355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Трывожнае шчасце » Текст книги (страница 11)
Трывожнае шчасце
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 02:20

Текст книги "Трывожнае шчасце"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 43 страниц)

Сапраўды, неўзабаве брат прынёс ёй задание падпольнай групы. Ён вярнуўся пад вечар з лесу, дзе разам з Цішкам i іншымі хлопцамі траляваў з лесасек на шашу дровы, якія потым немцы на машынах перавозілі ў горад. Саша адразу ж, па вачах, убачыла, што ён мае сказаць ёй нешта важнае. Абое яны з нецярплівасцю чакалі моманту, калі Поля выйдзе з хаты. Калі тая нарэшце пайшла даглядаць карову, Данік забраўся ў той жа закутак паміж печчу i грубкай i паклікаў Сашу. Яна падышла з дзіцем на руках.

– Слухай, ёсць табе задание, – зашаптаў брат. – Нялёгкае, адразу табе скажу. Незвычайнае… Але ў падпольнай барацьбе ўсё бывае… У партызанскім атрадзе ранены камісар… Яму адрэзалі ступню нагі, i бок прастрэлены, не гоіцца. A ў лесе зараз цяжка – зіма. Стары лагер яны пакінулі: немцы напалі… У родную вёску чалавек не можа пайсці, сама разумееш, там кожны яго ведае… Трэба яму прытулак… Мы параіліся з хлопцамі i вырашылі: самае лепшае – у нас…

– У нашай вёсцы? – спытала зацікаўленая Саша.

– Не, у нашай хаце… У нас.

У куце было ўжо цёмна, i яны дрэнна бачылі адно аднаго. Але па руху, які зрабіла Саша – неяк шчыльней прыціснула малую, – Данік зразумеў, што гэта яе моцна здзівіла i ўразіла. Баючыся, каб яна не запярэчыла, хлопец сціснуў яе локаць, зашаптаў горача i хутка:

– Твайго Пятра ніхто не бачыў, не ведае тут… Нават i Поля… Камісару зробяць дакументы на Пятра, быццам немцы адпусцілі яго, раненага, з лагера палонных. Ёсць жа такія выпадкі…

Саша аслупянела. Перш за ўсё сэрца апякла страшная думка, якая ніколі раней не з'яўлялася: што i яе Пеця можа быць у палоне, у адным з гэтых жудасных лагерау, пра якія яна чула. У кашмарных снах, у пакутлівых уяўленнях яна часам бачыла Пецю раненым, сцякаючым крывёю на абмерзлых скалах, у снягах далёкай Поўначы. Але ні разу не бачыла яго ў палоне. Пеця, ласкавы, любы, жыццярадасны, i фашысцкі палон – не пагаджалася з гэтым яе свядомасць. Не, не, лепш смерць, чым гэта, крычала яе сэрца. Яна не чула далейшых пераконванняў Даніка, які даводзіў:

– Ты павінна зразумець, якога чалавека мы ратуем… У нас яму з усіх бакоў добра. Ты – медык, можаш палячыць яго раны. Чалавек хутчэй стане на ногі, чым дзе ў іншым месцы.

Адагнаўшы нарэшце думкі аб Пецевым палоне, Саша ўявіла, як чужы, незнаемы чалавек прыедзе ў ix хату i яна мусіць называць яго мужам, Пецем, магчыма, прыйдзецца нават на людзях абняць, пацалаваць, каб не выдаць яго, сябе… I ў гэты ж момант думаць пра Пецю: дзе ён, што з ім? Чужы чалавек Ленку будзе называць сваёй дачкой.

Не, гэта немагчыма! Яна можа выканаць любое задание, пайсці на смерць… Але толькі не гэта! Данік – дзіця, не разумев, якая гэта пакута будзе для яе.

– Данік, я не магу… – прашаптала яна. – Ты зразумей… Я не ведаю, што з Пецем, a ў гэты час чужы чалавек будзе жыць пад яго імем. Я не здолею так прыкідвацца.

Заварушылася, заплакала Ленка.

– Cпi, мая маленькая, зорачка мая ясная, – загушкала Саша малую, прымаўляючы па-вясковаму пяшчотна i мнагаслоўна: – Cni, мая ягадка. Нікога не бойся… ты з мамай. Hiкому я не дам цябе пакрыўдзіць, сінічку маю ненаглядную.

– Значыцца, не можаш? – тузануў яе за локаць Данік, перапыняючы размову з дачкой.

– Данік, ты не падумаў, як цяжка будзе ўсім нам… мне… Пашкадуй мяне, Данік, я жывы чалавек, – маліла яна.

Ён выпусціў яе локаць:

– Я думаў… Мы ўсе думалі. А вось ты… На словах – гераіня. A калі справу трэба рабіць, то перш за ўсё пра сябе думаеш. Лішні раз пахвалявацца баішся… А яшчэ пішчала: чаму маўчым, чаму нічога не робім? Дайце задание… Вось табе задание!..

Ён кідаў з кутка гэтыя бязлітасныя словы, як каменні.

– Данік, ты зразумей мяне правільна. Я не баюся, Данік!..

Але словы яе яшчэ больш узлавалі напорыстага хлопца. Ён сам прапанаваў такі варыянт – прытуліць камісара ў сваёй хаце, цвёрда ўпэўнены, што Саша не толькі не адхіліць яго план, а, наадварот, узрадуецца такому надзвычайнаму заданню. I раптам Саша адмаўляецца. Як жа ён цяпер гляне хлопцам у вочы, што скажа, каб апраўдаць сябе i Сашу? Што падпольшчыкі i партызаны падумаюць пра ix? Яму стала балюча, сорамна i крыўдна за сястру, за яе баязлівасць; ён не прызнаваў ніякіх іншых прычын, акрамя адной: баіцца. I каб яна проста сказала пра гэта, ён мог бы зразумець i дараваць, бо Саша не адна, у яе – дзіця, сам ён, уцягваючы яе ў падпольную барацьбу, ніколі не забываўся на гэта. Але калі яна, як ён лічыў, пачынае выкручвацца, хітраваць, спасылацца на «высокія пачуцці» i прыцягваць да зусім рэальнай справы невядомага яму, Даніку, а таму i нерэальнага «свайго Пецю», гэта яго абурыла.

– Што Данік? Данік які быў, такі i астанецца. А вось ты… як ты пасля глянеш на сябе? Чалавек жыцця свайго не шкадаваў… А мы баімся прытулак яму даць. Няхай ранены замярзае ў лесе. Калі твой Пеця сапраўды чырвонаармеец, я думаю, не пахваліць ён цябе за гэта, калі даведаецца…

Сам таго не падазраючы, Данік сказаў такія словы, якія ўмомант змянілі кірунак імклівых Сашыных думак. Сапраўды, што сказаў бы Пеця, каб яна параілася з ім? Яна не ўпершыню правярала гэтак свае ўчынкі. Няўжо ён кіне ёй дакор, што яна дала прытулак раненаму партызану? Не, ніколі! Безумоўна, самой ёй будзе вельмі цяжка. Але каму цяпер легка! Хіба мае яна права засцерагаць сябе ад цяжкасцей, перажыванняў? Хіба яна не баец, як усе, не падпольшчыца-партызанка? Як жа яна адмаўляецца ад такога ганаровага задания? Ёй жа давяраюць жыццё партызанскага камісара!

Данік скрыгатнуў з роспачы зубамі i, ссутулены, падобны на старога, пасунуўся да дзвярэй.

– Данік! – спыніла яго Саша. – Чакай… Я згодна…

Ён зноў апынуўся каля яе, забыўшыся на сваю злосць, крыўду, i схапіў рукамі за плечы, нібы баючыся, што яна зноў перадумае i адмовіцца.

– Згодна?

– Ты не падумай, што я таму, што баюся… Але… Як Поля?

– А што Поля? Поля нічога не ведае i не павінна ведаць… Яна ж таксама ніколі ў вочы не бачыла твайго Пеці… Фотакартачка ў цябе адна, малюсенькая… Мы яе заменім.

Саша ўздыхнула i ціха, незласліва сказала:

– Дурань ты малы, Данік. Хіба гэта ад яе можна схаваць? У адной хаце жыць будзем… Яна ў першы ж дзень убачыць, што мы ніякія не жонка i не муж. Паспрабуй тады тлумачыць.

Юнак разгубіўся. Вось ліха, пра ўсё ён падумаў, усё ўлічыў, нават на фотакартку не забыўся, а вось гэта i ў галаву не цюкнула.

– Што ж ты прапануеш? – ужо нясмела, няўпэўнена спытаў Данік; ініцыятыва ў вырашэнні гэтай нялёгкай задачы цалкам перайшла да Сашы.

– Трэба сказаць Полі.

– Што ты! Спалохаецца. Загалосіць. Праваліць усю справу.

– Магчыма, спалохаецца, паплача, але… зразумее, Данік. Яна ж наша сястра. Усё адно без яе дапамогі нам не абысціся.

Позна ўвечары яны пачалі размову з Поляй. На прыпечку дагарэла лучына, i старэйшая сястра загадала:

– Спаць, дзеці! Заўтра Даніку рана ў лес, а ты, Саша, пойдзеш да цёткі Марыны, паможаш кроены паставіць. Яна прасіла. Ды i сама павучышея ніты закідаць.

Сашу кальнула ў сэрца: «Зноў ісці за наймічку».

Не было больш цяжкай пакуты, як ісці на заробак у чужую хату, працаваць пад наглядам людзей, у якіх тая перавага, што яны маюць чым заплаціць за працу. Яна ведала, што не ўсе гэтыя людзі кулакі ў душы, пераважная большасць з ix зусім не радуецца такому становішчу, аднак усё адно яе глыбока абражала плата натурай i асабліва словы спачування, якія часта прыходзіцца выслухоўваць. Цяжка бывае зразумець, хто з ix кажа шчыра, а хто зларадна: так табе i трэба, інтэлігентачка, доктарка.

Даволі часта Саша працавала не за хлеб i не за соль (соль была даражэй за ўсё), а за дзвесце грамаў газы ці за карабок запалак. Ёй так цяжка было ўставаць па некалькі разоў на начы да дзіцяці без святла: не будзеш жа раздзьмухваць вугалькі i паліць лучыну, калі Ленка, мокрая ці, яшчэ горш, нездаровая, крычыць на ўсю хату. Здабытую газу ашчаджалі надзвычай.

Таму Поля вельмі здзівілася, калі Данік, у адказ на яе загад спаць, запаліў газнічку.

– Ты навошта гэта паліш без патрэбы? – накінулася яна на брата.

Ён моўчкі занёс газнічку ў запаветны закутак, куды яшчэ раней схавалася Саша, i паклікаў старэйшую сястру:

– Ідзі сюды, Поля.

Калі яна прыйшла, паказаў на ўслончык:

– Садзіся. Пагаварыць трэба.

Здзіўленая i крыху спалоханая, Поля паслухмяна села.

– Давай, – кіўнуў Данік Сашы: яны так дамовіліся, што гаварыць будзе яна, яе Поля спакайней выслухае, а на яго можа адразу накінуцца.

Саша села побач, плячо ў плячо, паклала руку на калена сястры.

– Слухай, Поля, што мы табе скажам. Не палохайся. Не злуйся. Ты ў нас была за маці, ты нас выгадавала, i мы цябе любім, як маці. Але тут справа такая… Зразумей нас… Мы з Данікам камсамольцы, i мы не маглі інакш… – Яна панізіла голас да шэпту. – Мы звязаны з партызанамі…

– I ты?! – здзівілася Поля, але не закрычала, не заплакала, a толькі сумна паківала галавой. – Што вы сабе думаеце! Ну няхай гэты сарвігалава… A ў цябе ж малое дзіця…

Такія спакойныя Поліны словы падбадзёрылі Сашу i Даніка, бо чакалі яны горшага.

– Поля, – зноў таямніча зашаптала Саша, – партызанскае камандаванне дало нам задание… прытуліць у сябе… у нас у хаце раненага камісара… Яму зробяць дакументы на Пецю… Быццам яго з лагера адпусцілі…– Тлумачыць далей у яе не хапіла сілы. Яна змоўкла, i ў напружанай цішыні, у якой было чуваць, як легка патрэсквае кнот газнічкі, яны чакалі, што адкажа старэйшая сястра. Поля маўчала. Данік сачыў за яе вялікім ценем на белай сцяне грубкі. Там адбілася ўсё: як яна ўздрыгнула, як адхіснулася ад Сашы, потым прытулілася зноў, як пачала павольна i панура нахіляцца яе галава.

Нарэшце Поля цяжка ўздыхнула. I яны зразумелі, што яна – ix саўдзельніца, ix верны таварыш па барацьбе.

Саша, адчуваючы, што вось-вось не стрымаецца i заплача, прытулілася тварам да яе пляча.

Данік па-мужчынску проста пахваліў:

– Малайчына ты ў нас, Поля!

VI

Ён прыехаў адвячоркам.

Фурман у аблезлым кажушку спыніў худога каня каля крайняга калодзежа, недалёка ад школы, дзе размяшчаліся паліцэйскія. Ён памог вылезці з саней чалавеку ў шынялі, у летняй фуражцы, з абмоткай на шыі замест шаліка, падаў яму мыліцу i амаль пусты рэчавы мяшок. Інвалід сунуў яму нейкія грошы, i фурман павярнуў каня назад.

Чалавек астаўся стаяць пасярод вуліцы, абапіраючыся на мыліцу. Левая нага яго была абута ў стаптаны кірзавы бот, на правай тоўста накручаны брудныя анучы.

Убачыўшы каля калодзежа старую, што з жаночай цікаўнасцю намагалася пазнаць салдата, ён пакульгаў да яе.

– Скажыце, дзе хата Фёдара Траянава? – спытаў ён.

– А вунь пятая адгэтуль… Вунь, дзе вялікая таполя…

– А Саша… Саша ix тут… дома?

– Саша? А Божачка ты мой! – адразу здагадалася i загаласіла жанчына. – Даражэнькі ты мой! Тут яна, дома твая Сашачка!.. З дочачкай роднай! А гаротны ты мой!..

«Ён ажно пахіснуўся», – раеказвала пасля жанчына, яна хацела падтрымаць, правесці, але ён падзякаваў i «не пайшоў, не пакульгаў, а трушком пабег, хоць i на адной назе».

Праз пяць мінут паўвёскі ведала, што прыйшоў без нагі муж Сашы Траянавай.

Данік назіраў з вышак сваёй хаты, праз шчыліну ў страсе. Калі чалавек стаў набліжацца, ён саскочыў адтуль i паведаміў сестрам:

– Прыехаў! Ідзе…

Сашу, якая лічыла, што падрыхтавала сябе належным чынам да сустрэчы з гэтым чалавекам, ахапіў нейкі незразумелы страх. Яна замітусілася па хаце, не ведаючы, што рабіць, куды дзець сябе, схапіла Ленку, але адчула, што рукі трасуцца, i передала малую Полі, якая сядзела за калаўротам. Паспрабавала наводзіць парадак, перастаўляць рэчы, папраўляць падушкі.

Поля сказала:

– Не трэба, Саша.

А што трэба? Што трэба ёй рабіць? У скронях балюча стукала кроў, ажно зялёныя кругі паплылі перад вачамі. Як яна скажа яму, чужому, незнаёмаму: «Ты, Пеця», як сустрэне яго?

Калі рыпнулі вароты, яна застыла пасярод хаты як каменная, баючыся паварухнуцца, баючыся хоць на міг адвесці вочы ад дзвярэй. Фантастычна-неверагодная думка бліснула ў яе гарачай галаве: можа, Данік такім чынам падрыхтоўвае яе сустрэчу з Пецем?

Вось адчыняцца зараз дзверы, i зойдзе ён… Не, не, гэтага не можа быць, не павінна быць! Яна не жадае, каб ён быў у палоне, каб ён вярнуўся цяпер, калі ідзе бой за Маскву, за жыццё. Розумам яна не жадала яго звароту, а сэрца, дурное бабскае сэрца, замерла ў чаканні…

Дзверы адчыніліся, i… Саша ўскрыкнула, спалохаўшы Полю i Даніка.

На парозе стаяў Уладзімір Іванавіч Лялькевіч.

Саша адразу пазнала яго.

Ён акінуў хуткім позіркам прысутных – добра, што ў хаце не было нікога чужога! – зачыніў дзверы i пакульгаў да Сашы, якая стаяла нерухома, ашаломленая, разгубленая: як прыняць чалавека, які некалі дамагаўся яе кахання? Поля насцярожана ступіла насустрач яму, як бы жадаючы загарадзіць малодшую сястру.

Ён спыніўся перад імі i, не вітаючыся, аднак не зводзячы яснага i смелага позірку з Сашы, ціха сказаў:

– Паверце, Аляксандра Фёдараўна, што толькі сёння, калі мне расказалі падрабязна, назвалі ваша дзявочае прозвішча, я здагадаўся… зразумеў, што гэта – вы. Калі вам вельмі непрыемна, я заўтра ж пайду, дазвольце толькі пераначаваць. – Ён апусціў вочы i схіліў галаву: ісці яму не было куды. – Вы скажаце, што я пайшоў праведаць сваіх бацькоў…

Поля зразумела, што гэта ўсяго толькі знаёмы, i, з палёгкай уздыхнуўшы, зірнула на Сашу.

«Чаму ж ты маўчыш? Скажы чалавеку слова!» – гаварыў яе позірк.

Саша схамянулася i працягнула руку:

– Добры дзень, Уладзімір Іванавіч.

Ён выпусціў мыліцу, нахіліўся, каб паціснуць яе руку, i пахіснуўся. Поля падтрымала яго:

– Ды вы сядайце. Дайце ваш мяшок. Распранайцеся.

Яны рабілі не тое, што трэба, не тое казалі адно аднаму.

Даніку не спадабаліся не толькі паводзіны сясцёр, але i паводзіны самога камісара. Глянуўшы на вокны, ці не падглядаюць праз адтуліны ў шыбах цікаўныя вочы жанчын, дзяцей, ён гучна павітаўся:

– Здароў, Пеця!

Лялькевіч павярнуўся i адразу ж радасна абняў Даніка.

– Здароў, Данік, здароў, дарагі!..

Гэта было шчыра, бо яны ведалі адзін аднаго, сустракаліся ў атрадзе, калі Данік хадзіў увосень на сувязь i Лялькевіч гутарыў з ім. Камісар адчуў глыбокую ўдзячнасць да гэтага разумнага, смелага хлопца i расчуліўся да слёз. Убачыўшы, як заблішчалі яго вочы, не стрымалася – заплакала Поля. Замітусілася, памагла яму скінуць шынель, пасадзіла на лаву. Саша цяпер толькі ўбачыла яго нагу, абкручаную анучамі, мыліцу, якую ён паклаў побач, успомніла Пецю i таксама праслязілася. Слёзы ix аказаліся вельмі дарэчы, бо праз хвіліну ў хату ўскочыла суседка Аксана – прынесла сіта, якое ўзяла з тыдзень назад i ўсё забывалася вярнуць. Яна спынілася каля парогa, прыкінуўшыся, што збянтэжылася, убачыўшы незнаёмага чалавека. Данік i тут не разгубіўся. Ён амаль з дзіцячай непасрэднасцю паведаміў:

– Ксана! Сашын муж прыйшоў… Пеця! З лагера!..

Маладая жанчына, якая, пачуўшы гэту навіну на вуліцы, прыбегла, каб пераканацца самой, ад нечаканасці выпусціла з рук сіта, яно пакацілася цераз усю хату пад ногі Сашы.

Аксана нясмела, сарамліва падышла, працягнула чырвоную, загрубелую руку:

– Добры дзень, Пеця. Ca зваротам вас… Шчаслівым…

Няхай будзе шчаслівы…

Потым кінулася да Сашы, абняла i залілася слязьмі. Убачыла чужыя радасць i гора – успомніла сваё: забітага немцам! свёкра, мужа, які невядома дзе цяпер, можа, даўно снег укрыў яго белыя косці.

Саша разумела, што ёй трэба адказаць слязьмі i нейкімі словамі. Але не было ні слёз, ні слоў. У гэты момант заплакала ў калысцы Ленка. Поля ўзяла яе i пад несла «бацьку». Ён пацалаваў i ціха сказаў:

– Дачка мая.

Саша ўздрыгнула, пачуўшы гэта. Яна забылася на Аксану, на яе слёзы, уся неяк сціснулася, напружылася i раўніва сачыла за кожным рухам Лялькевіча, гатовая ў любую хвіліну кінуцца i адабраць у яго дзіця. Якая яна яму дачка! Але Уладзімір Іванавіч як бы адчуў гэта i хутка перадаў малую Полі. Саша ўздыхнула, успомніла сваю ролю i пацалавала суседку ў мокрую шчаку.

– Супакойся, Аксана. Такі наш лес жаночы.

– Ксана, – звярнулася да яе Поля, – ты пазычыш мне?.. – Яна не сказала – чаго. – Госця сустрэць. Можа, калі-небудзь разжывёмся…

– Полечка, родная, про што ты кажаш! Усё, што ёсць у маёй хаце! Усё! Разам жыць – разам гора перажыць…

Поля i Аксана хутка выйшлі.

Данік хітра ўсміхнуўся камісару:

– «Полечка, родная, пра што ты кажаш!» Усё, чым мы сустракаем госця.

Яны асталіся адны, калі не лічыць Ленку. Хвіліну маўчалі.

«Чаму ён маўчыць?» – нервавалася Саша. Але каб яна не баялася глянуць, то здагадалася б, чаму ён маўчыць. Пасля непасільнага для раненага напружання i душэўнага хвалявання камісару стала блага. Збялелы, ён прытуліўся галавой да сцяны, баючыся страціць прытомнасць. Не, i на гэты раз ён перамог сваю слабасць, выцер рукавом халодны пот на лбе, ціха папрасіў:

– Аляксандра Фёдараўна, дайце, калі ласка, вады.

Яна глянула i ахнула:

– Вам нядобра?..

Ён піў, i зубы яго стукалі аб конаўку. Цяпер яна стаяла побач, уважлівая, чулая, забыўшыся на свае пачуцці.

– Можа, ляжаце?

– Не, нічога. Прайшло. – Ён вінавата ўсміхнуўся. – Аляксандра Фёдараўна, я хачу, каб вы паверылі, што я нічога не ведаў… Для мяне гэта вельмі важна.

– Уладзімір Іванавіч, навошта вы так? Чаму вы думаеце, што я не веру вам? Вы як бы засцерагаеце мяне ад нечага, i выходзіць, што вы самі не верыце мне. Зразумейце, для мяне гэта задание арганізацыі, ваша…

– Толькі не мае…

– Партызан! А вы ix камандзір. Глядзіце на мяне як на партызанку, якая выконвае ваша задание. Так мне лягчэй будзе. Вы – камандзір, я – ваш баец. Аб усім іншым я сама буду думаць. Аб сваёй дачцэ, аб сваім мужу…

Ён схіліу галаву:

– Я разумею вас. Дзякую вам.

Саша нахмурылася.

– Завошта дзякаваць? Я нічога яшчэ не зрабіла. – I, жадаючы перавесці размову на іншую тэму, яна спытала: – Даўно вас ранілі?

– На свята. Мы вырашылі паднесці ім «святочны сюрпрыз». Наляцелі на Зубраўку, там у ix склад боепрыпасаў. Склад мы запалілі… Але на станцыі чамусьці апынуліся танкі. Гітлераўцы кінулі ix наўздагон нам. Танкі білі з гармат. I мяне – асколкамі…

– Скажыце, многа ў вас там людзей, у лесе?

– Многа. – У ягокарых вачах успыхнула ледзьпрыкметная ўсмешка. – Вы маеце на ўвазе наш атрад? Але хіба наш атрад адзін? Атрады ўсюды, у кожным раёне, у кожным лесе. Яны растуць, як грыбы.

Саша даверліва наблізілася:

– Вось добра! Трэба, каб пра гэта ведал i людзі. А то мы сядзелі тут, што ў цемры. Нічога не ведалі, нічога не бачылі. Пакуль хлопцы не звязаліся з вамі. Вы не ўяўляеце, як гэта страшна. Якія цяжкія думкі з'яўляюцца.

Вочы камісара раптам загарэліся дзіўным агнём, ён азірнуўся на вокны i схапіў Сашу за руку. Яна хацела адняць руку, але ён цягнуў яе да сябе.

– Слухайце, Аляксандра Фёдараўна! Вам… вам першай… я скажу навіну… Шчаслівую навіну. Пазаўчора па радыё прынялі…

Пачуўшы гэта, Саша паслухмяна села на лаву, побач з ім, не аднімаючы больш рукі, якую ён сціскаў усё мацней i мацней.

– Нашы разграмілі немцаў пад Масквой. Чуеце, Саша? Разбілі! I гоняць прэч гадаў. Тысячы трафеяў! Тысячы палонных!.. Вось пра гэта трэба, каб народ як мага хутчэй даведаўся! У маім шынялі зашыта некалькі лістовак. Мы ix размножым…

Нехта застукаў у сенцах. Яны спынілі размову, i Саша хутка адышла да калыскі. Радасна ўсхваляваная навіной, яна падумала, што чалавек гэты прыйшоў сюды не толькі дзеля таго, каб залячыць свае раны, але i каб працягваць барацьбу, кіраваць імі, маладымі падпольшчыкамі.

Праз гадзіну-паўтары, калі добра ўжо сцямнела, у хаце сабраліся Аксана, дзядзька Раман з жонкай, сусед Хвядос, які месяцы два таму назад прыйшоў, ранены, з акружэння, дзве суседкі-бабулі. Жанчынам хацелася пабачыць Сашынага мужа, мужчынам – чалавека, які вярнуўся з лагера палонных. На стале, засланым святочным абрусам, тым, што ткала яшчэ нябожчыца маці ў пасаг дочкам, стаялі талеркі ca скрылькамі сала, міскі з гуркамі, капустай, бульбай, ад якой да самай столі падымалася пахучая пара, дзве пляшкі самагонкі, закаркаваныя кавалкамі кіяха.

Спачатку ўсе паводзілі сябе стрымана, паважна, як належыць у такіх выпадках. Мужчыны, увайшоўшы ў хату, віталіся з «Пецем» за руку, цёткі цалаваліся з Сашай i пла», калі. У тыя чорныя дні ў жанчын хапала прычын, каб паплакаць.

За стол селі не ўсе: суседкі ад запрашэння ветліва адмовіліся i прымасціліся на лаве. Дзядзька Раман, чалавек дасціпны, бывалы, узяў сабе ролю гаспадара, па вясковых законах у яго на гэта было маральнае права: Саша – яго хросніца. Шклянак было ўсяго дзве, i дзядзька Раман наліў у першую чаргу сабе i «Пецю».

– Ну, сынок, за тое, каб нам жыць i жыць, на злосць супастатам. Не гаруй, што без нагі… Кажуць, чаму бываць, таго не мінаваць. Судзьба. Я вось з пятнаццатага года на дзеравяшцы… Таксама ад ix снарада. – Ён кіўнуў галавой у акно.

Саша, якая насцярожана сачыла за ўсім, убачыла, як уздрыгнулі ў Лялькевіча бровы i задрыжала рука. «Навошта дзядзька суцяшае? Каму легка ў дваццаць пяць год аставацца калекам? Навошта пра гэта напамінаць?»

А дзядзька не сунімаўся:

– Але нічога, брат, як бачыш, жыву. Была б галава на плячах. A ў цябе яна ёсць. Чалавек ты вучоны. Тэхнік. Мы з табой яшчэ не адну дарогу пабудуем, на злосць супастатам. Дык будзьма ж!..

Саша не садзілася. Поля ўступіла ёй абавязкі гаспадыні, i яна завіхалася па хаце, шукаючы сабе работы i стараючыся менш быць на святле – над сталом гарэла Аксаніна лямпа. Саша калыхала дачку, падавала капусту, падкідвала дровы ў печ, дзе варыўся другі чыгун бульбы. Калі выпілі ўсе, хто сядзеў за сталом, Саша паднесла пачастунак суседкам. Бабулі хрысціліся i казалі аднолькавае пажаданне:

– Няхай табе Бог шчасця дае. Каб шчасліва жылося вам…

Прыгублівалі для прыліку, выціралі рагамі хустак вусны i адмаўляліся ад закускі.

У Сашы ад ix простых i шчырых слоў балюча сціскалася сэрца. «Каб нам шчасліва жылося? Бабулькі, родныя, каб вы ведалі, хто мы! Але так трэба… Так трэба!»

Мужчыны не саромеліся закусваць, але больш налягалі на гуркі i бульбу, бо ведалі, што сала ў гэтай сірочай хаце не сваё – пазычанае.

Лялькевіч выпіў, з'еў гарачай бульбы, i бледны твар яго пакрыўся нездаровымі чырвонымі плямамі.

– Што, братка, кажуць, страх што робіцца ў гэтых лагерах? – спытаў Хвядос, з жахам думаючы, што ён таксама мог трапіць туды.

– Ды ўжо ж вядома, у палоне – не ў цешчы ў гасцях, – стрымана адказаў Лялькевіч, зірнуўшы на Даніка, які адзін за ўсіх апетытна ўплятаў сала.

– Кажуць, раненых ды хворых яны канчаюць там, душагубы праклятыя, – азвалася цётка Ганна, Раманава жонка.

Лялькевіч кінуў позірк на Сашу. Яна стаяла ля калыскі i ў сваю чаргу глядзела на яго, разумеючы, як нялёгка адказваць яму на такія словы: трэба захаваць асцярожнасць i ў той жа час не здацца гэтым добрым людзям чужаком, не страціць ix давер.

Ён уздыхнуў:

– Розныя i сярод ix ёсць. Некаторыя на вайне звярэюць.

– Ох, звярэюць. Горш за звяроў робяцца, – не стрымалася зноў Ганна.

– A ўвогуле, ёсць міжнароднае правіла, як адносіцца да палонных, – змякчыў Лялькевіч свае i цётчыны словы.

– Эх, братка ты мой! – махнуў рукой Раман. – Правіла ты хацеў ад гэтых супастатаў! Бачыў ты ў ix правіла?

– Дачка мая Прося, што ў Баршчоўцы замужам, расказвала… – умяшалася ў размову адна з бабуль, што дагэтуль маўкліва сядзела на лаве. – У тую нядзельку прыходзіла адведаць мяне. Дык яна расказвала. Вялі гэтыя ірады паўз ix сяло, можа, тысячу нашых салдацікаў… Вывелі на луг i ўсіх палажылі, саколікаў. Завошта? Божачка ты мой! КольKi крыві людской льецца!

Мабыць, адчуўшы, што размова набывае не зусім пажаданы ў такіх умовах характар, Хвядос спытаў:

– I многіх яны адпускаюць?

Лялькевіч вырашыў: лепш няхай падумаюць блага аб ім, чым адразу наклікаць падазронасць паліцыі. Хто-небудзь з жанчын па наіўнасці сваёй раскажа, якія размовы вяліся ў дзень яго прыезду, – i ён можа аказацца пад наглядам, а гэта вельмі i вельмі непажадана.

– Многіх, – адказаў ён. – А што ім цяпер баяцца? Кажуць, Маскву ўзялі…

Але атрымалася горш.

– Маскву? – ажно страпянулася Аксана. – I вы паверылі? Брэшуць яны, як сабакі! Яны яшчэ перад святам крычалі пра гэта… А я сама чытала…

Данік азірнуўся на вокны.

Поля тузанула суседку за рукаў:

– Ксана!

Дзядзька Раман хуценька схапіўся за пляшку:

– Вып'ем, браткі, яшчэ па адной. Вып'ем, на злосць…

Забулькала самагонка.

Заскрыпеў кручок на столі, за які была падвешана калыска – Саша гайданула яе мацней, чым звычайна.

Аксана таксама зразумела, што сказала залішне, i схапіла налітую дзядзькам шклянку:

– Вып'ем, мужчынкі! Вып'ем, бабы! Саша! Чаму ты ад нас хаваешся за печ ды за люльку? Хадзі да стала! Сядай побач з мужам, мы паглядзім, якая вы пара. Ці падыходзіце вы адно аднаму?

Астатнія жанчыны, сваячкі i суседкі, падтрымалі яе:

– Праўда, Саша. Што ты яе ўсё калышаш? Спіць дзіця i няхай спіць. A ў печы Поля паглядзіць. Сядай.

I нават Данік таксама сказаў паважна, сур'ёзна:

– Сядай, сястра.

Аксана падхапілася, абняла яе, прывяла да стала. Ёй далі месца побач з «мужам». Яна села, сцішаная, нясмелая, нязграбная. A ўсе ў вёсцы ведалі яе як самую вяртлявую, дасціпную, вясёлую дзяўчыну. I яе палохала ўласная скаванасць: убачаць ix побач i адразу зразумеюць, што ніякія яны не муж i жонка. Саша, панурыўшыся, глядзела ў шклянку з мутнай вадкасцю, якую ёй нехта падсунуў.

– Саша, падруга ты мая дарагая! Гляджу я на цябе i дзіўлюся: быццам не рада ты, што вярнуўся твой Пеця. Божачка мой! Ды няхай бы мой Іван вярнуўся без нагі, без рукі, я на руках яго насіла б, як дзіця. Але хто ведае, ці вернуцца нашы. Можа, мы даўно ўжо ўдовы i дзеці нашы сіраты. – I Аксана залілася слязамі, а следам за ёй i іншыя жанчыны.

Саша падняла галаву i глянула на Лялькевіча, позіркі ix сустрэліся. У яго запалых вачах бліснулі расінкі слёз. Ён выцер ix пальцамі. Саша кіўнула яму, як блізкаму чалавеку, i працягнула сваю насавую хустачку. Ён узяў яе i выцер вочы. Удзячна ўсміхнуўся ў адказ i падняў шклянку, моўчкі запрашаючы выпіць. Саша паказала позіркам на калыску: нельга, мне карміць дачку.

– Нічога, Сашачка, спаць лепей будзе ваша Ленка, – падтрымала яго запрашэнне цётка Ганна.

Яны выпілі. За гэтай ix нямой размовай пільна сачылі ўсе прысутныя, i яна расчуліла i ўзрадавала гасцей. Значыцца, паміж Сашай i «Пецем» усё як мае быць, i абодва яны вунь як рады, ажно слоў не знаходзяць, каб выказаць сваю радасць. I ўсім стала хораша ад гэтага. Усе весела загаманілі, пачалі выпіваць. Цётка Ганна, відаць, трохі ап'янела. Ёй захацелася пацалаваць «Пецю». Яна цераз стол пацалавала яго худую калючую шчаку. I новая думка асяніла яе.

– Сашачка! Мы ж на тваім вяселлі не былі. Дык няхай жа сустрэча гэтая i будзе вяселлем для нас, бо што ў вас там раней было, мы не ведаем…

У Сашы заняло дух i самлелі рукі ад гэтай новай выдумкі i прапановы. Праўда, дзядзьку Раману не спадабалася.

– Што ты мелеш, жонка! Якое табе яшчэ вяселле!

– А якога ты хацеў цяпер? Сабраліся людзі, радуюцца, што сустрэліся маладыя, можа, ix шчасце вярнулася – вось табе i вяселле!

Аксана, як толькі пачула пра вяселле, выцерла рогам хусткі вочы i разам са слязамі як бы сцерла з твару ўвесь смутак i гора: кінула гарэзлівы позірк на «жаніха» i «нявесту», пляснула ад задавальнення рукамі.

– Праўду кажа цётка Ганна! – Узяла шклянку, прыгубіла i зморшчылася, закруціла галавой. – Ой, горка!

Ганна i суседкі-бабулі адразу падтрымалі яе:

– Горка! Горка!

Саша адчула, як да шчок, да вушэй хлынула кроў, запульсавала ў шыі, у скронях, a ў грудзях стала пуста i холадна. Яна адчувала, што Лялькевіч глядзіць на яе, чакае, i баялася ўзняць вочы. З-за яго спіны Данік моцна штурхануў яе ў бок; брат загадаў: рабі што трэба!

– Божачка мой! – засмяялася Аксана. – Дзіця нарадзіла, а саромеецца, як малая!

Лялькевіч устаў, абапіраючыся на стол. Данік штурхануў сястру другі раз. Тады Саша таксама паднялася, рашуча паклала рукі на яго плечы, але глянуць у вочы не адважвалася. Убачыла, што на гімнасцёрцы ў яго армейскія гузікі з зоркамі, i падумала, што гузікі трэба замяніць на звычайныя, каб часам які-небудзь п'яны паліцай ці немец не прычапіўся. За гэтай старонняй думкай яна амаль не пачула, як ён пацалаваў – ледзь дакрануўся да яе вуснаў. Але жанчыны весела зашумелі, i Саша, схамянуўшыся, глянула на ix дзёрзка, смела i таксама засмяялася. З гэтага моманту яна пачала іграць ролю жонкі зусім натуральна.

Цётка Ганна заспявала вясельную:

 
Ой, ляцелі гусачкі цераз сад,
Крыкнулі, гукнулі на ўвесь сад…
 

Падхапілі жанчыны. Заспяваў Лялькевіч, за ім – Саша.

Не скончылі адну песню, як часта гэта бывае ў бяседзе, – адна з суседак зацягнула другую, працяжную i сумную:

 
Ляцяць, ляцяць шэрыя ryci цераз сад,
Вядуць, вядуць сіротачку на пасад…
 

Саша не ведала слоў гэтай старой песні. Лялькевіч успомніў, што песня занадта жаласлівая, што Сашу, якая расла без маці, яна можа засмуціць, а таму, перапыніўшы жанчын, заспяваў іншую:

 
Як сарву я ружу-кветку
Ды пушчу на воду…
 

Магчыма, на нейкі момант людзі забыліся, што недзе лютуюць вайна i смерць. Ім захацелася хоць хвілінку нейкую пабыць там, дзе заўсёды славяць жыццё i маладосць, – на сапраўдным вяселлі. Колькі цудоўных, душэўных песень склаў народ аб гэтай падзеі – сумных, вясёлых, сур'ёзных, смешных! Колькі чароўнай прыгажосці ў вяселлі! Дык як жа не забыцца пра ўсе навалы, убачыўшы перад сабой маладых?

Толькі самы стары i самы юны не паддаліся гэтым чарам – дзядзька Раман i Данік. Яны сядзелі i маўчалі.

I сапраўды, забывацца не варта было: вайна вельмі хутка напомніла пра сябе – не паспелі нават праспяваць да канца песню. Яна з'явілася ў вобразе начальніка паліцэйскага атрада – Якіма Гусева.

Ён вырас на парозе нечакана, без стуку, без шоргату, як прывід, i засланіў сваёй дужай плячыстай постаццю ўвесь дзвярны праём.

Саша ўбачыла яго першая i… анямела. Яна нямала ўжо наслухалася, які гэта хітры, бязлітасны i страшны чалавек. У вёсцы хадзілі чуткі, што ён абрабаваў i забіў не то маці, не то родную сястру i за гэта меў дзесяць год. Немцы вызвалілі яго з турмы i зрабілі забойцу i рабаўніка «панам начальнікам».

Забыўшыся на ўсё іншае, Саша сціснула пад сталом калена Лялькевіча, папярэджваючы аб небяспецы. Ён зразу меў, што яна спалохалася, i пагладзіў яе руку, заклікаючы супакоіцца. Але Сашы не верылася, што з'яўленне гэтага чалавека не прынясе няшчасця. А раптам яму ўсё вядома? Што ім рабіць тады?

– О, ды тут вяселле! – выгукнуў ён сваім глухім, але моцным голасам. – Хлеб-соль!

– Дзякуй, просім да стала, – адразу, па-народнаму проста, натуральна адказала Поля.

– Просім! – падтрымалі яе жанчыны.

– Калі ласка, пан начальнік! – сказаў Данік i першы вылез з-за стала, даючы месца.

Данік адышоў да печы i стаў там. Саша глянула на брата i раптам зразумела, што ён узброены i гатовы да любых нечаканасцей. Гэта неяк адразу супакоіла яе.

Начальнік атрада падышоў да стала:

– Госць?

– Але, пан начальнік, адваяваў,– спакойна кіўнуў Лялькевіч пад стол, на свае ногі.– Вярнуўся да яе. – Ён паклаў на Сашына плячо руку. – Што калеку больш трэба? Дзякуй Богу, што жонка прыняла…


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю