Текст книги "Трывожнае шчасце"
Автор книги: Иван Шамякин
сообщить о нарушении
Текущая страница: 30 (всего у книги 43 страниц)
VI
Саша на момант замерла на парозе маленькага пакойчыка, скаваная страхам, – ці жывы? Пасля кінулася да ложка, упала на калені.
– Пеця! Родны мой! Пецечка… Я так чакала цябе…
Ён ляжаў нерухомы, з заплюшчанымі вачамі, з забінтаванай галавой, з марлевай наклейкай на твары. Але дыхаў – перарывіста, цяжка. Значыцца, жывы. I рука, на якой знаёмы кожны зморшчык, кожная лінія, гарачая. Вось шрам на мезеным пальцы – малы рассек сякерай. Саша прыпала тварам да гэтай рукі. Падняла галаву, убачыла паміж бінтоў радзімы знак на мочцы вуха – такі ж, як у Ленкі,– i мімаволі ўсміхнулася праз слёзы, пацалавала вуха. Адчула пах яго валасоў. Яны пахнуць гэтак жа, як i два гады назад, – родным i блізкім.
– Пеця, саколік мой… Расплюшчы вочы… Глянь… Гэта я… Дурненькі ты мой! Як ты мог падумаць так? Хіба я магу прамяняць цябе на каго другога?
Не, ён маўчаў. I ўсё навокал маўчала. Толькі за акном унізе плёскалася рака, ігралі сонечныя зайчыкі на белай столі пакоя. I было ціха-ціха. Здалося, яны адны на цэлым свеце. Зноў над сваім Дняпром. I ніхто ім больш не трэба. Пеця заснуў, змораны, бо вельмі здалёку ішоў да яе, спяшаўся. Зараз ён прачнецца i прытуліць яе галаву да сваіх грудзей… I вернецца шчасце, i зробіцца хораша-хораша.
Ды раптам чыясьці чужая рука схапіла яе за каўнер пінжака i груба падняла з падлогі.
Саша схамянулася, адганяючы чары. Перад ёй стаяла Марыя Сяргееўна. Саша ўбачыла яе твар i жахнулася. КольKi злосці ў вачах, на твары гэтай добрай, ласкавай, з мяккімі рукамі жанчыны! На пабялелым ілбе выступілі кроплі поту, a ніжняя губа пасінела i дрыжыць. Што з ёй? Чаму яна такая? Яшчэ хвіліну назад яна сустрэла Сашу ўзрадавана i прыветліва. Завяла ў прыёмны пакойчык, а сама пайшла да хворых. Саша, нічога ёй не сказаўшы, прыбегла ў хаціну, каб пераканацца ў тым, што расказала Аня.
– Гэта… – хацела яна растлумачыць.
Але ўрач злосна i груба закрыла ёй рот далоняй. А потым узяла пад руку i сказала прытворна-ласкава:
– У цябе закружылася галава? Хадзем пагуляем.
I пад руку вывела на двор. Павяла міма галоўнага корпуса. Па дарозе прывіталася з нямецкім вартавым:
– Гутэн морген, Герман!
– Гутэн морген, фрау!
– Добрыя хлопцы – салдаты. Яны памагаюць мне.
Саша зірнула на яе са знявагай i хацела вырваць руку.
Але Марыя Сяргееўна трымала яе даволі моцна. Яна завяла Сашу ў прыбіральню. Хвіліну моўчкі пастаялі там i рушылі далей – у поле. Як бы выйшлі пагуляць над Дняпром.
Калі аддаліліся на добрую сотню метраў, Марыя Сяргееўна дастала з кішэні халата хусцінку, выцерла лоб, вусны i не сказала, а прастагнала:
– О Божа мой! Якія вы дурныя, маладыя!
– Марыя Сяргееўна! – схапіла яе за рукі Саша. – Гэта Пеця! Мой Пеця…
– А ты спакайней, – адхіліла яе ўрач. – Я ведаю.
– Ведаеце? – чамусьці не здзівілася, а спалохалася Саша. – I раней ведалі?
– Не. Пачала здагадвацца. Учора, калі ён пачаў трызніць… Ён клікаў цябе і… Сеню… Майго Сеню… Тады я знайшла фота, дзе яны разам…
– Марыя Сяргееўна! Ён будзе жыць?
– Я зрабіла ўсё, што магла. У такіх умовах! Штохвілінна рызыкуючы… Трэці дзень я хаджу над безданню. Я сама не разумею, як трымаюся… А ты… ты сваёй неразумнай любоўю, сваім парывам магла ўсё загубіць… Ты чаму так кінулася туды?
Саша расказала пра тое, што пачула ад Ані, i пра тое, як яна ўначы хацела бегчы сюды, але Аня не пусціла да раніцы. Твар у Марыі Сяргееўны зрабіўся шэры. Яна быццам звяла ўся.
– Божа мой, як гэта разносіцца! А я была ўпэўнена…
– Марыя Сяргееўна! Як ён трапіў да вас?
Саша ўся дрыжала. A ўрач не адразу пачула яе пытанне – думала пра нешта сваё. Потым устрапянулася.
– А? Як трапіў? – I зноў узяла Сашу пад руку i павяла над самай кручай далей ад бальніцы, на ганку якой стаяў немец. – Я не заснула яшчэ, думала пра Сеню. I раптам выбух. З майго акна было відаць ix расчыненае акно, як яны балявалі… Гэта часта паўтаралася, i мне абрыдла глядзець. Яны нібы знарок расчынялі акно, быццам дражнілі партызан… Я ўвесь час думала, што партызаны калі-небудзь дабяруцца да ix. Святло патухла адразу ж пасля выбуху. Але тут жа ўспыхнуў пажар. Я не выйшла, хоць баялася за хворых. Я добра ведала, што ў такіх выпадках лепш сядзець дома. Пачнецца страляніна, пошукі… Дзіўна, што яны нават не пачалі страляць. Так ix ашаламіла… I раптам я ўбачыла яго… На фоне водбліскаў ад пажару… Ён бег па бальнічным двары да кручы. I вунь там… вунь, дзе слуп ад Сенінага турніка… ён зваліўся… Я не сумнявалася, што гэта ён, той, што кінуў гранату… Што мне рабіць? Як памагчы яму? Божа мой! Пакінуць у бядзе такога чалавека? Я ведала, што іду на смерць, што вось-вось яны абшныраць кожны дом, кожны закутак… I ў бальніцы, безумоўна, у першую чаргу. Але я не магла інакш… Я савецкі ўрач… Я выскачыла i зацягнула яго ў сваю хату. Ён быў непрытомны… На шчасце, яны не кінуліся адразу шукаць. Салдаты засталіся без афіцэраў i былі заняты пажарам… Школа згарэла, як куча сухога галля. А потым у ix атрымаўся казус… Немцы абстралялі паліцаяў, якія беглі на пажар цераз гароды, вунь адтуль… Гэта дало мне час, каб схаваць яго. У мяне на кухні пад падлогай яма, куды ссыпаю на зіму бульбу. Я кінула ў яму коўдру, падушку i апусціла яго туды. Адкуль браліся ў мяне сілы! Я несла дарослага чалавека, як дзіця! Шукаць пачалі паліцэйскія… А гэты фон Штуме, ацверазелы, хадзіў следам, ашаломлены, i толькі паўтараў: «Майн Гот». Я не вытрымала – выйшла з хаты, бо яны шнырылі па бальніцы i маглі зачапіць хворых… Яны схапілі мяне i павялі, каб я аказала дапамогу двум салдатам, якія таксама, п'яныя, апякліся… Шукалі яны ў маёй хаце ці не, не ведаю… Але што я перажыла, перавязваючы немцаў! Пры святле пажару я ўбачыла, што левы рукаў майго плацця ў крыві. Я нават не паспела агледзець, куды ён ранены. Але кроў магла застацца на падлозе, думала я. I – уяві! – на мае, на тваё, не ведаю, на чыё шчасце, усё абышлося добра ў тую ноч. Кал i назаўтра прыехала начальства, то разабрацца ім, хто адкуль i куды бег, было ўжо немагчыма… Калі ўсё сціхла ў тую ноч i спалоханыя хворыя патроху супакоіліся, я вярнулася i агледзела раненага. Куля трапіла ў спіну, прабіла правае лёгкае. Я вырашыла аперыраваць… Божа мой! Каб мне раней, да вайны, расказалі, што нейкі ўрач, няхай геній, няхай сам Пірагоў, зрабіў такую аперацыю ў такіх умовах, я, відаць, засмяялася б яму ў твар, назвала хлусам. I мне, напэўна, ніхто не паверыць… У бульбянай яме, пад падлогай, стоячы на каленях, пры святле звычайнай лямпы, прымітыўнымі інструментамі, без патрэбных медыкаментаў… A галоўнае – адна. Прыйшлося рабіць «акно» i рэзекцыю раструшчанай куляй часткі ніжняй долі правага лёгкага. А потым выявілася, што куля прайшла ў грудную поласць i засела ў рабрыне. Прыйшлося рэзаць другі раз. Добра, што ніхто не перашкодзіў… Нічога падобнага я ніколі не рабіла. I цяпер дзіўлюся… Выходзіць, што чалавек усё здужае, зможа, калі любіць, калі ведае, у імя чаго… Мая аперацыя – подзвіг… Я не саромлюся сказаць так… Не ведаю, што будзе далей, але ў звычайных умовах я, бадай што, магла б упэўнена сказаць: я ратавала яму жыццё. Не занесла інфекцыю, гэта галоўнае, i, здаецца, правільна зрабіла ўсё іншае… Ведаеш, пасля аперацыі ён на момант апрытомнеў. Я ўліла яму глыток вады. I ён прашаптаў… Ты ведаеш, што ён прашаптаў? «Дзякую, мама…» У той міг мне здалося, што гэта – Сеня.
Марыя Сяргееўна каўтнула i на момант закрыла вочы далоняй, быццам ад сонца. Яна глядзела на ўсход, насустрач сонцу. У Сашы вочы былі сухія, яна слухала моўчкі, толькі часта i неглыбока дыхала ды раз-пораз нецярпліва азіралася на хаціну, дзе застаўся ляжаць Пеця. Ёй здавалася, што ў гэты момант, калі яго пакінулі аднаго, ён можа назаўсёды адысці ад яе. Таму яна баялася нават глыбей дыхнуць, быццам дыханне магло патушыць яго жыццё, як свечку.
Марыя Сяргееўна апусцілася на пажоўклую калючую траву, звесіўшы ногі з абрыву. Ёй хацелася не толькі сесці, але легчы. Яна не сказала, што не заплюшчвала вачэй тры ночы, што толькі ўдзень засынала на колькі хвілін, седзячы ў сваім прыёмным пакоі. Добра, што, калі ў бальніцу перабраліся немцы, хворыя перасталі хадзіць. I тыя, што ляжалі i хто здолеў падняцца, стараюцца хутчэй выпісацца. «Далей ад ліха», – як казала адна жанчына.
– Пасядзім трохі.
Саша не села. Яна стаяла побач i глядзела на хаціну.
– Не глядзі так! Чуеш? Ты выдаеш нас. Мы адпачываем. Ах, як мне хочацца заснуць! Але я не магу спаць. Я стаю на варце, i невядома, хто i калі мяне заменіць…
– Я, Марыя Сяргееўна!.. Я, родная вы мая… Цяпер я буду дзяжурыць пры ім, – вырвалася нарэшце ў Сашы. Яна нават памкнулася абняць жанчыну.
– Ах не, мой друг! Не тое. Якое дзяжурства! Ведаеш, заплюшчу вочы i бачу яго, таго, што ў яме. У мяне пачынаюцца галюцынацыі. Так, відаць, узнікла вера ў дух нябожчыкаў. Нервы. Так, ён вораг. Але я ўрач. Я ўсё жыццё ратавала людзей ад смерці…
Яна глянула на Сашу, убачыла, што тая не ўсё разумее, i пачала расказваць зноў ціхім i роўным, знешне быццам абыякавым голасам:
– Я разумела, што не ўратаваць мне яго, калі ён застанецца ў яме. Раненаму трэба паветра i хаця б звычайныя чалавечыя ўмовы, догляд. Перанесці куды-небудзь у іншую хату – пра гэта i думаць няма чаго. Што рабіць? Рашэнне прынёс загад фон Штуме ачысціць бальніцу. Я ледзь выпрасіла ў яго тыдзень, каб падрыхтаваць барак былой МТС. Ён крычаў: «Я не хачу, каб мне кідалі ў акно гранаты!» Але ён быў упэўнены, што малітвы маці дапамаглі яму застацца жывым… Я сыграла на яго набожнасці. Я перавяла ўсіх іншых хворых у хлеў, у амбулаторыю, а*яго, паліцая, да сябе ў хату. Ён i там ляжаў асобна, у былым радзільным пакоі. Калі яго прывезлі, я жахнулася ад лютасці таго, хто распраўляўся з ім. Яго секлі касой, без касся, відаць, як шабляй. Не было ніводнага жывога месца, больш трыццаці ран… Потым мне расказалі, што гэта зрабіў чатырнаццацігадовы хлапчук: помсціў за маці, якую гэты кат застрэліў… Але я ўрач. Я лячыла яго, вырвала ў смерці… Легка забіць ворага, які страляе ў цябе. A забіць раненага, непрытомнага… Я не магла, не мела права… Але трэба было знайсці выйсце, каб ратаваць чалавека, які помсціў за ўсіх, за народ… Сапраўднага чалавека… На што я спадзявалася? Hi на што. Ды, уласна кажучы, мне было ўсё адно ўжо – адзін адказ… Я пайшла на самае лёгкае, хоць i вельмі рызыкоўнае. Я памяняла ix месцамі. Таго – у яму. А Пятра твайго, нашага Пятра, паклала на яго месца, забінтаваўшы гэтак жа галаву, рукі… Ты бачыла. Я было пераканала сябе, што ніхто не выявіў падмены. Наіўная. Можа, i хворыя так паспешліва сёння выпісваюцца, што многія даведаліся? – спытала яна незразумела каго: Сашу ці самую сябе. Пасля паглядзела знізу на Сашу i парывіста паднялася. – Што ж нам рабіць цяпер, мой друг? – i, не чакаючы Сашынага адказу, прашаптала: – Асцярожнасць. Толькі асцярожнасць можа ратаваць усіх нас. Але так не можа цягнуцца доўга.
Трэба звязацца з партызанамі, каб яны неяк забралі яго… Ты павінна пайсці i адшукаць ix.
– Марыя Сяргееўна!.. – устрапянулася Саша. Ёй зрабілася страшна ад думкі, што, толькі знайшоўшы, яна зноў пакіне Пецю ды яшчэ ў такім стане, калі побач стаіць смерць… Ён нават не даведаецца, што яна прыходзіла з любоўю i вернасцю, i будзе пакутаваць… Не, яна застанецца тут, пры ім! Яна нікуды не пойдзе! Не можа пайсці!
– А чым ты паможаш яму? Сваімі пяшчотамі? – сурова спытала Марыя Сяргееўна. – Яшчэ выкрыеш нас… Не, табе трэба ісці!
«Трэба расказаць ёй усю праўду пра Лялькевіча i пра Пецю. Цяпер можна. Гэта не будзе парушэннем клятвы, бо яна наш чалавек, можна лічыць – член нашай арганізацыі!» – падумала Саша.
– Мне здаецца, крызіс мінуў… Спачатку ён ляжаў так, што я баялася гэтага шоку. A ўчора пачаў трызніць. А гэта добра. Клікаў цябе, Сеню. Тады ў мяне бліснула здагадка… Лаяў нейкага Лялькевіча. Чакай. Няўжо Уладзіміра Іванавіча? Ён таксама недзе ў партызанах. У мінулую восень наведаўся неяк уначы да мяне, прасіў медыкаментаў… Абяцаў, што будзе заходзіць, але больш не з'яўляўся.
Саша больш не вытрывала:
– Марыя Сяргееўна, я ўсё раскажу… Даруйце, што таіла ад вас дагэтуль.
Урач выслухала моўчкі, не праявіўшы ні здзіўлення, ні залішняй цікаўнасці, толькі ў канцы ўздыхнула i сказала:
– О Божа! Як яна наблытала, вайна! А яго маці ляжала ў мяне ў бальніцы i кожны дзень плакала – дзе Валодзя? Можа, i мой Сеня дзе-небудзь побач. Такая вайна!
– Цяпер вы разумееце, што мне трэба застацца, каб ён убачыў мяне… Гэта паможа яму…
– Баюся я за цябе.
– Марыя Сяргееўна, ды я без вас i кроку не ступлю. Клянуся!
Урач задумалася.
– Добра. Я скажу фон Штуме, што папрасіла цябе памагчы мне, пакуль будзем перабірацца ў баракі. Будзеш мыць бялізну…
– Усё-ўсё буду рабіць. Любую работу, абы…
– Ты ведаеш, што мы зробім? Пераліванне крыві. Адна я не магла. У цябе якая група?
– Другая.
– Мы не ведаем яго групы. Няма сывараткі. Возьмем маю. Я – універсальны донар.
Саша не знаходзіла слоў, каб выказаць удзячнасць гэтай жанчыне, якая ратавала Пецю. Цяпер у яе з'явілася цвёрдая ўпэўненасць, што Пеця ўратаваны. Яна не думала пра тое, як выбрацца адгэтуль, з небяспекі, якая штохвілінна пагражае ўсім ім. Адзін неасцярожны крок, адно чыёсьці слова – i смерць. Нельга ні на секунду забываць пра гэта!
Аднак, калі яны вярнуліся назад да бальніцы, Саша не вытрымала: вачамі, позіркам папрасіла Марыю Сяргееўну дазволіць глянуць на яго. Тая дакорліва паківала галавой, але пайшла разам з ёй у хаціну.
Жывы! Хацелася крычаць ад радасці. Саша хутка нахілілася i пацалавала яго ў сухія, гарачыя, засмяглыя губы. I быццам удыхнула пацалункам сілу. Ранены расплюшчыў вочы. Паглядзеў на яе i прашаптаў без здзіўлення i без радасці:
– Саша.
Так шэпчуць малыя дзеці слова «мама», калі прачынаюцца на момант i пераконваюцца, што маці сядзіць побач.
– Пеця!.. Любы мой!
Марыя Сяргееўна прытрымала Сашу за плячо, асцярожна адхіляючы. А ранены раптам паварушыў забінтаванымі рукамі, як бы сціскаючы кулакі, i сказаў ca злосцю:
– Я разбіў яму морду… Сеня… Чуеш? Мне трэба было з пісталета… Вось так… Ах, гад які!
Пальцы Марыі Сяргееўны скамячылі Сашыну кофтачку. Урач застыла, чакаючы: можа, ён скажа што-небудзь больш зразумелае пра сына? Але Пятро зморана прашаптаў словы песні:
– Пасею лебяду на берагу… Сваю…
Саша спрытна мыла падраныя смярдзючыя бальнічныя прасціны i думала, што некалі, калі Пеця захварэў на запаленне лёгкіх, яна прыйшла да яго ў бальніцу i, нягледзячы на забарону галоўурача, сядзела цалюткі дзень. А цяпер Пеця ў больш цяжкім стане, i яна не можа сядзець пры ім, бо ніхто не павінен ведаць, што ён – блізкі ёй чалавек. Самы блізкі, самы родны. А яшчэ думалася пра Ленку. Як там дачка? Ці вярнуўся Уладзімір Іванавіч?
Падышлі два салдаты. Сталі за тры крокі i пачалі пільна назіраць, як яна мые. Саша адчула, як халадзее яе спіна. Чаму яны глядзяць так доўга i пільна? Што ix зацікавіла? Нарэшце адзін наблізіўся, памачыў руку ў мыльнай бруднай пене, правёў ёю Сашы па твары. I абодва весела зарагаталі.
Саша ўся задрыжала. О, як хацелася ўзяць намыленую прасціну i пляснуць у адказ яму па твары! Як яна ненавідзела ix! Але Саша перамагла сваю нянавісць, падняла галаву, выцерла твар рагом хусткі i… прыветліва ўсміхнулася.
– О, гут, гут, – ухваліў другі, старэйшы.
Калі яны адышлі, буйныя слёзы крыўды i абразы закапалі ў карыта, у мыльную пену. Абраза, здзек не скончыліся на гэтым. Хутка салдаты прынеслі ёй кучу брудных анучак, споднікаў i паказалі жэстамі, каб яна памыла. Яна мыла i праз слёзы не бачыла свету.
Але ўсё адразу забылася, як толькі Марыя Сяргееўна выйшла з амбулаторыі, несучы ў ручніку гарачы стэрылізатар, i паклікала яе. Што ўсе гэтыя крыўды, калі яна зноў убачыць Пецю, дапаможа яму! Каб ратаваць яго, яна вытрывае ўсё! Аднак у яе доўга дрыжалі рукі, i Марыі Сяргееўне прыйшлося чакаць, пакуль яна супакоіцца.
– Набярыся сілы. У нашых умовах гэта нялёгка, але ў цябе ўмелыя рукі, я помню. Я веру тваім рукам. Пачнём з малой дозы.
Марыя Сяргееўна скінула правы рукаў сукенкі i лягла на ложак побач з раненым, рука ў руку. Саша моцна пераціснула яе руку. Урач пачала варушыць пальцамі, напаўняючы вену, i адначасова кіравала аперацыяй:
– Знайдзі яго вену. Вось так. Бачыш? Супакоілася? Пачалі. Адпускай жгут.
Сапраўды, Саша зрабіла ўсё спрытна i ўмела. Кроў урача ўлілася ў жылы раненага, каб напоўніць страчаную ім кроў і прынесці новыя сілы для змагання са смерцю.
Збялелая Марыя Сяргееўна выцерла рукавом халата халодны пот з ілба i пахваліла «асістэнтку»:
– Малайчына!
Увечары зрабілі другое пераліванне.
I да Пятра вярнулася прытомнасць. Ён свядома глянуў на навакольны свет. Убачыў Сашу, здзівіўся:
– Саша? – i пакутліва, з болем, успамінаючы нешта, спытаў: – Дзе я?
Сашыны слёзы закапалі яму на твар.
– Пеця! Дурненькі мой. Я табе ўсё растлумачу. Ачуньвай хутчэй. I нічога дрэннага не думай…
Марыя Сяргееўна адхіліла яе, каб, выкарыстаўшы хвіліну прытомнасці, сказаць самае галоўнае:
– Ты ў бальніцы, мой друг. Але ты – не ты. Разумеет? Ты – паліцэйскі Букаты. Фядос Букаты. Зразумеў? Так трэба. Побач немцы.
Ледзь чутным шэптам ён спытаў:
– Вы – маці Сені?
Марыя Сяргееўна нахілілася над ім ніжэй.
– Дзе Сеня?
– Там, – паказаў ён вачамі ў прастор, i павекі яго апусціліся.
Сашы хацелася, каб ён зноў звярнуўся да яе i каб у вачах яго адбілася не толькі здзіўленне, але i радасць. Але ён нібы забыўся на яе. I ёй зрабілася балюча. Абедзве жанчыны напружана чакалі, што ён скажа яшчэ. Але ён маўчаў i не расплюшчваў вачэй. Здавалася, заснуў. Марыя Сяргееўна кіўнула Сашы, i яны на пальчыках выйшлі з пакоя. У калідоры Саша ўсхліпнула. Марыя Сяргееўна моўчкі выцерла ёй вочы марлевай касынкай.
– За працу, мой друг.
На другі дзень Саша зноў мыла, дэзінфіцыравала ложкі, тумбачкі, посуд. На кульгавым кані завозіла бальнічныя рэчы ў барак МТС, дзе наводзілі парадак іншыя жанчыны.
У яе ледзь не выскачыла сэрца, калі яна ўбачыла, што обер-лейтэнант i Марыя Сяргееўна пайшлі ў хату, дзе ляжаў Пеця. Пасля ўрач расказала. Афіцэр сустрэў яе i нечакана праявіў клопат:
– О, вы хворая, фрау Марыя! У вас вельмі бледны твар.
Каб не пераконваць яго, што адчувае сябе добра, яна адважылася сказаць праўду:
– Але, пан обер-лейтэнант. Я адчуваю сябе дрэнна. У мяне цяжкахворыя, раненыя i вельмі мала медыкаментаў. А таму я не толькі ўрач, але i донар. Я пераліла сваю кроў раненаму паліцэйскаму.
– O-o! – з пачцівым здзіўленнем выгукнуў фон Штуме. – Я хачу паглядзець на гэтага героя!
Былы начальнік, грубы, але хітры эсэсавец нябожчык Гюнтэр, час ад часу правяраў бальніцу. Гэты чысцюля фон Штуме ніколі не заглядваў i, між іншым, даўно прапаноўваў перавесці яе куды-небудзь далей. Ён даўно закрыў бы яе зусім, але фельдкамендант з нейкіх палітычных меркаванняў не дазваляе закрываць бальніцу i нават патрабуе адкрыць школу.
Марыя Сяргееўна спалохалася. А раптам Пятро, трызнячы, скажа што-небудзь лішняе. Ці ўбачыць фашыста i ў гарачцы кінецца на яго? Ці той, у яме, пачне стагнаць? На шчасце, Пятро спаў i паліцай маўчаў. Афон Штуме, адчуўшы пах крыві, зморшчыўся, заткнуў нос надушанай хусцінкай i паспешліва пакінуў хату. Марыя Сяргееўна ішла за ім.
– Каб пан обер-лейтэнант даў мне трохі глюкозы, я ведаю, у вашага медыка яна ёсць… Як бы гэта падмацавала мае сілы!
Каб адчапіцца ад яе, ён паабяцаў даць глюкозу. Заадно папярэдзіў, што любіць дакладнасць: праз два дні бальніца павінна выбрацца з усіх памяшканняў.
Пасля абеду, калі Саша зноў мыла бялізну, якую ёй падкінулі іншыя салдаты, на двары бальніцы з'явіўся стары з мокрай кайстрай. Яна пазнала яго: той сварлівы лодачнік, што перавозіў ix у мінулым годзе i спачатку запрасіў сто рублёў. Вартавы спыніў яго. Ён выцягнуў з кайстры вялікага ліня.
– Рыбы прынёс пану начальніку. За ласку яго, што човен вярнулі. Мне ж хоць гіамірай без яго, без чоўна. Во хачу аддзякаваць…
Фон Штуме выйшаў сам на ганак. Стары пакланіўся яму. Саша чула ix размову. Афіцэр пільна аглядаў кожную рыбіну i гаварыў:
– Ты іст хітры русіш альтэр ман… Як то? Дзед. О, дзед… Ix знайт, ты памагай партызан. Я, я… Ix знайт… Мой зольдат будзе лавіт цебя… Ix буду вешай цебя тут, – ён паказаў на таполю.
– Ды няхай я, пан-гаспадзін, не сыду з гэтага месца, калі я бачыў ix у вочы, партызан гэтых. Вось жа набрахаў нехта на старога чалавека.
– Вас іст набрахаў?
– Кажу, нагаварыў хтось на мяне. Які я партызан! Смех ды грэх. Мне восемдзесят гадоў.
Афіцэр паківаў яму пальцам:
– Ты ошань хітры… Шляўфукс [14]14
Ліс (ням.).
[Закрыть]…
Калі афіцэр пайшоў, загадаўшы салдату занесці рыбу на кухню, стары накіраваўся да Сашы. Здалёк гукнуў:
– Дай, маладзічка, вады напіцца. А то, пакуль усцягнуў свае старыя косці на кручу, сем патоў выліў.
Саша паднесла яму няпоўнае вядро. Ён падняў яго, закрыўся i глуха сказаў у вядро:
– Саша? – глянуў адным вокам, ці кіўнула яна. – Выбірайся, маладзіца, адгэтуль, пакуль ціха. Але дадому не ідзі. Правал. Каля хутара звернеш са шляху налева, у сасоннік, i далей пойдзеш паўз балота. Цябе сустрэнуць.
Сказаў, паставіў вядро i паклыпаў прэч.
Саша ведала законы канспірацыі i ніводным рухам не выдала сябе. Але як закрычала сэрца: Ленка!