355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Трывожнае шчасце » Текст книги (страница 5)
Трывожнае шчасце
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 02:20

Текст книги "Трывожнае шчасце"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 43 страниц)

V

У маладосці рэдка здараецца, каб не спалася, хіба толькі ў часы цяжкіх перажыванняў, гора. Пятру не спалася ад адчування шчасця, ад той душэўнай узнёсласці, якая ўсё яшчэ не пакідала яго, хоць ішоў другі месяц, як яны пажаніліся. Ён ляжаў на краі ложка і баяўся паварушыцца, адчуваючы на руцэ мяккія валасы Сашы. Яна спала спакойна, роўна дыхаючы. Ён асцярожна павярнуў галаву ў бок Сашы і любаваўся ёю; і ў сне на яе твары адбіваліся нейкія пачуцці: вусны то складваліся ва ўсмешку, то застывалі ад сур'ёзнай увагі, то іранічна крывіліся, зрэдку ўздрыгвала брыво. Гэта ігра рыс на любым твары здавалася Пятру такой прывабнай і пацешнай, што яму вельмі хацелася цалаваць і вусны, і вочы яе, але ён баяўся разбудзіць жонку.

«Няхай спіць, яна змарылася за дзень, набегалася, – з пяшчотай, як аб дзіцяці, думаў ён. – Трэба і мне спаць. Спаць, спаць!»

Але заснуць не ўдавалася. Ноч лезла ў пакой далёкім смехам дзяўчат, прыглушанымі пералівамі гармоніка недзе ў суседняй вёсцы, пахам кветак… І яшчэ адно дзіўнае адчуванне не давала заснуць – нейкая неасэнсаваная трывога, нібы перад навальніцай ці перад невядомай далёкай дарогай. Яна, гэтая трывога, была недзе ў самай глыбіні душы, пад шчасцем і захапленнем, але чым настойлівей ён змагаўся з бяссонніцай, тым часцей яна адгукалася ў сэрцы, нібы прабіваючыся на паверхню. Што гэта? Чаму гэта? Можа, зноў недарэчная рэўнасць, пра якую яму зараз сорамна ўспамінаць? Не. Гэта нешта зусім іншае. Ён успамінаў падзеі дня – што бачыў, з кім сустракаўся, пра што гаварыў… І раптам успомніў: нямецкая армія ўступіла ў Парыж. Пятро пачуў гэтую навіну па радыё ў сельсавеце. Прысутныя там старшыня, упаўнаважаны, настаўнікі выказвалі свае думкі наконт гэтай падзеі. Трывогі ніхто не выказаў, трывога, відаць, ва ўсіх засталася ў сэрцы і выявілася, як і ў яго, не адразу, а пазней, уначы, калі кожны застаўся сам з сабой. Там жа ўсё больш гаварылі пра немцаў, пра іх сілу і тэхніку:

– Вось пруць, гады!

– Сілішча! Што ты хочаш!

– За дзень Галандыю, за другі – Бельгію… Ангельцаў у мора кульнулі…

– Храновыя ваякі супраць іх… Каб стаялі насмерць – не ішоў бы так!

– Супраць нас не пайшоў бы так! Назад пакаціўся б!

– Тэхнікі, відаць, малавата ў французаў… У немцаў танкі вунь усюды…

– Не ў адной тэхніцы сіла… Камандзіры ні к чорту! А калі генералы ў кусты, дык што рабіць салдату? Салдату трэба каманда…

Пятро таксама выказваў нейкія меркаванні і нават вызначыўся сваімі ведамі аб нямецкай ваеннай тэхніцы, пра якую вычытаў у часопісах. Так яны пагутарылі і разышліся. А цяпер вось гэтая трывога, гэты неспакой у душы. Чаму? Францыя!.. Парыж!.. Як гэта далёка для хлопца, які нават у Маскве быў толькі праездам, нікуды асабліва не ездзіў і не надта глыбока разбіраўся ў міжнародных справах! Але разам з тым як гэта і блізка – блізка сэрцу юнака, які толькі са школьнай парты! Ніводную краіну мы не ведаем са школьных год так, як Францыю. Ужо з першых класаў, з першых чытанак мы дазнаваліся пра Парыжскую камуну, з кніг глядзелі на нас партрэты герояў-камунараў, на ўсё жыццё запаміналіся прозвішчы – Варлен, Дэлеклюз, Дамброўскі. Потым гісторыя, тая школьная гісторыя сярэдніх вякоў і новая, у якой Францыі адводзілася добрая палавіна, бо Францыя дала Рабесп'ера і Марата, дала рэвалюцыю 1848 года і, нарэшце, Парыжскую камуну.

Нават у самага кепскага вучня, які кідаў школу пасля сямі-васьмі класаў, на ўсё жыццё захоўваліся ў памяці ўсе гэтыя гістарычныя падзеі. А ў тых, хто вучыўся далей, веды аб Францыі бясконца пашыраліся.

За гісторыяй – літаратура. Спачатку Жуль Верн і Гюго, потым – Бальзак, Ралан і Анры Барбюс. Мы любілі герояў іх кніжак і праз іх палюбілі Францыю.

Пятро ўявіў Парыж так, як можна ўявіць гэты горад па прачытаных кнігах і фільмах, уявіў, як ідуць па ім чужыя салдаты, грубыя і нахабныя, як усе заваёўнікі, і сэрцу стала балюча – балюча за далёкіх незнаёмых французаў, мусіць, такіх жа хлопцаў, як ён сам, і такіх жа жанчын і дзяўчат, як яго Саша. Саша! Мілая, слаўная Саша! Ён пяшчотна паглядзеў на жонку, прыслухаўся да яе роўнага дыхання. І раптам з'явілася думка, упершыню такая недарэчная: «А што, калі яны пачнуць вайну супраць нас? Прыйдуць сюды, на нашу зямлю, як прыйшлі ў Парыж?»

Што ж гэта будзе? Разбурыцца шчасце, вось гэтае яго шчасце, якое ён толькі што спазнаў? Адарвуць яго ад Сашы, вось ад гэтых яе мяккіх валасоў, якія нават пахнуць шчасцем, ад яе рук, такіх пяшчотных…

Яму зрабілася жудасна ад гэтай думкі. Вайна, яе ўяўная рамантыка можа вабіць толькі дзяцей і юнакоў; для чалавека, які зразумеў сэнс жыцця і ўведаў шчасце, вайна не можа не быць страшнай і агіднай.

Пятро стараўся адагнаць гэтую жудасную думку. «Ніколі яны сюды не прыйдуць! Мы будзем біць іх на іх зямлі, калі яны адважацца напасці, на сваю не пусцім», – ён быў перакананы ў гэтым непахісна. Мы ўсе верылі, што будзем біць ворага на яго зямлі.

Каля хаты спынілася фурманка. Конь, якога, відаць, вельмі гналі, з палёгкай фыркнуў. «Зноў па Сашу», – падумаў Пятро. Рэдка выпадала ноч, каб яе не выклікалі да парадзіхі.

Ціхі, але настойлівы стук у шыбу і нясмелы голас:

– Доктарка!

Саша адразу прачнулася, асцярожна ўзнялася і, адчыніўшы фортку, прашаптала невядомаму чалавеку за акном:

– Іду. Не стукайце.

Яна збіралася паціху, каб не разбудзіць Пятра, мяркуючы, што ён, як звычайна, спіць. Але Пятро паклікаў яе.

– Ты не спіш? Спі. Мяне зноў клічуць. – Яна пацалавала яго і, узяўшы ў рукі чаравікі, каб не стукаць абцасамі па падлозе, выйшла.

Пятро з нейкай дзіўнай радасцю падумаў, што недзе зноў народзіцца чалавек, зноў прыйдзе радасць у хату, і ад думкі гэтай адразу зніклі яго трывога, неспакой, быццам ён раптам упэўніўся ў непераможнасці жыцця. Ён хутка заснуў. Прачнуўся на світанні ад дотыку Сашыных рук: яна лажылася побач. Цела яе было халоднае, і ўся яна пахла свежым сенам, дарожным пылам і ёдам. А праз гадзіну яе выклікалі зноў.

За снеданнем Саша сказала:

– Сёння прыняла двух цудоўных хлопчыкаў.

– Зноў хлопчыкі! – без захаплення сказала Аня. – На вайну гэта, кажуць, калі родзяцца адны хлопчыкі…

– Ніякай вайны не будзе! Усё гэта бабскія выдумкі! – сказаў Пятро аўтарытэтна, як належыць сталаму мужчыну сярод жанчын.

Калі не лічыць начных думак і трывогі, ён сапраўды быў перакананы, што вайны не будзе, а калі вораг нападзе, то будзе разбіты адразу, за які тыдзень-два. Як і большасць яго равеснікаў, ён бязмежна верыў у магутнасць арміі, у якой будзе служыць.

Саша цяжка ўздыхнула. Пасля прызналася Пятру:

– Я ніколі нічога не баялася і ніколі не думала пра гэта… А цяпер баюся…

– Чаго?

– Вайны. Ведаеш, калі маеш шчасце, дык, мабыць, заўсёды баішся яго страціць… Праўда?

У хуткім часе ёй давялося перажыць за сваё шчасце сапраўдны страх, а не толькі ўяўны – ад думак.

Пасля выпускнога вечара будучыя тэхнікі-аўтамабілісты і дарожнікі паехалі за горад і там трапілі пад праліўны дождж. Пятро прастудзіўся і захварэў на двухбаковае запаленне лёгкіх. Па тым, якое кароткае было яго пісьмо – два нейкія сказы без знакаў прыпынку: «Сашок я захварэў запаленнем Ляжу ў Першасавецкай Цалую цябе», – і па тым, якой слабой рукой гэта было напісана – крывыя, разрозненыя літары, – Саша зразумела, што муж вельмі цяжка хворы. Разгубленая, спалоханая, яна прыбегла з амбулаторыі да гаспадыні і ўпершыню заплакала пры ёй; дагэтуль калі часамі і плакала, дык употай, каб ніхто не бачыў.

– Чаго ты? – здзівілася гаспадыня.

– Я вельмі баюся, што ён памрэ, – як дзіця, усхліпнула Саша.

– Другога знойдзеш, – магчыма, хацела пажартаваць гаспадыня, але сама пасля была не рада: Саша адхіснулася, і вочы яе бліснулі іскрамі гневу і варожасці.

– Як вам не сорамна, Аня! Вы самі пахавалі мужа. Я кахаю яго, ён мне даражэй за ўсё на свеце… даражэй жыцця…

Ані да болю стала сорамна, яна таксама заплакала.

– Даруй, Шурачка, хіба я хацела паганае сказаць, так… не ўтрымала языка… Божа мой, такі наш лёс жаночы!..

– Я зараз жа паеду да яго. Яму будзе лягчэй, калі я буду пры ім…

– Як ты паедзеш? А работа?

– А што работа? Хіба што здарыцца за дзень-два? Я ж хутка вярнуся… Я толькі пабачу яго, суцешу…

– Але ж закон гэты…

Сапраўды, незадоўга перад гэтым выйшаў закон, згодна з якім за прагул, за спазненне на работу аддавалі пад суд. Сашу, добрасумленную ва ўсім, крыштальна чыстую, заўсёды страшыла думка, што і яна можа неўзнарок трапіць на лаву падсудных. А як яна дакажа, што ёй трэба было абавязкова ехаць, яны ж нават не запісаны ў загсе?

– Не, я паеду. Што будзе – тое і будзе, а я не магу не ехаць.

– То папрасі ў старшыні каня, я падвязу хоць цябе…

– Дзе яго знойдзеш, старшыню! Ды і лепш, каб ніхто не ведаў. Я пайду да Рэчыцы… Паспею на рабочы поезд.

– Проці ночы ў такую дарогу? Божачка мой! – спалохалася гаспадыня.

– Аня, вы не адгаворвайце мяне. Я не маленькая. Што мне ноч!..

З сабой, акрамя грошай, завязаных у насавой хустачцы, яна ўзяла белы халат, бо ведала, што без яго цяжка будзе прайсці ў бальніцу.

Яна не ішла, яна бегла, адна сярод ночы і сярод поля. Над ёй было зорнае неба, бязмоўнае і бясконца далёкае, а да самай дарогі падступалі пасевы высокага спелага жыта, пшаніцы, ячменю. Збажына жыла: у ёй нешта шапталася, звінела, уздыхала. Гэтая блізкасць нечага жывога бадзёрыла і адначасова страшыла. З-пад ног час ад часу ўзляталі начныя птушкі, ледзь не б'ючы крыламі па твары. Спачатку Саша палохалася, нават ускрыквала ад страху, потым прывыкла і не звяртала ўвагі.

«Чаго мне баяцца, калі хворы Пеця? Слаўны мой, любы, каб я была гэтай птушкай, я даўно прыляцела б да цябе… Я не магу ляцець – я буду бегчы. Бегчы!.. А чаго бегчы? Усё адно прыйдзецца чакаць поезда. А калі спазнюся? Лепш раней прыйсці…»

Дзе-нідзе пачалі жаць, і на полі стаялі бабкі, здалёк падобныя ў цемры на постаці людзей. Адна з такіх постацей раптам прыўзнялася і кінулася ўцякаць. Саша спалохалася і таксама пабегла. Бегла так, што здавалася, сэрца вось-вось выскачыць з грудзей. Але яна падумала пра Пятра – і страх знік. Праходзячы паўз вёску, яна зноў убачыла, як з прыдарожнай лаўкі ўсхапіліся і пабеглі дзве постаці. Яна падышла так блізка, што добра разгледзела дзяўчыну і хлопца – закаханых, і раптам здагадалася, чаму яны ўцякаюць. Каб не несці халат у руцэ, яна надзела яго і выглядала белай зданню. Яна скінула халат, пайшла павольней. На ўсходзе заружавела неба: канчалася кароткая летняя ноч…

Старому вартаўніку пры бальніцы Саша сказала, што яна практыкантка, і як пропуск паказала халат. Яна баялася спытацца ў каго-небудзь з сясцёр, дзе ён ляжыць, – а раптам скажуць, што яго ўжо няма! – і цішком абыходзіла ўсе палаты аддзялення па чарзе. Адчыніла дзверы адной палаты і ўбачыла ў куце схіленую перад ложкам постаць сястры, і адразу кальнула ў сэрца: ён там! Яна хутка пайшла да ложка. Хворыя ўзнімалі галовы і са здзіўленнем глядзелі на яе. На гук крокаў павярнулася сястра. Саша пазнала Любу і… спынілася, варожае пачуццё варухнулася ў яе грудзях: Пятро расказваў, як Люба хацела прывабіць яго.

– Ты? – крыху здзіўлена спытала Люба. – Гэта ён цябе клікаў увесь час – Саша, Саша? Цяпер я разумею. – Яна крытычна агледзела Сашу, іранічна ўсміхнулася.

Дзякуючы дапамозе бацькі, дырэктара саўгаса, Любе ўдалося пераехаць у горад, і цяпер яна працавала старшай сястрой аддзялення. А галоўнае – у горадзе яна мела жаніхоў і была ўпэўнена, што хутка выйдзе замуж. Жыццё ў горадзе, жаніхі, пасада – усё разам давала ёй падставы ганарыцца, весці сябе важна і глядзець на такіх, як Саша, «вясковых», з вышыні свайго ўяўнага становішча. Праўда, на Пятра яна хоць і была злосная, але да хворага ставілася ўважліва і нават пахвалілася сёстрам, што хлопец гэты некалі ад кахання траціў розум і пехатой за паўсотні кіламетраў бегаў да яе ў вёску. З'яўленне Сашы крыху ўзлавала яе. «Жонка!» – зняважліва падумала яна і спытала:

– Дык ты сапраўды выйшла за яго? Ён тут, калі яму рабілася лягчэй, расказваў, што жанаты. Дзяўчаты не верылі… Дзіця яшчэ… Я таксама не верыла…

Але Саша не слухала яе. Яна стаяла за два крокі ад ложка і не зводзіла позірку з твару Пятра. Ён ляжаў нерухома, з заплюшчанымі вачамі, быццам спаў, але яго засмяглыя, патрэсканыя ад гарачкі губы раз-пораз крывіліся ад болю, зрэдку пакутліва перасмыкаўся ўвесь твар і ўздрыгвала цела, нават пунсовыя плямы на запалых шчоках у гэты міг знікалі, і шчокі ўраз рабіліся бяскроўна-бледнымі.

Саша прысела на ложак і, узяўшы яго руку, прыціснулася да яе шчакой.

Нехта з хворых сказаў з захапленнем:

– Ого!

Другі цяжка ўздыхнуў, прагнучы гэткай жа простай і шчырай ласкі.

Люба ўсміхнулася зноў-такі з іроніяй і паправіла пузыр з лёдам на галаве хворага.

– У яго сорак адзін тэмпература. Увесь час лёд трымаем, – сказала яна суха, мабыць, жадаючы падкрэсліць, што не пяшчота трэба хвораму, а клапатлівы догляд. – Рэдкі па цяжкасці выпадак двухбаковай пнеўманіі. Чакаем крызісу… Ты падзяжурыш каля яго, так?

– Я буду тут…

– Доўга быць тут Бася Ісакаўна не дазволіць. Мне і так мала не будзе, што пусціла цябе… Але бяру на сябе…

Саша ўспомніла, што калі яны хадзілі сюды на практыку, то ўсе вельмі баяліся гэтай суровай Басі Ісакаўны, галоўнага лекара. Але цяпер яна нікога не баялася.

«Ніхто мяне адгэтуль не выганіць. Не пайду, – вырашыла Саша з упартай рашучасцю. – Я адна маю права быць пры ім».

Яна ўпэўнена паправіла падушку, коўдру… Глядзела, як пакутліва адбіваецца боль на яго твары, і сама адчувала гэты боль дзесьці глыбока ў грудзях. Пятро стагнаў – яна пяшчотна гладзіла яго рукі, шчокі, быццам хацела гэтак суцішыць боль. Суседзі-хворыя з павагай размаўлялі з ёй, распытвалі, адкуль яна, расказвалі, як прывезлі Пятра, як ён трызніў усе гэтыя дні, скардзіліся на свае хваробы. Яна ім сумленна адказвала, давала парады, нават некага выслухала… Але пасля не магла ўспомніць, пра што яе пыталі, што яна адказвала, навошта кагосьці выслухвала: гэта смешна – ёй, фельчарыцы, выслухваць хворага пасля вопытных лекараў! Але тады Саша не думала пра гэта. Яна была ўдзячна гэтым людзям, што яны цёпла і клапатліва гавораць пра Пятра, і хацела зрабіць ім што-небудзь добрае, памагчы… Але што б яна ні рабіла, з кім бы ні размаўляла, яна ні на міг не адрывала вачэй ад мужа. Думка аб тым, што ён можа памерці, не вытрымаць таго, што называецца страшным словам «крызіс», больш не прыходзіла. Такая думка не магла з'явіцца, пакуль яна бачыла, як ён дыхае, стогне, крывіцца ад болю. Яго жыццё – гэта яе жыццё, а нават безнадзейна хворы чалавек думае толькі пра жыццё. Толькі пра жыццё! Саша думала, як Пятро зноў прыедзе да яе і яна ўжо больш нікуды не адпусціць яго. Ён хацеў ехаць некуды ажно ў Беласток, куды яго назначылі пасля тэхнікума. Не, не трэба яму ехаць… Яны будуць хадзіць разам па полі, сядзець у садзе… Цяпер паспелі яблыкі… Потым яна возьме адпачынак, і яны паедуць на параходзе. Саша ўспомніла, як перад хваробай ён ад'язджаў ад яе. Ехалі разам да Рэчыцы – Сашу выклікалі ў райздраў. Доўга чакалі парахода, Пятро сказаў, што холадна. Яна накінула яму на плечы сваю шарсцяную хустку. Ён, захутаны, заснуў, паклаўшы галаву ёй на калені. А потым прыйшлі нейкія дзяўчаты-сакатухі, засмяяліся і разбудзілі яго… «Магчыма, ён і прастудзіўся тады, у тую ноч?»

Пятро раптам застагнаў і паклікаў:

– Мама! – потым сказаў нешта незразумелае: – На Ягадным не праедзем, не! Пойдзем!..

«Мама»… У Сашы сціснула ў горле, яна і ўзрадавалася яго голасу, і раўніва жадала, каб ён паклікаў яе.

Праз хвіліну ён расплюшчыў вочы, доўга глядзеў на яе, як бы пазнаючы, потым квола ўсміхнуўся і прашаптаў:

– Саша! – І тут жа паскардзіўся, як скардзіцца дзіця маці: – Мне вельмі балюча, Саша.

– Балюча, Пеця, балюча, я ведаю. – Яна нахілілася і пацалавала яго ў гарачыя засмяглыя губы.

Люба заглянула ў палату і сказала:

– Ты пакармі яго, ён нічога не есць. Можа, ад цябе возьме…

Ён сапраўды не адмовіўся, хоць яму было цяжка глытаць. Калі яна карміла, хворыя раптам хуценька леглі ў ложкі, зашапталіся:

– Ідзе. Ідзе.

Саша зразумела, хто ідзе, калі ўбачыла ў дзвярах Басю Ісакаўну. Галоўны лекар рабіла абход. Яна спынялася ля кожнага ложка, слухала тлумачэнні лекара-ардынатара, пытала ў хворага, як самаадчуванне, прыпісвала назначэнні. Дайшоўшы да ложка Пятра, яна сурова спытала ў Сашы:

– А вы хто?

Саша збянтэжылася і стаяла, як вінаватая вучаніца.

– Я?.. Я – фельчар…

– У маёй бальніцы я не ведаю такога фельчара! Хто вы хвораму?

– Я?.. Сястра. – Яна не разумела, чаму не прызналася, што жонка, напэўна, пабаялася, што не павераць ці могуць сказаць што-небудзь крыўднае, абразлівае.

– Хто пусціў? – павярнулася галоўны лекар да дзяжурнага доктара. Той паціснуў плячамі.

– Я пусціла. Мы разам вучыліся, – з дзіўнай усмешкай сказала Люба.

– Дазвольце мне застацца… – нясмела, са слязьмі ў голасе папрасіла Саша.

– Паўгадзіны, – літасціва дазволіла Бася Ісакаўна, звяртаючыся да Любы.

Сашу напалохала, як яны аглядалі Пятра, як, адышоўшы, шапталіся, паўтараючы страшнае слова «крызіс», і яна вырашыла не пакідаць мужа, як бы ні выганялі яе.

Праз паўгадзіны Люба папрасіла, каб Саша пакінула палату, але хворыя напалі на Любу: не бачыце хіба, у якім цяжкім становішчы блізкі чалавек! Няхай сядзіць, нікому яна не замінае. Люба знікла і больш не з'яўлялася. Хворыя суцяшалі Сашу, падбадзёрвалі, называючы з ласкавай іроніяй сястрой. Яна не разумела, навошта яе суцяшаюць; яна не плакала, не ламала рукі ў роспачы, а проста сядзела і не зводзіла позірку з Пецевага твару. Жанчына не ведала, што яго боль, яго пакуты адбіваюцца і на яе твары, а збоку гэта было ўсім відаць.

Пад вечар у палату зноў зазірнула Бася Ісакаўна.

– Вы яшчэ тут? – Галоўны лекар амаль прастагнала: – Божа мой, што робіцца ў маёй бальніцы! – і злосна закрычала: – Любоў Андрэеўну і Зою Пятроўну – да мяне! А вы, галубка, ідзіце за мной.

Саша паслухмяна пайшла, пакорлівая і маўклівая.

У сваім кабінеце галоўны лекар загадала:

– Скідайце халат!

Саша скінула. Бася Ісакаўна замкнула халат у шафу.

– Гэта мой халат, – паспрабавала пярэчыць Саша.

– Ідзіце, і каб я больш не бачыла вас тут! Я яшчэ ў райздраў напішу, галубка…

Саша выйшла на двор, села на лаўку і горка заплакала – ад крыўды, стомы і болю.

Ноч, доўгую і пакутлівую, бадай што без сну – засынала на колькі хвілін трывожным сном і зноў прачыналася, – яна правяла ў сваёй былой гаспадыні. А раніцой зноў падышла да бальніцы. Але, відаць, галоўны лекар моцна паганяла ўвесь персанал, бо Сашу цяпер не хацелі і слухаць. Сёстры, што ішлі на работу, адмаўляліся выканаць нават простую просьбу – паведаміць, як здароўе Пятра. А Люба прашмыгнула міма і не прывіталася.

Саша сумна сядзела на лаўцы каля бальнічных варот і бяздумна сачыла, як на даху дома, што насупраць, буркуюць галубы.

Да варот пад'ехаў рамізнік.

З брычкі асцярожна злезла маленькая старая жанчына ў простай шарсцяной кофце, суконнай спадніцы – гэтая Бася Ісакаўна зусім не была падобна да той, суровай і ўладнай, што ў беласнежным халаце хадзіла па палатах.

Саша глянула на яе з нянавісцю.

Лекар таксама затрымала на ёй свой позірк і, мабыць, адразу не пазнала. Яна прайшла праз прахадную, нешта сказала вартаўнікам і… раптам вярнулася назад, уважліва паглядзела на Сашу.

– Вы яшчэ тут? – спыталася яна ў Сашы так жа, як і ў палаце, але зусім іншым тонам.

– А дзе мне быць? – няветліва адказала Саша.

– Ах, якая моладзь! – уздыхнула Бася Ісакаўна, і нельга было зразумець – ці яна асуджае, ці адабрае гэтую моладзь. – Хадзем са мной.

У двары яна сказала:

– А гаварыць няпраўду старэйшым непрыгожа, дзіця маё. Мне ж сказалі, што гэта ваш муж. Так?

Саша пачырванела, і сэрца яе ўраз напоўнілася пяшчотай да гэтай добрай жанчыны.

Апрануўшы халат, які дала ёй галоўны лекар, Саша ўзбегла на другі паверх і толькі перад дзвярамі знаёмай палаты перавяла дыханне. Яна са страхам адчыніла дзверы і спынілася. І першае, што яна ўбачыла, – яго вочы, жывыя, ясныя. Яны глядзелі на яе. Ён устрапянуўся, намерыўся падняцца і амаль крыкнуў:

– Саша!

Гэта быў слабы, але радасны крык чалавека, які пасля смяртэльнай небяспекі ўбачыў ратунак.

VI

Рэчаў было мала – той жа студэнцкі партфель, напакаваны клапатлівымі рукамі Сашы самым неабходным, што можа спатрэбіцца ў далёкай дарозе і ў салдацкім жыцці.

Гаспадыня сказала:

– Давайце пасядзім перад дарогай.

Яны селі побач на доўгім услоне, толькі малая Нінка – на бярозавым чурбаку каля печы. І раптам гаспадыня заплакала, выціраючы слёзы рогам хусткі.

– Што гэта вы, Аня! А то вы і мяне разжалобіце, чаго добрага, – жартам сказала Саша, а ў самой дрыжалі губы і голас ненатуральна звінеў. – Хадзем, Пеця, а то мы ўсіх разжалобім, вунь і Нінка ўжо хліпае…

Пятро падняўся і працягнуў руку:

– Бывайце, Аня.

Яна абняла яго:

– Даруй, Пеця, калі што…

– Нічога, усё добра, Аня… Дзякую вам.

– За Сашу не хвалюйся, служы шчасліва…

Саша выйшла першая, як заўсёды імклівая, нецярплівая, – ёй цяжка было глядзець на развітанне.

Раніца была сонечная, ясная, але ўжо халодная.

Пятро дагнаў Сашу на вуліцы і сказаў:

– Добры чалавек Аня. – Ён зусім забыў, што год назад ненавідзеў яе.

– Яна мне – што маці, – прызналася Саша.

– Давай я панясу партфель.

– Не, не, я… Табе яшчэ хопіць несці, яшчэ рукі забаляць… Трэба было ўсё ж папрасіць каня… Дарэмна ты не захацеў.

– Я хачу прайсці па нашай дарозе… Калі я буду тут зноў! А на шляху, можа, сяду на машыну.

У двары, паўз які яны праходзілі, пачуўся жаночы голас наўздагон ім:

– Глядзі, як доктарка мужа праводзіць у армію.

– Бачыш, мяне асуджаюць…

– Глупства.

Яны выйшлі ў поле.

Бярозы на могілках стаялі ў жоўтым полымі.

Каляіны дарог былі засыпаны апалым лісцем. На агароджы, на бадай што голых ужо вішнях, на прыдарожным быльнягу вісела павуцінне бабінага лета.

Пятро хацеў радавацца. Ён жа многа чытаў у розных кнігах, у часопісах, бачыў у кіно, як радуецца моладзь, калі адыходзіць у армію. Чаму ж у яго няма гэтай радасці? Ён падумаў, што, відаць, гэты смутак, які сціскаў яму сэрца, навеяны восенню.

«Навошта прызываюць увосень, калі нават прырода смуткуе, так пуста навокал… павуцінне?.. Няхай бы гэта было вясной, калі ўсё зацвітае, ажывае… Весела было б…»

Ён проста шукаў апраўдання свайму смутку, бо яму было сорамна – хіба ён горшы за іншых? Хіба не імкнуўся ён яшчэ са школьных год у армію, не хацеў паступіць у ваенную школу? Не, ён таксама з гонарам і радасцю ідзе выконваць свой пачэсны грамадзянскі абавязак! А настрой гэты ад таго, што цяжка пакідаць Сашу… Яна застанецца адна сярод чужых… Хутка гэтая бязлесная раўніна пакрыецца снегам. Стане яшчэ больш сумна. Яна адна будзе сядзець доўгімі вечарамі, а ўдзень – хадзіць да хворых… Ён убачыў, як Саша ўзяла партфель у другую руку.

– Табе цяжка. Давай я панясу.

– Ні крышачкі не цяжка. Што ты выдумаў!

– Ведаеш, ты менш хадзі цяпер, няхай возяць… А то будзеш бегаць у дальнія вёскі, асабліва зімой…

– Чаму – менш?..

– «Чаму, чаму»! Ты ведаеш – чаму…

– Дурненькі ты… Ты нічога не разумееш. Хадзіць трэба больш. Гэта карысна і мне, і яму…

– Ёй!

Саша засмяялася:

– Які ты ўпарты. Усё адно…

Поле перад імі ляжала роўнае, голае, толькі з аднаго боку позірк цешыла маладая рунь азіміны, а з другога – як кінуць вокам – цягнуліся шэрая пожня і чорная ралля. Ніводнай жывой істоты, калі не лічыць адзінокага трактара, што поўзаў удалечыні, на схіле ўзгорка, чорным жуком. З-за таго ж узгорка выглядалі верхавіны таполяў у прыдняпроўскай вёсцы.

– Колькі разоў я цябе сустракала тут і праводзіла! За аднаго паўгода! Адны сустрэчы і расставанні… Хаця б месяц пажылі разам! – У голасе Сашы гучалі дакор і скарга.

– Дурань я, што паехаў пасля хваробы на працу. Я ж мог быць дагэтуль з табою. На паўтара месяца паляцеў у такую далеч.

– Я ж казала табе. Ты – упарты…

– Ды хіба я не хацеў застацца! Сашок! – Ён узяў яе за локаць, сціснуў і прытуліўся шчакой да яе пляча. – Але гэты закон… Баяўся, што будуць непрыемнасці…

– Мы ўсяго баімся. І калі мы ўжо не будзем баяцца?

– Саша, мілая, дамаўляліся не гаварыць пра сумнае.

Саша ўздыхнула:

– Я і дагэтуль не занесла ў сельсавет тры рублі.

Успамін пра тое, як яны колькі дзён назад пайшлі ў сельсавет запісацца і як у іх не аказалася трох рублёў заплаціць пошліну, заўсёды смяшыў іх. Але цяпер і гэты ўспамін здаўся Пятру вельмі сумным: у яго наогул не было грошай. Ён і дагэтуль быў па-студэнцку бедны, і Саша дала яму на дарогу. Каб змяніць тэму размовы, ён успомніў пра іншае:

– Смешна, як мой бацька крычаў, што толькі дурні жэняцца перад арміяй, калі я сказаў дома, што ажаніўся. Ім цяжка зразумець. Яны ніколі не зразумеюць, што інакш і быць не магло ў нас… Праўда, Сашок?

– А я сваім і дагэтуль не прызналася.

– Ты напішы ім.

– Каму? Бацьку і мачысе?

– Сястры. І маім напішы…

– А што напісаць?

– Маці толькі прасіла. Ты зразумей… – Яму здалося, што яна не хоча пісаць.

– Я разумею, я напішу, сёння ж напішу, – заспакоіла яго Саша.

Раптам яны змоўклі. Угары над імі пачулася сумнае курлыканне. Яны спыніліся, узнялі галовы і ў чыстым блакіце неба ўбачылі жураўлёў, роўны клін іх аддаляўся на поўдзень. Жураўлі курлыкнулі толькі адзін раз, але так жаласна і працягла, быццам развітваліся з нечым вельмі родным. Далей ляцелі моўчкі. Саша доўга позіркам праводзіла іх. Пятро ўбачыў, як па шчоках у яе скаціліся слёзы. Ён асцярожна паклікаў яе. Саша закрыла твар далонямі, а калі адняла рукі – вочы былі сухія.

– А ўсё-такі гэта цяжка… Вельмі цяжка… Божа мой! Тры гады! Народзіцца і вырасце дзіця! А цябе не будзе!..

– Саша, любая мая, харошая… Я ж праз год прыеду ў водпуск… Мне ж дадуць водпуск. Я буду старацца, буду прасіць… Ты не хвалюйся. – Ён адчуваў, што суцяшае яе наіўна, але іншых слоў не знаходзіў.

– Ну, добра, пойдзем. У цябе яшчэ вялікая дарога. Добра, калі сядзеш на машыну.

Яны выйшлі на шлях, абсаджаны маладымі бярозкамі, клёнікамі і таполямі. Дрэўцы стаялі ўжо голыя – дзе-нідзе сіратліва трапяталі адзінокія лісцікі, і ад гэтага дарога здавалася яшчэ больш маркотнай і пустой.

– Можа, вернешся, Сашок? – нясмела прапанаваў Пятро. – Табе цяжка будзе…

– Мне?.. А табе? Не, я пайду яшчэ. Я далёка пайду… Каб я магла вось так ісці з табой увесь час… усё жыццё…

– Я буду адчуваць цябе заўсёды побач… – Ён абняў яе за плечы, прытуліў да сябе, і так яны ішлі ўзбоч шырокага шляху, разбітага і пыльнага нават увосень.

– Мне здаецца, што я не дачакаюся таго часу, калі мы сапраўды будзем вось так… Заўсёды… Разам… І нікуды не трэба будзе цябе праводзіць. Мне нават не верыцца, што ёсць такія людзі, якія ўвесь час жывуць разам…

– Будзе і ў нас такое шчасце.

– А калі…

– Што? – насцеражыўся Пятро.

– Нічога… Я не хочу пра гэта гаварыць. Ты ведаеш, пра што я думаю. Пра вялікае няшчасце для ўсіх… Ты будзеш пісаць мне часта-часта, праўда?

– Кожны дзень, Сашок. Кожны дзень! – Ён не ведаў тады, як нялёгка будзе яму, салдату, выконваць гэтае абяцанне і сваё шчырае жаданне – штодзень пра ўсё расказваць ёй, сваёй Сашы.

Паднімалася сонца. У небе паплыло павуцінне.

– Чаму гэты час называецца бабіным летам? Гэта несправядліва! Я так люблю гэты час… У лесе зараз прыгожа. Я сумую без лесу. Мяне цягне за Дняпро. Заўтра пайду і буду цэлы дзень хадзіць там адна. Цэлы дзень…

– Навошта?

– Мне так хочацца… Я буду ўспамінаць цябе. Я буду клікаць цябе. Ты пачуеш?

– Саша, не трэба, – папрасіў ён, адчуваючы, як горка-салёны камяк сціскае горла.

– Не, трэба! Я перайду на другі бок дарогі, і мы будзем ісці моўчкі. Я проста пагляджу на цябе, які ты…

Яна перайшла і сапраўды доўга маўчала.

Яны ўзышлі на ўзгорак, з якога была добра відаць і вёска, у якой яна працавала, хоць адышлі ад яе кіламетраў восем, і далёкія дымы Рэчыцы, і блізкі Дняпро з шырокай лугавой поймай, застаўленай стагамі.

Саша спынілася:

– Калі ты будзеш ехаць у водпуск, ты напішы мне… Я сустрэну цябе вось тут. А цяпер я вярнуся.

Яна паставіла на зямлю партфель і ўзняла рукі, як бы намерваючыся паправіць валасы. Пятро імкліва абняў яе, прытуліў да сябе. Доўга яны стаялі так, адчуваючы частыя ўдары сэрцаў адно аднаго. Яны нічога не казалі – пра ўсё было сказана, дамоўлена. Цяпер ім хацелася проста лішнюю хвіліну пабыць разам так блізка і назаўсёды захаваць у памяці цяпло гэтай блізкасці.

Потым Саша вызвалілася з абдымкаў, сціснула абедзвюма рукамі яго галаву і пацалавала ў вусны, у лоб, у вочы. І, нічога не сказаўшы, лёгка адштурхнула яго, павярнулася і шпарка пайшла назад.

Пятро хвіліну стаяў ашаломлены, потым закрычаў:

– Са-аш-а! – і кінуўся за ёй. Яна пайшла хутчэй, каб ён не дагнаў, таму што тады развітанне зацягнулася б, а гэта – цяжка. – Са-аш-а! – закрычаў ён зноў і спыніўся. Яму стала вельмі балюча і крыўдна, што яна не азіраецца, што не хоча паслаць яму апошняга «бывай».

Тады яму не прыйшло ў галаву, што яна плача і не хоча, каб ён бачыў яе слёзы і хваляваўся. Але і яна не здагадвалася, які страшэнны боль і пакуты прычыняе яму, адыходзячы вось так…

«Няўжо табе не балюча, што ты так лёгка развіталася і не хочаш азірнуцца? Саша! Што ты робіш? Паглядзі!» – крычаў ён у думках.

Нарэшце яна павярнулася і памахала рукой. І на такой адлегласці – яна прайшла добрых крокаў сто – ён убачыў, што яна плача, і незвычайным замілаваннем і любасцю напоўнілася яго сэрца.

«Саша, любая, слаўная мая. Не плач. Не трэба. Я хутка прыеду. Праз год. Хіба мала людзей пакідаюць жонак? Не плач», – шаптаў ён, але самому яму хацелася плакаць.

Саша пайшла далей. Вось яна паднялася на ўзгорак. Зноў спынілася, зноў памахала рукой. Вось яна пачала спускацца на той бок узгорка – ніжэй, ніжэй, пакуль не схавалася зусім. Але Пятро з надзеяй глядзеў на другі ўзгорак, што віднеўся далёка за першым. Убачыць яе яшчэ раз, апошні. Сапраўды, вось зноў паказалася яе белая касынка. Вось яна ўся, Саша. Але гэта ўжо вельмі далёка – за нейкі кіламетр, ужо нельга разглядзець ні яе твару, ні нават колеру сукенкі. Саша доўга стаяла там, на вяршыні ўзгорка, на фоне яснага неба – адзінокая, сумная жаночая постаць сярод асенняга поля.

«Бывай, Сашок, бывай! Не плач. Я ніколі не забуду цябе – ты дала мне столькі шчасця! Я на крылах прылячу да цябе. Праз год. Гэта хутка, вельмі хутка…»

Постаць Сашы знікла. Больш Пятро не мог убачыць яе. Ён уздыхнуў і падняў з зямлі свой партфель…


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю