355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Подых навальніцы » Текст книги (страница 6)
Подых навальніцы
  • Текст добавлен: 20 сентября 2016, 16:05

Текст книги "Подых навальніцы"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 38 страниц)

Раздзел чацвёрты
1

Аднойчы ранкам на лузе паявілася таратайка.

Ледзь яна выкацілася на балота з лясной дарогі, адразу зацікавіла: далікатная, прыгожая, незвычайнаю была тут сярод адных вазоў: здалёк відаць было – прышыўся нехта чужы, нехта з начальства ці з упаўнаважаных. Праўда, побач з чужым, пазналі, спакойна хітаўся Міканор, але цікавасць ад гэтага не толькі не паменшыла, а стала вастрэй. Міканор сам цяпер быў начальства, хай сваё, невялікае, але ж начальства. Усё важнае, што прабівалася ў Курані, ішло цераз яго; нешта важнае, невядомае кацілася i цяпер, чулася, з гэтай гарадской каляскай…

Таратайка пракацілася па дарозе ўскрай балота, паўз самы лес i стала каля Міканоравага надзелу. Тут i Міканор i чужы сышлі з таратайкі, распрэглі каня, пусцілі пасвіцца. Шкода, невядома было, пра што там гаварыў прыезджы з Дамеціхаю, з Дамецікам, які падышоў з касою на плячы; затое бачылі ўсе: прыезджы скінуў гарадскі пінжак, верхнюю сарочку, забраў ці не сілаю ад Дамеціка касу i пайшоў сам да травы. Побач з ім падаўся таксама з касой Міканор, а па другі бок – Дамецік, нібы збянтэжаны.

Дайшоўшы да травы, прыезджы скінуў касу, памянташыў. Размахнуўся касою раз, другі, пайшоў роўна. Касіў звычна, упэўнена: відаць было, што браўся не першы раз. І ўсё ж, кожнаму відно было, прыезджы – не касец, i не толькі адтаго, што прыбыў на гарадской калясцы, a i па тым, як стаяў, дзівіўся на памочніка свайго Дамецік, як завіхалася ля агню са сняданкам Дамеціха. Вельмі ж борзда бегла потым да касцоў, гасцінна йрасіла аб нечым прыезджага. Звала, пэўна, падсілкавацца.

Прыезджы з Міканорам укленчылі каля воза, перакусілі i зноў узяліся за косы. Пакуль можна было касіць, махаў касою госць побач з Міканорам, не памагаў ніяк куранёўцам дайсці да нейкай разгадкі. Праўда, асоба самога прыезджага хутка была высветлена, бліжнія ад Міканора пазналі, а хто быў далёка – пачулі, што прыезджы не хто іншы, а старшыня райвыканкома Апейка; але сэнс загадкі акалічнасць гэта не толькі не праясніла, а як бы заблытала больш: чаго ён тут, дапаў аж да мокуцьскага балота; чаго не выказвае кіраўнічай сваёй справы, а махае Дамецікавай касой! Не было б ужо такога дзіва, каб ён, калі ўжо такі прыткі, дабраўшыся сюды, загадаў, як належыць начальству, сабраць усіх, загадаў бы памаўчаць i стаў бы гаварыць пра палітыку, пра тое, што трэба выконваць куранёўцам, каб не быць у даўгу перад дзяржавай; стаў бы, як друпя, расхвальваць калгасы, заклікаць ісці ў ix. Ён жа не загадваў, ён махаў i махаў касою, я к бы другога i клопату не было; таіў, што прывяло яго ў гэту дален…

Ранак быў сонечны, балота ўсё аж нібы зіхатліва дымілася; людзі толькі паглядвалі, гадалі, але не сгіыняліся – касілі, варушылі рады, як буслы, рупліва бялелі па ўсёй шырыні балота, на якім тырчала ўжо нямала стагоў. Сонца пякло, трава прывяла, хто-ніхто кінуў ужо касіць, a гарадскі госць усё махаў i махаў касою, як бы тое толькі i трэба было яму.

Першая не ўтрывала Сарока: павесіўшы касу на дубок, напрасткі цераз рады, цераз някошанае падалася да Міканоравага памочніка. Стала побач, уткнула рукі ў бокі, важна прасачыла, як ён робіць. Ведала – усе, хто можа бачыць, сочаць за ёй.

– Што, цётка, правяраеце, які касец? – хітравата зірнуў старшыня. Ён выцер далікатнай далонню твар: пот еў вочы.

– Касец – не сакрэт – спраўны! – адгукнуўся ў тон яму Міканор. – Наняў – не шкадую! Касец – маладзец!

– Касец – ігрэц! Ды вельмі ж стараецца!

– Марку ж трэба трымаць! Штоб не зганьбіцца зразу!

– Перад кім жа ето – такі старатлівы?

– Як – перад кім! Перад гаспадаром! Перад Міканорам, дзядзькам Дамецікам!..

– Касец – маладзец! Не сумнявайцеся, цётка!

Сарока пільна кальнула Апейку:

– Агіціруваць за калгас прыбуў?

Апейка ўткнуў кассё, зноў нібы стаіў усмешку:

– Да не ж! Бачыце ж! Памагці от Міканору трэба! Па службе ж чалавек заняты, а бацька – стары!.. – Улавіўшы хітры, мудры позірк жанчыны, з усмешкаю ж, нібы даверліва, схіліўся да яе: – Ну, і, прызнацца, зарабіць хачу! Зарплата малая!..

– Саўсім збяднеў – год не піў, два – не еў! У чым толькі душа дзержыцца! – Сарока кпіла таксама гулліва: разумела жаргы. – Што ж ето ўласць твая абяднела так?

– Ды ўлада тут ні пры чым! Дорага ўсё! – Апейка бачыў: за жартачкамі старая цікуе нешта, чакае; знарок сур’ёзна, заклапочана папрасіў: – Mo вам трэба помач?

Яна як бы i не здзівілася:

– Паможаш! З’арэш на далоньку, бяду навядзеш на Сарочыну галованьку! Скосіш на якую пятку, драбніцу – кулачкаю назавеш маладзіцу! Маўляў, батракоў наймае! Сем патоў спаганяе!..

– Вам, цётка, не страшно! – засмяяўся ад Сарочыных прымавак Апейка. – Вам зробім выключэнне: у вас асобыя ўмовы, вы – удава!

– Удава – сама сабе галава! А як зачнецца калекцівізацыя, дак не паглядзіце, скажаце: іксплуатацыя!

– Дак, можа, цяпер i мне эксплуатацыю прыпішуць? – жартам напалохаўся Міканор.

– Упішуць! Сама ў сельсавет пайду! Начальству ў вушы нагуду!

Якой ні паказвала вясёлай сябе Сарока, пайшла назад яна, чуў Апейка, недавольная: так нічога толкам i не ўведала! Неўзабаве за ёй наведаўся Андрэй Руды; курыў, разважаў аб вялікай палітыцы, асцярожна, дыпламатычна падступаўся таксама: якія важныя справы прывялі сюды старшыню райвыканкома. Гаманіў, мітусіўся Зайчык; маўчаў найбольш, уважліва, удумліва слухаў Чарнушка; гасцей за дзень перабыло ў Апейкі нямала. Ён усё пасмейваўся, запэўніваў: памагчы Міканору прыехаў i зарабіць трэба. Ён бачыў, што ніхто не верыць яму, i быў давольны той загадкавасцю, якая ўсё расла вакол яго i надавала яго візіту ўсё большую цікавасць. З гэтай загадкавасцю расло нібы i значэнне яго прыезду сюды.

Не было нічога дзіўнага ў тым, што надвячоркам, калі стала спадаць дзённая ліхаманка, людзей зноў пацягнула да Міканоравага агеньчыка. Пацягнула далёка не ўсіх, багата хто з гаспадароў непахісна прырос да сваіх вазоў, сваіх надзелаў, як нейкіх рубяжоў абароны насцярожана цікаваў здалёк, нібы чакаў варожага нашэсця. Агні, што чырванелі па ўсім балоце, нагадвалі Апейку табары часоў вайны; як калісьці пад Рэчыцаю або пад Мікашэвічамі… Перад боем…

Мабыць, нямала ад каго з тых, што сядзелі ў абароне каля вазоў, сышліся да Міканоравага агеньчыка жонкі. Жанчын якраз i было найбольш між тых, хто акружаў Апейку. Яны трымаліся разам, то гаманілі між сабой, то прыслухоўваліся да таго, што гаварылі мужчыны з начальнікам; найбольш Андрэй Руды, які дабіваўся нейкага "навучнага" падыходу…

– Дак скора ў калякціў нас пагоняць? – уламалася раптам, знарок недалікатна, Сарока.

Апейка заўважыў – на людзях яна як бы выхвалялася сваёй грубаватасцю: глядзіце, маўляў, якая я смелая!

Яна абрэзала Андрэя, абуранага яе некультурнасцю, знарок некультурна паўтарыла:

– Скора?

Апейка спакойна, зморана, з нейкай млявай усмешкай сказаў:

– Не скора.

– Не скора? – Сарока на момант разгубілася: не чакала такога.

Жанчыны захваляваліся.

– Не скора. – У цішыні, гатовай выбухнуць, дадаў: – Саўсім не будуць. Гнаць – не будуць.

– Няўжэ? – выказваючы ўсім мудрасць сваю, не паверыла Сарока. Не тое што не таіла, знарок выстаўляла: не верце ніхто; я не веру, i вы – не верце!

Жанчыны, гатовыя паспакайнець, насцярожана прымоўклі. Глядзелі на Апейку, чакалі.

– Не будзем. Самі прасіцца будзеце, прыйдзе пара!

– Aгe! – насмешліва адгукнулася Сарока.

Яе весела падтрымалі.

– Будзеце! – прарочая ўпэўненасць Апейкі прымусіла прыціхнуць.

– Ды мы шчэ паглядзім: прымаць ці не прымаць! – памог Міканор.

– Цётку Аўдоццю – адставіць трэба зразу! – падаў звонкі голас Хоня. – Штоб папапрасілася!

– А як не будзем прасіцца? – выскачыла наперад Сарокі гарачая Чарнушчыха.

– Папросіцеся! Пабачыце, дзе выгада, – папросіцеся! Кожны ж дабра сабе хоча!

Тут завіраваў нецярплівы, бязладны гоман. Здавалася, ніхто нікога толкам не слухаў, усе гаварылі, часам крычалі, кожны выказваў сваё, перадуманае, гаворанае ўжо не раз, але неадступнае, балючае; сыпала нейкімі прымаўкамі Сарока, аж гарэла Чарнушчыха, круціўся, блазнаваў Зайчык. Апейка i не заікнуўся, каб перабіць галас, рынуцца абараняць, даказваць сваё, смактаў сабе папяросу з газеціны, змораны, абыякавы нібы. Гэта злавала i разам бянтэжыла; гоман то ўскідваўся люта, то ападаў без сілы – неўзабаве i зусім апаў.

Як апошні зык ветру, што прамчаў над лесам, было недавольнае, здзіўленае:

– Нашто ето ў калякціў усіх канешне?

На шчаках Чарнушчыхі палалі два неспакойныя кругі, вочы зырчэлі, дакаралі.

Андрэй Руды памог Апейку, тонам дасведчанага цярпліва растлумачыў:

– Калякціў – ето штоб нужду сялянскую адолець лаўчэй. Рычаг, так сказаць.

– Ты, Андрэй, памаўчы! Самі знаем – што рычаг!.. Не цябе пытаюць!

Апейка выпусціў з рота дым, збіў пальцам з папяросы агарак. Зірнуў спакойна i як бы не разумеючы.

– Дак вам жа, пэўна, гаварылі – нашто?

– Гаварылі-то гаварылі. Ды мы нешта не даўмелі.

– Нешта не можам даўмець!

Бачыў, разумеў: чакалі, спадзяваліся – можа, што новае, не чутае ні ад каго, скажа, мо тайну якую, нікім не паказаную, пакажа. Чакалі – бачыў па вачах, якія сачылі за ім, – хто з надзеяй, хто з недавер’ем, хто непрыхільна, але чакалі не абы-як. Чакалі – як усюды ў гэтыя дні. У другім радзе раптам убачыў дзіўна знаёмы твар; успомніў мігам, пазнаў: той, што сядзеў некалі ў каморцы за маслачкоў, Васіль Дзяцел. У вачах хлопца ці ўжо мужчыны была i надзея i насцярожанасць; насцярожанасць неяк асабліва кідалася, мусіць, адтаго, што пазіраў знаёмы спадылба. "Глядзіць усё так жа…" – прайшло мімаволі ў думках.

– Чаго ж тут не даўмець такога? – нібы здзівіўся, стараючыся прыдумаць, як завязаць далей гаворку.

– Ды от не можам…

Памаўчаў. Было чуваць адно, як гугняць камары. Ламала рукі, спіну – пытанне само папрасілася:

– Умарыліся?

He чакалі гэтага, не зразу быццам i зразумелі.

– Чаго тут. Ведамо… – адгукнулася некалькі галасоў.

Сярод ix, заўважыў, адзін быў Дзятла Васіля. Адзначыў сабе між іншага: глядзіць на яго, як на знаёмага, не адракаецца. "Але давер’я – небагата…"

– І я. Я дык, можна сказаць, зусім… запарыўся… – Варухнуўся, не таіў: жалезная спіна, ліха на яе, балела – як утрываць! Ён з вінаватай, кплівай усмешкай пакруціў галавою, перад усімі прызнаў кволасць сваю: – Запарыўся!..

– Ето я запарыў! – засмяяўся, паспрабаваў падтрымаць Апейку Міканор.

– Стараўся вельмі! – сказаў Дамецік. – He перадыхнуў ні разу!

– Не кажыце няпраўду, дзядзько! І перадыхаў, i рабіў не болей за ўсіх! Работнік проста не дужа!.. І работа – ліха на яе!

– Адвык, факцічаскі, ад сельскаго труда!

– Ето – не ў канцылярыі! – нібы падтрымаў Дзяцел.

– A сабіраўся шчэ на работу наймацца! – без злосці напомніла Сарока.

– Сабіраўся – прызнаю! Было такое! І цяпер не адмаўляюся: от пасплю, акрыяю! І – калі ласка, бярыце! Тсшькі – каб заплацілі добра! І – каб харчы! І тлушчы каб, i мяса!

– Aгe, захацеў! З такімі харчамі я i сама рабіла б днямі i начамі!.. Дый шчэ што ты там зробіш! Mo не так зробіш, як з’ясі!

– Рабіць буду, не шкадуючы спіны! Толькі ж самі знаеце – работа не лёгенькая! Папамахаць касою, устаўшы ні свет ні зара!.. Бо вы ж, мабыць, спаць не дасце!

– Не дам!

Апейка перачакаў смешачкі, загаварыў, нібы i не жартаваў зусім:

– Махаць касой – то ж яшчэ не ўсё. Самі ведаеце. Трэба ж будзе i насілкі цягаць цэлы дзень!

– Ды ў такую гарачыню, не сакрэт!

– Дарагі ты парабак, чалавеча! Дарагая торба – не варта на яе горба! Пакланюся Богу, другога папрашу на падмогу!

– Работа, цётка Сарока, дарагая! Акурат – для горба! Нажыву там ці не нажыву што ў вас дзеткам сваім, а горб, мусіць, будзе!

– Будзе! Не мінеш!

– Сагне ў крук!

– Труднае, факцічаскі, сялянскае дзело! – філасофскі абагуліў Руды.

– Цяжкае. Не шкодзіла б i аблегчыць! – згадзіўся Апейка. Ён раптам адчуў, як спала млявасць зморы, як бярэ запал. Сказаў горача: – Не шкодзіла б! Думаеце, акрамя вас, не баліць гэта нікому?

– А то – баліць?! – кінуў Дзяцел.

– Баліць.

2

У Апейкі была загана, якую ён ведаў у сабе i якую стараўся стрымліваць. Ён вельмі любіў тлумачальныя падрабязныя гутаркі-прамовы. Схільнасць гэтая развілася i разгарнулася ў ім асабліва з той пары, калі яму выпала на долю стаць чырвонаармейскім агітатарам, адным з першых пачынаць новае ў родных мясцінах. Чалавек дапытлівы, адукаваны сваёй цікаўнасцю i газетамі, ён звычайна ахвотна дзяліўся тым, што ведаў, цешыўся той сілаю, якую чуў у сваіх ведах i ўменні дзейнічаць на людзей.

Але i тады, i асабліва пазней, калі стаў валасным i раённым кіраўніком, Апейка ўведаў i тое, што ўсякае слова мае сваю цану, што яно тым даражэй, чым больш у ім вагі. Вялікі жыццёвы вопыт вучыў, што каму-каму, а яго амаль заўсёдным слухачам – сялянам – патрэбна нязменна: канкрэтнасць, дзелавітасць, яснасць.

– Ёсць ужо нямала машын, – дзелавіта сказаў ён. – Добрых машын…

У хісткім чырвоным святле ад агню Апейка стаў расказваць, якія машыны бачыў нядаўна ў Мінску – выпушчаныя для сялян. Вось паказвалі ў рабоце конную касілку: няхітрая нібы рэч, а як легка працаваць на ёй. Кіруй адно ca зручнага сядзення, слухай толькі, як бегаюць, чыкаюць спрытныя зубы-ножыкі, падразаючы траву. A ці не прынада тыя конныя граблі: сядзі адно ды пацягвай сабе ручку, пружыністыя жалезныя граблівілы будуць кідаць ззаду ледзь не цэлыя копы. Касілкі i граблі пакуль што тут не ўсюды можна пусціць, але багата дзе яны могуць рабіць. А малатарня трактарная – пабачылі б: аірамадзіна – як прыпяцкі параход, гумно добрае снапоў змалоціць – не агледзішся! Ну, а машына, што капае бульбу: ёсць i такая – бульбакапалка; гэта дык проста-такі цуд, іншага не скажаш!..

– Цуд-то цуд! Ды грошай – пуд! – першая вярнула людзей на зямлю Сарока.

Апейку зноў кінулася на ўвагу: Дзяцел, у вачах якога толькі што праз недавер’е прабівалася захапленне, кіўнуў згодна – правільна кажа!

– Пуд – не пуд, а сёе-тое каштуе! – Апейка не спрачаўся. – Адзін бядняк не купіць!

– Ну, от, от! Я ж i кажу! – Дзяцел цяпер не кіўнуў – вачыма, якія неяк павастрэлі, чакаў, пільнаваў: што будзе далей.

– У тым i фокус: адзін не разгонішся!..

– А нашто вам адной такія машыны! – перабіў Міканора, здзіўлена зірнуў на Сароку Апейка. – Каторым з ix сяла цэлага – небагата!

– Усё – калякціў, калякціў! – прарэзліва, са злосцю i адчаем уварвалася Куліна Чарнушкава.

Умомант цішыні, увагі як i не было. Зноў гаманілі запалена, без ладу, даказвалі Апейку, Міканору, Хоню, адзін аднаму: "Які калякціў, калі адзін – адно, а другі – нібыто – другое!" – "Ето ж калі б усе адно цягнулі!" – "Адзін спіць, другі – у носе круціць пальцам, а ты – перарывайся!.." – "Землю аддай, гаспадарку!.." – уплёў у гоман сваё Дзяцел – набалелае, нібы злоснае.

– Гаспадарка там у катораго! – плюнуў з абурэннем Міканор, ледзь апаў гоман. – Палоска – як лапцем стаць! Конь – здыхляціна! А дрыжым, крычым! Бы палацы прападаюць!

– Здыхляціна не здыхляціна, а свая! – Дзяцел, бы яго абразілі, i не першы раз, здавалася, гатоў быў схапіць Міканора загрудкі.

Людскі гоман ухваліў Дзятла.

Апейка падтрымаў разважна, не Міканора – Дзятла, іншых:

– Багатаму жаль карабля, а беднаму – кашаля!

– От, праўда! – заківалі, загаманілі вакол агню.

Дзяцел упяў у Апейку няцямны гарачы позірк, апаў гневам, пасвятлеў.

Апейка перачакаў шум ухвалы, памаўчаў, чуючы |зноў на сабе агульную ўвагу. Як бы падумаў:

– A толькі i за кашэль трымацца лішне не трэба! Калi, скажам, карабель выменяць можна!

– Дак калі б жа знаць добра!

– Або выгадает, або без нічого астанешся!

– І кашаля не будзе! – дакладна выказаў трывогу Васіль.

– Не прагадаеце! – спакойная ўпэўненасць яго, заўважыў Апейка, багата каш бянтэжыла. – От я казаў ужо – машыны. Гэта – адно. Тут усё ясна: палучыце крэдыт, возьмеце машыны… Другое – зямля. Якая яна ў вас, не вам казаць: балота ды пясочак найбольш… – Ніхто словам не запярэчыў – той кіўнуў сумна, згодна, той уздыхнуу. – Ураджай, самі знаеце – ураджай на зямлі нашай – вядомы! Бывае, i таго не сабярэш, што кінеш у зямельку такую… А яна ж i не такая безнадзейная, i ад яе дабіцца можна нечага. Калі падступіцца як трэба. Да зямлі таксама – самі знаеце – падыход трэба умелы! Трэба ўгнаенне! Багата i рознага ўгнаення… Знаеце, сколькі палучаюць ужо на такой зямлі ў калгасах?..

Людзі верылі i не верылі, але слухалі так, што забывалі i пра ўтому, i пра камароў, i пра ноч, хуткі час мёртвага сну. Цемра то насядала на самае вогнішча, то адскоквала так, што відно было блізка нерухомае, бы зачараванае, галлё дуба. З цемры выпаўз нечы конь, стаў, выцягнуўшы храпу, глядзеў на агонь, як бы таксама слухаў. Васіль, i не адзін ён, дзіву даваўся, адкуль столькі ведаў юравіцкі госць: i колькі дзе зямля родзіць, не толькі ў нас, a i на Украіне, i ў нейкай Галандыі, i чаго недастае глебе; i якія багацці тояцца ў гіблым гэтым балоце, з якога пакуль адна толькі "карысць" – камары ды хвароба малярыя! Нібы свет цэлы сышоўся сюды, к Дамецікаваму агню: сотні калгасаў былі навакол, тысячы людзей нібы стаялі, глядзелі на ix, чакалі ix адвагі, звалі за сабою. Як бы падышлі сюды, к Мокуці, к агню, i добра знаёмыя Юравічы, i не такі знаёмы, далекаваты быццам Мазыр, i ўжо зусім загадкавыя, толькі часам чутныя ў гаворках дасведчаных людзей Харкаў, Растоў, Чалябінск. Па ўсёй краіне стараліся для сялян, для калгасаў заводы, рабілі трактары, малагарні, веялкі, рыхтавалі ўгнаенне. І ўсюды, у кожным сяле, па ўсёй зямлі шырокай, людзі трывожыліся, думалі пра калгасы; абагульнялі скаціну, маёмасць, злучалі ў вялікія палі цесныя палоскі, пераворвалі межы. Разам ішлі ваяваць з векавечнай сялянскай бядою…

– Толькі ў арцелі, у вялікай, на ўсё сяло, сямЧ – ратунак. Толькі так збудзем злыбеду – нішчымніцу i галечу. Даб’ёмся такога, што будзе хлеб на стале – i да хлеба будзе! І самі i дзеці адзенемся як людзі. Лягчэй рабіць станем… Іначай не выб’емся! Толькі так: разам усе. Арцеллю.

Апейка снасцярожліва, з-пад броў зірнуў на аднаго, другога – людзі яшчэ нібы слухалі. Нібы чакалі яшчэ чагосьці. Позірк сустрэўся зноў з Васілём: той нелагодна адвёў вочы.

Міканор першы адгукнуўся:

– Адным словам, абстаноўка ясная. Народ па ўсяму Савецкаму Саюзу пайшоў у калгасы. Значыцца, i нам, куранёўцам, пара па таму ж маршруту!

– Aгe! Зразу! – крыкнула Сарока насмешліва.

Андрэй Руды з важным выглядам, павучальна запярэчыў Міканору:

– Ето не так просто: усю Расію, факцічаскі, на новыя рэйкі пераставіць!..

– Расію-то пераставяць! – звонка заявіў Хоня. – От ці Курані павярнуць удасца – ето няясно!

– Няма тут нічого смешнаго! – зазначыў яму Васіль.

– Увесь народ рушыў, зразумеў, дзе яго ратунак, – ірваўся ў бой Міканор. – А мы бачыць нічога не хочам! Не хочам, хаця кажнаму, i сляпому, відно, дзе ўся выгада!..

Апейка адчуў: цішыня зрабілася насцярожанаю. Людзі неспакойна заварушыліся, хавалі позіркі, мужчыны сталі мацней дыміць папяросамі. Васіль Дзяцел хмурна кусаў травінку, унураны, непадступны.

Адганяючы неспакой, як бы стараючыся зноў вярнуцца на вышыню адукаванага, перадавога чалавека, Андрэй Руды філасофскі згадаў:

– Ето шчэ Карл Маркс вучыў: пралетарам няма чаго цяраць, а набудуць яны цэлы свет…

– Карп! Карп той – адно, а тут – другое! – прарвала Сароку.

Рудому не далі выкрыць неадукаванасць Сарокі: завіравала зноў гамонка.

– Дак i ідзі! Набувай! А мы пасядзім, паглядзім, як яно! – вылучыў Апейка нацяты Васілёў голас.

– Ну i – сядзі! А за другіх не кажы! – напаў, нібы загадаў яму, Міканор.

– А я за сябе! – не паддаўся Васіль. – Кожны сам знае!

"Моцны арашок!" – мімаволі падумаў Апейка, бачачы, якой упартасцю гараць Васілёвы вочы.

Калі выгаварыліся, Міканор зноў кінуўся ў атаку – заклікаць не адрывацца ад усяго народа, арганізаваць калгас у Куранях, але яго ўжо амаль не слухалі. Тыя, што былі ззаду, пачалі ціха i хутка хавацца ў цемры, разыходзіцца. Нібыта-Ігнат перабіў Міканора, нагадаў, што час позні, Сарока дадала, што пра такую важную справу цяпер i гаварыць няма чаго; ix дружна падтрымалі, i Міканору, бачылі ўсе, не было нічога іншага, як сесці ні з чым. Але ён не сеў, няўвага людская яго не толькі не астудзіла, a запаліла больш; адужваючы гоман, наперакор тым, што хацелі так сабе разысціся, урэзаў:

– Дак я заяўляю, што хваціць ужэ нам стаяць убаку Штоб з сягонняшняга дня калгас буў i ў Куранях! І хто сягоння гатоў уступіць – няхай тут астанецца i запішацца! А хто не хоча, хто, – Міканораў запал прагнуў нейкіх асаблівых, моцных слоў,– хто проціў народа i мерапрыемстваў савецкай улады – можа ісці дадому, спаць!..

Ён тут жа сам адчуў, што перагнуў, пагарачыўся лішне, але не паказаў нікому гэтага. Усе маглі бачыць: ён сказаў тое, што трэба, i якраз так, як трэба. Гэтых людзей праб’еш хіба інакш – далікатнымі гарадскімі слоўцамі!

Але людзей не прабіла i Міканорава прамова: не зважаючы на тое, што ў яго словах ды i ў самой яго постаці была яўная пагроза, большасць з тых, што сядзелі яшчэ вакол, сталі дружна разыходзіцца, як бы атрымалі адно дазвол.

Надзеў кепку Андрэй Руды, але не ўтрываў, пад шумок некалькіх куранёўцаў зазначыў Міканору, што пагражаць народу – "факцічаскі" няправільна; Міканор заўважыў між ix ціхага, давольнага Андрэевай заўвагай старога Глушака, узлаваўся:

– Дзядзько, хваціць ужэ вашай балбатні! Або пішыцеся з намі, або ідзіце з дарогі!

– Я-то пайду. Але его, так сказаць, не па-бальшавіцкаму!

Андрэй хутка, але хадою пераможцы падаўся за дзядзькамі. Ужо ў цемры ён зноў загаварыў да дзядзькоў, ды Міканор не змог разабраць нічога: Сарока яшчэ раз хацела ўпэўніцца ад Апейкі, што заганяць у калгасы не будуць. За Сарокай сышоў у цемру i Васіль, які сачыў за ўсім трохі зводцалі, недаверлівы, пільны.

Урэшце асталіся каля агніо шэсць гаспадароў: Хоня, Алёша, Зайчык, Грыбок, Міканораў бацька, Хведар крывы ды некалькі цікаўных жанок; між ix асабліва ўпадала ў вочы нейкая ўрачыстая i вінаватая Зайчыха з малым на руках. Міканорава матка глядзела з вечнай трывогай, i спакойная пастава сястры, Хведаравай жонкі, Міканору была як уцеха.

Спачатку больш маўчалі. Было нешта новае ў тым, што чулі адзін да аднаго, была нейкая дзіўная, нязвычная паразумеласць, блізкасць. Было штосьці адзін да аднаго такое, быццам яны сваякі ўжо, браты i сестры быццам. Гэтая блізкасць чулася мацней адтаго, што з вясёлымі надзеямі лез у думкі, у душу клопат, які ў некаторых станавіўся проста-такі трывожнасцю: а як яно там будзе пазней, што выйдзе з усяго гэтага, якое пачынаецца тут парнай, душнай гэтай ноччу. Недарэмна такі задуменны сядзеў крывы Хведар, ашчаперыўшы выслізганую мыліцу, недарэмна так сціснуты былі бяскроўныя губы ў Зайчыхі. Ды i Зайчык быў не такі вясёлы, як хацеў здавацца.

Не аднаму чулася цвярозае: ix, якія тут асталіся, як сваякі, было вельмі ж мала, на пальцах адной рукі палічыць, – ледзь не ўсё сяло было не каля агню, не з імі. Калі Міканора асабліва тачыла тое, што столькі людзей не слухалася яго, як бы не верыла яго шчырасці, то Зайчыху i Дамеціху, самога Дамеціка трывожыла, што з тых, якія нібы сачылі з цемры цяпер, не ўсе глядзелі зычліва, нават – не з простай суседскай цікаўнасцю. Былі там i такія, ведалі яны, хто кляў нема, хто скакаў бы з радасці, каб ix перуном спапяліла, каб ветрам развеяла, як заразу.

– Небагата, – нібы падумаў Апейка, абводзячы ўсіх такімі вачыма, як бы хацеў пабачыць, хто чаго тут варты.

– З нашым народам хіба зробіш што! – не стаў таіць Міканор расчаравання i нават злосці.– Гаворыш – усё адно як не людзям жывым, а пням у лесе! Дый пні, здаецца, угаварыць ужэ можна було б!

– Ето праўда, – падтрымаў ахвоча Зайчык. – Сем разоў напужаюцца, перад тым як асмеляцца!

– Бо й не так сабе ето! – Міканорава маці не ўхваліла Зайчыкавай весялосці.– Не абы-што. Пабурыць усё зразу, ды шчэ самому. Сваёй згодай…

– Нічога, – як бы давольны ўсім, як бы іншага i чакаць не было чаго, сказаў Апейка. – На адзін вечар, можа быць, i нямала! – Ён павёў вачыма на Міканора, яшчэ на аднаго, двух, усміхнуўся. – І важна – не адно, колькі салдат, a i якія! Якасць важна, от што! Тут жа – цвёрдыя, надзейныя кожны!

– Надзейныя! – падтрымаў Хоня. – Кожны дзесяці годны!

Кульгавы Хведар, што абдымаў усё сваю мыліцу, адгукнуўся:

– Ето усё адно як разведка.

– Не мало, ей-бо, не мало! – выскачыў Зайчык. – Уся хітрасць, браточкі, як лічыць! Калі толькі гаспадароў, то i праўда – не густо! A калі ўсіх – з дзецьмі,– то з маімі ды Хоневымі – паўсяла, не меней, будзе!

Хоня зарагатаў:

– Ето праўда! Будзе!

– Хваціць ужэ, – спыніў усмешкі Міканор, з твару якога не сыходзіла клопатнасць. – Не ранні час. Уставаць скора трэба будзе… Пра дзело давайце падумаем. З чаго i як пачынаць будзем… Зразу ж, не сакрэт, абагульняць скаціну i інвентар трэба: дак куды зводзіць i ставіць усё будзем, трэба рашыць… Трэба выбраць лепшыя хлявы для кароў i коней i павеці для калёс… Я тут падумаў ужэ, намеціў, дак давайце памяркуем, пастановім…

– А як з курамі, не сказано! – перабіла яго раптам Грыбчыха. – Курэй аставіць трэба!

– І курэй, як i ўсякую жыўнасць, будзем абагульняць, – спакойна, цвёрда заявіў Міканор; але вярнуцца да ранейшай гаворкі яму не ўдалося ўжо – выбухнуў бязладны i гарачы жаночы гоман.

У гоман гэты ўчапілася i некалькі мужчын.

Гоман сціх толькі тады, калі Апейка сказаў, што з курамі пакуль што пачакаць можна. Міканор намерыўся далікатна запярэчыць Апейку, пасарамаціць жанок за адсталасць, як Грыбчыха, распаленая гамонкаю, крыкнула:

– І калі ето будзе, тое ўсё абагульненне? Кажа, як усё адно заўтра хоча рабіць!

– Заўтра i зробім! A калі ж? – Міканор сказаў так, як гавораць на неразумную заўвагу.

Але Грыбчыха нібы толькі гэтага i чакала:

– Заўтра! Як жа ж ты пачнеш, калі ўсе ў балоце! Калi гаспадарка ў сяле – чорт ведае дзе!

– Aгe, не ехаць жа ў сяло, кінуўшы ўсё тут! – падтрымаў жонку Грыбок.

– Трэба, пакуль пагода, ухапіць, – неспадзявана згадзіўся з імі Алёша, што амаль увесь час маўчаў.– Як там яно будзе далей – Бог ведае, а пагоду трэба ўхаліць.

– Дак што ж – калгас адкласці?!

Алёша не глядзеў на Міканора, корпаў сукам чорную зямлю. Міканор аж кіпеў ад такой здрады, але Алёша сказаў упарта:

– Няма калі цяпер. Пагоду ўхапіць трэба.

– Дак ето ж, можно лічыць, i не адклад, – як бы хацеў прымірыцца Грыбок. – Згаварыліся ж разам буць. Упісаліся. І не выпісуваемся!.. Толькі што – пара такая!

– Ухапіць трэба. Пакуль не позно.

– Пакасіць, пажаць! Як е! Па аднаму! – Грыбчыха крыкнула так, што ўсе пачулі: хай хоць што – не пераменіцца.

– A малаціць ужэ разам… – асцярожна памог ёй Грыбок. – Малаціць – там не гарыць так.

– Дак ето значыць – зноў як аднаасобнікі?! – Міканор не таіў абурэння. Чуў за ўсім гэтым не так клопат пра пагоду, як хітрасць, кажучы па-ваеннаму – манеўр: пасядзець яшчэ, паглядзець, што будзе з усяго.

Апейка заступіўся за яго, спакойна, мірна стаў даводзіць, што адкладваць надоўга неразумна, што трэба новы будынак ладзіць хутчэй, не адкладваючы. Але ці то адтаго, што гаварыў ён так, нібы i сам не цвёрда верыў, што спяшацца трэба, ці то ад людской упартасці – i яго не паслухаліся.

– Можно памагці таму, каму вельмі трудно будзе, – як бы павінаваціўся перад Апейкам i Міканорам Алёша. – Усё адно – што ў арцелі.

– Такі праўда, мабуць: абагульненне лепей – калі сажнем! – разважліва, ціха сказала Вольга, Міканорава сястра. – Кеб з толкам, кеб зладзіць як трэба. То ж не так просто знайсці тут, хто тых кароў ды курэй даглядаць будзе! A сколькі ўсяго другога – калі людзям дыхнуць няма як!..

– І калгасаўскім коням, дзетачкі, сена трэба будзе даваць! – уставіў Зайчык, які найбольш сачыў – не ведаў, да каго лепш далучыцца. Ён гатоў быў далучыцца да Міканора, але баяўся, каб не падумалі, што ён шукае адну сваю выгаду.

– Міканор, людзі кажуць праўду! – раптам проста i весела рассек вузел Хоня. – Абагульняць трэба, калі палягчэе трохі! Паспеем! Усё толькі пачынаецца!

– Усе ўжэ даўно пачалі – у другіх сёлах!

– І мы, бачыш жа, пачалі. Запішы ўсіх, што, значыць, – уступілі. Што – калгаснікі. Што – калгас пачаўся.

– Дак ето ж як абман.

– Ніякаго абману няма. Дагаварыліся. Пастанавілі. Падпісацца можам. І памагаць адзін аднаму будзем, як усе адно калгаснікі.

– Памагаць – трэба! – не ўтрывала Зайчыха.

– Будзем памагаць i сена касіць, i жаць. А малаціць будзем ужэ i саўсім разам!

– Разам, – пайшоў услед ухвальны i, можна сказаць, дружны гоман.

Міканорава расчараванне адтаго, што мара пра калгас, нават такі, нават з гэтай купкі людзей, зноў нібы не спраўджвалася, адступала да восені, трохі памякчэла, калі ўсе прыязна, дружна выбралі яго за старшыню арцелі. Гэта падзея, акрамя таго, што цешыла яго гонар, яшчэ як бы гаварыла, што калгас які ён ні ёсць, а пачынае жыць. Прытрымліваючы раптоўную ўцеху, з годнасцю абранага кіраўніка новай гаспадаркі, з відным усім разуменнем не абы-якой адказнасці, нованароджаны старшыня арцелі папрасіў старшыню райвыканкома, каб паклапаціліся прыслаць у час землеўпарадчыка, каб нарэзалі адзін зямельны масіў…

Стары Дамецік з гонарам сачыў за кожным словам сына. Дамеціха ж, слухаючы ўсё, ціха, нясмела ўздыхала. Калі ўсё скончылася, залезла пад воз, доўга, трывожна хрысцілася…


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю