355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Подых навальніцы » Текст книги (страница 35)
Подых навальніцы
  • Текст добавлен: 20 сентября 2016, 16:05

Текст книги "Подых навальніцы"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 35 (всего у книги 38 страниц)

Стрыманы, здавалася, педантычны Некрашэвіч, што гаварыў паважна, роўна, як на лекцыі, нібы тлумачыў тую частку даклада, дзе Галадзед казаў пра дзейнасць некаторых "спецаў". Буйны рост сацыялістычнага будаўніцтва завастрае класавыя супярэчнасці, i гэта ў выніку, тлумачыў Некрашэвіч, прыводзіць да ўзмацнення нацыяналістычных i праваапартуністычных тэндэнцый. Нацыяналістычныя тэндэнцыі, казаў прамоўца, маюць у Беларусі розныя формы: беларускі нацдэмакратызм, яўрэйскі, польскі, расійскі шавінізм. У наш час, калі ворагі розных колераў кансалідуюцца на агульнай платформе шкодніцтва, – а гэта ў нас, як сказаў таварыш Галадзед, мае месца, – павінна быць узнята самая жорсткая барацьба з усякай варожай пралетарыяту ідэалогіяй. З асаблівай увагай тлумачыў Некрашэвіч шкоду так званых "лаяльных", бо "пад маскай лаяльнасці гэтыя асобы могуць каваць самыя варожыя для пралетарыяту ідэалогіі". "Лаяльных" трэба пільна выкрываць, бо з адкрытым ворагам лягчэй ваяваць, чым са скрытым. Некрашэвіч заявіў, што такіх "лаяльных" у Беларусі, безумоўна, многа; але калі пачаў тлумачыць характар "лаяльных", то выйшла, што "лаяльным" можна абвясціць любога, хто буркнуў, што мала мяса, мануфактуры ці – няма табакі. Усё ж, хоць Некрашэвіч не падаў ні аднаго факта, Апейка слухаў яго востра: тое, што ён даведаўся з паведамлення пра выкрыццё "Саюза вызвалення Украіны", быццам падмацоўвала Некрашэвічавы тлумачэнні, прыдавала ім грознага сэнсу, тым больш што пад канец Некрашэвіч багата гаварыў пра такую "лаяльнасць", як нацдэмакратызм, пры згадках пра які Апейку заўсёды прыходзілі трывожныя думкі пра Алесеў лес.

2

Адзін за адным да трыбуны ішлі людзі з розных раёнаў i акруг, – яны нібы далучалі яго да тых палёў, краёў, якіх ён не бачыў, але якія бачыць яму вельмі хацелася. Апейка пільна сустракаў кожнага новага прамоўцу; яго ўвага была асабліва вострая адтаго, што ён не проста назіраў, што робіцца ў нязнаных краях, – ён шукаў, ён хацеў уведаць, што робіцца ў другіх, каб лепш зразумець сваё, тое, над чым столькі думалася i што яшчэ не ва ўсім было добра высветленае.

Амаль з кожным прамоўцам шырылася шматгалоссе вялікага жыцця. У гэтым шматгалоссі былі разам i святочныя паведамленні пра зробленае, пра тое, што "бядняк i серадняк ужо асазналі карысць калектывізацыі", i голая – з гаркатою, з болем – трывога, што ў новых арцелях у мястэчку "сядзяць без хлеба i бульбы"; што батракі не атрымліваюць норму хлеба; за клопатам, што слаба ідзе змаганне з цемраю, асабліва сярод жанчын, увайшоў у залу клопат пра тое, што цяжка распаўсюджваць трэцюю пазыку індустрыялізацыі. Селянін гаворыць: "Мы ўсё даём, даём, a ў нас нічога няма", – не бачыць – бяда – таго, што робіцца за вёскай. Работніца з Мазыра, чарнявая, з тонкай, доўгай шыяю, у гімнасцёрцы, – спачатку няёмка, збіваючыся, потым смялей, шчыра – падзялілася скрухаю: трэба многа, старанна працаваць, a работніцы не могуць, бо няма сілы. "Калі б нам далі магчымасць даставаць прадукты па таннай цане!" Малады, з рашучым, хударлявым тварам: усё точанае, рэзкае, з рашучым, нелагодным голасам, старшыня райвыканкома паставіў рубам пытанне: чаму дасюль не спыняецца знішчэнне жывёлы! Пра якое многія гаварылі яшчэ два-тры гады назад! Сам дзелавіта, дакладна выкрывае прычыны: першая – дасюль не вырашана пытанне пра кармы – жмыхі, караняплоды i гэтак далей. "Было багата размоў,– гаварылі, пісалі,– аднак канкрэтна ў нашых саўгасах i калгасах яно ўсё яшчэ не вырашана!.." "Другая прычына – гэта тое, што зараз, пры аб’яднанні ў калектывы, некаторыя сераднякі стараюцца збыць жывёлу, хочуць ліквідаваць сваю маёмасць, атрымаць грошы i гэтымі грашыма ўнесці пай…" Нелагодным, заклапочаным голасам не параіў, патрабаваў: трэба паставіць справу эканамічна, палітычна, тэхнічна так, каб жывёла ў нашай краіне не иамяншалася ні ў якім разе!..

У прамове гарачага, баявога Хандогі з Аршанскай акругі Апейкаву ўвагу зачапіла вестка, што жыхары аднаго раёна "прынялі пастанову пра арганізацыю адзінай раённай камуны". Думаючы, якая гэта будзе камуна, Апейка чуў, як Хандогі на поўны голас заяўляў, што яны ў акрузе не могуць "абслужыць гэты шпаркі pyx калектывізацыі агранамічнымі сіламі i не маюць адкуль ix узяць".

– Перад намі стаіць другое пытанне, па якім мы пакуль не маем ясных указанняў з боку НКЗ, – рынуў Хандогі далей без перадыху. – Куды дзяваць наша кулацтва?!. Мы ведаем адно, што кулацтва нельга пускаць у калгасы, i мы яго не пускаем! Але з другога боку, як я ўжо сказаў, амаль што цэлы раён калектывізуецца!..

Галадзед, павярнуўшы галаву да трыбуны, упэўнена перабіў яго, параіў:

– На балота высяляць.

– У нас i балот свабодных няма! – адразу, з запалам адказаў Хандогі, пазіраючы ўсё ў залу.

Галадзед прамаўчаў. Нахіліўся над сталом, стаў нешта пісаць.

– Значыць, нам трэба высяляць кулакоў. Зараз жа, – для таго, каб мы маглі своечасова землеўпарадкаваць гэту тэрыторыю, дзе ствараюцца калгасы. Але запасных зямельных фондаў у нас няма, i ў той жа час пакідаць кулака сярод той тэрыторыі, дзе арганізуецца калгас, немэтазгодна. Высяляць кулакоў на паасобныя пасёлкі – гэта значыць аб’ектыўна з неарганізаваных кулакоў насаджваць арганізаваныя контррэвалюцыйныя арганізацыі. Мы не можам на гэта пайсці!.. Так што у такім важным пытанні мы павінны мець ясныя ўказанні.

Калі Чарвякоў аб’явіў, што слова мае таварыш Карась, Аніся першы момант не паверыла, што гэта – ёй.

Недаверліва зірнула на Апейку, i толькі калі ён вачыма паказаў у бок прэзідыўма: трэба ісці,– захапалася папраўляць жакецік, важкавата ўзнялася. Працісквалася к праходу нясмела, збянтэжана, але між радоў пайшла ўжо, здавалася, цвёрда, упэўнена. Калі яна стала за трыбуну, то яе мала было i відаць, Апейка нібы ўпершыню ўбачыў, якая яна дробная, нявідная.

Яна, здалося, доўга маўчала. Не ведала, з чаго пачаць, не магла супакоіцца. Падрыхтаваную паперку не даставала: згубіла ці – забылася пра яе. Апейка не зводзіў воч з яе, – хваляваўся сам, хацеў падбадзёрыць, памагчы. Яна, шукаючы, пабегла вачыма па зале, знайшла яго. Ён падбадзёрліва кіўнуў ёй: смялей трэба! – яна адарвала позірк i пачала, без паперкі:

– Цяпер от таварышы рабочыя кажуць… – што ў ix няма жыроў, няма добрых кватэр. І польтаў не хапае. То таго няма, то етаго не хапае… І ето ўсе адтаго, што наша сельская гаспадарка слабая… От першая наша задача – штоб падняць сельскую гаспадарку. Зрабіць калектывізацыю… – Яна гаварыла мякка, раздумліва, нібы разважала ўголас. – Трэба, штоб рабочыя звярнулі ўвагу на сяло, на калектывізацыю, – падумала яна ўголас. Разважліва стала развіваць думку: – Бо калі мы пастроім сталоўкі, як тут казалі, а там не будзе мяса i хлеба, то сталоўка будзе стаяць, i ў ёй не будзе чаго абедаць. Калi мы пастроім добрыя дамы ў горадзе, там таксамо трэба будзе, штоб було што есці. І от я думаю, што мы павінны асабліва падумаць, штоб падняць сельскую гаспадарку… – Памаўчала i дадала разумна: – А без падняцця прамысловасці мы яе, канешне, не паднімем. – Апейка з радасцю кіўнуў ёй, думкаю пахваліў: малайчына.

Аніся зноў трохі маўчала; не шукала вачыма Апейку, глядзела кудысьці над радамі, разважала сама з сабою.

– От тут я чула, як таварыш Галадзед дакладваў, што вялікі здзвіг е ў калектывізацыі.– У голасе яе паявілася, заўважыў Апейка, нешта новае, не мяккае. – Праўда, багато арганізавалася калекціваў. Я бачыла, што таварыш Галадзед етаму рады, – а так жа i ўсё кіраўніцтва. Але справа не толькі ў колькасці,– усё цвярдзеў яе голас, – але i ў якасці калекціваў.– Яна не тое што параіла, – наказала: – Не трэба спяшыць, штоб нарабіць ix вялікую колькасць.

Апейка чуў, што зала ўся прыціхла. Галадзед у цішыні спакойна, цвёрда заявіў:

– Не, гэта не так.

Яна, гледзячы ўсё ў залу, упэўнена, упарта павяла сваё:

– Трэба, штоб яны былі добрыя, штоб людзі не разбягаліся з калекціву. – Па зале прайшло хваляванне. – Вельмі мало ў каторых сёлах аб’ясняецца, штоб сяляне зналі, што такое калекціў,– дакарала, судзіла яна, – штоб яны ішлі туды з ахвотаю. Штоб селянін цёмны сам бачыў, што толькі калекціў вывядзе яго з бяды. Трэба дабівацца, шгоб нашыя калекцівы булі добрыя. Штоб калекціў не разлазіўся, штоб ён другім паказваў добры прыклад. І тады калекцівы будуць арганізоўвацца амаль што самі.

Галадзед штосьці дзелавіта запісваў. Аніея неспакойна перавязала вузялок хусткі, паправіла жакецік.

– Я хачу сказаць шчэ гipa віцінараў,– амаль тым жа тонам загаварыла яна. – Папярэдні чалавек казаў пра ето, i вельмі правільно. Калі ў нас няма віцінараў, то скаціна можа i захварэць i падохнуць, а па-другое, мы самі можам захварэць ад скаціны. Папярэдні чалавек казаў, што багато кароў хварэе сухотамі. Я сама магу сказаць, што ў нашым саўгасе каровы захварэлі сухотамі, дак ix узялі на лячэнне. А хто знае, што ў еялян каровы не сухотныя? А цераз малако хвароба можа перадацца ўсім… Трэба шчэ паглядзець на еялянак, бо ўсе прадукты ідуць цераз рукі жанок. Наша еялянка цёмная, яна шчэ мало знае, як культурно карову падаіць i як свінню выкарміць. Куды яе можно i куды не можно пушчаць. Таму свіння ў сяле есць тое, што не трэба, i ў ёй заводзіцца трыхіна. І ето ўсе ідзе рабочым, i рабочы не знае, што есць сало з трыхінаю!.. Трэба, кеб еялянка була граматнай i культурнаю!.. І от я шчэ хочу сказаць сваю думку пра тое, што ў нас няма навучання па сельскай гаспадарцы. У нас е пачатковая школа, патом сямігодкі i розныя тэхнікумы, а такой асаблівай навукі па сельскай гаспадарцы для тых, хто робіць, няма. І от трэба було б адчыніць такія школы, штоб i еяляне i калхознікі вучыліся. Бо раней яны вучыцца не маглі. А вучыцца трэба i нам!..

Яна сышла расчырванелая, уся яшчэ поўная хвалявання. Ужо за яе спіной устаў Чарвякоў, аб’явіў, што ранішняе пасяджэнне канчаецца. Апейка стаў чакаць Анісю ў праходзе, яна памкнулася да яго ўзрадаваная.

– Ой, мабуць, нагаварыла я? – зіркнула Аніся на яго, ледзь пайшлі.

Апейка супакоіў.

– У цэлым – добра "нагаварыла". Талкова.

– Як пабачыла, сколькі глядзіць народу, дак сэрца бы зайшлося! Забула усе!.. – У вачах былі i перажыты страх i радасць. – Не помню, як i пачала!.. А патом якась смялей стало.

– Да таго, што нават са старшынёй СНК у спрэчку ўступіла!

– Aгe! Я хіба хацела?..

У вестыбюлі ix чакаў Башлыкоў. Аніся i яму павінавацілася: ой, мабыць, нагаварыла. Башлыкоў адвёў вочы.

– Асобныя думкі былі правільныя. Але тое, што вы, па сутнасці, выказаліся супраць нашых тэмпаў, вядома, падтрымаць нельга.

– Ну от, я казала!

– Слухаючы вас, можна было падумаць, – Башлыкоў зірнуў на Апейку, нібы чакаў згоды, – што ў нас няма растлумачальнай работы. Што мы – не турбуемся пра якасць калгасаў…

– Я казала, не трэба було мне паручаць!

– Адна рэч, – нібы не чуў Башлыкоў,– выступленне дома, сярод сваіх. Дзе ўсім вядома сапраўднае становішча, а другая – на сесіі. Дзе ты ўжо выступаеш ад імя раёна, перад рэспублікай. "Маленькая" розніца!.. У прынцыпе – трэба было гаварыць тое, што падрыхтавана было, абмеркавана!..

– Па-мойму, яна i так сказала талкова, – заступіўся за Анісю Апейка.

Аніся шчыра прызналася Башлыкову:

– Я, як выйшла, усё забыла! Усё пайшло іначай!

Башлыкоў прамаўчаў ёй, уважліва ўгледзеўся ў Апейку.

– Тут, відаць, Іван Анісімавіч даў накірунак, – пранікліва прамовіў ён. – Вельмі знаёмыя некаторыя ўстаноўкі.

– Ну, гэта ты дарэмна, – нахмурыўся Апейка. – І на выступленне дарэмна нападаеш. Выступленне – разумнае. І з фактычнага боку, i – з палітычнага, – з націскам сказаў ён апошняе слова.

За абедзенным сталом Аніся то знарок смяялася, то шчыра трывожылася: нагаварыла! Добра, што Башлыкова пазвалі знаёмыя i ён абедаў за другім сталом: Апейка вясёлымі жартамі падвясельваў чулага прамоўцу. Ды i сяброўка яе памагала: ну, калi б i не так нешта сказала, ёсць бедаваць чаго! Толькі таго i гора!..

Анісі давялося яшчэ пачырванець пад самы канец вячэрняга пасяджэння, калі дакладчык выйшаў да трыбуны з заключным словам.

– Некаторыя таварышы, выступаўшыя ў спрэчках, – казаў Галадзед, – пры цэлым шэрагу правільных з ix боку заўваг у сваіх прамовах дапусцілі шэраг прынцыповых памылак… Кой-хто з выступаўшых прамоўцаў спрабаваў так паставіць пытанне, што трэба наперад адбудаваць сельскую гаспадарку, а тады будзе лепш развіваць i прамысловасць. Адна сялянка тут сказала, што калі мы пабудуем спачатку сельскую гаспадарку, то ў нас будзе i мяса, i масла, i г. д., што мы зможам іэтыя прадукты вывозіць за межы, атрымоўваць ірошы, за якія можна будаваць добрыя квагэры, i г. д. Такая пастаноўка пытання прынцыпова няправільная. Камуністычная партыя зусім выразна i правільна паставіла пытанне, што толькі на базе высокай тэхнікі i культуры, на базе машынізацыі сельскай гаспадаркі можна мець сапраўдны яе ўздым…

– От, я знала! – ціха прамовіла Аніся.

Апейка паціснуў ёй руку, супакоіў. У думках запярэчыў Галадзеду: "Дык хіба ж яна супраць гэтага выступала! Яна казала ж, што для таго, каб хутка расла прамысловасць, трэба, каб i сельская гаспадарка не была ў заняпадзе. Добра вялася. Правільна казала!"

– Таварышы, трэба мець на ўвазе, – вучыў Галадзед, – што нават i пры "жырнай" сельскай гаспадарцы i пры шырока разгорнутай лёгкай прамысловасці, калі ў нас не будзе буйной машыннай індустрыі, мы рызыкуем ператварыцца ў добрую калонію індустрыяльных дзяржаў. У гэтым асноўнае пытанне…

З большасці спрэчак, якія тут праходзілі па майму дакладу, – заканчваў Галадзед, – відаць, што калектывізацыя сельскай гаспадаркі БССР знаходзіцца ўжо на такой ступені, калі пры ўсіх спробах кулака дэзарганізаваць беднату i серадняка, якія імкнуцца ў калектыў… мы бачым… што ўжо самі беднякі i сераднякі пачынаюць агітаваць друг друга за калектывізацыю. Мы чулі з гэтай трыбуны, што іменна самі сяляне i сялянкі кажуць, што калектывізацыя – гэта адзіны шлях уздыму сельскай гаспадаркі БССР… І вось, іменна ўлічваючы гэта, я i паставіў у сваім дакладзе пытанне рабром аб тым, каб да канца І930 года ўдзесяцярыць колькасць калгасаў i плошчу пад імі. Гэта задача цяжкая, але мы павінны яе не толькі паставіць, але i вырашыць. Чаго б гэта нам ні каштавала!..

3

Усе дні былі запоўнены пасяджэннямі. Пасяджэнні былі раніцай, былі ўвечары. На ранішнія спяшаліся ледзь развідняла, з вячэрніх прыходзілі познім вечарам.

Пасля дзённых клопатаў вячэралі голасна, доўга; доўга не маглі ўгаманіцца.

Апейку да позняй ночы не спалася. У поцемку радкаватым ад святла з вуліцы, яшчэ нібы сядзеў на сесіі; успамінаў пачутае, абдумваў-ацэньваў выступленнй меркаванні прамоўцаў. Асабліва ўважліва разбіраў ён у думках даклад аб калектывізацыі, з якім выступаў нарком земляробства Рачыцкі.

Чым больш у ціхім поцемку ночы Апейка ўдумваўся ва ўсё, што чуў днём у дакладзе, тым больш мацнела дваістае ўражанне ад яго. Нарком даволі стрымана гаварыў пра поспехі i праўдзіва казаў пра цяжкасці, якія перашкаджаюць разгортваць калгасы. "Нядрэнна было б мець пару тысяч трактараў да вясны – для падмацавання таго калгаснага руху, які мы маем, аднак спадзявацца на атрыманне ў бліжэйшыя гады той колькасці трактараў i машын, яка я нам патрэбна, не прыходзіцца…" Рачыцкі не таіў, што вельмі мала ёсць спецыялістаў для калгасаў, разумна дадаў, што спецыялісты, якія патрэбны, павінны мець асаблівую падрыхтоўку для працы ў агромністых гаспадарках. Патрэба ў спецыялістах, сказаў ён, перавышае ранейшыя планавыя разлікі самае меншае ў дзесяць разоўі "Гэтае пытанне нам вырашыць не пад сілу, – адкрыта дакладваў ён, – i на бліжэйшыя гады мы ў гэтых адносінах будзем мець вялікія цяжкасці…" Услед за гэтым, сціскаючы рукамі край трыбуны, лабата набычыўшыся, амаль не варушачыся, Рачыцкі абураўся: "Ёсць спробы запужаць, што арганізацыйна i тэхнічна мы не будзем здольны абслужыць таго калгаснага руху, які маецца зараз i які нарастае ўсё з большай сілай, не сумеем гэты рух прыстасаваць да нашай арганізацыйнай здольнасці, тэхнічнай узброенасці i фінансавай магчымасці. Такія настроі, па-мойму, надта шкодныя i ix трэба з усёй рашучасцю, з усёй сілай выбіваць!.."

Рачыцкі нібыта шчыра гаварыў: "Мы маем шэраг выпадкаў, калі калгасны рух пераліваецца за межы ўплыву асобных звенняў савецкага апарату i праходзіць часта без належнага арганізацыйнага кіраўніцтва савецкіх устаноў". Хто-хто, a Рачыцкі добра ведаў, што рух гэты не быў такі стыхійны i "не пераліваўся" сам сабою; што на арганізацыю яго даводзілася нямала траціць сілы!

Рачыцкі загадзя аб’яўляў, што калгасы не атрымаюць належнай тэхнікі i што грашовая дапамога будзе недастатковая. "Наша галоўнейшая задача на бліжэйшы час, – гаварыў ён, – гэта… мабілізаваць усе рэсурсы, якія маюцца ў самога сялянства, i цалкам накіраваць ix на сацыялістычную рэканструкцыю ў сельскай гаспадарцы". І тады, у зале, i асабліва потым, уночы, калі нанава перабіраў усё, тачыла Апейку трывожнае: i спецыялістаў для калгасаў амаль няма, i тэхнікі мала, а быццам грэх – лічыцца з гэтым; адно імкненне над усім: абы хутчэй, пабольш сабраць! Нявесела было на душы, калі згадваў, як Рачыцкі, зазначыўшы, што частка калгасаў "засмечана кулацка-нэпманскім элементам", заявіў, што нібыта праз гэта "калгасы ўхіляюцца ад здачы лішкаў прадуктаў i сыравіны, не выконваюць дагавораў па кантрактацыі".

Рачыцкі заявіў, што трэба весці рашучую барацьбу з такімі "ілжэкалгасамі"; тымі калгасамі, якім, думалася Апейку, можа, найбольш патрэбна цярплівая ўвага, разумная дапамога! Ці яму, наркому земляробства, не было вядома, што гэтыя "ілжэкалгасы" часта не выконвалі дагавораў таму, што ледзь станавіліся на ногі!

Адным сказам нарком зазначыў, што асаблівую ўвагу грамадскасці трэба звярнуць на падрыхтоўку калгасаў да веснавой сельскагаспадарчай кампаніі. "Кампаніі", якая багата для каго была першай, незвычайнай вясной!

Багата думаў Апейка пра тое, што казаў у садакладзе Тарасенка, старшыня Клімавіцкага райвыканкома. Клімавіцкія былі героямі сесіі: ix хвалілі, па ix заклікалі раўняцца; Апейка слухаў гэта з недавер’ем – кожны раз ажывала, нагадвалася тое, што бачыў i чуў у Жлобіне. Тарасенка стаў за трыбунай незвычайна для героя сціпла – у старэнькім пінжаку з цёмнай сарочкай, з клопатным круглым ілбом, дзелавіта сабраны. І загаварыў сціпла, дзелавіта – фактамі, лічбамі. Не тоячыся, адкрыта загаварыў пра цяжкасці, пра сумненні, пра непаладкі. Разумна сказаў, што арганізоўваць калгасы з раздробленых гаспадарак – гэта зусім не тое, што ствараць ix на абшарніцкіх землях, як было раней. Зазначыў, што былі таварышы, якія наогул сумняваліся, што можна стварыць добрыя калектывы "ў нашых умовах са старымі традыцыямі зямельнай палітыкі". Не таіў, што нават не ўсе члены партыі адразу i легка паверылі ў калгасы. Што "цвёрдай сцяной" сталі на калгаснай дарозе жанчыны.

Вабіла яго манера гаварыць: гэта быў нібы не садаклад, а гутарка відавочца, які глухаватым голасам проста, адкрыта расказваў усё, што бачыў, што рабілася перад яго вачыма. Але ён быў не толькі добры апавядальнік, a i ўдумлівы, разумны чалавек, – Апейка пераконваўся ў гэтым чым далей, тым больш. Узяць хоць бы тое, што ён асабліва вылучыў думку, што арганізаваць калгас багата лягчэй, чым замацаваць, наладзіць яго. "Асабліва мы цяжка адчувалі сябе пры складанні ўнутранага распарадку калгаса, – казаў ён спакойна, разважліва. – Гэта ж не калгас, які аб’ядноўвае якіх-небудзь пяць – сем двароў. Гэта калгас, які мае шэсцьсот рабочых рук, гэта, што называецца, добрая фабрыка. І м неабходна даць кожнаму работу, i трэба, каб гэтая работа была прадукцыйная. Трэба, каб яны не шаталіся па полі або па кутках, а каб яны працавалі… Прыкладаў у нас не было нідзе. Нідзе не было такіх планаў унутранага распарадку… Бюро раённага камітэта парты i прыйшлося ператварыцца ў Калгассаюз. Мы сядзелі i самі пісалі, прыдумвалі, якім чынам пабудаваць унутраны распарадак. Так i склалі распарадак, якім карыстаюцца i цяпер…"

Ён не маляваў ідылічнай карціны: на той зямлі, пра якую расказваў ён, не было амаль тэхнікі: удалося дабіцца двух трактараў, тады як трэба ix не мала, не багата – пяцьдзесят. І не таіў, што людзі – было такое – падавалі заявы, каб выйсці з калгаса. І што была пагроза, што калгас распадзецца. Можа быць, толькі цвёрдая воля раённага кіраўніцтва ўтрымала калгас: зразу ж правялі сход i выключылі з калгаса некалькі найбольш заможных. Выключылі, "падняўшы хадайніцтва перасяліць ix у іншае месца на землі запаснога фонду". У другім сельсавеце "амаль цэлая арганізацыя" заявіла, што нізашто не пойдзе ў калгасы. Тарасенка адкрыта сказаў: "І што вы думаеце – прыйшлося біцца з гэтаю часткаю доўгі час. І толькі калі адвялі добры вучастак для калектыву, уся веска пайшла ў калгас". Ён не хаваў, што ў раёне ёсць "досыць нездаровыя моманты" – сяляне распрадаюць маёмасць. Вельмі мала аграномаў, мала хатчыталень… Калі ён сказаў гэта, нарком перабіў яго: чытальні самім будаваць трэба! – Тарасенка загарэўся: "Як гэта можна!.. – Ён загаварыў голасна, з абурэннем: – Вы дайце ім хоць першы ўраджай зняць! У ix сродкаў няма!.." Пазней ён яшчэ раз з папрокам заявіў: "Трэба замацаваць калекгывы! А ix можна замацаваць не толькі гутаркамі i рэзалюцыямі! А – канкрэтнай дапамогай!.."

Ён сказаў i больш, i лепш, як іншыя. І ўсё ж, успамінаючы, перабіраючы яго садаклад, Апейка адчуваў, што казаў ён не ўсё разумна. І ён амаль усе перашкоды бачыў у стараннях кулакоў, ён як бы не верыў у значэнне таго, пра што сам жа гаварыў: што самае цяжкае i важнае – гэта арганізаваць людзей пановаму, наладзіць добра гаспадарку; пераканаць селяніна, ад якога ў калгаснай справе будзе ўсё залежаць. З выступлення Тарасенкі выходзіла, што ледзь не ўсе тыя, хто не хацеў ісці ў калгас, гэта кулакі ці, ва ўсякім разе, падгавораныя імі. Не толькі з таго, што чуў у Жлобіне, але i з выступлення бачыў Апейка, што сяляне на Клімаўшчыне – не ўсе, вядома, але, відаць, многія – былі ў калгасах не з добрай ахвоты, а ад страху высялення на "запасныя землі". Ад страху залічэння ў кулакі ці падкулачнікі. Можна было думаць, што пераселена там на запасныя землі ўжо нямала. "Не, там, мабыць, не асабліва давалі часу сялянам думаць…"

Згадвалася: у перапынку, у гаманлівым вестыбюлі, Апейка загаварыў з Тарасенкам пра жлобінскую сустрэчу. Тарасенка ведаў не толькі Ярашчука, але i барадатага. "Ярашчук, канешне, напрасткі лезе. Не ўмее выбіраць сцежкі. Без падыходу чалавек… – казаў Тарасенка, дымячы люлечкай. – Я казаў яму гэта. Але што зробіш: чаго няма, таго няма. А людзей на сяло трэба, усіх, каго можна, падабралі. Работы багата! От i Ярашчук патрэбен. Без Ярашчука не абыдзешся… Ды ён i не зломак, разаб’ецца, a зробіць… А от гэты – Кузьма, барада гэтая, – згадаў Тарасенка, – гэта – тып! Усё сяло каламуціў! Не кулак, а горш кулака! Так што дзіва, што Ярашчуку дапякло! Мне самому дапякло!.. Разумна зрабіў, што з’ехаў!.. У час выкруціўся!.." – Апейка i тады ў вестыбюлі, i потым, успамінаючы, адчуваў, што гаворка гэта была непрыемная Тарасенку: недарма ж, ледзь падышлі знаёмыя, загаварыў пра іншае; падаўся з імі…

Не адступала, вярэдзіла Апейку ў цішы ночы тое, што гаварылі прамоўцы пасля Тарасенкі. Яго адкрытасць на трыбуне падахвоціла людзей на шчырасць: амаль увесь час білася ў выступленнях жывое, турботнае жыццё. Адзін казаў, што ў радзе калгасаў зроблена толькі фармальнае абагульненне маёмасці i сродкаў, што сяляне не спадзяюцца ў цвёрдасць калгаснага грунту. Другі заяўляў, што нельга дабіцца інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі без мінеральных угнаенняў; трывожыў, што мінеральных угнаенняу калгасам будзе вельмі мала i што дырэктывы аб будаўніцтве завода мінеральных угнаенняў не выконваюцца. Старшыня калгаса з ГІухавіцкага раёна паскардзіўся, што з-за таго, што няма машын, "як працавалі трохполкай, так i працуем. Калi ж мы ў калектывах будзем працаваць трохполкай, які толк будзе?!." На тое, што няма машын, скардзіліся багата хто: машын не было ў большасці нават такіх калгасаў, якія жывуць ужо па два-тры гады. Прамоўца з Полаччыны шчыра дакладваў, што ў калгасах няма цвікоў, няма пастромак, хамутоў: "На сотню коней ёсць дваццаць хамутоў,– бо ix нельга купіць, бо сыравіны няма. Добра, што ў нас лаза ёсць, дык мы з лазы зрабілі. A ў некаторых калектывах, можа, i лазы няма. – Ён казаў з болем, з гневам: – Усе таварышы астанаўліваліся толькі на трактарах. Толькі думалі, што адзін недахоп, калі трактара мы не маем… Як мы машынамі забясиечаны?!. Калi, напрыклад, у калектыве ёсць малацілка, а ў ёй зламапася шасцяронка, то купіце, калі ласка, новую малацілку! Бо няма чым замяніць зломленую частку. Kani мы прасілі лемяшы, то нам не прыслалі ні аднаго лемяша, a прыслалі – плугі!.. – Голас яго ўсё званчэў, усё гарачэў, ён, шчыра бядуючы, ужо нібы вінаваціў кагосьці: – Калі паглядзець, які калектывы атрымліваюць даход, – дык – ніякага!.. Усе сродкі ідуць на пабудову!.. У калектыве ў нас часта ёсць босыя i голыя! Крэдытаваннем яны не забяспечваюцца! Мы атрымалі на ўвесь калектыў чатыры пары падошвы! А дзе нацельная бялізна, а дзе ніткі! Якімі мы павінны абшывацца! Калектыву няма на сённяшні дзень на што пашыць адзежы!.."

Пасля такіх галасоў Апейку няёмка было згадваць спрэчкі пра тое, дзе будаваць агракамбінаты, аграгіганты; дамаганні, каб да трох раёнаў агракамбіната далучыць яшчэ чацвёрты. Між неспакою гэтых галасоў памяць трымала іншае: як Аксючыц з Міншчыны з філасофскай глыбакадумнасцю разважаў i тлумачыў, чым шкодныя гаворкі пра тое, што тэмпы калектывізацыі вялікія i што ix трэба зменшыць. "Ці можам мы так ставіць пытанне? – пытаўся ён пафасна, акідваючы залу позіркам. Пачакаўшы момант, адказаў сам жа: – Калі б мы сабе паставілі пытанне аб тым, каб гэтыя тэмпы зменшыць, то гэта значыла б паставіць пытанне аб тым, што трэба… нашу класавую барацьбу на вёсцы зменшыць!.. Так ставіць пытанне мы не можам. Гэта пастаноўка пытання не наша!" Апейка мімаволі падумаў з іроніяй: "Мудрэц!"

Адзін прамоўца, расказаўшы, колькі давялося патраціць i часу, i сілы, каб дабіцца звычайнай сіласарэзкі,– ехаць аж у Мінск, са старшынёй акруговай PCI, – заявіў трывожна: "Калі ў далейшым мы будзем адчуваць такую слабую дапамогу, мы не зможам надежным тэмпам развіваць справу сельскай гаспадаркі". Вельмі разумна сказаў ён: "Справа калектывізацыі на сённяшні дзень з’яўляецца яшчэ новай справай… Мне здаецца, мы павінны гэтыя самыя калгасы выхоўваць, як малых дзяцей, каб яны лепш узмацняліся…" Яшчэ большую, шырэйшую трывогу пачуў Апейка ў выступленні старшыні акружнога выканкома з Магілёўшчыны Малашонка: "Нам заўсёды здавалася, – павольна, басавіта гуў Малашонак, – што мы зрабіць суцэльную калектывізацыю ў Клімавіцкім раёне зможам за кошт сродкаў, якія маюцца ў нашым распараджэнні. Але… мы павінны былі пераканацца ў тым, што справа калектывізацыі нават аднаго раёна… явілася непасільнай для нашых акруговых устаноў".

Як i даклад, з супярэчлівымі пачуццямі ўспамінаў Апейка заключнае слова Рачыцкага. Адказваючы прамоўцам, што турбаваліся пра кадры, пра тэхніку для калгасаў, прызнаўшы, што "пытанне аб кадрах з’яўляецца самым адказным", Рачыцкі цвёрда заявіў: "Існуючая сетка навучальных устаноў, нават калі яна i будзе некалькі пашырана, не зможа вырашыць тых задач, якія мы сабе ставім, i не зможа на працягу двух год папоўніць склад кадраў з ніжэйшай i сярэдняй адукацыяй. І нават (на працягу) – трох гадоў".

"Другое пытанне, якое заняло досыць вялікае месца ў спрэчках, – казаў Рачыцкі,– гэта тэхнічная ўзброенасць. Гэтае пытанне таксама на працягу двух-трох год i нават у канцы пяцігодкі цапкам не будзе вырашана ў такім аб’ёме, у якім патрэбна".

Ён гаварыў мерна, выразна, як чалавек, які ведае i тое, пра што гаворыць, i тое, як трэба ўсё ацэньваць. Гэтае ведан не, адкрытасць вы кл i калi павагу да яго. Неспадзяваным зноў было, што тым жа тонам ён заявіў пад канец: "Сёння на сесіі як быццам не было чутно аб такой пастаноўцы пытання, што, калі мы не маем тэхнікі, не маем патрэбных кадраў, добрага арганізацыйнага апарату, трэба нам устрымацца з калектывізацыяй. Не чутно было аб гэтым. Відаць, такі настрой пераламіўся ўжо жыццём, сапраўднасцю, якую мы маем. Тыя таварышы, якія аб гэтым гаварылі, ужо ўсвядомілі, што гэтае пытанне не з’яўляецца рашаючым".

Апейка быў згодны: калектывізацыю трэба разгортваць, як толькі можна. Але развагі яго ўпарта тачыла сумненне: усё ж нашто было казаць так, нібы ні тэхніка, ні кадры, ні арганізацыйны апарат нічога не значаць, нічога не рашаюць. Нібы i не абавязкова лічыцца з рэальнымі магчымасцямі. Нашто такое легкадумства? Апейка не разумеў гэтага. Не мог зразумець.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю