Текст книги "Трывожнае шчасце"
Автор книги: Иван Шамякин
сообщить о нарушении
Текущая страница: 37 (всего у книги 43 страниц)
Таму сказаў амаль афіцыйна:
– Папрацуе вось так, як цяпер працуе, лета ў калгасе, увосень мы самі яго пашлём у абласную партшколу. Мы ўжо гаварылі з Панасам Астапавічам.
Вольга стоена ўздыхнула.
Шапятовіч зразумеў: пра партшколу яны ведаюць, пэўна, сказаў Грамыка, а таму Вольга i баіцца, што жаніцьба з ёю можа перашкодзіць Пецю. Якая бязлітасна-суровая практычнасць! Праўду яна сказала: таму нам цяжка, што ў свае дваццаць тры – дваццаць пяць гадоў мы думаем пра жыццё, як старыя.
Каля дома свайго Пятро ўбачыў белую здань. Пазнаў здалёк – Саша. Яна стаяла, захутаўшыся ў медыцынскі халат, прытуліўшыся да цаглянага, вышчарбленага i выветранага за многія дзесяцігоддзі слупа.
Пятро кінуўся да яе ўподбег.
– Ты – што?
– Дзе ты быў?
Ён абняў жонку, прыпаў да яе вуснаў, яны былі халодныя – стаяла доўга.
– Я гуляў.
– А я прачнулася ад кашмарнага сну. Лямпа гарыць, а цябе няма. Хаця б лямпу патушыў, пажар зробіш. Што сніла – не помню, а сэрца i цяпер б'ецца во як, паглядзі.
Пятро паклаў руку на яе грудзі – паслухаць сэрца. Саша імкліва, у нейкім гарачым парыве, абхапіла яго за шыю, пацалавала i ўся задрыжала не то ад холаду, не то ад нецярплі-
вага чакання ласкі.
Абняўшы, Пятро павёў яе ў пакой. Яна адразу нырнула пад коўдру. Ён таксама раздзеўся ў адзін міг. Дзьмухнуў у лямпавае шкло.
Ногі яе былі прыемна халодныя. А вусны адразу зрабіліся гарачыя. Ён прагна піў ix знаёмую i разам з тым пры кожнай блізкасці непаўторную гарачыню i духмянасць.
– Я люблю цябе. Ты слаўная.
– I я люблю цябе, хоць ты не такі слаўны, як я хацела…
– Навошта гэтае «хоць»? Я люблю цябе без усялякіх агаворак.
– I я хачу любіць цябе без агаворак. Але ты ўцякаеш пасярод ночы. – Саша засмяялася, пальцы яе пяшчотна гладзілі яго плечы.
– Я заснуў над сваімі міфамі.
– Ці не багіня табе прыснілася?
Пятро засмяяўся:
– Ты адгадала. Сасніў, што мяне абнімае сама Афрадыта. Багіня была такая прыгожая, як ты. Атрошчанка пагразіў, што заявіць у райком. I ведаеш, што я адказаў? Смех! «За багінь на бюро не выклікаюць».
– У вас i за звычайных баб не вельмі выклікаюць. – Пальцы яе застылі, анямелі.– Ці не ў парку яна цябе чакала, твая багіня?
– Ты – злюка. Хутка да сноў пачнеш раўнаваць. Завошта я люблю цябе такую?
– Завошта я люблю цябе? – Пальцы зноў зрабіліся пяшчотныя, яны лепш, чым што, перадавалі сілу кахання. Пальцы i вусны.
Ён спытаў праз колькі хвілін, сцішаны, стомлены:
– Ты лічыш – мяне няма за што любіць?
– Часам – няма.
– Любяць чалавека, а не яго ўчынкі. А чалавек не анёл. Ён не можа быць увесь час ружовенькі.
– Чалавек заўсёды павінен быць чалавекам.
– Ух, якая глыбокая філасофія!
– Cпi. – Саша ласкава правяла рукой па яго шчацэ, Пятро пацалаваў яе плячо.
Звычайна ён хутка засынаў, вось так прыпаўшы вуснамі да жончынага гарачага пляча. Але сёння не спалася. Чамусьці зноў перад вачамі стаяў Андрэй Запечка. Як жывы дакор яго, Пятроваму, спакою i шчасцю. А потым – Вольга з яе насцярожанасцю, самаахвярнай хітрасцю i прагным жаданнем пачуць добрае слова заспакаення.
– Ты папракаеш нас за нячуласць да людзей. Ты лічыш, што ў цябе ад ной сэрца баліць за ix пакуты. А сама ты… Завошта ты неўзлюбіла гэтую няшчасную Вольгу? Яна адчувае, i ёй горка…
– Ці не яна тая багіня, да якой ты бегаў пасярод ночы. – Голас адразу зрабіўся саркастычна-ўедлівы.
– Я сустрэў яе з Аўчаровым. Ён хоча ажаніцца. А яна баіцца, каб яго пасля не папракнулі…
– Недарэмна, відаць, баіцца.
– Ты бязлітасная. Няўжо, праўда, ты думаеш, што ўсе, хто быў там, паводзілі сябе… як ты думаеш…
– Не ўсе ехалі па добрай волі.
– А ты ведаеш, чаму яна паехала?
– Ведаю.
– Яна ратавала сяброўку.
– Ад чаго?
– Як ад чаго?
– За тое, што рабілі яны, медаляў не даюць. Спачатку круцілі з партызанамі, а потым знайшлі ход, каб адной i другой было добра.
– Дзе ім было добра!
– А то гаравала яна, Вольга твая! Прыехала выпешчаная, расфуфыраная. Воз нямецкіх анучак прывезла…
– Мяне здзіўляе твая суровасць. Нельга так, Сашок. Ты бачыш толькі знешні бок. Жыццё ёсць жыццё. Яно не спыняецца. I жывы думае пра жывое.
– Эх, як ты абараняеш ix, палявых гэтых ды паходных! «Жыццё ёсць жыццё», – сказала ціха, але са злосцю. – А што б ты заспяваў, каб я?.. A ў мяне, можа, большая, чым у каго, была мажлівасць… каб жыццё не спынялася… А я спыніла яго!
Закрануты чарговым напамінкам пра яго «грэх», абражаны недаверам – колькі можна папракаць? – Пятро вырашыў i ёй кінуць крыўднае:
– Ты кажаш гэта так, быццам шкадуеш, што не зрабіла,
як некаторыя…
Саша адказала не адразу. Але па дыханию яе Пятро адчуў, што паўза – небяспечная. Сцяўся, чакаючы.
– А што ты думаеш? I шкадую!
Як пляснула па твары. I рэзка павярнулася да яго спіною, нацягнула на галаву коўдру.
Не першы раз ужо так – нечаканыя i дзіўныя пераходы ад самых гарачых прызнанняў, шчырай блізкасці, ласкі i пяшчоты да папрокаў i нават сваркі, асабліва калі i ён «заводзіўся». Апошні час зразумеў, што самае лепшае – у крытычную хвіліну змаўчаць. Змаўчаў. Але ўсё адно было крыўдна. Да душэўнага болю. Няўжо яна не бачыць, як ён кахае? Няўжо не верыць? Чаму яна зрабілася такая? Да вайны, у маладой, у яе i следу не было гэтай бабскай рэўнасці. Наадварот, яна з яго смяялася, называла рэўнасць перажыткам, якога інтэлігентны чалавек павінен саромецца. Чаму ж яна цяпер не саромеецца? Нават пры людзях. Мы пастарэлі, але са сталасцю прыходзяць мудрасць i спакой. Ва ўсім Саша разумная i спакойная, акрамя гэтага свайго пачуцця. Дзіўна. Зрабіць i ёй балюча? Не, не можа ён. Паспрабаваць памірыцца? Было ўжо так, што пасля сваркі i нават слёз зноў наступалі хвіліны пяшчотнай блізкасці, i яны былі не менш радасныя.
Не, сёння мірыцца так хутка не хочацца. Няхай бачыць, што ён абражаны.
Пятро таксама адвярнуўся.
Месячык свяціў у акно. На падлозе ляжалі светлыя прамавугольнікі зашклёных шыб – два каля самага ложка i два бліжэй да акна, а пасярод – чорна: сярэдзіна рамы забіта фанерай. Пад печчу вядзе сваю нудную песню цвыркун. Яго, звыкшыся, не чуеш, калі засынаеш са спакойнай душой, задаволены ўсім. Цвыркун раздражняе, калі настрой вось такі i не спіцца. Загаварыла спрасонку малая. Дзіця напомніла пра сябе – неяк адразу зрабілася лягчэй i святлей.
VI
Раптоўна захаладала, як гэта часта бывае вясной. Пасля амаль летняй цеплыні, што трымалася яшчэ ўчора, – зусім асенняя слата. Дождж, які ішоў «перагонамі», на працягу дня колькі разоў пераходзіў у «зарады» снегу.
Пятро раней прапаліў у грубцы, наварыў супу – не з-за вялікай любові да гэтай стравы, а з-за эканоміі: пяць дробных бульбін, жменя пярлоўкі, цыбуліна i маленечкі, на дзюбе нажа, кавалачак масла, якое Саша купіла Ленцы. А суп – слінка цячэ ад паху аднаго.
Чакаў Сашу. Дзе яна ходзіць у такую непагадзь? Хворыя – вялікія эгаісты, думаюць толькі пра сябе, а фельчарыца здаецца ім няспыннай, нястомнай машынай, яе можна выклікаць у любы час дня i ночы, адрываць ад хатніх спраў, ад дзіцяці, ад мужа. Пятро ўжо неяк пратэставаў – патрабаваў, каб Саша прывучала людзей да парадку.
«Ты ж не "хуткая дапамога"».
Яна павесіла на дзвярах медпункта аб'яву: гадзіны амбулаторнага прыёму, гадзіны наведвання хворых дома. Але ад гэтага ёй не зрабілася лягчэй. Не можа яна не пайсці да хворага, асабліва калі выклікаюць да дзіцяці. А дзяцей хварэе многа, бадай, больш, чым зімой. Аслабленыя, босыя, раздзетыя, яны легка прастуджваюцца на падманна-цёплым вясновым ветры. У Панізоўі ўспыхнула дыфтэрыя. Саша трое сутак не з'яўлялася дадому – працавала з эпідэмгрупай. I цяпер яшчэ дрыжыць за Ленку. Усё, у чым наведваецца да хворых, скідае ў медпункце.
Нягледзячы на рэдкі суп i такое надвор'е, настрой у Пятра цудоўны. Не трэба нікуды ісці, ні на якія сходы, а наперадзе яшчэ добрых гадзін пяць ціхага вечара, калі можна будзе спакойна пачытаць, пагутарыць з Сашай, пацешыцца з забавак i бясконцых «чаму?» малой. Асабліва радасна ад думкі, што можна будзе заняцца гісторыяй. Сам ён дзіву даецца, што ў яго абудзілася такая любоў да гэтай навукі. Чытае «Гісторыю Старажытнай Грэцыі» як добры раман. А часу таго, калі можна ўзяцца за кнігу, чакае з не меншай нецярплівасцю, як некалі спаткання з Сашай. Проста смешна. Саша не на жарт пачынае раўнаваць яго да міфічных багоў i герояў. Ba ўсякім разе, сон, дзе яго абдымала Афрадыта, за тры дні прыгадала некалькі разоў, кожны раз са смехам, але часам з даволі ўедлівым: «Не ў гімнасцёрцы была твая Афрадыта?»
Пятро, як звычайна, пазнаў жонку па хадзе – па стуку яе збітых абцасаў па цэментавай падлозе калідора. I Ленка пазнала. Кінулася да дзвярэй:
– Мама!
Саша пачула яе, сказала з-за дзвярэй:
– Лянок, маленькая мая, адыдзі ад дзвярэй, я халодная i мокрая. Пеця! Вазьмі дзіця!
Пятро пасадзіў малую на цёплую ляжанку.
– Не хачу! К маме хачу!
– Нацалуешся яшчэ з мамай. Шчасце такое!
– Ты – бог!
Дзён колькі назад у дачкі раптам з'явілася такая дзіўная лаянка – безумоўна, ад маміных кпінаў з ягоных багоў. Пасмяяліся яны ад душы. Пятро хацеў, каб малая зразумела, што гэта жарт. Казаў:
– А мама – багіня.
Ленка ўпарта не згаджалася, злавалася:
– Не! Ты – бог! А мама – мая мама.
Саша стаяла ў парозе, асцярожна скідала з галавы мокрую цыратку, якой накрывалася ад дажджу, i смяялася з даччыной «лаянкі».
– Ну што, Апалон, згатаваў амброзію?
– Ага. О, каб ты, вялікая Гера – мудрэйшая з багінь…
– Ты – бог! – закрычала абураная Ленка. – Мама – докталка!
– …здагадалася прынесці кроплю нектару – жыццё было б лепшае, чым на Алімпе.
– У цябе ёсць шанец каўтнуць гэтага нектару. – Яна падышла бліжэй, падбіраючы пад касынку мокрыя пасмы i гледзячы ва ўпор добрымі, ласкавымі вачамі, сказала: – Пеця! Там, у сельсавеце, мосціцца на начлег Уладзімір Іванавіч… Лялькевіч. Няёмка, ведаеш, каб наш партызанскі таварыш спаў на стал ах. Ідзі запрасі…
I вось тут, упершыню з тае жнівеньскай раніцы сорак другога года, ён варухнуўся, гэты страшны, кашлаты звер – рэўнасць. Цяжка варухнуўся – драпнуў вострымі i бруднымі кіпцюрамі за самае сэрца.
Саша за адно была малайчына: пасля любой сваркі ніколі доўга не дзьмулася, як некаторыя жонкі – па два тыдні не размаўляюць… У яе злосці i крыўды хапала самае большае на паўсутак. Такая яе рыса прывучыла Пятра таксама хутка забываць усе яе крыўдныя словы. Забыўся ён ужо i на тое, што яна сказала ўначы тры дні назад. Гэтае яе: «А што ты думаеш? I шкадую!» – моцна-такі ашаламіла, але тады ён разумеў: сказала на злосць яму.
А цяпер апякла думка:
«А можа, праўда, шкадуе, што не стала жонкай Лялькевіча, калі той, паранены, паўгода жыў у ix хаце i для вяскоўцаў, для ўлады нямецкай лічыўся яе мужам?»
Саша чакала, што ён адкажа. Не зводзіла вачэй. Можа, адчувала, што выбухне яго рэўнасць. Пятру здалося, што яна нават хоча, каб ён вытыркнуў лыч, гэты звер, што варухнуўся ў ім, што ёй хочацца пацешыцца з яго душэўнага болю: няхай, маўляў, не адной мне баліць. Але ж – не! Ён не пакажа ніводнай звярынай шарсцінкі! «Чалавек заўсёды павінен быць чалавекам».
«Дык вось – атрымай. Ты не можаш дараваць мне выпадковай сувязі. А я буду вышэй за ўсё гэта».
– Чаму ж ты не запрасіла? Няўжо трэба ўзгадняць ca мною? Думала, я буду супроць? Дзівачка ты. – Ен ласкава сцёр з яе лба кроплі вады.
– Я запрашала. Аднекваецца.
Пятро засмяяўся:
– Інтэлігент! Цяжка яму засвоіць прывычкі ўпаўнаважаных, якія самі шукаюць, хто б ix накарміў i спаць паклаў.
Саша затрымала яго руку i… пацалавала ў далоню. Пятра гэта расчуліла i збянтэжыла.
– Ты – слаўны. Я люблю цябе.
– Давай тваю цыратку. Пайду.
– Не. Накінь шынель. Я збегаю да Грамыкаў, пазычу што-небудзь на вячэру. – Яна цяжка ўздыхнула.
Выходзячы з Сашай з дому, Пятро нічога ўжо не адчуваў, акрамя новага прыліву пяшчоты да жонкі ды клопатаў шчырага гаспадара, якому ў нялёгкі час трэба прыняць госця. Нечаканы Сашын пацалунак, звыклыя словы прызнання, якія яны звычайна часта казалі адно аднаму ў ложку, але рэдка вось так, яе перажыванне, што няма чым чалавека пачаставаць, – усё гэта неяк адразу ўтаймавала рэўнасць, зрабіла яе смешнай, недарэчнай. Сапраўды, сталыя людзі з сур'ёзнымі поглядамі на жыццё, на сям'ю павінны саромецца такіх пачуццяў. Найлепшая зброя на гэтага «звера» – спакой, вытрымка. Не «заводзіць» сябе, не абражаць, не раз'ярываць чалавека, якога кахаеш так, што кожны яго неасцярожны ўчынак ці слова можа выклікаць тваю рэўнасць. Навучыцца кіраваць сваімі эмоцыямі!
Пятро ішоў запрашаць госця, задаволены сабой, у добрым настроі.
Калі Саша вярнулася з марлевым клуначкам у руках, муж сядзеў каля стала з дачкой на каленях, а госць хадзіў па пакоі. Новы пратэз, гумавы, неяк жаласна папіскваў. Сашу чамусьці балюча ўразіў гэты піск, нібы яна толькі цяпер даведалася, што сакратар райкома таксама інвалід, якіх так многа i за якіх так баліць яе сэрца. Ёй здалося, што Уладзімір Іванавіч нечым усхваляваны. I яна на міг насцярожана застыла, спалоханая: ці не сказаў якога глупства Пеця?
– Калі ён яшчэ ў Булатава, паспрабуем нешта зрабіць. Праверым, што яму інкрымінуюць…
– Гэта вы пра Запечку? – здагадалася Саша, кладучы пакунак на паліцу.
Малая саскочыла з бацькавых каленяў, кінулася да маці:
– Мама! Што ты прынесла? Яйкі? Я хачу яйка.
Саша падхапіла яе на рукі, высока падняла, пасадзіла на печ.
– Цішэй, Лянок. Ты замінаеш дзядзю. – I да Лялькевіча: – Уладзімір Іванавіч, паверце мне, я лячыла яго, не мог Андрэй Запечка нічога дрэннага сказаць. Бываюць балбатуны, як… – I асеклася. – Прабачце, не буду называць ніякіх прозвішчаў. Ёсць, што п'яныя могуць ляпнуць усялякае глупства. Запечка не такі. I не піў. I ўвогуле не мог ён… Жонка яго расказвала: зямлю цалаваў, калі вярнуўся. – У Сашы заблішчалі ў вачах слёзы.
– Я веру вам, Аляксандра Фёдараўна. Але баюся, што нічога зрабіць не здолеем.
– Прабачце, Уладзімір Іванавіч, але я гэтага не магу зразумець. Я, канечне, малады камуніст, палітычна малаадукаваны. Але ўсё-такі я чытаў Леніна, праграму, статут… I разумею так: мы кіруючая партыя. Цэнтральны Камітэт кіруе ўсім, ажыццяўляе кантроль над усімі органамі, у тым ліку i над… гэтымі. A ў раёне хто павінен сачыць? Вы – райком. Для мяне вы – найвышэйшы аўтарытэт, я вас выбіраў. Ды i не толькі для мяне, камуніста, – для кожнага чалавека, партыйнага i беспартыйнага. Я, Уладзімір Іванавіч, сказаў вам пра гэта не як госцю. Не проста так. Я ўчора знарок хадзіў да вас, але нікога не застаў – ні Анісімава, ні вас. Я звяртаюся да сакратара райкома. Вы, канечне, прабачце, што я так: паклікаў у госці i пачаў вось з такога «пачастунку»…
– Ды што вы просіце прабачэння! Якія могуць быць цырымоніі паміж намі! А тым больш калі такая справа – лес чалавека!
– Вось іменна – лес чалавека! I мяне здзівілі вашы словы: «Баюся, што нічога зрабіць не здолеем». Я – настаўнік, у мяне ў школе работы па горла, вучоба… I вы, райком, патрабуеце з мяне, з партарганізацыі за ўсё: за сяўбу, за лесавывазку, за фінансы, за малако, за шэрсць… за што хочаш. Дык паслухайце ж i нас часам. А то гэты Булатаў ваш сядзіць на сходзе, як сыч, i толькі задае такія пытанні… ну, проста, паміж намі, правакацыйныя нейкія. А ён жа член бюро райкома. Не падумайце, што я скарджуся. Але мог ён спытаць у нас пра гэтага няшчаснага Запечку? A калі ўжо злавіў яго на месцы злачынства, як кажуць, дык, думаю, таксама пачалавечы можна растлумачыць. Мы ўсё-такі камуністы. I ўсе ваявалі, многія – афіцэры. He такія тайны нам давяралі!
Саша сядзела перад грубкай i раздзьмухвала агонь, мокрае галлё не хацела разгарацца, дыміла, дым адбівала ў твар, яна па-дзіцячы – рукавом – выцірала слёзы.
Лялькевіч, што быў прысеў каля акна, слухаючы Пятра, падняўся, падышоў да Сашы.
– Дайце мне, партызану. Я быў мастак распальваць кастры.
«Унікае размовы!» – незычліва падумаў Пятро, і, каб прымусіць яго адказаць па сутнасці, а можа, падсвядома не хочучы, каб ён станавіўся на калені побач з Сашай, Пятро ступіў да грубкі, імкліва апусціўся на калені, далікатна адхіліўшы жонку, i знарок двухсэнсоўна сказаў:
– Гэта i мы ўмеем.
– Нарэшце ты здагадаўся, – сказала Саша.
Дзьмуў на поўныя лёгкія, са злосцю, якая чамусьці раптам закіпела ў душы. У перадыхах чуў, як за спіною папісквае пратэз, скрыпяць маснічыны. Лялькевіч хадзіў. Яго маўклівая хада пачала раздражняць Пятра.
Гарачыя вуглі разгарэліся – i адразу весела затрашчалі тонкія хваёвыя галінкі, шуганула полымя. Пятро падкінуў буйнейшых дроў. Падняўся. I апынуўся твар у твар з госцем. Уразіў дзіўны смутак у Лялькевічавых вачах.
– У гэтым – няшчасце, – сказаў ён з болем.
– У чым? – не зразумеў Пятро.
– Што Булатаў выходзіць з-пад партыйнага кантролю.
– Вы быццам скардзіцеся мне, – іранічна хмыкнуў Пятро. – Можа, мне ўстанавіць над ім кантроль?
– Ды не, Шапятовіч, усё гэта больш складана, чым вам здаецца. Не ў адным, безумоўна, Булатаве соль.
Саша, якая на падаконніку наразала з невялічкага, у паўфунта, кавалка сала тоненькія скрылёчкі, перапыніла сваю працу, з трывогай у вачах услухалася ў словы Лялькевіча. Пятру не спадабалася i скарга сакратара i яшчэ больш гэтая Сашына трывога – за яго, безумоўна.
«Прыкідваецца сіратой, каб не браць на сябе адказнасці».
Зняважліва перасмыкнуў плячамі.
– Hi чарта не разумею.
– А, думаеш, я разумею? – з ледзь прыкметнай раздражненасцю спытаў Лялькевіч. – Думаеш, калі я сакратар райкома, дык мне адкрыты ўсе таямніцы? Мне трэба, як бачыш, на падарожных раён аб'ехаць. – I ўжо больш спакойна: – Я сам не разумею: няўжо там, – кіўнуў угору, на столь, – не бачаць гэтай небяспекі? Няўжо Сталін з яго празарлівасцю не разумее?
– Пеця! Прыбяры кнігі са стала, нарэж хлеба.
Пятро здзівіўся: у Сашы нічога яшчэ не гатова, са сталом i хлебам можна не спяшацца. Пэўна, яна не хоча, каб яны працягвалі гэтую сваю размову. Чаму? Якраз апошнія Лялькевічавы словы развеялі яго, Пятрову, недаверлівасць. Не, гэта не скарга чалавека, які баіцца ці не хоча браць на сябе лішняга клопату. Гэта – сур'ёзны i балючы роздум. Хіба мала сам ён думаў над усім гэтым? Чаму ж не верыць, што думаюць i другія, i, можа, яшчэ больш пакутліва, бо сапраўды той жа Лялькевіч ведае, безумоўна, значна больш. Пагутарыць з ім па шчырасці, з узаемнай сяброўскай даверлівасцю – хіба не цікава? Саша ўпачатку сама выяўляла гэтую цікавасць.
Але, здаецца, не толькі яна лічыць, што тэма, як кажуць, вычарпана, але i ён – Лялькевіч. Падышоў да стала, пачаў разглядаць кнігі.
У грубцы засквірчэла сала. A калі патэльня была пастаўлена на ляжанку i Саша ўбіла туды яйкі, то пайшоў такі пах, што ў Пятра закружылася галава.
«Чаго добрага, яшчэ страціш прытомнасць, як тая Таня», – з сумным гумарам падумаў ён. Але ўбачыў, як употай каўтнуў сліну госць, i павесялеў: «Ды ты, выходзіць, такі ж галодны, як i я, грэшны». I ўжо борздка, нецярпліва, стосамі пачаў звальваць кнігі ca стала на ложак.
Лялькевіч, паглядзеўшы адну-другую кніжкі, спытаў з сяброўскай інтымнаецю:
– Грызеш гісторыю?
– Раптам адкрыў, што гэта цікавая навука.
Саша, трымаючы на чапяле патэльню ў грубцы, засмяялася:
– Ён трызніць багамі! Асабліва багінямі. Штоноч сніць Афрадыту.
– Ну, выдумаеш!
– Відаць, цікавасць да гісторыі прыходзіць з гадамі. У школе, у інстытуце я не любіў гісторыі. Матэматыка ды фізіка займалі ўвесь час. А вось цяпер хочацца пачытаць i пра багоў i пра герояў. Шкада, няма калі. Усё мару: вазьму адпачынак, уцяку куды-небудзь у лес… У мяне ж столькі знаёмых леснікоў з партызанства! Захаплю чамадан кніжак i – запоем, запоем… З раніцы да вечара. Сню, як чытаю з такой асалодай. – Лялькевіч уздыхнуў, сумна ўсміхнуўся. – Звычайна яна загараецца звечара, такая фантазія. A раніцаю прачнуся – цвярозасць поўная. Разумею: нікуды я не схаваюся. Будзе адпачынак – пашлюць мяне на курорт, лячыцца… Ну, пачытаю, не больш, чым другія… I зноў – сходы, пасяджэнні…
Саша выставіла на засланы свежымі газетамі стол пузатую пляшачку, такую поўную i празрыстую, што Пятру здалося – яна пустая. Ён нават не ўтрымаўся, пераставіў яе з месца на месца – пераканаўся, што яна напоўнена пад шкляны прыцёрты корак самым чыстым «нектарам».
«Увесь акушэрскі НЗ выставіла, – падумаў з вясёлым гумарам. – Зноў акушэрка напіша ў райздраў».
У Дзень Савецкай Арміі яны з Бабковым вымалілі ў Сашы грамаў дзвесце спірту – памянуць тых, хто ішоў побач з імі i не дайшоў. Не толькі фізічныя, але i душэўныя раны – яны яшчэ свежыя ў кожнага. Уедлівая дзяўчына, у галаве якой адны хлопцы ды інтрыгі (a хлопцаў няма, i яна злуе), напісала ў райздраў, што загадчыца фельчарскага пункта выкарыстоўвае медычны спірт на асабістыя патрэбы.
Пятра ўразіў не сам паклёп, а тое, што дзяўчына, якая была на фронце, – такая дурная. Для яго фронт – універсітэт розуму.
Развёўшы спірт вадой, Лялькевіч падняў сваю шклянку:
– Дзякую вам, сябры. Адмаўляўся я ад вашага запрашэння, бо ведаю, колькі гэта клопату ў наш час – прыняць госця. Але шчыра скажу: радасна мне пасядзець у вашай сям'і. Колькі разоў думаў: заеду сам i скажу: «Давайце пасядзім вось так…» Дык не – то фальшывая няёмкасць перашкаджала, то справы неадкладныя… Але без прамоў. Дазволь мне, Пятро, выпіць за Сашу. Дзякую вам, Аляксандра Фёдараўна, за ваша… залатое – не, шаблонна гэта – «залатое», «вялікае»… Адным словам – за ваша добрае сэрца, Саша!
Саша, расчырванелая яшчэ каля грубкі, трохі збянтэжаная тостам, з дачкой на каленях, з маленькай чарачкай у руцэ, была ў гэты міг незвычайна прыгожая. Пятро хацеў i не мог адвесці ад жонкі вачэй.
Чокнуліся. Выпілі. Захрумсталі гуркамі.
– Бярыце яечню, Уладзімір Іванавіч. Што вы адны гуркі? Дайце, я вам палажу.
– Дзякую, дзякую. Не трэба больш. Няхай малой. Дык, значыцца, ты не помніш мяне, Ленка?
– Эк, – шчыра пакруціла галавой дзяўчынка.
– А я ў цябе за няньку быў, i мы добра-такі з табой дружылі. Ты, я ды яшчэ кошка Каця. Помніш кошку?
– У цёткі Полі?
– У цёткі Полі. Але, як Данік?
– Вучыцца ў тэхнікуме.
– Гэта я ведаю. Бывае?
– Рэдка.
– Прыедзе – папрасіце: няхай загляне. Мой галоўны сувязны. Забыўся на свайго камандзіра. – Лялькевіч уздыхнуў.– Хоць яно натуральна: новае жыццё – новыя сувязі, сімпатыі. Усё новае.
– Як вам жывецца, Уладзімір Іванавіч? – нечакана, не па логіцы гутаркі, але з незвычайнай цеплынёй, як у вельмі блізкага чалавека, як маці ў сына, спытала Саша. – Худы вы. З вашым здароўем нельга так запускаць сябе. Гэта ж у які час мы вас крыху паправілі.
– О, Аляксандра Фёдараўна, вы з Поляй гэта ўмелі!
– Што яна так, ваша Ліда?
Лялькевіч зачырванеўся, здавалася, нават спалохаўся.
– Ды не, нічога. Не думайце. Мы жывём дружна. – Ён казаў гэта так, быццам абавязаны быў даць Сашы справаздачу пра сваё сямейнае жыццё, што таксама крыху непрыемна кранула Пятра. – Ліда – разумны чалавек. Толькі працуе як апантаная. Трыццаць дзве гадзіны ў тыдзень, i штодня – сотня сшыткаў. Я кожны раз з жахам гляджу на гару гэтых замурзаных сшыткаў.
– Дзіця будзе?
– Чакаем.
Саша прыветліва ўсміхнулася, як бы задаволеная, што ўвогуле жыццё ў яго пакуль што ідзе па-чалавечы.
– Навошта вам гэта pa6ofa? Жонка – настаўніца, вы – настаўнік. Стал i б дырэктарам школы. Усё-такі спакайней. З вашай нагой, з вашым здароўем…
Сцерлася з Лялькевічавага твару збянтэжанасць ад нечаканых Сашыных пытанняў, зніклі расчуленасць, размякчанасць ад выпітага спірту i ад вячэры. Уміг ён зрабіўся такі, як тады, калі гаварылі пра Запечку, – аскетычна сур'ёзны, заклапочаны, здавалася, да душэўнага болю. Задумаўся на момант, ледзь прыкметна ўсміхнуўся.
– Дзіўна, што ў жонак аднолькавая логіка. Ліда ледзь не штодня кажа мне пра гэта… I я ўжо адзін час пачаў быў прыкідваць: якую школу папрасіць? Але потым разважыў: не, нельга мне пакідаць партыйных органаў. Не падумайце, што я да ўлады рвуся ці такой ужо высокай думкі пра свае кіраўніцкія здольнасці. Не. Наадварот. Кіраўнік я, па нашым часе, пасрэдны – мяккі, ліберальны… Але вось іменна праз тое, што мнагавата чэрствасці, камандавання, такі чалавек, як я, патрэбны ў райкоме. Я хачу, каб вы правільна зразумелі. Неяк так склалася, што многія работнікі, увогуле i людзі нядрэнныя, працуюць… ну, як бы гэта сказаць?.. для справы, для дакладаў, а не для людзей. Усё гэта нават цяжка растлумачыць… Тут трэба самому паварыцца ў гэтым катле, каб зразумець… Мы з Анісімавым часта сутыкаемся на гэтай аснове. Ён крычыць, што я плесневы ліберал, народнік, гнілы інтэлігент, што мяне даўно трэба гнаць у шыю з райкома. Любы другі на маім месцы даўно плюнуў бы. Я цярплю яго, у Анісімава ёсць адна добрая якасць: ён хутка адыходзіць i, разважыўшы, даволі часта згаджаецца… Крычыць, пагражае выгнаць, а як хацелі мяне перавесці ў другі раён – увесь абком на ногі падняў, а не аддаў. I сам я прасіўся, каб пакінулі. Тут амбіцыю i гонар трэба гнаць к чорту. – Уладзімір Іванавіч усміхнуўся. – Я што Фурманаў пры Чапаеве. Але часам мне здаецца, што Фурманаву было лягчэй. Чапаеў – дзіця рэвалюцыі… А мой Анісімаў – гэта, як кажуць, спелы прадукт пэўнага стылю работы. А стыль гэты… Ну, як вам сказаць? Усе мы павінны працаваць па-сталінску, я разумею… Не ва ўсіх выходзіць, вядома. Я не пра тое… Зразумейце мяне… я пра тое, як Ленін ставіўся да людзей… Чытаю, як Ленін рабіў, i… балюча мне, што Анісімаў, Булатаў, Ляшчук ды i сам я… не ўмеем мы вось так, як ён… Ілыч. Не ўмеем… А трэба нам вучыцца, Пятро. Ой як трэба!
Гаварыў Лялькевіч ціха, павольна; калі не глядзець на яго, то магло б здацца – нехаця. Але на твары адбіваліся тая ўнутраная напружанасць i хваляванне, якія прымушаюць слухаць чалавека з асаблівай увагай. Так слухалі яго Пятро i Саша. Нават маленькая Ленка сцішылася i глядзела на дзядзьку як заварожаная.
Даверлівасць i шчырасць, з якімі сакратар райкома выказваў думкі, якія не кожнаму можна сказаць, радавалі Пятра. Але ў той жа час чамусьці рабілася крыху балюча i непрыемна, як некалі ад выказвання Панаса Грамыкі. Нягледзячы на ўсе нястачы, бюракратызм, грубасць, Пятру хацелася пасля такой вайны i такой перамогі бачыць толькі добрае, прыгожае, высокае i чыстае. Часам яму здавалася: каб людзі знарок не вышуквалі благое, не выцягвалі яго на свет божы, то навокал было б больш светлага i ўсім лягчэй жылося б. Ці не таму ён так захапіўся старажытнасцю i міфамі? Прыгожае – у казнах. Ведаў, што гэта талстоўская філасофія: не праціўся злу – будзе дабро. Часта смяяўся сам са сваіх ружовых акуляраў, бо жыццё штодня разбівала ix i прымушала весці змаганне супроць зла. I ён любіў гэтую барацьбу, свой удзел у ёй.
Адчуўшы ў Лялькевічу такога ж летуценніка i барацьбіта, Пятро захацеў, каб яны па-сапраўднаму пасябравалі, бо нішто так не збліжае людзей, як еднасць думак, поглядаў, імкненняў. Ён адказаў Лялькевічу такой жа шчырасцю – расказаў шмат з таго, што хвалявала яго асабіста i людзей, з якімі ён штодня сустракаецца ў школе, у калгасах. Ад споведзі такой зрабілася хораша на душы. I рэшту вечара Пятро прыгадваў розныя вясёлыя армейскія выпадкі, здзіўляючы Сашу сваёй дасціпнасцю.