Текст книги "Трывожнае шчасце"
Автор книги: Иван Шамякин
сообщить о нарушении
Текущая страница: 35 (всего у книги 43 страниц)
– У маёнтку нейкага высокага фашыста мы знайшлі rapy кніг – тры пакоі былі завалены… Бібліятэка аднаго нашага інстытута.
– Якога?
– Вінніцкага педагагічнага. Ну, я выбраў сабе пару дзесяткаў падручнікаў… Ведаў, што ў нас цяжка з кнігамі, спалена ўсё… А хацелася хутчэй вучыцца.
– Словам, вы прысвоілі кнігі інстытута?
Пятро ўспыхнуў:
– Вы былі ў Германіі, таварыш капітан?
Булатаў не адказаў.
– Каб былі, то бачылі б, што не да кніг там было, калі вайна ішла. Кнігі гэтыя разбіраў, хто хацеў – бібліятэкі часцей, салдаты, дзяўчаты нашы, што ў няволі былі. Можа, усе разабралі. А можа, рэшта i цяпер там ляжыць. Калі на тое пайшло, дык я свае магу адаслаць у інстытут. Я чужога ніколі не прысвойваў…
– Дык што будзе з малаком? – гэтак жа нечакана пераключыў Булатаў размову.
– Вырасце трава – пойдзе малако, – адказаў Грамыка.
– Значыцца, рабочы клас, які аднаўляе гарады, заводы, павінен сядзець i чакаць, пакуль у вас вырасце трава? – закрычаў загадчык райфа.
– Ну, а з чаго ты яго цяпер надоіш? – расцягваючы словы, спытаў Панас, павольна затоптваючы нагой недакурак, i раптам мацюкнуўся. – Гаворыш ты, Абрам, i ў роце ў цябе суха. Гародзіш храновіну. Ты ж пятнаццаць год жывеш сярод нас. Больш. Я цябе помню яшчэ ў палітаддзеле МТС. Тады ты разумеў калгасніка. A стаў фінансістам…
– Вы чулі? Яму ўжо не падабаюцца савецкія фінансісты! Яму ўсё не падабаецца!
Каця, смяшлівая ад прыроды, заціснула канцом хусткі рот, каб не пырснуць.
– Не думай, што калi ў цябе тры калодкі ордэнаў, дык табе ўсё дазволена!
– Нічога мне не дазволена. З мяне ўсе многа патрабуюць i мала даюць. Жонка i тая за вайну выйшла з-пад улады. Бунтуе.
– Ого, у цябе пабунтуеш! – Каця нарэшце знайшла зручны момант, каб гучна i адкрыта засмяяцца.
– Вой, язык у цябе, Грамыка! Вой, язык! Я табе скажу, што табе такі ўсякуць яго, – ужо лагодна ківаў галавой Рабіновіч.
– Хрэн з ім. Што мне, языка шкада? Я жыцця не шкадаваў.
Булатаў зноў пільна паглядзеў на былога камандзіра танка, быццам жадаючы пераканацца, сур'ёзна ён усё гэта кажа ці жартуе. Мабыць, не разгадаў, бо пазяхнуў, паглядзеў на наручны гадзіннік. Спытаў:
– Колькі ім за красавік трэба здаць, Рабіновіч?
Фінансіст заглянуў у свае пакамечаныя паперы:
– Шэсць тысяч літраў.
– Выканаем! – раптам гэтак жа нечакана, як з выездам у поле, запэўніў Бабкоў.
Грамыка даволі красамоўна кіўнуў Пятру: маўляў, з глузду з'ехаў стары. Але сам нізка нахіліўся i пачаў скручваць новую цыгарку – лепш прамаўчаць.
Бабкоў зноў распісваў на газеце, у якой вёсцы колькі кароў i колькі адтуль можна атрымаць малака. Выходзіла, што ўсё вельмі проста, што задание не толькі рэальнае, але бадай што i заніжанае.
– Капылаўцы – куркулі гэтыя – могуць салам здаваць. У кожнага поўныя кублы сала. Вунь, як у сакратара майго, у Капыла, – яшчэ даваеннае прагоркла, задубела.
Каця весела смяялася: яна ведала, што Капыл слухае ў суседнім пакоі.
Рабіновіч ззяў ад задавальнення – яму абы атрымаць абяцанне, тады лягчэй будзе патрабаваць: вы ж абяцалі!
Грамыка, хоць i загадаў сабе маўчаць, не стрымаўся:
– Не залівай ты, Іван Дзямідавіч. Таварышы з раёна i праўда падумаюць, што людзям сала няма куды дзяваць. А я табе па хатах пералічу, у каго яно ёсць. У Капыла ды яшчэ ў двух-трох…
– А я на сённяшні дзень кавалка хлеба не маю! Я, можа, сёння не снедаў,– раптам невядома на каго ўзлаваўся Бабкоў.
Ад гэтага яго недарэчнага, але, безумоўна, праўдзівага прызнання ўсім зрабілася неяк няёмка, быццам чалавек сказаў штосьці непрыстойнае. Нават Булатаў падняўся ca свайго месца i, павярнуўшыся да акна, разглядаючы дзяцей, якія высыпалі на перапынак, кінуў свайму памочніку:
– Што там у нас яшчэ?
– Яшчэ? Яшчэ я скажу ім прыемнае. Не думайце, што толькі патрабуюць ад вас. Даюць i вам. Савецкая ўлада – яна добрая! – Рабіновіч дастаў ca сваёй сумкі новыя паперкі.– Вось. Райвыканком выдзеліў вам дзве тоны – дзве тоны! – ячменю для насельніцтва…
Пятра шчыра ўзрадавала гэтае паведамленне, ён адразу прыкінуў, колькі сямей можна падтрымаць у гэтыя цяжкія вясновыя дні. A калі ячмень добры, то людзі могуць пасеяць на гародах. У Панаса таксама пасвятлеў яго чорны ад прыроды i ад трактарнай ды танкавай копаці твар.
– I яшчэ. Па лініі ЮНРА прыйшла нейкая адзежына. Багатыя амерыканцы ахвяруюць няшчаснай Еўропе свае неданоскі.– Абрам Навумавіч грэбліва паморшчыўся: відаць, бачыў ужо гэтыя неданоскі.– Вам таксама перапала сёе-тое. Вось. Абутку – семдзесят пар…
Рабіновіч пачаў чытаць спіс. I ўсе зацікаўлена наблізіліся да стала, каб самім заглянуць у гэты спіс. Што ж, не грэх прыняць i такую дапамогу. Пакуль яны там багацелі на вайне, мы ваявалі: гінулі, хавалі блізкіх, галадалі, даношвалі тое, што набірала наша не вельмі багатая яшчэ лёгкая прамысловасць за кароткі мірны час, выйшлі з вайны разутыя i раздзетыя.
I раптам, калі ўсе былі заняты пералікам кофтачак i штаноў, ужо зусім нечаканае:
– Грамыка! Здайце пісталет!
Панас адскочыў ад стала, i твар яго адразу збялеў.
Булатаў, здавалася, глядзеў у акно, быццам i не ён гэта сказаў, a нейкі нябачны прывід.
– Які пісталет?
– Які вы прывезлі з арміі. Нямецкі.
– Няма ў мяне ніякага пісталета.
– А мы маем даныя, што пісталет у вас ёсць.
– На чорта ён мне! З жонкай ваяваць, ці што? Ці дзяцей забаўляць?
Булатаў крута павярнуўся:
– Няма?
– Таварыш Булатаў, я ж не дзіцёнак. Я дарослы чалавек!
– Добра. Паверым, што няма ў вас пісталета. – I зноў адвярнуўся да акна.
З сельсавета Пятро i Панас выйшлі разам i, не змаўляючыся, пайшлі да рэчкі. Мабыць, абодвум хацелася пагаварыць. Паабапал – як вокам кінуць – прасторы залітых вадой лугоў. Спыніліся на грэблі каля моста. Дзень быў халодны, ветраны. Пясчаны насып сярдзіта лізалі хвалі.
– A пісталет у мяне ёсць, – з не меншай нечаканасцю, чым былі словы капітана, прызнаўся Панас. – Толькі не нямецкі – амерыканскі. А запытай – на якое ён ліха мне? Усе мы, як дзеці, любім цацкі. Вось i я прывёз цацку – на памяць. А каму яна патрэбна, такая памяць? Хочу забыць хутчэй пра яе, вайну, будзь яна проклята, a пісталет хаваю. Хіба не дурань?
– Чаму ж ты не прызнаўся?
– Гэтаму! Ты бачыў яго метад? Каб ён па-чалавечы – чаму не прызнацца? А так – падумаў: прымусіць пісаць тлумачэнне – дзе ўзяў, чаму адразу не здаў? А што я напішу? Што пасля добрай выпіўкі мне падарыў яго амерыканскі лейтэнант! I я, дурань, вырашыў захаваць на памяць? Такі, брат, вартавы дзяржбяспекі прышые табе дзела, ды i не адно: за сувязь з амерыканцамі… Даказвай пасля, што сустракаліся мы цэлай танкавай брыгадай з ix танкавай дывізіяй… За незаконнае трыманне зброі… за што хочаш…
Памаўчалі.
– Прыйдзецца ўтапіць у віры гэтую «памяць».
I зноў пасля паўзы:
– Але хацеў бы я ведаць, якая падла данесла? Акрамя жонкі, ніводзін чалавек не ведаў. Грышка, парасё, відаць, падгледзеў i некаму пахваліўся.
Пятро стаяў, глядзеў на свінцовую ваду i думаў: чаму чалавек гэты так шчыра прызнаецца? Навошта яму, сакратару, ведаць пра яго пісталет? Не хапала яшчэ клопату: хаваць чужую тайну. I ад каго? Ад савецкіх органаў. A калі – крыи божа! – той, хто напісаў першы данос, напіша другі? Што тады можа падумаць Панас пра яго, каму ён даверыў сваю тайну? А можа, знарок правярае? Фу, чорт, мімаволі зробішся падазроным! Нельга ж жыць, калі не верыш у чалавечую шчырасць!
IV
Шапятовіча даўно ўжо абражалі i абуралі паводзіны трупы інвалідаў. Здаецца, добрыя людзі, некаторыя проста героі – па тры калодкі ордэнаў, як казаў той Рабіновіч, а ставяцца да ix, мясцовых кіраўнікоў, як… амаль што да сваіх ворагаў. Быццам усе яны – Бабкоў, Грамыка, Капыл, ён, Пятро, – толькі i думаюць, як бы што ўкрасці, схапаць, змахляваць, некага абысці, «з'есці».
Не раз Пятру хацелася сказаць ім з крыўдай, але спакойна i прачула:
«Браткі мае! Я ваяваў гэтак жа, як i вы. I такі ж інвалід – навылет двойчы прастрэлены. Але ж я не крычу, не выстаўляю сваіх ран. Я працую. I не для свае карысці, акрамя асноўнай працы – настаўніцкай, цягну грамадскую. Мне даручыла партыя, я – камуніст i таму мушу думаць не толькі пра сябе, але i пра вас – пра ўсіх… А што вы маеце да Бабкова? Чалавек з першых дзён па заданию райкома пайшоў у партызаны. За гэта фашысты знішчылі ўсю яго сям'ю… Перажыў такую трагедыю. Да таго ж таксама двойчы паранены… Выходзіць, у вас нервы, a ў яго – няма?..»
Але пагаварыць так, сардэчна, не ўдавалася. Размовы кожны раз былi нервовыя, бо інваліды патрабавалі немагчымага i пачыналі з папрокаў, абвінавачванняў. Крыкам пачыналі. Вось як цяпер… Толькі селі члены выканкома ў сельсавеце, зачыніліся ў кабінеце старшыні, каб раздзяліць паміж тымі, хто мае найбольшую патрэбу, ячмень i юнраўскія лахманы (сапраўды-такі лахманы), яны, інваліды, тут як тут. Чалавек сем. Перад гэтым, безумоўна, заглянулі ў краму, хапілі па шклянцы, а можа, i па дзве, разліўной i разбаўленай ванючай гарэлкі. Селі – хто на лавачцы, хто проста на зямлі, у пясок, перад вокнамі i… давай скланяць i Бабкова, i Капыла, i Прымакову. Яго, Пятра, i Грамыку пакуль што не чапалі. Імёны, праўда, наогул не называлі. Але – намёкі…
– Сабраліся: адзін сухарукі, другі суханогі. Два боты – пара.
– Дык гэты хоць сваю міну п'яны разбіраў. А дзе той нагу пакалечыў?
– А той немцам яйкі памагаў збіраць. – Гэта пра Капыла, хоць усім вядома, што кульгавы ён не з вайны, а яшчэ з дзіцячых год. За кожным словам – пакручастая лаянка. Асабліва стараўся аднарукі Рыгор Прышчэпа.
Бабкоў «закіпеў»:
– Пазваню ў міліцыю. Дакуль трываць? Працаваць не даюць. Добрых людзей з панталыку збіваюць. Я ім – што? Я – савецкая ўлада на сённяшні дзень. А выпады ix што? Гэта ж антысавецкая прапаганда.
Грамыка паморшчыўся, быццам яму забалела.
– Не кідайся, Дзямідавіч, словамі. Антысавецкая! Што яны – за Гітлера рукі ды ногі палажылі, калекамі пасталі?
– Але нікому не дадзена права хуліганіць!
– Выпілі хлопцы – няхай памянташаць языкамі. Стомяцца – разыдуцца. Вокны ж не б'юць.
– А ты хацеў, каб вокны білі?!
– Дамо волю – i да вокнаў дабяруцца, – адкашляўшыся, прахрыпеў Капыл.
– Эх, спалохаліся! – зняважліва да Бабкова i Капыла хмыкнуў Міхайла Атрошчанка, старшыня сельпо, таксама інвалід, без правага вока, з апаленай шчакой. Весела засмяяўся: – Дазволь, Шапятовіч, я з імі пагавару. Люба-міла будзе паслухаць. Шпяктакль!
Пятро ведаў, як Атрошчанка гаворыць. Чуў. Нікога, бадай, інваліды так не скланяюць, як яго. Але i паважаюць – свой. Ніхто з кіраўніцтва не ўмее так «крыць», як ён. Разыдзецца – то ix дзесяцёра не могуць перамацюкаць яго аднаго. Пятро мусіў пасарамаціць гандляра на партийным сходзе. Таму ён цяпер i прасіў дазволу.
Ляпнулі дзверы ў медпункце, i на вуліцы з'явілася Саша.
Пятро пазіраў у акно. Інваліды, пэўна, забыліся, што доктарка можа быць тут. Убачылі – трохі сумеліся.
Саша імкліва саскочыла з ганка, стала перад імі. Белы халат быў накінуты на плечы, вецер развяваў яго, i гэта надавала маленькай жанчыне ваяўнічы выгляд – стаяла, як Напалеон перад войскам.
Пятро ажно залюбаваўся жонкай.
– Ну i красунчыкі,– працягнула яна, дакорліва ківаючы галавой. – А словы, словы – сцены пачырванелі. Я хацела ватай вушы затыкаць.
– Прабачце, Аляксандра Фёдараўна, – апусціў галаву Вася Нізавец, самы малады i самы няшчасны – без абедзвюх ног; ён сядзеў на пясчанай сцежцы, прывязаны да сваёй прымітыўнай каляскі – дошкі на маленькіх колах.
– Школа побач вунь, – дакарала Саша, ужо звяртаючыся да старэйшых – да Прышчэпы, да Асадчага. – Дзеці вашы. Пасаромеліся б.
– Але, дзеці! – згадзіўся Прышчэпа i па-камандзірску загадаў: – Усё, браткі! Языкі на замок! Хто распусціць – месца ў нашай кампаніі не будзе!
– А за што гэта вы, галубочкі, напіліся? Дома бульбіны няма…
Пятру нават страшна зрабілася. Пашле зараз каторы: што табе да таго, маладзіца? Не. Пераглянуліся – маўчаць.
– Зноў чый-небудзь гадзіннік залажылі? Прызнайцеся. Ну, я гэтую шынкарку злаўлю! Адкрыла лавачку! Карчма, а не сельпо! I старога спаднічніка аблытала. Яшчэ член парты!! – Гэта Саша пра Атрошчанку.
Старшыня сельпо ўсхапіўся з месца, але да акна не наблізіўся.
– Ну i піла ж у цябе, Андрэевіч, а не жонка. У мяне брытва, ну, а твая вастрэйшая. Хаця б перад гэтымі крыкунамі не мітынгавала. Сказаў бы ты ёй.
– Ідзі скажы, – засмяяўся Грамыка, ведаючы, што Атрошчанка баіцца Сашы гэтак жа, як і Бабкоў. Яна не можа дараваць, што ён, бацька чацвярых дзяцей, дзве дачкi– нявесты, «круціць любоў» ca сваёй крамшчыцай – удавой Гашай. I заўсёды рэжа праўду ў вочы.
– Каму-каму, а вам, Вася, нельга ж піць. Hi кроплі. Вам гэта горш за любую атруту…
Вася закрычаў:
– А на чорта яно мне, жыццё такое?
– Ну i дурань, – ласкава, някрыўдна, неяк зусім па-мацярынску ўпікнула Саша. – Адзін ты такі? Ці мы з Надзяй вінаваты, што цябе Гітлер скалечыў?
– Аляксандра Фёдараўна! – крыкнуў Вася, стукнуўшы сабе ў грудзі дошчачкамі, якімі абапіраўся аб зямлю, каб ехаць на сваёй калясцы.
– А навошта ты мучыш i яе i сябе? Ссохла дзяўчына. Кожны дзень слёзы лье. Завошта ты яе караеш? За тое, што пяць год чакала? I кахае цяпер…
– Шкадуе яна мяне, а не кахае, – апусціўшы галаву, прашаптаў Вася i тут жа схамянуўся, мабыць, засаромеўшыся сваёй слабасці; зноў крыкнуў: – А мне жаласці не трэба! Нічыёй!
– А якая ж гэта любоў без жаласці? Усе мы вас шкадуем.
– Жаніся, Вася! Апошнія штаны прадамо, а вяселле згуляем, – весела сказаў Іван Асадчы, які вось ужо два гады закаваны ў стальны карсет, бо пашкоджаны пазваночнік. Між іншым, толькі ён адзін не п'е, бо ведае, што яму гэта – смерць. Але ў кампаніі заўсёды i сваю долю на выпіўку ўкладае. Бабкоў сцвярджае, што гэта ён верхаводзіць у групе i падбівае інвалідаў «каламуціць ваду». Хоць звычайна шуміць больш за ўсіх Рыгор Прышчэпа.
– Вы, Іван Аляксеевіч, не жартавалі б, а сур'ёзна пагаварылі б з таварышам сваім. Гэта – яго жыццё, яго лёс. I яе, Надзін.
– A праўда, Вася, чаму ты ламаешся? Надзя – гэта, ведаеш, якая баба? Як мая Галя. Такая на руках будзе насіць усё жыццё, – раптам горача i сур'ёзна пачаў угаворваць
Васю Прышчэпа.
Яго падтрымалі другія. А Саша – як добры дырыжор перад гэтым хорам.
Атрошчанка пакруціў галавой:
– Вот умее яна з імі пагаварыць!
– Хто – Шура? Будзь спакойны! Яна яшчэ i з табой пагаворыць! – зноў засмяяўся Грамыка i тут жа запатрабаваў: – Давай, Халімон, гані далей. Няма калі сядзець тут. Сеяць трэба.
Капыл пачаў чытаць прозвішчы з гаспадарчаи кнігі. Тлумачыў, якая сям'я, як жыве; ён ведаў усе восемсот двароў – ва ўсіх вёсках i пасёлках. Вырашылі, каму памагчы. Часам спрачаліся. Пятро прыкмеціў, што Капыл пра усіх усе ведае, усе грахі ўспамінае – хто ў калгас не хацеў уступаць, каго да вайны яшчэ судзілі за кражу арцельных гуркоў, а вось пра грахі фашысцкай акупацыі забывав. Тады нагадвае Каця Прымакова. У яе да ўсіх, хто служыў немцам, – лютая нянавісць. Як у Сашы. Можа, праз гэта шмат у чым такія розныя, яны – не сказаць, што сябруюць, але жывуць i працуюць дружна. Саша нават падкормлівае, чым можа, паўтарагадовых блізнят Каці, дзяцей гарачай любові Каці да афіцэраў той часці, якая вызваліла ix сяло i некаторы час стаяла тут на адпачынку – збіралі сілы, каб фарсіраваць Сож i Дняпро.
Галасы за акном замінаюць. Але пакуль там угаворваюць Васю жаніцца, пакуль Саша горача даказвае, што такое жаночае каханне, якога дурні-мужчыны амаль ніколі не разумеюць, – працаваць можна, хоць i не вельмі засяроджана.
Але за акном зноў пачынаюць пра тое, што не можа не адарваць ix, членаў выканкома, ад спіса, ад ячменю i кофтачак.
Саша. Ведаеце, што я вам раю, людцы добрыя? Ідзіце вы дахаты. Не перашкаджайце – хутчэй кісялю наварыце.
Прышчэпа. А хто там дзеліць? Вы, Шура, у камісіі?
Саша. А як жа! Больш у мяне работы няма, як анучкі дзяліць.
Асадчы. Не ў анучках справа, Аляксандра Фёдараўна! Не з-за анучак мы прыйшлі. Не падумайце. Прынцып! Во што галоўнае. Чый там голас мае большую сілу? Хто ведае людзей? Ваш муж не ведае. Старшыня таксама не тутэйшы, з суседняга сельсавета. Капыл адзін усіх ведае…
Вася. Але i мы яго добра ведаем!
Голас незнаёмага. Як ён яйкі немцам збіраў.
Прышчэпа. Што там яйкі! Партызана выдаў. Павесілі хлопца…
Асадчы. Рыгор! Што не даказана – пра тое плявузгаць няма чаго. Ці мала ix, бабскіх плётак!
Прышчэпа. Добрыя плёткі!
Саша. Ён жа ў партызанах быў.
Вася. Пасля трэба ж было замаліць грахі.
Прышчэпа. Такі ўсюды прышыецца. I да фашыстаў i да камуністаў…
Пятро назіраў за Капылом. Той унурыўся, трохі не ўткнуўшыся шызым носам у «гросбух», i не паднімаў вачэй, бубніў прозвішчы, як панамар. Безумоўна, ён чуў дыялог за акном. Недарэмна яго звычайна малінавыя вусны пасінелі, не, нават набылі нейкі цёмна-фіялетавы колер, a скроні i шчокі стал i жоўтыя.
Пятро думаў: «Калі ўсё гэта няпраўда, дык чаму ж ты, стары хрыч, маўчыш? Гэта ж не толькі твой аўтарытэт, але i аўтарытэт сельсавета, савецкай улады. Выйдзі ды хоць добра вы лай гэтых п'яных балбатуноў».
Абураўся Бабкоў:
– Не, я ўсё-такі пазваню ў міліцыю.
Пятро ўзлаваўся:
– I што ты скажаш? На жыццё тваё замахваюцца? Ідзі пагавары з імі спачатку. Ты ж улада!
– Што з такімі гарлапанамі гаварыць?
– Не хочаш? Ну дык я пагавару! – I Пятро рушыў да выхаду, адкінуў кручок, шырока расчыніў дзве палавіны дзвярэй i выйшаў на ганак.
– Заходзьце, таварышы, – ветліва запрасіў ён інвалідаў.– Навошта вам пад вокнамі мітынгаваць?
Яны разгубіліся ад такой нечаканасці.
– Заходзьце, заходзьце, не саромейцеся. Памажыце Нізаўцу падняцца на ганак.
– О, я сам, парторг! – I Вася першы падкаціў на сваёй калясцы да ганка.
Саша хораша кіўнула мужу галавой, яўна ўхваляючы яго запрашэнне, і, захінуўшы халат, каб не сарваў вецер, пайшла ў вёску, відаць, на візіт да хворага, бо з чамаданчыкам.
Ячмень паступіў у сельпо, a «юнраўская дапамога» ляжала тут жа, у кабінеце: у адным кутку – абутак, у другім – адзенне. Прывезлі ў мяшках, але мяшкі мелі каштоўнасць, яны былі на ўліку ў нейкай арганізацыі, i ix забралі назад.
Калі інваліды гуртам уваліліся ў кабінет, спалохаўшы Капыла, здзівіўшы Бабкова i Прымакову, Пятро сказаў ім:
– Ну, вось, хлопцы, усё дабро перад вамі. Калі ласка, няхай кожны выбера па пары чаравікаў якіх хоча, хто – сабе, хто – жонцы, хто – дзецям.
Інваліды недаверліва пераглянуліся. Члены выканкона змоўклі, тоячы ўсмешкі: яны зразумелі Пятроў «ход канём».
Вася пад'ехаў да кучы абутку першы, адразу ўзяў у рукі жаночы чаравік, пачаў шукаць другі. Але пары не было. Пар не было ўвогуле. З усяе кучы хіба можна было выбраць дзветры пары чаравікаў, аднолькавых па форме, па колеру, па памеру, усё іншае – няпарнае. Як на смех, на здзек! Яны, члены выканкома, гэта выявілі яшчэ з раніцы, калі прывезлі «дапамогу». Званілі ў раён, адтуль адказалі: «Усё такое». – «Як жа людзям выдаваць няпарны абутак?» – «Як хочаце».
Было смешна i сумна, крыўдна i абразліва. Адразу стала зразумела, што збіралася гэтая «дапамога» без павагі да тых, каму яна прызначалася. Сытыя галодных не разумелі. Амерыканцам, якія на вайне набілі кішэні, было мала клопату да тых, каго гэтая вайна разула i раздзела. Для многіх там, у Штатах, гэтая дабрачыннасць была адной з чарговых забаўных кампаній – абы чым заняцца. A калі працоўныя людзі давалі, што маглі, i ад шчырага сэрца, то ўсё гэта збіралася як утыль, без сартавання, упакоўкі, грузілася навалам, проста ў трумы, а таму так перамяшалася. Акрамя таго, пазней ужо ў сусветнай прэсе чуліся галасы пра гэтую «дабрадзейную арганізацыю» – што яна пасылала тым, хто пачаў вайну i павінен быў несці адказнасць, i якую «дапамогу» атрымлівалі ад яе тыя, хто ратаваў Еўропу, а можа, i ўсё чалавецтва, ад фашысцкай навалы.
– Ды што ж гэта яны, паразіты, думаюць, што мы тут усе без ног асталіся! – злосна шыбнуў адзін чаравік Вася Нізавец, калі Пятро растлумачыў, што другога такога, бадай, не знайсці. Не старой маці, безумоўна, хацеў Вася ўзяць чаравікі на высокіх абцасах. Пра Надзю думаў, пра яе разутыя ногі.
Следам за Нізаўцом усе шыбанулі паднятыя чаравікі назад у кучу i грэбліва выцерлі рукі аб зашмальцаваныя, у некаторых, пэўна, адзіныя, нязменныя штаны i гімнасцёркі, яшчэ тыя, што некалі выдалі ім на фронце старшыны.
Эх, якімі сакавітымі словамі памянулі хлопцы заморскіх «дабрадзеяў»! Шкада, што словы гэтыя нельга друкаваць.
– Адаслаць ім к такой мацеры ўсе гэтыя лахманы назад!
Такую прапанову, i не менш злосна, Шапятовіч выказаў яшчэ раніцай, як толькі ўбачыў гэтую «дапамогу». Але разважылі разам: каму адсылаць? Хто вінаваты? У раёне? Але ж ніхто не мог выкрасці па адным чаравіку з пары.
– Ну, цяпер, таварышы, сядайце i памажыце размеркаваць гэтае дабро.
Бабкоў ужо задаволена цёр сваю кантужаную руку: сцішаная сур'ёзнасць i паважнасць інвалідаў, якія колькі хвілін назад так пагрозліва шумелі, радавала яго. Грамыка стоена пасміхаўся, пускаючы свой кісет з самасадам па руках.
– Браточкі, калі вы задыміце ўсе адразу Панасавым гарладзёрам – мы ж адзін ад наго бачыць не будзем. Гэта ж дынаміт у сумесі з дымавой шашкай, – жартам i сур'ёзна прасіў Пятро.
Смяяліся, але цыгарак не кідалі.
Капыл вычытваў прозвішчы гучней, чым да прыходу «прадстаўнікоў грамадскасці», i сядзеў паважней – мабыць, хацеў паказаць, што ён тут не абы-хто, a роўны сярод роўных, але разам з тым пастава плеч была такая, быццам чалавек чакаў, што яго ў любую хвіліну могуць ударыць. I голас яго неяк дзіўна секся.
«Прайшлі» адну вёску – Капылы. Узяліся за другую – Панізоўе. Адна сям'я, другая – міма. Пра трэцюю:
– Гэтым бедакам трэба нешта падкінуць. Ячменю на крупнік. I хоць няпарныя чаравікі. Дзяўчына – нявеста, а на вячоркі ходзіць у бурках.
– Так i запішы, Каця. Паўпуда ячменю i чаравікі. Ніхто не пярэчыць?
– Нізавец Вольга Пятроўна. Сям'я ворага народа, – паведаміў Капыл, не ўзняўшы нават галавы, упэўнены, што тут затрымлівацца няма чаго. – Асадчы…
Ды Шапятовіч раптам спыніў сакратара:
– Чакайце, Халімон Авяр'янавіч. Я прапаную сям'і Нізавец аказаць дапамогу. Я не ведаю, за што пасадзілі самога Нізаўца, але… дзеці за бацьку ў нас не адказваюць! Таварыш Сталін сказаў… A дзеці – школьнікі… Малодшая – выдатніца. Таня ў мінулую пятніцу самлела ў класе. Фельчар наш кажа – недаяданне.
– Тых, хто ваяваў, мінаем, а хто… – запярэчыў Рыгор Прышчэпа, хоць не вельмі рашуча.
– Жанчына з дзецьмі на фронт не магла пайсці. Але i яна ваявала… Вольга Пятроўна да фашыстаў служыць не пайшла. Нашым памагала. Хлеб партызанам пякла. Іван Дзямідавіч расказваў. Іван Дзямідавіч?
– Хлеб пякла, – ціха пацвердзіў Бабкоў, але неяк як быццам няўпэўнена, без сваёй заўсёднай шумнай настойлівасці: i падтрымліваць i пярэчыць да хрыпаты.
Шапятовіч убачыў, што i другія – Грамыка, Атрошчанка – сядзяць з такімі тварамі, нібы ён, сакратар, сказаў i зрабіў нешта недазволенае i ім ніякавата за яго, a паправіць няма як – староннія людзі прысутнічаюць.
Адзін Капыл адарваўся ад кнігі i глядзеў на Пятра сваімі маленькімі вочкамі-свярдзёлкамі амаль з дзіцячай цікаўнасцю.
Пятро не разумеў, чаму яны вось так… Нават Грамыка, такі смелы i рашучы. Булатаву i Рабіновічу вунь як адказваў! А тут – патупіў вочы. Няўжо праўда баяцца падтрымаць сям'ю ворага народа? Але ж… Пятро шчыра верыў у дзейнасць формулы: дзеці за бацькоў не адказваюць. Сэрца i розум патрабавалі: памагчы такім дзецям – святы абавязак твой, камуніста, кіраўніка, педагога. Няхай дапамога мізэрная, але для такой сям'і сам факт будзе мець значэнне – пра ix клапоцяцца, як пра ўсіх, яны не забытыя, не адшчапенцы.
– Не будзем забываць, што i ў райкоме нам сказалі: у першую чаргу памагчы тым сем'ям, дзе дзеці… A дзеці ёсць дзеці!
– А каго вы агітуеце, парторг? – спытаў Вася. Пятро ды i ўсе іншыя насцярожыліся. – Пра Вольгу Пятроўну ніхто слова дрэннага не скажа. Хіба сабака які можа гаўкнуць. Не толькі хлеб яна пякла партызанам. А хто лячыў нашых матак ды малых пры акупацыі? Дактароў ніякіх не было. Няхай Іван скажа, як жонку яго ратавала.
– Што там казаць: Вольга – чалавек правільны! I дзеці – па ёй пайшлі.
Бабкоў хутка падняўся, стукнуў костачкамі пальцаў па стал е.
– Стаўлю на галасаванне, – сказаў афіцыйна, як на вялікім сходзе.
Дагэтуль не галасавалі, калі нават узнікалі спрэчкі i разыходжанні; дамаўляліся так: большасць выказалася «за» – Каця заносіла ў спіс.
Шапятовіч зразумеў – фармальнасць з'явілася ад прысутнасці інвалідаў: стары хітры i асцярожны, не жадае, каб многа гаварылі пра такую сям'ю, бо гаворкі пойдуць па сёлах, лепш – вырашыць без лішніх слоў. Што ж, гэта правільна.
Пятро першы падняў руку. I ўсе адразу паднялі, але тут жа апусцілі так хутка, што здалося – толькі махнулі рукамі.
– А нам можна? – спытаў Іван Асадчы.
– Галасуйце, – дазволіў Бабкоў.
– Ну, дык мы – «за». Так, хлопцы? – звярнуўся да «сваіх» Асадчы.
– За.
– Пішы. Чаго там разводзіць анцімоніі!
– Галасую дзвюма, – падняў абедзве рукі Вася i для апраўдання нявесела пажартаваў: – Мне можна: я без ног.
– Аднагалосна, – сур'ёзна i зноў-такі залішне афіцыйна заключыў старшыня сельсавета.
I гэта была як бы кропка. Ці, можа, як вяршыня перавалу. Усім захацелася раптам перакурыць, перавесці дыханне. Загаманілі. Пачалі скручваць цыгаркі. Гаварылі зусім пра другое – хто пра што, але ўсе чамусьці стараліся прыгадаць вясёлае.
Калі «перакур» скончыўся, Асадчы сказаў:
– Мяркую так, хлопцы! Нам тут рабіць няма чаго. Начальства само разбярэцца. Яно газеты чытае…
– О! – успомніў Рыгор Прышчэпа i звярнуўся да Пятра: – Што мы ў цябе, парторг, хацелі спытаць. – I дастаў з кішэні газету, складзеную ў шмат столак, як для цыгарак. – Расталкуй ты нам, грэшным, вось гэтую заметку.
Інфармацыя – некалькі радкоў, змешчаная недзе на апошняй старонцы, вылезла на першую старонку газетнай кніжачкі. Гэта было паведамленне аб тым, што СССР на працягу красавіка, мая i чэрвеня паставіць Францыі 400 тысяч тон пшаніцы i 100 тысяч тон ячменю. Пятро прачытау гэта яшчэ ўчора i таксама быў задумаўся, бо адчуў, што гэта тая інфармацыя, якой у газетах адводзяць вельмі мала месца, але якая займае дужа многа месца ў галовах людзей.
Ведаў: на першым жа сходзе, пры першай жа гутарцы калгаснікі спытаюць пра гэта. Ён рыхтаваўся да адказу. Аднак усё адно пытанне захапіла, можна сказаць, знянацку. Ён чакаў, што размова ўзнікне, калі яны будуць дзяліць свае дзве тоны ячменю. Тады ён дазнаўся б пра думкі другіх i праверыў бы свой адказ. Але з актыву ніхто не ўспомніў. Не чыталі ці забыліся? А вось інваліды не забыліся. Чакаюць, што ён адкажа. Змоўклі.
– Што мы – такія багатыя? Сваіх накармілі ўволю?
– Не. Ніхто не кажа, што мы багатыя. Пасля такой вайны… такой разрухі. Нялёгкая вясна i ў нас. Во… па кілаграму дзелім. Але таму, што ведаем, што такое голад, таму i дзелімся апошнім кавалкам.
– Нішто сабе кавалак! – хмыкнуў Вася Нізавец.
Пятро з яшчэ большай палымянасцю пачаў даводзіць:
– Усе мы былі на фронце. Хто – у партызанах. Каму з нас не прыходзілася дзяліцца з таварышам апошнім сухаром? Францыя – наш саюзнік, уся была пад фашысцкай акупацыяй… Народ галадуе…
Але ў нейкі міг ён адчуў, што словы не маюць трывалага грунту – яго ўласнай унутранай перакананасці. Яны, словы, хоць i простыя, але нейкія лёгкія, а таму яўна не западаюць у сэрцы людзей, a павісаюць у паветры i плаваюць, як вось гэты тытунёвы дым. Бывае, што шум i смех слухачоў не бянтэжаць i не збіваюць прамоўцу. Гэта здараецца тады, калі прамоўца сам цвёрда перакананы ў тым, у чым хоча пераканаць другіх. А бывае, што можа збіць, збянтэжыць вось такая паважная сур'ёзнасць з ледзь прыкметнымі ўхмылачкамі: маўляў, давай, давай, гарадзі, мы разумеем – табе інакш нельга.
Такія схаваныя ўхмылкі ўбачыў Пятро на тварах у інвалідаў i… занерваваўся. Амаль крыкнуў:
– А галодным мы заўсёды паможам! Мы – гуманісты!
– У Францыі галадаюць? – як бы ca здзіўленнем спытаў Прышчэпа. – Дзе вы, парторг, чыталі, што голад там? Мы таксама газеты чытаем. Ды i самі свет бачылі… Андрэй вось, – паказаў ён на аднаго са сваіх сяброў – высокага бялявага хлопца з глыбокім шрамам на лбе, у цывільным касцюме; чалавек гэты за ўвесь час не прамовіў ніводнага слова. Пятро ўпершыню яго ўбачыў, ніколі раней з гэтай кампаніяй ён нідзе не з'яўляўся. – Паўгода, можа, як вярнуўся адтуль, з Францыі. Партызаніў разам з французамі. Ён вам раскажа, як яны там… галадаюць. Раскажы, Андрэй…
Пятро чуў ад Сашы, ад другіх, што ёсць у Панізоўі інвалід Андрэй Запечка, які, уцёкшы з нямецкага палону, быў французскім партызанам, вярнуўся з ix ордэнам, даведкамі. Даўно хацелася спаткацца з гэтым чалавекам. Пятро нават намерваўся запрасіць яго ў школу – няхай раскажа дзецям пра Францыю, пра Супраціўленне, якое там было. Але ўсё неяк не выпадала пазнаёміцца. I вось пазнаёміліся. Запечка пачырванеў, як дзяўчынка, ад агульнай увагі да яго асобы.
– А што расказваць? Па-рознаму i там жывуць. Буржуі, гады, дык яны i пры бошах… немцах, значыцца, раскашавалі. А рабочаму чалавеку туга прыходзілася. Але разрухі ў ix такой няма. Столькі не разбурана, не спалена. A калі ўсё цэлае, дык, самі разумееце, неяк лягчэй абыходзіцца… – развёў рукамі i вінавата ўсміхнуўся, як бы просячы прабачыць, што не ўмее ён расказваць. Відаць было, што чалавек сапраўды не надта красамоўны. I, магчыма, не ад прыроды такі – навучыла жыццё.
– Падабаліся вам французы? – спытаў Пятро.
– Дык розныя ж яны… Партызаны – хлопцы свойскія…
Камуністы некаторыя.
– Калі мы вас запросім у школу – раскажаце?
– Пра што?
– Ну, пра Францыю. Як партызанілі там…
Запечка разгубіўся:
– Не… У мяне ўсяго шэсць класаў.
– У вас цяпер універсітэт. Акадэмія. Столькі пажыць i пабачыць!
I вось тут Грамыка нечакана i залішне патрабавальна, амаль злосна, перапыніў ix размову:
– «Канчай начаваць», як казаў той казах. Давайце працаваць! Няма калі пераліваць з пустога ў парожняе. Сеяць трэба! Займаемся чорт ведае чым!..
– Але, браткі, пайшлі. Не будзем замінаць! – падтрымаў яго Асадчы i першы накіраваўся да дзвярэй, але з парогa папрасіў: – Не забывайце нас, пакрыўджаных Богам.
– Не забудзем! – бадзёра i задаволена запэўніў Бабкоў.
Пятро маўчаў. Не сказаць, што выхадка Грамыкі яго пакрыўдзіла. Але ўсё-такі неяк непрыемна кранула самалюбства. Заўсёды Панас слухаў яго з такой павагай. А тут, пры людзях, па сутнасці, крыкнуў, як на блазнюка. Завошта? Што яму не спадабалася?