Текст книги "Трывожнае шчасце"
Автор книги: Иван Шамякин
сообщить о нарушении
Текущая страница: 41 (всего у книги 43 страниц)
X
Панас Грамыка выклікаў Шапятовіча з урока. Выгляд ён меў дзіўны: здавалася, закураны твар яшчэ больш счарнеў у гэтую майскую ясную раніцу. Ва ўсякім разе, Пятро ні разу не бачыў яшчэ аптымістычна-разважлівага старшыню такім панурым. Але здзіўлення свайго не выдаў – нічога не спытаў першы. Раз прыйшоў i паклікаў – значыцца, скажа сам.
Панас не стаў гаварыць на школьным ганку – адразу пайшоў, але не ў сельсавет, a ў глыбіню парку, дзе густа зелянелі кусты чаромхі i шыпшыны, яшчэ абсыпаныя расой. Пятро закрочыў побач.
– ЧП, Андрэевіч. I сур'ёзнае.
– Якое?
– Кража.
– Сур'ёзнае, але не такое ўжо рэдкае… У цябе ціха было, a ў другіх калгасах… Што ўкралі?
– Грэчку насенную.
– Усю?
– Не. Пуды два.
– A ўстрывожаны ты на дзвесце пудоў.
– Устрывожышся, калі злодзей – сам вартаўнік, Сцяпан Бандарэнка.
– Даказана?
– Што там даказваць? Чуць развіднела – прыйшоў стары Кваша Цімох, што зямлянка на гародзе, за свірнам. Штось, кажа, старшыня, пеўні курэй пад свіран склікаюць. Толькі з седала – i адразу пад свіран. Цэлы кірмаш курыны. Мы з ім туды. Свярдзёлкам падлога прасвердлена якраз у тым месцы, дзе грэчка ляжыць. Ведаў, дзе пракруціць. Забіць забіў шчыліну, але грэчка рассыпана, i куры не паспелі сабраць. Мы са старым да вартаўніка. А ён, бязмозглы дурань, у хляве, каб дзеці не бачылі, таўчэ яе ў ступе на муку. Дзеці не бачаць, a суседзі чуюць. Ад людзей не схаваеш…
– Дык што цябе непакоіць? Выклікай участковага. Дамовіліся ж цвёрда: злодзеям – ніякай літасці.
Панас спыніўся пад тымі стогадовымі ліпамі, дзе вечарамі сядзяць закаханыя: чамусьці ўсіх цягне сюды на тайныя размовы. Паглядзеў на свайго маладога партыйнага кіраўніка, цяжка ўздыхнуў:
– Ты хіба не ведаеш?
– Што?
– Дурань гэты – брат маёй жонкі.
– Ну, знаеш! Сам ты казаў, што ў цябе ўсё сяло – то брат, то сват, то кум… А ты – камуніст, старшыня!..
– Легка сказаць, Андрэевіч: камуніст, старшыня… Усё гэта так. Але ты пастаў сябе на мае месца. Я, акрамя ўсяго, яшчэ i чалавек. Мне людзьмі кіраваць, але мне i з жонкай трэба будзе жыць… Аксюце, Сцяпанавай жонцы, штодня ў вочы глядзець. A ў яе пяцёра дзяцей. Ну, Вольга, Іван на свой хлеб пойдуць, хутчэй за ўсё з'едуць ад сораму. А трое малых? От натварыў, сукін сын! – Грамыка ўзяўся рукамі за галаву, апусціўся на лаўку.
Пятро нарэшце зразумеў, як сапраўды нялёгка гэтаму даволі цвёрдаму чалавеку, які рэдка калі вагаўся, прымаючы рашэнне. Здавалася дагэтуль, што Панас Астапавіч мае зайздросны талент прадугледзець усе самыя складаныя нечаканасці i павароты ў жыцці i рабоце. Што б ні здарылася, якая сітуацыя ні ўзнікла б, якія б самыя недарэчныя нездзяйсняльныя інструкцыі ні далі калгасу, сельсавету, партарганізацыі – першы знаходзіў выйсце Грамыка, рабіў прапановы, то па-сялянску простыя i мудрыя, то такія хітрыя, што i сам Булатаў, упаўнаважаны ix, неаднойчы ламаў галаву, i Анісімаў задумваўся: можна так ці не?
А вось што так можа здарыцца – пра гэта, мабыць, i не падумаў. Праўда, Пятро ўспомніў, як перад пасяўной старшыня на сходзе казаў сваім калгаснікам: «Нікому не дарую, сытаму, галоднаму… сыну роднаму, калі хто возьме бульбіну насенную. Зарубіце на носе!»
Але адно – словы сказаць, а другое зусім – у турму чалавека пасадзіць, ды яшчэ швагра. Ды i не тое, мабыць, пячэ сэрца, што швагер, а вось што дзеці астануцца галодныя. Таму i прыйшоў, каб даверліва параіцца: што рабіць?
Не, ён не проеіць парады, не патрабуе катэгарычнага адказу. Гэтага патрабуюць тыя, хто хоча застрахаваць сябе на ўсякі выпадай. Грамыка не з такіх. У яго даволі рашучасці i мужнасці, каб усё ўзяць на сябе. Але яму сапраўды вельмі цяжка. Гэта той выпадак, тая сітуацыя, той момант, калі чалавеку, як паветра, патрэбна шчырае, праўдзівае слова друга, аднадумца.
Зразумеўшы ўсё гэта, Пятро адчуў, можа, упершыню, сваю надзвычайную партыйную i чалавечую адказнасць за тое, што ён парадзіць другому. А што ён можа парадзіць? У выпадку з Прышчэпам ён чамусьці ні на міг не адчуваў раздваення свайго партыйнага i чалавечага сумлення. А тут? Тут яно ёсць, раздваенне. Як ён можа стаць на абарону злодзея? Але хіба Сцяпан – сапраўдны злодзей? Хіба не зразумела, што яго штурхнула на кражу? Пятра ажно ў пот ударыла: што парадзіць Панасу?
Сеў побач, таксама ўздыхнуў:
– Але, сітуацыя, чорт вазьмі…
– Ты пачуў бы, колькі гол асу ў мяне ў хаце. Сказаў, што будуць судзіць. I мая, i Аксюта равуць, як каровы. Можна, канечне, замяць. Гэты стары ліс, Кваша, глянуў у хлеў i адразу – задні ход… «Я, Астапавіч, нічога не бачыў, нічога не чуў…» Перад следчымі будзе маўчаць. Ясна. Але сяло… у сяле ўжо, відаць, палавіна ведае… I як я пасля гляну людзям у вочы? Заўтра абавязкова ўкрадзе Іван, калі выйдзе сухі Сцяпан… I я мушу некага аддаць пад суд… А швагра выгарадзіў… Што мне скажуць пасля?
– Ясна – не запляскаюць у далоні,– заўважыў Пятро.
– Пайсці далей па гэтай дарозе – сам скора апынешся ў турме. I не пашкадуе ніхто.
– А хто цябе пашкадуе, калі грамадскае дабро расцягнуць?!
Панас павярнуўся, злосна бліснуў цыганскімі вачамі:
– Што ты мне падтакваеш? Сам я хіба не разумею? Ты парай, што мне сёння рабіць. Вось у гэтую хвіліну…
Пятро таксама ўзлаваўся:
– А што я, па-твойму, святы прарок? Што ў мяне – на ўсе выпадкі – гатовая парада? Але я так думаю: злодзей павінен панесці кару! Іншая размова, што мы можам падумаць – якую.
– Мы можам? Каб ад нас залежала? Я прыдумаў бы кару. Ён дзесятаму заказаў бы, унукам сваім i праўнукам… не лазіць пад калгасныя свірны… I сама Аксюта падпісалася б пад такім прысудам. I Гаша мая… Але тут такая сітуацыя, што або сюды, або туды. I калі ўжо туды, то Hiякай падушкі мы не падсцелем, ніхто нас слухаць не будзе. Дадуць яму не менш пяці… Па ўказу.
Панас Грамыка ведаў жыццё i ведаў законы. Суцешыць яго гэтак жа нялёгка, як i засмуціць, расстроіць. Расстроіўся Шапятовіч. Чаму Панас прыйшоў параіцца да яго? Каб яшчэ раз пераканацца, што нічога разумнага ён, сакратар, параіць не можа? Ці каб яшчэ раз тыцнуць яго носам: глядзі, вось яно якое жыццё, якія задачкі задае, ix не рашыш чатырма дзеяннямі арыфметыкі, i «Кароткі курс» нямнога табе паможа!
Памаўчалі.
Пятро нахіліўся, падняў галінку, пачаў чарціць ёю па вільготнай утаптанай зямлі. Хутка ўбачыў, што зноў падсвядома рысуе фермы моста. I зноў пашкадаваў, што ён не будуе мастоў, а займаецца вось чым – бог ведае чым.
– Пасаджу я гэтага дурня. Але жыцця мне ў хаце не будзе. На чорта мне штодня слухаць папрокі ды слёзы? З'еду! – Панас быццам адсек.
Пятро павярнуўся, каб спытаць, куды ён з'едзе, i сказаць, што нікуды яго райком не адпусціць. Але не паспеў – Панас загаварыў зноў, зусім іншым гол асам:
– Але засумаваў я, Андрэевіч, за вайну… Па дзецях. Па ёй, па дурніцы, па Гашы. I зямлю люблю. – Ён развёў рукаMi навокал. – Вось такую… зялёную… Як конскі пот пахне, люблю… рал ля… салідол каля трактара…
Сказаў ён гэта з такім болем, што ў Пятра таксама зашчымела сэрца. Але, любіць, моцна любіць. Таму i цяжка яму, таму можа i адважыцца на ўсё, i ніхто яго не стрымае – ні жонка, ні райком. I нельга казаць яму ў такі час слоў казённых, пустых. Можна толькі так сказаць, як ён сказаў пра сваю любоў – проста, скупа, але так прачула i шчыра. А ў Пятра не знаходзілася ні такіх слоў, ні такой прачуласці. Думкі чамусьці вярталіся да свайго – да моста. Вось даўся яму гэты мост!
Пасядзелі. I так, не дамовіўшыся ні пра што пэўнае, разышліся. Пятру здалося, што Панас пайшоў расчараваны, адчужаны, аддалены. Пятро перажываў: вельмі даражыў дружбай i даверам гэтага чалавека.
А з трэцяга ўрока яго паклікалі зноў, на гэты раз рыжая Надзя, паштарка, – у сельсавет. Бабкоў сустрэў у агульным пакоі. Быў ён i ўзбуджаны – ажно вушы гарэлі – i неяк дзіўна ашаломлены, разгублены. Таму, відаць, i паклікаў яго, Пятра. Бабкоў, не ў прыклад Грамыку, мог прыняць самае недарэчнае рашэнне, самаўладна зрабіць глупства, але кал i губляўся – тады даверліва раіўся з усімі, хто трапляў на вочы.
– Во, Пятро Андрэевіч, паглядзі, што толькі не валіцца на нашы з табой галовы! Мая, сівая, ужо адмаўляецца рашаць: што рабіць? Давай разам думаць. Калі ласка, палюбуйся… Дзіва дзіўнае! – Старшыня выканкома шырока адчыніў дзверы свайго кабінета i сам адступіў убок, быццам там, за дзвярамі, было штосьці небяспечнае. А там на лаве каля сцяны ціха i сціпла сядзела жанчына – жонка Сцяпана Бандарэнкі, Аксеня. Пятро не з усімі вяскоўцамі яшчэ пазнаёміўся, але гэтую жанчыну ведаў даўно, з першага месяца свайго цывільнага жыцця. Перш за ўсё праз дачку яе Вольгу – прыгажуню з незвычайнай біяграфіяй. Ды i сама кабета неяк вылучалася сярод сваіх равесніц – жанчын у гадах, якія ўпачатку, пакуль не пазнаёміўся бліжэй, здаваліся Пятру падобнымі адна на адну.
Аксеня ў свае сорак пяць год была маладжавая i прывабная з твару, поўная, нягледзячы на такое жыццё, павольная ў рухах i надзіва спакойная i паважная: ніколі i ні перад кім не мітусілася, не ліслівіла – каб тут хоць пажар загарэўся ці хоць сам Бог з'явіўся.
I цяпер яна сядзела гэтак жа спакойна – без разгубленасці, без страху, без жадання разжаліць каго-небудзь. Толькі разы два трывожна прыслухалася ці то да гол асу за сцяной, у амбулаторыі, цітода нечага, што адбывалася, магчыма, недзе далека. Можа, ёй здавалася, што плача яедвухгадовы сынок?
Пятро ўбачыў каля яе ног клунак пуда на паўтара, зразумеў, што ў мяшку, i амаль дакладна здагадаўся, чаму i як гэтая жанчына апынулася тут.
Падумаў: «Гаша? Ці Панас падказаў? Няўжо ён мог пайсці на такое?» Было да болю непрыемна думаць, што такі чалавек, як Грамыка, усклаў цяжкі крыж на плечы гаротнай жанчыны, каб толькі ўратаваць брата свае жонкі.
– Расказвай яшчэ раз, Аксеня. Будзем разам думаць, што з табой рабіць.
Яна выцерла рогам хусткі вусны i пачала расказваць павольна, як бы нехаця i зусім абыякава, як пра справу чужую i даўнюю, сведкай якой яна сама была:
– Ды во… папутаў чорт дурную бабу. Зладзейкай зрабіў. Мой гэта Сцяпан… занядужалася яму… жывот схапіла, у яго ж гэта здаўна, да вайны яшчэ… Ну, я з поўначы пайшла вартаваць за яго. Мне i не хацелася. Што там, кажу, вартаваць? Пусты свіран? Ды не, кажа мой, грэчка ляжыць насенная. Праўда… Грэчку гэтую я сама чысціла… Сяджу я… Ноч. Спяць усе. Нячыстая сіла лётае. Шэпча мне: «А што ты, Аксюта, заўтра дзецям зварыш?» Праўда, у хаце хоць шаром пакаці. Hi крупінкі. Ну, i нашапталі нячысцікі. Пайшла да сябе ў двор, узяла свярдзёлак пад паветкай… Свіран жа гэты стаіць, як на палях… Ну, i вось. – Яна схілілася, дакранулася мазолістай далонню да клунка i тут жа падняла вочы, упершыню глянула на Пятра, быццам праверыла: ці паверыў ён? – А Сцяпан ды Вольга ўранні як даведаліся, адкуль гэтая грэчка, – з хаты мяне выгналі… Ніхто ў раду нашым злодзеем не быў!
Пятро слухаў i чамусьці паступова пераконваўся: не, не Панас падказаў ёй гэта, хіба жонка яго – Гаша. Але хутчэй за ўсё, што Аксеня надумала сама. Тыповая сялянская жаночая самаахвярнасць i наіўная хітрасць: уратаваць мужа, дарма што корміць дзяцей не ён – яна. Але ён – бацька. Узяць усю віну на сябе з надзеяй на літасць суддзяў: калі i засудзяць, то не так сурова – маці пяцярых дзяцей, ды i малыя яшчэ зусім, сама прызналася, сама прынесла крадзенае ў сельсавет, пакаялася.
«Не такая ўжо недарэчная хітрасць, – падумаў Пятро. – Нейкае выйсце ўсім – i ім самім, i Панасу, i партарганізацыі…» Але ўсё адно чамусьці да болю было шкада гэтай жанчыны, якая, безумоўна, пражыла сумленнае i вельмі нялёгкае жыццё.
Пятро наблізіўся, нахіліўся, памацаў грэчку ў мяшку i ціха сказаў:
– Не веру я вам, Аксеня.
Яна трывожна ўстрапянулася, i ў вачах яе бліснуў спалох. Але сказала гэтак жа спакойна:
– А як хочаце… Суд паверыць.
Тут увайшла Саша i паклікала Пятра да сябе ў амбулаторию.
– Чакайце, Аляксандра Фёдараўна, у нас справы важнейшыя, – сказаў Бабкоў.
– У мяне не менш важная.
– Куды званіць? Адразу ў міліцыю? Ці, можа, з райкомам параіцца? – Іван Дзямідавіч яўна спяшаўся хутчэй скончыць з гэтай непрыемнай гісторыяй.
– Пачакай.
У амбулаторыі сядзела Вольга. Не, не сядзела – ляжала тварам на стале, i плечы яе сутаргава ўздрыгвалі.
Падняла галаву, глянула чырвонымі вачамі на Пятра, усхліпваючы, задыхаючыся, замаліла:
– Пятро Андрэевіч, не судзіце маму. Яна не крала. Гэта ўсё бацька. Бесталковы! Усё жыццё мама пакутавала ад яго. А цяпер i мы… Што мы будзем рабіць без мамы? Мы ж па свеце пойдзем…
«Чым далей, тым не лягчэй, – ужо не толькі з болем, але i з раздражненнем падумаў Пятро. – Нейкі клубок заблытаны. Сапраўды, трэба быць прарокам, каб разблытаць».
– Што мне рабіць? Усе няшчасці на маю галаву. Адно кляймо на ўсё жыццё. Цяпер другое. А мы дамовіліся з Пецем, што заўтра запішамся. Згуляла, называецца, вяселле! – Вольга закрыла твар далонямі, i цела яе скруцілі страшныя сутаргі.
Саша накапала ў шклянку нейкіх лекаў, ласкава абняла яе, папрасіла:
– На, выпі. I супакойся, Оля! Нельга так. А Пеця… калі любіць… Ну, трохі пазней запішацеся…
– Я… яса-а-ма, калі маму… – Зубы яе стукалі аб шклянку. – Не пайду. Я… Я… яму свет закрыць…
– Пеця! Скажыце вы яе бацьку: сам напаскудзіў – сам няхай адказвае, а не падстаўляе жонку. Звыклі на жонках выязджаць!
Пятро крыкнуў праз сцяну:
– Іван Дзямідавіч! Нікуды не звані пакуль што! Пачакаем.
Грамыку знайшоў на гародзе, дзе калгасніцы садзілі памідоры. Той выслухаў i, гнеўна вылаяўшыся, адразу размашыста закрочыў праз гароды ў вёску.
– Я загадаў яму: прынясеш грэчку ў праўленне, пакаешся, папросіш людзей, даруюць – будзем абараняць, калі i да следчага дойдзе… А ён, гад, жонку падстаўляе. Дурная авечка, Аксюта гэтая!
Сцяпан Бандарэнка пад павеццю сек сухое ламачча: калі ў чалавека трывожна на душы, яму хочацца заняцца чымнебудзь. Убачыў ix – спалохаўся, застыў з паднятай сякерай. У яго не было i крупінкі той паважнасці i спакою, што ў жонкі. Ён увесь быў насцярожаны, як загнаны заяц, таму i з выгляду мізэрны, варты жалю: худы, ажно жоўты, рэдкія рудаватыя валасы склеіліся на лбе, барада, шчокі непаголеныя, таму здаваліся бруднымі, сарочка падраная…
– Ты што ж гэта, Залупей пракляты, – Грамыка назваў яго вулічнай мянушкай, мацюкнуўся. – На Аксюту рашыў зваліць? Колькі разоў валіў на яе свае грахі?
– Не я!.. Сама… Яна крала! Я не краў! Няхай сама… У мяне жывот балеў!.. – Сцяпан амаль істэрычна закрычаў.
– Гадзіну назад ты маўчаў, як г… у рот набраўшы. А цяпер ты высветліў, хто краў? Я табе вылечу твой жывот!
Вочы ў Панаса ўміг сталі страшныя, быццам зацягнула ix крывавымі бельмамі, i ён, як сляпы, са сціснутымі кулакамі пасунуўся да Сцяпана. Той адступіў на крок i вышэй узняў сякеру, пагрозліва загарадзіўся ёй.
Пятро не на жарт спалохаўся i гатовы быў кінуцца, каб стрымаць старшыню. Да раптам Сцяпан шыбануў сякеру ўбок, тэатральна разарваў на жываце сарочку, завішчаў:
– На, бі! Бі! Забі! Вам, парцейцам, усё можна!
Грамыка, сунуўшы рукі ў кішэні штаноў – схаваў далей
ад граху, крутнуў убок – на выхад з-пад паветкі. Глуха сказаў:
– Запомні, Сцяпан: пасадзяць Аксюту – я з цябе трыбуху выпушчу. Не пагляджу, што ты швагер мой. Зараз жа ідзі i зрабі так, як я сказаў. Пакуль не позна.
I ўсё роўна Аксеня ўзяла віну на сябе.
XI
Час, калі ўсё пасеяна, але яшчэ нічога не вырасла, акрамя шчаўя на лузе, – самы цяжкі для вёскі нават у мірныя добрыя гады. А што казаць пра тую першую пасляваенную вясну! Аднак грэла сонца, зелянела зямля – i смяяліся дзеці, штовечар калыхалі наваколле песні. Сам вялікі аптыміст, Шапятовіч часам здзіўляўся працавітасці i бадзёрасці паўгалодных людзей. Толькі вучні часам наганялі смутак: праз кожныя тры– пяць мінут паднімалася рука, i то збянтэжаны, сарамлівы дзявочы голас, то знарокава грубаваты хлапечы прасіў: «Пятро Андрэевіч, дазвольце выйсці».
«Ад шчаўя», – растлумачыла Саша i пагутарыла з настаўнікамі – каб разумелі i былі ўважлівыя.
Нялёгка ім жылося, Пятру i Сашы, але… шчасліва: гэта былі дні найбольшай згоды i прыгожых, па-юначы наіўных праяў ix узаемнай закаханасці. A хіба гэта не найвялікшае шчасце? Жыццё, праца, каханне i поўная адсутнасць думак пра няшчасце, небяспеку. Ніхто з ix i не падумаў нават, што i ў мірны час можа напаткаць бяда.
Ленка, дачка ix, гуляючы на лузе з дзецьмі, наелася нейкіх салодкіх карэнняў, i ёй там жа стала блага: атруцілася. Саша была на візітах у суседняй вёсцы. Панас Грамыка прывёз яе ледзь жывую ад страху за дачку. Самыя жудасныя ўяўленні палілі галаву, пакуль яны ехалі. Ленку ўратавалі, хоць дні тры праляжала ў ложку. Саша гэтыя тры ночы не звяла павек, у яе калаціліся рукі i пачаўся нервовы цік. Кал i ж малая паднялася, маці баялася адвесці ад яе вочы – пакінуць без нагляду. А трэба ж працаваць. I Саша мусіла перанесці візіты на вечар, каб з дачкой мог астацца бацька. Але галоўнае – падмацаваць дзіця пасля хваробы, карміць так, каб ёй не хацелася есці нейкія карэнні. А чым? Нават за грошы не было дзе купіць, не было ў каго пазычыць. Кланяцца такім, як Капыл ці Лісцік? О, як гэта цяжка!
– Пайду дадому, да Полі. Усё-такі як свайго няма – пазычыць, – сказала Саша, калі зноў яны дажыліся да таго, што ў хаце не асталося ні бульбіны, ні крупіны.
Да бацькоўскай вёскі кіламетраў сорак, па глухой дарозе, цераз балота i лесам. I Пятру стала страшна пускаць яе ў такую далеч. Дзіўна. Былі вакол ворагі, i яна, партызанка, ішла на сувязь у Гомель, у далёкія разведкі, а ён, паранены, аставаўся ў шпіталі i, здаецца, не баяўся за яе. Праўда, тады ім – яму i малой – за няньку была Марыя Сяргееўна, i Ленка казала «папа» ёй, а не яму, хоць ніхто не мог устанавіць, было гэта «папа» ці «баба», i паміж партызанамі вяліся цэлыя дыскусіі на гэты конт.
Не, тады ён таксама баяўся за Сашу, але не так, не такая была тая боязь. Гэта ўвогуле цяжка растлумачыць: тады i сам ён хадзіў праз нямецкія i паліцэйскія гарнізоны i не адчуваў асаблівага страху, а цяпер ідзе часам позна са сходу з Панізоўя i палахліва азіраецца на кусты каля рэчкі. Сорамна прызнацца.
– Не трэба табе хадзіць, Сашок. Лепш я…
– Што ж ты пойдзеш? Што ты скажаш? Я ж ведаю: нічога ты не скажаш, як мы тут… Ну, пачастуюць цябе, дадуць нешта на гасцінец… Ды каб не Ленка, хіба я пайшла б! Ты ж ведаеш: мне нават у Полі нялёгка прасіць… Ды i не лішняе ў ix там.
Выходзіла яна ў суботу, калі ў Пятра кончыліся ўрокі, з тым, каб вярнуцца назаўтра, у нядзелю. Выйсці было нялёгка. Пакуль раздабыла ім харчу на два дні жыцця, нагатавала. I хацела нічога не браць сабе на дарогу, каб ім больш асталося. Пятро мусіў пасварыцца. А потым па сто разоў паўтарыла наказы Ленцы i яму:
– Лянок, да рэчкі – ні-ні. Hi з кім. Hi з Галькай, ні з Танькай. Не пойдзеш?
– Не.
– Будзеш увесь час з татам. Разам хадзіце, разам гуляйце…
– У «клёка»?
– У што хочаце. Толькі разам. Будзеш слухаць тату? Будзеш усё з'ядаць, што ён скажа?
Гэта не было праблемай, ела яна цяпер, калі ежы не хапала, добра, з апетытам.
– Не толькі з'ядаць, a нікуды-нікуды без яго… ні ў парк, ні на луг, ні ў школу…
– Да цёткі Гашы хочу.
– О Божа! Немагчыма пералічыць усяго, куды табе нельга. I да цёткі Гашы можна толькі з татам. А лепш вы не хадзіце. Няёмка. – Гэта ўжо да Пятра: – Пеця! Hi на мінуту не спускай з яе вока. А то яна абяцае i тут жа забывае…
– Забываю не!
– О «не» мае мілае! Дай я пабусяю цябе яшчэ разок. Будзь разумненькая, слаўная, i я прынясу табе ад цёці Полі ўсяго-ўсяго смачнага-смачнага.
– I сыру?
– I сыру, i яек, i мёду. Пайду да дзядзькі Пімена i папрашу хоць чарачку мёду.
– Ведаю. Гэта што пчолкі прыносяць.
– Усё ты ведаеш з кніжак ды казак. Пеця! У сельсавеце не сядзі. А то будзеш дзяўчатам расказваць міфы свае… i забудзеш на дзіця.
– Ну, так ужо я расказваю!
– Увогуле ты любіш пакрасавацца перад бабамі. Ёсць у цябе такі грэх. Спачатку гэта мяне нават абражала.
– Табе здавалася бог ведае што. Чаго мне красавацца перад імі? Патрэбны яны мне!
– Ты – слаўны. Цяпер я веру табе. Вядзіце сябе тут добра. Не бойцеся за мяне. Хіба першы раз! Я заўтра пастараюся раней выйсці, каб раней прыйсці. У мяне ўсё-такі клунак будзе, i, думаю, нялёгкі.
– Не вельмі нагружайся. Не блізкі свет. Мы будзем цябе сустракаць. У Панізоўі. Добра?
– Далека не заходзьце. А то потым яе прыйдзецца несці. Стоміцца наша маленькая.
– Я маленькая не. Я вялікая!
– Вялікая, вялікая. Ох, гэта мама! Не разумев, дзе малое, дзе вялікае.
– Для мяне вы абое малыя. 1ду, а душа не на месцы.
– А як жа ў партызанах? Хутка мы прызвычаіліся да мірнага жыцця. Да спакойнага. Каб заўсёды ўсе разам…
– Пэўна, таму, што гэта – нармальны стан чалавека, яго шчасце. Не хочу я больш у партызаны! Не! Няхай будуць любыя цяжкасці – абы жыць вось так, разам. Але ж ад вас не адарвешся. Пайду. Дарога i праўда няблізкая…
Упершыню, за паўгода, як вярнуўся з арміі, Пятро аддаў дачцэ ўвесь дзень. I ўпершыню адчуў, як гэта хораша – гуляць з дзіцем! Адключаешся ад усіх іншых сур'ёзных спраў i клопатаў. Быццам сам вяртаешся ў маленства, i цябе пачынае радаваць тое, чаго звычайна не прыкмячаеш, праходзіш міма, – божая кароўка, жоўты матыль, зялёны жук, кветка дзьмухаўца, смелы дзяцел, што заляцеў у парк i весела дзяўбе старую ліпу, пазірае ўніз i гарэзліва кідае амаль на галовы трэскі. Ленка пачынае расказваць пра нейкую «дымную птушку», якую яна з Танькай i Мішкам бачыла не то ўчора, не то немаведама калі, i птушка гэтая, упачатку, пакуль не распалілася дзіцячая фантазія, – жаўна, далей ператвараецца ў казачных не то жар-птушку, не то арла, які хацеў украсці Мішку i панесці далёка-далёка. I ён слухае гэтае няўмелае яшчэ фантазіраванне з захапленнем i замілаваннем. I яму хочацца, каб даччын галасок, як срэбны званочак, не сціхаў ні на хвіліну. Калі ён аставаўся з Ленкай дома, у змрочным пакоі, i быў заняты работай – гісторыяй, сшыткамі, канспектамі,– бясконцыя пытанні яе часам раздражнялі. А вось аддаўся ёй цалкам – i ўсё пачало радаваць, нават непаслухмянасць яе. Нямала з ёй клопату, але ўсё адно адпачываеш, бо сапраўдны адпачынак у чалавека тады, калі ёсць радасць. Калі вячэралі, разбілі гладыш з сыраквашай, якую Саша купіла ім, – галоўны ix харчовы запас. Дзе коратка, там i рвецца. I смешна i сумна. Але асабліва кранула, што «трагедыю» гэтую зразу мел a пяцігадовае дзіця i засмуткавала, нават заплакала.
– Дзе мамка?
– Нічога, гладыш разбіўся на шчасце, i мамка заўтра прыляціць, як пчолка, з багатым узяткам.
A раніцою – як болевы прыступ – трывога за Сашу, нечаканая, незразумелая. Чаму? Што здарылася? Жанчына пайшла ў госці ў роднае сяло. Але так казаў розум, а сэрца… з сэрцам нельга зладзіць.
Каб хоць Ленка была такая вясёлая, звонкая, як учора, а то таксама суцішылася, засумавала, раз-пораз пытала, калі прыйдзе мамка. Знікла радасць, пабляклі фарбы вясны. Пятро ледзь дачакаўся другой палавіны дня, калі па часе можна было ісці сустракаць Сашу.
Ішлі доўга, павольна. Сядзелі на дарозе, чакалі. Сонца даўно схілілася з поўдня, наступаў адвячорак. А Саша не ішла. I трывога расла, як снежны ком у гарах. Неспакой, мабыць, перадаўся i малой – яна пачала плакаць. О, як гэта пакутліва, калі на душы так трывожна, а тут яшчэ пачынае плакаць галоднае, зморанае на сонцы дзіця!
Дайшоўшы да Панізоўя, Пятро з неймавернай цяжкасцю ўмаліў Ленку астацца ў настаўніцы ix школы, а сам ужо амаль бягом кінуўся далей па дарозе, па якой павінна вярнуцца жонка.
Выбегшы з сасонніку, убачыў у полі, на пустой дарозе адзінокую постаць. Здалёк пазнаў – яна. Адразу адлягло ад сэрца. Нарэшце! Спыніўся, выцер пот. Але чаму Саша ідзе так павольна i як бы хістаецца? Так змарылася, гаротная. Хутчэй памагчы, забраць клунак!
Пабег – i за якія пяць крокаў спыніўся, уражаны i спалоханы: Саша была без клунка i бледная-бледная. Думкі, адна страшнейшая за другую, бліснулі ў галаве.
– Што з табой? Цябе ж пазнаць цяжка.
Саша сумна ўсміхнулася, i гэтая, хоць i дзіўная, усмешка трохі супакоіла. Але здалося, што яна хоча сесці на траву. Ён падбег, падтрымаў. Яна прыпала тварам да пляча, горача дыхала ў шыю.
– Што з табой?
– Захварэла.
– У дарозе? Што ў цябе баліць?
– Нічога.
– Заўсёды ты з загадкамі.
Яна доўга не адказвала, потым прашаптала ціха-ціха, быццам баялася, што хтосьці чужы падслухае тут, у чыстым полі:
– Не будзе ў нас дзіцяці…
Пятро адхіснуўся.
– Ты-ы?..
Яна на міг зачырванелася.
– Дурны! Што ты падумаў? Само. Ад недаядання, відаць. Ад стомленасці. Клунак цяжкі. Гэта цяпер так часта ў жанчын… Я ведаю. Мне не трэба было ісці. Сама вінаватая. Сядзем. Я паляжу трохі.
– Табе блага?
– Галава кружыцца.
Пятро асцярожна памог ёй легчы на траву. Спалоханы, разгублены, ён не ведаў, чым дапамагчы яшчэ.
– Што нам рабіць?
– Ідзі папрасі ў Балотнага каня. Я схавала ў лесе клунак. Трэба забраць. Цяпер тым больш нам трэба ўсё, што сабрала Поля. Пакуль я ачуняю… З кім Ленка?..