Текст книги "Трывожнае шчасце"
Автор книги: Иван Шамякин
сообщить о нарушении
Текущая страница: 32 (всего у книги 43 страниц)
У лесе былі день i цвёрдая дарога. У полі кірзавыя боты глыбока ўгрузалі ў размяклую, набрынялую снежнай вадой гліністую зямлю. На самай дарозе весела булькаў мутны ручай, несучы лісце i пену. Ісці трэба было ўзбоч. А поле тут, пад лесам, не задзірванела за вайну – засявалася, відаць, добрая зямля, таму на яе не забывалі.
Сонца, хоць i скацілася ўжо нізка, прыпякала яшчэ шчодра. Дзень – надзіва, сапраўды вясновы. На небе – ні хмаркі, i ніводная сухая былінка не варухнецца ад подыху ветру. Ашалелыя ад радасці, заліваюцца жаваранкі. Але ўбачыць ix нялёгка – балюча глядзець у сляпуча-блакітную бездань. Ды i не да хараства гэтага стала Пятру. Падвячоркавае сонца, здавалася, свінцом налівала не толькі мяшок з бульбай, але i шынель, гімнасцёрку, нават шапку: усё ацяжэла, набрыняла потам, ціснула, сціскала. Рана не ныла, яна востра балела. Кроў грукала ў скроні.
«Не данясу».
Падумаў пра дзяцей – сваіх вучняў, што гулялі на мосце, калі ён ішоў да лесніка, i, безумоўна, любуюцца разлівам дагэтуль, бо ад рэчкі ў такі час ix не адарваць. Можа здарыцца, што менавіта каля вучняў ён страціць апошнія сілы, скіне мяшок на гразкую грэблю i не здолее падняць. Праўда, дзеці вайны ведаюць, што такое паранены, i ў ix даўно ўжо другое, не дзіцячае, разумение чалавечых вартасцей. Але ўсё адно выяўляць перад імі якую б ні было слабасць нельга. Пятро яшчэ не вывучаў педагогікі, але з чаго складаецца аўтарытэт настаўніка – ведаў лепей за любога прафесара.
«Знарок, мабыць, насыпаў столькі, стары чорт, – ужо без удзячнасці падумаў Пятро пра лесніка i праз хвіліну знайшоў выйсце, простае i хітрае: – Дайду да хвойніку, знайду патаемнае месца, высыплю пад старое галлё палавіну бульбы. A ўвечары прыйдзем з Сашай i забяром. Толькі б дайсці да хвойніку!»
Гэта зусім блізка – пясчаны пагорак з парадзелым маладым параснікам. Але перад ім – ручай, разліўся, як добрая рэчка. Пераходзячы яго, Пятро чэрпнуў кірзавымі халявамі ледзяной вады i тады ўжо ледзь дабраўся да сухой мясціны, да пнёў i свежага галля. Кінуў мяшок i сам паваліўся на гэтае галлё. Сцягнуў боты, адкінуў мокрыя анучкі, выкруціць ix сілы не хапала.
Ляжаў, прагна ўдыхаючы хваёвы водар, i бяздумна глядзеў у неба. Зноў на нейкі міг стала хораша. Зноў захацелася настроіць сябе на светлыя мары i хоць на колькі хвілін наведацца ў будучыню, паспрабаваць будаваць свой мост…
– Прастудзішся, Андрэевіч.
Пятро не ўздрыгнуў i не сумеўся, ён адразу пазнаў голас. Можа, перад кім іншым i адчуў бы няёмкасць, з гэтым жа чалавекам учынак, за які толькі што караў сябе, – крадзеж лесу – зблізіў так, што пасля ўжо ніколі не баяўся паказаць i выказаць яму ўсе іншыя свае слабасці.
Пятро прыпадняўся. Панас Грамыка прысеў побач на галлё. Старшыня быў у такім жа, як i ў Пятра, афіцэрскім шынялі з англійскага сукна, праўда, больш зашмальцаваным – танкіст! Але боты ў яго – не раўня Пятровым – найлепшая натуральная скура i паляўнічая форма: высокія i мяккія халявы, ажно адкласці ix прыйшлося, i «паднарад» на халявах таксама з добрай карычневай скуры – хоць яшчэ адны боты шый. З Панаса жартавалі: ці не з Герынга ён сцягнуў такі трафей? Старшыня не штодня абуваў гэтыя боты, таму Пятро здзівіўся, што ён так бязлітасна заляпаў ix вясновай гразёй – па самыя «вушы».
– Ад Лісціка? – кіўнуў на мяшок Грамыка, ачышчаючы бярозавым кіем гразь з ботаў.– Два?
Зноў-такі, бадай, нікому Пятро не прызнаўся б, што купіў толькі пуд, але ляснік невядома чаму насыпаў яўна больш. Панасу прызнаўся:
– Не, адзін.
– О-о! Загрызуць старога дзеўкі. Сквапныя i скупыя, як старыя куркулькі. Ды i сам… не ад душы ў яго такая шчодрасць. Не думай. Або на злосць дочкам i старой, або… хоць чорт яго ведае, ён заўсёды загадкавы быў, гэты наш Лісцік. Ніколі не ведаеш, што думае…
– Няхай думае што хоча. Чорт з ім. A ў нас будзе чым падмацаваць баявы дух. – Пятру хацелася звярнуць на жарт.
Але Грамыка жарту не падхапіў – уздыхнуў цяжка, занадта сур'ёзна спытаў:
– Калі гэта мы, Андрэевіч, разбагацеем?
– «Разбагаце-е-ем»! Не такое адужалі!
– Зайздрошчу я тваёй веры. Заплаціў за пуд дзвесце рублёў i марыш пра камунізм. Такія хлопцы першыя кідаліся ў атаку. Не заўсёды разумна, праўда. Таму мала вас асталося. Шкада…
– Нас – вас… Чаму ты дзеліш? Наколькі ты старэйшы? Сам гэтак жа з танкам кідаўся. Усіх мала асталося. Але калі мы ўжо з такога пекла выйшлі, ды яшчэ як выйшлі – Еўропу прайшлі! – то панікаваць ад цяперашніх цяжкасцей… Гэта не «тыгр», не «пантэра» i не «фау-2».
– «Фау» – фрау… Не «фау», канечне… Але на мяне часам такое находзіць. I пад «фау» такога не было. Вось як сёння. Аблазіў усё поле. Агледзеў. Бачыш? – кіўнуў на боты. – Як забуяла, як зарасло! А чым падняць? Чым угнаіць? Семнаццаццю дахадзягамі, што ў канюшні? Ды i тых карміць няма чым.
– Ёсць МТС.
– А што ў МТС? Брыгада з трох «ХТЗ» на пяць калгасаў? На гэтых жа «ХТЗ» яшчэ я да вайны араў, яны i тады ўжо больш стаял i, чым аралі.
– Кал i гэта ты, Панас Астапавіч, страціў веру ў нашу індустрыю? Колькі табе танкаў далі за які-небудзь адзін год? Забыўся? За ваенны год! Калі немцы перлі на ўсход i палавіна заводаў была на калёсах, пад бомбамі. Міне год-два – будзе табе трактароў!..
Пятро загарэўся: як гэта так! Нават Грамыка, старшыня, камуніст, выходзіць, не разумее простых рэчаў. Трэба давесці яму! Але тут жа спахапіўся. Каб не стаць пустазвонам, накшталт тых упаўнаважаных некаторых, якія ўсё ведаюць i ўсіх вучаць. Успомніў, як Саша нядаўна, паслухаўшы яго выступление перад калгаснікамі, на яго самглюбівае пытанне: «Ну, як я выступіў?» – адказала: «Добра. Толькі не вучы, калі ласка, сялян, як хлеб сеяць. Ты яго сеяў?»
Не, ён, Пятро, хлеба, па сутнасці, ніколі не сеяў. А Грамыка сеяў. I з сяўнёй на сваім аднаасобным загоне. I н? калгасным пол i – трактарам i сеялкай. Дык ці не разумней паслухаць спачатку, што ён думае пра пасляваенны хлеб?
Але старшыня калгаса не спяшаўся выказвацца. Хітры дзядзька. Такі дарэмна слова не кіне – абы памянташыць языком. Узважыць, падумае. Вунь як разглядае свае боты i цярэбіць хваёвую галінку. Нюхае ігліцу, хоць духмянасці тут ад нагрэтага i прывялага галля – аж дыхание займае, быццам не паветра льецца ў лёгкія, а смала расталая – густая, цягучая. Можа, ад гэтага такая млявасць. Лепш памаўчаць. Навошта траціць энергію на марную спрэчку?
Пятро ўжо амаль упэўніўся, што Грамыка больш не стане гаварыць на палітычныя тэмы. Аж – не…
– У індустрыю, Андрэевіч, я веру, – сказаў ён пасля працяглага маўчання. – А вось што, гэтак кіруючы, мы з табой хутка накормім людзей хлебам – вось у гэтым сумняваюся… Грэшны. Здаецца мне, не з таго мы пачынаем, не тыя захады робім… Пасля такой вайны, такой разрухі… Тут, брат, трэба добра-такі паварушыць мазгамі…
Пятро мог раздзяліць любыя сумненні, але калі яны датычыліся таго, імем каго ў атакі паднімалі палкі i дывізіі,– тут ён быў непахісны. А яму здалося, што Грамыка хоча выказаць нейкія сумненні ў мудрасці гэтага чалавека. I ён рашуча перапыніў старшыню:
– Такія думкі, Панас, выкінь з галавы! Што ж, па-твойму, араць зямлю больш складана, чым весці такую вайну?
Грамыка зноў цамаўчаў.
– Усё складана тое, што робіцца без глыбокага ведання… А я табе прызнаюся па сакрэту, пра што часам думаю: не ведае бацька, што робіцца ў сяле, як нас вайна падкасіла i як людзі жывуць. Каб знаў, то ўжо нешта прыдумаў бы. Ленін, калі бачыў усё пасля Грамадзянскай, то адразу знайшоў, як выйсці з разрухі.
– Што знайшоў?
– Ты гісторыю лепш за мяне ведаеш. I прадналог i нэп.
– Што ж ты – цяпер нэпа захацеў? Калгасы распусціць, ці што?
Чорныя вочы старшыні нядобра бліснулі. Заўсёды ён гаварыў з Пятром тактоўна, з павагай, а тут не стрываў – сказаў ціха, але ca злосцю:
– Ты, брат, задаеш пытанні, як у асобым аддзеле. Я арганізоўваў яго, калгас. Камсамольцам быў. Мне кулакі пагражалі, а таварыша майго Васіля Лапатку падстрэлілі… Я сядзеў у танку i думаў пра калгас, як мы паставім яго пасля вайны… За калгаснае жыццё мы, сяляне, ішлі, каб Гітлеру галаву скруціць… А ты мне – «распусціць». Ты думает – я такі дурны, што не разумею: тых рашэнняў, што прыняў Ленін, не скапіруеш, жыццё пайшло наперад. Але штось i паўтарылася: вайна, разруха, галеча… Дык калі ты мудры, – ён тыцнуў пальцам у Пятра, – то прыдумай такое ж ленінскае рашэнне ў новых умовах, у калгасных.
Пятру не спадабалася Грамыкава раздражнёнасць, але ён адчуваў сілу яго пераканання i ведаў, што любыя тыя доказы, якія прымушалі змаўкаць на калгасных сходах нават п'яных інвалідаў, тут будуць адразу разбіты ўшчэнт. Не, тут можна гаварыць толькі так, інтымна, па-сяброўску.
– Не адразу i тады наладзілася.
– A хіба я патрабую, каб за год пацяклі малочныя рэкі? У тым-то i бяда, што ў выступленнях усе – ад яго да любога ўпаўнаважанага – абяцаюць заўтра ж гэтыя малочныя рэкі. А што рабіць, як зрабіць, каб я ведаў i людзі бачылі i верылі – вось гэтага ніхто яшчэ толкам не сказаў. На фронце мне ставілі задачу: узяць пункт Н. Але я ведаў, што з сямі да васьмі «папрацуе» артылерыя, потым «папрацуе» авіяцыя. Сусед справа на дзесяць мінут раней атакуе пункт Б, каб адцягнуць увагу. А сусед злева падтрымае абходным манеўрам. За танкамі – ідуць аўтаматчыкі, яны замацуюць мой поспех. Былі, канечне, няўдачы. Але ўсё распрацоўвалася без ліпы, як кажуць. Не забываліся нават, як будзем адступаць, на выпадак чаго… Бо вораг – ён таксама галаву меў, i часта недурную. А тут жа i ворага няма перад табой, хіба пагода адна ды вось гэтае запусценне ваеннае, а ідзём мы – не ідзём, а тыцкаемся, як сляпыя… Без компаса, без разведкі… Ніхто разумнай каманды не можа даць…
– Ну, Панас, загінаеш, – пакруціў галавой Пятро. – Што гэта на цябе найшло сёння?
– Эх, Андрэевіч! Мы з табой адны тут. – Грамыка аглянуўся на сасоннік.
Пятро насцярожыўся. Яму не хацелася, каб Панас, якога ён паважаў, верыў у яго цвярозы розум, сказаў нешта такое, чаго камуністу гаварыць не да твару. Можа, перапыніць? Але ж i вельмі спакусліва – выслухаць усе яго думкі.
– Загінаю, кажаш? А давай пасядзім i падумаем пачалавечы над усімі камандамі… Ну, якую табе ўзяць для прыкладу? Ну, гэтую самую, што трубім пра яе кожны дзень… Ты падумай… Галоўныя пастановы па падрыхтоўцы да першай пасляваеннай сяўбы – аб зборы попелу i нарыхтоўцы торфафекаліяў. Усё, здаецца, правільна. Без гною на гэтай зямлі нічога не вырасце – кожны ведае. Але хацеў бы я спытаць тых, хто пісаў гэтую пастанову, ці падлічылі яны, колькі можна ўгнаіць яе, зямлю, попелам ды фекаліем? Ды калі я сам буду выграбаць попел з усіх пячурак у зямлянках ды хатах вось гэтых i кожнаму падстаўлю начны гаршчок, як у тых немцаў, то колькі, ты думаеш, можна ўгнаіць? Не трэба быць вучоным, каб падлічыць. Даволі ведаць арыфметыку за чатыры класы. Два-тры, максімум пяць гектараў. А ix пяцьсот ляжыць вунь, задзірванелыя, закусцелыя. I так у кожным калгасе. А мы знайшлі ратунак ад усіх бед – сабраць фекалій. Праводзім нарады ў вобласці, у раёне, сходы ў калгасах… A людзі слухаюць і… смяюцца. Смяюцца, Андрэевіч! У нас на ўсё сяло тры прыбіральні. А мяне ўжо колькі разоў заслухоўваюць i на сходзе i на бюро, як нарыхтоўваецца торфафекалій. Пракоп Грошык неяк кажа мне: «Дай, кажа, старшыня, два пуды хлеба, пайду вычышчу школьную i сельсавецкую прыбіральні. Начальства цябе не будзе лаяць». Нехта яму ў адказ: «Дарагавата просіш». А ён: «Ды не, нядорага. Вы ж, кажа, чэрці, на ўсё жыццё мянушку прылепіце – «залатар» ці яшчэ горшую… Мне – чорт з ёй, з мянушкай. Але дзецям, дзяўчатам маім ганьба». А пасля, адзін на адзін, Пракоп пытае ў мяне: «Што гэта, кажа, Панас, здзекуюцца з нас, з калгаснікаў, дурнямі лічаць?» Што я мог адказаць? Скажы сыну Лявоніхі, Івану: ідзі ў калгас, будзеш мець добрую працу – нарыхтоўваць торфафекалій. Ён паў-Еўропы прайшоў, гарматным разлікам камандаваў, ордэнаў да пупа навешаў… Я ўжо не кажу пра тое, што я магу паабяцаць яму за такую працу, якую плату. Палачку ў табелі? Колькі камуністаў вярнулася з арміі, a колькі асталося ў калгасе? Я ды Пеця Аўчароў. Ды i той па няшчасці – маці не ўстае з ложка, даканала старую другая пахавальная. З трох сыноў адзін вярнуўся. Вось так, Андрэевіч… Вось табе адзін прыклад «разумнай» каманды… А я не думаю, што няма там разумных людзей, сярод тых, што пісалі пастановы. Ёсць! I ведаюць яны ўсё. I напэўна маглі б прыдумаць нешта такое, ад чаго было б больш карысці, чым ад збору попелу. Няхай бы попел вучні збіралі, а не ўся партыйная арганізацыя раёна мабілізоўвалася на попел. Мабілізуйце нас для ўдару на галоўным кірунку! Толькі пакажыце, дзе яно, месца гэтага галоўнага ўдару, ад якога залежыць поспех на ўсім нашым калгасным фронце. Вы ж генералы. Вам адтуль, з каманднага пункта, відней. Расстаўце вы свае баявыя палкі! I мы табе такі гераізм пакажам! Салдат – ён, брат, добра чуе, нутром разумее, дзе яго вядуць для вялікай перамогі – тады ён i смерці не баіцца, а дзе – на непатрэбную справу хочуць растраціць яго сілы, баявы запал… Былі, Андрэевіч, i на фронце такія атакі – ад таго, што ў нейкага начальніка не зварыла гэтая палявая кухня, – Грамыка кулаком стукнуў сабе па лбе, – ці ад п'янага чаду, ад перапою, ад жадання паказаць сябе, лішні ордэн хапануць… Ты сам франтавік, ведаеш – розныя былі.– Ён з глыбокім смуткам уздыхнуў i змоўк.
Пятро таксама маўчаў. Адкінуўся зноў на галлё, глядзеў у неба, бачыў, упершыню вось так увачавідкі, як чысцеў адвячоркавы блакіт. Праз галлё адчуваў разгарачанай спіной, як ад зямлі патыхае амаль яшчэ снегавым халадком. Успомніў частыя напамінкі Сашы: «Беражыся, табе нельга прастуджвацца з тваім прастрэленым лёгкім». Варта падняцца, сесці на пень. Але ніводным рухам не хацелася перапыняць Панаса. Нават не глядзеў яму ў твар – знарок, каб не збянтэжыць.
Нічога новага Грамыка не гаварыў. Усё гэта Пятро чуў ужо неаднойчы за тыя месяцы, як вярнуўся з арміі. Ад розных людзей. Нават ад Сашы. Яна часам з гневам выказвалася супроць некаторых «мерапрыемстваў» i асабліва супроць дурноты i амаральнасці асобных упаўнаважаных. Злосць яе палохала Пятра. Вайна i ў гэтым яе змяніла – раней яна была добрая, мяккая.
Праўда, ён, Пятро, ап'янёны радасцю перамогі i жыцця, адбіваў усе гэтыя раздражненыя выкрыкі з лёгкасцю найвялікшага аптыміста. I цешыўся: яго перакананасць, што хутка ўсё наладзіцца, хораша дзейнічае на людзей. I на Сашу таксама – яна весялее ад яго гарачых доказаў i нават, пачуў ён аднойчы, пасля пераказвае людзям яго трапныя думкі.
Але ніхто яшчэ не выказваўся перад ім вось так – прадумана, спакойна, доказна. Гэта – не рэпліка, не раздражнены выкрык на сходзе. Гэта цэлая сістэма поглядаў. Па абавязку яму, Пятру, належала пярэчыць шмат якім думкам старшыні. Але ён не мог. Ён раптам адчуу, як разбураецца створаная ім вельмі прывабная карціна бліжэйшай будучыні. Не кажучы гэта адкрыта, Грамыка як бы даводзіў: усё, што гаворыць ён, сакратар, на сходах – тое ж абяцанне «малочных рэк», якія нібыта пацякуць ад таго, што будзе добра збірацца попел ці фекалій. Пятра агарнула незразумелая трывога. I смутак. Можа, смутак з'явіўся ад таго, што Панасавы словы пра «неразумный атакі» нагадалі яму адзін выпадак, пра які ён многа думаў.
Калі ўвосень сорак трэцяга ix партызанскі атрад злучыўся з арміяй, натуральна, што большасць партызан былі тут жа прызваны ў армію. Адбор ішоў, як кажуць, на вока, пры адным урачу. Пасля, калі Пятро трапіў па спецыяльнасці ў зенітную часць, урач ix палка здзіўляўся: «Які ідыёт прызваў цябе з такім ранением?»
Разам з партызанамі з навакольных прыфрантавых сёл прызвалі ўсіх, каму трэба было ваяваць. Акружэнцаў i тых, хто не пайшоў у армію ў сорак першым, у гэтым раёне было нямнога. Большасць – юнакі, што падраслі за ваенныя гады. Пастроілі ix на зборным пункце ў лясніцтве чалавек тысячу. Маёр закамандаваў: «Партызаны! Тры крокі наперад, шагам – арш!» Выйшла сотня чалавек; ix павялі мыцца ў лазню, стрыгчы, абмундзіроўваць. З імі была Марыя Сяргееўна, маці Сені Пясоцкага, яна сама папрасілася ў армію, урачы трэба былі. Праз тыдзень пасля таго, як яны сталі салдатамі, па яе прыехалі з палявога шпіталя. Вярнулася яна праз два дні, смяртэльна змораная, у заплямленай гімнасцёрцы. Пайшоў ён, Пятро, да яе, Марыя Сяргееўна істэрычна зарыдала:
«Нельга так – неабвучаных, неадзетых… Палавіна ix палягла там, другая пакалечана. Колькі мы аднялі рук, ног! Навошта гэта? Хіба мала крыві?»
Пятро даведаўся: тых хлопцаў, з якімі яны стаялі ў адным страі, праз тры ці чатыры дні паспешлівага навучання кінулі на фарсіраванне Сожа.
Пятро, вядома, не мог паверыць, што нехта зрабіў гэта знарок, каб пакараць хлопцаў за тое, што асталіся пры немцах, жылі ў сёлах, не пайшлі ў партызаны. Марыя Сяргееўна пасля смерці сына зрабілася залішне ўражлівая, плаксівая; у атрадзе за кожнага з ix дрыжала, як за роднага сына. I ён лічыў: зрабілі правільна, што неўзабаве яе спісалі з арміі. Не з яе здароўем, не з яе нервамі быць на фронце! З такой яго думкай згаджаецца цяпер i Саша, калі яны часам успамінаюць Марыю Сяргееўну: яна працуе ў тым жа задняпроўскім раёне.
I раптам Панасавы словы прымусілі i на тэты даўні, амаль забыты выпадак глянуць з нейкага зусім другога боку, як бы з тылу. Яму не хацелася гэтага. Ён не жадаў, каб душу тачылі, як караеды дрэва, сумненні. Хацелася, каб усё было проста i ясна. Пасля такой перамогі! У такую вясну! Паслаць яго к чорту, гэтага мужыка, з яго развагамі.
– Я табе, Андрэевіч, скажу, – зноў азваўся Грамыка. – Я так думаю: мелі б права ў рэспубліцы, у вобласці падумаць разам, калектыўна, параіцца з народам, з табой, са мной, i каб я не баяўся выказацца…
– А чаго ты баішся?
– Самога сябе баюся, – дзіўна ўсміхнуўся Панас. – Сам сабе не веру… Праўда. А каб мы паверылі сабе i адзін аднаму, то грамадой нешта прыдумалі б. Падказалі б бацьку… А то мы маўчым i чакаем, што скажа ён. А раптам ён нічога ўжо не можа такога сказаць, а? Што тады?
– Яго не чапай, Панас. Ён…
– А я не чапаю… Ты бачыў – ён у мяне ў хаце на тым месцы, дзе раней абразы віселі, i я штодня малюся на яго. I дзяцей вучу маліцца. Адну цешчу ніяк прымусіць не магу. Не прызнае, старая качарга. – Ён засмяяўся, выскаліўшы свае буйныя, жоўтыя ад махоркі зубы. Так ён смяяўся часта, гэты пракураны трактарыст i танкіст. Пятро любіў такі яго смех. I ў той міг вясёлы смех ягоны даў палёгку. Смехам старшыня як бы руйнаваў сур'ёзнасць усяе размовы, як бы казаў: намалоў я лухты, пазабавіўся трохі тут, у сасонніку, а цяпер – хопіць, забудзем, зоймемся справамі.
Пятро падумаў з філасофска-інтэлігенцкай разважлівасцю:
«Мужык ёсць мужык, ён заўсёды скептык, i ўвесь час яму хочацца новай эканамічнай палітыкі».
II
Усё напачатку было так, як Пятро марыў, несучы бульбу. Саша недзе затрымалася на візітах. Ён сам наабіраў бульбы i варыў большы чыгунок, чым звычайна. Можна нарэшце дазволіць такую раскошу.
Трашчалі ў грубцы сухія тонкія галінкі, языкі полымя з вясёлым гудзеннем аблізвалі закапцелы чыгунок. Вада яшчэ не кіпела, але на паверхні яе плавалі ўжо шматкі пены. Апякаючы руку, Пятро знімаў пену лыжкай.
Пакуль яны ішлі з Грамыкам i той нёс мяшок, пакуль абіраў бульбу, сек галлё i распальваў у грубцы, у душы яшчэ трымаўся нейкі нядобры асадак – рэштка той трывогі, што з'явілася падчас размовы, рэштка незадавальнення сваім маўчаннем: не да твару гэта сакратару! A запалаў агеньчык – i як бы выпаліў усё, панёс з дымам у комін. А закружыла ў чыгунку вада – i зусім стала весела.
Безумоўна, шмат што робіцца не так, шмат што незразумела. Але чаму ён так балюча павінен браць усё да сэрца? Хіба ўсе гэтыя праблемы – толькі яго ці Панасаў клопат? Думае ўвесь народ, i працуе ўвесь народ. I няпраўда, што ўсе чакаюць, што скажа адзін чалавек. Сам жа ён, Грамыка, не чакае гэтага – працуе ад цямна да цямна, каб лепш i больш насеяць i сабраць ураджай. Вяртаюцца салдаты. Яшчэ шэсць узростаў звальняецца. З якой прагнасцю яны накінуцца на працу! А будуць працаваць людзі – будзе плён працы. Нешта зробяць, каб i ў сяле больш аставалася, у калгасах. Галоўнае – што перамаглі, хоць i вялікай крывёй. A калі мір, то ўсё наладзіцца. Народ – такая сіла, што ўсё адужае.
«З мяне будзе правільны гісторык: я ўжо добра засвоіў, што рухаючая сіла гісторыі – народ», – жартам падумаў Пятро, кідаючы ў грубку, у полымя, сухія палачкі. Седзячы на перакуленым табурэце, ён узяў дроў, не азірнуўшыся, i разбурыў нейкую даччыну гульню.
Ленка закрычала:
– Тата! Блаць не!
Ён павярнуўся. Малая паспела збудаваць з кароткіх сукаватых палачак клеткі, розныя па форме.
Калі ён вярнуўся з арміі, дачка доўга i ўпарта не хацела назваць яго татам. З незвычайнай дзіцячай хітрасцю абыходзілася без зваротку. Яму неяк не ўдавалася заваяваць яе сімпатыю. Гэта таксама засмучала Сашу. Аднойчы яна нават кінула з болем:
– Які ты бацька!
Гэта пакрыўдзіла Пятра, бо ён любіў дачку, меў да яе вялікую пяшчоту i замілаванне. Бяда толькі, што выказваў ix нязграбна, няўмела, а дзецям, мабыць, трэба знешнія праявы любові, ласкі. Прафесія бацькі таксама нялёгка набываецца. Пералом у ix адносінах адбыўся раптоўна. Пад Новы год ён прывёз ёй з горада маленькія саначкі. Падарунак яна прыняла абыякава. Перавярнула, накрыла палазы хусцінкай, зрабіла «хатку» сваёй адзінай ляльцы – Каці. Але калi ён павёз яе катацца i смела пусціў санкі з высокай гары, дачка завішчала ад захаплення i крыкнула на ўсё поле:
– Тата! Шчэ!
Можа, сто разоў яна паўтарала гэтае «Тата! Шчэ!», i сто разоў ён, ашалелы ад радасці, абліваючыся потам, цягнуў па слізкай сцежцы санкі на гapy, дзе чарнелі рэшткі былога ветрака, i з крыкам i галёканнем, што таксама цешыла малую, пускаў уніз – у стары калгасны сад.
Саша расказвала: Ленка, калі вучылася гаварыць, доўга адмоўе «не» ставіла пасля дзеясловаў. «Ленка, хочаш малачка?» – «Хачу не». – «Ленка, упадзеш!» – «Упаду не». А сваю частую просьбу: «Мама, не ідзі нікуды», – вымаўляла так: «Мама, ідзі куды не». К яго прыезду малой пайшоў пяты год, i яна гаварыла ўжо амаль правільна. Але Пятру так спадабалася яе «не» пасля слоў, што ён сам у размове з ёй, з Сашай жартам пачаў гаварыць гэтак жа. I малая, забываючыся, часта пачала вяртацца да свае ранейшай канструкцыі сказаў. Саша спачатку смяялася, а пасля пачала непакоіцца:
– Навучыш, педагог! Смяяцца будуць з дзіцяці. Не кажы так, Лянок. Тата гаворыць няправільна.
Ленка следам за маці пачала рабіць яму заўвагі:
– Тата, правільна не.
Пятро рагатаў. Таму i гэтае «браць не» таксама рассмяшыла. Ленка здагадалася, што ён смяецца, i тут жа выправіла сваю памылку:
– Тата, не тлэба блаць.
Сказала яна гэта з той мілай дзіцячай інтанацыяй, якая заўсёды выклікае ў бацькоў замілаванне. Пятро прытуліў дачку да сябе, пацалаваў беленькія шаўкавістыя валосікі:
– Слаўны ты мой доктар! Але ж нам трэба зварыць бульбачку. Ты хочаш бульбачкі?
– Хачу. З жылам. – I каўтнула слінку.
А ён, бацька, пасля доўга не мог пракаўтнуць горкі камяк, што стаў у горле, рос, душыў, выціскаў слёзы. Дзіця галоднае, але не плача, не просіць – цярпліва чакае. Гаротныя дзеці вайны!
Ленка з неразуменнем i здзіўленнем глядзела на яго: чаму ў таты блішчаць вочы? Спытала:
– Ад дыму?
– Ад дыму, – усміхнуўся Пятро, адпускаючы дачку. – Што ты набудавала тут?
– Сяло. Ета – хата цёткі Гапы, а ета – сельсавет, тут мамчына амбулатолыя, а ета – наш дом.
– О, ды ты вялікі архітэктар!
Пятро дастаў віламі чыгунок, паставіў на прыпечак, ткнуў лыжкай – ці не гатова бульба? Не, лыжка слізгала паміж бульбін.
– Але, Лянок, прыйдзецца табе разбурыць адзін домік. Трэба дровы, каб бульбачка даварылася. Які ты разбурыш?
– Магазін. У ім нічога няма. Мукі не, солі не… i кафет не…
Пятро зарагатаў:
– Правільна, дачка! Разбурым магазін! Усё адно райспажыўсаюз нічога не завозіць нам. Адну гарэлку, ды i тую тройчы разбаўляюць вадой.
Нарэшце бульба зварылася. Адцэджваючы ваду, удыхаючы смачны пах, ён разважаў:
– Але, ты – архітэктар… Мы маглі б з табой будаваць маеты. Але мама нікуды не хоча ехаць. Прыйдзецца нам займацца гісторыяй. Што ж, гісторыя – таксама навука патрэбная. Каб людзі не забываліся на мінулае.
Большасць кніг – а ix нямала – ляжала на стале. Стол Саша раздабыла недзе адмысловы – панскі, можа, стогадовы; дзве ножкі яго першы майстра ўпрыгожыў адмысловай мастацкай разьбой, якую моцна папсаваў шашаль, трэцяя – пазнейшай работы, добра абгаблявана таксама нядрэнным майстрам, а чацвёртая – звычайная бярозавая чурка, яе прыладзіла сама Саша – абы стаяў гэты інвалід многіх войнаў. Стол быў гордасцю ix – багацейшы атрыбут мэбліроўкі i прадмет няспынных кпінаў i жартаў.
Пятро адсунуў кніжкі, газетай заслаў квяцісты «трафейны» настольнік, каб не запэцкаць. Газеты ён шкадаваў не менш, чым настольнік, яны патрэбны былі яму ў працы. У Сашы не было такой павагі да газет, яна ix бязлітасна драла на свае парашкі. I ў ix часам за газеты былі сваркі. Каб знайсці самы нецікавы нумар, Пятро прагледзеў цэлы стос. У «Звяздзе» на дзве пал осы быў змешчаны праект i апісанне забудовы вёскі на 60 двароў. Нават на паперы веска выглядала прыгожа i прывабліва! Яшчэ дні тры назад ён адклаў гэты нумар, каб выкарыстаць у сваёй чарговай гутарцы ці дакладзе. Ён разважаў: надрукавалі такі праект – значыцца, не ва ўсіх раёнах такая разруха, што людзі ніяк не могуць выбрацца з зямлянак хаця б у якія-небудзь хацінкі, а ёсць мясціны, дзе могуць збудаваць вось такія вёскі, як у газеце, – цагляныя, з чарапічнымі дахамі, з тыповымі гаспадарчымі пабудовамі.
Даўшы дачцэ бульбы i наліўшы ў чарапок рыбінага тлушчу, Пятро падсунуўтабурэтку бліжэй да акна, каб яшчэ раз, больш уважліва, прачытаць апісанне праекта казачнай вёскі.
Вокан у пакоі было ажно тры, а святла нямнога. Адно акно ўвогуле было забіта, у двух менш за палавіну шыб – састаўленыя з кавалкаў шкла, рэшта ж – пачарнелая фанера i ржавая бляха. Падчас завірухі праз гэтыя шыбы, як ix ні заканапачвалі, ні затыкалі анучамі, на стол намятала гурбачкі снегу. Усю зіму яны спалі на печы. Добра, што печ – руская, вялікая, траім на ёй было зусім прасторна.
Ужо даўно зайшло сонца. У дні, блізкія да вясновага ці асенняга сонцастаяння, змяркаецца хутка i непрыкметна. Вокны выходзілі на поўнач i ўсход, i Пятро чытаў павольна, ледзьве разбіраючы словы артыкула. Кажуць, на змярканні часцей за ўсё чалавека агортваюць сумота, цяжкі роздум, трывога. Не, у яго гэта нельга было назваць ні трывогай, ні смуткам. Гэта было нешта зусім іншае, i яму цяжка знайсці вызначэнне. Узнікла такая гама пачуццяў, што ён сам ніколі не здолеў бы разабрацца ў ёй, а тым больш расказаць камунебудзь, нават такому блізкаму чалавеку, як Саша. Адно адчуў выразна: не скажа ён калгаснікам пра тэты сапраўдытакі казачны праект. Няхай чытаюць самі. А яму няма чаго гаварыць. Гэта – той самы попел, тое самае абяцанне малочных рэк, пра якое гаварыў Грамыка.
«Ох, Панас, Панас, добры ты чалавек, але гутарыць з табой вось так, з вока на вока i душа ў душу, небяспечна. Можаш ты загнаць вожыка ў мазгаўню».
Саша ўвайшла больш імкліва, чым звычайна. Пятро адразу, яшчэ па яе кроках за дзвярыма, у калідоры, адчуў, што яна нечым усхвалявана…
Паставіла на падаконнік загорнутую ў газету бутэльку. Скінула сваю адзіную шарсцяную сукенку, што была i за рабочую i за святочную, надзела старэнькую, паркалёвую, кароткую. Зрабілася падобная на дзяўчынку-падлетка: худзенькая, грудзі – два маленькія бугаркі, ключыцы тырчаць. Пятру стала шкада яе. Сэрца сціснулася, зашчымелаад жалю i яшчэ ад здагадкі, што Сашына ўсхваляванасць i такое маўчанне маюць дачыненне да яго. Зноў нейкае непаразуменне. Якое? Хто-небудзь з настаўніц плётку пусціў. Ёсць такія ўдовы-зайздросніцы. Im чужое шчасце – што бяльмо ў воку.
– А мы з Ленкай бульбы зварылі. Я пуды два прывалок.
Ленка павячэрала ўжо.
– Добра паела, дачушка? – Саша нахілілася да малой, якая падбегла да яе, падолам сукенкі, па-сялянску, выцерла запэцканы тварык.
– Добра. А чаго ты так доўга, мама?
– Я малачка табе прынесла. – Яна разгарнула газету, наліла з пляшкі.
Малая, стоячы пасярод пакоя, трымаючы шклянку абедзвюма ручкамі, прагна i прыгожа піла, струменьчыкі цяклі па барадзе, на сукенку.
Саша як бы не бачыла мужа, быццам i не было яго.
– Давай вячэраць i мы, Сашок.
Яна не адказала.
Спачатку ён разгублена прыціх. Але хутка адчуў, што у im узнімаецца абурэнне: што за дурная мода вось так маўчаць?
Баліць табе – скажы, закрычы! Я – тут, я – ёсць i разумею, бачу кожны рух тваёй душы!
Можа, i Саша пачула буру, бо раптам падышла да яго i сказала амаль шэптам, але тым шэптам, што гучней за любы крык:
– Ну, дарагі мужанёк, я думала, ты ад маладосці ды дурноты нашкодзіў, як кот. Паверыла, што i праўда гэта было раз… Аж – вунь што ты… Ты… ты, – яна задыхнулася, – ты i пасля знайшоў яе… – Яна крута павярнулася, узяла з ложка плацце, выхапіла з кішэні пакамечаны канверт. – На, ад тваёй пэ-пэ-жэ. Чытай! Радуйся! Яна мужа кідае! Ці не да цябе збіраецца прыехаць?
Пятро ўзяў канверт, нічога не разумеючы, не здагадваючыся нават, пра каго ідзе гаворка. I почырк яму нічога не сказаў. Але, дастаўшы лісток, не вытрымаў – глянуў на подпіс. Тоня! Адкуль яна ўзялася? Як даведалася яго адрас? Ага, на канверце – адрас яго бацькоў. Пісьмо сюды пераслалі яны, бацькі. Зваротны адрас: знаёмая лічба палявой пошты – зенітны полк, дзе ён пачынаў службу i вайну. Толькі тады гэта быў асобны дывізіён, а цяпер – полк.
Нічога дзіўнага: там, у палку, адрас яго бацькоў мог захавацца ў справах, у ранцах ці ў памяці былых саслужыўцаў.
Ён маланкава, вачамі, у паўзмроку прабег кароткае пісьмо. Нічога асаблівага, ніякага нават напаміну пра ix адносіны. Што ж магло абурыць Сашу? Гэта? «Ca Сцяпанам у нас нічога не будзе. Кіну я яго. Афармляю звальненне, паеду да мамы». Ага, вось гэта. «Цяпер я часта думаю (i кажу яму): недарэмна ты даў яму па мордзе. I словы твае ўспамінаю, якія ты сказаў у шпіталі ў Ландсбергу». Але, толькі гэта.
Некалі, яшчэ ў партызанскім шпіталі, ён, расчулены, чыстасардэчна прызнаўся пра сваю выпадковую сувязь з Тоняй. Саша слова яму не сказала, параненаму. Але ён бачыў, што ёй балюча было. Помніць, як раптам змяніўся выраз яе твару, вачэй, як прыкусіла яна губу i якая пасля стала – як бы раптам аддалілася ад яго, зрабілася клапатлівай сястрой, міласэрнай сястрой – не больш. Не без уплыву Марыі Сяргееўны яна пазней зноў наблізілася. А так магло здарыцца, што i зусім аддалілася б. У яго ўжо была з'явілася боязь страціць яе. Калі ён зноў пайшоў на фронт, боязь гэтая вырасла ў страх. Саша падагравала гэты страх сваімі пісьмамі. Як бы між іншым, паведамляла: адзін раз пра тое, што заязджаў да яе Уладзімір Лялькевіч, другі – што ў вёсцы, дзе яна цяпер працуе, размясцілася вайсковая часць i многа маладых афіцэраў, трэці – што да гаспадыні, дзе яна на кватэры, прыехаў на пабыўку сын – афіцэр…