355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Трывожнае шчасце » Текст книги (страница 13)
Трывожнае шчасце
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 02:20

Текст книги "Трывожнае шчасце"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 13 (всего у книги 43 страниц)

VIII

Можа, на адну хвіліну заснула Саша ў тую ноч i адразу ўбачыла сон. Бяскрайняе i роўнае-роўнае, без узгорачка, без куста, заснежанае поле. Яна ўзіраецца да болю ў вачах у гэтую белую роўнядзь i… раптам бачыць: па пол i ва ўсім белым паўзе чалавек. Яна пазнае Пецю. Ён працягвае да яе рукі, просіць дапамогі, нешта крычыць. Яна хоча закрычаць у адказ i… не можа – няма голасу. Яна бяжыць насустрач, але ўзнімаецца страшэнная віхура. Саша змагаецца з ветрам, выбіваецца з апошніх сіл, але з жудасцю заўважае, што віхура адносіць яе назад, яна не набліжаецца да Пеці, а аддаляецца ад яго. I ён астаецца адзін еярод гэтага страшнага поля.

Саша прачнулася, аблітая халодным потам. Сэрца калацілася так, быццам сапраўды яна толькі што доўга бегла, змагаючыся з віхурай.

За акном шуміць вецер. Таполі ажно звіняць абледзянелым голлем, шоргаюць ім аб страху хаты. На шыбах шархаціць сухі снег.

«Гэта добра, што такая ноч», – успомніла яна словы Лялькевіча i адразу пачула яго самога: ён піў ваду каля дзвярэй, дзе стаяла вядро. Напіўся i асцярожна, без мыліцы, каб не стукаць, трымаючыся за лаву i за сцяну, пачаў прабірацца да ложка.

«Трэба ставіць яму ваду. Як гэта мы не здагадаліся?» – падумала Саша i шэптам паклікала:

– Уладзімір Іванавіч!

Ён не адказаў, стаіўся недзе на паўдарозе – хацеў схітраваць.

– Уладзімір Іванавіч! Можа, вам нездаровіцца, што вы ўжо двойчы п'яце ваду?

– Не, Саша, я здаровы. Мне проста не спіцца, i я тупаю па хаце.

– А я заснула.

– Вы крычалі ў сне.

– Я сасніла страшны сон. Бачыла Пецю. Ён поўз па полі.

– Вы думалі пра хлопцаў, як будуць яны паўзці да склада, таму вам прыснілася гэта.

Каля стала заскрыпеў услончык – Лялькевіч недзе там сеў.

– А мне, зразумейце, цяжка. Цяжка адчуваць сваю бездапаможнасць. Мне хочацца… мне трэба быць разам з хлопцамі. Яны такія маладыя i нявопытныя!

На ляжанцы ўздыхнула Поля – таксама не спала. Але яна нічога не сказала, таму i яны змоўклі.

…Дні тры назад каваль, які стаў-такі папом, заглянуў да Лялькевіча i сказаў:

– Іванавіч, хлопцы даўно замахваліся на хлебныя склады на станцыі. Немцы да ліха нарабаванага збожжа туды навезлі. Я доўга прыглядаўся i ўсё стрымліваў хлопцаў – небяспечна, не вельмі склады загарацца зімой. А цяпер ёсць магчымасць… Я сёння быў там, на пахаванні стрэлачніка. Магчыма, каб не выстаўляць дадатковы пост, немцы, дурні, падсунулі пад самы склад, на запасную каляю, бензацыстэрну. Адну «хлапушку» пад гэтую цыстэрну – i ўсё да Бога: i бензін i склад! Дарэчы, падае барометр, гудзяць ногі. Трэба чакаць мяцеліцы. Нам – на руку.

– Вось гэта ўжо будзе залп! Ён будзе далека чуваць i відаць, – сказаў Лялькевіч.

Дачакаліся дня, калі пайшоў снег, i позна ўвечары хлопцы рушылі на заданне. Пайшло пяць чалавек: Анатоль, Данік, Ціхан, Павел i Лёнік. Але план аперацыі абмяркоўвалі з камісарам толькі Данік i Цішка. Анатоль не прыйшоў з меркаванняў канспірацыі, а новыя члены арганізацыі, як было дамоўлена, нічога не ведалі пра Лялькевіча i Сашу.

Саша ведала ўсе дэталі гэтага плана. I станцыю, якая знаходзілася кіламетраў за дзевяць ад ix вёскі, за лесам, яна добра ведала. Таму яе ўяўленні былі такія яскравыя, быццам раскрыліся сцены хаты, расступіўся лес i яна ўсё бачыць наяве. Вось хлопцы выйшлі з лесу i па глыбокім снезе абходзяць пасёлак. Добра, што ідзе снег i замятае адразу сляды. Вось яны ляглі ў кустах на беразе ручая. Адгэтуль да склада нейкіх метраў трыста. Правяраюць зброю. Далей паўзуць толькі трое – Анатоль, Цішка i Данік, захутаўшыся з галавы да ног у белыя балахоны, пашытыя ёю, Сашай, з тых накрухмаленых, прапахлых нафталінам прасцін, якія набывала яшчэ ix нябожчыца маці ў пасаг дочкам. Каля штабялёў бярвення, што навалены па гэты бок чыгункі, якраз насупраць склада, астаецца Анатоль, узброены нямецкім аўтаматам: у выпадку чаго ён павінен прыкрыць адыход хлопцаў. Далей паўзуць двое – Данік i Цішка. Самае цяжкае – перабрацца цераз пуці. Але яны перабіраюцца. I вось ужо стаіліся за вуглом склада, чакаюць, калі вартавы-немец, які ходзіць вакол склада, наблізіцца да ix. Саша не хоча бачыць, як Данік ударыць яму ў спіну нямецкім кінжальным штыком, a Цішка адразу заткне рот, каб ён не закрычаў. Яна заплюшчвае вочы… i сапраўды прапускае гэты момант. Вось немец ужо ляжыць. Хлопцы падкладваюць пад бензацыстэрну міну i ўжо не паўзуць, а бягуць назад… Тонуць у гурбах снегу, падаюць, зноў падымаюцца… Хутчэй, хлопчыкі! Хутчэй! Каб снег замёў вашы сляды…

Саша разумев, што дарэмна яна ўяўляе ўсё гэта ўжо каторы раз за ноч. Калі ўсё добра, склады даўно гараць, а хлопцы вяртаюцца назад, падыходзяць дадому. Лепш заснуць, каб так не перажываць, каб хутчэй дачакацца брата.

I раптам – ціхі стук у шыбу з двара. Гэта – ён, Данік. Але стук такі трывожны, такі нецярплівы, што ў Сашы страшэнна закалацілася сэрца: гора. Яна ўміг саскочыла з печы. Гэтак жа хутка падхапіліся Поля i Лялькевіч.

Данік уваліўся белым прывідам, страшэнна задыханы, быццам ад самай станцыі бег не спыняючыся.

– Што здарылася? – спытаў камісар на парозе, схапіўшы хлопца за рукі.

– Ц-ці-шку р-ран-і-лі,– ледзь прамовіў ён і, задыхаючыся, глытаючы словы, пачаў расказваць: – Мы… як п-па плану… п-пад-п-паўзлі… А вартавога няма… Ляжым – няма… Стаім – нічога не чуваць… Мы падклалі міну – i б-бягом… А ён, відаць, спаў, зараза, у зацішку. Нам н-не трэба было бегчы. Мы – дурні. Ён пачуў, як мы пабеглі… прачнуўся. Убачыў, відаць, сляды – i ракету ўгору… Тут i пачалося: i ад моста, i ад станцыі. З кулямётаў як ударылі… Мы да штабялёў ужо дабеглі, дзе Толя чакаў, i тут Цішка войкнуў i ўпаў… Мы яго ў лес прынеслі. А што нам далей рабіць, Уладзімір Іванавіч? Памрэ Цішка, – зусім па-дзіцячы ўсхліпнуў знясілены юнак.

Лялькевіч ласкава абняў яго за плечы:

– Без'панікі, друг мой. Будзем ратаваць Цішку. Зробім усё, каб выратаваць яго.

– А склад гарыць, Уладзімір Іванавіч! – ужо больш бадзёра прамовіў Данік. – Мы толькі за пасёлак зайшлі, а яно як бухне! I як шугане! I цяпер яшчэ гарыць! З прасекі відно было зарава, калі завіруха трохі спала. А потым зноў закруціла…

– Куды яго раніла? – спытала Саша, адразу зразумеўшы, што нікому іншаму, а ёй трэба як мага хутчэй бегчы туды. Гэтак жа, як тады, кал i яна працавала фельчарам i калі яе вось так уначы выклікалі да хворага, яна вобмацкам пачала шукаць вопратку, на хаду ўспамінаючы, дзе што ляжыць.

Лялькевіч засвяціў газнічку.

– Але. Захапіце ўсё, што ў нас ёсць, – сказаў ён, убачыўшы, як імкліва яна збіраецца.

Саша камандавала, немнагаслоўна, ціха, але рашуча, патрабавальна, як добры хірург у часе аперацыі:

– Поля! Малако – у бутэльку! I вады! Дастаньце вату, у вас пад матрацам, – гэта Лялькевічу. – Данік! На грубцы шпрыц! Ды варушыцеся вы хутчэй! Божа мой! Якія маруды!

Лялькевіч таксама пачаў апранацца.

– А вы куды? – спытала Саша.

– Я – да Старога. Трэба, каб раніцой ён паехаў на кані… У папа знойдзецца прычына паехаць… Ён забярэ Ціхана i завязе за раку, у Рудню… Туды прыйдзе з атрада ўрач. Зробіць аперацыю.

– Не трэба вам хадзіць! – ціха, але цвёрда сказала Саша. – Няможна!

Лялькевіча i здзівіла i ўзрадавала гэтая ўладнасць яе. Маўклівая ў апошні час i як бы трохі інертная i абыякавая, яна ў напружаную, адказную хвіліну выяўляла ўсю сваю душэўную сілу, мудрасць i асцярожнасць. Ён гэта зразумеў i не стаў пярэчыць. Але хто скажа кавалю? Ён падумаў – яна адказала:

– Мы самі скажам! Усё адно трэба ісці ў абход, па Аднабочцы. Не пойдзем жа мы паўз школу, дзе паліцаі. Данік забяжыць i скажа.

– Добра, – згадзіўся Лялькевіч, скідаючы кажух i звяртаючыся да Даніка: – Скажаш Аляксею Сафронавічу: завезці ў Рудню, да старасты Мірона. Гэта наш чалавек…

Саша была ўжо каля дзвярэй, яна выходзіла імкліва, гэтак жа, як i збіралася, каб не траціць дарэмна ніводнай хвіліны.

Лялькевіч пажадаў:

– Шчасліва вам.

Яна спынілася, быццам штось забыла. Потым гэтак жа імкліва вярнулася назад, ускочыла на ляжанку i пацалавала на печы дачку. Саскочыўшы на падлогу, пагасіла газніцу. На фоне акна Лялькевіч убачыў, як разгубленая, спалоханая Поля хрысціла ўслед брата i сястру.

На дварэ гуляла завіруха. Толькі адчынілі дзверы – у вочы сыпанула сухім снегам. Вецер звінеў галінамі абмёрзлага клёна, скуголіў i свістаў у шчылінах паркана, у дзіравай страсе хлява. Недзе ў суседа назойліва i непрыемна рыпелі вароты. За шашой глуха стагнаў бор.

З маленства Саша слухала i любіла шум блізкага лесу, у бязлесным Заполлі яна сумавала па ім, але цяпер, у глухую ваенную ноч, шум гэты здаўся ёй цяжкім стогнам. Недзе там, сярод лесу, ляжыць ранены баец, таварыш па барацьбе. Хутчэй жа да яго!..

Данік схапіў яе за плечы каля брамкі:

– Куды ты?

Яна не разумела.

– Ісці па вуліцы? Што ты! Ты ведаеш, як неспакойна цяпер спяць людзі? Хто-небудзь убачыць. Хадзем гародамі. На, – i ён працягнуў ёй белы настольнік, які невядома калі захапіў з дому, – накрыйся!

Вецер біў у твар, зрываў настольнік, напінаючы яго, як ветразь. Ногі глыбока правальваліся ў снезе, i Саша спатыкалася, падала, перапаўзала гурбы каля агароджаў на карачках, не адчуваючы, як снег набіваецца ў рукавы. Яна задыхалася: сэрца распірала грудзі, i ўдары яго, ліхаманкава частыя, балючыя, адчуваліся ва ўсім целе: у скронях, у шыі, у руках.

Данік спыняўся, чакаў яе i ўмольна прасіў:

– Хутчэй, Саша, хутчэй!

Яна не мела сілы вымавіць слова ў адказ. Яе апаноўваў страх, што не здолее дайсці i памагчы Цішку. Чаму яна такая слабая, знясіленая? Вунь Данік ходзіць усю ноч: ішоў да станцыі, поўз да складоў, нёс па снезе раненага таварыша, бег дадому i цяпер ідзе без натугі, снег i вецер яму не перашкода… Няўжо ён намнога дужэйшы за яе? Не, яна таксама дойдзе! Дапаўзе! Яна павінна ратаваць Цішку. Не трэба думаць пра сваю слабасць! Трэба думаць пра яго, пра Цішку.

«Ці добра зачынены чамаданчык? Каб не адчыніўся, не рассыпаліся медыкаменты! Сказаць Даніку, каб асцярожна нёс. – Яна памацала пад ватоўкай бутэльку з малаком. – Што гэта? Няма ветру?»

Яна падняла галаву i ўбачыла чорную сцяну будыніны.

– Пачакай тут, – сказаў Данік, аддаючы ёй чамаданчык, аб якім яна толькі што турбавалася. – Я сам забягу да Старога.

Саша схавалася ў зацішку, перавяла дыханне. Сэрца пачало біцца раўней, i яна, супакойваючыся, падумала: вельмі дарэчы ім, падпольшчыкам, што немцы i паліцаі знішчылі ў вёсцы ўсіх сабак; да вайны наўрад ці прайшоў бы гародамі гэтак непрыкметна. I яшчэ падумала, што дарэмна Данік захутваў яе ў настольнік: снег падае зверху, узнімаецца ветрам знізу i ў снежнай каламуці не відно суседняй хаты, не толькі чалавека. Веска спіць. Ніводнага гуку, акрамя свісту ветру i шуму лесу. Цяпер да лесу – рукой падаць; каваль жыве крайні на вуліцы, якая называецца Аднабочкай, хоць даўно ўжо забудавана ў два рады.

Данік хутка вярнуўся. Забіраючы ў Сашы чамаданчык, ён уздыхнуў:

– Эх, Цішка, Цішка! – i папрасіў:– Бяжым, Саша! Не адставай!..

Цяпер яны сапраўды беглі, i гэта было не так цяжка, як ісці па гародах, бо адразу ж ад хаты каваля яны выйшлі на дарогу, па якой вяскоўцы выязджалі на шашу, абмінаючы школу. Перайшоўшы шашу, яны апынуліся ў вялікай пушчы i па ўезджанай дарозе, па якой немцы вывозілі лес, рушылі ўглыб.

Тут, пад стогадовымі соснамі, пад волатамі-дубамі, было зусім зацішна. Толькі вяршаліны дрэў бушавалі: кідаліся адна на адну, біліся, драпаліся голлем, натужліва рыпелі, цяжка стагналі, страсалі на дол шапкі снегу.

Данік час ад часу спыняўся, прыслухоўваўся. Саша не разумела, што ён слухае i што ўвогуле можна. пачуць у гэтым бясконцым шуме, ды калі яшчэ да таго ж ад бегу гудзе i стукае ў галаве. Але ні пра што пытацца ёй не хацелася. Яны ішлі моўчкі. Толькі адзін раз брат сказаў:

– Хаця б снег не перастаў… Каб слядоў не было. Раніцой яны могуць пачаць шукаць…

Ускрай вялікай лесасекі, дзе амаль гэтак жа, як у полі, гулял i снежныя смерчы, ix сустрэў вартавы – Павел (самы малады з падпольшчыкаў, Саша нават мала ведала яго).

– Ціха? – спытаў вартавога Данік, а таму, відаць, здалося – «Ціхан», i ён адказаў:

– Дрэнна яму.

Гэта як бы падагнала ix: яны пабеглі цераз заваленую ламаччам лесасеку, спатыкаючыся. Саша не прыкмеціла, калі побач з ёй апынуўся Анатоль. Ён схапіў яе за руку, дрыжачым голасам сказаў:

– Хутчэй, Саша. Сюды, – i павёў за сабой.

У канцы лесасекі, за вялікай кучай ламачча, хлопцы з сасновага галля змайстравалі нешта накшталт маленькага будана. Саша пралезла туды следам за Анатолем. Ён пстрыкнуў запальнічкай, падпаліў сухую трэску, i яна ўбачыла твар раненага: бледны, здрабнелы i ад гэтага зусім дзіцячы, з засмяглымі вуснамі i па-дзявочы доўгімі i белымі ад інею вейкамі. Дыхаў Цішка цяжка, перарывіста, з хрыпам i бульканием. Мабыць, рэагуючы на святло, на нейкі міг ён расплюшчыў вочы i гучна сказаў:

– Хлопцы… гарыць!..

Анатоль перадаў лучыну Даніку i пачаў памагаць Сашы. Асцярожна расхінуў ватоўкі, якімі Цішка быў накрыты, развязаў бінты – стужкі падранай прасціны, лёгка, як малога, прыпадняў яго на руках.

Куля трапіла ў спіну, прабіла лёгкае. Праз маленькую чорную шчылінку з бульканием вырывалася паветра, пырскаючы кроплямі крыві. A ўвогуле крыві было мала…

Саша за сваю практыку бачыла нямнога цяжкіх раненняў, аднак адразу зразумела, што гэтая рана – смяртэльная, што толькі неадкладная аперацыя ў добрых клінічных умовах, магчыма, магла б выратаваць жыццё Цішку. Балюча, да млоснасці балюча i крыўдна стала ёй, што яна нічым не здолее памагчы гэтаму хлопчыку i мужнаму герою. Няўпэўненымі рухамі апрацавала яна чорную ранку, з дапамогай Анатоля старанна забінтавала.

Свецячы ім лучынай, Данік спытаў:

– Ну што, Саша?

Яна не адказала – не магла, бо душылі слёзы. Яна зрабіла ўкол, каб падтрымаць яго сэрца, i ўліла ў рот глыток малака, бутэльку з якім грэла каля сваіх грудзей.

Цішка праглынуў малако i ціха папрасіў яшчэ:

– Піць.

Гэтае свядомае кароткае слова ўсцешыла хлопцаў, асабліва Даніка i перапалоханага, маўклівага i непрыкметнага навічка – Лёню. Ім здалося, што Цішка пачуў сябе лепш. Але Саша ведала, што гэта не так. Яна сядзела побач i трымала пад кажушком яго гарачую руку. Што яна магла зрабіць яшчэ? Як памагчы? Асталося толькі адно – сачыць за пульсам. Сэрца яго, маленькае хлапечае сэрца, яшчэ жыло, змагалася. Але якія няроўныя яго ўдары! То яно робіць некалькі моцных штуршкоў, то Саша раптам зусім губляе пульс. Але аб тым, што арганізм змагаецца, сведчыць дыхание, гэткае ж няроўнае, з шумным хрыпам. Колькі ён можа гэтак пратрымацца? Каторая цяпер гадзіна? Калі ж нарэшце прыедзе дзядзька Аляксей? Чаму ён не едзе? Трэба спытаць у Даніка. Але гаварыць чамусьці страшна, здаецца, што калі яна загаворыць, то згубіць яго пульс, страціць адчуванне яго жыцця. Побач з ёй нехта сядзеў у будане i моцна дрыжаў; яна не заўважыла, што хлопцы, увогуле апранутыя на задание легка, знялі сваю верхнюю апратку, каб накрыць раненага таварыша. Толькі вартавы быў у ватоўцы. Хлопцы грэліся тут, у будане. Саша чула, як яны вылазілі, шапталіся за буданом.

Нехта зноў спытаў знадворку:

– Як ён, Саша?

Яна зноў не адказала. Што можна адказаць? Як страшна шуміць лес! Здаецца, ніколі ў жыцці яна не чула такога шуму. Як сціскаецца сэрца! Але хіба мае права яна звяртаць увагу на боль свайго сэрца? Боль там – у яго сэрцы, у яго грудзях. Вось ён ірвануўся, застагнаў, пачаў трызніць:

– Хлопцы!.. Хлопцы! Мы ім пакажам… Гісторыю я паўтарыў, Іван Паўлавіч… Нічога яны не ведаюць… Анютка! Згані курэй! Ух, як душна… Хлопцы, пакупаемся… Не, не… – Ён зноў застагнаў, скрыгатнуў зубамі i сказаў злосна: – Усё адно я заб'ю гэтага гада… заб'ю… Фашыст пракляты!..

Саша пяшчотна гладзіла яго руку. Непрыкметна для самой сябе яна пачала супакойваць яго ўголас:

– Супакойся, Цішка, родны мой. Патрывай хвілінку. Зараз прыедзе дзядзька Аляксей. Ён павязе цябе за раку. Партызанскі ўрач зробіць аперацыю, i ты будзеш здаровы. I гэтаму гаду мы адпомсцім. За слёзы Ганніных дзяцей. За нашы слёзы. Ляжы спакойна, любы мой, табе няможна кідацца… Ляжы!..

Яна не думала пра тое, што ў праўду гэтых слоў сама не верыць i што да Цішкі яны не даходзяць. Яна казала ix гэтак жа, як сваёй малой дачцэ, калі насіла яе, хворую, на руках па хаце. Змаўкаў ранены – i яна змаўкала таксама, уважліва, як належыць медыку, слухала пульс, дыхание, давала піць. Пачынаў ён трызніць – i яна зноў гаварыла ласкавыя, наіўныя словы, ператвараючыся ў жанчыну, у маці, якой вельмі балюча за пакуты дзіцяці (a Цішка ў гэты момант быў у яе ўяўленні дзіцем), несвядома жадаючы словамі прыглушыць свой уласны боль.

Яна не адчувала, колькі прайшло часу, здавалася, што вельмі многа, хоць у сапраўднасці – не больш за гадзіну.

Пасля працяглага супакою Цішка ціха паклікаў:

– Данік!

Саша нахілілася да яго твару:

– Што, Цішка, што, родны? Што ты хочаш сказаць?

Ён як бы прыслухаўся, стаіў дыханне, а потым, быццам

вельмі спалохаўшыся, ірвануўся i голасам, які, відаць, ніхто з ix, жывых, ніколі не забудзе, паклікаў на дапамогу:

– Ма-ма! Мама!

I сцішыўся. Саша адчула, як мёртва павісла i адразу пахаладзела яго рука, i зразумела з нейкім дзіўным прафесійным спакоем у гэты момант, што наступіў канец яго пакутам. Яна застыла ў жалобным маўчанні, ні словам, ні рухам не парушаючы святой хвіліны развітання. Потым адкінула апратку, якой ён быў накрыты, павярнула цела на спіну (ён ляжаў на правым баку) i склала яго рукі на грудзях.

Пачуўшы ў цемры, што яна нешта робіць, Данік ледзь чутным шэптам спытаў:

– Што, Саша?

У адказ яна голасна заплакала, слёзы, што падкаціліся да горла пасля таго, як ён паклікаў: «Мама!», вырваліся цяпер, аблягчаючы душу.

Анатоль, зразумеўшы, што здарылася, па-мужчынску ўсхліпнуў i адкінуў сценку будана.

Саша здзівілася, што так светла. Праз слёзы яна ўбачыла твар нябожчыка i нават тое, як на яго чорныя, чамусьці нахмураныя бровы садзяцца сняжынкі.

Яна выцерла хусткай твар, паднялася i стала побач з Анатолем. З другога боку сталі Данік i Лёня. Так яны стаялі хвілін колькі, як у ганаровай варце, маўкліва, пазнаўшыя цяжкае гора страты баявога друга, яшчэ ясней усвядоміушы, на які суровы шлях яны сталі, але не пакораныя, не разгубленыя. Наадварот, у сэрцах ix з новай сілай разгараўся агонь нянавісці да ворага.

Анатоль першы зрушыў з месца і, нахіліўшыся, накрыў цела прасціной, што была за маскхалат.

– Што будзем рабіць, таварышы? – спытаў ён.

Парыў ветру закруціў вакол ix смерч снегу, прадоўжыў

паўзу ў гэтай кароткай нарадзе.

– Трэба матцы сказаць, – нясмела прапанаваў Лёня.

– Што ты! – адразу запярэчыў Данік.

– Маці? – Анатоль як бы задумаўся. – Маці не вытрывае такога гора. У вёсцы даведаюцца, што Цішка загінуў… Загінуў у тую ноч, калі на станцыі згарэлі склады. Не, маці нельга казаць! – цвёрда скончыў ён сваё разважанне i дадаў сумна: – Няхай яна даруе нам. Мы пакажам ёй магілу пасля перамогі. A колькі матак ніколі не ўзнаюць, дзе магілы ix сыноў! Будзем хаваць Ціхана тут!

– Дзе? – Мабыць, Лёня па сваёй прастаце хацеў спытаць: «Як будзем хаваць?»

– Тут! У нашым лесе, – адказаў за Анатоля Данік, крыху ўзлаваны наіўнасцю навічка.

– А чым выкапаць магілу? – спытала Саша.

Данік не падумаў пра гэта i цяпер сумеўся.

– Я пайду да лесніка. Скажу, што ад партызан. I папярэджу… Будзе маўчаць. Пасля смерці ляснічага яны навучыліся маўчаць. Не пікне. Глядзіце тут пільна, я мігам злётаю. – I Анатоль, не трацячы часу, пабег.

– Пайду змяню Паўліка, – сказаў Данік, перадаючы Лёню пісталет. – Глядзі з гэтага боку. На світанні яны могуць пусціць па нашых слядах сабак. Майце на ўвазе, – папярэдзіў ён так, быццам перад ім быў вялікі атрад, якім ён камандаваў,– калі што – будзем біцца да апошняга патрона. Да апошняга!

A патронаў гэтых было ў ix не густа, ды i зброі – адзін нямецкі аўтамат i два пісталеты.

– I не здавацца жывымі!

Саша ўздрыгнула ад братавых слоў i мімаволі глянула ў неба: ці падае снег? Няхай бы засыпаў усе сляды! Снег ішоў па-ранейшаму, але вецер сціхаў, i лес шумеў неяк па-новаму, больш спакойна i мірна. Данік, пэўна, злавіў гэты яе pyx, бо падышоў i ціха спытаў:

– Можа, табе пайсці?

– Куды?

– Дадому. Пакуль ноч.

– Не. Я астануся з вамі! – рашуча адказала Саша.

Данік пастаяў, падумаў i нічога больш не сказаў. Ідучы

на варту, прыпыніўся каля нябожчыка, цяжка ўздыхнуў:

– Эх, Цішка, Цішка!

Саша ў адзіноце села на пень. Прыслухалася – што ў яе душы? Не было ні страху, ні таго вострага болю i жалю, якія яна адчула, убачыўшы маленькую чорную ранку на спіне таго, каго ўжо няма. Цяпер душу запаўняў жалобны смутак. Але гэта быў смутак не па адным Ціхану. Яна падумала: колькі вось такіх маладых, як ён, што толькі пачалі жыццё i яшчэ не ўведалі сапраўднага чалавечага шчасця, ляжаць цяпер на полі вайны, i снег засыпае ix целы. Каля многіх няма нават сяброў. Можа, i Пеця… Не, не, Пеця жывы, сэрца яе чуе, што ён жывы, што ён думае пра яе i сваю маленькую дачушку. «Родны мой, любы мой! Калі мы атрымаем ад цябе вестачку? Калі пачуем твой голас?»

Прыйшоў Павел. Спыніўся перад целам друга, i Саша бачыла, як уздрыгваюць яго плечы ад нямога плачу. Пасля ён сеў побач з ёй i пачаў гаварыць – маўчаць было цяжка:

– На станцыю ішлі – ён такі вясёлы быў. Усё жартаваў. Расказваў, як ён у Бабурыхі яблыкі краў. «Сяджу, кажа, на яблыні, зрываю лепшыя яблыкі, кладу за пазуху, а яна, старая ведзьма, як з-пад зямлі i ўжо з крапівой. «Злазь, кажа, чортаў сын, буду пякучкай хвастаць». А ён, Цішка, у адказ: «Чакай, бабуля, абтрушу ўсю яблыню – тады злезу, каб было за што кару прымаць». I пачынае трусіць. «Не трусі!» – крычыць яна. «Хвастаць не будзеш?» – «Не буду, толькі не трусі». – «Маці не скажаш?» – «Скажу!» – «Ах, скажаш! Дык вось табе!» I на старую – град яблык. «Не скажу, не скажу, толькі злазь хутчэй!» Дамовіліся, што яна адыдзе да хлява, тады ён злезе… Маці ўсё-такі яна сказала, парушыла ўмову. «I маці, кажа, гарачых мне ўсыпала!.. Яна i цяпер яшчэ не саромеецца часам ручніком ці чым іншым нада мной памахаць». Хлопцы смяюцца: «Каб яна, мат твая, ведала, каго б'е. Перад табой усе здраднікі дрыжаць, спаць спакойна не могуць…» – Павел схамянуўся, што расказвае недарэчы, што ўжо няма паміж ix вясёлага Цішкі, i прыціх. – Які чалавек быў!

– Што мы скажам маці? – уголас падумала Саша. Цяпер гэтая думка выклікала не менш пакутлівы боль. Павел не адказаў. Саша шэптам паўтарыла яго словы: – Які чалавек быў!

Далей сядзелі моўчкі, кожны са сваімі думкамі.

Падышоў Лёня, які з пісталетам абыходзіў лесасеку, сказаў:

– З таго краю дзялянкі i цяпер яшчэ відно зарыва. Здорава гарыць!

– Каб не сціхла завіруха, – устрывожана сказаў Павел i пайшоў на лесасеку.

Вярнуўся Анатоль, прынёс рыдлёўку, лом i сякеру. Пачалі капаць магілу. Дзяўблі ломам, секлі мёрзлую зямлю сякерай. Саша памагала рукамі – выграбала камякі зямлі, ірвала дробныя карэнні, да крыві абдзіраючы пальцы. Але тады яна не адчувала гэтага. Месца трапіла пясчанае, пад снегам i пластом ігліцы грунт прамёрз неглыбока, i да світання магіла была гатова. На дно накідалі сасновых галінак, мяккіх i духмяных. Потым, па прыкладу Анатоля, усе апранулі кажушкі i ватоўкі, завязалі рамяні – у каго быў, прывялі сябе ў належны выгляд і, зняўшы шапкі, сталі ў апошнюю ганаровую варту. Стаялі доўга, ахопленыя адвечным жаданнем жывых – падоўжыць хвіліны апошняга развітання з блізкім чалавекам.

– Світае, – сказаў Анатоль, i ўсе заспяшаліся.

Палажылі Ціхана на прасціну, паднеслі да магілы. Анатоль ускочыў у яму, прыняў лёгкае цела друга на рукі, асцярожна паклаў на вечную пасцелю. Данік падаў Анатолю руку, ён вылез i дрыжачым голасам сказаў:

– Бывай, наш Цішка, наш дарагі таварыш… Ты загінуў як герой, як камсамолец! За тваю смерць мы адпомсцім праклятым фашыстам! Паклянёмся, таварышы, што адпомсцім!

Глытаючы слёзы, яны вымаўлялі адзін за адным:

– Клянуся!

– Клянуся!

– Клянуся табе, Цішка!

– Мы адпомсцім за цябе!

– Адпомсцім!..

Анатоль узяў рыдлёўку i ўпершыню разгубіўся: цяжка, ой як цяжка было сыпануць халодны жвір на адкрыты твар Цішкі, на вочы, што былі такія ясныя, на вусны, якія колькі гадзін назад весела смяяліся. Саша зразумела гэта, падняла лёгкія галінкі i кінула ў магілу, галінкі закрылі нябожчыку твар. Тады хлопцы пачалі засыпаць магілу. Недзе фыркнуў конь. Яны адразу прыселі, Анатоль i Данік выхапілі пісталеты… Але пачуўся ўмоўны свіст вартавога – Лёні.

– Дзядзька Аляксей, – здагадаўся Данік.

Каваль пад'ехаў на кані, саскочыў з саней і, блытаючыся ў доўгай папоўскай расе, рушыў да ix; Лёня не ўправіўся яму нічога сказаць, i ён не ведаў, што Цішкі ўжо няма, ён ехаў з намерам забраць яго, завезці за раку.

Абмінуў кучу галля, убачыў магілу i – застыў на месцы. Нейкую хвіліну няўцямна глядзеў на свежую зямлю, потым сарваў з галавы шапку, упусціў яе на прытаптаны снег, абышоў вакол магілы i, чамусьці моцна тручы далонямі зарослыя шчокі, вымавіў са стогнам:

– Хлопчык мой… Хлопчык мой!..

* * *

Яны чакалі яе i баяліся яе прыходу. I ўсё-такі яна траха не захапіла ix знянацку. Поля ўбачыла жанчыну праз акно тады, калі яна ўжо зайшла ў ix двор. Спалохана папярэдзіла:

– Матыліха!

Данік спаў на печы, ён моцна прастудзіўся, у яго пачалася гарачка. Аднак i ён адразу прахапіўся.

Уладзімір Іванавіч падскочыў да яго, зашаптаў:

– Данік, трымайся! Цішкава маці! Кажы так, як мы дамовіліся.

Саша таксама ледзь трымалася на нагах. Яна нават дрэнна помніла, як дзядзька Аляксей прывёз яе дадому: яны доўга кружылі па лесе, па полі i прыехалі пазней, чым прыйшоу Данік. Цяпер Саша спалохалася больш, чым хто.

Лялькевіч, убачыўшы, як яна збялела, падаў ёй Ленку:

– Схавайцеся за грубку i карміце дзіця. Не паказвайцеся!

Жанчына паважна павіталася i, каб пачаць неяк размову, сказала як бы жартам:

– Мужчыны ў хаце, а сцежку не пачысцяць. Прайсці нельга – так намяло.

– Такія мужчыны! – адказала Поля, бразгаючы ў куце посудам; яна таксама старалася не глядзець на маці, якая нічога не ведала i не павінна была ведаць.

– А мой мужчына некуды знік. Учора ўвечары сказаў, што да Ніны на пасёлак пойдзе, яна прасіла памагчы дроў напілаваць. Сёння Ніна сама прыйшла – не было яго. Ты, Данічак, не ведаеш, дзе ён можа быць?

– В-ведаю.

Лялькевіч, тупнуўшы драўляным пратэзам, які сам зрабіў, хутка падаў жанчыне табурэт:

– Сядайце, калі ласка. – Не спадабалася яму, як заікаецца Данік, i ён імкнуўся крыху адцягнуць увагу жанчыны. – Сядайце, цётка. Гэтыя падшыванцы ўсё знаюць.

– Куды ж ён сышоў, што i матцы не сказаў?

– B-ведаю… Т-толькі, цётка Марына, гэта с-сакрэт… Вы н-нікому не кажыце… С-скажыце, што п-пайшоў Цішка некуды… да с-сваякоў…– Жанчына насцярожана ўстала з табурэта. – А ён… ён пайшоў з партызанамі…

– Ах, Божачка мой! Дзіцё горкае! – У голасе маці былі спалох, здзіўленне i адначасова гонар за сына. – Вось бачыш, Сашачка, росціш, росціш ix, а яны слова маці не скажуць. Надумаў – усё кінуў, пайшоў. Ну, няхай толькі вернецца, я яму пакажу, не пагляджу, што партызан…

Саша заціснула пялёнкай рот, каб не застагнаць. Яна зноў чула голас Цішкі, яго апошнія словы: «Ма-ма! Мама!»

Мама! Так вайна забірала тваіх сыноў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю