Текст книги "Трывожнае шчасце"
Автор книги: Иван Шамякин
сообщить о нарушении
Текущая страница: 21 (всего у книги 43 страниц)
Нас перакінулі на той бок заліва, на заходні. Шкада было абжытых зямлянак, у якія нашы знаходлівыя сувязісты нават правялі з горада электрычнасць. Утульна нам жылося, цёпла. Муха бурчаў: якая розніца, дзе будзе стаяць батарэя, з якога боку страляць. З ім моўчкі згаджаліся. Але калі адразу ж пасля таго, як занял i баявы парадак, Сеўчанка пачаў трэніроўку – у гэты раз не па самалёту, а па… танках i пяхоце, змоўк нават Муха, i ўсе непазнавальна змяніліся: зрабіліся маўклівыя, засяроджаныя, пільныя.
У мінулую ноч, ясную, марозную (так, ужо мароз!), мы бачылі з нашай высокай сопкі далёкія зарніцы на паўночным захадзе. Гэта фронт. Дзе ён? Ніхто нічога пэўнага не кажа, ні камісар, ні камандзір. Па вузкай камяністай дарозе, што пятляе сярод сопак, сёння ішла пяхота. З цяжкімі ранцамі за плячамі, з вінтоўкамі. Яны глядзелі на батарэю i крычалі нешта насмешлівае, магчыма, абразлівае. Хлопцы балюча ўспрымаюць гэта. Лаюцца. Не на тых, безумоўна, што пайшлі туды, дзе бліскаюць зарніцы i адкуль многія з ix не вернуцца. Лаюцца наогул – у бога, у Гітлера. Цяжкімі ламамі мы трэці дзень дзяўбём скалу, граніт, капаем катлаваны i зямлянкі. На руках крывавыя мазалі. Кароткі адпачынак – трэніроўка па наземных цэлях. Батарэя трымае пад прыцэлам лагчыну, па якой адыходзіць удаль дарога. Пяхота можа абысці па лясістых сопках, але танкі могуць рухацца толькі па гэтай дарозе, іншых шляхоў тут няма. Няўжо яны прарвуцца i сюды? Тады мы павінны будзем стаяць насмерць. Кожны дзень, кожную гадзіну i хвіліну я рыхтую сябе да гэтага – памерці, але не збаяцца, не адступіць. Пры сваім росце я дрэнна зараджаю, калі нізкі вугал узвышэння – не дастаю. Упарта трэніруюся. Вучу ініпыя нумары. Многае будзе залежаць ад трапнай наводкі i тэмпу агню. Я прапанаваў, каб прыборшчыкі таксама вучыліся наводзіць i страляць.
Страху няма. Таго страху, які быў у пачатку вайны. Але адчуваецца нейкі як бы цяжкі смутак расставання з нечым дарагім.
Сёння пайшоў снег. I ўсё навокал пакрылася ўрачыстай, некранута сарамлівай беллю. Усё, акрамя заліва, які стаў яшчэ чарнейшы, ажно блішчыць, як дзёгаць. Не люблю глядзець на гэтую чарнату. Дыхае магілай. Няўжо зіма? У пачатку верасня? Не было ж восені, не паспелі нават брусніцы, якіх тут, на сонцы, хоць граблямі зграбай. Чырвоназялёныя ягады засыпае снег. Ад гэтага таксама робіцца сумна. I думаецца, у нас, дома, яшчэ, па сутнасці, лета; восень ледзь-ледзь кранае першай пазалотай лісце бяроз i асін. Дома! Што робіцца сёння там, дзе наша дамоўка?
11 верасняСёння Сеўчанка i камісар раптам вырашылі арганізаваць канцэрт батарэйнай самадзейнасці, які мы рыхтавалі. Гэта было неспадзявана i незразумела. Людзі смяртэльна змораны: тыдзень дзяўблі скалу, будавалі зямлянкі, трэніраваліся, вялі баі, бо налёты ў апошнія дні даволі частыя.
Муха бурчаў:
– Паспаць далі б, а не песнямі частаваць… Галоднаму не да песень.
У глыбіні душы нават я падтрымліваў яго, хоць канцэрт мяне цікавіў – у ім удзельнічала Тоня Рамашова. Можа, камбат знарок выбраў такі выпадак, каб упрыгожыць канцэрт адзінай жанчынай. Яна прыехала раніцой паклапаціцца аб нашым здароўі. Пасля налёту не прыйшоў катэр, i яна вымушана была астацца начаваць.
Было даволі холадна, хоць апошнія дні пацяплела i снег растаў. Байцы збіраліся марудна, незадаволеныя; Сеўчанка мусіў выклікаць усіх па камандзе: «Батарэя, строіцца!»
Размясціліся ў цэнтры пазіцыі. «Акцёры» выступалі з узвышэння, на якім звычайна стаяў i сачыў за небам разведчык. Рана змерклася, бо пад вечар з мора прыплылі цяжкія хмары, надвор'е тут мяняецца ўвосень кожную гадзіну. Было дазволена курыць, i слухачы, якія сядзелі паўкругам хто на чым, большасць – на пустых снарадных скрынках, курылі, i успышкі цыгарак асвятлялі ix твары.
Першых выканаўцаў сустрэлі стрымана. Я цешыў сябе думкай, што здзіўлю батарэйцаў «Песняй аб Сокале» i – асабліва – «Дарогамі Смаленшчыны»; верш гэты моцна крануў мяне, я запомніў яго, прачытаўшы два-тры разы, i схаваў у ранец адзіны экзэмпляр газеты, каб ніхто больш не чытаў да майго выступлення.
«Песні…» вяла папляскалі, i зноў пры зямлі, пад нахіленымі постацямі, успыхнулі запалкі.
– Мне прыкурыць, Сухараў!
– Муха, не тушы!
– Дакурыць, Павел!..
Адна за адной загараліся цыгаркі. Я стаяў i ў думках лаяў сваіх сяброў, якіх дагэтуль любіў: чэрствыя людзі! Ім бы толькі курыць ды мацюкацца, ніякага адчування прыгожага. Паважалі б хоць Горкага!
«Дарогі…» чытаў, i самому хацелася плакаць, голас дрыжаў, перарываўся. «Дарогам… не апладзіравалі зусім, толькі чамусьці згаслі цыгаркі i зрабілася ціха-ціха. Ці не ляцяць самалёты? Не, Лёша фыркнуў у цемры бестурботна, спакойна, a ў яго самы тонкі слых, ён чуе шум матораў першы.
Я сеў за «сцэнай», на зямлянцы разведчыкаў, i, ашаломлены няўдачай, пакрыўджаны i ўсхваляваны, задумаўся i не вельмі слухаў іншых. I раптам выбух апладысментаў. Каму? Завошта? Віктар Вальноў спяваў пад акампанемент гітары.
Яму крычалі:
– Біс!
– Паўтарыць!
– Давай яшчэ!
Мне зрабілася сорамна: няшчасны эгаіст, я не чуў нават, што спяваў сябра, а сам патрабую нейкай асаблівай увагі i прызнання!
Ён паўтарыў «Воротился ночью мельник».
«Хітры масквіч ведае, чым можна зацікавіць людзей у такі момант – жартам, гумарам. Смутку, цяжкага роздуму хапае i так», – падумаў я. I зноў памыліўся.
Выйшлі Сеня Пясоцкі i сувязіст Лабада. Заспявалі:
Ой, там, за лісом, за дубиною,
Сидів голубко з голубиною…
Голуба забілі, а галубку завезлі за Дунай, у палон. Сыплюць ёй пшанічку, прапануюць любога з дваццаці галубоў, але ніхто ёй не любы, бо няма такога, як яе быў мілы. Гэта пра нашых каханак, жонак, што засталіся там, у фашысцкім палоне. Пра Сашу. Я адчуваў слёзы на вачах, слухаючы песню.
Заапладзіравалі не адразу, быццам чакалі працягу – што ж далей? А потым пляскалі доўга, дружна, горача, без крыкаў, без просьбы паўтарыць, але з удзячнасцю, якая адчувалася ў саміх воплесках.
Узрушаны, я зноў апынуўся там, у родным краі, i зноў не слухаў нашых выканаўцаў. Вярнула мяне назад, на батарэю, у фантастычны паўкруг агеньчыкаў, Антаніна. Яна заспявала песню, якую кожны з нас тысячу разоў чуў i спяваў сам:
Дан приказ: ему на запад…
Нічога асаблівага не было ў яе спеве – танклявы, слабы, «бясколерны», як сказаў адзін музыка, голас. Але батарэя раўла ад захаплення. Біс крычалі так гучна, што чуваць, напэўна, было далека. Бо раптам, бліснуўшы ў хмарах, на нас, як шабля, упаў прамень пражэктара. Дзіўна выглядала ўся гэтая карціна – слухачы i спявачка – у белым, яркім святле. Асабліва спявачка. Я апынуўся ў цені, па-за праменем, i лепш, чым іншыя, бачыў яе – у ботах, кароткім шынялі, без шапкі, шапку яна трымала ў руцэ… Дзівосныя былі яе валасы: ненатуральна белыя ўдзень, яны ў святле пражэктара сталі блакітныя i, здавалася, ззялі.
Свяціў ваенны карабель. Свяціў доўга – секунд сорак, відаць, i там пражэктарысты любаваліся ёй. I ўвесь тэты час не сціхалі апладысменты. Яна бянтэжылася, жмурылася, закрывала твар рукой, хацела збегчы з пляцоўкі, але камісар утрымаў яе за руку.
Калі пражэктар згас, яна спявала валагодскія прыпеўкі.
Колькі гарачых размоў было пасля канцэрта! Хлопцы мае ап'янелі: забыліся на стомленасць, вочы блішчалі, гаварылі голасна, перапынялі адзін аднаго, смяяліся.
– Адна жанчына, a колькі шуму! – сказаў Астахаў з усмешкай дарослага, які апынуўся сярод дзяцей, i пажартаваў: – Недарма Сталін гаворыць: жанчына – вялікая сіла.
– О жанчыны! – як бы ў роспачы прастагнаў Фрыд. У добрым настроі ён заўсёды крыху тэатральны.
– У мяне, хлопцы, пяць сясцёр, а я адзін, – раптам паведаміў Муха, пра гэта ён раней маўчаў. У любы іншы час Чарняк, востры на слова, не прамінуў бы, каб не пакпіць з Мухі, якога недалюбліваў. Але тут папаўся сам: раптам, без дай прычыны, прызнаўся:
– Скончыцца вайна, вярнуся дадому – адразу ж ажанюся.
З яго пасмяяліся.
Я маўчаў.
Байцы радаваліся, а мне рабілася чамусьці сумна.
Астахаў сказаў:
– Чаму, камандзір, нахмурыўся? Калі i ў такія хвіліны хмурыцца, цяжка будзе ваяваць…
Ужо многія гавораць так: замест жыць – ваяваць. Быццам нам наканавана ваяваць усё жыццё.
Вячэралі з большым, чым звычайна, апетытам, хоць меню тое ж – аўсяная каша i салёная траска, якая страшэнна абрыдла. А пасля вячэры ў зямлянку нечакана зайшла яна, ваенфельчар. Хто з хлопцаў прылёг – адразу ўсхапіліся; спім мы, не раздзеючыся, i нават разувацца мае права толькі палавіна разліку.
Яна крыху збянтэжылася i як бы пачала апраўдвацца:
– Ішла з кухні, вырашыла паглядзець, як у вас тут, на новым месцы. – Агледзелася навакол. – Што ж, прасторна, чыста. Можна жыць…
Фрыд прыбавіў агню ў «маланцы», зробленай са снарада МЗА [3]3
МЗА – малакаліберная зенітная артылерыя.
[Закрыть].
Астахаў ветліва запрасіў, падставіўшы табурэцік, які сам змайстраваў:
– Сядайце, таварыш ваенфельчар!
Яна села i спытала, як спадабаўся канцэрт.
– О, о! Цуд!
– Вы нам падаравалі столькі прыемных хвілін… – надзіва красамоўна пачаў хваліць яе Муха – гэткі галантны кавалер.
– А вам, Шапятовіч, не спадабалася? – звярнулася яна да мяне.
– Мне? Я сам удзельнічаў у канцэрце i, як няўдалы акцёр, цяпер перажываю…
– Што вы, камандзір! Вы добра чыталі! – пачалі суцяшаць мяне хлопцы.
Яна засмяялася i раптам прапанавала:
– Давайце разам праспяваем што-небудзь. Я люблю спяваць.
Заспявалі «Там, вдали за рекой». Але большасці з нас, як кажуць, «мядзведзь наступіў на вуха». Выходзіла не надта складна, хоць словы ўсе ведалі. Я прапанаваў паклікаць Сеню Пясоцкага i Віктара Вальнова з гітарай. Яны прыйшлі, i ўсё пайшло на лад. Што-што, а весялосць гэтыя хлопцы ўмеюць арганізаваць. Сабралася дружная кампанія добрых сяброў, звязаных цяпер нечым большым, чым звычайная дружба, вясёлая дзяўчына прынесла з сабой тое, чаго не хапала нам многія месяцы, – паэзію ў спевах, высакародства ў жартах. Мы спявалі ўсе разам i па чарзе, хто што ўмеў. Разам – рускія песні; я, Сеня i Чарняк – беларускія, Фрыд праспяваў яўрэйскую – у яго тонкі слых i добры голас. Віктар зноў чытаў Ясеніна. Антаніне спадабалася; яна прызналася, што раней не любіла вершаў.
У зямлянцы зрабілася душна. Мы адчынілі дзверы.
I раптам у праёме ix, унізе, куды падала святло, з'явіліся наглянцаваныя хромавыя боты. Злосны бас з вышыні кінуў словы-загад:
– Што тут за вечарынка? Дэмаскіравалі ўсю пазіцыю! Спаць! Сяржант Шапятовіч!
– Слухаюся, таварыш малодшы лейтэнант!
Гэта Сцяпан Кідала, дзяжурны камандзір. Ён знік, не заглянуўшы, не паказаўшы твару.
Груба абарвалі нашу весялосць. Мне зрабілася да слёз крыўдна. Ды i ўсім іншым было няёмка перад дзяўчынай. Усе маўчалі.
Яна сказала, апранаючы шынель:
– Жыццё ваеннае…
Я ўзяў ліхтарык для начной устаноўкі трубак i выишау, каб правесці яе да камандзірскай зямлянкі, дзе камісар уступіў ёй свой ложак.
Чорная зямля, чорнае неба, ыіводнай прасветліны. Толькі на тым баку заліва, у порце, гойдаецца маленькі агеньчык, магчыма, нехта гэтак жа, як мы, асвятляе сцежку. Аклікаюць адзін за адным вартавыя: «Хто ідзе?», хоць пасля першага нашага адказу ўсе чулі, хто ідзе.
– Не люблю я гэтага чалавека, – сказала Антаніна, калі Сеня i Віктар развіталіся каля сваёй зямлянкі.
Я зразумеў – каго. Не адказаў. Спаткнуўшыся аб камень, яна ўзяла мяне за рукаў.
– Ён мне любоўнае пісьмо напісаў.
– Кідала? – здзівіўся я, i мне стала надзвычай весела,
хацелася зарагатаць.
– О, каб вы ведалі, колькі мне пішуць пісем! Усе маладыя камандзіры прызнаюцца ў каханні.
Весялосць мая адразу знікла. Я адчуў, як адразу сцьмеў, стаў зямным, нецікавым яе незвычайны вобраз, створаны маёй фантазіяй. З'явілася такое адчуванне, што як бы падманулі мяне ў нечым, злосна пажартавалі з маёй даверлівасці i юнацкай узнёсласці.
«А ты i рада гэтаму, дурная авечка? Табе хочацца, каб усе прызнаваліся табе ў каханні. Ну i вешайся на шыі сваім камандзірам!»
Мне не хацелася, каб яна расказвала пра гэта далей, адкрывала свае сардэчныя тайны. Навошта мне слухаць ix?
Спыніліся каля камандзірскай зямлянкі.
На паўночным захадзе палыхнула далёкая зарніца.
Антаніна неяк баязліва прытулілася да майго пляча.
– Страляюць? Страшна.
– Страшна, што страляюць за дзесяткі кіламетраў? – з іроніяй спытаў я.
– Я не за сябе баюся. За вас.
– За мяне?
– За цябе… I за ўсіх… Калі яны прарвуцца, вам не будзе куды адступаць. Заліў не пераплывеш.
Да гэтага мы был i гатовы, не адзін раз гутарылі паміж сабой. Іншае паласнула мяне па сэрцы, балюча i адначасова прыемна, – гэтае яе першае «ты», «за цябе», якое яна сказала шчыра, як мог бы сказаць блізкі чалавек, добры друг. Заўсёды робіцца цяплей на душы, калі ведаеш, што нехта побач трывожыцца за цябе. Гэта зноў зблізіла нас. Я дараваў ёй пісьмы. «Хіба яна вінавата, што пішуць! Яна адна, прыгожая… Ды ўрэшце, што мне да яе асабістых сардэчных спраў?»
Каб больш нішто не парушала таго пачуцця, што было адноўлена, набыло ранейшую раўнавагу, я паспяшаўся развітацца. Моцна паціснуў яе маленькую гарачую руку.
– Добрай ночы вам, Антаніна Васільеўна.
– Добрай ночы… Пятро…
У цэнтры пазіцыі мяне спыніў Кідала – кінуў у твар святло ліхтарчыка.
– Выключы батарэйку! Разрадзіш, – загадаў ён.
Я моўчкі выканаў яго загад. У густой цемры мы не бачылі адзін аднаго, але я чуў яго дыханне, ён стаяў крокі за два. Успомніўшы пісьмо да Антаніны, я з цікавасцю чакаў, да чаго ён можа прычапіцца янгчэ. А што прычэпіцца – не сумняваўся.
– Што ж гэта ты?.. Так перажываў па жонцы, пакутаваў i ўжо заводзіш шуры-муры…
– Якія шуры-муры?
– Хэ! – непрыемна рагатнуў ён. – Уся батарэя гаворыць.
Я чакаў усяго, але толькі не гэтага. Дзікае абвінавачанне!
Дзікія словы! У любых іншых умовах, абражаны за Сашу, за сябе, я, відаць, кінуўся б на гэтага тупагаловага цыніка з кулакамі. Але субардынацыя… I пісьмо… Я ўяўляў, як прызнаваўся ў каханні Сцяпан Кідала, «высокаправільны» чалавек, i мне рабілася чамусьці весела. Не трэба кулакоў. Але да д'ябла i пачцівую субардынацыю! Як ён, так i яму…
– Табе што – зайздросна? – са здзекам спытаў я.
Ён разгубіўся, бо замармытаў нешта незразумелае, ікнуў. Потым пагразіў:
– Я жонцы тваёй напішу.
Ён напіша маёй жонцы? Куды? Калі? Балюча мне стала ад думкі, што напісаць няма куды. Каб я ведаў, куды напісаць, дзе яна цяпер!.. Не трэба было б пісаць табе, Сцяпан Кідала! Я напісаў бы сам. Усё-ўсё, што запісваю ў гэты дзённік, i, можа, нават яшчэ больш падрабязна. Табе не зразумець, што я ніколі не таіў i нічога не стаю ад Сашы. Яна усе будзе ведаць: мае ўчынкі, думкі, абы вярнулася наша шчасце.
Але словы яго не выходзяць у мяне з галавы, хоць я ужо трэці дзень запісваю падзеі таго вечара. «Шуры-муры…» Агіднае, абразлівае слова. «Уся батарэя гаворыць». Уся – хлусня; мае хлопцы нічога не гавораць, a адносіны ў нас простыя, сяброўскія, i яны, пэўна ж, не пасаромеліся б пакпіць з гэтай прычыны. Але, магчыма, некаму кінулася ў вочы, што Антаніна не прамінае маёй гарматы, калі бывае на батарэі. А я даўно, яшчэ ў тэхнікуме, заўважыў, што людзі не прызнаюць простай дружбы паміж жанчынай i мужчынам, заўсёды схільныя думаць чорт ведае што i пусціць плётку. Мне напляваць, што думае Кідала. Але яго недарэчныя падазрэнні абражаюць Сашу. А гэта мне балюча, я не хачу, каб ён нават успамінаў яе імя.
«Шуры-муры…» Дурань! Нічога ў мяне няма ні ў сэрцы, ні ў галаве, акрамя той цеплыні, якую заўсёды прыносіць жанчына, i ўдзячнасці за яе ўвагу. Яна адзіная прасветліна ў нашым аднастайным i небяспечным жыцці. Але калі людзі не разумеюць звычайнай чалавечай дружбы, няхай не будзе яе…
12 кастрычнікаСнег i агонь… Агонь i снег… Агонь на зямлі ад выбухаў бомбаў, бясконцых залпаў гармат. Калі яны на нейкі час сціхаюць, снег усё адно гарыць – свеціцца блакітным водбліскам ад пажараў, што шугаюць у горадзе. A калі i пажараў няма, агонь астаецца ў стомленых запалёных вачах. Неба, дай адпачынак! Але i там агонь. У нязмернай вышыні гулліва калышуцца, плывуць, то ўзнімаюцца, то апускаюцца, пераліваюцца д'ябальскі прыгожыя рознакаляровыя сцягі паўночнага ззяння. У мінулую зіму я любіў гэтае дзівоснае відовішча прыроды, якому няма роўных па прыгажосці. Цяпер не люблю. Мне здаецца, калі я гляджу на гэтыя пералівы святла, то неба смяецца з таго, што робіцца на зямлі. А хутчэй за ўсё не люблю таму, што ззянне – лепшае надвор'е для налётаў. У немцаў новая тактыка. Яны рэдка прылятаюць удзень, але затое лётаюць усю доўгую ноч. Лётаюць па адным, так, што ў небе, недзе там, у яснай бездані, дзе калышацца ззянне, – бясконцы шум матораў, то з аднаго, то з другога боку. Страляем не па самалётах, страляем па шуму. Зрэдку драпежнік трапляе ў праменні пражэктараў, што паласу юць неба; тады пачынаецца агонь прыцэльны. Калі яны вешаюць над залівам i горадам «лампады» – б'ём па ix, каб пагасіць. А так увесь час вядзём загараджальны агонь. Я не веру, што можна «загарадзіць» неба. «Б'ём у белы свет, як у капеечку». Ад гэтага цяжка на душы.
Я думаю, што фашысты знарок выбралі такую тактыку, каб выматаць нашы сілы. Мы валімся з ног.
Фрыд учора крыкнуў:
– О неба, дай адпачынак! – I гэта не ў жарт.
За ноч выпальваем увесь боезапас. Узвод забеспячэння не ўпраўляецца падвозіць снарады. Трактар не ўзбіраецца на абледзянелую rapy, i ў час кароткіх перадышак, калі не чуваць шуму матораў, цягаем чатырохпудовыя скрынкі, а прыборшчыкі робяць гэта амаль усю ноч. Ад скрынак распаўзаюцца кажухі, a спіны быццам абвугліліся – чорныя-чорныя сталі.
Учора, калі расход дасягнуў рэкорднай лічбы – каля шасцісот снарадаў за ноч, Астахаў пачаў разважаць:
– Кажуць, кожны наш стрэл каштуе каля трохсот рублёў. Праўда, камандзір? Дык гэта ж адна наша батарэя «выплюнула» за ноч добрых паўтараста тысяч рублікаў!
Мяне здзівіў такі падлік.
– На вайне рублі не лічаць, Астахаў. Мільярды гінуць.
– А дарэмна. Грошы народныя. Усё трэба лічыць.
Муха абурыўся:
– Ды што ты! Людзі гінуць, а ты рублі лічыш!
– Каб я быў упэўнены, што мы сваёй «загародай» ратавалі хаця б аднаго чалавека, то не шкадаваў бы… А так шкадую… Колькі людзі ўклалі ў гэтыя штукі працы, – паказаў Астахаў на снарады, – а мы ix у неба.
Між іншым, у спрэчках, якія ўзнікаюць у хвіліны зацішша, адзін Муха горача абараняе загараджальны агонь. Я хачу зразумець – чаму?
На нарадзе камандзіраў я расказаў пра падлікі Астахава – вось прыклад руплівай гаспадарлівасці байца! Гэтага чамусьці не зразумелі. Хворы Сеўчанка (камбат каторы дзень тэмпературыць, але не пакідае пазіцыі) стомлена сказаў:
– Менш лічыце, а лепш страляйце. «Не сыпце гарох». Залпы!
A Малашкін нечакана зрабіў вывад:
– Вы, Шапятовіч, развялі гнілую дэмакратыю ў аддзяленні. У вас кожны разважае за камандуючага. Палітыкі! Каб я не чуў гэтых размоў!
Крыўдна. За хлопцаў крыўдна. Без сну, на марозе яны не выказалі ніводнай скаргі. I размовы ix шчырыя, патрыятычныя. Як кажуць, баявы дух высокі. Асабліва ён узняўся пасля таго, калі камісар паведаміў, што фашысты добра атрымалі па зубах на подступах да Мурманска i адкінуты за Заходнюю Ліцу. Праз гэта яны шалеюць i так люта бамбяць горад i порт. А тут яшчэ, на злосць ім, у заліў увайшоў караван англійскіх суднаў – першая дапамога саюзнікаў.
Мацнее мароз. Сярэдзіна кастрычніка – i такі мароз. А там, у нас, гараць золатам лясы і, безумоўна, яшчэ цёпла. Роўна год назад я ішоў у армію. Саша праводзіла мяне далека ў поле, па дарозе на Рэчыцу. Ранак быў ясны, сонечны, плыла павуціна бабінага лета, i ляцелі жураўлі. Усяго адзін год! А здаецца, мінула вечнасць. Колькі месяцаў яшчэ можа працягнуцца вайна? Астахаў неяк сказаў – два гады. Вар'ят!
19 кастрычнікаЗ падбітага намі «Ю-87» выкінуўся з парашутам лётчык. Прызямліўся кіламетры за два ад батарэі, на схіле голай гары.
Сеўчанка загадаў:
– Малодшы лейтэнант Кідала! Вазьміце разведчыка Бурава… – камбат на момант задумаўся, мяркуючы, даволі двух чалавек для такой аперацыі ці замала, – сяржанта Шапятовіча… Затрымаць немца!
Але калі мы ўжо сталі на лыжы, даў новую каманду:
– Адставіць Бурава! Сяржант Пясоцкі! Пойдзеце вы!
Відаць, камбату падказаў камісар (я бачыў, як яны ціха перакінуліся словамі), што трэба чалавек, які ведае нямецкую мову. А ведае яе адзін Сеня.
Мы шпарка пайшлі па свежым снезе, усе аднолькава задаволеныя такім заданием – узяць жывога фашыста, які толькі што скінуў бомбы на горад. На лыжах нас у мінулую зіму навучылі хадзіць добра, мы рабілі пераходы па сто кіламетраў. Але наспець за Кідалам нам з Сенем было нялёгка. Высокі, дужы, ён адразу вырваўся наперад.
Немец, вызваліўшыся ад парашута, адыходзіў на захад – узнімаўся на тару, каб пераваліць цераз грэбень i схавацца ў лесе; ён, безумоўна, бачыў яшчэ раней, з самалёта, што заходні схіл гары лясісты. Над ім пакружыў наш знішчальнік, даючы зразумець, што калі фашыст будзе ўцякаць, то яго легка могуць прышыць да скалы кулямётнай чаргой. I ўсё роўна ён упарта лез на гару.
– Вось гад! Куды ён лезе? На што спадзяецца?..
– Горы, тундра, снег… Уцячэ ад нас – па яго слядах пойдзе штурмавік-самалёт. Яму хочуць захаваць жыццё, а ён лезе на смерць, – абураўся я, ідучы побач з Пясоцкім.
– Ты не ведаеш, якія яны фанатыкі. Фашызм – гэта страшэнны фанатызм… Я не магу зразумець, як з такой працавітай цвярозай нацыі, як немцы, маглі выхаваць гэтулькі фанатыкаў-забойцаў,– разважаў Сеня. Яму хацелася пагутарыць, але было цяжка: беглі мы надзвычай шпарка, а вецер біў у твар, i Сеня задыхаўся.
Каля падножжа гары мы ўзялі лыжы на плечы. Немец ужо быў амаль на самай вяршыні.
– Дай папераджальны стрэл, – сказаў мне Кідала.
Я ўзлёг грудзьмі на камень, нацэліўся, але вышэй галавы, каб часам не забіць. Стрэліў. Немец азірнуўся i… раптам знік, відаць, скочыў у нейкую яму.
– Вось жа падлюга! – вылаяўся Кідала i выхапіў з кабуры пісталет, нібы намерыўся весці ў атаку цэлы полк. – За мной!
I зноў мы не паспявалі за ім. Ён быў лягчэй апрануты – у шынялі, мы – у кажухах. Ногі то слізгалі па голым абледзянелым каменні, то, у горных упадзінах, угрузалі па калена ў снезе. Непамерна цяжкія зрабіліся вінтоўкі i лыжы. Пот заліваў твар, перад вачамі зіхацелі вясёлкі, сэрца стукала, здавалася, не ў грудзях, a ў горле. Я хапаў на хаду снег.
– Не еш, прастудзішся, – папярэдзіў Сеня.
– Калі ён ідзе гэтак жа, як мы, нам не дагнаць яго да ночы, – прахрыпеў я.
– Дагонім раніцой, – спакойна адказаў Сеня.
– Хіба Сеўчанка даў такую каманду?
– Была каманда ўзяць яго жывым.
Сказаўшы гэта, Сеня раптам ціха войкнуў, схапіўся за жывот.
– Што?
– Кальнула ў жывот. Боль… Вось тут.
Твар яго, дагэтуль расчырванелы, збялеў.
Я разгублена схіліўся над ім:
– Што ж рабіць? Можа, астанешся, пасядзіш, адпачнеш?..
Ён падняўся, абапіраючыся на маё плячо, усміхнуўся праз боль:
– Ну што ты! Кідала скажа, што я збаяўся.
– Скажа на цябе, пасля бомбы?
Дні тры назад генерал уручыў ім узнагароды за подзвіг з бомбай: медалі «За адвагу»; яны першыя ўзнагароджаныя на батарэі.
– Вунь, чуеш! – паказаў Сеня наперад.
Кідала, які апярэдзіў нас метраў на трыста, махаў пісталетам i крычаў, каб мы ішлі хутчэй.
– Пайшлі.– I Сеня першы рушыў далей. Я ішоў побач i бачыў, якія пакуты прыносіць яму хада.
– Заставайся, – настойліва раіў я. – Адгэтуль цябе ўбачаць з батарэі, зразумеюць, што нешта здарылася, прышлюць дапамогу.
Ён узлавауся:
– Адчапіся, Пятро!
А праз хвіліну з палёгкай уздыхнуў, прыслухаўся i радасна, як дзіця, засмяяўся:
– Ну, вось i ўсё!
Мы пайшлі шпарчэй.
Кідала правільна разлічыў: мы дасягнулі перавала больш лёгкім шляхам – цераз седлавіну. А там у нас была перавага над ворагам – мы зноў сталі на лыжы. Лес пачынаўся ніжэй, i мы, павольна зніжаючыся, беглі па адкрытым месцы ўздоўж грэбеня, пакуль не выйшлі на след. Але ў лесе лыжы прыйшлося скінуць зноў: спуск быў залішне круты, камяністы. Немец, быццам знарок, лез праз самы гушчар, падлазіў пад кашлатыя заснежаныя елкі, скакаў з абрываў.
Не, ён проста бег, не выбіраючы дарогі, імкнучыся адысці як мага далей на захад. На што ён разлічваў, зразумець немагчыма.
Камандзір наш зноў паспрабаваў вырвацца наперад, але я астудзіў яго:
– Сцяпан, ён можа адстрэльвацца. Асцярожна.
Мае папярэджанне спадабалася яму, ён пайшоў побач з намі i гаварыў па-сяброўску проста. Мы ў адзін голас клялі фашыста, які прымушае нас траціць гэтулькі сіл на яго аднаго, паганца. I раптам… ціўкнула куля. Я першы нырнуў галавой у снег, крыкнуў:
– Лажыся!
Прыслухаўся да самога сябе, ці не паранены. На мае шчасце, куля трапіла ў лыжы! Вось жа фашысцкая брыдота! Траха не адаслаў на той свет. Моцна закалацілася сэрца. Наперадзе ляснуў яшчэ адзін пісталетны стрэл. Трэба падняць галаву, адпляваць снег, што набіўся ў рот, нос, працерці вочы, агледзецца, дзе ляжу i дзе вораг. Але падняць галаву было нялёгка: вельмі ж ужо моцна ў такіх выпадках зямелька прытуляе да сябе, нават i такая непрыветлівая, камяністая.
Збоку грымнуў вінтовачны стрэл. Гэта Сеня. Падбадзёраны, я нарэшце падняў галаву i адразу вызначыў месцазнаходжанне ворага: ён быў метраў за сорак наперадзе, за вялікім валуном, паабапал якога стаялі дзве каржакаватыя сасны. У яго была зручная пазіцыя, але ён рана пачаў страляць – не вытрымалі нервы. Угледзеўшы, што ляжу на ад крытым месцы, я адпоўз за бліжэйшы камень i адтуль паслаў кулю ў нябачнага ворага. Куля высекла іскру на валуне i ca свістам зрыкашэціла.
– Пясоцкі! Не давай яму высунуцца! А мы з Пятром – у абход! Ты справа, я злева! – закамандаваў Кідала.
Я перапоўз да другога каменя, потым зрабіў перабежку, схаваўся за дрэвамі. У гэты момант Сеня крыкнуў па-нямецку.
Такая фраза ёсць у вайсковым «разгаворніку», i я зразумеў яе сэнс: здавайся – гарантуем жыццё i ўсё іншае.
Я чакаў, што немец адкажа. Стрэліць – няхай не спадзяецца на нашу літасць. Не, над валуном узняліся дзве рукі, у адной – рэвальвер, у другой – белая насавая хустачка.
– Комэн зі гip! [4]4
Ідзіце сюды! (ням.).
[Закрыть]
Ён выйшаў.
– Ласен зі дзі пістоле! Унд хэндэ хох! [5]5
Кіньце пісталет! I рукі ўгору! (ням.).
[Закрыть]
Ён кінуў пісталет у снег i стаяў з узнятымі рукамі.
Першы падбег малодшы лейтэнант i даў яму па вуху. Немец упаў. Кідала пхнуў яго нагой. Я не асудзіў Сцяпана. За маю зямлю, якую яны захапілі, за шчасце, якое растапталі, за толькі што перажытыя напружанне i страх я, напэўна, зрабіў бы тое самае, каб апынуўся каля яго першы: злосці ў мяне было даволі. Але ляжачага я не мог бы ўдарыць. Акрамя таго, я адразу ўбачыў яго вочы: прыгожыя, блакітныя, яны былі напоўнены такім смяртэльным страхам, што мне зрабілася шкада яго. Гэта быў малады хлопец, бадай што наш равеснік, высокі, дужы, з даўгаватым тварам, вялікім ілбом – «тыповы арыец». Але без якіх-небудзь прыкмет ці рыс садыста, забойцы, якім стаў за апошні час у нашым уяўленні вобраз кожнага фашыста. Ад гэтага нават патыхала нечым мірным: не крывёй, не гарам пажараў i нават не бензінам, a… тонкімі прыемнымі духамі. Праўда, калі мы загадалі яму падняцца i павялі назад, страх у яго вачах знік, бліснулі такія іскры, што прымусілі мяне насцеражыцца. Пачалі раздражняць яго шырокая спіна, лёгкая хада, элегантная футравая куртка, прыгожыя унты – уся яго постаць чужынца, ворага.
Сеня спытаў, каторы раз ён налятае на Мурманск.
– Цум эрстэнмаль [6]6
Першы раз (ням.).
[Закрыть].
– Хлусіць, падлюга. Баіцца адказнасці,– не паверыў я.
– А можа, з новай часці,– выказаў меркаванне Кідала. – Спытай, дзе ён быў дагэтуль. Адкуль прыляцеў?
– Аўс Берлін, – адказаў ён з хітрасцю i нават, як мне здалося, ca здзекам.
– Як яго прозвішча?
– Фрыц Кронкер.
– Усё-такі Фрыц, – засмяяўся Кідала.
– Спытай, Сеня, на што ён спадзяваўся, калі так упарта ўцякаў. Да Фінляндыі сто кіламетраў. Вар'ятам трэба быць, каб мець надзею дайсці.
Фрыц выслухаў пытанне, спыніўся, павярнуўся да нас тварам i пачаў адказваць горача, пераканана, нават злосна.
Сеня збялеў. Кінуўся да яго, схапіў за каўнер курткі, трасануў i закрычаў яму ў твар, глытаючы ад хвалявання i абурэння словы. Некалькі разоў паўтарыў – Масква i Берлін. Потым з агідай штурхнуў немца ад сябе:
– Фашысцкі вырадак!
– Што ён сказаў?
Сеня не адразу здолеў перадаць нам.
– Нахабная морда! Ён яшчэ пагражае! Гаворыць, каб мы не радаваліся, што збілі яго i ўзялі ў пал он. Бачыш, выходзіць, палонны не ён, палонныя – мы. Кажа, што тры дні назад вялікая армія фюрэра пачала сваё рашаючае наступленне i ўжо штурмуе Маскву. Што нам тут усім хутка капут. Мы вымушаны будзем скласці зброю… Вось жа гад! Я адказаў, што яго смярдзючаму фюрэру не бачыць Масквы, як сваіх вушэй… Не на тых напалі! А вось мы… Мы прыйдзем у яго Берлін… Вір комен нах Берлін! – крыкнуў Сеня па-нямецку. – Чуеш, сволач гітлераўская?
Фрыц панурыў галаву, згорбіўся, як бы чакаючы ўдару. Пад'ём быў круты, цяжкі, мы адчувалі стомленасць, i было не да размоў. На перавале на хвіліну спыніліся, каб адпачыць. Цяпер можна не спяшацца, хаця i вечарэла ўжо; сонца даўно схавалася за гарамі (яно выглядвае яшчэ ўдзень гадзіны на дзве), неба на паўднёвым захадзе гарэла барвова-фіялетавым агнём, а на паўночным усходзе было цёмна-сіняе: адтуль, з мора, наступала ноч.
Мы бачылі сваю батарэю, адчувалі, што нашы сябры глядзяць на нас, бачаць чатыры постаці на фоне неба i радуюцца, што мы затрымалі фашыста.
За светлым ад водбліску снегу залівам жыў, дыхаў горад – дымам паравозаў, комінаў, параходаў каля прычалаў.
Палонны доўга не зводзіў з яго вачэй. Напэўна, яго ўразіла, што горад жыве; можа, яму здавалася, што ix бомбамі ён знішчаны ўшчэнт. Ba ўсякім разе, нешта прымусіла яго сур'ёзна задумацца, бо ён раптам цяжка ўздыхнуў i як бы падумаў услых.
Сеня зняважліва хмыкнуў:
– Дайшло. Гаворыць, што гэта будзе сусветная трагедыя, калі, не дай Божа, мы прыйдзем калі-небудзь у Берлін.
He, хлусіш! Будзе сусветная радасць!.. Ді ганцэ вэльт вірд фро зайн… [7]7
Увесь свет узрадуецца… (ням.).
[Закрыть]Калі мы збавім людзей ад карычневай чумы.
Немец глянуў на Сеню з нянавісцю: у задуменні ён, мабыць, забыўся, што адзін з нас ведае яго мову.
Калі мы пачалі спускацца, то збоку, прыкладна за юламетр, убачылі трох чалавек. Яны ішлі напярэймы нам i махалі рукамі.
– З войск НКВД, па палоннага, – здагадаўся Кідала. Ён дастаў з кішэні новенькі бліскучы пісталет лётчыка, з жалем агледзеў яго. – Забяруць мой трафей. Гэтыя дружкі сваю справу ведаюць. Ha rapy нябось не кінуліся. У першую чаргу да парашута пайшлі.
У тэты момант, як на тое, немец расшпіліў спражку на рукаве сваёй курткі i зірнуў на гадзіннік. Гадзіннік быў цудоўны: вялікі, з чорным цыферблатам, белымі стрэлкамі. Я ўбачыў, як у Сцяпана прагна бліснулі вочы, сквапная думка вылезла на шырокі самазадаволены твар.
– Пясоцкі, скажы гэтаму тыпу, каб аддаў мне гадзіннік.
– Навошта? – здзівіўся наіўны Сеня.
– На памяць. Дарэмна хіба мы яму жыццё ратавалі? – цынічна ўсміхнуўся Кідала.
Сеня зразумеў, сумеўся, ажно пацямнеў з твару, але сказаў з верай, што можна пераканаць гэтага несвядомага чалавека:
– Т-таварыш малодшы лейтэнант! Але ж гэта… м-марадзёрства…
– Ну…тымяне не вучы. Яны паўсвету абрабавалі, можа, маці тваю забілі, а ты мне – марадзё-ёрства!.. Рабі, што загадваю! Твая справа цялячая.