355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Подых навальніцы » Текст книги (страница 20)
Подых навальніцы
  • Текст добавлен: 20 сентября 2016, 16:05

Текст книги "Подых навальніцы"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 20 (всего у книги 38 страниц)

8

Тoe, што здарылася ў гэты дзень, Васіля нібы не вельмі ўразіла: бяда, не відная другім, вярэдзіла ж яго ўжо не адну ноч, не адзін дзень.

Нялёгка было чуць, таіць яе ў душы, ведаць, што ў любы час яна можа выплыць, што спакой i дабрабыт яго такія нетрывалыя. Цяпер, калі адкрылася ўсё, была разам з супярэчлівасцю розных нядобрых пачуццяў наваг нейкая палёгка: няма ўжо чаго таіцца, чакаць з аиаскай, трывожыцца!..

У даўняй супярэчнасці пачуццяў найбольш пякло адчуванне як бы наўмыснай няскладнасці жыцця, якое вечна блытала нібы цвёрдыя, надзейныя разлікі, нібы знарок абдзельвала нічасцем…

Убіраўся ў сілу. Лез, дзёрся ўгару – упарта, безупынна. Дня не было такога, каб ранкам, днём, вечарам не рабіў чаго для гаспадаркі, не поўніўся няўціхным клопатам аб сваім дабры.

Лез, дзёрся, рады, здаецца, павінен быць бы. Цешыцца, здаецца, трэба было б адно: збывалася ўсё, што хацеў, пра што марыў Гаспадаром станавіўся, не абыякім, спраўным; зямлі пабольшапа, пабольшала ў гумне i ў клеці; конь, карова – не сорам i перад людзьмі; хата расце. Цешся ды радуйся! A радасці, а шчасця поўнага не было!

Дзіўна абыходзілася з Васілём жыццё. Ці так ужо на раду яму напісана: адно ладзіцца, адно цешыць, дык другое – бы назло гэтай радасці. Бы знарок нішчыць яго ўцеху! Другім, канешне, можна i не паказваць гэтага, а сам жа ад сябе не ўтоіш, не ашукаеш самога сябе: ці ж такую трэба жонку! Не тое што не да душы – злосць век бярэ на яе, маруду, цяльпуху! Няўдача, а не жонка! Дабро – дабром, a толькі ж i дабро – не ўсё шчасце, з-за няўдаліцы i дабро неяк не цешыць часам. Ты гары, ты рвіся дзень ада дня, з цямна да цямна, а ёй – хоць бы што! Другая дык i дома ўпораецца, i скаціну пакорміць, i чалавеку прыбяжыць паможа ў гумне ці ў полі, а гэта – каб не матка яго, дык i ў хаце прапала б адна! Жыве не жыве, а – нібы спіць, ходзячы, робячы! Так i хочацца ўхапіць, зрабіць за яе – глядзець на яе нудна!..

Колькі разоў, асабліва ўпачатку – пакуль не прывык, не сцярпеўся трохі – успамінаў з жалем Ганну. Ноччу, дык доўгі час проста бачыў яе з сабою, проста прымірыцца не мог, што жыццё так перакруціла марыспадзяванні! Ён не песціў думак пра Ганну, гнаў ix, як мог, убіваў у сябе: непатрэбшчына, пустое – уздыхаць, шкадаваць аб тым, што ўпала – прапала, а не ўздыхаць, не шкадаваць не мог!

Не адну ноч, не адзін месяц прыкрай чуў побач Маню, адварочваўся, адсоўваўся, a калі яна тулілася, лашчылася – злаваў. Потым усё ж як бы перастаў бедаваць аб няўдачы: як бы прывык да Мані. За часам, за навалаччу турбот радзей i радзей успамінаў ужо Ганну; можа, i зусім перастаў бы згадваць, калі б не тая сустрэча на бульбяным полі, не спатканні упоцемку ля гумна; калі б не Ганніна шчырасць, не бяда яе, свая бяда: капі б усё не ажыло раптам, не запякло зноў! Ажыло, запякло – ды з якой сілай!..

Яшчэ адно даўно ужо хмарыла шчасце: бясконцыя сходы; абы сабралі – пра калектывы, калгасы. Думаў, што не паддасца ўгаворам-абяцанкам, будзе трымацца свайго дабра, хоць бы што, не дасць крыхоткі адной, – а спакою, пэўнасці надзейнай не было!..

Лез, пяўся, колькі змогі, зладжваў будыніну свайго шчасця, бервяно за бервяном, плашку за плашкай, паплецінку за пагілецінкай. Складваў, стараўся, а будыніна крывілася, хілілася, гатова была ў любы момант разлезціся, разламацца; не было грунту, асновы добрай у будыніны, кволай, няпэўнай будыніны яго шчасця!

Цяпер нетрываласць гэта чулася як ніколі. Ці хадзіў, паіў каня, ці карміў карову – моўчкі, унурана думаў аб няскладнасці, крыўднай несправядлівасці жыцця, думаў без вялікага бедавання, з нейкай стомленасцю, нават нібы абыякавасцю. Маня, збітая тым, што адкрылася, нічога не рабіла па гаспадарцы; Васіль рабіў i за яе. Як праз туман, да Васіля даходзіла: яна не кляла, не папракала, адно хліпала i хліпала аднастайна, нудна. У яго не было ні шкадавання аб ёй, ні шкадавання за тое, што гора гэта – ад яго. Абыякавы быў да яе, абыякавы быў i да яе скрухі…

Hi жалю аб ёй, ні шкадавання за свой учынак не было i тады, калі ўночы ляжалі побач. Звыклыя ў галаву ішлі клопаты – аб скаціне, аб няскончанай хаце; плынь думак гэтых увесь час перарывалі то ўспаміныразвагі пра Ганну, то згадкі пра апошні дзень. Бугай паганы – укалоў як!.. Пракоп-маруда – аж дайсці не мог доўга, што рабіць!.. Сядзеў усё, моўчкі цюкаў!.. Як яно цяпер паверпецца: не прыйдуць, мабыць, ужо – аднаму канчаць трэба будзе!..

"Ганна ў етай хаце жыць будзе!.." – казаў Бугай. "Згаварыліся, што к Васілю пяройдзе!.." Набрахаў на ўсю вуліцу ды i падыбаў, бы праўду сказаўшы!.. Ca злосцю на Бугая – не першы раз за гэтыя ночы – любая, неадступная, увайшла, узяла Васіля думка-мара: калі б тое можна было, калі б праўда Ганна гаспадыняй стала! Усё было б тады ў яго, усё, чаго не хапае! Шчасце было б поўнае – не падман!.. Бы ўвачавідкі – не першы раз ужо – убачыў, як Ганна пораецца каля печы, як ходзіць па двары, – i ўсярэдзіне аж забалела!

Думкі перабіў плач малога, якое прачнулася ў калысцы ля ложка. Ён пачакаў, калі Маня, што была, як заўсёды, бліжэй да дзіцяці, возьме паўрозку ад калыскі, загушкае, але яна нібы i не чула. Дзіця ж не ўціхала, галасіла ўсё мацней.

– Вазьмі пагушкай! – не ўтрываў Васіль.

Яна хоць бы варухнулася.

Васіль зазлаваў:

– Не чуеш?!.

Яна была як нежывая, як калода. З палацяў злезла маці, узяла малога на рукі, пачала тупаць па хаце, прыгаворваць:

– А-а… а-а… Спі, маленькі… Спі, разумненькі!.. Курачкі ўсе спяць!.. Цяляткі, парасяткі!.. А-а, а-а…

Яна насіла, гушкала, пакуль малое не ўціхла, не заснула добра; паклала ў калыску, иагушкала яе. Потым яшчэ доўга стаяла ў цемры, як бы не цяміла, што рабіць; схамянулася, пасунулася к палацям сваім тады, калі штосьці загаварыў праз сон Валодзька.

– Пайду я! – раптам ціха, цвёрда сказала Маня. У голасе яе пачулася злосць: —Жыві з етай сваёй!.. – Яна не ўтрывала, захліпала: – Мало ёй аднаго… свайго!..

Васіль не сказаў нічога. Не абнадзеіў, не супакоіў. У галаву зноў лезла – што ж цяпер будзе з гаспадаркай, з канём, з зямлёй, якую даў цесць? Між гэтай клопатнай няпэўнасці ныла згадка пра Ганну, шкадаванне, што не пабачыліся сёння. Гэта дамашняя неспадзеўка не дала выйсці к назначанаму месцу, а яна ж – Ганна – пэўна, чакала!.. Чакала – i не дачакалася! А пабачыцца трэба было б, нават цяпер… Цяпер, дык асабліва трэба было б…

Ён не ведаў, што Ганна ў той вечар таксама шкадавала, што не можа выйсці…

9

Яны пабачыліся праз тры дні – пабачыліся, хоць угавору не было: проста падказала чуццё. Першая прыйшла Ганна; ідучы загуменнай дарогай, азірнулася, стала ўпоцемку ля Васілёвага гумна, прытулілася да сцяны. Слухала, узіралася, поўнілася такім неспакоем, што дрыжала ўся.

Няўжо не прыйдзе, не пабачыцца – Ганна аж стаяць не магла на месцы ад думкі, што так можа i стацца. Як заўважыла цёмную постаць ад двара, як пазнала, што – ён, дрыготка ўзяла яшчэ мацней.

– Я ўжэ баялася! – сказала ціха, шчыра. – Не здагадаецца, думала!..

Ён памаўчаў момант. Не ўзяў яе рукі, не абняу

– Я i ўчора прыходзіў… Думаў: можа, будзе…

– Няможно було мне… Сягоння – як вырвалася да сваіх… Жывасілам, можно сказаць…

– І за мной – глядзяць… Не вераць…

У ix была тая ж шчырасць, як i ў тыя разы. Але той блізкасці, роднасці – дзіўна – не было ўжо. Ca шчырасцю, няпрошанае, неадступнае, чулася яшчэ нешта, што як бы – трэцяе – стаяла між ix, не давала ім быць блізкімі, роднымі. Асабліва гэта трэцяе стрымлівала Васіля – Ганна чула востра, крыўдна…

– Знаю ўжэ… Мачыха сказала… як у цябе було… – гаварыла яна, стараючыся не заўважаць яго стрыманасці.– Як Пракоп пайшоў…

– Пайшоў…– Васіль за тым, што яна сказала, чуў яшчэ пытанне – а як жа Маня будзе? – але не адказаў нічога. Не хацеў ні гаварыць, ні думаць пра гэта. Сам не ведаў.

Тое, што стаяла між ix, аддаляла, было няяснае, непадатнае, важкае. Яны стаялі, можа, хвіліну моўчкі – блізкія i далёкія разам.

Ганна раптам паспрабавала пераступіць мяжу, знарок весела, задзірыста ўсміхнулася:

– От i няма чаго баяцца! Знаюць усе!

Васіль не засмяяўся.

– Знаюць…

– Не так яно страшно, як здавалася!..

Васіль прамаўчаў. Яго маўчанне не толькі не стрымала яе, а як бы дало большай рашучасці.

– Пацярплю шчэ трохі,– сказала яна аж дзіва легка. – А там!..

Васілю здалося: Ганна вось-вось засмяецца! Ён хмурна пацікавіўся:

– Што – там?..

– Кіну ўсё! Хай яно згарыць! – Як пра даўно абдуманае, сказала, ужо без смеху: – Пайду!

– Куды ето?

– Хоць куды! Куды вочы глядзяць!

– Сказала!..

– Надумалася – i пайду! Толькі таго i свету, што Курані. Як прападаць тут век, дак мо знайду што! – Яна гаварыла ўсё гарачэй, сур’ёзна: – У Мазыр пайду, а мо i далей! Абы – далей адсюль! Штоб Карчоў i духу не было! І не відно, i не чутно!.. – Ганна раптам дадала шчыра: – От кеб ты буў!

Яна не толькі хацела гэтага, яна быццам назвала: так гэта было сказана. Васіль чуў: сказала пра яго не так сабе, не выпадкова, думала пра гэта; яму стала хораша, радасна. Момант было адчуванне шчаслівай, вялікай блізкасці – у свеце было толькі яго i яе шчасце.

– Не бойся! Нічого не бойся! – як бы чуючы яго настрой, казала яна. – Ето толькі зразу, асмеліцца страшно! А там – добра будзе! Пабачыш!.. Ці мы паны якія! З чужого жыць прывучаны змалку? Рукі е, рабіць умеем! Не прападзём нідзе, пабачыш! Што я кажу – не прападзём! Жыць будзем, як ніхто не жыве тут! На зайздрасць усім жыць будзем! Удваіх – дружно, шчасліво, як ніхто! Я ж цябе так люблю! Так любіць буду век! Родны, мілы мой Васілёчак!..

Ніколі нічыя душа не хвалявала Васіля так, як яе ў той вечар. Ніколі нікога не любіла Ганна так, як яго, – у тым халодным, беспрытульным поцемку каля гумна. У бядзе, у роспачы Васіль быў Ганне не проста любым – быў надзеяй, ратункам, быў тым жыццём, да якога яна рвалася. І яна Васілю была тым шчасцем, якога яму так не хапала заўсёды…

Яе гарачы шэпт, яе рашучасць глушылі заўсёдную Васілёву разважнасць. Момант была дзіўная лёгкасць, чуў вясёлую волю ў сабе – нібы ўжо ішоў разам…

Усё ж – больш са звычкі – стрымаў сябе:

– Не так ето просто…

– Просто не просто, а – не трэба баяцца! Ето адважыцца толькі – страшно! А як адважышся – лягчэй! Страшно – толькі пачаць! А там лягчэй будзе – пабачыш!.. Не век жа жыць, не любячы! Штоб любіў – тады б другое було! А як не любячы – дак чаго баяцца! Чаго шкадаваць тых кароў, той хаты! Які ў ix толк – як церпіш толькі адзін аднаго! Любоў будзе – усё нажывецца! І не на гора – на радасць! Усё на радасць будзе!..

Яна раптам абарвала свой шэпт. Парывіста ступіла да яго, абхапіла рукамі за шыю, прыціснулася так, што ён пачуў усю яе – ад гарачага лба да дужых ног. Хвіліну стаяла так, як бы перадаць хацела ўвесь агонь сваёй душы, усю адвагу. Адарвалася так жа рэзка, сказала ціха:

– Не канешне зразу рашаць. Падумай… Як надумается, дай знак!

Апошнія словы прамовіла спакойна, неяк дзелавіта – павярнулася, цвёрда, хутка пайшла ў цемру загуменнай дарогі.

Васіль пастаяў трохі, падаўся паволі к двару. Ці стаяў потым ля павеці, ці ляжаў на палацях, згадкі, думкі аб спатканні з Ганнаю, аб тым, што яна гаварыла, важка варочаліся ў галаве, вярэдзілі душу з нязнанай горыччу. Былі хвіліны, калі здавалася, што ён гатоў кінуць усё – прападзі яно пропадам! – кінуць i ісці з ёю, з Ганнаю, па тое шчасце, што недзе ж i праўда можа, ёсць, можа быць іхнім! Праўду казала: не жыццё – калi не любіш, не век жа цярпець, не любячы!

Але за гэтым находзіла іншае, халаднаватае, разважнае, i душу гнёў камень. Куды ён пойдзе, як ён кіне ўсё, чым жыў усе дні, цэлыя годы, што набываў такой упартасцю – па крупінцы, па зярнятку – такім трудом, – свету белага не бачачы. Можна было б не ісці нікуды, не кідаць нічога, проста Ганну ўзяць да сябе – але ж тады што з тае гаспадаркі будзе: зямля лепшая прападзе, каня аддаць трэба, за хату век не расплоцішся! Ды i пра малое падумаць – як яму, бязбацькавічу няшчаснаму, быць, жывога бацьку маючы! А што без бацькі будзе – ясна: не аддасць жа Маня яму хлопчыка, не аддасць! А там – возьме хто яе сабе з хлопцам, – звядзе, гад які, занішто чалавечка, бацькаву кроў!..

І сынок, радасць яго i надзея. І – гасиадарка, якая так ужо зладавалася была! Конь, зямелька, хата! Дзе ты, калi ты ўсё зноў набудзеш!.. Але за гэтым чуў зноў абдымак Ганнін, бачыў, як яна гаспадыняй у хаце-мары, i зноў парываўся да яе, прагнуў яе! Вялікія, непрымірымыя імкненні рвалі Васілёву душу!..

Раздзел чацвёрты
1

Чыстку рабілі ў зале нардома. Народу было поўна. Людзі сядзелі на лаўках, стаялі з бакоў ля сцяны, ціснуліся ззаду, каля дзвярэй.

Дзве лямпы, што віселі над сталом прэзідыўма i пад брусам, пасярэдзіне столі, кідалі два кругі святла – у адным з ix быў стол пад чырвонай тканінай, за якім сядзеў прэзідыўм, a ў другім – дзесятка паўтара радоў тых, што слухалі. Уся іншая частка залы была ў паўзмроку; толькі прыгледзеўшыся, можна было ад сцэны бачыць чубы, лысіны, бароды, хусткі. Хоць старшыня, узіраючыся ў залу, не раз стукаў далонню па стале, загадваў сядзець ціха, не йерабіваць, гаманілі часта i перабівалі; хоць прасіў не курыць, курылі.

За сталом было трое: камісія па чыстцы. Пасярэдзіне сядзеў старшыня камісіі Белы, работнік парткалегіі ЦК партыі Беларусі i камуніст з лютага І9І7 года, прысадзісты, шчуплаваты, немалады ўжо, з зачасанымі назад пасівелымі валасамі, спакойны ў манеры гаварыць i ў рухах. Абапал старшыні былі члены камісіі: чорны, з кудламі, вельмі жвавы i вельмі худы Галенчык, прафсаюзны дзеяч з Мінска, былы майстар па вырабу хромавай скуры; i шыракаплечы, важкаваты з выгляду Беразоўскі, чыгуначнік. Абодва члены камісіі першы час пад позіркамі столькіх вачэй чулі сябе неабыякава: Беразоўскаму было як бы няёмка, ён амаль не глядзеў у залу i нібы не ведаў, куды пакласці рукі; Галенчык жа, ад увагі такога мноства людзей, быў поўны ахвоты дзейнічаць, трымаўся вельмі ўпэўнена, смела, здавалася, не ведаў, куды дзець энергію i смеласць свае. Позірк яго паволі, цвёрда хадзіў па радах, па абліччах, раз-пораз спыняўся з увагай – Галенчык углядаўся, вывучаў, з нейкім сваім вывадам ішоў далей. Раз-пораз ён адрываў позірк ад залы, чорныя, бліскучыя, лупаватыя вочы яго разбіралі таго, хто быў збоку стала. У гакім иавароце на худой, птушынай шыі Галенчыка быў відаць вялікі кадык, ды i ва ўсім яго вобліку было штосьці птушынае, пагрознае. З усіх траіх Галенчык прыцягваў найбольшую ўвагу; здавалася, што не Белы, а Галенчык галоўны тут, старшыня…

Першым выклікалі сакратара райкома Башлыкова. Святло падала трохі збоку i спераду, яно паблісквала ў гладкіх, без сівінкі вал асах, выдзяляла моцны, чысты лоб, моцны нос, плечы; яно адзначала кожную ямку, кожную маршчынку, рабіла Башлыкова трохі старэйшым; але i ў такім святле было відаць, які ён малады, дужы, прыгожы. Гэтае ўражанне дужасці яшчэ падмацоўвала ўпэўненая иастава, сгрогі, ладны, зеленаватага колеру кіцель, стрыманы i ў той жа час энергічны голас. Было відаць, што ён адчувае сябе цвёрда, што яго нішго не трывожыць. Роўна, голасна i разам сціпла казаў ён пра сваё жыццё. Нарадзіўся ў тысяча дзевяцьсот чацвёртым годзе, у Гомелі, у рабочай сям’i. Бацька – рабочы на чыгунцы, i сам ён рабочы з малых год; спачатку – на чыгунцы, потым – на электрастанцыі. З юнацкіх год у камсамоле, потым – у партыі. У час работы на электрастанцыі быў вылучан на кіруючую камсамольскую работу, быў пасланы вучыцца ў Мінск на шасцімесячныя курсы кіруючых камсамольскіх работнікаў. Пасля курсаў быў вылучан на партыйную работу, ва ўпраўленне чыгункі. Сціпла, проста сказаў Башлыкоў, што з упраўлення чыгункі ён пасланы партыяй на кіруіочую работу ў Юравіцкі раён сакратаром райкома.

– Ніякіх стагнанняў i ваганняў у правядзенні партыйнай лініі не было, – дадаў ён голасна i цвёрда, як бы падводзячы вынік свайму яснаму жыццяпісу. – Hi ў якіх антыпартыйных групіроўках i блоках ніколі не ўдзельнічаў. Вёў i буду весці з імі самую бязлітасную барацьбу, як i ca ўсімі тымі, хто будзе спрабаваць адхіліць нас управа ці ўлева ад генеральнай лініі партык. – Ён ужо скончыў, але ўспомніў, даказаў: – За граніцай сваякоў няма. Асуджаных савецкім судом таксама няма. Hi з блізкіх сваякоў, ні з далёкіх…

"Ніводнай плямкі. Ідэальная біяграфія", – падумаў ці адчуў, мусіць, не адзін Апейка; але Апейка, які ведаў i помніў тое, чаго не ведалі ці не прыгадвалі іншыя, можа быць, як мала хто, падумаў, што ўсё гэта, нібы такое пераканаўчае, яшчэ не ўсё, далека не ўсё, каб паказаць, чаго варт чалавек як партыец. Апейку чулася ў гладзенькім гэтым жыццяпісе як бы нават нейкая няпраўда, за ўсім гэтым гладзенькім, роўненькім…

– Тут паступілі на таварыша Башлыкова такія скаргі…– старшыня камісіі з вельмі спакойным, дзелавітым выглядам, не гледзячы ні на Башлыкова, ні ў залу, у вялікай цікаўнай цішыні разгарнуў папку, прабег вачыма па паперцы, адной, другой, стаў чытаць. Гэта был i паперкі з тых, што называліся кампраметуючымі матэрыяламі, якія камісія збірала, калі рыхтавалася да сходу.

Башлыкоў першы момант, было відно, трохі занепакоіўся, але, паслухаўшы адну, другую, паспакайнеў i стаў перад сталом i гаварыў зноў упэўнена, з годнасцю чалавека, які ўсё, што ад яго залежала, рабіў i будзе рабіць; які калі чаго i не зрабіў, то толькі таму, што гэта не ад яго аднаго залежала. Яму гэта было добра гаварыць таму, што амаль усе скаргі былі ў аснове сваёй не так на Башлыкова самога, як на райком, на розныя непарадкі ў мястэчку, у сёлах, на жыццёвыя нястачы. Былі дзве запіскі ca скаргамі, што не хапае солі i карасіны; ён сказаў, што ўсё, што выдзяляюць раёну, не залежваецца ні на складах, ні ў крамах. У адной запісцы абураліся тым, што забіваюць свіней i кароў, прадаюць мяса з-пад палы: дзяруць з людзей шкуру; ён таксама абурыўся, сказаў, што партыйная арганізацыя вяла i будзе весці бязлітасную барацьбу з гэтымі злачынцамі i спекулянтам!. Папрасіў, каб пра кожны такі выпадак паведамлялі ў міліцыю ці яму асабіста. Хтосьці паскардзіўся, што ў Бярозаўцы, калі адводзілі зямлю пад калгас, няправільна абрэзалі зямлю; ён паабяцаў, што пасля сходу паедзе ў Бярозаўку i выясніць усё сам. Скардзіліся, што прыцясняюць веруючых; ён стаў з гневам гаварыць пра рэлігію, пра яе шкоду, самакрытычна прызнаўся, што таварыствы бязбожнікаў, настаўнікі i камуністы ў сёлах няўмела змагаюцца з рэлігійным дурманам…

У адной запісцы было, як папрок, неспадзяванае для такога сходу: "Чаму сакратар таварыш Башлыкоў, сустрэўшыся на вуліцы, ні з кім, акрамя сваіх сяброў, не здароваецца? Не кажучы ўжэ пра тое, штоб зняць шапку ці папытаць, як здароўе". Калі Белы прачытаў гэта пытанне, у зале хтосьці, мабыць ад неспадзеўкі, засмяяўся. Засмяяўся знарок весела i Башлыкоў.

– Здароваюся!..

– Правільно напісано! – крыкнуў хтосьці з залы. – Падмечано!

Белы з цікавасцю слухаў, як па зале ішоў даволі дружны, нядобры гоман.

– З людзьмі, каторых я знаю ці каторым веру, я не толькі здароваюся, a i падаю руку, – паспрабаваў адужаць гоман Башлыкоў. Ён зноў гаварыў цвёрда.

– Мало ж ты каму верыш! – упёк яго хтосьці з залы, голасна, злосна.

Зноў пачуўся гоман – неспакойны, непрыхільны.

Твар Башлыкова стаў чырванець. Востры позірк пабег па радах, узіраючыся, шукаючы.

– Я з усімі здаровацца не магу, калi б i хацеў,– сказаў ён, не бянтэжачыся. – У раёне тысячы людзей! А я – адзін!

– Правільна, – падтрымалі яго некапькі галасоў.

– Паважаць людзей трэба! – зноў выбіўся той моцны, злосны. – Hoc задзіраеш рано!

– Зазнаўся!.. Молад яшчэ!.. – пайшло зноў па радах.

– Я не зазнаюся, – сказаў ён, гатовы ўпарта абараняцца. – Ніколі не зазнаваўся, – прамовіў ён яшчэ мацней. Раптам, адужваючы шум, разважна, цішэй дадаў: – Але, канешне, у мяне таксама могуць быць недахопы…

– Вось гэта правільна, – згадзіўся цяпер Белы. Старшыня пастукаў алоўкам па графіне, запытаўся ў залы: – Якія таварышу Башлыкову пытанні, прашу задаваць.

Стала ціха. Ля сцяны злева ўстаў барадаты дзядзька, пакашляў. Сказаў быццам з затоеным сэнсам:

– Няхай скажа, ці работаў у сельскім хазяйстве?

Башлыкоў, яшчэ з чырванню ў твары, павёў уважлівым позіркам к сцяне.

– Раней не даводзілася.

– Яс-сно, – прамовіў дзядзька зноў як бы прытоена i сеў.

Вясёлы жаночы голас запытаўся, чаму таварыш сакратар нежанаты ходзіць: местачковых дзяўчат гэта вельмі цікавіць; але Башлыкоў, хоць i ў зале павесялела, не паддаўся на весялосць. Яшчэ насцярожаны, адказаў, што з жаніцьбаю думае пакуль пачакаць.

– Шкода! – уздыхнуў хтосьці гулліва.

Башлыкову давялося перажыць яшчэ некалькі важкіх хвілін, калі Белы запытаў у залу, хто хоча выступіць, i к сталу камісіі лёгкай, пругкай хадой падышоў Гайліс. Гайліс ледзь дайшоў, дзіцячым сваім галаском кінуў у залу:

– Тут неразумно смяялісь з запіска: Башлыкоў не здымае шапка, не здароваеца! Нічого нет смешного. Правільно. Таварыш Башлыкоў не знімает шапка. Конечно, это маленькі недостаток. Товарыш Башлыкоў, можа быць, дажэ не знал, что туг есць такі звычай: здароваца з незнаемы чалавек. Але это – што таварыш Башлыкоў не здароваеца – не есць дробязь, ерунда. Бо тое – што товарыш Башлыкоў не здароваеца – не есць случайносць. Бо этот факт говорыт пра тое, як товарыш Башлыкоў звычайно паступает. Он звычайно i таварышам, з каторымі разом работает, таварышам па парціі, руку не подас. Он нікогда не пытаеца: "Як вы жывьёце?" Он болей любіць крычат у трубку: "Ві там чорт знает, что дзелаетэ! Ві спітэ! Bi – опортуністы! Mi будзем з вамі говорыт на бьюро!" Вот як говорыт часто товарыш Башлыкоў…– Гайліс памаўчаў, паглядзеў на Башлыкова, як бы хацеў пераканацца, ці слухае той.

Башлыкоў, пачырванелы, стоены, слухаў, i Гайліс павярнуўся зноў да залы. – Товарыш Башлыкоў, можа быць, лічыць, што сэкрэтар павінен быць строгі. Это правільно: павінен быць строгі. Он не есць, як гаворыцца, кум. Але этаго мало. Сэкрэтар райкома павінен быць не толькі строгі, але i ўважлівы, i справядлівы. Чуткій павінен быць. Культурный. Этого часто нет. – Ён зноў павярнуўся да Башлыкова, дакончыў: – Вучыца. таварыш Башлыкоў, трэба!

Ён гаварыў так шчыра, пераканана, што ўся зала моўчкі лавіла кожнае слова. Уражвала, мусіць, i тая адкрытасць, смеласць, з якой ён рэзаў праўду самому Башлыкову, не думаючы зусім пра тое, што можа быць потым. Апейку гэтыя адкрытасць i смеласць не дзівілі, ён адно думаў з ухвалай, як добра тое, што ён, Гайліс, рэжа ў вочы Башлыкову, i іменна тут, у гэты момант; бачыў, як чырванеў, як стрымліваў сябе не вельмі ахвотны да такіх урокаў сакратар. "Слухай, слухай, – мімаволі думаў Апейка. – Вучыся…"

Гайліс такой жа лёгкай хадою сышоў, як чалавек, які зрабіў тое, што павінен быў, падаўся на сваё месца, на другім радзе, недалёка ад Апейкі. Апейка не азіраўся, але адчуваў, што на Гайліса глядзяць з павагай, – у зале яшчэ ціха, ні аднаго галаска. У цішыні гэтай i пачулася:

– Дазвольце мне слова!

К сталу ішоў Зубрыч. Ускочыў на адну ступеньку, на другую, зірнуў у залу, але гаварыць не стаў спяшацца. Пачакаў увагі.

– Я – беспартыйны, – сказаў ён спачатку да камісіі.– Але я таксама хачу сказаць. Паколькі думка беспартыйнай масы, як мне вядома, таксама не абыякавая для камісіі. Голас мой як чалавека непартыйнага, можа быць, i не так многа значыць, але я магу таксама ўнесці сваю долю для высвятлення ісціны. І такім чынам, па гэтай хоць бы прычыне, я адчуваю абавязак сказаць сваё слова. – Ён павярнуўся к зале, памаўчаў момант i загаварыў больш павольна, моцна. – Я павінен сказаць шчыра некалькі слоў. Перш за ўсё, не буду таіцца, таварыш Башлыкоў са мной таксама не цырымоніўся. Мне, наколькі я помню, ён таксама не толькі не падаваў рукі, але i, здаралася, гаварыў словы не менш вострыя, чым таварышу Гайлісу. Здаралася, было такое, таіцца няма чаго. Я буду гаварыць шчыра. – Ён кінуў позіркам на Башлыкова, які насцярожана сачыў, да чаго ўсё гэта.

Апейка таксама глядзеў з цікавасцю з залы, з першага рада; праўда, з цікавасцю асаблівай: непрыемны i не зусім зразумелы быў яму гэты чалавек, з якім даводзілася ўжо не адзін год рабіць блізка. І падхалім, i не падхалім, нешта горшае: брыдкае, нейкае слізкае. Для чаго ён вылез сюды, з якім намерам? Што яму трэба тут?

– Я – не друг таварышу Башлыкову. Hi ён да мяне, ні я да яго не мелі асаблівай сімпатыі. Будзем гаварыць шчыра. Але я люблю праўду. І вось гэтая праўда i прымушае мяне гаварыць, не маўчаць. Я з таварышам Башлыковым сустракаўся не раз, бачыў яго збоку, слухаў – i магу сказаць, што ведаю таварыша Башлыкова някепска. Ведаю як кіраўніка, ведаю як чалавека, як партыйца. Я ведаю таварыша Башлыкова. – Зубрычаў голас яшчэ падужэў, набыў як бы святочнасці.– І таму я, скажу шчыра, не магу згадзіцца з таварышам Гайлісам. – Зубрыч адолеў шум у зале. – Не магу! Таварыш Башлыкоў надзвычай энергічны, дзелавы кіраўнік! Вельмі чулы да людзей. – Ён зноў адужаў шум. – Так, вельмі чулы! Я згодзен, што ён – строгі, патрабавальны, але ён разам з тым i чулы. Тут няма ніякай супярэчнасці: яго строгая патрабавальнасць i ёсць не што іншае, як сапраўдная чуласць. Дзелавая. У наш час, калі класавая барацьба так абвастрылася, калі сам закон класавай барацьбы патрабуе быць заўсёды напагатове, заўсёды быць пільным, нельга быць чулым i не быць патрабавальным. Не разумеючы гэтага, нельга правільна зразумець таварыша Башлыкова. – Тут Зубрыч прымоўк i далей загаварыў ужо цішэй, мякчэй, але з той жа шчырасцю ў голасе: – Я павінен адказаць i яшчэ аднаму прамоўцу. От тут пыталіся, ці працаваў таварыш Башлыкоў у сельскай гаспадарцы. Маўляў, ці ведае сельскую гаспадарку. Магу сказаць: ведае! Як спецыяліст, які часта сустракаецца з ім іменна ў гэтай галіне, гавару: ведае. І што яшчэ больш важна: ведае душу селяніна, ведае, чым ён, селянін наш, як кажуць, дыхае! Я магу сказаць з поўнай адказнасцю, што паргыя не памылілася, прыслаўшы такога работніка ўмацаваць кіруючае партыйнае ядро! Добры кіраўнік, сапраўдны бальшавік! Такая мая, беспартыйная, думка!

Хтосьці крыкнуў: "Правільна!" – некалькі чалавек запляскалі, i Зубрыч сышоў як чалавек, які таксама сумленна зрабіў сваё. Зноў у зале гаманілі, i таму, хто выйшаў за ім, давялося чакаць, пакуль старшыня камісіі супакоіць залу. Звонкі, не па гадах важны, сталы тарогіячыся ў залу ўпартым позіркам, Косцік Кудравец ca ўсім сваім камсамольскім пылам рынуўся раскідаць усё, што сказаў Гайліс, што пакрыквалі з залы. Ён заявіў усім у зале, што прынцыпова згодны з усім тым, што гаварыў таварыш Зубрыч; што ён наогул не разумее, як можна сумнявацца ў тым, што таварыш Башлыкоў больш, як хто іншы, годны быць у бальшавіцкай партыі…

У зале зноў прыціхлі, калі старшыня камісіі загіытаў у тых, хто сядзеў побач, якія ёсць пытанні. Беразоўскі сказаў, што няма i ўсё ясна. Ясна яму, ведаў Апейка, было не толькі з таго, што ён пачуу гут, але i з таго, што яму вядома было яшчэ да сходу: камісія рабіла ў мястэчку ўжо больш за два тыдні. Неахвочы да лішняй гаворкі, ён, відаць, лічыў, што няма чаго пытацца попусту, дзе ўсё зразумела; калі, да ўсяго, уперадзе яшчэ столькі нялёгкай працы. Галенчык жа, строга перабіраючы нешта ў памяці, у роздуме, памаўчаў. Зала сачыла за ім, чакала. Пайшоў шумочак.

– Чаму ў вас такі малы працэнт рабочай праслойкі? – нацэліўся Галенчык на Башлыкова.

Башлыкоў адказаў, што ў раёне вельмі мала рабочых: толькі на млыне ды ў арцелях. Але Галенчыка гэта не супакоіла. Ён не тое што не таіў, ён усім паказваў, што недавольны адказам. Ніжняя губа яго была вельмі зразумела адтулена. Ён пакруціў галавою: як такое можна гаварыць? Мала рабочых! Адно за адным стаў кідаць пытанні: колькі арцеляў у раёне ўсяго; колькі ў раёне ўсяго рабочых; колькі ўсяго ў паргыі? Што далей, то больш: чаму ў партыі аказаліся элементы з заможнай праслойкі, элементы з цёмным прошлым; элементы, якія злучыліся з класава чуждымі элементамі? У той час, калі рабочая праслойка не расла. Башлыкоў гаварыў спачатку цяргіліва, потым, Апейка прыкмеціў, стаў злаваць, абурацца пытанням, што былі як несправядлівыя абвінавачванні.

– У мяне ёсць пытанне, – перапыніў нарэшце Галенчыка Белы. – Я хацеў бы, таварыш Башлыкоў,– загаварыў ён спакойна, па-сяброўску, – каб вы расказалі, канкрэтна, фактамі, як вы працуеце з сялянамі? Як вы пераконваеце ix, што калгасы – адзіная дарога да лепшага жыцця? Што вы, як сакратар райкома, робіце, каб арганізаваць сялян у калгасы?..

Башлыкоў, расказваючы, зноў пачуў сябе спакойна i ўпэўнена. Белы слухаў яго ўважліва, ківаў раз-пораз у знак згоды, ухваляў; трагіна памагаў новымі пытаннямі. Усё ж Башлыкову давялося яшчэ перацярпець некалькі хвілін: Галенчык, якому прагнулася зноў заявіць пра сябе, узяў слова. Стоячы за сталом, абводзячы вачыма залу, ён пачаў з таго, што паправіў усіх, якія выступалі. І таварыш Гайліс i таварыш Зубрыч, сказаў ён, гаварылі аднабакова: таварыш Гайліс не адзначыў таго станоўчага, што ёсць у таварыша Башлыкова, а таварыш Зубрыч – адмоўнага; тых вялікіх памылак, якія дапусціў таварыш Башлыкоў. Непахісна выкрываючы гэтыя небяспечныя памылкі, Галенчык зноў падышоў да тых пытанняў, якія не даў яму дакончыць старшыня камісіі. Даводзячы, як шкодна для партыі тое, што ён выкрываў сваімі пытаннямі, ён ужо выпраўляў не толькі лінію Башлыкова, а разам i лінію тых партыйцаў, якія бяруць такую лінію пад абарону. Галенчык знарок не называў прозвішча старшыні, ён, відаць, i так ведаў, што ўсе зразумеюць, каго ён папярэджвае. Белы слухаў яго цярпліва, не перабіў ні разу, i Галенчык зноў вярнуўся да Башлыкова. Таварыш Башлыкоў павінен улічыць, павінен помніць, павінен не забываць усяго, што яму было тут сказана. Такім жа тонам Галенчык i скончыў: таварыша Башлыкова можна аставіць у партыі, але ўказаць на тыя недахопы, якія тут былі ўскрыты…

Выйшла так, што Белы, які гаварыў апошні, проста нібы падтрымаў прапанову Галенчыка. Пасля некалькіх спакойных, дзелавых слоў старшыні Башлыкоў i сышоў па ступеньках уніз, у залу.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю