355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Трывожнае шчасце » Текст книги (страница 18)
Трывожнае шчасце
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 02:20

Текст книги "Трывожнае шчасце"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 18 (всего у книги 43 страниц)

3 ліпеня

Тры дні не было ні сну, ні адпачынку. Канчаўся адзін бой – цягалі цяжкія скрынкі з боепрыпасамі. Не ўпраўляліся сцерці змазкі са снарадаў – новы налёт. Ад выбухаў бомбаў, грукату стрэлаў, ад стомы i бясконцага напружання гудзе ў галаве i баліць усё цела.

Фашысты наступаюць недзе там, за Заходняй Ліцай, на Мурманскім напрамку, як афіцыйна паведамляецца ў зводках, i хочуць паралізаваць тыл, разбурыць горад, які забяспечвае фронт усім неабходным.

Горад гарыць. Другі дзень гараць бензасклады, i ўсё навокал засцелена чорным едкім дымам. Ад яго слязяцца вочы i кашаль раздзірае грудзі.

Усе батарэі нашага дывізіёна сцягнуты да горада. На дапамогу нам прыйшлі ваенныя караблі. Такое ўражанне, што маракі прымаюць на сябе ўдары пікіроўшчыкаў, каб адцягнуць ix ад горада, – болыйасць бомбаў падае ў заліў. Сёння з раніцы хмарна i ўдалося крыху паспаць. Хочацца шмат што запісаць. Але ўсяго запісаць не ўдасца, бо ведаю, адчуваю – перадышка ненадоўга. Памяць асабліва яскрава ўтрымлівае першы дзень, першы мой бой, калі я стаў камандзірам.

Заснуць у тую раніцу мне так i не ўдалося. Камбат яшчэ да снедання пачаў вучэбную трэніроўку, падняўшы батарэю пасігналу «трывога». Даведаўшыся, штостральбанебаявая, нумары майго разліку бурчалі, асабліва Муха:

– Мала баявых трывог, дык на табе яшчэ вучэбную. Трэба было да вайны вучыць… Сеўчанка жонку ў тыл адаслаў, дык не спіцца яму… блукае ўсю ноч, злуе…

Я здзівіўся: там, на вучэбнай батарэі, мы ніколі ў прысутнасці камандзіраў аддзяленняў не адважваліся асуджаць учынкі i дзеянні афіцэраў. «Ці не таму яны так паводзяць сябе, што не прызнаюць, не жадаюць прызнаць мяне за камандзіра?» – думаў я.

«Стралялі» вяла i няўважліва. Адзін маленькі Чарняк вельмі спрытна ставіў трубку i перадаваў снарад зараджаючаму. Павел Астахаў, высокі, з доўгімі рукамі, былы каваль падольскага завода, ляніва браў патрон, узважваў на руках i не зараджаў, a перадаваў яго другому трубачнаму – Фрыду. А мы, калі вучыліся, зараджалі абавязкова. Чаму ж Астахаў не зараджае? Знарок, на злосць мне? Увесь час карцела патрабаваць, каб ён зараджаў i «страляў» – паварочваў ручку спуску. Але я не адважваўся: раптам тут рабілася так i да мяне? Але калі я ўбачыў, што першы нумар – Муха – сумяшчае стрэлкі азімута вельмі прыблізна, без патрэбнай дакладнасці, не вытрываў:

– Яфрэйтар Муха! Хіба так трэба сумяшчаць?

– А як трэба? – агрызнуўся ён.

– Ды пры такім сумяшчэнні снарад будзе чорт ведае дзе… У неба пацэлім.

– А ты хочаш кожны снарад у самалёт? Ого!

– Мы i так у неба цаляем, – засмяяўся на другім баку гарматы чацвёрты нумар – маўклівы Конкін.

I тут жа пачуўся крык камандзіра батарэі:

– Чацвёртае! Куды ў вас ствол глядзіць, японскі бог? Камандзіра да мяне!

Я з'явіўся перад разгневаным Сеўчанкам i здзівіўся – дзе той добры жартаўлівы чалавек, які ўначы прадстаўляў мяне разліку!

– Што ў вас там робіцца?

Я не стаў выдаваць Муху, ведаў, як можна апраўдацца ў такім выпадку:

– Закруціўся кабель сінхроннай перадачы, таварыш старшы лейтэнант! – схлусіў без запінкі.

Калі вярнуўся да гарматы, Чарняк i Астахаў глянулі на мяне вінавата i спачувальна, Муха сустрэў нахабнай, злараднай усмешкай: ага, больш не будзеш прыдзірацца!

Я не пазнаў свайго разліку, калі неўзабаве аб'явілі баявую трывогу. Куды дзеліся вяласць i няўважлівасць. Усе ўраз падцягнуліся, застылі на сваіх месцах у напружаным чаканні. Самыя непрыемныя хвіліны, якія праходзяць з моманту, калі вораг выяўлены, i да пачатку агню. Па арыенцірах НП i каардынатах, якія далі разведчыкі, мы хутка знайшлі самалёты ў ранішнім блакіце. Няўзброеным вокам яны сталі відаць кіламетраў за трыццаць. Ix было не два i не тры. На горад ішла цэлая паветраная армада – машын дваццадь. Куды яны абрушаць свой смяртэльны груз? На каго?

У горадзе натужна раўлі сірэны паветранай трывогі.

Маленькія чалавечкі мітусліва бегал i па вуліцах. Куды яны схаваюцца? Ці даволі там надзейных месц?

Сірэны, якія пачуў упершыню, i цывільныя людзі – а там жа жанчыны i дзеці! – нарадзілі новыя пачуцці – боязь за тых, што мітусяцца там, на вуліцах, шукаючы ратунку ад ненавіснага ворага.

Нейкія тры мінуты здаліся пакутліва доўгімі. Хутчэй бы яны зайшлі ў зону агню!

Я ўбачыў, як у Мухі збялелі вушы. Няўжо i я такі ж? Якая ганьба! Хіба будуць паважаць такога камандзіра? Дзякуй Богу, што ніхто не глядзіць на мяне.

Маленькі Чарняк i доўгі Фрыд заціснулі каленямі патроны, надзелі на дыстанцыйныя трубкі ключы. Яны так шчыльна надзяюцца, гэтыя ключы, але ўсё ад но дзынкаюць – дробненька-дробненька стукае метал аб метал.

Тоўсты, не надта паваротлівы комі Габаў шэптам чытае застыглую трубку:

– Сто шэсцьдзесят два… сто шэсцьдзесят два… сто шэсцьдзесят два…

Збоку здаецца, што ён шэпча малітву.

Чацвёртага ну мара я не бачу – ён за гарматай… Але Астахаў… Толькі на яго твары, у яго рухах, жэстах не відаць таго, што так прыкметна ва ўсіх іншых. Ён тупае каля свайго затвора, павольны, паважны, як добры дзед, i маленькай фланелевай анучкай старанна выцірае клін i патроннік. Няўжо такім чынам яму ўдаецца схаваць свой страх? Не, цяпер, пасля трох дзён баёў, я ведаю, што паводзіны яго зусім натуральный, гэты каваль хутчэй за ўсіх пазбыўся страху.

Сеня Пясоцкі праз оптыку дальнамера ўжо вызначыў маркі машын.

– Група злева – «Ю-88», справа – «87». Зверху – знішчальнікі! – паведаміў ён у напружанай цішыні так гучна, што пачула ўся батарэя. Пад Мухам забрынчала сядзенне. Агідна гэта, непрыемна. Варта яму сказаць. Але ці маю я права? Колькі дзён назад яно гэтак жа брынчала пада мной. Ды i голас… невядома, які будзе ў мяне голас. Каб я не выдаў сам сябе…

Не спускаю вачэй з чорных сілуэтаў, што, здаецца, засланілі ўсё неба. Няўжо нельга яшчэ страляць? Чаму не пастаўлены батарэі на тым баку заліва, каб сустракаць ix агнём на падлёце да горада? Але ж яны могуць зайсці з любога боку… Магчыма, у той момант i не было гэтых думак, шмат якія з ix з'явіліся, безумоўна, толькі цяпер, калі я пачаў запісваць… Тады было адно жаданне – хутчэй адкрыць агонь. Вось ужо «месершміты» рвануліся ўбок. Ara, у паветры нашы знішчальнікі! Сышлі з баявога курсу «Ю-87», зрабіўшы разварот на поўнач.

«На аэрадром», – адзначыў я.

Пачалі агонь караблі.

Нарэшце i ў нас доўгачаканае: «Ёсць сумяшчэнне».

– А-а-онь!

У першым залпе «рассыпалі гарох». Камандзір батарэі злосна закрычаў, але тут жа сам сябе асек чарговай камандай – лаяцца няма калі!

Быццам тым снопам агню, што вылятаў з гарматы, апякала думка: я, камандзір, зусім непатрэбны, лішні i толькі замінаю трубачным! Сапраўды, мне няма чаго рабіць. Ці, можа, я забыўся на свае абавязкі? Назіраць за работай нумароў… За цэлямі… Я назіраю… Добра назіраю… Перад фашистам! ўзнікла заслона разрываў. Няўжо разбілі ix строй? Не, відаць, яны проста перастройваюцца перад заходам на аб'ект. Не, усё-такі яны рассыпаліся. Відно, як ад фюзеляжаў адна за адной аддзяляюцца бомбы i ляцяць… д'ябальскі павольна ляцяць… Свіст… Выбухі… Бомбы рвуцца ў розных канцах горада. Усё-такі гэта не прыцэльная бамбёжка! Ад усведамлення гэтага прыйшла ўпэўненасць.

Я закрычаў:

– Так ix, хлопцы! Так гадаў! Муха! Сумяшчай!

Я знайшоў сабе занятак – выкідаў за бруствер пустыя скрынкі, адчыняў новыя. Мяне захапіла работа Астахава. Гэты чалавек не ваяваў, a сапраўды працаваў – так спакойна ён зараджаў i страляў. Спачатку здавалася, што ён робіць гэта залішне павольна. Але ніводнага разу ён не спазніўся ca стрэлам, a заўсёды, зарадзіўшы, яшчэ нейкі міг чакаў каманды, трымаючыся за ручку спуску.

Залпы настроіліся, i я падумаў, што тут страляюць лепш, чым стралялі мы на вучэбнай батарэі. Мне нават стала трошкі крыўдна. Праўда, у ix было больш баёў. Аднак гэтыя людзі неяк спакайней сябе паводзяць…

I раптам усё паляцела да д'ябла. Пачалося з крыку разведчыка:

– Самалёты над чацвёртым!

Некалькі «Ю-87» зайшлі з усходу i знянацку атакавалі батарэю. Яны спікіравалі з дзікім свістам; пасля мы даведаліся, што разам з бомбамі фашысты кідалі рэйкі i пустыя бочкі, каб нагнаць больш панікі. Адна бомба разарвалася зусім блізка, нас абдало гарачым паветрам i абсыпала зямлёй. Стральба з прыборам разладзілася. Праз выбухі, стракатанне кулямётаў, крыкі я пачуў каманду Сеўчанкі:

– Прамой наводкай!

Я паўтарыў яе для свайго разліку:

– Па самалёту – прамой!..

Але Муха, аглушаны, спалоханы, падсунуў галаву пад аптычны прыбор, быццам такім чынам мог закрыцца ад бомбаў i куль, згорбіўся i не рэагаваў на каманду.

Я схапіў яго за плечы:

– Прамой! Муха! – I вылаяўся, злосна, груба, як, бадай, не лаяўся ніколі ў жыцці.

Але Муха ў адказ яшчэ больш згорбіўся i ўтуліў галаву ў плечы, бо ў гэты момант зноў над намі завыў пікіроўшчык. Я глянуў угору i, як у першым баі, убачыў чорныя крыжы ў жоўтых кругах. Быццам хваляй ад выбуху, ударыла ў сэрца, у галаву нянавісць, лютая злосць на гэтыя крыжы, а потым – на Муху. Я рвануў яго з сядзення i шыбнуў на снарадныя скрынкі, а сам уміг апынуўся на месцы наводчыка, адразу злавіў самалёт, падвёў пад скрыжаванне нітак у оптыцы.

– Цэль злоўлена! Агонь!

Малайчына Астахаў! Стрэл грымнуў без затрымкі. Другі – так хутка за першым, што я, аслеплены ўспышкай, не ўправіўся зноў злавіць цэль.

– Зараджаючы! Каманду!..

I Астахаў, гэты спакойны i разважлівы каваль, пачуў мае словы i зразумеў ix сэнс, хоць у гэты момант зноў недзе блізка рваліся бомбы i над нашымі галовамі ляцелі снарады сусед няй гарматы.

– Цэль… А-а-онь! – не зусім па правілах камандаваў я.

Але Астахаў добра разумеў: «цэль» – зараджай, «онь» —

страляй. I раптам бачу, што пад самалётам, які я вёў у аптычным прыцэле, шуганула полымя, мусіць, выбухнуў бензабак, i ахутаная дымам машына, нязграбна i цяжка куляючыся ў паветры, грымнулася на суседнюю сопку.

Праз павелічальнае шкло я глядзеў, як ірваўся i гарэў той, хто нёс нам смерць. Вось табе! Мы жывыя, мы будзем жыць! А ты згарыш, сатлееш, i нават маці твая, нават дзет не будуць ведаць, дзе ты пахаваны, бо не будзе ў цябе магілы на чужой зямлі. Безумоўна, так я не думаў тады, так думаю цяпер, калі запісваю падзеі таго дня. Але помню, добра помню, што грудзі мае распірала, ажно цяжка было дыхаць, нейкае новае, нязвыклае i вельмі магутнае пачуццё.

Нехта крыкнуў «ура!». Мне не хацелася крычаць. Не было слоў, каб выказаць тое пачуццё, бо яно было мацней за любыя словы. Кал i казаць проста, то гэта была радасць – радасць першай перамогі, радасць адчування сваёй сілы. Але разам з тым было i яшчэ нешта: магчыма, канчатковая перамога над сваім страхам, магчыма, упэўненасць у сваіх камандзірскіх здольнасцях ці тое i другое адначасова, а можа, нешта зусім іншае.

Я не адразу ўспомніў настаўленне: збіў адну цэль – лаві другую. Хоць, відаць, мае любаванне збітым самалётам працягвалася нейкую секунду-дзве, не больш. Аднак калі я схамянуўся i пачаў шукаць новыя цэлі, то ўбачыў, што яны далека за залівам. Там ішоў паветраны бой. Угары, як у каруселі, кружыліся знішчальнікі.

A ўнізе, над самай зямлёй, ужо не баявым строем, як ішлі сюды, а па адным, уроссып, як зладзеі, уцякалі бамбардзіроўшчыкі. Так, было такое ўражанне, што яны ўцякаюць, i ад гэтага таксама стала радасна.

Я ўсё яшчэ шукаў цэль, калі нехта схапіў мяне за плячо.

– Адбой, камандзір, – пачуў я голас Астахава.

Я азірнуўся i ўбачыў Муху. Ён сядзеў на зямлі, паміж скрынкамі, трымаўся за шчаку; твар яго, рукі былі выпачканы крывёй. Я кінуўся да свайго намесніка:

– Вы ранены?

У адказ ён загаласіў, зашыпеў, запырскаў слінай:

– Ранены? Вы… вы… забілі! Фельдфебель!.. Дзяржыморда!.. Гэта табе не фашысцкая армія! Вось пайду пакажу камбату!..

Я нічога не мог зразумець i стаяў разгублены, не ведаючы, што рабіць. Муха падхапіўся, яшчэ больш размазаў на твары кроў i хацеў быў выйсці з катлавана. Ды раптам, надзіва мне, Астахаў схапіў яго загрудкі i добра трасянуў.

– Ты, панчоха бабская! Ты на каго скардзіцца ідзеш? Ды я цябе распішу горш, як Бог чарапаху! Хоць ідзі! Ідзі! – Ён папіхнуў яго. – Скардзіся, сволач! Трус няшчасны! Ты ж трус. Ты ж не лавіў цэль, a хаваў пад оптыку галаву, як той заяц… Цябе ж па законах ваеннага часу пад расстрэл трэба… I я першы скажу… Ідзі!

Астахаў штурхнуў Муху яшчэ раз. Але ў таго знікла жаданне ісці скардзіцца, ён адступіў назад у катлаван, баязліва агрызаючыся:

– Не брашы! Я сумяшчаў… Можа, я не пачуў каманды, мяне аглушыла… Аён… ён паказаць сябе захацеў… Геро-ой!

Падскочыў маленькі Чарняк, бліснуўшы сваімі дзявочымі зубамі.

– Маніш, Муха! Камандзір тройчы паўтараў каманду! Усе чулі!

– Вытры яму соплі, Ваня, – насмешліва параіў Астахаў.– Няхай не размазвае па твары.

Нарэшце я здагадаўся, што здарылася: кал i я шыбануў наводчыка з сядзення, ён ударыўся аб снарадную скрынку i разбіў шчаку. Я не меў на яго ні злосці, ні крыўды, бо добра помніў свой уласны страх. Але я ўбачыў, што разлік прызнаў мяне: байцам спадабаліся мая рашучасць i смеласдь. Аказваецца, я магу быць смелым. Няхай жа жыве мая смеласць! Я зразумеў, тая акалічнасць, што ў «баі» паміж Мухам i Астахавым я стаю ўбаку, не на карысць мне. Трэба i тут праявіць рашучасць.

– Эй, на КП! Санінструктар там? Сюды яго!

– Не трэба, – спалохана запярэчыў Муха. Вось у гэты момант ён стаў мне брыдкі.

Перш чым адгукнуўся непаваротлівы «медык», з'явіўся сам камандзір батарэі.

– Што здарылася? Раненыя? – заклапочана спытаў ён.

– Дык вось… яфрэйтару Муху шчаку… – адказаў я, гатовы тлумачыць усё праўдзіва, калі спатрэбіцца.

– Чым? Асколкам? Каменем?

– Каменем, – схлусіў Муха.

Пераглянуліся паміж сабой байцы, хаваючы хітрыя ўсмешкі.

Сеўчанка дакрануўся да шчакі «параненага».

– О, па гэтым будзеш жыць, Муха. I дзіты будэш маты.

Камбат, задаволены, вясёлы, агледзеў усіх нас i не стры-

маўся, каб не пахваліць:

– Добра стралялі. Малайцы!

– А гэта мы яго, таварыш старшы лейтэнант, – кіунуу Астахаў у той бок, дзе дагараў збіты самалёт.

– Мы. Але не зазнавайцеся. Увогуле стралялі шчэ пагана.

– Наша гармата збіла, – стаяў на сваім каваль.

Мяне здзівіла i нават непрыемна ўразіла самаўпэуненасць i настойлівасць зараджаючага. Я дагэтуль i не падумаў, што магла збіць іменна наша гармата, бо вялі агонь усе, можа, нават караблі. Разбярыся – чый снарад пацэліў. Але Астахаў трымаўся іншай думкі.

– Па гэтым біла толькі наша i трэцяя. Другая i першая туды, – даказваў ён.

Камандзір батарэі нахмурыўся.

– Добра, разбяромся. Але бачылі? Нялёгка ім атакаваць батарэю, калі яна вядзе агонь. Вунь дзе бомбы паскідалі. Галоўнае – не баяцца.

Калі ён пайшоў, Астахаў сказаў мне:

– Дурань ты, камандзір, але чалавек добры. А за самалёт трэба змагацца. А то Шарун, камандзір трэцяга, ён з зубоў вырве… Пачнуць даказваць: ён – старшы сяржант, а ты – яфрэйтар, ён – стары камандзір, а ты – адзін дзень… Я гэтых майстроў ведаю. Больш горлам бяруць, чым работай.

Мне не спадабаліся такія разважанні. Непрыемна было думаць, што трэба змагацца, даказваць, хто збіў самалёт. Хібагэтагульня, спаборніцтва, спорт? Вайна, смерць, гора… Хіба можна ў такі час думаць пра нейкую славу, узнагароду? Трэба біць, біць ix больш, ворагаў, што хочуць украсці мае… тваё… наша шчасце. Біць i не лічыць, не дзяліць, хто больш.

4 ліпеня

Учора выступаў па радыё Сталін. Камандзір i зампаліт чулі голас Сталіна. Мы чулі яго прамову, калі яе паўтаралі дыктары. Лазебны – радыёаматар, i ў хаціне, дзе яны жывуць з камандзірам, стаіць прыёмнік яго ўласнай канструкцыі. Надвор'е ў першай палавіне дня было хмурнае, амаль нялётнае, i нас па чарзе, па аднаму разліку, запрашалі да прыёмніка, калі перадавалася прамова. Стаіўшы дыханне, выслухалі мы словы суровай праўды. Цяпер мне стала зразумела, чаму з'явіліся Барысаўскі i Бабруйскі напрамкі. Але не магу, не магу пагадзіцца з думкай, што Мінск ужо ў ix руках. I Бабруйск… Я плыў… Я ішоў ад Бабруйска да Рэчыцы. Гэта ж рукой падаць: па правым беразе Бярэзіны, потым – Дняпра… А там – Саша, там – мая Саша…

Цішыня. Горад ахутаны едкім дымам. Кажуць, гараць склады рыбы.

Дзіўна я змяніўся за гэтыя дні: мне страшна ад цішыні i хочацца бою. Учора яшчэ адзін сцярвятнік знайшоў сваю магілу ў заліве. Другога збілі знішчальнікі над Колай.

Фрыд сядзіць у нішы, латае свае працёртыя снарадамі штаны i спявае да болю сумную песню – па-яўрэйску. I ўсе сур'ёзна слухаюць, спыніўшы работу.

– Пра што гэта, Ханон? – пытае Астахаў.

– Пра маці. Пра старую маці, яна адна…

– Сціхні,– просіць Муха нервова, роспачліва.

У Чарняка па яго смуглай шчацэ (ён сядзіць збоку ад мяне) коціцца буйная i цяжкая, як шарык ртуці, сляза.

20 ліпеня

Такой гарачыні тут не было семдзесят год. Паўмесяца на небе ніводнай хмурынкі, ніводнага воблачка, сонца пякло, як у нас, у Беларусі, падчас сенакосу. Нават уначы, калі сонца хавалася за паўночную гapy, што закрывае ад нас аэрадром, у паветры не адчувалася прахалоды. A ўдзень можна было купацца. Унізе, пад сопкай, працякае ручай, i мы з зайздрасцю глядзелі на тых шчасліўцаў, якія мелі магчымасць акунуцца ў халоднай вадзе. Часам там, за валунаMi, раздзяваліся жанчыны. Там, у горадзе, ішло сваё жыццё, мы разумелі, нялёгкае, ваеннае i не менш небяспечнае, чым у нас. Але жыццё. A ў нас яго не было, у нас – толькі вайна. Нам было не да купання, не да адпачынку i нават не да размоў аб чым-небудзь іншым, акрамя вайны. Мы стралялі па некалькі разоў на дзень. Яны лётаюць амаль бесперапынку. Высока ў блакіце праходзяць разведчыкі. Шныраюць, як сабакі, чорныя “месершміты”, выклікаюць на бой нашы слабенькія «1-153» i збіваюць ix. О, як гэта балюча бачыць, як яны збіваюць нашы самалёты.

Дні два-тры бамбавозы ідуць невялікімі групамі, нават зрэдку па адным. Потым – масіраваны налёт. Бадай, нельга сказаць, у які дзень былі найбольшыя налёты, калі i як мы стралялі. Нас яны больш не атакавалі, i дні i баі падобны, як блізняты. Назаўсёды запомнілася толькі адно – жаданне спаць. Яны не давалі нам заснуць больш як гадзіну-дзве у суткі. Дзіву даюся, як людзі трымаліся на нагах. Ёсць вялікі рэзерв сілы ў чалавека. Мы лавілі кожную хвіліну перадышкі, каб прылегчы ці, калі не дазвалялася прылегчы, па чарзе падрамаць, абапёршыся на бруствер, на скрынкі, а Муха рабіў гэта проста на сядзенні, упёршыся лбом у гумавы казырок оптыкі. Многа клопатаў было з Габавым. Ён засынаў смяртэльным сном i не прачынаўся ні ад крыку “Трывога!”, ні нават ад стрэлаў. Некалькі разоў мне прыйшлося самому чытаць трубку. Яго лаялі калектыўна, сарамацілі, пагражалі судом, але мала што памагала. Тады Астахаў вынайшаў спосаб: заўсёды трымаць побач вядро вады. Габаву на галаву вылівалі ваду, i тады ён даволі шпарка займаў сваё баявое месца. Я быў запярэчыў супроць такой жорсткасці, але сам «сын Поўначы» не крыўдзіўся.

– Вадзічка цёплая… Ах, карашо, – жартаваў ён.

– А як зімой будзе? Зробішся на ледзяша.

– Да зімы мой будзе канчаць спаць.

I ўсё-такі мне за гэта моцна папала ад камандзіра ўзвода – старшыны Малашкіна. Былы камандзір гэтай гарматы, ён любіў Габава, якога, між іншым, сам навучыў пісаць i чытаць. A ўвогуле гэта дзіўны i пакуль што незразу мел ы мне чалавек, Малашкін. Ён i цяпер ходзіць з падручнікам вышэйшай матэматыкі i кожную вольную хвіліну чытае яго з такой цікавасцю, як чытаюць прыгодніцкі раман. I ўсё робіць нейкія разлікі. Кажуць, удасканальвае ПУАЗО. Часам дакладваеш яму што-небудзь важнае, а ён як бы не чуе, не звяртае ўвагі, можа ісці міма i не ўбачыць беспарадку, парушэння дысцыпліны. А то раптам можа страшэнна расшумецца з-за дробязі. Тады пачынае крычаць тонкім пісклявым голасам, пакуль не сарвецца, не закашляецца. Пасля гэтага дзень ходзіць пануры, незадаволены, злуючыся, як відаць, на сябе больш, чым на таго, хто яго ўзлаваў. За ваду гэтую ён пагразіў мне трибуналам. A Сеўчанка стаяў збоку, не ўмешваўся ў «праборку» ўзводнага i, я прыкмеціў, употай смяяўся. Сеўчанка – разумны i хітры хахол.

Другі раз Малашкін накрычаў на мяне ўвогуле з-за глупства. Я дзіўлюся, як разумны чалавек мог надаваць столькі ўвагі такой недарэчнасці.

Муха, пасля таго як я скінуў яго з сядзення, зрабіўся проста шаўковы, прыкладнываўсіхадносінах: ніякіх «ты», калі звяртаўся да мяне, ніякага панібрацтва, заўсёды – «ёсць», «слухаюся!». Ды i ўсе іншыя ставіліся з павагай. Адзін Астахаў i далей звяртаўся на ты. Я ўсё намерваўся зрабіць яму заўвагу, але так i не адважыўся. I добра зрабіў: афіцыйнасць з разумным чалавекам непатрэбна. Мы сталі сябрамі, i наша дружба хораша ўплывае на іншых. Разлік жыве, як дружная сям'я. У часе кароткіх перадышак паміж баямі, калi «прымаем харч» – снедаем ці абедаем, – сардэчна гутарым, жартуем. I вось у часе адной такой гутаркі я жартам спытаў свайго намесніка:

– Слухай, Муха, адкуль гэта ў цябе такое куслівае прозвішча?

Сказаў – i забыўся. А Муха абразіўся ці, можа, проста знайшоў прычыну паскардзіцца камандзіру ўзвода. Той як раскрычаўся, адвёўшы мяне ад дальнамера, далей ад маіх хлопцаў! Калі ўзважыць, дык ён мяне абражаў у дзесяць разоў горш, чым я гэтага дурня Муху. Ён чамусьці абвінавачваў мяне ў бескультурнасці, у несавецкіх адносінах да чалавека, нават у хуліганстве i тут жа – у «інтэлігенцкай мяккацеласці», у панібрацтве з падначаленымі, у няўменні падтрымліваць дысцыпліну. Я адказаў, што разлік страляе не горш за іншых.

Малашкін ажно падскочыў:

– Не ваша заслуга ў гэтым!

Значыцца, ён лічыць, што яго заслуга. «Няхай сабе лічыць», – падумаў я i абяззброіў яго пакорлівым вінаватым маўчаннем. Праз хвіліну яму, відаць, стала сорамна i непрыемна за свой крык, i ён пачаў лагодна тлумачыць мне, якім павінен быць камандзір Чырвонай Арміі. Мне чамусьці зрабілася шкада яго: сам ён зусім не такі ідэальны камандзір, але чалавек шчыры, нягледзячы на ўсе свае слабасці, i я паважаю яго. А Муха прымусіў мяне насцеражыцца. Я расказаў пра ўсё Астахаву.

Той абурыўся:

– Вось падлюга! Жартаў не разумев. Ну, мы яго правучым!

Няўжо гэта было для мяне самым важным, што, дарваўшыся ўрэшце да магчымасці нешта запісаць, я прыгадваю ў першую чаргу такія звычайныя дробныя размовы, сутычкі? А мае думкі, перажыванні з-за таго, што адбываецца там, на франтах?

Пасля прамовы Сталіна зрабілася неяк спакайней. Але боль… боль не сціхае, ён з новай сілай коле сэрца кожны раз, калі ў паведамленні Саўінфармбюро называецца новы напрамак. Часам узнікае надзея… Так яна ўзнікла, калі нашы зноў адбілі Жлобін i Рагачоў. Можа, гэта пералом, можа, далей на ўсход i ўніз па Дняпры яны не пасунуцца? Але з'явіўся Смаленскі напрамак – i зноў боль…

Узрадавала нас пагадненне паміж СССР i Англіяй. Зноў надзея. Каторы дзень толькі i гаворкі пра гэта пагадненне.

На кароткай нарадзе малодшых камандзіраў у камбата, нарады такія ён склікае пасля кожнага бою, Сеня Пясоцкі сказаў:

– Цяпер можна ўявіць, якое значэнне набывае наш Мурманск. Адзіны незамярзаючы порт з выхадам у адкрытае мора. Найкарацейшы шлях да Англіі.

Мабыць, камісар не паспеў яшчэ падумаць пра гэта, бо адразу падхапіў Сеневы словы, пачаў развіваць i нават загадаў у такім сэнсе растлумачыць байцам.

З Сенем мы сустракаемся па сутнасці толькі на гэтых кароткіх нарадах, хоць знаходзімся адзін ад аднаго за нейкія трыццаць крокаў. Можам перакрыквацца з катлаванаў, але сысціся i пагутарыць няма калі, ды i не дазваЛяецца – увесь час трывога. А мне так хочацца пагутарыць з ім, адвесці душу, успомніць наша Прыдняпроўе, дзе яго маці i мая Саша… Цяпер я часцей, чым да вайны, з большым смуткам, з большай любоўю i замілаваннем успамінаю гэтыя мясціны. Аднойчы мне нават прыснілася, што я стаю на высокім беразе Дняпра, там, у мястэчку, дзе ўсё знаёма: бальніца, школа, сцежка ў рове, па якім сцякае вясновая вада. Толькі Дняпро быў не той – разы ў тры шырэйшы, i вада бурліла i пенілася. I на тым беразе я ўбачыў не лес, як у сапраўднасці, а бяскрайні роўны-роўны луг. Удалечыні відаць былі белыя постаці, я да болю ў вачах узіраўся i ніяк не мог зразумець – ці то хусткі дзяўчат, ці буслы. Дзіўны сон! Хочацца хоць раз убачыць у сне Сашу. Але дарэмна – сню нейкія страхі, недарэчнасці. Хоць гэта натуральна, бо амаль забылася ўжо, што такое нармальны чалавечы сон, тое, што мы называем сном, – нейкая хваравітая дрымота, трызненне: спіш i ў сне страляеш.

З баёў асабліва запомніліся два – тыя, у якіх мы перамагалі, калі можна назваць перамогай збітыя самалёты. Хочацца так называць. Хочацца перамогі!

Ix было пяць. Яны ішлі баявым курсам на горад, не з захаду, a чамусьці з поўдня. Таму першай ix сустрэла былая вучэбная батарэя, на якой я пачынаў службу. Яна дала залп. I гэта быў залп класічны. Снарад, напэўна, пацэліў у бомбавы люк аднаго з самалётаў, бо ён узарваўся высока ў небе са страшэнным грукатам. Выбух пашкодзіў два іншыя «юнкерсы». Адзін упаў тут жа каменем, разам з рэшткамі таго, што ўзарваўся, другі, перакуліўшыся ў паветры, страціў вышыню, але выраўняўся i паспрабаваў ляцець, ды працягнуў недалёка – на тым баку заліва лётчыкі выскачылі з парашутамі. Два з тых, што ўцалелі, скінулі бомбы недзе паміж Колай i горадам i кінуліся наўцёкі. Але ix дагналі нашы знішчальнікі.

Вось гэта можна назваць перамогай!

Другі бой – паветраны. Нашага маленькага «1-16», які толькі што ўзняўся па трывозе з аэрадрома, прыціснулі чатыры «месершміты». Мы трымалі ix у прыцэлах, але не маглі страляць, яны круціліся, як вужы, на прыборы не было сумяшчэння, a весці агонь прамой наводкай – далёка. Сціснулася сэрца: яшчэ адзін наш чалавек, наш друг праз хвіліну будзе мёртвы. Чаму ён узняўся адзін? Чаму сябры не ляцяць на дапамогу? Але знішчальнік так спрытна, так умела выкручваўся ад атак фашыстаў, што на батарэі пачуліся воклічы захаплення. Не, ён не проста выкручваўся, ратаваўся, ён атакаваў, хітра, па-майстэрску. I праз нейкую хвіліну адзін «месершміт», пакідаючы за сабой пал осу чорнага дыму, урэзаўся ў скалы. Хлопцы закрычалі «ўра!», «1-16», як бы адчуўшы сілу, пачаў атакаваць яшчэ больш настойліва. «Месеры» прыкрывалі адзін аднаго, стараліся зайсці смельчаку з хваста. Але ён неяк так лоўка манеўраваў, што ўвесь час навязваў ім лабавую атаку зверху. Ix перавагу у хуткасці ён умела выкарыстоўваў. Калі i другі сцярвятнік грымнуўся аб зямлю, хлопцы раўлі ад захаплення. Спакойны Астахаў кінуў высока ўгору каску. Але раптам аднекуль з'явіліся яшчэ чатыры чорныя гады. Адзін супроць шасці! Сокал наш, відаць, улічыўшы сілы, зразумеў, што яму трэба ратавацца. Кінуўся да нас. Мы нават не адразу зразумелі яго намер, калі ён на брыючым палёце пачаў кружыць вакол батарэі. Але калі фашысты наблізіліся да яго, Сеўчанка закамандаваў агонь прамой наводкай. Убачыўшы букеты разрываў, «месеры» адвалілі. Паспрабавалі хадзіць па шырокім крузе, падпільноўваючы смельчака, але ix абстралялі другія батарэі. Тады, раз'юшаныя, яны кінуліся на горад так нізка, што страляць было нельга, i пачалі страчыць з кулямётаў у вокны дамоў. Але гэта злачынства ix не прайшло беспакарана. Яны парушылі свой баявы парадак, i наш герой выкарыстаў гэта: калі яны рабілі разварот, ён кінуўся на апошняга і… збіў яго.

Маленькі Чарняк перакуліўся цераз галаву. Даўгі Фрыд пачаў скакаць цераз упоры, як заяц. Муха, не адрываючыся ад оптыкі, малаціў сябе кулаком у грудзі.

Якое гэта шчасце – перамога! Як яна ўздымае настрой людзей!

Фашысты мусілі ўцякаць, бо ў дадатак да ўсяго з порта па ix ударылі зенітныя кулямёты.

«І-16» пакружыўнад батарэяй, прывітальна памахаўнам крылом i спакойна паляцеў на аэрадром.

Разлікі прасілі камандзіра батарэі:

– Таварыш старшы лейтэнант! Пазваніце – хто ён? Як яго прозвішча? I павіншуйце! Абавязкова павіншуйце! Гэта ж – герой!

Праз паўгадзіны Сеўчанка выйшаў з будкі сувязі i крыкнуў:

– Батарэя, слухай! Званіў пілот капітан Сафонаў i дзякаваў за падтрымку.

Паўмесяца ад свайго імя i ад жыхароў гэтага спакутаванага, скалечанага горада мы прасілі неба, каб яно паслала непагадзь, дождж, дало перадышку. Сёння яно злітавалася над намі. Уласна кажучы, не неба, а мора – адтуль прыплыў густы, як вата, туман. Адразу зрабілася холадна.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю