355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Подых навальніцы » Текст книги (страница 25)
Подых навальніцы
  • Текст добавлен: 20 сентября 2016, 16:05

Текст книги "Подых навальніцы"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 25 (всего у книги 38 страниц)

Частка трэцяя

Раздзел першы
1

Выехалі пад вечар. Ледзь толькі мінулі бярэзнічак за мястэчкам, насеў поцемак. Лес тут i ўдзень цёмны, сосны ды сосны, цяпер ехалі як у чорнай канаве. Ехалі паціху, Апейка сказаў, што спяшацца няма чаго: часу аж залішне, цягнік будзе апоўначы.

Недзе паверсе хадзіў вецер, але на дарозе, унізе, было ціха; толькі аднойчы, калі справа зашарэла поле, вецер шырока ўварваўся на дарогу, стаў мокра біць у твар. За полем дарога зноў увайшла ў чорную канаву лесу, у ціш i дрымотнасць. Мабыць, ад гэтай цішы, чорнай маўклівасці навокал гаварылі мала. Жанчына спрабавала была завязаць гаворку, сказала, што от зіма падступае, скора маразамі возьмецца. Апейка для прыліку падтрымліваў яе; i яшчэ разы два падтрымліваў, без ахвоты, i гаворка зноў аціхала, як бы глухла ў важкай лясной цішы. Так i ехалі амаль увесь час, дрэмлючы ці моўчкі думаючы кожны сваё; толькі Ігнат раз-пораз, як бы спрасонку, нокаў, памахваў пугаю; нокаў так ляніва, што кон i амаль не зважалі.

Лес выпусціў толькі каля самых калінкавіцкіх хат; зразу за соснамі заблішчалі агеньчыкі, пачалася вуліца. У вуліцы i коні i людзі пачулі сябе весялей; коні, здаецца, без Ігнатавых лейцаў, самі ўхапіліся ўподбег; так уподбег i дакацілі да доўгай i шырокай, са святлом у вокнах будыніны вакзала. Амаль зразу, як увайшлі ў залу, там усчалася мітусня, усе рынуліся к дзвярам, што вялі на перон, зала напоўнілася нецярплівым гоманам, крыкам. Занепакоілася i Апейкава спадарожніца: таксама захадзілася – хутчэй білет трэба б, не спазніцца б, – але Апейка супакоіў, што гэта не ix, гэта, па часе, гомельскі.

Так яно i было: поезд быў на Гомель. У апусцелай i пацішэлай зале узяў Апейка з касы два білеты, на Мінск праз Жлобін; абгледзеў, праверыў ix i так, i на святло; Ігнат, які сачыў за ўсім, рашыў нарэшце’ што задачу сваю выканаў i мае права лічыць сябе вольным. Ён зняў шапку i так, з шапкай у адной руцэ i з пугай у другой, сказаў, каб вярталіся жывыя-здаровыя, i валка спакойна падаўся да дзвярэй.

Сядзелі ўдваіх на канапе, доўга гаманілі; з гаварлівасцю жвавай вясковай жанчыны спадарожніца шчыра дзялілася, мабыць, усім, што было на душы: i неспакоем пра тое, як там чалавек адзін з дзецьмі ўправіцца; i надзеяй на сястру, якую яна прасіла, каб прыходзіла, наглядала; i клопатам, як там будуць яе каровы без яе: яна была даяркаю ў калгасе; пэўна, забудуць зусім, пакуль яна вернецца зноў. Не таіла i страху, як бы там чаго паганага не здарылася з Лысаю: занядужала нешта якраз надоечы. Апейка i слухаў, i сам пытаўся, i думаў раскідана пра свае пакінутыя няскончаныя справы, але найбольш жыў адчуваннем утомы, прадчуваннем перадышкі, чаканнем як бы свята.

Адэскі, які па дарозе на Ленінград павінен быў падвезці ix да Жлобіна, прыйшоў а трэцяй гадзіне ночы. У цёплым, поўным сонных людзей вагоне ім не адразу ўдалося ўціснуцца на лаўку; усюды ляжалі, сядзелі, храплі барадатыя дзядзькі, гарадскія хлопцы, цёткі ў хустках, з клункамі, дзеці; немаладая, басавітая правадніца, вядома, знайшла б месца дваім удзельнікам сесіі ЦВК Беларусі, але Апейка нават не заікнуўся пра гэта. Знайшоў месца Анісі, уладзіўся сам. Яму доўга не спалася, потым вагон заківаў, загушкаў: Апейка пачуў сябе вельмі легка, бесклапотна. Абудзіўся ён адтаго, што забалела шыя: сядзець было няёмка, не было на што добра абаперціся; санлівым паглядам заўважыў у акне светлую, шырокую шэрань снегу. Адвярнуўся, змяніў паставу, абапёршыся аб чамаданчык, паспрабаваў заснуць зноў.

У Жлобін прыехалі поцемку. Агні гарэлі цьмяна i рэдка, але нязвыклы яшчэ снег весяліў усё. Бадзёрыла, весяліла снежная, з дамешкам вугальнай гары, свежасць.

У зале было поўна народу. Ліхтары над людзьмі як бы віселі ў пары i дыме; свяцілі цьмяна. Не змаўкаў гоман. Чулася зразу цеплыня, цяжкі дух. Не так проста было i адысці ад дзвярэй. Акенца касы абляпілі – i не думай прабіцца. Апейка i не стаў прабівацца пакуль: да пягніка на Мінек яшчэ некалькі гадзін, можна не спяшацца кампасціраваць. Заўважыў у кутку буфет, стаў з Анісяй кіраваць да яго.

Распараная, важкая жанчына ў каптанчыку, што аж трашчаў на грудзях i на баках, таргавала йівам, чаем, гарэлкаю. Найбольш – півам з бочкі, каля якой пад насосам мутнела пеністая, з бурбалкамі лужына. Каптан у яе быў мокры, мокрыя былі чырвоныя рукі, якія яна час ад часу выцірала аб каптан. Аніся не адразу рашыла, што ёй узяць; з сур ёзнай мінай, бы наважылася на штосыді важнае, нарэшце выказала: чаю i – піва шклянку. Коржыка не трэба; коржыкі ёсць свае. Сабе Апейка папрасіў кухаль гііва; пакуль буфетчыца налівала, агледзеўся, дзе б прыладзіцца. Хоць бы куточак вольны на адзіным століку, залітым таксама, засмечаным аб*едкамі ад рыбы, картаплянымі лушпайкамі. Прытуліўся ля акна, што з гэтага боку, знутры, слязілася мутнымі пісягамі.

За акном быў аснежаны пляцок з голым крывым дрэвам, з ашмёткамі саломы на снезе, слядамі саней, лапцей, капытоў, конскай мачы. Патрохі развіднівалася. Смокчучы піва, закусваючы дамашнім хлебам i мясам, Апейка праз звон у недаспанай галаве слухаў, як гаманілі побач два хлопцы.

– Піво – паганае. Як цялячае пойло… З вадою, мабуць…

– Буў бы таран, дак i етае ўсмак ішло б…

– У Гомелі піво дабрэннае. Жыгулёўскае. А то шчэ – бархатнае…

– Мы самі сушылі рыбу. Як у Пхові работаў. Наловім, павесім на вяроўку на двары. От закуска!..

За станом хлопцы, мужыкі здаровыя былі ўжо асалавелыя ад гарэлкі, ад піва; размахвапі рукамі, размазвалі рукавамі i локцямі макрэчу на стале; важка варушылі сківіцамі, жуючы. Раз-пораз выкідвалі мацюкі.

Асабліва гарланіў адзін, чорненькі, вяртлявы, нахабны, што насядаў на рослага, рудога: "І ты, ты папусціўся?!" Друпя падпявалі яму.

– А што я мог?.. Што мне рабіць было?!. – апраўдваўся руды. Ён узяў гурок, стаў ніякава жаваць.

– Што?! – Чорненькі акінуў вачыма дружкоў. Усе рагаталі.– Што – пытаецца!.. – Ён скрывіўся, плюнуў цераз плячо. Аб’явіў: – Г… ты!

Апейка павёў позіркам: ля стала блізка дзяўчына з кніжкаю, хмурыцца, паглядвае спадылба, са страхам i агідаю. Побач матка туліць малую, закрывае сабой ад лаянкі, ад крыку; відна толькі яе спіна ды хустка Іншыя глядзяць хто недавольна, хто абыякава; ёсць i такія, якіх кампанія за сталом цікавіць: назіраюць i слухаюць…

Дзе міліцыянер: няўжо не бачыць, не чуе? Чаму іншыя маўчаць, трываюць? Сам не ўтрываў, прашыўся да чарнявага.

– Ці нельга б – пацішэй трохі. І – папрыстойней!

Чорненькі не зразу i даўмеў.

– Што?! – Ён утаропіў важкі позірк, з пагардай, гневам угледзеўся. – Прыс-стойней! – Ён цыркнуў цераз плячо: —Т-ты хто такі?!

– Можам бліжэй пазнаёміцца. Капі не прыціхнеш…

Цвёрды Апейкаў тон, цвёрды позірк не збянтэжылі яго, яшчэ раздражнілі. П’яны, чырвоны, прыўстаў, адсунуў нагой табурэтку. Гатоў быў рынуць ў бойку. Але дружкі ўхапілі за рукі, пацягнулі. Сілаю пасадзілі.

– І наогул, пара б – вызваліць стол. Заселі, паны!

Апейку падтрымаў гоман. Падышоў i не бачны дасюль міліцыянер, стаў праяўляць уладную цікаўнасць. Чорненькаму далі папяросу, ён закурыў. Нядобра зірнуў навокал.

Апейка адышоў. Блізка ад яго вызвалілі ад клункаў месца на канапе. Ён i ператрывожаная зямлячка селі. Чуў побач галасы ўхвалы яму: "Праўда, як паны!", "Расселіся, i не скажы ім!", "Так i трэба з імі!" Каб не ўдаваць з сябе нейкага героя – падумаеш, геройства! – паказаў, што не слухае, стомлена палажыў галаву на далоні, на чамадан на каленях. Нібы паказваў, што хоча спаць.

Ён такі хацеў спаць i ад гэтага хутка супакоіўся пасля сутычкі з малайцамі. Але сну не было. Ён чуу, як стукаюць раз-пораз дзверы, як плача блізка дзіця, як недзе далей рагочуць; чуу, як туга прагрукаў за вокнамі паравоз. Прыйшло на думку: от сядзіш дома, i здаецца – усе сядзяць дома; едзеш па раёне – здаецца: увесь свет у раёне. А рушыш ў дарогу – нібы ўвесь народ у дарозе; колькі народу – малых, старых, мужчын, жанчын – у дарозе! Нібы i няма хат, асе л ас ці.

Не, гэта не прывід. Усё ў руху. Ніколі не было такога руху. Нават у Жлобіне, у глушы гэтай, дзе на станцыі адно век драмалі тыя, каму выпала перасадка, нават тут, глядзі, што робіцца!..

Чуў, цікаўная Аніся дапытвалася:

– Усё так i кінулі?

– Чаго там было кідаць такого…

– Усе ж такі – хата свая. Карова, конь.

– Хату мы забілі. А карову паглядзіць покуль Тэкля, сястра. Кажуць, патом перавезці можно будзе. Па чугунцы… А каня – няма. Здох летась, пад весну…

– Ад чаго ж ето? – паспачувала, жахнулася Аніся.

– А хто яго знае. Хвароба якаясь. Здох. Ад чаго ні здох – лягчэй не будзе. Здох…

– І не страшно?

– Чаго?

– Ехаць – у белы свет. На пустое, можа, место. Дзе – ні хаты, ні двара. Да i не блізко, можа?

– Далёко. Ігнатко, як яно завецца? От не запомню ніяк. Падобно на "кыш-кыш"…

– Кыштым, – памог з годнасцю хлапечы голас.

– От. Кыш-тым. Кажу, падобно "кыш-кыш". Далёко. За гарамі Урал.

– Далёко.

– Ну, от… А страшно не страшно – што з таго? Не жыць жа адным тут, усе адно. Ён там, мы – тут. І так ужэ год цэлы, лічы, не бачыліся. Дзеці саскучыліся, i ён, піша, скучае.

– А страха там, хата е якая?

– Барак, кажа, е. Пажывём, а там – саб’ём сваю. Ён у мяне не ўломак які. Хадзяін. І каб піць – як каторы, дак не. І курыць, лічы, не курыць. Хадзяін. Завод строіць. Дак i хату сабе абстроіць мо!..

– Шкода було?

– Чаго?

– Ну, радныя места. Жыццё ўсё пражылі. Бацькаўшчына. Бацько, матка – жывыя, можа?

– Матка жыве, а бацько памёр… Шкода, a толькі што з таго? Радныя не радныя, a толькі як там лепей будзе – так i тыя радныя будуць. Нашых сколькі ўжэ ў Сібер пераехало, i далей, за Сібер шчэ, кажуць. І жывуць. Прывыклі. Як усё адно i бацькаўшчына там.

– Увесь Савецкі Саюз – родзіна. Ето праўда, – сказала Аніся.

– Я ж i кажу. Рыба шукае дзе глыбей, а чалавек – дзе лепей.

Апейка расплюшчыў вочы, паглядзеў: жанчына чырвоная ад духаты, сіваватая; без хуеткі, але ў кажусе. Адной рукой туліла да сябе малое, другая рука была на галоўцы дзеўчаняці, што сядзела на клунку перад яе каленямі; дзеўчанё спала, палажыўшы русявую галоўку на матчыны калені. Яшчэ на клунку сядзеў хлопец—Ігнат, недаспанымі, але пільнымі вачыма глядзеў навокал – вартаваў бацькоўскае дабро.

– Вы хто такі сам будзеце? – пачуў раптам Апейка. Пыталіся яго – дзядзька справа: з плоскім тварам, барадаты, у цялячай шапцы.

– А чаму гэта цікавіць вас?

– Ды от: мо не наборшчык часам? – Дзядзька заўважыў неразуменне на Апейкавым твары. – Ну, не набіраеце людзей куды-небудзь?

– А? Не.

Умяшаўся, не адразу, другі, таксама барадаты, з вострымі вочкамі:

– А – задкуль, здалёку? – Ён сядзеў на фанернай скрьшцы. Паварушыўся, сеў ямчэй, растлумачыў: – У заработкі едзем. Дак от i пытаемся…

– Дык вы ж, мабыць, выбралі ўжо дарогу?

– Дак так што i не. У том i дзело, што – не. – Ён зноў нібы растлумачыў: – Летам – у балоце, пад Воршаю, – работы, кажуць, не перарабіць, а цяпер – зімою – куды?..

Той, у цялячай шапцы, памог яму:

– Надумаліся, паедзем – папытаем. Без спросу, седзячы – усё адно не знайдзеш.

Мяркуючы па тым, як адразу прыліп да ix гаворкі трэці, у паддзёўцы з шыняля, ix было трое.

Апейка зірнуў дапытліва, востра:

– А як жа – гаспадаркі? Пакідалі?

Цялячая шапка кіўнула няпэўна:

– Можно сказаць, што i пакідалі…

– Ад цвёрдага задання ці – ад калгаса? – узяу Апейка напрасткі.

– У мяне-то было, – спакойна прызнаўся той, што ў цялячай шапцы. – А ў ix – не. Яны – маламоцныя. Андрэй, – кіўнуў ён на маўклівага, – той дак у калгасе ўжэ быў. Дый цяпер у калгасе, можно сказаць.

– І яму цвёрдае – няправільно… – адазваўся маўклівы, што ў паддзёўцы. – За тое, што ў калгас адказаўся… "Пагляджу", сказаў…

– Чаго ж вы – з калгаса? – Апейка зірнуў на маўклівага.

Той схаваў вочы, моўчкі, нядобра махнуў рукою.

– Там – калгас такі,– узяўся тлумачыць той, што быў на скрынцы. – Калгас. Коні дохнуць. Сеяць няма чым. Палавіну пагніло, палавіну – пагублялі, пакраў нехто. Робяць – дрэмлюць у полі. Паспіць у разоры – "палачку" пастаў. Базар якісь.

Апейка слова не ўправіўся сказаць у адказ: паткнуўся ледзь не ўсутыч барадаты, у цялячай шанцы; рашуча, горача дыхнуў:

– Ярашчук пытае: "Пойдзеш ці не?" – Ён перадыхнуў.– Друпя – як хто, а я – не. "Не найду!" – кажу. Ярашчук: "Чаму?!" – "Не ўвераны", – кажу. Тады ён, Ярашчук: "Ты ш-што ж, не верыш савецкай уласці?!" Дак я сам не дурного бацькі дзіця. "Савецкай уласці, кажу, веру, a ў калгасе – не ўвераны!" Ён, Ярашчук, як пачуў, пазелянеў. Ад злосці, што не ўзяло яго. Што я ўпіраюся. І як бы шчэ смяюся з яго. Хаця які там смех. За жывое ўзяло. Крычаць хочацца. І ўпартасць, як у таго натурыстага каня. "Д-добра!" – кажа. Так кажа, што бачу – добра не будзе. І праўда – цвёрдае заданне мне! Уляпіў ды шчэ – грозіцца: "Не кінеш кулацкія штучкі—ізаліруем! Як апасны элемент!"– Барадаты плюнуў са злосцю, паскуб бараду дрыготкай рукою. – Я выканаў усё: падмёў пад мятлу. Дзяцей галодных пакінуў. Пазычыў, чаго не хапіла. А – выканаў.– Абодва яго таварышы ківалі: усё, як было, гаворыць. Той жа, у цялячай шапцы, глядзеў невідуча. Жыў успамінам. – Яно-то праўда, я – апасны, – прамовіў потым з роздумам. – Апасны, праўда. Людзі глядзяць на мяне. Як я, так i яны. A толькі як разабрацца, – ён быццам запярэчыў камусьці,– дак апасны элемент пайраўдзе не я, а – той калгас. Ён, такі калгас, – самы апасны элемент!

– А хто ж вінаваты – што калгас такі? – зачапіла Апейку. Ён нібы вінаваціў. Вінаваціў строга, не сумняваючыся.

– А – я?

– А хто ж? І – вы. І – ён, – кінуў Апейка на Андрэя, калгасніка. – І ўсе.

– Як хто, а я – ні пры чым, – адрэзаў цвёрдазаданец. – Я так думаю: бярэцеся навучыць людзей жыць па-новаму, дак вучыце. Вучыце! – Ужо ён вінаваціў Апейку. – Наладзьце спачатку, а патом – другіх завіце! А то – укінулі людзей, не далі рады адным, а хутчэй гоняць – Другіх. Як на пажар! Трубяць на увесь свет – першыя сярод усіх! Скора даб’ёмся на сто працэнтаў! Героі на ўсю рэспубліку! Партрэты друкуюць у газетах хваляць! Бярыце прыклад!..

Апейка запытаў, з якога яны раёна. Аказалася Клімавіцкага, слава пра які, i праўда, грымела па ўсёй рэспубліцы!

– І адкуль ён, толк той, будзе, – уступіў у гаворку той, што сядзеў на скрынцы. – Прыслалі таго Ярашчука калгас рабіць. А ён сам – не араў, не сеяў ніколі!

– І араць не будзе!

– Пэўне ж, не будзе. А камандуе! Яму абы хутчэй! Абы – укінуць ды – далажыць! Што заданне выканаў, арганізаваў усіх! Ды скарэй дадому ў горад, к жонцы цёплай сваёй!

– Дак хіба ж ён думаць будзе добра, што выйдзе з усяго заўтра!

– Ён-то не думае, а што ж – вы думаеце? – падчапіў строга Апейка. – Земля-ро-бы! Кінулі зямлю, поле, няхай – дзядзя арэ! Няхай дзядзя калгас падымае, народ корміць!

Яны не чакалі такога павароту. Апейка заўважыў, як адразу прыхавалі позіркі, аддзяліліся ад яго.

– Буў час, кармілі,– непрыхільна сказаў той, у цялячай шапцы. – І аралі, i сеялі, i кармілі.

– Ды не вельмі-то кармілі,– зноў пайшоў у наступ Апейка. Чуў – не ўгаворваць трэба, а наступаць цвёрда. – Няма чым асабліва хваліцца. І раней – не густа, а цяпер, калі заводаў столькі будуецца, калі гарады растуць, – i саўсім на галодны паёк паставілі б!

Барадаты зіркнуў з-пад цялячай шапкі:

– Паглядзім, як вас калгасы накормяць!

Апейка нібы чакаў гэтага:

– От іменна: глядзець будзеце! Друпя будуць араць, сеяць, біцца, паднімаючы гаспадарку ў сёлах, а вы – глядзець! – Ён сказаў таму, што ў цялячай шапцы. – Самі ўцякаеце, ды яшчэ за сабой людзей цягнеце!

– Нікого я не цягну! Я адшыў, можа, яшчэ пяцёх! Каб я хацеў, дак паўсяла мо пайшло б!

Яго таварышы ківалі: праўду кажа, самі пайшлі, i друпя прасіліся.

– Не адны мы, – як бы павінаваціўся той, што сядзеў на скрынцы. – Думаеце, тут, на вакзале, мала такіх. Палавіну, можа, а то i болей. Усе глядзяць, дзе б дзецца…

– Не усе. На віду заўсёды тое, што паверх плыве. Будзе каму i араць, i сеяць, хлеб рабіць. Карміць – у тым ліку i вас.

Апейка бачыў: не хацелі ўжо глядзець на яго. Былі як чужыя. Барадаты, у цялячай шапцы, не таіў злосці: яшчэ адзін указчык знайшоўся! Але Апейка не шкадаваў: была ўпэўненасць, што правільна так строга павёў гаворку. І ix няма чаго хваліць. Хоць ён i разумее i праўду, i боль ix, якіх дурната нейкага Ярашчука выгнала з родных двароў. Ярашчукова дурната ды i свой страх… Няхай ведаюць, што ёсць i іншая, большая праўда…

Але трэба i да ix справядлівым быць. Ёсць у ix свая праўда, ёсць. І няма чаго хаваць гэта. Ды i ці так папрокі трэба ім цяпер; парада – цвярозая, разумная – от што ім трэба найбольш!..

– Не пашанцавала вам, – сказаў ён мякчэй, як бы з одумам. Яны ўлавілі ў тоне яго гаворкі спачуванне, зірнулі на яго недаверліва, дапытліва. – Не пашанцавала. З Ярашчуком.

Усе трое прамаўчалі, але Апейка прыкмеціў: гэта – спадабалася. Зноў як бы бліжэй сталі. Толькі той, у цялячай шапцы, зіркаў недаверліва.

– Ярашчук, мабыць, ваша праўда, – дурань… – Апейка задумаўся, пачаў разважаць уголас. – Толькі ж тут i так можна падумаць: Ярашчук – то Ярашчук. Ярашчук – збоку прыклёпу… Ды i то, канешне, праўда: нядоўгі госць… Не сам уцячэ – дак выганяць. Раскусяць, што за птушка, – мятлой пагоняць! – Заўважыў у барадатага сумненне, запярэчыў цвёрда яму: – Пагоняць! Раней ці пазней – пагоняць!

– У том i дзело, што мо i пагоняць – ды позно!

– Позна не будзе! – Апейка гаварыў цвёрда, як бы ўсё ведаў загадзя, наперад. Ведаў: толькі так зможа пераканаць ix; калі – увогуле зможа пераканаць. – Але не ў тым соль… Ярашчук Ярашчуком, а калгас – калгасам… – Як сказаў нешта не абы-як важнае, зірнуў не абы-як, i з той жа цвёрдасцю: ведае цану таму, што кажа. Не на вецер кідае: – Калгас – што б там ні накруціў Ярашчук – сам сабою справа надзейная! От што – галоўнае!.. Цёмная яшчэ для многіх, новая, але – надзейная. Разумная. І сваё возьме!.. – Спакойна, упэўнена папярэдзіў: – Так што i тое глядзіце: як бы не пашкадавалі потым аб сабе…

Завязалася спрэчка пра калгасы, звыклая для Апейкі спрэчка, якую столькі разоў всу ужо дома i якую давялося зноў весці тут, "на перасадцы". Апейка не мог бы сказаць з пэўнасцю, што пераканаў ix ва ўсім. але каб задумаліся нанава, гэта ён, бачыў, дабіўся… Як i раней, стаяў на дарозе, палохаў усіх траіх Ярашчук. "Тут жа, каб i хацеў вярнуцца, дак з Ярашчуком – як жыць!"

– Калі буду бачыць каго-небудзь з вашых кіраўнікоў, скажу пра яго…

– Забяруць аднаго, другога прышлюць! – не ўзрадаваўся барадаты.

– Не, няхай скажа. Можа, што i людскае будзе, – запярэчыў той, што сядзеў на скрынцы. – Скажы. Ці напішы…

– Скажу.

Гаворка ўціхла. Трое маўчалі; Апейка адчуў, маўчалі таму, што ён ужо быў лішні ім. Хацелі аб нечым памеркаваць між сабою. А можа, гэта толькі здалося, можа, ім проста не хацелася ні гаварыць, ні думаць. Сказаў, што хоча спаць, што не спаў ноч. Узлёг на спінку лаўкі, стуліў галаву. Бачуў, як яны сталі адыходзіць.

Хацеў заснуць. А сну не было.

2

Падышоў хлопец, пакрыкваючы: худы, чарнявы, насаты, са скураной сумкай на жываце; пачаў прадаваць газеты, кніжкі. Апейка ўзяў газету, амаль абыякава папрасіў паказаць кніжкі; стаў перабіраць i неспадзеўкі натрапіў на знаёмы партрэт на вокладцы. "Алесь Маёвы. Вясеннія ветразі".

Апейка, амаль не лічачы, даў грошы за кніжку, вярнуўся на лаўку. Тут, уважліва, дапытліва, угледзеўся ў паргрэт: акуратна прычасаны, у вышыванай, святочнай сарочцы, з вясёлым i задуменным позіркам. З той жа дапытлівасцю i трывожнасцю разгарнуў кніжачку: першы верш быў знаёмы, чытаў ужо ў газеце; але Апейка адчуў яго нібы нанава: усё бачылася цяпер зусім інакш, як тыя тры ці чатыры месяцы, калі верш друкавалі ў газеце. Амаль дзіцячая, бязмежная радасць вясне, красаванню, якой быў поўны верш, адгукалася ў Апейку скрухаю, неспакоем. З незвычайна вострым адчуваннем гартаў ён лісток за лістком, убіраў верш за вершам i чуў, як скруха i неспакой не толькі не адступаюць, a ўсё важчэй кладуцца на душу. Перагарнуў апошнюю старонку з такім настроем, нібы чытаў пра няскладны лес даверлівага, шчырага хлопчыка, якога невядома за што крыўдзілі…

Вакзал ні на хвіліну не ападаў гоманам. Усё завіхалася буфетчыца, цурчала піва, стаялі з кухлямі ля акна друпя; Ігнат пра нешта гаманіў з двума прыяцелямі. Адзін з трох дзядзькоў, што сядзелі наводцаль, штосыді сказаў двум другім, стаў прабірацца, здаецца, да касы. Да жанчыны з клункамі, Ігнатавай маткі, падышоў малады мужчына ў ватоўцы, сказаў, што будзе вагон. "Багато вас тут?" – запыталася Аніся. Ігнатава матка сказала: "З нашаго сяла шэсць сем’яў. A ўсяго з раёна – паўсотня, не меней…"

Было што назіраць i слухаць. Апейка ўсё бачыў i чуў, але душу ціснулі тая скруха, трывожнасць, што асталіся ад кніжкі. Прыйшло на думку: кніжка выйшла, мабыць, да той гісторыі, да артыкула ў газеце; яе носяць, прапануюць таму, што ці прапусцілі артыкульчык, ці проста не звязалі, што напісаў яе той самы "нацдэмаўскі падбрэхіч". Думкі зноў доўга кружыліся вакол Алеся, турбавалі загадкамі, клопатам. Непрыкметна ва ўзрушаную галаву ўлез успамін пра гаворку з дзядзькамі; перабраўшы нанава тое, што яны казалі, падумаў: колькі зла добрай справе можа зрабіць адзін бязлітасны дурань! Зразу ж – нібы толькі i чакала гэтага – ускочыла, учапілася думка: a хіба няма такіх у тваім раёне! Такіх, якія сваім бесталковым наскокам бураць веру ў добрае, толькі калечаць справу!.. Адагнаў прыкрае, павёў думку да сесіі, на якую ехаў: што там будзе? Важная гаворка павінна быць. Вялікія справы пачаліся. Вялікія перамены ідуць. Жыццё ўсё набірае хаду, рэзка ідзе ўгару… Думкі перанеслі ў Маскву: там толькі што ішоў пленум ЦК партыі, які рашаў надзвычай важныя пытанні, сярод ix – пытанні калектывізацыі. Шкада – няма яшчэ тут сённяшніх газет: вось-вось павінны паявіцца ў друку рашэнні. Факт – тое, што рашыў пленум, будзе мець асаблівае значэнне для сесіі… У памяці прыйшло нядаўняе: артыкул Сталіна "Год вялікага пералому", што быў надрукаваны ў "Правде" 7 лістапада, да кастрычніцкай гадавіны. Апейка чытаў яго дома, тады ж, як прыйшла газета. Ён зноў, як i тыдзень назад, калі толькі чытаў газету, стаў думаць пра артыкул, які ўсё выклікаў нялёгкі роздум.

Сталiн аб’явіў, што калгасны pyx дабіўся небывалых поспехаў, што ў глыбіні сялянства адбыўся карэнііы пералом. У калгасным руху, пісаў Сталін, з’явілася новае: сяляне ідуць у калгасы ўжо не асобнымі групамі, a цэлымі валасцямі, нават акругамі. Kaлi i ёсць нездавальненне ў сялян, то – выходзіла з артыкула – адно тым, што ix не ўпраўляюцца забяспечваць машынамі i трактарамі. І тады, калi чытаў, i цяпер, калі ўспамінаў, Апейка асабліва думаў пра тыя развагі Леніна, якія былі вытрымкамі ў артыкуле i якія павінны былі як бы падмацоўваць некаторыя вывады артыкула. Развагі Леніна вылучаліся глыбінёй, нават кароткімі вытрымкамі яны памагалі Апейку развязваць тыя цяжкія вузлы, якія завязала жыццё. Яны, думкі Леніна, ва ўсім адпавядалі таму, што Апейка бачыў у жыцці; было відаць, як глыбока разумеў Ленін душу селяніна i цяжкасці, што стануць на шляху калгасаў. Ленін як бы папярэджваў ад паспешлівасці i лёгкасці. Той лёгкасці, якая, здавалася, чулася часам i ў артыкуле i бянтэжыла Апейку… Зноў думкі Апейкі кружыліся вакол ідэі – ствараць калгасы-гіганты. Сталін едка высмейваў "навуку", якая сумнявалася, што можна i варга ствараць зернавыя гіганты ў 40–50 тысяч гектараў. Ён непахісна спасылаўся на нейкую практыку. Апейку гэта ідэя захапляла размахам, але i тут, у каторы раз ужо, стрымліваў одум: як зрабіць гэта? Ці рэальна цяпер такое?.. Проста не мог уявіць, як гэта будзе, напрыклад, у яго раёне?

Непрыкметна ў думкі зноў унізалася свая трывога: чыстка, Галенчык – чым усё скончыцца? Што скажуць "вышэйстаячыя інстанцыі"? Бо ён жа, Галенчык, калі прыгразіўся, што будзе дабівацца свайго, то – будзе… Гэты слоў на вецер не кідае… Апейка супакоіў сябе: скончыцца добра, канешне. Разбяруцца, скажуць дурню, што трэба. Але ж ты от – разважай, злуйся попусту. З-за дурня, які адзін "адданы", адзін – "пільны"… Зазлаваў ужо на сябе: а не канешне i думаць пра яго! Кланяцца кожнаму дурню! Няхай звягае! А ты рабі сваё! Ёсць суддзя найвышэйшы – сумленне сваё!..

Думаў там, у Юравічах: ад’едзе – забудзе прыкрасці свае, рассеецца, аж от табе – "рассеяўся"! Праўда гэта: ад думак не ўцячэш! З думкамі стаяў у чарзе да акенца касы, каб закампасціраваць білет; з думкамі сядзеў зноў на лаўцы, да той пары, калі аб’явілі, што ідзе поезд, i пачалася мітусяніна, поўная бегу, галасоў, нецярплівасці. Гарката ад думак чулася яшчэ, калі на пероне, у людскім гомане глядзеў, слухаў, як сунецца, аддуваючыся белымі пыхкамі пары, чорны, важкі, нібы спатнелы, паравоз; як ідзе, адціскаючы людзей, крычыць: "Пастарані-ісь!" – чыгуначнік; як бразгаюць буферы, пакалыхваючыся, рушаць міма вагоны, вокны, дзверы з праваднікамі i правадніцамі.

Яны знайшлі ў цёплым, абжытым другімі вагоне два вольныя месцы, ca столікам i каля акна; уладзіўшы чамадан, Апейка ў акно бачыў, як яшчэ доўга не ападала мітусяніна на пероне; бачыў, як рушылі назад вокны вакзала, кран у пабеленай сцяне з надпісам "кипеток", доўпя будыніны складаў. Пайшла разнастайнасць хат, хлявоў, агародаў, закружылася, пагойдваючыся, поле. Было штосьці харошае, супакойлівае ў мерным грукаце колаў, у самім бегу цягніка – па нязвыклым яшчэ, заснежаным полі, з далёкімі i блізкімі лясамі i лясочкамі, з чарнатою блізкіх i далёкіх хат.

Калі Апейка адарваў позірк ад акна, вагон ужо зноў жыў звычайным, спакойным жыццём. За столікам па другі бок некалькі чалавек стукалі ў даміно; хтосьці за перагародкаю вучыўся іграць на гармоніку, недзе плакала дзіця. Побач зусім ён убачыў тую дзяўчыну, што чытала на вакзале; цяпер з ёю загаворваў стрыжаны чарнявы чырвонаармеец. Некалькі чырвонаармейцаў спакойна сядзелі ў суседнім купэ, усе ў шынялях i будзёнаўках, з вінтоўкамі, штыкі якіх былі насаджаны ўніз. Яшчэ двое такіх жа чырвонаармейцаў было відно далей. "Каманда. Ездзілі ці едуць на нейкае заданне…" Блізка быў селянін, малады, з барадою, нечым падобны да аднаго з тых, якія гаварылі з ім на вакзале; Апейка ўспомніў: "Думаеце, мала такіх тут на вакзале…" Падумаў, што i праўда, мусіць, нямала: кідаюць ад страху хаты, поле; a ці мала сярод ix патрэбных, неабходных нават, вёскам, асабліва цяпер… "Трэба б неяк спыніць, затрымаць у сёлах усё каштоўнае. Не даць, каб сяло траціла попусту людзей. Індустрыя, канешне, возьме сваё, багата возьмуць будоўлі. Але трэба зберагчы i для поля… Трэба змагацца з ix страхам. Цярпліва тлумачыць. Прывіваць веру… Адзін выхад…"

Яго паклікалі гуляць у даміно. Апейка сядзеў у шумлівай купцы дзядзькоў i хлопцаў, пакуль праз вагон не пайшоў стары, прастуджаны праваднік: "Бабруйск! Каму Бабруйск! Выходзьце!.." Адзін з прыяцеляў, ці Нс самы гарачы i галасісты, выглянуў, нібы не верачы пашкадаваў: "Прыехалі!.." Ён усё ж дагуляў партыю’ ужо на стаянцы; давольны выигрышам, скінуў чорныя костачкі ў мяшочак i ўрэзаўся ў чараду людзей, што ішлі ў вагон.

Апейка вярнуўся на сваё месца. Жыхары вагона проста на вачах мяняліся: новая змена з порсткім тупатам, штурхаючыся, хапаючыся, сапучы, разыходзілася па калідоры, па ячэйках, з чамаданамі, з клункамі, з мяшкамі. Чырвонаармейскай каманды ўжо не было; сядзеў толькі распрануты чарнявы – мабыць, адпускнік. Смеючыся, зазірнуў у кніжку, якую дзяўчына нібыта спрабавала чытаць. Апейка зноў глядзеў на мітусню на пероне, разглядваў новых пасажыраў, глядзеў, як цягнік прабіваецца праз блытаніну вуліц, вулічак, бляшаных ды гонтавых дахаў. Вочы мімаволі лавілі праявы чужога жыцця: сані з дрывамі, пры ix – дзве постаці: цёткагараджанка i вясковы дзядзька з пугаю; чародка дзяцей каля горкі – на саначках, з канькамі; забітая дошкай крама з крыва павіслай, адарванай з аднаго краю шыльдай.

Кружыліся за шыбкамі поле, ляскі, беглі вёскі. Вагон пругка пакалыхвала; спорны, імклівы стукат колаў унізе ўсё больш аддаляў роднае мястэчка. Новыя краявіды, новыя шыр, дарогі, снягі падбягалі, знікалі, змяняліся; у гэтым імклівым лёце ўвесь час не адступалі, кружыліся думкі. Ахвотна думаў пра добрае, цікавае – сесію, пленум, сустрэчы са знаёмымі, адганяў трывожнае, назольнае, што прымушала ныць сэрца. Адганяў, а потым лавіў сябе на тым, што зноў думае пра тое, што вярэдзіць душу. Пра Алеся, пра Галенчыка, пра Башлыкова, пра брата, пра будучыню сваю, у якой паявілася нядобрая невядомасць. Пра тое, як жыць i быць.

Брат. Саўчык. "Звязаны з класава чуждымі элементамі…" Чаму такое вялікае значэнне мае, хто твой брат? Чаму яно становіцца часам не меншым, а нават нібы большым, як тое – хто ты сам. Людзі ж не выбіраюць братоў сабе: гэта ён тады ўдала сказаў Башлыкову; не выбіраюць братоў, дзядзькоў, цётак, пляменнікаў; чаму загадзя, навек запісана, што адносіны з імі могуць быць толькі прыязныя; што яны – абавязкова! – неяк уплываюць на цябе. Яны на цябе, а не ты – на ix! Чаму ты абавязан адказваць не толькі за сябе, a i за ix – якіх у вёсках можа быць дзесягкамі. Канешне, тут у яго не хто-небудзь, а – брат. Родны брат. Гэта праўда. Але ж гэта, калі задумацца, яшчэ лепш гаворыць пра тое, як неразумна дабівацца дыстыляванай чысціні ў біяграфіі па часці сваякоў… Чаму такі клопат пра ідэальную біяграфію; часта куды большы, чым клопат пра ідэальнасць дзейнасці чалавека! Вазьмі таго ж Башлыкова: ідэальная біяграфія яго як бы ужо загадзя спісвае яму якія-небудзь грахі ў рабоце. Як бы ўжо чалавек з такой біяграфіяй сам па сабе ідэальны ва ўсім, ва ўсіх учынках… Хоць у жыцці часта бывае зусім наадварот… Чаму багата хто лічыць, што жыццё можа каціцца гладзенька, роўненька, як паравоз па рэйках! Чаму некаторым бачыцца ўсё такім просценькім, нямудрым, калі i дурню відно, якое яно няпростае, старое жыццё; асабліва ў крутыя, як цяпер, паваротныя часы! Чаму іншыя нават падазрона глядзяць на старанне разабрацца разумна, справядліва, не біць з пляча; чаму часта найбольш цэніцца просталінейнасць, якую невядома чаму завуць прынцыповасцю, хоць гэта найчасцей чэрствасць i неразумнасць. Ды яшчэ выдаюць ix за знак асаблівай "рэвашоцыйнасці", "адданасці"!..

За акном праляталі неспакойныя, ірваныя кудлы дыму з паравоза. Так жа рвана ішлі i думкі ў Апейкі – у развагі ўваходзіла цікаўнае, загадкавае: чаму гэта раптам выклікалі ў Мінск Белага, які ехаў тут днём раней? Потым зноў ішлі развагі пра Башлыкова: што – можа – просталінейнасць яго – ад маладосці, ад няведання жыцця; што пажыве – пераменіцца, не інакш. Жыццё таксама навучыць… З радасцю думаў пра Белага: от ён – чалавек ленінскай вывучкі!..

Усё больш адчуваў набліжэнне Мінска. І ужо як пра блізкае, абавязковае думаў пра тое, што зробіць тут за гэтыя дні. Самым першым нязменна было: сустрэцца з Алесем!..


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю