Текст книги "Трывожнае шчасце"
Автор книги: Иван Шамякин
сообщить о нарушении
Текущая страница: 20 (всего у книги 43 страниц)
Час ад часу я правальваюся ў чорную бездань, у якой, аднак, не сціхае кананада, але перастае існаваць навакольнае. Толькі страшнае крывавае месіва ўвесь час перад вачамі… Нічога не хочацца, толькі цішыні, адну хвіліну цішыні, такой, каб на ўсё забыцца. Сёння яны пакуль што не прылятаюць, але цішыні няма – у галаве гудзе i грукоча. Пазаўчора яны таксама прыляцелі ў другой палавіне дня, учора – крыху раней.
Кажуць, пазаўчора ix было шэсцьдзесят. Не веру. Ix было сотні. Магчыма, шэсцьдзесят прыляцелі адразу. Але хто падлічыў, колькі падыходзіла потым? Пасля першага масіраванага ўдару ўсёй армады з дыму, сажы i пылу, які падняўся над горадам, яны доўга яшчэ выныралі па тры, па два, па адным, кідалі бомбы на Колу, на аэрадром, на голыя скалы.
Ствол гарматы зрабіўся чорны, i яна пад канец не страляла, а «плявалася»: снарады рваліся над нашымі галовамі, хоць трубкі ўстанаўлівалі на значныя дыстанцыі. Фашисты не атакавалі батарэі, яны проста кідалі бомбы, куды пацэляць, каб знішчыць усё жывое ў горадзе i навокал яго. Адна фугаска разарвалася каля трэцяй гарматы. У нас абвалілася зямлянка, у катлаван паляцелі пустыя скрынкі з-пад снарадаў, якія я выкідаў на бруствер. Скрынкамі збіла з ног Фрыда. Мяне аглушыла. Я не помню, ці было сумяшчэнне, ці лавіў цэль Муха, бо страціў не толькі слых, але i іншыя пачуцці. Але адно запомнілася – Астахаў. Шырока разявіўшы рот, ён нецярпліва хапаў снарады i… страляў, страляў бясконца. Твар у каваля быў страшны. Здавалася, яго немагчыма спыніць. I сапраўды, толькі тады, калі бледны Малашкін моцна штурхнуў яго ў плечы, паказваючы на ствол, дзе пухіркамі ўзнялася фарба, Астахаў знясілена апусціў рукі. Камузвода нешта закрычаў. Я паказаў на свае вушы. Ён паказаў рукой на трэцюю гармату. Я глянуў i ўбачыў, што яна перакулена набок.
– A людзі? Што з людзьмі? – Не помню, спытаў я гэта ці толькі падумаў.
Астахаў пайшоў за Малашкіным. Я механічна рушыў за імі.
Людзі, нашы сябры… трое ляжалі на вытаптанай сцежцы, там, дзе разлік звычайна строіўся па камандзе «За гармату!». Ляжалі ў рад, быццам перад гэтым пастроіліся, потым упалі на спіны, тварамі ў дымнае неба, дзе ўсё яшчэ гулі самалёты. Я пазнаў дваіх: Панкоў, Хамідаў. У трэцяга не было твару – крывавае страшнае месіва. Потым я даведауся, што гэта быў чацвёрты нумар – Лісіцын, вясёлы i наіўны хлопец, які званчэй за ўсіх смяяўся. Мне зрабілася млосна, крывавая пляма паплыла перад вачамі. Нехта клікаў мяне, нехта стагнаў – санінструктар перавязваў раненых. Я не бачыў ix. Як у тумане, вярнуўся да сваёй гарматы i сеў на зямлю. Схамянуўся толькі тады, калі нехта закрычаў: «Вады!» Каму вады? Абапёршыся на бруствер, задыхаўся Астахау, ірваў на сабе гімнасцёрку. Праўда, прыступ яго цягнууся нядоўга – нейкую хвіліну. Ён злосна адкінуў карэц з вадой, што працягнуў яму Чарняк, выпрастаўся, паправіў рэмень i пачаў па-гаспадарску выціраць затвор. Але як счарнеў, змяніўся яго твар! I вось ужо двое сутак ён маўчыць. Мы ўсе маўчым. Я чую галасы, як праз шум блізкага вадаспаду. У вушах горача, a ў вачах – быццам пяску насыпана. Заплюшчу вочы – бачу вясёлы твар Лісіцына, а потым – гэтая жудасная крывавая калатуша. Пакутліва.
Учора Сеня Пясоцкі сказаў на нарадзе камандзіраў:
– Чаму нам не далі пахаваць нашых сяброў? Куды ix павезлі? Існуе вайсковая традыцыя: падраздзяленне само хавае загінуўшых…
Сеўчанка ўзлаваўся i накрычаў на Сеню, чаго ён умешваецца куды не трэба – камандаванне ведае, што робіць…
А пасля нарады падышоў да дальнамера, сеў на бруствер, сказаў ціха, з болем:
– Пясоцкі, не развярэджвай ран у душы. Думай, што не ў аднаго цябе яны баляць. У мяне яны таксама баляць. Не чапай… Што адбылося, тое адбылося. Вайна. Раны трэба гаіць як мага хутчэй.
Сеня зразумеў яго душэўны стан i папрасіў прабачэння.
Сеўчанка махнуў рукой:
– Пры чым тут прабачэнне!
I доўга сядзеў моўчкі, углядаючыся перад сабой у прастору.
Здавалася, што пасля двухдзённай бамбардзіроўкі ў горадзе не асталося нічога жывога. Але ўначы прайшоў дождж, патушыў пажары, асадзіў пыл i дым… I вось ён, горад, зноў перад намі, скалечаны, але жывы. На станцыі манеўруе паравоз, перацягвае вагоны. У порце паварочвае свой доўгі хобат, быццам нешта вынюхвае, пад'ёмны кран. Па заліве шныраць катэры. На вуліцах, як мурашкі, бегаюць людзі. Многа людзей. Убачыў усё гэта – i лягчэй стала на душы. Адчулася стома. Упершыню за двое сутак захацелася легчы i паспаць, каб толькі яны сёння не прыляцелі!
14 жніўняЖанчына на батарэі!
Голас яе, пявучы, зусім не вайсковы, нейкі хатні, мірны, даляцеў, быццам з іншага свету, быццам у сне. Байцы пакінулі чысціць пушку i, як буслы, выцягнулі шыі, выглядаючы з катлавана – хто, адкуль?
– Ваенфельчар з санчасці,– растлумачыў Фрыд, які заўжды пра ўсё даведваўся першы.
– Голас прыемны, – адзначыў Астахаў.
– Вунь яна ідзе з камбатам.
– А косы, хлопцы, якія! – захапіўся Чарняк. – Глядзіце! Пілотка i косы!.. Прыгожа!
– I ў спадніцы! Не ў штанах, – заўважыў Муха.
Мне не спадабаліся такая ix цікаўнасць i рэплікі, асабліва Мухавы.
– Разгаворчыкі! Рыхтуйце снарады! I не вельмі распускайце языкі!
Хлопцы пераглянуліся здзіўлена, перасмыкнулі плячамі.
«Што мне да гэтай незнаёмай жанчыны! I ўвогуле ніводная жанчына ў свеце не можа цікавіць мяне!» Так я думаў у тую хвіліну. Але, здаецца, я хітрую сам з сабой, бо калі прызнацца шчыра, дык усё-такі дзяўчына зацікавіла мяне. Калі ўбачыў, што яна абходзіць з санінструктарам разлікі – пабылі на прыборы, на дальнамеры, – то адчуў, што чакаю яе, хвалююся, нават баюся, каб не мінула нашай гарматы. Думаў: «Што мне з таго, што яна наведаецца? Спытае пра здароўе, чаго добрага, пачне праверку на вашывасць, прычэпіцца да чаго-небудзь…» – i ўсё адно чакаў. Сачыў за ёй – куды яна пойдзе?
Здарылася так, што ад прыбора яна накіравалася да нас.
Я закамандаваў: «Загармату!»
Хлопцы выскачылі, як грэшнікі з пекла, пастроіліся, як ніколі, падцягнутыя, пукатагрудыя, з надзьмутымі ад затоеных усмешак тварамі.
– Кру-гом! Смірна! Таварыш…
Яна збянтэжылася, пачырванела, замахала рукамі:
– Не трэба! Што вы…
– Сам радавы, – пажартаваў санінструктар Алёша Спірын, якога мы перахрысцілі ў «Аспірын» i любім за грубаваты гумар i своеасаблівае лекарскае мастацтва – усіх лячыць аднымі лекамі, не зважаючы ні на якія назначэнні i ўказанні ваенурача.
– Добрай раніцы вам, – прывіталася яна зусім не па-вайсковаму.
Хлопцы не ведалі, як адказаць на такое прывітанне, i адказалі хто як мог. Я ўспомніў пра разлік, што людзі стаяць на «зважай», i, не даючы больш ніякіх каманд, бо перад гэтым мірным стварэннем знікла ўсё вайсковае, энергічна махнуў рукой: разыдзіся!
У катлаване яна ветліва запрасіла байцоў сесці. На шчоках у яе, i без таго ружовенькіх, загарэліся пятакі. Гэта зрабіла яе твар вельмі прывабным. Хоць увогуле яна не прыгажуня: востры носік, шэрыя маленькія вочкі, жывыя, як у звярка, ненатуральна белыя, як пятроўскі парык, валасы, заплеценыя ў дзве кароткія касы. Але чырвань на шчоках, бянтэжлівасць, сарамлівая ўсмешка – колькі ў гэтым жаночага!
З наіўнай, амаль дзіцячай цікаўнасцю яна агледзела нашу «гаспадарку», але ні пра што не спытала, што датычылася гарматы. Спытала пра здароўе – якія скаргі? Габаў сказаў, што ў яго баляць зубы. Сапраўды, у яго балелі зубы. Муха сказаў, што ў яго баліць жывот. Ніколі раней ён на свой жывот не скардзіўся, a даволі часта прасіўся збегаць на кухню, каб «перайграць» – выпрасіць у кухара дадаткова кацялок супу ці порцыю смажанага марскога акуня, якім нас кормяць штодзённа.
Мне зрабілася сорамна перад дзяўчынай, такой няўмелай i далікатнай, за Мухаву хлусню. Я бліснуў на яго вачамі, але той i брывом не павёў.
– Хлусіць, сукін сын, – прашаптаў я Спірыну.
– Няхай. Каму не хочацца, каб жаночая рука памацала твой жывоцік, – адказаў Аспірын такім шэптам, што пачулі ўсе, i ваенфельчар таксама, бо на шчоках яе зноў загарэліся пятакі.
Я адвярнуўся, каб не бачыць, як Муха раздзяваецца i як яна будзе мацаць яго худы жывот.
– Брудная бялізна, санінструктар, – заўважыла яна.
Мне i за бялізну стала сорамна, быццам я вінаваты ў тым, што яе не часта мяняюць.
– Многа копаці, таварыш ваенфельчар, – адказаў Аспірын.
«Якой копаці? Вось д'ябал, ён здзекуецца з не нявопытнасці!» – узлаваўся я на санінструктара.
– Пакажы сваю ножку, – сказаў ён мне.
Дзён колькі назад у часе бою я абдзёр аб снарадную скрынку нагу. Ранка, на якую спачатку не звярнуў увагі, забрудзілася, пачала гнаіцца. Нага бал ела. Але скардзіцца на такі боль гэтаму незвычайнаму лекару ў мяне не было ніякага намеру, я нават не падумаў пра гэта. Пачаў аднеквацца.
– Не, пакажыце, – нечакана настойліва патрэбавала яна.
Я сеў на лапу, зняў бот. Ваенфельчар стала перада мной каленьмі на ўтаптаную, жорсткую зямлю, сама зняла павязку. Асцярожна пачала націскаць пальцам на калена. У яе была прыгожая рука, маленькая, пухлая, з ямачкамі над костачкамі пальцаў. Мне нясцерпна захацелася пагладзіць гэтую руку. Я не стрымаўся i асцярожна дакрануўся да яе.
– Баліць? – спытала дзяўчына.
– Не, – адказаў я i нечакана для сябе даверліва паведаміў: – У мяне жонка фельчар.
– Вы жанаты? – здзіўлена глянула яна на мяне. – Такі малады?
– I дачку маю, – адказаў я з гонарам.
Але гэта не зрабіла на яе большага ўражання, чым тое, што я жанаты. Яна сказала з тонкай іроніяй – дзяўчаты часта так гавораць:
– Шчасліўчык, – i пачала корпацца ў сваёй новенькай сумцы з чырвоным крыжам. – Трэба будзе яму кампрэс спіртавы на ноч пакласці. Чуеце, Спірын?
– Кароткія ночы, таварыш ваенфельчар, – зноў-такі здзекліва хмыкнуў той.
Чарняк, які стаяў побач i не зводзіў вачэй з дзяўчыны, бліснуў сваімі негрыцянскімі зубамі.
Шчокі ў яе зноў загарэліся. Як бы адчуваючы маю прыязнасць i падтрымку, яна даверліва ўзняла вочы.
– I дзе яна… ваша сям'я?
– Там… Відаць, ужо там… Пісьмы больш не прыходзяць…
– Там? – Вочы яе спалохана расшырыліся, з жалем і здзіўленнем глядзела яна на мяне. Упершыню ўбачыла чалавека, у якога родныя, блізкія асталіся там, за лініяй фронту, у фашысцкай няволі. I я зноў адчуў усю глыбіню сваёй трагедыі. Каб яна пачала спачуваць, я, мабыць, расплакаўся б, бо слёзы былі блізка, комам стаялі ў горле, горкія, салёныя. Але яна моўчкі пачала бінтаваць нагу.
Аб'явілі трывогу. Ішоў разведчык. Бусоль i дальнамер давалі каардынаты. Паўз гармату, пачуўшы звон гільзы, прамчаўся наўскач Лёша.
– Глядзіце, алень! – па-дзіцячы закрычала ваенфельчар.
– Наш алень, – раўніва адказаў Габаў.
Другі Лёша – санінструктар – непрыкметна знік, забыўшыся на сваё начальства. Гэты мядзведзь баяўся гарматных стрэлаў, у яго «баліць ад ix галоўка».
– Будзеце страляць? – спытала. – Можна мне пабыць з вамі?
Больш не было ваенфельчара, асталася дзяўчына, якой хацелася пабыць у самым небяспечным месцы, дзе сапраўдная вайна, i якой, аднак, не ўдавалася перамагчы свой страх: абяскровіліся вусны i шчокі, нервова таргануліся вейкі.
Усе мы зведалі гэты страх. I ўжо некаторыя забыліся на яго. Муха, баязлівец Муха, якога я некалі шыбануў з сядзення, глядзеў цяпер на дзяўчыну з насмешкай. Мне хацелася даць яму па мордзе.
Весці агонь па разведчыку для нас цяпер – што «семкі лускаць», як сказаў Чарняк. Хлопцы выконвалі свае абавязкі спакойна, нават весела.
Але дзяўчыну першы стрэл аглушыў. Паветраная хваля сарвала пілотку, ускудлаціла белыя валасы. Яна выпусціла сумку, заціснула рукамі вушы, твар скрывіўся ад жаху i зрабіўся непрыгожы, як у старой бабулі. Я ўзяў яе за руку i адвёў да Астахава, дзе хваля ад стрэлу не так біла. Але там яе спалохала гільза, якая вылецела пад ногі i дымілася.
– Ой! – ускрыкнула яна.
Я мацней сціснуў яе маленькую руку, адпіхнуў гільзу нагой. На яе шчасце, зрабілі ўсяго пяць залпаў. Разведчык развярнуўся i пайшоў назад, набіраючы вышыню.
Ваенфельчар глядзела на нас, як на герояў.
Забыўшыся на субардынацыю, я ціха спытаў:
– Як ваша імя?
– Антаніна Васільеўна… Тоня… Тоня!
Потым схамянулася – успомніла сваё становішча, свой страх, на які яна не мела права па статуту, і, невядома за што падзякаваўшы, хуценька пайшла.
Муха чамусьці хіхікнуў.
Чарняк сказаў:
– Прыгожая.
Астахаў, збіраючы гільзы, уздыхнуў i… нечакана прачытаў вядомы радок з Някрасава:
– Доля ты, русская долюшка женская!
22 жніўняБоль. Боль у сэрцы. Я думаў, што людзі гавораць так, каб вобразна перадаць пачуццё гора, смутку… Баліць сэрца? Не, яно не баліць. Яно проста сціскаецца i робіцца ў два-тры, можа, у пяць разоў меншае, i яму цяжка – яно не прыносіць бадзёрасці, упэўненасці, радасці. Яно сціскаецца – i ў чалавеку ўсё замірае, насцярожваецца. Гэта страшней за любы фізічны боль…
Раніцой, як заўсёды, першы абышоў разлікі камісар.
– Якія навіны, таварыш палітрук?
Мы прывыклі да благіх навін i ўжо не баімся ix: верым, што будзе пералом. Я спытаў бадзёра, бо ноч была ціхая i доўгая. А што трэба, як жартуюць хлопцы, салдату: добры харч ды доўгі сон!
Лазебны неяк асабліва паглядзеў на мяне i адказаў не адразу:
– Пасля жорсткіх баёў нашы войскі пакінулі Гомель. – Ён сказаў так, быццам i для яго гэта быў самы дарагі горад.
Чаму яно сціснулася, дурное сэрца? Хіба я не чакаў гэтага? Не, гэтага нельга чакаць, як нельга чакаць смерці i ДУ* маць пра яе, бо тады не было б як жыць. Увесь час жыла надзея: а можа, пералом наступіць да таго, як гэта здарыцца? Можа, ix затрымаюць там, на Дняпры? Нават калі некалькі дзён назад паведамілі аб здачы Смаленска – дзе Смаленск! – яна ўсё яшчэ цяплілася, мая надзея. А цяпер?
Камісар гаварыў нешта пра стратэгію, пра неабходнасць выраўніваць лінію фронту – я не чуў. Я слухаў уласнае сэрца – як яно сціскалася.
Пайшоў да Сені. Ён сядзеў на скрынках з-пад дальнамера i курыў. Па выразу твару, па смутку ў вачах я ўбачыў, што ён ведае, таму я нічога не сказаў. Доўга сядзелі моўчкі. Hiкол! мы так падоўгу не маўчалі, гэта не ўласціва нам. Ад маўчання зрабілася яшчэ цяжэй, i я паспрабаваў суцешыць яго i сябе:
– Будзем спадзявацца, што яны эвакуіраваліся.
– Будзем спадзявацца, – коратка адказаў ён i запаліў другую папяросу.
26 жніўняДва «Месершміты-110» доўга лазілі паміж навакольных сопак. Мы спрабавалі абстраляць, але яны хадзілі так нізка, што снарад пацэліў у вяршыню гары. А там маглі быць людзі. Невядома была мэта гэтых шакалаў. Што яны вынюхваюць?
– Яны дачакаюцца, пакуль падымецца Сафонаў,– гаварылі байцы. – Ён пакажа ім, чым пахнуць сопкі.
Кумір наш – Сафонаў – лётаў цяпер на новенькім вастраносым «мігу» і, хоць мы яго ні разу не бачылі, не забываў пра нас: час ад часу пралятаў над батарэяй, прывітальна махаў крыламі. Але цяпер знішчальнікі не падымаліся, i «месеры» паводзілі сябе ўсё больш нахабна.
Батарэя напружана сачыла за кожным ix манеўрам. На КП сабраліся ўсе афіцэры. Там жа стаяла i Рамашова, ваенфельчар. Яна трэці раз ужо на батарэі i ніколі не прамінае маёй гарматы. Сустракаемся мы цяпер, як добрыя знаёмыя, i гутарым проста, па-сяброўску. Адзін раз нават, «памыліўшыся», я назваў яе Тоняй. Яна зрабіла выгляд, што не заўважыла. Цяпер асмялела i ўвесь час пра нешта пыталася – чуўся яе пявучы галасок. Ёй адказваў Сцяпан Кідала, яго ёмкі бас гудзеў у цішыні, як звон, хоць гаварыў ён напаўголаса.
Побач з Сеўчанкам, які не спускаў вачэй з ворага, насцярожана стрыг вушамі Лёша, высока ўзняўшы свае маладыя прыгожыя рогі.
Гарматы ўвесь час паварочваліся па азімуту – наводчыкі не выпускалі цэляў. I вось самалёты, як акулы, разышліся, сышліся, слізганулі ўніз, бліснуўшы крыламі, развярнуліся…
– Па самалёту!..
Mir, адзін усяго стрэл, «месеры» са звонам i свістам, так нізка, што тузанулася паветра, пранесліся над батарэяй. Муха што ёсць сілы пачаў круціць паваротны механізм, каб развярнуць гармату.
I раптам:
– Лажы-ся-а! – нязвыклая, незразумелая каманда, якой мы ніколі не чулі.
– Лажыся-а! – другі раз Сеўчанка закрычаў аднекуль з глыбіні, быццам з-пад зямлі.
Я высунуўся з катлавана. На КП, на прыборы, дальнамеры нікога не было відаць – усе ляжалі. Адзін Лёша стаяў па-ранейшаму i спалохана нюхаў паветра. Што здарылася? Чаму ўсе ляжаць? Ах! Я паваліўся ніц як падкошаны i таксама закрычаў дзікім гол асам:
– Лажыся!
Паміж гарматай i КП, бліжэй да прыбора, ляжала бомба. Мне здалося, што яна варушыцца, сунецца.
Секунда… другая… Ціха.
– Што такое, камандзір? – спытаў Астахаў.
– За нашым брустверам – бомба.
– Бомба? – Фрыд падхапіўся, відаць, хацеў бегчы, уцякаць.
Астахаў стукнуў яго кулаком па шыі i прыціснуў да зямлі.
– Куды, вар'ят? Жыць абрыдла?
Праходзіць хвіліна. Калі ж яна, падла, узарвецца? Агіднае адчуванне.
Чарняк не вытрымаў (ён ляжаў з другога боку гарматы), выглянуў i паведаміў:
– Ляжыць.
Я вылаяўся:
– Я табе павыглядваю, цыганская твая душа!
I раптам – блізкі звонкі голас:
– Ды дапамажыце ж хто-небудзь, ліха на вас!
Я падхапіўся i пахаладзеў: каля бомбы, падняўшы яе на «папа», стаяў Сеня Пясоцкі. Ён думаў, што гэта «пяцідзесятка», i хацеў, відаць, узваліць яе на плечы. Але чурка аказалася стокілаграмовай, такі цяжар яму быў не па сіле, i ён клікаў на дапамогу.
Пайсці? Страшэнна брыдкі холад кальнуў у пяты i аддаўся ў мозгу. Уявілася: цела, мае цела, жывое, маладое, разлятаецца крывавымі шматкамі. Брр… Ляснулі зубы.
«Баязлівец! – вылаяў я сябе. – Ідзі!»
Пакуль я гэтак змагаўся сам з сабою, побач з Сенем апынуўся… Кідала. Яны скрыжавалі рукі, паднялі смертаносны груз i панеслі за пазіцыю.
Уся батарэя адразу ўзнялася на ногі. Забыўшыся на небяспеку, байцы вылезлі на брустверы i не зводзілі заварожаных позіркаў з двух смельчакоў. Але ніхто – ні гуку. Людзі нясуць смерць, ідуць, быццам па танюсенькай вяровачцы над безданню. Hi словам, ні ўздыхам, ні кашлем нельга перашкодзіць ім у такі момант!
Яны занеслі бомбу ў балоцістую нізіну, асцярожна паклалі на пажоўклы мох i гэтак жа павольна, не спяшаючыся, рушылі назад. Ішлі ў нагу, плячо ў плячо; адзін высокі, дзябёлы, другі – Сеня – на галаву ніжэйшы, можа, таму ён больш энергічна махаў рукамі.
Першы не вытрымаў Сеўчанка – закрычаў дзіўным голасам, хрыпла, зрываючыся:
– Бя-гом! Бісавы дзіты!
Пясоцкі i Кідала адскочылі адзін ад аднаго i, нахіліўшыся, пабеглі.
– Бягом! Японскі бог! Ходзіце, як па бульвары. Я вас навучу бегаць! – грымеў камбат, хоць, безумоўна, яму хацелася абняць i пацалаваць гэтых «бісавых дзітэй».
Бомба не ўзарвалася. Праз гадзіну яе разрадзілі сапёры, якіх выклікалі з горада.
Калі агульная ўзрушанасць i захапленне нарэшце ўтаймаваліся, я пайшоў да Сені i сказаў, што таксама хачу паціснуць яму руку.
– Без лішніх слоў. Як друг…
Ён схаваў свае рукі за спіну i злосна адказаў:
– Пайшоў ты!.. Абрыдла мне. – Але ўбачыў, што ашаламіў мяне, загаварыў больш лагодна: – Навошта з мяне рабіць героя? Гераізм – гэта свядомае i разумнае. А я не свядома, ды i не вельмі разумна… Ты думает, я смелы такі? Глупства! Я баюся смерці, як ты, як усе. У мяне i цяпер дрыжаць калені. Чаму я падхапіўся? Проста парыў… Стала непрыемна, крыўдна, абразліва, што мы нюхаем зямлю з-за нейкай адной паршывай бомбы… Я глянуў – ляжыць, маленькая такая… Не помню… Можа, захацелася паказаць сябе, вось які я, палюбуйцеся! – Ён крыва ўсміхнуўся. – Дзяўчына побач стаяла… Які ж тут гераізм?..
– Дарэмна ты, – запярэчыў я. – Гэта ўсё твой самааналіз… Ты абавязкова хочаш усё ўсвядоміць, знайсці вытокі i прычыны – чаму, навошта?.. Добра, гэта парыў. Але высакародны парыў. I я здымаю шапку… «Безумству храбрых поем мы славу! Безумство храбрых – вот мудрость жизни!» Так, здаецца, сказаў чалавек, якога мы з табой аднолькава любім?
– Так-то так, але ўсё адно на душы пагана чамусьці.
– Пагана! Вось у мяне сапраўды пагана, – прызнаўся я, адказваючы на шчырасць шчырасцю. – Я падхапіўся, калі ты клікаў на дапамогу. Я прымушаў сябе пайсці… I не здолеў – збаяўся… Дык ведай, што лепш адчуваць сябе героем, чым баязліўцам…
Ён паглядзеў на мяне крыху здзіўлена, задумаўся:
– Я не адчуваю сябе героем. I ты не лічы сябе баязліўцам. Смешна, каб усе кінуліся да гэтай праклятай бомбы.
– Але Сцяпан малайчына!
– Так, калі хочаш ведаць, дык у яго гэта бадай што гераізм, ён пайшоў свядома. А я, дурань, нават не падумаў, што не здолею падняць яе…
Мы доўга гутарылі на гэтую тэму, спрачаліся. Мае развярэджанае сумленне ён, здаецца, супакоіў.
Заўтра нас павінны прымаць кандыдатамі ў члены партыі. Я сказаў, што вось ён напярэдадні гэтай падзеі даказаў сваё права быць у радах партыі, а я, наадварот, пераканаўся, што не здольны на самаахвярны подзвіг, што я па сутнасці яшчэ баязлівец. Дык, можа, каб быць шчырым, варта сказаць пра свае сумненні таварышам? Сеня сказаў, што я дурань, што гэта мая выдумка, якая выходзіць з таго ж корпання ў душы, у якім я абвінаваціў яго, што мяне могуць нават узняць на смех. Падумаўшы, я згадзіўся з ім i крыху супакоіўся. Але я яго не разумею, магчыма, упершыню не магу зразумець: чаму ён як бы незадаволены сваім учынкам? Я, безумоўна, ганарыўся б, каб аднёс з пазіцыі бомбу, i адчуваў бы сябе героем…