Текст книги "Трывожнае шчасце"
Автор книги: Иван Шамякин
сообщить о нарушении
Текущая страница: 6 (всего у книги 43 страниц)
1956
Начныя зарніцы
Аповесць другая
I
Саша расплюшчыла вочы, прыслухалася, i ўсмешка заіскрылася ў яе вялікіх, крыху стомленых вачах. Болю не было. Упершыню пасля родаў яна адчула сябе здаровай i бадзёрай. Як бы не верачы свайму адчуванню, яна пацягнулася, сціснуўшы кулакі, закінула рукі за галаву. Зноў са страхам прыслухалася. Ад гэтай маленькай зарадкі адчула сябе яшчэ лепш. Яна ажно засмяялася. Але ўспомніла пра суседак па палаце, што бестурботна спалі, схамянулася i ўжо прыслухалася не да сябе, а да навакольнага. За акном весела шчабяталі ластаўкі. Яны таксама толькі што прачнуліся i недзе на вышках, пад страхой, пакінулі свае цёплыя гнёзды i сваіх маленькіх. Чуваць, як яны пішчадь… A ці не плача за сцяной, у дзіцячай, яе дачка, яе маленькая Алёнка? Уявіла яе, малюсенькую, з ружовенькім тварыкам, у якім, аднак, угадваліся Пецевы рысы (Аня, прыйшоўшы ў бальніцу, сказала: «Уся ў тату»), i сэрца забілася часта-часта, дзіўнае, незнаёмае дагэтуль хваляванне ахапіла маладую маці. Вельмі хацелася ўстаць i пайсці паглядзець на Алёнку. Але людзі яшчэ спяць. Адны ластаўкі прачнуліся… He, i людзі не спяць. Недзе далека, на краі мястэчка, меладычна заспявала труба пастуха. Аднак у бальніцы яшчэ цішыня, нават не чуваць, каб хадзіла дзяжурная сястра.
Саша зноў закінула рукі за галаву, ухапілася за ложак, прыўзнялася, напружваючы мышцы жывата. Раз, другі… Прыслухалася. Не, болю няма. Яна зусім здаровая i сёння ж папросіць Марыю Сяргееўну выпісаць яе, каб не выпісвацца заўтра, бо кажуць, што панядзелак – нешчаслівы дзень. A сёння – нядзеля, сёння абавязкова прыйдзе Аня, i яны разам пойдуць дадому па знаёмай палявой дарозе, паўз высокае жыта, якое ўжо, напэўна, налілося.
Раптам яна ўбачыла на белай столі сонечны прамень – маленькую ружовенькую палоску ў самым куце. Узыходзіла сонца.
«А Пеця пісаў у апошнім пісьме, што ў ix там, у Мурманску, сонца ўжо не заходзіць. Дзень i дзень, – успомніла яна i ўсміхнулася. – А гэта нецікава. Сумна. Калі ўзыходзіць сонца – гэта так хораша».
Прамень на столі шырыўся, бляднеў, паласа святла спаўзла на сцяну. Саша заварожана глядзела на яе i ўспамінала мужа. «Пеця, любы мой… Слаўны ты мой. – Школ i ў вочы не называла яна яго так ласкава, так пяшчотна. – Калі ж ты прыедзеш? Калі ўбачыш сваю дачку? Прыязджай хутчэй, Пеця! Ты прыедзеш, праўда?»
Калі пасля родаў яна кепска сябе адчувала, добрая Марыя Сяргееўна хацела даць яму тэлеграму. Але Саша не захацела. Не, яна хоча сустрэць яго здаровай. З дачкой на руках яна выйдзе на тую ж дарогу, i на тым месцы, дзе развіталіся, яны сустрэнуцца.
На бледна-сіняй сцяне, на белых дзвярах палаты ўжо вялікі сонечны квадрат з адбіткамі рамы. Сонца ўзышло.
Саша не вытрывала, скінула лёгкую коўдру, устала i, гладзячы свае набрынялыя грудзі, падышла да акна. Якое сіняе, яснае неба! I Дняпро які спакойны, павольны! Бальніца стаіць на высокім беразе, над самай кручай, i Дняпро – вось ён, унізе, да сярэдзіны ў цені зарэчнага лесу, a бліжэй – у іскрах сонца.
Глянуўшы на лес, Саша зноў успомніла Пятра. Успомніла, як аднойчы, калі яны не былі яшчэ жанатыя, ён прыраўнаваў яе да настаўніка Лялькевіча i, узлаваны, пайшоў праз тэты лес проці ночы.
«Дурненькі мой… Ніхто мне не трэба, акрамя цябе. Цябе чакаю… Цікава, што ты робіш у тэты час? Спіш? Сёння я дам табе тэлеграму, што выпісалася з бальніцы… Парадуйся разам з намі».
Прачнулася адна з суседак па палаце, таксама маладая жанчына. Працерла кулакамі вочы.
– Вы не спіце? Баліць? – спытала яна ў Сашы.
Ад моцнага адчування шчасця Сашы захацелася каго-небудзь прыласкаць. Яна пагладзіла ўскудлачаныя за ноч валасы жанчыны.
– Не, не баліць, Клава. Мне хораша.
– A калі хораша, то спіце. Яшчэ рана. – I суседка, пазяхнуўшы, павярнулася на другі бок, тварам да сцяны.
Саша з усмешкай паправіла ёй коўдру. Яна дастала з тумбачкі грэбень i пачала прычэсвацца. Развязала стужку, якой валасы былі перавязаны на ноч, i яны рассыпаліся па плячах, упалі на грудзі. Саша, любуючыся, перабірала ix рукамі. Яшчэ год назад яна падстрыглася. Але калі выйшла замуж, Аня сказала, што цяпер хадзіць падстрыжанай непрыгожа, i Саша пачала адпускаць валасы. Цяпер яны ўжо доўгія i вельмі падабаюцца ёй.
Труба пастуха заспявала ўжо зусім блізка. Замукалі каровы. Вясёлае, гарэзлівае, з рознымі адценнямі – то ласкава-запрашальнае, то пагрозліва-загаднае – «выга-аня-яй!» палохала ластавак. Яны з крыкам кідаліся ад бальніцы ў бок Дняпра i лёталі нізка над вадой, адчуваючы, відаць, сябе там у большай бяспецы.
«Вось жа дзярэ горла, – з бяскрыўднай няўхвалай падумала Саша пра пастуха. – Дзяцей пабудзіць…»
А на самай справе ёй хацелася, каб Ленка прачнулася. Тады яна пайшла б у дзіцячую, узяла б яе на рукі, пачала карміць, а то ад малака ажно баляць грудзі.
На вуліцы галасы жанчын: суседкі, выгнаўшы жывёлу, перакідваюцца першымі словамі. Вось i голас Марыі Сяргееўны – яна таксама выгнала сваю карову. Дзіўная жанчына! Трымае карову, даглядае, турбуецца, a ўсё малако аддае ў бальніцу, для хворых. Саша ганарыцца сваёй дружбай з Марыяй Сяргееўнай. Дружба гэтая пачалася два гады назад, як толькі Саша прыехала сюды на працу. Галоўурачу куставой бальніцы з першых дзён спадабалася маладая фельчарыца, сціплая i працавітая. Але асабліва сардэчнай стала ix прыязнасць, калі Саша даведалася, што сын Марыі Сяргееўны служыць разам з Пятром, «у адным падраздзяленні», як яны пішуць, захоўваючы ваенную тайну. Калі яна спытала ў Пеці, той напісаў, што Сеня Пясоцкі – яго лепшы друг, яны нават аднойчы пасля адбою атрымалі па нараду за размову. У сардэчных пісьмах яна пачала часцей, чым раней, прасіць яго, «свайго малога хлапчука», каб ён вёў сябе разумна i не рабіў глупстваў. Ёй вельмі хацелася, каб сваёй стараннасцю ён заслужыў права прыехаць у адпачынак, няхай у самы кароткі – на дзень, на два. Толькі б пабачыць яго! I каб ён пабачыў сваю дачку! Сваю Алёнку… А вось i яна… Нешта сёння яна прачнулася раней, чым звычайна. А можа, гэта не яна? Не, Саша з першага ж дня беспамылкова пазнавала яе крык i цяпер, напэўна, пазнала б сярод тысячнага хору дзіцячых галасоў. Саша нейкі момант з усмешкай слухае. Малая дзіўна крычыць: крыкне раз, два, паслухае – ці не ідуць, потым зноў… Так здаецца маладой маці, i яна пяшчотна шэпча: «Хітруння ты мая! Але разбудзіш ты іншых дзяцей».
Саша накідвае халацік, ідзе ў дзіцячую. Бальніца спіць. Спіць дзяжурная сястра. I на вуліцы стала ціха: прайшоў статак, узняўшы пыл, i зноў запанавала цішыня летняй раніцы, калі не настаў яшчэ гарачы час уборкі i людзі даюць сабе адпачынак, асабліва ў нядзелю. Толькі працавітыя i неўпынёныя ластаўкі не адпачываюць, яны першыя сустрэлі дзень i цяпер старанна працуюць – ім няма як адпачываць, бо прачнуліся ix малыя дзеці…
Саша нахілілася над калыскай, i дзяўчынка адразу змоўкла, пачала вуснамі i язычком прасіць есці.
«Ластаўка ты мая мілая!»
Яна ўзяла малую на рукі, расшпіліла халат, i тая адразу ж знайшла ружовы тугі сасок, смешна зацмокала. Саша хвіліну пастаяла нерухома, заварожаная дзіўным пачуццём: нейкай незвычайнай фізічнай асалодай i лёгкасцю ва ўсім целе, нейкай, таксама невядомай дагэтуль, крышачку трывожнай, але ўсёабдымнай радасцю ў душы. Потым з малой на руках вярнулася ў палату i легла на ложак. Доўга з незадаволенай яшчэ цікавасцю назірала, як дачка смокча грудзі, i з пяшчотай разглядала кожную рыску на яе тварыку, яе чарнявую галоўку.
«Чаму ты такая чарнявал? Тата твой белы, i мама таксама… Дзіўна… А так ва ўсім як ты падобна на тату! I носік i вочкі. I нават гэтая плямка…»
Яшчэ тады, калі пакутавала ад болю, Саша засмяялася, убачыўшы ў дачкі на мочцы левага вуха якраз такую ж радзімую плямку, як у Пеці.
Дзіця заснула… I ўсе навокал спяць, хоць сонца паднялося над Дняпром ужо даволі высока i заліло палату цёплым святлом.
Саша доўга ляжала моўчкі, услухоўвалася, як шчабечуць за акном ластаўкі, i думала пра мужа – уяўляла, што ён можа рабіць у гэты час. Ці думае ён гэтак жа пра яе, як яна пра яго?
«Не, цяпер ён павінен думаць не пра адну мяне, ён павінен думаць пра нас…»
На нейкі міг думкі абарваліся, i яна непрыкметна заснула. Прачнулася ад страшнага сну. Што сніла – Саша пасля ніяк не магла ўспомніць, але добра помніла, што гэта было нешта сапраўды жудаснае, бо яна ажно спацела ўся. Яна адразу ж памацала рукой, ці побач дачка, i, не знайшоўшы дзіцяці, ледзь не закрычала ад страху. Не закрычала таму, што ўбачыла Марыю Сяргееўну, якая схілілася над ложкам, але выраз яе твару яшчэ больш спалохаў Сашу. Яна схапіла ўрача за рукі.
– Дзе Ленка? Што з ёй?!
– Супакойся. Яе занеслі ў дзіцячую. Нічога з ёй не здарылася.
Марыя Сяргееўна села на табурэт побач з ложкам i пагладзіла Сашыны валасы. Але Саша не магла адвесці позірку ад яе твару: звычайна асветлены добрай усмешкай, ён быў нейкі ажно счарнелы, з запалымі вачамі, з непрыгожымі складкамі каля рота, быццам Марыя Сяргееўна пастарэла раптам на многа-многа год.
– А што здарылася, Марыя Сяргееўна? – нясмела спытала Саша.
Рука ўрача пакінула гладзіць яе валасы i мацней прыціснулася да галавы.
– Няшчасце, Саша. Вялікае няшчасце.
– Для каго?
– Для ўсіх…
– Няшчасце для ўсіх? – не разумела Саша.
– Вайна, Саша. – Марыя Сяргееўна азірнулася: у палаце нікога не было, відаць, парадзіхі выйшлі гуляць.
Саша адчула, як страшэнна закалацілася яе сэрца, як закалола ў скроні i зноў разануў боль у жываце. Словы ўрача пачалі далятаць як бы здалёк.
– Я выгнала карову… вярнулася да сябе, уключыла прыёмнік… Звычайна так рана станцыі маўчаць. А тут… што робіцца ў эфіры! Усе нямецкія станцыі… Уся Еўропа! Выступаў Гітлер… Яны бамбяць Кіеў… Кіеў! Гэта зусім блізка ад нас… Зусім… Вось тут… – Яна паказала рукой, i Саша паглядзела на акно, за якім шумеў ясны летні ранак, чуліся дзіцячыя галасы, сігналы машын, рыпелі фурманкі i людзі мірна ехалі на рынак, яшчэ нічога не ведаючы. I на міг Сашы здалося, нібы ўсё, што яна пачула толькі што, – гэта працяг страшнага сну. А цяпер яна прачнулася i чуе зусім іншае. Вось нехта весела смяецца… Крычыць жанчына: «Пятро! Спыні каня! Гуска развязалася». Іншыя галасы: «Яйкі сёння ў цане будуць… Дачнікаў наехала…» Ад гэтых мірных галасоў раўней пачало біцца сэрца.
Саша адарвалася ад акна, перавяла позірк на ўрача i зноў адчула моцны боль.
Не, гэта не сон…
Марыя Сяргееўна сядзіць побач з пакутлівым тварам i глядзіць некуды ў прастору, быццам хоча разглядзець некага ці нешта ўдалечыні.
Саша зноў-такі нясмела дакранулася да яе рукі.
– Што ж гэта будзе, Марыя Сяргееўна?
– Сеня… – прашаптала ў адказ жанчына. – Сеня… Ён такі слабы, хваравіты… Ён столькі перахварэў…
Тады да свядомасці Сашы дайшло з жудаснай яснасцю ўсё, што здарылася, i яна гэтак жа, як i ўрач, адразу ж падумала аб самым дарагім чалавеку, падумала, што Пеця – у найбольшай небяспецы і, магчыма, ужо цяпер, у гэтую хвіліну, ляжыць недзе на голых скалах Запаляр'я… I, можа, таму, што зноў быў прыступ фізічнага болю, Саша не прашаптала, як Марыя Сяргееўна, любае імя, а крыкнула:
– Пеця!
Урач сціснула яе рукі.
– Супакойся… Не трэба, Саша… Будзем мужнымі… Не палохай іншых. Нам трэба цяпер вялікая мужнасць, мой друг.
Яна нахілілася – Саша абняла яе, прыпала тварам да яе пляча i ціха заплакала.
У палату заглянулі іншыя парадзіхі, убачылі, што доктарка абнімаецца з ix маладой сяброўкай – фельчарыцай, зразумелі гэта ria-свойму, весела падміргнулі адна адной i ціха зачынілі дзверы.
* * *
Марыя Сяргееўна хацела затрымаць яе ў бальніцы. Але Сашы было пакутліва цяжка ляжаць у адзіноце, бо іншыя парадзіхі адразу ж выпісаліся, як толькі пачулі пра вайну. Хацелася хутчэй да людзей, да працы. Можа, там, сярод людзей, яна вызваліцца ад сваіх жудасных думак i ўяўленняў.
Саша перадала Ані, каб тая забрала яе. Але гаспадыня прыехала толькі на другі дзень пад вечар.
– Каня ніяк не магла ўзяць, Шурачка. На вайну праводзілі,– растлумачыла яна сваё спазненне.
– Страшна гэта, Аня, – праводзіць на вайну? – спытала Саша, калі яны выехалі з бальніцы на пыльную дарогу, што вяла паміж высокага жыта ў той бок, дзе за ўзгоркам віднеліся вяршаліны бяроз.
– Галосяць бабы, – коратка i проста адказала Аня i, падумаўшы, дадала: – Мужчынам што – ускінуў мяшок за плечы ды i пайшоў сабе… A жанкі!.. Ой, зазнаюць яны гора!
– Што гэта вы, Аня! – запярэчыла Саша. – Дзіўна вы разважаеце… Гэта ж не ў заробкі пайшоў. Гэта ж на вайну… Кожны дзень смерці ў вочы глядзець.
– Смерць – яна адна, Шурачка, i кароткая… Ад яе нідзе не схаваешся. А жыццё доўгае, ды i не адно яно ў жанчыны. Калі ў якой куча дзяцей, дык ёй трэба пяць жыццяў пражыць. За сябе i за ix… Я помню тую вайну, калі бацьку нашага забілі… Атрымала маці пахавальную, а нас пяцёра каля яе… A ў полі бульба замярзае, трэба капаць… Стане мама ў разоры на каленях, пагалосіць, i мы разам з ёй, ды зноў за працу. Жыць трэба… Я, Шурачка, свае слёзы выплакала па бацьку ды па мужу…
Саша мацней прытуліла да сябе дачку: зноў падумала пра яе бацьку. Думкі пра мужа не пакідалі ні на хвіліну. Але часам удавалася пазбавіцца страшных уяўленняў i ўбачыць яго жывым, вясёлым. Размова ж гэтая з гаспадыняй зноў нагадала карціну, якая вось ужо два дні ледзяніць яе сэрца: Пеця ляжыць на голых каменнях. Жывы ён ці мёртвы? Сашы чамусьці здавалася, што там, у Запаляр'і, усё голае – ні збажыны ніякай, ні дрэўцаў, ні кусцікаў. Ад гэтага ёй рабілася страшна. Яна думала, што, каб Пеця быў недзе тут недалёка, у родным краі, i ваяваў сярод гэтага высокага жыта, у якім так легка схавацца, ці вунь у тым лесе, што відзён за Дняпром, на душы ў яе было б куды спакайней.
А Аня прадаўжала выказваць думкі аб жаночым лесе:
– Жыта вунь якое вырасла! Кажуць, перад вайной заўсёды добры ўраджай. Хутка жніво… A ў кал raca ніводнага мужчыны, акрамя самых старых ды малых, не астанецца. Нашымі, бабскімі, рукамі трэба будзе ўсё падняць… Каб i арміі хлеба было, i дзеці з голаду не пухлі. Цяжка нам будзе, Шурачка.
Саша, захопленая сваімі ўласнымі думкамі, слухала няўважліва. Яны ўз'ехалі на ўзгорак, i позірку адкрылася ўся ix вёска ў зеляніне садоў. Наперадзе – зноў лагчына. Конь фыркнуў i пабег трушком. Сады i хаты пачалі апускацца i нарэшце зніклі зусім, а бярозы на могілках усё былі відаць. Саша глядзела на ix i думала: схаваюцца яны ці не? Ёй чамусьці захацелася, каб хоць з аднаго месца не было відаць могілак. Бярозы не схаваліся, i яна сказала:
– Нашы могілкі адусюль відаць. Як гэта нядобра. Нічога не відно, адны могілкі…
Аня здзіўлена паглядзела на яе.
Саша думала, што ў вёсцы ў гэты вечар будзе вельмі шумна, бо нават тады, калі ішоў звычайны мірны прызыў i ў арMiro ішлі бязвусыя юнакі, заўсёды напярэдадні было нямала п'яных, многа песень i крыкаў. А цяпер жа ідуць людзі ўсіх узростаў, ідуць на вайну, магчыма, многія на смерць. Але, на здзіўленне ёй, у вёсцы было ціха. Яна падумала, што, можа, гэта таму, што многія пайшлі ўжо, не чакаючы позваў ваенкамата. Аднак яе ўразіла гэтая цішыня i яшчэ тое, што знешне ўсё аставалася такім жа, як звычайна. Павольна згасаў летні дзень, толькі захад здаўся ёй занадта пунсова-крывавым, але гэта, мабыць, ад уяўлення, што недзе ў той старане сапраўды льецца кроў.
Ляніва прайшоў статак, як заўсёды, каровы неслі свае цяжкія, налітыя малаком вымі, рыкалі каля двароў. Гаспадыні заганялі ix у хлявы, бразгалі дайніцамі. Потым Саша адчула, што цішыня гэтая незвычайная, а таму страшная. Яна не адразу зразумела, што робіць цішыню такой напружанай, страшнай. Толькі калі выйшла на вуліцу, тады зразумела: няма вясёлага гоману дзяцей. Звычайна ў такі ясны летні вечар усюды – на кожнай вуліцы, на выгане, каля сажалкі, на калГасным стадыёне – гуляюць дзеці, усюды ix смех, крыкі, гоман. У гэты ж вечар дзяцей нідзе не было, i ад гэтага рабілася жудасна; Саша адчула страшны подых вайны. Якое ж гэта вялікае гора, калі яго зразумелі, адчулі нават дзеці, самыя маленькія нават! Яна прайшла па вуліцы. Не, не ўсе яшчэ пайшлі на вайну. У многіх хатах свяціліся вокны (звычайна ж лямпы сярод лета ніхто не запальвае). Дзе-нідзе сядзелі за сталамі, пілі, але гаманілі не па-п'янаму крыкліва, a ціха i разважліва, спявалі таксама ціха i сумна. Дзе-нідзе гэтак жа ціха плакалі жанчыны…
Раніцой разам з усімі Саша праводзіла мужчын у ваенкамат. Машыны з Рэчыцы не вярнуліся, i другая партыя прызыўнікоў ехала на фурманках. Па пыльнай палявой дарозе, паміж жытоў, павольна рухаўся абоз. Але на вазах сядзелі толькі ездавыя-хлапчукі ды на адным – крыху п'янаваты гарманіст. Усе іншыя ішлі следам: самі заўтрашнія воіны, ix маці, жонкі, дзеці – даволі вялікі натоўп. Амаль усе трымаліся сем'ямі, i паміж імі ішла Саша з дзіцем на руках.
Старая жанчына, якая праводзіла адразу двух сыноў, клапатліва сказала:
– Вы не ішлі б, доктарка, так далека, цяжка вам яшчэ. – I, адхінуўшы марлечку, заглянула ў тварык малой. – Ды i ёй шкодна – вунь якую пылюку паднялі.
– Я трохі прайду, – вінавата сказала Саша.
Яе цягнула правесці гэтых людзей, з якімі яна за два гады працы вельмі зблізілася. Цягнула яшчэ таму, што яны ідуць на дапамогу яе ГІецю, што яны стануць побач з ім i будуць абараняць яе, Ленку, усіх дзяцей, жанчын ад страшнага ворага. А яшчэ яна ўспамінала, як па гэтай жа дарозе менш за год назад яны ішлі з Пятром. Ад усяго гэтага хацелася плакаць. Але яна стрымлівалася, бо навокал не плакала ніводная жанчына. Многія, праўда, выціралі рагамі хустак слёзы, але ўголас не плакалі. Размаўлялі ціха, кожны пра сваё:
– Наташа, парсюка ты закалі, каб дзеці на нішчымніцы не сядзелі…
– Добра, Ваня, ты не клапаціся пра нас, ты сябе глядзі, асцярожны будзь.
– Тата! А ты забі гэтага Гітлера ды i вяртайся хутчэй.
– Добра, сынок. Я заб'ю яго, гада. А ты маму слухай, Любку пільнуй.
Можа, i абышліся б гэтыя праводзіны без гучнага плачу i галашэнняў, хіба толькі ў самую апошнюю хвіліну жанчыны не стрымаліся б, ды падвёў гарманіст. Ён доўга жартаўліва размаўляў з дзяўчатамі, што ішлі побач з ім, а потым неяк нечакана для ўсіх расцягнуў мяхі свайго гармоніка, зайграў i заспяваў старую-старую песню, якую кожны спяваў i чуў тысячу разоў. Але калі яе спявалі на мірнай бяседзе, то нікога яна асабліва не кранала – ці мала спяваецца ўсялякіх песень! A ў такі час…
После-е-едний но-о-не-шний дене-о-очек
Гуля-ю с ва-ми я, друзья-я…
Як яна разанула па сэрцах, гэтая песня! Адразу загаласілі жанчыны, заплакалі дзеці. А Саша адчула, як ёй стала вельмі цяжка дыхаць – так цяжка, што яна баялася, што ўпадзе, таму выйшла з натоўпу i села на абочыне дарогі на пыльную траву, якраз там, дзе канчалася жыта i пачынаўся лён, зялёнае мора льну, таксама надзіва высокага i густога. Каб неяк супакоіць сябе, яна дала малой грудзі…
«Ленка, дачушка ты мая родная! Як добра, што ты з'явілася на свет. Ты мая адзіная радасць у гэтыя чорныя дні».
Раптам Саша адчула, што нехта стаіць i глядзіць на яе. Яна інстынктыўна закрыла далоняй грудзі, узняла вочы. На дарозе стаяў Уладзімір Іванавіч з мяшком за плячамі.
– Карміце, Аляксандра Фёдараўна. Не саромейцеся… Гэта – святое, – ціха сказаў ён, адводзячы позірк.
Саша адняла дзіця ад грудзей, зашпіліла кофтачку i хутка ўстала з зямлі. Яна адразу зразумела, што ён даганяе іншых прызыўнікоў, але чамусьці спытала:
– I вы?
– Мне няма яшчэ павесткі. Але я не магу чакаць, вы разумееце… Такі час! А я афіцэр запасу, лейтэнант… Камуніст…
– Я разумею, – уздыхнула Саша. – Але гэта так цяжка – праводзіць на вайну…
– Нічога, Аляксандра Фёдараўна, – бадзёра суцешыў яе настаўнік. – Хутка вы будзеце сустракаць нас з перамогай! Пры магутнасці нашай Чырвонай Арміі, я ж служыў, ведаю… дык мы гэтага Гітлера… Кажуць, што нашы пад Варшавай ужо.
Учора, калі Саша ад'язджала з бальніцы, Марыя Сяргееўна, у якой аставаўся яшчэ прыёмнік i якая разумела панямецку, сказала ёй па сакрэту зусім іншае, i Саша чамусьці паверыла ёй, хоць ніколі раней не сумнявалася ў магутнасці сваёй Радзімы. Яна нікому пра гэта не гаварыла. Але цяпер у размове з настаўнікам, якога лічыла разумным i паважала i які ішоў на вайну, не ўтрымалася i сказала нават жорстка:
– Ведаеце, Уладзімір Іванавіч, робіцца непрыемна, калі гавораць такія гучныя словы… Навошта? Вайна – не гульня. Вайна – смерць i гора.
Ён не запярэчыў, толькі як быццам збянтэжыўся i спытаў пра іншае:
– Дачка, сын?
– Дачка.
– Цяжка вам будзе.
– Я не скарджуся на свой лес. Я радуюся, што яна з'явілася.
Уладзімір Іванавіч паглядзеў на гадзіннік.
– Трэба даганяць, а то прыйдзецца пехатой да Рэчыцы, – сказаў ён бадзёра, рухам плячэй папраўляючы мяшок. – У мяне маці занядужала… адна асталася… Паглядзіце яе, калі ласка, Аляксандра Фёдараўна. – Голас яго задрыжаў.
– Я пагляджу… Вы не турбуйцеся, – паабяцала Саша i раптам адчула нейкую амаль мацярынскую пяшчоту да гэтага чалавека.
Ён працягнуў правую руку, яна ж правай трымала дзіця. Тады яна зрабіла крок да яго, абняла левай рукой за шыю i пацалавала ў лоб. Ён адступіў, здзіўлены, i Саша ўбачыла, як бліснулі слёзы ў яго вачах. Ён ціха сказаў:
– Дзякую вам, – i хутка закрочыў па пыльнай дарозе, а Саша пайшла ў бок вёскі i не азірнулася. Яна падумала пра тое, што гэта нядобра – цалаваць чалавека, які ідзе на вайну, у лоб. Як нябожчыка.
Яна ў той жа дзень наведалася да яго маці. Увогуле, ёй хацелася працаваць як мага больш, каб ні хвіліны не сядзець склаўшы рукі. Але ў амбулаторыю ніхто не прыходзіў, быццам усе яе хворыя адразу ачунялі. Спачатку яна здзіўлялася, потым зразумела: калі прыйшла такая бяда, людзям не да сваіх маленькіх хвароб; з драбязой сорамна ісці ў такі час, а сэрцы i галовы баляць ва ўсіх. Праўда, прыйшлі два чалавекі, якія атрымалі позвы з ваенкамата, i прасілі даведкі, што яны хворыя, не могуць з'явіцца на прызыўны пункт. Выгляд ix не гаварыў, што яны хворыя. Саша не стала ix слухаць i даведак не дала. Мужчыны прыгразілі. Гэта яе страшэнна ўразіла. Здаралася, што i раней яна не давала даведак, але ніхто ніколі не пагражаў ёй. Так прайшоў дзень, другі… Каб заняць чым час, Саша бясконца перамывала пялёнкі i шыла штонебудзь для дзіцяці, хоць усяго было нашыта яшчэ да родаў.
Вайна не далятала ў ix ціхі куток. Нават варожых самалётаў яны не бачылі ў першыя дні. Зрэдку праляталі на захад нашы самалёты, i гэта ўсіх радавала. Толькі на досвітку чацвёртага дня яны пачулі яе, вайну. Фашысцкія самалёты бамбілі рэчыцкія маеты цераз Дняпро. Вяртаючыся з бамбёжкі, яны ішлі над самай вёскай, вельмі нізка над садаMi i стрэхамі, ад ix гулу дрыжалі i тузаліся паветра i зямля. Пачуўшы выбухі, Саша схапіла Ленку, выскачыла на гарод i легла ў бульбянік. Ад ранішняй вільгаці i страху яе пачала біць ліхаманка. Вярнуўшыся ў хату, калі самалёты праляцелі, яна доўга не магла сагрэцца i супакоіцца.
У той жа дзень прыйшлі больш пэўныя весткі з фронту. Праз Рэчыцу прайшлі першыя эшалоны з раненымі, i многія жанчыны хадзілі туды, за трыццаць кіламетраў, з надзеяй, якая заўсёды жыве ў жаночым сэрцы: «А можа, i мой там?»
«Нашы адступаюць!» – словы гэтыя ўскалыхнулі людзей i зрабілі большую паніку, чым сама вестка аб вайне. Саша паверыла Марыі Сяргееўне, якая сказала ёй на другі дзень, што немцы прарвалі пагранічныя ўмацаванні, але не спалохалася тады. Цяпер жа, калі кожная жанчына, кожная старая перадавала суседцы з вялікай трывогай: «Нашы адступаюць», Сашу ахапіла жудасць. «Куды адступаюць? Чаму адступаюць?»
Яна падумала пра Пятра. Куды адступіць ён? Знайшоўшы ў сына гаспадыні падручнік па геаграфіі, яна раскрыла карту, паглядзела на Кольскі паўвостраў i жахнулася яшчэ больш. Яна ніколі не ўяўляла, што ўваход на паўвостраў такі вузкі: ад фінскай мяжы да Кандалакшскай губы ўсяго некалькі міліметраў. А што, калі немцы i фіны прарвуцца там i перарэжуць чыгунку? Куды будуць адступаць тыя, хто ў Мурманску? Куды адступіць Пеця? Паўвостраў далека цягнецца на ўсход, але які ён голы там – ніводнага кружочка! А за ім мора сіняе, суровае, сцюдзёнае нават на карце. У той жа дзень яна атрымала тры пісьмы ад Пятра, але ўсе яны былі напісаны за колькі дзён да вайны i былі поўныя радасці. А Сашы вельмі хацелася атрымаць пісьмо, якое было б напісана хаця б у першы дзень вайны, каб даведацца – а яна прачытала б гэта паміж радкоў,– як там пачалося ў ix, што ён думае i што ён робіць, што з ім? З нездаровай, пакутлівай нецярплівасцю пачала яна чакаць такога пісьма. У гэтым чаканні прайшоў тыдзень. Вайна падступала бліжэй: у вёсцы з'яўляліся раненыя аднавяскоўцы. Саша перавязвала ім раны i прагна распытвала: як там? Але расказвалі яны надзвычайна мала, лаялі немаведама каго i паводзілі сябе так, быццам былі вінаватыя ва ўсім, што здарылася. Аднак, нягледзячы на самыя панічныя чуткі, на самыя страшныя расказы, мала хто ў гэтым ціхім прыдняпроўскім раёне думаў, што немцы могуць дайсці i да ix. У Сашы ні разу не ўзнікала такой думкі. Наадварот, здавалася, што жыццё, парушанае ў першыя дні, цяпер перабудоўваецца па законах ваеннага часу. Ніякая вайна не можа спыніць жыцця!
Аднойчы Саша цэлы дзень працавала ў полі – памагала гаспадыні зграбаць i перавозіць канюшыну, якую Аня атрымала з калгаса. Змораная працай, Саша ўпершыню за дні вайны заснула рана i спала моцна. Яе разбудзіў настойлівы стук у акно. Прызвычаеная да такога стуку, яна адказала:
– Зараз іду, – i пачала адзявацца.
– Хто там? – спытала Аня.
– Відаць, на роды.
– Спытай хто, – параіла гаспадыня. – Не той час, каб так выходзіць.
Саша паглядзела ў вокны, але нікога не ўбачыла i палічыла, што яе чакаюць каля амбулаторыі. Яна выйшла на вуліцу i… спалохана адхіснулася: каля варот, у цені, стаяў чалавек са стрэльбай на плячы.
– Не бойцеся, Аляксандра Фёдараўна, – ціха сказаў ён, i здзіўленая Саша пазнала Уладзіміра Іванавіча.
– Вы? Вы тут?
Ён асцярожна ўзяў яе за локаць i адвёў ад хаты, трымаючыся, аднак, у цені ад клёнаў.
– Я тут. Райком стварыў групу самааховы. Час ваенны. Учора каля Дземяхоў мы парашутыстаў лавілі. Трох застрэлілі, двое здаліся. А сёння вось… маці адведаў… i вас захацеў пабачыць.
– А вось гэта неабавязкова, – непрыязна адказала Саша; прамільгнула думка: яна пацалавала гэтага чалавека, упэўненая, што ён ідзе на фронт, а ён тут туляецца, каля дому, у той час, калі ўсе іншыя i Пеця недзе пад кулямі.
Ён, мабыць, сумеўся, бо нейкі момант памаўчаў. Саша намагалася разгледзець яго твар – што на ім адбіта? Але было цёмна.
– Я лічыў сваім абавязкам папярэдзіць вас, Аляксандра Фёдараўна, – сказаў ён амаль шэптам. – Вы павінны ехаць адгэтуль, эвакуіравацца… Вам нельга тут аставацца… Вы камсамолка…
– Нікуды я не паеду! – узлавана адказала Саша i хмыкнула іранічна: – Добрая вы самаахова: ходзіце па начах, наганяеце страх, паніку. Karo вы ахоўваеце? Сябе?
Уладзімір Іванавіч зноў узяў яе за локаць, моцна сціснуў i горача зашаптаў:
– Шура, паверцемне, яквашамудругу, як… камуністу… Я не сябе ахоўваю. Але становішча вельмі складанае… Тры дні назад нашы пакінулі Мінск… Немцы пад Жлобінам…
– Здалі Мінск? – ледзь не крыкнула Саша.
– Цішэй. Не трэба панікі.
– А Мурманск?
– Пры чым тут Мурманск? – здзівіўся настаўнік.
– Там – мой муж.
– A-а…
– Няўжо праўда здалі Мінск? Не магу паверыць!
– Я ведаю напэўна… I таму прыйшоў да вас… З Рэчыцы эвакуіруюць сем'і…
Цяпер Саша паверыла яму, паверыла, што ён прыйшоў з самымі шчырымі намерамі, як добры друг, i адчула ўдзячнасць да гэтага чалавека. Не ведаючы, як выказаць яе, сваю ўдзячнасць, даверліва спытала:
– Што ж мне рабіць?
– Прыязджайце заўтра ў Рэчыцу. Я паклапачуся, каб вас пасадзілі ў эталон для эвакуіраваных.
– Дзякую, – шчыра i проста сказала яна i насцярожана прыслухалася. У хаце заплакала дзіця. А недзе ўдалечыні пачуўся гул самалётаў. Забыўшыся развітацца, яна кінулася ў хату – да дзіцяці.