Текст книги "Подых навальніцы"
Автор книги: Иван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 38 страниц)
Іван Мележ
Подых навальніцы
Частка першая
Раздзел першы
1Было лета. Самы пачатак. Ранкі, дні, вечары.
Ранкамі, яшчэ шэрым часам, у халадку, валокся сярод вуліцы, гукаў пастух з пугаю. Млява рыпелі вароты, заспаныя гаспадыні i гаспадары выпіхвалі на вуліцу рагуль i падласых. Чым далей, больш цадзілася дымоў над стрэхамі, шырэлі, багацелі гукі; усё званчэй уядаўся ў ранішні гоман віск свіней i парасят. У свой, заведзены час выпраўляліся на вуліцу малыя свіныя наглядчыкі: бы п’яныя ад сну, ад слёз, пляліся з аблавухімі да выгану…
Дні былі ў будзённым, заўсёдным клопаце. Даараўшы, дасеяўшы, пасвілі коней, палолі поле i грады, рыхтавалі косы, граблі. Пад поўдзень, калі бліскотна пякло з неба, падсохлую вуліцу, затравелыя прыгуменні i двары апаноўвала дрымотная млоснасць. Тады спакой над радамі хат i гумнаў трывожылі найбольш лямант квактух ды задзірыстае, давольнае галёканне якога-небудзь крыкуна з чырвоным грабянём. Іншы раз у цішыню ўбіваўся вясёлы голас ад выгану: падшыванцы – свіныя пастухі, забыўшы пра сваіх свіней, дурэлі ці плёскаліся ў копані, у зацвілай раскаю, тухлай вадзе…
Лагоднымі вечарамі спакваля ўціхала ўсё: каровы, коні, свінні. Спакваля ўціхалі людзі – спачатку старэйшыя, жанатыя, потым i моладзь. Маладыя, праўда, доўга яшчэ бадзяліся па вуліцы, галёкалі, рагаталі на прызбах, але цішыня нарэшце брала i ix. Калі не лічыць ціхіх вар’ятаў – закаханых, што, як апоеныя, да світання туліліся дзе-нідзе пры платах ды завуголлях, пасля паўночы на ўсёй вуліцы не было чуваць ні галаска – хаты спал i. Спал i росныя агароды, халоднае балота за агародамі…
Ад самага красавіка надвор’е прыяла людзям. Было багата цяпла, i ў час паілі зямлю спорныя дажджы. І азіміна, i яравое раслі на вачах, i разам з азімінаю, з яравым раслі ў асцярожных, звыклых да ўсяго сэрцах людзей надзеі на лета: малілі Бога, каб толькі i далей памог пагодаю.
Усёвышні ці не пачуў, ці не паслухаўся маленняў: ужо блізка да сенакосу пачалі нядобра лезці навальніцы. Зранку неба было i чыстае, i яснае, i яснасць стаяла доўга ўдзень, але за полуднем проста ўвачавідкі пачыналі пухнуць белыя, потым сіняватыя хмары. Парыла так, што ў Куранях i ўсё навокал млела ў духаце. Пад вечар хмары зацягвалі ўжо ўсё неба. У вячэрняй цемры безупынку кідаліся чырвоныя выбліскі. Яшчэ да таго як сяло апаноўваў шумны лівень, неба над прыціхлымі хатамі i агародамі нізалі стрэлы маланак i расколвалі ўдары грому. У навальнічнай цемрадзі бляск маланак быў бела-сіні, прагавіты, грымоты падал! i каціліся так магутна i грозна, што здавалася, на мокрым лапіку зямлі ca стрэхамі i ў балотным абшары навакол усё замірала ад страху. У цёмных хатах божкалі, хрысціліся, з неспакоем i надзеяй чакалі, што будзе далей.
Першыя навальніцы былі літасцівыя. Але наступная спраўдзіла гразьбу: зіхала, ляскала – ды i кінула грымучы агонь свой на гумны. У гэтым зіханні i лясканні не адразу ўхапілі, што на гумнах гарыць. Пакуль ухапілі, пакуль аціхла, адышло страхотнае лясканне i дапалі да пажару, агонь узяў ужо тры гумны. Хоць ліў безупынку дождж, хоць, як маглі, стараліся стрымаць агонь, да світання ад трох гумнаў засталіся толькі мокрыя абгаркі… Ранкам ужо адкрылася, што навальніца кінула маланку i на крыж за сялом, на разгалку дарог. Куранёўскія жанкі, калі ўбачылі гэтую неспадзеўку, затрывожыліся: большасць ix меркавала цвёрда, што гэта не на добрае, што чорны крыж – знак божай няміласці. Мужчыны найбольш маўчалі, але было відаць – нямала каму з ix здарэнне з крыжам таксама было не даспадобы. Былі i такія – i не толькі з маладых, якія не толькі не трывожыліся, а нават пасмейваліся: глядзіце, маўляў, i Бог сам крыжы паліць. Прызнае, што пара святая прайшла… Можна сказаць, што здарэнні гэтыя не выбілі Куранёў з абыдзённасці. І тым, якія баяліся Бога, i тым, што пагарэлі, не было калі доўга трывожыцца i бедаваць.
Ішлі няспынна дні, няспынна вялі клопаты – не хацелі зважаць ні на што. Да таго ж i чуцця да згрызот было не лішне. Жыццё кожнаму шчодра адсыпала, калі не штомесяц, то, ва ўсякім разе, штогод, даволі рознай бяды…
Мудрай разважнасці людзей былі разам i іншага парадку прычыны. Блізка былі вялікія хваляванні, якія добра помніліся i якія многа значылі ў людскім разуменні быцця, у самім ix быцці.
Да гэтага лета ў куранёўскія турботы ўвайшло, што далей, то ўсё мацней, яшчэ адно вялікае хваляванне. Пачаўшыся некалькі гадоў таму з усякіх не вельмі пэўных, хоць i трывожлівых чутак i гаворак, яно вярэдзіла цяпер куранёўскія хаты адчуваннем наступу няўхільных, небывалых перамен, якія рабілі ўсё заўтрашняе нетрывалым. Якія гразіліся ўсяму звыкламу, цвёрдаму, выпрабаванаму…
Потым ужо, з гадамі, з мудрай далечы, людзі не раз прыгадвалі гэтае лета. Тады ж нікому не думалася, што дням гэтым суджана запомніцца, надоўга асесці ў людской памяці. У людзей тут не было ні часу, ні звычкі на пустое думанне, ды i запомніліся гэтыя дні не так па сабе, як тымі восенню i зімой, што ішлі за імі. З часам восень i зіма як бы кінулі i на гэтае лета свой водсвет, далі адметнасці.
Праўда: што i ў гэтае лета людзі – няхай не ўсе i найбольш цьмяна – чулі не такі далёкі подых той помнай восені i зімы. Але i тое праўда – калі глядзець збоку: лета ішло, як усе леты. Усё было, здавапася, як заўсёды. Усё было, здавалася, звычайнае, будзённае, наладжанае.
Звычайныя былі раніцы i вечары, звычайныя, заўсёдныя – учарнелыя хаты i гумны, заўсёдныя – ззелянелыя, у векавечных струпах моху, стрэхі. Нічым не адметная вуліца з рудым пылам ды каровячымі бебахамі, нязменныя агароды з гурочнікам ды кіяхамі, нязменныя загуменні з трухою леташняй саломы; звычайныя палі-загоны са звычайнай зелянінай; звычайны лес навокал, звычайныя балоты – i тыя, што за агародам, i тыя, што за лесам.
Звычайнае, здавалася, было лета. Яшчэ адно лета, адно з многіх, якія ўжо зведалі ў спрадвечным клопаце Курані. Яшчэ адно на доўгай, няспыннай дарозе, каляіны якой выразаны вякамі і, здавалася, на вякі.
2У звычайны час прыйшла пара касавіцы. У адну раніцу, яшчэ халаднаватым поцемкам, Курані ўзварушыліся, захадзіліся адным клопатам – на балота, касіць! У кожным двары выцягвалі косы, граблі, ладавалі ў вазы; налівалі свежай вадой біклагі, зносілі да калёс – у клунках, у торбах, у кошыках – хлеб, сала, гуркі, цыбулю; у кожным двары, ля кожных калёс завіхаліся старыя i маладыя, мужчыны i жанкі, кожны двор поўны быў руху i гоману; нават коні, здавалася, разумелі – прыйшоў зноў вялікі дзень касавіцы!
Глушакі збіраліся ехаць з двара, калі сонца толькі пачало выплішчвацца з-за цёмнага лесу. Усё ужо было гатова, можна было б выпраўляцца, i Глушак недавольна паглядваў на хату, дзе невядома чаго яшчэ корпалася Ганна, а з ёй i старая.
– Ідзі скажы – жджэм! – як загад прасіпеў ён Яўхіму.
Той ужо ступіў к хаце, калі Ганна ўслед за старой, што адчыніла дзверы, паявілася на парозе. Ганна туліла да грудзей спавітае дзіця, хіліла да яго чарнявую галаву, на пасме якой паблісквала сонца. Асцярожна, не падымаючы галавы, саступіла з ганка, ля калёс стала: камусьці трэба даць малое, пакуль сядзе сама.
– Падзяржы, – сказала Яўхіму, што быў поруч. Папярэдзіла: – Асцярожно – спіць!..
Уладзіўшыся на сене наперадзе, узяла калыску, якую прынесла раней, паклала на калені сабе, забрала ад Яўхіма малое; пяшчотна паклала ў калыску: так, пэўне, лепей будзе.
– Ну, можа, ужэ можно ехаць? – не стрымаў недавольнасці сваёй стары.
Яна нібы i не пачула; з пяшчотнай усмешкай, што не прападала з вачэй, з губ, неяк няцямна зірнула, упершыню заўважыла: раніца якая вясёлая! Ноччу быў дождж, доўгі, здавалася, бясконцы, а ранак – аж зіхціць. Толькі i знаку ад начнога дажджу: вясёлыя канаўкі пад стрэхамі ды лужыны сярод вуліцы.
З той жа ціхай пяшчотай, увесь час бачачы i чуючы малую, як бы толькі ад звычкі глядзела на вуліцу, на двары, на людзей: усе збіраліся на балота. Вунь Зайчык, акружаны мітуслівай хеўрай сваіх старэйшых, запрагае небараку сівага; вось Сарока з сынам – хлопец, драбнаваты, але ў сіле ўжо, памочнік, нясе з хаты барылца; вось Андрэй Руды з жонкаю… Двор за дваром ішлі перад вачыма, Ганна ківалася ціха з калёсамі, глядзела як праз туман пяшчоты. Толькі як пад’ехалі пад край сяла, пачула неспакой, адвярнулася, нахілілася над малой. Але i не гледзячы, дзіўна чула, як набліжаецца ён, Васілёў двор, Васіль; не падымаючы вачэй, убачыла, як двор той падышоў, убачыла, што вароты адчыняюць, што адчыняе ix Валодзька; што Васіль сам ідзе па нешта к павеці; што Маня яго нешта ладуе ў возе. Нічога асаблівага не надумала, толькі i прайшло ў думках, што – вось-вось таксама выедуць; але ўсярэдзіне ўсё ж штосьці, чула, як бы замутнела. З гэтым неспакоем глядзела i на колішні свой двор, дзе бацька запрагаў каня, а мачыха карміла парасят, i на палоскі зялёнага жыта i першых парасткаў картоплі.
Каля чорнага крыжа Глушак, а з ім i старая, i ўсе, хто сядзеў у возе, перахрысціліся. Ганна перахрысціла i сябе i малую, якая ўсё хораша, салодка спала ў сваёй пасцельцы. Ганна такая радая была гэтаму сну малой, што толькі i клапацілася, каб не разбудзіў які штуршок; калі дарога станавілася няроўнай, брала калыску на рукі i трымала, пакуль калёсы зноў не пачыналі каціцца мякка…
За вольным прасцягам поля калёсы ўлезлі ў цесны, па-ранішняму хмурны i сыры хвойнік, у якім стала кідацца з усіх бакоў, апаноўваць камарэча. Ганна i тут пашкадавала затульваць малой родны, кволы тварык – увесь час над тварыкам клапатліва махала рукой. Ужо як з хвойніку з’язджалі ў мокрыя, з лужынамі, каляіны між гушчэчы алешніку, пачула, што ззаду хтосьці даганяе. Потым убачыла поблізу Васілёвага каня, самога яго. Выбраўшы зручнае месца, ён, сцебануўшы каня, затульваючы адной рукой галаву ад галін, хутка абмінуў ix i схаваўся за паваротам дарогі. У той момант ёй раптам успомнілася, што недзе тут ён абганяў калісьці яе з бацькам; недзе тут парвалася тады ў яго супоня, няшчасны, чырвоны, ён звязваў яе нанова. «Цяпер не парвецца, – прайшла ў Ганнінай галаве думка. – Цяпер у яго не такія супоні. Гаспадар!» Чамусьці згадалася, што чула пра яго i жонку: «Кажуць, не вельмі ён давольны Маняю сваёй…» Згадалася без спачування, як бы трохі з нейкай радасцю…
Узрушаная намяць напомніла ўміг амаль, здавалася, забытае: як раскладвалі вогнішча, анямелыя ад першай згоды, ад блізкасці; не толькі ў памяці, a i ў сэрцы ажыло, як легка, радасна было глядзець, што ён марудзіць, не наважваецца легчы поблізу. Аж дзіва было, як добра помнілася ўсё, да самых дробных драбніц. Помнілася ўсё; але, загарэўшыся на момант, сэрца зразу ж i патухла: толькі на момант успамін засмуціў душу скрухаю. Праз момант бачыла ўсё нібы не сваё, нібы выдуманае.
«Тры гады… Чацвёрты ўжэ…» – адно адзначыла сама сабе.
За далёкай даллю бачылася Ганне вольная, гарэзная маладосць. Усё радзей i радзей прыгадвала памяць малюнкі-праявы мілай даўнасці. І не было калі асабліва перабіраць згадкі, i не было ахвоты: нашто было вярэдзіць, трывожыць душу попусту. Чаго было чапляцца за тое, што навек адышло, сплыло ў нябыт, – калі трэба было, сваёй воляй гнала прывіды добрай, вольнай пары. Спачатку нялёгка адганяла, а потым – яны i самі не назалялі вельмі, нібы ўжо баяліся падступацца.
«Тры гады… Чацвёрты ўжэ…» Калi Глушаковы калёсы выкаціліся з цёмнай, залітай вадою дарогі на зялёнае разлеглае балота, Ганна раптам няцямна павяла вачыма: вунь тое месца, дзе яны начавалі ў тую ноч. Глянула – i адразу ж адвярнулася, не глядзела больш туды, адно сачыла за дачушкай…
3Калі Васіль абганяў Глушакоў, у ім з’явілася нешта нецярплівае, дужае i як бы помслівае. Няхай бачаць, няхай усе бачаць, няхай яна глядзіць! – жыло, падганяла яго дужае i помслівае гэта пачуццё. Абагнаўшы, не згінаючыся ўжо беражліва перад галлём, роўна, уздымна седзячы, ён, здавалася, чуў на спіне позіркі ўсіх, хто сядзеў там на возе, i сярод ix асабліва – помсліва i па-юначы радасна – яе позірк. І ўвесь час, калі ўжо Глушакі прапалі за адным, за многімі паваротамі звілістай дарогі, чуў ён ix позіркі i асабліва – яе.
Так, увесь час падганяючы каня, порстка выехаў ён на сонечную шыр лугу, давольна адзначыў, што народу яшчэ не багата, луг яшчэ амаль пусты. «Не апазніўся!» – нібы пахваліў ён сваю гаспадарлівую ўпраўнасць. Калёсы ішлі паўз самы лес, паўз надзелы; за некалькімі абыякавымі наблізіўся, паплыў перад вачыма дзіўна неабыякавы, як бы свой, Чарнушкаў. «І етых няма!» – звыкла падумаў ён, не цешачыся i не шкадуючы; тады, як увайшла гэта думка, вочы яго нецярпліва беглі па Чарнушкавым надзеле, неспакойна шукалі штосьці. Калі спыніліся наводдаль, блізка ад падрослага куста, у Васіля ўсярэдзіне зацеплілася салодкае, добрае i нібы зайздрослівае: «Там!.. Там було!..» Адразу, нібы зусім нядаўняе, не перажытае яшчэ, ажыў, захваляваў незвычайны настрой той незабыўнай ночы, з якой пачалося тады самае лепшае ў яго жыцці.
Амаль адразу ж у радасць успаміну ўлез, зашчымеў нядобры жаль, i Васіль спахмурнеў: не так згадаў, як адчуў – між той ноччу i гэтым днём мяжа, якую ўжо не пераступіш. Як бы злавіўшы сябе на ўчынку неразумным, не вартым чалавека сталага, схамянуўся, папракнуў сябе строга: знайшоў глядзець куды, спакушаць сябе чым! Як жарабя, катораму шчэ рана ў аглоблі! Стала, ураўнаважана заявіў сам сабе: «Було – сплыло! Дак значыць: як i не було!..»
З гэтым настроем ён даехаў да свайго надзелу, спыніў каня, саскочыў з воза, цвёрдым гаспадарскім тонам загадаў усім – матцы, Мані, Валодзьку, здымаць з воза прывезенае; сам выняў касу, мянташку, торбу з салам, прасачыў, як маці ставіць на траву калыску для малога. Спадылба паглядзеў на Маню, што стаяла побач з малым на руках, чакала, калі матка падрыхтуе пасцельку. Строга, нават жорстка сказаў сабе: не вольны казак, вунь «аглоблі» – жонка. Не хапаючыся, без адзінага лішняга руху, як чалавек, які звык рабіць сваю справу, распрог каня, уладна пазваў меншага брата, шастаючы босымі нагамі ў высокай мокрай траве, з вераўчаным путам у руцэ павёў каня к узлеску, дзе пасвілі коней. Спутаў, пусціў пасвіцца.
– Штоб глядзеў добра! – вялеў сурова Валодзьку.
Малы, пастрыжаны па-авечы радкамі, у зрэбнай сарочцы i зрэбных, да пояса мокрых штанах, шчыра паабяцаў:
– Буду глядзець!
Васіль той жа мернай хадою вярнуўся назад, дастаў з-пад сена лапці i рудыя анучы, сеў на росную траву каля воза, абуўся. Тут жа ля воза ўткнуў кассе ў мяккую зямлю, трымаючыся моцна рукой за тупы край касы, стаў мянташыць. Памянташыўшы, надзеў мянташку на кісць рукі, выпрастаўся, як бы ацэньваючы абстаноўку, агледзеўся: на луг выязджалі i выязджалі калёсы з мужчынамі, з жанкамі, з дзецьмі. Луг на вачах усё поўніўся людзьмі, рухам, клопатам. Наводдаль Васіль вылучыў Карчоў: там варушыліся каля воза. На сук дубка прыладжвалі калыску…
«Няма чаго!» – зноў недавольна стрымаў сябе.
Хмурны, сутулаваты, з нерухомым i ўпартым позіркам вачэй пад размочаным дажджамі казырком, важка ўціскаючы лапцямі траву, рушыў ён да ражка надзелу, дзе трэба было пачынаць. Стаўшы ў ражку, ён адпусціў касу ў траву, набраў паветра ў грудзі i дужа, шырока, з нейкай злосцю павёў касою. Мокрая, бліскотная трава пакорліва, амаль нячутна легла.
Дужа i нібы злосна Васіль ішоў i ішоў на яе, упіраючыся расстаўленымі нагамі ў пакошу, пераступаючы лапаць за лапцем, вёў i вёў касою справа налева, прымушаў траву класціся ў радок, адступаць усё далей i далей. Гэта быў ужо не той зялёны хлопец, які вадзіў касою з гонарам, які раўніва сачыў за тым, дзе дзядзька Чарнушка, гадаў, як зіркае за ім, Васілём, яна, цяпер ішоў тут мужчына, шырокі ў плячах, з дужай загарэлай шыяю, з дужымі спакойнымі рукамі, з дужымі ўпэўненымі нагамі; ішоў звыклы ўжо да свайго нялёгкага абавязку касца, звыклы да турботнага становішча гаспадара, галоўнага чалавека ў хаце. Не хапаючыся, не высільваючыся, ашчадна трацячы сілу, мерным, спрактыкаваным рухам вадзіў ён касою, лажыў i лажыў яе ў роўны радок злева.
«Няма чаго! Няма чаго!» – як бы гаварыў ён сабе з кожным махам касы. Але калі спыніўся, распрастаўшы спіну, узяўся мянташыць, зноў мімаволі павёў вачыма па лузе, знайшоў: Карчы касілі, стары, Сцяпан i гэта пачвара Яўхім. Ганна хілілася каля калыскі, што бялела пад дубком. «Няма чаго!» Ён хмурна адарваў вочы, спасцярожліва паглядзеў на сваіх, перахапіў востры матчын позірк. Сачыла зноў, як усё роўна пільнуе; як чытае ўсё роўна думкі. Маня, тоўстая, санлівая, сядзела на траве, карміла дзіця. «Не выспалася зноў!» – падумаў нядобра.
«І сядзіць, як цесто з дзяжы…» Ён адарваў вочы, стрымліваючы прыкрасць, зірнуў на ўзлесак: конь мірна скуб траву, Валодзька гаманіў пра нешта з Чарнушкавым Хведзькам. «Стораж мне! – падумаў, нібы спаганяючы на Валодзьку прыкрасць. – Такі стораж, што глядзі i за канём, i за ім!..» Ён зноў дужа i ўзлавана павёў касою.
Стала хлюпаць вада: пачалося бліскучае, купчстае балота. Трава прыкметна горшала, вылазіла з яшчэ не глыбокай вады, купчасцілася весела на купінах. Трава – не трава, асака, i касіць цяжэй, i радасці мала. Ногі ўціскаліся ўсё глыбей, вада падступала да лытак, да калень, абцінала ногі, ляпіла штаніны да скуры. Скура нібы набракала. Васіль не зважаў на гэта: з узлаванасцю, якая дзіўна не адыходзіла i пра прычыну якой ён ужо не помніў,– вёў i вёў касу. Чым далей ён так ступаў, мерна, лапаць за лапцем, тым больш цела яго – рукі, ногі, спіна – налівалася зняможнай стомай, прыемнай, хмельнай, нібы пасля гарэлкі. Ён дужаўся з ёю, з нейкай нават задзірыстасцю. Ён быў захоплены рытмам, наступальнасцю працы. Што ні мах, няхай на даўжыню лапця ён ішоў i ішоў уперад; аддаляўся адтуль, адкуль пачынаў, набліжаўся туды, куды павінен быў прыйсці. Што ні мах, ён рушыў туды, куды павінен быў, кожны мах быў поўны простага, зразумелага сэнсу. Поўны тага абавязковага, сур’ёзнага, гаспадарскага, чым жылі i жывуць усе мужчыны, гаспадары, i чым трэба жыць яму.
Стома ўсё навальвалася, але ён не наракаў, як i на камароў, што назольна віліся, упіваліся ў твар, у шыю. Як няма балота без камароў, так i праца, ведаў ён, заўсёды ca стомаю. Калі робіш, стома – так i трэба; інакш i быць не можа. Калі робіш, у тым i задача ўся – каб не паддавацца стоме, адужваць яе i наперакор ёй ісці i ісці. Звыклы цярпець, захоплены наступальнасцю, рытмам касьбы, ён як бы неахвотна спыняўся, выпростваўся, каб памянташыць касу. Хвіліну стаяў, уткнуўшы кассе ў балота, няўпэўнена, гарачымі, дрыготкімі рукамі шаргаў па касе мянташкай, тады зноў апускаў касу i зноў шырока, мерна, як заведзены, вёў яе – справа налева, справа налева. Трохі нахіліўшыся ўперад, з чырвонай шыяю, на якую лезлі даўно не стрыжаныя рудаватыя пасмы, з якіх цёк пот, з сутулаватымі плячыма, з упартым, цяпер тупаватым позіркам розных вачэй – аднаго празрыстага, як вада, a другога – цёмнага, хмурнага, ён ішоў i ішоў, мах за махам, лапаць за лапцем, роўна, зацята, настойліва. Клаў траву ў свежы, акуратны радок, што ўсё даўжэў, адужваў цяжар у нагах, у спіне, у руках – ішоў i ішоў. Помніў, што да канца няблізка.
Нядобра, што ўсё гарачэй пякло сонца. Ад гэтага, здавалася, найбольш i лезла млоснасць, усё больш аслабляла рукі i ногі. Рукі рабіліся ўсё менш спрытныя, каса ішла няўмела; усё часцей пакідала кусцікі травы, якія трэба было падкошваць другім махам. Ад знямогі рукі квола дрыжалі, ногі падгіналіся так, што хацелася сесці проста ў ваду.
Ён адужваў кволасць, адужваў сябе; касіў, пакуль не знясіліўся дарэшты. Пакуль ужо не змог узняць касу. Тады павярнуўся, грузнучы па калена, распырскваючы гарачую ваду, ледзь цягнучы ногі, усё сваё здранцвелае цела, павалокся назад. Дашаргаў пасталамі да воза, паставіў касу i, не здымаючы з рукі мянташкі, падрэзаным дрэвам зваліўся на траву.
– Пад’еў бы, можа, – пачуў, як здалёк, клапатлівае, матчынае: матка глядзела, як i тады, тры гады назад, нібы на малога.
Ён не адазваўся. Паляжаць бы, паляжаць бы раней! Чуў – нібы здалёк – матка падгарнула пад галаву світу, – у звонкім, чыстым цяньку адразу ж забыўся дрымотаю.
Драмаў ён нядоўга; абудзіўшыся, размораны ляжаў, заплюшчыўшы вочы, i нічога не думаў. Калi пад’еў, паплёўся да каня: хацелася пабыць на адзіноце. Ляжаў зноў у цяньку, слухаў, як шапоча малады асіннік, i стомлена, раскідана думаў. Думаў пра новую хату, ад якой прыйшлося адарвацца з-за касавіцы; чуў пры гэтым пах свежага, смалістага дрэва, чуў, як трашчаць пад нагамі белыя трэскі. Было шкадаванне: не кончыў; i нецярплівае жаданне: кончыць бы, улезці скарэй. І турботнасць: не так скора ўдасца ўлезці – багата яшчэ рабіць. Страха, столь, вокны, падлога… Прыплыло ў думкі, што непагана бульба ідзе ля цагельні, на палосцы, вытаргаванай у Манінага бацькі. «Картопля будзе, як надвор’е не падвядзе…» Улезла зноў згадка пра тое, як абганяў Ганну; за ёй – згадка пра далёкія агеньчык i ноч, i ён нахмурыўся. От жа прычапілася! Зноў загадаў сабе жорстка: «Няма чаго!..» Знарок стаў цешыць сябе, што от недарэмна трапятаўся тры гады – дабіўся, можна сказаць, таго, чаго хацеў. Зямля добрая ёсць, конь надзейны, хата новая. Гаспадарка не горш, як у людзей!.. Але як ні цешыў сябе, з душы не сыходзіла жывая маркота, нездавальненне. Адчуванне якойсьці крыўднай няскладнасці, несправядлівасці жыцця.