
– Ты ж сам чытаў зводкі!
Хворая, Саша кожны дзень прасіла брата схадзіць да чырвонаармейцаў i дастаць газету. Са страхам шукала яна паведамлення ці намёку сярод горкіх навін, што здалі Мурманск. Паведамлення такога не было. Наадварот, яна прачытала радкі, якія пераканалі, што горад, дзе служыў Пятро, не здадзены, стаіць, змагаецца. I вельмі нават можа быць, што гэта ратавала яе. З дзіцячай наіўнасцю яна верыла, што там, дзе яе Пеця, не адступаюць, там змагаюцца па-сапраўднаму. А гэтая вера нараджала іншую: што ён жывы, што ён будзе жывы. Поля лепш, чым хто іншы, разумела сястру, а таму моцна тузанула брата за рукаў i сказала нечакана:
– Пайду я прынясу што-небудзь паесці. Не паміраць жа нам тут з голаду.
Пад вечар на паўднёвым усходзе, куды адступілі нашы, зноў загрымела артылерыйская кананада. Усе вызначылі: за лесам, дзе пачыналася ўкраінская зямля, разгараецца бой. Гэта недалёка – кіламетраў за пятнаццаць. I Саша з надзеяй, з душэўным трапятаннем услухоўвалася ў страляніну. А можа, гэта пералом? Можа, вернуцца нашы? Але не, дарэмна яна спадзяецца, вельмі ж ужо многа ідзе ix, гітлераўцаў. Яны запаланілі вёску, шнырылі па ўсіх кутках. На вуліцы, у пяску, буксавалі ix машыны. Салдаты заходзілі ў двары, у хаты. Мабыць, ведаючы аб сховішчах, прайшлі па гародах i загадалі вяскоўцам вярнуцца ў хаты i заняцца справамі. Акупантам хацелася паказаць, што ўлада ix трывалая, што ў першыя ж гадзіны яны ўмеюць навесці належны парадак.
Саша, выглянуўшы ca сховішча, убачыла немца, што стаяў пад грушай з аўтаматам на грудзях, i ў жудасці адскочыла назад: салдат здаўся ёй падобны да таго, які вёў ix на расстрэл. Саша, напэўна, асталася б там, у цёмнай яме, але плакала дзіця i выдавала ix. Немец цярпліва чакаў, пакуль вылезуць усе. Поля сілком выцягнула Сашу:
– Вылазь, дурная! А то, чаго добрага, яшчэ стрэляць сюды…
Немец, убачыўшы яе з дзіцем, прыветліва заківаў галавой, заўсміхаўся:
– О, мутэр!
Але Саша не верыла гэтай прыветлівасці, усмешкам i хавалася за Даніка. А хлопец глядзеў на ворага з нянавісцю.
Немец, мабыць, прачытаў гэтую нянавісць у яго вачах, бо раптам нахмурыўся, зусім іншым тонам выгукнуў: «О-о!», пагразіў Даніку кулаком, дулам аўтамата паказаў на хату:
– Лос!..
Ён давёў ix да хлява i пабег у суседні двор, дзе весела рагаталі яго сябры. Траянавы хутка зразумелі, чаму там такі рогат: з немцамі гутарыў «па-нямецку» дзед Андрэй, ix сусед. Гэты дзівакаваты i надзвычай балбатлівы дзед у Першую сусветную вайну, будучы ўжо немаладым чалавекам, абознікам, трапіў у палон i гады два прабыў у Нямеччыне. Цяпер дзед паказваў сваё веданне чужой мовы. Неўзабаве, калі немцы, добра нарагатаўшыся, разышліся, дзед з'явіўся ў хаце Траянавых, вясёлы, жвавы.
– А што, не казаў я вам? – выгукнуў ён з парогa. – Я заўсёды казаў, што немцы – народ культурны. Ты глядзі, якую запальнічку мне падарылі. Фіць! – Дзед пстрыкнуў запальнічкай i задаволена, як дзіця, засмяяўся. – Дзе Саша? Няхай не дрыжыць, дурная. Гэта на яе нейкія бандыты напалі. У сям'i, кажуць, не без вырадка. Бандыты ўсюды ёсць…
Саша, вярнуўшыся ў хату пасля таго, як немцы выгналі ix ca сховішча, адразу ж залезла з дачкой на печ, загарадзілася рознымі лахманамі, каб не было відаць. Дзедавы словы вельмі балюча ўразілі яе. У той час, калі сэрца аблівалася крывёю ад вялікага гора i крыўды, ажно думкі блыталіся ў галаве, гэты стары блазен быццам радуецца ды яшчэ выхваляецца нейкай цацкай… Як яму не сорамна! З глузду ён з'ехаў, ці што? Саша не вытрывала, шэптам, але з болем, з душэўным крыкам папрасіла:
– Сціхніце, дзед! Гора прыйшло, а вы… Няўжо вы не разу мееце, што здарылася?
– А дзед за запальнічку гатовы ўсё прадаць, – злосна кінуў Данік, які дагэтуль лічыў дзеда Андрэя сваім лепшым другам.
Стары, відаць, зразумеў недарэчнасць свайго ўчынку i спалохана замахаў рукамі:
– Што гэта вы! Хіба я не рускі чалавек? Гэта я толькі дзеля таго, каб Саша вельмі ўжо так не баялася… Што не ўсе яны такія, ёсць культурныя…
– Пабачым ix культуру… – адгукнулася Поля, якая маўкліва i, як заўсёды, старанна прыбірала ў хаце – падмятала тырсу, крэйду, што насыпаліся ад выбухаў.
– Пабачым, пабачым, – згадзіўся дзед i з незвычайнай для яго паспешлівасцю, быццам баючыся нейкай крамолы, выскачыў з хаты.
– Стары дурань! – вылаяўся Данік i, узрушаны, таксама пайшоў на двор.
За лесам няспынна грымела кананада. Данік разумеў, што там – вялікі бой, можа, нават такі, як бітва пад Барадзіно (хлопец прадаўжаў мысліць гістарычнымі катэгорыямі), інакш немцы не кідалі б столькі авіяцыі: эскадрыллі бамбардзіроўшчыкаў i штурмавікоў праносіліся над шашой i лесам, i зямля ўздрыгвала ад моцных глухіх выбухаў. Думкi i сэрца хлопца былі там, дзе грымелі гэтыя выбухі. Ён нават у глыбіні душы пашкадаваў, што такі бой разгарэўся не каля ix вёскі; тады, магчыма, i яму ўдалося б прыняць нейкі ўдзел i веска праславілася б, як Барадзіно.
А немцы ўсё ішлі ды ішлі, i здавалася, не будзе канца плыні машын, танкаў, пяхоты. I ўсе яны спяшаліся туды, дзе грымеў бой, у вёсцы не затрымліваліся i нікога не чапалі. Аднак Данік, хоць i не адчуваў больш страху перад імі, лічыў, што лепш усё-такі не мазоліць ім вачэй. Ён залез на вышкі ў хляве i назіраў адтуль. Пад вечар неба праяснілася, вялікі, ярка-чырвоны, быццам абмыты, шар выкаціўся з хмар i каціўся над далёкімі лугамі, каб неўзабаве ўпасці ў Сож. Дым вайны не засланяў сонца, яно заходзіла, як звычайна ў жнівеньскі дзень.
Зноў загулі самалёты.
«Вяртаюцца, адбамбіліся, гады», – падумаў Данікінават не стаў ix шукаць у небе – абрыдла глядзець на ix! Але што гэта за свіст? Блізкі выбух скалануў хлеў. Каля калгаснай фермы, дзе немцы зрабілі пераправу цераз рэчку, адзін за адным шугалі ўгору слупы агню i дыму. Данік убачыў свае, савецкія, самалёты з такімі роднымі чырвонымі зоркамі на крылах. Яны бамбілі пераправу.
Саша i Поля выскачылі з хаты i пабеглі на гарод, у сховішча.
– Гэта нашы! Нашы! – радасна крычаў ім Данік: яму здавалася недарэчным хавацца ад сваіх бомб. Хіба могуць яны пацэліць у сваіх?
Саша спынілася каля сховішча i, з Ленкай на руках, упершыню без страху сачыла за бамбёжкай. I ўпершыню ў гэты цяжкі, трагічны дзень яна з удзячнасцю падумала пра сваіх – пра гэтых вось лётчыкаў. Надзея, якая з'явілася, калі яна пачула кананаду, загарэлася з новай сілай: а можа, i сапраўды гэта пералом? Можа, нашы наступаюць?
Самалёты хаваліся за лесам i з'яўляліся зноў, заходзячы на цэль па некалькі разоў. Бомбы трапілі ў кароўнікі, i яны гарэлі яркім полымем. А крыху воддаль ад пажару гарэў агромністы шар сонца. У небе натужліва вылі i звінелі маторы, трашчалі кулямёты: недзе за хмарамі i дымам ішоў паветраны бой.
Поля клікала Даніка. Але таго i след прастыў.
– Гэты хлопец у магілу мяне звядзе, – скардзілася i плакала яна.
Саша маўчала: яна не адчувала асаблівага хвалявання за брата, i ёй было няёмка праз гэта. Дарэчы, яна не хвалявалася так, як Поля, i за бацьку, які пайшоў у армію. Няўжо яна стала такой эгаісткай, што, акрамя дачкі i мужа, больш ні аб кім з блізкіх не думае, не турбуецца за ix лес? Не, гэта нешта іншае. Бацька выконвае свой абавязак. A Данік… ён не маленькі, як думае Поля…
У хату яны не пайшлі больш – начавалі ў сховішчы. Данік вярнуўея позна ўвечары, калі нават кананада сціхла. Ён нічога не адказаў на папрокі старэйшай сястры. Але калі прымасціўся на саломе побач з Сашай, яна сэрцам адчула, як моцна ён узрушаны, i чамусьці асаблівая павага да брата агарнула яе. Яна моўчкі пагладзіла яму руку. Ён сціснуў яе пальцы i горача прашаптаў:
– Цяпер я ведаю, дзеля чаго пайшоў на смерць Алёша Кошалеў… Ты знаеш, колькі нашы накрышылі ix?.. Каб ты бачыла! Там стоўпілася столькі машын, танкаў… тэхнікі рознай… А нашы як далі! Адны трэскі ляцелі… I зброі навокал рознай!..
Раніцой, калі яны з Поляй адважыліся перайсці ў хату i палілі ў печы, каб згатаваць якое-небудзь снеданне, Данік прыбег з такім выглядам, што Саша ахнула ад радасці:
– Нашы?..
Хлопец панурыўся.
– Не. – Аднак вочы яго блішчалі.– Але каб ты бачыла, колькі ix вязуць адтуль, раненых i забітых! Машына за машынай! Як дровы – навалам… У школе шпіталь робяць…
На самым світанні кананада за лесам узнавілася i гадзіны дзве грымела яшчэ больш моцна, чым учора. Сашы здавалася, што грыміць яна не мацней, a бліжэй, i надзея, што патухла за ноч, зноў зацяплілася ў яе сэрцы. Але раптам кананада сціхла. Вельмі раптоўна – быццам лопнула нейкая струна. Цішыня гэтая балюча ўдарыла Сашу. Яна кінула карміць дзіця, шэптам спыталася ў сястры:
– Што гэта, Поля? Чаму яны сціхлі?
– Сціхлі… Кажуць, калі пушкі сціхаюць, то пачынаецца наступленне…
– Хто? Хто наступав, Поля?
– А хто ж ix ведае, Саша, – уздыхнула сястра. – На вайне, што ў карцёжнай гульні.
У гэты момант i ўбег узрушаны Данік.
Калі Саша пачула пра шпіталь, згасла апошняя іскра гэтай надзеі. У грудзях зрабілася пуста i холадна. I ўсё стала абыякава для яе, нішто яе больш не цікавіла, не магло запаліць.
– Значыцца, нашы адступаюць, – ціха i сумна сказала яна. – Чуеш – сціхла?..
– Сціхла, – паўтарыў Данік; ён, мабыць, толькі цяпер звярнуў на гэта ўвагу.
Прыйшоў нейкі незнаёмы ў цывільным, малады, высокі, інтэлігентна апрануты, і, тыцкаючы пальцам, груба сказаў:
– Усім да школы… Ты, – на Даніка, – з лапатай. Ты, – на Полю, – з вядром i анучамі. Мыць… Ты, – ён сустрэў Сашын позірк, поўны нянавісці, i сумеўся.
– Яна хворая, – сказала Поля. – I дзіця хворае.
Фашысцкі прыслугач грэбліва паморшчыўся i, пакінуўшы Сашу ў спакоі, папярэдзіў:
– Не ўздумайце марудзіць! Гэта вам не калгас!
– Здраднік, – прашаптала Саша, калі ён выйшаў.
Яна ўпершыню ўбачыла здрадніка, i яе вельмі ўразіла, што ён такі малады, інтэлігентны; яна ўяўляла, што здраднікі – нейкія вырадкі, крэціны, пачвары ці старыя барадатыя кулакі.
– Халуй! Сволач! – вылаяўся Данік. – Калі з лапатай, каб капаць ім магілы, калі ласка… ахвотна пайду.
Поля, баючыся пакідаць Сашу адну, параіла, каб яна пайшла да дзеда Андрэя, у нявесткі якога таксама грудное дзіця.
Пра небяспеку i гора многа гавораць тады, калі яны далека i ёсць яшчэ надзея пазбегчы навалы. Кал i ж гора стаіць на парозе, калі небяспека побач i страх завалодаў людзьмі, у такія хвіліны стараюцца гаварыць пра самае звычайнае, простае, але пра тое, што вельмі дарагое. Саша i Аксана, астаўшыся адны, пачалі гаворку пра сваіх маленькіх. Быццам тое, што «ў Ленкі паносік», a «ў Мішкі прарэзаўся першы зубок», было для ix самым галоўным у жыцці ў гэты момант. Яны не ўсведамлялі, што размова аб дзецях узнікла ад тайнага жадання забыцца на ўсё, што адбываецца навокал. Жанчыны як бы хацелі перахітрыць саміх сябе. Але гэта не проста было зрабіць. Чым больш яны гаварылі пра дзяцей, тым больш выразным рабілася адчуванне той небяспекі, што пагражала ім, ix маленькім, усім людзям.
Аксана раптам сціхла, насцярожана прыслухалася. У хаце санліва гул i мухі. Каля школы чулася чужая гаворка як напамінак пра гэтую небяспеку. Яшчэ больш суровым напамінкам прагучаў стрэл.
Яны ўздрыгнулі.
– Я баюся, – прашаптала Аксана. – A помніш, я была самая смелая. Помніш, як мы за раку хадзілі, а хлопцы напалохаць нас хацелі…
Саша не помшла, бо не хадзіла ніколі разам з ёй, Аксана была старэйшая, але ківала галавой: усё помню.