Текст книги "Трывожнае шчасце"
Автор книги: Иван Шамякин
сообщить о нарушении
Текущая страница: 16 (всего у книги 43 страниц)
Уночы, калі я пісаў, да мяне падышоў Сеня Пясоцкі, мой лепшы друг. Мы пасябравалі яшчэ ў дарозе, у цяплушцы, калі нас везлі з Гомеля сюды, на Поўнач. Разгаварыліся, i высветлілася, што ён добра ведае Сашу, што маці яго – тая ўрач Марыя Сяргееўна, пра якую расказвала мне Саша з павагай, з гордасцю за сваю дружбу з гэтай жанчынай. Праўда, я трохі быў насцеражыўся, калі Сеня пачаў хваліць Сашу, нават варухнулася раўнівае пачуццё: ці не закаханы гэты хлапчук у маю жонку? Але потым я зразумеў, што захапляцца людзьмі, хваліць ix больш, чым трэба, – рыса яго характару. У армію яго ўзялі са школьнай парты, ён толькі скончыў дзесяць класаў. I на выгляд Сеня быў яшчэ дзіця, вучань: маленькі, худзенькі, з тонкім, як у дзяўчыны, голасам, з вялікімі вачамі, у якіх вельмі выразна адбіваўся яго настрой, з маленькімі, смешна адтапыранымі вушамі. Помню, у вагоне яму казалі: «Хлопчык, пасунься, дай месца. Хлопчык, збегай па ваду». Ён вінавата ўсміхаўся i паслухмяна ўсё выконваў. Але на батарэі даволі хутка Сеня заваяваў агульную павагу за сваю сардэчнасць i надзвычай шырокія веды. Яго так i называлі – «эрудыт». Эрудыцыя гэтая спалучаецца ў яго з рамантычнай, крыху наіўнай юнацкай узнёсласцю. Я палюбіў яго, мы сталі, як кажуць, неразлучнымі сябрамі.
Сеня падышоў непрыкметна. Я ўбачыў яго, калі ён сеў на бруствер, амаль над галавой у мяне, правільней – не ўбачыў, a адчуў i адразу пазнаў – хто. Не вельмі сумеўся ад таго, што мяне захапілі ў такі незвычайны час за такім дзіўным заняткам (бадай, нікому не прыйшло ў галаву пісаць адразу ж пасля бою). Я напісаў яшчэ некалькі слоў, потым загарнуў сшытак, глянуў на друга. Як завастрыўся яго твар, як запалі яго вялікія вочы за тры дні.
– Што ты пішаш? – спытаў ён шэптам.
Я падняўся, абапёрся на бруствер каля яго ног i даверліва прызнаўся:
– Дзённік.
– Дзённік? – Ён здзівіўся. – Ведаеш, на вайне не раяць пісаць дзённік.
– Ты думаеш, могуць забараніць? – устрывожыўся я, верачы, што Сеня ўсё ведае.
Ён падумаў.
– Не, забараняць бадай што не будуць. Але навошта табе? Я не люблю дзённікаў. У ix хлусяць…
Я сціснуў яго калена i горача зашаптаў:
– Не, я напішу праўду. Напішу ўсё, што перажыў, што перадумаў… Я пішу для Сашы, а ёй я ніколі не хлусіў. Я хачу, каб тады, калі мяне не стане…
– Пеця! Выкінь з галавы дурныя думкі.
– Ты думаеш, мы выйдзем жывыя з гэтага пекла?
– Ніхто не ведае, хто загіне, хто будзе жыць. Але ўсе мы павінны думаць пра жыццё. Інакш які сэнс у змаганні? Каб перамагчы…
– Усё гэта правільныя словы, Сеня. Але ў мяне прадчуванне…
– Глупства. У цябе проста страх. Думаеш, у мяне, у другіх хлопцаў няма яго? Але мне здаецца, што я пачынаю перамагаць гэтае агіднае пачуццё. Пасля сённяшняга бою…
– Бой! Які гэта бой! Пасля яго я адчуваю сябе яшчэ горш! Як мы стралялі! Ганьба!
Ён усміхнуўся:
– Праўда, стралялі пагана. Але, кажуць, першы блінец заўсёды комам…
– Блінец! – пачаў злаваць я. – У каго ты набраўся такой разважлівасці? Такія «блінцы» нам вылезуць бокам… Заутра, можа, праз гадзіну… Наляцяць зноў… i расстраляюць такіх зенітчыкаў з кулямётаў.
Мы адначасова паглядзелі на неба. Колькі часу яно будзе чыстае?
Сеня ўздыхнуў i задумліва сказаў:
– Але… За восем месяцаў мы добра навучыліся хадзіць на лыжах, класічна казыраць… I толькі страляць з асноўнай сваёй зброі не навучыліся. Усе гэтыя трэніроўкі без баявой стральбы… чаго яны варты? A Кідала нават сілуэтаў не ведае. Даказвае, што гэта былі «Ю-88».
– Пясоцкі! Вы зноў за сваё. Не навучылі вас? – нечакана прагучаў з нішы голас сяржанта Тарных. – Шапятовіч, спаць! Развінціліся!
Не ўсе, значыцца, спяць! Сеня ўздрыгнуў, пабялеў i, падняўшыся, панура пасунуўся да свайго дальнамера. У мяне балюча сціснулася сэрца. Стала вельмі шкада гэтага добрага, разумнага хлопца. «Зноў за сваё». За што – сваё? Што кепскае ён сказаў? Чаму часам невукі, выскачкі, салдафоны ў большай пашане, чым такія, як Сеня? Колькі ён перажыў за гэтыя тры дні, мой друг! Больш, чым усе мы. I не скардзіцца, не ные, не кідаецца ў паніку, а мужна трывае. Мне хочацца напісаць пра ўсё, што здарылася з ім. Магчыма, запісы мае праз Сашу дойдуць да яго маці.
Пачну спачатку.
Мы так стамляліся ад заняткаў, работы, вучэбных трывог, што нядзелі, калі можна трохі адпачыць, лішнюю гадзіну паспаць, чакалі, як найвялікшага свята. Але для мяне тая нядзеля не была радасная: за чытанне Горкага на палітвучобе я атрымаў тры нечарговыя нарады i мусіў дняваліць.
Ішоў дождж. Другія суткі нізкія хмары ахутвалі вяршыні навакольных сопак i бесперапынна сеялі густы дождж. Накінуўшы плашч-палатку, я хадзіў па лінейцы, якую сам толькі што старанна падмёў. Лінейка цягнецца ўздоўж зямлянак, выкапаных на схіле пясчанага ўзгорка, на якім віднеюцца накрытыя чахламі гарматы. З другога боку, унізе, скача па каменнях вясёлы гаманлівы ручай. Навокал пуста i ціха. Пасля снедання мае сябры «дабіраюць» тое, што недаспалі за тыдзень, ці пішуць пісьмы. Мне было крыху зайздросна: хацелася i паспаць i напісаць пісьмо. Але разам з тым было прыемна хадзіць у адзіноце i думаць пад шум дажджу i ручая – ніхто не перашкаджаў. Я думаў пра Сашу, «пісаў» чарговае пісьмо, шукаючы самыя пяшчотныя словы.
У дванаццаць гадзін у пасёлку, кіламетры за два ад нас, загаварыла радыё. Слоў нельга было разабраць, але мне здалося па тону, што перадаюць нешта важнае. Захацелася паслухаць. Рэпрадуктары былі ў ленінскім кутку i ў афіцэрскай зямлянцы. У кутку, я ведаў, палітрук i рэдкалегія выпускаюць насценную газету, дзе, напэўна, распісваюць i мяне – мае нарады. Я не любіў малодшага палітрука Сідарэнку. Нічога кепскага ён мне не зрабіў i ўвогуле, здаецца, чалавек неблагі, мяккі па характеру, гаманкі, просты. Але не падабаліся яго жарты. Мяне, напрыклад, ён даволі часта насмешліва называў «жанацік» i колькі разоў з непрыемнай цікавасцю распытваў, як я жаніўся, якая ў мяне жонка. Таму я не пайшоў у ленінскі куток, a зазірнуў у камандзірскую зямлянку, каб сказаць лейтэнанту Купанаву, што перадаюць нешта важнае, i паслухаць самому. Але камандзір батарэі смачна i бестурботна спаў, па-дзіцячы раскінуўшы рукі.
Я ціха ўключыў радыё і… аслупянеў. Вайна! Я адразу зразумеў гэта i страшэнна разгубіўся, не ведаючы, што павінен рабіць як днявальны, як баец, як чалавек, нарэшце, грамадзянін сваёй Радзімы. Помню, я падумаў пра Сашу, i мне зрабілася так балюча, быццам у той міг я назаўсёды страціў яе, самага дарагога чалавека.
Лейтэнант расплюшчыў вочы, глянуў на мяне i… павярнуўся на другі бок, напэўна, яму здалося, што ён нешта сніць.
Тады я крыкнуў:
– Таварыш лейтэнант! Вайна!
Ён падхапіўся, як па трывозе, пачаў імкліва адзявацца. Вокамгненна нацягнуў штаны, абуў боты i раптам застыў, усунуўшы руку не ў той рукаў гімнасцёркі. Дзіўна збялела яго ніжняя губа, калі ён пачуў заключныя словы Старшыні Саўнаркома. Упершыню ўбачыў я таго, каго мы з павагаи называлі Напалеонам, разгубленым i спалоханым.
– Што рабіць, таварыш лейтэнант?
– Што рабіць? – Ён апусціў гімнасцёрку i знясілена сеў на ложак. – Што рабіць? – Ён, як i я, не ведаў, што рабіць у гэтую страшную хвіліну, i, можа, цэлую мінуту сядзеў нерухома са скамянелым тварам. Потым схамянуўся, успомніу свае абавязкі i крыкнуў:
– Трывога!
– Трывога! Тры-ы-во-ога! – не сваім голасам падхапіў я,
выскачыўшы з зямлянкі.
Віктар Вальноў, які не спаў i выбег першы, незадаволена кінуў мне:
– Звар'яцелі вы з Напалеонам. Якая трывога ў такі дождж? Тры дні матчастку будзеш чысціць.
Я не паспеў яму адказаць – трэба было хутчэй скідаць з гарматы чахол.
– Другое гатова! Першае гатова! Прыбор гатоў! – дакладвалі адзін за адным камандзіры, як заўсёды, весела, задаволеныя спрытнасцю сваіх разлікаў, якія навучыліся выбягаць па трывозе за адну мінуту.
Камбат стаяў пасярод пазіцыі ў адной гімнасцёрцы i ўглядаўся на захад, у заслону дажджу, чакаючы ворага. Крыкнуў сувязістам:
– Запытайце гукаўлоўнікі!
Не, шуму матораў не было. Шумеў дождж. Потым Купанава паклікалі да тэлефона.
Я сказаў сваім сябрам па разліку:
– Вайна, хлопцы.
Паверылі не адразу.
На мітынгу, на які нас склікалі пасля таго, як камандзір i палітрук пагутарылі з камандным пунктам дывізіёна, Сідарэнка, заікаючыся больш, чым звычайна, паведаміў, што ў чатыры гадзіны раніцы фашысцкая Германія вераломна напала на Савецкі Саюз. Мяне ўразіла гэтае паведамленне: восем гадзін ідзе вайна, а мы нічога не ведалі, баявая батарэя спакойна, па-мірнаму адпачывала. Чаму? Мы ж ведаем, што недалёка ад нас, у Нарвегіі, таксама немцы i яны не могуць не выступіць. Думка такая, відаць, шмат каго з курсантаў устрывожыла. A выказаў яе шчыры, непасрэдны Сеня Пясоцкі. Кал i палітрук скончыў сваю прамову, ён спытаў:
– Таварыш малодшы палітрук, чым растлумачыць, што мы так позна падняліся па ваеннай трывозе? У век радыё…
Сідарэнка сумеўся, не ведаючы, што адказаць, глянуў на камандзіра батарэі i загадаў:
– Та-т-та-аварыш П-пясоцкі, т-трымайце я-язык з-за-за зубамі.
Першым выступіў зампаліт Сцяпан Кідала, таксама мой друг, але не па душэўнай блізкасці, як Сеня, а па абставінах. Чатыры гады мы вучыліся ў адным тэхнікуме, у адной трупе, нават нейкі час жылі на адной кватэры. Сцяпан гады на два старэйшы за мяне. Асаблівымі здольнасцямі ён не вызначаўся, але быў надзвычай настойлівы ў дасягненні мэты, а таму заўсёды актыўны. У тэхнікуме ён узначальваў прафком. Тут, у арміі, таксама хутка пайшоў угору: праз паўгода начапіў трохкутнікі зампаліта. Ен гаварыў так, быццам перад ім была не батарэя, а сама меней – дывізія. Ажно недзе за Туломай, у гарах, адбівалася рэха яго басавітага голасу.
– …Фашысты дрэнна ведаюць магутнасць нашай Чырвонай Арміі. Хутка яны пазнаюць яе! Не пройдзе i тыдня, як мы будзем маршыраваць па вуліцах Берліна! Вораг будзе разбіты на яго ж зямлі!..
Потым ён гаварыў яшчэ, што няхай толькі з'явяцца фашысцкія самалёты тут, над «паўночнай крэпасцю», усе адразу будуць збіты трапным агнём нашых батарэй. (Я ўспамінаю цяпер, пасля налёту, яго словы, i мая непрыязнасць да гэтага пустаслова расце.)
Усе мы цвёрда ўпэўнены, што няма ў свеце больш магутнай арміі, чым наша, i дагэтуль верым, што вайна будзе перанесена на чужую зямлю – у Польшчу i далей – у Германію, што нашы часці не адступяць ні на крок ад мяжы. Але залішне крыклівая, занадта ўжо самаўпэўненая прамова Кідалы была мне непрыемная. Навошта гэтак крычаць у такі момант? Хіба такія словы патрэбны людзям, каб узняць баявы дух? Нялёгка знайсці ix, патрэбныя словы!
Відаць, гэта адчувалі многія, а таму выступалі неахвотна i ў сваіх прамовах паўтараліся.
Палітрук звярнуўся да Сені – ён быў выдатнік вучобы:
– Вы, Пясоцкі, скажаце?
Сеня адмовіўся. Можа, таму, што яму толькі што загадалі «трымаць язык за зубамі».
Пасля мітынгу мне захацелася пагутарыць з Сенем, з іншымі хлопцамі, пачуць, што думаюць, што адчуваюць яны. Магчыма, гэта было хітрае жаданне: праверыць свае ўласныя думкі, адчуванні. Разлікі стаялі нагатове каля гармат і прыбораў, хоць наўрад ці была такая патрэба: дождж i хмары засцілалі ўсё наваколле i самалёты ў такое надвор'е не маглі ўзляцець. Я папрасіўся ў камандзіра схадзіць да дальнамера. Хлопцы сядзелі пад чахлом, маўклівыя, панурыя. Я сеў побач, абдумваючы, з чаго пачаць гаворку, каб прымусіць ix выказацца шчыра пра ўсё. Спытаў у Сені, чаму ён не выступіў.
– А што гаварыць? – неяк ажно ўстрапянуўся ён. – Крычаць, як Кідала? Абяцаць праз тыдзень Берлін узяць? Нельга забываць, што ў немцаў двухгадовы вопыт вайны, лепшая авіяцыя… танкі… Вайна з такім ворагам будзе нялёгкая! Страшная вайна будзе, Пеця, вельмі страшная. Пра гэта трэба было сказаць…
– Значыцца, вы не верыце ў перамогу, курсант Пясоцкі? – раптам прагучаў над нашымі галовамі гол ас Кідалы. Ён стаяў на брустверы неглыбокага дальнамернага катлавана ў накідцы, з-пад капюшона блішчалі яго злосныя вочы.
Сеня не разгубіўся ад такой нечаканасці i смела адказаў:
– Я веру ў перамогу! Але крычаць, не ведаючы ворага, што мы закідаем яго шапкамі, каму гэта патрэбна? Каб заспакоіць нас? А я не хачу быць спакойным у такі час! Не жадаю!..
– Ах, не жадаеш?
– Не! Я хачу быць гатовым да ўсяго, самага страшнага!
– Да чаго – страшнага?
– Да ўсяго, што можа быць на вайне.
– Ты выдаеш сябе за вялікага разумніка. Пабачым, адкуль у цябе такі розум!
– Пакінь, Сцяпан! Не рабі з сябе начальніка! Не такі сёння дзень, каб сварыцца, – не стрываў i ўмяшаўся я, карыстаючыся правам друга.
– А ты чаму тут, падпявала? Тваё месца каля гарматы! Бягом, марш!
Я аслупянеў. Усяго я чакаў ад Кідалы, але такога… Не, я кепска ведаў гэтага чалавека.
Праз нейкую гадзіну на закрытым камсамольскім сходзе абмяркоўвалі пытанне: «Аб паражэнчым настроі ў курсанта Пясоцкага».
– У той час, калі ўся наша вялікая Радзіма, увесь савецкі народ узнімаецца, каб даць адпор нахабнаму ворагу, у нашых радах, таварышы, знайшоўся чалавек, які сумняваецца ў магутнасці Чырвонай Арміі…
– Няпраўда! Я не сумняваюся! – запярэчыў збялелы Сеня.
Усе паглядзелі на яго ca здзіўленнем: перапыняць палітрука – парушэнне дысцыпліны, за гэта можна атрымаць яшчэ большую кару.
– К-курсант П-пясоцкі! – Сідарэнка губляў думку, калі яму перашкаджалі, а таму доўга маўчаў – нервова хадзіў перад камсамольцамі, якія зноў панурылі свае галовы, цёр далоні. Нарэшце сказаў, але ўжо не спакойна-інфармацыйна, a з гнеўным абурэннем: – Б-бачыце, гэты чалавек хоча падарваць баяздольнасць батарэі. Распускае панічныя чуткі… Усхваляе фашысцкую тэхніку… авіяцыю…
Я сядзеў крыху збоку i бачыў твары многіх курсантаў, нашых з Сенем сяброў, з якімі мы восем месяцаў разам спалі i елі, займаліся i адпачывалі, чыталі адны кнігі, абмяркоўвалі адны падзеі. Усе яны раней паважалі Сеню за яго веды i сціпласць. Але цяпер – я чытаў гэта на ix тварах – амаль усе верылі ў словы палітрука.
У такі час, праз нейкія дзве гадзіны пасля паведамлення аб вайне, калі гарэла сэрца i апаноўваў страх, магчыма, што i я паверыў бы, каб абвінавацілі каго іншага. Але Сеню я ведаў, як ніхто, я чуў, што ён сказаў, як сказаў. Якія ж гэта панічныя чуткі? Ён сказаў простыя разважлівыя словы, ад якіх мне зусім не страшна, а можа, нават стала спакайней. Але іншыя, відаць, паверылі, што іменна ён, юнак з інтэлігентнай сям'і, «мамчын сынок», «кніжнік», як яго называў той жа Кідала, мог стаць паражэнцам. Я не асуджаю сваіх таварышаў. Але мне зрабілася холадна, калі я прачытаў у ix вачах знявагу, нават гнеў да Сені.
Кідала, калі выступіў, спачатку даволі дакладна, амаль слова ў слова, перадаў нашу размову, якую падслухаў, а потым зноў-такі крыкліва пачаў рабіць свае вывады:
– …Цяпер, таварышы, нам зразумела, чаму Пясоцкі не пажадаў выступіць на мітынгу… Што мог сказаць чалавек, які не верыць у перамогу? Я больш скажу… Нам варта спытаць: чаму ў ГІясоцкага такая цікавасць да ўсяго нямецкага? Мы ўсе вучыліся, але хто з нас ведае нямецкую мову так, як ён? Ніхто. A ўдумайцеся ў такі факт… Яшчэ да таго, як мы пачалі вывучаць сілуэты, ён адзін з усіх курсантаў ведаў маркі нямецкіх самалётаў, назвы лінкораў. Адкуль? A ў каго была патрэба, скажыце мне, запамінаць, хто ўваходзіць у гітлераўскі ўрад? Мне агідна запамінаць ix прозвішчы. А Пясоцкі ведае кожнага з гэтых бандытаў…
Я жахнуўся: страшэннае абвінавачанне вынікала з яго даволі празрыстых намёкаў. I я не вытрымаў – злосна перапыніў Кідалу:
– Як табе не брыдка, Сцяпан! Ты абвінавачваеш Пясоцкага за тое, што ён чытаў газеты. Ды ты ж услаўляеш невуцтва! А нам усім сорамна было, калі ты, зампаліт, не ведаў, хто прэм'ер-міністр Англіі. I ты ставіш гэта сабе ў заслугу? Ганьба!
Кідала глядзеў на мяне з нянавісцю, каб мог, здавалася, з'еў бы. Твар яго, звычайна чырвоны, задаволены, спапялеў. Ён паглядзеў на палітрука так, быццам загадваў, каб той суняў мяне. I Сідарэнка закрычаў:
– Курсант Шапятовіч! Маўчаць! З кім вы так размаўляеце? Як паводзіце сябе? Для вас зампаліт Кідала – «таварыш зампаліт», а не «Сцяпан». I каб я не чуў такога тыкання!
О, каб гэта было не ў армейскіх умовах, а дзе-небудзь у нашым тэхнікуме, я сказаў бы, хто для мяне гэты балбатун! Але тут я мусіў маўчаць. Сідарэнка «перанёс агонь» на мяне: успомніў мае нарады, мае спрэчкі з малодшымі камандзірамі.
Ды раптам выступіў Купанаў. Я ўвесь час сачыў за ім i чакаў, што ён, разумны i стрыманы, сваім аўтарытэтам камандзіра спыніць гэтую ганебную камедыю. I сапраўды ён сказаў:
– Думаю, што курсант Кідала перабольшвае. – Я радасна ўстрапянуўся, бо словам «курсант» камбат шмат што ставіў на сваё месца, a ў першую чаргу – гэтага выскачку: ён такі ж курсант, як усе, i мы маем поўнае права звяртацца да яго, як да роўнага. – Нельга вінаваціць чалавека, што ў школе ён лепш вучыў нямецкую мову, чым мы з вамі, Кідала. Недарэчна абвінавачваць байца Чырвонай Арміі за тое, што ён акуратна чытае газеты… больш уважліва, чым многія іншыя.
I ўсё, больш ні слова. Мяне, безумоўна, расчаравала выступленне камандзіра. Але большасць камсамольцаў уздыхнулі з палёгкай, бо на ўсіх цяжкае ўражанне зрабіла выступленне Кідалы, які сваімі дурнымі закідамі па сутнасці рабіў з Сені фашысцкага агента. Купанаў адмёў гэтую лухту. Але чаму ён нічога не сказаў пра паражэнчы настрой? Няўжо ён верыць, што такі настрой мог з'явіцца?
Па прапанове Сідарэнкі большасцю галасоў (мяне ўсцешыла, што прагаласавалі не ўсе) Сямёна Пясоцкага выключылі з камсамола. Мне ўляпілі вымову. Завошта? Я заўсёды быў сумленны i актыўны камсамолец. Праўда, я не надта перажываў з-за вымовы. Што яна значыць у параўнанні з тым, што чакае нас наперадзе? Але Сеню шкада, хацелася суцешыць яго, падбадзёрыць. Я зноў пайшоў да дальнамера. Убачыў, як адзінока сядзіць ён у катлаване, унурыўшы галаву, i ўсе словы, якія я падрыхтаваў, здаліся мне нікчэмнымі, непатрэбнымі, нават абразлівымі. Я моўчкі сеў побач.
Ён глянуў на мяне i прашаптаў:
– Гэта страшней за смерць, Пеця…
Зноў-такі я не знайшоў, што адказаць.
… Дзіўна раскрываюцца душы людзей! Пасля таго як сяржант разагнаў нас з Сенем, я, падпарадкаваўшыся загаду, заснуў. Прачнуўся i здзівіўся: была позняя раніца, я праспаў добрых гадзін пяць. Але яшчэ больш здзівіў мяне сяржант. Ён лагодна ўсміхнуўся i проста, па-сяброўску спытаў:
– Выспаўся? Суп твой вунь у кацялку… у нішы.
Сяржант Тарных быў бязлітасны камандзір, у час вучобы
ён не даваў нам хвіліны адпачынку, i мы не любілі яго. Ён ніколі не дазваляў сабе фамільярнасці ў адносінах з курсантам!. I раптам такі клопат – даў выспацца, не разбудзіў нават на снеданне, загадаў прынесці суп… I сяброўскае ты… Дзіва!
Зноў нахмарыла. Імжыць дождж. Слава табе, неба Поўначы, што ты так часта пакрываешся хмарамі! Здаецца, з учарашняга дня я моцна палюбіў такое надвор'е. Ды ці я адзін? Праўда, ніхто не можа даць гарантыі, што яны не прыляцяць i ў дождж. Але пакуль што ix няма, пакуль што мы маем перадышку.
Камандзір батарэі сабраў каля першай гарматы ўсіх зараджаючых i трэніруе да сёмага поту, не можа дараваць заклінення. Мне шкада хлопцаў: ім i ў час вучобы даставалася больш, чым іншым нумарам, i цяпер таксама. A ці так ужо вінаваты яны? У ix дрыжалі рукі, як i ва ўсіх нас, як, напэўна, i ў самога Купанава… Я думаю, што наш разумны камбат робіць не вельмі разумна: a калі налёт – ці здолеюць стомленыя людзі зараджаць лепш?
Хлопцы сабралі грошы, усе, у каго якія былі, упрасілі сяржанта, i – дзіва! – той дазволіў, каб самы спрытны i ўвішны, устаноўшчык трубкі масквіч Раман Войтаў падскочыў на пасёлак у краму. Ён прынёс адтуль цэлы рэчавы мяшок папярос, самых дарагіх, якіх ніхто, бадай, акрамя Рамана, з нашага разліку яшчэ ніколі не курыў, нават сяржант. Цяпер хлопцы ляжаць за каменем, з асалодай пускаюць дым i бяскрыўдна лаюць мяне дурнем за тое, што адмовіўся ад прапановы пачаць курыць.
– Не хоча – не трэба, хай беражэ свае дарагое здароўе.
– Дурань! Не п'е, не курыць… Памрэ – пашкадуе.
Памрэ… Навошта лішні раз гаварыць пра смерць?
Я стараюся не слухаць ix размовы, залажу глыбей у нішу i пішу. Пішу з ліхаманкавай хуткасцю. Але адчуваю, што не ўпраўлюся запісаць усё, што мінулая ноч i гэтая хмарная раніца – шчаслівая для мяне выпадковасць, якая, магчыма, ніколі не паўторыцца. Трэба выкарыстаць цалкам гэтыя вольныя хвіліны. Якія падзеі, якія думкі i перажыванні я забыўся занесці ў гэты сшытак? Чатыры дні здаюцца вечнасцю. Божа мой, калі гэта на зямлі быў апошні мірны дзень, той суботні вечар, кал i мы ў сваім чырвонаармейскім кутку праводзілі сход, прысвечаны пяцігоддзю з дня смерці Максіма Горкага! Я чытаў на памяць урывак з «Чалавека».
«Человек! Точно солнце рождается в груди моей, и в ярком свете его медленно шествует – вперед! и – выше! – трагически прекрасный Человек!»
Хораша я прачытаў гэтыя i яшчэ многія цудоўныя словы, сам заварожаны ix музыкай, ix глыбокім сэнсам. Хлопцы апладзіравалі так, што мне зрабілася няёмка. Купанаў сядзеў, з ухвалай ківаў галавой i неяк дзіўна ўсміхаўся. А Сідарэнка сказаў пасля:
– Вы, Шапятовіч, дрэнна разумееце Горкага.
Мяне гэта здзівіла i пакрыўдзіла. Я не разумею Горкага?
– А як вы разумееце? – спытаў я.
Ён не адказаў, i я дагэтуль не ведаю, што не спадабалася палітруку ў маім чытанні. I вось цяпер зноў загучалі ў маёй галаве горкаўскія словы. Я не толькі чую ix, але адчуваю, нібы яны матэрыяльныя, бачу перад сабой i бясстрашную велічную Мысль, i Любоў, i Нянавісць… i Надзею!.. Чаму «палахлівае бяссілле Надзеі»? А я хачу мець Надзею! I мая Надзея не можа мне спяваць аб радасцях спакою, не можа быць у саюзе з Хлуснёй i штурхаць у ціну салодкай Ляноты. Не! Мая Надзея іншая! А што сказана пра страх? Якое месца ў Чалавеку адводзіць яму вялікі пісьменнік? Я натужліва ўспамінаю… Няўжо пра страх нічога няма? Не, вось – «страх смерці ўладна гоніць Чалавека ў цямніцу Веры…». Не, немагчыма, нельга запісаць палёт думак. Яны – як маланкі, ахапілі адразу ўсё. A пішу я марудна, страшэнна марудна, хоць, магчыма, ніводзін чалавек у звычайных умовах не мог бы пісаць хутчэй… З усяго хаосу думак я зразумеў толькі адно: інакш, больш глыбока i цвёрда, сэрцам прымаю я тыя словы, якія чатыры дні назад з тэатральнай узнёсласцю чытаў, з патаемным самалюбным жаданнем бліснуць перад сябрамі, якія ведаюць Горкага, i здзівіць тых, хто не чуў, не чытаў, не помніў «Чалавека». Шмат за якія пачуцці мне зрабілася сорамна i больш за ўсё за страх. Я напісаў гэтае слова з вялікай літары, але тут жа закрэсліў яе: не, не мае права агіднае пачуццё на такую пашану! Але мне ніколі не будзе сорамна за маю Любоў! Ніколі!
Здаецца, я хачу спрачацца з Горкім, папраўляць яго. Наіўна!
У катлаван зайшоў камандзір гарматы, убачыў мяне, крыва ўсміхнуўся:
– Раман пішаш?
Я сумеўся:
– Не. Пісьмо. Жонцы.
– Такое доўгае пісьмо? – здзівіўся ён. – Глядзі, каб лішняга не напісаў. Цяпер ваенная цэнзура будзе правяраць.
– Я ведаю.
– Канчай сваё пісьмо, ды будзем трэніраваць устаноўшчыкаў трубкі.
Ну вось, перадышка скончана. А я сапраўды хацеў напісаць пісьмо Сашы. Я ведаю, з якой нецярплівасцю яна, гаротная, чакае маіх пісем.