355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Трывожнае шчасце » Текст книги (страница 39)
Трывожнае шчасце
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 02:20

Текст книги "Трывожнае шчасце"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 39 (всего у книги 43 страниц)

Здаецца, ніколі яшчэ ён, Шапятовіч, не адчуваў сябе так пагана: быццам сам сабе напляваў у душу, сам сябе прынізіў, абразіў вымушанай хлуснёй, вучнёўскім спалохам. А хто вінаваты? Яны – гэтыя старыя зайцы! Упершыню ён павысіў голас на ix. Старшыні вінавата маўчалі, бо ведалі, што самае цяжкае выпала на яго – «прыняць агонь на сябе». Але не змаўчала Саша:

– Чаго ты разышоўся? Спалохаўся? Сам ты горш за зайца. Паглядзі на сябе ў люстэрка – ажно збялеў. Ці выслужыцца так хочаш?

Жончыны словы распалілі яшчэ больш.

– Я ў твае акушэрскія справы не лезу! Не ўмешвайся i ты ў мае! Больш апалітычнага чалавека, як ты, я не ведаю! Дзіўлюся, як ты ў партызанах апынулася.

– Ах, які палітык! Які змагар! – Пятра надзвычай уразіла, што Саша прыжмурылася гэтак жа, як Анісімаў, i такія ж саркастычна-гнеўныя іскрынкі скакалі ў яе вачах. – Выходзіць, адзін ты свядомы, а мы – сляпыя кацяняты, бяздумна ідзём за табой, свядомым! – I не вытрывала – сарвалася, крыкнула: – Ты сваіх баб мацаў, калі другія ішлі на смерць! Герой спаднічны!

Такой абразы ён ад яе яшчэ не чуў. Каб пры людзях… Пятро захлынуўся крыўдай. Хіба ён не ішоў на смерць? Хіба не ён двойчы прастрэлены?

Немаведама, што яны маглі б нагаварыць адно аднаму, каб не Гаша: жанчына неяк хітра i ўмела «патушыла агонь», развяла ix.

Грышка, Грамыкаў сын, з сябрамі прыгнаў з поплаву лепшых коней. Аднаго асядлалі, сядло было хоць старое, падранае, але сапраўднае, кавалерыйскае, на другога каня ўскінулі мяшок з сенам. Каня з сядлом Грамыка гасцінна i ветліва, з адчуваннем сваёй віны, прапанаваў Пятру, i ён, нязграбна патанцаваўшы на адной назе, узабраўся на яго пад кплівыя ўсмешкі вучняў. Усмешкі, што дробачка солі на свежую рану.

Раздзяліўшы калгасы, паехалі шукаць старшынь. Знайшлі толькі аднаго – Фёдара Балотнага, старшыню «Ударніка». Між іншым, толькі ў яго група моладзі рабіла ў полі – садзіла бульбу, i сам ён быў з ёй, развозіў i раскідаў гной.

Да райцэнтра ехалі на фурманцы. Паганяў Панас. Часта цмокаў, нокаў, але лейцы тузаў неяк так, што трафейная кабыла – яго гонар i любоў – пасля такога тузання не рвалася ўперад, а, наадварот, запавольвала бег, пераходзіла на развалістую хаду, задаволена фыркаючы. Гэтая чарговая Панасава хітрасць злавала Пятра. Але яшчэ больш раздражняла i адначасна неяк дзіўна раздвойвала пачуцці, разбівала настрой i пэўны парадак думак тое, як Грамыка расказваў Балотнаму пра сваю хованку. Расказваў весела, знарок выстаўляючы сябе ў недарэчна-смешным выглядзе. Нібыта ён на лесвіцы зачапіўся за цвік, a Іван Дзямідавіч піхнуў яго ў мяккае месца галавой i вылаяўся так, што не толькі, відаць, пачуў Анісімаў, але пачулі на другім канцы вёскі.

– I я, брат, як той снарад з марціры, узляцеў на гарышча, троху не разбіў ілбом комін.

Балотны рагатаў. Гэты стары – пад шэсцьдзесят год, беспартыйны – не баяўся ні Анісімава, ні бюро. Увогуле, ён, відаць, нікога не баяўся; упаўнаважаных звычайна спакойна выслухоўваў, a рабіў па-свойму. Калгас яго быў калі не лепшы, то, ва ўсякім разе, не горшы за іншыя. Але крытыкавалі Балотнага на кожным пленуме, на кожнай нарадзе. Неяк так павялося, што амаль кожны раённы работнік лічыў сваім абавязкам не толькі пакрытыкаваць старшыню «Ударніка», але i высмеяць. Балотны моўчкі слухаў, употай курачы з рукава (курыў бясконца), пасля выступаў, прызнаваў крытыку, прыніжаў сябе: стары ён, дурны, малапісьменны, i прасіўся, каб вызвалілі. Анісімаў тут жа «разносіў» яго за «дэмабілізацыйны настрой». Аднак кал i неяк на бюро нехта прапанаваў задаволіць просьбу Балотнага, сакратар райкома асек разумніка: «Ты пойдзеш на яго месца?»

Пятро паважаў Балотнага гэтак жа, як i Грамыку, i заўсёды ў душы пратэставаў, калі кожны смаркач, які па гадах не толькі ў сыны – ва ўнукі яму падыходзіць, пачынаў кпіць ca старога, здавалася, бездапаможнага, затлумленага.

Ажно не, выходзіць, не такі ён просценькі, гэты Федзька Балотны, як кліча яго Бабкоў. Бач, разрагатаўся, як маладзён які!

– Дык вы так i не разгавеліся?

– Мы з Іванам Дзямідавічам пасля з гора ды са страху прапусцілі па чарцы i аблупілі па яйку. Нават у біткі згулялі. Я разбіў яго. Старое. Ха-ха…

– А халера на вас! – заліваўся Балотны.

– А вось Пятро Андрэевіч – нашча.

– Дык яно ж па справядлівасці: сакратару не паложана… А мы – несвядомыя.

– Як вы пасля бюро будзеце ржаць – я пагляджу, – хмура кінуў Бабкоў.

– А што мне бюро, Іван Дзямідавіч? Бульбу ў мяне садзяць. У біткі не гуляюць.

– Стары балабол!

– Што стары, то стары, гэта ты праўду сказаў. Але i ты за дзеўкамі ўжо даўно не бегаеш. Праўда, у цябе жонка маладая…

Бабкоў у адказ вылаяўся. Ён нерваваўся – баяўся, што на бюро «запішуць», a ў яго ўжо i так ёсць дзве вымовы.

Пятра мала хвалявала, што могуць запісаць. Няхай запісваюць, што хочуць. Хоць завошта? «За хлусню тваю ганебную, за бязвольнасць. Мог жа не спакушацца, не ісці… Трэба да канца быць прынцыповым i цвёрдым, як належыць сапраўднаму бальшавіку! Ты ж пайшоў за адсталымі настроям!. Цябе павёў страўнік, а не галава, не розум – вось i расплачвайся…»

Але думкі такія паступова адыходзілі некуды на задні план, зрэдку толькі ўсплывалі, a блізка – у сэрцы, у галаве – няспынна кіпела, хвалявала, пякло, засмучвала іншае: сварка з Сашай. Што здарылася? Нават добра не мог прыгадаць, што ён такое крыўднае сказаў, каб Саша гэтак абурылася. Што яна апалітычная? Але ж хіба можна за такое, здаецца, бяскрыўднае слова так абражаць, крычаць пры людзях пра яго даўні грэх?

Абраза гэтая асабліва балючая, бо вельмі ж нечаканая, кантрастная: вельмі хораша ім было апошні тыдзень, так хораша, што ён, Пятро, адчуваў сябе на сёмым небе. Абое яны як бы аднавіліся пасля аднаго вечара, адной размовы, i каханне ix разгарэлася з новай сілай.

Як звычайна, ён позна заседзеўся за гісторыяй. Саша лягла рана. Здавалася, што яна даўно спіць. Ды раптам гарачыя рукі абвілі яго шыю. Пятро нават не пачуў, калі жонка злезла з ложка, падышла да яго.

Ён пацалаваў яе руку.

– Ты не спала?

– Не.

– Што табе не спіцца сёння?

– Я думала.

– Пра што?

– Пра нас. Я хачу табе нешта сказаць.

– Прыемнае ці непрыемнае?

– Не ведаю. Як каму.

– Не муч загадкамі.

Аднак яна доўга маўчала, як бы не адважваючыся сказаць адразу, i ў Пятра нядобра сціснулася сэрца: няўжо зноў што-небудзь такое?

– У нас будзе дзіця.

Нічога асаблівага: дзіця не першае, жылі яны так, што гэтага трэба было чакаць, неаднойчы гаварылі, што адно дзіця – не сям'я. Але ўсё адно нечаканае Сашына паведамленне неяк дзіўна ашаламіла яго – устрывожыла i ўзрадавала. Сэрца – як сарвалася з месца. Слухаючы бурны водгук свайго сэрца, Пятро не адразу знайшоў, што адказаць.

– Ты не рады?

Ён зразумеў, што паводзіць сябе недарэчна. Падхапіўся, прытуліў жонку да сябе, пацалаваў.

– Што ты! Я вельмі рады.

Яна адвяла рукамі яго галаву, пільна паглядзела ў вочы:

– Толькі не мані. Я хачу ведаць…

– Сашок, мілая! Як ты можаш? Зноў ты думаеш пра мяне бог ведае што!

– Не баішся, што дзіця перашкодзіць табе вучыцца?

– Не баюся. Цяпер мне нішто не перашкодзіць!

– О, ты не ведаеш, што такое малое дзіця! У адным пакоі… Без нянькі – нельга, узяць няньку – яшчэ больш тлуму. I расходы… – Саша ўздыхнула.

– Дробязі цябе турбуюць. Аўчаровы пабудуюць сваю хату – зоймем ix пакой. I не заўсёды ж нам будзе так цяжка!

Яна прыхінулаея да яго, памаўчала, потым сказала вельмі ласкава:

– Не бойся. Я ўсё вазьму на сябе, абы ты вучыўся.

З таго вечара пачалося. Праводзіў урок – i думаў пра Сашу. Ішла яна ў другую вёску – ён ішоў насустрач. Не бачыць яе дзве-тры гадзіны была пакута. I, наадварот, была асалода – сядзець у кабінеце старшыні сельсавета i хоць за сцяной, у медпункце, чуць яе голас. Дома ён не даваў ёй прынесці вядра вады. Саша смяялася з такой празмернай клапатлівасці.

I вось – зноў. Калі ж яна шчырая? Ці не прымушае яна сябе быць добрай i закаханай? Не, так прытварацца нельга! Саша ва ўсім натуральная – у каханні i нянавісці, у чуллівасці i злосці. Урэшце, сам ён – добрая цаца, першы пры людзях груба накінуўся на яе: не вучы, маўляў, мяне i ўвогуле не для твайго жаночага розуму гэтая справа. Натуральна, што жанчына, ды яшчэ ў такім стане, не магла стрываць.

Дамастроевец! Феадал!

Так было ўжо неаднойчы: пасля нядоўгага, але пакутлівага роздуму, які звычайна пачынаўся самым гнеўным абвінавачваннем жонкі i клятвай, што цяпер, пасля такога, ён ні за што першы не пойдзе на прымірэнне, Пятро, дэталёва прааналізаваўшы прычыны сваркі, урэшце прыходзіў да высновы: вінаваты ён сам. Ад чаго так здарылася? Ад слабасці, бязвольнасці ці, наадварот, ад сілы – ад сілы яго кахання?

Ва ўсякім разе, калі i тут, лежачы побач з Бабковым на возе, на пахучым сене, Пятро прыйшоў да думкі, што вінаваціць трэба не Сашу, а сябе, яму адразу зрабілася лягчэй.

Перастала раздражняць вясёлая балбатня Грамыкі i Балотнага. Услухаўся ў яе – i пачаў патроху «падыгрываць» Панасу, які кпіў з панурага Івана Дзямідавіча.

У райкоме, акрамя вартаўніка – бязногага інваліда, не было ніводнай душы.

– Усе ў калгасах. Анісім Пятровіч усіх паслаў. З усіх устаноў.

Гэта трохі здзівіла: у ix калгасы, за нейкія дзесяць – пятнаццаць кіламетраў ад райцэнтра, чамусьці амаль к вечару не дабраўся ні адзін упаўнаважаны.

Пятро адразу падумаў, што ніякага бюро не будзе, што самае большае – вернецца Анісімаў i ўчыніць ім «разнос». Ён сказаў пра гэта «сябрам па няшчасцю». Бабкоў павесялеў ад такой перспектывы: адзін Анісімаў нічога не запіша, a словамі няхай разносіць колькі хоча – не прывыкаць.

Мінула шэсць гадзін… Сем… Стрэлкі ходзікаў у прыёмнай папаўзлі далей. Зайшло сонца. Пачало змяркацца. Спахмурнеў Балотны, скручваў з кожным разам усё таўсцейшыя цыгаркі з такога пякучага самасаду, што Пятру, які не курыў, дым раздзіраў лёгкія; прыпальваў новую цыгарку ад свайго ж недакурка. Больш злосна жартаваў Грамыка. Адзін Бабкоў весялеў. Яны як бы павольна мяняліся роляMi: цяпер ужо Іван Дзямідавіч бяскрыўдна кпіў з Панаса, прыгадваючы «тую смакату», што асталася на стале ў яго хаце.

– Бабы нашы ласуюцца недзе, чортавы балаболкі.

– Ты думаеш, адны? З маладымі хлопцамі. Трэба ж тваёй Соні разгавецца. Напасцілася з такім старым мяшком.

– Цьфу… тваю маць! Ты i пажартаваць па-чалавечы не можаш! – узлаваўся Бабкоў: не любіў, калі напаміналі пра розніцу ў гадах яго i жонкі.

– Значыцца, пацэліў у слабое месца, калі злуеш, – паспрабаваў падхапіць жарт Балотны. Але далей не пайшло – не той настрой.

Пятра проста абражала такая няўвага сакратара райкома да ix, i ён, галодны, змораны, расстроены ўсімі нягодамі дня, перажываў надзвычай балюча. Ix жа магло прыехаць ажно восем чалавек – палавіна партыйнай арганізацыі. Што ж гэта за метад выхавання людзей?

Прапанаваў паехаць назад, дадому. Але падтрымаў яго адзін Грамыка: Бабкоў i Балотны, на здзіўленне яму, запярэчылі:

– Пачакаем. Анісім любіць праводзіць бюро сярод ночы.

Бабкоў яўна выпрабоўваў лёс: пранясе ці не пранясе навальніцу над яго сівой галавой? Наліха яму, каб кінулі пасля яшчэ адзін камень – уцёк ад бюро.

Шапятовіч зноў пачаў званіць на кватэру Анісімаву, старшыні райвыканкома Лешчуку, Лялькевічу. Трэці раз.

I на гэты раз Лялькевіч адказаў – толькі што вярнуўся з паездкі па раёне.

Заікаючыся ад хвалявання – так «узвінціў» сябе абурэннем, Шапятовіч пачаў тлумачыць сакратару, чаму яны тры гадзіны сядзяць у райкоме.

– Чакай, Пятро Андрэевіч, зараз сам прыйду.

З'явіўся мінут праз пяць.

Пятро ўбачыў яго, худога, у запыленых розных чаравіках: на здаровай назе навейшы, на пратэзе – стары, i чамусьці прыгадаў, як галодна ён каўтнуў сліну, калі Саша смажыла яечню. Таму, відаць, i пачаў з горкага прызнання:

– Але, я быў галодны. I не хаваюся: ішоў да Панаса паабедаць. Дык што – распяць мяне трэба на крыжы за гэта, як Ісуса? А мне напляваць, што цешча яго верыць у Бога. Абы, не шкадуючы, дала сала i яйкі!..

Лялькевіч не адразу зразумеў, што да чаго. Ведаючы Анісімава, ён здагадваўся, завошта той выклікаў ix сюды. Але Шапятовіч яўна пачаў не з таго.

Грамыка, баючыся, мабыць, што мал ад ы i наіўны сакратар ix у запале раскрые, як яны хаваліся ад Анісімава, перапыніў Пятра:

– Уладзімір Іванавіч, скажу праўду: я дык свядома даў адпачынак людзям i коням, бо ведаў, што больш патраціш энергіі, чым будзе тае працы ў такі дзень. Хіба так трэба змагацца з рэлігіяй?

– Захапіў вас Анісімаў за сталом?

Грамыка засмяяўся, па-змоўніцку міргануўшы Пятру:

– Не, не захапіў. Але вам прызнаемся: збіраліся пакарыстацца набожнасцю маёй цешчы.

Лялькевіч таксама засмяяўся:

– Чэрці…

I было гэта «чэрці» такое добрае, такое чалавечнае, што

адразу ўсім стала хораша i весела.

– Ну, вось што… Ганіце назад да цешчы. Я з Анісімам Пятровічам дамоўлюся. Але пастарайцеся, каб заўтра людзі былі ў полі. Хацеў я запрасіць вас на чай, але перадумаў: прыедзе Анісімаў – загляне i прыгадае вам Вялікдзень, сапсуе настрой. Ды ў цешчы, пэўна, ёсць штось больш істотнае за чай. А?

У адказ яны ўсе чацвёра зарагаталі.

Потым Пятро з раўнівай зайздрасцю падумаў, што, выходзіць, можна з людзьмі гутарыць вось так, як Лялькевіч, i яны, людзі, не зробяцца ад гэтага горшыя.

IX

У самую вялікую вёску – Панізоўе – пайшлі самі, Шапятовіч i Бабкоў. Веска цяжкая – бедная. Але ёсць у ёй такія «элементы», як называў ix Іван Дзямідавіч, на якія можна націснуць i падцягнуць падпіску, даць працэнты, а галоўнае – узяць наяўнымі, на што райком i райвыканком звярталі асаблівую ўвагу. Задание далі на сельсавет такое, што ўсе дваццаць чалавек, сабраныя на інструктаж, уздыхнулі, як у адны лёгкія, пачуўшы пра суму. Але толькі ў полі Бабкоў даў волю абурэнню i смачна праскланяў раённае начальства за такую бяздумную кантрольную лічбу.

Адзін з «элементаў» – поп. Да яго першага i пайшлі. Зайшлі з тылу, ад рэчкі, праз гарод; Іван Дзямідавіч ведаў усе сцяжыны. I захапілі святога айца знянацку – у тую хвіліну, калі ён высвятляў свае, відаць, даволі складаныя адносіны з пападдзёй. З хаты, моцна струхлелай, недагледжанай, адразу відаць, што ў жыльцоў не свая яна – чужая, вылятала прыглушаная, але даволі гучная, каб пачуць у двары, лаянка. Ды такая!..

– Пайшла ты са сваёй сястрой… – I мужчынскі бас так далека паслаў абедзвюх жанчын, што Шапятовіч войкнуў ад нечаканасці.

– А пацалуй ты нам…

Бабкоў схапіўся за жывот, скурчыўся ад смеху.

– Во гэта даюць святыя людзі! Ну, цяпер я з ix выцягну пару кругленькіх.

Мабыць, ix угледзелі, бо лаянка сціхла. Нешта грукнула, ляпнулі дзверы, пачуліся крокі ў сенцах. Не паспелі яны ўзысці на ганак – дзверы шырока адчыніліся, i поўная, але прывабная з твару кабета, апранутая проста, аднак па тым часе даволі нябедна i з густам, сустрэла ix ветлівай усмешкай:

– Іван Дзямідавіч!.. Калі ласка… Заходзьце. – I, праводзячы ў хату нечаканых гасцей, прасіла прабачыць: – Толькi не прыбрана ў нас. Айцец Міканор з горада прыехаў пад раніцу, дык адпачываў усё яшчэ.

Сапраўды, поп сядзеў на незасланым ложку i, чырванеючы ад натугі, нацягваў цесны бот. Нацягнуў – падняўся, расчасаў пяцярнёй чорную ўскудлачаную грыву i стаў падобны на старога рускага купца – у ботах, шырокіх нагавіцах, доўгай непадпяразанай белай кашулі. Але больш, чым па адзенні, падобны быў з твару: апухлы, пакамечаны, вочкі заплылі перапойнай цвіллю. Адразу відно, што служка Бога ніяк не праспіцца, не апрытомнее ад паслявелікоднага пахмелля.

Бабкоў, весела паціраючы кантужаную руку, падміргнуў Пятру: бачыш, які праведнік?

У сваю чаргу поп з пападдзёй таксама пачалі перагаворвацца паміж сабой мірганнем.

Старшыня перахапіў гэтыя сігналы, уміг расшыфраваў ix.

– Нічога не будзе, айцец Міканор! Мы людзі грэшныя, i ca святымі за стол садзіцца нам нельга.

– Іван Дзямідавіч, мы також людзі грэшныя, да прасціць нас Бог. – I поп размашыста перахрысціўся на кут, завешаны абразамі, перад якімі гарэлі дзве лампадкі.– А можа, возьмем па маленькай? Весялей справа пойдзе.

Пятру чамусьці нясцерпна захацелася зарагатаць, але, разумеючы, што гэта непрыстойна, ён натужліва стрымліваўся. А тут яшчэ гэты чорт Бабкоў! Колькі Пятро працуе з ім разам, а не ведаў, што стары такі гумарыст.

– У нас i так весела ідзе. Дзякуючы вашым малітвам. А малітвы вашы, між іншым, далека чуваць.

Поп бліснуў на жонку позіркам-маланкай; каб позірк мог спапяліць, то ад пападдзі, напэўна, астаўся б адзін успамін. Яна запунсавелася, адступіла за шырмачку, якая адгароджвала тое месца хаты, што адводзілася пад кухню.

Каб не пырснуць смехам, Пятро адвярнуўся i пачаў разглядаць абразы i ручнікі на ix з прыгожай вышыўкай.

A Бабкоў тым часам вёў наступление на папа:

– Агітаваць вас не трэба, айцец Міканор. Чалавек вы свядомы. Газеты чытаеце. Радыё слухаеце. – Іван Дзямідавіч кіўнуў на нямецкі прыёмнік, што стаяў на стале, пад абразамі.

– Няма батарэй. Анямела маё радыё. Папрасіце Атрошчанку, каб прывёз.

– Гэта мы зробім. – Бабкоў дастаў з кірзавай сумкі падпісны ліст, разгарнуў яго на стале, пасля выцягнуў бутэлечку з чарнілам, ручку. – Ітак… айцец Міканор. На богаўгодную справу. На аднаўленне ўсяго, што разбурылі праклятыя фашысты. Пазычым дзяржаве.

Старшыня сельсавета памакнуў пяро i нацэліўся пісаць.

Поп пачухаў патыліцу, пашкроб у барадзе. З-за шырмы зіркалі прыгожыя вочы пападдзі, зноў пасылалі нейкія сігналы, але расшыфраваць ix Пятро не мог, a Бабкоў утаропіўся ў чыстую паперу i цярпліва чакаў, магчыма, з своеасаблівай прымхлівасцю: як пачнецца – з лёгкай рукі ці не?

– Канечно, на такое дзело… яно трэба… Не шкадуючы, канечно… I таму я так думаю… – Пятро ўбачыў, што пападдзя наказала з-за шырмы левую руку з усімі пяццю растапыранымі пальцамі i два пальцы на правай. – Нашай праслаўленай у подзвігах ратных дзяржаве i правіцельству, Богам ухваленаму… – Гэта ён сказаў урачыста, працягла, трохі нараспеў i, мабыць, зразумеўшы сігнал пападдзі, закончыў скорагаворачкай: – Рублікаў семсот, Іван Дзямідавіч…

– Гэ, святы ойча! – узлаваны, што пачынаецца нялёгка, Бабкоў кінуў на стол вучнёўскую ручку, пасадзіў на белай скацерці кляксу. («Гэта ён дарэмна», – падумаў Пятро.) – Так мы з вамі па-добраму не дагаворымся. У акупацыю вы былі большы патрыёт. Калі партызаны збіралі на танкавую калону, колькі адвалілі?

– Адзінаццаць тысяч, Іван Дзямідавіч, – не без гонару паведаміў айцец Міканор.

– Во гэта было па-нашаму!

– Не той збор цяпер, Іван Дзямідавіч.

– Не прыбядняйцеся. Дурняў яшчэ хапае.

– Нехарашо так аб веруючых… – з дакорам паківаў галавой поп.

Пятро падумаў, што i сапраўды Бабкоў перасольвае, што грубасцямі сваімі ён не дасягне мэты. Наадварот, можа нашкодзіць. I паспрабаваў змякчыць:

– Пачуцці веруючых мы паважаем. Але i веруючыя не павінны стаяць убаку ад таго, чым жывуць усе савецкія людзі.

Поп, як бы адчуўшы, што сакратар па маладосці сваёй менш настойлівы i больш далікатны, падатлівы, уміг пераключыў усю ўвагу на яго:

– Мы, царкоўнаслужыцелі i паства наша, не аддзяляем сябе ад народа ўсяго, – амаль афіцыйна абвясціў ён i адразу ж пра другое: – Чуў я, малады чалавек, што вы сур'ёзна гісторыю народаў i правіцеляў вывучаеце. Пахвально. Спадзяюся, што з гісторыі культуры вы ўзналі, якую ролю іграла рэлігія ў прагрэсе чалавецтва.

«Ого, адукаваны поп!» – з гумарам падумаў Пятро. I адказаў:

– Не заўсёды. Інквізіцыя, калі паліла на кастрах…

– Праваслаўная царква ніколі не мела такога ізуверскага органа.

Мабыць, i пападдзя адчула нейкую слабінку, бо выйшла з-за шырмы з прыветлівай усмешкай, «зайшла» з другога боку:

– Нам прыемна пазнаёміцца з вамі бліжэй. Жонку вашу, Аляксандру Фёдараўну, мы добра ведаем. Ах, якая жанчына! Золата! Такую жонку на руках трэба насіць.

Пятру чамусьці прыгадалася сутычка з Сашай у Грамыкі. Тады ён вырашыў па дарозе ў раён, што сам вінаваты, i, вярнуўшыся з райкома ў добрым настроі – пасля размовы з Лялькевічам, – першы пайшоў на прымірэнне. Цяпер – упершыню! – было непрыемна чуць пахвалу жонцы.

«Усе яе хваляць, нават папы». I ўспомніў свой папрок, які кінуў ёй тады, – у – апалітычнасці. Не хацелася, каб Саша для ўсіх была аднолькава добрая. А тут яшчэ Бабкоў, чорт стары, звычайна сам «мяккацелы», сёння рашучы i ўедлівы.

– Дык што, Пятро Андрэевіч, будзем весці дыспут пра рэлігію ці рабіць падпіску? У Панізоўі сто восемдзесят двароў.

Пятро зразумеў – кідае папрок: маўляў, добранькія вы ca сваёй жонкай, вас нават папы хваляць, а мяне ўсе лаюць. Ты вучоныя размовы заводзіш, а мне трэба хоць пару тысяч вырваць. I Пятро «ашчацініўся», пачаў дзейнічаць з бабкоўскай рашучасцю:

– Ну, вось што, грамадзяне Прывалавы, сапраўды няма нам чаго анцімоніі разводзіць. Мы працуем па плане. У нас план… Не як у вас – колькі бог на душу пакладзе… I па нашим плане… Карацей кажучы: пяць тысяч!

– Што вы, што вы! – спалохана замахаў рукамі айцец Міканор.

– Божачка! Ды ў нас такіх грошай ніколі не было! – заенчыла пападдзя.

Здзівіўся нават Бабкоў: ішлі сюды, дамаўляліся – з папа не менш за дзве, таму пачаць з трох. Але пра пяць не было i размовы.

– Не думайце, што нам невядомы вашы даходы. Дрэнныя мы былі б кіраўнікі, каб не ведалі…

– А мы нічога не хаваем, усё падлічвае царкоўны савет, i любы прыхаджанін…

– Айцец Міканор! Не расказвайце нам казкі! – весела гукнуў Бабкоў.– Чатыры! Палавіна наяўнымі! – I зрабіў выгляд, што заносіць лічбу ў падпісны ліст.

Поп кінуўся да стала, каб спыніць старшыню, бо што запісана пяром… Пападдзя не паспела даць сігналы, i ён, добры з пахмелля, захоплены знянацку, трохі спалоханы, што пачулі ад яго, служкі Бога, такія непрыгожыя словы, выгукнуў сам:

– Тры!

А Бабкову толькі гэта i трэба! Ён тут жа, моцна націскаючы пяро, каб лічбы выйшлі тоўстыя, тлустыя, каб кожнаму кідаліся ў вочы – во з якой сумы пачаўся ліст! – запісаў тры папоўскія тысячы, але сказаў, цяжка ўздыхнуўшы:

– Эх, што з вамі зробіш! Але – наяўнымі, айцец Міканор.

– Не магу цяпер усё. Паверце. Палавіну хіба.

Праніклівая, хітрушчая пападдзя зразумела, што яны задаволены – Бабкоў i Шапятовіч, бо паглядзела на свайго «благавернага» з нянавісцю і, гнеўна пачырванеўшы, знікла за шырмай, ляпнула дзвярамі. Куды падзеліся яе ветлівая гасціннасць, прывабныя ўсмешкі.

Але чорт з ёю, з пападдзёй! Выйшлі яны на вуліцу пераможцамі! Ішлі, прыгадвалі, як «апрацоўвалі» папа, – смяяліся.

Ды раптам Іван Дзямідавіч нібы язык адкусіў: на паўслове сціх, папярхнуўся смехам. Яго маршчыністы, смешнадобры, калі вясёлы, твар зрабіўся як з граніту – шэры, халодны. Нервова заплюскала вейка.

– Хадзем-кась во сюды, – паказаў ён на вялікую, на тры акны, пад гонтавым дахам хату. Яна хоць i была навейшая i лепшая з тых, што ўцалелі ад пажару, але стаяла нейкая здзічэлая, пустая, як бы нялюдская, суседнія хаты з абодвух бакоў адсунуліся ад яе, i на шырокіх пляцах паміж імі i ёй ніхто не будаваўся. I яшчэ адно: стаяла хата голая, ні двара, ні хлява, ні адрыны навокал – нічога, што аздабляе сядзібу, надае ўтульную жытласць.

Пятро ведаў: хата належыць сям'і паліцая Антоненкі. З Панізоўя было некалькі паліцаяў, з другіх вёсак – ніводнага. Можа, праз гэта Бабкоў не любіў Панізоўе. Пятро неаднойчы чуў ад яго: «Паліцэйскае кубло! Зладзюгі!»

Двух паліцаяў забілі партызаны, трох судзілі. А гэты, Антоненка, уцёк. Але, відаць, не за тое, што ён недзе жывы, непакараны, людзі мелі да яго такую нянавісць. Да сем'яў другіх адносіліся па-рознаму, але ніводная не была ў такой ізаляцыі, як Антоненкава, ніводнай так не цураліся – як ад заразных якіх, адхіналіся, адгароджваліся. Дзеці i тыя не гулялі з дзецьмі паліцая, у школе за адну парту з сынам яго адмаўляліся сесці.

Саша аднойчы расказвала:

– Сёння ў Антоненкавых была. Суседзі сказалі: хлопец з горлам ляжыць. Баялася, каб не дыфтэрыя часам. Не, ангіна. Дала стрэптацыд. Разумею, што дзіця не вінаватае, не адказвае за бацьку. A ўсё адно: пабыла ў хаце – i ўвесь дзень хаджу з такім адчуваннем, быццам датыкнулася да нечага брыдкага. Чаму ў яго столькі было лютасці да людзей? Ніхто ж яго не крыўдзіў, не раскулачваў, нічога…

Яшчэ больш, чым знадворку, уразіла хата ўсярэдзіне.

Вялікая i пустая, як стадола. Нават ложка не было. Стол грубы, з негабляваных дошак, на козлах, ды ўслон – доўгі, стары, адглянцаваны да бляску; пустая паліца на задняй сцяне, пад ёю – маленькая, счарнелая ад вільгаці лаўка, на ёй – драўлянае вядро. I ўсё.

Хата не атынкована, між пачарнелых, патрэсканых бярвенняў вытыркаў мох, i гэта яшчэ больш надавала здзічэласці, першабытнасці. Аб наяўнасці жыцця i людзей, бадай, сведчыла адна печ, свежапабеленая, відаць, перад Вялікаднем. Напэўна, каля яе i на ёй, на гэтай печы, ішло ўсё жыццё. Бо i цяпер, хоць на дварэ шумела вясна, квітнеў май, двое хлапчукоў, год пад дзесяць i сем, ляжалі на печы i, як звяркі, цікаўныя i спалоханыя, пільна сачылі за кожным рухам Бабкова i Шапятовіча. A ніжэй, на ляжанцы, абкруціўшы галаву нейкай бруднай анучай, сядзела, як здзічэлая сава, старая – сівая, з чырвонымі запалёнымі вачамі, у лахманах.

Увайшоўшы ў хату, Бабкоў не павітаўся, як звычайна. Пятро таксама змаўчаў. I ім ніхто не сказаў ні слова. ТольKi маладзейшая гаспадыня, паліцаева жонка, кабета высокая, буйная, але худая – адны маслы тырчалі,– змахнула з услона фартухом пыл, як бы запрашаючы сесці. Ды яны не селі. Стаялі. I яна стаяла каля печы, скрыжаваўшы на грудзях рукі. Чакала, што скажуць.

– Падпішыцеся на пазыку! – не сказаў, не папрасіў, а загадаў Бабкоў.– Трэба адбудоўваць тое, што спаліў ваш бандзюга.

«Сава» насцярожана ўстрапянулася, узняла галаву. Вусны паліцаіхі скрывіліся ў дзіўнай ухмылцы:

– А вы яго знайдзіце i падпішыце.

Бабкова ажно перасмыкнула ўсяго ад такой нахабнасці, ён тузануўся адразу ўсім целам, махнуў рукамі, закрычаў:

– Зловім! I падпішам! Прыгавор! Толькі нагамі дрыгне ў пятлі! Тут жа, на вуліцы, i павесім, сабаку! Перад усім народам!..

На печы заплакаў малы:

– Мамка, я баюся!

Пятра скалануў гэты плач, шкада стала дзяцей. Падумаў, што ім, прадстаўнікам улады, нельга так гаварыць пры дзецях.

Амаль загадаў Бабкову:

– Іван Дзямідавіч! Прытрымайце нервы!

I той схамянуўся. Сказаў хлапчуку:

– Не бойся, дзетка, ніхто цябе не кране! Мы – не такія!.. Гэта твой бацька дзяцей страляў!

– Не страляў ён дзяцей! Не страляў! – раптам прастуджаным, ахрыплым голасам гукнула старая. Быў яе крык такі неспадзяваны, што Шапятовіч аж уздрыгнуў.

– Страляў! – зноў сарваўся стары партызан. – Увесь атрад ix быў у тую ноч. Дзяцей Рыгора Сівалоба ён… ваш… застрэліў. Усе на судзе пацвердзілі!

– Не! Не! Не! – упарта i страшна адмаўляла маці забойцы.

Магчыма, яна доўга пераконвала сябе ў гэтым. Можа, кроў дзяцей не давала ёй сну i спакою.

Старая гэтая, у якой, відаць, памуцілася ў галаве, i наогул уся сцэна зрабілі на Шапятовіча вельмі цяжкае ўражанне. Ад размовы пра забойства дзяцей на хвіліну нават зрабілася як бы млосна – закружылася ў галаве.

– Іван Дзямідавіч, пайшлі.

– Ды не, яны падпішуцца! – пераканана заявіў Бабкоў i сеў на ўслон, пачаў расшпільваць сваю палявую сумку. – У ix, гадаў, золата закапана. Ён усе яўрэйскія дамы аграбіў, кал i няшчасных на смерць пагналі. I дом гэты з мястэчка перацягнуў. Канфіскаваць даўно трэба! Колькі разоў казаў пракурору. Людзі ў зямлянках жывуць… Не менш тысячы i – усе наяўнымі! Душа з ix вон! Ясна? – звярнуўся ён да маладзіцы.

Яна зноў скрывілася – перакасіўся твар ад усмешкі ці ад нервовага спазму, але Пятру чамусьці здалося, што ўсмешка гэтая не пакутлівая, a здзеклівая.

– У мяне капейкі за душой няма.

– Тыдзень назад краму ў Прылуках абрабавалі. Дык я баюся, што палавіна дабра таго ў цябе закапана.

– Пашукайце!

– Пашукаем! I знойдзем! Гэта ix работа… твайго!.. Ён далека не пайшоў, тут, шыбенік, валацуга, блукае. Даблукаецца! Вяровачка даўно плача па ім!

– Мамка!

– Цыц! Дык злавіце яго!

– Зловім!

– He страляў ён дзяцей! Не! Не!

– Суд разбярэцда.

– Ну, дык я чакаю! Чуеш? – Бабкоў пагрозліва стукнуў кулаком па стале.

– Іван Дзямідавіч!

Звычайна далікатны i ветлівы з ім, Пятром, Бабкоў зноў груба адмахнуўся:

– Не мяшайся, сакратар! Тваё дзіця жывое.

Старая раптам спаўзла з ляжанкі, пашкрэбала да дзвярэй, кульгаючы, цягнучы за босай, з вузлаватымі пасінелымі пальцамі правай нагой левую, абкручаную бруднымі анучамі. Яны са здзіўленнем i неразуменнем паглядзелі ёй у спіну. Што з ёю? Жывот схапіла, ці што? Ці пратэстуе так? У качарэжніку захапіла качаргу. Навошта?

Нявестка паціснула плячамі, растлумачыла:

– Не ў сваём вуме яна. А мне ж трэба даглядаць, карміць. А з чаго? Я, можа, сама сто разоў пракляла яго, хоць ён i бацька дзяцей маіх.

– Калі хадзіла пры немцах паняй, тады не кляла…

– Калі я хадзіла паняй? Ён ездзіў, самагонку глушыў, з дзеўкамі гуляў, а я на зямлі душылася, як ачумелая. Багацце капіла. Разбагацела! – Яна ўсміхнулася ўжо зусім інакш, не крывячыся так, з горкай насмешкай з свайго лёсу.

– На крыві людзей багацела!

– Я не ведала. У сваім сяле ён нікога не чапаў.

– Не ведала! Цяпер вы ўсе не ведаеце.

Бабкоў як бы трохі супакоіўся i, мабыць, зразумеўшы, што наяўнымі тут не возьмеш, напісаў у лісце тысячу рублёў, сказаў:

– Распішыся.

Яна паківала галавой:

– Не буду я распісвацца.

– Чаму гэта ты не будзеш распісвацца? – зноў узлаваўся старшыня.

– Не буду. Чым я выплачу? Каб мне потым i гэта прыляпілі: падпісалася, a плаціць не хоча.

– Круцішся, як змяя…

I тут увайшла старая…

У нявесткі адразу вырвалася спалоханае, узлаванае:

– Мама! – Але яна тут жа схамянулася, спытала са здзіўленнем: – Дзе гэта вы?..

Старая несла ў руцэ пачак трыццатак. Яна паклала ix на стол, коратка сказала:

– Во.

Грошы былі новенькія, ненакамечаныя, але ажно цвілыя ад доўгага ляжання ў сырым месцы. Усё гэта было так нечакана, што нават Бабкоў разгубіўся i доўга ўтрапёна глядзеў на чырвоныя паперкі з партрэтам Ілыча ў авале. Мабыць, як i Пятро, ён не ведаў, што рабіць: палічыць ix, узяць, не лічыўшы, ці наогул не браць? Няцяжка здагадацца, адкуль яны, гэтыя грошы. Але якія думкі пранесліся, магчыма, сапраўды праз хворы мозг маці здрадніка, забойцы? Аднавяскоўцы ведалі: яна несла віну за злачынствы сына, бо ўсё жыццё была сквапная, неразумна ашчадная, прывучала дзяцей красці ў суседзяў яблыкі, гуркі, бульбу. I вось – вынік: сын ад дробных краж дайшоў да забойства дзяцей. Што ёй хацелася цяпер, аддаючы грошы? Можа, здалося, што гэтак яна ўлагодзіць Івана Дзямідавіча, яго гнеў i нянавісць? Можа, падумала, што ахвяраванне на агульную карысць паможа ёй замольваць грахі ўласныя?

Узлезла на ляжанку, згорбілася i зноў паўтарала:

– Не забіваў Федзя дзяцей. Не! Не! – быццам хацела пераканаць самую сябе.

Бабкоў скамячыў грошы, сунуў ix у сумку i шпарка рушыў да дзвярэй. На вуліцы пачаў плявацца.

– Бачыў асінае гняздо? Я даўно казаў: трэба вобыск зрабіць! У ix i ў другіх такіх. Бачыў – грошы пацвілі! Я ўпэўнены: там тысячы закапаны ў зямлі. I не адны грошы, май на ўвазе… Дык не ж! Дзе не трэба, у нас трымаюцца за закон. Цяпер я гэтымі грашамі ў морду тыцну i Булатаву i пракурору.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю