355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Трывожнае шчасце » Текст книги (страница 38)
Трывожнае шчасце
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 02:20

Текст книги "Трывожнае шчасце"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 38 (всего у книги 43 страниц)

VII

– Пятро Андрэевіч, раскажыце міф.

Надзя-паштарка – дзяўчына рыжая, непрыгожая, але надзіва рамантычная, чуллівая. Неяк, седзячы ў сельсавеце без справы, Пятро расказваў ёй i Каці міф пра Нарцыса i быў уражаны, як слухала Надзя – як дзіця казку: дайшоў ён да смерці Нарцыса – i ў яе вачах заблішчалі слёзы. З таго дня Надзя часта прасіла расказаць міф. Пятру падабалася яе дзіцячае захапленне: расказваць такім слухачам – асалода. A галоўнае – расказваеш другім i надзвычай трывала запамінаеш сам. На ўсё жыццё. Любы экзамен пасля не страшны.

Але што расказаць, каб было пад уласны настрой? А настрой у яго на рэдкасць узнёслы. Ці не расказаць што-небудзь пра гарэзу Эрота? Каця па гэтай часці адукавана больш чым трэба, яе любой быллю не збянтэжыш, не тое што казкай. А Надзя?.. Гэтая рыжая, мабыць, таксама штоноч сніць хлопцаў. Пятро падумаў, што ёй, непрыгожай, цяжка будзе знайсці сваё шчасце, i пашкадаваў дзяўчыну. I, невядома чаму, успомніўся паэтычны міф пра Дафну.

– Апалон, бог паэзіі, музыкі, быў хлопец вясёлы, жыццярадасны. Да прыкладу, як я.

– Вы часам бываеце, як хмара, – не згадзілася Надзя.

– Будзеш крытыкаваць – не буду расказваць.

– Не, не…

– Але, як i кожнага смяротнага, аднойчы i бога напаткала гора. I вінаваты ў гэтым яго калега – юны бог кахання Эрот, сын Афрадыты.

– Якую вы бачыце ў сне, – засмяялася Каця.

Пятро адпарыраваў:

– Той самы Эрот, малы шалапут, які даволі часта наведвае Кацю.

Загадчыца хаты-чытальні зразумела намёк – зачырванелася.

– Дык вось… Аднойчы Апалон убачыў Эрота. Малы нацягваў свой залаты лук. Апалон засмяяўся i сказаў яму: «Дзіцятка горкае, навошта ты цягаеш такую зброю? Не пад сілу гэта табе. Ці не ўздумаў ты спаборнічаць са мной? Ці не хочаш ты захапіць маю славу?»

«Чакай, я табе пакажу, – падумаў Эрот, – чые стрэлы больш меткія i робяць глыбейшыя раны». Замахаў бажок сваімі залатымі крыльцамі, узляцеў на Парнас – на rapy, дзе жылі ўсе праслаўленыя багі i героі. Узяў ён там дзве стралы: адну, што запальвае каханне… Гэтую стралу ён пусціў у сэрца Апалону. Другой стралой, якая забівае, знішчае ўсялякае каханне, ён прастрэліў сэрца німфы Дафны, дачкі рачнога бога Пінея. Закахаўся Апалон, як кажуць, па самыя вушы ў Дафну. Красун такі, што любая самлела б, убачыўшы яго. А Дафна, хоць i звычайная дзяўчына была, убачыла яго i – наўцёкі. Як тая казуля ад ваўка. Апалон – за ёю. «Чакай, цудоўная німфа! – просіць i моліць ён. – Куды ты ляціш, як галубка ад арла? Ты ж параніла сабе ногі. Спыніся! Я кахаю цябе! Паглядзі, хто я. Не пастух які-небудзь, не лапцюжнік, а сам бог, сын Зеўса!» Але што ёй да таго, калі ў сэрцы ні кропелькі кахання!..

– Гэта праўда. Хоць ты бог, хоць ты прынц, a калі кахання няма… – уздыхнула Надзя.

– Ой, Надзечка, гэта ты не ведаеш… Перад такім мужчынам, як гэты Апалон, не ўстоіш… – падзялілася сваім багатым вопытам Каця.

З дзвярэй высунулася пляшывая галава Халімона Капыла. Стары ўхмыльнуўся шчарбатым ротам:

– Казачкі расказваем?

– А вы, дзядзька Халімон, не падслухоўвайце, вам нельга слухаць пра любоў. Жонку разлюбіце, – засмяялася Надзя.

Пятру стала ніякавата, што яго падслухоўвалі. Знікла жаданне расказваць. Ды ад Надзі не адчапіцца.

– Ну, i што далей, Пятро Андрэевіч? Дагнаў яе Апалон?

– Дагнаў.

– Эх! I ўсё? – расчаравана зіхнула дзяўчына.

– Не, не ўсё. Адчуўшы, што Апалон вось-вось схопіць яе, спалоханая Дафна пачала прасіць свайго бацьку, бога Пінея: «Татачка родны, памажы мне. Адгані ад мяне гэтага нахабніка. Я баюся яго. О зямля! Праглыні лепш мяне!» Сказала яна так – i тут жа застыла на месцы і… ператварылася ў лаўр, дрэва такое, з якога – лаўровы ліст… Доўга Апалон, засмучаны, стаяў перад зялёным лаўрам. А што зробіш? Нічога. Апалон здолеў зрабіць адно, ён сказаў: «Будзь жа вечназялёны, лаўр. I няхай вянок з тваіх лісцяў упрыгожвае маю галаву, маю кіфару i калчан». Вось i ўсё. Вось што нарабіў свавольнік Эрот, лепшы сябра нашай Каці.

– Не вялікі ён сябра мой, – сур'ёзна i нават як бы засмучана адказала Каця. – Ён сябра тых, хто мае шчасце ў любові, як вы. A ў мяне… Якое яно, шчасце! Адно няшчасце.

З-за сцяны, дзе быў медпункт, пачуўся насмешлівы Сашын голас:

– Апалон Андрэевіч! Баюся я, каб хто-небудзь не прастрэліў тваё сэрца.

Тое, што яго расказ пачула жонка, Пятра ніяк не збянтэжыла – наадварот, яшчэ больш развесяліла. Ён крыкнуў у адказ:

– Багіня мая! Яно даўно прастрэлена. Табою.

Дзяўчаты засмяяліся.

Ляпнулі дзверы медпункта, i на парозе першага сельсавецкага пакоя з'явіўся Панас Грамыка. Весела бліснуў цыганскімі вачамі. Сказаў Пятру:

– Даволі табе забаўляць дзяўчат. I м i так весела. Пайшлі на поле. Пагутарым з людзьмі.

Калі выйшлі ў сад, Панас сказаў:

– Асцярожней ты расказвай падобныя казкі. Асабліва Каці. Шура перавязвала мне палец, i я бачыў, што ёй не вельмі прыемна. Яна жартавала, але я адчуваў, што гэта за жарты. Бабы, брат, яны ўсе на адзін аршын. Раўнівыя.

– Ну, глупства!.. Што можна падумаць, калі чалавек гаворыць на поўны голас, так, што за сцяной чуе жонка, за другой – Капыл?

– Калі ўжо прыйшлося, Андрэевіч, да слова, то я табе раю: пастарайся, каб i Капыл менш чуў… Многа мы давяраем розным капылам.

– А што – хіба яны крамольныя, нашы думкі?

– Не. Але ведаеш, як бывае?.. Часам самыя правільныя думкі твае могуць так перавярнуць дагары нагамі, што сам сябе не пазнаеш.

– Здзіўляе мяне, Панас, такая твая падазронасць… Трымаем чалавека сакратаром сельсавета – i будзем хавацца ад яго?

– Я, Андрэевіч, на шаснаццаць гадоў пражыў на свеце белым больш, чым ты. Мне можна ўжо рабіцца падазроным. Табе нельга, табе трэба верыць людзям, гэта я разумею. Але што да Капыла, то скажу табе шчыра: справы не пагоршыліся б, каб на яго месцы сядзеў нехта другі. Чуў, што казалі інваліды? На чорта нам выслухоўваць такія папрокі!

Пасля моцнага пахаладання, калі выпаў снег i дзве ночы стаяў мароз, зноў цяплела, праўда, няўпэўнена, нясмела. Зямля ад гэтага вясновага снегу набрыняла вадой больш, чым пасля зімовага. Дарогі зрабіліся – ні праехаць ні прайсці. Паўторна разлілася рэчка. У часе снегападу мерзлі шпакі. I цяпер яны спявалі залішне гучна, крыкліва і, здавалася, не вельмі весела – не па-вясноваму, не так, як у першыя цёплыя дні, калі птушкі толькі што вярнуліся з выраю ў родны край, разбіліся на пары, пачалі віць гнёзды. Можа, шпакі аплаквалі цяпер сваіх блізкіх, што загінулі ў холад?

– Ты кажаш: каго нам баяцца, калі мы гаворым нашу партыйную праўду? – пасля працяглага маўчання, уздыхнуўшы, сказаў Панас. – А я сам сябе пачаў баяцца, бо, далібог, перастаю разумець, дзе праўда, дзе няпраўда. За тое, што я табе скажу, Анісімаў напэўна паклікаў бы мяне «на кавёр». У мяне душа гарыць ад злосці на ўсіх, хто прымусіў так рана сеяць. Каб мая ўлада, выклікаў бы ix усіх, ад Анісімава i ніжэй… i вышэй… i без доўгіх размоў гаркнуў бы па-армейску: партбілеты на стол, сукіны сыны! За страчанае насенне. За дарэмна патрачаную працу людскую. Памерзла ўсё, што ўзышло. A ў нас кожны кілаграм зерня – на цану золата… Кожны ўзараны гектар чаго каштуе! А разам з тым, калі падумаеш: а што ім было рабіць? Цягнуць з сяўбой? З такім цяглом – па два дзесяткі схудалых коней на калгас ды па адным трактары-інвалідзе на тры калгасы? З такой рабочай сілай – бабы ды дзеці? I так сяўба расцягваецца месяцы на два. А каб i далей пякло i сушыла, як на пачатку вясны? Зноў загінула б не менш. Вось i думай, дзе праўда?.. Каго вінаваціць? Бога? Вайну?..

– Ты, Панас, як той сафіст. Былі ў Грэцыі такія філосафы.

Яны ішлі па вуліцы, з натугай выцягваючы з размешанай гліністай гразі свае кірзавыя боты. Дабраліся да самага высокага месца – да «гарба», як тут называлі, дзе вуліца як бы пераломвалася. Цераз чужы двор i гарод, па сухой сцежцы, пайшлі ў поле.

– Табе, Андрэевіч, лягчэй: ты можаш ад жыцця схавацца за сваю навуку. Ты хітрую навуку сабе выбраў. Гісторыя зацягвае, як той раман: зачытаешся – не можаш адарвацца.

Пятро падумаў, што гэты практычны селянін i салдат мае рацыю: сапраўды, захапленне міфалогіяй дае яму нямала радасных хвілін i заўсёды неяк хораша настройвае. Як зараз вось – пасля таго як ён прачытаў дома пра Геракла i расказаў дзяўчатам пра Дафну.

Старшыня спыніўся ў канцы гарода, павярнуўся да Пятра з нахмурана-заклапочаным тварам:

– Вось табе яшчэ адзін прыклад. Анісімаў на нарадзе – помніш? – сказаў: убачу, дзе калгаснікі будуць араць на сабе, – галаву знясу старшыні таму…

Збоку ад ix, сядзіб за колькі, шэсць жанчын, па тры за пастронкам з аднаго i з другога боку ворчыка, цягнулі плуг, сёмая, высокая, згорбленая, здавалася, не проста арала – вяла плуг, a натужліва памагала – піхала яго.

Пятро помніў, што ён першы горача запляскаў словам сакратара райкома i быў здзіўлены, што старшыні калгасаў, якія сядзелі побач, не вельмі дружна падтрымалі яго. Узлаваўся тады: баі, самі морды паадрошчвалі, а няшчасныя ўдовы на сабе аруць.

– Правільна сказаў Анісімаў! Ты можаш так спакойна гаварыць? Ды ганьба нам!.. Мне здаецца, не па зямлі яны цягнуць плуг, а па сэрцы маім.

Грамыка павярнуўся, i вочы яго нядобра бліснулі.

– Табе здаецца… Легка вам з Анісімавым гаварыць! – I нечакана вылаяўся: – А што мне рабіць? Коней я не магу ўсім даць. Не выцягнуць яны, коні, i поле i сядзібы. Ды каб я хоць на дзень зняў ix з калгаснага поля – назаўтра быў бы на бюро райкома. Ды i сам я разумею: калгас – аснова. Але пакуль умацуем аснову гэтую, людзі павінны неяк жыць. Не даць ім прысеяць сядзібы? Але людзі павінны есці, каб працаваць. Рабіновіч параіў: няхай рыдлёўкамі капаюць. Дурань! На гэта трэба ў пяць разоў больш часу i поту. Можаш мяне цягнуць на сход, у райком, але я дазволіў па чарзе не выходзіць на работу i вось так ухадзіцца са сваімі гародамі. Пасеяць бульбу – дам коней.

Пятро маўчаў. Што скажаш? Не першы раз гэты хітрун прыціскае да сцяны так, што не ведаеш, у які бок крутнуцца, каб выкруціцца неяк – пабіць яго больш пераканаўчымі довадамі.

Па дарозе, што аддзяляе гароды ад поля, Пятро павярнуў направа, да аратых.

– Не пойдзем туды, – сказаў старшыня, – не будзем растраўляць баб.

– Баішся? – спытаў Пятро, на міг адчуўшы сваю перавагу – смелую рашучасць падысці да жанчын, пагутарыць, можа, нават памагчы.

– Я баюся? – Панас засмяяўся. – Ох, браткі-інтэлігенты! Сялянскія дзеці, а мужыка не разумеюць!

Жанчыны, убачыўшы, што да ix ідуць, спыніліся, выціралі твары хусткамі. Адна закрычала:

– Гэй, мужчыны, хадзіце сюды! Хоць дух ваш пачуем! Як пот ваш пахне!

– Яе Лісцік, відаць, нічым не пахне, – прабурчаў Грамыка.

Пятро таксама пазнаў жанчыну ў вылінялай мужчынскай майцы, з голымі рукамі, без хусткі; гэта яна крычала, удава Ліза, па-вулічнаму – Сарочыха, палюбоўніца старога лесніка.

Пэўна, нехта ca старэйшых жанчын хацеў утаймаваць маладзіцу, бо Ліза гучна адказала:

– A хіба настаўнік не мужчына? Яшчэ лепш: чысценькі, свежанькі… Не адной жа доктарцы нюхаць яго.

– Вось чортава баба, – хмыкнуў Панас. – Зараз ты пачуеш ад яе…

– Трэба напісаць Сталіну, каб прыняў закон: удовам выдавать мужчын па картачках.

– Ты i без картачкі знайшла, – сказала жанчына, што стаяла за плугам.

– Хіба я мужчыну знайшла? Лісцік. – Ліза голасна зарагатала. – Ды i той сухі.

Наблізіўшыся, Пятро паважна павітаўся. Жанчыны адказалі ветліва. Усе. Акрамя Лізы. Яна, здаецца, не адказала. Грубым жэстам падцягнула спадніцу, падол якой быў падаткнуты, яшчэ больш агаліла ногі, заляпаныя зямлёй па калені i мармурова-белыя, надзіва прыгожыя вышэй каленяў. I грудзі яе, поўныя, гэткія ж белыя, здавалася, вось-вось ад глыбокага дыхання пераваляцца цераз нізкі выраз майкі. Пятро сур'ёзна спалохаўся, што гэта можа здарыцца – так бессаромна яна выставіла ix, свае грудзі. Другія жанчыны скіравалі ўсю ўвагу на старшыню, бо ў кожнай свой клопат. А яна, Ліза, не зводзіла вачэй з Шапятовіча. Пятро не ведаў, куды дзявацца ад гэтых вачэй. Глядзець на яе голыя ногі, на грудзі яму было сорамна перад жанчынамі. Скажуць: во парторг вытарашчыў бельмы на голую бабу. Чаго добрага, яшчэ Сашы перададуць. Але нейкая дзіўная, проста магічная сіла цягнула глядзець на яе. У душы змяшаліся павага, захапленне, крыўда, боль… Захапленне сілай, прыгажосцю; боль – што ёй, жанчыне, якая магла б у красе спаборнічаць з тымі багінямі, прыходзіцца рабіць абразлівую для чалавека працу – замяняць каня. У гэты міг ён чамусьці дараваў Лізе нават сувязь з лесніком. Бо колькі ў яе тае радасці ў жыцці? Але чаму яна так глядзіць? Быццам хоча ўдарыць ці ўкусіць. Быццам ён, Шапятовіч, вінаваты ва ўсіх няшчасцях, што зваліліся на яе галаву. Зайздрасць, што ён вярнуўся жывы, здаровы i Саша мае шчасце?.. На нейкі міг яму захацелася абняць яе, прытуліць i сказаць па-бацькоўску: «Не трэба злаваць на ўвесь свет. У цябе таксама будзе яшчэ шчасце. У цябе растуць дзеці…»

– Панаска, родненькі, трэба ж мне бульбачку ад сястры прывезці. Гэта ж дванаццаць вёрст.

– Заўтра я паеду ў раён i сам забяру тваю бульбу.

– Старшынька, калі ж тая мая чарга на каня?

– Я ж усім абвясціў.

– А каб жа мне, старой, хутчэй, у мяне ж планік на самай гары.

– Цётка Куліна, першага мая пасеем табе бульбу. Не гаруй.

– A ці нельга, Панаска, да Вялікадня? А то ж гэты май на Радуніцу якраз. А мне трэба ў лес схадзіць – да сына на магілку.

– Старшыня! А мне давай каня на Вялікдзень! Гэтыя ж багамолкі рабіць не будуць. А мне – усё адно! – гучна патрабавала Ліза.

– Грэх табе будзе, Ліза, – паківала галавой Куліна – высокая кастлявая старая, што стаяла за плугам.

– Грэх? А яму не грэх, Богу вашаму? – Яна пагразіла кулаком небу. – Не грэх, што забраў столькі мужчын? Навошта яны яму? Зямлю араць? Сена касіць? Дзяцей рабіць?

– Жахніся, маладзіца! Што ты плешчаш?

– Во дурная!

– Звар'яцела баба.

Жанчыны накінуліся на яе, i Ліза неяк адразу абмякла, здалася.

– Грэх… Ну, даволі вам плакаць перад старшынёй. Ён адзін вас усіх не прыгалубіць. Не надзейцеся. Запрагайцеся, кабылкі, у плуг самі.

Ліза раптам зноў павярнулася да Шапятовіча, сказала, саркастычна i як бы грэбліва скрывіўшы свае поўныя засмяглыя вусны:

– Ану, інцялягенты, падмяніце старых, дайце ім перадых. Хоць баразны дзве прайдзіце, паспытайце ўдовінага хлеба…

Нельга было адмовіць на такое запрашэнне. Ды Пятро зусім i не думаў адмаўляцца. Навошта? Ён нават узрадаваўся, што сустрэчу i размову з гэтымі жанчынамі можна вось так завяршыць – хоць трошкі памагчы ім, а не проста ветліва развітацца i пайсці далей, не выцершы нават кроплі поту з ілба ў той час, калі яны абліваюцца ім.

У Пятра адразу зніклі скаванасць, разгубленасць; перш ён стаяў, тарашчыў вочы на Лізіны ногі, слухаў размову жанчын ca старшынёй i не мог ім сказаць ніводнага разумнага слова. А што скажаш? Гутарку пра міжнароднае становішча павядзеш, ці што? А тут весела засмяяўся, плюнуў у далоні, павярнуўся да Грамыкі:

– А што, Панас, узялі?

Грамыка плюснуў чорнымі вейкамі, крутнуў галавой. Пятро зразумеў яго без слоў: «Даведаецца Анісімаў, што мы не толькі не забаранілі, a самі цягалі плуг – будзе нам!»

– Ды чорт з ім, з Аніськам! Узялі!

Ліза таксама засмяялася:

– Правільна, Андрэевіч!

I тое, што яна назвала яго па бацьку, яшчэ больш падбадзёрыла Пятра.

Плуг не проста цягнулі за пастронкі, жанчыны зрабілі прыстасаванне: да пастронка прывязалі тры лямкі, абшытыя лямцам ці старымі ручнікамі. «Хамут» такі надзяваўся на плечы.

Ліза грубавата выпхнула з «вупражы» нестарую жанчыну, бадай, сваю аднагодку, але нейкую змарнелую, бледную, i перадала яе лямку Пятру. Грамыка стаў з другога боку.

Пацягнулі.

Кажуць, упачатку любая праца, самая цяжкая, здаецца лёгкай. Не, Пятро з першых крокаў адчуў, што праца гэтая вельмі цяжкая. Можа, ён залішне натужыўся? Ліза ішла лягчэй: раўней ступалі яе босыя ногі па размяклай зямлі, не чырванела ад натугі шыя.

Цяпер ён мімаволі глядзеў на яе шыю, на мармурова-белыя – аж вочы слепяць! – плечы. Найдасканалейшы бюст, злеплены найвялікшым майстрам – прыродай. Цяжкія, растаптаныя боты яго слізгалі па зямлі, i ён, салдат, збіваўся з кроку. Жанчына, якая ідзе за ім, пэўна, бачыць усё гэта. Пятро стараўся ісці раўней, але тады рабілася яшчэ цяжэй. Лямка балюча муляла шрам, i яму трэба было трымаць яе рукой, каб «хамут» не прыціскаўся да грудзей. A Ліза ішла, апусціўшы рукі, як у страі, здавалася, зусім легка. Гэтак жа легка ішоў Панас, злева i чуць наперадзе ад яго.

На другой баразне пот пачаў заліваць вочы. Пятро сцёр яго раз, другі рукавом гімнасцёркі. Вырашыўшы, што ва ўсім вінавата зімовая шапка, на павароце шыбнуў яе пад старую грушу. Ліза ўбачыла гэта – засмяялася:

– Парыць, Андрэевіч?

Як на злосць, сонца, якое колькі дзён ужо рэдка цешыла сваім цяплом, выглянула з-за хмары i прыпякло. Не па-вясноваму – па-летняму.

Хутка Пятру здалося, што з яго суконнай гімнасцёркі вось-вось пацячэ – такая яна зрабілася мокрая, цяжкая. I вочы залівала потам яшчэ горш, так, што Лізіны плечы расплываліся ў нешта бясформеннае, жоўтае, i ён не думаў больш пра ix прыгажосць. Цяпер увесь свет страціў для яго сваё хараство i фарбы. У скроні стукала малаткамі, а боль аддаваўся ў рану.

Яшчэ ўпачатку, на першай баразне, Пятро расшпіліў усе гузікі. А як спыніліся, каб адпачыць, ён вырашыў скінуць гімнасцёрку. Але разам з гімнасцёркай сцягнулася i сподняя кашуля – мабыць, прыліпла, мокрая. Пятро збянтэжыўся, убачыўшы, як жанчыны глядзяць на яго, глядзяць не на твар, не ў вочы – на грудзі, на жывот. Ён не адразу зразумеў, чаму яны гэтак глядзяць, i, як хлапчук, сарамліва прыкрыўся гімнасцёркай. Асабліва дзіўна Ліза глядзела – з дабратой, ласкава, i вочы яе паступова як бы затуманьваліся слязьмі.

– Ну, мужчынкі, хопіць. Дзякуем, – сказала яна.

Яны спыніліся пасярод гарода, не давёўшы баразны да краю, i Пятро наіўна спытаў:

– Чаму?

– Рукі нам адсохнуць, калі мы на вас… араць будзем. Не ведалі мы. Даруйце…

Пятро ўсё зразумеў – усю чуласць i пяшчоту ix сэрцаў. У вачах яго калыхнулася неба, быццам упала на зямлю, i сонца разламалася на многа кавалкаў.

VIII

Нядзеля, але ў школе ішлі заняткі: быў Вялікдзень, а таму дзень абвясцілі рабочым – вялі барацьбу з рэлігіяй. Настаўнікаў радавала, што вучні даволі дружна з'явіліся на ўрокі, усяго які дзесятак дзяўчынак не прыйшло: у звычайны будні дзень i то бывае больш прагульшчыкаў. Класныя кіраўнікі выхваляліся адна перад адной, у каго менш ix – «вялікаднікаў».

Настаўніцы былі ў добрым настроі, вясёлыя, узрушаныя. Але ix весялосць у гэты дзень раздражняла Шапятовіча. Ён ведаў: большасць з ix мясцовыя і, безумоўна, перад тым як пайсці ў школу, добра разгавеліся, ад некаторых нават трохі самагонам патыхае. А цяпер перад ім i дырэктарам выдаюць сябе за вялікіх атэістак.

А можа, ён злаваўся таму, што сам быў галодны – прыйшоў нашча? Напярэдадні садзілі бульбу, пасадзілі ўсё, да апошняй бульбіны, a іншыя запасы, што былі ў хаце, з'елі хлопец-араты i санітарка, якія памагалі ў працы; Саша шчодра пачаставала ix.

Жонка сказала раніцаю са смехам: «Нічога, Пеця, людзі добрыя. Накормяць». Аптымістка! Але думка, што нехта дасць ім, сям'і сакратара партарганізацыі, велікодныя яйкі i нейкі кавалак сала, можа, нават свянцонага, знарок, – такая думка абражала да душэўнай пакуты. I моцна сапсавала Пятру настрой. У настаўніцкай ён быў панура-маўклівы, у класах – няўважлівы i залішне добры: не пытаў, не ставіў адзнак, не распрацоўваў новага матэрыялу, даваў задание – чытайце самі. Бачыў: вучні насцярожаны такой дабратой, робяць выгляд, што чытаюць, а на самай справе кожны з ix думае пра нешта сваё. Пра што? Немагчыма здагадацца, гэтак жа, як не толькі з ix, дзяцей, але ніхто з самых праніклівых дарослых, псіхолагаў ніколі не здагадаўся б, пра што думае ён, настаўнік, стоячы каля акна i гледзячы ў зарэчную далеч, дзе на ўзгорку сінее хвойнік. Паспрабуй – здагадайся, што ў гэты час ён думае пра помету Медэі. Трагедыя Эўрыпіда нават у перакладзе па падручніку міфалогіі зрабіла незвычайнае ўражанне. Прачытаў уначы – доўга не мог заснуць. Раніцой расказаў жонцы легенду. Чакаў, што Саша адмахнецца ад яго новай казкі: «Глупства. Ніводная маці не заб'е сваіх дзяцей». Але яна, як ніколі раней, задумалася i згадзілася: «Ад рэўнасці жанчына ўсё можа зрабіць».

Гэта ўразіла яго яшчэ больш.

Уласна кажучы, не сама трагедыя, а Сашыны словы вярталі да думак пра Медэю, пра таямніцы жаночай душы. I яму палюбіўся гэты роздум пра тое, што, магчыма, недзе з некім i здарылася тры тысячы год назад. Тры тысячы!.. Такая даўнасць неяк хораша адводзіць думкі ад надзённасці: пачынаеш забываць няшчырасць настаўніц, уласнае адчуванне голаду, пра сход у Панізоўі, які трэба заўтра правееці,– збяруцца людзі ці не?.. Але нішто не скарачала час, урокі цягнуліся як ніколі доўга. I, як ніколі раней, Пятро ўзрадаваўся, калі яны нарэшце скончыліся. Рушыў быў дадому. Але ў акне сельсавета ўбачыў адзінокую постаць Бабкова i павярнуў туды.

Іван Дзямідавіч сустрэў словамі:

– Хрыстос уваскрос, ліха на яго, а нам з табой клопат: чуе мае сэрца – не робяць нідзе. Бачыш? – Ен паказаў праз другое акно за раку. – У Грамыкі ўсе коні на лузе гуляюць. Хаця б загнаў куды ў кусты. Наскочыць Анісімаў – не мінуць нам бюро. Трэба, Андрэевіч, узяць нам каня ў гэтага куркуля ды паехаць па калгасах.

Пятро ўзлаваўся – незразумела чаму:

– Ды ну яго к чорту! Што дасць наша паездка? Калі не выйшлі з раніцы, то хто пойдзе цяпер, пасярод дня? Няўжо ты думаеш, што можна адным махам скончыць з верай?

Бабкоў уздыхнуў:

– Вайна i тут шкоды нарабіла. Да вайны мы ў любое папоўскае свята нядзельнікі рабілі. Усе выходзілі – ад малога да старога.

Пятро не вельмі паверыў у гэта, бо даўно ўжо прыкмеціў, што старшыня сельсавета, як ніхто іншы, шчыра перакананы, што да вайны ўсё было лепшае: партработа, гандаль, антырэлігійная прапаганда, нават людзі былі лепшыя, а цяпер – усё не так, усё папсавана вайной, i людзі ў тым ліку. Гэтую яго рысу Саша неяк растлумачыла проста i па-жаночы мудра:

– Да вайны чалавек меў шчасце, сям'ю. А цяпер што ў яго асталося? Адны ўспаміны.

Сапраўды, Бабкоў жыў успамінамі. Мабыць, адчуўшы, што Пятро сумняваецца ў верагоднасці яго слоў, стары пачаў горача расказваць, як яны працавалі да вайны i як усё хораша ішло – як па масле.

Пятра пачало раздражняць бабкоўскае захапленне ўсім даваенным, гэтак жа, як раздражняла ханжаства настаўніц. Ён знарок, на злосць старому, пачаў пярэчыць: усё было зусім не так. Бабкоў узлаваўся. I яны трохі не пасварыліся. Перашкодзіў Грамыка. Прыйшоў вясёлы, з хітрымі смяшынкамі ў вачах i запрасіў ix да сябе на абед.

– Пайшлі, хлопцы, пацешым душу на бабскае свята. Наямося да новага ўраджаю. Цешча бычка зарэзала. Ну, i ўсё другое, як мае быць на Вялікдзень. Нават пляшку недзе дасталі, чортавы бабы, неразліўной, чыстай маскоўскай.

Бабкоў адразу згадзіўся.

Пятра гэта здзівіла i ўзлавала. Ён добра ведаў слабасць старога: чарка для яго – адзіная i наймацнейшая спакуса. I, аднак, трэба ж мець нейкі прынцып! Толькі што рваўся ў калгасы, баяўся Анісімава, i вось – ураз пра ўсё забыўся. У яго, Пятра, ад напамінкаў пра мяса i яйкі таксама забурчала ў жываце i пагнала сліну. Але ўсё-такі нельга забывацца, што ты не проста настаўнік, а партыйны кіраўнік, выхавацель i дзяцей i дарослых. Што яны падумаюць?

– Падвядзеш ты, Панас, пад манастыр i нас i сябе. Раззвоняць: камуністы Вялікдзень спраўлялі. Крый божа, дойдзе да Анісімава… ён з нас спусціць стружку.

Казаў, а на душы было пагана, бо адчуваў, што словы яго няцвёрдыя: урэшце i ён не вытрывае перад такой спакусай – гэтак паабедаць! Таму выходзіць, што ўшчувае ён няшчыра – ці то каб паказаць сябе перад таварышамі па рабоце лепшым за ix, ці то – каб застрахавацца на ўсякі выпадак. Хіба гэта не такое ж ханжаства, як у тых настаўніц? Хіба не лепш згадзіцца адразу, як Бабкоў? Усё адно недзе трэба есці, не галадаць жа ў знак пратэсту супроць Вялікадня.

– Ніхто не будзе званіць, Андрэевіч. Не бойся. Не думай, што людзі не разумеюць. Ды ім самім Бог – для прыліку. Хіба такія, як цешча мая, шчыра вераць? А так… Чуў, што Лізавета казала? Але хочацца людзям, каб хоць адзін дзень мець свята…

– Будзе Першамай.

– Мы з табой i на Першамай не дамо пагуляць. Аб'явім рабочым днём…

– Аб'явім, а выконваць будзем, як сёння. Чаго варта пастанова, за якую прагаласавалі? Ніводнага чалавека на полі…

– Хаця б коней куды загнаў далей ад дарогі,– нечакана падтрымаў Бабкоу. – Паедзе хто з раёна – адразу ўбачыць, што ў полі нікога…

Грамыка неяк дзіўна ўсміхнуўся, крутнуў галавой.

– Ох, умеем мы ад саміх сябе хавацца! Коням таксама трэба хоць адзін дзень свята, яны з пастронкаў не вылазяць.

Пятро зразумеў, што першай фразай Грамыка адказаў не Бабкову, а яму – на яго ваганні, на яго спробу прыкрыць слоўнай заслонай згоду паабедаць. Гэта кранула за жывое. Што цяпер лепш – катэгарычна адмовіцца ці рашуча згадзіцца? Toe, што хітрун гэты бачыць, як кажуць, наскрозь i глыбей, чытае нават тыя думкі, якія сапраўды часам сам ад сябе хаваеш ці, ва ўсякім разе, не адразу даеш ім права ўплываць на рашэнні,– прымусіла адкінуць прэч усялякую дыпламатыю i агаворкі:

– Пайшлі. Было не было. Бюро нам усё адно не мінуць. Не за гэта, дык за другое.

Пятра бянтэжыла, што дома ў Грамыкі сямідзесяцігадовая цешча, якая, чаго добрага, яшчэ пачне «хрыстосавацца», i дзеці – школьнікі, сын i дачка. Але Панас i жонка яго Гаша, увішная i па-сялянску вельмі практычная, усё прадугледзелі: ні старой, ні дзяцей у хаце не было. Але былі ўжо там Саша з Ленкай i жонка Бабкова з сынам ад першага мужа, што загінуў у партызанах, у атрадзе Івана Дзямідавіча.

Жанчыны памагалі гаспадыні збіраць на стол, хоць там стаяла ўжо столькі смакаты, што ў галоднага Шапятовіча ажно заныла ў жываце. Хутчэй бы за стол!

Ды раптам на вуліцы загурчаў матор, фыркнуў, чмыхнуў, заглух. Каля хаты спыніўся «віліс».

– Анісімаў!

На нейкі момант усе яны – i мужчыны i жанчыны – анямелі, застылі ў недарэчных паставах, магчыма, у больш ненатуральных i смешных, чым гараднічы, яго сям'я i ўсё акружэнне ў фінале «Рэвізора». Ніхто не ведаў, што рабіць.

Нарэшце Грамыка скамандаваў шэптам, як у начной атацы:

– За мной! – I гэтак жа, як на фронце, прыгнуўшыся, шмыгнуў у дзверы.

Бабкоў – за ім. Каманда i яе выкананне былі такія рашучыя, што Пятро таксама падначаліўся i выскачыў следам за імі ў недабудаваныя сенцы.

За дзвярамі стаяла лесвіца на гарышча. Грамыка ca спрытам ката, за два бясшумныя скокі, апынуўся там, у падстрэшшы сваёй новай хаты. Нязграбна палез па лесвіцы i Бабкоў, шэптам мацюкаючыся. I толькі тады Пятро зразумеў сэнс Панасавай каманды. I спыніўся… Гэтак ганебна, па-дзіцячы хавацца ад свайго сакратара райкома? Зрабілася i сорамна i крыўдна. Пятро з адчайнай рашучасцю выйшаў у двор. На фронце гэта называлася «прымаю агонь на сябе». Але там быў вораг. А тут… Угледзеў Анісімава – знікла рашучасць. Што сказаць? Выдаць ix, Бабкова i Грамыку? О не! Гэта была б здрада.

Сакратар райкома стаяў каля «варот» – дзвюх жардзінак, што адгароджвалі вуліцу ад двара, уважліва разглядаў аснову будучых сапраўдных варот – свежаабчэсанае дубовае шула. Ён не спяшаўся заходзіць у хату, спакойна чакаў, што нехта выйдзе. Навошта няпрошаным госцем урывацца ў чужую хату? Але калі ўбачыў Шапятовіча, то адразу страціў свой спакой. Натапырыўся, зрабіў крок наперад i застыў у такой паставе, быццам падрыхтаваўся для ўдару; сашчапіў пальцы рук i выкручваў так, што трашчалі суставы. Усе ў раёне ведалі гэты анісімаўскі жэст i жартавалі: «Ломіць пальцы – чакай буры».

Нізкі, шчуплы сакратар у той міг чамусьці здаўся Пятру асілкам, карчом, вуглавата-калючым. Калючыбыўпраніклівы погляд яго кругленькіх шэрых вачэй, а коратка падстрыжаныя, пад бокс, сіваватыя вал асы – звычайна – лагодны вожык, нейкі хлапчукоўскі, такі, што часам у добрым настроі хацелася яго пагладзіць, – цяпер здаваліся калючымі, як іголкі дзікабраза.

Учарашні салдат, якога доўга прывучалі да пакорлівасці i бездакорнага падначалення, Пятро ўвогуле баяўся начальства, ва ўсякім разе, губляўся перад ім. Але калі яго выбралі сакратаром партарганізацыі, ён доўга i настойліва пераконваў сябе, што яму няма чаго баяцца Анісімава, старэйшага таварыша, партыйнага кіраўніка, які б той ні быў круты характерам. Яго злавала, што другія гэтак баяцца Анісімава i нават не хаваюць сваёй боязі.

Але перад такім натапыраным Анісімавым i ён збаяўся.

Сакратар крыва ўсміхнуўся i спытаў з едкім сарказмам:

– Што, Шапятовіч, качаем яйкі?

Варта было i яму адказаць жартам, але да гэтага ён дадумаўся пасля – што жарт мог бы хоць трохі ўлагодзіць сакратара, змякчыць. А ён пачаў «выкручвацца» на поўным сур'ёзе:

– Не. Я толькі з урокаў. Шукаю Грамыку.

– Дзе ж ты яго знайшоў? – Анісімаў ступіў бліжэй, тварам у твар, вочы яго, злосныя i насмешлівыя, здавалася, прасвечвалі наскрозь i ўсё бачылі, усё чыталі, а таму Пятру стала страшна глядзець у ix, у гэтыя вочы.

– Не знайшоў. Няма. Дома яго няма.

– Можа, памагчы знайсці? А? Я маю вопыт у шуканні старшынь.

Пятро пахаладзеў. Не ад боязі, што сакратар знойдзе Грамыку i Бабкова. Не, на гарышча ён не палезе… A калі зойдзе ў хату, убачыць жонак ix – Сашу i Соню, яго, Пятрова, мана стане відочная. Ды яшчэ накрыты стол… Ці дадумаліся жанчыны хоць прыбраць са стала? Усё адно, калі нават i прыбралі, дурань i той зразумее, што старшыні схаваліся i што збіраліся яны тут з жонкамі i дзяцьмі не дзеля абмеркавання, як падняць людзей на работу, i не дзеля палітвучобы. Як гэта агідна – хлусіць! Але хто тоне – хапаецца за саломінку. Толькі б не быць выкрытым тут жа! А таму адна хлусня цягне другую.

– Жонка кажа: у поле пайшоў…

– У поле? Ды няўжо? Дзіўна. – I пацёр далоняй аб далоню так, што яны заскрыпелі, як здубелая скура. – Колькі ж у яго людзей у полі? Плугоў? Колькі ўсяго людзей працуе ў калгасах? Дзе што робяць? Таварыш сакратар партарганізацыі!..

– У мяне былі ўрокі. Я хацеў узяць каня i… праехаць паглядзець…

– Усё-такі хацеў? Ты глядзі, які ініцыятар! Гарыць чалавек. А на што вы хацелі паглядзець? На пустое поле? – Анісімаў адступіў на два крокі, назад да шула, у вачах пагаслі іскры сарказму, але затое разгарэўся гнеў; лоб i вусны пабялелі, а шыя налілася крывёй. – Вы каму, Шапятовіч, тлуміце галаву? Сакратару райкома? Вы добра ведаеце, што ні ў адным калгасе няма ў полі ніводнага плуга, ніводнага чалавека. Вы забыліся на рашэнне райкома! Я напомню вам яго! – Ён дастаў з кішэні гімнасцёркі гадзіннік – цыбуліну без ланцужка, глянуў на яго. – К шасці – на бюро! Усе старшыні калгасаў! Вы! Бабкоў!

Пятро не паспеў нічога адказаць, як Анісімаў апынуўся ў машыне i аблезлы, аблеплены гразёй «віліс» сарваўся з месца. Цяпер было не да абеду. Да шасці аставаліся нейкія чатыры гадзіны, а трэба аб'ехаць пяць калгасаў за тры-чатыры i нават за шэсць кіламетраў, а потым дабрацца яшчэ да райцэнтра.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю