355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Трывожнае шчасце » Текст книги (страница 28)
Трывожнае шчасце
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 02:20

Текст книги "Трывожнае шчасце"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 28 (всего у книги 43 страниц)

III

На досвітку Лялькевіч дабраўся да лагера. На ўзлеску яго спынілі вартавыя. Ужо тады, калі ён, стомлена кульгаючы, пачаў па-камандзірску трывожыцца: «Няўжо спяць? А можа, зняліся?» – з маладога дуба сыпанулі буйныя кроплі расы, i ледзь не на галаву яму зваліўся чалавек. Прыставіў ствол вінтоўкі да грудзей.

– Хвіліначку, шаноўны пан, ёсць размова.

Хлопец быў незнаемы.

«Папаўняецца атрад», – задаволена падумаў Лялькевіч.

У вачах вартавога скакалі гарэзлівыя чорцікі – ад прадчування цікавай размовы з «варожым агентам».

– У такі ранні час добрыя людзі спяць, шаноўны…

Лялькевіч усміхнуўся. Вартавы нахмурыўся, намерваючыся, мабыць, праявіць усю сваю суровасць. Але яму перашкодзілі – голас ззаду загадаў:

– Апусці вінтоўку! Свой.

Лялькевіч павярнуўся i ўбачыў аднаго з ветэранаў, з тых партызан, якія прыйшлі ў лес разам з ім, у самым пачатку вайны.

– Добрай раніцы, таварыш камісар.

– Здароў быў, Карней Пятровіч. – Уладзімір Іванавіч узрадавана паціснуў партызану руку. – Дзед дома?

– Дома.

Малады вартавы збочыў, стаў каля дуба, прыставіўшы вінтоўку да нагі. Ён не ведаў гэтага кульгавага чалавека. Але калі той ідзе проста да Дзеда i «старыя» называюць яго камісарам, значыцца, не абы-хто.

– З горада, – сказаў Карней, кіўнуўшы на навічка, калі адышліся крыху.

«Наша папаўненне», – падумаў Лялькевіч, азірнуўшыся, каб запомніць твар чалавека, які апынуўся тут дзякуючы рабоце, якую ён вёў са сваімі памочнікамі.

Яму хацелася прыйсці непрыкметна, каб нікога не будзіць. Прымасціцца дзе-небудзь на возе ці ў пустым будане, адпачыць, бо моцна ныла натруджаная за немалую дарогу нага. Але i ў такую рань у лагеры спалі не ўсе. Толькі што вярнулася з начнога паходу група разведчыкаў. Гэтыя «партызанскія гвардзейцы» не толькі яго былыя падначаленыя, але i асабістыя сябры. Убачылі (ад ix не схаваешся), загарланілі на ўвесь лес:

– Камісар!

– Валодзя!

– Уладзімір Іванавіч!

Адразу абвілі вянком рук. Ціскалі, ляпалі па плячах.

– У госці ці назаўсёды?

– Цішэй вы! Пабудзіце людзей!

– Людзі? Якія гэта людзі! Соні! Даволі ім пухнуць! Рады, што камары адышлі… Крук – во якую морду наспаў.

– Яго з пушкі не разбудзіш.

– Слухай! Плюнь ты на сваю кульцяпу! Давай назад у атрад! Мы табе тачанку зробім! З кулямётам!

– Ён там да такой маладзіцы прыліп!..

– Ого! Маладзіца – фельчарыца!..

– Ажаніўся?

– Адкарміла яна цябе… Хутка пуза адрасце.

Як i дзе ён лячыўся, чаму затрымаўся, пра тое ведалі нямногія ў атрадзе. Але гэтыя чэрці, разведчыкі, усё пранюхаюць. A галоўнае – шмат што могуць вытлумачыць па-свойму. Таму Лялькевіча крыху занепакоілі асобныя рэплікі i жарты.

– Але ж i майстры вы языкамі мянташыць! Вам бы не ў разведцы быць, a ў эстрадзе, – сказаў ён як бы жартам, але i з папрокам, – не балбачыце лішняе.

– О, камісар! Ты забыўся, што такое разведчык. Гэта ж найлепшы акцёр!..

– Уладзімір Іванавіч сам добры акцёр!

У цэнтры лагера з зямлі вылезла галава Чарнамора – такая ж казачная барадзішча, толькі шлема не хапала. Здавалася, дзьмухне зараз – i ўзнімецца віхура. Але галава крыкнула звычайным чалавечым голасам:

– Дажора! Што за кірмаш у цябе там?

– Дзе д.

Разведчыкі па адным пачалі знікаць. Толькі камандзір ix – Генка Дажора, высокі, хударлявы, з валасамі-лёнам i дзявочым тварам, да якога брытва дакраналася раз у тыдзень, – застаўся побач з Лялькевічам.

– Не спіцца Дзеду.

– Ад такога шуму ўвесь лагер мог падняцца.

Дзед – камандзір атрада Макар Піліпенка – убачыў Лялькевіча i адразу вырас у поўны рост – выскачыў, як той асілак з бутэлькі. На асілка, праўда, ён быў мала падобны, але бараду меў па пояс. Босы, у адным армейскім галіфэ i бруднаватай майцы, ён пайшоў насустрач Лялькевічу, шырока расставіўшы рукі. Абняў шчыра, заказытаўшы вуха i шыю барадой.

– Валодзя, друг! – i ўстрывожаным шэптам спытаў: – Што здарылася?

– Але ж i памяло ты адрасціў,– пажартаваў у адказ Лялькевіч.

Піліпенка хутчэй цягнуў яго ў зямлянку. Барадаты камандзір, якога звалі Дзедам не толькі партызаны, але i навакольнае насельніцтва i немцы, у сапраўднасці быў зусім малады чалавек, аднагодак Лялькевіча. Яны многа год ведалі адзін аднаго – Піліпенка працаваў прапагандыстам райкома партыі. Пасябравалі ў атрадзе самааховы, калі лавілі нямецкіх парашутыстаў. Камандзірам атрада быў начальнік райміліцыі, яны абодва – яго намеснікамі. Калі пры набліжэнні немцаў райком даў загад – стварыць з лепшых людзей ядро партызанскага атрада, начальнік міліцыі «адлучыўся па службовых справах». Лялькевіч i Піліпенка з дзесяткам надзейных хлопцаў, камуністаў i камсамольцаў, перабраліся з правага берага Дняпра ў лясное міжрэчча. Праз нейкія два месяцы ix атрад стаў самым буйным у гэтым раёне.

З самага пачатку яны мелі сувязь з сваім сакратаром райкома, які ўзначальваў другі атрад у паўночнай частцы раёна, на правабярэжжы. Пазней ім было даручана звязацца з Гомельскім падпольным гаркомам i з атрадамі, якія дзейнічалі ў паўднёвых лясах Гомельшчыны.

Здавалася б, па логіцы належала матэматыку Лялькевічу стаць камандзірам, а прапагандысту Піліпенку – камісарам. Але атрымалася наадварот. З першых жа дзён i Лялькевіч i ўсе астатнія ўбачылі, што Макар народжаны, каб камандаваць, арганізоўваць i весці людзей у бой. А Уладзіміру Іванавічу больш падыходзіла роля палітычнага настаўніка, выхавацеля.

Шчырая ў ix была дружба, сапраўдная, такая, што яднае на ўсё жыццё. Таму Піліпенка вельмі ўзрадаваўся, убачыўшы сябра, але адначасова i ўстрывожыўся: Лялькевіч сам у атрад прыходзіў рэдка.

– Макар, скажы, ты хоцьфотаздымак сваёй брыгады зрабіў? Гэта ж, ведаеш, паказаць некалі! Во быў дзед… у дваццаць шэсць гадоў… У цябе i ў сто такой барады не будзе…

– Ты маёй барады не чапай.

Упэўнены, што выключныя абставіны прывялі Лялькевіча ў атрад, камандзір зачыніў дзверы, каб той хутчэй пачаў расказваць.

Праз маленькую адзіную шыбку цадзілася скупое ранішняе святло.

– Навошта ты зачыніў? Дыхаць няма чым. – Лялькевіч піхнуў цяжкія, як у склепе, дзверы рукой.

– Палюбіў ты прастору. Не цягні ката за хвост. Не люблю… Сапраўды нічога не здарылася ці ты прыкідваешся?..

– Далібог, нічога… асаблівага… для ўсіх нас… Хіба для лёсу двух-трох чалавек…

Лялькевіч з цікавасцю агледзеў зямлянку. Вось дзе з Піліпенкі вылез прапагандыст, арганізатар раённага музея! Зямлянка, што выстаўка народнага мастацтва. Ад столі да падлогі ўся завешаная саматканымі дыванамі, дарожкамі, пасцілкамі, ручнікамі, настольнікамі з беларускім i ўкраінскім арнаментамі. Нават навалачкі на падушках вышываныя, як у багатых нявест.

– Дзе ты такога дабра нахапаў?

– Фу, чорт! Ты ca мной гаворыш, як з паліцаем якім! ♦ Нахапаў»! Нямецкую пошту хапнулі. Пасылачкі заваёўнікі адсылалі з такім дабром. Экзотыка.

Прачнуўся камісар атрада Капыткоў, які замяніў Лялькевіча, калі яго раніла.

Камісар – чалавек сталы, гадоў на пятнаццаць старэйшы за камандзіра, з прыкметнай сівізной на скронях, з шыракаскулым выразным тварам. Ён стары армеец, мае саліднае званне – батальённы камісар. Абкружэнец. Да атрада далучыўся ўвосень з групай байцоў. Разумны, адукаваны, з багатым вопытам, але, як многія старыя вайскоўцы, залішне самаўпэўнены i самалюбівы. Даведаўшыся, што атрадам камандуе чалавек, які тры гады назад вярнуўся з арміі ўсяго з двума трохкутнічкамі на пятліцы, Капыткоў праз тыдзень патрабаваў перадаць камандаванне яму. Тады Лялькевіч з ім моцна счапіўся. Прыйшлося ўмяшацца падпольнаму райкому i далікатна пагутарыць з батальённым камісарам.

– А-а, Лялькевіч! Здароў,– прадзіраючы вочы, прагудзеў Капыткоў.

– Добрай раніцы, Сяргей Мікалаевіч.

– Які вецер цябе прынёс?

Лялькевічу не спадабалася, як ён спытаў. Нельга сустракаць такім пытаннем чалавека, які вярнуўся дадому, у родную сям'ю. Уладзімір Іванавіч не адказаў.

Піліпенка паспяшаўся загладзіць няёмкасць. Добрая душа, ён перажываў, калі паміж яго людзьмі ўзнікала непрыязнасць.

– Ты ведаеш, – звярнуўся ён да Лялькевіча, – у нас ёсць трывожныя звесткі… таму мы такія наэлектрызаваныя. У Гомелі правалы. Праўда, здаецца, не ў тых трупах, з якімі звязаны мы… праз цябе i тваіх падпольшчыкаў. Але многія групы маюць сувязь паміж сабой. Вось i кальнула, брат, калі я ўбачыў цябе. I Сяргей Мікалаевіч…

– Аб правалах я чуў,– сказаў Лялькевіч. – Мы прынялі захады, каб засцерагчыся.

Капыткоў узняўся на ложку, упёрся рукамі ў калені, цяжка закашляўся: з вясны яго душыў астматычны бранхіт.

– Хочуць паралізаваць усё адразу, – праз кашаль сказаў ён.

– Але, націскаюць, гады. Падступілі да Сталінграда, пруць на Каўказ… I тут. Адкуль у ix, чарцей, сіла? Панатыкалі гарнізонаў усюды. Асабліва ў нас, у міжрэччы. У кожнай прыбярэжнай вёсцы нямецкі гарнізон. Дзе былі румыны, мяняюць, не давяраюць… Якога д'ябла ім трэба тут? Не можам зразумець… Ці то яны хочуць суднаходства развіваць, ці нас у клешчы ўзяць, каб прыціснуць да ракі i патапіць… Калі ў ix такі намер – дурні ix камандзіры! Ты ведаеш, чым мы адказваем ім? – Маленькія вочы над дрымучай пораслю барады радасна заблішчалі. Піліпенка панізіў голас i нахіліўся да Лялькевіча, які сядзеў на яго ложку i адвязваў свой пратэз, каб даць адпачыць назе. – Аб'ядноўваемся ў брыгады. Але, у партызанскія брыгады! Наш Чацвяртак ужо камандзір брыгады. Аб нас яшчэ не вырашана – куды. Можа, мы зробімся ядром асобнай брыгады. Будзь упэўнены! Дзед яшчэ можа быць камандзірам брыгады! А што? – жартаўліва прыняў ён важную паставу i пагладзіў бараду. – З такой барадой я далека магу пайсці!

Капыткоў дакорліва паківаў галавой.

Лялькевіч масіраваў натруджаную нагу.

– Баліць? – спачувальна спытаў Піліпенка.

Капыткоў закурыў нешта пахучае. Лялькевіч здзівіўся, бо ведаў, што батальённы камісар не курыў раней.

– Траву нейкую дзед параіў. Памагае, – i ўдакладніў: – Не наш Дзед. Сапраўдны. Лодачнік на Дняпры.

Камандзір засмяяўся:

– Чуў, Валодзя? Я – дзед несапраўдны. Камісар не прызнае маёй барады. Лічыць, што незаконна вырашчана, на прыватнай сядзібе…

Лялькевіч ведаў: Макар жартуе ад паўнаты пачуццяў, шчыра i проста. A Капыткоў нахмурыўся: відаць, яму здалося, што той намякае на яго колішнюю прэтэнзію на камандзірства.

– Аднак чаму ты дагэтуль маўчыш?

– Думаю аб сапраўдных i несапраўдных, – сумна ўсміхнуўся Уладзімір Іванавіч. – З'явіўся сапраўдны Шапятовіч…

Піліпенка свіснуў. Камісар папярхнуўся пахучым дымам i закашляўся зноў.

– A казаў, нічога асаблівага. Адкуль?..

– Не ведаю. З'явіўся ўчора на досвітку. Я ўмываўся…

– Рана ўстаеш.

– Убачыў мяне. Пазнаў.– Лялькевіч растлумачыў Капыткову: – Мы сустракаліся там, у Заполлі, калі ён прыязджаў да Сашы. I тады ён ca мной быў не вельмі ветлівы…

– Відаць, меў падставы.

– Не блазнуй, Макар. А цяпер… можна зразумець, што ён падумаў… Размова была кароткая… «Прысмактаўся, кажа, сукін сын?» I ўсё… Калі не лічыць невялічкага фізічнага дзеяння, ад якога – бачыш? – якія ў мяне нос i губа…

– Ды ну? Во чорт! А я думаў, адкарміўся так…

– Больш ніхто яго не ўбачыў. Сігануў на гарод i як скрозь зямлю праваліўся… Я не мог не сказаць Сашы. Яна паўдня яго па лесе шукала. Я паабяцаў ёй знайсці… Дапамажыце, таварышы…

Капыткоў хмыкнуў:

– Рамантыка. Дзе ты яго знойдзеш!

Лялькевіча абурыла гэтае хмыкание i гэтае недарэчнае слова. «Пры чым тут рамантыка? Пры чым?»– памкнуўся ён спытаць па-мужчынску, але рука сябра лягла на плячо i прыціснула да ложка. Вось за гэта абодва яны недалюблівалі сталага i ваеннаадукаванага батальённага камісара. Лялькевічу здавалася, што за ўзнёслымі словамі аб народзе i аб сваёй любві да яго, вялікага i мудрага народа, камісар часам не заўважаў людзей у ix штодзённай чалавечай сутнасці.

Перажыванні, пачуцці, асаблівасці таго ці іншага байца, камандзіра цікавілі яго толькі з адной мэтай – як ix можна выкарыстаць для выхавання ўсяго палка, атрада, для выхавання народа. Усё іншае – рамантыка. Слова гэтае ад яго чулі не ўпершыню.

– Не, дарагі Сяргей Мікалаевіч, гэта не рамантыка, – сказаў Лялькевіч знешне спакойна, але з націскам, праз сціснутыя зубы. – Калі жанчына рызыкавала не толькі сваім жыццём…

– Увесь народ рызыкуе жыццём…

– …не толькі сваім жыццём, – паўтарыў Лялькевіч, павысіўшы голас, – але жыццём дзіцяці, нарэшце, жаночым гонарам, каб ратаваць партызана… I калі яна так берагла сваю любоў да мужа… Не крывіцеся! У такой рамантыцы вялікая сіла! I вось цяпер ад таго, як вырашыцца гэтае недарэчнае непаразуменне, залежыць яе лес, яе будучае шчасце. I я не магу заставацца абыякавым да такога чалавека. Нарэшце, дзейнасць нашай групы…

– Дзе ты думаеш яго шукаць? Лягчэй знайсці іголку ў стозе… А можа, ён зусім…

Піліпенка тузануў сябе за бараду:

– Наконт зусім – не будзем, Сяргей Мікалаевіч! Паліцай прыйшоў бы не ў той час i не з таго боку. Безумоўна, наш хлопец, партызан… Відаць, з перакінутых з-за фронту. Добра, Валодзя! Пашу каем. Сёння ж пашлю да ўсіх суседзяў разведчыкаў… Гэтыя арлы пад зямлёй знойдуць.

Ён высунуўся з зямлянкі, крыкнуў:

– Дзяжурны, Дажору сюды!

Камандзір разведкі з'явіўся ўмомант, быццам чакау недзе побач, за два крокі. Ускочыў, казырнуў па-вайсковаму. А пасля зняў сваю старэнькую кепку; апрануты ён быў вельмі па-цывільнаму: шэранькі пінжачок з караткаватымі рукавамі, працёртымі на локцях, залатаныя на каленях штаны, мокрыя ад расы чаравікі.

– Што ты не ідзеш дакладваць, дзе твае пеўні высыпаліся сёння? Якіх дзяўчат мацалі – руднянскіх ці дзятлавіцкіх?

– Таварыш камандзір, – прытворна пакрыўдзіўся разведчик. – Не вельмі памацаеш, усюды гарнізоны.

– Што ў Астраўках?

– Каля сарака паліцаяў, семнаццаць немцаў. Два кулямёты, адна танкетка.

– Танкетка. Вось гады! Што ж, няхай будзе танкетка! – i Піліпенка растлумачыў Лялькевічу: – Вырашылі ўдарыць па гэтым гарнізоне пад… святога Спаса. Каб яны адчулі, што не вельмі мы ix спалохаліся. Што яшчэ?

– Учора ўдзень нехта шлёпнуў старасту Карповіча.

– Туды яму i дарога, гаду! Але хто гэта апярэдзіў нас? Не па-суседску працуюць суседзі. Наш падсудны.

– Апоўначы згарэла школа ў мястэчку. Гарнізон Гюнтэра, які кляўся галавой, што зловіць Дзеда. Быў бой… Стралялі… Сашка Кудлач назіраў з-за ракі. Толькі што прыляцеў адтуль… Шкадуе школы. Ён вучыўся там.

Лялькевіч, які моўчкі слухаў сур'ёзны даклад камандзіра разведкі i жартаўлівыя рэплікі Дзеда, сказаў:

– Слухай, Макар! Ты ведаеш, што я надумаў зараз? Гэта яго работа…

– Чыя?

– Шапятовіча. Стараста i школа. Помсціў па дарозе…

– Ты думаеш?

– Мне так здаецца. Адчуваецца рука, якая саданула мне ў пераносіцу. Вось так, з налёту! Доўга не думаючы…

– Стараста – можа быць. А школа – гэта не пад сілу аднаму чалавеку, – усумніўся камісар. – Вы ж чуеце, бой быў. Не вёў жа яго адзін чалавек.

Піліпенка задумаўся, разгладжваючы бараду, потым рашуча сказаў:

– Усё роўна. Пашукаем i за ракой!

IV

«Не пажадай адразу многа» – гэта амаль евангельскае заспакаенне суцяшала нядоўга, толькі ўпачатку мела магічную сілу. A ўжо ўвечары, калі Уладзімір Іванавіч пайшоў у атрад, Саша адчула, што няма ёй спакою. Мала той радасці, што Пеця жывы, здаровы, «духам дужы i сэрцам чысты», як сказаў Аляксей Сафронавіч. Каб такая вестка прыйшла здалёк – іншая рэч. A калі сам ён быў тут, у двары, побач, i пайшоў немаведама з якімі думкамі пра яе – хіба можна спакойна чакаць?..

«Дурны! Божа мой, які дурны! – шаптала яна ўначы, сціскаючы кулакі ад злосці.– Я не ведаю, што зраблю табе за такое глупства. Як ты мог падумаць? Вар'ят! Дурань раўнівы!»

Але праз момант злосць уступала месца пяшчоце, i Саша клікала яго: «Пеця! Родны мой! Вярніся! Прыйдзі яшчэ раз. Паглядзі на дачку!»

Яна замірала, слухаючы кожны шорах на двары. Чакала, была ўпэўнена, што ўначы ён прыйдзе зноў. Ён ведаў, што побач паліцаі, i не мог прыйсці ўдзень. У паўдрымоце, у гарачым трызненні яна прыціскала яго галаву да сваіх грудзей, цалавала яго вусны, вочы, казала самыя ласкавыя словы. А таму рабілася яшчэ больш балюча, калі яна прачыналася i пераконвалася, што яго няма. За ноч яна зблажэла i хадзіла, як цень, як прывід. Поля i Даніла не зводзілі з яе вачэй, як з цяжкахворай. У наступную ноч сны былі страшныя, кашмарныя. Пеця трапляў да фашыстаў, яго білі, катавалі…

A Лялькевіча ўсё не было. Саша пачала сумнявацца, што ён шчыра шукае Пецю. Успомнілася, як ён вясной пад паветкай абняў i пачаў цалаваць яе. Яна адпіхнула яго. А потым, пазней, калі яны раскарчоўвалі дзялянку пад проса i селі палуднаваць, ён сказаў:

– Саша, я хачу, каб вы ведалі. Жыццё наша салдацкае, i ўсё можа здарыцца. Я кахаю вас… Кахаю даўно, яшчэ з Заполля. Прабачце за той парыў. Я нічога не патрабую… Ніколі не абражу вас… Але каб вы ведалі…

Ён казаў «вы», хоць звычайна яны даўно звярталіся адно да аднаго на ты, нават i тады, калі заставаліся без сведкау. Ёй стала шкада сябе, Пецю, яго, Лялькевіча. Хацелася плакаць, i яна нічога не адказала. Адвярнулася. Ён пачаў прагна піць з біклагі квас, быццам гарэла ўсё нутро.

Ёй не хацелася думаць пра Лялькевіча кепска. Але у бяссонныя ночы чаго толькі не трызнілася. Нават падумала, што ён мог сказаць Пецю нешта крыўднае, абразлівае, а таму той ударыў яго i знік так паспешліва. Праўда, ёй тут жа зрабілася сорамна за такое падазрэнне. Не, не такі чалавек

Уладзімір Іванавіч!

На трэці дзень суседка Аксана сказала:

– Што ты, дурная, марнуеш сябе? Ідзі да яго. Памірыцеся. Ці мала я лаялася са сваім! Павер майму слову, ён там, у Будзе, таксама мучаецца.

«Ідзі!» – слова гэта як бы схамянула Сашу.

– Я ведаю, – сказала яна Полі i Даніку, калі суседка пайшла, – дзе яго шукаць. Ён заходзіў да Ані. Я павінна пайсці туды.

Поля ледзь утрымала сястру, каб тая не кінулася напроціў ночы, – так яна пераканала сябе, што толькі там можна натрапіць на Пецеў след.

На досвітку Саша пабегла. Дакументы ў яе былі – часта хадзіла ў горад па заданию арганізацыі. За гэты час яна прывыкла да немцаў i даўно ўжо не мела таго страху, як у пачатку вайны. Аднойчы ў Гомелі яе нават затрымалі i прывялі ў камендатуру, i яна адказвала на ўсе пытанні смела i хітра.

Але паблізу таго месца ў міжрэччы, дзе ў пачатку вайны ix з Аняй хацелі расстраляць парашутысты, Саша зноў адчула страх. I, дзіўная рэч, ён больш не пакідаў яе i ў лесе, i ў полі, i нават у вёсцы, праз якую ішла. Гэта быў нават не страх, а прадчуванне нечага нядобрага. Яна баялася сустрэчы з немцамі. I хутка сустрэлася з імі. На беразе Дняпра. Яны выскачылі з кустоў, з засады, чалавек восем, абкружылі i наставілі аўтаматы на бяззбройную жанчыну з маленькім вузялком у руках, у якім былі акраец хлеба, паўдзесятка яблык ды фунт солі – несла ў падарунак Ані.

У Сашы ёкнула сэрца.

Немцы нешта злосна гаварылі пра партызан, глядзелі на яе ваўкамі, вырвалі з рук вузялок i трымалі яго з перасцярогай – ці не міна там? Адзін балюча штурхануў яе аўтаматам у плячо. Нарэшце пасадзілі ў човен i пад вартай двух салдат павезлі ў мястэчка.

У чоўне Саша з палёгкай уздыхнула: плылі ў мястэчка, дзе многія ведаюць яе. Прыгадаўшы той час, калі яна прыходзіла сюды з Пецем, Саша нават пачала любавацца знаёмым дняпроўскім прасторам i забылася на страх. Толькі калі ўбачыла, што лодка прыстае каля бальніцы, сэрца забілася зноў, але ўжо інакш…

Узышлі па вузкай сцежцы на кручу, i першае, што кінулася ў вочы, – свежае папялішча на тым месцы, дзе стаяла школа. Сіратліва i страшна, як прывіды, узвышаліся белыя печы i абгарэлыя чорныя таполі. A бальніца цэлая, усе тры будынкі.

Сашу павялі да галоўнага корпуса, дзе яна ляжала, калі нарадзіла Ленку.

– Партызан! – сказаў адзін канвойны вартавому каля бальніцы.

– O-o! – здзівіўся той i накіраваў на яе аўтамат.

I раптам Саша ўбачыла Марыю Сяргееўну. Тая выйшла з другога будынка – старой бальніцы, дзе да вайны размяшчалася амбулаторыя. Выйшла, як урач, у белым халаце, у касынцы з чырвоным крыжам. Усё такая ж, як год назад, хіба толькі з твару пастарэла. Саша крыкнула:

– Марыя Сяргееўна!

Тая глянула i адразу пазнала:

– Саша! Друг мой!

Памкнулася да яе, але вартавы спыніў рухам аўтамата.

– Марыя Сяргееўна! Я ішла да вас, да Ані, каб адведаць, а яны затрымалі… Наскочылі на тым беразе, як бог ведае на каго… Скажыце ім…

На ганак выйшаў малады прыгожы афідэр.

– Вас іст лос? [12]12
  Што здарылася? (ням.).


[Закрыть]

Канвойныя выцягнуліся i пачалі дакладваць. Афіцэр сярдзіта нешта спытаў. Канвойныя яўна разгубіліся i пачалі апраўдвацца, перабіваючы адзін аднаго. Афіцэр крыкнуу на ix. Тады да яго звярнулася Марыя Сяргееўна:

– Гер обер-лейтэнант! – пачала гаварыць па-нямецку хутка i горача.

Ён слухаў моўчкі, пачціва схіліўшы галаву. Саша разумела, што яна кажа, па выразу яе твару, па жэстах. Ды i словы, тыя нямецкія словы, якія яна вывучала ў школе i цяпер, у акупацыі, у вымаўленні Марыі Сяргееўны куды больш зразумелыя, чым у немцаў.

Афіцэр паказаў на яе клуначак. Салдат паклаў яго на лаўку, дзе звычайна разбіралі перадачы сваякі хворых. Развязаў.

Обер-лейтэнант спусціўся з ганка, дастаў з кішэні штаноў маленькі бліскучы сцізорык, узяў акраец хлеба i пачаў асцярожна адразаць ад яго тонкія скібкі. Адна за адной яны падал i ў пясок дарожкі.

Сашы зрабілася крыўдна i балюча за такі здзек з хлеба, які людзі (яна, Поля, Лялькевіч) здабывалі потам i крывёю. Відаць, Марыя Сяргееўна прачытала гэта на яе твары, бо сказала афіцэру:

– Гер фон Штуме, па рускаму звычаю хлеб нельга кідаць на зямлю.

Ён дзіўна паглядзеў на яе, смешна вылупіўшы свае i без таго па-дзіцячы вялікія светлыя вочы.

Урач развяла рукамі:

– Звычай народа. Яго трэба паважаць.

Афіцэр загадаў салдату падняць хлеб. Той сабраў скібкі, неахайна абцёр аб рукаў мундзіра i паклаў на хусцінку, кінуўшы пры гэтым злосны позірк на Сашу. Обер-лейтэнант асцярожна разрэзаў кожны яблык, але ўжо не кінуў долькі на зямлю, a паклаў назад. Потым пальцам пакорпаўся ў солі.

Сашы рабілася смешна ад гэтага педантычнага шукання невядома чаго.

Афіцэр павярнуўся да яе i сказаў нешта па-нямецку.

Марыя Сяргееўна пераклала:

– Пан афіцэр патрабуе, каб ты з'ела драбочак солі.

Саша з'ела. Тады ён загадаў:

– Дакумент!

Саша дастала са сподняй кішэні старога Данікавага пінжака пашпарт i даведку. Ён уважліва прачытаў, аддаў салдату, а сам наблізіўся i… пачаў абшукваць яе: памацаў кішэні пінжака, бессаромна правёў далонямі па клубах, па баках i, нарэшце, па грудзях. Саша перасмыкнулася ад агіды i легка ўдарыла яго па руцэ. Ён спалохана адхіснуўся i яшчэ больш вылупіў вочы. Працягнуў здзіўлена:

– O-o!

– Гер фон Штуме, вы ж культурны чалавек… Як можна! – з дакорам сказала Марыя Сяргееўна.

I Саша ўбачыла, як немец пачырванеў. Упершыню яна ўбачыла захопніка, якому зрабілася сорамна за свае ўчынкі. Значыцца, жывуць яшчэ ў ім чалавечыя пачуцці. Але каб не выдаць ix, гэтыя пачуцці, ён надзьмуўся i сурова спытаў:

– Куды вы шёл?

– Я ішла ў Заполле… Я працавала там фельчарам. Вось Марыя Сяргееўна ведае. Там у гаспадыні, у Ганны Целеш, засталіся сякія-такія рэчы. I цяпер, калі я абнасілася, – Саша патрусіла крысо пінжачка i дакранулася да спадніцы, – я хацела забраць ix.

Яна сказала тую праўду, якая пацвердзілася б пры любой праверцы.

Пасля зноў гаварыла Марыя Сяргееўна па-нямецку. Афіцэр забраў у салдата дакументы і, быццам нехаця, з жалем, аддаў ix Сашы.

– Карош, – перапыніў ён Марыю Сяргееўну па-руску. – Я буду паверыць вам, фрау Марыя. Абэр ix бэнахрыхтыге… [13]13
  Але папярэджваю… (ням.).


[Закрыть]
Она іст партызан – я буду страляйт вас, фрау Марыя.

– О, у такім выпадку я пражыву сто год.

Ён не ўсміхнуўся з жарту ўрача, а яшчэ раз агледзеў Сашу, затрымаўшы позірк на яе босых, падрапаных іржэўнікам, але ўсё адно прыгожых нагах. Сказаў па-нямецку:

– Можаце ісці.

Саша была стрыманая ў выяўленні пачуццяў, не любіла залішняй пяшчоты, пацалункаў, як іншыя жанчыны. Але тут не стрымалася. Кал i адышлі на колькі крокаў, яна абняла Марыю Сяргееўну, пацалавала ў шчаку.

– Завошта, друг мой? А наогул тваё шчасце, што я выйшла. Ад ix цяпер можна ўсяго чакаць. Два дні назад партызаны кінулі ў акно школы гранату… Там у ix папойка была… Загінула пяць афіцэраў. У ix там стаяла бутля ca спіртам. Спірт загарэўся… Некаторыя, відаць, раненыя былі… кажуць, страшна крычалі. I ніхто не кінуўся ратаваць… Гарэла, як порах… Гэтаму, – кіўнула Марыя Сяргееўна назад, на афіцэра, які ўсё яшчэ стаяў i глядзеў ім услед, – пашанцавала, ён ап'янеў i выйшаў у сад, заснуў на лаўцы… Цяпер гаворыць, што яго добрая маці малілася за яго ў той вечар. Ён разумны ў адным – не чыніць рэпрэсій. Баіцца. Пометы баіцца. Ты бачыла, як ён правяраў твой палуднік? Да яго быў звер. Гюнтэр, што згарэў… Той любіў выставіць сваю смеласць: нічога, маўляў, нам не страшна. А гэты вельмі асцярожны. Забараніў рынак… Наставіў вартавых… Нікога ў мястэчка не пускае. Патрабуе, каб я выбралася са сваімі хворымі ў былую МТС. А там усё разбіта, разбурана. Ніводнага цэлага будынка. Ледзь упрасіла, каб даў адтэрміноўку на тыдзень, пакуль людзі зробяць там які-небудзь рамонт. А хворых, бачыш, колькі? Заняла амбулаторыю, сваю хату, хлеў. I адна. Ca старымі набожнымі бабулямі, якія па чарзе працуюць за санітарак. Дзяўчаты мае разбегліся. Немагчыма ім побач з салдатамі… Нінку помніш? Сястрой працавала. Беленькая такая. Дакацілася дзеўка. Зблыталася з афіцэрамі… I згарэла разам з імі. Дзве ix там такія… панеслі кару за свае грахі, як кажуць мае бабулі. Суровая кара…

Яны падышлі да абрыву каля хаты, у якой Марыя Сяргееўна жыла, спыніліся. Урач задумліва паглядзела ўніз, на спакойную i велічную плынь Дняпра, а Саша – на зарэчны лес. Прыгадала дачку. Забалела сэрца па дзіцяці.

Марыя Сяргееўна як бы адгадала яе думкі.

– Ну, мае жыццё ты бачыш… А ты… ты як жыла? Як дачка?

– Нічога. Расце. Бегае ўжо. – Саша шчасліва ўсміхнулася. – Мне здаецца, я не перажыла б без яе ўсяго… А яна… Можа, у хаце ніхто не засмяяўся б, каб не Ленка… А так i сястра, i брат, i… – яна прыкусіла язык, – i сама… Паглядзім на яе забаўкі i ў самыя цяжкія хвіліны смяёмся. Лягчэй на душы робіцца. Яна такая пацешная. Гаварыць пачынае.

Марыя Сяргееўна цяжка ўздыхнула.

Саша зразумела, што яна думае пра сына, i далікатна спытала:

– Ад Сені больш вестачак не было?

– Не, мой друг, нічога. Неяк зімой мне чамусьці здалося, што ён загінуў. Божа мой, што я перажыла! А потым усё гэта мінула. Я зноў паверыла, што ён жывы. Я веру… Мацярынскае сэрца – яно чуе…

«А я напэўна ведаю, што Пеця жывы. Пеця тут», – Сашы вельмі хацелася сказаць гэта. Але нельга. Бо тады трэба шмат што тлумачыць. I пра Лялькевіча. А гэта тайна арганізацыі, захоўваць якую яна клялася i не мае права, нават пад страхам смерці, нікому выдаць. Яна, безумоўна, упэўнена, што Марыя Сяргееўна сумленны савецкі чалавек. Але ўсётакі яна так блізка да немцаў. Чаму яна не эвакуіравалася? Казала, што пойдзе з апошнім чырвонаармейцам.

– Марыя Сяргееўна, а чаму вы не эвакуіраваліся?

– Ах, мой друг! Каб мне туды! У мяне был i дзеці… раненый дзеці… Бомба ўпала вунь там, на пляжы, i многіх раніла… Я не магла пакінуць ix i мусіла застацца…

– А я… я захварэла. Тады, калі мы пайшлі ад вас з Аняй…

– Я ведаю. Аня расказвала. Усё мінула добра? Я баялася, каб ты не нажыла эпілепсіі. Намервалася схадзіць да цябе. Але перашкодзіла гэтае няшчасце з дзецьмі, а потым прыйшлі яны…

Саша адчула, што жанчына гэта – блізкі ёй чалавек.

«Каб я мела права сказаць ёй пра Пецю… Можа, яна дапамагла б шукаць яго».

Хацелася сказаць ёй нейкія асаблівыя словы, даверыць самую запаветную тайну. Але словы такія нялёгка знайсці. А тайна – гэта не толькі яе тайна. Саша ўзяла руку Марьи Сяргееўны i з удзячнасцю паціснула мяккія халодныя пальцы.

– Табе дзякую, мой друг. За сустрэчу. Мне вельмі прыемна ўбачыць цябе. Такога блізкага чалавека. Можа, Сеня дзе-небудзь разам з Пецем… Успамінаюць нас… Яны ж такія сябры!

Пасля гэтых слоў Сашы яшчэ больш захацелася расказачь ёй пра Пецю, як-небудзь так, каб без Лялькевіча. Але яна не магла нічога прыдумаць. Ды i нешта іншае стрымлівала яе. Ці не блізкасць немцаў? У такі час зямля i дрэвы маюць вушы.

«Схаджу да Ані, можа, даведаюся больш i тады, калі назад буду ісці, змагу Марыі Сяргееўне расказаць. Прыдумаю нешта. Вось што… Скажу, што Пеця заходзіў да Ані».

Ірвалася сэрца хутчэй туды, у знаёмую вёску, у знаёмую хату. Можа, там, дзе яно нарадзілася, шчасце, яна верне яго назад? Але было няёмка так хутка развітвацца з гэтай добрай жанчынай, якая выручыла з бяды, сустрэла, як дачку, i шчыра ўзрадавана.

Саша папрасіла паказаць бальніцу, бо ведала, што гэта ўрачу будзе прыемна.

– Няма чаго глядзець, мой друг. Бялізна парвалася. Медыкаментаў няма. Па тры разы мыем адны i тыя ж бінты. Хворых кормім, чым Бог пашле, як кажуць…

Зайшлі ў былую амбулаторыю, дзе ляжалі жанчыны, пераважна старыя бабулі з цяжкімі хваробамі.

Сапраўды, ад былой бальніцы, дзе ўсё зіхацела чысцінёй, нічога не асталося. Саша зразумела, якія трэба намаганні, каб у такіх умовах, з такім персаналам падтрымліваць элементарную гігіену. Адна хворая застагнала, заплакала:

– Доктарка, родная, дай ты мне мышаку якога. Ох, сілы няма болей. О-ой…

– Супакойцеся, цётка Алёна. – Марыя Сяргееўна правила рукой па твары, праверыла пульс. – Вам жа лепей.

– Душа баліць.

– Ba ўсіх яна цяпер баліць, душа, – сурова адгукнулася другая хворая, старая жанчына з завостраным тварам пакутніцы.

– А ты сябе як адчуваеш, мой дружок? – ласкава спытала Марыя Сяргееўна дзяўчынку год васьмі.

– Добра, – прапішчала тая.

– Апендыцыт. З прабадзеннем. Трохі не загубілі дзіця, – раетлумачыла Марыя Сяргееўна Сашы.

– Няхай дзякуе збавіцельку нашу, – сказала старая, што сядзела каля акна i грызла скарынку чэрствага хлеба.

– Доктарка! Дай атруты! Богам прашу!

– Сціхні, Алёна! Не гняві Бога! – прыкрыкнула жанчына з тварам пакутніцы.

– Муж яе, паліцай, п'яны ботам у жывот ударыў. Звярэюць людзі. Аперыравала. Але наўрад ці выжыве, – расказала Марыя Сяргееўна, калі яны прайшлі ў маленькі пакойчык урача. – Сядай, Саша. Адпачні. Я перакусіць збяру.

Сашу ўразіла: пра тое, што жанчына наўрад ці выжыве, урач сказала з такім спакоем, нават абыякаваецю.

«Няўжо i ў яе, такой чулай, сардэчнай, зачарсцвела душа?»

Хутка i бясшумна Марыя Сяргееўна прыбрала са століка шклянкі з лекамі i паставіла талеркі з хлебам i памідорамі.

– А соль тваю давай. У мяне няма. Гэты барон правяраў, ці не атручаная яна. Ён з арыстакратаў – фон…

Яна зморана села на табурэт з другога боку стала, пацерла далонямі скроні.

– Вось такая ў мяне бальніца. У хаце маёй – раненыя паліцэйскія.

– I вы ix лечыце?! – вырвалася ў Сашы, пасля асэнсавала, што спытала неразумна.

Марыя Сяргееўна апусціла вочы.

– Я – урач, мой друг. Урач. Ты павінна зразумець…

Саша разумела. Усё разумела. Але жаданне расказаць пра Пецю ў яе знікла.

* * *

Да Заполля яна набліжалася, калі заходзіла сонца. Вялікі ярка-чырвоны шар толькі дакрануўся лініі гарызонта. З нейкага часу Саша пачала баяцца вогненнай барвовасці захаду. Кожны раз ёй здавалася, што гэта прадвесце новай крывавай падзеі. Навокал так многа смерцяў, гора i слёз, што мімаволі i яна, камсамолка, падпольшчыца, фельчарка, рабілася прымхлівай. Нервы. Калі яны напружаны вось так, як сёння, i не такое можа блюзніцца.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю