355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Трывожнае шчасце » Текст книги (страница 2)
Трывожнае шчасце
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 02:20

Текст книги "Трывожнае шчасце"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 43 страниц)

Ніколі раней яны не гаварылі пра такія рэчы, як грошы, і, безумоўна, ён нізавошта не адважыўся б прасіць іх у Сашы, калі б нават апынуўся ў самым цяжкім становішчы. А яна вось гаворыць так проста. І ў гэтым таксама відаць, што яна змянілася, але да лепшага ці да горшага такая змена – Пятро не мог вырашыць.

Яму ўвесь час здавалася, што Саша не падобна да іншых дзяўчат, што яна асаблівая, і ён баяўся, што з гэтай «матэрыяльнасцю» яна страціць сваю незвычайнасць і стане, як усе. Але разам з тым ён адчуваў, што такая простая яе прапанова, як і тое, што перад тым яны сядзелі за адным сталом, неяк вельмі ўжо збліжала і радніла іх. Усё гэта было супярэчліва і неяк па-новаму хвалявала. Пятро забыўся на свой смешны расказ аб тым, як яны насілі на «таўкучцы» рэчы. Ды і Сашы, напэўна, было нецікава гэта, яна думала пра нешта сваё. Хвіліну яны маўчалі. Потым Саша сказала:

– Да мяне прыходзіў бацька, і я аддала ўсе грошы яму, – і пасля паўзы дадала: – А пасля пашкадавала. Я даведалася, што ён збіраецца жаніцца. Дзесяць год прайшло, як памерла маці, і раптам… надумаў стары… Я напісала яму злоснае пісьмо.

II

Хата, як большасць хат у нашых больш-менш багатых вёсках, мела дзве палавіны: «заднюю», у якой ледзь не палову займала руская печ, і «пярэднюю» – светлую. Гэтая прасторная святліца з мноствам фікусаў, аганькоў, руж, пальмаў, якімі былі застаўлены ўсе вокны і палавіна падлогі, і была кватэрай Сашы. Сама гаспадыня з дзецьмі жыла ў «задняй».

Яны на пальчыках прайшлі праз кухню. Не запальваючы лямпы – даволі светла было ад месячыка, – Саша падвяла Пятра да вялікага драўлянага ложка, што стаяў за грубкай, і сказала:

– Ты будзеш спаць тут.

Яе маленькі, белы, як у бальніцах, ложак стаяў з другога боку грубкі, каля акна, што выходзіла на вуліцу. Пятро хутка раздзеўся, нырнуў пад свежую, крыху вільготную прасціну, якая прыемна пахла мылам, балотнай вадой, нейкімі лекамі, і, стаіўшы дыханне, слухаў, як за грубкай раздзявалася Саша. Якое гэта непаўторнае і ні з чым не параўнанае адчуванне – упершыню чуць, як за тры крокі ад цябе, у адным пакоі, раздзяецца дзяўчына, якая здаецца для цябе, закаханага, прыгажэйшай за ўсіх на свеце, якая стала для цябе самай любай і дарагой! Ты ўяўляеш яе ў адной кашулі – і гэта чысцейшыя ўяўленні, уласцівыя юнацтву, у іх няма і кроплі непрыстойнасці. Гэта самае высокае чалавечае адчуванне, якое, на жаль, мы часта страчваем у сталыя гады, калі многае для нас робіцца звычайным, будзённым і мала што можа ўжо ўсхваляваць па-сапраўднаму.

Сэрца ў Пятра спачатку быццам спынілася на міг, а потым пачало біцца радасна-трывожна, як заўсёды, перад невядомай, таямнічай, але – адчуваем мы – вялікай падзеяй у жыцці.

Саша лягла.

Пятро зноў замёр у чаканні гэтага невядомага.

Яна спытала:

– Ты не спіш яшчэ? – і ўздыхнула, а праз хвіліну пажадала: – Добрай ночы.

Ён адказаў:

– Добрай ночы.

І, яшчэ больш усхваляваны, хлопец пачаў з юнацкай наіўнасцю думаць – шукаць захаваны сэнс і ў яе запытанні, і ва ўздыху, і ў пажаданні. Чаму яна спытала, ці не спіць ён? Хіба можна так хутка заснуць, нават і вельмі стомленаму чалавеку? Ці не з іроніяй яна спытала? Чаму так цяжка ўздыхнула? Ён прыгадаў гаворкі сваіх старэйшых сяброў-студэнтаў аб тым, што мужчына павінен быць смелым і рашучым у любых абставінах. Але іх рашучасць у адносінах да дзяўчат заўсёды абурала Пятра, бо гэта было не што іншае, як нахабства. Ён ніколі не быў нахабным. А Саша для яго была – святое. Сашы ён баяўся сказаць нявінны жарт, параіць пачытаць кніжку, у якой закраналіся такія вось пытанні. А калі аднойчы пачалі размову пра «Ціхі Дон», то далікатна абміналі ўсе «нявінныя» мясціны.

Але чаму яна ўздыхнула? Гэтае пытанне не давала спакою. Ён успамінаў кожнае яе слова за гэты вечар. Пачаў шукаць іншы сэнс у запрашэнні і нават у тым, як яна здзівілася і разгубілася, калі ён знянацку з'явіўся перад ёй у садзе. Зноў прыгадаліся «тэарэтычныя» разважанні сяброў аб дзяўчатах, іх непрыстойныя думкі, якія заўсёды абражалі Пятра – абражалі за Сашу. З адным сябрам ён з-за гэтага пасварыўся назаўсёды.

Але пры ўсёй сваёй узнёсласці і юнацкай сарамлівасці ён добра разумеў, што ўрэшце іх каханне павінна прыйсці да таго, што яны стануць мужам і жонкаю. Такі закон прыроды. Але ці хоча гэтага Саша? Каб яна думала стаць зараз яго жонкай, ёй не было б патрэбы выдаваць яго за брата. Сумленны ва ўсіх сваіх паводзінах і пачуццях, Пятро канчаткова адмовіўся ад думкі, што яму варта праявіць рашучасць, смеласць і пайсці да Сашы. Гэта можа абразіць яе, скампраметаваць: гаспадыня, відаць, не спіць. Аднак не зусім упэўнены, што Саша не жадае гэтага, ён наіўна чакаў, што яна прыйдзе сама, чакаў, як Палканаў [1]1
  Герой апавядання М. Горкага «Варанька Алесава» (рэд.).


[Закрыть]
, уяўляючы, як гэта можа здарыцца, толькі думкі яго былі куды больш чыстымі і прыгожымі.

Саша павярнулася на ложку, і ён стаіў дыханне; у сэрцы затрапяталіся радасць і страх. Не, зноў цішыня. А час ляціць. Карацейшыя сталі на падлозе цені ад кветак, што стаялі на вокнах. Ужо даўно праспявалі першыя пеўні. За сцяной спрасонку нешта выгукнуў сын гаспадыні – мабыць, і ў сне ганяў кароў.

Пятро ўрэшце не вытрымаў і шэптам паклікаў:

– Саша!

Яна не адказала.

– Сашок!

Ён, стаіўшы дыханне, падняўся і глянуў з-за грубкі.

Святло месячыка падала на яе твар, на рассыпаныя па падушцы залатыя валасы.

Саша спакойна спала.

Яму стала сорамна за свае думкі, і ён хуценька вярнуўся на свой ложак.

Саша разбудзіла яго раніцой даволі позна.

– Ох, і соня ж! Прачынайся! – смяялася яна, тузаючы, як малога, за нос.

Пятро расплюшчыў вочы, глянуў і анямеў ад захаплення: ён упершыню бачыў Сашу ў белым халаце, у марлевай касынцы (амбулаторыя была побач з кватэрай), і гэтае ўбранне так пасавала да яе, што яна здавалася казачна прыгожай.

– Я ўжо колькі хворых прыняла, а ты ўсё яшчэ спіш! Уставай – снедаць будзем!

Ён не вытрымаў, прыцягнуў яе да сябе і пацалаваў. Гэта ўбачыла праз адчыненыя дзверы гаспадыніна дачка. Выйшаўшы на двор, дзе маці рабіла нешта па гаспадарцы, малая адразу паведаміла ёй:

– А ведаеш, мамка, яны цалуюцца.

– Хто?

– Цёця Шура і яе брат.

Маці чамусьці ўзлавалася і накрычала на дачку: не падглядай, дзе не трэба.

На снеданне гаспадыня падала халодную бульбу, гуркі і міску сыраквашы. Пятро не звярнуў увагі – звычайнае сялянскае снеданне, дома ён харчаваўся не лепш, да таго ж ён быў у такім радасным настроі, што наўрад ці заўважыў бы, калі б яму нават зусім не давалі есці цэлы дзень. Але Саша раптам пачырванела і здзіўлена сказала да гаспадыні:

– Аня?! – і больш нічога не сказала, спадзеючыся, што гаспадыня зразумее і так. Але тая зрабіла выгляд, што нічога не разумее, і пачала мітусліва збірацца, каб некуды ісці.

– У нас, Шурачка, няшчасце: каровы пачынаюць яшчурам хварэць. Работы нам цяпер, даяркам!.. Хворыя асобна стаяць у загоне, а здаровых у поле выгналі. Вось і бегай туды-сюды… Можа, я на абед не прыйду, дык вы тут самі…

Пятро апетытна еў бульбу з гуркамі і, ні пра што не здагадваючыся, здзіўляўся, чаму Саша, такая вясёлая колькі хвілін назад, калі будзіла яго, палівала ваду на рукі, раптам нібы засмуцілася ці збянтэжылася. Яна амаль нічога не ела і не запрашала есці яго, як учора ўвечары. Сядзела моўчкі, хмурылася і ляпіла з хлеба шарыкі і зоркі.

– Што з табой, Саша?

– Нічога, – сярдзіта адказала яна і ўзнялася, але, відаць, схамянулася – ласкавая ўсмешка асвяціла яе твар. – Снедай і прыходзь да мяне ў амбулаторыю.

Амбулаторыя размяшчалася ў былой кулацкай хаце, вялікай і пустой. Адна палавіна хаты служыла пакоем для чакання. Тут стаяў паўз сцяну доўгі ўслон і на падаконніку ляжалі часопісы і медыцынскія брашуры, на сцяне віселі плакаты – як даглядаць грудное дзіця. У пярэдняй палавіне – самой амбулаторыі – стаяў нізкі стол з рэгістрацыйнымі кніжкамі на ім, два венскія крэслы, старыя і моцныя, цвёрдая канапка, засланая чыстай прасціной і ў нагах цыраткай. За шклом невялічкай шафы паблісквалі розныя інструменты, бутэлечкі і шклянкі. Адным словам, было ўсё, як належыць ва ўстанове, дзе лечаць людзей. У пакоі гэтым, хоць хата стаяла вокнамі на поўдзень, заўсёды чамусьці было халаднавата, крыху вільготна і пахла цвіллю і лекамі. Але пахі гэтыя не раздражнялі, а Пятру здаваліся нават прыемнымі. Увогуле ён адчуваў сябе тут надзвычай утульна. Усведамленне, што гэта Сашына амбулаторыя, што Саша тут поўнаўладная гаспадыня і што ён мае права сядзець тут побач з ёй, такой блізкай і любай, радасна цешыла яго.

Хворыя не прыходзілі – амаль усе перабылі раніцой. Яны сядзелі ўдваіх і хораша гутарылі: успаміналі агульных сяброў, розныя смешныя здарэнні, расказвалі адно аднаму аб прачытаных за апошні час кнігах.

– А я яшчэ раз перачытаў «Што рабіць?», і мне не спадабалася жыццё Веры Паўлаўны. Не разумею, чаму табе хочацца жыць так, як яна, – сказаў Пятро.

– Не, я і зараз мару жыць так, як яна. Працаваць вось так, кахаць – і больш нічога.

– І ніколі не мець дзяцей? – упершыню адважыўся ён на такое сталае пытанне.

Яна здзіўлена паглядзела на яго.

– Дзяцей? Я ніколі не думала пра гэта. – Яна памаўчала, задумліва кусаючы пазногаць. – Не, дзіця я хацела б калі-небудзь мець. Але, ведаеш, я вось гляджу на многія сем'і, дзе муж, жонка, дзеці, і мне страшна робіцца – як непрыгожа людзі жывуць!.. Я не хачу так жыць!

Пятро падышоў і абняў яе ззаду за плечы, дакрануўся вуснамі да яе мяккіх валасоў, удыхаючы іх своеасаблівы, ап'яняючы водар.

– Мы з табой будзем жыць прыгожа, Сашок.

Яна неяк сціснулася ад гэтых слоў, быццам баронячыся ад удару, ссутуліла плечы.

– А мне чамусь здаецца, што мы ніколі не будзем разам…

– Ну што ты! – спалохаўся ён.

– Я не магу ўявіць цябе… – Ёй, відаць, цяжка было вымавіць, і яна грэбліва зморшчылася і застукала трубкай фанендаскопа па стале, быццам жадаючы заглушыць яго, непрыемнае слова гэта, – мужам… Я не хачу, каб ты стаў, як усе… я мару, каб ты заўсёды быў вось такі… далёкі, жыў у маіх марах – і ўсё. Я баюся, што, калі здарыцца інакш, гэта знішчыць усё светлае, што ў нашых адносінах, што ў маёй душы… Усё-ўсё…

– Сашок, жыццё ёсць жыццё. І наўрад ці будзем мы выключэннем. Мы – людзі.

– О! Які ты стаў! – здзівілася яна і, энергічным рухам вызваліўшыся з яго абдымкаў, адышла да акна, села на падаконнік.

Пятро сам здзіўляўся сваёй нечаканай смеласці і жыццёвай «мудрасці»: ніколі раней ён на такую тэму не адважваўся гаварыць і наогул разважаў інакш, прыкладна гэтак жа, як цяпер яна. Калі ж у яго з'явіліся такія думкі? Учора ён спалохаўся, што Саша стала залішне практычная і разважлівая, а сёння атрымлівалася наадварот: Саша думае па-ранейшаму, а ён – як усе. Гэтага «як усе» яны заўсёды баяліся.

Наіўнае юнацтва! Табе здаецца, што ты выключнае, што ты самае разумнае, мудрае, не падобнае на ўсіх, і жаданні ў цябе недасягальныя! Не адразу да цябе прыходзіць разуменне, што «як усе» – гэта не дакор; мудрасць, разумнасць і чалавечая вартасць якраз у тым, каб раўняцца на ўсіх – на людзей, на калектыў, на чалавецтва. Не адразу ты пачынаеш разумець, што хараство не ў тваіх незямных марах, не ў тваім імкненні да выключнасці, а ў жыцці людзей і што людзі выпрацавалі самае прыгожае, высакароднае, карыснае, разумнае і ў навуцы, і ў мастацтве, і ў адносінах паміж сабой – у каханні, у сям'і. З разумення гэтых надзвычай простых ісцін і пачынаецца твая сапраўдная сталасць, юнак.

Магчыма, што і Пятро ў той дзень зрабіў крок да сталасці, хоць крок той быў нязначны. Але шмат значыла ўжо і тое, што яго ўпершыню не спалохала думка, што ён разважае, як усе.

– Ты чаму села там? – спытаў ён.

– Цябе баюся, – гарэзліва адказала Саша.

– А я цябе і там пацалую.

Яна адгарадзілася рукамі.

– Не падыходзь, людзі з вуліцы глядзяць. Цішэй, нехта сюды ідзе.

Яна саскочыла з падаконніка, паважна села за стол. У амбулаторыю зайшла маладая жанчына, сарамліва прывіталася.

– Табе, Пятро, прыйдзецца ісці пагуляць, – сказала Саша.

Выходзячы, ён пачуў, як жанчына сказала:

– А я думала – гэта доктар з Рэчыцы.

Пятро выйшаў у сад. У былым кулацкім садзе, які займаў не менш за гектар, стаялі вуллі калгаснай пасекі.

Пасечнік, мужчына сярэдніх год, няветліва спытаўся ў Пятра:

– Ты кім даводзішся доктарцы?

– Я? Братам.

– Але, расказвай казкі. Ведаем мы такіх братоў, самі былі такія!..

Вярнуўшыся ў амбулаторыю, калі жанчына выйшла, Пятро расказаў пра размову з пасечнікам.

Саша засмяялася:

– А мне ўсё адно, няхай думаюць, што хочуць. Гэта я ўчора спалохалася. Мне цяпер толькі перад Аняй няёмка: яна, відаць, пакрыўдзілася…

Такое прызнанне вельмі спадабалася Пятру. Яны зноў гутарылі пра будучыню, спрачаліся, па-рознаму ўяўляючы яе ці, правільней кажучы, уяўляючы даволі туманна, кніжна. Але, нягледзячы на гэта, размова надзвычай акрыліла Пятра, напоўніла самымі лепшымі надзеямі. Ён, як кажуць, узнёсся на сёмае неба.

Ды такі настрой быў нядоўга.

Гаспадыня на абед не прыйшла. Саша сама прагрымела ў печы засланкай, чыгунамі і зазірнула ў свой пакой, дзе сядзеў Пятро, зноў нечым збянтэжаная.

– Пачакай хвіліначку.

Яна некуды выбегла і хвілін праз колькі вярнулася з клуначкам у руках.

– Боршч нясмачны, давай будзем піць сырыя яйкі і есці яблыкі.

І Пятро раптам усё зразумеў. Зразумеў, што гаспадыня не ад беднасці падала такі сняданак, што дагэтуль карміла яна сваю кватарантку добра, смачна. А халодная бульба з гуркамі і нейкі нішчымны боршч на абед – усё гэта пратэст супроць яго прыезду. Немаведама чаму жанчына неўзлюбіла яго з першай хвіліны і вось так выяўляе сваю непрыязнасць і, магчыма, такім чынам хоча хутчэй выправадзіць. Хлопцу стала вельмі крыўдна – крыўдна за Сашу, за сябе, няёмка перад дзяўчынай. Ён знарок пайшоў мыцца, хоць у гэтым не было патрэбы, – абы толькі адцягнуць час, калі трэба садзіцца за стол, і неяк супакоіцца. Ён ведаў чалавечую прагнасць, скупасць, бачыў розных людзей, яго бацька быў не надта шчодры чалавек, але такі ўчынак гаспадыні, якую, дарэчы, Саша ў пісьмах хваліла, проста ашаламіў яго. Ён сеў за стол не з радасным пачуццём жаданага госця, а з прыкрым, балючым пачуццём – а ў юнацтве яно асабліва вострае! – госця няпрошанага, дармаеда, які есць чужы хлеб. І хоць ён ведаў, што яйкі і яблыкі Саша купіла, лягчэй ад гэтага не рабілася. Ён стараўся не падаць выгляду, што ўсё разумее, нешта гаварыў, спрабаваў жартаваць і смяяцца, аднак баяўся глянуць Сашы ў вочы.

Дзяўчына таксама адчувала сябе няёмка. Знік той светлы настрой, які з'явіўся ў часе размовы ў амбулаторыі. Каб неяк развеяць няёмкасць і асудзіць гаспадыню, Саша сказала:

– Я думаю мяняць кватэру, – але, уздыхнуўшы, прызналася: – Хоць мне шкада: тут усё побач.

Пад «усім» яна разумела амбулаторыю: ніколі раней мяняць кватэры яна не думала, бо была вельмі задаволена і самой кватэрай і гаспадыняй.

Пятро не адказаў – зрабіў выгляд, што яго мала цікавяць яе кватэрныя справы.

Саша адразу ж пасля абеду пайшла на ферму, каб пагутарыць з гаспадыняй. Яна ішла злосная, з намерам рашуча заявіць Ані, што калі яшчэ раз будзе такая бульба і такі боршч – яна больш сталавацца ў яе не будзе, за свае грошы знойдзе кватэру ў любым месцы. Але рашучасці ў Сашы хапіла толькі, пакуль не ўбачыла гаспадыню. Ані яна сказала далікатна і сарамліва:

– Вы не думайце, Аня… Я заплачу вам за ўсё, пакуль будзе… брат…

Хітрая жанчына прыкінулася здзіўленай і добрай.

– А хіба я, Шурачка, кажу што? Эх! Ды няхай будзе месяц. Колькі хоча… Чалавек добры, ціхі… Хіба ён мне замінае? Я заўсёды гасцям рада. Толькі вось што час такі – хвіліны вольнай не маю…

– Але каб было не так… – Яна хацела сказаць «не так, як сёння», ды зноў не адважылася. – Ён… госць, Аня… Каб мне сорамна не было…

– Эх, Шурачка! Хіба вы мяне не ведаеце? Мне ажно крыўдна слухаць.

Саша не сказала Пятру, куды пойдзе, а па дарозе з фермы яе дагнаў спалоханы малады чалавек на фурманцы, ён ехаў па яе – кепска жонцы. І Саша, не папярэдзіўшы Пятра, паехала ў суседнюю вёску. Яна думала, што доўга не затрымаецца там.

Пятро, у якога і без таго было пагана на душы, гадзіны дзве трываў: сядзеў у хаце і прымушаў сябе чытаць, хоць часцей, чым у часопіс, пазіраў у акно і прыслухоўваўся да крокаў у двары, да стуку весніц – ці не ідзе Саша? Але далей ён не мог сядзець і чакаць. Ён выскачыў, заглянуў у амбулаторыю – замок, у сад – пуста. Спытаў у дачкі гаспадыні, ці не ведае яна, куды пайшла цёця Саша.

– Цёця Шура? Відаць, да хворага паклікалі, – зусім па-даросламу заспакоіла малая.

Але яго чамусьці ўзлавала, што ўсе завуць яе Шурай. Ён не любіў гэтага яе імя і злосна сказаў дзяўчынцы:

– Не Шура, а Саша. Запомні гэта.

– А ўсе завуць – Шура.

– Усе – дурні.

Дагэтуль ён неяк саромеўся паказвацца на людзі, а тут смела пайшоў па вуліцах вёскі, заглядваючы ў вокны. Магчыма, яна дзе-небудзь у адной з гэтых хат? Можа, убачыць яго з акна, выйдзе і растлумачыць, чаму знікла? Дзе яна? Што робіць?..

Калі надышоў вечар, сцямнела, у хатах запаліліся агні, незразумелы неспакой перарос у вельмі зразумелую страшэнную рэўнасць. А няма пакут цяжэйшых за пакуты рэўнасці! Пятро бегаў каля кватэры і амбулаторыі, не ведаючы, што рабіць, куды яшчэ кінуцца ў гэтай чужой вёсцы, сярод чужых людзей, якія – здалося яму – усе, як гаспадыня, ставяцца да яго непрыязна, варожа. Ад думкі, што Саша цяпер, магчыма, на спатканні з другім, у яго цямнела ў вачах, ён стагнаў, як ад болю, і паўтараў самыя бязлітасныя словы, якія скажа ёй. Ён успамінаў размову, якая ўдзень так узрадавала яго, і пераасэнсоўваў цяпер кожнае Сашына слова. «Ага, дык вось чаму ты сказала: «Мне здаецца, што мы ніколі не будзем разам». Цяпер мне зразумела, чаму табе так здаецца! І ты яшчэ хаваешся за прыгожыя ідэалы! Недарма хлопцы казалі, што вы ўсе такія… Не, не! Саша, мілая… Я веру табе! Ты не такая… Ты шчырая, ты добрая… Але дзе ты? Куды ты падзелася? Навошта ты здзекуешся з мяне?»

Гаспадыня паклікала яго вячэраць. Ён адмовіўся. «Падавіся ты сваёй вячэрай, скнара гэтакая».

Раптам і паводзіны гаспадыні Пятро звязаў са знікненнем Сашы. «Мабыць, сваяк нейкі яе… Таму яна і хоча хутчэй выжыць мяне… Я пайду, пайду… Але вы яшчэ ўспомніце мяне! – невядома каму пагражаў ён і, зноў расчулены, апраўдваў Сашу: – Глупства гэта ўсё. Не можа Саша так крывіць душой. Не такая яна… Але чаму яна не сказала, куды пойдзе? Чаму?»

З такімі думкамі ён прасядзеў каля амбулаторыі да позняй ночы, пакуль у вёсцы не патухлі ўсе агні. Быў канец жніўня, і ночы ўжо аддавалі восенню. Адчуўшы, што холадна, ён пайшоў у хату. Праз кухню прайшоў не цішком, каб не разбудзіць гаспадыню, а знарок шумна, грукнуўшы дзвярамі. Лёг пад коўдру, але не мог ні сагрэцца, ні заснуць. Яго калаціла, як у ліхаманцы, і ён наіўна думаў, што добра было б сапраўды захварэць – на злосць ёй…

Саша вярнулася амаль на світанні. Яна зайшла нячутна і на дыбачках кралася да свайго ложка.

Ён спыніў яе гучным запытаннем:

– Дзе ты была?

Яна ажно ўздрыгнула ад нечаканасці:

– Ты яшчэ не спіш? Цішэй.

– Дзе ты была? – Голас яго задрыжаў ад перажытых пакут, болю і крыўды.

– У хворай.

– Да раніцы – у хворай! – Ён хмыкнуў зняважліва, злосна.

– Дзівак ты! У здаровай. Прымала роды… Хлопчык!..

– Роды?! – І адразу куды дзеліся ўсе яго шматгадзінныя сумненні, расчараванні. Зноў вярнулася адчуванне шчасця, спакою. Ён лёгка ўздыхнуў і нават ціха засмяяўся. У сэрцы яго апрача кахання з'явілася нейкая асабліва глыбокая павага да Сашы: яна прысутнічала пры святым таінстве – нараджэнні чалавека, пры якім яму, дарожнаму тэхніку, напэўна, ніколі ў жыцці не прысутнічаць! Не, яна не толькі прысутнічала, яна памагала нарадзіцца чалавеку, без яе магло б здарыцца няшчасце. Вось якая яна, яго Саша! І яму зрабілася вельмі сорамна і брыдка за сваю рэўнасць. Які ён дурань! Так кепска думаць пра Сашу! Ён тут жа пакляўся сам сабе, што ніколі-ніколі ў жыцці больш не падумае пра яе нічога благога…

– Даруй, Сашок, – ціха папрасіў ён прабачэння за свае абразлівыя, недарэчныя думкі.

– Завошта?

– Я лаяў цябе, што ты сышла немаведама куды.

– Ты прабач, што я не папярэдзіла. – Яна падышла і дакранулася далоняй да яго гарачай галавы. – Спі.

Ён схапіў яе руку і… прыпаў вуснамі да яе халодных ад эфіру, спірту і начной вільгаці пальцаў.

Здавалася, кончыліся ўсе непрыемнасці, надышоў час бязвоблачнага шчасця. Але адна рэч – юнацкі розум, які здольны быў разважліва ацаніць усе падзеі, зразумець і прымірыцца нават з прагнасцю гаспадыні, і зусім іншая рэч – юнацкія пачуцці, над якімі розум часам не мае ніякай улады. Пятро пакляўся ўначы, што ніколі ў яго сэрцы не будзе такога агіднага пачуцця, як рэўнасць, і што ён не будзе звяртаць увагі на гаспадыню і, на злосць ёй, будзе жыць паўмесяца, а то і больш (заняткі, у сувязі з практыкай, у іх пачыналіся на месяц пазней – у кастрычніку). Але ўсе гэтыя клятвы і перакананні мелі сілу нядоўга – да раніцы, пакуль ён спаў. А потым зноў пачаліся непрыемнасці, і зноў з-за гаспадыні.

Колькі яшчэ ў нас выпадкаў, калі шчырае каханне, самыя лепшыя пачуцці і жаданні разбіваюцца аб вострыя скалы матэрыяльнага разліку, скнарасці ці проста чалавечай дурноты. Калі такія людзі стануць на дарозе да твайго шчасця, юнак, смела падымайся над імі: у такім выпадку ты маеш поўнае маральнае права зрабіць гэта і, стаўшы над імі, спіхай іх прэч з дарогі, не зважаючы ні на што – ні на іх сівыя валасы, ні на словы любві да цябе… Праўда, абставіны звычайна складваюцца так, што гэта вельмі нялёгка зрабіць. Але знайдзі ў сябе сілы, бо гэта адзіная магчымасць ратаваць сваё шчасце, інакш яго растопчуць, забрудзяць.

…На снеданне гаспадыня падала яечню: на вялікай скавародцы гарэлі сонцамі паміж апетытных кавалкаў румянага сала штук шэсць жаўткоў. Саша ажно пасвятлела ад задавальнення – размова памагла. Але калі селі за стол, выявілі, што няма хлеба.

– А хлеб, Аня? – спытала Саша, думаючы, што гаспадыня забылася падаць хлеб.

– Хлеба няма, Шурачка. Ніяк змалоць не магу, тыдзень бегаю на млын. Гэта ж цэлае няшчасце… Раней у адной нашай вёсцы колькі млыноў было, а цяпер на паўраёна – адзін млын. Хто сядзіць там – той меле. А мне сядзець няма калі. Каровы яшчурам хварэюць. Свая карова сёння нічога не дала, баюся, каб не захварэла! Гэта ж такое няшчасце будзе…

Звычайна маўклівая, яна зрабілася надта мнагаслоўнай і ўсё гаварыла пра свае няшчасці і пра тое, як ёй цяжка жыць. Але Саша не слухала яе, яна не паверыла, што хлеба няма, і зноў адчувала сябе няёмка перад Пятром. А яшчэ горш адчуваў сябе Пятро – бульба перасядала ў горле, хоць ён учора не вячэраў і быў галодны. Настрой сапсаваўся зноў. Магчыма, калі б Саша заставалася з ім увесь дзень, ён хутка забыўся б на ўсё гэта. Але, як наліха, з раёна прыехаў інспектар санстанцыі, дарэчы, малады хлопец, і яны пайшлі ў суседнюю вёску рабіць нейкую прафілактыку. Пятро на ўвесь дзень застаўся адзін і не ведаў, чым заняцца. А вядома, калі чалавеку няма чаго рабіць, то якія толькі думкі ні прыходзяць у галаву. Праўда, прыступу беспадстаўнай і недарэчнай рэўнасці больш не было, але думкі ўсё ж прыходзілі сумныя.

На наступны дзень Сашу яшчэ да снедання павезлі ў суседнюю вёску. Прыехаў па яе сам старшыня калгаса, тоўсты вясёлы чалавек, які, убачыўшы Пятра, раптам пачаў віншаваць дзяўчыну і вельмі збянтэжыў гэтым іх абаіх. Саша паабяцала хутка вярнуцца, але не вярнулася і на абед. Тады, не маючы больш сіл сумаваць і думаць ліха ведае што, Пятро пайшоў у тую вёску, куды яна паехала. Яму «пашанцавала». Ён сустрэў Сашу ў канцы вуліцы. Яна стаяла з нейкім маладым чалавекам і весела размаўляла. У Пятра ёкнула сэрца, але ён рашуча наблізіўся. Саша здзівілася, убачыўшы яго.

– І ты тут? – спытала яна і пачырванела.

Гэта ўзмоцніла яго падазронасць, ён тут жа ўспомніў, што і роды пазаўчора яна прымала ў гэтай жа вёсцы. Кроў балюча стукнула ў скроні.

– Знаёмцеся, – сказала яна. – Гэта мой… брат.

Малады чалавек, які, аднак, быў гадоў на пяць старэйшы за Пятра, з усведамленнем уласнай годнасці працягнуў руку і назваў увесь свой «тытул»:

– Настаўнік Уладзімір Іванавіч Лялькевіч.

Пятро ў адказ буркнуў адно імя.

– Хадзем, Аляксандра Фёдараўна, пагуляем у валейбол, у школе якраз мае калегі і вучні старэйшых класаў сабраліся, – прапанаваў настаўнік.

Саша адразу згадзілася, і гэта яшчэ больш балюча разанула па сэрцы юнака. «Яна з радасцю згаджаецца, не думаючы, што я прыйшоў па яе, што я не абедаў…»

Сарамлівы ад прыроды, Пятро заўсёды адчуваў сябе няёмка і быў нязграбны сярод людзей незнаёмых, асабліва ў прысутнасці дзяўчат і жанчын. Тым больш цяжка было яму знаёміцца з настаўнікамі і настаўніцамі ў такім душэўным стане: ён не мог вымавіць слова, не мог адказаць на жарт. Да таго ж ён не ўмеў гуляць у валейбол. Упершыню гэты недахоп здаўся яму страшэнна ганебным. Пятро згараў ад сораму. Ён сядзеў збоку і з рэўнасцю глядзеў, як весела гуляюць на пляцоўцы. Не адводзіў вачэй ад Сашы і Ўладзіміра, заўважаючы кожны іх рух, ловячы кожнае слова, якое яны гаварылі адно аднаму. Яны гулялі ў адной камандзе, былі ўвесь час побач і, як здавалася Пятру, знарок білі па мячы адначасова, каб дакрануцца адно да аднаго. І ўвесь час весела смяяліся. Між іншым, Пятро пачуў, як Уладзімір сказаў ёй:

– Што гэта ваш брат такі бука? А яшчэ студэнт!

Саша ішла дадому вясёлая, узрушаная гульнёй і гарэзліва пазірала на свайго каханага, разумеючы, чаму ён такі. А Пятро ішоў пануры, маўклівы, злосна збіваў дубцом прыдарожны быльнік, узнімаў пыл нагамі, не шкадуючы сваіх ненадзейных чаравікаў і адзіных штаноў.

– Чаго ты сапеш, як кавальскі мех? – са смехам спытала Саша.

Ён не адказаў.

– Ці не раўнуеш ты часам? – жартавала далей яна. – Вось гэта мне падабаецца! А ты ж увесь час даказваў, што гэта – перажытак… а ты – чалавек новы, перадавы… І раптам… заразіўся перажыткамі? Ха-ха-ха… – смяялася яна. – Чаму ты маўчыш?

Яму нечага было сказаць, бо сапраўды ён увесь час сцвярджаў, што рэўнасць – гэта ганебная пляма мінулага, якая непазбежна павінна знікнуць у людзей сацыялістычнага грамадства. Але гаварыць няпраўду Пятро не хацеў: «Няхай ведае, што ўсё з-за яе паводзін». Ён яшчэ доўга ішоў моўчкі, не адказваючы на Сашыны кпіны і жарты, потым сумна сказаў:

– Я пайду.

– Куды? – не зразумела Саша.

– Да бацькоў. Куды ж я магу яшчэ пайсці!

Саша адразу змоўкла – куды падзелася яе гарэзлівасць! Яна не ведала, што адказаць. Не магла сказаць: «Ідзі», бо гэта значыла б бадай што выгнаць яго, і не магла прасіць – не дазваляла гордасць. Яна ўздыхнула:

– Цябе чамусьці неўзлюбіла Аня.

– А чаго ёй любіць мяне, калі… – Ён не скончыў, але Саша здагадалася, што ён хацеў сказаць, і пакрыўдзілася да слёз:

– Як табе не сорамна!

Яго суцешыла крыху і ўзрадавала, калі ён убачыў, што вочы яе поўныя слёз. У іншых абставінах ён, напэўна, страшна ўсхваляваўся б, калі б адчуў, што пакрыўдзіў яе. І цяпер у яго з'явілася моцнае жаданне прыгарнуць яе, пашкадаваць і памірыцца. Але рашэнне пайсці, якое ўзнікла нечакана, рабілася ўсё больш цвёрдым, і ён не даў волі сваім пачуццям.

Саша зразумела яго так, што ён пойдзе назаўтра, раніцой, і гэта крыху супакоіла яе, а можа, перадумае за ноч? Але калі яны прыйшлі на кватэру, Пятро адразу ж пачаў збіраць свой партфель – укладаць дзённікі і вершы.

– Ты куды? – здзівілася Саша.

– Пайду, – упарта паўтарыў ён.

– Зараз? – Яна глядзела на яго спалоханымі вачамі. – Увечары няма поезда. І машын ужо не будзе на Рэчыцу. Куды ты пойдзеш?

– А я і не пайду на тваю Рэчыцу! Па гэтай агіднай дарозе!.. – Ён раптам адчуў сябе ў ролі пакутніка, а вядома, што нішто не надае гэтулькі ўпартасці і рашучасці, асабліва ў юнацтве, як адчуванне, што ты пакутуеш. Пятро адварочваўся і глытаў слёзы, шкадуючы самога сябе, але цяпер, безумоўна, ужо ніякія ўгаворы спыніць яго не маглі.

– Куды ж ты пойдзеш?

– Пайду цераз Дняпро да Сожа, а там будзе відаць: можа, паеду на параходзе, можа, пайду далей – на шашу.

– Ты звар'яцеў! Праз лес і балота проці ночы? Не пушчу! Не пойдзеш! – Яна рашуча загарадзіла дзверы.

Ён іранічна ўсміхнуўся і ўзяў у рукі партфель, надзеў кепку, намерваючыся выходзіць, але не ведаючы, як прайсці міма яе:

– Ты камандуй кім іншым…

– Ты – дурань.

– Вядома, я – дурань, бо ёсць разумнейшыя…

– Божа мой! – прастагнала яна, але, відаць, зразумела, што затрымаць яго немагчыма, і саступіла з дарогі. – А абед? Ты пойдзеш без абеду? – раптам успомніла яна.

Але роля ўяўнага пакутніка – страшная і смешная роля: чалавек такі бясконца выдумляе сабе новыя пакуты.

– Не трэба мне твой абед! – Ён сказаў гэта з такой злоснай упартасцю, што Саша жахнулася: нейкая недарэчнасць можа загубіць іх каханне, дружбу. Папрасіць, паклясціся, што яна кахае аднаго яго, што ўсё, што ён выдумаў, – глупства? Не, у яе таксама ёсць гордасць! І хоць ёй, магчыма, было ў сто разоў цяжэй, чым яму, і хацелася заплакаць наўзрыд, яна стрымана і сурова сказала:

– Што ж, калі ты такі – ідзі!

Яму вельмі хацелася спытаць – які такі, але пабаяўся, што гэта можа стаць крокам да прымірэння.

– Дай я пакладу яблык на дарогу…

– Не трэба мне яблыкі тваёй прагнай гаспадыні!

– Яблыкі не гаспадыні, яблыкі мае. – Яна падышла, сілком узяла з яго рук партфель і пайшла за занавеску, дзе стаяў яе ложак. Выйшла адтуль і, аддаючы партфель левай рукой, адначасова працягнула правую.

– Ідзі. Будзь здароў. – Яна баялася, каб не заплакаць, і хацела, каб хутчэй усё гэта скончылася.

Ён моцна сціснуў яе руку і, не могучы з-за слёз вымавіць слова, хутка павярнуўся і пайшоў, абмінуўшы на кухні спалоханую і здзіўленую дачку гаспадыні, якая, мусіць, чула іх размову.

Пятро пайшоў праз сад і, калі ўжо выйшаў на дарогу, раптам пачуў ззаду Сашын голас:

– Пеця!

Ён спыніўся. Яна падышла, пільна паглядзела ў вочы яму, напэўна, чакаючы, што ён скажа. Пятро маўчаў. Тады яна абняла і моцна пацалавала – упершыню пацалавала сама. Потым павярнулася і ўподбег рушыла назад.

Ашаломлены, ён ледзь не кінуўся следам за ёй, але ўпартасць перамагла. Наіўная юнацкая ўпартасць!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю