355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Трывожнае шчасце » Текст книги (страница 15)
Трывожнае шчасце
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 02:20

Текст книги "Трывожнае шчасце"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 15 (всего у книги 43 страниц)

Потым ім зноў пашанцавала: ix дагнаў начальнік атрада паліцыі – Гусеў. Ён ехаў у распісаным паводле рускага ўзору вазку на пары добрых стаеннікаў у суправаджэнні двух паліцаяў.

– Што здарылася, салдат?

– Ды вось выйшлі нейкія з лесу i каня забралі.

– Партызаны? – спалохана азірнуўся начальнік.

– А чорт ix ведае, хто яны такія!

– Партызаны, вядома. Бачыш, якія яны бандыты. Ты павінен усім расказаць пра гэты факт.

– Ды ўжо ж! Я ім ніколі не дарую!

– Правільна! Ну, чапляйся хутчэй. Давязу.

Калі стаеннікі ўскач ірванулі з месца, Лялькевіч тузануў Сашу за руку i прашаптаў:

– Вось бачыце. Не бывае ліха без дабра.

X

Шумела бурная вясна. Рэчка разлілася так шырока, як не разлівалася ўжо многа год, вада падышла пад самыя хаты, а школа апынулася на выспе. У другі канец вёскі i ў лес ездзілі на лодках.

Данік прывёз першы гладышык бярозавага соку. Саша, даўшы пакаштаваць соку Ленцы, панесла рэшту Лялькевічу, які бандарнічаў пад паветкай. У двары яе асляпіла сонца – мора сонца. I зачараваў гоман шпакоў. Уладзімір Іванавіч i Данік нарабілі шпакоўняў, i цяпер здавалася, што шпакі з усяго наваколля пасяліліся на ix сядзібе. Па-вясноваму вясёлыя, клапатлівыя, закаханыя адно ў аднаго пары птушак завіхаліся кожная каля сваёй хаткі, ладзячы гнёзды i пільнуючы (адзін адлятае – другі застаецца), каб які-небудзь агрэсар не захапіў шпакоўні.

Саша доўга назірала за імі. Шчаслівыя шпакі! Ім невядома, што ў свеце лютуе вайна, што кожную гадзіну гінуць тысячы людзей i разбураецца шчасце. А навакол усё ажывае ў прыродзе, цягнецца да святла, радуецца цеплыні. Сашы здаецца, што яна чуе, як малады клён, што расце пад акном, п'е сок зямлі. Струменіць сок i ў яблынях i ў кусце бэзу. Вось такі, жывы, празрысты, пахучы, што іскрыцца ў гладышку… I ў яе самой пачынае хутчэй струменіць кроў, мацнеи біцца сэрца… Што яна хацела зрабіць? Нешта добрае. Ага, напаіць гэтага працавітага чалавека, які, здаецца, ніколі не адпачывае. Яна пайшла пад паветку.

– Бярозавік. Хочаце?

Лялькевіч кінуў гэблю i ўзяў гладышык.

– Дзякую, Саша.

Ён выцер рукавом пот і, закінуўшы галаву, пачаў піць, павольна, смакуючы кожны глыток. З ласкавай, амаль мацярынскай усмешкай Саша сачыла, як ён п'е. Струменьчыкі пацяклі па барадзе, закапалі на гімнасцёрку, якую яна многа разоў мыла i кожны раз намервалася адрэзаць гузікі з зорачкамі, каб не прыдраўся які-небудзь фашыст, але так i не адрэзала – пашкадавала. Кропля ад соку трапіла на адзін з такіх гузікаў, i зорка загарэлася, заіскрылася, прыкаваўшы яе позірк.

Ён адняў гладышык ад рота, прычмокнуу.

– Змарыўся? – ласкава спытала Саша, гэтак жа, як паўмесяца назад, калі яны цягнулі сані.

Ён паглядзеў на яе неяк дзіўна, паставіў гладышык на вярстак i раптам… абняў яе. Пачаў цалаваць.

– Саша… слаўная… Я люблю… люблю… люблю…

Інстынктыўна, у нейкім парыве яна на момант сашчапіла свае рукі ў яго на шыі, але тут жа схамянулася i моцна адштурхнула яго; ён ледзь утрымаўся на нагах. У яе гнеўна раздзьмуліся ноздры, на шчоках з'явіліся пунсовыя плямы.

– Уладзімір Іванавіч! – сказала яна так гучна, што ён спалохана азірнуўся – не пачулі б суседзі – i замахаў рукой. Але яна забылася на асцярожнасць. – У мяне дачка… i муж. Я кахаю свайго мужа… Я чакаю яго. I вы выкіньце з галавы! Hi на што не спадзявайцеся… Чуеце? Уладзімір Іванавіч!..

– Чую, Аляксандра Фёдараўна. Даруйце…

А навакол шумела вясна. Радавалася ўсё жывое. Толькі людзі не маглі радавацца. Людзі ваявалі.

1957

Агонь і снег

Аповесць трэцяя
1941
24 чэрвеня

Вайна… Трэція суткі, як яна пачалася. Ударыла, як гром з яснага неба, аглушыла, i я ніяк не магу апомніцца. Не толькі цяпер, пасля бою, пасля першых выбухаў бомбаў i нашых няўмелых стрэлаў, гудзіць у вушах. Не, гэты звон i гул у галаве з'явіліся адразу ж, як толькі я, першым на батарэі, пачуў аб вайне. I страх (мне сорамна прызнацца ў гэтым), страх таксама запаланіў душу з першых хвілін. Увесь час думаю пра смерць. Няўжо гэта канец? У дваццаць адзін год? Няўжо я ніколі не вярнуся дадому, не ўбачу маці, Сашу i маю маленькую дачушку?..

Здаецца, страшная не сама смерць, не ўсведамленне, што я, маленькі чалавечак, кропля ў людскім акіяне, перастану існаваць. Найбольшы страх ад думкі, што ніколі… ніколі ўжо (вось ад чаго ледзянее кроў) я не ўбачу Сашу. Саша! Каханне мае! Каб ты пачула крык майго сэрца! Я не хачу паміраць! Я хачу жыць! Жыць! Я хачу прыйсці да цябе, упасці да тваіх ног i цалаваць ix, цалаваць сляды на той дарозе, па якой ты хадзіла.

Не магу спаць, сон не прыходзіць трэцюю ноч. Як толькі заплюшчу вочы – адразу ж паўстаюць яна, мая Саша, з дачушкай на руках, Аніна хата, такая любая цяпер майму сэрцу, дарога, наша дарога ўздоўж Дняпра, па якой прыйшоў я i па якой Саша правила мяне сюды, у гэты далёкі, суровы паўночны край, не ведаючы, што праводзіць на вайну. Як ніколі раней, прыгадваюцца кожнае яе слова, кожны жэст, пацалунак – усё-ўсё. I страх смерці расце, душыць, скоўвае. Дзіўная рэч! Ці даўно быў той час, калі я любіў чытаць пра вайну i, як, напэўна, многія мае равеснікі, употай марыў аб ваенным подзвігу? Мне здавалася, што адразу ж я здолею зрабіць нешта такое, што праславіць мае імя i выратуе чалавецтва… Цяпер я сумна ўсміхаюся, успамінаючы гэтыя думкі. Наіўны хлопчык! Ты можаш памерці, не зрабіўшы аніякага подзвігу, нават самага маленькага. Ужо сёння я мог памерці. Зусім інакшай паўстала ў маім уяўленні вайна – нічога прыгожага, адно жудаснае. Я думаю: якое гэта шчасце – мір, цішыня на зямлі! О, каб дажыць да такога дня!

Усяго некалькі дзён назад мы, курсанты, амаль усе крыху фразёры, многа гаварылі пра немцаў, аб ix ваеннай тэхніцы i перамогах, якія ім так лёгка даваліся ў Еўропе. Мы нават крыху захапляліся ix аперацыямі. Я асабіста ды, напэўна, i мае сябры таксама не адчувалі асаблівай нянавісці. Больш было слоў, гучных фраз, чым пачуццяў. А цяпер… Як я ненавіджу ix цяпер! Ажно кіпіць у грудзях, калі я думаю пра ix, пра ix тэхніку, пра ix перамогі… Ад гэтых «перамог» паміралі вось такія ж, як я, як Сеня, як Віктар, хлопцы – чэхі, французы, югаславы… Цяпер яны прыйшлі, каб забіць нас.

Я ўспамінаю сённяшні бой, i мне робіцца яшчэ больш страшна, горка i крыўдна.

Яны прыляцелі адвячоркам. Разлікі займаліся каля гармат, вялі ўмоўную стральбу па сваіх самалётах. Цяпер мы трэніруемся дзень i ноч, толькі i чуваць: «Па самалёту над другім!» Між іншым, мне адразу не спадабалася, што мы «страляем» у свае самалёты. Іншая рэч, кал i гэта было да вайны: вучыліся лётчыкі – вучыліся мы. А цяпер яны лётаюць на задание, у бой, па ix вядуць агонь немцы, часта яны вяртаюцца (мы бачым гэта) з прабітымі крыламі i фюзеляжамі, магчыма, раненыя. I раптам каля роднага аэрадрома ix сустракаюць нацэленымі зеніткамі. Я на ix месцы запратэставаў бы супраць такой сустрэчы. Учора я сказаў пра гэта лейтэнанту Купанаву, камандзіру батарэі. Ён паглядзеў на мяне, падумаў i лагодна сказаў:

– Вы многа разважаеце, Шапятовіч.

…Аднак

Яны прыляцелі тады, калі недзе там, у нас, у Беларусі, заходзіла сонца. А тут яно павісла над лясістай градой невысокіх гор, каб болыи не зніжацца да самай «раніцы». Спачатку вельмі нечакана, быццам вынырнулі з гары, з'явіліся над Туломай два «месершміты». Даўгія, чорныя, як вужы, яны прайшлі нізка над гідрастанцыяй, схаваліся за ўсходнімі сопкамі i зноў вынырнулі над аэрадромам.

– Трывога! – страшным гол асам закрычаў разведчык.

Крык гэты ўсіх скалануў. У мяне задрыжалі рукі, заляскалі зубы. Я да болю сціскаў ручку паваротнага механізма, не зводзячы вачэй са стрэлкі азімута. Але стрэлка была мёртвая: ПУАЗО [2]2
  ПУАЗО – прыбор кіравання артылерыйска-зенітным агнём (з рус.).


[Закрыть]
не мог злавіць самалёты, якія шныралі паміж сопак. Там, на КП, каля прыбора, нешта крычалі, нешта камандавалі, але каманды гэтыя не мелі дачынення да нас, гарматных разлікаў. Разгублена стаяў наш камандзір, сяржант Тарных. Стукаў снарадам аб затвор, зараджаючы, – у яго таксама дрыжалі рукі.

Раптам бухнуў гарматны стрэл. Ударыла чацвёртая пушка; самы адсталы ў мірным вучэнні разлік, з якога мы заўсёды кпілі, першы адкрыў агонь, напомніўшы астатнім, што можна страляць i без прыбора.

– Па самалёту, прамой! – закрычаў сяржант.

Я хутка аб'ехаў вакол тумбы… Але самалётаў – чорт меў, «месершміты» зніклі, як прывіды. Я выцер рукавом сухі лоб, з палёгкай адчуўшы, як саграваецца спіна, па якой бегалі вельмі непрыемныя халодныя мурашкі. Дзякуй Богу, міма! Ды ў той жа міг загучаў надзіва спакойны голас Сені Пясоцкага:

– Цэль злоўлена! Азімут…

Я не пачуў ні азімута, ні вышыні, якую ён перадаваў, бо ў гэты момант засакаталі стрэлкі сінхроннай перадачы. Але няроўны, цяжкі – ажно тузалася паветра – гул я пачуў. Гэта ішлі яны. Ішлі на нас, несучы смерць. Колькі ix? Зноў тыя ж агідныя раўчакі холаду пацяклі па спіне, i яшчэ мацней затрэсліся калені, невядомая сіла падкідала ўсё цела, i сядзенне пада мной непрыемна брынчала.

Першы стрэл балюча ўдарыў у вушы.

«Гэта таму, што не раскрыў рота, – падумаў я. – Трэба раскрыць рот. Раскрыць рот!»

I, чакаючы наступнага стрэлу, я шырока разявіў рот. Але стрэлкі… Я не зусім дакладна сумяшчаю ix. Ад гэтага залежыць пападанне: будуць праклятыя фашысты збіты ці, непакараныя, паляцяць назад. Аднак што там робяць прыборшчыкі? Чаму так ліхаманкава скача стрэлка? Хіба так можна страляць?

– Баязліўцы! Арыстакраты! Пацукі! Мандражэ вас узяло! – лаяў я сваіх сяброў на прыборы, гэтак жа ліхаманкава кідаючы гармату то ў адзін, то ў другі бок.

А гул, пагрозлівы, незнаемы, ад якога дрыжыць усё навокал, – вось ён, над маёй галавой. Зараз паляцяць бомбы. Я ўтуляю галаву ў плечы, рыхтуюся «прыняць» на сябе першую бомбу…

Але чаму маўчыць наша пушка? Няўжо я больш не чую стрэлаў? Не, я не аглух. Я чую нават чалавечыя галасы. Нехта схапіў мяне за плечы.

– Не круціся ты, маць тваю… Круціцца, як… Снарад заклініла!

У мірны час сяржант ні разу не вылаяўся на каго-небудзь з курсантаў (паказваў прыклад культурнасці), а тут крыў самымі адборнымі мацюкамі. Я не адразу зразумеў, што здарылася, што значыць «заклініла», бо пры вучэбных трэніроўках ніколі не было такой затрымкі.

– Ключ! Дзе ключ? Ты адказваеш за інструмент!

– Які ключ? Ключоў многа.

– Ды гэты…

Я саскочыў з сядзення i ўбачыў, што здарылася, які ключ патрэбны. Тырчала пятка патрона, заціснутага клінам затвора. Зараджаючы Фама Паўлюк, былы стрэшынскі трактарыст, хлопец на шэсць пудоў вагою, які заўсёды ў сталоўцы прасіў «перайграць», але лічыўся лепшым зараджаючым у дывізіёне, стаяў разгублены, белы як палатно, бездапаможна апусціўшы свае пудовыя кулакі. Астатнія нумары шукалі ключ-экстрактар, каб выцягнуць патрон, i нідзе не маглі знайсці, хоць усе ведалі, у якой скрынцы ён павінен ляжаць.

Мне здалося, што гул самалётаў рассеяўся, як бы аддаляецца. Я глянуў у неба i мімаволі прыгнуўся: проста нада мной, у самым зеніце, віселі два чорныя крыжы ў жоўтых кругах. Больш я нічога не ўбачыў – толькі гэтыя агідныя крыжы. Потым позірк мой упаў на агнявую пазіцыю батарэі, уразіла дзіўная рэч: насуперак правілам стральбы ўсе чатыры гарматы павернуты ў розныя бакі, i толькі адна, чацвёртая, вядзе агонь. Я падумаў: значыцца, варожыя самалёты з усіх бакоў, яны не ходзяць баявым курсам i ўсе нашы дакладныя разумныя прыборы, у якія мы так верылі,– непатрэбная рэч, дарэмна там да хрыпаты крычаць прыборшчыкі.

Мае думкі перапыніў моцны выбух, ад якога калыхнулася пад нагамі зямля. За ім другі, трэці… Над аэрадромам, над пасёлкам шуганулі ўгору слупы полымя i дыму.

Цяпер я бачыў ix, фашысцкія самалёты, нават бачыў, як падаюць бомбы. Фашысты з розных бакоў заходзілі на аэрадром, з якога ўзнімаліся, захопленыя знянацку, нашы знішчальнікі. Адзін з ix вынырнуў проста з выбуху і… загарэўся ў паветры. Другі, не набраўшы вышыні, урэзаўся ў будынак клуба лётчыкаў. На маіх вачах гінулі людзі… Нашы людзі!.. Ашаломлены, аглушаны, я не мог адарваць вачэй ад жудаснай карціны вайны, забыўшыся на нейкі момант на свой уласны страх. Там, у тых самалётах, сядзелі такія ж хлопцы, як я; напэўна, i ў ix ёсць жонкі i нарадзіліся дзеці, якіх яны ўжо ніколі не ўбачаць… Яны не проста забіты, яны, магчыма, гараць жывыя…

Знішчальнікі, якім удалося ўзляцець, атакавалі варожых бамбардзіроўшчыкаў. Застракаталі кулямёты. Пачаўся паветраны бой. Зноў з'явіліся «месершміты».

Полымя шуганула побач з агнявой пазіцыяй, там, дзе на беразе ручая стаяла наша дашчаная сталоўка. Ca свістам праляцелі каменні, кавалкі дрэва. У вышыні, у дыме i гары, натужліва зараўлі маторы.

«Падае», – мільганула думка.

Не, самалёт не падаў, ён пікіраваў на батарэю. Забумкалі яго пушкі, ударылі буйнакаліберныя кулямёты. Грымнулі выбухі ўжо з другога боку пазіцыі.

Я зірнуў угору i зноў убачыў усё тыя ж чорныя крыжы ў жоўтых кругах, нібы яны павіслі тут назаўсёды. Праз гул, выбухі i страляніну мы, аднак, пачулі каманду лейтэнанта

Купанава:

– Ва ўкрыццё!

Першы нырнуў у земляную нішу Паўлюк. Мне нішы не хапіла: пакуль я агледзеўся, усе шчыліны занялі, з кожнай тырчалі ногі ў абмотках. Я ўпаў на зямлю каля гарматы i засунуў галаву пад лафет. Відаць, я не доўга ляжаў гэтак, бо не ўправіўся падумаць што-небудзь істотнае, ці, можа, гэта былі хвіліны такога здранцвення, калі нават думкі не прыходзілі.

Нехта даволі груба пацягнуў мяне за гімнасцёрку i злосна загадаў:

– Вылазьце, чорт вазьмі!

Я высунуў з-пад лафета галаву i ўбачыў перад сабой камандзіра дывізіёна маёра Ярмілава. Дух дысцыпліны адразу ўзняў мяне на ногі. Я падхапіўся, выпрастаўся, папраўляючы гімнасцёрку.

– Чаму не страляеце?

– З-з-за-заклініла, т-таварыш маёр… – Я ніколі ў жыцці не заікаўся, а тут пачуў, што заікаюся, бо зубы ўсё яшчэ ляскалі, быццам выцягнулі мяне не з-пад лафета, а з ледзяной вады.

– Што заклініла? – глянуў ён на затвор i закрычаў: – Выбіць! Не ведаеце, што рабіць! Баннік у рукі! Хутчэй! – Маёр тупнуў нагой, убачыўшы маю нерашучасць.

Баннік – гэта пяціметровы шомпал – ляжаў на брустверы, на рагульках. Я выскачыў з катлавана. Камандзір дывізіёна сам апусціў ствол пушкі, адначасова загадваючы нумарам заняць свае месцы.

Я асцярожна ўсадзіў баннік у ствол. Восем месяцаў нас вучылі, што выбіваць патрон баннікам небяспечна – снарад можа разарвацца. I раптам я павінен выбіць яго… Загінуць ад свайго снарада пры першай сустрэчы з ворагам… Хіба можа быць больш недарэчная, больш крыўдная смерць?

– Выбівайце ж! – закрычаў маёр.

Угары зноў зараўлі маторы. Я задраў галаву і… зноў убачыў усё тыя ж крыжы… Злавесныя крыжы! I нейкая неразумная, адчайная рашучасць апанавала мяне ў гэты міг: усё адно ад чаго паміраць! Адступіўшы, праўда, крыху ўбок, з усёй сілай штурхнуў баннікам у снарад. I застыў, чакаючы, што здарыцца: разнясе мяне ўсяго ці толькі адарве рукі? Нічога не здарылася. Цяжкі унітарны патрон вылецеў з магазіна. Маёр злавіў яго i перадаў сяржанту. Потым, глянуўшы ўгору, закрычаў мне, але ўжо не ўладарна, не злосным, а ўстрывожаным голасам:

– Назад! У катлаван!

Я выхапіў баннік, i ён… пераламаўся недалёка ад маіх рук, а з-пад ног у мяне, ад камення, пырскнулі іскры. Я ў жаху адкінуў абломак і, паваліўшыся на зямлю, скаціўся ў катлаван.

Маёр падхапіў мяне на рукі.

– Ранены, таварыш курсант?

Ён спытаў так па-чалавечы хораша, ласкава, што я нічога не мог адказаць – праглынуў салены камяк. Як маленькаму, захацелася прытуліцца да грудзей гэтага дужага i смелага чалавека.

– Цэлы? Доўга жыць будзеш! Па табе фашыст біў… Бачыш, баннік, сукін сын, перасек чаргой. – Маёр трасануў мяне за плечы, прыветліва ўсміхнуўся i, агледзеўшы неба, сказаў: – Ну, здаецца, адбой. Доўга яны віселі над намі.

Калі неба, бясхмарнае паўночнае неба, стала чыстае i ціхае, маёр пастроіў батарэю. Панурыя, з пазелянелымі тварамі стаял! курсанты: відаць, ва ўсіх быў такі ж прыгнечаны i цяжкі настрой, як i ў мяне. Маёр спакойна прайшоў паўз строй, аднаму паправіў рэмень, другому змахнуў з грудзей пясок; хітрая i добрая ўсмешка хавалася ў зморшчынках каля вачэй.

– Што, атрымалі баявое хрышчэнне? Страшна? – Строй маўчаў.– Страшна, безумоўна, – адказаў ён сам за ўсіх. – Першы бой самы страшны, я помню. Але зарывацца ў зямлю насамі нам, зенітчыкам, не дазволена…

Лейтэнант Купанаў, які стаяў побач з камандзірам дывізіёна, пачырванеў, як дзяўчына, выцягнуўся.

– Вінаваты, таварыш маёр.

Наш камбат – тыповы вайсковец, узорны ва ўсіх адносінах афіцэр: падцягнуты, акуратны, лаканічны ў словах, у меру суровы i мяккі, заўсёды справядлівы, a галоўнае – усе ўмее: не было, здавалася, такой справы, якой ён не зрабіў бы. Нізкі ростам, шчуплы, ён, аднак, хутчэй за ўсіх зараджаў гармату, дакладнеи за ўсіх працавау на дальнамеры i прыооры, лепш за ўсіх страляў з вінтоўкі i пісталета; ён вучыў нас абіраць бульбу хутка i эканомна; ён у тры разы хутчэй наматваў абмоткі i выбягаў па трывозе, чым самы спрытны i ўвішны з нас – масквіч, спартсмен Раман Войтаў. Мы любілі лейтэнанта i паміж сабой называл i Напалеонам. Асабліва мы, вальналюбцы, паважалі яго за тое, што ён ніколі не губляўся ні перад якім начальствам, ні перад якой інспекцыйнай праверкай, няхай бы яе рабіў хоць сам маршал. Заўсёды Купанаў паводзіў сябе спакойна i ўпэўнена.

А тут так разгубіўся, што ажно неяк па-дзіцячы зашморгаў носам. Я зразумеў, што яму сорамна за сваю слабасць – за каманду: «Ва ўкрыццё!», за батарэю, за нашу ганебную стральбу, i мне стала шкада яго, бо i самому мне было сорамна i прыкра. Добра, што маёр разумны чалавек.

– Я пакуль што нікога не вінавачу, – сказаў ён. – Але майце на ўвазе. Зарубіце, як кажуць, на носе. Любы род наземных войск мае права, нават павінен укрывацца ад авіяцыі. Мы, зенітчыкі, не маем гэтага права. Мы можам схавацца ад агнявога налёту артылерыі, але ад самалётаў – ніколі! Добранькая справа, калі б мы, замест таго каб прыкрываць аэрадром, станцыю, свае войскі, залезлі ў шчыліны. Чаго б мы былі варты?! Гэта ўсё адно, каб пяхота схавалася ад штыкавой атакі праціўніка. Запэўняю вас, калі б усе гарматы вялі агонь хаця б так, як чацвёртая, фашысты не адважыліся б лезці на батарэю так нахабна…

Мяне ўразіла, што ён гаворыць пра ўсё гэта так проста i разважліва. Уразіла, але не заспакоіла, а яшчэ больш напалохала: ён гаворыць так, быццам нам наканавана праз многія месяцы i гады штодзень бываць пад бомбамі i кулямётным агнём. Няўжо штодзень будзе паўтарацца такое? Колькі ж часу бомбы i кулі будуць пралятаць міма? Сёння яны разбілі сталоўку i ранілі кухара i шафёра. A заўтра? Заняты сваімі думкамі, я дрэнна чуў, што яшчэ гаварыў маёр Ярмілаў.

Ды раптам у другой шарэнзе, там, дзе стаяў чацвёрты разлік, нехта пырснуў смехам.

Маёр сурова нахмурыўся:

– Што за смех? Хто смяяўся?

Строй застыў.

– Хто смяяўся?

– Я! – адгукнуўся зараджаючы чацвёртай гарматы Павел Кныш, здзівіўшы ўсіх: бадай што самы сур'ёзны i стрыманы курсант, старэйшы па гадах за іншых, нават за камандзіра батарэі. Ён, як настаўнік, карыстаўся колькі год адтэрміноўкай ад прызыву ў армію. Што здарылася з ім?

– Два крокі ўперад, марш!

Кныш выйшаў ca строю.

– З чаго смяяліся?

– Вінаваты, таварыш маёр… Я ўспомніў, што наш сяржант даў каманду: «Газы»… пасля таго, калі вунь там, за пазіцыяй, упала бомба. А цяпер я ўбачыў, што бомба гэтая разнесла, прабачце… прыбіральню.

Усе павярнулі галовы туды, дзе стаяла батарэйная прыбіральня, i нечакана… строй грымнуў рогатам. Маёр таксама засмяяўся. Ажно слёзы заблішчалі ў вачах. Выціраючы ix, праз смех сказаў:

– Газы? Ах, чортавы дзеці! Але i газы могуць быць!

Толькі лейтэнант Купанаў гідліва зморшчыўся. Ды яшчэ адзін чалавек не ўсміхнуўся нават – я. Было не да смеху. Я не разумеў, як можна рагатаць з такога глупства, калі ў твар табе глядзіць смерць.

Калі чысцілі гарматы i рыхтавалі новы камплект боепрыпасаў, у мяне нечакана з'явілася думка – пачаць зноў весці дзённік. Некалі да арміі, у тэхнікуме, я акуратна запісваў усе падзеі свайго студэнцкага жыцця. Тут, на батарэі, кінуў – замяніў пісьмамі да Сашы, якія пісаў кожную вольную хвіліну (хоць хвілін такіх было нямнога), кожны святочны дзень, i нават прасіў дазволу ў камандзіра рабіць гэта ў «мёртвую гадзіну», пасля абеду, калі ўся батарэя адпачывала. А цяпер… ці будуць цяпер даходзіць мае пісьмы ў родную далячынь? Ды i не ўсё можна напісаць, цяпер вайна. А мне хочацца, каб Саша, мая Саша, i мая дачка калі-небудзь даведаліся, як я пачаў вайну, з якімі думкамі жыў гэтыя дні… Я веру, што, калі загіну, знойдзецца добрая душа i перашле дзённік Сашы. Дарагі таварыш, калі трапіць у твае рукі мой дзённік, вельмі прашу выканаць мае жаданне, адрас запісаны на многіх старонках гэтага сшытка.

I вось я пішу… Можа, залішне падрабязна апісаў наш першы бой з нямецкімі самалётамі, бой, пра які хочацца забыцца, не ўспамінаць, ды, напэўна, ніколі, да смерці, не забудзеш. Пішу, прымасціўшыся ў гарматным катлаване, за снараднымі скрынкамі, ад якіх пахне дрэвам i маслам. Батарэя адпачывае. Цішыня. Неверагодная цішыня навокал. Нават чамусьці не чуваць шуму гідрастанцыі. Толькі Паўлюк парушае цішыню сваім моцным храпам. Ды зрэдку перакідваюцца паміж сабой словамі разведчыкі. Цяпер ix двое – сочаць за небам, аглядаюць яго празрысты блакіт у вялікія біноклі. Сіратліва, як бы яно не натуральнае, а зробленае, дэкаратыўнае, вісіць над сопкамі халоднае сонца. Дзве гадзіны ночы. Я зайздрошчу сябрам, якія здолелі заснуць пасля ўсяго, што адбылося. Не, не ўсе заснулі…


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю