355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Подых навальніцы » Текст книги (страница 30)
Подых навальніцы
  • Текст добавлен: 20 сентября 2016, 16:05

Текст книги "Подых навальніцы"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 30 (всего у книги 38 страниц)

Прыйшло на памяць, як стаяў тут, глядзеў на гэту рунь, калі думаў, як быць з Ганнаю. Тады – пакуль рашыў, думаў, бедаваў. Гэта рунь, зямля гэтая памагла тады рашыцца. І от – на табе – паспадзяваўся! Збярог грунт пад сабою! Жыццё як бы смяецца з яго!.. "А мо – i праўда – кінуць усё: прападзі яно пропадам! – вярнулася раптам зноў да Васіля. – Кінуць, ды – з Ганнай!.. Куды вочы глядзяць!.." Нейкі час ён чуу сябе рашуча i легка, нібы раптам парвалася тое, што аблытвала, нібы скінулася тое, што гняло, што пякло яго.

Раптам зноў пачуў сябе вольна, шчасце, вызваленне ад нягод былі ўжо не тое што недасяжнай марай, а быццам рэальнасцю: бяры, цешся жаданай сваёй доляй. Але лёгкасць была яшчэ карацейшая, як раней: амаль адразу ж, звыклае ужо, неадступнае, заныла, апанавала: куды ён пойдзе, як ён кіне ўсё, што трымае яго! Для чаго ён абавязаны жыць!.. За гэтым яшчэ мацней запякло трывожнае: "Што ж яно будзе з етай зямлёю? Няўжэ ж i праўда усё, кончано?.."

У трохі парадзелым змроку Васіль заўважыў, што да яго ідзе постаць. Калі чалавек падышоў бліжэй, пазнаў – Ігнат. У свіце, у чорнай барановай шапцы.

– Не ўседзеў, нібыто, – загаварыў хапаючыся, давольна. – Забег ето да цябе, иытаюся матку: дзе? Кажа: "Пайшоў кудысь". "Шчэ як спалі ўсе", – кажа. Я i падумаў: куды ето пойдзе добры хазяін у такі дзень? І – сюды рашыў…

Васіль хмурна прамаўчаў.

– Не аддаваць трэба, – так жа хутка, але з запалам загаварыў Ігнат, адгадаўшы Васілёў неспакой. – Не аддаваць! На паласу не дапускаць! Я так – нібыто – i скажу: не аддам! І не пушчу!

– Пытаць яны будуць! – цвяроза, насмешліва прамовіў Васіль.

– Не дам! Не дам – i ўсё! – запаліўся яшчэ больш Ігнат. Нецярпліва патупаў, падаўся плячом наперад. Нацяўся ўвесь, рашучы, адважны, гатовы на ўсё: – Біцца буду! Кажнаму дам, хто палезе!..

– Так i ў цюрму нядоўго, – стрымана, як старэйшы, сказаў Васіль.

– Пляваць! – Ігнат гаварыў яшчэ напорлівей, з нейкай злой пісклявасцю. – У пысу буду біць кажнаго, хто палезе! A наўперад етаго, Дамецікаваго байструка! Еты болей за ўсіх вінаваты. Кеб не ён, дак усе іначай було б!..

Васіль не сказаў нічога: не было ахвоты гаварыць, – i Ігнат, грозячыся, злуючыся, таксама змоўк. Неастылы, нецярплівы, рушыў быў ад Васіля, але праз колькі крокаў рэзка стаў, яшчэ параіў:

– Не давай! На паласу не пушчай!..

Пасля яго Васілю было i несиакойней i нібы лягчэй: не такое ўжо безнадзейнае бачылася усё. З прылівам нядаўна не знанай смеласці думаў: "Не даваць, – праўду сказаў! Як падыдуць адразаць, стаць наперадзе i заявіць: "Не дам!" І – не пушчаць, – штоб i на паласу не заходзілі! Учапіцца нагамі ў землю – i не пушчаць!.. У міліцыю возьмуць – няхай бяруць! Усе адно – як забяруць землю ету – не жыць!.. І калі ў суд – няхай судзяць!.. – Тут думка трохі змянілася: – Еж, пэўне, i на ix суд. Буць не можа, штоб не було. Як жа ето: прыйсці i ўзяць – без усяго ўсякаго! – Зноў прыйшло, як апошняе, канчатковае: – Не дам! Хай хоць што!."

Паволі святлела. Усё шырэй расступалася поле, усё далей i танчэй акрэсліваўся лес. Была ўжо добра відаць груганячая постаць старога Глушака, – прыкра нагадвала бой з Яўхімам, Ганніну бяду, абуджала назалелае адчуванне безнадзейнай заблытанасці жыцця. Наводдаль сышлося некалькі дзядзькоў – штосьці меркавалі купкаю, курылі. Сярод ix быў, здалося, i Ігнат.

Васіль хацеў быў ужо рушыць да ix, калі заўважыў: хтосьці збочыў з дарогі, нацянькі прастуе да яго. Жаночая постаць. Матка! Канешне, – каб яна ды ўседзела недзе, не прыбегла, калі i без яе такая маркота.

– А я ето думаю – дзе ён? – загаманіла бесклапотна, як бы ні пра што i не здагадвалася. Як бы так сабе прыбілася. – Сышоў кудысь, i не відно!..

Васіль недавольна адвёў позірк.

– Хадзем ужэ, паснедаем… – наважылася асцярожна, лагодна. – Картопля астыне… Век халодную ясі…

Толькі пра тое i клопату цяпер яму: картопля астыне! Па гаворцы, па жаллівых вачах яе разумеў: ведае ўсё, але хавае трывогу. Хітруе. Прытвараецца. І гэта яшчэ злавала.

– Не бядуй, – як бы адгадала яго думкі.– Жылі без етаго, пражывём як-небудзь i цяпер…

– Ат, – нядобра варухнуўся ён.

– Пражывём… – Яна тут жа змянілася, стала нібы заклапочанай, дзелавітай. – І тое падумаць: чаго тут тырчаць. Начальство ў сяле шчэ. Міканор шчэ спіць.

Ён неахвотна паплёўся: абы адчапіцца, не чуць яе хітрыкаў. Усё адно не дасць стаяць.

4

Паснедаўшы, Васіль корпаўся пад павеццю, сачыў за ўсім, што робіцца на Міканоравым двары, на вуліцы. Ён бачыў, як весела, у расхрыстанай свіце, з кепачкай на макаўцы ступіў на двор, нібы свае, адчыніў дзверы ў Міканораву хату Хоня, як у драным, абсмыленым кажуху подскакам узбег на ганак Зайчык, як паважна, у чорнай крамной паддзёўцы, з блішчастым казырком, зайшоў Андрэй Руды, як сціпла адчыніў дзверы Грыбок, як пазней за ўсіх – ціхі, задуменны, схаваўся ў сенцах Чарнушка. Выходзіў на двор i вярнуўся ў хату Міканор, каморнік не паяўляўся, але Васіль ведаў, што ён таксама ў хаце. Потым ужо – усе даўно йаснедалі – йрыкаціў на калёсах з Алешнікаў строгі, акуратны Гайліс, прывёз яшчэ нейкага чалавека, немаладога, у гарадской вопратцы. Гайліс прывязаў каня да Міканоравага штыкетніка, i абодва, з Міканорам, што выбег насустрач, таксама пайшлі ў хату.

Чым больш збіралася ў Міканоравай хаце камісіі, тым больш расла ў Васіля трывога. Яна асабліва вялікай, важкай стала тады, як прыехаў i зайшоў да Міканора Гайліс. Нядобра ныла ўсярэдзіне, калі гадаў, што там у хаце гавораць, што рыхтуюць. Бачыў, што i ў суседніх дварах сочаць, чакаюць. Было відаць, усё сяло жыве тым, што мае пачацца, i гэта яшчэ ўзварушвала трывогу. І – нібы знарок – не было начной рашучасці, i млявасць была ў нагах, у руках. Аж брыдка браў страх…

Усярэдзіне заныла больш, калі ўбачыў, як выйшлі ўсе з хаты, сталі выносіць нейкія прылады, доўгую паласатую дошку, нізку жалезных шпянькоў, круг з лентай. Між тых, хто збіраўся ў поле, былі Дамецік i Дамеціха. Дамецік – вольны ў рухах, упэўнены, Дамеціха – нясмелая, як бы вінаватая. Акрамя Дамеціхі, выгляд ва ўсіх быў заклапочаны, дзелавы. І гаворка – мяркуючы па тым, што даходзіла, – была дзелавая.

Пачуўшы гэту гамонку, на бліжнія двары, на вуліцу павыходзілі людзі, сталі збірацца, сачыць за важнымі зборамі. Не стала сядзець у хаце матка, выцягнуўся дзед, перавальваючыся, саступіла з ганка Маня. Стаялі ля плота, глядзелі на вуліцу. Дзед курыў люльку, сіпла кашляў.

Матка раз-пораз аглядвалася, нібы абыякава, бесклапотна. Бесклапотна ж падышла к Васілю, пачала зноў, як малому:

– Нічого. Жылі да етаго, пражывем i без етаго. Да i тое ж падумаць – удзеляць жа нечаго!.. – Заўважыла, як ён недавольна варухнуўся, хітра перамянілася: – І папрасіць можно, Дамеціху ці Міканора самого… Штоб не абдзяліў там, дзе даваць будуць…

Толькі i ўмее: вярэдзіць; Васіль адвярнуўся, паказаў, што не хоча слухаць. Нелагодна, з-пад ілба прасачыў як адны на калссах, a друпя пешкі, паўз платы, рушылі к полю.

Патупаў трохі каля хлява, падаўся на прыгуменне. Пакорпаўся тут, не бачачы, што робіць: не мог ніяк адолець вялікага неспакою, брыдкай млоснасці, што поўніла ўсяго, як i раней. Паглядваючы спадылба, бачыў: на прыгуменнях там i тут збіраліся купкамі, заклапочана гаманілі. Некалькі чалавек прайшло ў бок цагельні, вясёлыя, цікаўныя, панурыя, – а ён усё корпаўся, усё не мог дабіцца цвёрдасці, яснасці, адолець нясмеласці. Як бы нанава чуў грозную латышову гаворку на сходзе, якая асабліва трывожыла: не адзін ён ведаў, што латыш слоў на вецер не кідае; з Гайлісавымі словамі нібы бліжэй чулася юравіцкая баковачка, пагроза юравіцкага Зубрыча: "Можам i вярнуць!" Не ціхлі, не адчэпліваліся матчыны жагнанні. І ўсё ж яна карцела, зямля, яна нібы звала яго заступіцца; ні на міг не глухла у ім адчуванне, што калёсы едуць да цагельні, што хутка ўсё пачнецца. Што блізкаблізка момант, які ўсё вырашыць. Што не можна сядзець, марудзіць.

Ён кінуў граблі, якія чамусьці трымаў, важка рушыў з прыгумення. Як нешта далёкае, заўважыў, што пачаў цярусіць дождж, заўважыў i тут жа забыў; адразу за гумнамі вочы ўлавілі, дзе ўжо калёсы. Калёсы набліжаліся да цагельні. Даехалі да куны асін i хвой, збочылі ў поле, на час схаваліся за дрэвамі.

У полі стаяла некалькі групак – мужчыны i жанкі; Васіль прыбіўся да адной, у якой быў Ігнат i яшчэ некалькі дзядзькоў. Ён хутка заўважыў, што большасць дзядзькоў настроена мірна: толькі ў двух, акрамя Ігната, было тут трохі поля, – але i двое гэтых, здавалася, не бедавалі ці не паказвалі бяды. Быццам рашылі: што будзе – тое будзе. Васіль толькі ў Ігнату пачуў свайго аднадумца. Усё ж ён, як i Ігнат, не адыходзіў ад іншых: дзіўна, нават ля гэтай групкі было неяк спакайней, цвярдзей. Ціха ўвайшло кволае: а можа, i праўда – саступіць? Што будзе, тое будзе? Але ён адагнаў гэту думку.

Бачылі, як – у самым кутку поля за цагельняй, каля лесу, калёсы сталі, як каморнік стаў корпацца на калёсах. Расставіў трыногу, прыладзіў нейкую прыладу; адзін з дзядзькоў сказаў, што там ёсць такі бінокль, які паказвае, як мераць. Незнаемы, якога прывёз Гайліс, пайшоў краем поля, паўз лес, з доўгай дошкаю; дзядзька сказаў, што яе завуць рэйкай. Незнаемы, адышоўшы, стаў, паставіў рэйку перад сабой, a каморнік стуліўся каля сваёй прылады, пачаў углядвацца ў "бінокль". Яшчэ двое – было відаць: Хоня i Грыбок – пацягнулі ленту. За імі з нізкай шпянькоў пасунуўся Чарнушка. Спыняўся ля Хоні, раз-пораз утыкаў шпянькі ў зямлю. Латыш i Міканор то падыходзілі да ix, то, найбольш, былі каля каморніка…

Як пачалі набліжацца да Ігнатавага надзелу, Ігнат, увесь падаўшыся наперад, шаргаючы лапцямі, рушыў насустрач ім. Ён перайшоў поле, стаў з таго краю, дзе мералі. Мершчыкі былі блізка, але не падступілі зусім, – ён стаяў трохі, чакаў. Незнаемы з паласатай рэйкай на плячы хацеў прайсці паўз яго, але Ігнат штосьці крыкнуў, i ён стаў. Азірнуўся ў бок каморніка. Там ужо складвалі трыногу, палажылі на калёсы i паўз поле пакіравалі да таго, што стаяў з рэйкаю. Не даехалі, спыніліся, сталі зноў расстаўляць трыногу. Хоня i Грыбок першыя заўважылі, што ў незнаёмага з рэйкай штосьці няладнае, – кінулі мераць, падаліся да яго. Упала гэта на ўвагу i Міканору i Гайлісу, – таксама рушылі да Ігната i тых, хто сабраўся каля яго. Было відна: там пачалася спрэчка. Ігнату загадвалі сысці, а ён упіраўся, штурхаў рэйку, штосьці крычаў. Раптам вырваў рэйку, адскочыў, шырока размахнуўся. Усе асцярожліва адхінуліся, адступілі. Зноў загадвалі нешта, але ён не слухаўся. Трымаў рэйку напагатове. Тады Хоня стаў абыходзіць яго. Выбраўшы зручны момант, кінуўся ззаду, стаў валіць. Рынуліся да Ігната іншыя. Павалілі…

Да ix сталі збірацца дзядзькі, жанкі. Васіль таксама, няўпэўнена, насцярожана, пацягнуўся. Да таго як ён падышоў, Ігнат стаяў ужо ca звязанымі за паясніцай рукамі. Чырвоны, з рэдкімі, прыліплымі да мокрага лба сіваватымі валасамі, невідуча паводзіў ашалелымі вачыма. Напінаў рукі, тузаў гілячыма, ірваўся.

Гайліс выняў блакноцік, хацеў было штосьці напісаць. Раптам рэзкім рухам схаваў блакноцік, загадаў падагпаць калёсы. Калі Зайчык рухава, увішна падскочыў з калёсамі, Гайліс з Міканорам падсадзілі Ігната на драбінку. На драбінку з другога боку лёгка ўскочыў Гайліс, загадаў ехаць. Зайчык, які ўмомант апынуўся на перадку, тузануў лейцамі. Усе, хто засталіся, хвіліну глядзелі ўслед ім, маўчалі. Міканор першы схамянуўся, распарадзіўся ісці рабіць. Выбраныя ў камісію адразу пачалі разыходзіцца: Хоня з Грыбком i Чарнушкам, што падышоў быў пазней, падаліся зноў да пакінутай ленты, – a каморнікаў памочнік панёс далей рэйку.

Людзі, якія збегліся з поля, цяпер ужо не адыходзілі, сачылі зблізку то за тымі, што мералі лентай, то за чалавекам з рэйкай, то – найбольш – за Міканорам i каморнікам, які чарадзейнічаў са сваёй недасяжнай звычайнаму розуму прыладай; штосьці варажыў над паперай, у якую раз за разам заклапочана глядзеў. Сярод дарослых круцілася некалькі малых, якія невядома калі паявіліся. Васіль ішоў з усімі i чуў, як расце ў ім адчуванне блізкай, безнадзейнай i разам – непазбежнай небяспекі. Хваравітая, блытаная, нібы ў гарачым тумане, расла ў ім нецярплівасць. Галава была важкая, ні адной думкі; недарэчная, упартая, у гарачую няцямнасць, што поўніла галаву, лезла адно цікаўнасць: Грыбок, Хоня i Міканор падступаліся ўжо да Глушакоў; а там, каля краю надзелу, як межавыя слупы, стаялі стары i Яўхім. Прыкмеціў: Чарнушка адстаў, аддаў шпянькі Грыбку, не ішоў к Глушакам – але болей Васіль не бачыў Чарнушку. Глядзеў толькі на Яўхіма. Яўхім стаяў, расставіўшы ногі, прыгнуўшы галаву, якая нібы ўрасла ў плечы. Нецярпліва курыў, гатовы, здавалася, любы момант рынуцца ў бой. Стары гнуўся квола, па-старэчы; толькі, прыгледзеўшыся зблізку, можна было прыкмеціць, што ссохлы, у маршчынах, твар жорстка напяты i позірк вострых вочак цвёрды, пільны.

Разам з усімі Васіль падышоў да ix. Яўхім, пахапліва, нервова смактануўшы, кінуў цыгарку, рашуча ступіў да тых, што мералі. Адразу ж яму насустрач ступіў Міканор.

Сталі адзін перад адным. Амаль упрытык. Яўхім – галава нібы яшчэ ўрасла ў плечы – глядзеў цвёрда, грозна; позірк гэты як бы папярэджваў, раіў не звязвацца з ім. Рабы, пласкаваты Міканораў твар, здавалася, гатоў быў засмяяцца. Міканор быццам хваліўся, што не баіцца. Гэта задзірлівая ўсмешка, было ирыкметна, ятрыла Яўхіма. Яшчэ момант, здавалася, i ён не стрымаецца. Люта рыне на Міканора. Але тут – акурат у пару – трывожна, імкліва ступіў да Яўхіма стары, моцна ўзяў яго руку. Прамовіў уладна, з гневам:

– Яўхім.

Той не варухнуўся ў адказ. Але руку не вырваў. Прыплюшчыўшы вочы, уцінаўся ў Міканора. Злосна мыляў сухімі губамі. Не знаходзіў слоў. Усе моўчкі, з трывогай сачылі за абодвума.

– Багато бярэш на сябе, – выціснуў нарэшце Яўхім з пагрозаю.

Міканор, нібы смеючыся з яго бяссільнасці, сказаў:

– Столькі, сколькі магу.

Яўхім стрываў. Выціснуў яшчэ, з нейкім прытоеным, грозным сэнсам:

– Смелы вельмі!

– А чаго ж! – Міканор памаўчаў. І дадаў таксама з пагрозаю: – І ты – не сакрэт – смелы!.. – Даў так, быццам папярэджваў: паберажыся наўперад сам.

Глушак зазлаваў. Тузануў мацней сына.

– Яўхім!!!

Той няцямна азірнуўся на яго. Гатоў ужо быў паслухацца. Але стаў, з лютасцю зіркнуў на Міканора:

– Пабачым шчэ. Хто смелы. Адзін на адзін.

– Яўхім!!! – закрычаў стары люта. Сіпла, са злосцю, як на малога, накінуўся: – Здурнеў! З глузду з’ехаў!!! Мазгі павысыхалі!

Яўхім пастаяў момант; стары ашалела i дужа тузануў яго за руку, i ён неахвотна паслухаўся, паплёўся за старым. За ўсёй гэтай сутычкай сачылі з увагай, неспакоем, з трывогай: усе ведалі – пагроза Яўхіма штосьці значыла. Ведалі: Яўхім не забывае тое, што гаворыць; сказаў: трэба асцерагацца, значыць – трэба. Багата хто не ўхваляў таго, што Міканор глядзеў на гэта легкадумна, нават гулліва; няма чаго пасмейвацца, калі Яўхім грозіцца! Пільнавацца трэба, калі Яўхім прыгразіўся!..

Як толькі скончылася сутычка Яўхіма з Міканорам, Васіль адступіўся ад натоўпу, павалокся на сваё поле. То стаяў, то тупаў, няздольны стрымаць брыдкую млоснасць, непатрэбную кволасць. Стараўся не глядзець i амаль не глядзеў у той бок, дзе тоўпіліся, рабілі людзі,– але ўвесь час бачыў, чуў – дзядзька з рэйкай, мершчыкі, каморнік, Міканор усё падыходзілі. Чым бліжэй яны падступалі, тым больш расло ў Васілю супярэчнае хваляванне – страх, адчай, смеласць. Усё больш чуў: час яго набліжаецца, горкі i неадменны час. Ведаў ужо – што наўрад ці даб’ецца чаго-небудзь. Баяўся, калі брала загадка: чым гэта скончыцца яму, яго бойка.

І усё ж не мог саступіць, аддаць усё так проста. На гэта быў як бы нейкі неадменны загад усяго жыцця. І ён рыхтаваўся, чакаў.

Нібы не сваімі нагамі ступіў ён да Хоні, што падцягнуў ленту да яго паласы. Дрыготкім i хрыпатым голасам выціснуў:

– Тут… пасеяно…

– Усё, брат, – i пасеянае, i непасеянае, – адно, – сказаў, выпрастаўшыся, весела гледзячы на яго, Хоня. У голасе яго было нешта дзіўна прыязнае, таварыскае.

Васіль заўважыў, як каля ix хутка большае натоўп. Цёткі, дзядзькі, дзеці, зларадныя, спачувальныя, проста цікаўныя.

– Усё, брат Васіль, пад адзін грэбень! – весела паспачуваў Хоня.

– Няма такого закону! – Васілёвы губы пакрыўджана дрыжалі: – Штоб адбіраць! Да шчэ тое, што пасеянае!..

– Не трэба було сеяць! – са здзеклівай рэзкасцю заявіў Міканор. Пляскаты, пакляваны воспаю твар быў нецярплівы i недавольны: лезуць тут са ўсякімі выдумкамі, затрымліваюць. Пераможна нагадаў:

– Сказано було: не сей!..

Міканор намерыўся ўжо ісці да каморніка. Як бы паказваў: няма чаго тут гаварыць. Васіля рэзкасць, нячуласць яго ўзлавалі. Умомант ажыла зацятасць, горыч даўняй спрэчкі,– калі араў. Адразу знікла кволасць, крыўду змяніла злосць, упартасць.

– Не дам! – крыкнуў ён. – Не вашае.

– Адыдзі! – ціха i неяк пагардліва сказаў Міканор. Нібы перад ім быў не Васіль, не гаспадар, a казяўка.

Гэта яшчэ дадало ўпартасці.

– Не пайду! Не аддам!

Адкуль паявілася матка:

– Васілько!.. – Вечна не ў час прыпрэцца.

Ён нецярпліва варухнуў плячом:

– Aт!

– Саступі, Васілько!

– Не дам!! – закрычаў ён Міканору. – Мая зямля!!

На пакляваным Міканоравым твары была тая ж пагардлівая ўпэўненасць. Нібы выхваляўся сваёю сілай. Нібы здзекаваўся з яго бяды.

– Зямля – народная, – прамовіў Міканор. У голасе яго пачулася зноў помслівая злараднасць.

– Мая!!!

Васіль аж задрыжаў. Ад крыку, ад упартасці. Ён чуў, што сіла такі на Міканоравым баку, што надзеі ў яго, Васіля, амаль ніякай, што, мабыць, не даб’ецца нічога. Але гэта цяпер не толькі не кволіла, a дзіўна ўздымала адвагу. Зямля, якую ён любіў i раней, цяпер была яму даражэй, як калі-небудзь. Даражэй за ўсё, за сябе самога. Даражэй асабліва таму, што ён чуў – отот яна сыдзе з-пад яго ног. Ужо сыходзіць. Ён цяпер гатоў быў для яе на ўсё. Не здольны ўжо разважаць, ён, як стаяў, упяўся лапцямі ў разору, закрычаў:

– Не пушчу!!!

Яны стаялі твар у твар. Людзі – цікаўныя, трывожныя, чуйныя – сачылі за імі. Стаялі амаль кругам, амаль упрытык, толькі Чарнушка трохі наводцаль. Чарнушка таксама сачыў, са спачуваннем, са шкадаваннем, з пакутай. Адзін з тых двух быў спакойны, зняважліваўпэўнены, другі – роспачны, ашалелы ад бяды, ад бяссільнасці.

– Ідзі па-добраму! – ужо нецярпліва – не просячы, а загадваючы – сказаў Міканор.

– Не пайду! – заявіў Васіль цішэй, але ў тым жа вялікім хваляванні. З непадатнай цвёрдасцю.

– Васілько! – учапілася ў Васіля матка, але ён як бы i не заўважаў яе.

Глядзеў толькі на Міканора. Не зводзіў воч.

Міканор ступіў крок, упэўнена ўзяў яго за плячо. Хацеў саштурхнуць яго. Васіль нібы толькі i чакаў гэтага.

– А-а, т-ты так!

Ён адарваў матчыну руку, нейкі дзіка-радасны – не помнячы ўжо, што робіць, – хутка рынуў на Міканора. Ухапіў загрудкі.

– А-а, ты… так!..

Ён дужа сціснуў Міканораву паддзёўку, так што Міканору цяжка было варухнуць плячамі. Моцна рвануў на сябе, Міканор амаль упрытык убачыў сляпыя i радасныя, поўныя лютасці вочы; скрыўлены нянавісцю, прагай пометы твар. Міканор упёрся ў Васілёвы грудзі рукамі, стараючыся адціснуць яго, але Васіль не даўся. Раптам ён штурхнуў назад так, што Міканор ледзь устаяў.

Усё гэта было які момант, бо к Васілю i Міканору адразу ж падскочылі Хоня, Алёша, яшчэ некалькі чалавек. Васіля ўхапілі за рукі, за шыю, за каўнер світы. Але i гуртам ледзь адарвалі.

Ён усё кідаўся ў дужых руках, запалена хрыпеў, намагаўся вырвацца. Зіркаў на Міканора люта, помсліва.

– Васілько!.. Ашалеў саўсім! – бедавала, бегала навокал сына i тых, якія яго трымалі, матка. Абхапіла рукамі галаву, загаласіла з адчаем, на ўвесь голас.

Міканор, узлаваны, трохі зніякавелы, аддыхваўся, выціраў далонню пот. Стараючыся трымацца з годнасцю, плюнуў знарок спакойна, як бы прыгразіўся:

– K-кулацкая душа!.. Контра!..

Дзятліха, як ні галасіла няшчасна, прыкмеціла Міканораў позірк, кінулася, просячы, молячы:

– Не сердзіся на яго, Міканорко!.. Ты ж старэйшы, спакайнейшы!.. Ашалеў ён саўсім! Не помніў ён, што рабіў!..

– Напомнім – штоб не забуваўся! – з пагрозным намёкам прамовіў Міканор i падаўся ад натоўпу.

Дзятліха дробна, хапатліва пабегла каля яго. Збоку было відаць, прасіла Міканора не злавацца…

– Дарэмно ты ето, брат! – весела гаварыў Васілю Хоня, здавалася, адно ўзрадаваны гэтай спрэчцы. – Рашылі, брат! Рашылі, значыць – кончано!..

– Што ж цябе аднаго абходзіць?! – як бы тлумачыў Алёша.

Васіль невідуча вадзіў вачыма, дыхаў горача, але ўжо не рваўся. Стаяў нейкі аслабелы, абвялы, быццам абыякавы да ўсяго. Раптам зноў неспакойна павёў вачыма, крутнуўся недавольна. Яму не сталі працівіцца, выпусцілі з рук. Ён момант пастаяў, як бы ў роздуме. Потым важка пайшоў цераз паласу ад людзей.

Ішоў, горбячы плечы, угнуўшы галаву. Лапці ўязджалі ў пульхную раллю, тапталі, нявечылі сцябліны руні. Так жа важка i абыякава пацягнуліся чужым полем. Матка неўзабаве дагнала яго, дробна заспяшалася побач. Штосьці загаварыла лагоднае, супакойлівае.

Ён быццам не чуў яе.

У той дзень матка некалькі разоў бегала да Дамеціхі. Бегала нібы з гаспадарчымі клопатамі – параіцца, пазычыць запалак, мукі на зацірку; але большасць цікаўных жанок меркавалі, што гэта ўсё – для прыліку, для чужых вачэй; што напраўду – для таго, каб улагодзіць Дамеціху, упрасіць заступіцца перад Міканорам за Васіля, – каб не злаваў, не перадаваў у суд. Пад вечар, калі Міканор паявіўся на двары сам, падсцерагла, калі ён астанецца адзін, без каморнікаў, таксама ледзь не кінулася ў ногі…

Неўзабаве пасля гэтага Міканор i Васіль сутыкнуліся яшчэ раз. Нахіліўшыся над калодзежам, Васіль зачэрпваў ваду, калі да калодзежа, у расшпіленай сарочцы, без шапкі, з вядром у руцэ падышоў з хаты Міканор. Васіль, заўважыўшы яго, не падымаў вачэй, на нейкую хвіліну перастаў нават цягнуць вочап. Як бы чакаў чагосьці. Ці, можа, думаў, што Міканор кінецца біцца.

Міканор стаяў нямірны. З пагрозай i шкадаваннем прамовіў:

– Шкода толькі матку тваю… Да i дзеда паважаю…

Васіль нядобра зіркнуў, пацягнуў вочап. Ужо калі зняў вядро, заявіў упарта:

– Я ето так не кіну! – Голас яго быў нацяты, рукі дробна дрыжалі.– К Апейку пайду! Папытаюся, ці можно так – па савецкаму закону!

– Ідзі, ідзі,– Міканор упэўнена надзеў вядро на кручок вочапа. Затрымаўся, глянуў на яго. – Толькі б лепей у калгас пайшоў! Зразу ўсё i рашылася б!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю