Текст книги "Трывожнае шчасце"
Автор книги: Иван Шамякин
сообщить о нарушении
Текущая страница: 33 (всего у книги 43 страниц)
Толькі вярнуўшыся з арміі, Пятро даведаўся, што паведамленні гэтыя былі пометай яму, можа, не вельмі разумнай i дасціпнай, але інакш ix назваць нельга. Ніякая часць у Грыбаўцы ніколі не стаяла. На кватэры Саша жыла ў жонкі Панаса Грамыкі. Адно толькі праўда – пра Лялькевіча. Ён быў другім сакратаром райкома партыі i, безумоўна, мог прыязджаць. Але ў Пятра ўжо тады, у партызанах, знікла ўсякая рэўнасць да яго.
Страх, безумоўна, знік, калі ён вярнуўся. Саша – яго жонка, назаўсёды, на ўсё жыццё, i нішто не здолее ix разлучыць! Але боязь, што яна зноў аддаліцца, як тады, перашкодзіла яму прызнацца, што ён меў сустрэчу з гэтай Тоняй яшчэ раз, у Германіі. Баяўся: не паверыць Саша, што ў велізарнейшым чалавечым муравейніку, разварушаным вайной, расстаўшыся недзе ў Мурманску, можна было зусім выпадкова сустрэцца пад Берлінам. Праўда, на вайне былі i яшчэ больш неверагодныя сустрэчы! Чаго не было там! Аднак ці зразумела б гэта Саша? Ці не падумала б, што яны перапісваліся, шукал i гэтай сустрэчы i адбылася яна зусім інакш, у інакшых абставінах? Магла б не выказаць свайго нявер'я, a ўпотай пакутаваць.
Бывае «ложь во спасение». А бывае праўда, пра якую лепш змаўчаць. Аж не, няма, відаць, такой праўды. Недарэмна кажа старая мудрасць: няма такой тайны, якая не стала б яўнай. I гэта стасуецца да ўсяго: да палітыкі, дыпламатыі, вайны i да жыцця двух людзей. Лепшая сямейная дыпламатыя – гэта дыпламатыя поўнага ўзаемнага давер'я i бязмежнай шчырасці. Шкада, што многія з нас прыходзяць да гэтай высновы пазнавата.
Пятро, разгублены ад нечаканасці, нясмела ступіу да жонкі:
– Сашок! Я ўсё растлумачу. Выслухай толькі спакойна… Навошта ўскладняць i без таго нялёгкае жыццё наша?..
– Не трэба мне ніякіх тлумачэнняў. Даволі з мяне тваіх казак. Выдумляць ты ўмееш. – Гэта яна сказала ціха, стомленым голасам. Але кал i Пятро, абнадзеены, хацеў узяць яе за руку, рэзка адступіла i гнеўна крыкнула:
– Не чапай! Я ненавіджу цябе!
Ленка абняла яе калені, захныкала:
– Мама! Не свалыся. Я баюся…
Саша схапіла дачку на рукі, прыціснула да грудзей, быццам ёй нешта пагражала.
– Не бойся, мая маленькая. Я не буду сварыцца. Навошта мне сварыцца? Мы пражылі з табой пяць год i не сварыліся… Hi з кім. Толькі з немцамі. I мы будзем жыць з табой. I ніхто…
– I тата з намі. Так, мамачка?
Саша быццам прыкусіла язык – больш ні слова. Ужо ўпрыцемку памыла малой ручкі i ножкі i, не вячэраючы, уклалася з ёй на вузкім ложку, на якім, калі злезлі з печы, спалі яны ўдваіх. Дачка спала на ляжанцы.
Пятро зразумеў, што цяпер тлумачыць няма карысці, i нічым не парушаў маўклівай вайны. Было да болю, да роспачы крыўдна. З якімі пачуццямі ён нёс гэтую бульбу, з якой пяшчотай гатаваў вячэру – i вось табе, калі ласка. Нейкае недарэчнае i зусім непатрэбнае пісьмо атруціла настрой, сапсавала вечар, які мог бы стаць шчаслівым. Для шчасця не так ужо многа трэба: праца, любоў, дружба, узаемаразуменне i вера, негалоднае дзіця… ну, i самім чыгунок вось гэтай бульбы. Няма нечага аднаго – ланцуг разарваны.
Пятро шкадаваў сябе, а яшчэ больш яе – Сашу. З васьмі раніцы да дванаццаці яна прымала ў амбулаторыі, а потым дацямна – візіты. Колькі ix было? Хворых нямала. Інваліды, дзеці.
Ён не адважыўся нават запаліць лямпу. Сядзеў на табурэтцы каля стала. Сцямнела. Сціхлі галасы дзяцей на вуліцы i каля рэчкі. Сціх вецер. Усё сціхла. Акрамя яго думак. Калі людзі навучацца рабіць своеасаблівую фанаграму – ці як яе назавуць? – мыслення, думак, ix вельмі здзівіць форма крывой. Яна будзе не толькі ламаная, з падзеннямі, узлётамі, яна будзе пакручастая, як казачны лабірынт, як зблытаны маток нітак ці яшчэ нешта больш адмысловае. Яе будзе нялёгка расшыфраваць, гэтую мысляграму. Думкі Пятра скакалі ад Сашы да Грамыкі, з мінулага ў сённяшні дзень ці нават заляталі ў заўтрашні, ад Тоні да бог ведае каго, часам да зусім выпадковых людзей.
«Як яе прозвішча цяпер – Рамашова ці Кідала? На канверце не піша. Я не паспеў тады нават запытаць».
Прыгадалася ix апошняя сустрэча. Не, дзве кароткія сустрэчы год назад. Але, было гэта роўна год назад, у пачатку красавіка. Ці не ў гэты ж самы дзень?
Дывізію ix на плацдарме за Одэрам змяніў танкавы корпус, тэрмінова перакінуты з Усходняй Прусіі, дзе вайна была закончана. Маршал Жукаў сціскаў магутны браніраваны кулак для ўдару на Берлін. Дывізію, якая панесла на плацдарме немалыя страты, асабліва ад праклятых «фау-2», як бы адводзілі ў рэзерв, на адпачынак у блізкі тыл, за нейкія сорак кіламетраў ад фронту, – у горад Ландсберг на Варце. Але зенітны дывізіён не адпачываў. Ён заняў баявыя пазіцыі, каб сцерагчы адпачынак змучаных пехацінцаў. Камандны пункт дывізіёна размясціўся на самым беразе ракі, заняўшы будынак нейкага яхтклуба i суседнюю кірху – пад назіральны пункт.
Метраў за трыста, не больш, вышэй па рацэ скаламі з бетону i рэбрамі жалезных ферм вытыркалі з вады рэшткі ўзарванага моста. Ад гэтага шырокага, збудаванага на стагоддзі, гарадскога моста астаўся адзін пралёт ад таго, супрацьлеглага, берага, ды i той трымаўся на пакалечаным быку. I, аднак, нейкі разумнік камандзір не знайшоў лепшага месца, каб размясціць узвод батарэі МЗА, – паставіў яго на гэтым пралёце. Тры «саракапяткі» сваімі доўгімі i тонкімі дуламі, спушчанымі, нюхалі рачную прахалоду. Над імі былі распяты камуфляжныя сеткі. Але ўсё адно ўзвод – як на далоні. Здалёк можна было пералічыць усю прыслугу, якая на тры чвэрці складалася з дзяўчат. На бераг, дзе размясціўся KП яго, Пятровага, дывізіёна, даляталі ix звонкія галасы, смех. А трохі ніжэй ад ix КП над ракой узвышаліся некранутыя фермы чыгуначнага моста. Па ім няспынна грымелі эшалоны.
Апынуўшыся на беразе, ён, Пятро, усяго толькі старшына па званню, камсорг дывізіёна, адразу рэалістычна ацаніу абстаноўку, кажучы ваеннай мовай.
Немцы агрызаюцца з паветра ўжо рэдка. Але ўсё-такі агрызаюцца. I калі яны наляцяць на гэты гарадок, то, безумоўна, галоўная ix мэта – чыгуначны мост. Пятро ведаў, як нялёгка пацэліць у мост. Заўсёды бывае пералёт або недалёт, бомбы лажацца ўправа ці ўлева. Але ён ведаў не адзін выпадай, калі гэтыя «дурныя бомбы» знаходзілі зусім нечаканую цэль.
Карацей кажучы, яго ўсхваляваў лес гэтага дзявочага ўзвода. Камандзір МЗА, пагнаўшыся за найлепшымі «вугламі абзору», паставіў сваіх людзей на верную пагібель. Нават калі не будзе прамога пападання, блізкі выбух разбурыць ужо i так перакошаны, патрэсканы бык, i людзі апынуцца ў рацэ. Ды проста выбуховая хваля – узрыў бомбы перад мостам – можа змесці людзей у бурлівы вясновы паток. А колькі з ix умее добра плаваць? Каб на мосце былі адны мужчыны, можа, ён не так бы занепакоіўся. Дзе на вайне няма небяспекі? Але ён цвёрда трымаўся думкі, што не жаночая гэта справа – ваяваць. Няшчасце прымусіла. Але ж можна ставіць гэтых салдат у спадніцах у такія мясціны, дзе будзе, у выпадку чаго, найменш ахвяр. А тым больш цяпер, калі так блізка канец вайны.
Пятро пайшоў да камандзіра свайго дывізіёна капітана Крывароцькі.
– Таварыш капітан, маем мы ўжо сувязь з суседзямі?
– З гэтымі, з ПВА? – Армейцы, нават зенітчыкі, ставіліся да войск тылавой супрацьпаветранай абароны з некаторай пагардай i іроніяй. – Хутка будзем мець. Цягнуць сувязісты.
– Пазваніце вы ім, скажыце, што батарэя на мосце пастаўлена пад першую бомбу.
Капітан з акна другога паверха паглядзеў на злашчасны мост, пакруціў галавой, усміхнуўся ў свае запарожскія вусы.
– Але, нейкі дурань высунуў, як блыху на пуп. Шугане– што карова языком зліжа. – I, вялікі аматар пагаварыць пра жанчын, любоўныя справы, жартаўнік, камандзір прыжмурыўся, як кот, i чорцікі заскакалі ў яго вачах. – Клапоцішся пра дзяўчат, старшына? Хопіць ix на нашага брата. Глядзі, пасля вайны па тры на аднаго будзе. Вось будзем мець клопату! – Ён зарагатаў, але, мабыць, адчуўшы, што Пятро не мае намеру жартаваць, сур'ёзна паабяцаў: – Добра, камсорг. Пазваню.
Тады Пятро паверыў: пазвоніць; Крывароцька – інжынер, інтэлігент – быў разумны i чулы камандзір. Пасля няшчасця ўсумніўся: ці званіў? Цяпер, асабліва чамусьці сёння, пасля размовы з Панасам, думаў: не, не званіў. Напэўна, разважыў: на якое ліха яму лезці ў справы суседа, з чужой часці, ды яшчэ калі там камандзір вышэйшы па званню? А сам ён, Пятро, хіба праявіў настойлівасць? Мог бы сказаць намесніку па палітчасці, начальніку штаба. Не. Паглядзеў, абурыўся, пахваляваўся, i хоць не забыўся – батарэя ўвесь час была перад вачамі, але скарыўся перад суровасцю i непахіснасцю армейскага закону: ніжэйшы па чыну i званню не мае права ўмешвацца ў загады i распараджэнні старэйшага. Маўчы i выконвай. A калі гэты старэйшы дурань?..
Трагедыя адбылася дні праз чатыры. «Ю-87» наляцелі адвячоркам, вось такім жа ясным, па-вясноваму прыгожым. Там, у Германіі, ужо распускаліся дрэвы, зелянела трава. Шасцёрка «юнкерсаў» зайшла з усходу, па рацэ. Разам з бомбамі яны кінулі плывучыя міны, выбухі грымелі доўга пасля таго, як самалёты, рассыпаўшыся ў розныя бакі, уцяклі ці, можа, былі збіты нашымі знішчальнікамі, што тут жа, праз хвіліну, падняліся ў паветра.
Ніхто пасля дакладна не мог устанавіць, ад чаго гэта здарылася: пацэліла бомба ці міна ці – был i i такія здагадкі – у быку пакінуты нямецкі зарад выбухнуў ад дэтанацыі… Але ўсе з каманднага пункта ix дывізіёна ўбачылі, як раптам бык асеў, быццам праваліўся праз рачное дно, i ўся тысячатонная аграмадзіна жалезабетоннага пралёта з лёгкасцю драўлянага мастка, рэзка нахіліўшыся, слізнула ў раку. На тым беразе было пуста, ратаваць людзей не было каму. Стаяла нейкая тылавая часць, але паветраная трывога ўсіх загнала ў шчыліны. Праз выбухі бомб i выццё пікіроўшчыкаў даляцелі поўныя жудасці жаночыя крыкі. Над успененай выбухамі вадой замільгалі галовы, рукі. Сціснутая бетонам рака прапускала вясновы паток з шалёнай хуткасцю. Усіх, хто мог трымацца на паверхні, але не меўсілы перамагчы плынь, адразу вынесла на сярэдзіну. Нямногія паспелі схапіцца за парэнчы моста, што тырчалі з вады, падплысці да свайго, блізкага берага.
Капітан Крывароцька нават пры дзяўчатах-сувязістках успамянуў усіх святых i грэшных i ўсіх дурняў. Убачыў
Пятра – злосна крыкнуў яму:
– Напрарочыў, камсорг… душу тваю маць! – Быццам ён, Пятро, быў вінаваты ў тым, што здарылася. I тут жа закамандаваў усім, хто быў на КП, салдатам i афіцэрам: – Хто ўмее плаваць – усе ў ваду! Ратаваць людзей! Бондар! У лодку! Страхаваць i падбіраць! Патоне свой – галаву скручу! Звані суседу. Перадай, што яму пральняй камандаваць, а не палком! Боўдзіла ён!
Чалавек дзесяць выскачылі на ўзбярэжную, скідаючы на хаду боты, гімнасцёркі. Ён, Пятро, быў сярод гэтых дзесяці. Ён нават перагнаў усіх. Але ў ваду кінуўся не адразу. Убачыў, як паўз ix рака пранесла дзвюх дзяўчат. Яны апынуліся чамусьці далека наперадзе. Адна плыла ціха, аддаўшыся, відаць, на волю плыні, каб зберагчы сілы, другая няспынна крычала: «Ратуйце!» – i махала рукамі.
Пятро шыбнуў на выбіты танкамі брук адзін бот, другі, гімнасцёрку… Трэба абагнаць i плысці напярэймы! Следам за ім яшчэ нехта бег. Яго спыніў дзявочы голас ззаду:
– Кідаемся, камсорг! Тоне!
На парапеце ўзбярэжнай стаяла ў адных блакітных рэйтузах i бюстгальтары ix радыстка Леакадзія Анечкіна – дзяўчына шумная, няўрымслівая, камандзіры з ёю мелі нямала к лопату.
– Я – гэтую, што дае нырца! А ты бяры тую, ціхую! – скамандавала яна i кінулася першая. Паплыла размашыстымі сажэнькамі, лёгка перамагаючы плынь. Было відаць, што дзяўчына гэтая вырасла на вадзе. Ён, Пятро, не ўмеў так плаваць. Але кінуўся з няменшай рашучасцю напярэймы «ціхай». Ледзяная вада апякла цела.
Крыкнуў:
– Грабі да мяне! Да мяне!
Але яна як бы не чула – магчыма, што яе аглушыла выбухам – i не паварушыла нават рукой, каб наблізіцца да свайго выратавальніка. Плынь аднесла яе ўбок. I Пятро выбіўся з сіл, пакуль дагнаў яе. Але як толькі падплыў, дзяўчына, як кажуць, «мёртвай хваткай» учапілася ў яго правую руку, скавала рухі, пачала тануць i яго пацягнула на дно.
Пятро сербануў вады, але выхапіў дзяўчыну на паверхню. Яна зіхнула, хапаючы паветра: «Гэ-эх, гэ-эх!»
– Пусці маю руку. Пусці руку! – закрычаў ёй у твар Пятро. – I плыві спакойна. Ты ж умееш плаваць! Не бойся! Я буду падтрымліваць.
– Я тану, брацік, – прашаптала яна пасінелымі вуснамі.
У вачах яе Пятро не ўбачыў жудасці, якую бачыў не раз за вайну, не – у яе вачах былі смяртэльны смутак i стомленасць. Ён зразумеў: чалавек змірыўся ca смерцю, гатовы на той свет, а таму страціў волю да змагання i апошнія сілы. Гэта – як шок. Бачыў ён i такое, у партызанах. Таму яна не крычала, не прасіла дапамогі. Бязвольна, трохі ўмеючы плаваць, трымалася на вадзе.
Пятра спалохала такая самаасуджанасць. Патоне яна i яго ўтопіць! Прайсці ўсю вайну, праз усе агні i воды – i так загінуць…
Адчуў, што штаны, якія ён не паспеў, дурны, скінуць, сталі цяжкія, як жалезныя гіры. Анечкіна, пэўна, мела вопыт, што раздзелася амаль дагала. Няўжо нікога больш няма блізка? Дзе Бондар з лодкай? Не, крычаць нельга! I ён пачаў прасіць, маліць:
– Сястрычка, родная, слаўная, мілая мая. Адну хвіліначку патрымайся… Адну… Адну… Зараз падыдзе лодка!..
Падхапіў дзяўчыну пад пахі i нагой дакрануўся бота. Гэта спалохала яшчэ больш: боты цягнуць яе на дно! Як ён забыўся, што яна ў ботах? Каб скінуць боты! Паспрабаваў зрабіць гэта нагой, i зноў яны абое нырнулі, зноў сербанулі вады. Пятро адчуў, як распухае яго сэрца, запаўняе грудзі, жывот, лезе праз горла, б'ецца ў галаве. Канец! Закрычаў так, каб пачулі на беразе:
– Трымайся! Плыві! – i вылаяў тую, каго толькі што называў «сястрычкай», «роднай», брыдкім словам… Прыгадаў, што чуў ці чытаў недзе – бывае карысна знясіленаму тапельцу прычыніць боль. Праз мокрую гімнасцёрку балюча ўкусіў дзяўчыну за плячо. Яна войкнула. Гэта ўзбадзёрыла Пятра. Ды i яе, здаецца, скаланула. Але яшчэ больш яе вярнуў да жыцця блізкі выбух. Каля правага берага ўзарвалася міна. Ix абдало пырскамі вады, падкінула на хвалі. Пасля гэтага яна пачала грэбці рукамі, пачала змагацца.
Набліжаўся чыгуначны мост. Пятро меў на яго надзею: можа, удасца зачапіцца за выступ быка i пратрымацца, пакуль не падыдзе лодка. Але яшчэ раней яны наскочылі на нейкае падводнае жалеззе, казалі пасля – на затоплены катэр. Пятро адчуў, што яму раніла вострым ногі i жывот. Але ён паспеў схапіцца рукой за нейкі прэнт. Плынь закруціла ix. Яшчэ больш абдзірала жывот вострае жалеза.
Ён крыкнуў выратаванай:
– Трымайся за мяне!
Мабыць, адчуўшы ратунак, дзяўчына так абшчапіла яго шыю, што пасля доўга відны былі сінякі ад яе пальцаў. Тут жа да ix падышла гумовая лодка, яе спусцілі тылавікі.
У лодцы Пятру зрабілася блага. Ці то здало сэрца, ці – ад таго, што ўбачыў кроў у сябе. Да крыві ён ніяк не мог прывыкнуць: у партызанах аднойчы, калі прыйшлося перавязаць параненых, таксама самлеў.
Вярнулася прытомнасць – i ён убачыў над сабой знаёмы твар. Яго перавязвала Тоня Рамашова. Ён адразу пазнаў яе, адразу адчуў, што не трызніць, i спытаў амаль абыякава:
– Ты?
– Я. Я! Здзіўляешся? Во дзе сустрэліся! Гэта батарэя нашага палка.
Пятро ні здзівіўся, ні ўзрадаваўся.
– Хто камандуе вашым палком?
Яна назвала незнаёмае прозвішча. Значыцца, не Купанаў. Не хацелася пачуць, што так недарэчна выставіў людзей на смерць Купанаў.
– Колькі загінула?
– Не ведаю.
На другі дзень Тоня прыйшла да яго ў шпіталь.
Фізічна ён адчуваў сябе здаровым. Але была нейкая душэўная дэпрэсія: не хацелася ні падымацца з ложка, ні есці, ні гаварыць з суседзямі, ні нават думаць. Таму i да яе паставіўся спачатку абыякава:
– А-а, ты?
Яна адчула гэтую абыякавасць i збянтэжылася:
– Я табе мёду прынесла. Сапраўдны, натуральны. Не эрзац. Хлопцы з вулляў выдралi.
– Колькі загінула?
– Дзевяць. – Яна ўздыхнула.
– Дзяўчаты?
– Адзін… Камандзір узвода.
– Як адчувае сябе тая, што… – ён хацеў сказаць, «што я ратаваў», але асекся: Лека Анечкіна выцягнула сваю адразу, а ён, мужчына, – не здолеў, ледзь сам не ўтапіўся разам з ёй.
– Нічога. Ляжыць у нас у санчасці. Маўчыць толькі, як анямелая. Спалохалася. Перажывае…
– Маўчыць?
Пятро падумаў, што ў яе, мабыць, такі ж душэўны стан, як i ў яго, i яму стала блізкая тая дзяўчына, як сястра. Успомніў, як прасіў яе: «Сястрычка, родная, слаўная мая…»
Але дзіўна! – ніяк не мог уявіць яе твар – якая яна? – i пакутаваў ад гэтага.
– У ix была любоў з камандзірам узвода. Яго перад гэтым на парткамісіі разбіралі.
Пятро задыхнуўся, дзіўна неяк хаўкнуў, рэзка падняўся. Абыякавасць, дэпрэсію змыла хваляй абурэння. Захацелася ўдарыць Тоню за тое, што яна вось так, холадна, спакойна, раўнадушна паведамляе пра гэта: «У ix была любоў…» Але ён стрымаўся i зноў упаў на падушку, закрыў рукамі твар… I раптам з надзвычайнай выразнасцю ўбачыў мокры твар дзяўчыны ca смяртэльным смуткам у вачах. «У ix была любоў! У ix магло быць жыццё i шчасце! Жыццё i шчасце! Што яны пакахалі адно аднаго – у тым убачылі крамолу! А што паставілі ix на верную смерць – ніхто не ўбачыў?»
– Гэта батарэя майго мужа – твайго земляка i таварыша па вучобе Сцяпана Кідалы…
«Што? Што яна кажа?» Пятро адняў ад вачэй рукі. Тоня ўсміхалася, мабыць, задаволеная эфектам ад сваіх слоў.
– Сцяпан – твой муж?
Яна ўздыхнула:
– Цяпер у яго зноў могуць быць непрыемнасці.
– Непрыемнасці?! – прашаптаў Пятро i тут жа сарваўся – закрычаў на ўвесь шпіталь: – Ды яго, гада, судзіць трэба! Расстраляць падлюгу! Сам ён нябось не стаў на гэты мост! Вынес бы туды свой КП!..
На яго крык павярнуліся ўсе параненыя. Прыбегла сястра.
– Што ты шуміш?
Абражаная за мужа, Тоня паднялася з табурэткі, сказала, крыва ўсміхаючыся:
– А ты стаў страшны. Раней мог толькі ўдарыць. А цяпер хочаш страляць. Бойся сам сябе.
Такія былі ix апошнія сустрэчы. Чаму ён не расказаў пра ix Сашы? Расказваў жа, як выратаваў дзяўчыну, нават трохі пахваляўся: во, маўляў, які я герой! А пра Тоню – ні слова.
Як цяпер прымусіць Сашу паверыць? Ca злосцю падумаў пра Кідалу: жыве, служыць, гад! I нічога з такім не здараецца. Загінуў Сеня праз яго – панізілі ў званні. Але, відаць, ненадоўга. Такі выкруціцца, пакажа сябе. Часам i бомбу можа вынесці на плячах з пазіцыі. A ўсё адно астаецца падлюгам. Нават жонка яго зразумела нарэшце гэта. «Цяпер я часта думаю i кажу яму: недарэмна ты даў яму па мордзе. I словы твае ўспамінаю, якія ты сказаў у шпіталі…» А тады абразілася. Вось як! Праз год дайшло…
«Не соладка табе, Антаніна Васільеўна, раз ты ўспомніла пра мяне, пісьмо напісала, пра сваю бяду захацела расказаць. Я разумею цябе. I па-чалавечы спачуваю. Але чым я магу памагчы? А хто паможа мне? Навошта людзі так заблытваюць свае адносіны?..»
Невядома, колькі часу Пятро прасядзеў так. Каторая гадзіна? Ён не адважваўся чыркнуць запалку, каб глянуць на будзільнік, што прыглушана цікаў у кутку на стале, за кніжкамі. Баліць галава. Можа, выйсці i пастаяць на двары, падыхаць начной прахалодай? Саша, напэўна, заснула.
Але раптам ён пачуў, не, не пачуў – адчуў, што Саша плача. Саша плача! Як разанула гэта па сэрцы! Ці не ён некалі кляўся сабе, што праз яго Саша не ўроніць ніводнай слязінкі?
Пятро кінуўся да ложка, упаў на калені, правёў рукой па яе валасах, па шчацэ. Шчака мокрая. Але, плакала.
Саша адвярнулася. Ён прыпаў вуснамі да яе пляча.
– Саша, Сашанька!.. Дурненькая… Ну, чаму ты? Ну, што здарылася? Нельга ж так! Я люблю цябе, люблю, слаўная мая. A ўсё тое – глупства… Слабасць мая… Вось за гэта карай мяне, штоянепаверыў, што ты зразумееш, паверыш… А ты – разумная, ты добрая. I ты верыш мне… Скажы, верыш? Ну, чаму ты маўчыш? Ну, закрычы, ну, удар! Выгані прэч, калі лічыш, што я нягоднік. Але не маўчы. Ну, нельга ж так, нельга! Я шкадаваў цябе i таму не сказаў, што бачыў яе, гэтую Тоню. Але як бачыў!.. Ты паслухай, я ўсё раскажу… Усё. – I так, стоячы на каленях, цалуючы жончына плячо, шыю, задыхаючыся ад хвалявання, ён расказваў яшчэ раз эпізод ca ўзводам МЗА, з уратаваннем дзяўчыны, але цяпер ужо ўсё да канца – сустрэчу з Тоняй, кароткія размовы з ёй, усё па шчырасці – так, як толькі што прыгадаў.
Саша маўчала. Не паварушылася нават.
– Ну, чаму ты маўчыш? Скажы – верыш, што я расказаў праўду?
Яна маўчала.
– Не верыш? – I, як таму хлапчуку, якога пакаралі не за яго віну, Пятру стала так шкада сябе. – Не верыш, значыцца?
Заварочалася Лена, паклікала маці.
Саша паправіла на малой коўдру.
– Cпi, мая маленькая, cпi. – I сказала яму спакойна, быццам нічога i не здарылася – Разбудзіш дзіця. Кладзіся спаць. Табе можна валяцца да васьмі, а мне рана ўставаць…
I зноў ён сніў свой мост.
Мост быў амаль што гатовы – высокі, доўгі. Не хапала аднаго пралёта, ад таго, высокага дняпроўскагаберага. Вялізарны плывучы кран нёс гатовую ферму – аснову апошняга пралёта. Ён, Пятро, стаяў на быку так высока, што кружылася галава, калі глянуць уніз, дзе бурліла, пенілася рака. Ён махаў рукамі, паказваючы кранаўшчыку, як найлепш падвесці i пакласці ферму. A кранаўшчык – Панас Грамыка, ён скаліць зубы, яны i здалёк блішчаць на яго цыганскім твары. Чаму смяецца? Не верыць, што ён, Пятро, усё-такі дабудуе свой мост?
Ды вось Панас нешта закрычаў, паказвае рукой угору. Пятро падняў галаву i ўбачыў, што ферма павольна апускаецца на яго. Але не спалохаўся. Спалохала іншае: гэты вар'ят Грамыка ўзлез на доўгую стралу крана i бяжыць па ёй над безданню. Навошта? Хоча ратаваць яго, Пятра? Але ж яму нічога не пагражае. Сарвецца. Вось-вось сарвецца. У Пятра замерла сэрца.
Панас сарваўся. Плёснуўся ў ваду так, што пырскі даляцелі да Пятра. А вунь жа якая вышыня! Трэба ратаваць! Але ніяк нельга сцягнуць з нагі цесны бот. Пятро кідаецца ў ботах. Ды ў вадзе замест Грамыкі – Тоня. Яна крычала гучна i весела: «Ратуйце!» A калі Пятро падплыў, сказала: «Гэта твой зямляк i сябра Сцяпан Кідала спіхнуў мяне».
Пятро ўзлаваўся:
«Шалёны сабака яму сябра, твайму Сцяпану. Я яшчэ не адплаціў яму за Сеню Пясоцкага».
«Ратуй мяне – i я стану тваёй жонкай».
«Што ты вярзеш? У мяне ёсць жонка!»
Нейкі правал, i замест Тоні – Саша. Яна моцна абшчапіла яго за шыю. А вада з шалёнай хуткасцю, круцячы, віруючы, несла ix на мост. «Пеця, я тану. Я тану!» – са смяртэльным смуткам у вачах шаптала Саша пасінелымі вуснамі. I тады яму стала жудасна. Ён закрычаў, просячы дапамогі. Нарэшце схапіўся адной рукой за цагліну быка, другой трымаў Сашу. А вада напірала. Ён крычаў, маліў:
«Трымайся, Сашок! Трымайся, слаўная мая!»
Вада круціла, i ён біўся галавой аб цэглу i ўсё прасіў жонку пратрымацца яшчэ хоць хвіліначку.
– Пеця! Пеця! Што з табой? Прачніся!
Не адразу зразумеў, што гэта Саша будзіць яго, трасе за плечы.
– О Божа! Што табе снілася? Спалохаў: думала – галаву аб печ разаб'еш.
Ён спаў на вузкім лежаку.
Прыйшоўшы нарэшце да памяці, уцяміўшы, што ўвесь кашмар з ракой – сон, а Саша – вось яна, жывая, у белай сарочцы, стаіць у ранішнім паўзмроку перад ім, Пятро імкліва абняў жонку, прыцягнуў да сябе. Але яна, пацалаваўшы яго ў лоб, вызвалілася з абдымкаў.
– Cпi. Яшчэ рана. I не сні дурных сноў.