355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Трывожнае шчасце » Текст книги (страница 17)
Трывожнае шчасце
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 02:20

Текст книги "Трывожнае шчасце"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 17 (всего у книги 43 страниц)

Вечар 26 чэрвеня

Пасля бамбёжкі не працуе радыё, i мы ўсю раніцу не давалі спакою сувязістам, каб яны папрасілі ў сваіх калег на камандным пункце дывізіёна ўчарашнюю зводку. Выказвалі здагадкі. Яны бы л i розныя: занадта аптымістычныя i памяркоўныя, ура-крыклівыя i стрыманыя, але i ў першым i ў другім выпадку крыніцай ix было пазаўчарашняе паведамленне аб тым, што «на Шаўляйскім i Рава-Рускім напрамках праціўнік, які ўклініўся з раніцы ў нашу тэрыторыю, у другой палавіне дня контратакамі нашых войск быў разбіты i адкінуты за дзяржаўную граніцу». Помнілі толькі гэта i забывалі на другую частку зводкі, дзе гаварылася, што ворагу ўдалося заняць Ломжу, Брэст. Вельмі хацелася пачуць, што нашы войскі развіваюць наступление за мяжой, няхай сабе хоць на адным напрамку.

У абедзенны час, калі разлікі па чарзе хадзілі ў сталоўку, мы з Сенем зноў сустрэліся каля прыбора. Мяне цягнула да яго шчыра пагутарыць, пачуць разумныя, аргументаваныя меркаванні. Але пасля таго, што здарылася, прыходзілася азірацца – ці няма паблізу Кідалы. Размова не ладзілася. Мы стаялі i моўчкі сачылі, як разрываюцца хмары аб сосны на сопках.

– Праясняецца, – сказаў я.

– Ara. К вечару будзе лётная пагода, – зазначыў Сеня.

Людзі, напэўна, ніколі не праяўлялі такой увагі да неба,

якую цяпер праяўляем мы. Ды ці толькі мы адны? Не, усе цяпер глядзяць на неба. Не для таго, каб палюбавацца яго прыгажосцю. Знікла хараство блакіту. Больш даспадобы нізкія свінцовыя хмары. Помню, я думаў пра тое, які дзень там, у нас, над Дняпром. Няўжо i Саша з такім жа страхам узіраецца ў неба? Безумоўна. Балюча думаць пра гэта.

З зямлянкі вылез сувязіст Мельнікаў. Убачыў нас, азірнуўся, нясмела наблізіўся, шэптам спытаў:

– Слухай, Пясоцкі, ты ўсё ведаеш… Скажы, Кобрын i Вільня далека ад граніцы?

– А што? – насцеражыўся Сеня; ён стаў падазрона-недаверлівы.

– Ідуць баі за гэтыя гарады.

– Хлусіш! – вырвалася ў мяне. Я добра ведаў Кобрын, бо жыў там, калі ездзіў на пераддыпломную практыку. I ў Вільню ездзіў. Я праехаў па многіх дарогах, што вядуць да дзяржаўнай граніцы.

– Я зводку прыняў. Толькі палітрук загадаў нікому не паказваць пакуль што.

– Дай, – сказаў Сеня такім настойлівым голасам, што асцярожны Мельнікаў дастаў з кішэні невялічкую пакамечаную паперку, разгарнуў, але не выпускаў з рук. Сеня заглянуў у яе, i я ўбачыў, як перасмыкнуліся яго вусны, змяніўся ён з твару. Моўчкі адышоў ад Мельнікава. Я рушыў за ім.

– Што там, Сеня?

Ён епыніўся, паглядзеў на мяне i сказаў ціха, але з вялікім болем i роспаччу:

– Пеця! Мы з табой маленькія стратэгі. I ты ведаеш, я не панікёр, не баязлівец, дарэмна на мяне… Але мне балюча… Там – адступаюць… Здаюць гарады… Нашы гарады!

Калі зводка была перапісана i прачытана ва ўсіх разліках, хлопцы больш не складалі стратэгічных планаў. Чаму нашы адступаюць? Чаму на трэці дзень вайны ідуць баі за Гродна, Кобрын, Вільню, Каўнас?

Нехта з хлопцаў выказаў думку, што гэта стратэгічны манеўр камандавання, што нашы адступяць не далей, як да старой граніцы, дзе зроблены ўмацаванні куды больш трывалыя, чым лініі Мажыно i Зігфрыда.

Хачу верыць у гэта!

Неба праяснілася, i мы стралялі па разведчыку. Ён ішоў на вышыні трох кіламетраў, па курсу з поўдня на поунач, відаць, аглядаў чыгунку. Ён як бы знарок даваў самыя выгодный даныя для нашых прыбораў.

Страх, агідны, ганебны страх, які я перажыў у першым баі, знік, калі я ўбачыў, што гэта ўсяго-наўсяго разведчык.

Але ў чаканні залпа ўсё адно дрыжаў, напружана звінеў. У целе кожны мускул, кожны нерв. Дрыжаў ад злосці, ад нецярплівасці, ад моцнага жадання збіць сцярвятніка, што нясе смерць. О, як мне хацелася збіць яго! Быццам ад гэтага залежаў вынік усёй вайны. Я зноў верыў у нашы складаныя i дакладныя прыборы, якія мы дасканала вывучылі. Нельга не збіць, калі ён так зручна ідзе!

I вось ужо знаёмае:

– Ёсць сумяшчэнне!

Застракаталі стрэлкі сінхроннай перадачы. Я забываюся на ўсё, увесь напружваюся, каб дакладней сумясціць зялёную i чырвоную стрэлачкі на прыёмніку азімута. Залп. Сапраўдны залп, чуць-чуць адстала адна гармата. Другі залп, трэці… Добра страляюць хлопцы! Малайцы! Няма ні заклінення, ні адставання, ні лішняга шуму. Адзін трэці нумар крычыць што мае сілы – чытае трубку.

Адрываю вочы ад стрэлак, кідаю позірк у неба. Прыгожыя чорныя букеты разрываў вісяць у ясным блакіце. Дзе ж самалёт? Няўжо ён не падае яшчэ? Не, грымяць залпы… Стукаюць аб лапы гільзы.

Нарэшце – стоп! Усё адразу сціхла. «Збілі! Збілі!» – хацелася закрычаць мне ад радасці. Я саскочыў з сядзення, глянуў у неба… Што гэта? Фашыст аддаляўся ад нас роўна, спакойна, на той жа вышыні, па тым жа курсе. Ён быццам смяяўся з нас, не звяртаючы ўвагі на разрывы, што цягнуліся па яго следу.

Хацелася плакаць ад роспачы. Хто ж вінаваты? Гарматы, прыборы ці мы, людзі, наша няўменне? Няўжо гэта будзе паўтарацца кожны раз?

Сяржант наш злосна закрычаў на кагосьці. Ён злаваў. Я, ён, Паўлюк – усе мы саромеліся глядзець адзін аднаму ў вочы, саромеліся больш, чым пасля таго першага бою, калі, як суслікі, схаваліся ў норы. Тады нас бамбілі, абстрэльвалі… А цяпер нішто не перашкаджала збіць яго…

Нехта з гарматнікаў абвінаваціў прыборшчыкаў: трапнасць агню залежыць ад ix, а яны баяцца, у ix дрыжаць рукі i яны робяць памылкі ў вылічэннях, якія паступаюць на гарматы.

Абураны, я першы крыкнуў ім:

– Халтуршчыкі! Партачы! Саломай вас трэба карміць за такую работу!

А на дальнамеры i прыборы – мае лепшыя сябры.

Напалеон чамусьці ўзлаваўся за мой папрок прыборшчыкам, выклікаў да сябе i моцна «намыліў» галаву. Сідарэнка пры гэтым падаграваў камбата, напамінаў усе мае старыя грахі. Я чакаў, што ён скажа пра маю падтрымку Пясоцкага. О, як бы я адказаў яму, нагадаўшы ўчарашнюю зводку! Але гэты «грэх» ён не ўспомніў.

27 чэрвеня

З'явіўся Мінскі напрамак. Мінскі! Нічога не разумею. Што ж там адбываецца? Хлопцы надаюць нейкае значэнне паведамленню аб пераходзе да нас нямецкага салдата, заяве палоннага лётчыка аб тым, што ваяваць з рускімі яны не жадаюць i робяць з гэтага аптымістычныя вывады, спадзяюцца на рэвалюцыю ў Германіі. А я чамусьці не маю гэтай надзеі. Я не веру перабежчыкам i палонным! Усе яны хлусяць, ратуючы сваю шкуру. Мяне больш трывожыць паведамленне аб тым, што вораг скідае ў Беларусі парашутыстаў. Ледзянее кроў, калі я думаю, што гэтыя адборныя фашысцкія галаварэзы могуць апынуцца там, дзе жыве Саша. Што яна будзе рабіць адна, бездапаможная, магчыма, яшчэ хворая, з дзіцем на руках? I наогул, дзе яна цяпер? Што з ёй? Адгукніся, мой друг, мае каханне, i мне будзе лягчэй, я ўсё перамагу тады!

Зноў двойчы стралялі, i зноў паляцелі яны непакараныя, паказаўшы нам хвасты ca свастыкай. Я пачынаю страчваць веру ў зброю, пра якую нам восем месяцаў расказвалі цуды.

29 чэрвеня

Па батарэі пранеслася чутка, што нас будуць пасылаць малодшымі камандзірамі ў іншыя батарэі, дывізіёны, нават некуды на поўдзень ці ўсход, дзе фарміруюцца новыя зенітныя часці. Зусім натуральна – нас вучылі, каб мы сталі камандзірамі, мы даўно ўжо рыхтаваліся да таго, што хутка раз'едземся ў розныя бакі. Хоць з гэтага краю зямлі можна паехаць толькі ў адзін бок – на поўдзень, калі мець на увазе дальнюю паездку. I дзіўныя пачуцці апанавалі мяне: да болю ў сэрцы захацелася паехаць туды, на поўдзень, дзе ідзе, шырыцца страшная бітва, якую нават цяжка асэнсаваць. Я ведаю, што мае жаданне недарэчнае, што я не маю права нават выказваць яго, бо кожны скажа: усюды савецкая зямля i ўсюды аднолькава важна абараняць яе ад ворагаў; ад поспехаў на адным напрамку залежыць поспех на іншых франтах i ўчастках. Усё гэта добра разумею. Але каб хто ведаў, як мне хочацца туды, на зямлю бацькоў, дзе кожная прыдарожная бярозка здавалася б маці, сястрой, жонкай i засланяла б ад куль, дзе не трэба зямлю дзяўбці ламамі, як тэты граніт, там яна такая мяккая, што любы гарматны катлаван можна выкапаць за гадзіну. Не, хіба ў гэтым справа – у зямлі i бярозах! Неадольнае жаданне апынуцца там вынікае з нечага больш глыбокага i моцнага. Можа, хочацца хутчэй прыйсці да свайго шчасця, да цябе, Саша, каб не траціць потым нават дня на дарогу? Жаданне гэтае мацней за страх смерці, які крыху заглух у апошнія дні, але ўсё яшчэ жыве ў сэрцы маім, у мозгу! Дзіўна! Выходзіць, што яно перамагло гэты страх. Яно мацней за яго, значна мацней, бо гэта – жаданне змагацца, жыць… А смерць? Хто ведае, дзе каго яна напаткае. Калі мне наканавана памерці як герою, а не як баязліўцу, я хацеў бы сустрэць яе, смерць, блізка ад цябе, Саша, засланяючы цябе сваімі грудзьмі. Можа, таму мне хочацца быць там, што дзесьці ў глыбіні душы цепліцца надзея, што я магу апынуцца блізка ад родных мясцін… Хоць колькі шансаў на такім фронце, у такім жудасным віры вайны?

На вайне ўсё робіцца імкліва. Ужо некаторых маіх сяброў выклікаюць да камандзіра батарэі. У нецярплівым чаканні моцна грукае сэрца i калоцяцца рукі. Ці паклічуць мяне?

Паклікалі.

Я старанна агледзеў сябе, паправіў рэмень, па ўсіх правілах зайшоў у зямлянку, казырнуў i адрапартаваў выразна i гучна:

– Таварыш лейтэнант! Курсант Шапятовіч па вашаму загаду з'явіўся!

Само сабой прыйшло жаданне паказаць сябе ў гэтую хвіліну з найлепшага боку, быццам ад гэтага мог залежаць мой лёс, маё назначэнне. Купанаў, маленькі, перацягнуты рамянямі, стоячы каля стала, адказыраў, як заўсёды, прыгожа; ён ніколі не адказваў на прывітанне малодшых няўважліва, абыякавым узмахам рукі, як часам робяць іншыя афіцэры.

– Таварыш старшы лейтэнант, – пачуўся збоку голас Сідарэнкі.

Не адразу я зразумеў, што да чаго. Ды раптам позірк мой упаў на пятліцы Купанава, i я ўбачыў на ix трэці квадрацік. Не разгубіўся:

– Віншую вас…

– Дзякую, Шапятовіч, – проста адказаў камандзір батарэі і, наблізіўшыся, дакрануўся пальцам да незашпіленага гузіка на маёй гімнасцёрцы. Вось ліха, заўсёды гэтак здараецца: стараешся-стараешся, a ўсё адно што-небудзь ды не так. Зашпільваючы злашчасны гузік, я ажно спацеў. Камандзір тым часам сеў за стол, зазірнуў у нейкія паперы. Палітрук сядзеў за шахматным столікам збоку (усё гэта адбывалася ў нашым ленкутку) i расчэрчваў аркуш паперы – для нейкага спіса.

Я чакаў…

Пакутліва доўгая была паўмінута маўчання. Хутчэй бы пачуць прысуд, ад якога, здавалася, павінен залежаць мой лёс!

Купанаў узняў галаву, у вачах яго не было ні цеплыні, ні ўсмешкі. Я пахаладзеў, магчыма, ажно змяніўся з твару, бо паглядзеў на мяне камандзір надзвычай уважліва, пранікліва. Я даўно прыкмеціў, што, у процілегласць палітруку, Купанаў не любіць выпрабоўваць людзей псіхалагічна – глядзець у вочы, гаварыць паўнамёкамі, ставіць загадкавыя пытанні. Ён доўга часам думае, што сказаць, але потым гаворыць, быццам камандуе, – рашуча, коратка:

– Пойдзеце камандзірам гарматы на другую батарэю. Збірайцеся.

– Можаш камандаваць? – спытаў Сідарэнка, не адрываючыся ад паперы. – Дэмакрат ты вялікі, Шапятовіч.

Я не адказаў палітруку, не сказаў нават патрэбнага ♦слухаюся» камандзіру. Рушылася мая надзея, i я бяссільна схіліўся пад гэтым цяжарам. Невядома чаму спытаў:

– Адзін я?

– На гармату адзін.

Палітрук запытаў:

– Другі – на прыбор?

– I на дальнамер.

Я страпянуўся i папрасіў горача i шчыра:

– Пашліце Пясоцкага, таварыш старшы лейтэнант.

Камбат падняўся. Я чакаў, што ён закамандуе: «Кругом!»

Але гэтага не здарылася.

Палітрук сказаў:

– Што гэта ў вас такая гарачая любоў да Пясоцкага?

– Ён разумны хлопец.

– Разумны хлопец не заўсёды можа быць разумным камандзірам. Сталасці ў яго не хапае. Мамчын сынок!

«Няпраўда», – ледзь не вырвалася ў мяне, але я спахапіўся. Чакаў, што скажа камандзір. Ён прайшоў па зямлянцы, спыніўся каля сцяны, на якой вісела вялікая карта Савецкага Саюза. Хацелася б мне ведаць, што ён падумаў, калі затрымаў свой позірк на карце. Безумоўна, падумаў аб тым, што адбываецца там, на поўдні. Але якім чынам ён звязаў гэтую думку з Пясоцкім? Можа, меў намер паслаць яго туды? Наўрад. Туды будзе накіроўваць не ён. Яму, трэба думаць, далі загад адабраць для свайго дывізіёна лепшых курсантаў, недарма адбор ідзе ў першую чаргу.

Купанаў вярнуўся да стала i сказаў разважліва i як бы крыху няўпэўнена:

– Што ж, няхай будзе Пясоцкі. Паклічце яго.

Паварочваючыся па форме, я ўбачыў, што палітрук глядзіць на камбата здзіўлена i незадаволена. Ён супраць. Я ўяўляю, якая ў ix адбылася размова. Але гэты маленькі чалавек з жалезнай воляй – наш Напалеон – ніколі не адступае ад сваіх рашэнняў.

Мы з Сенем едзем разам. Уласна кажучы, нікуды не едзем. Ехаць – гэта тое, пра што я марыў, на што спадзяваўся. Але што мае мары? Не заўсёды ад мяне залежыць ix здзяйсненне, я – салдат. Ды, нарэшце, ці не ўсё роўна, дзе ваяваць, біць фашыстаў! Я ўдзячны камбату. Упершыню з пачатку вайны адчуваю нейкую радасць. Радуюся не тольKi таму, што побач са мной будзе мой лепшы друг. Рады за Сеню: яму вераць. Аб прыкрым выпадку першага дня вайны ўсе маўчаць, нават Сідарэнка не ўспомніў пра яго, сказаў пра іншае – што Пясоцкаму не хапае сталасці.

Сеня вярнуўся ад камбата ўвесь прасветлены, усхваляваны. Піша пісьмо маці. Трэба i мне напісаць Сашы. Пад такі настрой пісьмо будзе больш жыццярадаснае. Ці гіалучае яна мае пісьмы? Ад яе ўсё яшчэ прыходзяць даваенныя.

30 чэрвеня

Вось я i камандзір! I мне раптам чамусьці стала неяк па-інакшаму неспакойна i страшна. Прыгадаліся словы Сідарэнкі: «Можаш камандаваць?» Ніколі пра гэта я не думаў раней. А цяпер задумаўся: ці магу я камандаваць? Ці будуць слухацца мяне гэтыя незнаёмыя яшчэ мне людзі? Ix шэсць, i ўсе яны такія розныя, ёсць старэйшыя за мяне па гадах. Сустрэлі яны мяне не вельмі ветліва. Ці, можа, мне так здалося? Можа, таму яны былі хмурыя, незадаволеныя, што ix паднялі сярод ночы?

Мы прыехалі пасля дванаццаці, калі ўсе адпачывалі. Камандзір батарэі, старшы лейтэнант Сеўчанка, вясёлы i просты чалавек, з добрым сялянскім тварам, крыху пабітым воспай, спачатку прадставіў Віктара Вальнова разліку прыбора. Потым падвёў Сеню да дальнамера, але падначаленых яго не разбудзіў. Гэтых «арыстакратаў» усюды шкадуюць – у ix павінны быць зоркія, стэрэаскапічныя вочы.

Нарэшце звярнуўся да мяне:

– Пайшлі да тваіх арлоў. Лепшы разлік табе даю. ТольKi трымаць у руках трэба, а то на галаву сядуць. Разгільдзяі вялікія…

Атэстацыя не вельмі каб высокая. Але мне спадабаўся камбат, яго прастата, жартаўлівасць. Гаворыць ён з прыкметным украінскім акцэнтам, i калі хоча вылаяцца, то гаворыць дзіўныя словы – «японскі бог». Наогул тут усё неяк прасцей, чым там, на нашай батарэі. Цяпер я пачынаю разумець, што, рыхтуючы нас на камандзіраў, там даволі моцна «закручвалі гайкі». Маленькі, чорны, як цыган, баец-дзяжурны далажыў, што разлік адпачывае.

– Разбудзі!

Падымаліся марудна, перапытвалі – навошта? Адзін нават брыкнуў дзяжурнага нагой.

Камбат узлаваўся i закрычаў сам:

– Пад'ём!

Вылецелі куляй, адкуль узяўся той спрыт.

– Разгільдзяі, японскі бог! Гэта вы мне i па трывозе будзеце так падымацца?

– Ну-у, таварыш старшы лейтэнант!.. Вы ж добра ведаеце, як мы падымаемся па трывозе, – пакрыўджана запярэчыў першы нумар, высокі, з тонкім, як у дзяўчыны, станам, цёмна-руды хмуры яфрэйтар.

Камбат не асёк яго, наадварот, усміхнуўся, але сказаў, як, напэўна, кажа часта:

– Разгаворчыкі, Муха! – i прадставіў мяне: – Вось вам новы камандзір – яфрэйтар Шапятовіч. А гэта ваш баявы намеснік – яфрэйтар Муха. Хоць падобны ён больш на асу, чым на муху.

Муха нешта забурчаў. Дзяжурны – шосты нумар – выскаліў надзвычай прыгожыя, белыя-белыя зубы. Тэты юнак валодае дзіўнай уласцівасцю – смяяцца бязгучна.

Іншыя разышліся гэтак жа панура i маўкліва, як i пастроіліся. Залезлі ў нішы. Я не ведаў, што сказаць ім, як, з чаго пачаць знаёмства. Ды, уласна кажучы, я i не меў права на доўгія размовы – камандзір батарэі загадаў спаць. Я адчуў сябе даволі няёмка – на мяне не звярталі ўвагі, як бы не прызнаючы за камандзіра. Толькі гэты Муха спытаў, не высоўваючыся з нішы:

– Камандзір, ты што скончыў?

– Як – што? Я з вучэбнай батарэі…

– Не. Да арміі.

– Аўтадарожны тэхнікум.

– А-а, – зняважліва працягнуў ён i, памаўчаўшы, паведаміў: – А наш камандзір ва універсітэце вучыўся…

«Чаму ж недавучыўся?» – хацелася спытаць з іроніяй, але я ўспомніў, што былы камандзір гэтай гарматы старшы сяржант Малашкін цяпер камандзір агнявога ўзвода, да таго ж я не бачыў яшчэ гэтага чалавека, i было б мне проста непрыстойна гаварыць так. Ды i не гэта закранула мяне ў словах Мухі, а яго зварот на ты. Ці не будзе гэта падрывам майго камандзірскага аўтарытэту? Колькі месяцаў нам упарта паўтаралі, што найбольшы дысдыплінарны грэх – быць з падначаленымі запанібрата. Але я адчуваю i цяпер, калі сяджу ў адзіноце i пішу, што ў мяне не хопіць рашучасці напачатку патрабаваць, каб да мяне звярталіся інакш. Мяне непакоіць гэта i ў той жа час здаецца недарэчным. Няўжо трэба вырашаць такія праблемы, калі ідзе змаганне не на жыццё, а на смерць, калі яна, смерць гэтая, глядзіць табе ў вочы кожную хвіліну? Добра ў такі час адказваць толькі за самога сябе i больш ні за кога. Напісаў я гэта i падумаў: а як жа тым, хто адказвае за лес цэлага палка, арміі, усёй краіны? Нікчэмнымі здаліся мне праблемкі, страхі, перажыванні. Я проста спалохаўся новых цяжкасцей. А я не маю права палохацца – трэба ўсё перамагчы, трэба быць гатовым да большых цяжкасцей i большай адказнасці!

Калі ўсе паснулі, а мне, узрушанаму, не спалася, я пагутарыў з дзяжурным, гэтым чорным прыгожым юнаком, i, на дзіва сабе, даведаўся, што ніякі ён не цыган, не малдаванін, а наш, магілёўскі, хлопец. Ён бліснуў сваімі прыгожымі зубам!.

– Таму нас у вёсцы Чарнякамі празвалі.

Потым, між іншым, сказаў:

– Муха заняў месца, дзе спаў камандзір. Ваша месца. Дужа хоча камандзірам стаць.

Я ўбачыў, што Сеня таксама не спіць – блукае па пазіцыі, i мы сустрэліся. Селі недалёка ад маёй гарматы, за вялікім каменем, каб ніхто не бачыў нас.

Унізе раскінуўся горад – увесь як на далоні: скрыжаванне пяці вуліц у цэнтры, драўляныя, ca стандартных дамоў пасёлкі на паўночнай i паўднёвай ускраінах, гмахі рыбакамбіната каля заліва, партовыя склады, да якіх падыходзяць чыгуначныя лініі, доўгія стрэлкі прычалаў, каля ix сіратліва туляцца адзінокія караблі. Горад спіць. У дамах спяць жанчыны i дзеці. Тут, як i ўсюды на зямлі, многа дзяцей, мы бачылі ix, калі часам прыязджалі ў горад у выхадны дзень, атрымаўшы «ўвальніцельныя». Не, неспакойны сон людзей у такі час. Магчыма, толькі дзеці, маленькія, такія, як мая Ленка, спяць спакойна…

Мы доўга сядзелі моўчкі i глядзелі на горад. Два вялікія чырвоныя сонцы сляпілі нам вочы: ад но – з белага паўночнага неба, зацягнутага празрыстай смугой, другое – з чорнага заліва, нерухомага, люстрана-гладкага. Чаму сёння сонца такое чырвонае?

– Ведаеш, Сеня, мне неяк па-новаму неспакойна. Магчыма, я баюся, што не змагу камандаваць гэтымі людзьмі.– Я кіўнуў назад, на ствол гарматы, накіраваны ў неба на захад. – Яны непрыветліва сустрэлі мяне. Адзін, першы нумар, Муха – прозвішча якое! – адразу на ты. «Ты, камандзір…» Абразліва неяк.

Прыжмурыўшы блакітныя вочы пад густымі брывамі, Сеня паглядзеў на мяне з прыкметнай іроніяй, як дарослыя глядзяць часам на дзяцей.

– Глупства. Не думай пра форму, – сказаў ён. Я не адразу зразумеў, што ён мае на ўвазе. – Калі нас вучылі, то залішне надавалі ўвагі форме, нібы ўсё вызначае яна. Ад нас нават патрабавалі – помніш? – каб мы, я да цябе, ты да мяне, звярталіся на вы. A хіба ў гэтым галоўнае? Галоўнае ў змесце, у сутнасці людзей – у ix шчырасці, адданасці ідэі, у калектывізме i прыязнасці аднаго да аднаго… Ты ўстрывожыўся, што сустрэлі не так, як ты хацеў. Дзівак, людзі проста хацелі спаць. Пройдзе час, разам пабудзеце ў баі, ты праявіш сваю волю, яны…

– Ты думает, яна ёсць у мяне, воля?

– Ого, яшчэ якая! Я, магчыма, менш за цябе здатны да ўсялякага камандавання. Але я веру ў людзей. Людзі добрыя. Пераважная большасць. Яны заўсёды памогуць – i самі падначаленыя i камандзіры. Толькі твайму другу Кідалу хацелася «ўтапіць» мяне…

– Які ён, да д'ябла, мне друг!

– Я табе прызнаюся… Ты вось не спіш, бо нечага спалохаўся, чаго – сам не ведаеш. А я хаджу i радуюся. Ведаеш чаму? Што я адарваўся ад гэтага чалавека – ад Кідалы. Сорамна прызнацца, але я баяўся яго. I ненавідзеў. I гэта, разумееш, як было цяжка?.. Гэта блытала мае пачуцці. А я хачу, каб у ix была поўная яснасць… Вораг ёсць вораг, i ўся мая нянавісць павінна скіравацца туды. – Ён махнуў на той бок заліва. – А чалавек, які ca мной разам страляе па ворагу, наш чалавек, яго я павінен… абавязаны любіць… ну, паважаць хаця б, верыць яму… А я баяўся яго i ненавідзеў, хадзіў i азіраўся… Чорт ведае, якая неразбярыха была тут. – Ён пакруціў кулакамі каля сваіх грудзей. – А цяпер супакоілася, проста i ясна стала. Я дагэтуль ні да кога не адчуваў нянавісці. Я любіў людзей. Мой бацька быў i маці вялікія гуманісты. Тата сам паехаў на ліквідацыю эпідэміі тыфусу i заразіўся там…

З пачатку вайны Сеня ніколі не гаварыў так многа i шчыра. Цяпер жа ён гаварыў з нейкай дзіўнай асалодай, разважліва, паклаўшы на камень галаву i часам нават заплюшчваючы вочы. Толькі кал i ўспомніў маці i бацьку, прыўзняўся. Спачатку на кароткі момант як бы нейкі прамень асвятліў яго твар, а потым наплыў цень смутку. Ён уздыхнуў:

– Мая гаротная мама!

У мяне балюча сціснулася сэрца. У яго – адна мама, у мяне – i маці, i бацька, i Саша, i дачка… Але хіба мне лягчэй? Мой неспакой, трывога – за многіх дарагіх людзей.

На аэрадроме, што схаваны за сопкамі на поўнач ад горада, загулі маторы. Пачуўся голас камандзіра батарэі, значыцца, яму не спіцца таксама:

– Разведчык! Што за шум?

– Свае, таварыш старшы лейтэнант!

У паветра ўзнялося шэсць тупаносых знішчальнікаў i, развярнуўшыся, чамусьці пайшлі не на захад, а на поўнач, па заліву, нізка над вадой. Мы правялі ix позіркамі.

– Відаць, дзесьці нашы караблі атакуюць. Паляцелі на дапамогу, – сказаў Сеня.

– Ты чуў вячэрнюю зводку? – спытаўся я. – Яны перайшлі ў наступление i тут…

Я сам здзівіўся, што сказаў пра гэта зусім спакойна, як, дарэчы, спакойна i выслухаў гэтае паведамленне ад знаёмага радыста на КП дывізіёна, дзе мы спыняліся па дарозе сюды, на батарэю.

Сеня кіўнуў галавой i задумліва памаўчаў.

– Калі i тут здарыцца тое, што там, на Заходнім фронце, горача нам прыйдзецца… Тут няма куды адступаць.

Мяне перасмыкнула ўсяго, i я мімаволі азірнуўся на высокі камень за нашымі спінамі, які сапраўды як бы перагароджваў дарогу назад.

– Ты думаеш, яны перамагаюць там?

– Яны наступаюць, – адказаў ён са спакоем, які на гэты раз абурыў мяне.

– Як гэта ты можаш вось так… спакойна? Не разумею!

А чаму ты не думаеш, што гэта манеўр, стратэгічны манеур» такі, як у Кутузава?

– Ты ж сам не верыш у гэта, а таму хвалюешся. Навошта нам ашукваць сябе? Трэба глядзець праўдзе ў вочы. I без панікі. Без страху. Так мы хутчэй мабілізуем свае сілы.

– Будзь спакойны, мабілізацыя гэтая разгортваецца па ўсёй краіне, я ўпэўнены, з такім размахам…

– Я кажу не толькі пра мабілізацыю людзей, арміі, але i пра мабілізацыю душэўных сіл… Маіх… тваіх… Нашых, Пеця. Нашых сіл! Каб усе мы перамаглі страх, паніку!..

Я паглядзеў на яго з павагай i неяк адразу супакоіўся, мне нават зрабілася сорамна, што я сапраўды панікую, у той час калі ён, Сеня, якога мы называл i «мамчыным сынком», вось такі спакойны i разважлівы. Мне захацелася сказаць яму нейкія добрыя, сардэчныя словы, але я не знаходзіў ix i толькі ўглядаўся ў адзінокую постаць на адной з гарадскіх вуліц. Калі ж павярнуўся да Сені, то ўбачыў, што ён… спіць, няёмка адкінуўшы галаву на выступ каменя.

Тады я дастаў з кішэні свой сшытак i пачаў пісаць. Захацелася хутчэй, пакуль не забылася, запісаць нашу размову. А заадно падзяжурыць пры Сеню, каб разбудзіць яго на выпадак трывогі. I вось канчаю свой запіс. Сонца, як добры вартавы, нізка абышло Баранцава мора i цяпер ужо глядзіць з усходу, з прастораў Кольскай тундры. Неба зноў стала блакітнае, без смугі. Зноў лётны дзень!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю