Текст книги "Трывожнае шчасце"
Автор книги: Иван Шамякин
сообщить о нарушении
Текущая страница: 26 (всего у книги 43 страниц)
«Роўна праз тры дні ты атрымаеш адказ. Я сам прыеду». Эх, Кастусь, Кастусь! Мінуў ужо тыдзень, а ад цябе i почуту няма. Забыўся. Няўжо забыўся, аказаўся балбатуном? Хаця б паведаміў, што нічога не выходзіць, i я не чакаў бы, не хваляваўся б. А можа, ты невінаваты? Не вялікі начальнік. Можа, самога загналі куды-небудзь далека? Маглі нават вельмі проста забраць у армію. Дарэмна я так песціў сваю мару. Няшчасны фантазёр! Учора ўрач хацела мяне выпісаць i накіраваць у батальён выздараўляючых. Я прыкінуўся, што адчуваюсябе кепска, нават тэмпературу «настукаў», папрасіў Жэню, каб яна пераканала ўрачоў у неабходнасці патрымаць мяне хаця б дзянькі два.
– Я павінен атрымаць вельмі важную для мяне вестку ад Гаманка.
Агеньчык недзе ўсё яшчэ гарыць. Гарыць. I цяжка яго патушыць. Эх, Косця, Косця, навошта ты запаліў яго? Навошта?..
4 чэрвеняУра! Я лячу ў Беларусь!
1958
Пошукі сустрэчы
Аповесць чацвёртая
I
Пятро ляжаў на ўзлеску. Малады сасоннік падступаў амаль пад самыя гароды. Ад лазовага плятня, за якім узвышаўся пажоўклы кіяшнік, яго аддзяляла нешырокая лагчына, парослая альховымі кустамі. Тут усё лета пасуцца цяляты, гусі, свінні, гуляюць дзеці – малыя пастухі. Некалі i сам ён выціраў пузам траву на такім вось выгане. Толькі там, у ix вёсцы, лес не падступаў так блізка, ён сінеў высокай зубчастай сцяной за рэчкай, загадкавы, прываблівы i крыху страшны ў дзіцячым уяўленні. Успаміналася яшчэ, што звычайна ў жніўні ix выган рабіўся чорны i цвёрды, як ток, i кусты каля раўчука радзелі. А тут усё некранутае – i кусты, i трава. Ці, можа, так здаецца таму, што ўсё абліта густой халоднай расой? За дарогай, каля вялікага лесу, пры самай зямлі, адплываюць у гушчар апошнія пасмы туману. Яшчэ не ўзыходзіла сонца. Толькі развіднела. У такі час усё здаецца як бы абноўленым.
Не, трава тут сапраўды не вельмі вытаптана. Вядома – чаму: няма свіней, гусей, наўрад ці ёсць цяляты. Усё з'еў ненажэрны фашыст. Праўда, у дварах дзе-нідзе рыкаюць каровы – клічуць гаспадынь. Больш раннія з ix i руплівыя ўжо запальваюць у печах: сям-там над комінамі ў ясны блакіт неба падымаюцца дымы, з адных комінаў густыя, чорныя, з другіх празрыстыя, як марыва над раллёй у гарачы дзень.
Жыццё не спыняецца. Пятра заўсёды радасна здзіўляла гэтая непераможнасць жыцця. Радавала там, у Мурманску, калі ён назіраў з гары, на якой стаяла батарэя, як хутка пасля бамбардзіровак ажываў горад. Здзіўляла ў шпіталі, дзе ён бачыў i чуў, як людзі, што страцілі ногі, рукі, чапляліся за жыццё i марылі пра шчасце, пра любоў. Радуе непераможнасць жыцця i тут, на захопленай ворагам зямлі. Ён праходзіў з атрадам па слядах карнікаў там, дзе аставаліся адны вогнішчы. Колькі смерцяў i гора сеюць гэтыя прыблуды. Здаецца, усё-ўсё – навуку, тэхніку, палітыку, мараль – накіравалі яны на знішчэнне, разбурэнне, на паслугу смерці. Але не ўдаецца ім спыніць жыццё!
Пятро ўпэўнены, што ляжыць якраз насупраць Сашынай хаты. Гарод з кіяшнікам каля плота – гэта ix гарод, Траянавых. Яму добра запомнілася, як Саша некалі казала, што ix хата ад школы дзевятая. Ён пералічвае каторы раз. Новых будынкаў няма, пажарышчаў таксама не відно, значыцца, дзевятая – гэта, была i ёсць. Сюды ён ішоў двое сутак. Не, не ішоў. Бег. Ляцеў. Без сну, без адпачынку. Шкада, што крыху спазніўся. Думаў прыйсці зацемна, перад світаннем – самы зручны час для партызана, каб наведацца ў незнаемую вёску, – a прыйшоў, калі ўжо развіднела, бо крыху блудзіў уначы па незнаемым лузе i лесе. Цяпер трэба быць пільным i асцярожным! Не падабаецца школа. Нікога Пятро там не ўбачыў. Ціха, спакойна, як i ўсюды навокал. Але за хлявом, на жардзінах, вісяць сеткі. I не адна – штукі тры. Двух месяцаў партызанства яму было даволі, каб ведаць, якія «рыбаловы» звычайна размяшчаюцца ў школах – паліцэйскія гарнізоны, нямецкія пасты, камендатуры. Калі ў ix дзе-небудзь на вышках сядзіць вартавы, то ад разу ўбачыць чалавека, які выйшаў з сасонніку i накіраваўся ў вёску.
Пятро дастаў з кішэні пісталет, праверыў яго. Гэтак жа ўважліва агледзеў загорнутую ў брудную насавую хусцінку лімонку. Зброя надзейная. Але яму зусім не хочацца сустракацца з ворагам. Не для такой сустрэчы ён месяц прасіў камандзіра, каб той адпусціў яго сюды, за сотню кіламетраў. Добра, што камандзір атрада – бацька Кастуся Гаманка. Дапамог Косця. Разам прасілі.
Гараць падэшвы ног. Дзіўна млее шыя – цяжка трымаць галаву. Ён упаў тварам на мяккую ігліцу. Вільготная жнівеньская зямля пахне грыбамі, з маленства знаёмым пахам.
Пятро ўспомніў, як два месяцы назад, спусціўшыся на парашу це ў Васілевіцкія балоты, ён вылез на сухі груд i цалаваў яе, родную зямлю. Цалаваў i плакаў ад шчасця. I цяпер яму захацелася пацалаваць зямлю: тут, пад гэтымі сасонкамі, неаднойчы праходзіла Саша.
«Саша! Родная мая, любая! Прачнулася? Спіш? I нават не сніш, што я тут, за сто метраў ад цябе? Мне страшна знянацку з'явіцца перад табой. Ты, напэўна, не паверыш сваім вачам. Падумаеш, я – прывід… зваліўся з неба. Слаўная мая! Нязведаныя крутыя дарогі вайны. Куды яны толькі не могуць завесці! Але мяне вяло мае каханне. Праз усе смерці, усе перашкоды i выпрабаванні, вялікія i малыя. Праз усё… Даруй мне. Я схіляю галаву… Я стану на калені i пацалую твае ногі… Вось так, як гэтую зямлю…»
Пятро быў упэўнены, што Саша тут, у гэтай хаце, з якой ён ужо колькі хвілін не зводзіць вачэй. У мінулую ноч па дарозе сюды ён заскочыў у знаёмае Заполле, да Ані. Гаспадыня расказала: у пачатку вайны Саша паехала да бацькі, яна, Аня, сама правяла яе туды. Нядаўна, вясной, Саша перадала ёй з адной жанчынай, якую сустрэла ў Гомелі, прывітанне, сказала, што жыве ў роднай вёсцы.
Моцна акрыліла Пятра гэтае паведамленне. Адтуль, з Заполля, ён сапраўды ляцеў як на крыллях. Не знайшоў на Сожы лодкі – пераплыў, схаваўшы патроны i гранату ў гумавы мяшэчак – вынаходства Кастуся.
«А можа, i няма ў школе гарнізона? A калі i ёсць, не вартуюць жа яны ўвесь час. Хутчэй уначы будуць дзяжурыць, a ў такі час, бадай што, спяць, як совы. Адзін скачок – i я на гародзе, у кіяхах. А там – па разоры… Сапраўды, не сядзець жа мне тут да наступнай ночы. Бліжэй да дня – больш прачнецца людзей. Пойдуць да калодзежаў, на гароды. Пагоняць жывёлу. Не, чакаць нельга…»
Але сэрца… Чаму яно так дзіўна паводзіць сябе? То сціскаецца i як бы замірае, то пачынае грукацець так, што ажно балюча ў скронях. Здаецца, ніколі так не білася. Hi тады, калі ў лютаўскую ноч на возеры з'явіліся фінскія лыжнікі, ні нават тады, калі рыхтаваўся скакаць з самалёта ў чорную бездань, не ведаючы, што ўнізе – лес, поле, балота – i хто сустрэне, свае ці ворагі. А тут жа вядома, хто сустрэне, самыя блізкія, родныя людзі – жонка, дачка, сваякі… Супакойся ж, сэрца дурное!
Пятро яшчэ раз пільна агледзеў гароды, з найбольшай увагай – школу. Стаў на адно калена, як на старце бегавой дарожкі, пераклаў пісталет з кішэні штаноў у кішэню пацёртага, мокрага ад расы пінжачка, – каб быў пад рукой, калі спатрэбіцца. Крокаў колькі прайшоў. Потым крыху выпрастаўся і, разразаючы галавой паветра, вокамгненна праскочыў выган. Прысеў за плотам, азірнуўся назад. На срэбнай некранутай гладзі расы ярка-зялёныя сляды здаваліся ненатуральнымі, нечалавечымі – занадта шырока сігаў. Не спадабаліся сляды. Лепш было цягнуць ногі, каб атрымалася суцэльная сцежка. Дарэмна бег так. Нельга бегчы. Трэба ісці так, каб здалёк здавалася, што ідзе свой чалавек i нікога не баіцца. Разважыўшы так, Пятро пералез цераз пляцень, у кіяшніку, праўда, крыху пастаяў, паглядзеў і, не спяшаючыся, пайшоў па разоры. Нават паспрабаваў, каб супакоіцца, нешта насвістваць.
Вось i вароты. Яны прыадчынены. Пятро прытуліўся плячом да шулы, стаіў дыханне, прыслухаўся. Ціха. Добра, што вароты адчынены – не будуць рыпець. Ён праціснуўся ў шчыліну. Выглянуў з-за хлява.
Каля ганка ўмываўся мужчына. Схілены, стаяў спіной да Пятра. Перад ім на ўслончыку вядро, ён зачэрпнуў з яго конаўкай, сам сабе ўзліў на рукі, пляснуў прыгаршчамі ў твар, фыркнуў. Але постаць, рукі нестарога чалавека. Гэта не Сашын бацька. Брат?..
Чалавек, мабыць, адчуў чужы позірк i хутка павярнуўся, неяк нязграбна пераступіўшы нагамі. Позіркі ix сустрэліся. I… Пятро адразу, у адзін міг, пазнаў яго. Можа, ён i не пазнаў бы так хутка, каб не думаў пра гэтага чалавека. А то вось ужо колькі месяцаў Лялькевіч даволі часта з'яўляўся перад яго вачамі, у яго ўяўленні, Пятро думаў пра яго i ў зямлянцы пад Мурманскам, i на пасту пад Кандалакшей, i ў шпіталі… ТольKi апошнія суткі не ўспомніў ні разу, калі даведаўся ад Ані, што Саша – дома, чамусьці адразу ўпэўніўся, што Лялькевіч ніяк не можа быць разам з ёю, нават блізка ад яе. Не можа… Не, ён вельмі блізка! Вось ён! Значыцца, недарэмныя былі душэўныя пакуты. Не падманвала прадчуванне. Страшэнная здрада чакала яго тут, куды ён так імкнуўся! Злосць, лютая злосць асляпіла, затуманіла розум.
У адзін скачок апынуўся ён каля Лялькевіча. Левай рукой схапіў загрудкі, скамячыўшы майку так, што ў таго агаліўся падцягнуты жывот.
– Прысмактаўся, сукін сын?! Вайну выкарыстаў? – I, не даўшы Лялькевічу раскрыць рот, па-баксёрску (так вучыў Кастусь, які дамагаўся, каб разведчыкі ўсё ўмелі) ударыў па мокрай пераносіцы, адначасова моцна піхнуўшы ў грудзі.
Лялькевіч паляцеў цераз ганак, загрымеўшы дзеравяшкай, якой Пятро не ўбачыў.
Упэўнены, што зрабіў усё, што належыць у такім выпадку i што больш яму тут няма чаго рабіць, Пятро кінуўся назад на гарод i далей у лес, які мог захаваць ад любой навалы i якому можна выплакаць сваю вялікую крыўду.
Саша пачула грукат, выйшла з хаты паглядзець, што здарылася, убачыла Уладзіміра Іванавіча на зямлі i… пырснула смехам: напярэдадні прайшоў дождж, каля ганка стаяла брудная калюжа, i камісар сядзеў пасярод яе. Але калі ўбачыла, што з-пад далоні, якой ён заціскаў нос, цячэ кроў, то спалохалася i занепакоілася. Прысела побач, памагаючы падняцца.
– Што з вамі?.. – Але схамянулася i спытала гучна – Што з табой, Пеця? Хто цябе?
– Хто? – Ён абхапіў яе левай рукой за плячо, абапіраючыся, каб падняцца.
– Хто?! – Саша азірнулася. – Шкога ж няма. Чаму ты ўпаў? Галава закружылася? Я казала: не трэба касіць без шапкі… Такое сонца…
Стаўшы на ногі, ён не адымаў рукі ад яе пляча. Ніколі яны не стаялі так блізка адно да аднаго. Вось яна – каханая, слаўная, клапатлівая. Проста з вядра чэрпае прыгаршчамі ваду, каб абмыць яму твар, як малому, як сыну, якому разбілі нос. Нямнога трэба: змаўчаць, калі ніхто больш не бачыў, сказаць, што сапраўды закрўжылася галава i ен упаў сам, стукнуўся аб ганак, i можна быць упэўненым, што той, сапраўдны Пятро, ніколі ўжо не вернецца сюды, i тады можна спадзявацца, чакаць… Ледзь бліснула такая думка, i ён увесь скалануўся, пачырванеў. Якая подласць! Не сказаць пра таго, хто ёй найдаражэйшы? Схлусіць гэтым даверлівым, шчырым вачам? Ды ён пасля ўзненавідзіць самога сябе, страціць маральнае права быць камуністам, партызанам, камісарам. Ён ужо зрабіў… робіць злачынства, што так доўга маўчыць. Трэба затрымаць, вярнуць яго! Вярнуць як мага хутчэй!
Лялькевіч моцна сціснуў пальцамі Сашына плячо…
– Хто? Ён! – I кіўнуў на гарод.
– Хто – ён? – здзівілася Саша.
– Пятро.
– Які Пятро?
– Твой.
Секунду яна глядзела яму ў твар: жартуе ён ці трызніць? Не, ён сказаў сур'ёзна, сумна, таямніча, амаль шэптам, як заўсёды паведамляў канспіратыўныя навіны.
– Я не ўправіўся ахнуць. «Прысмактаўся, кажа, сукін сын?» – i па мордзе… Не лепшы спосаб выясніць ісціну, але я разумею яго…
Саша адразу паверыла: прыходзіў Пятро, яе Пеця. Яна адпіхнула Лялькевіча так, што ён зноў ледзь не ўпаў, i кінулася на гарод.
Камісар зразумеў сваю памылку, калі пачуў, як за хлявом яна крыкнула на ўсё наваколле:
– Пе-е-ця-а-а!
Ударылася аб сцяну лесу i пакацілася назад звонкае рэха:
– …ця-а-а!
I на здаровых нагах ён, магчыма, не бегаў ніколі так імкліва, як цяпер на пратэзе, які так рэзаў, што ад вострага болю цямнела ў вачах.
Ён хутка дагнаў Сашу. Схапіў за плечы, заціснуў рот. Няхай падумаюць, што яны б'юцца, – гэта бывае паміж мужам i жонкай! – абы не падумалі чаго іншага, абы не з'явіліся падазрэнні ў суседзяў i паліцыі…
– Саша! Саша!.. Што вы робіце? Апомніцеся! Вы праваліце сябе… усіх нас!..
Яна вырывалася, білася ў яго дужых руках.
– Пусціце! Пусціце мяне! Дзе ён? Што вы казалі яму?
– Я нічога не сказаў. Не паспеў. Супакойцеся! Нельга так! Мы выдаём сябе! А Пятра мы знойдзем! Толькі спакойна!.. Прашу цябе – спакойна…
Даніка, які спаў на вышках на сене, разбудзіў Сашын крык. Хлопец убачыў праз шчыліну ў страсе, як змагаюцца на гародзе камісар i сястра, здзівіўся, нават разгубіўся спачатку, але застацца староннім не мог. Не ведаючы, каго трэба абараняць, ён, аднак, рушыў да ix. Праўда, яны сядзелі ўжо мірна, толькі камісар трымаў Сашу за руку, а яна плакала. Данік спыніўся воддаль, усё яшчэ збянтэжаны. Лялькевіч паклікаў яго: трэба растлумачыць, каб хлопец не падумаў немаведама чаго!
– Данік! Слухай! – сказаў Уладзімір Іванавіч, выціраючы хусцінкай акрываўлены твар. – Толькі што быў Пятро. Убачыў мяне, падумаў… Уяўляеш, што ён мог падумаць?.. «Прысмактаўся, кажа, сукін сын? Вайну выкарыстаў?» Расквасіў мне нос раней, чым я паспеў сказаць хоць адно слова, i пабег у лес… Значыцца, чалавек наш…
Саша ўстрапянулася, кінула на Лялькевіча позірк, поўны нянавісці.
– А вы думалі – паліцай. Думаеце, толькі вы…
Лялькевіч згорбіўся, быццам атрымаў удар, i не адказаў ёй.
– Я ўпэўнены, далека ён не пабег. Сядзіць дзе-небудзь у кустах. На расе след… Пойдзеш з Сашай…
Яна падхапілася, вырвала руку, гатовая бегчы.
– Але прашу вас, не крычыце, не клічце… Падумайце пра дачку! – Саша ўздрыгнула. – Мы палаяліся, пабіліся – муж i жонка… Натуральна, Саша сышла з хаты. I ты, Данік, угаворваеш яе вярнуцца назад, памірыцца… Разумееш?
– Разумею, Уладзімір Іванавіч! – кіўнуў Данік, дрыжучы ад ранішняй прахалоды i хвалявання.
Саша пабегла. Калі яна пералазіла цераз пляцень, Лялькевіч памахаў кулаком i крыкнуў на ўвесь голас:
– Ну i бяжы! I чорт з табой! Дурніца! Вар'ятка!
Крыху счакаўшы, Данік назіркам рушыў за сястрой.
Вось ён, яго след, на роснай траве. Ён павярнуў направа, дзе кусты больш густыя. «Пеця! Родны мой, дзе ты? Дурны ты мой! Як ты мог падумаць пра мяне? Ніхто мне не патрэбны. Ніхто! Акрамя цябе, любы мой i неразумны. У нас жа дачка. Твая дачка. Як жа ты мог пабегчы? Няхай ты падумаў пра мяне бог ведае што… Няхай… Але ты ўсё роўна павінен быў пабачыць Ленку…» Зрабілася вельмі крыўдна ад думKi, што ён не захацеў убачыць дачкі. «Няўжо твая рэўнасць мадней за любоў? Няхай не да мяне… Да дачкі! Такое агіднае пачуццё заглушыла ў табе самае святое…»
Яна i раней вельмі часта вось так гаварыла з ім, шапталася па начах ці калі адна заставалася ў лесе, у полі. Але тады гэта было так, у марах… А цяпер след… Няўжо праўда гэта ішоў Пеця? Як ён апынуўся тут, калі быў так далека, на Поўначы? На нейкі момант ёй здалося ўсё гэта неверагодным. Ці не сніць яна? Ці не пажартаваў Лялькевіч? Ці не спатрэбілася яму для якой-небудзь канспіратыўнай мэты такая выдумка? У яго заўсёды таямнічасць i нечаканасць. Вось i след знік…
Знік таму, што скончылася трава, пачаўся сухі сасоннік. Але Саша ажно скаланулася і, спыніўшыся, паглядзела назад. Не, след ёсць. Яна, як бегла, не наступала на Пецеў след, каб не затаптаць яго, i цяпер на роснай траве цягнуцца дзве зялёныя сцежкі. Куды ісці далей? Дзе шукаць? Яна зноў гукнула:
– Пе-е-ця-а!
Адразу побач апынуўся Данік, схапіў за руку.
– Саша! Ты забылася, што сказаў Уладзімір Іванавіч!
Яна ўзлавалася:
– Пайшоў ты ca сваім Уладзімірам Іванавічам!
– Саша! Не жартуй з агнём! – сурова папярэдзіў Данік. – Ты падполыичыца. Клятву давала. А цяпер хочаш загубіць усю нашу справу з-за свайго Пеці? Глядзі!..
Гэта неяк адразу вярнула ёй усведамленне той небяспекі, якую яна можа наклікаць на сябе, на ўсю сям'ю, на арганізацыю. Саша спалохалася. Павярнулася да брата, сказала з бол ем, як бы просячы спагады:
– Данік! Але зразумей ты мяне. Я маці. I вось… I вось… бацька Ленкі толькі што быў тут, у нашым двары, за два крокі… Дзе яго шукаць цяпер? Дзе?
Даніку стала шкада сястры. Ён параіў:
– Давай разыдземся, i ты гукай мяне… Быццам мы грыбы збіраем. Можа, ён пазнае твой голас.
Яны ўглыбіліся ў лес, i Саша раз-пораз гукала:
– Да-ані-ік! Дані-іл-а-а!
Брат зрэдку адгукаўся:
– А-а-у-у!
Пасля падбег да яе ўзрушаны – пошукі захапілі яго.
– Там, у балацянцы, зноў след на траве. Ён пайшоў на луг. Бежымо туды. На лузе зноў будуць відаць сляды, i мы дагонім яго.
Яны пабеглі што ёсць сілы па рэдкім сасняку. Сухадолы, крутыя ўзгоркі, сукаватыя з самага камля, каржакаватыя сосны – такі тут лес, пасаджаны некалі дзядамі на прырэчных пясчаных заносах, каб спыніць наступление пяску на палі.
Саша задыхалася. Сэрца рвалася наперад, гатовае выскачыць з грудзей. Сэрца, яно, напэўна, знайшло б адразу таго, па кім столькі часу балела, калі б сапраўды яму даць волю.
«Сэрца мае! Каханне мае! Вядзі ж мяне правільна! Пеця! Пеця! – крычала яна бязгучна. – Спыніся! Пачакай! А то я не даганю цябе. Я ўпаду…»
Нарэшце сасняк расступіўся i адкрыўся шырокі прастор прысожскага лугу. Мільярды малюсенькіх вясёлак зіхацелі на маладой атаве – узыходзіла сонца. Праменні яго адбіваліся ад нерухомага люстра старыка, i на густым лазняку павісла самая сапраўдная вясёлка, няяркая, як бы засланая пялёнкай туману, але ўсё адно непаўторна прыгожая. Сашы было не да гэтага хараства, аднак i яна звярнула ўвагу на такі цуд прыроды.
Яны спыніліся на пясчаным узгорку. Стала лягчэй дыхаць. Данік ведаў: партызан (а ён не сумняваўся, што Пятро партызан) не пойдзе ўдзень па адкрытым месцы. Але ўсё роўна пільна агледзеў наваколле – як акінуць вокам. Луг – не раўніна. Старыкі, азярыны, ямы, зараснікі, раучакі перасякаюць яго ўдоўж i ўпоперак. Але гэта не перашкаджае адчуванню надзвычайнай шырыні i прастору, ажно сапраўды тут заўсёды лягчэй дыхаецца.
Раптам Данік пацягнуў Сашу за руку да сябе:
– Вунь!.. Бачыш? На ўзгорку, дзе тры дубы… Бачыш?
Бляск расы сляпіў вочы, i Саша не адразу разгледзела постаць чалавека, што павольна ішоў да ракі.
Можа, дагэтуль яна не адчувала яшчэ ўсёй істотай сваёй, што Пеця так блізка, бо не бачыла яго сама, a толькі пачула ад Лялькевіча. A ўбачыла далёкую постаць i адчула менавіта так, усёй істотай: ён, Пеця, тут, наяве, а не ў сне, жывы, здаровы.
Яны пабеглі з Данікам яшчэ шпарчэй, наўпрасткі. Не скідаючы адзення, перайшлі ўброд старык, лезлі праз калючыя мокрыя кусты, абдзіраючы твар i рукі. Калі Саша адставала,
Данік цягнуў яе за руку:
– Хутчэй, Саша! Хутчэй! А то, калі яго чакаюць на беразе з лодкай… дык яны не будуць марудзіць… Шукай тады ix у зарэчных балотах… Што ветру ў полі…
Вось i след Пецеў! Толькі б захапіць яго на гэтым беразе! Можа, зноў паклікаць! Але рака – вось яна, ужо блішчыць шырокім плёсам у праменнях ранішняга сонца.
Сіратліва пахіліўся зламаны слуп ад ліхтара. Няма бакеншчыкаў, не загараюцца па вечарах агні, не ўзнімаюць хвалі параходы. Год назад замерла, сціхла тут жыццё. Толькі рака па-ранейшаму нясе свае воды, i нішто не можа спыніць яе магутнай плыні.
Саша i Данік дабеглі да пясчанага берага, куды прывялі сляды. I раптам Саша быццам спатыкнулася, застыла ў такой паставе, знясіленая, збялелая. Потым у роспачы плюнула:
– Тфу! Каму прыносіў шчасце поп!
Унізе, каля вады, сядзеў на вымытым чорным кражы дуба Аляксей Сафронавіч i паважна, не спяшаючыся, мурлыкаючы нешта пад нос, разматваў вудачкі.
– Які ён табе поп? – Данік пакрыўдзіўся за старэйшага таварыша, за чалавека, які, па сутнасці, стварыў ix падпольную арганізацыю, а папом зрабіўся для канспірацыі.
Калі расчараванне i здзіўленне мінулі, брат i сястра паглядзелі адно на аднаго, як бы раячыся: што рабіць? Схавацца, непрыкметна пайсці назад ці паказацца дзядзьку Аляксею на вочы! Як растлумачыць сваё з'яўленне тут?
– Трэба расказаць усю праўду. Стары павінен ведаць усё, – прашаптаў Данік.
Саша моўчкі згадзілася.
Данік кашлянуў.
Аляксей Сафронавіч, як кажуць, i вухам не павёў, бо жыў па закону: богаў служка нічога не баіцца зямнога, ніякая нечаканасць не можа яго спалохаць, збянтэжыць, вывесці з душэўнай раўнавагі. Ён закінуў вудачку, утыркнуў вудзільна ў гліністы грунт i толькі тады павольна павярнуўся, каб паглядзець на таго, хто кашлянуў за яго спіной. Але, калі ўбачыў Данілу i Сашу, куды дзеўся яго спакой! Упусціў банку з чарвямі, палез па гліністым адхоне ім насустрач.
– Што здарылася, дзеці? Чаму вы тут? Божа мой! – I схапіўся рукой за сэрца. – Няшчасце?
Данік зразумеў, пра што Стары мог падумаць, i паспяшаўся заспакоіць яго:
– Не, дзядзька Аляксей, нічога страшнага не здарылася. Прыходзіў Пятро. Сапраўдны Сашын муж. На досвітку. Убачыў у двары Уладзіміра Іванавіча, ударыў яго па твары i збег у лес… Мы шукаем яго. Сляды на луг вялі. З Халімонавай гары мы ўбачылі вас i падумалі, што ён… за раку адыходзіць…
Каваль апусціўся на вільготную траву, звесіўшы з абрыву ногі, выцер рукавом зрэбнай кашулі ўспацелую лысіну:
– Напалохалі вы мяне. Сядайце, адпачніце. У вас такі выгляд…
Яны селі побач.
Аляксей Сафронавіч узяў Сашыну руку:
– Уся дрыжыш, атракавіца. Яны – што, ведалі адзін аднаго?
– Сустракаліся разы два.
– Не моцная, значыцца, вера ў цябе ў Пятра твайго. Малады. Але нічога, ёсць любоў – будзе вера. Усё ў свой час. А ты, Аляксандра, узрадуйся, што жывы ён, твой благаверны… I калі так прыходзіў, то не толькі жывы, але i духам моцны i сэрцам чысты… Хіба мала з цябе гэтай радасці? Не пажадай адразу многа!..
Расплылася рака ў неабсяжнае мора, два доўгія i вузкія сонцы загойдаліся ў вадзе, i белая хмарка дзіўна закалыхалася, пераламалася – увесь свет пераламалі гарачыя слезы. Напоўнілі, затуманілі вочы i застылі там, не пырснулі, не закапалі, не пакаціліся па шчоках. Але як легка, як хораша зрабілася на сэрцы! Праз слёзы Саша паглядзела на дзядзьку Атіяксея, добрага, разумнага, разважлівага, i вінавата ўсміхнулася. Ён ласкава пагладзіў яе шурпатую ад застарэлых мазалёў руку. Яна падумала: «Сапраўды. Я год не ведала, дзе Пеця, што з ім. А цяпер ведаю, што ён жывы, што ён тут, з намі… Хіба мала такой радасці?» Прыемна было адчуваць спіной цеплыню сонечных праменняў i глядзець, як на плыні ракі нырае коркавы паплавок.
– Ага, клюе? – зусім па-дзіцячы ўзрадаваўся Стары i па-дзіцячы, на спіне, ссунуўся з абрыву да вады, схапіў вудзільна. Бліснуў на сонцы трапяткі кавалачак срэбра.
Паблукаўшы па лесе i лузе яшчэ трохі, Данік i Саша, змораныя, вярнуліся дадому. На гародзе ix сустрэла Поля. Лялькевіч усё расказаў ёй. Такую тайну ад старэйшай сястры, якая была за маці i гаспадыню, нельга хаваць.
Па Сашыным выглядзе Поля не зразумела, знайшлі ці не знайшлі. Спытала вачамі – так размаўляць прывучыла падпольнае жыццё.
«Бачылі?»
«Не», – схіліла галаву Саша.
Поля цяжка ўздыхнула i засмучана падперла шчаку кулаком. Яна перажывала ўсё гэта па-свойму. Ніколі не бачыўшы Пятра, яна розумам i сэрцам не прымала яго як блізкага чалавека i часам сумнявалася ў сур'ёзнасці Сашынага замужжа. A Лялькевіч за час, што жыў у ix хаце, стаў сапраўды як родны. Поля палюбіла яго. Праніклівая i ўважлівая, як усе разумныя жанчыны, яна не магла не прыкмеціць, што ён кахае Сашу. Жадаючы сястры большага шчасця, яна хацела, каб яны сталі жонкай i мужам… I раптам Пятро стаў рэальнасцю. Ён ішоў да ix, як у родны дом. Сэрцам адчуў саперніка. Поля разумела яго i не асуджала, што ён збег, а вельмі шкадавала. Цяпер яна паверыла ў ix каханне – Пятра i Сашы, у ix жаніцьбу. I ёй, жанчыне набожнай, стала сорамна за свае грэшныя думкі: як зводніца якая, хацела аддаць сястру другі раз замуж, пры жывым мужу, які, гаротнік, немаведама дзе цяпер i што думае пра ix сям'ю.
Вось чаму ёй было балюча даведацца, што Пятра не знайшлі, што ён знік бясследна, не даведаўшыся праўды. I яшчэ яе спалохала i ўразіла, што Саша быццам не вельмі перажывае – не плача, не скардзіцца, не абвінавачвае Лялькевіча, Даніка, яе, Полю. З незразумелай бояззю, сцішаная i засмучаная, ішла яна за Сашай у двор: як яны сустрэнуцца з Лялькевічам?
Уладзімір Іванавіч быў пад паветкай. Хацеў працаваць (падыходзіў сезон на бочкі), але рукі не трымалі гэбля, i ён гуляў з Ленкай. Малая ўжо цвёрда трымалася на нагах, няспынна шчабятала. А потым ёй спадабалася падаць на мяккія духмяныя стружкі, куляцца ў ix.
– Та-та, ба-ах! – валілася на спінку i залівіста смяялася.
Лялькевіч з бацькоўскім замілаваннем глядзеў на яе, усміхаўся, але ўсмешка была сумная. Ён думаў пра яе бацьку, які блукае недзе па лесе з цяжкай пакутай у душы. А малая яму, чужому чалавеку, кажа «тата», кажа невыразна яшчэ i несвядома, але так яе навучаюць Данік i Поля. Ён успамінае, як Саша доўга моўчкі i ўпарта супраціўлялася, каб Ленка называла яго татам. Але потым скарылася i ў апошні час як бы не звяртала ўвагі.
Саша кінулася пад паветку, схапіла дачку на рукі, моцна прыціснула да грудзей, нібы малой пагражала небяспека.
Лялькевіча тэта паласнула па сэрцы. Ён адчуў сябе вінаватым. Ленцы, як на тое, не хацелася сядзець на руках у маці, яна рвалася назад у стружкі. Але Саша панесла яе у хату. Поля праслязілася i, спачуваючы, паглядзела на Уладзіміра Іванавіча.
Саша, нават на думку Лялькевіча, паводзіла сябе дзіўна. Яму, калі ён таксама прыйшоў у хату, яна сказала мякка, ласкава, з бяскрыўднай іроніяй:
– Як жа гэта вы, Уладзімір Іванавіч, нічога сказаць не паспелі? Атрымалі па носе i слова не вымавілі?..
Ён сам усю раніцу думаў пра гэта i не мог уцяміць, як яно так здарылася, што ён, партызан, камісар, падпольшчык, які ўмеў у самых складаных i нечаканых абставінах дзеинічаць хутка i правільна, аказаўся такі недарэка. Ён баяўся глядзець ёй у вочы, панурыўся, пераступаў з нагі на нагу, стукаючы самаробным пратэзам аб падлогу.
– Гэта ціхае жыццё псуе мяне. Я раблюся залішне павольны, цяжкадумны… А ён, Пятро, відаць, падрыўнік ці разведчык. Дзейнічаў, як маланка. Я пазнаў яго толькі тады, калі з разбітым носам апынуўся ў калюжы.
Саша засмяялася, здалося яму, нават весела. I больш нічога не сказала. Усё знешне было так, як учора, пазаўчора, усе папярэднія дні.
Саша сабрала бялізну i пайшла на рэчку, але ўзяла з сабой i Ленку. Лялькевіч не мог не адзначыць гэта. Поля збірала на гародзе фасолю. Данік з касой пайшоў на луг «выкасіць дзе-небудзь лапінку атавы». Хоць на самай справе мэта была іншая. Два дні назад на Сожы амаль села баржа. На баржы ўзмоцненая варта. Хлопцы здагадваліся, што немцы на баржы вязуць важны груз, можа, нават боепрыпасы. I выпрасілі ў Лялькевіча дазвол спаліць баржу. Данік i Анатоль, косячы атаву, павінны паназіраць за вартай, разведаць подступы.
Лялькевічу не працавалася. Ён думаў i пра чарговую аперацыю i пра наведанне Пятра. Безумоўна, Саша балюча перажывае. Але яна гордая, а таму ні аб чым не просіць i нікога не вінаваціць. Калі яна вярнулася з рэчкі i развешвала на агароджы бялізну, ён падышоў да яе, стаў побач, сказаў шэптам:
– Я пайду, Аляксандра Фёдараўна. У атрад. Я знайду яго. Накіруем сувязных ва ўсе суседнія атрады. Ён або з армейскай групы Віці, або з атрада Куцага. Ім скінулі радыста i дыверсантаў для горада…
Саша ўзняла вочы, у позірку яе была ўдзячнасць, i гэта было яму даражэй за ўсё.
– Я пайду ў Буду рамантаваць царкву. Поп прасіў…
Ён зрабіўся не толькі бондарам, але i цесляром. Пра гэта ведае ўся веска.
Саша кіўнула галавой – не першы раз! – i моўчкі дакранулася да яго локця.