Текст книги "Подых навальніцы"
Автор книги: Иван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 38 страниц)
He далі Ганне пайсці з малой. Яўхім сілком адарваў ад калыскі, стаў на дарозе. Бачыла: не пусціць да дзіцяці, не дасць Верачкі. Зразу ж за ім Халімоніха насела на Ганну з угаворамі, з папрокамі: выдумала перціся сярод ночы ў такую далеч, цераз лясы, цераз балоты! То ж каб да Захарыхі-знахаркі дайсці, колькі папяцца трэба, а пра Загалле ці Юравічы i казаць няма чаго: ночы цэлай мала! І дужаму дзіцяці дарога такая – пакута, а як жа можна рызыкаваць хворанькай, якой i ў калысцы нядобра!..
Ганна ведала: старая гаворыць праўду. І ўсё ж не ўседзела б Ганна – страшна ісці ў дарогу, але яшчэ страшней сядзець вось так, склаўшы рукі, глядзець, як марнее, гіне на вачах малая. Там, у цёмнай, далёкай дарозе, хоць рызыка, затое ж недзе за ёй i надзея, палёгка Верачцы, ратунак. Не паглядзела б Ганна ні на што, панесла б беражліва дачушку да гэтай надзеі, каб Яўхім не заявіў, што, калі да ранку Верачцы не стане лепш, возьме коней i завязе сам хоць к Захарысе, хоць у Юравічы…
Усю ноч Ганна не счыняла вачэй над калыскай. Некалькі разоў давала Верачцы грудзей, але тая не брала. Ганна душыла страх, старалася не траціць спадзяванку, што вось-вось бяда пачне цішэць – перастане дачушка гарэць, кідацца, задыхацца. І баялася бяды, i не верыла ў яе, у жорсткасць, бязлітаснасць лесу, не хацела, не магла паверыць, што можа здарыцца страшнае, ад адной думкі пра якое ўсё халадзела ўсярэдзіне. Не чуючы ніадкуль падмогі, вымушаная сядзець, чакаць, што прысудзіць лес, увесь пал анямелай ад страху, з трывожнай i ўпартай надзеяй душы аддавала малітве: усё залежала ад Бога, ад Яго літасці, Яго чуласці. Калі малілася, думала пра Бога, цешыла сябе: Ён, усёмагутны, справядлівы, заступіцца, не дасць у крыўду. Не можа ж быць, каб Ён не зжаліўся, каб адабраў у яе самае дарагое, адзінае, што яна мае, чым толькі жыве!..
Якіх ласкавых слоў не нагаварыла яна малой у гэту на ўсё жыццё помную ноч! І бадзёрыла, i абнадзейвала, i абяцала: яшчэ трохі пацярпі, ужо небагата асталося, хутка будзе добра – прасіла, маліла, у роспачы хілілася над дачушкай, якая ўсё хрыпела, задыхалася. Зноў i зноў давала малой грудзей, усё не траціла надзеі, што возьме, пап’e, падужэе Верачка. Але дачушка не брала, не піла. Ніколі ў жыцці не было ў Ганны такога гора i такой любасці, такой прагі аддаць усю сябе другому, каб толькі яму хоць трохі палягчэла!
Як ірвалася, хапала паветра гарачым, агністым роцікам, як пакутавала бедная дачушка! Як дужалася з зацятай хваробай маленькае, такое кволае, згаладалае, аслабелае цельца! Вось-вось – нямела ад страху Ганна – не вытрывае, здасца, сціхне без сілы, – малая ўсё кідалася, усё хапала паветра, змагалася за жыццё.
Як у страшным трызненні была тая ноч. І духата звечара, i налёты халоднага ветру сярод ночы, i бляск маланак, i грымоты, i дождж, шумлівы, халодны, – усё гэта было нібы тым жа трызненнем, усё спляталася з надзеямі i адчаем той бясконцай ночы.
Верачка перажыла ноч. З хвіліны на хвіліну павінна было паказацца сонца. Балота, лес, свет цэлы чакаў, калі яно выблісне, заззяе. У чаканні гэтага хараства штосьці новае, абнадзейлівае зацяплела ў душы Ганны.
Яўхім устаў, ускінуў аброці на плячо i пацёгся па коней. Значыцца, хутка – у дарогу, дзе Вераччына збавенне. Можа, гэты дзень будзе шчаслівы – дай Бог, каб ён быў шчаслівы!.. Ганна ўжо намерылася сабраць што трэба ў дарогу, калі Верачка трудна захрыпела. Напружылася – як бы хацела ўзняць галоўку. Аж выгнулася ўся. Раз, другі i – сціхла.
Ганна глядзела на яе няцямна, не разумела, не верыла. Малая не дыхала. У Ганны самой сцяло дыханне, сама на нейкі час перастала дыхаць, адно глядзела, глядзела – дачушка хоць бы варухнулася! Увачавідкі з кволага тварыка стала хутка спадаць чырвань. Лобік, шчочкі, насок хутка бялелі.
– Верач!.. – застраў у горле жахлівы крык.
Дзіўна паслабелымі рукамі схапіла, прытуліла яе, яшчэ цёплую, яшчэ нібы жывую, прытуліла да сябе, як бы хацела аддаць ёй сваю цеплыню, утрымаць жыццё.
– Верачко! Дзіц-цятачко!.. Донечко мая!.. Не трэба! Не трэба! – шаптала-стагнала, мапіла, чуючы адно: Верачка халаднее.
Не ўбачыла, як узышло сонца, як усё зазіхацела тысячамі зорак-расінак. Не пачула, як пад’ехалі калёсы, не зразумела, чаму Яўхім сказаў:
– Ну от, можно ехаць…
4На могілкі за маленькай сасновай труной i дубовым крыжам, зробленымі Чарнушкам, ішло толькі некалькі чалавек: Чарнушкі i Глушакі. Людзям не было калі хаваць – усе былі ў лузе.
Ганна сядзела на возе, над незачыненай труной, як бы абдымала яе рукой. Галава яе была схілена, сонца паблісквала ў шаўкавістых валасах, пасма якіх, непрыбраная, звешвалася на лоб. Вочы яе, сухія, гарачыя, нязводна глядзелі на малую: Верачка, блізкая i недасяжная, ляжала сярод валошак, пакладзеных Сцяпанам. Друпя суткі не зводзіла Ганна вачэй з роднага тварыка, не верыла, не магла згадзіцца, што неўзабаве тварык гэты мусіць назаўсёды знікнуць.
Яна не заўважала, як калёсы ехалі да могілак, ківаліся ў няроўных каляінах. Заўважыла толькі, што Верачцы ляжаць стала нядобра – ківае яе, водзіць яе туды-сюды. У адным месцы калёсы, аб’язджаючы яму, вельмі нахіліліся, i ў Ганны аж пахаладзела ў грудзях, калі ўхапіла, падтрымала Верачку: каб трохі – упала б, пабілася б балюча дачушка!
Каля могілак калёсы стал i. Мачыха ўзяла Ганну за плячо, гаворачы ласкавыя, суцешлівыя словы, мякка адарвала ад малой, памагла ступіць на зямлю. Павяла могілкамі, сярод старых i новых крыжоў, прышчаватых верб i разгалістых сосен. У зарасніку маладых акацый, між нізкага, густота галля, зеўрала ў цяністым прыцемку свежая яма з асыпанымі берагамі, чырванелі на ўзгорках пяску сыраватыя грудкі гліны.
Ганна рабіла ўсё як у бяспамяці, толькі вочы жылі, з нямой пяшчотай i скрухай гяядзелі, не адрываліся ад малой. Яна моўчкі стаяла з мачыхай, калі здымалі труну, ставілі на зямлю, калі поп казаў штосьці, моўчкі, паслухмяна падышла развітацца з малой. Прытулілася да тварыка, хвіліну паляжала побач, але, як мачыха ўзяла за плячо, паслухмяна паднялася. Калі ж бацька ўзяў вечка i хацеў накрыць дамавінку, з Ганны бяспамяць як бы спала рантам. Яна як бы ажыла, умомант, нібы пры бляску маланкі, убачыла пясок, гліну, цёмную зеўру ямы, убачыла, даўмела нанова, жахнулася – вырвалася з рукі мачыхі, поўная роспачы i нястрыманай сілы, з крыкам кінулася да труны:
– Не!
Яна упала на зямлю, абхапіла дамавіну, прынікла да малой. Шаптала, задыхалася ад гора, ад любасці:
– Не дам, не дам дочачку маю! Кветачку маю! Мальвачку маю!.. Не дам! Не дам! Вяргінечку маю, півонечку маю малую! Не дам! Не дам!!!
Яўхім хацеў падняць яе, але яна адштурхнула яго, упала на дамавіну зноў:
– Не дам! Не дам!!!
Тады падышоў да Ганны бацька, лагодна схіліўся:
– Ганно…
Яна зноў стала бязвольная – нема, незварушна глядзела, як накрылі века, што схавала, назаўсёды аддзяліла ад яе родны твар.
Калі бацька прыбіў века цвікамі, стары Глушак падцягнуў пад дамавіну з двух краёў вяроўкі. Стары i Сцяпан пачалі спускаць на вяроўках труну ў яму.
– Апускай! Апускай! – сіпеў Сцяпану, спалоханаму, няўпраўнаму, стары. – Ці заснуў!..
З краю ямы цурчэў, асыпаўся пясок. Калі дамавіна легла на дно, Сцяпан спыніўся, не ведаючы, што рабіць з вяроўкай, – стары недавольна буркнуў, каб пусціў яе, выцягнуў, акуратна, дзелавіта зматаў…
– Кінь грудку на дамавіну! – шапнула Ганне мачыха, i яна ўзяла камячок, квола, без сілы выпусціла ўніз.
Пачула, як стукнуў камячок, адступіла i раптам ціха, без сілы аб’ехала на зямлю. Каб трохі, упала б – ледзь намаглася ўтрымацца. Бацька заўважыў, што ёй пагана, стаў побач, паклаў руку на плячо, быццам супакойваў, даваў сілу. Стукалі, стукалі грудкі, спачатку – моцна, гулка, потым – мякчэй. Яўхім кінуў некалькі жмень; Сцяпан ухапіў жалязняк, што тырчаў убаку, – як бы спяшаючыся кончыць усё, стаў сыпаць зямлю на дамавіну, хутка, без перадыху.
Неўзабаве на тым месцы, дзе была Верачка, гарбацілася толькі горка свежай зямлі ды тырчаў новы крыж.
Стары Глушак прымяў зямлю, падсыпаў, падраўняў, перахрысціўся. Момант пастаяў ціха, потым зірнуў так, нібы паказваў: от i ўсё, можна i вяртацца, памянуць нябожчыцу. Пакорліва, разважна прамовіў:
– Бог – даў, Бог – узяў…
Ён намерыўся ісці, калі Ганна раптам узнялася, ніжучы гарачым, шалёным позіркам, ступіла да яго.
– Ето – вы! Вы!..
Ён нельга сказаць каб збянтэжыўся, але стаў. ІІерахрысціўшыся, цярпліва пакруціў сухенькаю галавою: ашалела, дурная, – сама не ведае, што вярзе!
Падскочыла мачыха, хацела супакоіць. Але Ганна слова не дала сказаць ей, поўная крыўды, болю, нянавісці, гневу, што душылі яе, выдыхнула зноў зацята, люта:
– Вы! Вы! Загубілі донечку маю! Загубілі-і!!!
Стары кальнуў яе злым, вострым позіркам. Гора горам, а трэба ведаць, што гаворыш! Такое страхоцце нізашто ўзвяла!
Быць бы большай бядзе, калі б Глушачыха, што хвіліну назад стаяла над магілкай са слязамі, не заўважыла, як ад калёс нядобра, рашуча ступіў да бацькі Сцяпан. Кінулася да сына, уткнулася ў грудзі, утрымала – ледзь утрымала! У час умяшалася ў звадку i мачыха Чарнушкаў: сілком адвяла Ганну ўбок, за акацыю. Загаманіла, затлуміла словамі.
Старога Халімона супакоіў сівенькі разважны поп – узяў Глушака за локаць, прымірэнча, па-старэчаму ўлагодзіў: не бярыце вельмі да сэрца, мала што скажа жанчына з няшчасця!
Ён яшчэ нешта лагоднае гаварыў, ведучы старога з могілак. За папом i Халімонам Глушачыха павяла Сцяпана. Яўхім, які завяртаў назад калёсы, пазваў Ганну, але тая нават не азірнулася, нібы i чуць не хацела. Ён пастаяў, пачакаў трохі, упрошваць не стаў – пазваў мачыху.
– Ідзі,– сказаў мачысе бацька. – Мы патом…
– Як вам лепей. – Мачыха паволі, бы пасля цяжкай, сумленна зробленай працы, пайшла ад Ганны.
Яны асталіся ўдваіх. Ганна не лямантавала, нават не плакала – седзячы на коленцах, ціха гайдаючыся, як лазіна ад ветру, горбілася, журылася над такім яшчэ нязвычным гарбком зямлі. Сонца выйшла з-за галля, паліла ёй ненакрытую галаву, але Ганна не чула. Доўга моўчкі стаяў i бацька.
– Хадзем ужэ, – нарэшце зварухнуўся ён. – Усё адно… Не вернеш…
– Не пайду я, – не адразу, хрыпата адказала яна. Памаўчала, дадала цвёрда: – Не пайду к ім!..
5Доўга ўгаворвала яе мачыха вярнуцца к Глушакам, к чалавеку свайму. Ганна не крычала, што не пойдзе, не гневалася, таропіла адно нязводныя, невідучыя вочы i маўчала, бы не чула нічога. Мачыха гаманіла, гаманіла, потым з лагоднай гамонкай прыбрала ёй раскіданыя валасы, завязала хустку, як хворую, падняла пад руку, вывела з хаты. Пад руку павяла па зачырвоненай заходным сонцам вуліцы. Крок у крок тупала побач – баялася, адумаецца, выкіне зноў што-небудзь, несамавітая!
Але Ганна не выкінула нічога. Цягнулася як сама не свая; як звар’яцелая, таропіла вочы. Ціха ўвайшла ў Глушакоў двор, моўчкі, паслухмяна улезла на ганак. Каля дзвярэй прыпынілася, абапершыся аб вушак, павяла вачыма – хацела штосьці даўмець i не магла. Мачыха адчыніла дзверы, пад руку ўвяла яе ў сенцы, у хату. З лагоднай гамонкай палажыла на ложак, накрыла світаю.
Яшчэ як уваходзіла, прыкмеціла на двары старую Карчыху i Сцяпана, ix пільныя позіркі; уладзіўшы Ганну, пастаралася сцішыць згадку пра нядобрую спрэчку, прымірыць. Ад Ганны адразу пакіравала на Карчоў ганак; ступіўшы ў Глушакову палавіну, знарок ветліва, зычліва дала "добры вечар" і, калі ёй адказалі, прыязна, як бы нічога i не было нядобрага, завяла:
– Такі ж, пэўна, i добры – вечар еты! Хоць бы хмарка дзе, як раней! На дождж i не паказуе! Добрая пагода буць мае!.. На дождж, кажу, i не паказуе!
– Дай Бог, кеб не було, – адгукнуўся стрымана Глушак.
– Не будзе! Пагода ўжэ будзе! Па ўсяму відно!
Мачыха сядзела, гаманіла з Глушачыхай, з Глушаком, чапляла часам маўклівага, ваўкаватага Яўхіма – усё намагалася палагодніць, прымірыць усіх з Ганнаю. Гаварыла знарок не аб спрэчцы, цешыла добрай, прыемнай гаворкай, зычлівасцю, усмешкай. Толькі нібы мімаходам упляла некалькі слоў пра Ганну:
– Не думайце бо чаго! Не бярыце да душы вельмі! Ето ж i раней гарачая була, не дай Бог, а тут – гора такое!..
– Гора, канешне!.. – паківала Халімоніха.
Глушак прамаўчаў. Было відаць, таіў яшчэ крыўду, i Куліна не стала рызыкаваць, спрытна перавяла гамонку ў надзейную мірную каляіну – не ўсё адразу! Яшчэ раней заўважыла, як пад’ехаў пад акно запрэжаны Сця панам конь, запыталася:
– Вы ето – нібы нанач на луг сабіраецеся?
– Сабіраемся…
– Ето добра. Штоб зранку ўзяцца. А то ж бяда бядою, а дзело не павінно стаяць!
– Два дні i так прапало, – панура прамовіў Глушак.
Мачыха адразу падхапіла:
– Ды ў такую пору!
– Канечне, якая там работа була ўчора, – разважыла Глушачыха. – Калі малое павезлі…
– Aгe ж, так толькі – для прыліку…
Мачыха бачыла, што Глушаку не сядзіцца: чаго добрага, зазлуе, гаворка добрая яе ні на што пойдзе – у час паднялася.
– Ну, дак вы ўжэ сабірайцеся! І дай Бог; штоб у вас усё було па-людску!
Перад тым як ісці дадому, мачыха зазірнула ў палавіну, дзе была Ганна. Паўздыхала, параіла яшчэ, каб не перажывала вельмі за тое, што ужо не вернеш. Ганна, якая усё так жа ляжала на ложку, быццам сляпая, нават не зварухнулася, але мачыха выйшла на вуліцу са спакоем чалавека, які, як мог, уладзіў бяду. "Нічого, пройдзе. Вылечыцца. І не такое зарастае з часам…"
Хутка пасля таго, як яна сышла, Глушакі сталі выпраўляцца ў дарогу. Глушачыха вынесла хлеба, Глушак наліў свежай вадой біклагу, Сцяпан па бацькаваму загаду збегаў нарваў цыбулі. Калі ўсе сабраліся ля воза, стары глянуў на Яўхіма:
– А я на што – не паедзе?
Глушачыха пашкадавала:
– Не да таго ёй. Не чапай…
– Скажы ёй, – строга загадаў Яўхіму стары. – Жджэм, скажы!
– Тато, вы, праўда, не чапайце! – заступіўся за Ганну i Сцяпан.
– Маўчы! Не ўтыкай носа!
Яўхім прашаргаў лапцямі ў хату. Калі ён убачыў Ганну, маўклівую, самотную, вінаватасць лягла на душу, але халадок, што даўно жыў між ix, звыкла стрымаў шчырасць.
– Хваціць ужэ. Што ўпало, тое прапало, сколькі ні бядуй… Дак i бедаваць няма чаго вельмі… Без пары ў магілу лажыцца.
Яна не сказала нічога. Шкадаванне раптам размякчыла яго. Яўхім сеў побач, йалажыў руку на яе плячо, прытуліў галаву. Яна не адгукнулася на гэты знак яго пяшчоты, не прыгарнулася. І не адхілілася, не скінула яго руку. Яго як бы i не было.
– Паедам, – пастараўся не заўважыць ён непрыхільнасці да яе, што абудзілася ў душы. – А то ты звядзешся тут, адна са сваімі думкамі… На людзях буць трэба…
Яна маўчала. Ён сказаў цвярдзей:
– Паедам.
Тады яна расчапіла губы, выціснула:
– Не паеду я.
– Бацько жджэ.
– Усё адно.
Па тым, як казала, пачуў: гаварыць больш лішне. Не паедзе. Зняў руку, падаўся на ганак. Стрымліваючыся, сказаў старому:
– Чуе сябе пагано, гаворыць…
Стары недавольна памыляў губамі i загадаў ехаць без яе. Ён узлез ужо на воз, калі Яўхім падаў думку, што трэба было б, каб хто-небудзь астаўся: каб часам не ўчыніла чаго над сабою! Думаў, здаецца, што бацька пакіне яго, але стары, раздражнёны, сказаў астацца Сцяпану.
– Да рана! – кінуў Сцяпану з воза. – Рано штоб на балоце буў!
Ён крыкнуў Яўхіму – ехаць хутчэй з двара.
6Сцяпан не пайшоў у пакой, дзе была Ганна, – не наважыўся. Лежачы на палку ў бацькавай палавіне, толькі слухаў цішыню ў тым баку, дзе Ганна сядзела ці ляжала.
Сцяпану было шкада яе. Хоць i не бачыў i не чуў яе за сцяною, адчуваў Ганну так, нібы яна была з ім. Ведаў, як ёй балюча. Яму самому балела, як ёй.
Даўно-даўно спачуваў ёй Сцяпан – яшчэ з тых дзён, калі яна – асцярожная, старанная – толькі пачала хадзіць у ix хаце. Можа, нават – ад той яе першай спрэчкі з Яўхімам, калі да яе лез са сваімі п’янымі запяцаннямі Крывароты…
Сцяпан потым не раз заўважаў, як цяжка прывыкае яна да нязвычнага ёй парадку, прыжываецца ў новай сям’і. У ix нiколi не было асаблівых, шчырых гаворак, яна н i кол i нікому не скардзілася, таілася нават, што ёй цяжка, але i без гэтага ўсяго Сцяпан добра бачыў, як душылі яе работа без перадыху, панурасць, i скупасць, i прагпасць ix. Бачыў Сцяпан, што дзень пры дні, як з жалезнай клеткі, ірвалася яна адсюль, з ix хаты, да сваіх, на волю… Ірвалася, але хавала свае парыванні, стрымлівала, прымушала сябе трываць…
Яго i самога таміла тут. Самому нудна было – у роднай хаце – пасля таго як бацька не пусціў больш у Юравічы, сарваў з вучобы, калі ён, Сцяпан, толькі абвык, увайшоў, можна сказаць, у смак. Начамі ў духаце бацькавай хаты сніліся юравіцкія горы, школа перад самым схілам, за вокнамі якой шырока жаўцелі i шарэлі пяскі i сінелі хвойнікі запрыпяцкай грады. Сніпіся, як шчасце, што ўжо ніколі не вернецца, паходы з юравіцкімі таварышамі на вольную Прыпяць, дзе так міла плюскоча вада каля берага, дзе так прыемна бярэ за лыткі вадзяны халадок. Пасля той волі, прастору – ці ж лёгка яму ў гэтай цеснасці, нудзе, калі толькі i ведай – капацца ў зямлі, у гнаі, без радасці якой, без надзеі…
Ці ж мог ён не бачыць, што i ёй нялёгка, горка! У ix жа была, можна сказаць, адна доля-няволя – тое ж, што ён трагііў у бяду, заступіўшыся за яе, за Ганну, яшчэ нібыта радніла. Сцяпану, хоць ён не толькі не казаў ёй, але i не прызнаваўся самому ў гэтым, Ганна была самым блізкім, дарагім чалавекам. Ён быў давольны, калі яна цешылася чым-небудзь, смуткаваў, калі яна смуткавала.
Ён захапляўся спрытам Ганны, зачарована лавіў удалыя, калючыя яе слоўцы – які ў яе дасціпны, востры язык! Як яна, загарэўшыся, умела абсякаць Яўхіма, адразу, некалькімі словамі!
Якая яна харошая! Воч бы, здаецца, не зводзіў з яе мілага твару з прыгожымі смуглявымі выпінкамі шчок, з як бы ганарлівым носам, са зграбным, акуратным падбародачкам i гарачымі, выгнутымі вуснамі. А вочы яе, вішнёвыя, увесь час неспакойныя вочы, у якіх то смутак, то бляск насмешкі, то затоены боль, – што яны адны маглі рабіць са Сцяпанам!
Дзіўны бацька, не мог даўмець, чым яна ўзяла Яўхіма! Ды яна каго хочаш прывабіць, заваражыць можа! Скажы яна адно слова Сцяпану – i ён, здаецца, пойдзе за яе ў агонь i ў ваду!
Можа, не было б гэтага жадання, гэтай ласкі да Ганны, калі б было ёй добра, калі б бачыў, што душа яе поўна сваім шчасцем. Калi б не заўважыў, што i Яўхім, маўклівы, пануры, затоены ў горкай i злоснай недавольнасці, рэдка-рэдка калі гляне на яе радасным, замілаваным вокам! Чуў, не раз пераконваўся Сцяпан – не любіць яна Яўхіма, так толькі трывае. І ў Яўхіма якая любоў, калі ў той любові не столькі дабраты, колькі крыўды i спасцярожлівасці.
Не адзін раз хацелася Сцяпану дакрануцца да яе рукі, пагладзіць супакойліва, сказаць ласкавае, добрае слова! Але з гэтым лезла, вярэдзіла душу важкая вінаватасць: нядобрай, грэшнай чуў гэту неадступную ласку да братавай жонкі. Дакараў, лаяў сябе: ведаў, што грэх i здрадніцтва – ласка да Ганны, a нічога не мог зрабіць, каб з гэтай бядою ўправіцца. Не адступала, тачыла душу развага: а чаму грэх, калі яна не любіць Яўхіма?
Не любіць Яўхіма. І ўсё ёй тут не люба. Вырвалася б з радасцю, пайшла б куды вочы глядзяць! І ён, Сцяпан, мог бы пайсці з ёй, куды зажадала б, – абы воля, абы прастор. Абы – разам… Няхай толькі слова скажа!..
Але яна не гаворыць гэтага слова, нібы i не заўважае нічога. Думае, мабыць, што ён проста брату прыяе…
Цяпер ёй так цяжка. Усю ўцеху страціла… Ёй так трэба цяпер апора, апора i – воля. Там, у другім месцы, нішто не напамінала б ёй пра бяду… А што, калі пайсці i сказаць ёй, каб не бедавала вельмі, супакоіць хоць трохі. А то яна – адна са сваёй бядою, мучыцца адна. Хоць думкі ёй адвесці ад бяды… Пайсці пасядзець удваіх – падтрымаць.
А ён падтрымаць можа – не малы ж ужо. Каб прыйшлося, дык i сам сабою жыць мог бы – зможа, калі прыйдзецца, сваім хлебам пракарміцца. Не прывыкаць рабіць, ведае, як з зямлёй абыходзіцца, а дзе трэба, то i граматай падрабіць зможа. Пражыве, калі што якое!.. І другім з ім жыць было б анігадкі – прыпяваючы маглі б жыць, не тое што з бацькам i Яўхімам! Ён-то не марнаваў бы работай без перадыху i не глядзеў бы па-воўчы…
А што, калі адважыцца i выказаць усё? Выказаць усё чыста – нашто ёй i яму цярпець немаведама для чаго! Таіцца, выжыльвацца дзень пры дні, душыцца, прасветліны не бачачы!.. Калі багата хто жыве інакш, на-людску, калі i ім жыць па-людску не закрыта дарога!.. Толькі адважыцца – i пачнецца новае, вольнае, жаданае… Бацька i Яўхім прыедуць, а ix i след прапаў – шукай ветру ў полі!.. Сцяпан аж устаў з палка, захадзіў па хаце, выйшаў на ганак – сэрца шалёна білася. Пайсці. Сказаць усё!..
Ступіў на яе ганак. Да яе дзвярэй. Але тут раптам апанавалі яго неадольная кволасць i нясмеласць. Ён стаў, прыслухаўся: можа, плача, тады ён увойдзе, стане суцяшаць – i скажа ўсё. Так было б лепш. Аднак плачу не было чуваць. Ён адышоў ад дзвярэй.
Некалькі разоў падыходзіў да дзвярэй, намерваўся ўвайсці i – стаяў нясмела. Не хапала адвагі. Лаяў сябе: баязлівец, слімак; папракаў: так ніколі нічога не даб’ешся, – але саўладаць з прыкрай кволасцю не мог. Дзіўнае рабілася з ім: i ўвайсці сілы не было, i адступіцца, адарвацца ад дзвярэй – ніяк. Нібы ланцугом прыкаваны. Падыходзіў, адыходзіў, як прыкаваны, папракаў самога, здзекаваўся нават з сябе. Потым злосць узяла на сваю нерашучасць, стаў нібы смялей… Цяпер – ці ніколі! – адагнаў усё і, не разважаючы больш, не вагаючыся, адчыніў дзверы.
У цемры Сцяпан стаў, агледзеўся – дзе яна. Не так убачыў, як угадаў – на ложку ляжыць, але не пайшоў да яе. Пачакаў, думаў, што запытаецца, адгукнецца якнебудзь. Яна не адгукнулася. Тады нясмела, ціха стаў набліжацца да ложка – няўжо спіць?
Як грымела сэрца, калі спыніўся, нахіліўся над ёю – прыслухаўся, прыгледзеўся зблізку. Аж нібы жарам абліло ад гэтай блізкасці, затлумілася ў галаве. Яна не спала, глядзела, але – гэта вельмі бянтэжыла – хоць бы варухнулася! Як нежывая!
– Таб-бе… можа… пагано?.. – выціснуў Сцяпан.
Ганна не адказала. Збянтэжанасць яго не толькі не прыціхла, а яшчэ памацнела, ён стаяў, скрануцца не мог. Толькі чуў, як грыміць яго сэрца i тлуміцца ў галаве. Цяпер кволасці ўжо не было, ён гатоў быў на любую адвагу, але – вось жа бяда: навошта гэта адвага, што рабіць? Як бы раптам перастаў цяміць.
– Mo што… трэба?.. Дак я…
Яна, замест таго каб парадзіць, павярнулася моўчкі, легла тварам уніз. Сцяпан пастаяў, трэба было штосьці рабіць – дакрануўся да яе, асцярожна паклаў руку на плячо. Далонь яго апаліла, гарачыня ўмомант заліла ўсяго, аж млосна стала. Хацелася, як ніколі, прытуліцца да Ганны, абняць. Ледзь пракаўтнуў гарачы камяк, што стаяў у горле:
– Ганна…
Як ён шкадаваў, як любіў яе ў гэты момант, якое хараство, радасць якая, надзея таміліся, гарэлі ў ім, чакалі, спадзяваліся, імкнуліся! Ён жыў толькі імі, толькі ёю! Каб яна сказала яму ў той момант памерці, ён памёр бы, мабыць, шчаслівы! Ён быў гатоў для яе на ўсё!
Яна сказала тое, чаго не чакаў. Ціха, ледзь-ледзь чутна, але так непрыхільна, недаступна, што яго нібы ўдарылі:
– Адыдзі.
Рука яго сама сабой адскочыла ад Ганнінага пляча. У адзін міг жаданае, блізкае стала далёкім, недасяжным. Чуючы, як усярэдзіне ўсё пахаладзела, не разумеючы як след нічога, Сцяпан паплёўся назад да дзвярэй.