355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Подых навальніцы » Текст книги (страница 5)
Подых навальніцы
  • Текст добавлен: 20 сентября 2016, 16:05

Текст книги "Подых навальніцы"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 38 страниц)

3

У гэтыя дні апанавала Хадоську яшчэ мацней набожнасць. Чуючы сябе адзінокай у бядзе, трывожачыся перад невядомым, якое ўсё больш палохала думкамі пра Курані, з нязнаным яшчэ палам пацягнулася яна к Богу. Неба ёй было не проста неба, жыццё не проста жыццё; усюды быў Бог, ва ўсім быў Бог – пра што ні думала, ва ўсім згадвала Бога, малілася Яму. Адданасць Богу яе даходзіла трохі не да вар’яцтва.

Але як ні малілася, як ні адцавалася божай літасці i справядлівасці, як ні хацела верыць, што ўсясільны i справядлівы заступіцца, аберажэ, трывога ад думак пра заўтрашні дзень свой не толькі не адыходзіла, a напаўзала ўсё важчэй, усё чарней. Чым бліжэй чулася сустрэча з Куранямі, тым больш расла трывога: знаёмыя змалку агароды, двары, узболаткі не вабілі, a гразіліся. Сустрэча з Куранямі здавалася цяпер сустрэчай з бядою, з Яўхімам, з крыўднымі плёткамі, якія непакоілі яе, можа, больш за ўсё. Яна – нібы ўвачавідкі – бачыла, як будуць глядзець на яе, калі яна паедзе куранёўскай вуліцай; ад адной думкі пра гэтыя позіркі ёй, у бальнічнай баковачцы, рабілася так нядобра, што яна заплюшчвала вочы: не вяртацца б туды ніколі, не бачыць нікога!

Матцы i бацьку не заўсёды выпадала наведаць дачку: i дарога няблізкая, i дома клопату – не перадыхнуць, часта прасілі наведацца ў бальніцу, перадаць гасцінчык суседзяў, што ехалі ў Юравічы; Хадоська рэдка ўставала з ложка для бацькоўскіх пасланцоў, з-за фіранкі потым бачыла, як яны ехалі дадому. Так бачыла крывога Грыбка, старую Дамеціху з Міканорам, лесніка Міцю; выйшла ў калідор толькі, калі прыехала Пракопава Маня, гаварышка. Маня як бы вельмі ўзрадавалася Хадосьцы, але Хадоська стаяла чужаватая, насцярожаная, ураз прыкмеціла, што глядзіць Маня на яе не абыяк, не так, як некалі. Нібы здалёк чула Хадоська, што Маня гаварыла пра вячоркі, пра тое, хто да каго заляцаецца, хто з кім сп’яна пабіўся. Гаварыла i ўсё разглядала Хадоську круглымі, бляклымі, бы цялячымі, вачыма, каб потым, мусіць, расказаць на вячорках як мае быць; Хадоська ж чакала адно, калі яна змоўкне, калі здагадаецца пайсці: ні сама яна, ні яе навіны Хадоську не цікавілі. Але Маня i потым, калі гаварыць ужо не было чаго, стаяла, маўчала, льшала цялячымі вачыма, пакуль Хадоська не падалася першая ў сваю бакоўку. Пасля гэтай сустрэчы яшчэ цвярдзей думала Хадоська не вяртацца ў Курані, паехаць хоць куды, толькі б не сустракацца з бядой сваёй, з Яўхімам, са страхам.

Не першы раз шкадавала, што сваякі ўсе ці ў Куранях, ці ў сёлах поблізу. Як ні разважала, усё выходзіла: сама лепш, пэўна, тут, у Юравічах, астацца: мястэчка вялікае, i куток пад страхою, i работы – абы ахвота была; яшчэ раней дазналася. У гэты вечар зноў гаманіла з местачковымі: ляжала Хадоська цяпер у вялікім пакоі, побач было багата юравіцкіх – i хату, i працу, можна сказаць, знайшла…

З нецярплівасцю, з дзелавітай заклапочанасцю выглядвала ў акно бацькавы сані, узрадавалася, замітусілася, калі убачыла знаёмага рудога коніка. Але калі матка i бацька ўвайшлі ў калідор, адкрыць жаданне сваё не зразу наважылася.

– Ой, мамко, што я вам скажу? – знарок весела, бы лашчачыся, прытулілася Хадоська да маткі, калі старыя сабраліся ўжо ехаць дадому.

– Што ж ты скажаш? – Матка гладзіла па галаве, чакала: скажа якую-небудзь дробязь.

– Толькі вы не абіжайцеся, – ужо без усмешачкі, папярэджваючы, папрасіла Хадоська. – Добра?

– Чаго ето? Што ты ўдумала?

– Удумала! Толькі я добра разважыла ўсё, мамо! Не думайце, што ето – вецер у галаве!.. Не будзеце?

– Дак ты скажы наперад… Ну, не буду!..

Хадоська раптам як бы забаялася зноў. Яна памаўчала; сабраўшы сілу, не гледзячы на матку, выціснула амаль з адчаем, адным дыхам:

– Мамо, я хачу тут астацца. У Юравічах…

Хадоська, хоць i не глядзела на маці, бачыла: матка зірнула на яе, не разумеючы:

– Чаго ето?

– Жыць тут, мамо. Рабіць буду…

Маці маўчала момант, зноў зірнула на дачку, потым на чалавека свайго, нібы сама не магла зразумець.

– От удумала! – прамовіла, як бы не верачы. – Удумала!

– Я даўно ужо ето, мамо…

– Удумала! – не хацела слухаць матка. – Ето ж трэба! Дадумацца да такога!

– Мамо, усё адно – пара ўжэ мне. Не век жа пры вас…

– Цесно табе, пагано табе пры матцы ды бацьку було?

– Не цесно i не пагано, мамо. A толькі… Не хочу я туды, мамо!..

Матка не адразу знай шла, што сказаць. Ледзь стрымалася, каб схаваць жаль аб дачцэ.

Бацька пакруціў у руках пугаўё, прамовіў:

– Матка – нібыто – праўду кажа.

– A ці ж няпраўду! За бацькам, за маткай калі – якому дзіцяці пагано було? Якое ето – розум маючы – бацькі, маткі цурацца будзе?..

– Дак хіба ж, мамо, я цурацца хочу!..

– А не хочаш, дак i добра! – Матка не дала дачцэ гаварыць: – За маткай, за бацькам заўсягды добра! Толькі – кеб хутчэй дадому, прасіся! Скажы: i так заждаліся, збалеліся душою! Наездзіліся, даждацца не можам: калі ўжэ прывязем саўсім! Брацікі, сястрычкі ждуць не даждуцца!.. А ето, глупство ўсякае, выкінь! Не думай нічого попусту!

І, паказваючы, што гаварыць больш няма чаш, маці прытуліла Хадосьчыну галаву, пацалавала. Хутчэй адвярнулася, пайшла з бальніцы. Бацька пашаргаў мокрым! валёнкамі ўслед.

На другі дзень санітарка сказала Хадосьцы, што прыйшлі нейкія два хлопцы, просяць, каб выйшла. Хадоська, што ляжала на ложку, толькі нахмурыла вочы, недавольна падтуліла губкі; хтосьці з жанок памог:

– Перадайце, што хворая, што не можа выйсці…

Жанчына ў халаце з мокрымі гілямамі i з мокрымі чырвонымі рукамі – мыла, мусіць, штосьці – пастаяла, здзіўлена паглядзела на Хадоську, нібы чакала, што тая перадумае, неахвотна адчыніла дзверы. Тады пачулася гаворка з калідора: хтосьці голасна, можа, знарок, каб чулі ў палаце, гразіўся, што, "калі яна не выйдзе", – уломіцца проста ў пакой! "Так i заявіце!.." наказаў голас весела, як бы са смехам.

– От его – кавалер! – пахвалілі ў палаце. – Прыйдзецца ўстаць!

– Бо – i праўда ўломіцца! Зух, відно!..

– А то, можа, я за яе пакажуся?.. А, пабаялася!..

Пад рогат жанок Хадоська хуценька перапляла, завязала косы, паправіла халат: гэты баламут – Хоня – i праўда можа ўламацца, не адстане! Санітарка, выціраючы рукі, весела, з ухвалай прапусціла яе паўз сябе.

– Ты што ж ето – прызнаваць не хочаш? – зарагатаў Хоня, падаў Хадосьцы халодную, цвёрдую руку.

За ім паціснуў руку з зухаватым выглядам Алёша Губаты, пакпіў у тон Хоню:

– Задаецца! Куранёўскія лапці, думае!

– Скажаце!

– А можа, не? Трэці раз – як прыеду чаго ў Юравічы – заходжу – усё хворая ды хворая! Не можа выйсці! Не пазволено беспакоіць! Як якая юравіцкая барыня!.. Я ето ўжэ i матку папытаў: што ето, кажу, Хадоська ваша ўсё хворая? Дабіцца ніяк няможно да яе! А яна кажа: пагано, мабуць, дабіваўся!.. – Хоня зарагатаў.– Дак я i рашыў папробуваць: дабіцца добра!

– І дабіўся! – пахваліў Алёша.

– A няўжэ ж!.. – Хоня з захапленнем акінуў вачыма Хадосьчыну постаць. – Дак ты ж – ей-бо – хоць на выстаўку! Чым ето вас тут кормяць? Булкамі, мабуць, аднымі? Тó-та ляжыш сабе – i анігадкі! Не ляціш вельмі дадому!

– Я i сам адеюль не рваўся б дадому! – Алёша заверашчаў носам.

– А я б не ўседзеў тут доўго! Харчы – харчамі, а пахне ж неяк не па-людску! – Хоня смешна прынюхаўся. – Лекамі нейкімі, ці што? – Ён раптам, з вясёлай бесцырымоннасцю, папракнуў: – Доўго шчэ ты валяцца тут будзеш?

– Скоро ўжэ…

– Хваціць, скажы! А то – просто выглядаць цябе надаело! Ей-бо!.. Еду паўз хату тваю, гляджу: можа, ужэ паявілася?! На вячоркі іду, можа, ужэ i яна тут, думаю! Няма i няма! Я там з нуды сохну, а яна тут вылежваецца!

Хоня глядзеў з такім абурэннем, што Хадосьчыны губы задрыжалі ад смеху. Так, для прыліку, сказала недаверліва:

– Сохнеш. Яно i відно…

– А не сохну? От няхай Алёша скажа, калі я брашу! Прыйду на вячоркі, сяду, ушчыкнуць нікого не хочацца! От, Алёша не дасць збрахаць: шчыкаў я каго-небудзь?

– Дзевак – не, а пра Сароку – не знаю. Гаранцію на ету не даю!

– Пасяджу, падрамлю – i дадому. Цяпер чуць не кожын вечар Алёша рэжа на гармоніку. Дак i скакаць, як скажы ты, развучыўся! Усё от думаю: кеб Хадоська була, кеб з Канапляначкаю – полечку ці кадрыліцу на васемнаццаць кален!

Гаварыў, гаварыў, рагатаў Хоня – i загаварыў Хадоську. Схамянулася толькі тады, калі з мястэчка вярнуўся галоўны доктар, яшчэ чырванейшы з марозу, стаў строга аглядваць Алёшу i Хоню. Але i калі ляжала зноў на ложку, доўга цешылася ўпотай смехам, перабіраючы ўсё, што казаў Хоня. Да самай ночы весела згадвала вячоркі, дзяўчат, куранёўскія паляны, хадзіла, гаманіла лёгка, жвава; a ў поўнач, бяссонная, стомленая, раптам зноў забілася плачам, такім горным, што ледзь магла ўтрымаць стогн…

Ехала з бальніцы познім сакавіцкім днём. Сонца то прарывалася праз нізкія хмары, то прападала; здавалася, што вось-вось пачне сцябаць дождж ці мокры снег, але ні дажджу, ні снегу не было, сцябаў адно халодны вецер. Стылі ногі i рукі, a ca стрэх капала, i снег пад палазамі рыпеў мокра, паныла. Не хацелася ні аб чым думаць, нічога чуць. Бацька ў Юравічах заехаў да драўлянай крамкі, вынес нейкія дзве скрынкі – Нохім прасіў прывезці; пакуль давезлі, пакуль пастаялі каля Нохімавага плота, добра звечарэла. Цераз грэблю паўз чорную цагельню цягліся ўжо ў мокрай цемры. Хадоська не бачыла, калі зажаўцелі наперадзе рэдкія агні, зачарнела купа хат. Не варухнулася, не зірнула нават. Бы не было доўгай ростані.

Сярод вуліцы здрыганулася з неспадзеўкі: цішыню працяў злы брэх глушакоўскіх сабак. Кальнуў вочы агонь з іхняй хаты.

4

У тую вясну ні разу не пабачылі Хадоську ні на іфышчах, ні на вячорках. Ніхто за ўсё лета не чуў яе галаска ў дзявочых гуртах: як ні прасілі, ні разу не ирыйшла, не заспявала. І смяяліся, i спявалі Хадосьчыны таварышкі без Хадоські. Толькі i бачылі цяпер куранёўцы Хадоську на сенажаці, на полі – загарэлую, ціхую, упартую ў працы, з брацікамі i сястрычкамі сваімі, з бацькамі. Не змянілася яна нічым i ўвосень i ўзіму; жыла адзінока, як у лесе. Заходзіў быў у хату да яе Хоня, раз ці два – Міканор, але, бачылі ўсе, адступіліся скора: не зладзілася з Хадоськаю ў хлопцаў. Хадоська, казалі, нібыта гаварыць не захацела: маўчыць, маўчыць усё, быццам толькі i чакае, калі астанецца адна, – нецікава зусім з ею. Праўда, друпя жанкі казалі, што яна i не маўчыць пры хлопцах, што рада, каб хадзілі; сама нібы запрашала, але каму з хлопцаў цікава быць з такою? Тут часта пачыналіся спрэчкі: адны даказвалі, што бяда – бядою, што Хадоська цяпер – нават лепшая, паразумнела, не тое што якая другая дурніца ці сама яна ранен; друпя судзілі – сама вінавата, дык няхай i бядуе сама i на хлопцаў не спадзяецца вельмі…

Сярод гаворак пра Хадоську былі такія, што i Хоня, i Міканор Хадосьцы – пустое, што – пра гэта асабліва горача даводзіла Сарока – Хадоська, як i раней, любіць, чакае не дачакаецца аднаго Яўхіма. Сарока клялася, што хто-хто, а яна ведае гэта, як сама сябе; што ад таго, што так любіць Яўхіма, Хадоська i глядзець на Ганну не хоча, хоць – яшчэ нядаўна ж зусім – таварышавала!..

Гаварылі пра Хадоську багата, самае рознае: ніхто толкам не ведаў, што там у душы такой затоенай, такой не падобнай на тую, якой прывыклі бачыць раней, дзяўчыны. Былі сярод жаночых здагадак i блізкія да праўды, былі i дапёкія, але, мусіць, ніхто так далека не быў ад ісціны, як здагадлівая Сарока. У тым, што збераглося ў Хадосьчыным сэрцы пасля бальніцы, што хвалявала яе, Яўхім ужо амаль нічога не значыў: не было ў Хадоські не толькі якога-небудзь, хоць бы хворага, кахання, не было нібы i нянавісці. Усё, што было да Яўхіма, неяк скамянела ў ёй: як на камені, нішто не жьшо. Яна сама здзівілася, як – здалося ёй – спакойна, абыякава ўбачыла раптам яго на вуліцы; прайшла міма так, быццам i не ведала ніколі…

Згарэла, скамянела i яе дружба з Ганнаю: Ганна была цяпер для яе тым жа, што i Яўхім. Нават калі да Хадоські ў жаночых гамонках сталі даходзіць чуткі, што Ганне нясоладка з Карчамі, ацвярдзелая непрыхільнасць да былой таварышкі не памякчэла; i злараднасці не зазнала Хадоська спачатку.

У тое лета Хадоська як бы нанава пачула спеў жаваранка: цёплым, салодкім болем адгукалася ў ёй даўняя, такая звычайная калісьці песня. Як бы нанава убачыла Хадоська павітуху на белай зямлі, пачула шорхат спелага жыта, жывую цеплыню сцяблоў, што клала на перавясла. Ціхая, але харошая радасць поўніла яе, кал і, змораная, з абпаленымі сонцам рукамі, паколатымі нагамі ляжала пад бабкаю, слухала, як звініць, спявае гарачая зямля.

Свет быў поўны гукаў, поўны свайго, нябачнага раней жыцця. Ён жыў увесь час, дзівосна багаты i розны, з няўціхнай песняй: празрыстай, звонкай – ранкам, гарачай, прытомленай – днём, ціхай, думнай – увечары. Слухаючы, жывучы ў ім, Хадоська нібы пераставала бачыць усё збоку, нібы злівалася з ім, станавілася роднай часцінкай усяго. Станавілася нібы – чулася самой – то сінім небам, бо белым воблакам: лёгкая, бы пушынка з таполі, плыла ў высознай высі, не бачачы, не знаючы зямлі; то нібы сама рабілася коласам, што зморана шархацеў над сухою зямлёй, то – травою, што поўніла росным халадком лясныя прыцемкі, салодкай млявасцю – сонечныя паляны. У такія хвіліны ёй было так хораша, што хацелася плакаць, што сама сабой прасілася з грудзей малітва – хвала Богу. Вельмі часта ў такія хвіліны, праўда, браўся аднекуль незразумелы, тупы боль, ныў i шчымеў з нейкай гаркатою; але ён не мог адолець замілаванасці, рабіў яе адно вастрэйшай, чутнейшай.

З поля, з лесу Хадоська вяргалася тады не адна – з кветкамі, якія потым стаялі ў гладышцы на акне. Яны i ў хаце пахлі полем, лесам, поўнілі хату хараством узлескаў i вольнага прастору. Але ў ix паху скора чула Хадоська смутак смерці – хоць даглядала ix, мяняла ваду, кветкі гінулі. Ёй шкода было ix: былі яны Хадосьцы як жывыя, са сваёй радасцю i воляю, таксама божыя стварэнні. Ад гэтага, як ні любіла яна кветкі, ірвала потым ix ці ў полі, ці на ўзлесках i мала i рэдка; цешылася дома сваімі, хатнімі, якіх было поўна ў гліняных гаршчочках на вокнах i ў агародчыку перад хатай. Цешыцца было чым: летам агародчык буяў усімі барвамі красы; калі вярталася дадому, яны як бы віталі па-сяброўску – рэзка, мята, вяргіні, мальвы. Яны i былі ёй як сяброўкі, мілыя, шчырыя, надзейныя.

З таго летняга дня, калі Хадоська нанава пачула спеў жаваранка, свет для яе як бы перамяніўся. У свеце было харошае, было чым цешыцца, чаму радавацца. Не было ўжо нядаўняй беспрасветнасці. Хадоська не чула сябе ужо такой адзінокай. Але ў вялікай перамене, што адбылася ў свеце навокал, менш за ўсё змяніліся для Хадоські божыя стварэнні, якія спрадвеку завуцца людзьмі. Можна сказаць, што цяпер для Хадоські яны – не лічачы бацькі, маткі, брацікаў, сястрычак – былі менш як калі відныя i чутныя. Знайшоўшы сабе ў свеце вялікую ўцеху, Хадоська не думала ўжо з такім страхам, што пра яе гавораць, як глядзяць на яе. Яна ўжо як бы менш залежала ад ix. І ёй было лягчэй.

Мінулі лета, восень, зіма, пайшло другое лета, а Хадоську не пахіліла да людзей. Як i раней, не чула сябе Хадоська сярод людзей так добра, як сярод дрэваў ці жыта. Як i раней, трапіўшы ў грамаду, яна нязменна маўчала, старалася адно адасобіцца; адыходзіла так, быццам вырывалася з няволі.

І сустракаючыся з кім у полі, на дарозе, даўшы звыклы "добры дзень", Хадоська мінала хутчэй, бы баялася, каб не сталі, не прывязаліся. Не ўцякала яна цяпер – заўважылі – можа, толькі ад аднаго Хоні, хоць i да яго хілілася не вельмі. А так, можна сказаць, між людзей была Хадоська – або ў царкве, у якой слухала i малілася, як мала хто, шчыра, або на дарозе да царквы.

Яшчэ заўважылі ў Куранях, што пры такой непрыхільнасці да дарослых Хадоська аж дзіва гарнулася да дзяцей. Ахвотна бавілася яна з суседскімі, што вечна таўкліся каля яе, a сваіх малых брацікаў i сястрыц дык глядзела заўсёды, мілавала, бы матка. І карміла, i паіла, i мыла – i не адзін дзень, для прыліку, a ўсе гады – i з якою ахвотаю, з якою любасцю! Ігнаціха, Хадосьчына матка, нахваліцца ёю не магла.

А яшчэ злыя языкі казалі, што за ўсе гэтыя гады не было такога, каб Хадоська падышла к якой маладзіцы, у каторай фудное на руках. Казалі, бачыць не магла, чарнела тварам, уцякала падалей адразу. Усяго ўсякага – калі было да гаворкі – казалі пра Хадоську, i было ў тых гаворках іншы раз i такое, што ў яе "не ўсе дома", што яна трохі, не інакш, "кручаная". І невядома яшчэ, чым яно ўсё кончыцца!

5

Хадоська ўночы багата думала пра Ганну, пра бяду яе. Hi ў думках, ні ў сэрцы не было ладу. То як бы спакайнела: не яе бяда, чужая; то гарэла злой радасцю: ёснь на свеце праўда, прыйшла кара; то раптам, чулая, кволая, спачувала: бяда такая! Жаль кволіў, калі думала, як Ганна недзе б’ецца над дамавінай, над белай горкай магілы; ужо, здавалася, гатова была з даўняй, нібы жывой яшчэ таварыскасцю дараваць усё, але амаль кожны раз думкі цямніў Яўхімаў цень, i ў чулы жаль яе ліўся горкі струмень, вёў у душу супярэчлівасць, незмірымасць. Незмірымасць большала, камянела, калі ўспамінала сваё бедаванне, сваё малое, якое нібы зноў траціла…

У такой супярэчлівасці i ўбачыла Хадоська Ганну, якую везлі назад Чарнушка i мачыха той жа дарогай паўз лес. Хадоська была блізка ад дарогі, i Ганна добра відна была: сядзела на калёсах, па-старэчы згорбленая, ашчаперыўшы рукамі калені. Рукі былі сашчэплены так, што здалося – не разарве ніхто. Навек. І сама сядзела так, бы не выраўняецца век. Яшчэ заўважыла Хадоська: вочы былі згаслыя! Як сляпыя! У той момант Хадоська не думала нічога, толькі глядзела, чулая i збянтэжаная. Яна нібы нанава бачыла Ганну. Чарнушка раптам з калёс пакланіўся ёй, неспадзеўкі твар яго скрывіўся болесна, ён правёў рукавом па вачах, адвярнуўся. І яго паклон i слёзы яшчэ далі Хадосьцы збянтэжанасці.

Збянтэжанасць i вінаватасць жылі ўвесь той дзень. Ці грабла сена, ці зносіла яго ў копы, чула сябе вінаватай перад Ганнай, перад светам, асабліва ж перад Богам, які, ведала, бачыў усё, што яна думала! Праўда, вінаватасць i цяпер жыла не адна: час ад часу i цяпер лезла, блытала ўсё бязладдзе пачуццяў i думак…

Увечары, толькі сцямнела, да воза, дзе яна вячэрала з бацькам, прыплёўся Міканор. Прыходзіў ён не першы раз, надзелы былі блізка, але Хадоська глядзела на яго рэдка i строга. Часам чула на сабе яго важкія позіркі, сціскалася i тулілася, хмурачы бровы, чакала, што будзе далей. Далей не было нічога. Міканор нібы таіў штосьці, уставаў, цягнуўся к свайму табару. От i ў гэты вечар курыў, гаманіў з бацькам ира надвор’е, пра сена, лагодна, цярпліва снрачаўся за калгасы: калгасы, пабачыце, дакажуць сваё! Гаманіў, а Хадоська час ад часу чула ўпоцемку– зноў глядзіць на яе! Спрэчку не скончылі i ў гэты вечар: бацька, упарты, гатовы ўскіпець, схамянуўся, што коні не поены, ахвотна знік упоцемку Хадоська насцярожылася.

– Чаго ето ты Хоню мучыш? – прамовіў Міканор не адразу i не легка. Нібы заступіўся: – Ходзіць столькі! І такі хлопец!.. А ты мучыш!..

– Няхай не мучыцца! Я не прашу!

– Дак любоў жа не ад таго… просяць ці не просяць… Яна сама – як зараза якая… – За ўсім гэтым Хадоська чула нешта важкае, стоенае, як i яго позіркі.– Ці ты не любіш яго?.. – Яна прамаўчала: знарок стала корпацца ў возе, быццам ладавала пасцель. Ён стаў побач, узяў яе за руку. – Ці мо… я табе падабаюся?

Ён спрабаваў жартаваць. Але Хадоська чула, што гэта не смешкі, i ёй было пагана. І яшчэ чула яна, які ён дробны, бяссілы перад ёю, Міканор, якога так не любіў i пабойваўся яе бацька. Ён, праўда, не аддаў руку, калі яна хацела ўзяць, – знарок, з мужчынскага гонару, сціснуў дужэй. Абняў дужаю рукой. І ўсё ж Хадоська чула сябе мацнейшаю, варухнула непрыхільна плячыма, i ён нехаця выпусціў. Адышоў, закурыў папяросу.

– Не падабаюся, значыць?..

Яна не адказала. Тут пачулася бесклапотнае пасвістванне – хтосьці ішоў да ix; яшчэ да таго як той падышоў, абое ведалі ўжо: Хоня. Хоня бліжэй перастаў свістаць, паздароўкаўся ціха, стрымана.

Толькі калі Міканор адказаў, зарагатаў:

– А я думаў – бацько!..

Ён жартаваў, рагатаў, я к бы i заўважаць не хацеў, што Міканор сёння асабліва ж маўклівы. І тое, што Міканор хутка развітаўся, падаўся ў цемру, таксама зразумеў па-свойму. Стаў дурэць, хапаць за рукі, абдымаць, як хапаўся, абдымаў кожны раз, ледзь выпадала астацца ўдваіх i ўпоцемку. Яна вырывала рукі, выкручвалася, а ён – быццам так i трэба было: хапаўся зноў, туліў, смяяўся.

– Дак калі ж жаніцца будзем? – спытаў, можа, ужо дваццаты раз. Яна прамаўчала, але ён хоць бы трохі пакрыўдзіўся ці спахмурнеў; вясёла, бесклапотна, не першы раз пастрашыў: – Не маладая ж ужэ! Састарышся!.. Не возьме ніхто!

– Няхай не бярэ!.. – Яна бы i не думала смяяцца.

– Звякуеш адна!

– І звякую!.. Страх які!..

– Дурная! – сказаў ён цвёрда. Усё-ткі намогся, абняў яе, прытуліў. Яна паспрабавала вырвацца, але ён лагодна, весела ўтрымаў. Дужаючыся з ёю, з добраю насмешкай пацікавіўся: – Лепшага хочаш даждацца?.. – Лагодна ж, цвёрда заявіў: – Лепей за мяне не знайдзеш!

– Унё! Лепшы на ўвесь свет!

– Лепшы!.. – Ён сказаў так, нібы здзіўляўся, што Ў гэтым можна яшчэ сумнявацца. – Лепей не знайдзеш. Няма на ўсім свеце, ей-бо! Ніхто так любіць не будзе!..

– Усім вы так кажаце!

– Я? Я – нікому! Табе толькі! Знаеш жа!

Яна перастала ўжо рвацца, калі ў цемры пачулася нядобрае: "Г-тым!" Постаць была так блізка, што Хоня адразу сам выпусціў Хадоську, якая ўхапілася папраўляць касу. Хадоська з сорамам чакала: бацька бачыў i чуў усё. Момант маўчалі ўтраіх. Хоня першы выступіў: не павінаваціўся, а так, што не было чуваць i знаку разгубленасці, раптам сказаў задзірыста:

– Аддалі б вы Хадоську, дзядзько!

Бацька, абураны тым, што пабачыў, i не першы раз тым, як трымаецца з ім гэты нахаба, не зразу знайшоў, што адказаць.

– Ужэ ж гаварылі, нібыто!..

– Дак я, дзядзько, усе адно як забуў тое.

– Дак шчэ раз скажу, – даў волю гневу свайму Ігнат. – Не будзе маёй бацькоўскай згоды! І не надзейся!

– Упарты ж вы, дзядзько… – Хоня бы пашкадаваў Хадосьчынага бацьку: сказаў як старэйшы, разумнейшы.

– Ну, які ты жаніх! – аж закіпеў бацька. – Які ты жаніх! Ты не бачыш?

Хадосьцы не спадабалася гэта, самой захацелася запярэчыць: нашто казаць так. Хоня, калі б толькі ў гэтым клопат, жаніх непаганы – не тое што не горшы, а лепшы за другіх. Нашто казаць няпраўду? І наогул – які б ні быў ён, Хоня, не трэба казаць такое: не трэба крыўдзіць за нішто чалавека!

– Дзядзько, жаніх я цяперашнім часам, – у Хоневым голасе – усцешылася Хадоська – не было i знаку крыўды, – першы на ўсе Курані.– У яго ціхай гаворцы чуліся такія годнасць i ўпэўненасць, што Хадоську ўзяў нават гонар за яго. – Цяпер для такіх, як я, усё i робіцца.

– Яна ж з голаду апухне ў цябе! – кінуўся злосна бацька, i Хадосьцы зноў захацелася заступіцца за Хоню: Хоня не гультай i не трэба папракаць за беднасць…

– Дзядзько, скора будзе калгас. Я там буду першы багацей. Пабачыце. – Тут Хадосьцы здалося, што Хоня як бы аддзяліў сябе ад яе. Думкаю пашкадавала, папракнула: не трэба было пра той калгас. Але каб i хацела спыніць яго, мабыць, не змагла б: Хоня таксама, хоць i здаваўся спакайнейшы за бацьку, запаліўся ўжо спрэчкаю: не саступіць так сабе; i праўда, упартасць, непахіснасць чуліся, калі сказаў: – Пабачыце, дзядзько!.. – Ён, як бы ужо не цураючыся i прымірэння, дадаў разважліва: – А малыя – ужэ ж падрастаюць. Сястра – дак нявеста, можна сказаць…

– Не аддам! – коратка, як канчатковае, адрэзаў бацька.

Хоня момант маўчаў. Упарта ж, непахісна заявіў:

– Аддасце!

Бацька ад такога нахабства ашалеў:

– Не аддам!

Хоня, здалося, усміхнуўся.

– Аддасце!

Хадоська, слухаючы гэга, аж перастала дыхаць. Ужо не спачувала, a дзівілася Хоню, яго смеласці з бацькам, яго ўпэўненасці, што ўсё будзе так, як ён хоча i думае. Хадоську не абурала гэта, ёй нават прыемна было тады слухаць гэта. Потым ужо яна падумала, што Хоня дарэмна не саступіў: толькі раззлаваў бацьку.

Доўга пасля таго, як Хоня развітаўся, сышоў у цемру, бацька кіпеў, бурчаў: "Жаніх, жаніх!", "Аддасце…". Ён так лаяў Хоню, што Хадосьцы аж было шкода Хоні, аж хацелася не раз заступіцца за яго. Але яна не казала нічога, не хацела гаварыць попусту; у яе былі свае думкі пра Хоню i свая воля…

І ў гэту ноч не спалася ніяк. Не было адбою ад назол-камароў, ад думак. У думкі пра Хоню, пра Міканора, пра тое, што доля ўжо яе – звекаваць адной, раз i другі лезлі згадкі пра Ганну, пра Чарнушкаў паклон. Убачыла зноў Захарыху, бальніцу, Яўхіма.

Зноў запяклі думкі пра сваё малое, пра бяду, якой ужо не паправіць ніколі. З болем увайшла зноў непрыхільнасць не толькі да Яўхіма, a i да Ганны. У цвярозлівым одуме хацела стрымаць сябе: помніла – радавацца чужой бядзе – грэх; вінавата захрысцілася.

"Божачко, злая я, злая, – каялася з адчаем яна. – Што мне рабіць, парай, памажы мне, Божачко! Няма дабраты ў мяне. Не магу забыць, не магу!.."


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю