355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Трывожнае шчасце » Текст книги (страница 42)
Трывожнае шчасце
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 02:20

Текст книги "Трывожнае шчасце"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 42 (всего у книги 43 страниц)

XII

Учора Пятро пасмяяўся з Сашынага страху, які яна выказала, калі прыйшла гэтая павестка.

– Ну i зайчыха ты стала, а яшчэ – партызанка. Мала чаго можа выклікаць пастаянны ўпаўнаважаны па сельсавету!

– Упаўнаважаныя так не выклікаюць. Я не за сябе баюся. За людзей. Гэта – з-за Прышчэпы.

Нагадала пра ўжо амаль забыты выпадак з інвалідам – i ў Пятра таксама з'явілася трывога. Але ён нічым не выдаў яе – смяяўся, жартаваў. Увечары, праўда, між іншым, запытаў у Бабкова: яго ў раён не выклікаюць? Не. Гэта зусім заспакоіла.

Але калі сёння раніцою, праводзячы яго, Саша шэптам папрасіла:

– Я адно прашу цябе: будзь разумны i… асцярожны… – i ў яе шырокіх вачах-азёрах, вельмі выразных на пабляднелым твары, калыхнуліся цені ўсё таго ж страху, ён, Пятро, таксама ўпершыню адчуў незразумелы страх i трошкі ўзлаваўся i на жонку, i на самога сябе.

– Ты ўжо гатова сухары мне сушыць. Смешна, далібог. Чаго нам з табой баяцца цяпер? Нас цяпер да самай смерці ніхто не мае права ўпікнуць. Hi ў чым. Мы адваявалі як трэба i працуем – дай бог кожнаму.

Можа, Саша зразумела, што i ў яго трывога на сэрцы, бо тут жа заспакоіла:

– Не звяртай увагі на мяне. Відаць, ад хваробы я стала такая… Трошкі, можа, ад таго, што чамусьці не люблю гэтага чалавека.

– У кожнага – свае абавязкі. Ты лепш не тупай. Навошта ты паднялася? Паляжы яшчэ.

– Я паляжу…

Пятро ішоў міма зялёных пералескаў, міма палеткаў першых усходаў ярыны. Свяціла сонца. Ласкава дыхаў ужо па-летняму цёплы вецярок. Звінелі ў небе жаваранкі…

Пятро любіў гэтую дарогу – ад вёскі да райцэнтра. Тыдзень назад яго выклікалі на бюро райкома, i ён, хоць i ведаў, што могуць добра «прапясочыць» за адставанне «Асветніка» з сяўбой, ішоў дзесяць кіламетраў i… спяваў: так хораша i радасна было ад адчування міру, цішыні, ад сузірання ўсходаў, што дадуць людзям хлеб.

А цяпер ішоў i быццам нёс цяжкую ношку – як той мяшок бульбы – Сашынага страху. Але ці толькі Сашынага? Самому сабе ён не мог прызнацца, што нечага баіцца. Чаго яму баяцца? Смешна. Булатаў, безумоўна, чалавек загадкавы, з дзівацтвамі. Ен можа выклікаць вельмі неспадзявана з-за нейкай недарэчнай дробязі. Ёсць у яго такая рыса. Часам гаворыць з людзьмі, як дарослы з малымі,– гэта смешна, зрэдку, як суддзя з падсуднымі,– тады слухаць яго непрыемна. Але ўвогуле чалавек як чалавек, член партыі, як i ён, Пятро. Разам працуюць. Разы два разам абедалі, нават выпілі, адзін раз, здаецца, у Балотнага, другі – у адпускніка – афіцэра, які прыехаў праведаць маці. Там, у гасцях, Булатаў паказаў сябе сімпатычным i вясёлым чалавекам.

Тры дні назад бачыліся. Гутарылі. Але чаму ён нічога не сказаў пра гэты выклік? Зноў б'е на нечаканасць? «Шапятовіч, у вас прыёмнік ёсць?» «Грамыка, здайце пісталет!»

Пра што ён з такой жа нечаканасцю спытае сёння? Няўжо сапраўды стаў вядомы той неразумны, у гарачцы, выкрык балбатуна Прышчэпы?

Пятро пашкадаваў, што не схадзіў учора адвячоркам у Панізоўе i не пагаварыў з гэтым няўрымслівым інвалідам. Але ж, па сутнасці, сапраўды нічога не здарылася. Камічны інцыдэнт: двое аднарукіх схапілі адзін аднаго загрудкі. А цяпер сустракаюцца i вітаюцца, жартуюць. Дык каму патрэбна ствараць з гэтага «дело»?

«Навошта я ўвесь час думаю пра гэта? Толькі таму, што Саша сказала? Ты сапраўды, мая любая жонка, зрабілася падазронай. У нас з Булатавым, можа, была тысяча ўсялякіх іншых спраў».

Пятро мог бы сябе супакоіць, каб не прыгадвалася другое: Андрэй Запечка і… размова з Лялькевічам, глыбокая, да смутку i болю, заклапочанасць сакратара райкома тым, што выходзяць булатавы з-пад партыйнага кантролю.

Яшчэ на паўдарозе з'явілася такая думка: «А можа, наведацца раней у райком, да Уладзіміра Іванавіча? Расказачь яму».

Але, разважыўшы, Пятро адмовіўся ад такога намеру. «Няёмка. Што ён падумае? Баюся зайсці да свайго ўпаўнаважанага, да члена бюро райкома. Адразу лезу ў райком – застрахавацца, нібы ў мяне сумленне не чыстае».

I ён не пайшоў бы ў райком, каб на станцыі не ўбачыў Прышчэпу. Рыгор стаяў каля гандлярак, што сядзелі, як наседкі, пад старымі ліпамі, i закусваў бульбяным піражком з фасоляй. Мабыць, ужо глынуў самагонкі, што тут жа ўпотай прадавалася. Пятра сустрэў насмешліва. Спытаў весела:

– Як жывём, сакратар?

– Няблага.

– Вы не з-за мяне тут?

– Не, – невядома, чаму Пятро не прызнаўся.

– А-а… значыцца, тутака свае дзялы ёсць. Ну, то тады тупай, тупай – закручвай свае дзялы.

Варта было з ім пагутарыць па шчырасці. Пятро не здолеў, не адважыўся. Цяпер ужо сапраўды яго апанаваў страх. Не за сябе. Саша i тут як у ваду глядзела. За яго – за гэтага задзіру, крыкуна, мацюжніка, але ў недалёкім мінулым – баявога армейскага разведчыка. Не, няпраўда: i за сябе быў той страх. А таму, адышоўшы ад станцыі, ён рашыў: спачатку пойдзе ў райком, да Лялькевіча. Параіцца. Той усё зразумее. Такі чалавек не можа не зразумець. Баяўся толькі аднаго – што Уладзіміра Іванавіча не будзе на месцы. А таму, калі сакратарка адказала, што Лялькевіч у сябе, Пятро радасна ўздыхнуў i выцер рукавом гімнасцёркі пот: здавалася, вялікі цяжар, які ён нёс ад вёскі, зваліўся з плеч. I з сэрца.

* * *

Праз нейкія паўгадзіны Лялькевіч імкліва ўвайшоў у кабінет першага сакратара райкома Анісімава. Яшчэ ад дзвярэй загаварыў з абурэннем:

– Анісім Пятровіч! Што гэта ў нас робіцца? Хто ў нас кіруе раёнам – райком, мы з табой, выбраныя камуністамі, зацверджаныя Цэнтральным Камітэтам, ці Булатаў?

– А што такое?

– Новая справа фабрыкуецца. На інваліда з Панізоўя, які ў часе падпіскі на пазыку не стрымаў язык… I – адчуваю – на Шапятовіча, які быў пры гэтым… Той жа метад, пра які мы з табой гаварылі. Два дні назад Булатаў быў у ix i слова не сказаў. А на сёння выклікае, глядзі, якой павесткай. Гэта ж чорт ведае што такое! Выклікае камуніста, сакратара партарганізацыі, а райком нічога не ведае. Ты скажы, адкуль у яго такая падазронасць да людзей, якія прайшлі вайну, фронт, партызанілі, параненыя, скалечаныя? Ну, не! Шапятовіча я яму не дам з'есці! Дрэнна ён ведае нашага брата, партызана, Булатаў гэты!

Лялькевіч кульгаў па прасторным кабінеце. Ад узрушанасці, абурэння яго як бы ліхаманіла.

Анісімаў сядзеў у сваім рабочым крэсле, здавалася, зусім спакойны, нават абыякавы. Але калючыя вочы, суровага позірку якіх шмат хто ў раёне баяўся, пільна сачылі за кожным рухам Лялькевіча.

Яны часта сутыкаліся так, што, як казаў Лялькевіч, «іскры ляцелі». Але пад настрой Анісімаў неаднойчы прызнаваўся: «Люблю я цябе, чорта, за дзве твае якасці: адукаванасць i смеласць».

Цяпер ён таксама залюбаваўся сваім другам, яго палымянасцю ў абароне, безумоўна ж – без доказаў ясна, – сумленных людзей. Але было не да выяўлення добрых пачуццяў – невясёлыя думкі апанавалі пасля таго, што сказаў Лялькевіч.

– Пасадзіць ён нас з табой, гэты тып.

Лялькевіч спыніўся пасярод кабінета ўражаны. Пастаяў, анямелы, потым пацвердзіў:

– Пасадзіць! – i закрочыў да першага сакратара, нахіліўся над ім. – Пасадзіць… калі мы будзем маўчаць…

калі не паставім яго на месца, не возьмем пад кантроль. Калі яму усё будзе сыходзіць… Сышло з інвалідам Запечкам, хоць усе мы разумелі, што гэта ліпа. Людзі на бюро, калі ён дакладваў, вачэй не паднімалі – сорамна было. Сышло з дырэктарам школы Гаевым – ён дабіраецца да сакратара партарганізацыі. Чаму ж не дабрацца да сакратара райкома? Промахі ў нас з табой можна знайсці, калі глядзець, як Булатаў. I вытлумачаць ix… як ён…

Анісімаў, моўчкі слухаючы, дастаў з шуфляды стала папяросы, прыпаліў, зрабіў дзве-тры глыбокія зацяжкі i тут жа скамячыў папяроску, затаптаў у шкляную попельніцу.

– Баішся, Анісім Пятровіч? У атаку полк падымаў – не баяўся? Я з двума разведчыкамі эшалон з жывой сілай падарваў – не баяўся. Дзесяць разоў у Гомель на сувязь з падпольшчыкамі ездзіў… А тут, значыцца, спалохаліся Булатава? Ды я перастану паважаць сам сябе! I цябе!

Рука Анісімава пацягнулася да тэлефоннага апарата, што вісеў на сцяне, за крэслам, але дацягнулася толькі да шнура ад трубкі i застыла на ім.

Лялькевіч адступіў, чакаючы.

Анісімаў адхапіў руку ад тэлефона, сашчапіў пальцы так, што трэснулі суставы, пацёр далоняй аб далоню. I тут жа падняўся, рэзка крутнуў ручку апарата.

– Булатава! Булатаў? Захапіце справу на Шапятовіча i з'явіцеся да мяне! Якую? Якая ў вас ёсць! Ясна? Выконвайце! – i кінуў трубку на рычаг.

Лялькевіч добра ведаў нораў Анісімава i, употай усміхнуўшыся, адышоў да акна, пачаў глядзець на вуліцу. Анісімаў зноў запаліў папяросу i курыў прагна, глытаючы дым.

Мінут праз пяць Лялькевіч убачыў, як з брамы дома насупраць (дом стаяў у глыбіні двара, за парканам, вокны яго былі закрыты высокімі кустамі бэзу i шыпшыны) выйшаў Булатаў. Уладзімір Іванавіч не без злараднасці падумаў: «Бяжыш? З такімі, як ты, відаць, толькі i трэба так: «Ясна? Выконвайце!» Стары ваяка Анісімаў гэта разумее».

Ен вярнуўся да стала, стаў збоку. Анісімаў глянуў на яго з запытаннем, але пачуўшы крокі ў прыёмнай, зразумеў, i твар яго зноў наліўся крывёю, натапырыўся вожык валасоў, самі па сабе сашчапіліся пальцы рук.

Булатаў увайшоў, не пастукаўшы, не спытаўшы дазволу, размашыста адчыніўшы дзверы, каб паказаць, што ён роўны тут. Але выгляд сакратара – той, які яны, члены бюро, называлі паміж сабой «перад бураю», асадзіў яго, нават спалохаў. Уласна кажучы, спалохаўся ён ужо раней – пасля такога нечаканага званка. Як усялякі, хто не мае веры ў высокія ідэалы i дбае толькі пра сваю кар'еру, Булатаў быў баязлівец. Ён падумаў: данесці ў райком мог толькі нехта з яго работнікаў, не інакш. Значыцца, хтосьці сочыць i за ім. I дакладвае. I, безумоўна, не толькі райкому. Невядома, што там, угары, думаюць пра яго.

Ён спытаў амаль лісліва:

– Чаму такая паспешлівасць, Анісім Пятровіч?

– Вы статут партыі, Булатаў, ведаеце? – ціха спытаў Анісімаў і, не атрымаўшы адказу, павысіў голас: – Партыя для цябе існуе?

– Не разумею…

– Яно i відаць, што не разумеет. Заводзіш дзела на сакратара партарганізацыі, а райком…

– Я лічыў, што пакуль яно не закончана…

Анісімаў працягнуў руку. Булатаў паслужліва разгарнуў бледна-жоўтую мяккую папку i паклаў перад сакратаром. Паперак ужо набралася нямала, i ўсе яны былі акуратна падшыты.

Лялькевіч наблізіўся да першага сакратара, стаў за яго крэслам, пачаў чытаць разам з ім. I на першай жа паперцы не вытрымаў – абурыўся:

– Капыл? Той самы? Анісім Пятровіч! Звярні ўвагу. Даносы. Капыла. Таго, помніш? Ну, на якога было калектыўнае пісьмо калгаснікаў, што гэты тып выдаў немцам партызана. Памятаю, Булатаў, я перадаў вам гэтае пісьмо, каб вы расследавалі. I вы расследавалі! Зрабілі яго сваім агентам. Каб ён сачыў за камуністамі, паклёпнічаў на людзей, якія пралівалі кроў засавецкую ўладу, калі ён лізаў фашыстам… Як гэта называецца, капітан Булатаў!

Булатаў стаяў ужо збялелы, амаль навыцяжку.

Лялькевіч астматычна задыхаўся ад абурэння: стрымліваючы сябе, каб не крычаць, ён выдыхаў словы надрыўным шэптам:

– Якую палітычную ацэнку гэтаму можна даць? Анісім Пятровіч!

Анісімаў не адказваў, чытаў моўчкі, i толькі ўсё больш i больш барвавелі яго шыя, вушы, твар i больш шорсткім i калючым рабіўся вожык валасоў.

– Ну, а тут? Анісім Пятровіч! Паглядзіце, пра што даносіць гэты халуй. «Замест таго каб расказачь людзям пра таго, хто каваў нашу вялікую перамогу – фармуліровачкі! – Шапятовіч расказвае… пра багоў». Гэта ж смеху варта. Шапятовіч вывучае гісторыю, захапіўся міфалогіяй. I расказвае міфы. Булатаў! Вы Сталіна чытаеце?

– Не разумею.

– Яно i відаць, – паўтарыў Лялькевіч словы Анісімава. – Пра Антэя вы чыталі? Пасаромеліся б падшываць такі данос! Божа мой!

Анісімаў моўчкі, без адзінага слова, дачытаў да канца заключэнне, складзенае не вельмі пісьменна. Потым адкінуўся на спінку крэсла, сашчапіў пальцы, ca скрыпам пацёр далонямі, заплюшчыў вочы, як ад моцнага прыступіўшага болю. Сказаў шэптам, але такім, што Лялькевіч спалохаўся: аднойчы пасля вось такога шэпту ў Анісіма Пятровіча здарыўся сардэчны прыпадак:

– Булатаў… за што вас… панізілі ў званні i запісалі вымову? Я вам напомню: за перавышэнне ўлады i… за трусасць. Дык я вам скажу, Булатаў: пакуль я тут сяджу, вы не зробіце кар'еры нападобных правакацыях… Не, Булатаў, не зробіце… Кажу вам праўду. Падумайце, пакуль вы ў радах партыі. Вось так, Булатаў. А цяпер я вас не затрымліваю… Можаце ісці.

Булатаў дрыжачай рукой пацягнуўся за папкай. Анісімаў рэзка адштурхнуўся ад спінкі крэсла, расшчапіў пальцы, паклаў рукі на паперы.

– Не, гэта няхай застаецца ў мяне. У маім сейфе. Больш надзейна, ведаеце. Каб не было спакусы вам, Булатаў. Прашу, – i паказаў вачамі на дзверы.

Капітан нейкі момант вагаўся, як бы жадаючы нешта сказаць i не знаходзячы патрэбных слоў, потым павярнуўся па-вайсковаму, шчоўкнуўшы абцасамі, i закрочыў, высока выкідваючы ногі, але дзверы за сабой зачыніў асцярожна, без груку.

Анісімаў усё тым жа шэптам, быццам баючыся, што звычайны голас можа нешта разбурыць у ім самім ці навокал, папрасіў Лялькевіча:

– Накапай ты мне валяр'яначкі.

Уладзімір Іванавіч ведаў, што аптэчка стаіць на падаконніку, за шторай. Наліў у шклянку вады, з піпеткі капнуў дваццаць кропель бурштынавага зелля.

Анісімаў выпіў, глыбока ўздыхнуў, крактануў i тады сказаў натуральным гол асам:

– Сукін сын! Трапіў бы ён мне на фронце! – i з дакорам самому сабе, але не без задавальнення, паківаў галавой. – Чуць не сарваўся. Бачыў, як я трымаў нервы. Во, – i сціснуў кулакі.

– Дзякую, Анісім Пятровіч. Такая размова даўно наспела. Але трэба давесці да канца – напісаць у абком, у ЦК.

– Не люблю я такіх пісем. Але ў даным выпадку трэба, а то ад гэтага тыпа ўсяго можна чакаць. Сёння ж напішы.

Анісімаў падняўся з крэсла i ўжо зусім бадзёра i весела гукнуў:

– Дзе ён, гэты твой Шапятовіч? Тут? Кліч яго. Пагаворым.

Лялькевіч адчыніў дзверы, папрасіў сакратарку:

– Валя, паклічце з майго кабінета Шапятовіча.

Пятро, змучаны працяглым сядзеннем у пустым кабінеце, невясёлымі думкамі, увайшоў нясмела, разгублены. Спыніўся каля дзвярэй.

Анісімаў загудзеў:

– Ты што гэта – як мокрая курыца? Праходзь, сядай. Раскажы нам з Лялькевічам пра… багоў.

Пятро зусім сумеўся:

– Пра якіх багоў?

– Ну як жа! Тут адзін напісаў, што ты замест агітацыі i прапаганды партыйнай пра багоў расказваеш. A праўда. Сяўба ў калгасах бязбожна зацягваецца, а сакратар партарганізацыі бабам міфы расказвае. Тут ёсць над чым задумацца… Слухай, а чаго гэта ты публічна расплакаўся над лесам дзяцей Нізаўца? Мала ў цябе сірат вайны, удоў?

– Дзеці ёсць дзеці, Анісім Пятровіч. I яны не адказваюць за бацькоў,– за знешняй суровасцю слоў сакратара Пятро адчуў добры гумар, бацькоўскую ласкавасць i схаванае ўхваленне яго паводзін, а таму адразу акрыяў, пасмялеў i адказаў упэўнена, без той прыгнятальнай скаванасці, якая была ў першы міг i якую ён неаднойчы адчуваў раней перад

Анісімавым.

– Ты мне прапісных ісцін не паўтарай.

– Дачка Нізаўца траціла на ўроках прытомнасць. А я сам бацька i педагог…

Сакратар наблізіўся, зазірнуў Пятру ў вочы, паківаў галавой:

– Цёрлі цябе, Шапятовіч, i на фронце, i ў партызанах i ніяк не прыцёрлі…

– Да чаго?

– Ідэаліст ты. А па твайму становішчу трэба быць рэалістам. Што ў вас было з інвалідам гэтым?..

– З Прышчэпам, – падказаў Лялькевіч.

– Нічога асаблівага. Чалавек быў не ў настроі, а мы з Бабковым прысталі да яго з падпіскай. Ён адмаўляўся. Бабкоў пагарачыўся, мацюкнуў. Той – яго. I ўсё.

– I ўсё?

– Ну, тузанулі адзін аднаго. Я разняў.

– I ўсё? А хто з вас балбатун – ты ці Бабкоў?

Пятро паціснуў плячамі.

– Сёння ж выганьце з сельсавета гэтага нямецкага курашчупа – Капыла. Каб духу яго не было! Ясна!

Пятра здзівіў такі нечаканы пераход.

Анісімаў заўважыў яго здзіўленне, сказаў:

– Уладзімір Іванавіч растлумачыць, што да чаго, – i глянуў на гадзіннік. – За тры дні каб «Асветнік» усё пасеяў, усё насенне. У пятніцу сам праверу. Мабілізуйце людзей на праполку. Правядзіце сходы. Работаць трэба, а не міфы расказваць! Ясна? – аднак хораша ўсміхнуўся, працягнуу руку i моцна сціснуў Пятрову, гарачую i потную ад нервовай узбуджанасці.– Ну, будзь здароў, карась-ідэаліст. У мяне да чорта спраў.

Лялькевіч сказаў Пятру, калі яны перайшлі ў яго кабінет:

– Toe, што зрабіў стары, на фронце называлася – закрыць амбразуру, з якой маглі ўдарыць па табе. У Булатава адно слабае месца – Капыл. Толькі на гэтым ён можа пагарэць, – i пачаў ціха, па-сяброўску расказваць, што напісана ў капылоўскіх «інфармацыях» i якое заключэнне зрабіў той, каму яны пасылаліся.

– Булатаў умее страхавацца. Ён амаль пра ўсё дакладвае бюро райкома. Але ніколі не паказвае ніякіх дакументаў, i ніхто ix ніколі не патрабуе ад яго. Вераць на слова. Ніхто не адважыўся праверыць па сутнасці. На гэта ён разлічвае i заводзіць вось такія «справы». Паказвае, які ён пільны вартавы партыі i народа. Вось глеба той бескантрольнасці, пра якую мы з табой гаварылі. Помніш – у цябе ў хаце?

Пятро слухаў, ашаломлены.

У дзверы пастукалі, i ў кабінет увайшла… Саша, расчырванелая, з дзіўным бляскам у вачах.

– Ты тут? – спытала не то вельмі ўзрадаваная, не то яшчэ больш здзіўленая.

Пятра яе з'яўленне спалохала, бадай, больш, чым усё, што адбылося дагэтуль.

– Саша?! Як ты сюды?.. Табе ж трэба ляжаць!

– А мне не ляжалася, – прызналася яна i тут жа засаромелася Лялькевіча.

Той усё зразумеў i заключыў:

– Добра, Пятро Андрэевіч, дагаворым пасля. Я прыеду да вас.

Яны сышлі з райкомаўскага ганка, як дзеці, узяўшыся за рукі. Нікога не бачылі, нічога не чулі.

Толькі на вуліцы Пятро схамянуўся:

– Ты пехатой?

– Мне так страшна стала, калі ты пайшоў. Я сабралася – i следам.

– Ды як ты магла! Во дурная! Зусім хворая яшчэ. Вярнуся – папрашу ва Уладзіміра Іванавіча машыну.

– Не, не трэба. Я зусім хораша сябе адчуваю. Цяпер нам няма чаго спяшацца. Хадзем ціхенька.

* * *

I вось яны адпачываюць. Недалёка ад райцэнтра. Чуваць, як на станцыі пыхкае паравоз. Там, на станцыі, яны купілі ў гандлярак тварагу i халодных бульбянікаў. Паабедалі. I так хораша ім!

– Хто б мог падумаць – Капыл! Такі ціхенькі, ласкавы…

– Ласкавы! Падлюга – да смерці падлюга. Цяпер я не сумняваюся, што ён такі выдаў партызана.

– Анісімаў сказаў: «Ганіце сёння ж з сельсавета. Каб духу яго не было!» I нас папракнуў: «I вы лапухі».

– Ды i лапухі. Добранькія. Бабкоў i ты. Грэлі гадзюку.

Пятро ляжыць пад абветранай шурпатай сасной. Саша

сядзіць побач. Ён трымае яе руку. Ён не выпускаў яе рукі, пакуль яны ішлі ад райцэнтра. I цяпер таксама. Яму, як ніколі раней, хочацца адчуваць яе блізкасць, цеплыню. Гэтае адчуванне, галіны сасны, што гойдаюцца ад ветру, i неба – то бяздонны блакіт, то хмаркі, цямнейшыя ці святлейшыя, – як усё i хораша супакойвае i неяк па-новаму хвалюе, вяртаючы паўнату той светлай радасці жыцця, якая з'явілася год назад, у Дзень Перамогі.

Сасна гэта была неаднойчы паранена сякерамі, нажамі хлапчукоў. На свежай ране-лысіне – буйныя, як слёзы, празрыстыя кроплі смалы. Яна моцна пахне, смала, але гэта пах жыцця, вясны.

Пятро на поўныя грудзі ўдыхае водар хвоі i траў, што прыносіць цёплы вецер. Заплюшчвае вочы. Сашы здаецца, што ён заснуў. Яна маўчыць.

– Ты ведаеш, Сашок, я ўсё-такі збудую свой мост!

Яна адказвае не адразу.

– Я сядзела i думала: а можа, праўда, нам пераехаць куды-небудзь на будаўніцтва?

Ён паварочваецца да яе, глядзіць са здзіўленнем. Калі раней ён казаў пра зусім рэальны мост, яна адгаворвала: «Паступіў у інстытут – вучыся. Дзе ў цябе будзе яшчэ такая мажлівасць?» А цяпер, калі мост зрабіўся прыгожым сімвалам, Саша раптам гэтак празаічна спускае яго на зямлю.

– Не, цяпер я нікуды не паеду! Ад такіх людзей!

– Гэты гад, калі астанецца, ён не дасць табе жыцця.

– Ну, ведаеш… Ёсць райком! Ёсць партыя! Не астанецца ён!

Яна стоена ўздыхае, чуць мацней сціскаючы яго пальцы.

– Не будзь ідэалістам.

– Ты не верыш Лялькевічу? А я веру. Цяпер я ва ўсім веру яму. I Анісімаў – круты, але – чалавек!

– Я таксама паляжу, – кажа Саша i кладзе галаву на тоўсты корань сасны. Зноў уздыхае. – Дарэмна не забралі Прышчэпы з сабой. Нап'ецца ён там, на станцыі. I зноў напракудзіць. Пачне балбатаць…

– Сілай жа не пацягнеш. Запрашалі. Нап'ецца, безумоўна. Яго немагчыма зразумець. Я так i не зразумеў – пахваліў ён мяне ці пагразіў, калі сказаў: «Я з табой, парторг, яшчэ пагавару».

– Ну, што ты! Калі куплялі бульбянікі, ён паказаў мне вялікі палец: «Во, Шура, які хлопец ваш Шапятовіч!»

Яны зноў маўчаць – усё перагаварылі.

I магчыма, што Пятро на гэты раз сапраўды засынае на нейкую хвіліну, бо замест карункаў хваёвай галіны на фоне блакіту перад ім паўстае казачна прыгожая арка незвычайнага моста – такога доўгага, што той, другі, бераг, куды перакінута гэтая дзівосная вясёлка, расплываецца, як у тумане.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю