Текст книги "Трывожнае шчасце"
Автор книги: Иван Шамякин
сообщить о нарушении
Текущая страница: 40 (всего у книги 43 страниц)
Але нервовы ўзрыў, успамін пра сям'ю ў такой акалічнасці – у хаце забойцы – знясілілі старога хворага чалавека. Хвілін праз колькі Бабкоў, які толькі што гарэў i кіпеў, зрабіўся маўклівы, сцішаны, змарнелы i абыякавы да ўсяго, у тым ліку i да выканання плана пазыкі. За пазыку ён агітаваў нехаця, фармальна. I Пятро мусіў узяць ініцыятыву на сябе, хоць i адчуваў, што робіць ён гэта горш за Бабкова: не ўмее, асабліва з жанчынамі, пагаварыць гэтак проста, з жартамі, з прымаўкамі. Тлумачыў значэнне пазыкі грунтоўна, але залішне сур'ёзна, афіцыйна. Сам адчуваў, што гэта кепска, але інакш не выходзіла. Што скажаш чалавеку, калі ў адказ на прапанову пазычыць дзяржаве ён тут жа просіць пазычыць яму, каб дабудаваць хату, вывесці дзяцей з земляной нары на святло? A просьбамі такімі засыпалі: лесу, пазыкі, хлеба, апраткі для дзяцей. I гэта яшчэ больш прыгнятала, знясільвала Бабкова, збівала з панталыку Шапятовіча, зводзіла на нішто яго прапаганду.
Аднак падпісваліся. Трэба – значыцца, трэба. Людзі разумел! гэта, i некаторыя як бы шкадавалі ix, прадстаўнікоў улады. Справа іншая, што наяўнымі амаль ніхто не ўносіў.
Удава адна, Марына Старосціна (Шапятовіч яе добра ведаў, бо яна была дэпутатам Савета i разы два з'яўлялася на сесію), адразу весела спытала:
– А на колькі трэба?
– Колькі можаце.
– Я магу, колькі хочаце. Дзвесце, пяцьсот, тысячу…
– Дзе ты возьмеш тысячы гэтыя? – хмура спытаў Бабкоў.
– Іван Дзямідавіч! – пляснула жанчына ў далоні.– Ды няўжо ж вы думаеце, што я заўсёды такая бедная буду? Я разбагацець хачу!
Пятро пахваліў яе, калі выйшлі:
– Каб усе такія былі.
Бабкоў усміхнуўся яму, як блазнюку:
– А карысць якая? Стары Пракоп Нізавец, які так адмаўляўся, свае пяцьдзесят рублёў сам прынясе, бо ведае: падпісаўся – плаці. A ў гэтай балаболкі што ты возьмеш? Ды ў яе ніколі капейкі за душой не было… I невядома, калі будзе…
Пятро зразумеў, што праца ix, такая пакутлівая, напалавіну марная. А каб мець хоць які вынік, то калі не яму, дык Бабкову, актыву прыйдзецца не раз яшчэ рабіць вось такі падворны абход i размаўляць, магчыма, не так далікатна, а больш катэгарычна: падпісаўся – плаці.
На змярканні, гадзіны праз чатыры абходу, Пятро адчуў сябе такім спустошаным, змарнелым, што пачаў з жахам думаць, што трэба яшчэ заходзіць да некага ў хату, а яшчэ горш – лезці ў зямлянку, бачыць галодныя позіркі дзяцей, выслухоўваць скаргі жанчын… А пасля ўсяго гэтага ўпрошваць падпісацца на пазыку. Адчуваў ён сябе, мабыць, горш, чым Бабкоў. Той неяк пачаў патроху «зараджацца». А Пятро больш не вытрываў:
– Хопіць, Іван Дзямідавіч. Не магу.
Стары зразумеў.
– Ды i хопіць. Але зойдзем вось да апошняга – да Прышчэпы. Крыкун. Чортаў сын. Але жыве нішто, пчол мае. I на яго як калі які вецер падзьме.
Зайшлі.
Рыгор Прышчэпа сустрэў ix даволі непрыветліва – у дрэнным настроі быў чалавек. Мала што магло здарыцца перад ix прыходам: пасварыўся з жонкай, з суседам… А можа, i больш сур'ёзная прычына была: балела рука – тая, якую санітар закапаў недзе ў польскай зямлі, каля Віслы, i якой так не хапала яму цяпер, у гэтую першую мірную вясну, калі трэба араць i сеяць.
У саміх ix – у Шапятовіча i Бабкова – настрой быў не лепшы, а таму самае разумнае для ix было – трымацца добрай мудрай парады: не чапай, не лезь у душу, пакінь чалавека ў спакоі, калі яму свет белы не мілы. Дык не ж – i яны «завяліся», як бяздумныя машыны.
Прышчэпа адразу адсек, з першых слоў:
– Капейкі не дам!
Ix здзівіла i абурыла: чаму такая катэгарычнасць? Табе ж памагаюць. Бабкоў проста так i сказаў. Атрымалася груба – нібы пагроза: як ты да нас, так i мы да цябе; не падпішашся на пазыку – не спадзявайся на дапамогу. Гэта яшчэ больш узлавала інваліда:
– Па вашай помашчы даўно б ногі працягнуў!
Пятро паспрабаваў змякчыць, падвесці спакваля, дыпламатычна:
– Мы вас не прымушаем. Добрая воля кожнага. Але скажу шчыра, Рыгор Макаравіч, здзіўляе нас: вы, салдат, герой, жыцця не шкадавалі за Радзіму, кроў пралілі,– раптам як адсталы які-небудзь элемент… У той час, калі ўвесь народ… Успомніце, што сказаў перад выбаршчыкамі правадыр наш…
Можа, не варта было нагадваць яму пра кроў, якую ён праліў… А лепш за ўсё – трэба было ветліва развітацца i пайсці, раз чалавек у такім узбуджаным стане, такі нервовы.
Прышчэпа «ўзарваўся» i… страціў кантроль над сваімі словамі:
– Пайшлі вы… ca сваім правадыром!..
Шапятовіч i Бабкоў на міг аслупянелі. Не былі яны дагматыкі, жылі з народам i чулі шмат што – незадавальненне, скаргі… Але такое… Каб хтось замахнуўся на яго!.. Не! Ніхто ніколі!
– Цыц, сукін сын! Ты на каго так, недабіты ты фашыст? На каго? – закрычаў Бабкоў, i Пятро не паспеў угледзець, як яны счапіліся загрудкі, два інваліды, партызан i франтавік.
– Гэта я фашыст? Ды я… за такія словы! Кім я недабіты? Табе памяць адняло – хто мяне біў? – I Прышчэпа добра-такі тузануў старшыню сельсавета куксай.
Пятро кінуўся разводзіць ix.
У хаце, ахутанай змрокам, калі яны ўвайшлі, здавалася, нікога не было, сустрэў ix амаль на парозе сам гаспадар. А тут закрычала дзяўчынка:
– Тата! Не трэба! Татачка, родненькі!
Ад некуль з печы пачуўся прастуджаны, хваравіты голас:
– Грышка! Гора ты мае! Дзяцей пашкадуй. Во дурны, во дурны! А Божачка! Даруйце вы яму, людзі добрыя.
Шапятовіч схапіў Бабкова за плечы, адарваў ад Рыгора, якога ў сваю чаргу цягнула дачка, Пятрова вучаніца.
Але Бабкоў таксама раз'ятрыўся:
– Я табе пакажу! Ты папомніш!.. Я табе хаплю загрудкі!
Пятро выпхнуў яго на двор, але стары не сунімаўся, грымеў на ўсю вуліцу:
– Я яму пакажу! Бандзюга! Фашыстоўскі вырадак! Мы яшчэ высветлім, як ты руку страціў. Можа, самастрэл, сукін сын, зрабіў, а цяпер носішся са сваёй куксай?!
– Ды сціхніце вы, Іван Дзямідавіч! Людзі чуюць.
– Няхай чуюць! А ты што? Хочаш скрыць ад людзей, як бандыт хапае загрудкі старшыню сельсавета? Шчасце яго, што я забыўся на пісталот, а то стукнуў бы, падлюгу…
– I што было б?
– А мне напляваць, што было б! Але каб усялякая сволач хапала загрудкі… Ну не! Лепш у турму пайду.
– Ды невядома, хто з вас схапіў першы.
– Ну, ты гэта кінь! Прымірыцель! Ты чуў, што ён сказаў?
Пятро стараўся гаварыць спакойна, напаўголаса, трохі не шэптам, каб прымусіць i Бабкова збавіць тон, не крычаць. Гэта не адразу ўдалося. Доўга ён яшчэ «грымеў». Каб не ісці па вуліцы, дзе ў вясновы вечар было нямала людзей, Пятро завярнуў у першы неабгароджаны падворак. Ішлі напрасцяк праз агароды па свежай раллі, пакуль не выйшлі на поплаў.
Бабкоў раптам зусім сціх. У яго пайшла з носа кроў – ці то ад стомленасці, ці то ад нервовай узбуджанасці.
– Ну, во… бачыш? – прахрыпеў ён з крыўдай, як хлапчук, якому расквасілі нос. – Прымірыцель!..
Іван Дзямідавіч злосна абшморгваў з альховых кустоў маладое ліпучае лісце, прыкладваў да носа. Пятро не адразу здагадаўся, што ў старога няма нават насавой хустачкі. Прапанаваў сваю. Той узяў.
Падышлі да рэчкі. Бабкоў спусціўся да вады, каб умыцца. Пятро прысеў на беразе, на грудку. Потым лёг. I адчуў такую стомленасць, што на нейкі міг калыхнулася зямля i закружылася зорнае неба. Не ўсё неба – зоркі, тыя, што загарэліся ўжо. Нарэшце i яны стал i па сваіх месцах i пачалі весела міргаць. Пятро сумна ўсміхнуўся ім, зоркам, i заплюшчыў вочы.
Плескала вада. Крумкалі недзе лягушкі, не вельмі яшчэ зладжана i назойліва, як бы пасля зімовай спячкі спрабавалі галасы. Яшчэ далей «драў дранку» дзяркач. Але ўсе гэтыя звыклыя гукі зямлі i ночы не парушалі вялікай цішы сусвету.
Пятро пачаў думаць аб невымернасці сусветнай прасторы, аб тым, што не толькі ён i ўсе людзі, усё чалавецтва, але нават уся планета наша – пылінка ў бездані космасу.
Ён навучыўся ў цяжкія хвіліны думаць пра абстрактный рэчы, гэта хораша супакойвала, настройвала на гэткі – часам высокафіласофскі, часам прыземлена-гумарыстычны – лад. Але тут не атрымалася: у цэнтры сусвету, які ён хацеў уявіць, працягвалі нязрушна стаяць людзі – тыя, з якімі сустрэўся за дзень, i наперадзе гэтых людзей – чалавек, што трапіў на вочы апошні,– Рыгор Прышчэпа. Не, не Рыгор – дзяўчынка, яе крык: «Тата! Не трэба! Татачка, родненькі!» – засланяў i запаўняў сусвет, усю галактыку.
Пятро расплюшчыў вочы. На небе можна было ўжо разгледзець цьмяны шлейф Млечнага Шляху – зорны мост. Ён прыгадаў свой мост. Падумаў: «Што мяне трымае тут? Што прывабіла? Гісторыя? Але каб вывучыць яе, зусім не трэба хадзіць з Бабковым збіраць падаткі, падпісваць на пазыку. Цяпер будуецца столькі мастоў. Я даўно мог быць на адной з гэтых будоўляў. Няхай ён не мой, але ўсё адно мост. Не зорны, не ўяўны. Сапраўдны, па якім пойдуць людзі на другі бераг. А што я тут збудую?»
Бабкоў сеў побач, заціснуўшы мокрай хустачкай нос.
Можа, ад таго, што нос заціснуты, дыхаў цяжка – выдыхаў паветра астматычна, са свістам.
Не павярнуўшы галавы i зноў заплюшчыўшы вочы, Пятро спытаў:
– Што ты думаеш рабіць?
– З ім? З контрай гэтай? Заўтра ж пазваню Булатаву, ён з ім пагаворыць…
Пятро памаўчаў… Зноў «убачыў» i яго, інваліда, i дачку, вучаніцу пятага класа, «угледзеўся» ў ix больш пільна.
«Колькі ў яго яшчэ дзяцей? Запытаць заўтра ў Галі. I – на што хварэе маці?»
Жонкі Прышчэпавай ён не ведаў, i на яго глядзелі нейкія абстрактный жаночыя вочы, сумныя, спакутаваныя. Ад позірку гэтых вачэй зрабілася страшна. Ён рыўком падняўся, голасна сказаў:
– Не ўратавалі Запечку. Пасадзім Прышчэпу. Асірацім яшчэ адну сям'ю. Мала ix, сірат?!
Дзіўна – Бабкоў не адказаў. I цяжка дыхаць перастаў. Як бы замёр. Доўга маўчаў.
– Іван Дзямідавіч!
Стары хрыпла вылаяўся:
– Пайшоў ты!.. Думаеш, у мяне сэрца няма? Яно – як вугаль, але жывое яшчэ! Не камень! Во… б'ецца i баліць… Баліць за ўсё! I за сірат! – I нечакана, без усялякага лагічнага пераходу, прапанаваў: – Хадзем нап'ёмся.
– Дзе?
– У Капыла. У гэтага гада вёдры самагонкі.
* * *
Пятро піў i… не п'янеў, ва ўсякім разе, не весялеў, як звычайна, а, наадварот, рабіўся ўсё больш пануры, злосны. Ён, як i многія другія, недалюбліваў сакратара сельсавета. Ідучы сюды, выказаў Бабкову гэтую сваю антыпатыю да чалавека, да якога яны так нечакана рашылі завітаць знянацку ў госці.
Іван Дзямідавіч адказаў:
– Думаеш, я люблю яго?
– На чорта ж мы трымаем такога ў сельсавеце?
– Я да цябе яшчэ хацеў турнуць, але ў раёне сказалі – не чапаць. Работу ён ведае. I людзей. Даваенны кадр.
Пакуль не садзіліся за стол, Пятро проста іранічна пасміхаўся з ліслівай i яўна фальшывай Халімонавай радасці з прычыны «такіх дарагіх гасцей», з яго мітуслівых завіханняў па хаце, сыканняў на жонку, на дачку: хутчэй на стол! A выпілі па першай, па другой, не па чарцы – па шклянцы, i не самагонкі, a разбаўленага спірту, i вось найшла на яго гэтая панурасць.
Раздражняла ўсё: назойлівыя запрашэнні гаспадара «пакаштаваць сальца, мядку», страў, якіх ён, Пятро, даўно не бачыў,– сала, кілбаса, яйкі, тварог, пахучы чысты хлеб у гэтую галодную вясну, кал i большасць людзей не маюць бульбіны; фікусы з двух бакоў стала, што выраслі да столі, як лес, – сядзелі, як у джунглях; гара вышываных падушак на нікеляваным ложку; новыя шпалеры, якімі, відаць, зусім нядаўна абклеілі сцены гэтай чыстай палавіны хаты; фатаграфіі на сценах, мноства фатаграфій. Раздражнялі нават партрэты генералісімуса. Ix было ажно два: вялікі плакат на ўвесь прасценак паміж вокнамі i зашклёны, у дубовай рамцы, у куце – на тым месцы, дзе звычайна ў сялянскай хаце вісяць абразы.
Пятро з'еў скібку хлеба, кавалак вельмі смачнай кілбасы i… адчуў, што больш не можа есці – не лезе ў горла. I тады раздражнёнасць пачала перарастаць у нешта страшнае, чаго ён нават сам спалохаўся, – у нейкае дзікае буянства. Захацелася раптам перакуліць стол, паламаць фікусы, нават больш таго – сарваць гэты партрэт, што вісіць замест абразоў. Усялякае на яго находзіла, але такога яшчэ не было.
Халімон Капыл як бы адчуваў яго настрой i ўлашчваў: няспынна запрашаў есці, піць.
– Пятро Андрэевіч, што гэта вы грэбуеце нашым сялянскім пачастункам?
– А я што – пан?
– Ну, вы анцялягентны чалавек.
– А дачка ваша?
– I то праўда. Вырасла наша сялянская анцялягенцыя дзякуючы роднай нашай уладзе. Маруся! Паўхаджвай за сваім таварышам па рабоце.
Маруся – Марыя Халімонаўна, настаўніца ix школы, хімію i батаніку вядзе. Пераспелая дзеўка, гады на два старэйшая за Пятра. Працавітая i строгая, вучні яе баяцца, на ўроках яе – найлепшая дысцыпліна. Строгая i ва ўсіх іншых адносінах: самыя заядлыя пляткаркі не маглі сказаць, як пра другіх, што яна «круціла» з партызанамі ў акупацыю ці з нашым! афіцэрамі, калі фронт блізка стаяў. I цяпер нікога ў яе няма. Дэмабілізаваныя сяржанты «страляюць» за настаўніцамі, нават не за маладымі – за ўдовамі. Да яе ж чамусьці не заляцаецца ніхто. Непрыгожая? Не, не сказаць. Праўда, вельмі ж падобная на свайго бацьку; можа, таму для тых, хто ведае кульгавага, нехлямяжага, заўжды непаголенага Капыла, знікае, траціцца жаноцкасць яго дачкі. Бывае такое.
Ix нечаканае i позняе з'яўленне Марыя Халімонаўна сустрэла іранічнай ухмылкай. Пятро зразумеў – падумала пра яго: «Ці не кожны дзень ты, наш ідэйны сакратар, вось гэтак завяршаеш сваю грамадскую работу?» Яму было ўсё адно: «Чорт з табой, думай, што хочаш».
На загад бацькі хутчэй сабраць на стол «для дарагіх гасцей» адказала нехаця, рабіла ўсё знарок павольна – паказвала свой гонар i строгасць. Але за стол села – за гаспадыню, бо старая не села, знікла, схавалася, быццам i няма яе ў хаце.
– Праўда, Пятро Андрэевіч, што гэта вы… нейкі сёння… не ў гуморы. Давайце вып'ем за нашу настаўніцкую прафесію. Хто не ведае – думае, што яна лёгкая.
Марыя Халімонаўна, паважна ўсміхаючыся, узяла цёмную доўгую пляшку, каб наліць яму i сабе. Але бацька перапыніў яе:
– Чакай, Маруся, да гэтай чарга дойдзе. А цяпер вось гэту. Як сляза! Чысценькі… раціфікат…
– Капыл хоча, каб мы хутчэй – «з капылоў», – пажартаваў Пятро сур'ёзна, без усмешкі; пра гэта ён падумаў раней.
Капыл i Бабкоў зарагаталі.
Іван Дзямідавіч, выпіўшы, адразу аджыў, павесялеў, забыўся на ўсе непрыемнасці дня.
Пятро зайздросціў яму.
– Пі, Пеця! Не шкадуй. У Халімона гэтай атруты хопіць! Забыўся, пра што дамаўляліся?
– Пра што?
– «Накапыліцца». Ха-ха…
– Ну што ж… Давай «накапылімся».
Гаспадар засакатаў, запырскаў ліслівым смехам, а дачцэ яго гэта яўна не спадабалася – яна скрывіла тонкія вусны, зняважліва хмыкнула.
– За хімію, Марыя Халімонаўна. Без хіміі было б сумна жыць.
Яна глядзела на яго насцярожана, з падазронасцю – ці няма тут якога падэсця? Відаць, не адразу зразумела, што ён мае на ўвазе.
Пятро, чакаючы з узнятай шклянкай, растлумачыў:
– Чым было б павесяліць душу, каб не хімія?
– От праўдачка ваша, – сакатаў стары Капыл.
Марыя Халімонаўна ўсміхнулася, прыветліва чокнулася. Пятро залпам выпіў паўшклянкі спірту, неразбаўленага. Абпёк горла. Як сляпы, пачаў мацаць па стале конаўку з вадой. Марыя Халімонаўна сунула конаўку яму ў руку. Ен прагна выпіў ваду.
– Капустай закусвайце, капустай. – Яна шчодра наклала яму з глінянай міскі ў пажаўцелую ад часу талерку капусты.
Пятро пачаў есці, i – капуста спадабалася яму, зноў адчуўся голад. Капуста прыпраўлена цыбуляй, скрылькі цыбулі сакавітыя i надзіва салодкія. Ён паволі выбіраў ix відэльцам.
– Ды бярыце ж вы сала, кілбасу, Пятро Андрэевіч. – Марыя Халімонаўна сама, сваім відэльцам, наклала яму гapy рознай закускі. I тады яго зноў апанавала злосць. Ён баяўся падняць галаву, каб не выдаць сябе, такога свайго стану. Пачаў нехаця есці, але больш налягаў на капусту. А тут, як на тое, гаспадар пачаў скардзіцца, што Федзька Балотны, старшыня калгаса, чапляецца да яго: сядзібу перамераў, лішнія соткі знайшоў, пяць сотак нейкіх, пагражае абрэзаць.
«Які ён вам Федзька? Ён – Фёдар Іванавіч Балотны, стары, паважаны i прынцыповы чалавек!» – хацелася крыкнуць Пятру. Але сцярпеў. Хрумстаў, як конь, капусту.
– Я спіны не разгінаю, яна вось таксама. За тры кіламетры штодня на работу ходзім. Аднаго абутку таго колькі стопчаш па гразі ды па пяску. Гэта яе настаўніцкія соткі. Што ж, выходзіць – будзем абразаць нашу анцялягенцыю?
– Разбяромся, разбяромся, скажам гэтаму Балотнаму, чорту, – лагодна бубніў Бабкоў.
Пятро зразумеў: стары хітрун ведае цану капылоўскім скаргам, але, як добры госць, гладзіць гаспадара па шэрсці.
Яна, Марыя Халімонаўна, здзекліва хмыкнула:
– Сапраўды «балотны чорт»!
Пятро паглядзеў на яе, падумаў: «Што? Не ўдалося купіць яго?»
Яна расчырванелася, вочы заблішчалі. I ўпершыню Пятро ўбачыў, што пры непрыгожым капылоўскім твары ў яе прыгожая шыя, белая-белая, пяшчотная, i грудзі – поўныя, ажно распіраюць кофтачку. I ён пачаў з п'янаватай бесцырымоннасцю глядзець на яе грудзі.
Усё больш нахабнічаў стары Капыл – не прасіў, ужо амаль патрабаваў, каб усе сталі на абарону яго, пакрыўджанага:
– Мы з табой, Іван Дзямідавіч, – улада савецкая… А гэтыя, балотныя… Ім толькі папусціся, дык яны i табе на галаву сядуць. Не давай у абіду сваёй правай рукі!.. Чуеш? I будзеш ты за мной… У мяне таксама рука ёсць…
– А як жа – не даюць! – зноў адгукнулася настаўніца. – Ячмень дзялілі – усяму актыву ёсць, а Капылам – не, i сакратару i педагогу. Яны, бач, багатыя.
«I ты пакрыўджаная?» – ужо без ранейшай раздражнёнасці, а са здзіўленнем хацелася спытаць Пятру. Не спытаў. Сам адказаў: «Але, пакрыўджаная!» – i буянства яго раптоўна перайшло ў нейкую новую стадыю – з'явілася яшчэ больш недарэчнае i дзікае жаданне: не ламаць фікусаў, а зламаць яе, гэтую пераспелую смакоўніцу, скамячыць поўныя, тугія грудзі, нацалаваць ix да сінякоў.
Уяўленнем пра гэта цалаванне распальваў сябе. Імпульсы нейкіх біятокаў, мабыць, даходзілі да яе, бо яна запунсавелася ўся, занервавалася. Прапанавала выпіць раз, другі. Нешта прыбрала са стала, нешта прынесла. Сядзела як на іголках. Нарэшце схапіла апусцелую міску.
– Я прынясу яшчэ капусты.
– Я пасвячу. У мяне ёсць ліхтарык.
Старыя, занятыя сваёй размовай, не звярнулі ўвагі на ix. Пятро выйшаў следам за ёю i адразу за дзвярамі на ганку абняў. Строгая, правільная, недачэпа, яна выпусціла міску i пачала цалаваць яго сама. Ён расшпіліў кофтачку, дабраўся да грудзей…
Яна шаптала, задыхаючыся:
– П-пе-еця! П-пе-цечка!.. Не ц-ця-пер… Пасля. Заначуйце ў нас. Заначуйце…
Словы гэтыя яе – як удар: адразу, уміг, наступіла поўнае працверазенне. Раптам здалося, што ён цалуе брыдкую вусатую морду старога Капыла. Ён адхіснуўся, адступіў ад яе.
– Ідзі па капусту.
– Пасвяці.
– Няма ў мяне чым свяціць!
Яна нахілілася, знайшла ў цемры міску, шчасліва засмяялася i ўпадскок, як дзяўчынка, пабегла пад павець, да склепа.
Пятро вярнуўся ў хату. I з парогa пачуў, як моцна захмялелы Бабкоў расказвае Капылу:
– …дык ён, гад, мяне загрудкі… Ах ты, бандыт! Мала што…
Пятра ўсяго скаланула! Ішлі сюды – дамовіліся: пра здарэнне з Прышчэпам нікому ні слова.
«Што ж ты, стары дурань, робіш?»
– Хто цябе хапаў загрудкі? – спытаў Пятро.
– Як хто? Ён… гэты бандзюга… аднарукі…
– Ну, ты дапіўся, Іван Дзямідавіч. Поп хацеў цябе схапіць. Поп! Ды ты яго схапіў…
– Поп? – недаверліва спытаў Капыл.
– П'яны, гад, быў… у рызу. На нагах не трымаўся.
– П-оп? – здзівіўся Бабкоў, вылупіўшы вочы, але, мабыць, бліснуў прамень у яго затуманенай галаве, нешта ўспомніў, пра нешта здагадаўся, пакруціў галавой, засмяяўся – Поп! Вот змей нястрыжаны! Але грошы – во! – Ён паляпаў па сумцы, якая ляжала на ўслоне побач.
– Пайшлі дадому! Хопіць!
– Пайшлі,– нечакана адразу згадзіўся старшыня i падняўся.
Капыл замітусіўся:
– Яшчэ па адной, Іван Дзямідавіч!.. Ай-яй, усё ж некранутае. Кілбаска, сальца… Маруся!
– Заўтра рана весткі ў раён трэба адаслаць.
– Дык гэта ж я i адашлю. Чуць развіднее – i я ўжо буду на рабоце. Хіба першы раз. Калі трэба, дык трэба. Пераспім i разам пойдзем.
Бабкоў завагаўся, яму хацелася выпіць яшчэ. Але Пятро падумаў пра Сашу, успомніў сваё шалёнае жаданне, бессаромную падатлівасць яе, гэтай… ханжы, i яму захацелася як мага хутчэй выбрацца з Капыловай хаты. Цяпер ён баяўся другога «граху»: каб не вырвалася яго антыпатыя да гаспадара, да яго дачкі… Навошта выяўляць яе? Разам працаваць… Спірт можа такога нарабіць, што сам сабе будзеш брыдкі пасля.
– А што нам скажуць жонкі? Соня табе апошнія патлы вырве.
Падзейнічала! Бабкоў баяўся свае маладое жонкі, на людзях – ціхай, маўклівай, але, відаць, бабы з характарам. Недарма Саша гаварыла пра яе: «О, гэтая Соня-ціхоня, яна яшчэ пакажа сябе».
Іван Дзямідавіч вылез з-за стала, знайшоў на падаконніку сваю шапку.
Капыл ушчуваў Шапятовіча:
– Эх, Пятро Андрэевіч! Адзін разок заглянулі i гадзінкі не пасядзелі. А я думаў: ну, дамо дразда, бо ўсе свае, спірт маем…
Вярнулася з капустай Марыя Халімонаўна. Безумоўна, адразу не магла ўцяміць, чаму раптам госці падхапіліся, стаяць пасярод хаты ў шапках. Сунула міску на прыпечак, сама прытулілася да печы, здзіўленая, засаромленая, нейкая адразу зблажэлая. Абраза, крыўда, магчыма, з'явіліся пазней. А тады, калі яна, баючыся глянуць Пятру ў вочы, працягвала на развітанне руку, пэўна, была ў роспачы ад таго, што ўцякае яе кароткая жаночая радасць, спадзяванне на якую так нечакана ўзнікла.
Уначы балела галава. Прачнуўшыся ад гэтага болю на світанні, Пятро праглынуў колькі парашкоў, якія знайшоў у Сашыным чамаданчыку, i запіў з вядра, нагбом. Было брыдка ў роце, паскудна на душы.
Другі раз яго разбудзіў школьны званок. Сапраўды, недзе зусім блізка званок настойліва клікаў у класы. Не дзіва, што дзяжурны бегае па ўсім парку. Майскае сонца i праз тыя некалькі цьмяных шыбін заліло пакой не толькі да болю ў вачах яркім святлом, але i цяплом, бадзёрым i радасным. Пятро адразу адчуў гэтую бадзёрасць. Галава не балела. Начны боль здаўся далёкім, як боль ад ваенных ран. Трохі быў устрывожыўся, што прапусціў урокі. Але глянуў на гадзіннік i зразумеў, што Саша знарок не разбудзіла яго, напэўна, дамовілася з дырэктарам, каб яго замянілі, пераставілі ўрокі. Разумніца! Уначы, калі адчыніла i ўбачыла п'янага, – слова не сказала.
Пятро прыгадаў учарашнія падзеі, праўда, чамусьці ў ix адваротнай паслядоўнасці – ад вечара ў Капыла да нарады ў сельсавеце. I – дзіўная з'ява! – нібы ўсё асвяцілася зусім іншым святлом – вось гэтым, майскім, вясёлым, што льецца праз шыбы. Нават выпадак з Прышчэпам не здаваўся такім сур'ёзным, палітычным, як здаўся ўчора. Цяпер гэта выглядала амаль смешным, бытавым, трагічным толькі ў нейкіх дэталях, а на самай справе камічным, як гэта часта бывае ў штодзённым сялянскім жыцці. Многія факты з ix «падпісной кампаніі» можна расказаць як анекдоты. З папом, напрыклад…
Увайшла Саша. У халаце, у марлевай касынцы. Пятру заўжды асабліва падабалася жонка ў сваім медычным убранні, вельмі ж яно пасавала ёй.
– А-а, прачнуўся мой слаўны мужанёк! П'янчужка! – Села на ложак, як каля хворага. – Мала, што нейкай ванючай гадасці насмактаўся, дык яшчэ адразу па чатыры парашкі глытаеш… Калі-небудзь атруцішся, дурань такі.
– А галава перастала… светлая, што дзень гэты.
– Добра, што аспірын. – I запатрабавала – ён не зразумеў – усур'ёз ці жартам: – Ну, а цяпер расказвай пра ўсе твае прыгоды.
У Пятра ёкнула сэрца: «Ці не сказала Капыліха ад злосці, што я, п'яны, прыставаў, лез цалавацца?»
Расказаў падрабязна ўсё, акрамя, безумоўна, гэтага – цалавання з Марыяй Халімонаўнай. Ca страхам чакаў, што Саша спытае: «А што яшчэ рабіў у Капыла?»
Не. Яе ўстрывожыла другое: што п'яны Бабкоў усё-такі прагаварыўся свайму сакратару пра выпадак з Прышчэпам.
– Ох, дурні вы! Адзін стары, другі…– Які дурань ён, Пятро, Саша не сказала, загадала няласкава: – Падымайся, лежабок. Я ледзь угаварыла дырэктара, каб замест тваіх урокаў правесці гутаркі аб гігіене.
Пакуль ён галіўся, умываўся, Саша сабрала на стол. Знікла. Вярнулася праз колькі хвілін i – на вялікае здзіўленне Пятру – паставіла на стол пляшачку спірту. Следам за ёй прыйшоў Бабкоў, задаволены запрашэннем, вясёлы. З парогa паведаміў Пятру, што ёсць ужо 83,2 працэнта падпіскі i што сельсавет на чацвёртым месцы ў раёне. За сталом адразу прапанаваў выпіць за Сашу, якую ён любіць, як дачку, i паважае. Ажно праслязіўся ад замілавання ці, можа, ад успамінаў пра сваю дачку.
Саша перапыніла яго, сказала з дзіўным бляскам у вачах:
– Я вас, Іван Дзямідавіч, таксама паважаю… Але я… я вас узненавіджу… – Пятро i Бабкоў устрапянуліся, аднеслі ад рота налітыя шклянкі.– I не ад на я!.. Кал i вы дасцё ў крыўду гэтага неразумнага балбатуна Прышчэпу. Вы ж не яго пакрыўдзіце – дзяцей. Мала яшчэ сірат?
Пятра ўразіла, што Саша сказала тыя ж словы, што i ён учора, каля рэчкі.
Бабкоў паставіў шклянку. На маршчыністым сухім твары яго выступілі фіялетавыя плямы.
– Ды што ж я, па-вашаму, Аляксандра Фёдараўна, звер, а не чалавек? Ці не ведаю, што такое гора? Ды мне цяпер няхай язык вырвуць… A калі што – я лепш сам сяду…
– Ну, усё! – зноў перапыніла яго Саша. – Вып'ем.