355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Трывожнае шчасце » Текст книги (страница 12)
Трывожнае шчасце
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 02:20

Текст книги "Трывожнае шчасце"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 12 (всего у книги 43 страниц)

– Ведаю, – перапыніў яго Гусеў.– Чуў. Аднак, брат, служба. Мушу праверыць дакументы.

Камісар спакойна расшпіліў кішэню гімнасцёркі. Саша зноў убачыла гузік з зоркай i зноў адчула халадок пад сэрцам.

Гусеў разглядаў дакументы вельмі ўважліва, нават адну нейкую паперку паглядзеў на святло лямпы. Чытаючы, варушыў губамі i жмурыў адно вока. Вяртаючы дакументы, кінуў Сашы:

– Пашанцавала табе. Калі з галавой – будзеце жыць прыпяваючы.

Лялькевіч хутка наліў шклянку самагонкі:

– Чарку, пан начальнік. За знаёмства.

Гусеў паглядзеў на шклянку, як галодны воўк, ажно іскры ў вачах бліснулі (усе ведалі, што п'е ён страшэнна), ад спакусы лізнуў языком тоўстыя сінія губы, але перадужаў сябе i адмовіўся:

– Служба, брат.

– Не грэбуйце, пан начальнік, – загаманілі адразу бабулі, якія дагэтуль маўчалі, нібы вады ў рот набраўшы, моцна спалоханыя яго прыходам.

Ён адрэзаў катэгарычна, нават злосна:

– Не магу! – I, павярнуўшыся да дзвярэй, літасціва дазволіў:– Газуйце! Можаце гуляць пазней.

Хадзіць па вёсцы дазвалялася да дзевяці вечара.

Але хто мог гуляць пасля яго наведвання? Бяседа адразу разладзілася. Першыя са словамі: «Ой, Божачка, засядзеліся мы, не маючы сораму!» – разбегліся суседкі. За імі Хвядос. Асталіся Раман з Ганнай i Аксана.

– Вып'ем, Пеця, па апошняй, – уздыхнуў стары. – На злосць супастату. – Ён ледзь прыкметна кіўнуў на акно.

– Гад, – з нянавісцю прашаптала Аксана, маючы на ўвазе таго ж, на злосць каму прапаноўваў выпіць Раман.

Калi i гэтыя госці развіталіся, Лялькевіч з дапамогай Даніка перабраўся на ложак i ціха паклікаў Сашу:

– Аляксандра Фёдараўна! А цяпер успомніце сваю прафесію. Цяжкія ў вас абавязкі. Прабачце.

Саша пачала перавязваць яго i жахнулася: натруджаныя за дзень раны адкрыліся, кроватачылі. I адразу ў яе чулым сэрцы з'явіліся жаль i пяшчота да гэтага чалавека. Яна горача прашаптала:

– Родны вы мой! Як жа гэта вы? Яшчэ песні спявалі! Што ж вы раней не сказалі мне?..

Адрываючы бінты, яна ўбачыла, як ён збялеў, якія буйныя кроплі поту выступілі на лбе i скронях, але ён ні разу не заетагнаў, не войкнуў, толькі да крыві прыкусіў губу. З дапамогай Полі i Даніка яна прамыла, апрацавала раны, умела i хутка зрабіла перавязку. Калі змазвала ёдам губу, ён схапіў яе руку i прыціснуў да сваёй гарачай калючай шчакі i гэтак ляжаў, заплюшчыўшы вочы, без слоў, без рухаў, у парыве ўдзячнасці. Саша з мацярынскай ласкай пагладзіла яго стрыжаную галаву.

VII

На людзях Саша казала Лялькевічу «Пеця» i «ты». А самнасам яна звярталася гэтак жа, як тады, калі яны працавалі ў Заполлі, яна – фельчарам, ён – настаўнікам. Толькі без ранейшых жартаў, без весялосці, ca значна болыиай павагай: яна забывалася, што ён настаўнік, але заўсёды помніла, што ён – камісар атрада.

Аднойчы Лялькевіч сказаў ёй:

– Аляксандра Фёдараўна, ці не лепш нам увесь час казаць адно аднаму ты? А то не памыліцца б часам пры старонніх, не выдаць бы сябе!

Яна нічога не адказала на яго прапанову: адносіны ix аставаліся такімі ж, як у першы дзень, i ён, разумны, далікатны чалавек, больш ніколі не вяртаўся да гэтай тэмы. Ён добра разумеў яе душэўны стан.

Сашы было цяжка. Да таго як прыехаў Лялькевіч, яна ўспамінала мужа, сумавала, зрэдку плакала над калыскай, па-простаму, па-жаночаму пытаючыся: «Дзе наш тата, дачушка мая? Ці жывы ён? – i тут жа суцяшала сябе: – Жывы, жывы, Леначка! Сэрца мае чуе».

Было гора. Але яна штодзень бачыла Аксану i тых жанчын, у каго асталося па двое, па трое i больш дзяцей, i яе гора танула ў акіяне ўсенароднага гора, яе слёзы здаваліся кроплямі ў моры жаночых слёз. У цяжкай працы, у клопатах аб кавалку хлеба для сябе i блізкіх ёй удавалася гадзінамі не думаць пра Пецю. Збіраючыся разам, жанчыны часам жартавалі i смяяліся, расказвалі пра розныя вясёлыя здарэнні – не ўсё ж гаварыць пра вайну i ліць слёзы! – i ў такія хвіліны яны забываліся на тое, што кожная з ix перажыла i передумала бяссоннымі начамі, i гэтыя паўзы, гэтыя перадышкі аднаўлялі ix сілы, ix мужнасць i цвёрдасць.

Цяпер у Сашы не стала гэтых разрывай. Жанчыны смяяліся, а яна ні на момант не пераставала думаць, што недзе ў хаце ляжыць чалавек, якога усе яны лічаць яе мужам. Яна думала пра яго, бачыла Пецю. Заўсёды, уначы i ўдзень, на рабоце i ў часе адпачынку, кожную секунду яны абодва стаялі перад яе вачамі, i за абодвух яна хвалявалася, перажывала. Часам жанчыны пыталіся ў яе з жартаўлівым намёкам:

– Як ён у цябе, Саша, акрыяў хоць трохі? Кармі яго лепей, не скупіся.

Яна любіла i разумела жарты, але гэты жарт вельмі балюча кранаў сэрца.

Неяк Уладзімір Іванавіч у ціхай размове, якую яны часам цяпер вялі ўвечары, сказаў Даніку:

– Слухай, Данік, ці нельга табе наладзіць «дружбу» з паліцаямі, так, як ты ладзіў з Кузьмою? Нам гэта можа спатрэбіцца.

Хлопец пашкроб патыліцу:

– Я, вядома, магу. Але ведаеце, Уладзімір Іванавіч, чаго я баюся? Што я раблю для нашай перамогі – таго вяскоўцы не ведаюць, не бачаць, а «дружбу» з паліцаямі адразу ўсе ўбачаць. Вернуцца нашы, а вас, можа здарыцца, не будзе блізка, атрада таксама, i возьмуць тады мяне за штаны свае ж людзі. Крыўдна гэта будзе вельмі.

Сашу надзвычай уразіў такі погляд брата ў будучыню, у тыя дні, калі, напэўна, кожны павінен будзе даць адказ калі не перад людзьмі, то перад уласным сумленнем, што ён зрабіў для перамогі.

У тую ж ноч, калі пагасілі каганец i кожны лёг на сваё месца, у яе бліснула гэтая страшная думка: вернуцца нашы, прыйдзе Пеця і… раптам ён не зразумее, не захоча зразумець, чаму яна прытуліла Лялькевіча, назвала мужам. Кажуць, рэўнасць асляпляе чалавека, робіць неразумным. Яна зноў прыгадала, як Пеця прыраўнаваў да гэтага ж Уладзіміра Іванавіча, калі ўбачыў ix разам на валейбольнай пляцоўцы, як ён сапраўды страціў тады розум i проці ночы пабег немаведама куды i ледзь не трапіў у абдымкі Любы. Што, калі ён зноў не зразумее, не паверыць, што толькі выпадак, выключны выпадак звёў ix разам? Як гэта будзе страшэнна крыўдна i абразліва!

«Не, – пераконвала яна сябе, – тады ён быў малады, неразумны, i нас нішто не звязвала. А цяпер ён сталы, ён сам пройдзе праз вялікія выпрабаванні i пакуты, i цяпер у нас дачка. Як жа ён зможа хоць на хвіліну ўсумніцца ў маёй сумленнасці i адданасці! Нарэшце, яму скажуць Поля, Данік, Уладзімір Іванавіч…»

Потым ёй стала цяжка не ад таго, што гэта можа здарыцца, што Пеця прыраўнуе, а ад таго, што ў яе з'явілася такая думка аб ім, якая нібы кідала цень на светлы вобраз мужа. Выходзіла так, быццам бы яна, Саша, кепска ведае бацьку сваёй дачкі i сумняваецца ў яго розуме, шчырасці, высакародстве. Праз гэта яна доўга пакутавала.

Партызаны перадавалі цераз хлопцаў медыкаменты, рыбін тлушч, i Лялькевіч пры добрым Сашыным i Поліным доглядзе хутка ачуняў, раны яго «гаіліся, як ад жывой вады», – жартаваў ён сам. Праўда, тлушч ён рэдка піў – аддаваў Ленцы: малой спадабалася прысмака, i шчокі яе за які-небудзь тыдзень прыкметна паружавелі. У вогуле яго адносіны да Ленкі таксама выклікалі ў Сашы незразумелую трывогу i рэўнасць. Вельмі ж ужо ласкавы i чулы быў гэты чужы чалавек да яе дачкі. Саша доўга пазбягала пакідаць Ленку з ім. Але гэта рабілі Поля i Данік, i камісар атрада цудоўна спраўляўся з нялёгкімі абавязкамі нянькі. Вярталася Саша, хапала дачку на рукі, а яна плакала i цягнулася назад, да ложка, на якім сядзеў ці ляжаў Лялькевіч. У Сашы балюча шчымела сэрца. I ў той жа час самую яе нейкая невядомая сіла цягнула да гэтага чалавека. Яна не памылілася, калі падумала, што ён прыйшоў не толькі дзеля таго, каб залячыць свае раны. Ён адразу ўзяў у свае рукі кіраўніцтва ix групай, цяпер уся дзейнасць маладых падпольшчыкаў накіроўвалася ім.

Але, відаць, не толькі ix групай ён кіраваў. Трымаючы шчыльную су вязь з атрадам, ён рабіў нешта значна большае… Недарма ўжо праз некалькі дзён паслаў ён Даніка ў Гомель з нейкім сакрэтным заданием. Праз яго Саша даведалася нарэшце, хто такі Стары, імя якога хлопцы ўтойвалі нават ад яе, члена арганізацыі.

Увечары перад Калядамі за акном ix хаты пачуўся моцны i прыгожы мужчынскі бас:

 
Шчадрую, шчадрую,
Каўбасу чую.
Дайце каўбасу —
Дамоў панясу,
Дайце другую —
Яшчэ пашчадрую…
 

Потым той жа голас выгукнуў на ўсю вуліцу:

– Хлопцы! Вы давайце далей, а я забягу ў гэтую хату. На каўбасу тут надзея малая, але хачу паглядзець, што за чалавек прыйшоў да Хведаравай дачкі. Кажуць, песні ведае. Можа, мы спеліся б з ім!

– Каваль наш. Дзівакаваты чалавек. Сам каваль, i прозвішча Кавалёў,– растлумачыла Саша Лялькевічу, які моўчкі ляжаў на ложку i прыслухоўваўся да шчадровак за акном. Яны толькі двое былі ў хаце. Саша гатавала вячэру. Занятая сваёй справай, яна не бачыла, як усміхнуўся камісар. Ды i цяжка было ўбачыць: хату толькі напалавіну асвятляў чырванаваты дрыготкі водбліск агню, што гарэў на прыпечку; кут за грубкай, дзе стаяў ложак, тануў у змроку.

…Сапраўды, калгасны каваль Аляксей Сафронавіч Кавалёў меў славу дзівака. Некалі ён служыў дыяканам. Але ў годзе трыццатым адмовіўся ад гэтай непрацоўнай прафесіі i пайшоў на завод кавалём. Тлумачыў свой пераход ён заўсёды жартам: «За голас мой i імя – «Аляксей – чалавек Божы» – бацька, паслухаўшыся папа, паслаў мяне вучыцца на «святога айца», спадзяваўся, што я мітрапалітам стану. Але ўратавала мяне ад духоўнага сану мае прозвішча, яно падказвала, што месца мае не ў царкве, a ў кузні».

Голас ён меў сапраўды моцны i прыгожы, акрамя таго, каваль быў добры музыка – граў на гармоніку i скрыпцы. А таму ўсё наваколле ведала яго не горш, як таго папа, бо ён быў госцем амаль на кожным вяселлі, на кожных радзінах i нават на многіх гулянках моладзі. Бывала, выйдзе ўвечары з хаты, пачуе, што недзе на другім канцы вёскі, а то i ў суседнім пасёлку моладзь спявае, паслухае – i да жонкі: «Эх, маці, хораша спяваюць! Збегаю падтрымаю».

Жонка, з якой ён жыў, як казалі, «душа ў душу», ніколі не пярэчыла, i гэты грузны мужчына, якому падбіралася пад пяцьдзесят, са спрытам юнака бег на спеў, каб «адвесці душу». За гэтае дзівацтва некаторыя лічылі, што ў каваля «не ўсе дома». Збівала яго з «нармальнага тропу» яшчэ адна «хвароба», якая, як ён сам тлумачыў, i прывяла яго з горада ў прырэчную вёску, – быў ён надзіва заядлы рыбалоў. За гэта i за вясёлы характар асабліва любілі каваля дзеці, яны заўсёды былі яго лепшымі сябрамі. Здаралася, што ў прыпар ламалася жняярка ці малатарня, прылятаў коннік у кузню, а каваля няма. Але кожны з вяскоўцаў ведаў, дзе i як яго шукаць – каля рэчкі, па галасах дзяцей.

…Каваль адчыніў дзверы ў хату і, замест звычайнага прывітання, грымнуў так, што ажно калыхнулася полымя на прыпечку:

– Раждзя-яство-о тва-аё-о, Хрысце-е, Бо-о-жа на-аш!..

Саша са смехам заціснула вушы; яна любіла гэтага

вясёлага чалавека, ведала, які ён жартаўнік.

– Дзядзька Аляксей, дачку разбудзіце.

Ён заціснуў далоняй рот.

– Прабачай, атракавіца. Забыўся. Мір дому сяму. – Зняў шапку, угледзеўся ў паўзмрок. – Кажуць людзі, добрага чалавека ты сабе прыдбала?

– Чалавек як чалавек, – усміхнулася Саша.

– Кажуць, песні ведае?

– Спявае часам. Пеця! – паклікала яна.

Зарыпеў ложак, стукнула мыліца – Лялькевіч выйшаў з-за грубкі на святло.

Каваль варухнуў рудымі кашлатымі брывамі, якія ранен у яго заўсёды был i падпаленыя, а цяпер адраслі, бо працы ў кузні не было, i неяк выпрастаўся, ад чаго здаўся яшчэ больш высокім.

– Вось ён які, твой чалавек! – Пачціва схіліўшы галаву, павітаўся выразна, па-руску: – Здравствуйте. Я тутэйшы каваль. Зайшоў пазнаёміцца.

Лялькевіч з цёплай усмешкай на твары працягнуў руку, як добраму знаёмаму:

– Добры вечар, Аляксей Сафронавіч.

Каваль кінуў на Сашу вясёлы позірк, імкліва схапіў руку камісара, моцна сціснуў, накрыў шырокай, як лапата, далоняй левай рукі i радасна пачаў трэсці.

– Рады, дарагі Уладзімір Іванавіч, што бачу вас паздаравелым. Дзякуй табе, Хведараўна, што выхадзіла чалавека.

Саша ад здзіўлення разявіла рот.

Павітаўшыся, яны адразу схаваліся за грубку, каб не было відаць з вокнаў, хоць заглянуць з вуліцы ў хату ніхто не мог: шыбы пакрыліся тоўстым пластом намаразі. Аднак лішняя асцярожнасць не шкодзіла. Саша ўсё яшчэ нічога не разумела.

Лялькевіч, злавіўшы яе неўразуменны позірк, растлумачыў:

– Гэта той, Аляксандра Фёдараўна, каго хлопцы завуць Старым.

– Мне варта было б пакрыўдзіцца! Які я стары! – пажартаваў Аляксей Сафронавіч i, панізіўшы голас амаль да шэпту, пачаў дакладваць аб справе: – Значыцца, так, Уладзімір Іванавіч, каб не траціць часу… У Гомелі я быў, праўда, на завод не трапіў – немец арганізаваў там рамонт танкаў, паставіў варту… Але з людзей сяго-таго знайшоў… Мала сапраўдных людзей асталося – заводы эвакуіраваны, рабочы клас выехаў у тыл. Але чалавек трох знайшоў. Надзейныя людзі – дружбакі мае колішнія, з якімі я працаваў некалі. Арганізацыі ў ix пакуль што няма, але цяпер будзе, калі я ўсё ім расказаў… Людзі рвуцца помсціць. Галоўнае – зрабіць пачатак, каб было ядро. За гэтых людзей ручаюся.

– Добра. Няхай арганізуюцца вашы сябры. Будзеце трымаць з імі сувязь… Пасля звяжам ix непасрэдна з атрадам. З такіх груп мы павінны стварыць у горадзе моцную баявую арганізацыю. Такое ўказанне партыі. Добра, Аляксей Сафронавіч. Дзякую за ўсё.

– Няма завошта, Уладзімір Іванавіч. Усе служым трудавому народу.

Саша стаяла каля прыпечка, як на варце, падкладала ў агонь трэскі, здымала з варыва пену i слухала ix ціхую размову. У душы яе расло нейкае ўрачыстае захапленне: відаць, ад таго, што разам з імі такі чалавек, як каваль, i, напэўна, яшчэ ад таго, што камісар даверыў ёй тое, што хлопцы чамусьці хавалі, даверыў нават больш – надзвычай сакрэтныя планы. У вогуле з яго прыходам Саша адразу зразумела, сэрцам адчула, які велізарны размах набывае барацьба супраць ворага, як шырока яна разгортваецца. I гэта, нягледзячы на ўсе яе асабістыя перажыванні, радасна акрыляла, быццам яна паднялася высока-высока i ўбачыла шырокія прасторы, на якіх разгараўся агонь змагання. Мацнела яе вера ў блізкую перамогу. Вера гартавала волю, надавала мужнасці. Цяпер кожны факт, які сведчыў пра разгортванне барацьбы, прыносіў ёй радасць. «Вы хацелі скарыць нас, паставіць на калені, дык вось вам – атрымлівайце!» – з нянавісцю думала яна пра акупантаў. Каваль-падпольшчык чамусьці ўзрадаваў яе.

Ён сядзеў на ляжанцы і, нахіліўшыся да Лялькевіча, які прымасціўся ніжэй, на ўслончыку, глуха бубніў (гаварыць шэптам ён не ўмеў):

– Думалі мы з хлопцамі, як вы раілі, каго яшчэ можна ўцягнуць у арганізацыю. Безумоўна, людзей добрых многа. Але я за асцярогу. Покуль што прапаную двух хлопцаў: Паўліка Катуха i Лёню Давыдзенку. Аляксандра ведае ix, – кіўнуў ён на Сашу. – За гэтых хлопцаў я ручаюся. Рыбаловы!

Лялькевіч прыглушана засмяяўся:

– Рыбалоў – найвышэйшая атэстацыя?

– Рыбаловы – мае лепшыя сябры. A сяброў сваіх я ведаю, Уладзімір Іванавіч.

– Добра. Прымайце. Але дамовімся так: пра тое, што ў арганізацыі Аляксандра Фёдараўна i Даніла, няхай новыя не ведаюць… Пакуль што.

– Данілу схаваць нельга.

– Трэба, пакуль не праверым людзей у баі. А што да Аляксандры Фёдараўны, то пра яе наогул, думаю, не трэба гаварыць усім членам арганізацыі.

– Значыцца, мне наканавана ўвесь час ад сваіх хавацца? – спытала Саша як бы ў жарт, але з прыкметнай ноткаи крыўды ў голасе.

– Ад немцаў, Аляксандра, – прагудзеў у адказ каваль. – Ад паліцаяў. А свае будуць ведаць. Не цяпер – пасля даведаюцца. Берагчы цябе мыбудзем, як вока… Не забывай, што ў тваіх руках – не адно тваё жыццё… I без таго ты робіш вялікую справу.

– Што я там раблю!

– Не кажы! Выратаваць, вылечыць, схаваць аднаго радавога савецкага байца – гэта ўжо, брат ты мой, подзвіг. А Уладзімір Іванавіч…

Саша ўбачыла, як Лялькевіч сціснуў калена каваля, i той змоўк.

Яны прыслухаліся да крокаў на вуліцы, да шчадровак.

– Не асуджаеш, Уладзімір Іванавіч, маю выдумку з шчадраваннем? – спытаў каваль пасля хвіліны маўчання i, не чакаючы адказу, растлумачыў: – Хацелася мне хлопцаў разам сабраць так, каб гэтыя ганчакі не западозрылі ні ў чым. Яшчэ тыдзень назад пайшоў я да Гуся, спытаў дазволу, ці можна аднавіць старыя народныя традыцыі. Ты думаеш, пень гэты сам вырашыў? Трасца! Паехаў да гаспадароў сваіх – немцаў… А там, відаць, хітры гад сядзіць: даў загад – аднаўляць i падтрымліваць усё, што звязана з рэлігіяй, з верай. Паліцаі гэта разнеслі па сяле. I ведаеш, які вынік? Вырашылі нашы бабулі адкрыць сваю царкву. А папа няма. Вось i з'явілася ўчора дэлегацыя да мяне – запрашаюць заняць гэтую высокую пасаду. Хо-о-о! – Каваль забыўся i рагатаў – быццам сыпануў бульбу аб падлогу.

Лялькевіч ляпнуў яго па плячы:

– Цішэй вы, гром пятроўскі! Што ж вы адказалі?

– Прыняў дэлегацыю з павагай і… дыпламатычна адмовіўся. Не маю права, кажу, я – расстрыга.

– I цяпер нельга паправіць?

– Што?

– Каб стаць вам папом?

Каваль вытрашчыў на Лялькевіча вочы:

– Чакай! Вы лічыце, што гэта нам патрэбна?

– Думаю, што не зашкодзіла б. Нашым людзям было б лягчэй прыходзіць да папа, а яму – ездзіць у горад, у суседнія вёскі. I наогул сустракацца з рознымі людзьмі, «паладзіць» з уладай. Не карысна хіба?

Каваль ляпнуў сябе далоняй па лбе:

– Ах ты, ліха мае! Як жа гэта я, такі мудрэц i хітрэц, не дадумаўся! Вось праўду кажуць, век жыві – век вучыся. Пабаяўся, што рыза мая не спадабаецца хлопцам. Яны любяць каваля i рыбалова… Добра, Уладзімір Іванавіч, паспрабую пачаць перагаворы…

Калі абмеркавалі падпольныя справы, каваль раптам прапанаваў:

– Давай спяём, Уладзімір Іванавіч, што-небудзь.

– Што вы! – Камісар нават разгубіўся ад такой нечаканай прапановы. – Пачуюць. Што падумаюць? У такіх умовах. Ды яшчэ перад святам.

– А мы так, каб ніхто не пачуў.– Каваль пасунуўся на ляжанцы да глухой сцяны i, не чакаючы згоды, ціха заспяваў:

 
За Сибіром сонце сходить…
Хлопці, не зівайте…
 

Лялькевіч не вытрымаў, падцягнуў:

 
Ви на мене, Кармелюка,
Всю надію майте!..
 

Так, напаўголаса, праспявалі куплеты два.

Аляксей Сафронавіч уздыхнуў, пахваліў, як той казак:

– Добра, сынку! Эх, ірвануць бы нам з табой на поўны голас! – I, нахіліўшыся да Лялькевіча, заспяваў яшчэ цішэй, без слоў, «Свяшчэнную вайну».

Сашу быццам удары л а токам – скалануўся, уздрыгнуў кожны нерв.

Гэтую песню яна ўпершыню пачула некалькі дзён назад: тут жа, у гэтым закутку, у такі ж вячэрні час, гэтак жа амаль шэптам Лялькевіч навучаў Даніка спяваць яе. I вось ужо спявае каваль. Не, не адзін ён! Спявае камісар – Саша чуе яго голас. I сама яна таксама спявае, суровая мелодыя гучыць у душы, у галаве, запаўняе ўсю яе істоту. Яна падышла да спевакоў, засланіла ix ад акна. Але песня змоўкла.

Аляксей Сафронавіч гнеўна прашаптаў:

Гнилой фашистской нечисти

Загоним пулю в лоб,—

i саскочыў з ляжанкі.

– Пара мне ісці. Хлопцы чакаюць. Каб яны часам не выбрыкнулі чаго-небудзь без мяне.

– Хлопцаў беражыце, Аляксей Сафронавіч, – з бацькоўскім клопатам папрасіў Лялькевіч.

* * *

Аднойчы Данік i Цішка ўскочылі ў хату вельмі ўзрушаныя. Данік цягнуў сябра амаль сілком. Той асабліва не ўпіраўся, але нагадваў раз'юшанага звярка: маленькі, у расшпіленым кажушку, у вялікіх стаптаных валёнках, ён выглядаў нейкім дзікаватым, натапыраным.

Лялькевіч i Саша насцеражыліся. Хлопцы ніколі гэтак не ўрываліся, яны наогул рэдка хадзілі разам, каб асабліва не выяўляць сваю дружбу, i ставіліся адзін да аднаго гэтак жа, як кожны з ix ставіўся да любога іншага свайго равесніка-аднавяскоўца.

Яныспынілісяўпарозе. Данік, задыханы, расчырванелы, кінуў позіркам, ці няма старонняга ў хаце, i адразу да Лялькевіча:

– Таварыш камісар! Скажыце вы яму… Вось жа дурань!

Цішка стаяў збялелы, пасінелыя губы яго перасмыкаліся як ад болю, а вочы гарэлі такім гневам, што Сашы стала страшна.

– Усё адно я застрэлю гэтага гада! Усё адно я заб'ю яго… Усё адно, – прашаптаў ён, выставіўшы сціснутыя кулакі.

– Не так трэба забіваць! – прыкрыкнуў Даніла. – Падпольшчык!

Лялькевіч зразумеў, што здарылася нешта вельмі сур'ёзнае, i па-камандзірску паказаў рукой у закутак паміж печчу i грубкай, які стаў месцам, дзе вяліся ўсе падпольныя размовы.

Хлопцы зайшлі туды, прытуліліся плячамі да сцяны.

Лялькевіч стаў насупраць ix, тварам у твар, шэптам загадаў:

– Дакладвай, Данік.

– Паліцаі арыштавалі Ганну з Рэпак. Нехта зноў данёс, што ў яе партызан начаваў… Вялі яе, а мы за крамай стаялі, сачылі. А тут дачка яе, Манька, гадкоў шэсць ёй, бяжыць следам, хапаеццаза кажух, крычыць: «Мама! Мамачка…»

Данік змоўк i як бы праглынуў нешта. A ў Цішкі вочы напоўніліся слязамі. Ён сарваў з галавы сваю аўчынную вушанку i закрыў ёю твар.

– Фашыст ён пракляты! Усё ад но я яго…

Данік з жарам перабіў Цішку:

– Ты яго! Ты нас праваліў бы, як эсэр які!

– Спакойна! – патрабаваў Лялькевіч. – Па парадку! Што было далей?

– Далей… гад гэты, бандыт Гусеў,– цяпер ужо i Данік ажно скрыгатаў зубамі,– як схопіць малую ды як шыбне ў снег… Быццам гэта не дзіця, не чалавек. Сволач ён! Ну, Цішка i не вытрымаў – за пісталет… Добра, што я ўбачыў… Я не ведаў, што ў яго пісталет… У нас была пастанова: удзень зброі не насіць. Навошта ён носіць, як анархіст які? Добра, што я ўправіўся схапіць яго за руку i вырваць гэтую рэч. – Данік дастаў з кішэні пісталет i працягнуў Лялькевічу. – Добра, што нас ніхто не бачыў, мы адны за крамай стаялі… Самі сябе выдал i б… Разумеет ты?

– Усё адно я заб'ю яго! – з дзіцячай упартасцю цвярдзіў сваё Цішка.

Лялькевіч прысеў на ўслончык.

– Саша, паглядзіце, калі ласка, каб нас ніхто не захапіў знянацку, – папрасіў ён.

Але Саша ўжо стаяла на варце: слухаючы ix размову, не спускала вачэй з акна, праз якое відаць была брамка.

Лялькевіч спытаў Ціхана стрымана, але сурова:

– Што ж гэта ты, герой, загубіць нас усіх захацеў?

– Не мог я, таварыш… – страпянуўся юнак. – Вы стаялі б спакойна, каб пры вас такое?..

– Нервы слабыя? А партызану, падпольшчыку трэба мець моцныя нервы. Вельмі моцныя! Ты ўяўляеш, што мог бы нарабіць твой стрэл? Ты – аднаго Гусева…

– Я ўсіх бы ix, чатырох…

– Дапусцім. А потым?

Ціхан змоўк.

– Ну, а потым? Потым што вы рабілі б?

– Уцяклі б, – няўпэўнена прашаптаў Цішка.

– «Уцяклі»! – перадражніў яго Данік. – Куды б ты уцёк?

– Сапраўды, куды можна ўцячы па такім снезе? Але дапусцім, што ўцяклі б. Вы маладыя, спрытныя… А мы? Фашысты адразу схапілі б тваю маці, сясцёр, мяне, Сашу. Ты падумаў пра гэта?

Ціхан ніжэй нахіліў галаву.

– Нічога ён не думаў! – дакараў сябра Данік.

– У нашай суровай барацьбе з такім страшным i бязлітасным ворагам самае галоўнае – дысцыпліна. А ты парушыў яе, парушыў пастанову арганізацыі – не насіць зброі. Па сутнасці ты парушыў клятву. Мала таго – у цябе няма вытрымкі. Значыцца, слабая сіла волі. A калі ты трапіш у яшчэ горшыя абставіны? Можам мы, твае сябры, быць упэўненымі, што ты не падвядзеш нас?

– Таварыш камісар!.. Ды я памру, калі трэба!..

– Памерці – самае лёгкае на вайне. Каб мы думалі аб смерці, чаго была б варта наша барацьба! Мы думаем аб жыцці, аб шчаслівай будучыні для сваіх блізкіх, для народа. Зразумейце, гарачыя галовы. Мы не адмаўляемся ад такіх стрэлаў, але цяпер наша асноўная задача – збіраць, згуртоўваць сілы для залпаў, для вялікіх залпаў, якія мы зробім неўзабаве па ворагу. Замест таго каб страляць, калі позна ўжо, трэба было падумаць пра Ганну раней. Чаму мы не ўпільнавалі гэтага дарагога нам чалавека, маці? Чаму мы не папярэдзілі?.. Якія партызаны да яе прыходзілі? З якога атрада? Нам павінна быць сорамна, што мы не ведаем. Сорамна i балюча…

– Яна не ішла на сувязь, – пачаў апраўдвацца Данік, зразумеўшы, што дакор гэты не аднаму Цішку, але ўсёй арганізацыі.– Мы спрабавалі наладзіць з ёй сувязь яшчэ ўвосень. Сам Стары займаўся. Але яна i яму не паверыла. Яна нікому не верыла. Мы вырашылі, што тады яна выпадкова пякла хлеб партызанам, а потым спалохалася, i больш да яе не падступіцца…

– Слаба, значыцца, мы ведаем, што робіцца ў вёсцы. А мы павінны ведаць усё: чым жыве, што думае кожны чалавек. A ці адна толькі Ганна такая? Перадай, Данік, Старому, каб ён памог схаваць яе дзяцей…

Саша ўздрыгнула, пачуўшы пра дзяцей. Няўжо немцы могуць крануць дзяцей? Так, яны ўсё могуць. Дагэтуль, слухаючы хлопцаў, яна без страху, разважліва думала пра тое, што з арыштам Ганны могуць выплыць на паверхню асеннія здарэнні – уцёкі партызана з калодзежа, смерць Кузьмы. Яна вырашыла сказаць пра сваю асцярогу Уладзіміру Іванавічу, каб ён на ўсякі выпадак меў на ўвазе. Калі ж успомнілі пра дзяцей, яе апанавала тое цяжкае пачуццё, ад якога яна страшэнна пакутавала, бо цяпер ёй здавалася, што толькi адна яна такая баязлівая, a ўсе іншыя страху не ведаюць. Наіўная жанчына! Яна не разумела, што сіла не ў тым, каб зусім не мець гэтага пачуцця (смерці баяцца ўсе), a ў тым, каб умець перамагаць страх і, перамагаючы яго, сумленна выконваць свой абавязак. Яна не хавала свайго пачуцця ад Даніка, Полі, нават ад чырвонаармейцаў i суседзяў, але цяпер – перад Уладзімірам Іванавічам – яна ніколі не выдасць свайго страху. Ніводным словам, ніводным рухам! Таму i пра апаску сваю вырашыла маўчаць. Але сам камісар усё помніў, усё ўлічваў!

– Да здарэння з Кузьмой не дакапаюцца? – спытаўся ён у Даніка.

– Не! – упэўнена адказаў хлопец. – Ніхто ж нічога не ведае. Абы маўчала цётка Хадоска. А яна будзе маўчаць! Яна набожная стала, дзень i ноч моліцца… Хіба толькі Старому можа паспавядацца.

– Асцярожнасць, таварышы, у падпольнай справе – аснова поспеху. Мы павінны ўсё бачыць i ўсё ўлічваць наперад. I берагчы сваіх людзей. A здраднікі… Гусеў гэты i іншыя… нікуды яны ад нас не дзенуцца, не схаваюцца ад народнага суда. Мы пакараем ix…

Ціхан, крыху ўтаймаваны суровасцю i бацькоўскай лагоднасцю Лялькевіча, зноў загарэўся помстай.

– Даручыце мне! Таварыш камісар!

– Ох, рызыкант! Хочаш, каб змянілі п'яных паліцаяў зондэркамандай? Каму ад гэтага стане лягчэй?

– Ніякай рызыкі не будзе! Я падпільную яго дзе-небудзь пад горадам, як ляснічага. Каб i не падумалі на нашу вёску.

– Праўда! – раптам падтрымаў Данік. – Дазвольце нам стукнуць гэтага гада. Няхай ведае, як кідаць дзяцей… піць кроў людскую.

– Як ляснічага, кажаце? A ці шмат гэта дасць цяпер нашай барацьбе? Я хачу, каб вы заўсёды ставілі сабе такое пытанне. I заўсёды помнілі: мы – не забойцы, мы – суддзі. Мы караем ад імя народа. I народ павінен ведаць, хто i завошта пакараны, a галоўнае – ведаць, кім пакараны. Кожны наш стрэл па ворагу павінен узнімаць новых барацьбітоў, папаўняць нашы рады. Я сказаў вам: Гусеву нашай кары не мінуць. Але я катэгарычна забараняю самавольныя анархічныя дзеянні! Я папярэджваю, што надалей буду сурова караць тых, хто парушае дысцыпліну, законы падполля. Майце на ўвазе гэта! Ясна?

– Ясна, Уладзімір Іванавіч, – ціха адказаў Данік.

– Пісталет у цябе, Ціхан, я забіраю, каб ты не нарабіў глупства. I на першы раз папярэджваю.

Юнак цяжка ўздыхнуў: шкада было расставацца з пісталетам, які ён знайшоў яшчэ тады, калі яны з Данікам збіралі зброю на месцы бітвы. Пісталет ужо неаднойчы паслужыў яму як зброя пометы за вялікія крыўды народа.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю