355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Подых навальніцы » Текст книги (страница 10)
Подых навальніцы
  • Текст добавлен: 20 сентября 2016, 16:05

Текст книги "Подых навальніцы"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 10 (всего у книги 38 страниц)

"Ухапіся толькі за карак які пальцамі сваімі – секануць так, што i рукі не вернеш! Не тое што рукі, a i галавы! Сіла, улада ў ix! Ге-пе-ву!.. Буў час – калі палякі, немцы булі. Сплыў!.. Астаецца толькі ждаць – калі Бог зноў верне!" Але калі ўспамінаў Апейку, падатак, які чакаў яго ў Куранях, злосць, вялікая, на ўвесь свет, залівала ўсяго, усе развагі. Нельга было чакаць. Не было змогі чакаць. Трэба было рабіць штосьці. Што?!

Ледзь распрог каня, зайшоў у хату, не ўправіўся разуць мокрыя пасталы – паявіўся Яўхім. Прыкурыў ад вугалёчка пры печы, сеў на сваё звыклае месца ля стала, глянуў насмешліва.

– Ну, што, дабіліся, тато, праўды?

– Дабіўся… – Глушак штосілы чвякнуў пастол пад лаўку.

– Трэба було праверыць!

Глушаковы рукі неслухмяна задрыжалі. Не мог развязаць абору на другім пастале. Раптам плюнуў, закрычаў Яўхіму:

– Трэба, не трэба! A i на ражон – няма чаго лезці! Жыць надаело?!

– Не надаело, – як бы павінаваціўся Яўхім. – Толькі ж – i так жыць… Нудно!

– Ну, дак выткніся шчэ раз! Мо – у Гепеву возьму ць! Весялей будзе!

– А, усе адно! Як так жыць! – у Яўхімавым голасе былі такія нецяргілівасць i бясстрашнасць, што стары глянуў з трывогай.

– Дурань! – узяў Глушака жаль.

Яўхім перамаўчаў. Дакурыў папяросу, паслініў абкурак, ляніва ўстаў. Кінуўшы абкурак у сметніку ля печы, ляніва падаў плячом дзверы ў сенцы.

Было цемнавата, i Глушак запаліў лямпу. Выняў з каробачкі векавечныя акуляры, зачапіў вяровачкай за вуха. Па ўсім было відаць, што бярэцца за справу сур’ёзную, важную: з такой сур’ёзнасцю толькі маліўся ды – апошні час – чытаў газеты. Цяпер на стале былі газеты; ён разлажыў ix па парадку – "Савецкую Беларусь", "Бедноту", "Правду". Узяў першую, схіліўшыся да святла, вострымі, тхарынымі вачыма пабег па лісце, пакуль не знайшоў – "Весткі з-за мяжы".

У гэты вечар пашанцавала: рукі нецярпліва задрыжалі, калі разабраў вялікія чорныя літары: "Польшча рыхтуе вайну". Так было напісана, чорным па беламу; другі раз прачытаў: "…рыхтуе вайну"! Поўны надзей, ад якіх аж млела ў грудзях, уліп у газету, варушачы сухімі губамі, разбіраў слова за словам. Толкам нічога не было, усё пісалі паогул, але i гэта радавала, абнадзейвала: сам Ленін унь казаў, так i напісана – яшчэ ў 20-м годзе, – што Польшча імкнецца на Беларусь i Украіну! А от жа дык проста напісана: "Польшча ўзбройваецца пры дапамозе чужаземнага капіталу!.." Нібы спецыяльна для яго, каб ведаў, каб не сумняваўся!

У другіх газетах – недарэмна, значыць, патраціўся – вычытаў, што на савецкую зямлю ўчыняюць наскокі белагвардзейскія i кітайскія атрады. Гэта, праўда, не так цешыла, было чорт ведае дзе, як на тым свеце; ды i артыкул быў увесь злы, усё гразіўся тым кітайцам i белагвардзейцам даць адпор, але i гэта падтрымлівала надзею: вайна збіраецца! От яшчэ: "Кітайскія драпежнікі рыхтуюцца да новага нападу… Кітайскія генералы групуюць значныя вайсковыя сілы каля нашай мяжы… Хочуць справакаваць вайну!.."

Аж пот узяў. Ужо не было нібы кволасці, калі чытаў, што хлебанарыхтоўкі трэба выканаць поўнасцю i ў тэрмін, што трэба бязлітасна ўдарыць па варожых кулацкіх элементах, якія будуць імкнуцца сарваць важнейшую дзяржаўную кампанію. Усё ж усярэдзіне кіпела, са злосцю ўпаўзала i трывога. Ён зняў акуляры, паклаў у каробачку. Стаў на калені перад абразамі.

У цемры, на палацях, апанавала чутае, бачанае за доўгі, марны дзень, зноў убачыў чаргу ў юравіцкай бакоўцы, Апейку, Хрола. Зноў запякла злосць, ледзь згадаў: "Нам трэба многа хлеба". Трасцы, хваробы вам, а не хлеба! Ён сам не заўважыў, як зашаптаў гэтыя словы так, што старая побач заварушылася. За хвілінай ненавіднасці да яе – пайшлі думкі пра Хрола, пра Яўхіма. Дурні, самі гатовы падставіць галовы пад калёсы! Падстаўце, калi жыць надакучыла! Падстаўце, пабачыце! Гепеву сама рада будзе – ціскане так калёсамі, што галовы дурныя хрупнуць, як гарбузы!.. Падставіўшы галаву пад калёсы, не астановіш ix! Сіла трэба! На сілу – сіла! Падтрымка трэба! Вайна! Адна надзея – вайна!.. Са злосцю падумаў: пішуць усё – будзе, будзе, а – не, няма! Усё – "гатовяцца", "гатовяцца"! Як ні балела душа, розум вялеў: "Не час! Ілбом сцену не праб’еш! Ждаць – адно астаецца. Маліцца Богу ды – ждаць! Адно – ждаць маменту!"

Раздзел шосты
1

Пасля таго як дакасілі, разам ужо выходзілі i жаць. Станавіліся ў рад, зажыналі ўсе адразу i ішлі так, згінаючыся, кладучы за сабой снапы, пакуль на паласе не жаўцела адно пожня. Разам састаўлялі бабкі. Калі зжыналі адну паласу, гуртам, гамонячы, ішлі ўсе на другую.

Разам i звозілі снапы. Яшчэ кожны на сваім возе, сваім коніку, але ўжо не на свае гумны, а на прызначаныя. Жыта – у Хведарава гумно, авёс i пшаніцу – у Грыбковае, а грэчку i проса – да Алёшы Губатага. Гэта больш за ўсё ўражвала куранёўцаў. Усё ж стагі i бабкі, хоць i касілі i жалі разам, стаялі ў кожнага на сваім надзеле, былі яшчэ нібы сваімі, асобнымі. Тут пачыналася ўжо іншае.

Легка было заўважыць, што падзея гэта тых, хто рабіў на сваіх палосах, хвалюе, як i на лузе, па-рознаму. Адны бралі ўсё вельмі спакойна, як далёкае, чужое: што нам да таго, куды вязуць, хай хоць у балоце патогіяць! Другія глядзелі не толькі цікаўна, a i як бы непакоіліся: трэба ж на такое асмеліцца, не пабаяліся. Трэція толькі галовамі круцілі, судзілі нядобра між сабой, прарочылі, што ўсё гэта ні да чаго, дурныя выдумкі. Як бы хвалячыся гаспадарлівасцю, мудрасцю сваёй, даводзілі адзін аднаму, што яны – не такія дурныя, што трэба глядзецца свайго, надзейнага. Адны пазіралі на вазы, што паўзлі ў чужыя гумны, моўчкі, з нейкім думаннем, друпя – чапляліся, падсмейваліся: "Месца ў сваіх мало ўжэ?.. Ці – лішняе?", "Ці ето таму, што Грыбок лепей пасцеражэ?", "Так весялей, мабуць: аддаць сваё, а патом ждаць, калі Міканор падзеліць? Выдзеліць жменю з твайго ж дабра!.."

А потым пайшло яшчэ: калі пажалі, звезлі ў гумны ўсё, сталі зводзіць разам кароў, коней, звозіць вазы, плугі. У той дзень усе, хто быў у сяле, выбеглі на вуліцу, каля кожнай хаты, каля кожнага штыкетніка стаялі, глядзелі жанкі, мужчыны, дзеці. Гуртам, найбольш, праўда, дзеці, рушылі ўслед.

– Дзядзько Іван, – гарлаў Ларывон Зайчыку, што тупаў побач з возам, які цягнуў сівы, стары конь, – чаго ето твой рысак так неахвотно цягнецца? Як усе адно – у калгас не хоча!

– Не хапаецца! – падчапіў Хадосьчын бацька. На ўвесь голас пакпіў: – Несазнацельны, нібыто!

– Дай яму пад пузо, паганаму! – параіў Ларывон, давольны тым, што слухае столькі народу. – Кеб бег i другім пры клад наказу ваў!

Зайчык стаў, пацягнуў за лейцы, спыніў старога каня. Весела, паморгваючы, павёў позіркам на тых, што стаялі каля платоў, што ішлі ўслед.

– Няма мне, братачко, хапацца чаго! Я, братачко, усе адно – першы! Ето ты будзеш бегці, штоб не апазніцца! Аж хвост задзярэш, як Халімонаў бугай!..

І тыя, што каля платоў, i тыя, што ішлі ўслед, зарагаталі. Зарагаталі таму, што гэта казаў Зайчык, i таму, што згадалі дурнаватага бугая, i таму, што Бугаём дражнілі ж i Ларывона. Ларывон пачырванеў злосна, але, зірнуўшы на Яўхіма, што стаяў поблізу, стрымаўся.

– Глядзі, штоб ты не ляцеў, задраўшы хвост, ca свайго калхозу!

– Я, братачко, бегаць так не ўмею! І хваста не задзіраю!.. Не тая, братко… скаціна!

Зайчык пад рогат пайшоў зноў, не слухаючы, што там спрабуе адказаць Бугай. Чародка цікаўных, смеючыся, падалася уелед.

– Куды ето, кумочак? – еўстрэла Сарока, якая толькі што горача, размахваючы рукамі, спрачалася пра нешта з гуртком жанок. Голас быў ліслівы, прытоена хітры. – Як усе адно – у прымы!

– У прымы! Хацеў, кума, к табе, ды перадумаў – старая ўжэ ты для мяне! Я i маладзейшую найсці магу!

– Дак маладая – не вельмі па табе ўпадае! Абяшчае не на ўцеху, а так, для смеху! Напражэ скварак, а – дасць у карак!.. – Перастала рагатаць. – У калгас ето?

– У гурт, братачко. – Падчапіў: – Хадзем мо разам, кеб весялей було!..

– Ідзі, кумочак, покуль адзін, – весела, але неяк сур’ёзна сказала Сарока. – Паспьггай – які смак, а тады ўжэ нам дай знак! – Яна азірнулася на жанок. – Як соладка будзе, уся каманда прыбудзе!.. А як горка на смак, паўзі назад, як рак!..

– Старая ты, баязлівая! – плюнуў Зайчык, падаўся сваёй дарогаю.

Заехаў на Міканораў двор, дзе з Міканорам стаяла некалькі калгаснікаў i цікаўных, здаў плуг, барану, распрог каня, здаў збрую. Міканор усё запісаў у зялёны вучнёўскі сшытак, напісаў усяму цану.

– От цяпер – калгаснікі па ўсёй форме! – сказаў, калі Зайчык паставіў пад спісам нейкую крывулю. – А то толькі, не сакрэт, назва адна була!

– Цяпер калгаснікі – на сто працэнтаў,– адгукнуўся Андрэй Руды. Растлумачыў Зайчыку: – Самае аснаўное: абагульненне імушчаства!

– Самае аснаўное, братачко, – засмяяўся Зайчык, – ето – асмеліцца! Я ето набраўся смеласці шчэ на лузе! Хоць – галавою цёмны! А ты от хоць грамацей i ўсё знаеш, а от глядзіш усё збоку! Аб’ясняеш усё, братко!

– Правільно ўцэліў, дзядзько Іван! – пахваліў Зайчыка Міканор. – Другіх вучыць, а сам убок туліцца! Калені дрыжаць, мабуць!

– У етом нічого дзіўнаго, – разважна, спакойна прамовіў Руды. – На перадавой, як у бой ісці, граматныя заўсягды булі самыя нясмелыя! Усе адчайныя героі на перадавой – з простых людзей, няграматныя, як правіло. І ў етом, як разабрацца, – нічого дзіўнаго. Граматны чалавек – ён знае, так сказаць, што да чаго, думае багато. А ето, следавацельно, мяшае геройству. А няграматны – ён зразу рашае. Ці грудзь у крастах, ці – галава ў кустах.

– Ето няправільная цеорыя! – запярэчыў Міканор. – У нас цяпер самыя героі – граматныя! На тое савецкая ўлада i стараецца, штоб граматныя булі ўсе! Да i тое няправільно: што ў калгасе галава можа буць у кустах!..

Руды хацеў нешта сказаць, апраўдваючыся, але на двор ехаў Алёша Губаты з возам.

– Ну, пара i табе ў калякціў, сівы! – Зайчык заўважыў блізка аднаго са сваіх малых, пазваў: – Антось, хадзі! – Пасадзіў бялявага, з тонкай, гусінай шыяю, малога, які шчасліва ўчапіўся ў чарнаватую грыву. – Дзяржыся, братко!.. – Падбег яшчэ адзін Зайчыкаў малы, ухапіўся, тузануў: "І – мяне". Зайчык пасадзіў i гэтага. – Дзяржыся за Антося! Пад рукі абдымі, от так!.. Дзяржыцеся адзін за аднаго, байструкі бацькавы! Апошні раз на аднаасобным едзеце! – Ён крануў за аброць сівага.

2

І ў гэты дзень тыя, што назіралі збоку, глядзелі парознаму: адны – чапляючы смешкамі, друпя – гамонячы, спрачаючыся між сабой, трэція – моўчкі, хаваючы ў сабе сваё думанне. І тут былі такія, што глядзелі на ўсё абыякава, як на чужое, i такія, што хваляваліся, нібы гэта i ім неяк абыходзіла; нібы з гэтым i ў ix нешта магло змяніцца. Але хоць гэта было падобна да таго, як глядзелі раней, можна было заўважыць i тое, што неспакойных i неспакою цяпер было багата больш; ледзь не кожнага ў Куранях хвалявала незвычайная падзея: цікаўнасцю, надзеяй, трывогаю, злосцю…

Небагата было такіх, што, паглядзеўшы, як калгасаўцы зводзяць i звозяць дабро ў гурт, адразу вярталіся на свае двары, да звычайных клопатаў. Ледзь не ўсе хваляваліся тым незвычайным, што дзеелася на вачах. Яшчэ большыя, як на Міканоравым, таўкліся натоўпы на Хведаравым i Хоневым дварах. Асабліва гоману, тлуму было на Хведаравым двары, дзе стаўлялі ў хлеў кароў i дзе неспакойна стракацелі амаль адны жаночыя хусткі ды спадніцы.

Тут былі i цікаўнасць, i здзіўленне, i смех, i слёзы. He толькі тыя, што прывялі кароў, але i проста цікаўныя ціснуліся ў варотах, лезлі ў хлеў, глядзелі, быццам немаведама якое дзіва. Каровы, што стаял i ў загарадках, касавурыліся неспакойна на суседак, на людзей, што невядома чаму лезлі да ix, – вадзілі дзікавата галовамі, настаўлялі рогі, слалі на людское рознагалоссе тужлівае рыканне.

Жанкі-калгасніцы, шамочучы свежай, сухой саломай пад нагамі, рупіліся каля кароў, круціліся каля кульгавага Хведара, што як гаспадар дыбаў на мыліцах, пакрыкваў на жанок, дабіваючыся парадку, каля Хведаравай Вольгі, прызначанай даяркаю.

– Пастаў далей ад етай, ад Зайчыкавай, Хведарко! – прасіла ціхая, нібы сарамлівая Алёшава сястра. – Кручаная ета, Зайчыкава! Праткне рогам, пабачыш!.. Перастаў, Хведарко!

– Не праткне! – мірна, але непахісна заяўляў Хведар. – Чаго ёй пратыкаць! У адным калгасе, лічы!.. Пайшла б ты, Арына, лепей було б, ей-бо!

– Штоб карміла добра i – штоб ласкаво з ёю! – раіла Зайчыха, за падол якой трымалася смаркатае малое. – Як накорміш ды як ласкаво падступіш, дак дасць нешто. Не глядзі, што такая!.. Трэба ласкаво, як доіш!

– Ласкаво буду! – клялася Вольга, прытоена радасная, паважная – ад нязвыклай яшчэ пасады. Была яна сёння асабліва акуратная: у зграбным, пашытым Хведарам каптанчыку, у ботах, у прыгожа завязанай хустцы, з якой выглядваў бялявы, акуратны тварык з гладка зачасанымі валасамі.

– А чаго ето, цётко, слёзы ў цябе? – пыталася Нібыта-Ігнаціха Дамеціху, што журботна гнулася, уздыхала. – Як усе адно сына ў салдаты адпраўляеш! Шкода?

– А не шкода, Аўдоцечко? Шкода! Ето ж, як падумаю– як нажывалі яе, як выбіралі… Як цешыліся… Наглядзецца год не магла… Ноччу, бувало, прачнуся, такая радасць возьме… Устану, ей-бо, пайду, пагляджу… Стаю, не нацешуся. Патом ужэ вярнуся. І так добра на душы. Так i засну… Такая добрая папалася! У свеце другой такой, здаецца, няма!..

– Міканор жа ваш усё, цётко, распарадзіўся! Мог, калі на тое, i ўважыць матку!

– Не можа, казаў! Як я, казаў, старшына, то – першы павінен, казаў, прыклад паказуваць! Шчэ й загадаў, штоб слёз не пускала! Асабліва – на людзях! Не ганьбіла кеб – казаў. А я от – не магу!.. У свеце другой такой, здавалася, не було!.. Як успомню, як нажывалі! Як ноччу ўставала, штоб паглядзець! Дак не магу! Хоць што – не магу! Горно!..

У вароты ўсё ціснуліся, усё круціліся ў хляве.

Рахманы Хведар пачынаў злаваць, не на жарт замахваўся мыліцаю:

– Адыдзіце, бабы, ей-бо! На двор хоць выйдзіце! А то – от не пагляджу – кастылём каторую! Не пагляджу – па рэбрах, ей-бо! Шпіктакль найшлі! Кароў толькі пужаеце, пужалы чортавы!

– Жанкі, усё дагледзім! Нічыю не абідзім! – лагодна, разважна памагала свайму чалавеку Вольга.

Але ўсе ціснуліся. На змену тым, што адыходзілі, уціскваліся друпя, цікаўна ўглядваліся, гаманілі, смяяліся. Увесь час лезлі, шнырылі між дарослых дзеці; штурхаліся, дурэлі, нібы на вяселлі. Было некапькі i мужчын, сярод якіх увага жанок адзначала асабліва старога Глушака, Нібыта-Ігната, Пракопа Лесуна. Стары Корч глядзеў вельмі ўважліва i з павагай; калі хтосьці, паддобрываючыся да старога, сказаў, што каровы i тыя не хочуць разам жыць: вунь, як шядзяць адна на ад ну! – стары спакойна паправіў:

– Прывыкнуць! Скаціну да ўсяго прывучыць можна! На тое – скаціна!..

Нібыта-Ігнат кінуў нейкія насмешлівыя заўвагі, плюнуў. Лясун глядзеў моўчкі, панура; слова не выцягнуў, так i пасунуўся з двара, не гледзячы ні на каго, не зважаючы на тых, хто цікаўна глядзеў услед.

Сярод жанок, што тоўпіліся на двары, найбольш хваляваліся Чарнушкава Куліна i Сарока.

– Як хто, а я – штоб такое зрабіла калi! – Кул i на круціла гапавой, з чырвоным, злым тварам, клялася перад усімі: ніколі, нават пад прымусам!

– Жызня будзе: прыйдзеш з работы – ніякай турботы! – растарэквала адважна Сарока. – Hi каровы, ні свіняці – адны сцены ў хаце!.. Любата!

– Як ето яно будзе? – трывожылася Васілёва Маня. – Добра, як у каго няма нічого!

– Aгe! – запярэчыла нявестцы Васілёва матка. – Не шкода хіба! Багатаму шкода карабля, а беднаму – кашаля!

– Карова – ето не кашэль! – сказала НібытаІгнаціха.

– То-та i яно!.. Што ето, праўда, будзе – са ўсёй етай выдумкі?..

На Хоневым двары былі найбольш мужчыны. Туг таксама тоўпіліся каля варот, зазіралі ў хлеў Некаторыя, i калгасаўцы i проста цікаўныя, хадзілі ў хляве, каля коней. І на двары, i ў варотах шнырылі дзеці, ва ўсім падобныя на тых, ніто былі на Хведаравым двары. Мужчыны рабілі ўсё больш паважна, чым жанкі,– i меркавалі, i пасмейваліся стрымана, як i належыць мужчынам. Багата хто былі нязвыкла задуменныя, ледзь не ўсе курылі.

– Хлеў спаліце, чэрці! – крычаў Хоня, што распараджаўся ўсім. – Выйдзіце адсюль! Не сход вам!.. Коней толькі трывожыце, аднаасобніцкія душы!

– Правільно, Хартон! Гані! – падтрымаў Хоню Міканор, што ўвайшоў вясёлай, дужай хадою. – Як ісці разам, дак не хочуць, а як глядзець – дак сяло цэлае!

– Дак кеб жа ўткнуць голаву куды, – адгукнуўся Міця-ляснік, – глянуць наўперад трэба!

– Глядзіце, не сакрэт, вельмі доўго!..

– Дак ето ж не абы-што!

Міканор, як i належыць старшыні, пачаў аглядаць канюшню, праверыў, як пастаўлены коні, якое сена палажылі. Па тым, як трымаўся ён, што рабіў i як рабіў, усе маглі – усе, у каго вочы, павінны былі бачыць, што ў калгасе цвёрды, надзейны гаспадар.

– Штоб корм, Хартон, даваў па рэжыму, у паложаны час, i па рацыёну, – распарадзіўся Міканор. – Кеб ніякіх парушэнняў. Па ўсіх законах навукі. Як дагаворано!

Хоня тым тонам, якім i трэба адказваць на распараджэнне, запэўніў, што ўсё будзе рабіць як належыць. У гэты момант, ні трохі не лічачыся з тым, што побач такі важны чалавек i ідзе такая сур’ёзная гаворка, Хонева кабыла грызнула Міканоравага каня, i той віскліва заржаў i брыкнуўся. Кабыла зноў драпежна выцягнула морду, конь крутнуўся, кінуў капытамі. Пры высокім начальстве, нібы знарок, усчалася паганая, старая бойка – з віскам, з брыканнем, з агіднай злосцю. Хоня рынуўся да коней, аперазаў пугаю мышастую сваю, супакоіў каня.

– Коні – i тыя!.. Кусаюцца! – як узрадаваўся хтосьці з тых, што ціснуліся ў варотах.

– І дзяліць няма чаго, сена ўсім адзінакаво! А – брыкаюцца!

– Харакцер шчэ, не сакрэт, аднаасобніцкі! – хацеў адбыцца жартам Міканор.

– Несазнацельныя! – падчапіў хтосьці.– Не гатовыя шчэ!

– Ето яна, браточкі, любячы, – ускочыў у гаворку Зайчык. – Штоб гуляў з ёю! А не драмаў!

– Нічога сабе любоў! Аж заенчыў!..

Праверыўшы, што трэба, аддаўшы распараджэнні, Міканор паведаміў Хоню, што пойдзе зараз паппядзіць кароўнік, заклапочана, дзелавіта падаўся з хлява, з двара. Людзі пачціва расступаліся перад ім, некалькі чалавек з гуртам дзетвары рушылі ўслед. У цэнтры натоўпу, што застаўся, Руды ўзрадавана ўзяўся тлумачыць:

– У кожнай культурнай канюшні абязацельно павінны буць, так сказаць, ячэйкі на кажнаго каня…

– Зноў ты, братачко, за агітацыю сваю! – учапіўся нейкі сур’ёзны Зайчык.

– Я не агіцірую, я саўсім, так сказаць, – наабарот. Крыцікую: што вы робіце няправільно. Замест таго штоб, як вучыць парція, строіць канюшні, вы ўсё разабралі па хлявах. Ето ж скрыўленне, а не калгас!

– Ты глядзі, дзядзько, – шмаргануў носам Алёша Губаты, – а то за агітацыю проціў калгасаў – мы не пагладзім па галаве! Знаеш, што – за агітацыю?

– Знаю. Дак я ж, – не траціў гонару Руды, – крыцікую не проціў калгасаў у цэлым. Я проціў, так сказаць, няправільных калгасаў. Следавацельно – за правільныя. Як вучыць парція.

– Там разбяруцца, дзядзько, – у тоне Алёшавай гаворкі чулася пагроза, – за што ты агіціруеш!

– Ты не вучы мяне, – зазлаваў Руды. – Рано вучыць узяўся! Не знаеш нічого, дак другіх слухай!..

Але ўсё ж прыціх, неўзабаве i зусім сышоў з двара. A іншыя яшчэ доўга тоўпіліся, вязалі стрыманую гаворку, маўчалі, курылі…

3

Тое, што бачылі, чулі, было самым вялікім клопатам Куранёў. Мала было такіх хат, двароў, дзе б не гаварылі пра гэта, не меркавалі, не думалі. Гаварылі, думалі ў хлявах, у гумнах, у полі, дома, зморана вячэраючы, у думнай начной цішыні на палацях.

Абышоўшы ўсе двары, дзе збіраліся людзі, наслухаўшыся i нагаварыўшыся, Куліна Чарнушкавых толькі апоўдні вярнулася на свой двор. Чалавек каля хлява сек нажом свежае, толькі што нарванае зелле – рыхтаваў яду свінням.

– Як падурнелі! – не першы раз абурылася, быццам i не заўважаючы таго, што робіць чалавек, не дзівячыся, што робіць яе справу: не да таго ёй!

Чарнушка нібы не чуў, наўколенцах сек i сек зелле – заняты быў, здавалася, толькі сваім клопатам. Потым ужо спакойна, стала параіў:

– Не заракайся!

– Я?! А не даждуцца!

– І не будуць дажыдацца! Сама пойдзеш… Як прыйдзе пара!..

– Ето я?!

– Ты, – Чарнушка не спыніўся на момант – звыкла сек зелле.

Мачыха, яшчэ распаленая няўвагай чалавека, яго недавер’ем, не ведаючы, што сказаць, вартае таго гневу, які гарыць у ёй, склала раптам фігу, ашалела тыцнула кудысьці ў сяло:

– От ім!

Чарнушка зноў стала параіў:

– Не заракайся!

Кінуўшы секчы, ён устаў, зірнуў на жонку зморана i як бы не разумеючы:

– Чаго ты ето бядуеш так? – Ён выдзеліў асабліва "ты". – Можно падумаць – ты найболей утраціш!.. Багацце самае вялікае, можно падумаць, у цябе!

– А не багацце? Як мы толькі ім i жывем! – Куліна глядзела на чалавека i, здавалася, таксама не разумела яго.

– Багацце, штоб яно правалілася! Свету белаго не бачыш, а толк які!.. Дочку ў багатыя вывелі! – загаварыў ён раптам інакш, болесна, як бы са слязамі.– Багацейкаю, паняю зрабілі!.. Цешся адно!.. – Зазлаваў, загадаў мачысе: – Бяры, зелле свінням давай, багачка!..

Чарнушчыха, збітая трохі папрокам за Ганніну бяду, у якой яна чула сябе такі вінаватаю, хоць i не паказвала гэтага, момант шукала, што б такое сказаць чалавеку, – калі ўбачыла, што Хведзька, які паявіўся аднекуль, сочыць пільна i з нейкім смехам.

– А еты, еты – зноў гультаваў! Зноў не ганяў на выган! Абы матка адвярнулася на хвілінку – гуляць!.. Выскаляецца шчэ! – Чарнушчыха ў запале пашукала, ці няма поблізу дубца, не знайшла, i раптам ухапілася мяшаць свінням зелле.

– Няма капі i етаму рабіць! – прамовіў Чарнушка. – У матку пайшоў. Таксамо жыць не можа без паліцікі!..

Пад вечар зайшла Ганна, i спрэчка, што, здавалася, забылася ўжо, зноў узгарэлася, толькі што цяпер i бацька i мачыха – як нейкаму праўдзіваму суддзі – даводзілі Ганне кожны сваю праўду.

Хведзька таксама быў тут, упоцемку моўчкі сядзеў за стапом, чакаў, што скажа праўдзівы суддзя матцы i бацьку.

Сабраліся вячэраць, а не вячэралі. Нібы забыліся, чаго сышліся.

– Не багацце, кажа, – скардзілася мачыха. – Як усе адно я не знаю, якое багацце! Гора, а не багацце! Але i тое забуваць не трэба, якое ні е, а жывем з яго! Жывем, не памерлі!..

– Толькі што! – неахвотна – не любіў спрэчак! – азваўся Чарнушка.

– Жывем, дзякуваць Богу! І ядзім нешто, i адзеты! І хлеб твой, i хата твая! І карова, i авечкі твае! Як там ні жывеш, а жывеш спакойно! Знаеш: калі што якое, дак выручыць е каму!..

– От то-та i яно! – зноў коратка i неахвотна запярэчыў Чарнушка.

Ганне не хацелася спрэчкі: прыйшла пасядзець сярод сваіх, адпачыць ад працы, ад нямілай карчоўскай прагнасці.

– Жыць, канешне, трэба з нечаго, – разважна, для прыліку, адказвала яна мачысе. – A толькі, мамо, шчасце не ў адном багацці…

– Хто ж кажа, Ганно. Я толькі – што пра гаспадарку думаць трэба. Як жыць будзеш, думаць трэба!..

– Як е ў чалавека шчасце, мамо, дак i гаспадарка значыць нешто. А як няма – які толк са ўсяго!..

– Яно, канешне, i без шчасця – не соладко! Але як есці не будзе чаго, як зубы на паліцу палажыць прыйдзецца, дак от будзе шчасце!

– Бы адно голадам марыць там будуць! – азваўся Чарнушка.

– Перайначуваць усё страшно… – разважна прамовіла Ганна. – Да й тое, праўда, няведама, як там будзе.

A толькі горай, як е, наўрад ці будзе. Горай, здаецца, не бувае…

У той жа час у Васілёвай хаце усе таксама сядзелі за сталом, упоцемку сёрбалі боршч. Вячэралі моўчкі; толькі Васілёва малое захліпала ў калысцы – Маня недавольна прамовіла: "Зноў!.. Як усе адно знарок!.. Толькі прысядзеш, кеб узяць што ў рот… Штоб табе!" – сказала злосна, кленучы, але Васіль перабіў кляцьбу, загадаў ісці пакарміць малое.

Кончыў Валодзя сёрбаць, палез на палаці, перахрысціўся на абразы дзед Дзяніс, зачэкаў красалам, хацеў закурыць люльку, калі матка, што сядзела ля Васіля, ускрай стала, затурбавалася ўголас:

– Як ето яно цяпер будзе?

– Звярнуло, тым часам, з езджанай дарогі,– азваўся дзед. – Па балоту просто, па купінах…

Васіль маўчаў.

– Як?! – сказаў нядобра, з паирокам. – Знаць вам трэба ўсё канешне! Забіваць галаву!..

– Дак як жа не забіваць яе? – нібы прасіла i раіла матка. – Тут жа, сам бачыш…

– Бачу, бачу!.. – зазлаваў Васіль. – Сваёй сухоты мало!

– Дак ці ж тое абыдзецца так, Васілько?! – нібы пыталася i тлумачыла матка. – Думаеш – усё ето?

– Тым часам, ето – пачынаецца толькі! – падтрымаў яе дзед Дзяніс.

Маня ад калыскі раптам уварвалася запалена:

– Няхай лезуць! Каму надаело жыць! А мы – нам i так не пагано!

– Ето – пачынаецца толькі!.. – падумаў зноў у голас дзед. – Ето так не кончыцца!..

– То-та ж i думкі ўсякія, Васілько…

Васіль устаў з-за стала, матка адразу адсунулася, прапусціла. Стала збіраць лыжкі, павольна, нібы чакала, як пойдзе далей гаворка.

– Як яно кончыцца, ніхто не знае, – сказаў Васіль спакойна, разважна, стала: як i належала гаспадару, галоўнаму чалавеку ў хаце. – Нам i без етаго сухоты – па горло!.. – Як бы папракаць стаў:– Трэба от малаціць жыто, ячмень да авёс! Да – араць! Хату дарабляць трэба! Штоб перабрацца скарэй!.. Штоб дзераво не пагніло да ўлазін!.. – Памаўчаў трохі.– Ля цагельні азімае пасеяць думаю…

– Азімае павінно ўрадзіць, – сказаў дзед. – Як пагода не падгуляе, павінно.

– Хату трэба штоб памог дакончыць бацько, – сказаў Васіль ужо да Мані.– Штоб i Пятра ўзяў на падмогу.

– Паможа. Я скажу, – паабяцала Маня.

Тым i скончылася гаворка ў Дзятлікавых хаце: сталі разыходзіцца па палацях, раздзявацца. Адзін дзед, які i летам спаў на печы, доўга яшчэ круціўся бяссонна, не мог уцішыць назольны кашаль…

Доўга не спалася Хадосьцы. Яна, як звычайна, ляжала на палацях з малымі, маленькі Антосік, скурчыўшыся, соваў ёй каленямі ў бок, уцінаў галоўку ёй пад паху. Хадоська ласкава падымала яго на руку, але праз момант ён зноў саскоўзваў з рукі, уцінаўся галоўкай пад паху.

Усе малыя спалі, толькі зрэдку з ціхім, мерным дыханнем злучалася глухое мармытанне: дзеці штосьці снілі. Але сны сніліся ім добрыя, не будзілі нікога; недарма найбольш чулася Хадосьцы ціхае, саподкае плямканне. Бацькі ж не спалі; хоць спачатку не гаварылі, Хадоська здагадвалася, што не спяць, думаюць пра штосьці.

– Гаспадары! – прахрыпеў нядобра, з пагардай бацька. – Сышліся!.. Галота!..

– Ты – багацей! – ціха папракнула матка.

– Не раўня ім, нібыто!..

– Ціхо ты! – шапнула беражліва матка. Зноў папракнула: – Hoc задзіраеш!.. Глядзі, кеб не апусцілі!

– Хто ето апусціць?

– Няма каму? От упаяюць цвёрдае!..

– Не ўпаяюць, – упэўнена сказаў бацька. – Серадняк, нібыто!..

– Сягоння – серадняк. A заўтра – захочуць – прылепяць цвёрдае.

– Не прылепяць! Няма за што!

– Е за што! Язык распускаеш вельмі!.. Смелы вельмі!

– Смелы! Што думаю, тое i рэжу!

– Я i кажу!.. Ды – не грымі! Разбудзіш!..

Бацькаў голас яшчэ падужэў.

– І буду – рэзаць, што думаю! Маўчаць нясцерпно!..

– Ціхо, кажу! – зноў шапнула, просячы, матка. Сказала з папрокам: – Пра дзяцей трэба думаць!

– Ты адна думаеш, нібыто!..

– І ты думай! Не адны!..

Бацька плюнуў i, чуваць было, важка павярнуўся. Не спаў таксама доўга, але ужо не загаворваў з маткаю. Думаў штосьці сам сабе.

Хадоська думала мала, неахвотна, чула сябе дзіўна адзінокай, пакінутай. Дзень гэты нібы адабраў у яе надзею; яшчэ ўчора яна спадзявалася, што Хоня ўсё ж адумаецца, вернецца да яе; чула, што мае хоць якую сілу i ўладу над ім, а сёння пабачыла, што ні ўлады, ні сілы ніякай няма; няма таго радаснага, цёплага, чым жыла ўжо даўно, з чым песціла самыя дарапя надзеі. Хоня не паслухаўся, пайшоў далей; зусім разышоўся. Казала ж яму: пра калгас каб i не думаў; у калгас, казала ж, яна не пойдзе, хоць што; калі не выпішацца, каб i не думаў пра яе; дык от – завёў усё сваё, аддаў; зусім ступіў за мяжу, якую яна не пяройдзе ніколі. За мяжу, якая ix раздзяліла; навек раздзяліла.

"Ну i няхай! Няхай жыве сабе! Не канешне ето, пражыву адна! Доля такая ўжэ: жыць адной!.. Е чаго бедаваць!.."

Бедаваць, здавалася, не было чаго, а маркота дзіўна не адыходзіла. І чула сябе Хадоська ўсё адзінокай, пакінутай. І ніяк не магла даўмець: што будзе далей?..

У старога Глушака пад цьмянай, з прыкручаным кнотам, лямпаю сядзелі Яўхім i маўклівы, пануры Пракоп. Пракоп моцнымі локцямі ўпіраўся ў стол, вялізнымі чорнымі далонямі трымаў важкую, зарослую да вачэй галаву.

Яўхім, трохі горбячыся на ўслоне, па-дамашняму ўвесь у зрэбным, у лапцях, прыжмурваючы вока, дыміў папяросаю.

– Дзядзько, не думайце багато, – казаў, пасміхваючыся, Яўхім. – Вам, ей-бо, няма чаго голаву ламаць!.. Вам, дзядзько, самы мамент – у калгас!..

Пракоп варухнуў брывом, коса i люта зірнуў на яго. Ён апошнімі днямі быў заўсёдным госцем у Глушаковай хаце, бавіў тут дымныя вечары, слухаючы развагі i парады старога. Стары быў рады яму; калі сядзелі ўдваіх, гаворка ішла заўсёды ў добрым ладзе. Трывожыў гэтыя вечары толькі Яўхім, што іншы час не прападаў недзе, a ўвальваўся ў бацькаву хату. Яўхім век падкусваў Лесуна.

– Ей-бо, дзядзько, самы мамент – у калгас!

Глушак на другім услоне абстругваў, забіваў калкі ў граблі, глянуў на сына недавольна.

– Не трывож чалавека! – вялеў Яўхіму суха, цвёрда.

– Час такі, тато, – лагодна, нібы паслухмяна запярэчыў Яўхім, – думаць трэба. Хочаш не хочаш, а трэба трывожыцца. Думаць трэба. Балото над нагамі зараз прарвецца. Штоб не було позно!.. – Ён зноў жмурыўся на Лесу на. – Ей-бо, адзін выхад, дзядзько, калгас!

Пракоп важка выкаціў мацюк.

– Ето не трэба, дзядзько! Ето дзелу не паможа, – i вам штоб шкоды не нарабіло! Да й ні на што усё: вам, як трудавому чалавеку, калгас – адзіная дарога! Ісці трэба, падскокваючы ад радасці, маліць, штоб скарэй забралі ўсё! Ісці да й другіх шчэ весці з сабою!.. Прыклад другім паказуваць, каторыя несазнацельныя. Каторыя дабра свайго для савецкай уласці шкадуюць. Ето ж е такія гады, каторыя коней, кароў, авечак сваіх для савецкай уласці шкадуюць!..

– Яўхім! – зноў загадаў Глушак.

– Ей-бо, тато, е такія шчэ гады!.. Трэба ж, дзядзько, карміць начальнікаў, каторыя ў гарадах. Дзяцей ix, жонак, палюбоўніц ix, да й не абы-чым, не расолам якім. А мясам, мукою, булкамі, каклетамі!..

Сазнацельным трэба буць, дзядзько! Бегці скарэй, падскакуючы да й другіх шчэ цягнучы! А вы, эх вы, дзядзько, нашто толькі галава ў вас на плячах! – думаеце шчэ!.. Скарэй у калгас бяжыце! Ей-бо!.. Не бойцеся, што Міканор не дасць рады! Ён – спрытны, скора знайдзе збыт усяму! Вам голаву ламаць не прыйдзецца!.. Не бойцеся!.. Бяжыце!..

– Што ж ето, праўда, будзе? – адгукнулася ад палацяў старая, якая то драмала, то абуджалася.

– Будзе, што хоча савецкая ўласць. Што хоча, тое i будзе!.. – Яўхім дакурыў, плюнуў на акурак, растаптаў лапцем на падлозе. – Савецкая ўласць – уласць цвёрдая. Што намерыцца – тое i зробіць!.. – Адолеў сур’ёзнасць, зноў загаварыў з насмешачкай: – Я, калi б не цвёрдае заданне, з радасцю б у калгас!.. А то ж не прымуць – элемент класавы! Не паглядзяць, што i жонка з трудзяшчаго элемента!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю