Текст книги "Трывожнае шчасце"
Автор книги: Иван Шамякин
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 43 страниц)
Іван Шамякін
Трывожнае шчасце
Пенталогія
Каханне, маладосць i трывогі сэрца
Іван Шамякін вярнуўся з вайны на роднае Палессе, калi яму ішоў дваццаць пяты год. Ён абраў мірную, гуманістычную прафесію настаўніка, пачаў працаваць у школе, што ў вёсцы Пракопаўка Церахоўскага раёна. Па гэтай прычыне I. Шамякін потым паступіў вучыцца ў Гомельскі педагагічны інстытут на завочнае аддзяленне. Ужо ў той час ім завалодала стыхія літаратурнай творчасді, i ён жыў адным вялікім жаданнем – «пісаць, пісадь i яшчэ раз пісадь, не спынядца ні на хвіліну». Працаваў малады аўтар надзвычай шмат, натхнёна i анантана, хоць i ўмоў для гэтага адпаведных не было. Яго незвычайна акрыліў першы творчы поспех – у канцы 1945 года часопіс «Полымя» надрукаваў аповесць «Помста», якую ён напісаўу Германіі пасля заканчэння вайны. Яшчэ раней, у 1944 годзе, ён стварыў апавяданне «У снежнайпустыні» (з'явілася настаронках «Полымя» ў 1946 годзе).
Першыя творчыя спробы I. Шамякін зрабіў яшчэ ў даваенны час, калі вучыўся на першым курсе Гомельскага тэхнікума будаўнічых матэрыялаў. Пачынаў, як i нямала іншых пісьменнікаў, з вершаў, але пасля аддаў перавагу прозе. Пісаў творы па-беларуску. Набраўся адвагі, рызыкнуў i адно, а пасля яшчэ некалькі сваіх апавяданняў студэнт тэхнікума адаслаў у рэдакцыю часопіса «Полымя рэвалюцыі». I. Шамякін прыгадваў: «Вялікае маё было здзіўленне, калі я атрымаў пісьмо ажно на тры старонкі машынапісу, з дэталёвым разборам майго апавядання ад самога Міхася Лынькова, галоўнага рэдактара часопіса, старшыні Саюза пісьменнікаў…Нягледзячы на тое, што апавяданне маё было раскрытыкавана i адхілена, я даражыў адказам Міхася Лынькова, па-асабліваму, як, напэўна, многія іншыя маладыя, ганарыўся, што на мяне звярнуў увагу славуты пісьменнік, творы якога вывучаліся ў школе». Гэты ліст I. Шамякін забраў з сабой, калі ўвосень 1940 года пайшоў служыць у войска, захоўваў яго праз усю вайну.
I вось у пасляваенныя гады малады літаратар, які тады настаўнічаў, узяўся за асваенне буйнога эпічнага жанру: I. Шамякін пачаў пісаць раман пра партызанскую барацьбу на акупаванай тэрыторыі. Поспех «Глыбокай плыні» (1946–1949) быў проста ашаламляльны. У 1951 годзе за гэты твор I. Шамякіну была прысуджана прэстыжная на той час Сталінская прэмія (пазней яе назвалі Дзяржаўнай прэміяй СССР). Пісьменніку не было i трыццаці гадоў, калі да яго прыйшла літаратурная слава. З цягам часу ён зрабіўся адным з самых вядомых i папулярных пісьменнікаў як у Беларусі, так i за яе межамі, у іншамоўным свеце. Яго творы перакладзены болып чым на 30 моў, выдавался ў Савецкім Саюзе шматтысячнымі i мільённымі тыражамі. У канцы 70-х гадоў па чытабельнасці ў СССР сярод літаратараў ён займаў пятае месца.
I. Шамякіным напісана шмат твораў, i ўсе яны разам узятыя поруч з раманамі i аповесцямі Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Кузьмы Чорнага, Міхася Лынькова, Міхася Зарэцкага, Івана Мележа i іншых пісьменнікаў складаюць шматтомны мастадкі летапіс мінулай эпохі, яскрава i ўсебакова раскрываюць лёс беларускага народа ў XX стагоддзі. Кожная яго кніга ўтрымлівае каштоўны духоўны i маральны змест, а гэта дае нам магчымасць адчуць i зразумець, як жылі людзі ў пэўны час, што ix хвалявала, у што яны верылі, аб чым марылі… «Іван Пятровіч Шамякін як мастак слова цікавы перш за ўсё выдатным умением увасабляць у мастацкіх творах менавіта гэты чалавечы змест усяго існага, уласна чалавечы бок вялікіх падзей…» (М. Тычына). Найбольш поўна жыццёвы вопыт i ўнутраны свет маладых людзей даваеннай пары I. Шамякін увасобіў у пенталогіі «Трывожнае шчасце». Пісьменнік стварыў мастацкую біяграфію свайго пакалення, якая ўвабрала агульнае, тыповае i асобнае, індывідуальнае. Прычым агульнае непасрэдна вынікае з канкрэтных чалавечых лёсаў, прыватнага жыцця маладых герояў.
Доўга складваўся сюжэт гэтай разгорнутай эпічнай карціны: над цыклам аповесцей аўтар з перапынкамі працаваў восем гадоў (1956–1963). Кніга ўвабрала значную частку жыццёвай біяграфіі пісьменніка, грунтуеццанарэальныхпрататыпах. I. Шамякінпісаў: «…У «Трывожным шчасці» найбольш поўна апісаў я гісторыю свайго юнацтва, сваіх дзіцяча-юнадкіх захапленняў i таго кахання, што засталося на ўсё жыццё, што дало мне найлепшага сябра – жонку, маю Машу, i з ёй поўнае чалавечае птчасце». Фельчарка Саша Траянава – гэта i ёсць правобраз Марыі Філатаўны, жонкі пісьменніка. Пятро Шапятовіч – alter ego (другое «я») самога Івана Пятровіча Шамякіна, які вучыўся ў даваенным Гомелі i ў хуткім часе, як i многія яго аднагодкі, трапіў у полымя вайны. Такім чынам, «Трывожнае шчасце» мае аўтабіяграфічную аснову, а гэта ў значнай ступені забяспечыла псіхалагічную дакладнасць i пераканальнасць характараў.
Пенталогія пачыналася з аўтарскай задумы распавесці пра жыццё, каханне, маладосдь i працу Пятра Шапятовіча i Сашы Траянавай у даваенны час. Духоўны свет герояў, ix узаемаадносіны знаходзяцца ў цэнтры аповесці «Непаўторная вясна» (1956). Твор атрымаўся вельмі паэтычны, пачуцдёвы, вызначаецца лірычнай афарбаванасцю стылю. Аўтар паказвае прыгажосць i непаўторнасць першага кахання, раскрывав непасрэднасць i наіўнасць сваіх маладых герояў, тонка перадае ix душэўныя перажыванні i згрызоты. Пятра i Сашу збліжае, родніць шчырае, адданае, узаемнае пачуццё, яны, здаецца, створаны адно для аднаго, не могуць існаваць паасобку, неяк аўтаномна. Адносіны герояў пазбаўлены халоднай рацыяналістычнасці i разліку, «ад гарачага сэрца» кожнага з ix залежадь лінія паводзін i выбар у той ці іншай сітуацыі.
Пятро Шапятовіч – летуценная натура, рамантык i ідэаліст – «як i шмат хто з яго равеснікаў, прагнуў гераічнага подзвігу i лічыў, што героем можна стаць толькі на вайне», i ў гэтым плане ён успрымаецца тыповым прадстаўніком даваеннага пакалення савецкай моладзі. Паступова герой I. Шамякіна сталее, на змену яго ружовым уяўленням i нявопытнасді прыходзідь больш сур'ёзны i ўдумлівы погляд на жыццё. У мінулым застаюцца гарачлівыя ўчынкі, дробязныя непаразуменні i крыўды. Саша i Пятро пачынаюць глыбей адчуваць адно аднаго. Каханне, якое прыносіла сустрэчы i расстанні, падводзіць маладых герояў да таго, каб прыняць важнае i адказнае рашэнне. «Каб выйсці замуж, трэба кахаць чалавека» – так Саша вызначыла для сябе вельмі важную ісціну. Выходзячы замуж, яна робіць свой выбар сэрцам, ёй хочацца быць каханай, шчаслівай, жадаецда падараваць шчасце блізкаму i дарагому чалавеку, якім Пятро стаў для яе. Пра чалавечую сутнасць i духоўны патэнцыял гэтай маладой жанчыны красамоўна сведчыць гісторыя, звязаная з хваробай Пятра. Саша безаглядна кідаецца ратавадь каханага, яе перапаўняе глыбокая трывога сэрца, у той момант ёй рухаюць самыя глыбокія i вялікія пачуцці: дабрыня, пяшчота, чуласць. У вобразах Пятра i Сашы пісьменнік апаэтызаваў лепшыя чалавечыя якасці сваіх равеснікаў, якія з вялікім запасам духоўнай трываласці выходзілі на прасцяг жыцця.
Прывіднай была надзея на агульнае i сямейнае шчасце, замест радасці, працы, цвіцення кахання i маладосці прыйшла пара суровых ваенных выпрабаванняў. Пра нягоды, «жыццё ў акупацыі» аўтар распавядае ў аповесці «Начныя зарніцы» (1957). 3 маленькім дзіцем на руках Саша дабіраецца ў родную вёску, каб тут перажыць ліхую навалу i дачакацца з вайны свайго Пятра. Драматычна складваецца лёс маладой маці, якой даводзіцца ісці праз небяспеку i пакуты. Янатрапляе ў складаную сітуацыю, калі партызаны даручаюць ёй выходжвадь параненага камісара, былога настаўніка Лялькевіча. Саша мусіць у мэтах канспірацыі выдаваць гэтага чалавека за мужа, i таму неверагодна ўскладняецца яе маральнае самаадчуванне, бо, маўляў, як яна ўсё пасля зможа растлумачыць Пятру. Ёсць яшчэ адна акалічнасць: настаўнік Лялькевіч сапраўды перад вайной рабіў Сашы Траянавай прапанову аб замустве. У «Начных зарніцах» пісьменнік стварыў досыць складаны псіхалагічны вобраз жанчыны – маці i партызанкі – мужнай i ахвярнай, сумленнай i глыбока чалавечнай.
У франтавыя падзеі чытача пагружае аповесць «Агонь i снег» (1958). Калі ў папярэднім творы пераважае аб'ектывізаваны паказ рэчаіснасці, то тут пісьменнік абраў суб'ектывізаваную форму аповеду – ад імя галоўнага героя Пятра Шапятовіча, які знаёмідь нас з дзённікавымі запісамі. Падзеі ў аповесці храналагічна ахопліваюць перыяд ад самага пачатку вайны да чэрвеня 1942 года, калі галоўны герой пасля ранения ачуньвае ў шпіталі. За гэты час Шалятовіч прайшоў суровую франтавую школу i навучыўся ваявадь, у экстрэмальных абставінах сустрэўся са смерцю, нават мог загінудь, перажыў страты i цяжкія, напружаныя моманты, у выніку – загартаваўся i пасталеў. Апрача гэтага, Пятро зведаў цану баявой дружбе, сапраўднаму сяброўству, чалавечнасці i сумленнасці, i найперш дзякуючы такім людзям, як Сеня Пясоцкі. У ваенных умовах агаляліся псіхалогія i ментальнасць антыгерояў – рознага роду «трутняў вайны». Шапятовіч на прыкладзе Сцяпана Кідалы пераканаўся, што такое кар'ерызм абмежаванага чалавека, подласць, нягодніцтва.
Сеня Пясоцкі, які ўдумліва аналізуе падзеі, абудзіў крытычную думку Пятра, дапамог яму глыбей, без ружовага глянцу ўбачыць i зразумець, што такое вайна. Вачыма галоўнага героя перададзена атмасфера ваенных будняў, наказана трагічнае аблічча часу. Ён не хавае асабіста перажытага, болю i пакут, прапускае праз сябе душэўны вопыт іншых людзей, успаміны, міжчалавечыя дачыненні, размовы, спрэчкі i інш. Аповесць «Агонь i снег» – праўдзівы i хвалюючы дакумент жыцця франтавіка, створаны з арыентацый на так званы жорсткі рэалізм у адлюстраванні вайны.
«Трывожным» было шчасце знаёмых нам ужо герояў i ў аповесці «Пошукі сустрэчы» (1959). «Сэрца маё! Каханве маё! Вядзі ж мяне правільна!» – такое жаданне поўніць Сашу, якая жыве надзеяй на сустрэчу з каханым. «I рантам Пятро стаў рэальнасцю. Ён ішоў да ix, як у родны дом». Вяртанне да сям'і становіцца для Шапятовіча складаным унутраным выпрабаваннем. Яму балючадумаць, што «чарсцвеюць сэрцы ў жывых… Руйнуюцца любоў i вернасць…» A ўсё гэта адбываецца праз недавер да Сашы, маўляў, тая «магла здрадзіць яму – Пятру». «I пра Лялькевіча думаў, раўнаваў, пакутаваў». Адносіны некалі так моцна закаханых людзей далі расколіну, аднак Пятро i Саша прайшлі цяжкую дарогу да прымірэння, сямейнай згоды i яднання, здолелі захаваць вернасць сабе, не далі абставінам зруйнаваць ix пачуцці.
У заключнай аповесці «Мост» (1963) героі ўступаюць у новую паласу жыцця. Пісьменнік паказвае, як пасля вайны людзі вярталіся да працы, уключаліся ў адбудову вёскі, наладжвалі побыт. I. Шамякін не прыхарошваў рэчаіснасць, імкнуўся праўдзіва паказаць жыццёвыя цяжкасці i праблемы, нават завастраў ix. Тагачасная крытыка аддавала пісьменніку належнае за творчую смеласць. «Праўда жыцця вымагала ад аўтара пэўнай рызыкі i пэўнай мужнасці, яна ж патрабавала немалое «аддачы» аўтарскага таленту…» – пісаў В. Быкаў у рэцэнзіі пад красамоўнай назвай «Улада праўды» (1965).
Рэальныя складанасці часу i жыцця, ix драматызм востра бачыць старшыня калгаса Панас Грамыка, які спрабуе зразумець прычыны такога стану рэчаў, калі «і ворага няма перад табою, хіба пагода адна ды вось запусценне ваеннае, a ідзем мы – не ідзем, а тыцкаемся, як сляпыя… Без компаса, без разведкі… Ніхто разумнай каманды не можа дадь…» Шапятовіч хоць i не здольны гэтак жа крытычна ўспрымаць рэчаіснасць, але ён пагаджаецца з меркаваннямі Грамыкі. Не заўсёды, аднак, ён намагаецца праверыць словы жыццём, як бы ўнікае вострых «вуглоў», канфліктаў. Шапятовіч усё ж асоба іншага складу: у душы гэты герой застаецца летуценным i шчырым ідэалістам, чалавекам мэтаімкнёным, ён жыве верай «у заўтрашні дзень, у шчасце», у тое, што на зямлі перамагае дабро. Гэтае шчасце для Пятра сімвалізуе мост, пра пабудову якога ён марыць як пра штосьці найпрыгажэйшае ў свеце. Пісьменнік стварыў два адрозныя тыпы характараў: рэаліст, прагматык Грамыка i рамантычная натура Шапятовіч, якія то кантрастуюць між сабой, то дапаўняюць адзін аднаго.
У абставінах пасляваеннага жыцця яшчэ глыбей раскрываецца асоба Сашы. Яна пастаянна «на візітах», г. зн. наведвае хворых, з сардэчнай чуласцю ставіцца да людзей, i тыя таксама шануюць сваю фельчарку. A галоўнае – Саша поруч з мужам, клапоціцца пра сваю сям'ю як штосьці самае дарагое i незаменнае ў свеце.
А. Адамовіч адзначаў, што «аповесць у цэлым настройвае чытача на роздум куды больш глыбокі i сур'ёзны». Роздум гэты датычыць пакалення, якое мужна перанесла «агонь i снег» вайны i не страціла сваёй чалавечнасці, якое прасвятлілася радасцю перамогі i ўсклала на свае плечы цяжар пасляваеннага жыцця, якое не спасавала перад нягодамі, выстаяла, вытрымала ўсе выпрабаванні i засталося адданым высокім ідэалам свайго юнацтва i маладосці. Роздум выводзіць нас да важных філасофскіх з'яў i паняццяў – сям'я, народ, радзіма, шчасце, каханне, абавязак, вернасць… «Народ – такая сіла, што ўсё адужае», – адна з жыццёва значных думак, па-мастацку сцверджаных у творы.
Стыль пісьменніка ў «Трывожным шчасці» ўражвае шырынёй дыяпазону, ён спалучыў вытанчаны лірызм i рэалістычна-аналітычнае даследаванне жыцця, псіхалогіі чалавека. Асаблівую адметнасць кнізе аповесцей надаюць пейзажныя малюнкі – паэтычныя, вобразныя, жывапісныя. Краявіды i чалавек у Шамякіна – гэта адзінае арганічнае цэлае, таму прырода дапамагае выявіць настрой герояў, ix характар, думкі i адчуванні, глыбока духоўныя адносіны аўтара да свету.
«Трывожнае шчасце» – першая пенталогія ў нацыянальнай мастацкай прозе – стала адным з самых значных творчых дасягненняў I. Шамякіна i ўсяго беларускага слоўнага масгацтва XX стагоддзя. Аўтар называў яе сваім любімым творам. Гэтаё пяцікніжжа – своеасаблівае літаратурнае Евангелле ад беларускага пісьменніка-гуманіста пра духоўную годнасць i трываласць сапраўдных людзей, ix глыбокую адданасць вечным каштоўнасцям жыцця.
Алесь Бельскі,
доктар філалагічных навук, прафесар
Непаўторная вясна
Аповесць першая
І
Пятро прагаласаваў. Машына не спынілася. Мабыць, выгляд падарожнага не зрабіў на шафёра належнага ўражання. Але сам пасажыр думаў аб сабе інакш: у свае васемнаццаць год ён быў поўны высокіх мараў і надзей, без гонару і зазнайства лічыў, што ён чалавек цікавы і апрануты для студэнта прыстойна, а таму мае права на ўвагу людзей. Аднак ён не пакрыўдзіўся і не ўзлаваўся, хоць і не першы вадзіцель так няўважліва праехаў міма. Правёўшы позіркам машыну, ён зноў з прыемнасцю разлёгся на прыдарожнай лаўцы ў цені сосен, паклаўшы галаву на свой пацёрты цыратавы партфелік, напакаваны марамі, надзеямі і рознымі думкамі гэтак жа поўна, як і галава студэнта. Але ў партфелі яны ляжалі ў выглядзе дзённікаў, у якіх добрая палавіна розных здарэнняў і падзей была выдумана, і вершаў – простых, наіўных, але шчырых, бо ўсе яны прысвячаліся ёй.
Пятро ляжаў на спіне і глядзеў у бяздонны блакіт яснага жнівеньскага неба. Ён думаў пра яе. Здараецца, што бывае цяжка ўявіць дарагія рысы блізкага чалавека, калі вельмі хочаш гэта зрабіць. Але сёння Саша ўяўлялася так ясна, быццам увесь час стаяла перад ім, пакуль ён ляжаў тут, за горадам, чакаючы спадарожнай машыны. Можа, праз гэта хлопец і не надта спяшаўся хутчэй дабрацца да месца: хораша думаць так! Не, ён марудзіў і не пабег трыццаць кіламетраў пехатой адразу з цягніка, як часта рабіў гэта пазней. У душы было тое дзіўнае пачуццё, якое мы часта перажываем, асабліва ў юнацтве, калі разам з моцным жаданнем, з імкненнем хутчэй дасягнуць мэты пасяляюцца трывога, няўпэўненасць. Трывогу гэтую адчуваў і Пятро. Адна рэч – сустракацца вечарамі на адной з цёмных вуліц Гомеля, гаварыць аб самых высокіх матэрыях, цалавацца і зусім іншае – прыехаць да яе ў вёску, на кватэру, дзе яна сама гаспадыня. Да таго ж тры месяцы, якія яны не бачыліся, здаваліся яму вельмі доўгім тэрмінам. Колькі сплыло вады за гэты час! Ён ездзіў на практыку ажно ў Сібір і вярнуўся па-ранейшаму студэнтам, а яна скончыла школу і паехала на працу вось у гэтую далёкую вёску, куды яму трэба неяк дабрацца. Яна ўжо самастойны чалавек, фельчар, у яе новыя знаёмыя – колькі ў вёсцы настаўнікаў і іншых хлопцаў! Непрыемнае пачуццё запякло ў грудзях – наіўнае і страшнае пачуццё беспадстаўнай рэўнасці. Чаму яе два пісьмы былі такія кароткія? «Даруй, няма вольнай хвілінкі». Здавала экзамены – знаходзіла час пісаць па некалькі старонак. А тут, у вёсцы, раптам не хапае часу, быццам ва ўсім сельсавеце – адны хворыя. Праўда, яна сама яго запрасіла ў апошнім пісьме прыехаць у госці. Але якое гэта запрашэнне – адзін сказ у канцы, як бы між іншым, для ветлівасці; можа, спадзявалася, што ён не адважыцца прыехаць. Пятро ад такіх думак ажно ўсхапіўся і абышоў вакол лаўкі. Ён пачаў думаць аб той нечуванай у гісторыі чалавецтва страшэннай помсце, якую ён здзейсніць, калі – не дай Божа! – яна здрадзіць яму.
Крыху супакоіўшыся, ён лёг зноў. Перад ім лёгка гойдалася галлё сосен. Над самым вухам пранізліва закрычаў паравоз – побач праляскаў таварны састаў. Пятро ўсміхнуўся: жахі зніклі, ён зноў бачыў яе вочы, блакітныя і ласкавыя, адчуваў на вуснах цеплыню яе пацалункаў. Не, яна добрая, шчырая, і яна кахае яго назаўсёды.
Пачуліся галасы і смех, ён схамянуўся. Вялікая група жанчын з кошыкамі, бітонамі і чаравікамі ў руках вярталася з горада і таксама размясцілася адпачыць пад соснамі.
– Цёткі! Да Холмеч далёка? – баючыся натрапіць на людзей з той вёскі, дзе працуе яна, яго Саша, бо такія людзі абавязкова пачалі б дазнавацца, да каго ён едзе, Пятро хітра пытаўся пра адлегласць да суседняга мястэчка. Пытаўся проста так – для забаўкі, бо ўжо дакладна ведаў ад гаваркога стрэлачніка, колькі кіламетраў не толькі да Холмеч, але да кожнае вёскі па гэтым шляху.
– Да вечара паляжы – бліжэй будзеш, – засмяялася адна з маладзіц.
– Відаць, дадому так спяшаецца, а маці недзе чакае не дачакаецца, – з дакорам сказала старая. Мабыць, яны бачылі яго тут, на гэтай лаўцы, калі яшчэ ехалі ў горад, бо самая маладая зноў пажартавала:
– Да нявесты нябось даўно пяшком дабег бы.
Словы яе ўкалолі хлопца, яму стала сорамна за тое, што ён ляжыць. Пятро ўзяў партфелік і адышоў убок, каб не чуць іх смеху і жартаў. Але неўзабаве пад'ехаў і спыніўся грузавік, і жанчыны, загрымеўшы бітонамі, пачалі шумна залазіць у кузаў. Пятро падышоў і спытаў у шафёра, ці можна пад'ехаць.
– Пяць рублёў, – буркнуў тоўсты чырванатвары чалавек, больш падобны на дырэктара маслазавода, чым на шафёра.
Гэта было дорага, а тым больш для беднага студэнта, у якога ў кішэні ляжала ўсяго нейкая дзесятка; за гэтыя грошы яму трэба было вярнуцца са свайго няблізкага падарожжа назад. Таму ён уедліва сказаў чырванатвараму вадзіцелю:
– Дзякую за ласку, – і рушыў назад, да пераезда.
Жанчынам, мабыць, стала шкада юнака. Яны нешта сказалі шафёру і паклікалі:
– Ідзі садзіся. Чаго там! Можа, пасватаешся да нашых дзяўчат!
Шафёр таксама лагодна крыкнуў:
– Гэй, ты! На гонары далёка не паедзеш! Садзіся. Давязу.
Пятро не азірнуўся. Толькі калі машына рушыла і крыху асеў пыл, ён павярнуўся і шпарка закрочыў следам за ёй, туды, дзе канчаўся невялікі сасняк і адкрывалася шырокае поле.
Хто ішоў па дарозе ад Рэчыцы на Лоеў, той ведае, якая гэта сумная і цяжкая дарога, асабліва ў летнюю спёку. Яна цягнецца па голай, як стэп, раўніне і нават першыя трыццаць кіламетраў – да Холмеч – абмінае зялёныя аазісы вёсак, дзе падарожны мог бы напіцца з калодзежа сцюдзёнай вады і адпачыць у цені вербаў ці вішняку. Ні дрэўца, ні кустоў, ніводнай рачулкі, ёсць некалькі равоў, па якіх сцякае ў Дняпро вясновая вада, ды ў жніўні яны заўсёды сухія. Але самае пакутлівае на той дарозе – гэта ўвесь час бачыць недалёка злева густую сцяну лесу, а з узгоркаў, бліжэй да лесу, паміж яркай зеляніны лугу, – паласу вады, што спакусліва паблісквае на сонцы. Але да Дняпра – два-тры кіламетры. І, вядома, не ў кожнага пешахода хапае волі падоўжыць свой шлях на некалькі кіламетраў, каб пакупацца. Раней дарога вяла паўз самы Дняпро, праз вёскі Жмураўка, Заспа, Левашы, але нейкі дарожны начальнік, які, мабыць, ніколі не хадзіў пехатой, вырашыў пракласці яе полем, каб зрабіць больш простай, кароткай і нібыта больш праезджай вясной і ўвосень. Ды ад гэтага яна не стала ні карацейшай, ні больш праезджай у непагоду. Добра, што ў наш шчаслівы час, калі ўсюды столькі машын, нават закаханыя паэты не ходзяць пехатой. А ці добра? Прайсці аднаму па добрай дарозе і ў добрым настроі – хіба не прыемна гэта? Колькі перадумаеш усяго, як хораша памарыш, паспрачаешся са сваімі праціўнікамі! А колькі варыянтаў новай рэчы – я маю на ўвазе нашага брата, пісьменніка, – можа з'явіцца ў выніку гэтага роздуму, колькі нечаканых і цікавых сюжэтных ходаў раптам знаходзіш. Ніхто табе не перашкаджае, ты можаш размаўляць са сваімі героямі, гаварыць за іх, прыслухоўвацца да іх галасоў, спяваць, не маючы слыху, складаць вершы, не маючы таленту, – адным словам, можаш рабіць, што хочаш. Амаль нідзе не адчувае чалавек сябе больш вольным, як у дарозе, і асабліва сярод шырокага поля, калі ўсё відаць далёка навокал і ты ўпэўнены, што ніхто не чуе тваіх думак.
Пятро, як і кожны ў яго гады, быў паэт у душы, і ў яго хапіла занятку на добрую палавіну дарогі. Ён не заўважаў ні спёкі, ні аднастайнасці пожняў, ні пылу, нават Дняпро не вабіў яго. Першая празаічная рэч, на якую ён мусіў звярнуць увагу, былі ўласныя парусінавыя чаравікі. Пра іх нельга было не падумаць, бо гэта была самая ненадзейная частка яго ўбрання. Пятро прысеў на запыленую ўзбочыну, разуўся і, загарнуўшы чаравікі ў газету, паклаў іх у партфель побач са сваім духоўным скарбам.
Але самы шчаслівы закаханы і самы натхнёны паэт урэшце стамляецца. Тады знікае жаданне марыць, чалавек пачынае чытаць лічбы на кіламетравых слупах і адразу заўважае, якая па сутнасці гэта аднастайная і цяжкая дарога і як гола і сумна на полі ў жніўні: убрана збажына, пажоўк бульбоўнік, пачарнела няскошаная грэчка.
У Пятра гэтая стомленасць прыйшла разам са смагай – вельмі захацелася піць. Ён дастаў кавалачак хлеба, які захапіў тайком у сталоўцы ў час снедання, адкусіў і доўга трымаў у роце, смакуючы салёна-салодкую мякаць.
Але калі ён вызначыў па слупах, што патрэбная яму вёска ўжо недалёка, то адразу забыўся на стомленасць і смагу; іншыя турботы апанавалі яго: нельга паявіцца перад Сашай у такім выглядзе – запыленым, з бруднымі рукамі і нагамі, засмяглымі губамі. На шчасце, яму ўдалося знайсці пад адным мостам цераз роў лужыну дажджавой вады. Наўрад ці згадзіўся б ён у іншых абставінах мыцца ў такой вадзе, але тут іншага выйсця не было. Пятро старанна выбіў пыл са штаноў і някепска памыўся.
У поўнай форме – зашпілены на ўсе гузікі, абуты – набліжаўся ён да вёскі, ахутанай залатым пылам: заходзіла сонца, вяртаўся з поля статак. Боязь і радасць, трывога і лепшая надзея, няўпэўненасць і юнацкая задзірыстая рашучасць перамяшаліся ў дзіўнае і вельмі салодкае пачуццё. Нялёгка было яму спытаць у жанчыны, якая вельмі цікаўна аглядала яго, дзе кватаруе фельчарыца Траянава. Жанчына паказала на вялікую хату са старым клёнам пад акном.
У двары Пятра сустрэла дзяўчынка год васьмі, якая на ганку скрэбла бульбу.
– Скажыце, Саша дома? – нясмела спытаў Пятро, быццам перад ім была не малая, а нехта сталы і суровы з выгляду.
– Хто? – не зразумела дзяўчынка.
– Аляксандра Фёдараўна, Траянава, – яшчэ больш разгубіўся хлопец.
– А вунь – у садзе, – і гукнула: – Цёця Шура! Да вас прыйшлі!
Пятро ўподбег кінуўся ў сад, нібы спалохаўся, што Саша можа некуды знікнуць.
Саша ў знаёмай сукенцы ляжала пад яблыняй і чытала. Яна не ўзняла галавы, быццам нічога не чула. Пазней, значна пазней яна прызналася, што ўбачыла Пятра яшчэ за вёскай, на дарозе, і таксама спалохалася. Нават спачатку падумала схавацца, а дачку гаспадыні папрасіць, каб тая сказала, што яе няма дома. Але, зразумеўшы, што гэта і наіўна, і непрыгожа, і жорстка, яна, каб не выдаць свайго страху, свайго хвалявання, засталася ляжаць, глядзець у кнігу і слухаць спалоханыя ўдары ўласнага сэрца, размову Пятра з Нінкай, яго паспешлівыя крокі.
Пятро спыніўся за колькі крокаў ад яе. Недзе ў глыбіні душы ўспыхнулі крыўда і рэўнасць. «Пісала, што часу няма, а сама ў садзіку кніжачкі чытае». Але крыўду гэтую захліснула гарачая хваля пяшчоты. Ён шэптам паклікаў:
– Саша!
Яна ўзняла галаву і шырока расплюшчыла свае вялікія прыгожыя вочы; у водсвеце вячэрняй зары зусім пунсовым зрабіўся яе твар.
– Ты-ы?
Пятра ашаламіла такое яе здзіўленне, і ён стаяў разгублены, бездапаможны, варты жалю.
Саша зразумела, што ён адчувае, і хутка ўзнялася, села на коўдры, на якой ляжала, паправіла сукенку і працягнула руку:
– Ну, добры вечар. Будзь госцем.
Ён паціснуў яе руку і зморана апусціўся побач.
– Стаміўся? – І гэтае яе такое простае і ласкавае запытанне расчуліла да слёз сапраўды страшэнна зморанага хлопца. Ён з удзячнасцю паглядзеў на Сашу затуманенымі вачамі і, не маючы сіл вымавіць слова, прыпаў вуснамі да яе рукі. Але яна адняла руку і адсунулася ад яго.
– Не трэба. Нінка падглядае… І наогул – ведаеш што?.. Ты будзеш маім братам…
– Братам?
– Але, я скажу, што ты мой брат.
– Навошта?
– Я не хачу, каб у вёсцы загаварылі, што да доктаркі прыязджаў жаніх.
Раней яна ніколі не гаварыла такіх слоў, як «жаніх», «нявеста»: юнацтву яны здаюцца занадта грубымі. Але цяпер слова гэтае не абразіла Пятра, а, наадварот, узрадавала, і ён ахвотна згадзіўся:
– Добра. Буду братам… кім хочаш, абы толькі быць з табой, Сашок.
– Я не думала, што ты прыедзеш. Хоць мне вельмі-вельмі хацелася, каб ты прыехаў… Ты галодны, праўда? – магчыма, ад разгубленасці ці адчування сваёй віны перад ім яна рабіла такія нечаканыя пераходы.
Некалі ён кляўся, што ніколі не скажа ёй няпраўды. Але тут чамусьці схлусіў:
– Не, я абедаў нядаўна ў Рэчыцы. Я на машыне ехаў.
Саша шпарка падхапілася і ўзяла ў адну руку яго партфель, у другую коўдру.
– Хадзем у хату, – і гарэзліва бліснула вачамі. – Ты прывёз дзённікі, праўда? – Яна любіла чытаць яго дзённікі, хоць верыла не ўсяму ў іх.
Па дарозе падскочыла і сарвала яблык. Дзіўна, але гэта неяк адразу супакоіла Пятра. У першыя хвіліны ў яго з'явілася адчуванне, што за тры месяцы, як яны рассталіся, Саша вельмі змянілася, пасталела і ад гэтага як бы стала больш далёкай і чужой. Адчуванне такое палохала яго. І раптам па тым, як яна сарвала яблык, ён пазнаў сваю Сашу. Некалі на спатканнях яна часта рабіла так: сярод сур'ёзнай размовы аб самых высокіх матэрыях раптам падскаквала, зрывала каштан, ці галінку ліпы, ці проста ліст, клала яго на руку і «страляла». Або, калі яны часам выходзілі ўвечары за горад, раптам прапаноўвала: «Давай навыперадкі!»
А як хораша адчуў сябе юнак, калі яны селі за стол, адно супроць аднаго, і пачалі есці пахучае халоднае малако з чорным хлебам, у якім трапляліся неразмолатыя зерні і хрумсцелі на зубах. Як шмат хто ў яго ўзросце, Пятро ў кожнай з'яве шукаў сімвалічнага. Дагэтуль ён ніколі не сядзеў з ёй за адным сталом. За два гады амаль штодзённых сустрэч у іх ні разу нават і думкі не ўзнікала, каб зайсці разам у сталоўку ці рэстаран. Не, яны нават у кіно не хадзілі: Саша ўпарта не згаджалася. Пасля яна прызналася, што саромелася свайго беднага ўбрання: яна была з беднай сям'і, расла без маці.
І вось яны сядзяць за адным сталом. Пятро не зводзіў позірку з твару дзяўчыны. У хаце гусцеў змрок, але ён бачыў яе любыя вочы, цяпер яны глядзелі ласкава і закахана. Яна падлівала малака і ціха прасіла:
– Пі. Не саромейся. Дзіўны ты які.
Ён не пытаў, чаму дзіўны, ды яна і не змагла б адказаць. Ёй было радасна, што ён прыехаў, што не толькі гучнымі словамі ў пісьмах, вершах і дзённіках, але справай даказваў сваё шчырае каханне. Але было і неспакойна на душы. Яна з трывогай чакала гаспадыні.
І гаспадыня нарэшце прыйшла. Гэта была жанчына год трыццаці пяці, худая, рухавая і не вельмі гаваркая. Муж яе трагічна загінуў на лесараспрацоўках. Яна засталася з двума дзецьмі, працавала даяркай у калгасе, і сям'я жыла не горш за тыя, дзе былі мужчыны. Дачка, безумоўна, паведаміла ёй яшчэ на вуліцы, што «да цёці Шуры прыехаў брат». Гаспадыня стрымана прывіталася кароткім расейскім «здрасте» і хуткім позіркам агледзела з галавы да ног невысокую шыракаплечую постаць хлопца.
Саша збянтэжылася і няўпэўнена сказала:
– Знаёмцеся, Аня, гэта мой брат.
Рук адно аднаму не падалі. Пятро разглядаў гаспадыню без асаблівай цікавасці. Яны сабраліся з Сашай пайсці пагуляць за вёску, далей ад людскога вока, і ён хацеў, каб хутчэй скончыліся ўсе гэтыя фармальнасці. «Гаспадыня як гаспадыня, і што ёй да ўсяго іншага?» – разважаў ён.
Вусны жанчыны скрывіліся ў іранічнай усмешцы:
– Брат?
Нават пры слабым святле лямпы было відаць, як успыхнуў Сашын твар: яна ўспомніла, што яшчэ напачатку расказала гаспадыні ўсё пра сваіх сястру і малога брата, нават паказала фотакарткі. І яна ўдакладніла ўпаўшым голасам:
– Стрыечны.
– А-а, – працягнула гаспадыня і, схапіўшы дайніцу, выбегла з хаты.
– Ты думаеш, яна паверыла? – спытаў Пятро, калі яны выйшлі на вуліцу.
– Няхай. Я пасля раскажу ёй. Яна добрая. Абы маўчала цяпер. І каб дзеці не разносілі па вёсцы… Гэта такое радыё!..
Яны мінулі крайнія хаты, прайшлі паўз могілкі, дзе раслі бярозы, старыя і панурыя, і адразу апынуліся ў чыстым полі, залітым святлом поўнага месячыка.
Ноч была ціхая, душная, і паветра моцна пахла пылам, узнятым адвячоркам збажыной і яблыкамі. Вёска стаяла сярод поля, блізка не было ні лесу, ні рэчкі, ні нават балот, калі не лічыць невялікай сажалкі на выгане. Але хаты танулі ў зеляніне садоў, якіх, на жаль, цяпер так мала – пасля ваенных пажараў.
Калі адышлі далей ад вёскі, Пятро горача абняў Сашу і пацалаваў. Яна прымала яго пацалункі, як заўсёды: ніколі не цалавала сама, але ласкава абвівала рукамі шыю, прыціскалася, і ён чуў, як часта-часта пачынала біцца яе сэрца.
– Сашок, каб ты ведала, як я сумаваў гэтыя тры месяцы! Як многа і хораша думаў пра цябе! А ты яшчэ здзівілася, што я прыехаў. Ты прачытаеш у дзённіку, як я перажываў…
– О, пісаць ты ўмееш!
– Ты не верыш мне? – прытворна пакрыўдзіўся Пятро.
Яна ласкава дакранулася плячом да яго пляча:
– Раскажы лепш, як вы там жылі, у Сібіры…
Яны ішлі, узяўшыся за рукі, па палявой дарозе, і ён расказваў доўга і падрабязна.
Саша маўчала.
Пятро зноў з трывогай зазначыў, што ўсё-такі яна перамянілася – стала нейкая больш стрыманая, паважная. Ён разлічваў, што Саша пасмяецца з расказу аб тым, як у іх не хапіла грошай, каб прыехаць назад, і яны доўга вырашалі – што прадаць, і як прадавалі яго, Пятрову, аўтаручку, аднаго сябра чамадан, другога, самага багатага, пінжак. Але Саша не засмяялася. Яна сказала:
– Ты мог бы напісаць мне, і я прыслала б табе грошай. У мяне ўпершыню сабралася столькі – і пад'ёмныя, і зарплата!.. Не ведала, што з імі рабіць…