355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Трывожнае шчасце » Текст книги (страница 10)
Трывожнае шчасце
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 02:20

Текст книги "Трывожнае шчасце"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 10 (всего у книги 43 страниц)

– Ты… Ты… выпусціла? Шпіёнка! Бальшавіцкая… – Ён брыдка вылаяўся.

Гэта абразіла Сашу, i яна, размахнуўшыся, дала яму аплявуху. Ён адскочыў i, ажно пасінеўшы ўвесь, выхапіў з кабуры пісталет.

– А-а, ты так… Дык я цябе!..

– Страляй… Страляй, сволач! – Саша падставіла свае тугія грудзі i зрабіла крок да яго. – Страляй, юда! Здраднік!.. Вырадак! Страляй!

Ён, напэўна, стрэліў бы, каб яна спалохалася ці кінулася ўцякаць. Але ад такога нечаканага нападу яе ён, паліцай, які яшчэ не прывык да забойстваў, разгубіўся. Невядома, чым гэта ўсё скончылася б, каб не з'явіўся Колька Трапаш. Ён знянацку падскочыў да Кузьмы i выхапіў пісталет.

– Ты што робіш? Вар'ят! Яна – сястра твая.

– Сястра?! – не закрычаў, а, здавалася, загаласіў Кузьма. – А ты ведаеш, што зрабіла гэтая сястра? Яна выпусціла яго… Ды я не пагляджу, што яна сястра!.. Я сваю галаву не буду падстаўляць! – Голас яго паступова рабіўся натуральным, i ён пачаў злосна лаяцца.

– Каго выпусціла? Яго? – Колька Трапаш глянуў у пусты калодзеж, здзіўлена залыпаў вачамі, потым перавёў позірк на Сашу, убачыў лейцы i… зарагатаў.

– Ай ды Саша! Малайчына!

– Ты што? – ірвануўся да яго Кузьма. – Ты падумай, што будзе.

– Чакай, не крычы! Слуп дубовы. Начальнік ліпавы. Ты ведаеш, што я табе скажу… Калі ніхто не бачыў, нам лепей замяць гэтую справу.

– Не, не… Няхай не думае… Я ёй… Я не пагляджу, што сястра!.. Напляваць мне!..

– Дурань! Што ты зробіш? Пасадзіш Сашу – табе жыцця не будзе ад сваіх. Родная маці цябе пракляне. A ўвесь гарнізон рагатаць будзе: партызана з-пад носа дзеўка ўкрала… Начальнік!.. Ідзі, Саша! I нікому ні слова пра тое, што тут здарылася, – упэўнена загадаў Колька Трапаш.

Кузьма хацеў быў пярэчыць – Колька абняў яго за плечы i пацягнуў у школу.

– Ты слухай мяне… Я цябе не падвяду. Варона!

Саша, не ўсё як мае быць зразумеўшы, не спяшаючыся скруціла лейцы i пайшла да калодзежа, дзе стаялі яе поўныя вёдры. Толькі тады, калі прынесла цяжкія вёдры ў хату, яна адчула страшэнную слабасць у нагах; знясілена апусцілася на ўслон i, відаць, моцна пабялела. Поля кінулася да яе:

– Што з табой, Саша?

– Я партызана выпусціла.

– Karo?

– Партызана… што Кузьма злавіў i трымаў у калодзежы.

– Як? – падскочыў да яе Данік, якога яна нават не прыкмеціла, калі зайшла ў хату, бо як ішла па ваду, дык яго не было. У душы варухнулася старая крыўда на брата за яго дружбу з Кузьмой.

– Проста. Падала лейцы – i шукай, Кузьма, ветру ў полі.

Данік раптам абняў яе за плечы i ласкава прашаптаў:

– Саша!

Яна перасмыкнула плячамі.

– Не чапай! Твой прыяцель хацеў застрэліць мяне. Колька Трапаш перашкодзіў…

– Божа мой! Што ты нарабіла? – пляснула далонямі Поля, да якой не адразу дайшло, што здарылася. – Што ты нарабіла?! Ты захацела загубіць сябе, дзіця, нас? Ты не ведаеш гэтага гада, Кузьму. Не ведаеш, што ён можа зрабіць… Ён дакажа немцам… Я пабягу… Я зараз жа пабягу да цёткі Хадоскі, да Юлькі… папрашу…

– Не трэба, – зморшчылася, як ад нечага брыдкага, Саша.

– Ты маўчы! Ты даўно страціла галаву i сама не ведаеш, што робіш.

– Не трэба, Поля, – рашуча запярэчыў Данік. – Навошта ўмешваць лішніх людзей? Я сам усё ўладжу. – I, павярнуўшыся да Сашы, сказаў ціха i ласкава – Ты не бойся, Саша.

– А я нікога не баюся! Адчапіцеся вы ад мяне! – Яна падышла да калыскі, схілілася над дачкой, i буйныя гарачыя слёзы закапалі на тварык дзіцяці.

Данік пастаяў, з любоўю паглядзеў на сястру i нячутна выйшаў з хаты. Следам за ім, накінуўшы хустку, пайшла Поля.

«Выдасць ён мяне ці не выдасць?» Саша ўспамінала ўсё, што ведала пра Кузьму, прыгадвала ўсе сустрэчы з ім, з самага маленства, усе выпадкі, калі ён праяўляў высакароднасць ці, наадварот, нізасць. Думала пра яго блізкіх – маці, скупую, але шчырую i справядлівую цётку Хадоску, сясцёр, братоў, жонку i больш за ўсё пра дзіця – двухгадовага хлопчыка…

Яна ляжала на печы з шырока расплюшчанымі вачамі i ў цемры бачыла твары гэтых людзей, ад якіх цяпер нейкім чынам залежаў яе лес, жыццё, лёс яе дачкі. А цемра ў хаце – хоць вока выкалі, нават вокны слаба відаць: на дварэ глухая дажджлівая асенняя ноч. Дождж хліпае, i здаецца, што на вуліцы хтосьці ходзіць, плача, шэпчацца. Саша ўздрыгвае, прыслухоўваецца… Не, яна нічога не баіцца, ніякай кары. Аднаго баіцца – каб не вярнулася тое агіднае, пакутлівае, абразлівае пачуццё страху, якое яна перажыла пасля здарэння ў лесе. Як хораша было б, каб у душы назаўсёды астаўся той урачысты гімн, светлы, узнёслы, што загучаў, калі партызан схаваўся ў прырэчных кустах. Але яна пачынае слухаць роўнае, спакойнае дыханне дачкі, якая ляжыць побач, i музыка гэта пачынае сціхаць, бо зноў з'яўляецца страх – за яе, за гэтае маленькае нявіннае стварэнне.

Поля таксама не спіць. Яна ўздыхае на ложку i нешта шэпча, магчыма, моліцца. Раней Саша, безумоўна, пасмяялася б, каб пачула, што сястра моліцца. Цяпер не смешна: няхай моліцца, можа, ад гэтага робіцца лягчэй.

Поля вярнулася ад цёткі быццам заспакоеная, але вельмі ўжо нейкая панурая i маўклівая. Саша сказала, што, можа, ёй лепей пайсці начаваць да каго-небудзь з суседзяў ці сваякоў.

– Навошта? – здзівіласяПоляі, памаўчаўшы, дадала: – Ад лесу свайго не схаваешся. Дасць Бог, усё абыдзецца.

Саша зразумела, што гэта – словы цёткі Хадоскі.

– Божа мой! – прашаптала Поля. – Тэты хлопец загоніць мяне ў магілу. Дзе можна бадзяцца ў такі час i пад такім дажджом?

Саша здагадалася, што не Даніла непакоіць сястру – брат не ўпершыню бавіцца недзе так позна, – што ёй хочацца пагутарыць. Але Сашы не хацелася парушаць сваіх думак, i яна прыкінулася, што спіць.

Нарэшце Даніла вярнуўся.

Саша здзівілася, што Поля, адчыніўшы, ніводным словам не папракнула яго.

Хлопец моўчкі распрануўся i… палез на печ. Саша хацела прагнаць яго, ёй было агідна ад думкі, што брат, магчыма, зноў быў у паліцаяў. Але, мацаючы ў цемры, куды лезці, ён дакрануўся да Сашынай рукі, i яна ажно ўздрыгнула: рука яго дрыжала i была халодная як лёд. Таму яна толькі папярэдзіла:

– Каля сцяны – дзіця.

Ён лёг з другога боку, каля коміна, i Саша адчула, што не толькі рукі яго дрыжаць, але i сам ён увесь калоціцца, як у ліхаманцы, ляскае зубамі.

«Дзе гэта ён перамёрз так? Не вельмі ж яшчэ холадна», – ужо з цікаўнасцю падумала яна.

Ён падсунуўся да яе і, заікаючыся, зашаптаў у вуха:

– Т-т-ты… баішся?

«Адчапіся ты ад мяне, нікога я не баюся», – хацелася адказаць Сашы, але нешта стрымала яе ад гэтага грубага адказу.

– Не б-бойся… Ён н-не данясе…

«Гэта ён табе паабяцаў?.. Ты выпрасіў літасць гэтую? А мне не трэба яго літасці!» – зноў наважылася адказаць Саша, але не паспела: Данік горача шаптаў:

– Цяп-пер ён н-нікому н-не скажа… Яго н-няма…

– Няма? – здзівілася Саша.

– Ён п-п-памёр.

– Памёр?

Данік заціснуў халоднай далоняй ёй рот.

– Цішэй… Ён ехаў у воласць… На веласіпедзе. А масток, ведаеш, які каля лесніка… Без парэнчаў, без нічога… І-і ц-цямнела ўжо… I ён – у рэчку… Можа, у яго шынель у ланцуг закруціўся, што ён не мог вылезці i… зах-х-лынуўся. Можа, п'яны быў…

Саша ўсё зразумела. Дзіўныя пачуцці ахапілі яе: страх, што Данік, хлапчук, дзіця яшчэ, забіў чалавека, i не чужога, не немца, а стрыечнага брата, i ў той жа час бязмерная ўдзячнасць яму, бо зрабіў ён гэта, каб уратаваць яе, Ленку, каб пакараць здрадніка. I яшчэ сорам за тое, што пагана думала аб ім… Аён вось які… I ўсё шэпча, нібы хоча апраўдацца, астудзіць жар душы:

– Яму не трэба было ехаць у воласць. Навошта ён ехаў? Так паспешліва. Проці ночы. Помніш, цётка Хадоска расказвала: цыганка ў ix некалі варажыла i сказала Кузьму, што яго смерць будзе ад вады… Каб ён асцерагаўся… Вось бачыш… Ад вады…

Саша сціснула яго рукі i, дрыжучы сама амаль гэтак жа, як ён, прашаптала:

– Не трэба, Данік, родны. Не трэба… Я ўсё разумею… Супакойся.

Яны доўга маўчалі, цяжка дыхаючы адно аднаму ў твар. У цемры i цішыні было чуваць, як Данік дробна ляскае зубаMi, Саша абняла яго, каб сагрэць.

– Ты лазіў у рэчку? – прашаптала яна.

– Не… Я не лазіў…– адказаў ён так, што стала ясна: нехта ўсё ж лазіў.

– А хто? – хутка спытала Саша.

– Ты не павінна пра гэта пытацца! – сказаў ён сурова, патрабавальна, перастаўшы нават дрыжаць i заікацца.

– Я разумею. Даруй мне, Данік. За ўсё… што я ўдарыла цябе, што думала так…

– Нічога… Я не крыўдзіўся. Я радаваўся, што ты такая. Але мне цяжка было.

– I мне цяжка…

– Ты думала, я спалохаўся, калі аддаў Кузьму вінтоўку без затвора. A ў нас ix, можа, дваццаць схавана, i кулямёт, i гранаты… Новенькія… Трэба было заткнуць яму горла ламаччам, каб не думаў нічога, не дакопваўся. I хадзіў я да ix таму… А заадно вучыўся, як зброяй карыстацца… У нас ніхто добра не ўмеў.

«У нас… Значыцца, ix некалькі чалавек… Відаць, усе такія, як ён, Данік. Але якія смелыя i разумныя! Хто ж там яшчэ?» Саша прыгадала ўсіх Данілавых сяброў, i ўсе яны зусім не былі падобныя на герояў, ва ўсіх ix яшчэ дзіцячы вецер у галаве.

Аднак нехта ж ёсць… Яны змагаюцца. Яны пакаралі здрадніка Кузьму, які хацеў забіць партызана, выдаць немцам яе, Сашу.

– Мы самі рыхтаваліся вызваліць партызана. Ночы чакалі. Ты нам крыху напсавала. Нам гэты чалавек вельмі спатрэбіўся б…

Саша слухала, што казаў Данік, як цудоўную казку, ад якой робіцца святлей на душы i з'яўляецца моцнае жаданне самой стаць такой, як героі гэтай казкі…

Яна раптам ціха папрасіла, здзівіўшы брата:

– Данік… Вазьміце мяне ў сваю групу. Я вам таксама спатрэблюся… Я – фельчар.

Ён доўга думаў. Яна чакала, стаіўшы дыханне. Нарэшце ён паабяцаў: – Добра. Я параюся з хлопцамі.

Саша прыгарнула яго да сябе i прыціснулася губамі да яго ўжо гарачай шчакі.

V

I вось яна першы раз ідзе на збор падпольнай групы.

Позні вечар. У вёсцы дзе-нідзе мільгаюць агеньчыкі: гараць у хатах каганцы ці тлее на прыпечку лучына – такое святло прынесла «цывілізаваная Еўропа». Гэтыя агеньчыкі – адзіныя арыенціры, бо без ix легка можна было б заблудзіцца ў такой цемры.

Саша крадзецца на пальчыках, стараючыся ступаць як мага цішэй. Але зямлю скаваў мароз, i боты грукаюць на ўсё наваколле. Яна спыняецца, слухае. Сэрца стукае так, што робіцца горача ў грудзях i балюча ў скронях, у вушах. Магчыма, праз гэта шум бору далятае хвалямі, як у дзіцячай гульні, калі вушы заціскаеш далонямі: шум – цішыня, шум – цішыня. I чым больш яна стаіць, узіраецца i слухае, тым робіцца горш: пачынае здавацца, што наперадзе хістаюцца постаці, а ззаду чуюцца крокі i шэпт. Можа, за ёй сочаць, ідуць? Не, гэта толькі здаецца… Няўжо ёй так страшна? Яна не харобрыцца залішне. Так, страшна. Няма чаго таіцца. Вельмі. Але не за сябе, апраўдвае яна свой страх. За Даніка, за яго сяброў, якія паверылі ёй i цяпер чакаюць недзе там, за вёскай, каля старога млына. Данік доўга, нешта з месяц, раіўся з хлопцамі. Мабыць, ім нялёгка было вырашыць такое пытанне. Не адразу яны прыйшлі да згоды – Саша разумела гэта i не крыўдавала. Яна старэйшая за ix, у яе дзіця…

Успомніла Ленку – i думкі пайшлі ў іншым кірунку. Навошта яна ідзе туды? Што яна будзе рабіць? Невядома, хто там, у ix групе. Даніла i дагэтуль не сказаў. Калі там усе такія, як ён, то якая гэта арганізацыя? Што могуць зрабіць гэтыя дзеці? Забілі Кузьму? Гэта смелы ўчынак, безумоўна. Ён прымусіў задумацца многіх, хто служыў ці мае намер пайсці на службу да акупантаў. Але ці заклікаў ён каго да барацьбы? Яны ратавалі яе, Сашу. Але маглі вельмі проста загінуць самі. Яна ўспомніла, як пасля пахавання Кузьмы да ix у хату прыйшла цётка Хадоска. Высокая i ссутуленая заўсёды, яна за той дзень зусім згорбілася, а яе маршчыністы, загрубелы ад вятроў, спякоты i маразоў твар як бы абвугліўся. Саша ўбачыла яе i жахнулася. Цётка абапіралася на тоўсты бярозавы кій (дагэтуль ніхто яе з кіем не бачыў), i рукі яе калаціліся. Яна не села, хоць Поля i запрасіла яе. Яна стала каля парогa i ўтаропіла на Сашу свае чырвоныя ад слёз, але сухія вочы, у якіх адбівалася нечалавечая пакута.

– Ну, Сашачка, пахавалі мы твайго брата, – сказала яна ціха i журботна. – А ты не прыйшла…

Сашы здалося, што кашчавая, чорная, з парэпанымі пальцамі рука, якая сціскала кій i з якой яна, Саша, не зводзіла позірку, раптам нябачна сціснула яе горла. Саша задыхнулася. Яна любіла цётку, i ёй было вельмі шкада яе. Але пасля яе слоў перажыла амаль такі ж прыступ страху, як пасля здарэння ў лесе. Калі яна ратавала партызана, то не думала пра небяспеку, усё выйшла неяк само сабой, па закліку сэрца. А тут яна адразу падумала пра Ленку i невядома чаму схапіла яе, сонную, з калыскі.

«Ваш сын пайшоў супраць сваіх людзей, i людзі пакаралі яго», – хацелася сказаць, каб прымусіць цётку змоўкнуць i не глядзець так страшна. Але Саша разумела, што словы такія яшчэ больш раняць матчына сэрца, і, шкадуючы старую, хавалася ад яе вачэй, як умела.

– Вось i ў цябе дачка расце, – паківала галавой старая, – i ніхто не ведае, што яе чакае!

Саша, уздрыгнуўшы, адвярнулася, каб загарадзіць ад Хадоскі дачку.

«Калi яна зачэпіць Ленку яшчэ, я скажу ёй… Няхай яна не лье слёз па сыну-здрадніку. Трэба было раней думаць i ўгаворваць Кузьму, каб кінуў паліцыю… Я ўсё скажу…» – вырашыла Саша.

Але цётка Хадоска больш не зачапіла малую. Пастаяўшы яшчэ крыху i адмахнуўшыся ад Полі, якая ca слязамі гаварыла нейкія недарэчныя словы ўцехі i запрашала сесці, яна сказала да Сашы сурова:

– Маўчыш? У вочы не глядзіш? На абаронцаў сваіх спадзяешся? Што ж… абарона ў цябе моцная, – i выйшла.

Саша i дагэтуль не разумев, чаму ўсё абышлося ціха. У вёсцы ніхто не сказаў ніводнага слова пра тое, што яна выратавала партызана. Напэўна, ніхто i не ведае. Значыцца, маўчаць i Колька Трапаш i цётка Хадоска. Але ці заўсёды яны будуць маўчаць?..

Дык ці мае яна права рызыкаваць зноў? Якая з яе падпольшчыца, партызанка! Не! Спыніцца яна не можа! Яе чакаюць там, каб даверыць вялікую тайну. Яна не можа вярнуцца, бо адчувае, што пасля гэтага ўзненавідзіць сябе i яе існаванне, без таго змрочнае, стане чарней, чым гэтая ноч. Там недзе змагаюцца, сцякаюць крывёй, гінуць тысячы людзей, каб выгнаць ворага, каб вярнуць тое шчасце, якое мела i яна, Саша. Там недзе Пятро. Яна верыць, што ён вернецца i з ім вернецца ўсё. Таму яна не можа, не мае права сядзець склаўшы рукі.

У алешніку над ракой нешта хруснула. Саша замірае на месцы. Што там – чалавек ці звер? Цішыня. Шуміць бор, журчыць рэчка, змагаючыся з ільдом, што наступав ад берагоў. Мароз мацнее. Але інею няма. Зямля чорная. На небе з'явілася прасветліна i выглянула адзіная зорачка. Ад гэтай маленькай, страшэнна далёкай зорачкі неяк адразу пасвятлела навокал. Каб не палохацца грукату ўласных ботаў, Саша нахіляецца, скідае i бяжыць далей па мёрзлай, калючай зямлі ў адных працёртых панчохах.

Каля млына яе сустрэў брат. Ён вынырнуў нечакана, як з-пад зямлі.

– Ты, Саша?

Падышоў, убачыў у яе руках боты, здзівіўся:

– Босая? Вось дурная. Абувайся хутчэй, ногі памарозіш.

Саша меркавала, што хлопцы збіраюцца ў старым млыне. Але Данік перавёў яе па разбуранай плаціне, па слізкіх, абмёрзлых кладках на другі бок рэчкі. Саша здзівілася, што ідзе ён даволі смела, не баючыся грукаць ботамі. Яны падышл! да самага лесу, i толькі тады Саша здагадалася, дзе яны збіраюцца.

Гады тры назад кал гас пачаў разводзіць трусоў. Тут была ферма: абгароджаны драцяной сеткай участак i невялікая будыніна – кухня, дзе варылі корм. Сетку i клеткі разам з трусамі парасцягалі, але будыніны пакуль што ніхто не чапаў: яна стаяла на былым, дакалгасным, надзеле, гаспадар якога цяпер служыў за старасту. Зямля тут была, магчыма, самая кепская, адзін пясок, але многія з вяскоўцаў заяўлялі, што з ix даволі той зямлі, якой яны карысталіся да калгаса, на што большае яны не прэтэндуюць. Людзі не верылі ў трываласць «новагапарадку».

Hi печы, ні катлоў у былой кухні ўжо не было, вокны забіты шалёўкай. Гэта, напэўна, зрабіў стараста. Але шчыліны паміж шалёўчынамі старанна пазатыкаў нехта, безумоўна, другі. Куча саломы ляжала ў адным куце, у другім – гарэла самаробная васковая свечка.

Саша абвяла позіркам хату i ўбачыла толькі аднаго чалавека.

Пачуццё расчаравання, нават крыўды спыніла яе каля парогa. Каля свечкі ляжаў жыватом на падлозе суседскі сын, Данікаў равеснік, яны разам кончылі сёмы клас, – Цішка Матыль. Але калі Данік выглядаў як сталы хлопец, то Ціхан гэты здаваўся яшчэ зусім дзіцянём: нізкарослы, рудзенькі, з прышчаватым тварам, ціхі i сарамлівы – нейкі зусім непрыкметны. Праўда, Цішка быў лепшы вучань, выдатнік. Але Саша не помніла, каб Данік асабліва сябраваў з ім.

Ён глянуў на Сашу i сарамліва апусціў вочы.

«Дык гэта ўся ix арганізацыя? Дзеці», – падумала яна.

Але раптам з-за кучы саломы пачуўся голас невядомага; голас належаў больш сталаму чалавеку.

– Сядайце! – уладна загадаў ён.

Саша паслухмяна апусцілася на калені побач з Ціханам.

– Ці ведаеце вы, куды ўступаеце? – спытаў голас.

– Ведаю, – адказала Саша; гэтая таямнічасць не спадабалася ёй. «Як у секце якой». Голас невядомага здаваўся крыху знаёмым, але ўспомніць, хто гэта, яна не магла.

– Падумайце, ці адчуваеце вы ў сабе сілы мужна сустрэць любую небяспеку на тым шляху, на які ўступаеце?

– Каб не адчувала, то не прыйшла б сюды. Мяне ніхто не цягнуў.– У голасе яе пачулася крыўда, i чалавек за саломай збянтэжана кашлянуў i памаўчаў больш, чым трэба.

– Дайце руку вашым сябрам i паўтарайце за мной словы прысягі.

Даніла i Ціхан працягнулі свае рукі i сціснулі моцна яе маленькую, але загрубелую ўжо ад цяжкай працы руку.

– Я, грамадзянін Савецкага Саюза…

– Я, грамадзянка Савецкага Саюза… – удакладніла Саша.

Невядомы зноў кашлянуў.

– Член Ленінскага камсамола…

– Член Ленінскага камсамола…

– Уступаючы ў падпольную арганізацыю для барацьбы з фашысцкімі акупантамі i ix паслугачамі, клянуся…

I раптам ад Сашы адышло, знікла ўсё знешняе: таямнічасць, якая не спадабалася, рукі хлопцаў, што сціскаюць яе руку, голас невядомага. Словы прысягі ўліваліся ў яе магічнай сілай. Ад гэтага пачынала хутчэй струменіць кроў, часцей білася сэрца, глыбокім i перарывістым стала дыхание. Голас яе мацнеў з кожным словам i дзе-нідзе зрываўся i дрыжаў.

– За смерць нашых матак i дзяцей, за ix кроў i слёзы… – Словы гэтыя салёна-горкім камяком сціснулі горла; Саша на момант змоўкла.

Хлопцы адчулі, як дрыжыць яе рука. Але раптам голас яе як бы прарваўся праз нейкую цяжкую перашкоду i зазвінеў з новай сілай:

– …я клянуся помсціць праклятым фашыстам бязлітасна, усімі сродкамі падпольнай барацьбы…

Яна сказала гэта гучней, чым трэба, i чалавек за саломай панізіў голас. Але Саша не звярнула ўвагі на гэтую акалічнасць, бо падказчыка больш не існавала для яе. Ёй здавалася, што гарачыя i суровыя словы ідуць з глыбіні яе ўлаенага сэрца. На Даніка i Цішку яна таксама забылася. Яна глядзела ў цёмны кут, а бачыла вялікія прасторы роднай зямлі, натоўпы людзей, калоны чырвонаармейцаў… Усяму народу давала яна клятву!

– Калі ж я парушу гэтую клятву – здраджу, збаюся, выдам тайну арганізацыі, няхай рука маіх сяброў бязлітасна пакарае мяне…

Саша была яшчэ там, у невядомай далечы, дзе ішла барацьба, калі над самым вухам пачула ціхія звычайныя словы:

– Добры вечар, Саша.

Яна страпянулася. З цемры схіліўся да яе знаёмы твар. Толя Кустар прыветліва ўсміхаўся i працягваў руку. Саша нават не адразу зразу мела, адкуль ён з'явіўся. З Толем яна разам вучылася ў сямігодцы. Але гэта быў «чужак», ён жыў на пасёлку Кустары, які належаў да іншага сельсавета. Пасёлак быў кіламетры за тры ад ix вёскі, за лесам, а таму сустракаліся яны толькі ў школе, i нельга сказаць, каб былі сябрамі.

Саша пасля ніколі не цікавілася лесам Толі i іншых аднакласнікаў з пасёлка. Чула неяк краем вуха, што Толя скончыў ФЗУ i працуе недзе ў Мінску электраманцёрам.

Зразумеўшы, што гэта ён падказваў ёй словы прысягі, Саша ўзрадавалася: ёсць, значыцца, у арганізацыі больш сталыя людзі! Толя – яе аднагодак, самастойны чалавек, рабочы!

Толя моцна сціснуў яе руку i сказаў:

– Вось як мы сустрэліся з табой!

Hi ён, ні брат, ні Цішка не сказалі ёй больш ні слова пра тое, куды яна ўступіла, што павінна рабіць, як паводзіць сябе. Яна зразумела: усё сказана ў словах клятвы. Яна свяшчэнная, гэтая клятва, i нельга разбаўляць яе звычайнымі словамі. Ды i ўвогуле лішняга тут ніхто не гаварыў.

Толя Кустар падсунуў бліжэй свечку, зняў пальцамі, як абцугамі, нагар i ціха сказаў:

– Пачнём, таварышы.

Данік падсунуўся бліжэй да яго, абхапіў рукамі калені i схіліў галаву, нарыхтаваўшыся слухаць. Цішка не варухнуўся, ён, як i раней, ляжаў на жываце, падпёршы рукамі галаву; далоні закрывалі шчокі, а рудаватыя валасы – лоб, i Саша бачыла адны яго вочы, вялікія, зацянёныя вейкамі, стомленыя, як у дзіцяці, якому хочацца спаць, i сумныя. У Толі, наадварот, вочы былі ясныя, вясёлыя, полымя свечкі, што гарэла каля яго ног, адбівалася ў зрэнках дзіўным, як бы жывым святлом.

– Перш за ўсё – пра галоўнае ў нашай дзейнасці…– пачаў Толя крыху афіцыйна i ўрачыста, але тут жа акінуў усіх задаволеным позіркам і, панізіўшы голас, проста паведаміў: – Радасная навіна, хлопцы: Стары ўстанавіў сувязь з партызанамі.

– Hy-y? – падхапіўся Цішка, сеў, i вочы яго заблішчалі.– Як? Дзе?

А Саша падумала: «Значыцца, ёсць яшчэ нехта больш сталы, каго яны называюць Старым. Хто ж гэта?»

– Не мае значэння, Ціхан, як i дзе… Галоўнае, што сувязь ёсць… Будзе! Мы павінны паслаць у атрад свайго чалавека i дамовіцца аб пастаяннай сувязі. Стары скажа, куды ісці…

– Я! – выгукнуў Цішка. – Мяне…

– Чакай! – спыніў яго Толя. – Я думаю, што лепш пайсці Данілу. Нам з табой ёсць іншае задание. Першае задание ад партызанскага камандавання… Яно вынесла прысуд чалавеку, які выдаў фашыстам раненых партызан. Нам даручылі выканаць гэты прысуд…

Саша зразумела, што трэба некага забіць, пакараць смерцю, i жахнулася: раптам калі-небудзь такое задание дадуць ёй, а яна… яна не здолее забіць чалавека!

– Хто? – спытаў Цішка, вочы яго зноў патухлі, i ён зморшчыўся, як ад нечага вельмі брыдкага.

– Ляснічы.

– Наш? У яго чацвёра дзяцей! – вырвалася ў Сашы.

Ляснічы быў чужы i незнаемы ёй чалавек. Але тыдні два назад яна з ім пазнаёмілася. Ён прыехаў увечары i вельмі прасіў, каб яна прыняла роды ў яго жонкі. Саша не хацела, нават баялася ехаць у лес. Але ў чалавека быў надта разгублены выгляд, ды i Поля, звычайна баязлівая, шапнула, што варта паехаць: ляснічы заўсёды спатрэбіцца.

Спакутаваная родамі жанчына, ціхая i ласкавая пасля таго, калі ўсё шчасліва скончылася, прасіла павесялелага ад чаркі самагонкі мужа: «Ляксей, ты ж добра аддзякуй дохтарцы… Не скупіся». Ён на развітанне сунуў ёй тры вялікія кавалкі старога сала. I Саша, якая там, на рабоце, заўсёды абражалася, калі ёй што-небудзь падобнае прапаноўвалі, узяла гэтае сала, бо брала не для сябе, а для ўсёй сям'і, якая сядзела на адной бульбе. Усё гэта ў адзін міг паўстала перад яе вачамі, а найбольш выразна – дзеці, адно пад адно, не разабрацца, дзе старэйшае, дзе малодшае; тры пары вачанят увечары, калі ix выгналі ў другі пакой, спалоханых, a раніцой, калі ім сказалі, што ў ix ёсць брацік, здзіўленых. Дзеці, якія заўтра стануць сіротамі. Яна лепш, чым хто другі, ведае, як гэта цяжка i страшна: сама расла сіратой i сама цяпер маці.

Саша глядзела на хлопцаў з надзеяй пачуць, што ляснічы асуджаны не на смерць.

Яны пераглянуліся паміж сабой i змоўклі – больш ніводнага слова пра гэта. Сашы здалося, што хлопцы зразумелі словы пра дзяцей як яе слабасць, жаночую жаласлівасць, i спалохалася, што цяпер яны перастануць давяраць ёй тайны падполля. Яна хацела растлумачыць, што літасці да гэтага чалавека ў яе сэрцы няма. Сапраўды, хіба можа быць літасць да таго, хто выдаў ворагам сваіх людзей, партызан, ды яшчэ раненых, бездапаможных? Такому гаду яна сама прыдумала б самую страшную кару! Але дзеці. Яна, маці, не магла не падумаць пра ix… Няхай таварышы правільна яе зразумеюць…

– Я прымала роды ў яго жонкі,– сказала Саша. – Я думаю, дзеці не вінаваты, што бацька ў ix такі…

– Дзяцей ніхто не вінаваціць, – сурова адказаў Цішка. – Мы не фашысты.

Саша ўзрадавалася, што размова аднавілася. Але Толя Кустар у гэты момант пачаў гаварыць зусім пра іншае:

– Таварышы, набліжаецца свята Кастрычніка. Мы павінны адзначыць яго. Людзі павінны ведаць, што ёсць сілы, якія змагаюцца з ворагам… што фашысцкая прапаганда – брахня… ІТрапаную… Першае – расклеіць лістоўкі… Будзем спадзявацца, што атрымаем ix з партызанскага атрада, калі ж не – напішам самі… Другое… Прапаную на ўсіх грамадскіх будынках – на школе, сельсавеце, клубе – вывесіць чырвоныя сцягі. Пашыць сцягі даручым Сашы. Згодна? – звярнуўся ён да яе.

Саша кіўнула галавой. Але першае баявое задание не ўзрадавала яе, бо здалося дробязным: вялікая справа пашыць чатыры сцягі!

Хлопцы сур'ёзна абмяркоўвалі, дзе ўзяць тканіну на сцягі, як лепш ix вывесіць, каму пісаць лістоўкі. А Сашы здавалася, што робяць яны гэта знарок, каб не гаварыць пры ёй пра больш важныя справы. Данік прапанаваў у дзень свята спаліць мост на шашы – той самы, які ўзарваў Алёша Кошалеў i які акупанты нядаўна аднавілі. Прапановы яго чамусьці не прынялі. I Саша зноў падумала, што не прынялі таму, што прысутнічае яна, слабая жанчына, якая быццам пашкадавала здрадніка.

* * *

Толькі сёмага лістапада Саша зразумела значэнне сцягоў, якія яна ўпотайкі пашыла i перадала Даніку.

Раніцой, калі яны з Поляй пачалі паліць у печы, да ix прыбегла суседка Аксана, узрушаная, трохі спалоханая, але ўзрадаваная.

Яна нават забылася павітацца, а з парогa таямніча зашептала:

– Бачылі? Сцягі! Нашы! – Вочы яе гарэлі.

Яны выйшлі на вуліцу. Напярэдадні выпаў снег. Першая ваенная зіма ўсюды лягла вельмі рана. Уначы прыціснуў мароз, неба ачысцілася ад хмар i было глыбокае, яснае, як быццам старанна вымытае. Снег зусім па-зімоваму рыпеў пад нагамі. З комінаў у празрысты блакіт падымаліся белыя слупы дыму. Але не гэтае хараство прыцягвала ўвагу людзей. Вялікі чырвоны сцяг над школай – вось што выводзіла з хат старых i малых. Сцяг ледзь трапятаўся, палымнеў i на фоне блакіту, над цёмнай сцяной лесу здаваўся агромністым, як зара, – на паўнеба. Сэрца ў Сашы адразу напоўнілася ўрачыстасцю: прыйшло свята, суровае, падпольнае, але такое, якога нікому i ніколі не знішчыць, не згасіць, якое заўсёды, у любых умовах, будзе палымнець вось такімі сцягамі. Гэта не проста сцягі, гэта – кроў тых, хто аддаў жыццё за гэтае свята, гэта сэрцы – яе, Данікава, Толева, Цішкава, невядомага ёй Старога – палымнеюць там, над дахамі школы, сельсавета, клуба. Ад такога адчування стала радасна.

Саша прайшлася па вуліцы. Усе глядзелі на сцягі, як на нейкую знамянальную з'яву. Смялейшыя стаялі на вуліцы, нават збіраліся групамі, больш асцярожныя – у сваіх дварах. Але нават у рухах i словах людзей адчуваўся святочны настрой.

Цішка Матыль павітаўся i ціха павіншаваў:

– Ca святам, Саша!

А праз колькі двароў яе гэтак жа ціха павіншаваў аднаногі дзядзька Раман:

– Ca святам, хросніца!

– Вас таксама, хросны!

Саша прыпынілася каля яго.

– Малайцы хлопцы! – кіўнуў ён на будынак сельсавета.

– Якія хлопцы? – здзівілася яна, устрывожаная.

– Што сцягі павесілі. Каб я ведаў, хто гэта зрабіў, я пацалаваў бы ix, галубкоў шызых…

Сцягі доўга ніхто не здымаў – ні паліцаі, ні стараста. Потым Саша даведалася, што каля кожнага з ix хлопцы прымацавалі дошчачку з надпісам: «Замініравана». Толькі ў другой палавіне дня прыехаў ваенны камендант з атрадам жандараў i паліцаяў. Камендант загадаў пасадзіць пад арышт мясцовых паліцэйскіх, выцяў бізуном старасту i скінуў яго з пасады. Потым сабраў самых старых мужчын i пачаў расказваць ім, якая моцная нямецкая армія i якая слабая савецкая, радасным крыкам паведаміў, што нямецкія часці ўступілі ў Маскву, a ў заключэнне пагразіў:

– Калі ў вашай вёсцы будзе яшчэ хаця б адзін бандыцкі выпад супраць новага парадку, я павешу вас. – Ён абвёў позіркам групу панурых барадатых людзей, падумаў i дадаў: – Не, я павешу не вас. Я павешу кожнага другога ва ўзросце ад пятнаццаці да трыццаці год. Майце на ўвазе гэта i перадайце ўсім!

Камендант i эсэсаўцы паехалі, a паліцаі асталіся: вёска была занесена ў лік небяспечных крамольных пунктаў, i замест невялікай варты ў школе размясціўся цэлы гарнізон. Новыя паліцаі вялі сябе нахабна: кралі курэй, парасят, разганялі зборы, вечарынкі, каго сустракалі позна ўвечары, збівалі, хто б гэта ні быў – малы, стары, жанчына; як валацугі, цэлую ноч шлындалі па вёсцы, падслухоўвалі, падглядвалі ў вокны. Адным словам, «новы парадак» праявіў сябе на поўную сілу.

Лютавала ранняя суровая зіма: трашчалі маразы, вылі снежныя завірухі.

У хаце не было газы. Зараблялі кавалак хлеба пры лучыне _ пралі кудзелю для тых увішных гаспадароў ці гаспадынь, якія, нягледзячы на вайну, выбралі для сябе калгасны лён. Саша ніколі раней не прала i з першых жа дзён зненавідзела гэтую дапатопную работу. Манатоннае гудзенне самапрадкі, няроўнае святло лучыны – то ўспыхне, то згасне, свіст ветру i крокі паліцэйскіх – усё гэта наганяла такую нуду i роспач, што хацелася зрабіць немаведама што, абы не сядзець вось так. Саша з нецярплівасцю чакала, калі падпольшчыкі дадуць ёй задание. Але падполле маўчала, нават на сход ці збор больш яе не запрашалі.

Астаўшыся ў хаце сам-насам з братам, яна наступала на яго:

– Чаму мы маўчым, нічога не робім? Чаму не збіраемся?

– Чакай, Саша. Не гарачыся. Больш вытрымкі, сястра! – па-сталаму разважліва адказваў ён.

– Я ведаю… Вы збіраецеся, вы дзейнічаеце, – сказала яна другі раз. – Але вы не хочаце даваць мне задания. Вам не спадабалася, што я пашкадавала дзяцей ляснічага…

– Калі ты будзеш думаць i гаварыць глупства, – узлаваўся Данік, – мы сапраўды цябе выключым. Я першы прагаласую.

– Ну i выключайце! – не стрывала Саша, пакрыўджаная да слёз.

Данік бліснуў страшным позіркам. Яна спалохана адступіла ў закутак паміж грубкай i печчу і, магчыма, у гэты момант упершыню заўважыла, як змяніўся брат: узмужнеў, выцягнуўся, стаў вышэйшы за яе ростам, але як схуднеў – на твары адны скулы тырчаць ды блішчаць вочы, запалёныя, чырвоныя, як у чалавека, які не спаў многа дзён.

Ён працягнуў руку, i Сашы здалося, што ён намерваецца ўдарыць. Але брат абняў яе, нязграбна, сціснуўшы ўчэпістымі кашчавымі пальцамі плячо, i глуха зашаптаў:

– Слухай, дурніца, навошта гэта табе?

– Што? – не зразумела яна.

– Хадзіць цяпер на нашы сходы? Навокал снег – босая гародамі не пабяжыш… I бобікаў, як сабак… Ты замужняя жанчына, маці… Твая адсутнасць ці сустрэча з намі, хлопцам! адразу выкліча падазронасць. Усё, што трэба, я табе перадам… Зразумей!

– Разумею, – прашаптала Саша, пасаромленая; яе кранула разумная асцярожнасць сяброў. Яны не забываюць, што яна маці i таму менш, чым хто іншы, мае права рызыкаваць.

– А заданне i ты атрымаеш, – гаварыў далей Данік. – Не хвалюйся. Работы ўсім хопіць, дай толькі разгарнуцца. Не ўсё адразу!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю