355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Трывожнае шчасце » Текст книги (страница 22)
Трывожнае шчасце
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 02:20

Текст книги "Трывожнае шчасце"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 22 (всего у книги 43 страниц)

– Я… я не магу гэта перакласці… Хочаце – забярыце самі. Ён зразумее без слоў…

Кідала натапырыўся, прыпыніўся, апусціў доўгія рукі, перайшоў на той афіцыйны тон, які любяць не вельмі разумныя камандзіры, ветлівы i ў той жа час пагрозлівы i здзеклівы:

– Вы што, Пясоцкі? Не выконваць загаду? У баявых абставінах? Так-так-так… Фашыста пашкадавалі? Сваячка знайшлі? Так…

Чатыры гады вучобы ў тэхнікуме, жыццё ў адным пакоі давалі мне права сказаць яму з абурэннем:

– Пасаромейся, Сцяпан! Ты камандзір Чырвонай Арміі! Паважай самога сябе!..

Але гэта ўзарвала яго зусім. Ён закрычаў на ўвесь Кольскі паўвостраў:

– Які я вам Сцяпан, сяржант Шапятовіч! Я быў для вас Сцяпанам калісь, але ніколі больш не буду! Ніколі! Зарубіце сабе на носе! Зразумелі?

Я ведаў, як яго ўлагодзіць: шчоўкнуў абцасамі, выцягнуўся, казырнуў:

– Так точна, таварыш малодшы лейтэнант! Усё разумею!

Ды раптам позірк мой упаў на палоннага. Ён стаяў, глядзеў на нас i, здалося мне, усміхаўся, зняважліва i зларадна. Я пахаладзеў ад думкі: «А што, калі ён разумев па-руску?» Зрабілася так сорамна за Кідалу, так страшэнна сорамна, што хацелася праваліцца скрозь гару. Гэтак паказаць сябе перад ворагам!

– Глядзіце, ён разумее… – паказаў я на немца.

Дайшло нават да Кідалы. Ён схамянуўся, штурхнуў палоннага ў плячо.

– Пайшоў, сволач! Хутчэй! – I шырока закрочыў побач з ім…

– Ён мне зноў быццам у душу напляваў,– сказаў Сеня, сумны, разгублены, схудзелы ад стомленасці, калі мы сустрэліся з чэкістамі, здалі ім абавязкі канвою i, крыху адстаўшы, маглі пагутарыць паміж сабой.

– А ты на яго плюй! Не прымай да сэрца. Ён будзе маўчаць, як вады ў рот набраўшы.

– Хіба мне ад гэтага лягчэй? Я зноў страціў да яго павагу, якая была з'явілася пасля бомбы. А гэта цяжка, Пеця… Я казаў табе… Няўжо ён не разумее? Абрабаваць палоннага – што абрабаваць забітага. Агідна!..

Ніколі ў жыцці я не даносіў ні на кога i люта ненавіджу людзей, якія гэта робяць, ходзяць скардзіцца начальству, пускаюць плёткі, нагаворваюць адзін на аднаго. Але я доўга думаў пра сённяшні выпадак. I ўвесь час мне ўспаміналіся словы Кідалы: «Фашыста пашкадавалі?.. Сваячка знайшлі?..» Словы гэтыя вельмі абуралі мяне, бо нагадвалі тыя недарэчныя абвінавачанні, якія ён кінуў Сеню ў першы дзень вайны. Я не вытрымаў. Пайшоў да камандзіра i камісара. Расказаў ім.

Камісар слухаў з затоенай, але добрай усмешкай на твары. Я думаю, ён радаваўся за нас з Сенем, што камсамол, школа, лад наш выхавалі нас такімі. Камісар – найвялікшы гуманіст i, безумоўна, разумев нас.

Сеўчанка хмурыўся i, выслухаўшы, вылаяўся:

– Гора мне з вамі.

Я спалохаўся: няўжо ён асуджае нас? Не.

– Дурань ён, ваш Кідала. Але я зраблю з яго чалавека! – I папрасіў, каб мы нікому больш пра гэта не расказвалі.

14 лістапада

Каторы дзень раскрываю свой сшытак і… нічога не магу запісаць. Мне сорамна перад самім сабой, перад тымі, каму трапіць мой дзённік… Перад Сашай… О, лепш не ўсгіамінаць, не запісваць! Можа, спаліць, знішчыць, каб нішто не вымушала мяне на прызнанне? Каб ніякіх дзённікаў i ніякіх слядоў. Але хіба лягчэй будзе ад усведамлення таго, што ніводзін чалавек ніколі ні аб чым не даведаецца? Я даваў слова, што буду да канца сумленны; нічога не буду таіць – ні падзей, ні думак; не схлушу, каб зрабіць сябе лепшым, прыгажэйшым. Не, я мушу ўсё запісаць шчыра!

Мяне легка раніла асколкам у плячо. Завезлі ў санчасць, якая размешчана ў бараку цагельнага завода; там, у гліняных карьерах, схаваны ўсе тылы дывізіёна – цагельню ні разу не бамбілі. Мяне паклалі ў вялікім светлым пакоі. Хоць гэта спачатку так здалося, пасля зямлянкі. На самай справе пакойчык невялічкі – шчыльна стаялі чатыры бальнічныя ложкі. З ix толькі адзін быў заняты, ляжаў абмарожаны сувязіст з НП.

Упершыню за многа месяцаў я адпачываў у поўным сэнсе слова: i целам i душой. Мне ўсё было прыемна, прыносіла асалоду – чыстая бялізна, знаёмы пах лекаў, адчуванне ўласнага цела, нават лёгкі боль раны, дотык мяккіх Антанініных рук, калі яна перавязвала, размовы, якія мы вялі з ёй. А потым кнігі, якія яна пачала прыносіць. Я накінуўся на ix з прагнасцю галоднага i глытаў адну за адной, па дзве-тры ў дзень. Я нічога не чытаў з пачатку вайны, акрамя газет, бо кароткія перадышкі ў нялётныя дні аддаваў дзённіку. Я так захапіўся чытаннем, што нават Антаніна мяне раздражняла, калі заходзіла i пачынала гаворку, a гаманлівага суседа проста ўзненавідзеў за тое, што пустой балбатнёй ён перашкаджаў мне ўглыбіцца ў кнігу.

– Пачытай ты што-небудзь лепш, – прасіў я, каб ён змоўк.

– Я ў добры час не чытаў, а ты хочаш, каб я цяпер затуманьваў галаву. Наліха мне гэта! – адказваў ён.

Вось жа ёсць людзі!

У той дзень сувязіст выпісаўся, i я застаўся адзін, вельмі задаволены гэтым. Нарэшце ніхто не будзе перашкаджаць мне. Раніцой заглянула Антаніна, зрабіла перавязку, сказала, што едзе на нашу батарэю. Я i гэтай акалічнасці ўзрадаваўся, бо толькі што пачаў «Запіскі з мёртвага дома». А ваенурач i другі фельчар заходзілі рэдка.

Антаніна вярнулася пад вечар, заглянула ў палату, пасяброўску спытала:

– Не сумуеш? – i паведаміла: – Я сёння буду дзяжурыць.

«Узрадавала! Прыйдзеш i будзеш ад няма чаго рабіць балбатаць. Не дасі пачытаць», – падумаў я. Але яна не прыходзіла. А я, праглынуўшы за дзень «Запіскі…», пачаў “Угрум-раку”. Маленькая лямпачка пад столлю свяціла цьмяна, але я не зважаў на гэта – вочы мае могуць чытаць i пры месячыку.

Рыпнулі дзверы.

– Усё чытаеш? – з дакорам спытала Антаніна. – Папсуеш вочы – самалёта не ўбачыш, камандзір, – i выключыла святло.

Я прыціх, не адказваў, чакаючы, калі яна выйдзе, каб падняцца, уключыць святло зноў i чытаць далей. I раптам я адчуў яе гарачае дыханне. Яна схілілася нада мной, рука яе дакранулася маёй галавы, валасы ўпалі на твар, ад ix асаблівага, непаўторнага паху закружылася ў галаве. Нейкая дзіўная непераможная сіла прымусіла мяне абхапіць рукамі яе шыю, прыцягнуць да сябе. I вось ужо зліліся нашы вусны… I яе грудзі, тугія, гарачыя, пад якімі часта i моцна грукала сэрца, прыціснуліся да маіх грудзей… Тады ўсё паплыло, завіравала, зазвінела дзівоснай музыкай, знікла ўсё зямное, рэальнае, быццам узляцеў некуды туды, дзе калыхаўся, пераліваўся вясёлкамі, вабіў хараством сваім гэты падманлівы цуд – паўночнае ззянне…

А потым я ляжаў, душэўна i фізічна спустошаны… Пустата была ў сэрцы, у мозгу, ніводнай думкі i ніякага адчування, адна чарната, як у бездані. Потым яна пачала запаўняцца нечым брыдкім, здалося, штосьці жывое i слізкае паўзло ў душу, забруджвала цела. Я доўга не разумеў, што гэта такое, толькі адчуваў, што няма сілы супраціўляцца, i бязвольна чакаў, калі яно выявіць сябе, гэтае слізкае i агіднае. Што ж яно такое? I раптам яно прыйшло, гэтае вызначэнне, вырысавалася найагіднейшым у свеце словам – здрада.

Але, здрада! Я здрадзіў самаму дарагому i светламу, што было ў маім жыцці. Калі гэта дайшло да свядомасці, я, відаць, застагнаў. Яна, Антаніна, хацела абняць мяне.

– Не трэба! – у роспачы крыкнуў я.

– Фу, дурань які! А яшчэ жанаты! – пакрыўджана фыркнула яна, саскочыла з ложка i выбегла з палаты.

Раніцой я так настойліва патрабаваў, каб мяне выпісалі, што ваенурач не стаў затрымліваць. Я не хацеў бачыць яе, гэтую кошку, хітрую прытворшчыцу, якая выдавала сябе за ўвасабленне чысціні, шчырай дружбы, а на самай справе… Безумоўна, я не першы ў яе… Успомніліся пісьмы, пра якія яна казала… Ад гэтай думкі рабілася яшчэ горш.

Але што з таго!.. Я… я сам – бязвольны, нікчэмны чалавек, ануча… Я здрадзіў Сашы! У такі час!

А няма большай душэўнай пакуты, як адчуваць сябе здраднікам. Я ўзненавідзеў сам сябе. Не знаходзіў месца, занятку. Мяне раздражнялі байцы, асабліва ix размовы пра дзяўчат, пра жанчын. A калі яны аднойчы прыгадалі Антаніну, я накрычаў на ix. А потым мне здалося, што яны пра ўсё здагадваюцца, i я пачаў баяцца ix, сваіх падначаленых. Мне хацелася, каб бясконца наляталі немцы, каб смерць увесь час вісела над галавой – можа, тады я знайшоў бы хоць які-небудзь спакой. Але, як на злосць, дні былі хмарныя, падаў снег, i мы больш сядзелі ў зямлянках, займаліся тэорыяй, палітвучобай. Свайго настрою я не мог схаваць ад пільных вачэй камісара i камбата.

Сеўчанка неяк сказаў:

– Па-мойму, цябе не далячылі, Шапятовіч. Можа, табе варта вярнуцца назад у санчасць?

Я спалохаўся. Вярнуцца туды? Бачыць гэтую жанчыну, гутарыць з ёю?

– Што вы, таварыш старшы лейтэнант! Я зусім здаровы. Плячо загаілася… А настрой – гэта так… Сям'ю ўспамінаю.

– Ну, глядзі… Не вешай носа…

Сям'ю ўспамінаю… Ох, успамінаю! Але як?

Здрада… Яна варушыцца ў сэрцы, як нейкая ліпучая, агідная істота. Але гэтая пакута здаецца нязначнай у параўнанні з тым, што яна нарадзіла. Раптам я пачаў прыкмячаць, што думаю пра Сашу не так, як думаў дагэтуль.

Яна, гэтая праклятая Тоня, пахіснула маю веру ў шчырасць, у чысціню адносін, у каханне, якое мацней за смерць. У галаву назойліва лезуць розныя недарэчныя гісторыі аб жаночай нявернасці, здрадлівасці. Я чуў ix сотні ад сваіх сяброў у тэхнікуме i тут, у арміі. Тады я пярэчыў, лаяўся, ледзь не кулакамі даказваў, што гэта выдумкі цынікаў, паэтызаваў жанчыну. А цяпер сам апынуўся ў палоне гэтага бруду. Думаючы пра Сашу, я адчуваю рэўнасць, горшую за тую, якую некалі адчуў, пайшоўшы ад яе, калі яна не была яшчэ маёй жонкай. Я разумею, як гэта нізка, пошла, пачварна! Я сам нягоднік, здраднік i… раўную яе. Да каго? Чаму? У такі час! Яна ў няшчасці, у няволі, у палоне… А я… О Божа! Здаецца, я трачу рэшткі цвярозага розуму. Але што рабіць? Як вярнуць ранейшую душэўную раўнавагу? Тады я думаў толькі пра адно, адчуваў толькі адзін боль. Цяпер – чорт ведае што робіцца ў маёй дурной галаве! Hi разу за год не ўспомніў я таго маладога настаўніка, здаецца, Лялькевіч яго прозвішча. А цяпер ён увесь час стаіць у маіх вачах, я бачу яго пераможную зняважлівую ўсмешку, такую, як тады, на валейбольнай пляцоўцы. A мінулую ноч сасніў, што ён абнімае, цалуе Сашу, а я стаю як здранцвелы, не магу зрушыцца з месца і… толькі плачу. Чарняк раніцой казаў, што я плакаў у сне.

Я пачынаю ненавідзець яго, Лялькевіча, малазнаёмага мне чалавека, разумеючы ўсю дзікасць i недарэчнасць свайго пачуцця. Можа, ён недзе на фронце, ранены, можа, забіты ўжо даўно, а я… Не, са мной робіцца нешта нядобрае! I пакуты мае мацнеюць ад таго, што я не магу расказаць пра ўсё гэта нікому, нават Сеню. Ледзь набраўся сілы i смеласці, каб запісаць у дзённік. Запісаў – i спалохаўся. Баюся пакінуць сшытак у зямлянцы, хоць раней пакідаў смела, упэўнены, што пасля таго выпадку з Мухам ніхто з байцоў не палезе ў мой ранец.

Можа, лепш вырваць гэтыя аркушы?

23 лістапада

– Скажы мне, Пеця, чаму ў цябе такі настрой? Чаму ты такі невясёлы?

– А чаго радавацца? Немцы пад Масквой. У сё можа здарыцца. Тады мы апынёмся ў пастцы… У ледзяной пастцы.

– Ну, ведаеш, не падабаюцца мне твае думкі. Ты кандыдат партыі, камандзір. Такі настрой у нашых умовах перастае быць прыватнай справай, май на ўвазе.

– Ідзі, скажы камісару.

– А што ты думаеш, i скажу.

Я здзіўлена паглядзеў на Сеню: сур'ёзна ці жартуе? Не, ён глядзеў на мяне сваімі разумнымі чорнымі вачамі пранікліва, быццам хацеў зазірнуць у самую душу ці, як варажбітчарадзей, прачытаць усё на твары.

«А можа, адкрыць табе душу? Навошта, каб ты, мой лепшы друг, думаў, нібы я спалохаўся становішча на фронце? Не, я не баязлівец i ў перамогу веру гэтак жа, як i ты. Ад іншага няма спакою маёй душы. Але ці зразумееш ты? Нічога падобнага ты яшчэ не перажываў. Думаеш усё аб сусветных праблемах, высокіх матэрыях. Мае перажыванні, пакуты могуць здацца табе нікчэмнымі, вартымі смеху. I тады мне будзе яшчэ цяжэй!» – думаў я.

– Праўда, я не веру, што ты стаў такі панікёр i песіміст. Занадта многа ў дябе любві, каб ты мог страціць веру ў будучыню.

– Любві? – здзівіўся я. – Да чаго?

– Да ўсяго. Да жыцця. Радзімы… Да блізкіх… Да жон-

Я ледзь не застагнаў: знянацку ён дакрануўся да самага балючага месца.

– Таму i цяжка, што люблю. Хто не любіць, таму што… таму ўсё роўна…

– Мне ўвесь час здаецца, што зусім іншае прыгнятае цябе. Так паводзіць сябе чалавек, які зрабіў нешта благое, у каго нячыстае сумленне.

«О, гэты хлопчык можа ўсё зразумець, але прызнацца яму я ўсё роўна не магу!»

Мы сядзелі ў зямлянцы. Сеневы падначаленыя – разлік дальнамера – працавалі на кухні. Скупое святло палярнага дня цадзілася праз шыбачку ў дзвярах i падала на твар гаспадара. У яго дзіўны твар у апошнія дні – залішне шчаслівы для такога часу. Можа, таму я i не мог расказачь яму свае таямніцы, як расказваў раней, – мяне раздражняў яго твар, незразумелая адзнака шчасця на ім. Чаго радавацца? Калі нават быць самым вялікім аптымістам, то ўсё роўна радавацца няма чаго.

– Слухай, Сеня, чаму ты такі?.. – Які?

– Чорт цябе ведае – які… Быццам адзін ты ведаеш, што заўтра канец вайне. Твар блішчыць, як намаслены блінец.

Ён засмяяўся i перасеў да мяне на нары, абняў за плечы.

– Ты добры друг, Пеця. Я радуюся, што ў мяне ёсць такі друг. Аднаму табе я магу сказаць, чаму я такі… Але дай слова, што ты – нікому…

– Я быў калі-небудзь балбатуном?

– I ў дзённік свой дурацкі не пішы. Я хачу, каб гэта было толькі маёй тайнай.

Мне цяжка было даць слова, што я не запішу нашай размовы. Акрамя таго, мяне крыху пакрыўдзіла, што ен назваў мой дзённік дурацкім, i я змоўчаў.

Ён таксама доўга маўчаў: ці то чакаў майго клятвеннага слова, ці думаў – можна мне даверыць тайну ці не?

Потым трасануў мяне за плечы.

– Я скажу табе дзіўную рэч, у якую ты, напэўна, не паверыш… Я закахаўся.

– Закахаўся?

«Паўгода ён не бачыў у вочы ніводнай дзяўчыны, – бліснула думка. – Ніводнай, акрамя… Няўжо? Што ж гэта такое робіцца! З кожным днём мне не лягчэй!»

Сапраўды, я адчуў сябе гэтак жа кепска, як адразу пасля той недарэчнай гісторыі, якая прынесла мне такія пакуты… Прайшло паўмесяца, i перажыванні мае нібы пачалі прытупляцца. I вось табе на!

– Ты здагадваешся, у каго?

– Няцяжка здагадацца. Антаніна?

– Але…

Я рэзка падняўся, скінуўшы яго руку з пляча.

– Яна не варта твайго кахання!

Ён схапіў мяне за каўнер кажуха, быццам спалохаўся, што я выйду i пакіну яго аднаго, нічога не растлумачыўшы.

– Не варта? Чаму не варта? Хоць не! Не трэба! Нічога не кажы! – Ён адштурхнуў мяне. – Я не жадаю нічога слухаць! Я кахаю, i мне хораша, i я нічога не хачу ведаць. Ты, магчыма, пачуў там нейкія плёткі. Калі адна жанчына i гэтулькі мужчын навокал, заўсёды будуць плёткі. Але я не хачу ix чуць… Я, магчыма, ніколі не скажу ёй пра сваё каханне, не прызнаюся… Яна, відаць, кахае каго іншага, выйдзе замуж… Што ж, я пажадаю ёй шчасця i калі-небудзь вызвалюся ад свайго пачуцця… А можа здарыцца… усё здараецца ў жыцці… што мы прыйдзем адно да аднаго, што раптам абое адчуем… Але цяпер я не думаю пра гэта… Мне хораша ад майго кахання, яно напаўняе, упрыгожвае мае жыццё, i я не жадаю, каб яго разбурылі раней чым трэба. Я прашу цябе як друга…

Ён гаварыў горача, доўга, i ўсё, што сказаў, немагчыма было запомніць. Я, уражаны, утрапёна стаяў з другога боку халоднай чыгуннай печкі i думаў пра сваё… Не, цяпер гэта не толькі мае. Мая тайна, але яна закранае іншых людзей, дарагіх мне людзей. Гэтая жанчына, як прывід, стала не толькі паміж мной i Сашай, але таксама вось паміж мной i лепшым другам маім. Па сутнасці, яна разбурыла нашу дружбу, бо цяпер мы ўжо ніколі не будзем такія шчырыя адзін перад адным, якія былі дагэтуль. Я са страхам думаю, што магло б здарыцца, каб я ўсё расказаў яму. Як бы ён паставіўся да гэтага? А мяне так цягнула расказаць. Але кожны раз мяне стрымліваў яго вясёлы, узнёслы настрой, яго шчаслівы твар. Што ж, няхай астаецца са сваім уяўным шчасцем! Праўда, я крыху затуманіў гэтае шчасце. Ён нічога не хацеў чуць пра Антаніну, але на сэрцы, безумоўна, стала трывожна, i пасля гарачых слоў ён не стрымаўся, каб не спытаць:

– А што ты чуў? Чаму яна не варта майго кахання?

– Кажуць, яе кахае начальнік боезабеспячэння.

Я знарок назваў самага прыгожага i цікавага афіцэра.

Сеня засмяяўся:

– Кахае! Ды яе, можа, дзесяткі чалавек кахаюць. I што з таго? Хіба праз тое, што яе кахае нехта іншы, не магу кахаць я? Я ж нічога не патрабую за сваё каханне. Мяне здзіўляе твая логіка, Пятро. Не варта… Не, я разумею, ты чуў нешта бруднае. Цынікі ёсць, сам ты некалі казаў. I зайздроснікі! Але для мяне яна самая прыгожая, добрая, чыстая, i я нічога не хачу ведаць, а кал i пачую што – усё ад но не паверу!

Наіўны хлопчык! Некалі i я быў такі. I мне зрабілася крыўдна i горка ад таго, што цяпер я адчуваю сябе горшым, чым быў яшчэ зусім нядаўна.

1 снежня

Майстры рамантавалі гармату, i Сеўчанка паслаў мяне з пакетам на КП дывізіёна. Здаўшы пакет, я ішоў назад не спяшаючыся. З цікаўнасцю аглядаў горад. Ён даўно вабіў мяне, хацелася зазірнуць ва ўсе яго куткі, каб даведацца, як жывуць людзі ў вайну, пры амаль штодзённых бамбёжках. Усюды сляды разбурэнняў, руіны дамоў, папялішчы, засыпаныя снегам. Але горад жыве поўным жыццём. Прыкметы гэтага жыцця я бачыў на кожным кроку, i яны прыемна ўражваюць, нараджаюць упэўненасць i спакой.

Ca здзіўленнем спыніўся я перад трохпавярховым домам, адна палавіна якога была разбурана, a ў другой жылі людзі. Гардзіны на вокнах, вазоны. У аконным праёме лесвічнай клеткі, дзе тырчалі рэшткі паламанай рамы, паказалася жанчына, павесіла на падаконнік дывановую дарожку, пачала выбіваць пыл. Мне здалося гэта дзівам. Паўдома знесена вайной, сёння, заўтра сюды можа пацэліць другая бомба, a людзі выбіваюць пыл ca сваіх рэчаў, наводзяць чысціню.

Тры дзяўчыны, расчырванелыя ад марозу, прайшлі міма. Адна штурхнула мяне плячом:

– Варону зловіш, сяржант!

Зарагаталі.

А потым школа. Я не адразу нават зразумеў, што за гоман, пакуль у будыніне на другім баку вуліцы не адчыніліся дзверы i вялікая чарада дзяцей, пераважна хлапчукоў, не высыпала на двор. Звычайныя вучні, такія ж, якім колькі год назад быў я сам. Адзін выехаў з дзвярэй на плячах у свайго сябра. Другі піхнуў дзяўчынку ў снег. Трэці падбег да мяне, смела спытаў:

– Сяржант, гільза аўтаматная ёсць?

Не, гільзы ў мяне не было.

– A вінтовачныя? – дапытваўся хлапчук. – Няма? А з чаго ты страляеш?

– З пушкі.

– З якой?

– З зенітнай.

– А-а, – расчаравана працягнуў ён, махнуў рукой i пабег даганяць сяброў.

Я пашкадаваў, што не мог даць яму якой-небудзь гільзы. Можна было б завесці гаворку i распытаць, як ён жыве тут.

На другой вуліцы я сустрэў групу англійскіх маракоў. Паважныя, амаль усе высокія, у берэтах, з люлькамі, яны нагадвалі герояў з кніжак пра марскія падарожжы, якія я любіў чытаць у маленстве. Я ўпершыню ўбачыў жывых англічан i не ўтрымаўся, каб не прайсці крыху следам за імі, услухоўваючыся ў чужую мову. Яны звярнулі на мяне ўвагу, i адзін з прыязнай усмешкай працягнуў вялікую сігару.

Чырвонаармеец з тэрмасам у руках шпарка прабег міма, абыякава прывітаўся, потым спыніўся, паклікаў мяне, даверліва паведаміў:

– Піва хочаш? У сталоўцы камбіната піва даюць.

Я пайшоў за ім. У вялікай i халоднай зале, дзе большасць вокнаў забіта дошкамі (ад бамбёжак павыляталі шыбы), за півам стаяла чалавек трыццаць мужчын i жанчын. Набраць піва ў тэрмас «другу» майму не далі, але дазволілі нам, вайскоўцам, без чаргі атрымаць па кубку гэтай гаркаватай вадкасці, якую я выпіў з вялікай асалодай, хоць раней не любіў.

Я затрымаўся ў сталоўцы, каб паслухаць, пра што размаўляюць людзі цывільныя – рабочыя, жанчыны, які ў ix настрой. Але нейкі стары нядобразычліва спытаў:

– Што, яшчэ хочаш? Не дамо! Нябось сто грамаў кожны дзень маеш? А я забыўся ўжо, як яна пахне, дарагая. Хоць піўка панюхаю.

Мне стала сорамна, i я хуценька выкаціўся на вуліцу. Сапраўды, дзён пяць назад нам пачалі выдаваць па сто грамаў гарэлкі – ад цынгі, як тлумачыць Спірын.

Аставалася больш за гадзіну да адыходу катэра на той бераг, i я зноў пайшоў у горад. I тут, у самым цэнтры, каля Пяці Вуглоў, мяне захапіў налёт. Раптоўна i непрыемна зараўлі з усіх бакоў сірэны паветранай трывогі. Я падумаў, што яны больш наганяюць жудасці, чым бомбы. Спачатку на пустых вуліцах зрабілася мнагалюдна. Людзі беглі, клікалі адзін аднаго. Старая жанчына крыкнула мне:

– Бяжы за мной! Сховішча там, у двары.

Але я не думаў хавацца. Мне здавалася, што зенітчыку сорамна лезці ў нейкую шчыліну. Страху перад самалётамі я даўно ўжо не адчуваў. I таму па прывычцы пачаў шукаць ix у небе, каб адначасова паглядзець збоку, як страляюць нашы. Выбухі снарадаў убачыў адразу, a самалётаў угледзець не мог.

«Няўжо разрывы так далека ад цэляў? Вось жа партачы!» – лаяў я ў думках сваіх сяброў.

Першая бомба ўпала недзе ў канцы вуліцы Сталіна, у раёне таго дома, дзе жанчына выбівала дарожку, і, напэўна, трапіла ў будынак, бо высока ўгору шугануў слуп чорнага i белага дыму. Калі бомбы падаюць на голае месца, на скалы, такога дыму не бывае. Потым выбухі пачалі грымець з усіх бакоў. Я стаяў каля газетнага кіёска, пад карнізам яго фанернага даху, i назіраў. Раптам дом насупроць мяне цераз плошчу дзіўна падскочыў, нібы хацеў узляцець, але не здолеў i цяжка грымнуўся на зямлю, так, што яна аж уздрыгнула пад маімі нагамі, i сцены павольна пачалі асядаць, распадацца ў розныя бакі. Мяне загіпнатызавала гэтая магутная сіла разбурэння, асабліва калі я ўбачыў, як разам са сцяной пачалі падаць рэчы чалавечага ўжытку – шафа, стол, ложкі…

«А можа, i людзі там?» – падумаў я, i мне зрабілася страшна, успомніліся тыя дзеці, якіх я бачыў гадзіну назад, хлапчук, якому вельмі ж спатрэбілася аўтаматная гільза. У гэты момант я ўбачыў маленькага чалавечка, які бег цераз плошчу. Не, гэта не хлапчук, гэта стары, ён нахіліўся i смешна махае рукамі, у адной з ix вялікі партфель, ён быццам заграбае ім паветра, каб хутчэй бегчы. I раптам за яго спіной бліснула кароткая ўспышка агню. Узвіхрыўся снежны пыл, побач са мной пасыпалася каменне, забарабаніла па даху кіёска. Калі пыл i дым аселі, чалавека на плошчы не было.

Нехта схапіў мяне за плечы, моцна трасануў.

– Пеця! Вар'ят! Чаму ты стаіш тут? Бяжым! Хутчэй бяжым!

Я аглянуўся, убачыў Антаніну, вельмі здзівіўся, ніяк не мог уцяміць, адкуль яна ўзялася, і, аглушаны выбухам, ашаломлены толькі што ўбачаным, паелухмяна пабег за ёй; яна цягнула мяне за руку. Не помню, як мы апынуліся за руінамі дома, на заснежаным колішнім двары, i ўскочылі ў глыбокую яму.

– О Божа! – прастагнала Антаніна. – Ледзь сэрца не выскачыла. Што ты, як слуп, застыў там, пасярод плошчы? Я ўбачыла цябе яшчэ да трывогі. Ішла за табой, хацела спыніць, ды раптам трывога. Я забегла вунь там, на тым баку, у сховішча… Склеп нейкі. Там яшчэ чалавек пяць сядзела. Адна жанчына загаласіла, што ix дом разбамбілі. Я выглянула i, верыш, ледзь не самлела: стаіш ты адзін пасярод пустой плошчы. I перад табой бомба разарвалася… Здалося, зусім блізка ад цябе…

Я не адказваў.

– I цяпер, глядзі, як сэрца калоціцца. – Яна расшпіліла верхнія гузікі свайго элегантнага, беленькага, як снег, кажушка.

Я адвярнуўся, паглядзеў у неба. Там, высока ў блакіце, прайшоў «Ю-88», акружаны чорнымі букетамі разрываў.

«Кучна хлопцы б'юць! Малайцы!» – пахваліў я на гэты раз сяброў.

Бомбы глуха бухалі недзе ў заліве. Радзелі залпы батарэй. Але я ўсё яшчэ глядзеў у неба, хоць з ямы яго было відаць нямнога, – абы не сустрэцца з яе позіркам. Яна дакранулася да маёй рукі i спытала зусім іншым голасам, чым гаварыла дагэтуль, – нясмелым, дрыготкім:

– Ты пагарджаеш мной?

«Я ненавіджу цябе», – хацеў быў адказаць я, але чамусьці не мог вымавіць гэтыя бязлітасныя словы. Змоўчаў зноў.

I яна раптам заплакала. Я разгубіўся.

– Вядома, вы ўсе такія… Калі дзяўчына прыходзіць сама, вы пачынаеце пагарджаць ёю, – праз слёзы гаварыла яна. – Вы думаеце чорт ведае што… А я таму, што люблю… цябе люблю… Аднаго цябе, дурань ты гэтакі… Мне многія пішуць пісьмы, клянуцца ў каханні… Дамагаюцца маёй узаемнасці… А я не магу… Не магу! Я хачу шчасця з табой. Што я – подлая з-за гэтага, разбэшчаная?..

– Ты зрабіла нягоднікам мяне. Ты ж ведала: у мяне жонка… Мы звязаны да смерці…

– Ах, гаротненькі! – раптам ад плачу перайшла яна на здзеклівы тон. – Яго спакусілі!.. Чысцюлька. Каб цябе сёння разнесла бомбай, твая жонка…

– Сціхні, Тоня! – закрычаў я такім голасам, што яна на паўслове прыкусіла язык, спалохана адхіснулася ад мяне.

– Мы доўга будзем сядзець тут? – спытаў я пасля хвіліны маўчання.

– Падсадзі мяне, я вылезу.

Я нахіліўся. Яна спрытна ўскочыла мне на плечы i вылезла з ямы. Потым падала руку, памагла выбрацца мне.

Навокал было ціха. Па вуліцы ішлі людзі, хоць адбою яшчэ не давалі.

Мы таксама выйшлі на вуліцу. Я раптам адчуў, што ў душы маёй няма той злосці на яе, якая была дагэтуль. Я сказаў прыязна:

– Цябе кахае цудоўны чалавек. Сеня Пясоцкі… Ты не ўяўляеш…

У адказ яна прашыпела з лютай злосцю, ажно перакасіўся ўвесь яе твар:

– Пайшоў ты к чорту са сваім Пясоцкім! Я вас ненавіджу! Усіх ненавіджу! – i шпарка пайшла ў другі бок, пакінуўшы мяне, аслупянелага, пасярод вуліцы.

Цяпер я думаю: што яна за чалавек? Адзін Сеня, магчыма, мог бы растлумачыць яе дзіўныя ўчынкі i словы. Але нельга пра гэта расказаць яму.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю