Текст книги "Трывожнае шчасце"
Автор книги: Иван Шамякин
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 43 страниц)
III
Можна ўявіць, што ён адчуваў, калі ішоў па пыльнай дарозе, цераз пустое асенняе поле, да Дняпра. Але самая страшная думка прыйшла на высокім крутым беразе, з якога ён аглядаў шырокія прасторы прыдняпроўскіх лугоў, густа застаўленыя стагамі. Чаму з'явілася такая думка? Магчыма, ад вострага адчування далечыні. Калі мы адчуваем даль – азіраемся з вышыні, едзем стэпам, – заўсёды прыходзяць самыя нечаканыя думкі. Яна прыйшла раптоўна, з нейкім вельмі балючым штуршком сэрца: а што, калі яе пацалунак – гэта развітанне назаўсёды, апошняе «бывай»? Чым больш ён думаў пра гэта, успамінаў падрабязнасці, тым больш пераконваўся, што гэта так. І адразу пацямнелі для яго і сонца, і яснае неба, і сіняя дняпроўская вада… Калі стары рыбак перавозіў яго цераз Дняпро, Пятру хацелася, каб вузкі човен, які ў народзе называюць душагубкай, перакуліўся. Не… загінуць зусім яму не хацелася, хоць і вялікая роспач была ў душы. Хацелася, каб рыбаку здалося, што ён утапіўся, а ён у сапраўднасці каб неяк непрыкметна выплыў. Гэта трэба было яму для таго, каб потым як-небудзь падглядзець употайкі, як сустрэне вестку пра ягоную смерць Саша. Ці засталася ў яе сэрцы хоць кропля былога кахання? Калі не – тады справа іншая, тады можна тапіцца і назаўсёды, бо жыццё яму здавалася немагчымым без яе, без яе кахання…
Мабыць, у яго быў вельмі засмучаны выгляд, бо рыбак клапатліва спытаў:
– Ты не хворы, хлопец?
Ён схамянуўся:
– Не. Я здалёк ішоў і стаміўся.
І зноў так задумаўся, што калі пераехалі, то забыўся разлічыцца з рыбаком, хоць той у самым пачатку запрасіў за перавоз два рублі. Рыбак таксама змаўчаў, відаць, адчуўшы, што з хлопцам робіцца нешта нядобрае.
Не распытваючы дарогі, Пятро рушыў па першай, што трапілася яму і вяла ад Дняпра на ўсход, у глыб лесу.
У адрозненне ад правага берага, высокага і бязлеснага, левабярэжжа, ды і наогул увесь гэты куток у міжрэччы Дняпра і Сожа, – край лясоў, балот і пяскоў. Глеба тут неўрадлівая, пустая, і калгасы слабыя з самага свайго заснавання. Раённыя кіраўнікі, калі размова ідзе пра гэтыя калгасы, махаюць рукамі: «У міжрэччы? Што вы! Нічога там не зробіш! Пустэча! Туды і прыемна толькі з'ездзіць рыбку палавіць…»
І, мабыць, сапраўды ездзілі ў гэтыя калгасы толькі «рыбку палавіць», раз назаўсёды пераканаўшы сябе, што ўзняць гаспадарку там немагчыма.
Да вайны новага чалавека здзіўляў знешні выгляд вёсак у гэтым месцы: сярод лесу стаялі пахіленыя хаткі з беднымі агародамі, у той час калі ў вёсках стэпавых, за дваццаць-трыццаць кіламетраў ад лесу, хаты былі адна ў адну – вялікія, новыя, і навокал – багатыя сады. Пасля вайны выгляд вёсак перамяніўся. Гэта былі гады, калі ўсе будаваліся – і той, хто пагарэў, хто не меў дзе жыць, і той, у каго быў добры дах над галавой; усіх ахапіла гарачка будаўніцтва, і кожны лез са скуры, каб зрабіць дах большы і лепшы. Натуральна, што тыя, у каго лес быў пад бокам, адбудаваліся хутчэй і лепш. Калі яшчэ ўлічыць, што на правабярэжжы зніклі сады, то выгляд вёсак у бедным міжрэччы цяпер стаў значна прыгажэйшы. Ды і не такі ўжо ён бедны, гэты край! Недарма тут даволі густа сяліліся нашы продкі. Пясчаныя глебы, але затое колькі іншых выгод! Шырокія сенажаці, лясы, рэкі і азёры – старыкі. Трава і дрэва, рыба і звер – усё ёсць. З даўняга часу вёскі тут славяцца рыбаловамі, паляўнічымі, цеслярамі, бондарамі, кашарамі і іншымі майстрамі… Цікавая яшчэ адна акалічнасць. У гэтым кутку міжрэчча некалькі вёсак маюць назву Рудня: Рудня Марымонава, Рудня Каменева… І гэта не проста назва. Каля гэтых вёсак знаходзяць вялікія залежы «жужалю» – шлаку ад плавак. Некалі даўно-даўно вольныя казакі Багдана Хмяльніцкага ці, магчыма, нават раней яшчэ завозілі па Дняпры і Сожы з Крывога Рога руду ці, можа, знаходзілі яе дзе-небудзь бліжэй, а лесу на вугаль тут заўсёды хапала. І вось у гэтым лясістым кутку беларускай зямлі выплаўлялі яны зброю, каб біць ёю ворагаў.
Няшчасны закаханы ішоў па гэтых мясцінах, безумоўна, не заўважаючы ні хараства іх, ні асаблівасцей, якія заўважыў аўтар і, захапіўшыся, адступіў ад тэмы. Сапраўды, скажаш ты, чытач, пры чым тут выгляд хат, рыбакі і бондары, казакі Багдана і руда, калі гаворка ідзе пра каханне? Дарэчы былі б яшчэ разважанні аб прыгажосці наддняпроўскіх дуброў і сасновых бароў, аб бярозах з першым золатам лісцяў, але ж аўтар сам сказаў, што герою было не да любавання прыродай. Што зробіш, дарагі чытач, у кожнага з нас свая слабасць, а гэтая слабасць, відаць, ёсць ва ўсіх – пры выпадку і без выпадку сказаць хоць некалькі слоў аб родных мясцінах, аб тых лясах, дзе прайшло тваё маленства, аб тых лугах, дзе ўпершыню мянташыў касу і адчуў, што пот салёны, аб тых палях і сцежках, па якіх бег на першае спатканне…
…Лес скончыўся, і пачалося сухое балота з высокім куп'ём, старымі абгарэлымі пнямі і з вялікімі абгароджанымі стагамі сена. Дарога цераз балота была ледзь прыкметная – вузкая сцежка. Магчыма, што гэтая панурасць і бязлюддзе краявіду схамянулі хлопца і нібы апрытомілі: куды ён ідзе? Куды выводзіць гэтая сцежка? Дзе ён будзе начаваць?
«У стозе, – цвёрда вырашыў ён, усё яшчэ адчуваючы сябе ў ролі пакутніка. – Сярод балота… З ваўкамі, чарцямі і лесунамі… На злосць табе», – пагразіў ён Сашы. Але ўспамін аб ваўках прымусіў яго глянуць назад на сонца. Яно вісела нізка над лесам, чырвонае, зацягнутае смугой ці дымам, – магчыма, недзе гарэлі лясы ці тарфянікі. А такая смуга і такая цішыня і бязлюддзе выклікаюць трывогу, страх: здаецца, што недзе здарылася ці можа здарыцца вялікае няшчасце. Адчуўшы гэтую трывогу, Пятро падумаў, што яму варта вярнуцца і пераначаваць дзе-небудзь у прыдняпроўскай вёсцы. Ён сеў на пень, змораны фізічна і душэўна. Бура, якая бушавала ў душы ўсю дарогу, пакрыху сціхала. Ён адчуў, што хоча есці і піць, асабліва піць, і ўспомніў пра яблыкі, якія паклала ў яго партфель Саша. Праўда, ён яшчэ хвілін колькі з глыбокім філасофскім роздумам вырашаў: можа ён есці гэтыя яблыкі ці не? Нарэшце вырашыў, што мае права з'есці. Хлопец адкрыў партфель – і кроў ударыла яму ў твар… Спачатку ён разгубіўся горш, чым пры ўсіх іншых абставінах дагэтуль. Потым абурыўся. Як? Яна адважылася пакласці яму грошы пасля таго, як бадай што выгнала? Што гэта – здзек, насмешка? Не трэба яму яе грошай!
Ён злосна скамячыў пяцёркі і выкінуў іх пад куст. А сам, не дакрануўшыся да яблык, з ранейшай рашучасцю пайшоў далей па вузкай і няроўнай сцежцы.
Але хутка яго апанавала сумненне: ці правільна ён зрабіў, выкінуўшы грошы? І каму, нарэшце, патрэбны такі жэст сярод балота? Яму стала шкада грошай, але не таму, што гэта грошы, якіх у яго заўсёды не хапала, а таму, што гэта – Сашыны грошы, яе першы заробак за сумленную працу – за лячэнне людзей, за дапамогу пры родах (а гэта заўсёды здавалася яму асабліва ганаровым і пачэсным). Нарэшце, разважыўшы, ён пераканаў сябе, што, безумоўна, Саша паклала іх шчыра, каб памагчы яму. Як проста яна сказала, калі ён прызнаўся, што застаўся без грошай на практыцы: «А ты мог бы напісаць мне, і я прыслала б табе…» Яшчэ невядома, ці значыць той пацалунак апошняе «бывай», можа, зусім наадварот.
Узбадзёраны гэтай думкай, ён вярнуўся назад, хоць і прайшоў ужо з кіламетр, знайшоў і забраў грошы. Любоўна разгладзіў скамечаныя паперкі і паклаў у кішэню, вырашыўшы, што траціць іх не будзе, пакіне на памяць, калі нават больш не ўбачыць Сашы. Але абставіны прымусілі яго пазней парушыць зарок і купіць за гэтыя грошы сабе чаравікі, бо старыя за час падарожжа зусім стапталіся.
Падсілкаваўшыся яблыкамі, узбадзёраны сваім разумным учынкам, ён рушыў далей і яшчэ дацямна мінуў балота, густы сасновы лес і прыйшоў у вялікую незнаёмую вёску. Спытаўшы назву вёскі, даведаўся, што знаходзіцца на беразе Сожа. Гэта ўзрадавала. Але варта было падумаць пра начлег, бо параход на Гомель, як сказалі яму, будзе толькі раніцой. Ён ішоў па вёсцы, выбіраючы хату, куды можна было б зайсці папрасіцца пераначаваць, і выдумляў прычыну, куды і адкуль ён ідзе, каб даць пераканальныя тлумачэнні гаспадарам. І раптам – неспадзяваная сустрэча. Гэта часта здараецца, што мы сустракаем знаёмых там, дзе зусім не думаем убачыць іх. Белакосая пышнагрудая дзяўчына ў квяцістай сукенцы нечакана выйшла з двара, каля якога Пятро прыпыніўся, і яны адразу пазналі адно аднаго. Некалі ў маленстве разам вучыліся – у пятым і шостым класах, потым бацькі яе – работнікі саўгаса – некуды паехалі ў іншы саўгас, і яны не бачыліся колькі год. Сустрэліся зноў у горадзе, у медыцынскім тэхнікуме, дзе Люба вучылася на адным курсе з Сашай. Але яны не сябравалі, больш таго, Саша не любіла гэтай сваёй аднакурсніцы, і Пятро, каб дагадзіць Сашы, пазбягаў яе, а калі, здаралася, і сустракаліся, то віталіся, гаварылі адно аднаму два-тры словы і разыходзіліся. І вось сустрэліся ў іншых абставінах…
– Пеця? Ты?! – узрадавана, быццам убачыла вельмі блізкага чалавека, закрычала Люба. – Што ты тут робіш?
– Я? – Ён прыдумаў некалькі варыянтаў, каб растлумачыць, чаму ён ходзіць тут, але ўсе яны прызначаліся для незнаёмых, а таму на момант сумеўся. – Я… проста хаджу… падарожнічаю… Цікава, ведаеш…
– А-а, я забылася, ты ж – паэт. Табе трэба ўсюды хадзіць і ўсё бачыць…
– А ты?
– А я працую тут. У гэтай хаце кватарую. Заходзь. Я вельмі рада, Пеця, што сустрэла цябе. Ой, Пецечка! Тут такая сумота, такая сумота. Ніводнага культурнага чалавека. Няма з кім словам перакінуцца. Я так рада… Хадзем жа ў хату!
Яна гаварыла бясконца, не даючы яму ні запярэчыць, ні падзякаваць. У кватэру ўвяла яго пад руку і адразу закрычала маладой гаспадыні:
– Маруся! Глядзі, каго я прывяла! Мой школьны таварыш… Мы разам вучыліся некалі… А цяпер вось ходзіць, падарожнічае… Я выходжу на вуліцу, а ён стаіць – хатай нашай любуецца. Як адчуваў…
– Ды ўжо ж адчуваў! – засмяялася гаспадыня.
– Не, Маруся, не думай, што ён шукаў мяне. Ён і не ведаў, што я тут, а проста так ішоў. Але я так рада, што мы сустрэліся… Так рада…
– А хто госцю не радуецца! – сказала гаспадыня, спрытна выціраючы крэсла і ветліва запрашаючы сесці. Пятру яна здалася такой добрай, такой ласкавай, што ён адразу ўспомніў другую гаспадыню, з-за якой павінен быў пакінуць любую дзяўчыну, і сэрца яго зноў балюча сціснулася.
««А хто госцю не радуецца!» Сапраўды, хто госцю не радуецца? А вось жа там не ўзрадавалася, ведзьма прагная! Я ўсё жыццё буду праклінаць цябе!»
Зморанага пасля душэўных пакут, яго вельмі расчуліла і пакарыла ласкавасць Любы і гаспадыні.
– Пецечка! Ты будзь тут як дома, умывайся!.. А я на хвіліначку выскачу… – Люба бегала па хаце, уздымаючы падолам сукенкі вецер.
«Пецечка».
Пятро ўспомніў, што Саша ні разу не назвала яго так пяшчотна, нават «Пеця» яна казала яму вельмі рэдка, усё неяк абыходзілася безназоўна. Чаму? Чаму яна пазбягала яго імя? Зноў успыхнула падазронасць. У жыцці яго амаль ніхто так не называў – памяншальна-ласкава. Дома маці, сёстры, суседзі чамусьці з самага маленства, як ён і помніць, называлі Пятро ці Пятрок, што, ён лічыў, адно і тое ж, бо «к» гэтае большасць людзей неяк глытала. У тэхнікуме – усе сябры і настаўнікі – звярталіся толькі па прозвішчу – Шапятовіч. Неяк ужо так здараецца, што аднаго называюць толькі па імі і да гэтага ўсе прывыкаюць, нават у афіцыйных абставінах, другога ж – толькі па прозвішчу, нават у самай інтымнай сяброўскай кампаніі.
А таму Люба сваёй хітрай ласкавасцю закранула адну з тых тоненькіх струн душы, якую вельмі нялёгка знайсці, але, знайшоўшы, даволі лёгка зайграць на ёй. Свядома яна гэта рабіла ці несвядома – хто ведае. Магчыма, што яна ў свае дзевятнаццаць год мела ўжо нейкі вопыт, як прывабіць хлопца. Ва ўсякім разе, на рамантычнага, узнёслага ў сваіх марах юнака такі зварот яе зрабіў моцнае ўражанне, ён быў удзячны Любе, і яму захацелася адплаціць ёй такой жа ўвагай і ласкавасцю. Адчуванне цеплыні і сардэчнасці дапаўняла гаспадыня сваёй ветлівасцю. Люба пайшла, а гаспадыня памагла яму ўмыцца – узлівала на рукі, дастала з куфра чысты, вышываны пеўнікамі ручнік. А потым адразу ж распаліла на прыпечку і пачала смажыць яечню. Спрытна ўвіхаючыся, Маруся даверліва расказвала пра сябе. Маладая салдатка, муж служыць у арміі, яна жыве са свякрухай, але старой дома няма – пайшла да дачкі, і добра, што няма яе, бо старая хоць увогуле і добрая жанчына, але, як усе старыя, бурклівая: цяжка ёй зразумець маладых. А з Любай яны жывуць, як сёстры, – усё давяраюць адна адной.
Звычайна сарамлівы з незнаёмымі жанчынамі, Пятро праз пяць хвілін адчуваў сябе з гаспадыняй, як з сястрой.
Люба вярнулася з бутэлькай вішнёвага лікёру – лепшае, што знайшлося ў краме. Яны ўтраіх сядзелі за сталом, Пятро, як госць, на самым покуце, і пілі гэты лікёр невялічкімі чаркамі з тоўстага жоўтага шкла – такія чаркі рабілі яшчэ да рэвалюцыі.
Гаспадыня, весела падміргваючы Любе, гаварыла тосты:
– Давайце вып'ем за вашу сустрэчу. Каб не апошняя яна была, каб Пеця быў частым госцем за гэтым сталом…
І Пятро піў, не надаючы асаблівага значэння яе словам…
Пасля вячэры яны гулялі па беразе Сожа. У вадзе трапяталі далёкія зоркі і агеньчыкі бакенаў, зялёныя і чырвоныя. Трывожна шапталіся лазнякі. На тым, лугавым, беразе гарэў вялікі касцёр, і каля яго віхляліся фантастычныя постаці. Над затокай плыў халодны туман.
Люба тулілася да хлопца, уздрыгвала ад холаду і ўсё скардзілася, што ёй адной сумна жыць у гэтай глухамані. Пятро, крыху ап'янелы ад выпітага лікёру, абнімаў яе і цалаваў у вусны, у гарачыя шчокі, у прарэз плацця на грудзях. Яна млява шаптала: «Пеця… Пецечка…» Але рабілася сапраўды холадна, росна, і Пятро, шкадуючы свае чаравікі, прапанаваў вярнуцца. Яны пасядзелі на лавачцы каля хаты, пагаварылі ўжо без пацалункаў. Спаць ён папрасіўся ў гаспадыні пайсці на сенавал. Сена было на вышках у хляве. Унізе рохкала патурбаваная свіння, сонна ўздыхала карова, і да прыемнага водару лугавога сена прымешваўся пах гною. Але Пятро не заўважаў гэтага. Ён думаў пра падзеі пражытага дня, пра Сашу. Задаволены сабой, ён дакараў яе: «А што, бачыла? Думала, калі табе не падабаюся, то ніводная дзяўчына не гляне на мяне?.. Не, памылілася…» Ён, як і ўсе мы ў юнацтве, вымяраў уласную вартасць тым, наколькі падабаўся дзяўчатам. Але такі ўзняты настрой цягнуўся нядоўга. Напалі блохі. Так, так, чытач, звычайныя блохі, якія часта псуюць нам самы добры настрой. Пятро варочаўся, чухаўся, стараўся глыбока аб чым-небудзь задумацца, успомніць што-небудзь прыемнае. Але прыемныя думкі зніклі. Зрабілася брыдка ад блох, ад пацалункаў Любы, успомнілася, якія тоўстыя і мокрыя яе губы і якая сама яна тоўстая і мяккая, як пампушка. Ён паставіў іх побач – яе і Сашу, убачыў Сашыны ясныя вочы, і яму стала сорамна, ён сам сабе зрабіўся брыдкім.
«Які я гадкі!.. Яшчэ не астыў Сашын пацалунак… Яе пацалунак… Не, не мог ён быць апошні… Яна проста сказала гэтым: «Да новай сустрэчы…» Яна ні ў чым не вінавата… Усё гэта праз гаспадыню. Яна шчыра хацела, каб я заставаўся надоўга… А настаўнік – глупства. Хіба мала людзей, з якімі яна сустракаецца? Хіба можна раўнаваць да кожнага? Ды і наогул, што такое рэўнасць?.. Трэба, каб была шчырасць, вера… А я… Пабег, як хлапчук… А потым раскіс перад першай сустрэчнай дзяўчынай… Сорам!»
Ён доўга лаяў сябе. Падумаў нават аб тым, што, можа, яму варта ўцячы зараз жа, пасярод ночы, каб насаліць Любе – няхай не прываблівае! – і пакараць сябе: блукай уначы па незнаёмых дарогах, калі такі дурань!.. Але ў хаце застаўся партфель з дзённікамі. Нікому, акрамя Сашы, ён не мог іх пакінуць. Добра, што ў самым пачатку зачыніў партфель на замок і ключык схаваў у кішэню. Пятро знайшоў у цемры свой пінжак і памацаў, ці там ключык. Аднак і пасля таго, як пераканаўся, што ключык на месцы, супакоіцца доўга не мог: прычапілася думка – а раптам яны, Люба і гаспадыня, па жаночай цікаўнасці ўсё-такі адкрыюць як-небудзь партфель і прачытаюць дзённік?
Непрыемная рэч гэтыя дзённікі! Пішаш шчыра, выстаўляеш сябе такім, які ты ёсць, – хаваешся з такім дзённікам, калоцішся, каб часам хто не прачытаў яго. Навошта ж пісаць? Пішаш няшчыра, прыхарошваеш сябе – даеш такі дзённік усім. Але зноў-такі навошта? Недарма людзі сталыя, з жыццёвым вопытам, вельмі рэдка вядуць дзённікі, а калі і робяць гэта, то пішуць не пра сябе, не пра свае пачуцці і перажыванні, а пра іншых людзей і пра розныя справы: мужчыны – пра дзелавыя размовы, жанчыны – пра сваіх дзяцей, пісьменнікі занатоўваюць трапныя словы, выразы, дэталі, нават цэлыя сюжэты.
Пятро, хоць заснуў толькі на світанні, прачнуўся рана – разбудзіў шум дзіцячых галасоў. На другім баку вуліцы была школа. Ён успомніў, што сёння першае верасня, пачаліся заняткі. І хоць у яго быў яшчэ цэлы месяц вольны, ён адчуў: летні адпачынак скончыўся і сорамна яму зараз блукаць без работы, час пайсці дадому – памагчы бацькам у гаспадарцы, перапісаць справаздачу аб практыцы ці зрабіць яшчэ што-небудзь карыснае. Ён узрадаваўся такой думцы і прычыне, каб хутчэй пайсці адгэтуль. Але калі ён за снеданнем аб'явіў пра свой намер гасцінным гаспадыням, тыя страшэнна пакрыўдзіліся:
– Як табе не сорамна, Пеця! Пабыў адзін вечар, і ўцякаць. А яшчэ казаў… Не, я проста не пушчу цябе, Пецечка, што хочаш. – Люба глядзела на яго такім закаханым позіркам, што ён збянтэжыўся і не мог настойваць на сваім. – Ты ж сам казаў: часу ў цябе многа і ты не ведаеш, што будзеш рабіць гэты месяц… Скажы, што табе не падабаецца ў нас?
– Усё падабаецца, – адказаў ён, апусціўшы вочы ў талерку, дзе плавалі варэнікі ў масле.
– Вы, Пеця, не крыўдзіце Любу, – падхапіла Маруся. – Яна і так, гаротная, засумавала тут адна. Яна сёння ўсю ноч заснуць не магла ад радасці, што вы прыйшлі… Хіба можна ад такой дзяўчыны ўцякаць?
Люба чырванела ад задавальнення – любяць дзяўчаты, каб іх хвалілі! Пятро – ад прыкрасці за свае паводзіны і ад таго, што ён раптам, глянуўшы іншымі вачамі, убачыў, якая Люба непрыгожая: жоўтыя вочы, шырокія ноздры, вяснушкі на носе і пухлых шчоках, простыя і нейкія бясколерныя валасы.
– А сумаваць ты ў нас не будзеш. Хочаш, давай па грыбы сходзім. У нас тут вельмі многа баравікоў. Ты любіш збіраць грыбы? Я дык страх як люблю! Пойдзем?
– А табе ж на работу!
– Ат, кажуць, работа не воўк, у лес не ўцячэ. Напрацуюся яшчэ. А грыбоў не стане. Чорт не схопіць гэтых хворых.
Яна не разумела, што такімі разважаннямі аб рабоце ставіць сябе ў вельмі невыгоднае становішча перад гэтым рамантычна настроеным і сумленным хлопцам. Ён слухаў яе і думаў пра Сашу, пра яе працу. І тое, што Саша цэлымі днямі не бывала дома, праз што ён раўнаваў, пакутаваў і зрабіў глупства, уяўлялася цяпер як высакароднае служэнне справе.
Аднак Любе ўсё-такі ўдалося ўгаварыць яго пайсці па грыбы, і яны прахадзілі па лесе гадзін да трох дня. Грыбоў сапраўды было шмат. Але больш часу яны патрацілі на дзіўную гульню: Пятро стараўся як-небудзь адысці ад Любы, якая ўсё больш і больш рабілася яму абрыдлай, і паблукаць аднаму, памарыць, падумаць, а яна ні на крок не адставала, быццам баялася, што ён уцячэ. І напэўна б уцёк, каб зноў не партфель, які яму не ўдалося ўзяць з сабой.
Па дарозе дадому Люба забегла на медпункт. Вярнулася крыху ўсхваляваная і паведаміла:
– Перадавалі па радыё, што Гітлер напаў на Польшчу. Там ваююць… Дзядзькі баяцца, каб на нас не пайшоў… Кажуць, што ён хоча забраць Польшчу, каб да нашай граніцы дайсці.
– Што ты?! Мы толькі дагавор заключылі! Такі дагавор! Аб ненападзе і дружбе!
Паведамленне пра вайну ў Польшчы ўсхвалявала Пятра, але зусім па-іншаму: ён, як і шмат хто з яго равеснікаў, прагнуў гераічнага подзвігу і лічыў, што героем можна стаць толькі на вайне. Гаспадыня спалохалася больш за ўсіх – за мужа-салдата. Ёй хацелася хутчэй даведацца, што гавораць людзі старэйшыя, паважаныя, і яна пабегла ў сельсавет. Выкарыстаўшы, што яны засталіся адзін на адзін, Люба без дзявочай сарамлівасці абняла Пятра.
– Ведаеш, Пеця, я баюся, каб мяне не ўзялі ў армію.
Пятра перасмыкнула ад гэтых слоў. Ён, як і ўсе яго сябры, лічыў службу ў арміі за гонар і з нецярплівасцю чакаў, калі яго прызавуць. Як жа ён мог паважаць чалавека, які баіцца арміі? Люба стала яму з гэтага моманту проста ненавіснай, і Пятро сур'ёзна задумаўся, як хутчэй пайсці адгэтуль. Дзіўная рэч! Тады, калі ён адчуў сябе пакутнікам, абражаным і прыніжаным, у яго хапіла рашучасці пайсці ад любага чалавека, а цяпер гэтай рашучасці не было: не мог ён на ласкавасць і цеплыню адказваць няўдзячнасцю і грубасцю нават чалавеку абрыдламу. Але і заставацца больш ён не мог тут, а таму вырашыў уцячы тайком, без тлумачэнняў.
Гаспадыня вярнулася заспакоеная і зноў, прыветлівая, гаманкая, завіхалася па хаце, гатавала, мяркуючы па пахах, даволі смачны абед. Любу паклікалі да нейкай хворай дзяўчынкі. І Пятро выкарыстаў гэты момант. Выйсці з партфелем з хаты, не сказаўшы слова гаспадыні, было немагчыма. Тады ён зрабіў інакш: непрыкметна ўсунуў у партфель кепку, гэтак жа непрыкметна адчыніў акно на вуліцу і паклаў на падаконнік партфель. З хаты выйшаў як быццам прагуляцца. Пастаяў перад акном, пакуль не адвярнулася гаспадыня і не апусцела паблізу вуліца. Ціха ўзяў з падаконніка партфель і, азіраючыся, як злодзей, шмыгнуў у першы завулак. Вельмі баяўся сустрэцца з Любай, бо не ведаў, у які бок яна пайшла. Але яму пашанцавала: без прыгод ён дабраўся да лесу, абышоў па лесе вёску, выйшаў да Сожа і на рыбацкай лодцы пераправіўся на другі бок. Там, на лузе, ён адчуў сябе ў бяспецы і з прыемнасцю пераначаваў у стозе сена.