Текст книги "Подых навальніцы"
Автор книги: Иван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 12 (всего у книги 38 страниц)
Усе ў Куранях заўважылі: калгасаўцы вельмі трымаліся адзін аднаго. Нядаўна, здавалася б, чужыя, цяпер разам былі ў гумнах, на працы, разам – вечарамі. "Як сваякі", – дзівіліся людзі. Калгасаўцы нібы ўстанаўлівалі сваё сваяцтва, асобнае ад таго даўняга, ад веку, ад Бога, якое заўсёды i ўсюды шанавалі людзі.
І яшчэ заўважылі ў Куранях: калгасаўскія як бы ганарыліся сабой, сваёй адвагай i розумам. Глядзелі на іншых быццам на чорную чараду, што нічога не бачыць i не разумее. Не тое што ад Міканора, такое можна было чуць i ад Хведара, i ад Зайчыка. Зайчык, той знарок пацяшаўся, чапляў, абы паспрачацца, абы пасмяяцца з куранёўскай слепаты ды скнарлівасці.
У тых, што не ішлі ў калгас, была свая цвёрдасць, i, значыцца, свае меркаванні, i свае адказы, у якіх было таксама багата насмешкі. Так што Зайчыку давалі бой, i бой гэты Зайчыку не проста было выйграць. Можна сказаць, што бой гэты ніколі i не канчаўся чыёй-небудзь перамогай: i адны i друпя байцы разыходзіліся не паддаўшыся, са сваёй цвёрдасцю. Яму, гэтаму бою, можна сказаць, не было канца.
Міканорава хата была ў гэтым змаганні як нейкая ўправа, ад якой багата залежыць, чым скончыцца цяперашняя, найважнейшая ў гісторыі Куранёў, спрэчка. Усе ў Куранях з хваляваннем глядзелі на вокны, што чырвоніліся адным трывогаю, пагрозаю, другім – надзеяю, добрай зычлівасцю. Усе выведвалі, што там робіцца ў гэтай неспакойнай хаце, што там чакаюць, што рыхтуюць…
У Міканораву хату найперш прыходзілі важныя для калгаса, а значыць, так ці інакш i для ўсіх Куранёў, навіны. Навіны гэтыя прыходзілі звычайна з Міканорам, які, распрогшы на Хоневым двары каня, стомлены запылены, уваходзіў у хагу, дзе акрамя маткі ды бацькі сустракаў звычайна i нямала сваей новай сямЧ. Гэта ён, сёрбаючы боршч, пад маркотным назіркам Дамеціхі далажыў, што малатарні, на якую спадзяваліся, не дадуць i трэба, не сакрэт, спадзявацца пакуль на сваё на цапы. Сюды адразу прывёз ён, давольны, з гонарам, тры мяхі адборнага, сартавога насення, жыта i ячменю’, якое прывезлі ў Юравічы аж з-пад Гомеля, са спецыяльнага саўгаса. Міканор пазволіў развязаць мяхі, паглядзець, якое яно, гэтае насенне, што нібы таіла ў сабе заваблівы цуд будучага лета.
Сярод клопатаў, якімі жылі тыя, што збіраліся ў Міканоравай хаце, найбольшы быў пра зямлю, пра вялікі перадзел, які штовечара ўспаміналі, штовечара абмяркоўвалі. Перадзелу гэтага чакалі асабліва, у размовах нязменна быў неспакой пра тое, каб, чаго добрага, не запазніліся з ім: самая пара араць пад азімае. Аднойчы загаварылі, што некаторыя, хоць ведаюць, што можа быць перадзел, збіраюцца араць свае пал осы; хочуць араць свае палосы i каля цагельні. Кажуць, што ніякага перадзелу не будзе, што ўсё гэта выдумка тых, каму няма чаго рабіць, хто хоча нажыцца чужога дабра. Міканор, пачуўшы гэта, з абурэннем заявіў, што гэта гаворкі шкодныя, з кулацкім духам, што такія гаворкі трэба абразаць са ўсёй строгасцю. Ён зноў заявіў, што перадзел раней ці пазней, а будзе абавязкова, i трэба, каб ніхто ў гэтым не сумняваўся. Але сумненні былі – не аднаго трывожыла такое, што калі i будуць дзяліць, то можа ж выйсці так, што нарэжуць не канешне каля цагельні, а дзе-небудзь у іншым месцы, так што з таго перадзелу не багата радасці будзе. Міканор i на гэта рэзаў, што дагаворана выдзеліць масіў на лепшай зямлі, што Апейка сам згадзіўся, каб выдзелілі не якую іншую, а тую, што каля цагельні.
Некалькі разоў Міканор ездзіў у Юравічы па каморніка, a прыязджаў адзін. Каморніка ўсё не давалі. Вяртаючыся аднойчы, ён убачыў у полі некалькі постацей, што ішлі, горбячыся, за плугамі. Дзве постаці былі i на пол i каля цагельні. Міканор хутка разгледзеў – Нібыта-Ігнат i Васіль Дзяцел. Ён падцягнуў рукою лейчыну, пакіраваў калёсамі цераз разоры напрасткі к Васілю. Спыніў каня, саскочыў з калёс, стаў чакаць, пакуль той, завярнуўшы баразну, падвядзе плуг да яго.
Міканор прыкмеціў: Дзяцел убачыў здалёк, але паказвае, што не бачыць нікога. Гэта няцяжка яму: з-за каня Дзятла амаль не відаць. Сівы конь дзелавіта ступае звыклай дарогай; заўважыўшы Хоневу кабылу, ідзе бадзёра, ахвотна, так што араты вымушаны нават стрымліваць, нацягваючы лейцы. Чым бліжэй, Дзяцел усё больш выступае з-за каня: відаць ужо шапка, плячо, рука, што моцна трымае ручку плуга, пільна кіруе ім. Твару не відаць, ён схілены, яго амаль закрывае старая, выгаралая шапка; уся постаць паказвае адно, што Дзяцел заклапочаны справай, сочыць толькі за баразной. У зрэбнай, расхрыстанай сарочцы, зрэбных, зарудзелых ад зямлі штанах, у лапцях з наліплай, вільготнай зямлёй, абветраны, з рудаватым шчэццем на шчаках, падышоў упрытык, не ўздымаючы галавы, намерыўся прайсці міма. Міканор ступіў крок да яго, ухапіў за аброць, спыніў каня.
Дзяцел узняў галаву, хмурна, нядобра глянуу Недавольна чакаў, што будзе далей. На брывах, на няголеных шчаках наліпла пылу, пыл поўніў раннія маршчыны каля рота, на лбе. 3-пад шапкі цераз шчаку ішоў засохлы потны пісяг.
– Ты што ето! – не так запытаў, як загадаў Міканор.
– А што! – недавольна, не паддаючыся, адказаў ён.
– Чаго арэш!
– Хочу, дак ару. – Дзяцел сказаў так спакойна, што Міканору пачуўся ў гэтым здзек.
– "Хочу"! Можа, ты шчэ чаго захочаш! – сказаў ён, як бы загадваючы, грозячы.
Ад бяссільнасці, ад таго, што Дзяцел не хоча лічыцца з яго правам, брала злосць. Дзяцел, як бы паказваючы, што яму ні на што гэтая гаворка, тузануў лейцамі, хацеў ісці далей. Міканор стрымаў каня. Не выпускаючы аброці, строга сказаў:
– Цябе папярэджувалі: ета зямля – пад калгас!
Дзяцел непрыхільна павёў вачыма наперад. Міканор нібы ўбачыў у яго позірку: от прыперла чорта не ў час!
– Гаварылі,– прамовіў ён, не тоячы прыкрасці, што от трэба бавіцца дурной гаворкай. Дадаў спакойна: – Мала хто што скажа!
– Цябе папярэджувалі, не сакрэт, – ад імя ўлады!
Дзяцел зноў павёў вачыма: от прыліп! Па-ранейшаму не таіў, што ўся гэта гаворка нудзіць яго.
– Ты – шчэ не ўся ўлада! – У тым, як Васіль гаварыў, была непрыступная ўпэўненасць, яка я проста збівала Міканора. – He ўсе i табе можно! Е шчэ – закон!
– Дак от закон такі: лепшую зямлю – калгасу!
– Ето – твой такі закон, – нібы выкрываў, судзіў Дзяцел. Судзіў спакойна, упэўнена. – Які ты выдумаў, штоб табе выгадно було! Штоб заставіць другіх у калгас твой пайсці! Думаеш, усё табе пазволено!
– Ето разгаворчыкі, не сакрэт, – з кулацкім духам! – Міканор сказаў гэтыя словы з усёй сур’ёзнасцю, якой яны варты былі.– За такія разгаворчыкі, не сакрэт, можа не паздаровіцца!
– Што ты пужаеш! – прамовіў Дзяцел, ледзь стрымліваючыся, з нецярплівасцю, з упартасцю. – Свайго ўжэ не ары! Сваім ужэ не распараджайся! – У ім расло раздражненне. – Ты даў мне яе? Ты даў ету землю – што распараджаешся? Прырэзаў паўдзесяціны, дак я магу аддаць! Вазьмі сабе етае сваё дабро, пясок свой. На які гною не навозішся. – Зноў стрымаў сябе, як бы скардзячыся некаму, са здзеклівай непашанай прамовіў: – Кажны прыходзіць, кажны камандуе, каму ахвота! Кажны – уласць над табой!..
Даючы знак, што гаворка скончана, зноў, ужо рашуча, тузануў лейцамі. Міканор пачуў, што спрачацца далей няма толку; злуючыся на сваю бяссільнасць перад упартасцю гэтага зацятага Дзятла, пагразіўся:
– Я папярэджую цябе. Штоб потым не жалуваўся, што рабіў дарэмно!
Ён пусціў каня, цвёрдым крокам пайшоў да калёс. Нелагодна шмаргануў лейцамі. Калёсы ападалі коламі ў разорах, хісталіся, уціскалі пожню, ён не заўважаў нічога. У ім жыло, шчымела: "Кажны камандуе, каму ахвота", "Ты – шчэ не ўлада", "Закону не маеш!" Думаў помсліва, люта: "Я пакажу табе – "кажны", я ці – не "кажны". Араб які ці – уладай пастаўлены за сяло адказуваць! Няма ў мяне закону ці – е закон!.. Дзержыцца шчэ як! Як i праўда – закону на яго няма! Горай Глушака старого! Той хоць прамаўчыць! А еты – адкрыто! Не прызнае нічого!.. Што ж, падажджы – пабачыш! Пакажам – е ці няма на цябе ўлады!.."
Раніцай, яшчэ праз дрымоту, пачуў матчынае: сказала бацьку – Васіль сеяць збіраецца. Хутка ўстаў, адзеўся, выйшаў на ганак: на Дзятлавых двары – запрэжаныя калёсы, на калёсах – два мяшкі. Трапілася акурат: Дзяцел вынес каробку-сявеньку. Спяшаўся. Адразу заўважыў Міканора – недавольна адвёў вочы. Ткнуў сявеньку ў перадок.
Міканор сышоў з ганка, стаў каля плота.
– Куды ето?
Дзяцел нядобра зіркнуў спадылба, прамаўчаў. Паказваў, што папраўляе мяшок.
– Сеяць?
Зноў прамаўчаў. Нецярпліва зіркнуў на хату: чакаў кагосьці.
– Глядзі – папярэджую: прападзе! – Паспрабаваў падступіцца па-добраму: – Слухай ты, ей-богу. Вазьміся за галаву. Кінь ето, ідзі к нам. Будзе табе зямля! Усё будзе!..
– Чаго ты прычапіўся! – сказаў Дзяцел. – Дыхну ць не дае!
– Дыхай, колькі хочаш. Толькі, не сакрэт, знай: i мы дыхаць хочам. Ясно?
– Ето з-за цябе трудно ўсім!
Дзяцел кінуў недавольны позірк на хату i рашуча пайшоў да яе. Доўга не паяўляўся. Калі Міканор зноў выйшаў на ганак, двор быў пусты. Калёс не было.
Увечар Міканор даведаўся: Дзяцел пасеяў. "Ну, што ж, няхай не крыўдзіцца!" – падумаў з пагрозай, хочучы помсціць.
7Вечарамі ў Міканоравай хаце часта меркавалі, як абжывацца, дзе што трэба будаваць. Калі размова пачыналася пра гэта, то, было прыкметна, людзі жвавелі, гаварылі гарачэй, перабівалі адзін аднаго. Амаль заўсёды такая размова пераходзіла ў спрэчку. А гаварыць i спрачацца было пра што: якія прылады i машыны дабівацца, якія i дзе ставіць канюшню, кароўнік, свіран. Чуліся такія думкі, што трэба лазню, канечна, i школу, i яслі для дзяцей. І хоць ведалі ўсе, што ўсё трэба, спрачаліся, што – найперш, з чым пачакаць пакуль; раілі, як гэта разумна зрабіць, з чаго пачынаць, куды падацца, каб памаглі. Часта выгаворвалі сваё набалелае: як пагана без школы, без ясляў…
Можна было заўважыць, што спрачацца пра гэта людзі не прывыклі: многія, асабліва жанкі, гаварылі нясмела, няёмка, як бы прасілі загадзя прабачыць. Былі такія, што слухалі з недавер’ем i раз-пораз устаўлялі разважныя, не вельмі бадзёрыя рэплікі: лёгка казаць усё! – але большасць хваляваліся i верылі, што мяркуюць недарэмна. Асабліва горача гаварыў Міканор: яго проста абурала, што нехта можа думаць, нібы ўсе ix намеры – пустая фантазія; ён ні на момант не сумняваўся, што усё будзе зроблена. Ён так маляваў, якія будуць Курані праз пяць гадоў, што не ў аднаго дух займала. Ён нібы бачыў ужо ix сваімі вачыма: з шырокім калгасным дваром, з фермамі, дзе адны пародзістыя каровы, з трактарамі, што аруць i жнуць i малоцяць усё; з ветранымі рухавікамі, якія даюць электрычнасць у фермы, у хаты, што забудуць не толькі лучыну, a i газу. Ён нібы вёў па непазнавальнай куранёўскай вуліцы, на якой не тое што не ірузнуць па калені, a i ног не пэцкаюць, бо ўся яна забрукавана, а паўз платы пакладзены тратуары. І гэта пры тым, што людзі ходзяць не ў лапцях ці босыя, а, не сакрэт, як у горадзе, у ботах i чаравіках. Хораша было з Міканорам у гэтых Куранях, i калі хто-небудзь падаваў зноў слова недавер’я, дык большасць брала злосць.
Такія заглядкі наперад у другіх, найбольш – гарадскіх, людзей называліся марамі. У Куранях слова такога не ведалі: няпростае, нібы панскае было яно, стагоддзямі было яно ні на што ў куранёўскіх хатах; як думка пра белую булку таму, у каго няма чэрствай, чорнай скарынкі. Не жыло гэтае слова i цяпер у Міканоравай хаце. Тыя спрэчкі, якія вяліся пад ціхае хліпанне Міканоравай лямпы, называліся па-новаму – строіць планы. Слова гэтае ахвотна i хвалююча абжывалася ў старой, люднай хаце…
У тыя дні ў Куранях зацікавіліся тым, што Міканор чагосьці стаў заходзіць на пясчаністы, шырокі пляц за сялом, дзе-нідзе адно падзяленены рэдкімі, чэзлымі купкамі травы, хвашчу, рознага пустазелля. Пляц звалі выган, але пасвілі тут рэдка, ганялі ўсе жывёлу на другі канец сяла; тут жа найбольш гулялі дзеці, падшыванцы-падлеткі. Заўважылі, што Міканор ходзіць нейкі заклапочаны, як бы з нейкім намерам; здаровы, няўклюдны, у ботах, пашытых Хведарам, падыбае па выгане, стане, абглядвае месца, як бы мяркуючы нешта, пачне вымерваць штосьці крокамі. Выбера на позірк яшчэ месца, пяройдзе туды i зноў вымяркоўвае штосьці, мерае крокамі. І кожны раз, калі б ні прыйшоў, аглядваецца дзелавіта, вылічвае, мяркуе нешта.
Зацікаўленыя куранёўцы хутка дачуліся, чаму Міканор так прыглядваецца да выгану, дадалі да чутак свае меркаванні, пачалі чакаць, што будзе далей. Чакаць давялося нядоўга: праз якія некалькі дзён – у нядзельную раніцу – паявіўся Міканор на выгане ўжо з чарадою калгасаўскіх хлопцаў, дзядзькоў, жанок. Ca звязкам вяроўкі, з сякерамі, з абярэмкам альховых ды лазовых дручкоў. Вяроўку Міканор нёс на плячы сам; калі скінуў з пляча, развязаў, аказалася, што вяроўка гэтая – мерка: на ёй было завязана некалькі вузлоў. Міканор зноў агледзеўся, трохі адышоўся, аб’явіў:
– Тут будзе канюшня.
Ён загадаў Хоню ўзяць другі канец вяроўкі. Калi ён нацягнуў вяроўку, пакамандаваў, пакуль той не стаў, дзе Міканору хацелася, пазваў Алёшу Губатага ўбіць калок. Калі Алёша падышоў да яго, Міканор нечакана ўзяў сякеру з Алёшавых рук, з ахвотаю, дужым махам сякеры ўвагнаў калок глыбока ў зямлю.
– Ну, от адзін ужэ е!
Другі, між Міканорам i Хонем, убіў Алёша Губаты. Трэці калок убіў ён каля Хоні. Тады перацягнулі вяроўку, выраўнялі па тых двух калках, i Алёша забіў новы. Пакуль размячалі канюшню, навокал сышоўся натоўп. Спачатку гайнёй, з галасам – малыя, потым хлопцы, дзядзькі, старыя. Гаманілі, маўчалі, глядзелі цікаўна, зычліва, нядобра, панура. Тлумачыў штосьці Чарнушкавай Куліне Андрэй Руды, перасмейваўся з Сарокай Зайчык, акружаныя ахвотнікамі пасмяяцца. Моўчкі, рахмана глядзеў стары Глушак, хваравіты, прыгорблены; панура, з-пад навісі броваў сачыў Лясун. Пра нешта перагаворваліся Васіль Дзяцел i Нібыта-Ігнат. Калі Міканор перайшоў на новае месца, агледзеўся i аб’явіў, што тут будзе кароўнік, хтосьці з жанок, здаецца Чарнушчыха, крыкнула: "Няма такога права!" Услед за ёй, нібы толькі i чакалі, загаманілі, зашумелі недавольна мужчыны; асабліва незгаворлівы, упарты Нібыта-Ігнат. Чуваць было, што няма такога права – займаць агульны выган; што выган – каб пасці скаціну, што – не аддадуць выган.
– Дзетачкі, які ж ето выган! Хто сюды ганяў! – скрывіўся, хацеў звесці ўсё на жарт Зайчык, але Міканор перабіў яго, раўняючы з Хонем вяроўку, спакойна, нібы абыякава заявіў усім, што пра выган ёсць, не сакрэт, распараджэнне сельсавета.
Хтосьці на гэта крыкнуў, каб Міканор паказаў рашэнне, але Міканор, загадаўшы Алёшу забіваць калок, параіў пайсці ў сельсавет таму, каму хочацца праверыць. Дзядзькі яшчэ пашумелі недавольна, пагразіліся, што так гэта яны не кінуць, што скажуць, дзе трэба, але адтаго, што Міканор нават быццам i не слухаў ix, не тое што не спрачаўся, патрохі аціхлі. Неўзабаве многія разышліся, засталіся найбольш дзеці ды хлопцы з дзяўчатамі, што падгаворвалі Алёшу прыйсці пайграць…
У панядзелак у Куранях дзівіліся Міканораваму спрыту – некалькі калгасаўскіх падвод: Хоня, Зайчык, сам Міканор з бацькам – пакацілі ў лес. Пад абед зноў паявіліся на дарозе, што выходзіла з хвойніку, – на расцягнутых калёсах валаклі дубы. Возчыкі паважна ішлі побач, пылячы пяском. Перад сялом павярнулі падводы на выган, услед за Хонем пасталі. Памагаючы адзін аднаму, пачалі скідаць дубы.
Калі паскідалі, цугам, ужо седзячы, пакацілі ў сяло. Але пасля абеду сышліся на выгане зноў, цяпер i з іншымі калгаснымі, з жанкамі; між іншых кульгаў i Хведар на драўлянай назе. Былі цяпер без коней, з жалезнякамі, з піламі, з сякерамі.
– Ну, дзетачкі, памолімся! Кеб Бог не глядзеў крыво! – замітусіўся, хіхікаючы, падміргваючы, Зайчык. – Кеб стаяло – не гніло, не гарэло! Кеб скаціна вадзілася не пераводзілася!
Жанкі, асабліва Міканорава матка, накінуліся на Зайчыка: няма чаго вярзці глупства ўсякае, гневаць за нішто Бога. Зайчык паказаў, што спалохаўся, вельмі ж заўзята ўхапіўся капаць жалезняком. Усе па адным, па два браліся за сваё: хто, як Зайчык, капаў ямкі пад шулы, хто пілаваў дубы, хто абчэсваў бярвенне. Чулася мернае шарганне піл, сакавітае цюканне сякер. Востра, ядрана біла ў нос пахам свежага дуба. Хведар кульгавы, адчапіўшы драўляную нагу, сядзеў на бервяне, як на кані, памахваў сякеркаю так, быццам хваліўся спрытам i ўмельствам. Бязногі, калека, ён усюды, дзе мог, паказваў, што не горш за іншых, з любым паспрачацца можа. І праўда, дзе-дзе, a ў спрыце да працы, ва ўмельстве Хведара мала хто мог перагнаць. І шавец, i пчаляр, i цясляр – да ўсяго Хведар здатны надзіва. Недарэмна i тут Хведару даручылі не абы-якую справу: часаць шулы, дзяўбаць пазы па абодва бакі шулаў. Шулы – аснова сцен, шулы злучаць бярвенні. Завостраныя канцы бярвенняў учэпяцца ў пазы шулаў, бярвенні лягуць адно на адно сцяною. Важная рэч – шулы. Хведар гэта ведае. І ўсе бачылі, што Хведар ведае…
Тут, на будоўлі, усімі больш распараджаўся Міканораў бацька, які ва ўсім раіўся з Ірыбком. Дамецік i Грыбок паказвалі, якія ямы капаць, як глыбока; якой даўжыні рабіць шулы, дзе абчэсваць, а дзе стругаць толькі. Міканор сам, у расхрыстанай сарочцы, без шапкі, з наліплымі на лоб, потнымі белымі валасамі, уядаўся жалезняком у зямлю, даставаў, кідаў на горку вільготную гліну. Ён жа ўдваіх з Зайчыкам над наглядам Дамеціка i Грыбка закопваў першае шула пад будучую канюшню, заўзята, нават люта ўтоптваў ботамі свежую зямлю вакол шула.
– Будзе стаяць. Покуль не сагніе, – сказаў весела Зайчык.
– Доўго пастаіць, – адгукнуўся Дамецік. – Дуб – дзераво жывучае.
– Жывучае, – падтрымаў яго Грыбок.
Да вечара ўкапалі тры шулы, абтапталі пры ix зямлю. Упоцемку паклалі нават дзве падваліны. Мужчыны трохі пасядзелі на ix, пакурылі, толькі тут заўважылі, як нарабіліся за дзень. Нылі спіны, балелі рукі; пальцы непаслухмяна, важка скручвалі цыгаркі…
– Замучыў ты, братко, усіх! – папракнуў Міканора Зайчык. – Як так будзе, то духу ненадоўго хваціць!..
– Ето з непрывычкі! Прывыкнем – анігадкі будзе! – пажартаваў, заступіўся за Міканора Хведар.
– Шчэ дзень, а там – будзе лягчэй, – сказаў Міканор. – Возьмемся старое раскідаць!.. – Ён зацягнуўся. – Возьмем старое, штоб памагало новаму…
На другі дзень зноў ездзілі ў лес, прывезлі дубоў. Хведар, Дамецік, Грыбок у лесе не былі: з ранку цюкалі на выгане, рыхтавалі шулы. Пасля абеду на выгане сышліся ўсе: да поцемку ставілі шулы, часалі, лажылі падваліны. Калі курылі, седзячы на падвалінах, Міканор сказаў Алёшу i Хоню, каб прыйшлі заўтра да яго гумна з сякерамі – рабіць "лёгкую" работу…
Навіны ў Куранях хутка разбягаюцца ад хаты да хаты. Раніцай усё сяло гаманіла, што Міканор будзе раскідаць сваё гумно. Каля платоў, каля калодзежаў, на дварах перадавалі адзін аднаму, меркавалі, судзілі кожны на свой лад. Не аднаго дзівіла, уражвала: не адумаўся, не баіцца нішчыць сваё, сваёй рукой. Не адзін нядобра круціў галавою, вызначаў: зусім здурнеў, стараючыся за сваю дурную выдумку.
He абы-як хваляваліся i многія калгасаўскія. Тoe што Міканор збіраўся бурыць не чыё-небудзь, а сваё гумно, не давала супакаення: усе разумел i, што вельмі хутка за гэтым i ім трэба будзе адважвацца на такую страту. Міканор i пачаў з сябе, разумелі, пэўна, таму, каб паказаць прыклад, як трэба ахвяраваць сваім дабром…
Як толькі Міканор спусціў ногі з палацяў, салодка са сну пацягнуўся, адразу пачуў на сабе пільна-трывожны позірк маці. Папраўляючы штосьці ў печы, яна павяла вачыма ў яго бок. Іолькі момант, яшчэ санлівы, бачыў Міканор яе позірк, але i гэтага было даволі, каб зразумець, пра што яна трывожыцца. З той хвіліны, ці абуваўся, ці мыўся, Міканор ледзь не ўвесь час заўважаў яе насцярожаную ўвагу, чакаў, што яна загаворыць. Яна маўчала: можа, адтаго, што не ведала, як пачаць, Міканор знарок не паказваў, што заўважае яе позіркі, што гатовы слухаць.
Калі падала снедаць, села насупраць, склала рукі на грудзях, глядзела, як ён есць, i, як раней, маўчапа. Ён чакаў: зараз загаворыць.
– Дак ето… сягоння? – выдыхнула нарэшце.
– Сягоння. – Міканор знарок не зірнуў на яе, спакойна еў аладкі з салам. Паказваў: няма чаго ўжо гаварыць пра гэта.
– Не… перадумаў?..
– Думалі ўжэ…
– Думалі…– Хвіліну вагалася: столькі спрачалася за гэтыя гады, ведала, як ён слухаецца, усё ж не вытрывала, папракнула: – Ето – канешне: бурыць!.. Толку з яго старого – калі раскідаць. Як яно струхлело ўсё… – Яна апошнім часам, пярэчачы, амаль заўсёды гаварыла так, быццам клапацілася больш пра Міканора, пра яго ж выгаду. – Як ставіць ужэ, то – са ўсяго новаго. Штоб пастаяло доўго.
– Падзержыцца шчэ i етае, мамо…
– Нас з табой перажыве, не бойся, – падтрымаў Міканора бацька, ідучы да стала.
Матка ўстала, дала яму месца, прынесла яшчэ аладак. Папракнула:
– Ты б, стары, памаўчаў. Калі ўжэ разумнаго сказаць не можаш! – запярэчыла Міканору: – Падзержыцца! Ето здаецца толькі. Сагніло ўсё з сярэдзіны. Толькі на пагляд – дзераво як дзераво, а так – гнілое ўсё! – Асцярожна, лагодна села побач. – Да й ці тут не трэба яно калгасу… Ці калгасу ўжэ i гумнаў не трэба?..
– Гаварылі ж ужэ, – сказаў бацька. – Ахвота дурыць хлопцу голаву попусту!
– Я разумнае яму раю, – стрымалася матка. – Не канешне бурыць усё, што складзено…
– Дай пад’есці хлопцу, – строга папрасіў бацька.
Яна прамаўчала, тоячы крыўду на бацьку. Падышла да печы, па-мужчынску рослая, зірнула ўсярэдзіну, узяла качаргу – падгарнула вугаль. Велікаваты, амаль бязбровы твар яе няроўна, хістка чырвоніла полымя.
– Не чапай, Міканорко, – папрасіла, калі Міканор выцер губы далоняю, устаў з-за стала. – Лесу багато.
Ён распрастаў плечы: добра пад’еў, чуў у плячах, у нагах, ва ўсім целе непатрачаную, радасную дужасць.
– Яго, мамо, i трэба багато, – сказаў паблажліва, сыта. – Новаму дзераву, мамо, таксама хваціць дзела, не бойцеся. Усё пусцім у дзело. І новае i старое. – Раптам загаварыў дзелавіта, сур’ёзна, нібы тлумачыў: – Мамо, нам трэба хутко зрабіць. І часу, i рук лішніх няма, не разгонішся. А тут – дзеразо гатовае саўсім. Зразу складуваць можно. Ясно?
На прызбе ўжо гаманілі калгаснікі. Міканор надзеў пінжак, цвёрдай хадою выйшаў на вуліцу. Памеркаваўшы, паслаўшы ўсіх працаваць, ён вярнуўся ў хату, хацеў узяць сякеру, якую паклаў пад лаўку каля дзвярэй. Сякеры не было. Ён здагадаўся: узяў бацька. Зноў заўважыў, што матка сочыць, я к бы чакае чагосьці; не азірнуўся, выйшаў з хаты.
Яшчэ ад хлява ўбачыў, што каля гумна цэлы натоўп. "От жыць стаў: куды ні пойдзеш, усюды – чарада, – падумаў, чуючы ахвоту смяяцца. – Кеб грошы браць за глядзенне, дак пабагацець можна було б!.." Ён легка, дужа пайшоў травяной, пажоўклай ужо дарожкай, з той ахвотай, гарэзнасцю, з якімі выходзіць борацца спрытны, упэўнены ў сабе хлопец перад усімі хлопцамі i дзяўчатамі, усім сялом.
Калі заўважыў, што яго ўбачылі, сочаць, пайшоў яшчэ лягчэй.
– Народу, – азірнуўся, быццам здзіўляўся, – як – на вяселле!
Заўважыў блізка Андрэя Рудога, Сароку, Грыбка, Зайчыка. Амаль усе калгаснікі стаялі тут – не пайшлі рабіць.
– Занудзіліся, мабуць! – падтрымаў Хоня. – Вясёлаго даўно не було!
– Будзе сягоння! – шмаргануў носам Алёша.
– Ну, дак што ж: калі ўжэ такая ахвота – пакажам, можа? – Міканор павёў вачыма на Хоню, на Алёшу, на Зайчыка.
– А можно i паказаць! – зарагатаў Хоня. – Мы не ганарлівыя!..
Міканор вынес з гумна загадзя падрыхтаваную лесвіцу. Прыставіў да страхі, на самы рог гумна. Праверыў, ці добра стаіць. Разуўся, аддаў боты бацьку, ступіў нецярпліва на папярэчыну. Хоня i Алёша самі ўзяліся падтрымліваць лесвіцу. З верхняй папярэчыны ўхапіўся пальцамі за жмут парослай зялёнымі струпамі моху страхі. Учарнелая, патлелая зверху салома крышылася – ён стараўся ўшыць пальцы глыбей. Чапляючыся рукамі, уцінаючы пальцы ног у салому, намагаючыся не асклізвацца, амаль на карачках, спрытна пабег угару. Ён бег па зломе страхі, па самым хібе – каб не так крута было, бег з нечакана згаданай хлапечай праворнасцю; увесь час радасна помніў: знізу глядзяць людзі. Не думаў ніколі, што так спатрэбіцца даўняя навука лазіць па стрэхах: умомант дапаў да самага верху, стрымліваючы частае дыханне, стаў. Стоячы наўколенцах, на самым вільчыку выпрастаўся – усярэдзіне штосьці радасна i – жудасна дрыжала. Знаёмае, забытае.
– Мо – перадумаў! – крыкнула знізу нейкая жанчына; здаецца, Сарока.
– Лезь уніз! – пазваў хтосьці з мужчын.
Другі падхапіў:
– Покуль не позно!
Ён зварухнуўся, зірнуў уніз: адтуль глядзелі, чакалі,– падумаў з хлапечай гарэзнасцю: "Глядзіце! Прывыкайце! Шчэ не раз глядзець трэба будзе!.."
– Сцеражы-ыцеся! – Міканор адвязаў, ірвануў сівую бярозавую паплеціну. Яна не адразу паддалася, нібы ўрасла ў страху, – ён ірвануў мацней, адарваў, стараючыся не траціць раўнавагі, учапіўшыся другой рукой у страху, штосілы штурхнуў. Паплеціна непаслухмяна хіснулася i пераламалася каля самай Міканоравай рукі; перавярнулася разы два, пасунулася наўкася трохі i лягла над краем страхі. Унізе засмяяліся:
– Aгe, не хоча!..
Міканор скінуў другую паплеціну, ухапіў яшчэ адну, але тая была старэй, счарнела зусім, – трэснула, ледзь Міканор паспрабаваў адарваць ад моху. Міканор кінуў уніз толькі канец яе. Адарваўшы паплеціны, Міканор рашуча скубянуў чуб абадранай ветрам, пасечанай дажджом саломы на самым верее. Зверху чорная, крохкая, яна ўнізе была бура-рудая, тхнула даўнім пылам, тлеласцю. Дажджы прыбілі яе, спрасавалі, яна аддзіралася неахвотна, непадатна. Міканор екубаў яе жменя за жменяю, люта шпурляў убок – частка яе ляцела ўніз, частка застравала на страсе, асобныя пасмы з радасцю хапаў, нёс вецер.
Чым больш скуб Міканор, тым быццам больш злосна кідаў салому. Хутка з рудога саламянага плеху вылез жаўтлявы гуз, пачаў расці, зрабіўся верхам крокваў. Паказаліся першыя, верхнія жэрдкі, гумно нібы ашчэрылася зубамі.
– Не кідай так! Звязуй! – пачуў Міканор бацькава; здагадаўся – бацька раіць звязваць салому. Каб скарыстаць потым, крыючы канюшню.
Міканор паспрабаваў звязваць: салома была такая тлелая, што ламалася, крышылася, ледзь паспрабаваў скруціць перавясла.
– З яе ўжэ i гною добраго не будзе! – засмяяўся Хоня, беручыся памагаць Міканору.
Міканор кінуў нязвязаны сноп, крыкнуў бацьку:
– Аджыла ўжэ ваша салома, тато!
З гэтага часу на страсе завіхаліся ўжо ўтраіх: Хоня, Міканор i Алёша. Салому цяпер скідвалі проста на ток, рабіць было легка i зручна, усе трое як бы хваліліся спрытам адзін перад адным. Замшэлая, у зялёных струпах страха ўвачавідкі ніжэла, выпускала i выпускала жоўтыя абпыленыя кроквы, абчэпленыя павуцінаю жэрдкі. Круціліся блізка, скакалі па жэрдках, лямантавалі вераб’і – бедавалі пра разбураныя гнёзды. І адно, i другое даводзілася бурыць – шэрыя, рупліва склееныя ластаўчыныя хаткі, не толькі Алёша, вельмі чулы да птаства, да ўсяго кволага, a i Хоня прыпыняўся, натрапіўшы на такую дамоўку. Адзін Міканор гнаў сваё цвёрда; папракнуў нават: вайна без ахвяр не бывае…
Унізе амаль увесь час тоўпіліся. Адны сыходзілі, паглядзеўшы, друпя падыходзілі. Нядобра, злосна зіркаў Нібыта-Ігнат, сышоў, не гледзячы ні на каго. Бедавала Куліна Чарнушкава: трэба ж так узяцца нішчыць сваё: да чаго дайшлі некаторыя. Чарнушка паявіўся пазней, спакойна пакурыў з Дамецікам; зазначыў па-прыяцельску: шкадаваць няма чаго, дабро такое! Збочыў з дарогі, ідучы кудысьці, стары Корч; горбячыся, глядзеў, як завіхаюцца ўгары. Калі ціха, як на пахаванні, падышла Дамеціха, разважна супакоіў: усяму свая чарга. Быў тут, дыміў люлькаю, кашляў сусед Дзяніс; малады – Васіль – не паявіўся, здалёк зірнуў i адвярнуўся, падаўся сваёй дарогай. Па-рознаму глядзелі i іншыя, што збіраліся каля гумна: адны гаманілі між сабой, ціха, разважліва, друпя – чаплялі тых, хто на гумне. Не аднаго радаваў імпэт разбурэння, нярэдка чуўся смех. Багата было i такіх, што глядзелі моўчкі, сур’ёзна, сумна. Якіх усё гэта трывожыла…
Да абеду гумно абадралі: свіцілася голае – сохамі, кроквамі, рабрынамі жэрдак. Пасля абеду сякерамі сталі абсякаць жэрдкі, прыкручаныя ссохлай, цвёрдай, як жалеза, лазой. Хіліліся яшчэ кроквы; але да вечара паскідалі i кроквы. Трымаліся пакуль сцены i цыбатыя, з сукамі, з раламі ўгары сохі. На другі дзень не стала i сцен – разабралі бярвеннямі, на калёсах звезлі на выган. Як калекі-крыжы, тырчалі на тым месцы, дзе нядаўна было гумно, адны сохі. Сярод нязграбных куч чорнай саломы i трухі.
Дамеціха, што жагналася кожны раз, калі бачыла няшчасную, жахлівую пустэчу, зірнуўшы на сохі вечарам, сумелася: на чырвоным заходнім небе сохі высіліся, як калекі з абсечанымі рукамі. Уздымалі абсечаныя рукі ў неба: быццам малілі ў неба заступкі, кары на бязбожных. Старая, чуючы, як разрываецца душа ад болю, страху i крыўды, пачала, хапаючыся, кідаць перад сабой крыжы: гарачым роспачным шэптам маліла памагчы, падтрымаць, злітасціцца: "Божачко, ты – усемагутны!.. Ты – разумнейшы за ўсіх! Памажы, парай!.. Дай розум ім!.. Навучы ix, неразумных!.."
Ніхто ў Куранях не думаў тады, што пройдзе два-тры гады – i ад усіх гумен не застанецца i знаку. Што i загуменная дарога, i загуменні будуць толькі ў няпэўнай людской памяці…