355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Трывожнае шчасце » Текст книги (страница 34)
Трывожнае шчасце
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 02:20

Текст книги "Трывожнае шчасце"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 34 (всего у книги 43 страниц)

III

Шапятовіч любіў шосты клас. У настаўнікаў гэта бывае: сімпатыя да якога-небудзь аднаго класа. Большасць, праўда, ніколі не могуць як след растлумачыць, чаму яны любяць гэты клас, а не іншы. Пятро ж, бадай што, мог бы адказаць, завошта ён любіць шасцікласнікаў – за сур'ёзнасць.

A хіба сур'ёзнасць такая ўжо прываблівая рыса ў дзяцей?

Клас сапраўды быў сур'ёзны, больш сур'ёзны, чым нават старэйшыя – сямікласнікі. Хоць разумение «старэйшыя» i «малодшыя» ў першыя пасляваенныя гады не адпавядала ўзросту вучняў, a толькі класу, у якім яны вучыліся. Па гадах дзеці былі розныя i ўсе – пераросткі. Але некаторым вайна сарвала ў гэтай мясцовасці толькі два гады вучобы – увосень сорак трэцяга яны зноў пайшлі ў савецкую школу. Другія ж не вучыліся ўсе чатыры гады: бацькі на фронце, трэба было памагаць мацярам карміць сем'і. А мясцовым уладам было не да ажыццяўлення закону аб усеагульным навучанні. Так што ў шостым класе сядзелі вучні, якія па гадах павінны былі вучыцца ў дзесятым.

Усе педагогі свету пісалі, што пераросткі самыя цяжкія вучні. Пятро, каб пісаў педагагічны трактат, мог бы лёгка аспрэчыць такія сцверджанні. Хоць ён не меў ні тэарэтычнай методыкі, ні практыкі (а можа, менавіта таму, што не меў нічога гэтага?), з вучнямі-пераросткамі займацца яму было лёгка i проста. Ён гаварыў з імі як з роўнымі – гэтак жа, як, будучы камсоргам дывізіёна, гаварыў з байцамі. I бaчыў, адчуваў, што вучням падабаецца такая роўнасць.

Не, сур'ёзнасць ix не была прываблівая, яна была цяжкая, бо нагадвала пра вайну, напамінала пра тое, што перажылі яны, дзеці вайны, i перажываюць дагэтуль. Так што любіў Пятро сваіх вучняў не за сур'ёзнасць, а за тое, што на сваіх слабых дзіцячых плячах яны вынеслі не менш, чым ен, чым бацькі ix i маці. А хутчэй за ўсё яго асаблівыя пачуцці да гэтага класа тлумачыліся тым, што неяк так падабралася, што добрая палавіна класа – сіроты, але былі ў гэтых сірот надзіва мужныя i не па-дзіцячы цвярозыя, проста-такі мудрыя, погляды на жыццё.

Гісторыю Старажытнага Егіпта i Грэцыі ведалі вучні, мякка кажучы, дрэнна – усё выветрылася з галоў. Але затое гісторыю вайны, якую перажылі самі, ведалі лепей, чым многія дарослыя. Каб інспектар-фармаліст паслухаў некаторыя з Пятровых урокаў у гэтым, шостым, класе, то, бадай, настаўніцкая кар'ера яго на гэтым i скончылася б. Часам урокі гісторыі ператвараліся ў агульную дыскусію пра вайну, пра жыццё, ва ўзаемныя расказы пра фронт i партызан.

Настаўніцы, якія вялі ўрок у суседнім класе, не раз скардзіліся Пыльскаму, дырэктару, i той збянтэжана i далікатна рабіў заўвагу:

– Пятро Андрэевіч, зноў у вас у шостым было шумна.

– Было, Казімір Паўлавіч, было, – пакорліва згаджаўся Шапятовіч на здзіўленне настаўніц, якія звычайна ўпарта аспрэчвалі кожную заўвагу ім. Хоць хутка яны перасталі здзіўляцца, Пятро сам пачуў аднойчы ix размову: «Яму – што, партызан, франтавік, сакратар, з Лялькевічам у адным атрадзе быў… Karo i чаго яму баяцца?»

Патроху Пятро зацікавіў сваіх вучняў i гісторыяй Грэцыі – тады, кал i сам, як кажуць, з галавой акунуўся ў інстытуцкі курс, пазнаёміўся з дзівоснай міфалогіяй i ўвогуле захапіўся гэтай навукай.

Але, акрамя гісторыі, прыйшлося яму выкладаць яшчэ адзін прадмет. Усе адмовіліся ад нямецкай мовы, i ўрокі яе гвалтоўна, рашэннем педсавета, аддалі яму. Пятро адразу разгадаў змову настаўніц: маўляў, гісторыя – што, гісторыю любы зможа выкладаць, асабліва калі ў цябе добра падвешаны язык, а вось паглядзім, як ты без педагагічнай адукацыі будзеш выкладаць мову, ды яшчэ замежную. Ён, хоць i разгадаў гэта, не стаў спрачацца: мову дык мову! Ведаў у яго было ненамнога больш, чым у вучняў, бо вучыў ён нямецкую толькі некалі ў сёмым класе (у тэхнікуме замежнай мовы ў той час не выкладалі). Але будучы ў Германіі, вывучыў сотні дзве-тры бытавых слоў. Гэта акалічнасць i дала падставы педсавету зрабіць яго школьным «немцам». Праўда, дзеці ні разу не назвалі яго так, a заўсёды, у тым ліку i перад урокамі мовы, крычалі: «Гісторык ідзе!» Пятра радавала такая ix тактоўнасць.

Да ўрокаў гісторыі ён рыхтаваўся з прыемнасцю i выкладаў з задавальненнем, праца давала радасць. Нямецкая мова была пакутай.

У гэтым шостым «Б», да якога меў асаблівую прыязнасць, Шапятовіч адразу i шчыра прызнаўся:

– Ведаю я нямецкую мову ненамнога больш, чым вы. Вучыць будзем разам.

Ён чакаў, што ўбачыць на тварах скептычныя ўсмешкі ў адказ на сваё прызнанне. Не. Ніводнай ухмылачкі – сур'ёзнасць незвычайная. Толькі раптам падняўся Сяргей Салодкі – самы аўтарытэтны вучань, партызан, у атрадзе цэлы год быў, i хрыплым басам (голас ламаўся) спытаў:

– Пятро Андрэевіч! А на чорта нам гэтая мова?

Пятро на міг разгубіўся. Ён зразумеў нянавісць дзяцей, не, не дзяцей ужо – юнакоў, дзяўчат – да ўсяго нямецкага. Добра, што пасада камсорга i цікаўнасць яго далі мажлівасць там, у Германіі, пазнаёміцца трохі з гісторыяй краіны (можа, тады i ўзнікла яго жаданне пайсці на гістарычны факультэт), з рэвалюцыйным рухам, трошкі з літаратурай – Гётэ, Шылер, Гейнэ, Генрых Ман… I ён увесь урок горача, з натхненнем, якое само па сабе не магло не захапіць вучняў, расказваў ім пра нямецкі народ, пра культуру, якую народ гэты стварыў. Словам, расказваў так, што здавалася, нават самога сябе пераканаў, ва ўсякім разе, паверыў: вучні зразумелі, што фашызм – гэта адно, а народ ёсць народ, i мову яго трэба шанаваць, як мову кожнага народа. Але калі ён зрабіў паўзу, Таня Нізавец, самая ціхая дзяўчына ў класе, выдатніца, нясмела, зусім па-дзіцячы падняла руку. Атрымаўшы дазвол, спытала:

– То чаму ж такі народ, як вы кажаце, даўся Гітлеру хамут на сябе надзець?

Тады зашумел i i хлопцы:

– Праўда – чаму?

– Чаму?

Не першы раз Пятро чуў гэтае пытанне. Яго задавалі байцы, калі ён гутарыў з імі. Ды i сам яшчэ там, у Мурманску, у пачатку вайны ламаў галаву i пытаўся ў Сені Пясоцкага амаль гэтак жа, як Таня, – чаму? Здаецца, толькі Сеня пераконваў. Ён не помніць ужо ўсіх тлумачэнняў i доказаў, але помніць, што i сам i другія хлопцы ўрэшце здаваліся пад напорам Сеневай логікі i эрудыцыі. Пазней розумам ён прымаў усе тлумачэнні, а вось сэрцам… Год назад, у Германіі, калі следам за артыкулам Эрэнбурга з'явіўся артыкул Аляксандрава, перад афіцэрамі ix дывізіі выступаў палкоўнік з Масквы, з Палітычнай акадэміі. Гаварыў з такім жа натхненнем i перакананасцю, як i ён, Пятро, перад сваімі вучнямі. Але потым падняўся камандзір дывізіёна «кацюш» маёр Яшанкаў і, заікаючыся ад хвалявання, спытаў:

– Што ж выходзіць, таварыш палкоўнік? Выходзіць, у тым, што сям'ю маю… маці старую, жонку, дзяцей малых… Ваню i Лёшу… жывымі… жывымі… спалілі… то, выходзіць, вінаваты ў гэтым толькі Гітлер ды яго акружэнне? А каб я сёння пайшоў ды вось так ix дзяцей?.. Kaгo б вінавацілі? Але я не пайду! Я – чалавек! – крыкнуў маёр асіплым ад каманд голасам.

Палкоўнік разгубіўся амаль гэтак жа, як цяпер ён, Пятро. Сказаў:

– Я разумею вас, таварыш маёр, гора ваша, боль. Але іменна таму, што мы чалавекі, як вы сказалі, людзі, гуманісты, мы ніколі не перанясём нашу нянавісць на ўвесь нямецкі народ.

З гэтым агульным тэзісам афіцэры згадзіліся, нават Яшанкаў, напэўна, згадзіўся, бо змаўчаў. Але ж то афіцэры. А тут – дзеці. Як ім усё гэта растлумачыць? Тут аднаго ўрока, адной гутаркі будзе мала. I аднаго года, відаць, будзе мала.

Урока не ведалі. Ніхто. Як змовіліся. Адны выходзілі да дошкі, крышылі крэйду, камячылі анучку, мыкалі i пыкалі. З нейкіх двух дзесяткаў слоў, якія трэба было вывучыць, добра, калі ўспаміналі два-тры, i то калі хто падказваў. Другія адмаўляліся з месца:

– Не мог знайсці кніжкі, Пятро Андрэевіч.

Падручнікаў сапраўды не хапала: на дзесяць чалавек – адзін, даваеннага выдання.

– Матка карову паслала пасвіць.

– Якая паша! Дзе тая яшчэ трава? Што ты мне галаву тлуміш?

Выручае таварыша увесь клас – хорам тлумачыць:

– Пятро Андрэевіч! Ужо усе ганяюць. У лазнякі. Галлё ды кару ядуць. Карміць жа няма чым.

– За Займішчам увесь асіннік з'елі.

Пятру зрабілася няёмка. Што гэта ён усумніўся: «Якая паша?» Быццам на небе жыве.

Быў узлаваўся на свой любімы клас. Траха не сарваўся – не накрычаў. Ужо калацілася рука, калі ставіў у журнале не ўласцівыя яго дробнаму почырку буйныя 2. Пасля размовы пра кароў – палагоднеў. Каб не мучыць больш ні вучняў, ні самога сябе, выклікаў да дошкі Таню Нізавец.

Таня – любіміцаўсіхнастаўнікаў. Небыло яшчэвыпадку, каб яна не ведала ўрока. A нямецкі – Пятро гэта не раз праверыў – вывучала лепш, чым ён, настаўнік. У яго вывучыць усе новыя словы не хапала часу, а яна ведала ўвесь слоўнік падручніка i ўсе граматычныя правілы. Дзяўчынка мела проста зайздросную памяць. А з выгляду – самая непрыкметная ў класе: i гадамі самая малая, бо прапусціла ўсяго дзве зімы, i так – худзенькая, шчупленькая, на бледным завостраным тварыку – адны вялікія, заўсёды нібы здзіўленыя вочы.

У пачатку працы ў Пятра пэўны час былі да яе адносіны дзіўна дваістыя. Неяк ён пагутарыў з вучнямі пра ўступленне ў камсамол. Спачатку – у класах, з усімі адразу, потым з лепшымі – паасобку, гэтак жа, як рабіў у арміі, калі быў камсоргам.

Дык вось Таня гэтая ў час размовы раптам загарэлася, як мак, вочы апусціла i, здалося Пятру, траха не заплакала.

– Што з табой, Таня?

– Мяне не прымуць у камсамол, Пятро Андрэевіч.

– Чаму?

– У мяне бацька – вораг народа.

– Вораг народа?

– Але. Вам хіба ніхто не казаў, што бацька мой быў дырэктарам нашай школы? I яго арыштавалі. Перад ваинои яшчэ…

Шапятовіч не ведаў, чым скончыць размову з дзяучынкай.

Пасля распытваў пра Нізаўца. I дзіўна яму рабілася i незразумела. Ca студэнцкіх год яму ўбівалі ў галаву, што кожны вораг народа – нямецкі шпіён, пачвара, а тут сяляне, асабліва жанчыны, якія заўсёды менш стрымана i больш непасрэдна выказвалі свае пачуцці, хвалілі Антона Пятровіча: «Залаты чалавек быў, да кожнага сэрца сцежку ведаў. I да малога i да вялікага».

– Завошта ж яго арыштавалі?

– А хто ведае, завошта тады хапалі людзей? Хіба яго аднаго!

Грамыка адказаў на Пятрова пытанне коратка – аб прычыне арышту:

– З пісьменнікам нейкім доўга перапісваўся, у госці таго запрашаў. З Галавачом ці з Чаротам, не помню ўжо. На чорта яму здалася тая перапіска? – Прагучала так: па дурноце сваёй трапіў у бяду.

«Няўжо ж не маглі разабрацца, што не вінаваты чалавек? – пакутліва думаў Пятро. – Маглі ж запытаць у людзей, з якімі такі «вораг» пражыў усё жыццё. Тутэйшы ж ён, мясцовы…»

Пасля даведаўся ад Бабкова, што жонка Нізаўца, Таніна маці, цэлы год выпякала партызанам хлеб. На яе ніхто з фашысцкіх паслугачоў не мог падумаць, што яна памагае партызанам.

– Адзін раз хлопцы пшанічную муку з гарнізона вывезлі,– расказваў Бабкоў.– I яна нам такіх булак напякла! Я сам забіраў гэтыя булкі. На досвітку. Дастаём апошнюю выпечку проста з печы. Гарачыя. Пах – на ўсё наваколле. Галава кружыцца. A дзеці прачнуліся – галоднымі вачамі з запечча глядзяць, сліну каўтаюць. «Ты што, пытаю, не дала ім булкі паспытаць?» – «Як жа я дам чужую?» Во, брат, сумленне! Святая Марыя!..

З таго часу Шапятовіч палюбіў Таню не толькі за тое, што яна першая вучаніца. Аднак калі запытаў у сакратара райкома Анісімава, ці можна Таню Нізавец прыняць у камсамол, той паглядзеў на яго як на дзівака i з насмешкай спытаў:

– Табе што – няма больш каго прымаць?

…Таня адказала ўрок, як заўсёды, без запінкі – прачытала тэкст, праскланяла словы.

– Во як трэба вучыць! Чулі, гультаі? – нязлосна ўпікнуў Пятро ўсіх астатніх, падыходзячы да хісткага непафарбаванага століка, каб паставіць у журнале найвышэйшую адзнаку. Ён ужо ставіў ей 5 +, хоць дырэктар i рабіў яму заўвагі, што такой адзнакі не існуе.

Ды раптам нешта стукнула каля дошкі, за яго спіною. Клас падхапіўся.

– Таня!

Таня ляжала на падлозе бледная, як нежывая.

Пятро кінуўся да яе:

– Таня! Танечка! Што з табой, дзіця мае?

– Трэба доктара! – крыкнуў нехта з хлопцаў.

Але, доктара! Але навошта, каб яна ляжала тут, у класе на падлозе, пакуль прыбяжыць Саша? Медпункт за нейкія пяцьдзесят метраў.

Пятро падхапіў дзяўчынку на рукі. Хлопцы ціхенька, каб не патрывожыць другія к л асы, адчынілі перад ім дзверы, i ён хутка збег уніз, з другога паверха.

Саша ўбачыла праз акно, выскачыла насустрач:

– Што з ёй?

– Упала каля дошкі.

– Ты крыкнуў на яе?

– Ну што ты! На Таню? Завошта?

Убачылі работнікі сельсавета, ля будынка якога размяшчаўся фельчарскі пункт, i ўсе, следам за Пятром i Сашай, уваліліся ў маленькі пакойчык.

Непрытомную паклалі на канапку.

У Сашы, заўсёды такой спакойнай i ўпэўненай, дрыжалі рукі, калі яна расшпільвала Тані кофтачку, адкрывала стэрылізатар, брала шпрыц. Потым Саша ўзлавалася, крыкнула на цікаўных:

– Што вам трэба? Прэч адгэтуль! – хоць былі тут усе свае людзі, з якімі яна штодня разам працавала i з некаторымі нават сябравала. Як ветрам выдзьмула ўсіх, акрамя «гасйадароў» – старшыні сельсавета i сакратара.

Бабкоў усхвалявана кружыў па пакойчыку, цёр правай рукой левую – кантужаную, на якую заўсёды была надзета шарсцяная пальчатка, i даваў Сашы парады, здавалася Пятру, даволі кваліфікаваныя. За час доўгага ляжання ў шпіталях Іван Дзямідавіч сам зрабіўся добрым лекарам.

Сакратар сельсавета Халімон Капыл, кульгавы стары, стаяў кал я дзвярэй, абапёршыся на свой тоўсты ядлоўцавы кій, i паўтараў адну i тую ж фразу:

– Усім вайна парвала нервы – i старым i малым. Усім. Здароўе – ад нерваў.

Але на яго твары нічога не відно было – ні хвалявання, ні трывогі за жыццё дзяўчынкі. Можна было падумаць, што пры гэтым самым чалавеку людзі трацілі прытомнасць штодня i ён даўно ўжо прывык да гэтага: яго, як таго магільшчыка, нішто ўжо не кранае – ні сама смерць, ні гора i слёзы блізкіх. На яго твары наогул ніколі нічога не выяўлялася. На ім як бы некалі даўно хаатычна перамяшаліся i назаўсёды застылі ўсе рысы чалавечага характару: аскетызм – у запалых i заўсёды непаголеных шчоках; сытасць, ласуннасць – у вуснах, тоўстых, ружовых, тлустых; дабрата – у складках каля вуснаў, у мяккіх лініях падбародка i амаль калючая варожасць – у маленькіх i глыбокіх вочках пад карнізамі сівых кашлатых броваў.

Саша чамусьці не любіла гэтага чалавека, i яе непрыязнасць да Капыла паступова перадавалася Пятру, хоць ён i працівіўся такому пачуццю: разам працаваць, разам жыць – i нельга праз тое, што табе не спадабаліся вочы ці барада, не любіць чалавека!

Таня апрытомнела да ўколу. Расплюшчыла вочы, уцяміла, дзе апынулася, спалохана войкнула, памкнулася падняцца. Саша ўтрымала яе. Сеўшы на канапку побач i ўзяўшы яе руку, каб палічыць пульс, ласкава спытала:

– Ты ела сёння, Таня?

– Ела, – прашаптала дзяўчынка.

– Што ты ела?

Яна адказала не адразу:

– Дранікі.

– З той бульбы, што назбіралі ў пол i?

Таня не адказала.

– Усім вайна парвала нервы…

– Што ты дудзіш пра свае нервы! – узлаваўся Бабкоў.– Хто табе рваў ix, твае нервы! Сядзеў каля жончынай спадніцы.

Саша сказала з суровым дакорам:

– Падумалі б, як дзяцей накарміць. Кіраўнікі! Балбатуны няшчасныя!

Пятро аслупянеў ад нечаканасці: ніколі Саша не была такая злосная i бязлітасная. I несправядлівая. Сказаць такое пры вучаніцы!

Бабкоў абразіўся, «узвіўся» – закрычаў:

– Аляксандра Фёдараўна! Вы мне такіх слоў не кідайце! У мяне ў самога сэрца гарыць! Але дзе ўзяць – скажыце? Дзе?..

Капыл неяк па-бабску ківаў галавой.

– Усім вайна… – пачаў ён, але тут жа змоўк.

– Саша! Ты – што?! – упікнуў жонку i Пятро. – Мы такога папроку не заслужылі. Ты лепш, чым хто, разумееш…

Але, яна разумела ўсё. Словы вырваліся ад горычы i болю. Пятро бачыў, што ёй ужо сорамна. Але прабачэння Саша не папрасіла. Сказала амаль гэтак жа бязлітасна:

– А вы не лезьце пад руку, калі чалавек заняты работай! – I чуць змякчыла – Мала што я магу сказаць!..

Падчас гэтай размовы яна набрала ў шпрыц з ампулы раствору i ўвяла Тані ў руку. Дзяўчынка баязліва войкнула. Праз хвіліну на лбе ў яе выступілі густыя кроплі поту.

– Ну, як ты, Танечка? – спытала Саша.

– Галава кружыцца.

– Паляжы хвіліначку, потым пойдзем – накармлю цябе.

– Я не хачу, – засаромелася Таня.

– Ну, ну, не выдумляй, дадому не дойдзеш. На чым я цябе павязу? – Ісці ёй трэба было ў суседнюю вёску, кіламетры за тры.

Саша гаварыла так, быццам у медпункце больш нікога не было. I ўвогуле рабіла выгляд, што ўсе яны – муж, Бабкоў, Капыл – не існуюць для яе, пакуль яна занята такой неадкладнай працай. Ды i самі яны адчулі, што лішнія тут. Патапталіся збянтэжана каля дзвярэй, нібы вырашаючы, як найлепшым чынам, з гонарам, пакінуць «поле бою», адкуль гэтая маленькая жанчына даволі-такі няветліва папрасіла ix. Па адным шмыгнулі ў калідор. Але ў кабінеце сваім Бабкоў яшчэ доўга «кіпеў»:

– Ты ёй скажы, Пятро Андрэевіч. Мы яе паважаем…

Але… няхай не распускае язык…

– Вось так i скажы ёй сам. – Пятро ведаў, што нічога такога Бабкоў не скажа, бо баіцца Сашы: яна, хоць дагэтуль i далікатна, як бы жартуючы, але часам добра-такі, як ніхто іншы, давала яму праборку за некаторыя слабасці.

Пятро ганарыўся жонкай, што яна такая – нікому не змаўчыць за праўду.

Хутка нават гэтае «балбатуны няшчасныя!» здавалася яму не крыўдным, а смешным, i ён у душы смяяўся, слухаючы прыглушанае «кіпенне» Бабкова. Няхай стары выпусціць пару.

Пятро спалохаўся, калі Таня ўпала, усцешыўся, калі яна апрытомнела; з вясёлым гумарам ён слухаў крыўду Бабкова i асцярожнае – не закрануць парторга i дагадзіць старшыні – падтакванне Капыла.

– Ад нерваў усё… A ў каго яны цяпер у парадку, нервы?..

«Падліў масла» ў невясёлы «агонь» Капыловых разважанняў:

– Нервы, што сталь, яны гартуюцца ў нягодах, – i пайшоў у школу.

Але ў класе яго раптам апанаваў нейкі дзіўны смутак, душэўны неспакой. Чаму – не разумеў. Нічога ж асаблівага не здарылася. Хіба яму навіна, што дзеці недаядаюць? Амаль усе. Але як ні стараўся супакоіць сябе – урок гісторыі ў сёмым класе не клеіўся: расказваў ён пра паходы Траяна нудна, нецікава, збіваючыся.

Клас адчуў, што гісторык не ў настрод, i вучні сядзелі насцярожана, ціха, як, бадай, ніколі. Калі паепрабаваў праверыць, як засвоілі новы матэрыял, ніхто з вучняў не здолеў талкова паўтарыць тое, пра што гаварылася. Пятра гэта яшчэ больш расстроіла. Не, ён не злаваўся. Наадварот, неяк усё больш абмякаў, сціхаў, падоўгу сядзеў у глыбокай задуме. Але калі ў дзвярах нечакана з'явілася паштарка Надзя, рыжая сарамлівая дзяўчына, і, чырванеючы, таямнічым голасам сказала:

– Пятро Андрэевіч, выклікаюць вас. Упаўнаважаныя… – Шапятовіч неяк адразу ажыў.

Само сабой перад класам у яго вырвалася:

– Пашлі ix к чорту, Надзя!

– Эх! – войкнула спалоханая дзяўчына i ляпнула дзвярамі.

Клас весела загудзеў.

Пятро адчыніў дзверы i закрычаў у калідор услед пасыльнай:

– Скяжы, што ў мяне ўрок! A ўрока ніхто не мае права зрываць! Сам Пан Бог! Сам нарком! Міністр!

Хлопцы-пераросткі не проста гудзелі – вылі ад захаплення.

Тады Пятро да ix:

– А вы што загрымелі, як калясніцы Траяна? Зубараў, паўтары ўрок!

На задняй парце падняўся хлопец на галаву вышэй за настаўніка i пачаў нядрэнна расказваць пра спробы аднаго з апошніх імператараў аднавіць былую славу i веліч Рымскай імперыі.

Шапятовіч бачыў, што Зубараў бесцырымонна заглядвае ў падручнік, які яму сябры падсунулі, але маўчаў: вучань падглядваў умела i спрытна – адным вокам лавіў самую сутнасць. Акрамя таго, Пятро ўжо ведаў са свайго небагатага вопыту, што часам, калі расказвае вучань, матэрыял засвойваецца лепш, чым калі расказвае настаўнік.

Хутка ўбачыў праз акно: да школы кульгае Капыл. Зразумеў: дарэмна крычаў Надзі, з урока яго ўсё адно сарвуць, як гэта было неаднойчы ўжо. I на душы зноў стала пагана.

Сказаў вучням:

– Відаць, прыехаў начальнік вышэй за Бога i міністра. Сам Капыл капыляе па маю душу. Пачытайце ціха. Косця! Галавой адказваеш за парадак у класе. Калі Марыя Антонаўна паскардзіцца, што вы шумелі,– крыўдуйце на сябе.

Сакратар сельсавета, убачыўшы Пятра, дакорліва паківаў галавой: маўляў, як жа гэта вы так неасцярожна? I гэтак жа таямніча, як Надзя, паведаміў:

– Сам Булат. Будзе ўпаўнаважаны на ўсю пасяўную.

Поўнае прозвішча начальніка райаддзела НКУС (цяпер ужо МДБ, бо месяц назад наркаматы сталі міністэрствамі) было Булатаў. «Булат» – Пятро пачуў упершыню, здзівіўся i не разумеў, чаму ў старога такія спалоханыя вочы. Бываюць жа ў ix сакратары райкома, заглянуў аднойчы сакратар абкома. Заязджаў нарком земляробства. Няўжо Булатаў вышэй за ix?

Пятро ведаў гэтага чалавека. Як ведаў? Больш правільна сказаць: бачыў многа разоў. Капітан заўсёды сядзеў у прэзідыумах пленумаў, актываў, на пасяджэннях бюро райкома i… заўсёды маўчаў – ні разу не выступіў па пытаннях, якія абмяркоўвалі камуністы раёна.

У кабінеце Бабкова сабраўся ўжо амаль увесь актыў: Панас Грамыка, Саша Грошык, брыгадзір калгаса, загадчыца хаты-чытальні Каця Прымакова – актывістка ваеннага часу: пакуль мужчыны ваявалі, яна перабыла на ўсіх пасадах; Панас змяніў яе на пасадзе старшыні калгаса.

Пятро ішоў, збіраючыся сказаць упаўнаважанаму, што зрываць настаўніка з урока нельга, што сакратар райкома Уладзімір Іванавіч Лялькевіч ніколі гэтага сабе не дазваляе. Але на парозе сумеўся, бадай спалохаўся. Узлаваўся на сябе: адкуль яно, гэтае недарэчнае пачуццё? Армія выхавала, ці што, – боязь вышэйшых начальнікаў? Дык не ж! Да таго ж Крывароцькі, хоць той часам быў даволі круты, ён, Пятро, заўсёды заходзіў не толькі смела, але нават з прыемнасцю: камандзір дывізіёна быў цікавы ва ўсіх праявах свайго характару – добры i злосны, задумлівы i насмешлівы…

Пятро сказаў усім па-школьнаму:

– Дзень добры.

Бабкоў адрэкамендаваў:

– Сакратар наш – таварыш Шапятовіч.

– Ведаю, – сказаў Булатаў. У яго быў дзіўны голас – ціхі, тонкі, нейкі жаноча-дзіцячы. Пятро падумаў: ці не таму чалавек гэты публічна не выступае. Голас яго ніяк не пасаваў да выгляду – высокі брунет з чыстым, як у дзяўчыны, быццам ні разу яшчэ не галіўся, прыгожым выпешчаным тварам.

Булатаў сядзеў за старшынскім сталом, засланым чырвонай тканінай, так бязлітасна заплямленай фіялетавым чарнілам, што чырвонымі на ёй асталіся адны краі, што звісалі. Ён i тут маўчаў, разглядаў прысутных, здавалася, абыякава, як бы сумуючы, але сапраўды, як пасля прыкмеціў Пятро, даволі пранікліва.

Гаварыў загадчык райфінаддзела Рабіновіч – распякаў Бабкова i Грамыку за тое, што калгасы не пачалі яшчэ сяўбы.

– Слухайце, у вас жа пяскі. На вас надзея была, а вы падводзіце ўвесь раён. Хто дасць працэнт, калі не вы?

– Заўтра выедзем у поле, – абяцаў Бабкоў.

– Рана. Халодная зямля, – падаў голас Панас.

– Таварыш Грамыка! Ты яе мацаў? Халодная – гарачая…

– Мацаў. Капаў. Мерзлата. Мой дзед некалі скідаў штаны i садзіўся на зямлю. Так правяраў, ці можна сеяць…

– Слухай, Грамыка, табе такі скінуць штаны. Я не хачу цябе палохаць, але я добра ведаю, каму ix скідаюць. Глядзі,– пагразіў Рабіновіч пальцам.

– Абрам Навумавіч, не палохай бабу, як кажуць… Ты сеяў калі-небудзь? – з усмешачкай спытаў старшыня калгаса.

– Што ты мяне пытаеш? Што ты мяне пытаеш? На што ты намякаеш? Я, можа, больш за цябе сеяў. А ты мне тут пра дзедавы штаны расказваеш! Дзедаўскімі метадамі кіруеш, таварыш Грамыка! Вось пра што падумай!

– Ды сказаў я, што заўтра ўсе выедуць у поле. Выедзем, Панас Астапавіч? – I Бабкоў, які хадзіў па кабінеце i цёр сваю руку, хітра падміргнуў: маўляў, абяцай, няхай адчэпяцца.

Пятро ўбачыў, што Булатаў злавіў гэтае падміргванне. Чакаў, што зараз ён умяшаецца ў гэтую даволі шумную размову. Але неспадзявана не толькі для яго, але, напэўна, для ўсіх, жаноча-дзіцячы голас спытаў зусім пра іншае:

– Шапятовіч! Які вы ўрок давалі?

Усе адразу змоўклі.

– Гісторыю ў сёмым.

– Што праходзілі?

– Траяна.

– Каго?

– Рымская імперыя пры імператару Траяне.

– Ыгы. – Капітан задумаўся, быццам успамінаў гісторыю, якую даўно вучыў.

Усе чакалі, што пасля гэтых фармальных – для знаемства – пытанняў будзе працягнута размова пра сяўбу. Але Булатаў спытаў, хоць i дзіцячым голасам, але паважна, як экзаменатар:

– Чым праславіўся Траян?

I Пятро адказаў, як вучань, толькі што не падняўся з лаўкі (пасля ўспамінаў гэты вучнёўскі адказ i чырванеў ад сораму):

– Ён зрабіў, па сутнасці, апошнюю спробу аднавіць былую веліч імперыі. Рабіў паходы, заваёўваў землі…

– Агрэсар, значыцца, быў?

– Агрэсар.

– Было ix у гісторыі, гітлераў гэтых, – уставіў Бабкоў.

– Траянскі конь – яго? – спытаў Булатаў.

Пятро зразумеў, што капітан у гісторыі, як кажуць, ні вуха ні рыла. Вось тут бы i паказаць яго невуцтва перад усімі гэтымi людзьмі. Дык не ж, не хапіла духу, не адважыўся – чамусьці пацвердзіў яўную лухту:

– Яго.

Булатаў усміхнуўся задаволена: паказаў прысутным, што ён ведае гісторыю не горш за ix сакратара, у якога хапіла зазнайства не з'явіцца адразу па выкліку раённых упаўнаважаных.

Пазяхнуўшы, вярнуўся да справы – сказаў Рабіновічу:

– Добра. Запішы, што заўтра ўсе калгасы выедуць у поле. Колькі плугоў?

Бабкоў разгубіўся.

Грамыка адказаў:

– У мяне – восем.

– Чаму толькі восем?

– У кал race семнаццаць коней.

– Ну, дык колькі ты можаш запрэгчы? – ухапіўся маленькі рухавы Рабіновіч, паказваючы сваю ўпаўнаважыцкую актыўнасць.

У Панаса пабялелі зрэнкі i напяліся на шыі вены.

– Восем, – сціснуўшы зубы, сказаў так, што Булатаў рэзка падняў галаву, пільна ўгледзеўся ў яго. – За коней адказваю я! I калі яны падохнуць… – I ўжо спакойна растлумачыў начальніку аддзела дзяржбяспекі: – Да вайны не такія коні был i, i то аралі на пары. А цяпер зямля задзірванела.

Булатаў зразумеў i адвёў позірк на акно, зноў як бы выключыўся з размовы пра справы, даўшы поўную свабоду загадчыку райфа.

Бабкоў на краі стала рабіў чырвоным алоўкам на газеце падлікі i рапартаваў:

– «Ударнік» – 8, «Асвета» – 22, Варашылава – 38, «Чырвоныя пяскі» – 11…

Рабіновіч занатоўваў гэтыя лічбы ў нейкую квітанцыйную кніжку.

Пятро ведаў, што не выедуць усе калгасы заўтра ў поле, a калі хто i выедзе, то столькі плугоў, колькі называе Іван Дзямідавіч, нідзе не будзе. Не можа быць. У тым жа калгасе імя Варашылава, які лічыцца багацейшым у раёне, усяго сорак пяць коней. A галоўнае – землі яго зарэчныя, заліўныя, лепшыя ў гэтай лясной зоне, яшчэ, па сутнасці, усе пад вадой – коней патопіш. З гэтага калгаса дзеці ў школу не ходзяць з-за паводкі. Толькі на чоўне туды можна дабрацца. Ca столі Бабкоў бярэ лічбы. Нават плугоў столькі няма. У яго, сакратара, усё запісана дакладна. Які тыдзень назад на партсходзе пра гэта гаварылі, i размова камуністаў была шчырая, без дыпламатыі. Людзі па-гаспадарску думалі, як наладзіць працу так, каб пасеяць больш i ў лепшыя тэрміны.

На якое ж ліха Бабкову здалася цяпер гэтая ліпа? Падумаў бы хоць, што ўсе звесткі пра цяглавую сілу i сельгасінвентар ёсць i ў райкоме i ў райвыканкоме. Разумныя ўпаўнаважаныя маглі б мець ix у сябе. Падумаў бы, што такімі абяцаннямі ставіць пад удар усіх – сябе, старшынь калгасаў, партарганізацыю: могуць жа праверыць праз колькі дзён. Што тады скажуць пра ix партыйную сумленнасць? Пятро ўжо раскрыў рот, каб запярэчыць Бабкову, але нешта стрымала яго. Ён паважаў гэтага старога дзівака i фантазёра i ведаў, што ў раёне i так яго часта клююць. А тут яшчэ ён выставіць яго падманшчыкам, хлусам перад гэтым… Булатам? Не будзе тады добрага суседства (яны жывуць у адным доме), сяброўства, дружнай працы. А яму хочацца з усімі працаваць дружна.

Пэўна, унутраная барацьба відна была на Пятровым твары, бо Прымакова, гэтая не сказаць што праніклівая жанчына, падсунулася да яго, штурхнула каленам, прашаптала:

– Маўчыце, Андрэевіч.

Грамыка, які сядзеў насупроць, таксама даволі выразна пацёр далоняй твар, зрабіў гэткія кругавыя рухі: маўляў, няхай стары круціць – пасля разбяромся.

Пятру зноў здалося, што чалавек з дзіцячым голасам, які быццам бы сумаваў, убачыў, зразумеў i жэсты Грамыкі i шэпт Каці. Зараз вось перапыніць Бабкова, зловіць яго на падмане. Цікава было б паслухаць, як ён крычыць, злуецца, Булатаў гэты.

Перапыніў. Сказаў спакойна, амаль абыякава:

– З сяўбой – ясна. Малако!

– Але, малако! – адразу падхапіў Рабіновіч, дастаючы са сваёй кірзавай сумкі другія квітанцыйныя кніжкі.– Таварышы дарагія, што вы сабе думаеце? Вэй-вой-вэй. Вам жа на бюро паздымаюць галовы. Таварыш Бабкоў! Таварыш Шапятовіч! Вы ж на апошнім месцы. Ідзе красавік, a ў вас – шэсць i тры дзесятых працэнта… Шзсць гірадэнтаў! Што вы сабе думаеце?..

– Як шэсць? Было адзінаццаць, – схапіўся за сваю сумку Бабкоў.

– Якія адзінаццаць? Якія адзінаццаць? Вось учарашняя зводка маслапрома.

Бабкоў, які так хітра i дыпламатычна вёў размову пра сяўбу, не стрымаўся: махнуў рукамі, як падбітая птушка, закрычаў, не гледзячы на ўпаўнаважаных:

– Маслапром! Жулікі там! Пром-пром, а куды пром, чорт яго ведае! Паўмесяца назад было адзінаццаць, цяпер – шэсць.

– Колькі вам год, Бабкоў? – раптам спытаў Булатаў спакойна i як бы зусім недарэчна, а таму вельмі неспадзявана для ўсіх.

Іван Дзямідавіч адразу скіс.

– Пяцьдзесят тры. А што?

Капітан не адказаў – што.

Шапятовіча пачала… не, не злаваць, а неяк крыўдзіць, амаль абражаць уся гэтая размова – мнагаслоўнасць Рабіновіча, булатаўская маўклівасць i нечаканыя яго пытанні, сэнс якіх немагчыма зразумець.

Усе яны – камуністы. Чаму ж не можа быць простага, спакойнага, разважлівага абмеркавання, як што зрабіць, разумных парад, дапамогі? Каму патрэбна такая «накачка»? Няўжо яны не ведаюць, як людзі жывуць? З каго ты патрабуеш гэтае малако? Колькі тых кароў, ды i тыя чуць выйшлі жывымі з зімы!

Пятро падняўся, рашуча падышоў да стала, пастараўся сказаць як мага разважлівей, прасцей, хоць гэта не вельмі атрымалася – хваляваўся:

– Таварышы, мы працуем для людзей, каб ім лягчэй… каб раны вайны загаіць… Карацей кажучы, мы мусім ведаць, як жывуць людзі. Якое цяпер малако? Галлём жа кормяць. За Займішчам увесь асіннік з'елі…– i запнуўся, убачыўшы, як пільна глядзіць на яго Булатаў. Здалося, што той зараз спытае: «А вы бачылі гэты асіннік?» Пра асіннік сказалі вучні, а ён, Пятро, нават не помніў, які там асіннік за Займішчам – вялікі, малы? Якое агіднае адчуванне! Быццам ён баіцца гэтага капітана. А чаго яму баяцца? Аднак ніхто яшчэ так не гіпнатызаваў, як гэты знаёмы i незнаемы чалавек з прыгожым тварам i дзіцячым голасам.

– У вас прыёмнік ёсць, Шапятовіч? – пытанне яшчэ больш неспадзяванае, чым Бабкову.

Пятро нават не адразу зразумеў.

– Што?

– Радыёпрыёмнік.

– Не.

– Вы не прывезлі сабе з Германіі радыёпрыёмніка?

– Не.

– А што вы прывезлі?

«Што яму адказаць? Гармату прывёз, чорт вазьмі! Немку прывёз. Што табе яшчэ трэба?»

Але адказала Каця Прымакова:

– Кнігі,– i засмяялася.

– Кнігі?

– Але. Хто вёз анучкі, a Андрэевіч – кнігі.

– Якія кнігі?

– Нашы. Савецкія, – раздражнёна адказаў Пятро.

– Дзе вы ix там узялі?

Не, ад яго проста так неадчэпішся. Кніга – рэч сур’езная, i прыйдзецца сур'ёзна расказваць праўду.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю