355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Трывожнае шчасце » Текст книги (страница 4)
Трывожнае шчасце
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 02:20

Текст книги "Трывожнае шчасце"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 43 страниц)

IV

Мінулі восень і зіма. Для Пятра час гэты праляцеў хутчэй і весялей, чым для Сашы. Ён зноў ездзіў на практыку, самую адказную, пераддыпломную, і ездзіў у цікавае месца – у толькі што вызваленую Заходнюю Беларусь, амаль на самую мяжу, дзе будаваўся ладны ўчастак важнай дарогі. Паездка была ганаровая – не ўсіх туды паслалі, толькі траіх, самых надзейных і актыўных камсамольцаў. Там усё было незвычайнае: людзі, якія дваццаць год пражылі ў няволі, іх расказы аб барацьбе, звычаі, вечарынкі моладзі, якія сябры наведвалі ў вёсках, сама практыка амаль на ваенным аб'екце, блізкасць мяжы, за якой стаялі немцы… Усё гэта хвалявала маладую цікаўную натуру Пятра, рабіла жыццё разнастайным, багатым на ўражанні, многа было нечаканых сустрэч, новых захапленняў. У гэтым водавароце ён часам забываўся на Сашу і пісаў ёй рэдка: разы два ў месяц, па сутнасці, толькі адказваў на яе пісьмы, хоць раней пісаў амаль штодзень. Увогуле ён стаў больш стрыманы ў сваім каханні і, апраўдваючы сябе, лічыў гэта за адзнаку сталасці. Але хутчэй за ўсё гэта была юнацкая самаўпэўненасць.

Саша напісала першая пасля таго, як ён так нечакана і з крыўдай пайшоў ад яе. Ён прыйшоў у Гомель і атрымаў пісьмо – стрыманае, але ласкавае, добрае, у якім яна па-сяброўску шчыра і па-даросламу мудра раіла не звяртаць увагі на дробязі, калі толькі ў сэрцы ёсць сапраўднае каханне. Ён узрадаваўся і адразу забыўся на ўсе свае крыўды. Але разам з гэтай радасцю прыйшоў той самаўпэўнены спакой, які часта губіць нават гарачае пачуццё.

Раней ён ніколі не расказваў сябрам пра Сашу. Два гады тыя ведалі, што ён амаль кожны вечар бегае на спатканні да нейкай Сашы ажно некуды ў Залінейны раён, але ніхто з іх ні разу не бачыў яе. Цяпер ён расказваў пра яе ахвотна і многа, паказваў маленькую фотакартачку, якую яму ўдалося атрымаць ад яе, і называў «мая Саша». Ён у размовах быццам бы выхваляўся, што і ў яго ёсць дзяўчына, як і ў кожнага з яго сяброў. Аднак, кажучы «мая Саша», ён цяпер значна менш, чым раней, думаў пра тое, што калі-небудзь яна будзе яго жонкай. Ва ўсякім разе, у яго не было жадання ехаць у вёску другі раз, тым больш што Саша жыла ў той самай гаспадыні і зноў у пісьмах хваліла яе. Гэта яго крыўдзіла, бо гаспадыню ён ненавідзеў. Настаўніка, да якога прыраўнаваў, Пятро ўспамінаў рэдка і нават забыўся імя яго. Але каб ён ведаў, што гэта сапраўды такі сур'ёзны сапернік, то, безумоўна, адчуваў бы і думаў інакш і не быў бы такі заспакоены. Мы заўсёды кахаем мацней, калі адчуваем, што каханню нашаму нешта пагражае.

У Сашы гэтыя месяцы жыццё было больш аднастайнае. Але яна таксама не сумавала. Смутак – занятак гультаёў, а дзяўчына працавала ўдзень, вучылася ўвечары: марачы аб інстытуце, яна паступіла ў дзесяты клас вячэрняй школы і хадзіла штодзень за шэсць кіламетраў у суседняе мястэчка. Акрамя таго, у яе таксама былі сябры і лепшы сярод іх – Уладзімір Іванавіч. Ён запрашаў яе на школьныя вечары, на танцы ў клубе, на лыжныя кросы. У доўгія зімовыя вечары, калі не было заняткаў у школе, прыходзіў да яе на кватэру, але заўсёды з сябрам-настаўнікам. Саша ні аб чым не здагадвалася, а ён не гаварыў пра свае пачуцці. Толькі аднойчы спытаў:

– Аляксандра Фёдараўна! Праўда, што юнак, які прыязджаў да вас, ніякі не брат ваш?

Саша пачырванела: ёй цяжка было хлусіць.

– Не, няпраўда. Пятро – мой брат.

Уладзімір Іванавіч, відаць, паверыў, бо ніколі больш не вяртаўся да гэтай тэмы.

Першая раскрыла яго пачуцці і намеры гаспадыня.

– А што, Шурачка, Лялькевіч добры чалавек?

– Добры.

– Кахае ён цябе моцна.

– Што вы, Аня!..

– Ды хіба я не бачу? Хлопец ажно сохне. А што? Чалавек ён сур'ёзны, лепшага мужа не знойдзеш. Жыве з адной маці. Дом свой, сад вялікі… лепшая ў вёсцы гаспадарка…

Саша засмяялася: ніколі ў жыцці яна не думала пра свой дом і сад, і размовы такія здаліся ёй недарэчнымі і сапраўды смешнымі. Яна пажартавала наконт усяго гэтага, але пасля пачала пазбягаць Уладзіміра Іванавіча: у школу не хадзіла, а калі ён прыходзіў, то выдумляла, што ёй трэба бегчы да хворага ці парадзіхі. Неяк у амбулаторыю да яе прыйшла яго маці, маленькая, гаманкая і простая да наіўнасці старая. Паскардзілася, што баліць у грудзях, баляць ногі. Саша паслухала яе, дала лекаў са сваёй амбулаторнай аптэкі. А старая ўсё скардзілася, што цяжка ёй адной, гаспадарка вялікая – карова, свіння, куры, качкі, а здароўя няма. І раптам не то параіла, не то папрасіла:

– Выходзілі б вы, Шура, замуж за майго Валодзю. Жылі б мы з вамі душа ў душу.

Саша разгубілася. Яе абразіла гэтае сватанне старой. «Зноў каровы, свінні… Як гэта агідна!» – абурылася яна ў думках, не ведаючы, што адказаць.

– Каб выйсці замуж, трэба кахаць чалавека, – нарэшце сказала яна простую ісціну.

– Ах, Божачка! – завохкала старая. – А хіба ж Валодзя мой не кахае цябе? Ды я табе, Шура, скажу, што ён і дня не можа пражыць, каб не пабачыць… У любы мароз бяжыць сюды.

«Галоўнае, што Валодзя кахае, а да маіх пачуццяў – што ёй!.. Ці кахаю я яе сына – пра гэта не пытае», – падумала Саша ўсё з тым жа пачуццём абразы.

Размова гэтая прымусіла яе сур'ёзна задумацца. Упершыню з'явілася трывога за свой лёс, страх перад будучыняй. Як павернецца жыццё? Раней яна не думала пра замужжа і нават лічыла, што гэта нешта непатрэбнае ці, ва ўсякім разе, неабавязковае. Цяпер яна пачынала разумець, што гэта неабходна і непазбежна. Так нечакана дзяўчына перайшла ў сваіх думках і поглядах у сталую жанчыну.

Яна напісала пісьмо Пятру і папрасіла яго прыехаць. Ён сур'ёзна адказаў, што баіцца гаспадыні. Саша запэўніла, што гаспадыня будзе ласкавай, як добрая цешча, і жартаўліва пагразіла, што, калі ён не прыедзе, яна выйдзе замуж, бо да яе сватаюцца. Гэта не на жарт спалохала Пятра. Ён у гэты час працаваў над дыпломным праектам – праектаваў дарогу з усімі неабходнымі пабудовамі: дамамі даглядчыкаў, гасцініцай, бензакалонкамі, рамонтнай майстэрняй – адным словам, такую дарогу, якая і да нашых дзён ёсць толькі ў праектах і аб якой і зараз мараць уласнікі машын і ўсе шафёры. Чарцілі і вылічалі выпускнікі з натхненнем, хоць ведалі, што па іх праектах нічога не будзе пабудавана, а праекты згрызуць мышы ў тэхнікумаўскай бібліятэцы. Але ўсё адно дыпломны праект, дыпломная работа – больш разумны і дзейсны метад праверкі ведаў, чым экзамены, калі зноў пачынаецца тое ж «зубрэнне», што і ў час навучання, і калі ўсё наспех вызубранае забываецца праз дзве гадзіны пасля экзамену. Пры дыпломным праекце студэнты ўпершыню самастойна, з усёй адказнасцю пачынаюць тварыць, а тварыць без натхнення нельга. Хлопцы праводзілі ў чарцёжнай па дванаццаць гадзін. Пятро ж, калі вырашыў ехаць да Сашы, заставаўся там па дваццаць гадзін, каб падагнаць праект і выкраіць час на паездку. Ён шкадаваў патраціць лішнюю хвіліну на абед і не хадзіў у сталоўку – купляў булачку, кавалак каўбасы і абедаў у чарцёжнай, адначасова робячы разлікі. Ён заставаўся там да глыбокай ночы і часам тут жа за сталом засынаў. Аб такой вар'яцкай рабоце яго сказалі дырэктару, і той загадаў вартаўніку выганяць усіх і зачыняць чарцёжную ў дзевяць гадзін вечара. Тады Пятро пачаў прыходзіць у шэсць гадзін раніцы, калі чарцёжную адчынялі для ўборкі. Такім чынам ён за колькі дзён зрабіў тое, што планавалася зрабіць за месяц.

Напярэдадні Першага мая ён паехаў да Сашы. Ехаў спакойна, без хваляванняў і лішніх думак. Пехатою не пабег ад Рэчыцы – дарога гразкая, а цэлую ноч чакаў на прыстані, у халоднай і бруднай зале, парахода.

Потым цярпліва плыў паўдня, любуючыся разлівам Дняпра. А Дняпро цудоўны ў гэты час! Ён разліваецца на многа кіламетраў ушырыню, залівае лугі, лазнякі. Дубы на нізкім левым беразе стаяць па голле ў вадзе, а правы бераг ужо не выглядае такім абрывістым і высокім. Параход ідзе бліжэй да абрыву, і з верхняй палубы відаць вуліцы вёсак – гразкія, але ажыўленыя і па-вясноваму прыгожыя. І ўсюды дзеці гуляюць у «клёка» і ў мяча.

Саша шчыра ўзрадавалася яго прыезду. Яна, безумоўна, не кінулася цалавацца, а стрымана падала руку, але радасць адбілася ў яе на твары і ў вялікіх блакітных вачах. Яна прыжмурыла іх у вясёлай усмешцы і сказала да гаспадыні:

– Ну вось, Аня, зноў прыехаў «брат». – Яна так сказала слова «брат», што гаспадыня весела засмяялася.

– Ды брат жа, брат! Не дваюродны, а самы родны, – праспявала яна, прыветліва паціскаючы хлопцу руку.

Гэтыя яе весялосць і прыветлівасць адразу, у адзін момант, прымірылі з ёй Пятра. Ён зразумеў, што яна, як добры друг Сашы, усё ведае і цяпер, напэўна, будзе ставіцца да яго гэтак жа прыхільна і шчыра, як і да сваёй кватаранткі.

Надвячоркам пайшоў дождж, па-майску цёплы, дробны, але спорны – той вясновы дождж, што змывае апошні снег у гушчарах і на схілах узгоркаў, бруд на дарогах і пасля якога трава пачынае расці так, што відаць, як варушыцца на зямлі зляжалае мінулагодняе лісце.

У такі дождж, ды яшчэ перад святам, усе сядзяць дома; дзеці, дарослыя, моладзь займаюцца дробнымі і прыемнымі хатнімі справамі ці вядуць лагодныя гутаркі – без плётак і непрыемнасцей, гэткія ж чыстыя і цёплыя, як дождж.

Да гаспадыні прыйшлі суседкі, не выходзілі з хаты дзеці. Таму Саша і Пятро, жадаючы, як усе закаханыя, быць далей ад людскога вока, схаваліся ў амбулаторыі, у той вялікай і пустой хаце, дзе прыемна пахла вільгаццю і лекамі. Дождж шумеў за акном, ласкава і аднатонна барабаніў па шыбах. Змрок, як заўсёды ў хмурны вясновы дзень, хутка запаўняў хату, шафа з белымі шклянкамі расплылася ў дзіўную здань. У хатах, на другім баку вуліцы, запальваліся лямпы, і праз сетку дажджу вокны расплываліся ў жоўтыя шырокія кругі.

Святла яны не запальвалі. Ім святла не патрэбна было. Сядзелі на канапцы, абняўшыся, і расказвалі пра сваё жыццё за восем месяцаў, што не бачыліся. Яны быццам баяліся, што нешта ці нехта можа перашкодзіць ім расказаць аб усім, што бачылі, што перадумалі, што адчувалі, і расказвалі таропка, перапыняючы адно аднаго, і зусім нечакана пераходзілі з тэмы на тэму.

– Аднойчы там, у Заходняй, я стаяў на граніцы, – расказваў Пятро, – глядзеў на той бок… Убачыў нямецкага вартавога… І, ведаеш, мне стала трохі страшна, што так блізка ад нас людзі, якія ваююць…

– Ах, як яны там ваююць! – перапыніла Саша. – Якая там вайна!

– Гэта, праўда, не тое, што ў нас на фінскай. Сядзяць у гэтых «лініях», дзе, кажуць, нават трамвай пад зямлёй ходзіць, п'юць каву ды віно і для забаўкі… страляюць… Увесь час паведамляюць – перастрэлка патрулёў, ды і ўсё…

– А ведаеш… Я табе не пісала пра гэта. Я таксама прасілася на фінскую. Падала заяву ў ваенкамат. Мяне выклікалі. Ваенком паглядзеў на мяне, паківаў галавой і кажа: «Ідзі, дзіця, працуй, дзе працуеш…» Так і сказаў: дзіця…

– Правільна ён зрабіў, ваенком твой… Ты ведаеш, як там цяжка было? З нашага тэхнікума ездзілі трое… снайперы. Цяпер вярнуліся… Яны расказвалі, якая там зіма была…

– У нас таксама сады павымярзалі. Калгасны малады сад напалавіну загінуў…

– Там людзі ў снезе ляжалі. Ды не адзін дзень і не два… – Пятро быццам баяўся, што яна можа паехаць туды, і адгаворваў. Потым схамянуўся – у самога было гэткае ж жаданне. Памаўчаў, тулячы яе да сябе, аднак шчыра прызнаўся: – А я рад, што цябе не ўзялі. Ты магла б згубіцца ў гэтым чалавечым моры, забыла б мяне, і я не знайшоў бы цябе…

– Дурненькі!.. Я ніколі не забуду цябе. Калі ты пайшоў у мінулым годзе, я плакала…

Яна засаромелася свайго прызнання, змоўкла, а ў яго гэтыя словы выклікалі такое замілаванне, такі прыліў пяшчоты, што ён да болю сціснуў яе худзенькія плечы.

– Ой, задушыш, – са смехам вызвалілася яна з яго абдымкаў і адышла. – Чакай, нехта гаворыць там. Можа, да мяне…

На вуліцы было ўжо зусім цёмна, дождж ішоў, як і раней, – дробны, густы. Ад хаты гаспадыні даносіліся галасы. Саша падышла да акна, прыслухалася. Калі галасы сціхлі, вярнулася назад на канапку.

– А я не жартавала ў пісьме. Да мяне сапраўды сваталіся… Ды не сам жаніх, а яго маці. – І яна расказала ўсё.

Гісторыя гэта была смешная, але Пятра яна ўстрывожыла. Ён раптам зразумеў, што маглі б скласціся так абставіны, што ён страціў бы сваю Сашу, асабліва пасля яго недарэчнага ўчынку. Ён моцна сціснуў Сашыны рукі і горача зашаптаў:

– Сашанька, я хачу, каб ты была мая, назаўсёды мая… Каб ніхто… нішто… ні разлукі, ні войны… ніякія выпадковасці… нішто не магло разлучыць…

Яна абняла яго і прыгарнула да сваіх грудзей, дзе моцна білася сэрца.

– Я буду твая, Пеця… Твая… Назаўсёды… І ты мой…

Блізкасць прынесла Пятру тое асаблівае адчуванне шчасця, якое, відаць, чалавек перажывае толькі аднойчы. Ён адчуваў сябе самым шчаслівым з усіх людзей, якіх ведаў і бачыў, і яму было шкада тых, хто не спазнаў яшчэ такога шчасця. Гэта быў час самага высокага ўзлёту ўсяго найлепшага, што было ў яго душы, і разам з тым – час, калі знікалі яго наіўныя юнацкія мары і ўяўленні. Упершыню па-сапраўднаму адчуў ён прыгажосць жыцця, жаночага цела, чалавечых адносін. Ён хадзіў у стане нейкага незвычайнага ап'янення: увесь свет здаваўся яму ў гэтыя майскія дні, дарэчы, халодныя і непрыветлівыя, казачна чароўным, а ў цэнтры гэтага свету – яго сонцам, зоркай – была Саша, асвятляла сваім ззяннем, грэла сваім цяплом… Ён ішоў за Сашай у амбулаторыю, праводзіў да хворых у самыя дальнія вёскі і доўга чакаў дзе-небудзь на ўскраі, калі яна вернецца. І чакаць яму таксама было радасна, бо больш ужо не з'яўлялася неразумная беспадстаўная рэўнасць, якая мучыла яго раней. Яна знікла разам з блізкасцю, разам з усведамленнем, што Саша – яго жонка. Словы «муж» і «жонка», якія раней ён не любіў і лічыў грубымі, цяпер здаваліся самымі прыгожымі. Ён ганарыўся тым, што ён муж, і калі пачуў, як гаспадыня гаварыла адной жанчыне: «А гэта – муж доктаркі», – яму было надзвычай прыемна.

Аднойчы ён сядзеў каля хаты гаспадыні, радаваўся першаму цёпламу дню і пераконваў сябе, што бачыць, як расце лісце на ліпах і трава пад нагамі… Пры незвычайнай узнёсласці адчуванняў хацелася, каб і навокал усё было незвычайным. Да яго падышоў малады чалавек, прывітаўся і нясмела сеў на гэтую ж лавачку з другога краю. Пятро не адразу пазнаў у ім Уладзіміра Іванавіча. Калі ж пазнаў, пачаў разглядаць з бесцырымоннай цікаўнасцю – так, што настаўнік, старэйшы за яго не менш як гадоў на пяць, збянтэжыўся. Убачыўшы гэтую яго збянтэжанасць, Пятро ўспомніў, які самаўпэўнены, спрытны і вясёлы быў настаўнік у мінулым годзе, на валейбольнай пляцоўцы, і адчуў сябе пераможцам, шчаслівейшым, а значыцца, больш дасціпным і спрытным. «Гэта табе не ў валейбол гуляць. Я пакажу, які я табе бука». І ён пачаў размову з настаўнікам такім тонам, якім дарослыя размаўляюць з дзецьмі.

– Як справы, таварыш педагог?

– Нічога, дзякую, – сур'ёзна і паважна адказаў Уладзімір Іванавіч.

– Вы што выкладаеце?

– Матэматыку.

– О, гэта вельмі сур'ёзны прадмет, тут трэба ўмець варушыць мазгамі.

– Вядома, – згадзіўся настаўнік.

– Ну, і як адчувае сябе ваша матэматыка?

Пытанне было неразумнае, здзек і насмешка яўныя, але ўсё адно Ўладзімір Іванавіч не знайшоў, што адказаць так, каб Пятру стала няёмка.

– Як адчувае?..

– Ну, як ведаюць яе вучні, напрыклад?

– Добра ведаюць.

– Горш ці лепш за настаўніка? – Пятро ва ўпор глядзеў на свайго былога саперніка, і ў вачах яго скакалі чорцікі.

Настаўнік зразумеў, што весці далей размову з гэтым звар'яцелым ад шчасця юнаком немагчыма. Ён не адказаў, апусціў галаву і хвіліну задумліва стукаў тонкім пруцікам па наску свайго чаравіка, счышчаючы вясновую гразь. Потым узняў галаву і рашуча сказаў:

– А цяпер вы адкажыце на адно маё пытанне. Але шчыра.

– Калі ласка.

– Кім вы даводзіцеся Аляксандры Фёдараўне?

– Я? Мужам. А кім жа яшчэ! – з гонарам адказаў Пятро.

– Дзякую вам. – Настаўнік падняўся. – Бывайце здаровы. Жадаю вам шчасця. – І, рассякаючы пруцікам паветра, ён пайшоў уздоўж вуліцы.

Пятру хацелася засмяяцца наўздагон, але ён стрымаўся, крануты зусім шчырым пажаданнем настаўніка.

Пасля, праз якую гадзіну, Пятро зноў убачыў з саду, што Ўладзімір Іванавіч выйшаў з двара амбулаторыі. «Вось жа блукае чалавек, як здань. Што яму трэба тут?» – падумаў ён.

Сашы ў амбулаторыі не было, яна паехала ў мястэчка на нейкую куставую нараду.

Пятру захацелася зайсці ў амбулаторыю аднаму. Ён знайшоў ключ, адчыніў дзверы і ўбачыў на падлозе паперку. Не ўтрымаўся – разгарнуў.

«Аляксандра Фёдараўна! Вы казалі мне, што нікому ніколі не хлусілі. А мне вы схлусілі. Навошта? Вы запэўнівалі, што той юнак – ваш брат. А цяпер я ведаю, што ён ваш муж. Мне крыўдна, што вы казалі няпраўду. Аднак жадаю вам шчасця.

Ул.».

Пятро прачытаў пісьмо, паціснуў плячамі. Яму здалося дзіўным і смешным, што сталы, сур'ёзны чалавек, настаўнік матэматыкі, дзве гадзіны хадзіў навокал амбулаторыі, каб падсунуць пад дзверы гэтую недарэчную запісачку. Ён раптам забыўся, што зусім нядаўна сам рабіў яшчэ большыя глупствы. Ён не задумваўся цяпер, чаму Саша сапраўды так доўга ўсім выдавала яго за свайго брата; цяпер гэта не магло хваляваць яго: Саша – яго жонка, і таму ён – найшчаслівейшы чалавек у свеце.

Пятро аддаў Сашы пісьмо, калі яна вярнулася. Тая прачытала, пачырванела:

– Дзівак. А што я магла яму сказаць? Ён так настойліва дапытваўся, хто ты.

Яны пагутарылі пра гэтага «дзівака», пажартавалі, і ніводная раўнівая струнка не адгукнулася ў душы хлопца. Але калі ў той жа вечар Саша сказала яму, што яго чакае дыпломная работа і таму трэба ехаць, струны гэтыя загудзелі ўсе адразу, гучна і балюча. Усе гэтыя дні Пятро не думаў пра дыпломную работу. Яшчэ перад ад'ездам ён пераканаў сябе, што зрабіў больш, чым сябры, а таму мае права на перадышку. А цяпер наогул усё гэта здавалася малапатрэбным і сумным у параўнанні з тым, што ён перажываў. Што такое гэты дыпломны праект, гэтая тлумачальная запіска? Каму яны патрэбны? Усё роўна будуць валяцца ў тэхнікумаўскай бібліятэцы ў самых далёкіх кутках за паліцамі. Нарэшце, якая розніца – атрымае ён пры абароне выдатна ці пасрэдна: усё адно выпусцяць тэхнікам-дарожнікам і ўсё адно ўвосень прыйдзецца ісці ў армію. Аб усім гэтым ён падумаў, калі Саша сказала, што час ехаць.

Раней ён пра дыплом не думаў, проста забыў усё і жадаў толькі аднаго – як мага больш быць тут, у гэтай надзвычай утульнай хаце, побач з Сашай, сваёй жонкай. Яму здавалася, што толькі ён паедзе – і шчасце разбурыцца. А таму жахнуўся ад думкі, што трэба пакідаць яе.

– Ты хочаш, каб я хутчэй паехаў? – з дакорам і крыўдай сказаў ён.

– Я хачу, каб ты заўсёды быў са мной. Але нельга ж забываць пра справу.

– Я на паўмесяца абагнаў усіх.

– А нічога не скажуць, што цябе так доўга няма пасля свята?

– А хто можа сказаць!

– Ведаюць хоць, дзе ты?

– Ніхто не ведае.

– Трэба ехаць, Пеця. Так нельга.

– Я надакучыў табе?

– Божа мой, які ты дурны!.. Я хачу як лепш, каб не было непрыемнасцей, а ён… глупства вярзе…

Але на другі дзень прыйшла тэлеграма ад сябра: «Неадкладна вяртайся. Дырэктар, камітэт пагражаюць табе страшнай карай». Сябра гэты здагадаўся, куды знік Пятро, у чамадане ягоным знайшоў пісьмы і такім чынам даведаўся адрас Сашы.

З болем у сэрцы пакінуў Пятро жонку і пайшоў толькі з умовай, што яна штодзень будзе пісаць яму.

Бясконцай здалася яму ў той пераход знаёмая дарога па прыдняпроўскай раўніне, хоць ён і прымушаў сябе захапляцца хараством маладой зеляніны і няспынна думаў пра Сашу. Між іншым, марыў, што калі-небудзь ён збудуе тут, у гонар Сашы, дарогу па сваім праекце – дарогу цудоўную, па якой прыемна і радасна будзе хадзіць людзям, нават маладажонам, калі ім давядзецца пакідаць адно аднаго.

Раней жартаўлівы і шумны сярод блізкіх сяброў, Пятро зрабіўся сцішаны і замкнёны. Замыкаюцца і адасабляюцца людзі звычайна ад гора, але бывае, што замыкаюцца часам і ад шчасця. Пятро як бы баяўся, каб хто не абразіў, не запляміў яго светлых і чыстых пачуццяў. За прагул яго лаяў дырэктар, выклікалі ў камсамольскі камітэт, дапытваліся, дзе ён быў дзесяць дзён. Ён адказваў:

– Так, ездзіў, – і ўсміхаўся, як, напэўна, усміхаўся б чалавек, якому раптам адкрыліся ўсе таямніцы свету. Сапраўды, ён адчуваў, нібы зрабіўся сталейшы за ўсіх сваіх сяброў, нават за тых, што старэйшыя за яго па гадах, – сталейшы, бо жанаты і шчаслівы, бо перажыў тое, чаго яны, відаць, яшчэ не перажылі. Сябры дзівіліся, гледзячы на яго. Потым заўсёды праніклівыя і здагадлівыя дзяўчаты нечакана абвясцілі, што Шапятовіч ажаніўся. Гэтая чутка ў адзін міг разнеслася па тэхнікуме. Дзяўчаты з малодшых курсаў прыходзілі ў чарцёжную і глядзелі на яго, як на нейкае дзіва. Хлопцы-сябры дапытваліся, ці праўда гэта, жартаўліва віншавалі, а ён у адказ толькі ўсміхаўся ўсё той жа таямнічай і радаснай усмешкай. Зноў працаваў Пятро над праектам дзень і ноч, каб дагнаць і апярэдзіць сяброў і такім чынам выкраіць час яшчэ раз з'ездзіць да жонкі. Адрываўся ад працы толькі для таго, каб збегаць на пошту – спытаць, ці няма пісьма. Дзён колькі пісьмо не прыходзіла, і ён зноў пакутаваў, яму зноў успомніўся Ўладзімір Іванавіч, яго словы, запіска і іншыя недарэчнасці. Нарэшце пісьмо прыйшло: як выявілася, нейкія сто кіламетраў яно ішло пяць дзён.

Праз тыдзень, забыўшыся на дырэктара і на камітэт, на ўсе іх папярэджанні, Пятро зноў ляцеў да Сашы. Больш ён не чакаў ні машыны, ні парахода, а з цягніка пабег па знаёмай дарозе, і здалася яна цяпер вельмі прыгожай.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю