Текст книги "Подых навальніцы"
Автор книги: Иван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 32 (всего у книги 38 страниц)
Зубрыч быў недавольны – i Яўхімам i сабою. Недавольнасць сабою была зноў жа звязана з Яўхімам: не здолеў пераканаць бязграматнага, недалёкага мужыка. Зубрыч тут жа цвяроза сам сабе запярэчыў: чаму – недалёкага? Бязграматнага – гэта правільна, але "недалёкім" называць яго нельга. Гэты няўклюдны, просталінейны звер калі не даходзіць да чагосьці галавою, то добра чуе здагадкаю. Інтуіцыяй, мужыцкім, звярыным нюхам. Нюх, як вядома з заалогіі, у ніжэйшых развіты не горш, чым у высокаарганізаваных. Нават лепей…
Пад шорхат колаў у пясчаных каляінах, ціха пакалыхваючыся разам з вазком, Зубрыч думаў. Пасля нядаўняй узбуджанасці, пасля нядобрага развітання на душы было неспакойна, думкі лезлі, чапляліся адна за адну, вярэдзілі. Ды ён i не гнаў ix: ад нядаўняй сустрэчы асталося i жаданне паразважаць, абдумаць бачанае, чутае; адказаць неяк на пачуцці, што ўзніклі пры спатканні. Ён пацягнуў за лейцы, прытрымаў каня, каб лепш было думаць.
"Быць недавольным яму, – думаў ён пра Яўхіма, – ёсць усе падставы. Калі бяруць за горла, мала хто ўмее быць радасны. І ці не натуральна, што асаблівая злосць на таго, хто мог бы памагчы, нават – павінен памагчы, – а не памагае. І не абяцае памагчы. Адкрыта, можна сказаць – цынічна, прызнаецца ў сваёй бяссільнасці. Так што рэакцыю, калі глядзець цвяроза, нельга не прызнаць зусім здаровай. І зусім натуральна, што гэтае нікчэмнае тлумачэннс: такая сітуацыя – не мог, – не задаволіла. Слабасці няма апраўдання. Слабасць заўсёды вінаватая. Таму, што яна не можа нічога… І ўсё ж, – разважліва падтрымаў сябе Зубрыч, – ён не схібіў, што цалкам адкрыў карты. Падабаецца ці не падабаецца, a пілюлю трэба было даць, хоць яна i горкая. У гэтым была неабходнасць. Прызнацца адкрыта трэба было хоць бы для таго, каб не ўзнікла падазрэння, што не памаглі проста таму, што не хацелі; ці – не вельмі хацелі".
Тут крытычныя развагі яго ад прывагнага выпадку перайшлі да разваг шырокіх аб становішчы яго ў цэлым; разваг, якія націскалі ўжо неаднойчы i вось рушылі зноў, звыклай ужо дарогай. Так, што тут скажаш іншае: становішча яго, мякка кажучы, мала зайздроснае. І бяда, вядома, не толькі ў тым, што даводзіцца сядзець тут, у гэтай яме, у правінцыі, сярод нікчэмных істот, якіх i людзьмі можна назваць толькі ўмоўна. Бяда не толькі ў тым, што ён, калі мераць меркай элементарных патрабаванняў цывілізаванага чалавека, фактычна марнее, гібее, як у выгнанні. Бяда ў тым, што гэтая ахвяра яго, павольнае гніенне ў гэтай яме, калі глянуць адкрыта, – бяссэнсавае… Што ён зрабіў, гніючы тут? Што ён – можа зрабіць? Ён, які гатоў быў да любой ахвяры для справы; не бяздарны, далека не звычайны па сваіх чалавечых якасцях, нават – калі не прыніжацца, калі аб’ектыўна ацаніць – выдатны дзеяч! Дзеяч з выдатнымі здольнасцямі! Што нават ён мог зрабіць, калі навокал такая нікчэмнасць, якая i ведаць не можа, што такое высокія ідэалы! Калі адны слепа служаць дзіцячай, мёртвай ідэі калгасаў, са скуры лезучы, імкнуцца толькі выслужыцца, пажывіцца, a друпя – рыюцца ў гразі, як свінні, і, як свінні, не бачаць далей свайго лыча… "Апора, гаспадарлівыя мужыкі! – гмыкнуў ён яхідна. – Бальшавікі на ўвесь свет аб’явілі, куды вядуць калясніцу. Калясніца ўжо вось-вось накоціцца, раздушыць i ix мужыцкія гнёзды, i ix саміх, як слізняў, а яны – рыюцца ў зямлі! Бачыць не хочуць далей лыча! "А можа – не раздушыць, можа, яна не важкая, не жалезная? Можа – міне? Калі не ўсіх, мяне аднаго!.. Кагосьці ж мінуць павінна!.." Слепата! Ідыёцкая, жывёльная слепата, якая раней губіла ўсё! І цяпер губіць, i будзе губіць! З якой немагчыма змагацца!
Да чаго ж моцны гэты жывёльны інстынкт самазберажэння! Вось i гэты – што пайшоў недавольны – патрабуе, суцзіць непахісна, нават – з пагардай; а сам – сядзіць у балотным зацішку, за балотамі, за лясамі, i аб адным толькі думае: каб перабыць, каб навала прайшла паўз яго! У калгас ужо гатоў, каб як уцалець! І гэта той, які здаваўся такім баявітым! На якога, здавалася, можна было надзейна спадзявацца!.. Не, не, – цвяроза стрымаў ён сябе, – гэты – баявіты. Трэба быць справядлівым! Каб такіх была сотня, можна было б упэўнена адчуваць сябе пры належнай сітуацыі. Можна было б адчуваць камандзірам становішча. Але такіх – адзінкі! Колькі ён сабраў за цэлыя гады такіх, на якіх ён можа ў належнай сітуацыі надзейна спадзявацца? Нават з той невялічкай кучкі, нейкіх паўтара дзесятка, якія больш прывязаны, ён не можа быць цапкам упэўнены, – што той ці другі не зашыецца ў кусты, не здрадзіць, пры першых жа стрэлах у адказ, пры першай небяспецы. Але калі дапусціць, што ўсе з гэтай жменькі – не падвядуць, што яны зробяць, пры ўсёй ix адвазе, сярод нікчэмнай, труслівай чарады паўчалавекаў, паўмалп? Што яны зробяць, – што зробіць у такой сітуацыі ён, з усімі яго здольнасцямі i энерпяй, – калі насупраць коціць цэлы ледніковы вал? Калі насупраць i бальшавіцкія абяцанні даверлівым, i пагрозы, i жалезныя краты – непаслухмяным? Няпростая сітуацыя, – i выходзіць, што нейкая нікчэмнасць, як Башлыкоў, Апейка, Харчаў, быццам – дужэй за яго. І ён павінен хіліцца перад імі, поўзаць, як шчаня, перад імі, лісліва круціць хвастом, сведчыць сваю любоў, адданасць ім, бальшавіцкай справе. Поўзаць i штохвіліны аглядвацца, як бы не заўважылі, што ён час ад часу выпускае зубы, точыць ix. Трывожыцца, як бы раптам не вылезла наверх старанна зацертае калісьці, засыпанае пылам гадоў…
Ён – гэта прызнаў бы ўсякі аб’ектыўны назіральнік – мае такія-сякія поспехі ў майстэрстве маскіроўкі. Потым – у лепшую пару, у якім-небудзь міністэрскім кабінеце – можна будзе, пасміхваючыся, расказваць, як ён убіўся ў давер’е нават высокапільнаму i прынцыповаму сакратару райкома таварышу Башлыкову. Можна каларытна расказаць, як страсна абараняў таварыша сакратара на партыйнай чыстцы; як гэта асабліва пікантна будзе – пільны i прынцыповы таварыш Башлыкоў сам аказаў высокае давер’е – прапанаваў, як адданаму савецкай уладзе грамадзяніну, паступіць у бальшавіцкую партыю!.. Прапанаваў,– не першы раз на чало загадчыка райза легла клопатнасць, якая нарадзілася з гэтай прапановы. Ён тады падзякаваў таварышу сакратару, сказаў, што быць партыйцам лічыць для сябе вялікім гонарам, абяцаў рыхтавацца. З таго дня, колькі ні думаў, не мог адолець назольную, супярэчлівую клопатнасць; i цяпер яна звыкла, нібы здзекліва, апанавала: i хацелася не страціць такую ўдачу, такую важную ўдачу, якая проста сама ішла ў рукі,– i разам хапала, цвяроза цягнула назад апаска: нагадвала, што ўлезці ў партыю – гэта не толькі ўшыцца ў кіруючую эліту, прыдбаць сабе новыя магчымасці,– але i пайсці самому на новыя чысткі, праверкі. Гэтае, апошняе, – проста сказаць, непатрэбная раскоша для чалавека з яго радаслоўнай, з прыхаванымі эсэраўскімі грахамі, якіх было даволі, каб у горшым варыянце зменлівай жыццёвай лініі стаць да сценкі перад бальшавіцкімі вінтоўкамі…
Той даўні недавучаны студэнцік, легкадумны, упэўнены ў сабе прапаршчык, даверлівы, саманадзейны керанец, потым верай i праўдай падпольны эсэраўскі дзеяч, што неразумна ўскочыў у безнадзейную авантуру, у паўстанне, якое не магло не праваліцца, – нібы знарок, як мог, папсаваў на будучыню сваю біяграфію. Добра, што хапіла яшчэ розуму ўлезці ў паўстанне з чужымі дакументамі, з чужым прозвішчам. Гэта шчасце, што пра бурную маладосць у цёплым стэпавым гарадку, адкуль выпраўляўся ў дарогу i куды пасылалі запытанні, правяраючы як савслужачага, нічога не ведалі пра найбольш цікавыя старонкі яго біяграфіі. Адтуль абмяжоўваліся весткамі пра род, пра бацькоў. Род, вядома, не з тых, якімі ганарацца цяпер, але i не з тых, якія закрываюць дарогі ў свет. Матка – настаўніца, бацька – скрыпач у аркестры мясцовага тэатра; няўдачнік, які марыў пра лаўры Глінкі, а ледзь ліпеў у бяздарным аркестры. Самае небяспечнае, вядома, тое, што няўдаламу эсэрыку захацелася потым расшукаць сваіх: порсткаму, поўнаму жыццёвых сіл i прагі дзейнасці, не сядзелася ў ратоўнай, але нуднай цішы. Сябры памаглі: перацягнулі з адной ямы ў другую, толькі што з пасадай, толькі што ў людным беларускім краі. Сяброў гэтых, якія ведаюць усё, небагата, адзінкі, але ж яны ўсё-ткі ёсць; двое нават ужо ў пакойчыках, вокны якіх аздабляюць жалезныя краты. І без таго ходзіш па жыццю, як той цыркач па дроце, так i глядзі, што сарвешся, паляціш цемем уніз. Разважная цвярозасць раіць: сядзі лепей i не рыпайся, а спакуса вярэдзіць: не прапускай, не траць такой удачы. Мала іншага клопату, дык яшчэ думай, ісці ці не ісці ў партыю! Думай, як быць з давер’ем пільнага, прынцыповага таварыша Башлыкова!.."
Дасціпная іронія прабегла, як павеў ветрыка. Пакалыхваючыся ў вазку, не заўважаючы, што лес ужо адступае i пачынаецца шэрае, ветранае поле, клопатна, зласліва думаў: нявесела жыць так, ходзячы, як цыркач па дроце. Ды яшчэ пад пільнымі позіркамі, кожны з якіх можа заўважыць тое, што загубіць, Хадзіць побач з гэтай лысай пенай Апейкам, які, здаецца, любы момант гатовы ўткнуць смяротныя кіпцюры. Такі акуратны, старанны перад гэтай пенай, а ён – хоць бы зірнуў калі-небудзь прыхільна. Увесь час такое адчуванне, як бы падазрае ў нечым ці – нават ведае… Глупства, бясспрэчна: не ведае нічога; каб ведаў – не маўчаў бы! A ўсё-ткі бярэ неспакойнае: а што, калi ведае ды сцеражэ, каб заспець на месцы, прыперці да сценкі?.. Зубрыч разважна супакоіў сябе, але спакою поўнага не было. І як мог прыйсці спакой, калі пры тым, што пена гэтая пакуль не ведае нічога, разумееш i ніяк не адкінеш: пена гэтая – самая небяспечная! Любы момант можа ўсадзіць кіпцюры!
Ад гэтай нянавісці так цешыць Зубрычава сэрца помслівая радасць: дасталося аднойчы i гадзюцы гэтай. Моцна ўпіліся ў таварыша старшыню райвыканкома, у самыя чулыя месцы, стрэлы, намочаныя едкім ядам, – якія ён, Зубрыч, у час кінуў. Прыцэл быў дакладны, усе факты – падобныя на праўду, ні аднаго не адкінеш, як выдумку. Запісачкі сталі матэрыяламі, аўтарытэтнымі, партыйнымі дакументамі. Атрымалі ўжо належную ацэнку і, можа быць, – яшчэ паслужаць. А мы можам – i дадаць да ix… "Вось гэта надзейна, – разважліва выводзіць загадчык райза, ціха пакалыхваючыся ў вазку, што паволі паўзе дарогай праз поле. – Тут i рызыкі ніякай i амаль поўная гарантыя, што будзе карысць. І псіхалагічна, i палітычна – бездакорны сродак у цяперашняй сітуацыі. Ён давядзе пачатае да канца, ён убачыць таварыша Апейку не такім ганарлівым, – абшчыпаным, кінутым з пагардай усімі, растаптаным. Ён не пашкадуе для гэтага ні часу, ні таленту. Ён зробіць гэта з радасцю: акрамя ўсяго іншага, ён помніць, што ад гэтага багата ў чым залежыць бяспека яго самога…
Падумаць толькі, у якім гадзючым гняздзе круціцца ён цэлыя гады. І ў які час. Штодня сустракаецца, здароваецца з Харчавым – гэтай грубай жывёлай, якую рэвалюцыя ўзняла на раённую вышыню. Гэтай гадзюкай, якая больш небяспечна не толькі за Башлыкова, a i за Апейку. Бязграматная, тупая жывёліна гэтая адным позіркам прымушае халаднець. Варта яму толькі аднаго факта, i можна развітвацца з жыццём. Ад гэтага літасці не будзе!..
І ў такім гадзючніку ён ходзіць, есць, спіць, жартуе нават! І яго яшчэ лаюць нейкія лясныя дзікуны; замест таго каб здзіўляцца, як ён можа дзейнічаць у гэтай яме, у гэтым нікчэмным сяле, дзе ўсё так відна адусюль, дзе ўсюды вочы ДПУ. Дзе засыпацца, як гілюнуць. Дзейнічае тады, калі амаль усе ніці з верхам парваны, тады, калi там бязвер’е i трусасць. Дзікун i ведаць не хоча, што ён вымушан быць асцярожны, вымушан – i нярэдка – устрымлівацца; што яму, калі на тое, можа быць i страшнавата. Што дзікуну да таго, што i табе цяжка жыць так бясконца; што i ў цябе нервы ёсць! І, нарэшце, – узяло Зубрыча кволае, – гады ўжо не тыя. Як ні старайся не паддавацца гадам i скрусе, няма ўжо той прапаршчыцкай лёгкасці! "Воленс-ноленс: старэю!.." – мінорна, філасофскі адзначыў ён.
За хвілінай расчуленасці думкамі завалодала энергічнае, дзелавое: "Трэба перабірацца ў большае месца. У Гомель ці хоць бы ў Мозыр". Не сядзець жа тут, пакуль не ўскочыш у харчаўскую пастку. У горадзе – у натоўпе, дзе снуюць тысячы самых розных, i гарадскіх, i прыезджых, – ты будзеш як іголка ў стозе сена. Не будзе таго нагляду, той рызыкі i скаванасці, разгарнуцца можна будзе. Ды i ўздыхнуць лягчэй, вальней пара б… Колькі гадоў ужо толькі ў ямах…
Зноў узяло мінорнае: ідуць год за годам, а ён усё ў ямах, усё гібее. І ўсё без прыкметнай прасветліны: тое, лепшае, якога даўно чакае, усё не ідзе. А час ідзе, годы Ідуць. Ідуць i бураць усе надзеі, нішчаць жыццё. Толькі i ўцехі, што вып’еш, задурманіш галаву, забудзеш усё. Адна "радасць". Жыць без гарэлкі не можна ўжо; без гарэлкі дзень – як пакута. Добра, што атруты гэтай, самагонкі,– у кожным сяле, i даюць ахвотна. Але так i закончаным алкаголікам стаць нядоўга, спіцца на нішто. A ці не можна сказаць, што ён ужо i співаецца?..
Не бачыў, як зняў шапку, схіліў галаву, здароваючыся, дзядзька, што ішоў сцежкаю паўз дарогу. У думкі, звыклае ўжо, але крыўднае, як бязлітасны суддзя, як кат, увайшло: не на тую стаўку паставіў порсткі, непрадбачлівы прапаршчык. Не на таго каня сеў. Хоць мог бы сесці i на таго: быў выбар у сваю пару. І меціў жа высока, а не скеміў, не хапіла ў галаве.
Не на таго сеў. І вось туляецца па ямах, рыецца ў гразі, ды яшчэ азіраецца, рызыкуе. Хоць мог бы хадзіць у сталіцах, красавацца ў вялікіх кабінетах, на віднейшых трыбунах, i кожнае яго слова лавілі б. І кожнае выступленне адзначалі б у газетах, выдрукоўвалі. Дзіру такую раённую наведваў бы раз у год, як бы рабіў гераічнае падарожжа. Сталічная кватэра з усімі выгодамi, імклівая машына, паслужлівая сакратарка… Як многа значыць, сесці на таго каня!
"Нічога, – запярэчыла ўпартае самалюбства. – Яшчэ не ўсё кончылася!" Невядома яшчэ, той гэта ці не той конь. Яго конь, можа, яшчэ чакае, калі падыдзе пара. Падыдзе пара, конь выскачыць, толькі, глядзі, спрытна сядзь на яго! Мацней толькі трымайся за грыву, узнясе на такую гару, якая толькі сніцца можа. Няпэўны вобраз мары адразу ж заспяшаліся падмацаваць доказы: мужыкі гудуць. Штодзень – гудуць больш. Крыўда i злосць збіраюцца, кіпяць усё больш нецярпліва. Збяруцца – выбухнуць з такою сілай, што на ўвесь свет загрыміць. Толькі каменне астанецца ад усяго, што будуюць цяпер. Няхай толькі давядуць да краю лютасці звера!.. І там, за дзяржаўнай граніцай, збіраецца, – няхай толькі здарыцца сітуацыя! Сітуацыя, якая, можа быць, ужо вельмі блізкая!..
"Цярплівасць, вытрымка i – вера!" – нагадаў сам сабе Зубрыч, адагнаў націск думак. Ён ужо ўязджаў у вуліцу сяла: трэба было станавіцца загадчыкам райза, упаўнаважаным па калгаснай справе.
4Каля самай цагельні Міканор не ўтрываў, сышоў з дарогі, пайшоў полем. Пожня была брудна-шэрая i мокрая, у разорах i ямках на картаплянішчы там i тут цьмяна льснілася вада. Дзе-нідзе боты паслізгвалі на цвердаватай ужо i абмоклай зямлі. Імжыла халоднай, асенняй імжою, вецер нібы мазаў па твары i руках мокрай анучай. Стылы, у нізкай навісі цьмяных хмар, дзень нібы створаны быў для суму, для санлівасці, для марудных i невясёлых думак.
Але Міканору не было ні сумна, ні санліва, усяго яго поўніла нецярплівая, прагная да дзейнасці радасць. Толькі сёння нарэшце дакончыла вялікую працу сваю камісія, толькі от правёў ён каморніка, што ехаў назад з усім сваім інструментам, да грэблі, толькі от цяпер мог ён, Міканор, развітаўшыся з каморнікам, астаўшыся адзін, сам-насам пайсці на поле, сам-насам пабыць з полем, з вялікай радасцю, у якую i верылася i нібы, ад непрывыкласці, не верылася. От i цяпер, калі ўжо ўсё скончылася, калі ішоў сваім, калгасным полем, не мог звыкнуцца з думкаю, што гэта ўсё ўжо – не ў марах, a папраўдзе – не чыё-небудзь, а калгаснае поле.
У зношаных, разбітых ботах, у мокрай паддзёўцы, нязграбны, з пласкаватым, пакляваным тварам, на якім у белых брывах, на шчэцці барады трымаліся кропелькі вады, глядзеў ён на поле, абводзіў яго позіркам i цешыўся: недарэмна хадзіў, дабіваўся i ў сельсавеце, i ў раёне! Дабіўся! Думка пра гэта ўлівала ў яго радасць, гонар за перамогу сваю, за сябе. На вочы трапілася былая Васілёва палоска, згадаў, як ці вельмі даўно сутыкнуўся тут з Дзятлам Васілём, як той, калі папярэдзіў яго, што зямля адыдзе пад калгас, нахабна гаварыў з ім, са старшынёй калгаса, як здзекліва проста адштурхнуў, пайшоў араць далей. Варухнулася злое: яшчэ i тады, калі ўжо камісія ўзялася ўпарадкоўваць, хацеў павярнуць па-свойму! Гразіўся, што скардзіцца пойдзе, – няхай ідзе, няхай ходзіць, пакуль не надакучыць! "Няхай бачаць, чыя сіла! – падумаў, прыгадваючы, колькі яшчэ працівілася яму. – Няхай знаюць!.. А то, сколькі ні гавары, як не чуюць нічого!.. Няхай знаюць!.."
Ён глядзеў ужо на поле не як на звычайнае поле, а як на нейкую пазіцыю, адваяваную ў тых, хто несумленна захапіў яе, хто думаў утрымацца на дарозе.
"Пазіцыя, – думаў ён, цешачыся сваёй перамогай пановаму. – Пазіцыя i – вельмі важная пазіцыя, якая багата перамяніла ў становішчы абодвух бакоў! Якая многіх заставіць задумацца сур ёзно, што жыццё паварочвае на сто восемдзесят градусаў!.."
Міканор падышоў да самай Васілёвай паласы, цвёрда ўціскаючы ботамі рунь, пераступіў яе ўпоперак, ступаючы, вылучыў з мокрай шэрані наперадзе яшчэ дзве зялёныя паласы, рашыў раптам: "Пераараць зразу ж, штоб не карцело пасеянае! Штоб зразу знаку не було ніякаго! Ніякаго знаку i ніякай надзеі тым, ад каго адрэзалі!" З гэтай хвіліны Міканор пазіраў на поле ўжо з практычнай клопатнасцю: разважаў, дзе i што лепш пасеяць. "Там – клін жытні… А тут, паўз дарогу, – ячмень… А туды, к балоту, – картоплю. Картопля там заўсягды радзіла…" Думаючы гэта, ён быццам бачыў ужо, як зелянее шырокім прасцягам калгаснае жыта, як каласіцца, варушыць вусамі, даспяваючы, ячмень, як радамі бяжыць да балота, да лесу бульба…
Ішоў, мяў разношанымі, стоптанымі ботамі мокрую, чэзлую пожню. Ішоў шырокім крокам, цвёрда, гаспадаром. Пераможна глядзеў на саламяныя стрэхі, што выходзілі насустрач…
У той дзень Васіль дапаў да Юравіч. Да апошняга дня, хоць i няпэўна, Васіль спадзяваўся, што, можа, пераменіцца яшчэ што-небудзь: вельмі ж цяжка, амаль немагчыма было згадзіцца, прымірыцца думкамі, што зямлі, адзінай добрай зямлі няма ўжо i не будзе. З нецярплівасцю чакаў разам: якую ж, калi на тое, удзеляць замену; без зямлі, казалі ж, пакінуць не павінны. Дачакаўся: з добрай ласкі суседа, Міканора, удзялілі такую, што i глядзець не хацелася: ледзь не адзін пясочак…
Бядуючы, грозячыся, што так не папусціцца, што таксама ведае законы, Васіль кідаўся думкамі: што рабіць, куды падацца, каб заступіліся, памаглі. Добра вядома было, што ў сельсавет няма чаго i сунуцца: там Гайліс ды Міканор – уся ўлада. Думкі разважна i абнадзейліва вялі ў раён, да самога Апейкі, які, чым больш разважаў Васіль, бачыўся яму адзінай, жаданай надзеяй.
Калі хмурным, дажджыстым ранкам у свіце, у лапцях, унураны, невідучы, імкліва рушыў слізкаю грэбляю, пустым ветраным шляхам, Васіль, перабіраючы ў думках крыўды, якія прыбівала да яго двара няскладнае жыццё, якія рабіў яму Міканор, не чуў роспачы. Думкі гэтыя палілі менш, як апошнімі начамі i днямі, ён думаў пра крыўды з адчуваннем дужасці, з настроем дзейным, гатоўнасцю адолець, змагчы ўсё. У ім было такое адчуванне, быццам крыўды гэтыя не такія непадатныя, не вечныя. Ён рушыў цвёрда i ўпэўнена. Смелаю была не толькі хада яго, смелымі былі яго думкі; ён яшчэ дарогаю рэзаў разважна i гнеўна Апейку: "Так ето буць павінно? Па савецкаму ето закону?!" Захоплены сілаю гэтых слоў, ён загадзя, нецярпліва радуючыся, бачыў, як Апейка ціха, згодна казаў: "Не па закону! Не павінна так быць!" Зрэдку, праўда, брала i ў гэтай дарозе Васіля апаска, што Апейка можа стаць на бок Міканора i Гайліса, але Васіль сам гнаў гэтыя маладушныя думкі. Не хацелася, каб яны i чапляліся.
Хутка, цвёрда кіраваў ён шляхам. Але калі падышоў да аблезлай цэркаўкі, калi стаў спускацца з гары, калі падступіў да колішняй воласці – выканкома, у якім блізка, блізка ўжо чакала сустрэча з Апейкам, ад якой залежала цяпер жыццё, Васіля апанавала паганая кволасць. У грудзях пачуў брыдкі, трывожны халадок, сама сабой, хоць ішоў з гары, пачала цяжэць, прыцішвацца хада. Перад будынкам воласці i зусім захацелася стаць, сесці.
Не было ўжо ні дужасці нядаўняй, ні ясных i такіх пераканаўчых думак. Галава нібы не хацела думаць. Ён заўсёднай упартасцю перамог сваю нясмеласць, пачужэлымі нагамі ўвайшоў у будынак, пачаў падымацца па гулкай лесвіцы на другі паверх, дзе, ведаў, быў Апейкаў кабінет. Каб трапіць у Апейкаў кабінет, трэба было ўвайсці ў маленькі пакойчык: дзверы ў пакойчык былі адчынены, i Васіль, стараючыся паказваць сябе смелым, адразу ступіў у яго. Ступіў так, быццам рабіў самы адказны крок. У пакоі, за столікам у кутку, сядзела немаладая жанчына, разглядвала нейкія паперы. Яна падняла вочы на Васіля, як бы пытаючыся. Васіль даў "добры дзень", адразу, смела сказаў, што яму трэба пагаварыць з Апейкам.
– Івана Анісімавіча няма, – ветліва сказала яна. Потым дадала: – Ён у Мінску, на сесіі. Будзе дзён праз шэсць.
Васілю гэта было такім неспадзяваным, што ён разгубіўся.
Жанчына нібы пашкадавала яго, запыталася:
– А што у вас? Можа, друпя могуць рашыць, без Івана Анісімавіча?..
Васіль, не гледзячы на яе, заявіў:
– Мне трэба було з ім.
Жанчына яшчэ раз ветліва i спачувальна паўтарыла, што Апейка будзе праз шэсць дзён. Васіль адразу выйшаў з пакоя, але на пляцоўцы перад лесвіцай стаў; не мог, проста не мог вяртацца назад, нічога не высветліўшы. Шкадуючы, што Апейка так не ў час паехаў, думаў, гадаў: што ж рабіць? Можа, дарэмна адказаў так жанчыне, можа, праўда, i без Апейкі здолеў бы хто-небудзь памагчы? Можа, трэба было самой расказаць, каб параіла хоць, куды падацца?..
Калi ён стаяў у роздуме, на яго, выскачыўшы з блізкага пакоя, амаль наткнуўся жвавы, дзейны чалавек з папкаю. Ён хацеў быў ужо абмінуць Васіля, але спыніўся раптам, зірнуў уважна, запытаўся, каго ён чакае. Даведаўшыся, што Апейку, весела, зычліва сказаў: "А можа, я памагу?" Ён адчыніў дзверы i паказаў Васілю, каб заходзіў.
Толькі тут, у светлым пакоі, Васіль пазнаў добра, што чалавек з папкай – быў той, які калісьці праводзіў перадзел у Куранях, які разбараняў яго з Яўхімам. Васіль умомант згадаў, як чалавек гаварыў з ім, як гразіўся турмою i яшчэ немаведама чым. Васіль, насцеражыўшыся, хацеў адразу ж павярнуцца да дзвярэй, але чалавек апярэдзіў яго, ласкава запрасіў сесці. Васіль спыніўся, недаверліва зірнуў на яго, няўпэўнена сеў. "Што ж вас прывяло?" – весела, быццам i не помніў колішняй гразьбы, сказаў чалавек, сядаючы за столік насупраць. Светлыя, уважлівыя вочы быццам упіліся ў Васіля. Лагодна, абнадзейліва чакаў чалавек, пакуль Васіль, упяўшы вочы кудысьці ў падлогу, нядобра маўчаў. Доўга не мог загаварыць Васіль, i загаварыў важка, неахвотна, быццам пад прымусам, на допыце. Не верыў яго спачувальным: "Ага, так-так… Разумею… Натуральна…"
"Усё гэта па-чалавечы зразумела, – дзіўна мякка, нібы добразычліва загаварыў чалавек пасля допыту. – Зразумела i, можна сказаць, зусім натуральна… Зямля – самая дарагая істота селяніну. Самая жывая істота, душа яго… Яна – аснова, найпершая аснова сялянскага жыцця… І селянін мае права, вядома, лічыць яе законна сваёй… Правільна, натуральна… – Васіль глядзеў спадылба, ні зычлівы тон, ні самі развагі не супакойвалі, чакаў усё горшага. Слухаў так, быццам гэта была толькі подступка. І не памыліўся, тым жа спачувальным, добранькім голасам Зубрыч павёў зусім іншае: – Усё гэта натуральна. Але ёсць – кірунак, генеральная лінія на калгасы! Генеральная лінія, каб увесь аднаасобны сектар ліквідаваць, знішчыць. Сцерці з зямлі мужыка як аднаасобніка… Усё будзе рабіцца толькі для калектыўнай, сацыялістычнай гаспадаркі. І зямля ўся ім!.. Такая лінія… Так. От так…"
Васіль не ведаў, што сказаць. Не мог неяк спрачацца. Моўчкі ўстаў, не развітваючыся, выйшаў. Спустошаны нейкі, саступіў па лесвіцы, выйшаў на двор, пацягнуўся па дарозе на гару. Павольна, цяжка ўздымаўся, мокрая гліна ліпла на лапці, слізгала пад нагамі. Як усцёгся на гapy, стаў, аддыхваючыся. "Гаворыць шчэ як, – прайшло ў галаве. – Як спачувае. A напраўду – бы здзекуецца!.."
Маркотна павёў вачыма. Сеяла імжою, якой, здавалася, не будзе канца. За імжою не было відаць знаёмай далечы.
Імжа была нібы i ў душы. Імжа i абыякавасць. Не затульваючыся, нявесела пацёгся па дарозе.
Калі ён падыходзіў да цагельні, браліся поцемкі. Нядобра цямячы, Васіль звыкла збочыў з дарогі – зірнуць на сваю рунь. Яшчэ не дайшоўшы, разгледзеў, сумеўся: рунь чарнела нейкімі пачварнымі камякамі. Ён, устрывожаны, падбег i знянацку ўпаў на калені: рунь была паарана! Падрапана, парэзана, засыпана камлыгамі,– як бы знарок.
Ён азіраўся, не мог паверыць: разарана было ўсё. Усё было загублена. Усё было кончана…