Текст книги "Подых навальніцы"
Автор книги: Иван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 18 (всего у книги 38 страниц)
З таго дня апанавала Ганну адна думка, адно жаданне: пабачыць Васіля. Спаткаць дзе-небудзь няласкавага, нядобрага, любага. Лежачы каля Яўхіма, які зморана спаў, яна душыла ў сабе глухую нянавісць, стрымлівалася, каб не ўстаць, не пайсці куды вочы глядзяць. Далей – з гэтай даўкай цемры, з задухі гэтай. Трэба ж было ляжаць спакойна, не варушачыся, бо свякруха таксама часта не спала, – Ганне было чуваць яе крахтанне ды божканне. Часам здавалася, што старая прыслухоўваецца ў цішы да Ганніных нядобрых думак, каб заўтра расказаць пра ўсё сыну, накінуцца на яе.
Прыслухоўваецца. Няхай прыслухоўваецца. А яна, Ганна, будзе думаць пра тое, пра што хочацца, што любае. Пра Васіля! Што ж ёй, думаць нельга аб тым, што адно дае ёй цяпер уцеху! Яна ж, можа, i жыве цяпер толькі тым, што ён недзе ёсць, што, можа, таксама вось так ляжыць i думае пра яе…
Не, не думае. Даўно з галавы выкінуў усе думкі аб ёй. І ці дзіва, чаго яму думаць, калі ў яе – чалавек, а ў яго – жонка?
А яна вось думае пра Васіля. Ведае, што – непатрэбнае, лішняе, – а думае. І думкі найбольш адны: то ўспамінае былое, то гадае, ці любіць ён жонку сваю. А над усім жаданае: як бы пабачыцца. Сказаць бы некалькі слоў, пачуць яго. А можна i не гаварыць, толькі б пабачыцца, ды каб не на людзях, а адным, каб ніхто не замінаў, каб не трэба было хаваць душу, таіцца. У такія хвіліны часта шукала думкамі, разважала: дзе б маглі сустрэцца, у які час…
Часта ва ўяве ўзнікалі жаданыя сустрэчы так ясна, што ў грудзях рабілася цёпла i хораша. Бачыла Васіля перад сабой, быццам быў напраўду тут, чула яго ласкавыя словы так, нібы ён i праўда гаварыў. Словы яго ў марах-яве былі заўсёды пяшчотныя, добрыя, такія якраз, якія хацелася, якія даўно не чула i якія, можа, не пачуе. І сама гаварыла яму пра тое, каб не крыўдаваў, каб дараваў, пра тое, які ён харошы i што любіла i любіць будзе яго аднаго, адзінага…
Днём, каб пабачыцца з Васілём, некалькі разоў хадзіла дамоў, да сваіх; ступаючы паўз Васілёву хату, мімаволі насцярожвалася, коса паглядвала на яго двор, на шыбы. Аднойчы ўбачыла: Васіль перапрагаў каня каля ганка. Заўважыўшы яе, знарок адвярнуўся – яна потым цэлы тыдзень хадзіла журботная. Другі раз бачыла яго з бацькавага агарода: браў сена з воза, насіў у гумно. Быў не адзін, з Маняю, стары Дзяніс побач стаяў, штосьці гаварыў яму…
Цяпер, калі ў Глушакоў бульбу пакапалі, прыйшла да сваіх, памагчы; таіла ўцеху – хоць здалёк, хоць з жонкаю пабачыць яго. Загоны бульбы, бацькаў i Васілёў, был i побач.
Бульба на Васілёвым загоне была яшчэ не дакапана. Але ні Васіля, ні Мані не было, капала адна яго маці. Ганна сказала вінавата ёй "добры дзень".
– Не кончылі? – прамовіла да маці, абы не маўчаць.
– Не кончылі… Клопат розны, не ў пару…
Ганна заўважыла, што старая не крыўдуе, i ёй палягчэла. Спадзеючыся, што маці скажа, дзе Васіль, запыталася:
– Які клопат?
– Які ж! Гарпіна, Маніна сястра, што ў Алешніках, захварэла. Дак от Васіль паехаў з Маняю. Мо дохтара трэба…
– І што, хворая вельмі?
– Сястра? Зжоўкпа на лісток лазовы!..
– Бяда якая! – паспачувала Ганна.
– І не кажы! Бяда!..
– А я сваім хачу памагці… Карціць таксамо…
– Aга ж! Ведамо!..
Ганна пайшла да сваіх. Бацька выслізганым жалезняком падкопваў бульбяныя карчы, а мачыха i Хведзька выбіралі. Мачыха выпрастала спіну, з падазронасцю зірнула на Ганну:
– Пра што ето вы там?
– Так. Нічого…
Рыючы зямлю, Ганна раз-пораз паглядвала на дарогу, што ішла з сяла: ці не едзе? Па дарозе то з сяла, то ў сяло поўз чый-небудзь кош; Ганна з надзеяй углядвалася ў тыя, што выкіроўваліся ў поле, – можа, Васіль? Васіля не было.
Ён прыехаў пасля абеду. Адзін. Ледзь убачыла яго, адчула, як кроў прыліла ў твар. Галаву не ўздымала, чамусьці цяжка было ўзняць, сэрца білася часта i горача. Але, i не падымаючы галавы, адчувала, як ён пад’ехаў, чула рыпенне яго калёс, яго голас. Што сказаў ён маці, не разабрала, вецер аднёс словы.
Ганна пакпіла з сябе: трэба ж, перажывае, як нейкая дзяўчынка! Вочы баіцца ўзняць, як зладзейка. Дзівачка! Здаецца, ён пазірае на яе, сочыць, бачыць, як яна збянтэжылася. А яна вось зараз возьме ды таксама паглядзіць на яго, проста ў вочы. Хай судзіць!..
Узняла вочы на яго. З намаганнем, з трывогаю. Ён не глядзеў, ён памагаў маці капаць. Васіль, здавалася, быў увесь адданы свайму занятку. Гэта было відаць па тым, як рабіў, па ўсёй яго постаці. Не глядзіць, нават глядзець не хоча. Што ж, няхай не глядзіць, ёй гэта i не трэба!
Але Ганна не магла не паглядваць на яго. Яе позірк нібы прыцягвала да Васіля. Усё навокал перамянілася з той пары, як прыехаў Васіль; яе сэрца, здавалася, чула набліжэнне навальніцы, далёкі, жаданы i трывожны подступ грому, ад якога страхам i радасцю ныла ў грудзях. Усе думкі, уся яе ўвага былі цяпер у тым баку, дзе заклапочана схіляўся Васіль. Чаму ён адзін прыехаў? Дзе Маня, жонка яго?
Яна трывожылася, што Васіль паедзе рана, што мачыха затрымаецца позна. Ледзь ухавала радасць, калі пад вечар мачыха стала хапацца дадому: карміць скаціну. Як насыпалі кош, яна i падалася з возам. Бацька таксама пайшоў: правіў канём. Ганна асталася, сказала: яшчэ хоча пакапаць. Не разгінаючыся, выбірала бульбу, кідала ў каробку. Хоць галавы не ўздымала, адразу ўгледзела тое, што хацела: падалася нарэшце ў сяло Васілёва матка. Астаўся толькі Хведзька.
Надыходзілі раннія асеннія поцемкі. Людзі, кашы з бульбай адзін за адным выпраўляліся з поля.
Ганніна сэрца білася моцна, трывожна. Цяпер самы час. Цяпер ці ніколі. Няўжо не падыдзе, не захоча падысці да яе? Насцярожаная, слухала, чакала. Не, не ідзе, не хоча. І так не цярпелася ўбачыць бліжэй, так баялася, што час міне i ім ніколі ўжо не ўдасца пабыць так, як марыла даўно, – удваіх, адным, што не ўтрывала. Кінула збуцвелае каліва бульбоўніку, забыўшыся на ўсе трывогі, на ўсё, хутка, пахапліва падалася напрасткі да яго.
Ён разагнуўся, выцер аб штаны рукі. Глянуў хмурна.
Ганна, спыніўшыся перад ім, перавяла дыханне. Родны, які родны! Ці не ў сне гэта? Убачыла на зрэбнай, з плямамі зямлі сарочцы латку, няўмела прышытую. "Сам, мусіць, прышываў!" – i горыч віны, i пяшчота, i жаль нахлынулі на яе.
– Васіль…
Толькі i змагла сказаць. Але як прамовіла – так, як тады, у многія бяссонныя ночы, калі пра яго думала.
У Васіля раптам дробна, па-дзіцячы бездапаможна задрыжалі губы. Не змог ухаваць крыўды.
Стаялі моўчкі. Ганна загаварыла першая:
– Даўно не бачыліся…
Яна прамовіла не так, як трэба было: чамусьці радасна. Ён адказаў халаднавата:
– Даўно…
– Падрос ты… Мужчына ўжэ…
– Пара…
– Я цябе бачыла…
Ён не пацікавіўся калі.
– Ты каня перапрагаў… Ехаць, мабуць, сабіраўся кудысь…
Зноў памаўчалі.
– Я цябе сам бачыў…
– Ты адвярнуўся…
– Не тады… Як да сваіх ішла…
Узрадавалася.
– Калі?
– Пазаўчора…
– Па загуменні?!
– Я ў гумне буў…
– Ты?.. Я Валодзьку бачыла…
– Мы ўдваіх… Я ў гумне, ля варот…
– А я не знала.
Словы гэтыя вырваліся самі сабой, у ix было шчырае, непрытоенае шкадаванне. Таксама шчыра, але крыху пакрыўджана папракнула:
– Не выйшаў… Схаваўся…
– Я знарок…
– Чаму? – Ганна выціснула: – Гадкая я табе?
– Чужыя… у цябе – сваё, у мяне – сваё…
– Чужыя? – стрымалася. – А дзе Маня?
– У Алешніках. З сястрою асталася.
Ёй упала ў вочы яшчэ латка, акуратна прышытая, пэўна, жонкаю.
– Як табе жывецца?
– Так… Жывецца…
– Маня – добрая. Працавітая… Акуратная…
– Акуратная…
Ён не хацеў гаварыць пра жонку. Зноў трохі памаўчалі. Васіль адолеў сябе, сваю чужацкасць, кінуў спадылба раўнівы позірк:
– А ты як?
– Не пытайся…
– Багачка!..
Губы яе кпліва смыкнуліся:
– Багачка…
Яна момант яшчэ стрымлівалася. Таіла горыч i шкадаванне, як звычайна. Як усе месяцы, усе гэтыя гады, ад усіх. Звыкла ўжо таіцца. Але – чаго ж таіць ад яго? Каму ж i адкрыцца, як не яму?
Апаліла Васіля вачыма:
– Вася, мне тое багацце… во! – Ганна парывіста правила рукою па шыі.– Хай яно – агнём!
Ён збянтэжыўся:
– Рабіць багато застаўляюць, кажуць…
– Калі б тое адно…
– І б’е ён, чутно було…
– Усяляк бувае…
Таілася момант, з даўняй нязменнай звычкі не паказваць іншым бяду! Але толькі момант. Больш, каб i хацела, не змагла б таіцца. Шчыра, з нейкай адчайнай рашучасцю выдыхнула:
– Магіла то мая, Вася!
– Магіла?..
Неспадзявана i для Васіля, i для сябе Ганна горача з той жа рашучасцю запытала:
– Вася, табе не шкода, што ў нас так… няскладно?
У яго лягла хмурынка між броваў. Ёй нічога не трэба, ёй толькі ведаць хочацца. Толькі ведаць, не для якіх-небудзь думак, разлікаў, а так, для душы. Глядзела на яго, чакала, замёршы ўся:
– Не шкода, Вася?
– Чаго гаварыць!..
– Не шкадуеш, скажы?!
– Пустое ето!
Ён праўду кажа, не трэба пытацца. Пустое. Але ж ёй так хочацца ведаць!
– Скажы, Вася! Я хочу знаць!
– Што з таго – шкадуеш, не шкадуеш?!.
– Скажы! Я хочу, Вася, скажы!.. Не шкадуеш?
– Ну, от! – Ён нібы гаварыў: прыйдзе ж у галаву такая непагрэбшчына. – Кончано ж усе…
– Кончано?
– Ну, ты ж знаеш! Ты ж… – Васіль зазлаваў. Няхай злуе, так лягчэй, так лепш, чым гэты нядобры холад. – Ты ж начала усё…
Яна згадзілася – нібы з радасцю:
– Я… Я вінавата… Я…
Вочы яе хутка заслала слязамі. Ганна закрыла твар далонямі.
– Людзі ўбачаць.
– Няхай бачаць. Што мне, i паплакаць няможно ніколі?..
– Гаварыць будуць…
– Няхай гавораць! Ты – баішся?
– Я? Мне – што?
Ганне палягчэла: пра яе непакоіцца! Пра яе думае – значыцца, не зусім абыякавы.
Яна ціха, як бы не верачы сабе, сказала:
– Ты… ты не забуў саўсім, Вася?..
Ён не адказаў. Дзіўныя пытанні часам у гэтых жанчын бываюць. Абы запытацца.
Яна ўсё зразумела i без слоў.
– Не забуў, Вася!.. Вася, мне зараз так добра!.. Мне больш нічого i не трэба було. Толькі знаць ето, i ўсё!
Ганна са слязамі ў вачах усміхнулася:
– Е i ў мяне радасць!
Васіль аб нечым думаў.
– Пра што ты, Васіль?
– Ды от… Як нам цяпер?..
Да ix ішоў Хведзька. Убачыўшы гэта, Васіль недавольна нахмурыўся. Ганна здагадалася – не падабаецца, але прыйдзецца спыніць размову. Адчула, якое жаданне з’явілася ў ім, якія словы зараз сарвуцца з яго неспакойных губ, сказала сама:
– Вася, давай – пабачымся!
– Як?
– Ну, я… прыйду… Куды толькі?
– A калі?
– Хоць заўтра! Як сцямнее…
Ён зірнуў, як бы сам пытаўся:
– К гумну хіба? Дзе яблуня?..
– Добра.
Калі ішла назад, не чула пад сабой зямлі. На сваёй паласе раптам гарэзна абхапіла Хведзьку, сціснула. Хацелася смяяцца, крычаць: не забыў, не выкляў, любіць! Любіць!
3Hi ў тую ноч, ні ўдзень потым нічога больш не было асаблівага, усё было, здавалася б, як i раней. Так жа божкала за дзвярыма свякруха, так жа хроп, разлёгшыся на ложку, Яўхім; так жа рана ўсхапілася, даіла карову, паліла ў печы, марнавалася з будзённымі, заўсёднымі клопатамі. Але ці ляжала, за ўсю ноч не счыніўшы вачэй, – ціха, нястрымна ўсміхалася ў цемру; ці хадзіла, завіхалася днём – ледзь магла ўтрымаць смех, шырокую радасць. Нагам было легка, рукі бегалі спрытна, весела: нібы i не заўсёднае, ненавіснае, рабіла. Што б ні рабіла, успамінала Васіля: кожную рысачку на твары, кожны знак пяшчоты, кожнае слова шчырай i труднай, поўнай вялікага значэння гаворкі. Вясёлая надзея ні на момант не ўціхала ў Ганне, трывожыла i трывожыла нецярплівым, радасным чаканнем.
"Сягоння. Сягоння, увечары!.. – нібы штосьці спявала ў ёй. – Сягоння!.. Хутчэй бы той вечар!.." Час ад часу ў спеў гэты ўрывалася неспакойнае: каб не перашкодзіла што-небудзь! – але не магло ўтрымаць радасць. Жыло, віравала ў думках, у грудзях адно: "Сягоння. Сягоння, увечары!.."
Раўнівая Глушачыха хутка заўважыла незразумелую перамену, паглядзела на яе з падазронасцю.
– Што ето носіць цябе, як нячыстая сіла… – прабурчала яна ўслед Ганне.
"Пачула, старая скнара! Носіць!.. Носіць! Толькі не нячыстая сіла! – падумала Ганна са злой радасцю, з помстай. Увайшла ў сваю палавіну, убачыла на лаве, на стале сонечныя паскі, засмяялася. – Дзень які! Як свято!.. A хіба ж не свято? Свято, мае свято!"
Пасля абеду, хаваючы нецярплівасць, знарок абыякава сказала, што пойдзе да сваіх, памагчы. Старая, што аказалася якраз у ix палавіне, упікнула:
– От гаспадынька, называецца! Гаспадынька! Толькі i думкі, што пра другіх, пра чужых! Чужыя ёй даражэй!
Ганна, не тоячы непрыхільнасці да яе, адрэзала:
– Яны мне не чужыя!
– Як ты гаворыш з маткаю? – умяшаўся Яўхім, здымаючы з кручка аброць: надумаў з’ездзіць у лес.
– Як гавару? Як трэба!
– Не навучылі, мабуць, цябе!
– Не навучылі! Цябе не папыталіся!..
– Яўхімко, як ты трываеш! Як ты пераносіш ето!.. От да чаго – дабрата твая!
Яўхім сказаў пагрозна:
– Не навучылі, дак я навучу!
– Навучы! Навучы, Яўхімко!
– Позна мяне вучыць! І не вам!
Яўхім, здзіўлены, паглядзеў на жонку. Штосьці новае, незвычайнае было ў ёй, у яе голасе, у позірку. Ён прывык да тупой, нярадаснай пакорлівасці яе, i тое, як Ганна цяпер абыходзілася з ім i маці – смела, незалежна, нават задзірыста, – было незразумелым.
– Не мне, кажаш, вучыць?! – Яўхім густа пачырванеў. Рукі яго задрыжалі. Ён раптам крыкнуў: – Не мне?!
Яўхім раз’юшана ўскінуў аброць. Апярэджваючы яго, Ганна затуліла твар далонямі, уціснула галаву ў плечы.
Удар упаў на рукі, на сківіцы.
– Не мне?!
Яўхім ударыў другі раз.
Не думаў, што Ганна кінецца ў ногі, стане прасіць літасці, ведаў ужо яе, але чакаў, што загалосіць. Плакала ж раней, бывала. Цяпер не заплакала. Калі адняла ад твару далоні, убачыў: вочы зусім сухія. Глянула на яго з такой нянавісцю, што яму на момант стала няёмка. Яўхім, аднак, прыгразіўся:
– Я цябе навучу!
– Дзякуй!.. Навучыў ужэ!.. – Голас у Ганны быў хрыплы, жорсткі.– Не забуду!..
З рассечанай цуглямі Ганнінай далоні цякла кроў, кроплямі падала на падлогу.
Старая маўчала, гледзячы то на нявестку, то на сына.
– Помні! – Яўхім важка павярнуўся, моцна бразнуў дзвярыма; затупаў у сенцах, на ганку.
Пасля таго як ён выйшаў, Ганна i свякруха не перамовіліся ніводным словам. Неўзабаве ён прасхаў паўз вокны, прарынеў, адчыняючы i зачыняючы, варотамі. Старая стаяла каля акна, сачыла за ім, пакуль ён не схаваўся з канём на вуліцы.
Ганна сабралася ісці да сваіх. Глушачыха праводзіла яе позіркам непрыхільным, ненавідным, але нічога не сказала.
Вуліца з краю ў край блішчала цягучай, як дзёгаць, граззю, якая ў гэтыя дні не высыхала. Пасярэдзіне вуліцы гразь была перамешана конскімі нагамі, калёсамі, было яе там столыгі, што часта даходзіла да галовак колаў; людзі звычайна ліплі бліжэй да платоў. Каля плота ішла i Ганна. Гразь была ўжо халодная, i босыя ногі моцна стылі. Яна не чула гэтага.
Дзень быў такі ж ясны – рэдкі, незвычайны ў гэтую познюю асеннюю пару, але Ганна не заўважала ўжо святочнай яго яснасці. Трапляліся сустрэчныя, віталіся з ёю, яна адказвала нібы спакойна. Хавала ў сабе свой смутак. Хто-ніхто азіраўся ўслед ёй: чулі ўсё ж, што бяду нейкую тоіць. Не здзіўляліся амаль, ведалі, як ёй з Глушакамі жывецца…
Бацька i Хведзька былі на прыгуменні, ладзілі капец. Ганна стала памагаць ім перабіраць бульбу. Рупячыся гэтым, сярод сваіх, яна паспакайнела, i думкі пайшлі цвярозыя, рашучыя. "Не буду, не буду я цярпець!.. Нашто i жыць, калі так… Кіну ўсё, кіну!.."
Між гэтых думак яна ўспамінала сустрэчу з Васілём, успамінала зноў з любасцю ўсё, што ён казаў, слова за словам, думала пра вечар, які набліжаўся. Ганне было радасна i трывожна. Ці будзе ён, гэты вечар, ці будзе ўсё так, як хочацца: ці прыйдзе Васіль? А што, калі якая неспадзеўка перашкодзіць ім? А што, калі ён перадумае?
Гэта было б такое няшчасце! У яе ж цяпер уся радасць, уся надзея на яго. Прыйдзе, прыйдзе – супакойвала сябе, старалася заглушыць трывогу.
Ледзь павячэрала ўпоцемках са сваімі, выйшла на двор. З двара агародам на прыгуменне, на дарогу за гумнамі. Яшчэ не дайшоўшы да Васілёвага гумна, стала; трэба было аддыхацца: сэрца моцна, няўціхна калацілася. Чаго яно так калоціцца? Такое неспакойнае, узрушанае, трывожнае…
Ногі стылі. Было холадна. Ад няласкавага ветру, што находзіў моцнымі хвалямі, біў у твар, поўз за каўнер, вечар здаваўся проста сцюдзёным. Ганна ледзь стрымлівала дрыжыкі. Неба звісала вельмі нізка, толькі недзе далека за балотам цьмяна тлела тоненькая паска. Гумны, платы, дрэвы чарніла макраватая цемра. Дайшла да Васілёвага прыгумення. Паслухала, ціха адчыніла вароты. Тут за вуглом гумна павінна быць яблыня. Вось яна. Ганна стала, агледзелася. Дзе Васіль? Яго не было. Ганна прытулілася да яблыні, пачула, як сіратліва гайдаецца-шуміць голае голле…
Яшчэ здалёк пачула шарганне крокаў. Хтосьці ішоў да прыгумення. Ён ці не ён? Kani пройдзе па сцежцы, значыцца, не Васіль; зверне сюды – ён. Насцярожана чакала. Чалавек звярнуў да яе, наблізіўся; стала відна ў змроку цёмная постаць.
– Ты? – прашаптала яна.
– Я.
– Запазніўся…
– Прыехаў позно…
Стаялі, маўчалі, але самі поўніліся пачуццямі, чаканнем. Не радасныя, не бесклапотныя былі гэтыя пачуцці, не лёгкае – чаканне; зусім інакшае было ўсё, я к тады, тры гады назад, калi ён быў нежанаты, а яна не замужам. І не чалавек яе, i не жонка яго адны былі гэтаму віною. Hi ён, ні яна не думалі пра ix, i Васіль i Ганна жылі ў гэты момант толькі сустрэчай, адчуваннем таго, што, як калісьці,– яны зноў у цемры адны. A ўсё ж радасці i блізкасці ранейшай не было. Штосьці i радніла ix, i прыцягвала аднаго да адной, i стрымлівала, аддзяляла.
Перажытае паасобку – многія дні, месяцы – мяжою ляжалі між ix… І не чужыя быццам былі Ганна i Васіль, i – як бы чужыя…
Васіль пачуў, што Ганна дрыжыць.
– Холадно?
– Аг-ге…
– Хадзем у гумно. Зацішней там.
– Не трэба. Хутка дад-дому…
– Пакуль тoe.
Усё ж пайшла за Васілём. Паслухмяна праціснулася ў прачыненыя вароты. У гумне здалося цёпла – не хадзіў сцюдзёны вецер. Але ток быў – як лёд.
– Тут салома ў застаронку, – ціха сказаў Васіль.
Салома падатліва асела пад імі, атуліла з бакоў.
Ганна укапала ў салому ногі, адразу стала ўтульней i цяплей. Пахла прэллю са страхі, токам, свежай, нядаўна памалочанай іржаной саломай. Угары, недзе пад страхой, ціўкнуў спрасонку верабей.
Васіль нязграбна, як бы першы раз у жыцці, абняў Ганніны плечы.
Стаў лашчыць яе, туліць да сябе. Спачатку нясмела, няўпэўнена, але чым далей, то смялей, гарачэй. Гэта быў ужо не той сарамлівы, дзікаваты Васіль, але яна не думала пра гэта. Не тая была i яна. Ды што з таго: ім было так хораша. Яна не йрацівілася, сама тулілася да яго. Яна пацалавала яго, так, што ён як не задыхнуўся; i – тулілася, тулілася, дрыжучы ўся, як у ліхаманцы, ад агню, што поўніў яе, ад нецярплівасці, ад прагі – быць бліжэй, бліжэй з ім…
– Вася, мілы! Родны!.. Вася!..
Потым ляжалі ціхія, паспакайнелыя. Доўга не гаварылі. Раптам, з роспаччу, Ганна прызналася:
– Не вытрываю я, Вася!..
Васіль, адчула, зірнуў – нібы не зразумеў.
– Я, можа… утагілюся…
Ён насцярожыўся:
– Ну, ты… тое!..
– Табе аднаму кажу… Не пытайся болей! Не хачу пра яго!
Ганна парывіста, горача зашаптала:
– Родны ты мой!.. Буў ты ў мяне адзін!.. І адзін астаўся… хоць я цябе i не бачу… Ты – толькі адзін!.. І ўсё няпраўда, што гаварылі колісь – пра мяне i пра яго. Няпраўда. Не було ў нас да вяселля нічога! Як перад Богам кажу, як на споведзі! Няма мне чаго выдумляць. Усе плёткі тыя – няпраўда!.. Ты ў мяне буў адзін, адзін i астаўся. Я, можа, толькі i жыву цяпер, што ты е… Ты ў мяне i цяпер адзін, адна радасць. Я таму i прыйшла. Ты не думай нядобраго…
– Я i не думаю…
– Можа, не трэба було – набівацца на сустрэчу, але мне так хацелася хоць трохі пабуць удваіх! Хоць слово сказаць, хоць пачуць слово…
Яна раптам прызналася, шкадуючы:
– Злая була я тады на цябе. Не паверыў! Другім паверыў, а мне дак – не!..
– Гаварылі ж людзі…
– Гаварылі!.. І ўсе-такі мы памірыліся б, мабуць, кеб не мачыха. Вельмі ж ёй дабра Карчовага захацелася! Сваячкай Карчовай захацелася стаць!..
– Я дак зразу нейк прывыкнуць не мог, што ты пайшла…
– Я i сама думала патом: як я згадзілася! Як магла так зрабіць! Як магла!
– Не свая ахвота…
– A вінавата, выходзіць, сама. – Яна сказала цвёрда: – Сама вінавата! Самой – i бедаваць век!
4Свет не без добрых людзей. Чутка пра Ганніны спатканні з Васілём вельмі хутка дайшла да Глушаковай хаты. Першай, мабыць, даведалася Халімоніха, прынесла вестку ад некага з суседак, зразу ж стала сарамаціць, клясці Ганну. Неўзабаве даведаўся стары – слова не сказаў, але зірнуў тхарынымі вачыма так, што ўсярэдзіне ў Ганны заныла ад страху.
Яўхіма не было. Ён прыехаў з поля пад вечар. Адразу, як толькі ён уз’ехаў на двор, Халімоніха кінулася да яго, але стары Глушак вярнуў яе з двара. Стары i Яўхім разам падаліся з калёсамі к павеці. Потым вярнуліся ўдвух на бацькаву палавіну. Калі яны ўвайшлі, стары загадаў Халімонісе, каб дала есці,– Глушакі паселі вячэраць. Яўхім, мабыць, таксама сеў за стол; адразу не зайшоў у палавіну, дзе была, чакала бяды Ганна.
Яна здагадвалася: Яўхіму ўжо расказалі – ведае аб усім. Сядзіць, моўчкі жуе, кіпіць злосцю. Праз забітыя дзверы чула: усе маўчаць – хоць бы слова прамовілі; усе душацца злосцю, прагнуць пометы. Ганніна сэрца ныла нядобра – што ж гэта будзе? Трывога гнала з хаты – уцячы, выбавіцца! Але як ты ўцячэш i куды ты ўцячэш – мужава жонка!.. Пустое ўсё. Усё адно – рана ці позна не мінавала б! Усё адно… Чаго ж яна баіцца – хіба ж не ведала, што так будзе?.. Да слыху дайшло: цікаюць ходзікі – роўна, мерна. Завыў на двары сляпы сабака. Цягуча, доўга…
Вось пачалі ўставаць. Яўхім выйшаў. Зараз сюды ўвойдзе. Адчыніліся дзверы, цвёрда затупалі боты, бліжэй, бліжэй. Ганна сціснулася.
Ён стаў побач. Хвіліну маўчаў, адно con сярдзіта, важка. Але прамовіў як бы спакойна:
– Зноў – знюхалася?..
– Аб чым ето ты? – нібы не зразумела Ганна.
– Не знаеш?
Вочы яго праціналі Ганну. Рот крывіўся злосцю, нянавісцю, лютасцю. "Звер! – мільганула ў галаве Ганны. – Заб’е! Насмерць!.." Чула сябе кволаю, бездапаможнаю, але стрымлівала страх, старалася, каб не бачыў, што яна баіцца… Яна i не баіцца! Няхай – што будзе, тое будзе!.. Усё адно – рана ці позна!..
Адзначыла мімаволі: за дзвярамі свякруха не бразгала посудам, ліпла, мусіць, да шчылін. Стары не падаваў голасу – прыслухоўваліся, чакалі…
– Не знаеш?
– Скажаш, мабуць!..
Яўхіма прарвала:
– С-сука!
Не ўправілася адхіліцца: Яўхімаў кулак ударыў у сківіцу – нібы пра. І ойкнуць не паспела, як упала. Затулипа адно твар рукамі. Яўхім люта, колькі сілы, ударыў ботам раз, другі – ёй зацяло дыхаць. "Заб’е!.. Ну, i няхай!.. Усе адно!.."
Яўхім i забіў бы, можа. Б’ючы, ён не толькі не спатольваўся, a шалеў яшчэ больш. Шалеў асабліва таму, што жонка-блудніца хоць бы голас падала, хоць бы застагнала! Не толькі не прасіла літасці, a i болю не паказвала!.. Апантаны злосцю, Яўхім не заўважыў, што дзверы з сенцаў расчыніліся i ў ix паявіўся Сцяпан, якога трымала, цягнула назад Глушачыха.
– Сцяпанко, не твае… Не чапайся…
Але Сцяпан вырваўся, кінуўся к Яўхіму, хацеў адпіхнуць ад Ганны, толькі дзе там – Яўхім таўхануў так, што ён паляцеў патыліцай да печы:
– Не лезь!!!
Тут на падмогу Сцяпану падскочыў ужо ўстрывожаны стары Глушак, каршаком кінуўся наперад Яўхіму, стукнуў сына ў грудзі:
– Стой! Стой, кажу!!.
– Тато, сыдзіце, – на момант запыніўся, прахрыпеў чырвоны, з дзікім позіркам Яўхім, гатовы кінуцца, здаецца, на бацьку; але Глушак зноў стукнуў яго, прасіпеў злосна:
– Дурань! Абоўдзіла!
Не даючы сыну апамятацца, адпіхнуў яго. Ужо калі Яўхім, яшчэ ўвесь трасучыся ад неперажытай лютасці, адышоў, сеў на лаўку, Глушак сярдзіта папракнуў, як малога:
– Бі – да знай меру!
Поўны крыўды за сябе i гневу, да Яўхіма падступіў Сцяпан:
– Ето, ето… За ето, знаеш, што можа буць!!.
– Не сунь носа!
– Другі раз – у міліцыю заяўлю! – закрычаў Сцяпан. – Пад суд пойдзеш! У цюрму!
– Не лезь! – ускіпеў Яўхім, аж узняўся на лаве. – А не – дак!..
Халімон зіркнуў на Сцяпана, на Яўхіма, загадаў малодшаму:
– Ідзі адсюль! Не твае дзело!
Глушак павёў позіркам: нявестка ўжо стаяла, спіной да ўсіх – трохі сагнуўшыся, трымалася за бок. Разпораз ускідвалася ад нейкага нутранога болю, аж захліпалася, але маўчала. Яўхім таксама маўчаў, яшчэ ўзрушаны, – нерухомыя, лютыя вочы нічога, здаецца, не бачылі. Стары адчуваў, што ў любы момант ён можа кінуцца на Ганну зноў.
Глушак вывеў Яўхіма на сваю палавіну…
Штосьці ў баку рэзала Ганну так, што зацінала дыханне. Як касой рэзала бок. Боль быў такі, што трываць, здаецца, не было як. Але трывала, супакойвала: ну, от усё, самае страшнае перабыла! Дайшло ўжо, дазнаўся, папомсціўся! Няма чаго таіцца – i баяцца няма чаго.
У суседнім пакоі стары Глушак, хоць бачыў, што Яўхім слухаць нічога не хоча, не ўцерпеў, упікнуў:
– Казаў я табе, казаў, калi табе жонкі захацелася! Не туды шлеш, казаў! Не паслухаў!.. Разумнейшы за бацьку буў! Бацько – нічога не петрыць! Бацько – дурань!.. Дак от – паспытай! Сам хацеў етаго!
Памаўчаў, дадаў павучальна:
– A толькі – вучы асцярожно! У меру! Калі хочаш буць цэлы!..
Яўхім не сказаў нічога.