Текст книги "Трывожнае шчасце"
Автор книги: Иван Шамякин
сообщить о нарушении
Текущая страница: 19 (всего у книги 43 страниц)
Пісьмо ад Сашы! Я нецярпліва i бестактоўна, забыўшыся на ўсялякую субардынацыю, выхапіў канверт з рук у камузвода, які прынёс яго, маё пісьмо. У мяне дрыжалі рукі, відаць, я змяніўся з твару, бо Малашкін, зірнуўшы спачатку сурова, раптам апусціў вочы i моўчкі адышоў.
Страшна было чытаць у прысутнасці байцоў. Я выйшаў за катлаван, схаваўся за камень, разгледзеў штампы. «Рэчыца, 3. 7». Закалацілася сэрца: напісана амаль праз паўмесяца пасля пачатку вайны. Што там? Радасць, гора?
Нарэшце я набраўся мужнасці i асцярожна, як разраджаюць міну, разарваў канверт. Знаёмы аркуш з вучнёўскага сшытка. Жывая! Здаровая! Але дзіўна, дзіўна ты пішаш, Саша. Быццам i няма яе, вайны, быццам i не падступае яна да вас, хоць пісала ты З ліпеня, калі ўжо з'явіўся Бабруйскі напрамак. Няўжо, думаеш, мяне больш цікавіць, што ты памагала Ані ўбіраць канюшыну, паўдня працавала i вельмі змарылася, а Ленка ўвесь гэты час спала тут жа на полі? Што дачушка наша ўся ў мяне, нават радзімая плямка такая ж на мочцы вуха? Так, гэта цікавіць, гэта дорага мне. Але ж я ведаю, што не адным гэтым ты жывеш цяпер! Не! Я прачытаў крык тваёй душы ў канцы пісьма, дзе ты просіш, каб я быў асцярожны. Ты верыш, што я жывы? Ты не можаш не верыць – я разумею. Так, я жывы! Я буду жыць, бо я перамог свой страх i навучыўся забіваць ворага. Я вярнуся да цябе! Вярнуся, Саша!
Колькі разоў за дзень я перачытваў дарагое пісьмо! КольKi вычытаў таго, чаго там не напісана! Але канюшына… Навошта ёй убіраць канюшыну? Можа, гэта намёк? Вось гэтага я не магу зразумець, хоць галава мая ад думак хутка разарвецца, як снарад, – на дробныя асколкі.
«Сёння паўдня я памагала Ані ўбіраць канюшыну. I Ленка была са мной на полі, гэта недалёка, за копанкай. Помніш, дзе мы сядзелі з табой аднойчы, каля старых вербаў? Ленка ўвесь час спала…»
Канюшына… копанка… вербы… I ніводнага слова пра вайну. Любая Саша! Упершыню я не разумею цябе. Праўда, ты кажаш, што пішаш мне амаль штодзень. Ты думаеш, што я палучаю ix, твае пісьмы? Не, ix дзесьці па дарозе глытае вайна гэтак жа, як i мае да цябе. Значыцца, яна сапрауды блізка ад цябе, вайна, бо Астахаву з Падольска i хлопцам з Масквы пісьмы прыходзяць акуратна.
22 ліпеняТрэці дзень плыве туман. «Як у Лондане», – кажуць хлопцы, хоць многія, мусіць, нічога раней не чулі пра туманы ў англійскай сталіцы. Цяпер нават малапісьменны Габаў можа прачытаць цэлую лекцыю пра Брытанскія астравы. Хочацца ведаць пра тых, хто ваюе разам з намі супроць фашызму.
Пасля спякоты – асенні холад. Ходзім у шынялях. Вось яна – Поўнач!
Сеўчанка дазволіў разлікам добра адаспацца. Ды на холадзе ў сырых нішах не надта спіцца. Па чарзе ходзім у зямлянкі, за агнявую пазіцыю. Цудоўныя мірныя зямлянкі! Яны здаюцца харомамі, хоць цяпер i там не вельмі ўтульна: ад стрэлаў i бомбаў пал опал іся газеты, якімі былі абклеены сцены, патрэскаліся дошкі, сыплецца пясок. Усюды сляды разбурэння.
Пасля абеду да мяне прыйшоў Сеня:
– Хочаш, пойдзем да камбата?
– «Хочаш»! Так я i захацеў! Пакліча – пабягу. А без патрэбы… – Я з іроніяй паглядзеў на Сеню: друг камбатаў знайшоўся!.. – А навошта мне ісці?
Сеня ўсміхнуўся:
– Сеўчанка вершы любіць, каб ix на памяць чыталі.
– Вершы? – здзівіўся я.
– Ён пачуў, як я сваім байцам Шаўчэнку чытаў. Ажно праслязіўся. Учора яму ўсё перачытаў, што ведаў…
– I свае?
Сеня зачырванеўся, схапіў мяне за руку:
– Слухай, пра мае – ні слова. Як друга прашу. Інакш нажывеш ворага.
– Добра. Буду маўчаць. Але скажы па сакрэту – пішаш?
– Пішу. Пішу, – прызнаўся ён таямнічым голасам. – Ну, пайшлі.
Я ішоў з нейкім незразумелым страхам. Мы пастукалі, атрымалі дазвол. Камбат быў у сваёй зямлянцы. Я пачаў быў дакладваць:
– Таварыш старшы лейтэнант…
Сеўчанка махнуў рукой: не трэба. I надзвычай проста i гасцінна запрасіў:
– Сядайце, хлопцы.
Ён, без рэменя, з расшпіленым каўняром, сядзеў на табурэце перад печкай i падкідваў дровы. У зямлянцы цёпла i прыемна пахла чалавечым жыллём. Увогуле тут было усё неяк па-хатняму ўтульна, не так, як у зямлянцы Купанава, хоць будаваліся яны ў адзін час. Але там было ўсё па-салдацку проста, а тут – як у добрай кватэры: панікеляваны ложак, мяккая канапка, на сцяне – украінскі дыван, карціны i партрэты. Мой позірк адразу спыніўся на вялікай фатаграфіі маладой жанчыны з дзіцем на руках. Якое гэта хараство – маці з дзіцем! Я падумаў пра Сашу. Колькі было б у яе цяпер шчасця, каб не гэтая праклятая вайна!
Сеўчанка, убачыўшы, як я гляджу на партрэт, растлумачыў:
– Жонка з сынам. Адаслаў ix у Іжэўск, сястра там у мяне замужам.
– У мяне таксама жонка i… дачка.
– Я ведаю. Мне казаў Пясоцкі.
О, як я ўдзячны за гэтыя простыя чалавечыя словы! Бо не было ў ix ні недарэчнай сідарэнкаўскай цікаўнасці i насмешлівасці, ні той спачувальнасці, якую часам выказваюць старэйшыя да малодшых – не трэба, маўляў, так рана жаніцца! – ні яшчэ чаго-небудзь такога, што магло б абразіць мае пачуцці. Гэта была шчырая i немнагаслоўная размова двух мужчын, двух бацькоў, якія добра разумелі адзін аднаго. Размаўлялі напаўголаса. Калі мы з Пясоцкім зайшлі, у зямлянцы апрача камбата былі палітрук Лазебны i камандзір прыбора Віктар Вальноў. Яны стаялі каля стала над картай i горача, як два вялікія стратэгі, абмяркоўвалі становішча на франтах. Я заўсёды зайздросціў гэтаму дасціпнаму масквічу – нашаму другу Віктару, яго ўменню ў любых абставінах, з любымі людзьмі трымацца проста, незалежна – з камандзірамі, з жанчынамі, са старэйшымі i малодшымі – i хутка ўключацца ў агульную размову, заваёўваць агульную ўвагу.
Цікавы чалавек наш палітрук. Ён бясконца ходзіць ад адной гарматы да другой, на прыбор, да сувязістаў i разведчыкаў i праводзіць гутаркі – расказвае эпізоды з гісторыі рускай ваеннай славы, пра гераізм Чырвонай Арміі, пра становішча на франтах. Цікава расказвае. Ён амаль ніколі не маўчыць. I, нягледзячы на гэта, складаецца такое ўражанне, што Лазебны самы ціхі, маўклівы i непрыкметны чалавек на батарэі. Чаму так – не магу зразумець. Можа, таму, што ён ніколі не крычыць, не павышае голасу? Да размовы палітрука з Віктарам адразу далучыўся Сеня. Яны разбіралі Жлобінска-Рагачоўскую аперацыю; складалі планы, як будзе развівацца контрнаступление нашых войск далей.
– Вашы далека адгэтуль? – спытаў мяне Сеўчанка, прыслухоўваючыся да ix размовы.
– Не, недалёка… Хоць усё-такі… На поўдзень ад Рэчыцы. Амаль на мяжы з Украінай…
– Палескія балоты не дазволілі ім развіваць наступление ў гэтым напрамку, – сказаў Лазебны, пачуўшы мае словы.
Я радасна скалануўся. I праўда ж, там Палессе, балоты, там яны не змогуць прайсці. Як я забыўся на такую важную акалічнасць? Можа, таму i Саша піша так спакойна.
– Вось Жлобін, вось Рагачоў… Значыцца, наступленне развіваецца на Оршу. А на поўначы нашы ў раёне Полацка. А пасярод уклініліся яны, на Смаленск… Агалілі свае флангі. Вось тут ix можна i разануць! I ў мяшок! – горача выкладваў Віктар свой стратэгічны план.
– Тваё месца, Віця, у генштабе, а не на прыборы, – сказаў Сеня жартам, але з прыкметнай іроніяй – ён не любіў пустых размоў на такія тэмы.
Палітрук уздыхнуў:
– Але, на карце ўсё легка. А яны ўсю Еўропу кінулі на нас… I так нечакана…
– Учора пісьмо атрымаў,– даверліва прызнаўся я Сеўчанку. – Пісала трэцяга ліпеня – i ні слова пра тое, што ў ix там…
Ён усміхнуўся, паправіў палкай паленне ў печцы.
– Умеюць берагчы ваенную тайну i наш спакой… Мая вунь таксама піша… – Але што піша, так i не сказаў. Раптам прапанаваў мне папяросу. Я збянтэжыўся, быццам у тым, што не куру, ёсць нешта заганнае, што прыніжае маю сталасць i годнасць. Упершыню я пашкадаваў, што не куру.
Сеня пачаў курыць у першыя дні вайны – навучылі сябры ўсё пад тым жа лозунгам: «Куры, усё адно вайна».
Я павесялеў, калі ўбачыў, што палітрук таксама не курыць: за тры тыдні я нічога не ўведаў пра гэтага чалавека, хоць ён штодзень па некалькі разоў прыходзіў да гарматы.
Сеўчанка перасеў ад печкі на канапу, закінуў свае дужыя, мускулістыя рукі за галаву i сашчапіў пальцы на патыліцы.
– Давайце, браткі, хвіліну… адну хвіліну адпачнём ад вайны, – папрасіў ён «стратэгаў», якія ўсё яшчэ лазілі па карце.
У дзіўнай усмешцы скрывіліся вусны палітрука.
– Ты думаеш, Васіль Паўлавіч, гэта можна – адпачыць ад вайны?
– Паспрабуем, – незадаволена, нібы адчуваючы няёмкасць за сваё жаданне, адказаў Сеўчанка i звярнуўся да Сені: – Прачытайце, Пясоцкі, што-небудзь.
Сеня стаў пасярод зямлянкі, падумаў хвіліну i пачаў чытаць, без сарамлівасці, без позы – проста, як па кнізе, крыху нават манатонна:
По діброві вітер віе,
Гуляе по полі,
Край дороги гне тополю
До самого долу…
Я глядзеў на Сеўчанку. Ён заплюшчыў вочы, i вусны яго ледзь прыкметна варушыліся, мабыць, ён паўтараў словы ўслед за Сенем. Але калі той прачытаў аб тым, што «палюбила чернобрива козака дівчйна», а казак пайшоў на вайну i загінуў, Сеўчанка, відаць, успомніў верш, бо расплюшчыў вочы, вусны яго перасмыкнуліся, як ад болю, ён сказаў вінавата:
– Не трэба, Пясоцкі.
– А ты хацеў адпачыць ад вайны, – зноў крыва ўсміхнуўся палітрук.
Мне не спадабалася гэтая яго ўсмешка.
– Што-небудзь, не такое сумнае, – не адказваючы Лазебнаму, папрасіў камандзір.
Сеня задумаўся.
– З Шаўчэнкі? – не ведаў ён нічога вясёлага ў таго, хто быў песняром гора i смутку народнага.
Нехаця я ішоў сюды, на гэты нязвыклы збор, з хваляваннем, напружана чакаў сваёй чаргі, доўга i пакутліва думаючы, што прачытаць. Вырашыў прачытаць «Курган» Купалы; некалі ў тэхнікуме атрымаў за яго першы прыз. Але ж гэта таксама сумна. Што ж прачытаць не такое сумнае? Я ведаў многа лірычных вершаў – Труса, Уткіна, Галоднага. Але ў той час быццам скразняком выдзьмула ix з маёй галавы – ніводнага радка не мог успомніць.
– Вы ўкраінец, Пясоцкі? – спытаў Лазебны.
– Не, я жыў на Украіне. З мамай.
– Не перашкаджай яму, Мыкола, – папрасіў Сеўчанка. – Хай прыгадае.
– Давайце я вам прачытаю Блока і… Ясеніна. Хочаце? – сказаў Віктар, проста, па-свойску, быццам ён не ў афіцэрскай зямлянцы, а сярод сяброў-курсантаў, там, на вучэбнай батарэі.
Віктар адышоў да дзвярэй, прытуліўся плячамі да касяка, дастаючы стрыжанай галавой да самай столі, паглядзеў на закапцелую бэльку.
Ён пачаў чытаць вершы, якія я чуў упершыню. Наша пакаленне, асабліва людзі тэхнікі, розныя механікі i дарожнікі, як я, грэшны, слаба ведаюць Блока, крыху больш Ясеніна, да якога, мне здаецца, мы праяўлялі не зусім здаровую цікавасць, бо ў бібліятэцы яго ўзяць было нельга. Некалі я заплаціў аднаму спекулянту амаль сваю тыднёвую стыпендыю, каб ён даў на адну толькі ноч зашмальцаваны томік Ясеніна; усю ноч, да раніцы, я ўпотай перапісваў вершы ў сшытак, парушаючы ўмову.
Віктар чытаў Блока.
Гэта нешта незвычайнае!
Я не запамінаў слоў, бо яны здаваліся незямнымі, асаблівымі, хоць, калі ўдумацца, усе – вельмі простыя рускія словы, ніводнага незразумелага. Але я тады не думаў пра гэта. Вершы зачароўвалі. Яны то ўзнімалі некуды высока ў блакіт, дзе былі цішыня i спакой, то спускалі ў сутарэнне, у холад, сціскаючы сэрца смуткам. Яны прыносілі радасць, святло i адначасова трывогу i страх. Але ніхто не пярэчыў, ніхто не прасіў прачытаць што-небудзь вясёлае.
Я не бачыў, як слухалі іншыя, я забыўся на ix. Слухаў і, «окруженный сказками пчел», быў недзе там, дзе «море клевера»… чуў голас: «Я памагала Ані ўбіраць канюшыну». Памагала i слухала казкі пчол? А мяне клікаў вецер з Поўначы… Вецер з Поўначы!
«Лениво и тяжело плывут облака…» Цяжкая дарога ў мяне. Але недзе далека чуецца песня… I, каб не гэты голас – не твой голас! – я, напэўна, не здолеў бы дайсці. А так дайду! Я прыйду да цябе, я абавязкова прыйду да цябе, Саша! Потым нешта страшнае: плача дзіця, па полі ідзе гарбаты, над яго гарбом рагоча нехта, кашлаты, крывы i рагаты. Гэта – як дзіўны сон. Незразумелае, але i ў незразумелым ёсць цудадзейная сіла i хараство.
– О Божа, як гарна! – прастагнаў нехта.
Гэта – Сеўчанка. Ён сядзеў усё ў той жа паставе, закінуўшы рукі за галаву, заплюшчыўшы вочы. Шэптам паўтараў:
И приняла, и обласкала,
И обняла,
И в вешних далях им качала
Колокола.
Гэтыя радкі мне запомніліся.
Потым Віктар чытаў Ясеніна.
I раптам Лазебны, перапыніўшы яго, пачаў чытаць Маякоўскага – «Сяргею Ясеніну». Камісар, напэўна, успомніў свой абавязак палітработніка; хацеў засцерагчы нас ад шкоднага ўплыву ясенінскага песімізму. Я разумею: нельга спяваць паніхідную па «головушке», калі ідзе такое змаганне. Але як хвалююць іншыя вершы! Нараджаюць столькі думак, успамінаў! I мар, добрых, светлых мар, ад якіх праходзіць усякі сум i хочацца жыць, вельмі хочацца жыць!
Сеўчанка глянуў на палітрука з іранічнай усмешкай. Сеня паківаў галавой, ухваляючы, – ён любіць Маякоўскага, у яго ранцы ляжаць два томікі паэта, якія мы чыталі разам, калі былі курсантамі. Потым i Сеўчанка пачаў слухаць уважліва, сур'ёзна. Палітрук чытаў, бадай што, лепш за усіх, па-мастацку, выразна i прачула – адліваў кожнае слова.
Сеўчанка сказаў радасна, са шчырым дакорам:
– Мыкола, японскі бог! Жывём у адной зямлянцы, i ты хаваў такі талент! Ай-я-яй! Як табе не сорамна, дарагі. Ай-я-яй!..
– Які талент? Глупства! – засаромеўся i пачырванеў Лазебны.
– Слухайце, хлопцы! Камісар! А чаму нам не арганізаваць сваю самадзейнасць? – нечакана прапанаваў Сеўчанка.
Я сяджу пад замшэлым каменем, ахутаны густым туманам, такім густым, што працягні руку – i не відаць пальцаў, i думаю: дзіўная рэч жыццё! I людзі дзіўныя. Учора падалі бомбы, смерць вісела, летала над галовамі. Заўтра будзе тое ж самае, кал i не горш. I ўсё ад но ў кароткую перад ышку людзі чытаюць вершы i думаюць пра самадзейнасць.
Вяртаючыся ад камбата i не дайшоўшы колькі крокаў да гарматы, я пачуў галасы. Палова разліку адпачывала ў зямлянцы, тры чалавекі, на ўсякі выпадак, павінны былі дзяжурыць, i таму не было нічога дзіўнага ў тым, што байцы размаўлялі. Але мяне спыніў абураны голас Астахава:
– Калі ты, свіння гэткая, яшчэ раз палезеш у чужы ранец, я распішу твой пашпарт так, што родная маці не пазнае.
– А што я, красці палез? – агрызнуўся Муха.
– А хто ведае! Калі палез, то мог i ўкрасці,– гарачыўся Чарняк.
– Ды ну вас! Што там красці! – хіхікнуў Муха. – Самі цікавіліся, што ён увесь час піша. Вось я i хацеў зірнуць…
– Ах ты, сукін сын! – зноў загудзеў Астахаў.– Выходзіць, мы вінаваты? Мы на словах цікавіліся, але не палезлі ў ранец…
– Ды чытаць чужыя пісьмы – гэта горш, чым красni! – горача даводзіў Чарняк.
– А гэта не пісьмы.
– Не разумею я, Муха, ці ты дурань, ці хам…
– А ён сумяшчае i тое, i тое…
– Ну, ну…
– Не «нукай», я табе не конь… Складзі ранец i пакладзі на месца, пакуль камандзір не вярнуўся. А то будзеш чырванець перад строем…
На хвіліну стала ціха. Муха, відаць, выконваў загад Астахава. Потым пачуўся яго нязлосны, бурклівы голас:
– Падхалімы вы.
– Што ты сказаў? – зашыпеў Астахаў.– Паўтары!
– Пусці,– спалохана папрасіўся Муха.
– Кал i ты не ведаеш, колькі важыць мой кавальскі кулак, то магу паказадь.
– Не чапай ты, Павел, яго – смярдзець будзе, – прымірэнча сказаў Чарняк.
Прызнацца, дагэтуль я крыху баяўся, што хто-небудзь прачытае мой дзённік. Праўда, ад гэтага засцерагалі неразборлівы почырк i беларуская мова, якую ведаў адзін Чарняк. Але засцярога гэта не такая ўжо надзейная. Цяпер я супакоіўся: на варце маёй тайны стаяць добрыя, шчырыя хлопцы. A намеснік мой – Муха – сапраўды нікчэмны чалавек. Ніякага аўтарытэту не мае. Трэба папрасіць, каб намеснікам зрабілі Астахава. Але Малашкін моцна падтрымлівае Муху. Зноў будзе крычаць, што я не ўмею выхоўваць людзей. Ды i не люблю я нагаворваць на сваіх. Няхай будзе Муха!
Нехта нячутна падышоў i горача дыхнуў мне ў вуха. Я спалохана адхіснуўся, але зірнуў i засмяяўся. Гэта – Лёша, наш батарэйны алень. Я ласкава абняў яго за шыю. Ён палізаў мае рукі, панюхаў сшытак i таксама хацеў лізнуць, пачухаў бок аб камень.
Цікавае стварэнне!
Ён прыблудзіўся на батарэю яшчэ зімой i, як расказваюць, быў пестуном гарматных разлікаў. Ішло нават своеасаблівае спаборніцтва паміж разлікамі – хто заваюе яго любоў. Мае хлопцы клянуцца, што яны трымалі першынство, што да ix у Лёшы была самая гарачая любоў, што ён нават начаваў у катлаване нашай гарматы. Гэтак жа, прыкладна, гаварылі i другія разлікі. Толькі прыборшчыкі не маглі пахваліцца – ix алень чамусьці не любіў. Але вайна ўсё змяніла. Першыя стрэлы моцна напалохалі няшчасную жывёліну: Лёша пачаў абыходзіць гарматы i пазбягаць сваіх старых сяброу.
Дзіўна ён паводзіць сябе цяпер. Цішыня – мірна пасецца дзе-небудзь за агнявой пазіцыяй, у нізінцы, паміж каменнямі; яго ўжо двойчы гараджане намерваліся ўкрасць і ён, як бы ведаючы гэта, ніколі не адыходзіць далека ад батарэі. Трывога – што ёсць сілы ляціць у цэнтр пазіцыі, да каманднага пункта, становіцца побач з камандзірам, магчыма, яму здаецца, што гэта – самае бяспечнае месца, стаіць, насцярожана ўзняўшы свае цудоўныя рогі, i дрыжыць усім целам. Сеўчанка расказваў, што ў першыя дні гэтыя дрыготкі жывёлы выводзілі яго з раўнавагі, перашкаджалі камандаваць. Але потым усе звыкліся з такімі паводзінамі Лёшы. Цяпер алень памагае разведчыкам. Калi ён падымае галаву i пачынае насцярожана прыслухоўвацца, так i ведай, што недзе далека-далека ідуць самалёты.
Разведчыкі i прыборшчыкі выкарысталі яго страх перад гарматамі i пераманілі Лёшу да сябе.
«Несумленна, – злуюць хлопцы, – Лёша ж не разумее, што ў гэтых грымотах вінаваты фашысты, а не мы, ён – што дзіця, i пераманьваць яго подла».
Мне было смешна, калі я чуў такую крыўду, якую выказвалі зусім сур'ёзна i нават такія цвярозыя, сталыя людзі, як Астахаў i Фрыд.
Сёння алень парадаваў ix. Мабыць, супакоіўшыся за гэтыя ціхія туманныя дні, ён нясмела падышоў да нашай гарматы, стаў крокі за тры, вінавата апусціў галаву, як бы просячы прабачэння за свае паводзіны. Хлопцы аддалі яму рэшту свайго хлебнага пайка, a самі вячэралі без хлеба.
Цяпер ён падышоў да мяне. Стаіць, глядзіць, як я пішу, ківае галавой, зрэдку ўздыхае. Мне смешна ад яго ўздыхаў i наогул весела i ўтульна, цёпла побач з ім. А туман усё гусцее. Стынуць рукі.
2 жніўняРаніцой прыйшоў да мяне Сеня з кіслым выглядам – не то засмучаны, не то нечым занепакоены. Сеў на лапу, закурыў.
– Не куры ў катлаване. Снарады. Гэта табе не дальнамер.
– Нічога тваім снарадам не зробіцца. Ix, каб хацеў, не падпаліш. – Але папяросу скамячыў, сунуў у карабок з-пад запалак.
Я працаваў. Каторы дзень, у перапынках паміж баямі, батарэя будуе новыя зямлянкі – кожны разлік каля сваёй гарматы ці прыбора, каб можна было па трывозе выбягаць за якія секунды. Пакуль дзяўблі камень, працавалі нехаця, асабліва лайдачылі Муха i Фрыд. Але калі пачалі самую зямлянку – будаваць сцены, класці падлогу, столь, усіх ахапіў будаўнічы азарт. Людзі засумавалі па працы, якая не разбурав, а стварае. Выявілася, што Габаў – цясляр, Фрыд – абіўшчык, a Астахаў наогул майстар на ўсе рукі. У нас будзе найлепшая зямлянка – самая прасторная i прыгожая. Камандзіры іншых аддзяленняў прыходзілі да нас павучыцца. Мне здалося, што Сеня прыйшоў з такой жа мэтай. Мабыць, у яго не ладзіцца з будаўніцтвам. «Інтэлігентны разлік», усе там такія, як камандзір, – прыйшлі ў армію ca школьнай парты. Трэба схадзіць памагчы ім.
– Бачыш, які палац будуем, – сказаў я, паказаўшы на зямлянку.
– А навошта? – зморшчыўся ён. – Усю вайну на адным месцы ваяваць хочаце, ці што?
– Ты чаму сёння такі?..
Ён дастаў папяросу.
– За нейкі месяц ты стаў заядлым курцом.
– Кідала прыязджае. – I Сеня зламаў папяросу.
– Сцяпан? Да нас?
– Камандзірам узвода кіравання.
– Фу, чорт! Але чаму ты спалохаўся?
– Я не спалохаўся. Але ведаеш… не люблю гэтага чалавека, i ў мяне стала неспакойна на душы. А я казаў табе… хачу, каб у душы ўсё было ясна: вораг ёсць вораг, свой – друг.
– A наліха табе дружба яго? Ты – агнявік, ён – разведчык. Няхай займаецца сваёй справай. У цябе – свой камандзір…
Гадзіны праз дзве з'явіўся Кідала. Я адразу ўбачыў яго на камандным пункце: высокі, плячысты, у новенькай гімнасцёрцы, у камандзірскай шапцы ён здаваўся генералам, асілкам побач з маленькім хударлявым Малашкіным.
Відаць, званне ім прысвоілі адначасова: Малашкін тольKi ўчора ўвечары начапіў пятліцы малодшага лейтэнанта. Мы віншавалі яго. Ён бянтэжыўся, як дзяўчына, i чамусьці злаваўся: накрычаў на Муху за брудны каўнерык, на камандзіра трэцяй гарматы – за рыззё для чысткі, якога ў нас заўсёды не хапае цяпер.
Кідала яўна любаваўся сваім новым становішчам камандзіра ўзвода, выстаўляў сябе напаказ: казыраў адменна, на ўсю батарэю стукаў абцасамі i дакладваў камбату такім грамавым голасам, што, мусіць, было чуваць у горадзе.
– Што гэта за дыякан з'явіўся? – спытаў Астахаў.
Мне зрабілася смешна – дужа трапнае вызначэнне.
– Мой зямляк. Мы разам у тэхнікуме вучыліся.
– O-o! – шматзначна працягнуў Астахаў.
Гэты каваль хітры, як чорт, ён усё разумее i бачыць наперад.
Кідала не падышоў да гарматы, i я не пайшоў да яго, каб павітацца.
Але калі батарэя абедала, дзяжурны разведчык закрычаў:
– Камандзір чацвёртага – да камандзіра ўзвода кіравання!
– Зямляк у госці кліча, – пажартаваў Муха, як заўсёды, хмурна буркнуўшы, быццам сам сабе.
Кідала быў адзін у зямлянцы камандзіраў узводаў. Яшчэ за дзвярамі я набраў поўныя грудзі паветра i, пераступіўшы парог, выпаліў без запінкі, з'ядаючы яго вачамі:
– Таварыш малодшы лейтэнант! Па вашаму загаду сяржант Шапятовіч з'явіўся.
Ён выслухаў даклад да канца, стаўшы «смірна», сур'ёзна сцяўшы вусны. Але твар… які твар у яго быў у той момант! Не, твар яго не ззяў, ён пасінеў ад натугі стрымаць усмешку задавальнення, радасці, самалюбавання. Аднак стрымацца яму было цяжка – усмешка пырснула са сцятых вуснаў i распаўзлася па ўсім шырокім здаровым твары, ажно заблішчалі адтапыраныя вушы.
– Давай без фармальнасці,– працягнуў ён руку. – Мы з табой старыя сябры. Не адзін пуд солі з'елі разам. I, бачыш, зноў нам быць разам. Лёс! Сядай.
Ён сеў, i я прымасціўся насупраць, на табурэце.
Ён уздыхнуу:
– Застаўся я, Пеця, без дамоўкі. Занялі, відаць, фашысты мае Парычы. Ніводнага пісьма не палучыў, як вайна пачалася.
У мяне балюча ёкнула сэрца. Але ні спачуваць яму, ні выказваць свой боль не мог. I толькі апусціў галаву. Мы памаўчалі. Мне стала шкада яго, i ў душы зацяплілася прыязнасць: у нас аднолькавы лес.
– Ну, як ты жывеш тут? – спытаў ён.
– Нічога. Ваюем.
– Батарэя добрая. На КП хвалілі. Як камандзір?
– Сеўчанка? Залаты чалавек.
– У цябе ўсе залатыя. Я цябе ведаю. Помніш, ты ў тэхнікуме ўсё фізіка Бруя хваліў? А яго пасадзілі… Я заступіўся за цябе на камсамольскім сходзе, а то паказалі б табе кузькіну маць. Помніш?
Ад маёй прыязнасці да яго нічога не асталося.
– Дзіўныя ў цябе пераскокі – ад камбата да Бруя.
– Якія пераскокі? – спалохаўся ён. – Што ты! Я проста ўспомніў. A Сеўчанку я сам добра ведаю, не раз сустракаліся раней…
Ён паглядзеў на мяне недаверліва. Мы зноў памаўчалі.
– А нацьдземчык наш як тут ваюе?
– Хто? – не зразумеў я.
– Дружок твой.
Адразу ўспомнілася ўся гісторыя ў першы дзень вайны. Сенеў страх перад гэтым чалавекам, які ён выказаў сёння раніцой.
Я абурана падняўся:
– Які ён табе нацдэмчык?
– Ён усё вершыкі чытае. Нямецкім цікавіцца… I ўвогуле – чыстаплюйчык.
Я адпіхнуў нагой табурэт, на якім сядзеў, i наблізіўся да Кідалы.
– Слухай, Сцяпан, ніяк не разумею – хто ты?
Ён пагрозліва варухнуўся:
– Ну, ну…
– У тэхнікуме я лічыў цябе чалавекам… Што табе трэба ад Пясоцкага?
– Нічога мне не трэба. Да слова прыйшлося.
– Май на ўвазе… Калі ты зноў будзеш чапіцца да яго… Што ён зрабіў табе? Больш ведаў мае? «Нямецкую мову вывучае… вершыкі чытае… назвы лінкораў ведае…» Сорам! Ты ж культурны чалавек. Адным словам, я не буду маўчадь, калі ты… I Сеўчанка падтрымае мяне, гэта табе не Сідарэнка, перад якім ты падхалімнічаў…
Ён стаяў ужо, афіцыйна выцягнуўшыся, з надзьмутачырвоным тварам. Я чакаў, што вось-вось закамандуе: «Смірна!», «Кругом!» – ці што-небудзь накшталт гэтага; я не здзівіўся б, каб ён гэта зрабіў. Але ён сказаў яшчэ даволі мірна:
– Камандзіраў асуджаеш? Не забывай…
– Каго я асуджаю? Цябе? Ды калі ты мяне паклікаў як друга, як земляка, то давай так i гутарыць… Шчыра… Акалі як старшы, камандзір, дык я вас слухаю, таварыш малодшы лейтэнант! – Я выцягнуўся таксама, стукнуў абцасамі.– I размова скончана!
Ён засмяяўся:
– Чаго ты кіпіш? Нічога да твайго Пясоцкага я не маю. У мяне цяпер без яго хопіць спраў… Сувязь, разведка, НП… Я жартам сказаў, а ты ўсхадзіўся, як… халодны самавар, – не надта дасціпна пажартаваў ён. – Сядай, пагутарым…
Але прыйшоў Малашкін з лагарыфмічнай лінейкай у руках, па-вучонаму ўглыблены ў нейкія падлікі. Перашкодзіў размове. I я не пашкадаваў, нават узрадаваўся. Не хочацца мне гутарыць з Кідалам па-сяброўску, хоць мы некалі два гады пражылі ў адным пакоі i сябравалі.