355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Трывожнае шчасце » Текст книги (страница 14)
Трывожнае шчасце
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 02:20

Текст книги "Трывожнае шчасце"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 14 (всего у книги 43 страниц)

IX

Лялькевіч i Саша ехалі ў горад – везлі бочкі, цэбры, вёдры.

Ачуняўшы, камісар знайшоў сабе занятак, карысны ва ўсіх адносінах: успомніў прафесію бацькі i дзядзькоў сваіх, якія былі бондарамі i сяму-таму некалі навучылі яго. Тут, у гэтай вёсцы, таксама было нямала бондараў – жылі сярод лесу, – ды амаль усе пайшлі на фронт. Аднак у дварах засталася нарыхтаваная клёпка, i салдаткі ахвотна аддавалі яе Сашынаму Пецю, як усе яны называлі яго, у душы зайздросцячы Сашы: яе чалавек хоць без ступні нагі, але вярнуўся жывы, ды вунь яшчэ майстра які – на ўсе рукі. A ці вернуцца бацькі ix дзяцей?

З дапамогай Даніка Уладзімір Іванавіч узяўся бандарыць. Першыя цэбры выходзілі не надта зграбныя, але хутка справа наладзілася. Партыю бочак Данік завёз на Украіну i выменяў на муку i сала. Гэта адразу палепшыла становішча сям'і, бо ад прапановы атрада «падкідваць» яму прадукты Лялькевіч адмовіўся, баючыся, што гэта можа выкрыць ix. З атрада хлопцы прыносілі толькі самае неабходнае – лістоўкі, міны.

Было прадвесне – сакавік, але дзень выдаўся па-зімоваму халодны, хмурны; лес з раніцы адзеўся ў казачную квецень інею. Як бы зачараванае гэтай прыгажосцю, усё застыла навокал – паветра, дрэвы. Спіна каня таксама пасерабрылася. Ехалі ўзбоч шашы, па высечанай немцамі паласе, бо асфальт ужо амаль ачысціўся ад снегу, ды i ехаць па шашы было рызыкоўна: нямецкія грузавікі часта наляталі на фурманкі i забівалі, калечылі людзей.

Сядзелі, як належыць мужу i жонцы, поплеч, у перадку саней. Ззаду былі нагружаны бочкі i цэбры, ад якіх прыемна пахла дубам i асінай. Заўтра, у нядзелю, ix трэба прадаць, едуць нанач. Але Саша добра ведае, што зусім не продаж галоўная мэта ix паездкі.

Ехал i амаль моўчкі. Зрэдку перакідваліся словамі аб надвор'і, аб нямецкіх грузавіках, што праходзілі па шашы, ці яшчэ аб чым-небудзь, што не мела дачынення да ix барацьбы i да ix узаемаадносін.

Саша прыкмеціла, што ў апошні час, калі яны астаюцца сам-насам, Лялькевіч як бы губляецца i не ведае, пра што гаварыць, хоць у прысутнасці другіх ён звычайна гаманкі i вясёлы. Гэта яе забаўляла i абуджала тую дзявочую гарэзлівасць, з якой яна часам размаўляла з ім у той далёкі час, калі яны разам працавалі ў Заполлі. Іскра такой гарэзлівасці ўспыхнула i тут, у дарозе. Яна як бы незнарок разоў колькі дакранулася сваім плячом да яго пляча. Ён кожны раз далікатна адсоўваўся. Саша са смехам падумала, што, калі яна дакранецца яшчэ, ён можа вываліцца з саней. A ўвогуле яе крыху прыгнятала гэтая маўклівасць. Ёй хацелася пагаварыць шчыра i сур'ёзна. За тры месяцы яна прывыкла да гэтага чалавека, як да члена сям'і, як да брата, i цяпер ёй здавалася, што магла б даверыць яму, як добраму другу, усе свае думкі, трывогі, сумненні, перажыванні – выказаць усё, што на душы, напэўна, тады ёй стала б лягчэй. Праўда, часам яе палохала, што яна так прывыкае да яго. Неяк Поля пачала вельмі хваліць Уладзіміра Іванавіча, калі ён габляваў пад паветкай клёпкі.

Саша ўзлавалася:

– Ты быццам сватаеш яго мне.

Старэйшая сястра разгубілася. Мабыць, па сваёй сялянскай прастаце Поля сапраўды думала нешта такое. Бо дзе той Пятро, якога ніхто з ix не бачыў у вочы? Што гэта за жаніцьба ў ix была такая, што яны нават бацькам не сказалі, ні яна, ні ён?

Аб чым толькі не перадумае жывы чалавек! Розныя думKi з'яўляліся ў Сашы, нават самыя страшныя. Аднойчы яна падумала, што, калі, не дай божа, з Пецем што здарыцца, Уладзімір Іванавіч, безумоўна, пасватаецца да яе, а Поля i Данік памогуць пераканаць, што толькі з ім яна знойдзе сваё другое шчасце. I ў той міг яна ўзненавідзела яго, ёй здалося, што ён жадае Пецевай смерці. Некалькі дзён Саша глядзела на яго, як на ворага. Потым зразумела, што гэта недарэчна, што брыдка гэтак думаць пра такога чалавека, як Лялькевіч. Яна ўспомніла, як ён разам з імі гараваў па Цішку, як потым хадзіў за хворым Данікам, колькі сутак хвіліны не заснуў, бо Данік хварэў цяжка i ў гарачцы ўсё рваўся забіць начальніка паліцэйскага атрада. Цяпер Данік ачуняў, сунімаўся боль – жыццё, як заўсёды няспыннае i дужае, брала сваё. Саша ахвотна згадзілася ехаць у горад, хоць ведала, што паездка небяспечная. I ўпершыню тут, у дарозе, ёй стала прыемна ад думкі, што чалавек, які сядзіць побач, кахае яе. Яна зноў легка штурхнула яго плячом. Ён не адсунуўся, a здзіўлена паглядзеў на яе.

Саша ўсміхнулася:

– Пра што вы думаеце, Уладзімір Іванавіч?

– Я? – Ён на хвіліну сумеўся. – Пра вас.

– Пра мяне?

– Я думаю, што, можа, вам варта пераначаваць дзе-небудзь у іншым месцы.

– Чаму?

– Невядома, што там за канспірацыя. Чаму яны самі змянілі месца нашага начлегу? Сафронавічу гэта не спадабалася.

– Сяліцкі з нашай вёскі, таму яны палічылі, што будзе больш натуральна, калі мы заедзем да яго.

– Усё гэта так, безумоўна. Але навошта рызыкаваць дваім?

– У нас жа пропуск адзін. А раптам правераць у мяне: як прыехала, з кім? З мужам. Дзе ён? Чаму ў розных дамах начуем? – I, не чакаючы ні яго пярэчанняў, ні яго згоды, катэгарычна сказала: – Не, будзем начаваць разам!

Ён паглядзеў на яе з удзячнасцю. Яму хацелася сказаць ёй нейкія асаблівыя, надзвычай цёплыя i сардэчныя словы, але ён не мог дазволіць сабе гэтага. Толькі ў знак удзячнасці пачаў даверліва расказваць аб планах стварэння ў горадзе шырокага партызанскага падполля, ад дзейнасці якога пад нагамі акупантаў гарэла б зямля. Саша адчула гэты вялікі давер: такія планы не кожнаму члену арганізацыі можна расказаць!

Пры ўездзе ў горад ix затрымаў паліцэйскі пост, а праз нейкія пяцьдзесят крокаў, навідавоку ў паліцэйскіх, праверылі немцы. Адзін з ix, пажылы, з дабрадушным тварам, вялікай рукой працоўнага чалавека, на якой, аднак, даўно сышлі мазалі, паляпаў па бочках i цэбрах, відаць, разумеючы ў ix толк:

– Гут, гут. Гаймарбайт. Гандэль.

– Не вераць улады адна адной, – сказаў Лялькевіч, калі ад'ехалі.

Нова-Беліца не зрабіла на Сашу асаблівага ўражання, тут не было прыкметных змен: усё тая ж сумная i доўгая вуліца – ні горад, ні вёска, – якую яна не любіла, калі ёй, студэнтцы, прыходзілася пехатою хадзіць дадому (да вайны трапіць на машыну было не так лёгка).

Але калі яна ўбачыла ўзарваны, бязлітасна знявечаны мост цераз раку – той мост, на які яны колькі разоў прыходзілі з Пецем, – сэрца яе сціснулася. Яна неяк адразу прыгадала (можа, таму ёй так хацелася ехаць), што гэта – горад, дзе прайшло яе юнацтва, тры самыя цікавыя i шчаслівыя гады, дзе нарадзілася ix з Пецем каханне. Тут ёй усё знаёма да драбніц, на многіх вуліцах – кожная выбоіна на тратуары. I ўсё напамінае яго, Пецю.

Цераз бетонны мост ix не пусцілі. Паехалі па Інтэрнацыянальнай. Саша жахнулася: як не падобны гэты горад на той, які яна ведала. Гэты быў бязлюдны, брудна заснежаны, насцярожаны i знявечаны. Першыя руіны, першыя спаленыя дамы – i кожны з ix раніў яе. Павярнулі на Ветраную вуліцу – i сэрца яе заныла. Гэта была адна з вуліц, з якімі асабліва многа звязана ўспамінаў аб тых шчаслівых днях. Тут жыў на кватэры Пеця, адгэтуль ён бегаў да яе на спатканні, тут пісаў свае доўгія пісьмы, дзённікі. Але як змянілася i яна, знаёмая, родная вуліца! I тут многа будынкаў спалена, разбурана бомбамі.

«Ці цэлы дом, у якім ён жыў? Ці цэлы?» – з прымхлівым страхам думала Саша. Вельмі хацелася, каб гэты дом стаяў цэлы, не пашкоджаны, быццам ад гэтага залежаў лес Пеці. Дом быў спалены. Яна застагнала.

– Што з вамі, Саша? – шэптам спытаў Лялькевіч, убачыўшы, як яна змянілася з твару. Ёй раптам стала сорамна за тое, што там, за горадам, у яе быў такі ўзнёслы настрой, што яна паводзіла сябе як дзяўчынка, штурхала камісара, быццам заляцалася. Ёй здалося, што гэтым яна абразіла… памяць Пеці.

«Памяць? Чаму памяць?» – схамянулася яна i прашаптала:

– Не, ён жывы! Жывы!

– Супакойцеся, Аляксандра Фёдараўна! – не папрасіў, a загадаў Лялькевіч.

– Тут жыў Пеця… I дом згарэў…

– Многа дамоў згарэла. A людзі жывуць. Не будзьце прымхлівая! Я разумею – успаміны, але не забывайцеся…

Яны выехалі к пераезду цераз чыгунку, i ix зноў затрымалі. Тут Саша ўбачыла, як многа навокал немцаў – салдат, афіцэраў. Усе яны даўжэй, чым гэта звычайна робіцца ў горадзе, спынялі свае позіркі на ix. Адны глядзелі на фурманку з бочкамі i цэбрамі i на маладую пару, як на нейкае этнаграфічнае дзіва, другія – насмешліва, трэція – варожа i падазрона. Афіцэр загадаў патрулю праверыць пільна, ці няма чаго ў бочках i пад імі? (Лялькевіч за час хваробы добра «праштудзіраваў» падручнік нямецкай мовы i цяпер многае разумеў.) Саша ніколі не бачыла так многа ворагаў вакол сябе: у вёсцы яны былі наездамі i неяк адразу разбрыдаліся, a ў хату заходзіла самае большае трое. А тут вунь ix колькі, у ix сіла, улада, а яна i Лялькевіч без зброі, бездапаможныя. На момант ёй зрабілася страшна. Але немец прачытаў пасведчанне, пропуск, які ім выдалі ў воласці, i зноў-такі з ухвалай сказаў:

– Гандэль? Гут!

Відаць, тым з ix, якія не ведалі ўсіх таямніц гітлераўскай палітыкі, хацелася, каб жыццё на захопленай зямлі ўвайшло ў нейкую нармальную каляіну, тады, магчыма, i яны адчувалі б сябе спакайней.

У Залінейным раёне разбурэнняў не было відаць i часцей сустракаліся нашы людзі, бледныя з твару, бедна апранутыя, таропкія ў позірках i рухах.

Сашы не спадабаўся дом, дзе ім трэба было заначаваць i сустракацца з людзьмі. Яна, як i большасць даваенных студэнтаў, што выхоўваліся непрымірымымі да ўсялякай прыватнай уласнасці, не любіла гэтых дамоў з садамі i сабакамі, гаспадары якіх вельмі неахвотна пускалі ix, студэнтаў, на кватэру. Такі быў гэты дом: вялікі – тры акны на вуліцу, стары, але па-гаспадарску дагледжаны, з высокім парканам i мноствам садовых дрэў, апранутых у густы іней. Але Саша крыху ведала гаспадара, Рамана Сяліцкага, чалавека з іхняй вёскі, які пераехаў у горад гадоў пятнаццаць назад i ўвесь час працаваў на заводзе металістам. Лепш яна ведала яго дачку, якая на год раней кончыла фельчарскае вучылішча.

Iм доўга не адчынялі, i Саша ўбачыла, як гэта ўстрывожыла камісара. Нарэшце завала грукнула, i ў брамцы з'явілася сама гаспадыня. Яна быццам не пазнала адразу Сашы: доўга прыглядалася, потым пляснула далонямі:

– А Божачка! A ці не дачка Хведара Траянава? Пазнала! Колькі год не бачыла, а пазнала. Вылітая маці… А мы з тваёй маткай у дзеўках разам гулялі, у адзін год замуж выходзілі…

– Цётка Буля, паначаваць у вас можна?

– А як жа гэта сваім людзям ды нельга пераначаваць? Заязджайце, заязджайце. Калі ласка. Толькі – вой! – у нас цэлую зіму вароты не адчыняліся. Пайду паклічу старога. Раман! – Гаспадыня гаварыла гучна, на ўсю вуліцу, i Лялькевіч адразу павесялеў: іграла яна сваю ролю ўмела, правільна.

– А гэта чалавек твой?

– Чалавек, цётка Буля.

– Паўчалавека, – пажартаваў Уладзімір Іванавіч, паказваючы на сваю нагу.

– Дзякуй Богу, што жывы… Жывы – заўсёды чалавек.

Выйшаў гаспадар, невысокі, хударлявы, з рудымі вусамі, якія тырчалі пікамі i надавалі яго твару нейкі злосны, натапыраны выгляд. Ён павітаўся без лішніх слоў i пачаў адчыняць вароты.

У хаце, застаўшыся з Сашай, пакуль мужчыны даглядалі каня, гаспадыня цяжка ўздыхнула i, употайкі выціраючы слёзы, сумна сказала:

– A маіх няма, Сашачка. Ваня машыністам ездзіў недзе на Поўначы, там i астаўся. I сям'я там. Дзе цяпер ездзіць – хто ведае. Ліду ў армію забралі ў першыя ж дні… А Коля – дзіця горкае, шаснаццаць гадкоў – у апалчэнне запісаўся i адступіў з нашымі. Усе – на вайне. I мы, бачыш, са старым ваюем, як умеем…

Яна як бы спалохалася, што сказала лішняе, хутка ўзяла ад Сашы сала, бутэльку самагонкі, якую яны захайілі «для гасцінца», i пачала адразу ж збіраць на стол.

Гаспадар i Лялькевіч чамусьці бавіліся на двары. Змяркалася. У дамах насупраць шчыльна зачынялі аканіцы. Саша сядзела каля акна i разглядала сямейны фотаальбом – шчаслівую гісторыю рабочай сям'і: маладыя гаспадары, вясёлыя дзеці, хрэсьбіны, вяселле старэйшага сына, першы ўнук… Ніводнай фотакарткі, якая б сведчыла аб горы ці смутку. Альбом нагадваў яе ўласнае нядаўняе шчасце, i яна, задумаўшыся, не пачула, як у дом прыйшлі людзі. Пачула чужы бас:

– А мы ідзём, бачым – след саней. Хадзем, кажу, браток, можа, самагоначкі з вёскі прывезлі. Пачастуюць.

Саша ўстрывожылася: выпадкова зайшлі чужыя людзі i могуць перашкодзіць сустрэчы. Але ўбачыла чалавека, што першы ўвайшоў у пакой, i супакоілася, бо адразу пазнала яго, хоць ні разу ў жыцці не бачыла; пазнала па яго словах каваля: шырокі закураны твар з дзіўна белымі брывамі, ca шрамам на носе (некалі адскочыў кавалак гарачай падковы), доўгія рукі з вузлаватымі чорнымі пальцамі. Кіраўнік падпольнай групы завода, дзе немцы рамантавалі танкі, Дрозд (Саша не ведала, ці гэта клічка, ці сапраўднае прозвішча) – таксама каваль, стары друг Аляксея Сафронавіча. Ён моўчкі i асцярожна, быццам вельмі кволую рэч, паціснуў Сашыну руку. З-за яго спіны выглянуў хлопец з круглым тварам, задзірыста-кірпаносы, з вожыкам бялявых валасоў. Ён, наадварот, паціснуў руку Сашы моцна, весела падміргнуў i так, як, відаць, заўсёды, калі знаёміўся з дзяўчатамі, назваў сябе:

– Цімафей.

Саша адразу вызначыла, што гэта адзін з тых вясёлых хлопцаў, якія маюць зайздросную прывабную здольнасць вельмі лёгка знаёміцца з людзьмі, асабліва з дзяўчатамі, i хутка заваёўваць агульную павагу i любоў. Ён, відаць, не ведаў ці не надта верыў, што Саша – жонка «адказнага сувязнога», бо пазней, за сталом, сеўшы з ёй побач, спытаў шэптам: «Вы з атрада?» – «Не, з вёскі. У мяне – грудное дзіця», – адказала яна, як бы апраўдваючыся, чаму не ў атрадзе. Гэта яго расчаравала крыху.

Дрозд убачыў сала на стале, асцярожна двума пальцамі ўзяў скрылёк, пачціва паглядзеў, удыхнуў пах, не падносячы блізка да твару, i гэтак жа асцярожна паклаў назад на талерку.

– Эх, даўно я сала не еў. Забыўся, як i пахне, – i звярнуўся да Лялькевіча: – Галадае народ, таварыш Пятро. Абрабавалі людзей, паразіты. Эталон за эталонам гоняць у Нямеччыну.

– Вы пагутарце, а я аканіцы зачыню, – сказаў гаспадар i выйшаў.

Дрозд i Лялькевіч селі на канапцы, каля грубкі. Цімафей падсеў бліжэй да Сашы. Мабыць, стары падпольшчык кіўнуў на яе (Саша не прыкмеціла гэтага, аддаючы больш увагі вясёламу хлопцу), бо Лялькевіч сказаў:

– Саша – наш таварыш, наша сувязная.

Стары адкашляўся, як перад доўгім выступлением, i пачаў дакладваць прыглушаным голасам, амаль шэптам:

– Значыцца, так, таварыш Пятро, такія справы… Аб нашай рабоце. Група патроху расце. Дзевяць чалавек маем ужо… На танках, якія праходзяць праз нашы рукі, немец не наваюе доўга – да першага бою. Устанавілі сувязь з другімі групамі. З мясакамбінатам. З друкарняй. Цімох вось адтуль. Хлопцы ў яго там хоць куды. Малайцы. Баявыя. Восьбланачкі якія штампуюць! – Ён дастаў з запазухі пачак папер i перадаў Лялькевічу. – I вось той падаруначак таксама ад ix. Намацалі чалавека ў картачным бюро. Стары настаўнік нямецкай мовы, але чалавек савецкі. Наш. Правяраем. Вельмі ж нам трэба хлебныя картачкі. Уладзілі пару дзяўчат у шпіталь. Дэпо на сувязь не ідзе, хоць людзі там нашы ёсць, адчуваем, нават ведаем некаторых. Вельмі ж лютая чыгуначная ахова, вока не спускае, на кожным рагу – гітлераўскі пёс. На кожнай стрэлцы – па сабаку. Кажуць, у Оршы нашы моцна падкузьмілі ix. Ды i на другіх вузлах, чуваць, не спяць хлопцы. Адным словам, сувязь з чыгуначнікамі мы наладзім. Так i перадайце. Ужо маем за каго зачапіцца. Цяпер такая справа, таварыш Пятро. У горадзе з'явіўся партызанскі прадстаўнік. Вядома вам пра гэта?

– Не, невядома. Але сувязныя заўсёды могуць быць. Атрадаў вакол горада многа, i кожны можа мець сувязь са сваімі людзьмі, з той ці іншай групай.

– Правільна. Атрадаў многа. I сувязныя бываюць. Гэта мы ведаем. Але я так разумею, што кіраваць усёй работай у горадзе павінны з нейкага аднаго месца.

– Kipye i будзе кіраваць гарком партыі. Мы, наш атрад, маем задание гаркома па сувязі з горадам.

– Вось таму i паведамляем вам. Чалавек гэты наладжвае сувязі з многімі групамі. Імкнецца кіраваць усімі. Хацеў сабраць нас разам. Я не пайшоў на гэтую сустрэчу i Цімоха адгаварыў. Чалавек, канешне, правільны – мы праверылі. Наш. Але малады i залішне гарачы. Дзейнічае ў горадзе, як у лесе. Праваліць ён людзей. Прашу вас: перадайце там, каб даведаліся, хто яго пасылаў, i каб замянілі больш вопытным, асцярожным. Бачыш, клічка ў яго Баявы! Сябе выдае!

– Добра, Сцяпанавіч. Хто такі гэты прадстаўнік, хто яго прыслаў, даведаемся. На сувязь з ім не ідзіце! Заўсёды помніце, што гестапа – вопытныя майстры ў галіне правакацый. За падарункі – дзякуй. Перадайце, таварыш Цімох, – звярнуўся Лялькевіч да маладога падпольшчыка, – партызанскую падзяку групе. Усё гэта нам вельмі дарэчы.

Хлопец пачырванеў ад задавальнення, кінуў позірк на Сашу, кіўнуў галавой:

– Перадам.

– Цяпер аб галоўным… Набліжаецца вясна. Трэба думаць, што гітлераўскі штаб захоча ўзяць рэванш за сваё зімовае паражэнне пад Масквой. Мы ўжо маем даныя, што колькасць эшалонаў, якія ідуць да фронту, расце з кожным днём. Вось чаму чыгунка павінна стаць галоўным аб'ектам нашым. Удары па чыгунцы – найлепшая дапамога фронту! Першае, што нам трэба, – гэта агентурный даныя аб праходжанні цераз вузел эшалонаў. Колькі? З чым? Калі часці, то якія? Даныя такія вельмі патрэбны савецкаму камандаванню. Думаю, вы разумееце…

– Зразумець проста, зрабіць цяжэй, – уздыхнуў Дрозд. – Каб мы служылі на чыгунцы!

– Партызанскі штаб устанавіў сувязь з адным служачым. Дыспетчар. Баляслаў Шлім.

– Немец?

– Паляк. Камуніст. Ён будзе перадаваць патрэбныя нам звесткі. Але ix трэба забіраць у яго. Даручаем гэта вам, таварыш Цімох.

– Мне? – У хлопца загарэліся вочы.

– Падумаем, як лепш вам сустрэцца з ім. Даныя будзеце перадаваць Сцяпанавічу. Ну, а далей – вядома… Часцеи за ўсё, як i раней, будзе на сувязі поп.

Цімох засмяяўся i зноў падміргнуў Сашы:

– Люблю такіх папоў!

На каго іншага Саша ўзлавалася б за гэтае недарэчнае падміргванне. Але на гэтага хлопца злавацца было немагчыма: кожны жэст яго быў надзіва натуральны i вясёлы. Лялькевіч таксама назіраў за ім з цікавасцю.

– Другая задача – усё тая ж… Абавязкова патрэбна модная група ў дэпо i ўвогуле на чыгунцы.

– Будзем мець такую групу, таварыш Пятро! – запэўніў Дрозд. – Я ж кажу: ужо маем за каго зачапіцца.

– Нарэшце, трэцяя, таксама звязана з чыгункай. Найболыиую колькасць дыверсій партызаны будуць рабіць на чыгунках у напрамку на Бранск i Бахмач. Натуральна, што пасля гэтага на вузле будуць «пробкі». Кожную такую «пробку» будзе выбіваць наша авіяцыя.

– Здорава! – з захапленнем выгукнуў Цімох.

– Але сокалам нашым трэба памагаць. Паказваць цэль. I каб менш бомб падала туды, дзе жывуць савецкія людзі. Патрэбна група энергічных, смелых хлопцаў.

– О, гэта легка! – зноў не ўтрымаўся Цімох. – Такую работу хлопцы любяць!

– Гэта нялёгка, таварыш… Гэта вельмі небяспечна. Больш, чым што іншае. Але трэба!

– Я арганізую такую групу! Дазвольце мне…

Лялькевіч паглядзеў на Дразда, позіркам спытаўшы: ці

не замнога бярэ на сябе гэты юнак? Стары кіўнуў галавой: можна даручыць!

– Добра. Арганізацыя групы за вамі. Але майце на ўвазе, пакуль вы на сувязі з Шлімам, ісці з ракетніцай не павінны!

Цімох глянуў на Сашу i красамоўна зморшчыўся: вось табе на, ад самага цікавага яго адхіляюць.

Гэта ўбачыў Лялькевіч, i голас яго адразу стаў суровы, загадны:

– Пасля кожнай ракеты будзе аблава. Мы не можам рызыкаваць. Арыштуюць вас – праваліце Шліма. Кіраваць падачай сігналаў павінен нехта іншы!

Хлопец адчуў гэты загадны тон i падняўся з табурэта, сур'ёзна, амаль па-вайсковаму сказаў:

– Слухаюся, таварыш… Пятро! Кіраваць будзе іншы!

Гаспадар прасунуў у дзверы галаву:

– Бульбачка зварылася. Можа, з'ямо гарачанькую?

– Ого! Яшчэ як з'ямо! – весела адгукнуўся Дрозд.

Пакуль гаспадыня падавала на стол гарачую бульбу i гуркі,

Лялькевіч i Цімох на колькі хвілін выйшлі ў суседні пакой…

За сталом – ніводнага слова аб справе. Гутарылі так, як маглі б гутарыць людзі, якія сапраўды сустрэліся выпад кова: адны прыехалі з вёскі i заначавалі ў знаёмага, другія зайшлі, убачыўшы след, каб выпіць «вясковай самагоначкі». Выпілі. Нават Саша ўпершыню паспытала. Цімох, відаць, таксама піў першы раз, бо, выпіўшы, скрывіўся так, што Саша ледзь не зарагатала, i «пахваліў» пачастунак:

– Ну i дрэнь.

– Братка ты мой, гэта ты не разабраўся, – адказаў Дрозд, які выпіў сваю порцыю павольна, са смакам i ў заключэнне задаволена крэкнуў.

Праўда, да канца канспірацыі не вытрымалі. Парушыла гаспадыня: папрасіла расказачь, што робіцца на фронце i «там», «у нашых». I Лялькевіч мусіў пераказваць апошнія зводкі Саўінфармбюро, якія тыдзень назад Анатоль прынёс з атрада.

Калі вячэра скончылася i госці пайшлі, гаспадыня павяла Сашу i Лялькевіча ў спальню i паказала на адзіны, засланы чыстымі прасцінамі ложак.

– Вы лажыцеся тут, а мы са старым на печы ляжам. – I, ведаючы, што госці заўсёды пярэчаць, адмаўляюцца, хутка выйшла, пакінуўшы ix адных.

Сашы зноў зрабілася весела. Яна ўбачыла, як разгубіўся гэты чалавек, які звычайна знаходзіў выйсце з самых цяжкіх абставін, i ледзь стрымлівалася, каб не засмяяцца.

Лялькевіч, унікаючы яе позірку, вымушана кашляў i глядзеў на дзверы, як на ратунак.

– Лажыцеся, – сказала яму Саша.

– А вы?

– А я… Я лягу на падлозе.

– Ну што вы! Як можна! Я ніколі не дазволю сабе… Я ўсё-такі мужчына.

– Калі вы ўсё-такі мужчына, – засмяялася прыглушана Саша, – то лажыцеся на падлозе.

Яна скінула буркі i ў плацці i Данікавых ватных штанах залезла пад коўдру.

Лялькевіч выйшаў са спальні.

Саша, упэўненая, што ён ляжа ў суседнім пакоі на канапцы, змораная за дзень, хутка заснула. Але калі прачнулася раніцой, то ўбачыла, што ён сапраўды ляжыць у куце за шафай, на падлозе, накрыўшыся сваім кажушком. Ёй стала сорамна за свой эгаізм i наогул за ўчарашнія паводзіны. Чаму яна весялілася, як ніколі за месяцы акупацыі? Чаму потым так спалохалася, убачыўшы, што дом, дзе жыў Пеця, згарэў? Хіба мала цяпер гарыць дамоў?

Адначасова з'явілася злосць на Лялькевіча. «Што ён іграе перада мной пакутніка! Лепшага месца не знайшоў, дзе легчы. Камісар! Спалохаўся, што гаспадары не павераць, што я – жонка. А якое гэта мае значэнне для ix? Усё адно, раз яны сталі на гэты шлях, ім наканавана маўчаць. Маўчаць перад катаваннямі, перад тварам смерці. Так, як маўчаў Цішка, як маўчаць Поля, Данік, Анатоль… Усе мы павінны маўчаць. I я таксама… Чаму гэта мне захацелася раскрыць душу перад ім? З якой рады?» I яна зноў замкнулася. Але на гэты раз ненадоўга.

Рынак зрабіў на Сашу дзіўнае ўражанне. Нельга сказаць, што ён быў малалюдны. Не, людзей было нямала. I – на першы погляд – шмат што прадавалася, асабліва з апраткі. Але купляць… купляць гэтым людзям не было чаго, бо не было ні кароў, ні свіней, як у даваенны час, ні мукі, ні сала, ні мяса, ні бульбы, ні цыбулі. Нічога не было з таго, што патрэбна чалавеку ў першую чаргу. Саша з болем падумала: як жа жывуць гарадскія людзі? «Галадае народ», – успомніліся словы Дразда. У вёсцы хоць бульбіна якая-небудзь ды капуста ёсць.

I яшчэ адно ўразіла яе: вялікая колькасць людзей, неяк па-старамоднаму апранутых. Адкуль яны ўзяліся? Да вайны рэдка калі сустракаўся чалавек у такім адзенні. А тут быццам усе яны выйшлі з фільмаў аб дарэвалюцыйным жыцці: у чорных шалях, доўгіх спадніцах, у паліто з аксамітавымі каўнерыкамі i вузкіх штоніках. I ўсе гэтыя людзі нешта прадавалі, шпарка бегаючы з канца ў канец, прытанцоўваючы на марозе. Сашы здалося, што ад ix саміх i ад рэчаў, якія яны прадаюць, вельмі пахне нафталінам. Пакупнікоў на бочкі, як i на ўсё гэтае рыззё, было нямнога. Але бочкі, прынамсі, выклікалі цікавасць. Каля ix тоўпіліся, мацалі клёпкі, ляпалі па звонкім дрэве, нюхалі яго прыемны пах. Ды i саміх прадаўцоў – Лялькевіча i Сашу – разглядалі з цікавасцю: што за людзі, што прывезлі такі нязвыклы для гэтага часу тавар? Уладзіміру Іванавічу не падабалася такая цікавасць да яго асобы: ён баяўся, што раптам знойдзецца хто-небудзь знаёмы i пазнае яго. Не так далека ад горада да раёна, дзе ён настаўнічаў. Таму ён вельмі ўзрадаваўся, калі нейкі камерсант, відаць, гандляр мясам ці, можа, іншым чым, запрапанаваў купіць усе яго бочкі, цэбры, вёдры оптам.

– Даю пуд солi.

Соль! Каб гэта было што іншае, любое, самае каштоўнае, Лялькевіч, напэўна, аддаў бы за тое, што прапанавалі,– абы хутчэй з плеч. Але соль… Значыцца, у гэтага прайдзісвета ёсць даволі солі, без якой яны ядуць страву ўжо каторы месяц, якой так просяць да бульбы дзеці тых салдатак, якія аддалі яму, Лялькевічу, клёпку. Таму ён пачаў таргавацца – запрасіў тры пуды. Гандляр махнуў рукой i адышоў, але хутка вярнуўся i самаўпэўнена сказаў:

– Падумаў? – Ён добра ведаў цану сваёй солі.

– Двапуды.

– Не будзь дурнем. На тваё калецтва надбаўляю. – I перайшоў з пудоў на кілаграмы. – Дваццаць кілё.

Дваццаць кілаграмаў солі. Сашы здавалася гэта цэлым багаццем, яна ледзь стрымлівала сябе, каб не сказаць на правах жонкі: «Аддавай, Пеця». Але Лялькевіч зразумеў, што тыпу гэтаму бочкі вельмі патрэбны, i ўпарта змагаўся за кожны кілаграм.

– Дваццаць пяць, – узлавана абвясціў гандляр, чырванеючы ад гневу.

– Дваццаць восем.

– Я скажу паліцыі, каб канфіскавала твае бочкі. Не забывай, што лес цяпер належыць нямецкай дзяржаве. А ты накраў…

Сярод цікаўных, якія акружылі ix, пачуліся нясмелыя галасы абурэння: таргуйся сумленна, не палохай! Але Лялькевіча цяжка было запалохаць. Ён пачціва адказаў:

– Ваша справа, пан. Але няхай шаноўны пан зразумее, колькі мне, калеку, прыйшлося пастаяць на адной назе, каб вось так выгабляваць кожную клёпачку. – Ён стукаў кулаком па самай большай, дубовай, бочцы, i яна гудзела на ўвесь рынак.

Нарэшце сышліся на дваццаці шасці кілаграмах…

– Нам яўна пашанцавала, – сказаў Лялькевіч, калі яны, пасля шматлікіх праверак, выехалі з горада i дабраліся да лесу, дзе адчулі сябе бяспечна i ўтульна. Уладзімір Іванавіч быў задаволены, вясёлы. Яму хацелася гаварыць, магчыма, гэтак жа, як учора ёй. – Чаму вы такая панурая, Саша? Вас усхваляваў гэты дом? Далібог жа, забабоны! Выкіньце з галавы! Больш таго, я хачу, каб вы зразумелі… Мы вядзём бязлітасную барацьбу са страшным ворагам… У такіх умовах нельга даваць волю сваім пачуццям. Трэба ўмець імі валодаць. Трэба, кажучы груба, заціснуць ix вось так. – Ён паказаў кулак. – Інакш мы пачнём забываць пра галоўнае.

Саша маўчала. Яна думала, як, аднак, змяніўся гэты чалавек, некалі малады, вясёлы настаўнік, вялікі аматар валейбола i лыжных прагулак. Цяпер толькі адно яго радуе – поспех у барацьбе, бо толькі змаганнем ён жыве, гарыць. Ён прылёг на бок, паклаўшы галаву на клунак з соллю, i нешта ціха насвістваў. Ён адпачываў пасля двух нялёгкіх дзён. Але ў той час бяда магла напаткаць там, дзе яе зусім не чакаеш. Саша першая ўбачыла, як з лесу выйшлі двое ў цывільным адзенні i спыніліся на дарозе; не магло быць сумнення, што яны чакалі ix. Яе здзівіла, чаму так збялеў Лялькевіч, убачыўшы гэтых людзей. Праехаў горад, дзе, можа, дзесяць патрулёў i пастоў праверыла, i ён паводзіў сябе зусім спакойна. А тут як бы спалохаўся.

– Слухайце, Саша… Калі што якое, я буду біцца з імі… Кулакамі… А вы ганіце каня… Ганіце што ёсць сілы. Я не дам ім стрэліць, калі ix толькі двое.

Саша не разумела: чаму, навошта?

– Пад намі, у дошцы, друкарскі шрыфт i ў хамуце сёетое… Ганіце! – Ён перадаў ёй лейцы i пугу.

У тых дваіх зброі не было відаць. Але адзін з ix, мал од шы, даволі энергічна спыніў каня.

– Зноў праверка? – спытаў Лялькевіч.

– Конь нам твой патрэбен, – лагодна адказаў другі, з маладымі вачамі, але густой чорнай барадой.

Лялькевіч спрытна скочыў з саней, закульгаў.

– Браток, родненькі, пашкадуй. Ад каго забіраеш? Паглядзі, якая ў мяне нага. Дзеці галадаюць. Конік гэты на сем двароў, i збруя чужая. Што мне людзі скажуць? Скажуць: каня прадаў.

– Не скажуць.

– Не дам. Мёртвы лягу, а не дам! Жонка, прасі! Галасі, Саша! Як дзецям крупы панясём? – Пра соль ён пабаяўся сказаць.

Але Сашы было цяжка галасіць.

Барадаты стукнуў сябе кулаком у грудзі.

– Зразумей! Вось як, – ён правёў далоняй па шыі,– нам конь патрэбен. Не для забаўкі забіраем.

У гэты час малады пачаў энергічна распрагаць. Убачыўшы, што яны маюць намер забраць аднаго каня, без саней, Лялькевіч супакоіўся, але прытворна залямантаваў. (Пасля Саша напамінала яму гэтае галашэнне, i яны разам смяяліся.)

– Ой, людцы, ратуйце! Рабуюць! Саша, родная, гінем! На чым бочкі вазіць будзем? Дзеці з голаду памруць! Не дам! Мёртвым лягу. – Схапіўся ён за аброць.

– Мёртвым не ляжаш, а па спіне атрымаеш, – спакойна адказаў той, што распрагаў.– Адыдзі!

– Хамут! Хамут хоць аддайце! Чужы!

– Аддай ты яму хамут, гэтай бабе! Жанчына маўчыць, а ён скуголіць, як сабака. Брыдка слухаць. Можа, сам сабе нагу скалечыў, каб на фронт не ісці.

Малодшы зняў i шыбануў яму пад ногі хамут.

– На! Не хамут, а чорт ведае што! Пуд важыць. Каня мог скалечыць. Гаспадар!

Без лішніх слоў яны хутка пайшлі па няўезджанай лясной дарозе, у бок ракі, i зніклі за дрэвамі. Камісар доўга глядзеў ім услед. Ціха засмяяўшыся, з захапленнем сказаў:

– Нашы, чэрці. А сказаць нельга. Вось жа недарэчная гісторыя. Навошта ім так пільна конь спатрэбіўся?

– Можа, таварыш дзе ранены ляжыць.

– Але… Магчыма. Магло здарыцца, што свайго каня загналі. У партызанскай справе ўсё бывае. Вось якія парадоксы здараюцца. Свае ў свайго забралі – i маўчы. Ах, чэрці! «Мёртвы, кажа, не ляжаш, а па спіне атрымаеш…» Гуманісты! Што ж, Аляксандра Фёдараўна. Прыйдзецца нам i за каня паслужыць. Дацягнем да пасёлка, а там, можа, добрая душа злітуецца – дасць каня.

Саша ўзялася за адну аглоблю, ён – за другую. Сані зрушыліся легка, але ўжо метраў праз сто Саша зразумела, што гэта пакутліва цяжка, асабліва для камісара з яго самаробным пратэзам. Дарога была няроўная, слізкая, з ухабамі, сані кідала з боку на бок. Яна ўбачыла, як на лбе ў Лялькевіча выступілі буйныя кроплі поту, i ведала, што гэта не ад натугі, а ад болю.

– Вам цяжка, Уладзімір Іванавіч? – спытала яна.

– Не, нічога.

– Давайце пачакаем. Можа, ехаць хто будзе.

– Не, не будзем чакаць. К чорту! А то i сані могуць забраць. A ў санях у нас скарб.

Міма прайшла машына з немцамі. Салдаты паказалі пальцамі на ix i весела зарагаталі.

Лялькевіч спыніўся, цяжка дыхаючы.

– Гэта страшна. З каго яны смяюцца? З інваліда…

Лялькевіч знясілена сеў на сані. У гэты момант Саша

адчула нейкую асаблівую душэўную блізкасць да гэтага чалавека. Знікла ўсё асабістае – злосць, раздражненне, здаліся дробнымі, нікчэмнымі ўсе ўласныя сумненні i ўчарашнія жарты, з'явіліся нейкія зусім новыя пачуцці, бо ў аснове ix было тое вялікае, галоўнае, што радніла, збліжала ix у барацьбе.

– Змарыўся? – ласкава i ўпершыню на ты сказала яна i сама хусткай выцерла пот з яго лба. Ён апусціў вочы, бо ў ix бліснулі слёзы.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю