Текст книги "Подых навальніцы"
Автор книги: Иван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 31 (всего у книги 38 страниц)
Раздзел чацвёрты
1У гэты вечар ледзь не ў кожнай хаце гаварылі пра падзеі ў полі. Кожнаму ў Куранях было ўжо вядома, i што казаў Яўхім, i як махаў рэйкаю Нібыта-Ігнат, i што рабілі Гайліс i Міканор, i як кінуўся на Міканора Васіль. Усё гэта выклікала самыя розныя меркаванні: адны хвалілі Васіля i Нібыта-Ігната за смеласць, друпя судзілі, як неразумных: таксама героі знайшліся! Гаварылі, што Міканору цяпер трэба будзе сцерагчыся Яўхіма, пільна паглядваць увечары. Найбольш было гаворкі пра Нібыта-Ігната: можна было чуць такое, што Ігнату – пры цяперашніх строгіх парадках – не паздаровіцца. Шэптам i з належнай шматзначнасцю пераказвалі, што за такія штукі – чутно – дзе-нідзе i к сценцы ставяць.
Вялікім i розным клопатам былі поўны хаты тых, хто трапіў у героі гэтых падзей. Васілёва матка i, як магла, лагодна суцяшала Васіля, каб не бедаваў пра страчанае, i, хоць асцярожна, дакарала – што не беражэцца. З бясконцай матчынай цярплівасцю вучыла свайго неслухмянага сына Дамеціха, папракала, што заядаецца са ўсімі, трывожна прарочыла, што гэта не давядзе да дабра. У Ігнатавай хаце было цёмна i маркотна. Уся вялікая сям’я, нібы асірацелая без бацькі, сядзела за сталом нязвыкла маўкліва; ціха разышліся ўсе пасля вячэры па палацях, на прыпечак, на печ. Нават меншыя не дурэлі, не чапаліся адно з адным.
Набедаваўшыся за дзень, Ігнаціха таксама сабралася ўжо лажыцца, калі на ганку пачуліся немагчыма знаёмыя крокі, патрабавальна ляснула клямка. Хадоська, што ляжала ўжо з малымі, несамавіта крыкнула: "Татко!", ускочыла, – як была ў адной сарочцы, кінулася ў сенцы. Яшчэ да таго як увяла яна нявіднага бацьку, хата напоўнілася радасным галасам. Скакалі, крычалі большыя, лямантавалі малыя. Жонка i Хадоська з нядаўняй бяды, з неспадзяванай радасці таксама загадает! жагнаючыся, божкаючы.
– Да сціхніце вы, – недавольна i звыкла злосна зыкнуў раптам Ігнат. – Як па нябожчыку!.. Есці лепей дайце!
Ён скінуў світу i сеў да стала. Спыніў Хадоську, што хацела запаліць лучыну: "Як-небудзь траплю ў рот i без святла!" – нявідны, моўчкі, прагна жаваў, сёрбаў, не адказваў на нецярплівыя жончыны пытанні. Ужо калі леглі, неахвотна i панура, нібы паказваючы, што радавацца асабліва няма чаго, сказаў, што сядзеў увесь час у Алешніках, што латыш гаварыў строга i гразіўся аддаць пад суд, але ўвечары адпусціў. Памагло, мабыць, што заехаў Апейка. Адпускаючы, латыш наказваў, каб быў разумнейшы, каб гэта было "апошні раз"!.. Ледзь выведаўшы ўсё, Ігнаціха не ўгрывала, упікнула: "Я што казала…", але Ігнат так зыкнуў, што яна адразу ўціхла. Услухоўваючыся ў яго неспакойнае дыханне, старалася адгадаць адно, чаму ён па-ранейшаму такі невясёлы, пра што так цяжка думае…
"Злы, – прыйшло ў думкі.– Век – злы. Быў i – будзе…"– Успомніла – з недарэчным гонарам i скрухай: а быў жа вясёлы! Калі жаніўся, больш галасістага за яго i не было. На ўсе Курані самы галасісты быў хлопец!.. Як скакаў! Лепей за ўсіх у цэлых Куранях!.. І кучаравы быў, чупрына – як лаза густая! І паверыць не паверыла б, каб не помніла. Аблез саўсім, чэрап свеціцца голы… Зацяты быў змоладу… З зацятасці гэтай i ссох, аблез. Зацятасць гэта i зрабіла злым. Зацятасць ды – няшчасці… Як знарок, век не шанцавала… То ж з-за адной Хадоські колькі наперажываўся. Як радаваўся ўпачатку, што Карчоў улягаць пачаў быў. Як цешыўся, што прыпяваючы жыць будзе. І от дачакаўся!.. З-за аднаго гэтага ссохнуць нядоўга… Цяпер от – Хоня, – не адыходзілі думкі ад Хадоські.– Хоня – хлопец непаганы, ён, Ігнат, сам ведае. Але ж – бядняк, горкі бядняк. Ды шчэ з маткай-калекаю… Хіба ж цяжка дагадацца, чаму ён, Ігнат, так коса глядзіць на Хоню. Чуе ж, што не соладка будзе дочцэ… Як знарок не шанцавала! – тоіць Ігнаціха ўздыханне. – То пакралі сена, то жыта градам пабіла. То згарэлі – згалелі саўсім. Як – кара якая божая. Дзеці – век хворыя, век чэзлыя, кожную вясну з галадухі скуголяць. То ж не было года, каб наеліся ўдосыць… Адна надзея на гэту палоску была, – узяў Ігнаціху пякучы жаль. – Усё дабро, лічы, з яе адной. А цяпер, – як цяпер будзе? – падступіў страх. – Калі – не дай Бог – удзеляць пясок!.. З торбай вясной пайсці давядзецца!.. І што наогул будзе?.. От i – будзь добры, вясёлы! Не злы будзь!.."
Ёй захацелася прытуліцца да яго, палашчыць, суцешыць. Але яна не варухнулася: толькі паслухала, як ён дыхае. Баялася сказаць слова: яшчэ, можа, раззлу ецца!..
Нявесела хліпаў прыкручаны кнот у лямпе, што вісела пад Глушаковай столлю. Нядаўна сышоў госць – Лясун, які прамаўчаў увесь вечар. У хаце былі трое – старая, стары Глушак i Яўхім. Старая гарбацілася на ложку пры печы: успершыся локцем на сценку ложка, седзячы драмала, як кура. Раз-пораз локаць яе саскоўзваў са сценкі, галава падала на грудзі, яна прачыналася на хвіліну. Ставіла локаць на сценку i драмала зноў, але лажыцца раней старога не наважвалася. Яўхім сядзеў на звыклым сваім месцы каля стала i акна, успёршыся, як звычайна, плячом на вушак, курыў скручаную з газеты папяросу. Стары, што увесь дзень i ўвесь вечар не знаходзіў сабе месца, браўся за ўсё i кідаў са злосцю i роспаччу, што кіпеў i пляваўся ўвесь час, пакуль нема тырчаў Лясун, – раптам паскардзіўся квола:
– Ето – разанулі. Па самаму горлу. У самы жывот – нож!
– Разанулі,– стрымана згадзіўся Яўхім.
– Рабая зараза ета Дамецікава ўсё! Самая поскудзь, самы гад!
– Гад. – Яўхім зацягнуўся папяросаю, пусціў ротам дым. – Гад. Да от не возьмеш. Не чаванеш яму горло так, штоб храснуло, як у кураняці…
– Не возьмеш! – пашкадаваў i стары. Як ні кіпеў, разумна, з клопатам пра сына папракнуў: – А не возьмеш, дак няма чаго паказуваць, што хочаш узяць. Насцярожуваць гада загадзя.
– Рукі свярбелі ж дужа. – Яўхім зацягнуўся, доўга, марудна пускаў дым: – Свярбелі. А не можно.
– Нічого не зробіш! – Стары шкадаваў так, што нястрымна, дробна дрыжалі губы. – Галавой сцену не праб’еш! – Як самае дарагое, як найлепшую мару, сказаў, выдыхнуў: – Кеб – вайна хіба! – Помніў, што побач, за сцяной, Чарнушкава прыблуда, ад якой усяго можна чакаць i якой век асцерагаўся, – але не мог стрымацца, сцішыць голас: – Царскія генералы кеб з войскам! Балаховіч які новы няхай бы! Чутно ж: е недзе! Стаяць напагатове недзе, – а не йдуць нечаго!
– Генералы там такія… – Яўхім мацюкнууся.
– Генералы вучаныя. І злыя – землю ж i ў ix пазабіралі. Землю i маёнткі, i дабро ўсё пазабіралі. За граніцай ацірацца заставілі. Таксамо ж кіпіць няйначай у кажнаго, кажны рвецца вярнуць, што адабралі! – Заўважыў, што Яўхім слухае яго нядобра, як бы з насмешкай, стрымаўся. Загаварыў не так цвёрда: – Ці яны баяцца бальшавікоў? Ці маменту ждуць зручнаго? Штоб ударыць у зручны мамент?
– Не цешце сябе, тато…
– Як жа i жыць, як не цешыць! Не надзеяцца, – зноў гарачэй загаварыў стары. – Адной надзеяй толькі i дзяржацца шчэ можно! Толькі i надзеешся, што Бог наглядзіцца, кончыцца яго цярпенне!
– Не надзейцеся, тато, на свайго Бога…
– Не кажы! – Яшчэ загарэліся вочы старога. – Не гневай яго! От з-за етаго, можа, усе i выходзіць! Што не шануюць, што кожны абражае яго! З-за етаго ён, можа, i падумаў: хоць перадушыцеся, паешце адзін аднаго, – калі вы ўсе такія да мяне!.. Не смейся! – закрычаў ён, улавіўшы на сынавым твары усмешку. Слухае, як разумнейшы – дзівака! – Не смейся! – загадаў Яўхіму.
Яўхім сагнаў усмешку.
– Бог! Дзе ён, еты ваш Бог?! – сказаў Яўхім раптам нецярпліва, усхвалявана. – Kani тут такое робіцца, а ён – хоць бы што! Глядзіць – ды маўчыць! За бальшавікоў шчэ, падобно, стараецца! Бязбожнікам памагае!
Стары перахрысціўся.
– Не пляці! Не паддавайся д’яблу, які шэпча табе! Бачыць ён усё, Бог, жджэ сваёй мінуты! І калі пабачыць, што – мамент, – скажа сваё! Скажа! Пабачыш!.. Прыйдзе ета мінута! Будзе ета пара! Перамераецца ўсё нанаво! Пабачыш! Бог скажа сваё!
– Дак падажджэм, – прамовіў Яўхім нібы спакойна, зноў з той жа схаванай, недаверлівай усмешкай.
– Сіла цяпер у ix! – не заўважыў усмешкі разгарачаны стары. – Цярпець ды надзеяцца – адно астаецца! Ждаць, калі Бог рэшыць!
– Дацярпеліся, даждаліся ўжэ!..
– Дажджэмся, буць не можа! Бог скажа сваё!.. Кеб палякі хоць! – раптам перамяніў гаворку стары. Шкадуючы, прагнучы, нібы памаліў: – Хоць бы тыя ўжэ! Гатовяцца ж даўно, пішуць i ў етых, у бальшавіцкіх, газетах!..
Яўхім дыміў адно, думаў штосьці сваё. Нечакана для старога падумаў уголас, цвёрда, неадменна:
– Усе-такі я запарву недзе етаго рабого, воко да вока! І пагавару – воко да вока! – Ён прамовіў "пагавару" так, што нават стары зірнуў трывожна i пільна. Яўхімавы вочы былі прыжмураны люта, бязлітасна. Як бы пакляўся – жыў не буду, пакуль не пагавару!
– Дазнаюцца зразу, – сказаў мякка стары, шкадуючы.
Яўхім прамаўчаў. Дыміў цыгаркаю, зноў абапёршыся аб вушак. Стары сядзеў неспакойна, круціўся, ездзіў па лаве. То паглядваў на акно, ці не туліцца хтонебудзь, то кідаў позірк на старую, што ўсё драмала седзячы, то прыслухоўваўся, што чуваць адтуль, дзе Чарнушкава, неспакойна разважаў, што рабіць.
– К начальству б якому папробуваць? – глянуу на сына, быццам раіўся. – Крываротаго i то ўжэ як бы шкода, што прагналі… Падстугііцца не знаеш да каго…
Стары вытрымаў хвіліну, наважыўся, з асцярогай, уважліва: – Можа б… к юравіцкаму – пра каторага намякаў… папробуваць?..
– Можно папробуваць… – не здзівіўся, не стаў доўга разважаць Яўхім. Мабыць, i сам ужо думаў пра гэта. Уздыхнуў: – Надзеі на другое няма…
Стары ўзрадаваўся:
– Схадзі.
Яўхім варухнуўся. Кінуў, растаптаў лапцем акурак. Голасна, з яго бязлітаснасцю, сказаў:
– Адзін выхад – калгас. Нідзе не дзенешся! – Дадаў бязлітасна ж: – Усе адно жыць самім не дадуць! Да й чаго так жыць, як цяпер!
Стары памаўчаў. Нечакана прамовіў:
– Не прымуць.
Яўхім не пярэчыў. Моўчкі рушыў дадому.
Стары ступіў услед:
– Дак схадзі ж.
2Стары параіў ісці не па шляху: нінашто лішне лезці ў людскія вочы. З хаты Яўхім падаўся да гумна, зазірнуў у гумно, пакорпаўся на прыгуменні. Потым ужо, у картовых штанах, у лапцях, у свіце, накінутай на плечы, выправіўся ў поле, спакойна, быццам з нейкім гаспадарчым клопатам, пакіраваў да лесу. Сцежкамі, не сустрэўшы нікога, абышоў блізкія Міхалі, вылез з лесу толькі каля балота. Па кладцы – двух круглых, слізкіх бярвеннях – пераступіў цераз мелкую пасля лета рэчку. За рэчкай зноў збочыў з дарогі, абмінуў Загародкі. Полем, сцежкамі, не выходзячы на шлях, кіруючы на знаёмую белую царкву, i дабраўся да мястэчка.
У мястэчку пайшоў таксама не па люднаму галоўнаму спуску, a ціхай сцежкай, што звіліста спадала з гары, паўз яр, паўз агароды. Зубрыч строга забараніў заходзіць у будынак, дзе ён рабіў. Ён забараніў i турбаваць сябе з інакшай, як пры крайняй патрэбе, прычыны; не якім-небудзь намёкам, a простымі, цвёрдымі словамі Зубрыч паказаў, што Яўхімава справа ў цэлым – чакаць, калі да яго прыйдуць. Толькі тады, калі сустрэча крайне патрэбна, неабходна, Зубрыч дазволіў: можна папрасіць яго сустрэцца, але не заходзячы для гэтага ні ў яго кабінет, ні на кватэру, а праз нейкага свайго Пелюха, якога Зубрыч уладзіў рабіць на насенным складзе. Да хаты гэтага Пелюха Яўхім i кіраваў цяпер.
Хата была акурат пад гарою, у ціхім, парослым травою завулку, так што, ідучы сюды, Яўхіму не трэба было вельмі асцерагацца напаткаць каго-небудзь з куранёўцаў ці алешнікаўцаў. Трэба было асцерагацца хіба цікаўных позіркаў з хат ды двароў, але мала хто i па якой патрэбе мог ісці завулкам, збочыць у хату! Яўхім зусім i не чуў якой-небудзь насцярожанасці; як i тады, калі падыходзіў да мястэчка, i калі спускаўся з гары, i калі ішоў завулкам, ён чуў сябе вельмі спакойна. Схільны хадзіць па свету ганарліва, не туляючыся, ахвочы нават да рызыкі, ён лічыў, што ўся гэта зубрычаўская асцярожнасць ні да чаго, i калі трымаўся яе правіл, то толькі таму, што на гэта быў цвёрды Зубрычаў загад, i таму, што злаваць Зубрыча не было ніякай рацыі. Праўда, яго ні трохі не турбаваў клопат пра тое, каб не ўгнявіць Зубрыча: чым бліжэй падыходзіў Яўхім да сустрэчы з Зубрычам, тым менш тлела ў Яўхіма спадзявання i на самога Зубрыча i на гэты паход, у які ён выправіўся найбольш таму, што прасіў бацька. Ва ўсім гэтым паходзе Яўхіму бачыўся цяпер толькі той сэнс, што будзе ці не будзе якая-небудзь карысць, а паспрабаваць – можна. Каб не гадаць потым. Іншага выхаду ўсё роўна няма.
У Пелюхавай хаце былі толькі жонка з дзіцем на руках ды малая гадоў дзевяці. Малая, чарнявая, надобная на бацьку, адразу, як толькі ўвайшоў Яўхім, падалася да маткі, таропіла з-за матчынай спадніцы дзікаваты, пільны позірк. Уважліва, не вельмі гасцінна глядзела i Пелюхава жонка, невысокая, таўставатая, распатланая, у расшпіленай бруднай сарочцы. Можа быць, яе раззлавала дзіця, якое яна трымала, яна i цяпер нервова хітала яго, – але i Яўхіму, здавалася, нічога добрага не хацеў зычыць гэты позірк. Калі Яўхім сказаў, што яму трэба пагаварыць з чалавекам, яна, як бы злуючыся, загадала малой пазваць бацьку. Без ветлівага слова павярнулася, падалася, важка ступаючы босымі нагамі, хітаючы дзіця на тоўстых руках, у суседнюю бакоўку. Не запрасіла нават сесці. Яўхіма гэта ні трохі не збянтэжыла: ён спакойна агледзеўся, выбраў месца на лаўцы ля акна. Сеў, як у бацькавай палавіне.
Пелюх прыйшоў скора. Чорны, няголены, жвава ўскочыў, угледзеўся, не пазнаючы; відаць, чакаў кагосьці іншага, бо калі пазнаў, Яўхім заўважыў – юрлівыя, з бляскам вочы расчаравана пахаладнелі. З расчараваннем на твар легла насцярожанасць: пільна, коса павёў позіркам на жонку. Гэта было адзін міг, Пелюх амаль адразу ж адолеў разгубленасць: як перад найлепшым прыяцелем заюрліў перад Яўхімам, выказваючы радасць, якая можа быць толькі ад госця, якога даўно i нецярпліва выглядвалі. Яўхім, здзіўлены такім уменнем хлусіць, хоць, як заўсёды, чуў непрыхільнасць да такой хлусні, як мог падтрымліваў яе: здагадаўся, што жонка нічога не ведае, дзеля чаго ён прыбіўся, i не павінна ведаць. Запінаючыся, выціскаў з сябе выдумку: вінаваты, што не заходзіў доўга: але быў вельмі заняты, работа насела – не перарабіць. От толькі цяпер вырваўся, i то на хвіліну. Толькі калі жонка выйшла прынесці гуркоў на закуску да той пляшкі, якую паставіў гаспадар на стол, Пелюх, не крыўляючыся ўжо, не тоячы неспакою, запытаў Яўхіма, чаго яму трэба.
Пасля гэтага з паўгадзіны яшчэ сядзелі за сталом. Пілі спачатку з гаспадыняй, якая ахвотна перакуліла чарку самагонкі, ужо больш зычлівая прысела збоку стала. Яна, відаць, сядзела б увесь час i выпіла б яшчэ не адну чарку, калi б у баковачцы не захліпала, настойліва, патрабавальна, дзіця. Жанчына, зноў узлаваная, важка патупала ў бакоўку. Мужчыны пілі i закусвалі адны, пілі, пакуль бутэлька не апусцела. Тады толькі Пелюх, ужо непрытворна вясёлы, жвавы, падаўся з хаты, загадаўшы Яўхіму сядзець чакаць.
Прыйшоў ён не вельмі скора. У пакоі была зноў жонка з дзіцем на руках, i ён зноў з прытворнай весялосцю загаварыў пра тое, што на складзе спакойна, была адна падвода, дык ён адпусціў яе i вярнуўся. Жонка, мабыць, адчула, што ён нешта тоіць, бо прыглядвалася i ўслухоўвалася вельмі ж уважліва i недаверліва; толькі выйшаўшы правесці, ужо ў завулку ля плота, Пелюх перадаў, што Зубрыч вялеў чакаць яго пры дарозе, якая вядзе ў Крыты. У лесе, праз кіламетры два ад мястэчка. Праз гадзіну…
Дарога была ціхая, без людзей. Насустрач ішлі толькі спачатку бярэзнік, а пазней – сасоннік, там i тут перамешаны з бярозамі. Ужо калі Яўхім падыходзіў туды, дзе, па яго адліку, трэба было чакаць, учуў ён наперадзе рыпенне калёс, што ехалі з боку Крытаў; сышоў з дарогі, схаваўся ў зарасніку. На калёсах ехалі двое дзядзькоў: адзін правіў, a другі седзячы драмаў. Той, што правіў, быў у свіце, у старой шапцы, з рудой барадою, – вясковы дзядзька, a другі – малады, у паліто, з настаўленым каўняром. Збоку відно было – гарадскі госць, – які-небудзь упаўнаважаны…
Зубрыча давялося чакаць доўга. Пачуўшы лёгкі бег калёс, Яўхім не выйшаў на дарогу, глядзеў з-за дрэва, праз гушчэчу зарасніку: думаў выйсці тады, калі ўпэўніцца, што гэта іменна Зубрыч. Ехаў-такі – адразу пазнаў – Зубрыч, – на лёгкім, з рысорамі, вазку, у палатняным плашчы з капюшонам, у выгаралай, з памятым казырком шапцы. Сядзеў так, што можна было падумаць – нудзіцца дарогаю, дрэмле, але Яўхім зводдалек улавіў заклапочаны позірк яго ўперад.
Яўхім, спакойна адхінаючы галлё, выйшаў на дарогу. Зубрыч спакойна ж, павольна пад’ехаў. Спадылба прастрэліў дарогу наперадзе.
– Падвязеце, можа? – сказаў Яўхім прытоена насмешліва.
– Сядай. – Зубрыч прытрымаў каня. Не ўзяў Яўхімавага гулліва-насмешлівага тону, сказаў стрымана, сур’ёзна.
Зубрыч дзелавіта варухнуў лейцамі, вазок крануўся.
– Што такое? – Зубрыч зірнуў на Яўхіма строга, патрабавальна.
Яўхім, ужо без гуллівасці, коратка, грубавата, расказаў.
– Я ведаю гэта, – прамовіў Зубрыч, адварочваючыся ад яго.
Яўхім заўважыў i ў тоне гаворкі яго, i ў тым, як адвярнуўся, глядзеў кудысьці ўперад, недавольнасць: нібы яго патурбавалі з-за нейкай дробязі!
Яўхім зазлаваў. Узяла непрыхільнасць да Зубрыча, упартасць.
– Дак чаму ж не зрабілі нічого? Пальцам не варухнулі! – сказаў груба, непрыязна, знарок паказваючы гэта.
– Не магу, – Зубрыч пібы не заўважыў Яўхімавага тону. Ці не палічыў вартым прыніжацца да гэтага тону. Мякка i як бы звысака, павучаючы, растлумачыў: – Рашэнне зверху. Рашэнне Цэнтральнага Камітэта! І савецкага ўрада!..
– Дак нічого i зрабіць не можно було? – не змяняў Яўхім тону.
– Можна было, – лагодна згадзіўся Зубрыч. – Але – таварышы ў вас вельмі граматныя. Таварыш Гайліс i ваш новы старшыня калгаса… Вялікую, можна сказаць – пахвальную актыўнасць праявіў ваш наваяўлены старшыня! Дайшоў да сакратара райкома таварыша Башлыкова! Дамовіўся са старшынёй райвыканкома таварышам Апейкам!.. Дамовіўся не наогул, а – канкрэтна! Канкрэтна дамовіўся, які ўчастак выдзеліць! Мне паведамілі толькі рашэнне! Канкрэтнае! Я быў бяссільны!..
Зубрыч развёў рукою. Яўхіма злавала не толькі тое, што ён казаў, але i яго манера гаварыць: крыўляецца, як на спектаклі, як перад малым; калі такое робіцца!
– Што ж вы – можаце? – сказаў Яўхім з пагардай. Падумаў зласліва пра сябе: знайшоў на каго спадзявацца!
– Не трэба істэрыі! – ужо без артыстычнасці, уважліва i холадна прамовіў Зубрыч. – Цярплівасць i вытрымка – вось што трэба! – Ён загаварыў стрымана, дзелавіта – Мы не можам не лічыцца з абставінамі. Абставіны пакуль што, на жаль, мацней за нас. Нам, незалежна ад нашых жаданняў, астаецца пакуль адно – чакаць. Чакаць, калі абстаноўка зменіцца. Стане больш спрыяльнай нам.
– Як жа ждаць? Жыць ужэ няма як! – абурыўся Яўхім. Абурыўся так, нібы Зубрыч у гэтым быў вінаваты.
– Нявесела жыць, – згадзіўся Зубрыч. – Не хочацца спяваць хвалу жыццю, калі бяруць за горла… – Ён неяк уважліва зірнуў Яўхіму ў твар, памаўчаў, нібы разважаючы, i раптам сказаў: – Але самае невясёлае тое, што гэта, можна сказаць, – пачатак. Што наперадзе – горшае… – Чуючы, як насцярожыўся, як ловіць кожнае яго слова Яўхім, ён загаварыў жорстка, бязлітасна: – Бальшавіцкая партыя толькі пачала генеральнае наступленне, – "партыя" i "генеральнае наступленне" ён сказаў з асаблівым, злавесным сэнсам. Амаль паўтарыў, нібы падкрэсліў: – Толькі пачала наступаць на капіталістычныя элементы ў сяле. Гэта значыць – на мужыка. У першую чаргу, вядома, на мужыка заможнага, гаспадарлівага, які імянуецца кулаком… Партыя – не спыніцца, – усё больш, быццам знарок, трывожыў ён Яўхіма. – Не спыніцца, пакуль не давядзе лінію да канца. Пакуль, інакш кажучы, – не сатрэ мужыка ў парашок…
– Дак што ж рабіць? – не запытаўся, а зноў як бы абвінаваціў Зубрыча Яўхім. Дзіўна, тое, што ён сам адчуваў, пачутае ад Зубрыча, станавілася быццам больш грозным.
– Гэта пытанне важнае. І – складанае… – Зубрыч на момант як бы задумаўся. – Калі думаць рэальна, то ў бліжэйшы час трэба думаць, як зберагчы маёмасць, капітал свой. Задача амаль немагчымая ў цяперашніх абставінах. Ёсць, на жаль, толькі адзін спосаб зберагчы нажыты капітал: не марудзячы, наколькі можна, энергічна распускаць гаспадарку. Пераводзіць нерухомую, грамозную маёмасць у грошы. Якія можна зберагчы, захаваўшы надзейна, закапаўшы ў зямлю. Што да роду грошай, то тут можна было б адцаць перавагу золату, але яго, на жаль, амаль немагчыма будзе знайсці. Так што прыйдзецца – на звычайныя грошы.
Яўхім ужо не заўважыў яго несамавітых зваротаў: не да таго было.
– Не вельмі купіць хто! – сказаў ён з абурэннем, якое не знікала. – Усе самі глядзяць, як бы збыць!
– Н-да, – згадзіўся Зубрыч, – людзі адчуваюць, чым пахне. Кан’юнктура гандлёвая, так сказаць, не спрыяе продажу Але – трэба лічыцца з абстаноўкай, i трэба дзейнічаць у гэтым кірунку. Толькі ў гэтым. Каб не рызыкаваць астацца i без грошай i без маёмасці.
– І ето, i маёмасць – забяруць?!
– Ёсць падставы лічыць, што ўсё будзе рэквізавана – адабрана – для калгасаў. Без якой-небудзь расплаты. Для выканання далейшай генеральнай лініі – вырваць капіталізм з коранем. Да астатку.
Яўхім злосна мацюкнуўся. Люта павёў позіркам спадылба, не знаходзячы выхаду безнадзейнасці, што захмарыла ўсё жыццё, што запякла такім здзекам, ашалела плюнуў. Свет гатоў быў спапяліць у гэты момант, растаптаць, разламаць усё – такая лютасць узяла.
Зубрыч нібы пашкадаваў:
– Буралом гэты не абміне нікога. Усіх захопіць, кожнае дрэва выверне, з коранем. Не абміне нікога. – Ён дадаў, як асабліва важнае: – Не міне ні дужае, ні слабое дрэва. Hi кулака, ні – бедняка…
– Як жа жыць? – не адразу выціснуў пануры, затоены Яўхім.
– Так i жыць. Помнячы, што нічога не вечна, што ўсё мяняецца, як казаў Карл Маркс. Сёння – яны, заўтра, – Зубрыч сказаў значна, – заўтра – мы. – Загарэўся, загаварыў з верай, з захапленнем: – Трэба глядзець наперад! Умець распазнаваць, куды цячэ жыццё! Жыццё паварочвае ў нашым кірунку! Чым больш бальшавікі будуць ціснуць, тым больш будуць слабець яны. І тым мацней будзем мы! Такая – дыялектыка! Народ ніколі не прымірыцца з калгасамі! З гэтым здзекам з мужыка, з усёй яго прыроды!..
– Хто не прымірыцца, а хто – дак як на рай які надзеецца, – перабіў яго Яўхім.
– Ix мала! Не трэба ашуквацца! Maca сялян – супраць калгасаў! Супраць! Не адзінкі, не сотні – маса! Maca!
– Ето такая маса, – скрывіўся Яўхім, як ад дзіцячай выдумкі,– што толькі сядзіць ды жджэ, як яно будзе. Ціскануць заўтра бальшавікі – дак i палезе ўся. І служыць будзе.
– Ты памыляешся! Ты не ўмееш ацэньваць абстаноўку! Pyx гісторыі! Усё гэта не так проста, як ты думаеш! – напаў на яго Зубрыч, але Яўхім злосна перабіў:
– Да што тут – проста, няпроста! Тут ужэ самога думка бярэ – штоб у калгас! Усе адно – жыць няма як!
– Не трэба падаць духам! Зубрыч пакруціў галавою: трэба ж – такое малаверства! З бадзёрай, мудрай усмешачкай павялеў:– Вытрымка i вера! Не трэба да часу вешаць галаву, друг! Прыйдзе наша пара, вернецца ўсё! Яшчэ нямала ў прыдачу возьмеш! Калі толькі заслужыш, вядома!.. – дадаў Зубрыч зусім весела.
Яўхім не адказаў на яго весялосць. Хмурна глядзеў уніз на дарогу, гарбата ківаўся, быццам не чуў Зубрыча. Зубрыча гэта не збянтэжыла.
– Мы сваё зробім, – сказаў ён, зрабіўшы націск на "мы" i надаўшы гэтаму "мы" загадкавую значнасць. – Але поспех нашай работы будзе залежаць ад цябе, ад многіх іншых нашых паплечнікаў сярод народу… Трэба працаваць з намі. Трэба паказваць, якую бяду нясуць бальшавікі. Аднаму, другому скажы i – пойдзе па сялу. Пускаць чуткі, даваць парады – што рабіць з гаспадаркаю, напрыклад… Уздымаць паніку, нездавальненне… Падбіраць недавольных, злучаць ix у групкі. Каб у належны момант было абаперціся на каго. Узняць ix i павесці з сабой – у належны момант… – Зубрыч яшчэ гаварыў, дзелавіта, важна тлумачыў, але Яўхім амаль не слухаў яго.
Яўхім разумеў большае, чым Зубрыч гаварыў: ён разумеў, што нічога добрага не будзе, што спадзявацца няма на каго. Калі выехалі на разгалку дарог, ён перабіў Зубрычава настаўленне:
– Я тут пайду. – Яўхім саскочыў з вазка.
Зубрыч прыпыніў каня. Глянуў бадзёра, наказаў:
– Цярплівасць, вытрымка! І – вера! Вера, Яўхім!
Яўхім хмурна адвёў вочы. Не глядзеў, як схаваўся лёгкі вазок; адразу, як вазок крануўся, Яўхім стоена, павольна пасунуўся сваёй дарогай. Ужо адышоўшы далека, стаў, сярдзіта плюнуў: "Абяцаў яшчэ абшары зямлі! Чарвяк!.."