Текст книги "Подых навальніцы"
Автор книги: Иван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 13 (всего у книги 38 страниц)
Частка другая
Раздзел першы
1Апейка багата ездзіў. Ледзь не штодня даводзілася выпраўляцца ў тую ці іншую дарогу.
Дарог большых было тры. Адна, самая кароткая i самая добрая, адразу ля райвыканкома глінянымі каляінамі крута лезла ярам угару. Тут Апейка заўсёды ішоў побач з таратайкай, іншы раз памагаючы каню.
З гары шырока i далека была відна зямля; Апейка з ахвотаю глядзеў, як ішлі i ішлі палі, дзе-нідзе перарэзаныя дарогамі, расквечаныя купкамі дрэваў; за сіняватай смугою хораша, мякка плылі таполі, кугікі далёкіх садоў ды стрэх, абрысы ўзлессяў. Дарога была шырокая i роўная, стары шлях з шумлівымі бярозамі i тэлефоннымі слупамі; коні тут не толькі ішлі, a i беглі ахвотна, колы лёгка каціліся ў цвёрдых каляінах, – дарога паволі ўсё паніжалася i паніжалася, пакуль не ўпірапася ў нешырокае балота абапал рачулкі Тур’і, дзе раптам збочвапа i ўжо бралася мастком ды крывою падковай грэблі.
Адсюль балоты ўжо амаль не адпускалі шлях: ішлі ўвесь час поблізу, край ix добра абазначалі стрэхі гумнаў i сады – сёлы тут ляпіліся к самым балотам, так што платы агародаў гнілі ў балоце. Ды i самі вуліцы, асабліва ў веснавое разводдзе ці асеннюю слату, падобна было, танулі ў балоце.
Людзі тут адвеку шкадавалі кожны шматочак добрай зямлі. Час ад часу балоты нецярпліва падбіраліся да самага шляху, а то i перахоплівалі яго: ад Тур’i, ад Глінішчаў кожныя паўтара-два кіламетры шлях узыходзіў на чорныя грэблі, тэлефонныя слупы ішлі цераз твань. Пад самы шлях падыходзіла балота i на мяжы раёна…
Раён цягнуўся ўздоўж Прыпяці; на карце ў Апейкавым кабінеце, якую намалявалі Апейку ў школе, раён падобны быў на рыбіну, што ляжала ўздоўж ракі. Мяжа нібы знарок старалася не адыходзіць далека ад берага, віляла найбольш усцяж яго. Паўз бераг з мястэчка ў процілеглыя бакі ішлі дзве друпя большыя дарогі. Абедзве яны ішлі па нізу, адна, прагрукатаўшы брукам галоўнай раённай вуліцы, адразу за апошнімі дамамі ўлазіла ў густы i цёмны сасновы лес, які, абхапіўшы, сціснуўшы з двух бакоў, не выпускаў яе больш за два дзесяткі кіламетраў, да самай чыгуначнай станцыі, якую таксама абцінаў лес. І гадзіну, i другую, едучы тут, бачыў Апейка нейкі насцярожаны лес, чуў, як важка ідуць у глыбокім пяску колы, як натужваюцца коні. Адсюль, калі збочваў улева, лесам, пяскамі, цераз брады Апейка выбіраўся да прырэчных вёсак, да Прыпяці; управа ж дарога выводзіла яго ў новыя лясы, у балоты, сярод якіх радкі хат з саламянымі ды гонтавымі стрэхамі, агароды, палі былі як астравы ў зялёным моры…
Самая знаёмая была Апейку тая дарога, што бегла з мястэчка ўніз паўз Прыпяць. Тут было ўсё асабліва вядомае: кожны ручайчык, кожная лугавіна, кожны радок крывых, каравых верб пры дарозе. Адтаго, што бачыў ix часта, а найбольш, мабыць, таму, што апаноўваў які-небудзь клопат, зазвычай нецярплівы, неспакойны, вочы нярэдка быццам i не бачылі ні верб тых, ні лугавін. Быццам не было ў ix нічога асаблівага. Але здаралася i такое – найчасцей ціхімі залатымі днямі, калі сэрца раптам станавілася немаведама чаму надзіва кволае, чулае, – што i вербы, i грэблі ішлі ўжо насустрач, знікалі, як жывыя, як блізкія. Радасць, нейкая святочнасць квола, нібы павуціна, трымцелі ўсярэдзіне, калі згадваў, як ехаў паўз гэтыя самыя вербы цікаўным, палахлівым звярочкам – першы раз у вялікі свет, у Юравічы, калі згадваў дробныя драбніцы, што зачаравалі, урэзаліся ў памяць на ўсё жыццё. Тужліва было, калі ўспомнілася, як гэтай вось грэбляю, п’янага, ачмурэлага, везлі на вайну, як гарланіў з братам Саўчыкам "паследні нынешні дзянёчак", як бацька адварочваўся, жалліва шморгаў носам. Тут – ціхі, пастарэлы, здавалася, на сто гадоў, ехаў праз паўтара года ранены – асцярожна трымаў на сене забінтаваную нагу. Побач у сене ехалі мірна мыліцы, паблісквалі дзвюма чорнымі цыратовымі падушачкамі… Каля хаты ён знарок весела скокнуў з гэтымі мыліцамі, а матка – раптам уголас, на усё сяло… Увесь дзень то смех, то – слёзы…
Другі раз везлі раненага ўжо з белапольскага фронту. Ногі цяпер хадзілі добра, але куля прашыла верх лёгкага i лапатку – рука вісела як чужая. Дактары раілі малако, чыстае паветра i адпачынак… Чыстага паветра хапала ўдосталь, а малака не было: адзіную кароўку абадралі i зжэрлі прагавітаю гайнёю паны уланы. Не было i як адпачываць: дзе ты будзеш сядзець зломкам, калі ўсе ў полі, на лузе, у клопаце. Левая рука пачынала жыць быццам нанава: вучылася рабіць за правую…
А потым, з шынялём, у нехалодныя дні накінутым напашкі, ездзіў сам на сельсавецкай каняцы ў воласць: спярша – сакратар, а потым – старшыня сельсавета. Усё быццам сышлося к таму, каб кіраваць сельсаветам: i такая-сякая грамата, прывезеная з армейскай службы, i ранняя сталасць, набытая раненнямі ды вандраваннямі ваеннай пары, i нават калецтва. І праца была важная, патрэбная. І не толькі важная, a i небяспечная. Дасюль, калі ехаў тым балотам, дзе чорны зараснік лез з абодвух бакоў на грэбельку, чуў, як халадзее ўсярэдзіне: трэба ж, ледзь не аддаў душу за нішто! От тут вылезла пачвара гэта – бандзюга, гаркнула: "Ану, злазь!.." Ён ад неспадзеўкі аж абамлеў, прыпыніў каня. Заўважыў – яшчэ двое вылазяць. Гэта ix, мабыць, суйакоіла – што паслухаўся, стаў. Гэта i памагло яму. Як ён раптам – адкуль узялося! – здагадаўся, так спрытна i лоўка аперазаў пугай па вачах таго, першага! І як тузануў каня, i як конь ірвануў! І як здагадаўся ўпасці на воз! Тры разы бахнулі – не пацэлілі! Жыць яму, значыцца, доўга выпала! Добра i што дарога хутка завярнула, схавала яго: памагла! Але ж як блізка была нябожчыца старая, каб трохі – той свет пабачыў бы!
Багата што напамінала дарога Апейку. Напамінала, як ветраным кастрычніцкім днём ехаў у Гомель, на курсы; як вяртаўся з курсаў летам ужо з жаданым, сумленна заробленым дакументам пра тое, што ён – настаўнік; як ездзіў у валасны цэнтр на партыйныя ды настаўніцкія нарады. Думкі тут кожны раз вялі сваёй сцежкай: то ў дзядзькаву хату, дзе ён адзін "вёў" чатыры класы, у цёмнае лясное сяло; то ў другое такое ж сяло, дзе ён зноў быў у сельсавеце; то к таму ці другому знаёмаму той пары…
Успаміны пра даўняе бралі Апейку найчасцей, калі ён ехаў к роднай хаце. Калі ж вяртаўся, яго больш апаноўвала тое, што давялося пабачыць у сваёй хаце, у сяле. Было амаль заўсёды тужліва i неспакойна: шкада было бацьку i матку, якія станавіліся ўжо зусім старымі. Матка яшчэ завіхалася, калі ён прыязджаў, бы i не чула стомы, a ў бацькі ўсё валілася з рук. Рука дрыжала, калі трымаў лыжку. Слабеў стары не гадамі, a тыднямі. Да трывогі пра бацьку нязменна прыпляталіся супярэчлівыя, блытаныя, з жалем i злосцю. думкі пра брата, пра Саўчыка. Тoe яснае, шчырае, што калісьці жыло між ix, цяпер не толькі не лагодніла абодвух, a рабіла яшчэ больш нецярплівымі, непрымірымымі. Былі не тое што чужыя, а горш за чужых: Апейка проста ненавідзеў брата, а брат ненавідзеў яго. Нянавісць гэту ён i вёз з сабой, вяртаючыся: кляў дурную братаву прагнасць, злую зацятасць, што калечыла, паганіла чалавека; шкадаваў матку, якая разрывалася між абодвух…
Бяда з братам вельмі трывожыла Апейкава жыццё. Мала пра што думаў ён цяпер з такой тугою, нярадасцю: як-ніяк той, хто лез у дрыгву, быў брат!..
З тым i трыма дарогамі, якія столькі разоў беглі насустрач Апейку, якія ён асабліва ведаў, была яшчэ адна, таксама важная, але не падобная ні на адну з трох. Яна пачыналася каля рачнога маяка на пясчаным беразе Прыпяці i вяла ў "акругу", у гарбаты, то пасяброўску ветлівы, то дзелавіта строгі Мазыр. Працавіты, белы "Чычэрын", мерна лапочучы па вадзе, штодня лез насуперак шырокай прыпяцкай плыні; з мая, калі сыходзіла разводдзе, да позняй восені з аднолькавай ахвотай нёс i на нарады i на суровыя справаздачы. Зімой, па аснежанай рацэ, была самая роўная i самая зручная санная дарога: сані дабягалі да акруговага горада весялей i спарней, як па беразе…
Ад усіх трох галоўных дарог раёна збочвала мноства меншых дарог, дарожак, сцежак. У кожнай дарогі i дарожкі былі свой характар, свой нораў: мала дзе у свеце было столькі наравістых, ненадзейных дарог, як на гэтай зямлі. Толькі нямногія з ix i нядоўга ціха ішлі полем ці лесам; большасць, ледзь Апейка з’язджаў са шляху ці байчэйшай дарогі, зразу ўлазіла ці ў мокрыя зараснікі, ці ў балотнае куп’ё.
За балотам, за зялёнай тванню ды зараснікам абапал грэблі таратайка Апейкава праз нейкі час выбіралася на меншую ці большую выспу, i колы ў летнія сонечныя дні мякка сеялі пясок або дробны, як мука, пыл. Выпаўзала, круцілася поле: млелі на сонцы палоскі звычайна беднай збажыны – нікчэмны колас, худзенькія, хваравітыя сцяблінкі, поле ўсё свіцілася наскрозь, пясок ды пясок. Ішлі палоскі зацярушанай гіылам бульбы, вецер прыносіў салодкі пах грэчкі. За вытаптаным выганам, амаль заўсёды пры балоце, Апейку абступалі хаты – новыя, пасівелыя ўжо ад дажджу ды ветру, скрыўленыя, абымшэлыя ад даўнасці. За шыбамі, за платамі сустракалі цікаўныя вочы: чым далей ад вялікай дарогі, тым радзей бачылі тут чужога чалавека…
У кожным сяле былі ў Апейкі цяпер знаёмыя, прыяцелі; калі не спяшаўся вельмі, нават кіруючыся далей, ён спыняў каня, завітваў у хату. Да выпіўкі ён быў, усе ўжо ведалі, не вялікі ахвотнік, ведалі, што, калі галодны быў, не таіўся, не аднекваўся для прыліку i не трэбаваў беднай якой грыбной ці шчаўлевай поліўкай. І ведалі, што любіў юравіцкі госць, як пачастунак, талковую, цікавую гаворку. Ведалі i частавалі. Чаго-чаго, а гаворак у Апейкавых паездках хапала заўсёды! То нібы пустыя, са смешкамі, то сур’ёзныя, яны Апейку былі i радасцю i абавязкам: хто-хто, а ён ведаў, як далека панясуць не вельмі багатыя на такія сустрэчы дзядзькі ды цёткі гаворкі гэтыя, як доўга будуць пераказваць, услухоўвацца, дашуквацца не толькі яўнага, a i тайнага сэнсу. Гаворкі цікавыя i карысныя былі i самому Апейку: тут, у гэтых людзей, было мора навін, такіх патрэбных яго душы, якая хацела быць заўсёды з народам…
Калі ён ехаў далей, побач часцяком ішло некалькі дзядзькоў, цётак, чародка цікаўных малых – праводзілі. За крайнімі хатамі таратайка зноў кацілася пясчанымі каляінамі, разам з якімі i ўбягала ў яшчэ адно балота. Абапал зноў мяняліся зараснікі шызаватых лазнякоў ды бліскучага алешніку, зноў ядавіта зелянела раска, цёпла, дурнотна пахла тванню. Трашчала галлё пад коламі, што дробна дрыжалі, курыўся пыл – руды, тарфяны.
Адразу збоку грэбелькі млела дрыгва, зманліва зялёная, з буйной травою; ступі – i не выберашся, зацягне, засмокча навек. Доўга ішлі то купы зараснікаў, то высокая бурая трава, то раска з жабамі, то чорнае, асклізлае ламачча. Балота, зялёная пагібель, як згледзець воку, на цэлыя кіламетры, да сіняй пасачкі кучаравага лесу.
Час ад часу балота змяняў лес, таксама мокры з балотнай травою, з асклізлым ламаччам. У ім яшчэ вастрэй біў смурод гнілі, яшчэ назольней лезла ў вочы у вушы камарэча, што кідалася цэлымі хмарамі. Балота, мокры лес, зноў балота; выспачкі, нават пясчаныя, былі рэдка, сыходзілі вельмі ж скора.
Іншы раз лес абступаў пануры, чорны, з такімі зараснікамі, што сонца не магло прабіць, з такой густой навіссю ўгары, што не было відаць неба. Станавілася сярод белага дня цёмна, як увечары. Дарога была ужо нібы не дарога, а пяшчэра. Колькі ні бачыў такіх дарог, a чуў Апейка, як нешта сціскаецца i чарнее i ў яго душы, як бярэ нейкая маркота, нейкая трывога. Калі ехаў з ім выканкомаўскі возчык Ігнат, Апейка заўважаў, што i ў таго прападае звычайная дарожная санлівасць, у вачах паяўляецца неспакойны бляск. Азіраецца мімаволі.
Мала дзе даводзілася бачыць Апейку такія агромністыя алешыны, бярозы, асіны, часам дубы, што ціснулі бедную дарогу, прымушалі яе віляць i туды i сюды. То там, то тут каляіны прападалі ў лужынах, i вада ў ix была таксама чорная, як дзёгаць. І гадзіну, i другую ішлі, ціснулі з абодвух бакоў магутныя камлі, чорна звісалі галіны, здавалася, ніколі не будзе ўжо ні поля, ні сонца; але – нарэшце – наперадзе між дрэваў выблісквала нешта вясёлае, a неўзабаве сляпілі вочы вольны прастор, радаснае неба, воблакі.
2Ba ўсім раёне не было цяпер сяла ці нават хутарка, у які хоць бы некалькі разоў не наведваўся Апейка.
Яшчэ ў першыя паездкі свае па раёне Апейка заўважыў, што людзі ў розных месцах жылі неаднолькава, што тыя, хто жыў падалей ад ракі, між балот ды лясоў, багата чым розніліся ад яго знаёмых змалку землякоў – жыхароў пясчанай надпрыпяцкай вёсачкі. Розніліся некаторымі звычаямі, розніліся гаворкаю: раптам прыкмеціў, што ў блізкіх, можна сказаць, суседніх сёлах па-рознаму вымаўлялі адны i тыя ж словы, быццам гаварылі на розных мовах! Дзіўна было чуць, як дзядзькі ці хлопцы аднаго сяла пацяшаюцца з гаворкі тых, што жылі за тым жа балотам, з другога боку яго! Пацяшаліся, хоць у саміх гаворка была дзіўная, хоць тыя, з другога боку, таксама падсмейваліся з ix! Апейка, дабіраючыся да разгадкі такога дзіва, меркаваў, што гэта была, мабыць, памяць далёкай даўніны, калі вёсачкі на сваіх выспах між багнішч жылі яшчэ больш асобна.
Дзе-нідзе сярод палешукоў трапляліся палякі i яўрэі. Палякі, прыкмеціў Апейка, трымаліся купкамі, каля мястэчка, у засценку, яўрэі ж, акрамя тых, што аселі ў мястэчку, жылі па адным, па два ледзь не ў кожным большым сяле, блізка ад дарогі. Палякі корпаліся ў зямлі. Яўрэі таксама нярэдка аралі i малацілі, але большасць кармілася розным рамяством – найчасцей кавальствам ды шытвом. Там-сям спрабавалі гандляваць. Любілі зямлю гэтую i цыганы: не дзіва было Апейку бачыць ці калёсы-буданы на грэблях, ці шумлівыя табары на выганах. Не раз самога якая-небудзь прычэплівая смуглявая маладзіца хапала на дарозе за руку, дабівалася расказаць, што чакае яго…
І палякі, i яўрэі, i цыганы былі тут свае людзі. Палякі часта радніліся з тутэйшымі; яўрэі мірна курылі на прызбах разам з палешукамі; амаль у кожным сяле знаходзілася хата, якая давала цыганам цяпло i прытулак на ўсю доўгую зіму. Яны былі ўсе, i цыганы, i палякі, i яўрэі, як ручаінкі, што ўліваліся ў вялікую раку, што самі станавіліся той жа ракою.
Раён быў, як вычьггаў Апейка ў адной краязнаўчай кніжцы, "даволі аднародны". Апейка чытаў кніжку ўжо тады, як нямала прыгледзеўся да раёна, i ў словах пра "аднароднасць" пачуў быццам іронію. Яму здалося – нішто не было больш далёкае ад ісціны, як гэта – "аднароднасць"! Ужо тое, дзе жылі, у якім месцы, розніла нямала людзей. Яго землякі, што ўмелі смаліць лодкі i закідваць у прыпяцкія затокі сеці, не ва ўсім былі падобны на тых сваіх братоў, хаты якіх ляпіліся ўздоўж шляху, якія з вясны да зімы толькі i корпаліся на сваіх перадзеленых, перамераных палосках. Людзі па шляху таксама бывалыя, звыклыя да блізкіх i далёкіх гасцей. Не дзіва тут сустрэць граматнага чалавека, амаль у кожным вялікім сяле – школы, настаўнікі. Але ўсё ж гэтыя не такія ўжо галасістыя, не такія вольныя на людзях. Гэтым лодка ды сець як дзіва якое, гэтыя не вераць у раптоўную ўдачу, калі за адзін дзень пабагацець можна. Мабыць, таму i гандлююць так ціха, асцярожна, паважна, i далей за Юравіцкі кірмаш выбіраюцца рэдка. Рачныя ж – рухавыя, i ў Нароўлі сустрэць лёгка, i ў Мазыры, i за Мазыром. Легка набываюць i легка трацяць.
Зямля каля рэчкі найбольш пясчаная, няўдзячная. Тых жа, што каля шляху, яна падманвае рэдка, ёй больш вераць, больш стараюцца. Тут зямля спрадвечных аратых, векавечных плугатароў…
У тых, што за гушчарамі, за балотамі, багата ў чым i сваё, асаблівае жыццё i свае характары. За балотамі зямля найбольш паганая, людзі хапаюцца за лес, шукаюць ратунку ў лесе. З ягадамі, арэхамі, грыбамі запасяць на зіму жалуды: цэлымі гарамі ссыпаюць у засекі. Жалуды любяць свінні, жалуды таўкуць на муку: хлеб там рэдка без жалудовай дамешкі. Бывае i толькі з жалудовай мукі; ён у горле як гліна, у жываце – бы цэгла. За балотамі настаўнікаў менш, менш школ, з-за балот людзі рэдка выбіраюцца ў свет. Там не дзіва сустрэць цётку ці хлопца, якія век не бачылі ні паравоза, ні парахода. Там больш за ўсё цёмных, хворых на ліхаманку i сухоты, там самыя недаверлівыя, дзікаватыя позіркі…
"Даволі аднародны…" Той, хто пісаў кніжку, цікавіўся этнаграфіяй, ён казаў пра этнаграфічны склад жыхароў раёна. Яго не цікавіла – ён "меў права" абысці – галоўнае, што вызначала стан людзей у грамадстве – стан ix гаспадаркі; галоўнае, што кідалася найперш у вочы былому сялянскаму хлопцу i цяперашняму старшыні райвыканкома. Не толькі па абавязку, a i з як бы ўжо сардэчнай патрэбы раней за ўсё ўведвала Апейкава цікавасць, якая ў чалавека гаспадарка: колькі зямлі – пахаці, лугу, лесу (быў яшчэ нямала ў каго i "свой" лес); колькі едакоў у сям’i, колькі працаздольных; колькі коней ці быкоў – якое цягло; колькі кароў, авечак, свіней. Не абыякавая, не фармальная, чалавечная цікаўнасць яго старалася дазнацца не толькі тое, колькі зямлі i лугу, але i якіх; i хто тыя едакі ў сям’i, што не робяць; i які той конь, тая карова – якая карысць з ix. Усякія ж зямля i коні бываюць – ведаў ён не з падручнікаў якіх, а таму, што папахадзіў па гэтых усякіх землях i паездзіў, папарабіў на ўсякіх конях. І яшчэ не забываў ніколі: ці не служыць хто з хлогіцаў у Чырвонай Арміі, дзе, кім, – не забываў не толькі таму, што ведаў, як багата значыў той хлопец у гаспадарцы, a i таму, што помніў, паважаў армейскую службу; хацеў, каб усе помнілі: армія – то армія, хлопец не на гулях, а на дзяржаўнай службе, служыць народу. Значыць, пашана i яму, i яго бацькам ды братам. Пашана i ўвага…
Бачыў Апейка, што i заможныя i беднякі не ўсе былі на адзін капыл. Былі сярод заможных багацеікулакі, п’яўкі, што толькі i жылі з чужой крыві, з чужога поту, a былі i такія заможнікі, дзе дастатак увесь набываўся тым, што сям’я ўся – з падрослых, працавітых дзяўчат ды хлопцаў, якімі правіць суровы, бязлітасны камандзір-бацька. Бацька-манарх, бацька-катаржнік; камандзір катаржнай каманды. Былі i такія заможнікі, у якіх адно лічылася зямлі больш, як у іншых; але як зямля тая жаўцела жоўценькім пясочкам, то заможнікі такія праўдзіва нагадвалі голых каралёў. Былі i такія, у якіх за чорнымі, пакрыўленымі сценамі, за сляпымі акенцамі, заткнутымі анучамі, таіліся багацце i хцівасць, пра якія б век не падумаў,– поўная кулацкая дзяржава пад абдзёртай, старчай страхою! А другога гатовы былі залічыць у кулакі таму толькі, што ў таго хата відная на ўсё сяло; выпнуўся, паставіў усім на зайздрасць; лезе ўсім у вочы сваім хорамам; a ў тым хораме век галодныя дзеці – багацце ўсё!
Не блізнятамі былі, бачыў Апейка, i тыя, каго аб’ядноўвалі адным імем – бедната. За тым агульным, добра знаёмым абліччам галечы i нішчымніцы, якое яднала ўсіх, бачыў Апейка рознасць лёсаў i прычын: бедныя – ад беднасці зямлі,– што ты выціснеш з таго пясочку ці балота! – ад недахвату цягла: паспрабуй, разгарніся без каня! – адтаго, што хворыя кармільцы, адтаго, што няшчасці – невядома за які грэх – сыплюцца, адтаго, што ратоў поўна ў хаце: усё дай ды дай, a падмогі – ніякай! Былі бедныя, што век у працы, у клопаце, i бедныя, што чухаліся i то з лянотаю; был i век цвярозыя i век п’яныя. Былі такія, што Апейка загадзя мог бы паручыцца – у капгасе апорай будуць: калгасная гаспадарка на такіх будзе трымацца; a былі i такія – Апейка гэта таксама добра бачыў,– што не парадуецца калгас, прыдбаўшы: труцень, прыхлябацель, беднасцю сваёй пахваляцца будзе – як білетам на бясплатную паездку ў рай…
Што праўда, тое праўда: былі ў балотнай ды лясной старане, у якой Апейку выпала рабіць з людзьмі, ціхія, рахманыя, акурат такія, якімі палешукоў паказвалі свету старыя, спачувальныя кнігі; але былі i зусім іншыя, якія невядома чаму не ўварваліся ў тыя кнігі: не рахманыя – крыклівыя, задзірлівыя нават; былі баязліўцы, што дрыжалі перад усім, i зухі, якія не страшыліся ні чорта, ні Бога. Была жахлівая цемра i дзікасць, але ж колькі сустракаў у глушэчы сваёй Апейка такіх цётак ды дзядзькоў, што хоць не ведалі, як распісацца i ўвесь век корпаліся на сваёй Богам забытай выспе, – a былі проста мудрацы. Хоць, здавалася б, павінен быў прывыкнуць – сустракаў такіх не аднаго: ледзь не ў кожным сяле спаткаць можна было такога, – кожны раз захапляўся яснасцю, глыбінёй разваг, шырынёй думання не знаных нідзе, акрамя свайго сяла, філосафаў. Не мог не здзіўляцца: як можна было мець такі ясны, багаты розум пры векавечнай, да знямогі, працы, пры векавой дзікасці!
Ён любіў балотных мудрацоў. У Апейкі была проста неадольная слабасць: пагаманіць з такім, падчапіць, выклікаць на спрэчку, усчаць дыскусію; у кожнага мудраца былі свае меркаванні, свае развагі, свае сумненні: колькі тут можна было пачуць цікавага i павучальнага яму, які сам нямала пабачыў на свеце!..
У адным, можа, большасць людзей, з якімі даводзілася сустракацца, былі падобныя адзін да аднаго: у тым, як адносіліся да ўсяго, што казалі ім. Нават Апейка – свой чалавек – чуў нязменна: у землякоў яго не лішне даверлівасці. Не, яны слухалі Апейку; падобны да ix, ён умеў гаварыць з імі, ведаў, як падысці. Яго слухалі i ахвотна – нават вельмі ахвотна – ківалі, згаджаліся. Але амаль што кожны, слухаючы, ківаючы, чуў Апейка, не забываў ніколі прытым прасейваць усё праз сваё вельмі тонкае, пільнае сіта…
У кожным сяле, ды амаль што ў кожнай хаце – у гэтым людзі ў сёлах былі перакананы яшчэ больш за Апейку – жылі чым-небудзь выдатныя людзі. У адной славіўся на ўсё сяло пчаляр, які так навастрыўся ў пчалярскай справе сваёй, што нават гаварыць з пчоламі ўмее; у другой – дзівосны грыбнік, які дапаў да ўсіх грыбных тайн i век нясе грыбоў утрая больш за другіх; у трэцяй слава ззяе над паляўнічым: не тое што лісіц – ваўкоў ды рысяў перабіў, не злічыць, у качак пападае са стрэльбы, "заплюшчыўшы вочы"; гэты ведае такія сакрэты рыбацтва, пра якія іншым i не снілася; той такі выдумшчык, што як збрэша – жываты папарвяце; той так спяе, што за сэрца возьме; той – казачнік, той – балалаечнік, той – скакун! A колькі майстроў – касіць, капіць, стагі складваць; жаць, малаціць, веяць! Пячы хлеб, варыць патраўку; калоць свіней, рэзаць цялят! Праць, ткаць, бяліць палатно! Пілаваць дровы, плесці лапці! Багата дзе ёсць чалавеку паказаць свой спрыт, свой талент!..
Тысячамі самых розных, блытаных, – іншы раз, здавалася б, нечаканых – вузлоў вязала нястомнае жыццё чалавечыя дачыненні. Стракаты, нястрымна барвісты ішоў перад Апейкавымі вачыма свет; свет складаных, неахвочых да схем, з рознымі, часам супярэчлівымі якасцямі, імкненнямі, пачуццямі людзей; жывых людзей.
Апейка жыў сярод гэтага свету: сярод супярэчлівасці, блытанасці, загадак. Ён не ўмеў – i не мог – змяніць гэты свет на больш зручны, выдуманы; яму не давалі гэтага ні месца яго ў жыцці, ні характар яго: штодня, штохвіліны неабыякавым сэрцам чуў ён жывую бяду, жывыя надзеі! Яму доляй самой трэба было адказваць жывым, раіць жывым, развязваць бясконцыя вузельчыкі i вузлы. І трэба сказаць, ён не наракаў; ён нават давольны быў: з такім багаццем цікава жыць! Жывучы з такімі, разумееш, што ты патрэбны ім, патрэбны справе; разумееш, што недарэмна хлеб ясі працоўны!