Текст книги "Подых навальніцы"
Автор книги: Иван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 34 (всего у книги 38 страниц)
Раздзел пяты
1Сесія пачыналася ўвечары. Днём было вольнага часу: зранку Апейка пайшоў з Анісяй у краязнаўчы музей; рад быў удвайне: i таму, што бачыў, якімі вачыма глядзела Аніся i на даўняе, знаёмае, i на макеты новых, нябачаных вёсак, i таму, што i самому, хоць бачыў не першы раз, было ўсё цікавым. Да абеду пахадзіў Апейка яшчэ па магазінах; здагадваючыся, што часу вольнага можа не быць потым, купіў, што знайшлося патрэбнага, жонцы, дзецям.
У клуб прыйшлі за гадзіну да пачатку сесіі. Ужо ў раздзявалцы трапілі ў клопатны тлум, ціснуліся, гаманілі ў чарзе світ, паліто, кажухоў. Полацкі старшыня, які прыліп да жанок яшчэ ў рэстаране, пры абедзе, цяпер удаваў бывалага чалавека, памагаў жанкам здымаць паліто, перадаваў гардэробшчыцы, даваў жанкам бляшаныя нумары. Потым жанкі прысталі да гуртка іншых жанчын, што прычэсваліся, прыбіраліся перад вялікім, на паўсцяны, люстрам; праўда, i Аніся, i яе спадарожніца ўзіраліся не зусім упэўнена, нават з сарамлівасцю. Было падобна, глядзелі найбольш таму, што не хацелі, каб пра ix падумалі, нібы яны не ведаюць, як трэба паводзіць сябе сярод культурных людзей…
Зноў жа ў чародках стаялі каля столікаў, дзе рэгістравалі дэлегатаў i гасцей; акругі былі розныя, i розныя былі столікі. Справіўшы гэты важны абавязак, нарэшце, уліліся ў чародкі, якія паволі, з гулам-гоманам рушылі дзвюма шырокімі, стрэчнымі плынямі, чапляючыся за групкі пры сценах, абцякаючы тых, хто стаяў пасярэдзіне.
У Апейкі было такое адчуванне, нібы ён усё глыбей заходзіў у ваду: нейкая сабранасць i разам – радасная лёгкасць, уздымнасць; адзін мах рукі, другі, i вось – плыве, прастора, шырыня рачная. Ішоў, плыў сярод гоману, сярод бясконцай разнастайнасці галасоў, разнастайнасці абліччаў, часам знаёмых, найбольш незнаемых. Ішлі чыста паголеныя, ішлі зарослыя бародамі, у мятых картовых пінжачках, у строгіх суконных фрэнчах, у вайсковых гімнасцёрках, жанчыны з гарадскімі прычоскамі i ў вясковых хустках; ішлі сяляне, калгаснікі, старшыні калгасаў i выканкомаў, партыйныя работнікі – дзеці са ўсёй вольнай беларускай зямлі,– гаманілі, смяяліся тут, у святочным вестыбюлі клуба імя Карла Маркса, у якім збіраліся самыя важныя сходы таго часу У адной даволі вялікай групе Апейка пабачыў цесна, цікаўна акружанага Чарвякова, – людзі, найбольш, было відаць, вясковыя, штосьці пыталіся ў старшыні ЦВК, услухоўваліся, пераказвалі адзін аднаму…
Апейка з радасцю вітаўся ca знаёмымі, знаёміў ca сваёй прыціхлай, востра ўважлівай зямлячкай. Быў у яго нейкі нават гонар за сябе: от колькі знаёмых зблізку i здалёку – na ўсёй, можна сказаць, беларускай зямлі; радасна было чуць, што – не адзін, не адкідак які-небудзь, a працаўнік у сваёй сям’і, у якой столькі таварышаў, сяброў, якія i ведаюць, i паважаюць, i цэняць. У гэты ранак, сярод бадзёрага, жывога гоману i тлуму, не было i знаку ўчарашняга настрою, трывожных думак; было нават, чуў ён, трохі няёмка за начную кволасць; думалася, што трывогі – ад адзіноты, ад нервовай узбуджанасці – перабольшаны, верылася, што ўсё ў рэшце рэшт будзе добра, толькі добра. Чым больш ішлі паўз яго жвавыя, радасныя твары, чым больш апаноўваў бадзёры, святочны гоман, тым ахвотней адступалі неспакойныя думкі, шырэлі, мацнелі радасны настрой, чуццё цудоўнай, здольнай пераадолець усё на сваім шляху сілы. Было якраз як на ранішняй Прыпяці, сярод магутнай плыні, у якой так радасна было чуць сілу сваіх рук, у якой шырокая радасць у душы была суладнаю чысціні i шырыні рачнога прастору. Як бы хмарка набегла на Апейку тады, калі ўбачыў падцягнутага i таксама весела жвавага Башлыкова, што рушыў насустрач, гамонячы, паглядваючы цвёрда на сустрэчных, з хударлявым, абветраным незнаемым, таксама ў гімнасцёрцы. Паздароваліся, сказалі адзін аднаму некалькі звычайных, стрыманых слоў; Апейка даведаўся, што Башлыкоў прыехаў яшчэ ўчора ўранку i жыве таксама ў той жа "Еўропе". Хмарка набегла, сышла, i зноў Апейка плыў сярод чыстага, шырокага прастору, радасны i дужы.
У канцы вестыбюля ён трохі паціснуўся каля кніжнага кіёска, мімаволі, з надзеяю, шукаў вачыма белую, сціплую кніжачку са знаёмым партрэтам. Не знайшоў: не верачы, папрасіў яе i пачуў у адказ, што няма. І ў душы, i ўголас пашкадаваў пра гэта. Гэты выпадак зноў нагнаў трывожнасць у Апейку, умомант нагадаў усё нядобрае i няяснае, што ўвайшло, яшчэ больш сплялося пасля ўчарашняй сустрэчы з Алесем.
Зазвінеў званок, i ўсе сталі кіраваць да дзвярэй, каля якіх сабраліся чародкі людзей, што весела i заклапочана даставалі з кішэнь пасведчанні. Жанчына з чырвонай павязкай на рукаве, якая стаяла каля дзвярэй, сказала, дзе месцы Мазырскай акругі, Апейка i Аніся пайшлі па зале, што шастала абуткам, рыпела крэсламі, поўнілася гулам, праз які там i тут прабіваліся поклічы. Зноў Апейку выпала сысціся з Башлыковым, нават сесці побач.
Па меры таго як спадалі шастанне крокаў, рыпенне, сам сабой цішэў i гул. Цішыню, што ўсталёўвалася, усё больш працінала чаканне, не будняе, нуднае, a ўрачыстае, якое бывае, калі мае пачацца важная, выдатная падзея. Адчуванне важнасці моманту, асабліва моцнае таму, што многія з тых, якія сядзелі ў зале, былі гасцямі не частымі ў сталіцы, трапілі сюды з вёсак, з дымных хат, мімаволі перадавалася i Апейку, адганяла ўсе развагі i клопаты. Цішыня чакання раптам прапала, калі на сцэну з-за куліс выступілі члены прэзідыўма. Першым за стол зайшоў Чарвякоў, павольна, няўклюдна праціснуўся між крэсламі i сталом, стаў, азірнуўся, як заходзяць, садзяцца іншыя. За гэтым чорныя, прыжмураныя ад святла настольнай лямпы вочы ўважліва, гаспадарліва прабеглі па зале: хапаючыся, заходзілі прыпазнелыя дэлегаты, госці.
Чарвякоў перачакаў, пакуль не селі ўсе, не стала зноў ціха. Нахіліўшы галаву, адно цьмяна-жоўта паблісквала лысіна, зазірнуў у паперу перад сабой, разпораз уздымаючы давольныя, падсветленыя знізу лямпай вочы, загаварыў хрыплавата, але выразна i ўрачыста.
– Ужо дванаццаць год ідзе бязлітасная барацьба двух начал: сацыялістычнага i капіталістычнага… [1]1
Усе выступленні пададзены тут паводле стэнаграмы: "Другая сесія IX склікання. 20–26 лістапада І929 г. Стэнаграфічная справаздача. Выданне ЦВК БССР. Менск, І930 г.". 422 с.
Чытачу, які любіць лёгкае чытанне, гэты раздзел будзе нудны, i яму гэтыя старонкі лепш прапусціць. Чытач жа сур’ёзны, думаю, не толькі з цікавасцю, але i з карысцю паслухае жывыя галасы, якія аддаліў час. Яны, напэўна, дадуць адчуць думкі i настроі той пары, зразумець асаблівасці, складанасць становішча. Зразумець, разам з вытокамінашых перамог, вытокіпамылак, якія потым быліназваны "галавакружэнне ад поспехаў" i падпаліпад крытыку ўвядомай пастанове ЦК ВКП(б).
Усё гэта таксама, я лічу, мае блізкія дачыненні да Куранёў.
[Закрыть]
У гэтай барацьбе Савецкая Беларусь, як частка Савецкага Саюза, займае пачэснае месца. Год за годам у барацьбе за перамогу сацыялізма Савецкая Беларусь дасягае усё новых i новых поспехаў…– Ён, мабыць, адчуў, што гаворыць ціха, пакашляў, зганяючы хрыпласць, пасіліў голас. – Апошні год, – казаў ён, – асаблівы: гэта першы год пяцігодкі,– у голасе Чарвякова чуўся гонар, калі ён паведамляў, што вялікія заданні гэтага года ўдалося значна перайсці.– У выніку гэтых поспехаў у Беларусі,– разыходзіўся па зале павольны, урачысты басок, – вельмі вырасла колькасць пралетарыята, i рэспубліка ператварылася з краіны аграрнай у краіну аграрна-прамысловую i ідзе далей па шляху яе ператварэння ў прамыслова-аграрную. Гэты год выдатны i тым, – ганарыўся старшыня ЦВК, – што даў надзвычайны росквіт калектывізацыі, вялікі рост культуры народа.
Усе гэтыя дасягненні мы маем, – пастражэў басок, – нягледзячы на тое, што нам прыходзіцца праводзіць усе нашы мерапрыемствы ва ўмовах безупыннай барацьбы супроць сацыялістычнага будаўніцтва з боку капіталістычных элементаў горада i вёскі. Чым больш рашуча разгортваецца сацыялістычнае будаўніцтва, тым з большай бязлітаснасцю вядуць барацьбу за сваё захаванне, за сваё ўзмацненне – капіталістычныя элементы горада i вёскі. Гэтая барацьба адбываецца шляхам непасрэднага выступлення кулацкіх i нэпманскіх контррэвалюцыйных элементаў супроць мерапрыемстваў савецкай улады i Кампартыі. Гэтая барацьба выліваецца ў форму прасякнення ў нашыя апараты, разлажэння ix i падпарадкавання сваім уплывам… У Савецкай Беларусі барацьба кап італ i стычных элементаў супроць сацыялістычнага будаўніцтва атрымоўвае асаблівую форму ў якасці нацыяналізму i асабліва ў якасці праяўлення беларускага нацыянал-дэмакратызму… Вельмі часта здараецца так, што камуністы падпадаюць пад уплывы нацыянал-дэмакратычных элементаў i ператвараюцца ў рупар, праз які нацыянал-дэмакратычныя элементы… праводзяць свае ўплывы…
Апейку пры апошніх словах мімаволі прыгадалася, што на адным ca сходаў Чарвякова самога хтосьці вінаваціў у патуранні нацдэмам, такім, як Гартны, у нібы нацдэмаўскім тлумачэнні некаторых з’яў мінулага; Іван Анісімавіч у цвёрдым тоне чарвякоўскіх слоў пачуў заяву, што ніякіх ваганняў у адносінах да гэтай поскудзі ён не дапусціць. Цяпер Чарвякоў быў нібы не падобны на таго далікатнага, паблажлівага дзядзьку, якім Апейка бачыў яго ўчора, у вестыбюлі гасцініцы, за сталом у рэстаране. У прысадзістай, амаль нерухомай постаці, у строгім выразе твару, у тоне голасу чуліся цвёрдасць, непахіснасць.
– Тое, што ўчора яшчэ здавалася нам недасяжным планам, – прарывалася да Апейкі праз трывожныя думкі пра Алеся, – сёння становіцца рэчаіснасцю. Тое, што ўчора яшчэ здавалася нам максімумам, сёння становіцца мінімумам. Вось гэты тэмп няспыннага руху ўперад патрабуе таго, каб кожны з нас умеў пераключыцца, каб паспяваць за гэтымі тэмпамі.– Словы Чарвякова быццам проста ішлі на Апейку, быццам скіраваны былі на яго. Іван Анісімавіч адарваўся ад думак пра Алеся, стаў з новай турботнасцю востра лавіць тое, што казаў Чарвякоў: – Няўменне пераключыцца на новыя тэмпы сацыялістычнага будаўніцтва ёсць прычына таго, што жыццё адкідае тых, якія не могуць ісці нага ў нагу… Якія не маюць у сабе сіл i здольнасцей для таго… каб стаяць на чале гэтых моцных тэмпаў…
Але на змену тым, хто траціць сілы ў працэсе будаўніцтва… хто баіцца гэтых новых тэмпаў… працоўныя масы горада i вёскі вылучаюць усё новыя пласты будаўнікоў… усё новыя i новыя пласты кіраўнікоў…– Апейку здалося, што Башлыкоў, давольны, як бы павучаючы, паглядзеў на яго. Але Апейка не варухнуўся к яму, нібы не заўважыў нічога…
Скончыўшы ўступную прамову, Чарвякоў выцер хустачкай твар, лысіну, яшчэ ўзрушаны гаворкай, пашукаў вачыма паперку на стале, пацішэлым, амаль будзённым голасам аб’явіў, што трэба вызначыць парадак сесіі. Парадак быў вялікі: адзінаццаць пытанняў – дзесяць дакладаў i адзін садакпад. Апейка адразу вылучыў сярод ix два: даклад старшыні Савета народных камісараў Галадзеда i даклад наркома земляробства Рачыцкага, – аб калектывізацыі…
Чарвякоў даў першае слова старшыні Саўнаркома. Хударлявы, з рэзкімі валявымі рысамі, Галадзед сядзеў збоку стала, блізка да трыбуны; ён энергічна ўстаў, пад воплескі з залы ступіў к трыбуне лёгкаю i пругкаю хадою вайсковага. У яго i пастава была прамая, вайсковая, i ў тым, як ён стаяў за трыбунаю, адчуваліся годнасць, упэўненасць у сабе, у тым, што яму належыць зрабіць.
Ён пачаў з таго ж, з чаго пачынаў i Чарвякоў, з адзначэння мінулага года.
– Гэты, 1928-29, год з’явіўся, – адрывіста, энергічна загаварыў ён, – пераломным у развіцці народнай гаспадаркі як СССР, так i Беларусь. Ён, гэты год, выдатны тым, што ўпершыню ўдалося так глыбока захапіць i ўзняць шырокія масы рабочага класа i бядняцкасерадняцкага сялянства на выкананне пяцігодкі. Першы год пяцігодкі выкананы з вялікім поспехам. – Паведамляючы гэта, Галадзед асабліва вылучыў тую акалічнасць, што такая важная перамога дасягнута ва ўмовах абвастрэння жорсткай класавай барацьбы, асабліва на вёсцы.
Упэўненым, дзелавітым голасам Галадзед расказваў зале, што глядзела на яго, уважліва слухала з прыціхлых радоў партэра i балкона, якіх поспехаў дабіліся за першы год пяцігодкі прамысловасць i сельская гаспадарка Беларусі, называў лічбы, працэнты. Гэтыя лічбы ўзмацнялі ў Апейку адчуванне ўздымнасці i гонару. Ён браў ix з радасцю, яны был i суладныя таму, чаго яму заўсёды хацелася: добрай хады ў справе, у вялікай дарозе. Тут, сярод агульнай святочнасці, асабліва цешыла: ішлі добра. Пра гэта казалі багата лічбаў, i якіх лічбаў!
Як асаблівае дасягненне Галадзед вылучыў – узмацненне зернавой базы; гэтае дасягненне асабліва важнае тым, растлумачыў ён, што вырашэнне зернавой праблемы ідзе па лініі разгортвання аграмаджанага сектара сельскай гаспадаркі. Гэта дало магчымасць запраектаваць больш павышаны хлебанарыхтоўчы план i выканаць дагэтуль больш чым на 90 працэнтаў. Акрамя таго, гэта дало магчымасць прыступіць да арганізацыі хлебнага рэзервавага фонду.
Тут у радасны настрой Апейкі няпрошана ўнізалася насцярожлівае: легкаватай, здалося, наказана была задача – павышаны хлебанарыхтоўчы план i яго выкананне. І арганізацыя рэзервавага фонду.
– Характэрным i важнейшым фактарам, – гаварыў Галадзед, – з’яўляецца тое, што мы мелі рост калгасаўгігантаў i што мы гэты рост мел i не на былых маёнтках i дзяржаўных землях, а мы мелі рост на сялянскіх землях, гэта значыць, мелі зруйнаванне межаў, i на гэтых межах выраслі i вырастаюць калгасы-гіганты ў дзесяткі тысяч гсктараў.– Ледзь Галадзед нагадаў "калгасы-гіганты", Апейка ўспомніў, што думаў пра гэта, калі чытаў "Год вялікага пералому" Сталіна. Зноў вярнулася тое двоістае, супярэчлівае: i захапленне смелым размахам, i недаверлівая абачлівасць – ці не журавель у небе гэта?
– Найбольш сур’ёзным фактарам у развіцці сельскай гаспадаркі,– тлумачыў Галадзед, – з’яўляецца тое, што ў наступным годзе мы будзем мець магчымасць атрымаць не менш пяцідзесяці працэнтаў таварнага хлеба ад аграмаджанага сектара сельскай гаспадаркі. Калі нам прыходзілася часта праз меру траціць энергію на загатоўку хлеба ў індывідуальных гаспадарках, то ў гэтым годзе мы будзем мець пяцьдзесят працэнтаў таварнага хлеба з нашага абагуленага сектара…
У святочную бесклапотнасць Апейкі зноў уплялося: ці не занадта смела заяўляць, колькі будзе таварнага хлеба ад гаспадарак, якія яшчэ трэба аграмадзіць i наладзіць. Праўда, тут жа стрымаў сябе: у Галадзеда няйнакш ёсць падставы для такога, ён больш ведае…
– Пры дакладзе на Мінскім гарсавеце аб дванаццатай гадавіне Кастрычніка, – згадаў Галадзед, – я асмеліўся высунуць наступны лозунг: у трынаццатым годзе пралетарскай дыктатуры мы ў Беларусі павінны ўдзесяцярыць колькасць калгасаў.– Калі Галадзед стаў тлумачыць, як гэта задача будзе выглядаць у лічбах калгасаў i пасеўнай плошчы, хтосьці з залы крыкнуў: "Яшчэ мала!"
Па зале пайшоў шумок, рады заварушыліся. Апейка азірнуўся туды, на голас. Як i ён, многія паварочваліся, вялі позірк туды, адкуль пачуўся голас. Друпя глядзелі зацікаўлена ўперад, чакалі, што скажа старшыня Саўнаркома. Апейка заўважыў: у зале не адзін падтрымліваў нецярплівы вокліч: "Мала!" Яго не здзівіла гэта: знаёмы ўжо быў з такім настроем. Ды i, хоць сам быў іншай думкі, разумеў ix.
– Мне могуць сказаць, што гэта – фантастыка, – Галадзед нібы не чуў воклічу i хвалявання ў зале, развінаў сваю думку: – Фантастыкай гэтага, канечна, назваць нельга, але, таварышы, гэта вельмі агромная i вельмі смелая задача. – Апейка ахвотна ўхваліў цвярозую разважнасць дакладчыка: справядліва. – Аб ёй трэба думаць, i думаць можна рэальна толькі пры адной умове, – упэўнена вёў Галадзед, – калі мы зможам як мага лепш падцягнуць арганізацыйную нашу працу… бо мы ў шэрагу выпадкаў,– таксама ж пераканана судзіў ён, – адстаём ад калгаснага руху, ён у шэрагу раёнаў перарастае нашы адпаведныя органы…
Апейка слухаў гэта ўжо з насцярогай, з нязгодай: як так – "перарастае"? З чаго гэта ўзята – перарастае? Але дакладчык не стаў тлумачыць, упэўнена пайшоў далей:
– Мы заўсёды павінны быць на чале гэтага руху… Не чакаць, што толькі тады будзем калектывізавацца, калі нам дадуць трактар i дзяржаўны крэдыт…
"А хто чакае? Але ж i трактар i крэдыт трэба…"
– Гэта зусім не азначае таго, – як бы прадчуваючы, што яму могуць запярэчыць, разважліва загаварыў Галадзед, – што мы не павінны клапаціцца аб трактарах i дзяржаўных крэдытах для калектывізацыі… бо трактар, як гэта ўжо ўсім вядома, з’яўляецца асноўным рычагом калектывізацыі. Але справа абстаіць так, што ў першыя гады пяцігодкі ў нас трактараў не хопіць для поўнага задавальнення нашых патрэб, a калектывізацыю мы не павінны ні ў якім разе паслабляць. Наадварот, трэба ўсямерна яе разгортваць!..
Думка спадабалася Апейку разважлівасцю, i ён як бы паспакайнеў. Слухаў зноў з даверлівай увагай.
– Я павінен сказаць наступнае, – гаварыў Галадзед. – Паўночны Каўказ i Украіна ставяць перад сабой такую задачу: Украіна, напрыклад, мяркуе калектывізаваць стэпавую паласу ў два гады на сто працэнтаў, Паўночны Каўказ таксама думае калектывізавацца поўнасцю на працягу двух гадоў. Ці можам мы такую прыблізна – ну, не ў два, дык у тры гады – задачу ставіць перад сабою? Па-мойму, не толькі можам, але i павінны… – Апейка ў думках падтрымаў гэта. У тры гады – відаць, рэальна. – Вопыт мінулага года нам паказаў,– ішло да Апейкі,– што мы перавыканалі ўсе нашы планы па калектывізацыі, i перавыканалі ix на трыста працэнтаў. І мне думаецца, што, калі мы зможам арганізацыйна ахапіць гэты pyx i калі мы зможам i далей яго развіваць, мы можам "дзерзнуць" на такі крок, каб у найхутчэйшы тэрмін калектывізаваць сельскую гаспадарку БССР усю – на сто працэнтаў. Падставы для гэтага ёсць: маса беднаты сёння ўжо жыве імкненнем ісці ў калектыў… Вось, напрыклад, такі выпадак, – Галадзед адарваўся ад напісанага, i Апейка, i – адчуў ён – усе у зале яшчэ прыціхлі, зацікавіліся. – Калі мы началі гаварыць, – стаў апавядаць дакладчык, – аб арганізацыі буй нага агракамбіната-гіганта ў сотні тысяч гектараў… які павінен будзе ўюночыць у сябе не толькі справу паляводства… але i арганізацыю індустрыяльных мерапрыемстваў… дык мне старшыня Рагачоўскага РВК прыслаў тэлеграму, што ў ix раёне запісалася ўжо ў калгас 60 працэнтаў сялянства!.. Пачуўшы, што ў нас на Беларусі будзе арганізоўвацца такі гігант-агракамбінат… з прамысловымі прадпрыемствамі – электрастанцыяй i гэтак далей… сялянства ўжо само, часам i праз галаву многіх нашых арганізацый… пачало нечуванай хваляю ўлівацца ў калектывізацыю навокал такіх буйных сацыялістычных адзінак!..
Апейка адвёў вочы ад трыбуны, пабег позіркам няёмка абы-куды. "Самі… Нечуванай хваляю… Цераз галовы… Ледзь пачулі пра аграгігант…" – Адчуў раптам, быццам стала муляць шыю, як бы трапіла за каўнер сянінка. Паварухнуў шыяю, але яе ўсё муляла.
– Асноўнае, што з палітычнага боку павінна кіраваць намі ва ўсёй рабоце па ажыццяўленню гаспадарчых планаў,– казаў старшыня СНК з націскам, як бы падагульняючы, – гэта далейшае рашучае, няспыннае наступленне на капіталістычныя элементы… Другім кіруючым лозунгам павінна быць самая бязлітасная барацьба з правабухарынскай апартуністычнай апазіцыяй. Біць па панікёрах, дробнабуржуазных ідэолагах – гэта адна з важнейшых задач, абумоўліваючых pyx наперад…
Апейка ўсё гэта адзначаў сабе з пільнай увагай, усё тут было вельмі важна яму.
Зацікаўлена i клопатна слухаў Апейка, калі Галадзед тлумачыў дэлегатам задачы на бліжэйшы час работнікаў сельскай гаспадаркі, навукова-даследчых устаноў, задачы тых, хто працуе ў розных галінах прамысловасці. Яму падабалася: гаворка тут была вельмі канкрэтная, дзелавая, было тут што не толькі паслухаць, але i добра запомніць. Адчувалася, з павагай i нейкай нават зайздрасцю, як ён багата ведае i як шырока бачыць, старшыня СНК рэспублікі. Галадзед нібы аддаліўся ад Апейкі i разам вырас у гэты час.
– Тое, што мы перарастаем нашы планы, ставіць ва ўвесь свой рост перад нам i задачу падрыхтоўкі кадраў, пашырэння гэтых кадраў,– загаварыў Галадзед пасля паўзы. – Асабліва гэта будзе зразумела тады, калі мы напомнім i аб тым, што ў нас за мінулы час сярод часткі старых спсцыялістаў мела месца яўнае шкодніцтва ў ix працы, як ва ўсім Саюзе, так i ў БССР – Цікаўнасць Апейкі ўзяла іншы лад, павастрэла: зараз будзе асаблівае, пагрознае, што трывожыць усіх. – Акрамя таго, што ў нас маецца тонкая праслойка кадраў спецыялістаў,– нецярпліва слухаў Апейка ў нацятай цішыні,– мы маем яшчэ такія выпадкі, калі некаторыя з ix працуюць не на карысць савецкай улады. а на карысць капіталізму… Калі па Саюзе ССР выкрыты цэлы шэраг яўна шкодніцкіх арганізацый, то ў Беларусі мы без гэтага, на жаль, не абышліся. У нас ёсць падставы думаць аб тым, што па некаторых галінах нашай працы, асабліва па прамысловасці, i ў нас койчым некаторыя "спецы" займаліся, гэта значыць, займаліся шкодніцтвам, падрывам сацыялістычнай рэканструкцыі, а не яе ажыццяўленнем. – З усяго гэтага Апейкава ўвага выхапіла асабліва: "ёсць падставы думаць аб тым…" Што значыць гэтае туманнае: "падставы думаць"? Факты ёсць? – прайшло ў ім без адказу. Але няпэўнае "кой-чым", "некаторыя спецы" – засела ў памяці трывожна, як кожны намёк, за якім самы шырокі прастор для здагадак. – Гэтае шкодніцтва на культурным фронце, – прабівалася да Апейкі праз развагі яго, – праводзілася ў выглядзе выхавання дзяцей i моладзі ў нацыянальна-дэмакратычным напрамку. Шэраг "культурных" людзей давалі нам такую прадукцыю, i зусім свядома яе давалі, на якой не можа выхавацца савецкі грамадзянін. Я маю на ўвазе некаторыя падручнікі i "навуковыя" працы паасобных ярых праціўнікаў савецкай улады, якія прыкрываюцца вуаляй "лаяльнасці"…
Апошнія словы адгукнуліся ў Апейку трывогай: тут было ўсё дакладнае i было блізкае – школа. І яшчэ, асабліва: да ўсяго гэтага нібы мела дачыненне Алесева бяда. Недарэчна, між няцямнай трывожнасці засела незразумелае – "лаяльнасць". Што яна за такая, ды яшчэ з гэтай "вуаляй"?
Дакладчык прыкметна запаволіў гаворку, узняў голас. Стаў рабіць агульныя вывады, як бы даваў наказ перад развітаннем. Падобна было, плывец набліжаўся да берага.
– Кіруючыся імкненнямі аб хутчэйшых тэмпах нашага будаўніцтва, з аднаго боку, i фактычным становішчам выканання нашага плана ў першым годзе пяцігодкі, з другога боку, – Галадзед загаварыў урачыста i значна, нібы вылучаючы гэта, як самае важнае ў дакладзе: – Савет народных камісараў БССР у жніўні месяцы, зацвярджаючы кантрольныя лічбы, вынес пастанову – перагледзець пяцігодку ў бок яе павелічэння па важнейшых галінах народнай гаспадаркі i культуры. Я буду прасіць, каб сесія ЦВК зацвердзіла гэтую пастанову i дала дырэктыву, каб нашы гаспадарчыя органы сапраўды гэта зрабілі… Матэрыялы гавораць аб ажыццяўленні такога лозунга – выканаць пяцігодку ў БССР у тры-чатыры гады. Гэты лозунг з’яўляецца баявым лозунгам сённяшняга дня!.. На гэтым дазвольце скончыць мой даклад.
Ён згарнуў папку з паперамі i той жа цвёрдай, упэўненай хадою пайшоў ад трыбуны к сталу. Зала гучна, дружна запляскала. Моцна, горача пляскаў Башлыкоў, гледзячы на Галадзеда з юначым захапленнем. Пляскаў i Апейка, цвёрда, нехапатліва. Глядзеў то на Галадзеда, то на іншых у прэзідыўме i біў у далоні. Апладзіраваў баявой задачы, таму, што яна, калі здзейсніцца, павінна была прынесці зямлі i людзям. Апладзіраваў дакладчыку, які нямала адкрыў яго вачам. Поўны тым, што пачуў, быў задуменны. Час ад часу мімаволі прытрымліваў далоні ў далонях. Раз-пораз збіраў клопатны зморшчык між броў. Як бы хацеў штосьці яшчэ даўмець…
Калі воплескі сціхлі, Чарвякоў падняўся i аб’явіў, што на гэтым вячэрняе пасяджэнне заканчваецца i што спрэчкі пачнуцца заўтра, з дзесяці гадзін раніцы…
У той вечар Апейка вячэраў з Башлыковым; за вячэрай Башлыкоў доўга i шчыра хваліў даклад Галадзеда. Апейка толькі сказаў згодна: даклад – багаты, – не было ахвоты гаварыць асабліва. Але пасля вячэры, у пакоі, на адзіноце зноў стаў згадваць пачутае ў зале. Як i раней, многае захапляла; асабліва тое, які шырокі малюнак паўставаў з даклада, уся краіна была нібы перад вачыма. Захаплялі маштабы планаў, смеласць праектаў, сцінала дыханне, калi думаў пра агракамбінатыгіганты на месцы саламяных вёсак. Нельга было думаць спакойна пра тое, якія могуць быць знаёмыя Мокуці, Курані праз нейкі дзесятак гадоў. Малявалася проста штосьці казачнае. Але разам у думкі лезла i іншае. "Калгасны pyx перарастае нашы адпаведныя органы…" "Сяляне, часта цераз галаву нашых арганізацый, нечуванай хваляю ўліваюцца ў калгасы…" Варта было даведацца пра агракамбінат, як – сяляне – самі пачалі валіць у калгасы!..
Чым больш разбіраў чутае, тым больш брала нездавальненне: не багата было дзелавітасці ў дакладзе. І глыбіні, сур’ёзнасці пры разборы становішча не шкодзіла б большай. І складанасць становішча, складанасць заданы можна было б грунтоўней паказаць. Асабліва там, дзе гаворка была пра калектывізацыю… І, можа, не варта было такім лёгкім падаваць павышаны хлебанарыхтоўчы план. Калгасам, якія яшчэ толькі становяцца на ногі i сілу якіх так легка падарваць… Чаму маляваць было ўсё ў такім бадзёра павярхоўным, фактычна – непраўдзівым святле?..
"Нічога. Таксама – не трапячыся лішне. Усё яшчэ – наперадзе…" – супакоіў ён сябе, стараючыся заснуць. Не дадумаў, што яно, гэтае "ўсё": ці жыццё наогул, ці сесія, якая толькі пачыналася…
Устаў рана. Хутка сабраўся, пазваў Анісю. Разам паснедалі ў людным, але па-ранішняму ціхім рэстаране. Выйшлі ў марозны ранак, пахадзілі крыху па ранішнім Мінску, потым у вестыбюлі.
Седзячы ў зале, якая поўнілася людзьмі i гоманам, разгарнуў газету: на кожным месцы бялелі аркушы газет. Пабег вачыма: чым жыве краіна, свет?.. "Ліквідуем непісьменнасць…" "Заняткі не распачаліся своечасова… Няма падручнікаў…" "План самаабкладання выканан толькі напалавіну…" "Знішчаюць жывёлу… У Магілёўскай вобласці…" "Выканаем дадатковыя планы па хлебазагатоўках да І снежня… Націснем на кулаказаможніка…" Увага ўчапілася ў паведамленне: "Выкрыта органамі ДПУ i ліквідавана контррэвалюцыйная арганізацыя… "Саюз вызвалення Украіны…" Падтрымлівала сувязь з пятлюраўскім цэнтрам у Польшчы!.." На чале – нібы мірны вучоны, прафесар, савецкая ўлада даверыла яму пачэсную пасаду, а ён – "адцзячыў"! Гэта быў не грозны i голы артыкул; стрыманае, дакладнае паведамленне біла, здавалася, кожным словам: вораг не спіць, віжуе, падбіраецца! Набегла трывожнае: а што, калі i Алеся ўцягнулі ў такое кодла; ён не ведае, а сам аблытаны!.. Не, каб было што, ведаў бы – пачуў бы, ён – такі!..
Пасяджэнне ў гэты дзень пачалося ціха, без учарашняй святочнасці. Гасцей было мала, у зале цяпер сядзелі амаль адны ўдзельнікі сесіі. Чарвякоў аб’явіў: "Слова мае таварыш Нікіціна". Па праходу пайшла піякавеючы пад агульнай увагай залы, не варушачы рукамі, дробная жанчына ў ботах, жакеце, доўгай спадніцы. На трыбуне яна момант разгублена маўчала, адно бегалі спалоханыя вочы, як бы першы раз пабачыўшы такое мноства твараў. ІДішыня станавілася крытычнаю, калі яна адолела кволасць, адважна, голасна загаварыла – пра тое, як багата ўжо зроблена "ў справе залучэння нашых жанчын у савецкае будаўніцтва".
– Па дакладу таварыша Галадзеда, – перадыхнула яна момант, кінулася наперад, – я скажу некалькі слоў… Таварыш Галадзед, кажучы аб нарыхтоўках, казаў, што нарыхтоўку па льносемю вы выканалі добра. Але мы не ўсё наша льносемя ўзялі…– Зноў была хвіліна маўчання. – Цяпер – аб калектывізацыі. Таварыш дакладчык казаў, што мы ўжо меркаванні па пяцігадоваму плану, намечаныя на першы год, перашагнулі, але не адзначыў, што гэта не ва ўсіх акругах. Калі я закрану Віцебскую акругу, то там па калектывізацыі непачаты край работы, там мала актыву, мала кінута культурных сіл, як аграномаў i гэтак далей. Тры раённыя аграномы ёсць, але i тыя слабыя… Вось у гэтым самае галоўнае, што ў нас мала работнікаў. Трэба кінуць усе сілы ў адсталыя раёны!..
Заружавелая, яна з палёгкай i радасцю, як чалавек, што выканаў свой няпросты абавязак, хутка сышла ў залу. З гэтага часу Апейка толькі назіраў, слухаў, зрэдку для памяці тое-сёе запісваючы ў блакнот.
– Таварыш Галадзед указаў у сваім дакладзе, што ён як быццам сумняваўся. Што план па калектывізацыі, які намечан, будзе, можа, не выканан. – Барытон дужага з абветраным тварам, з кароткай шыяй чалавека, старшыні калгаса з Бабруйшчыны, гучаў цвёрда, упарта. – Я, таварышы, запэўняю, што пры такім тэмпе i пры такіх настроях сялянства, якія мы маем у цяперашні момант, мы не толькі можам выканаць, але i перавыканаць. І сумнявацца тут няма чаго!.. Але ў гэтай працы мы часта сутыкаемся з нашымі класавымі ворагамі. І нам тут трэба абмеркаваць, якія мерапрыемствы трэба ўжыць да гэтых кулацкіх элементаў. Бо тыя законы i тыя кодэксы, якія існавалі да гэтай пары, з’яўляюцца недастатковыя. Нам трэба на ix так нажаць, штоб у ix кроў з вачэй палілася!.. Трэба даваць кулакам зямлі не максімальную норму, a мінімальную! Даваць ім вучасткі з сыпучымі пяскамі. Няхай там папрацуюць!.. – Сціпла, быццам пра асабістае, не цікавае для іншых, сказаў крыху Пугачоў – такое было ў старшыні прозвішча – пра справы калгаса. Паведаміў, што ёсць вялікі клуб, папрасіў, каб прыслалі дакладчыка, "які б там зрабіў даклад аб культурным выхаванні". Асцярожна зачапіў жывёлагадоўлю, намёкам адзначыў, што "ёсць вялікі крызіс"; падтрымаў Галадзеда, што трэба, каб заводы рабілі машыны для калгасасаў.
– Сёлета мне прыйшлося гаварыць з дзядзькамі з Урала, – пявуча, лагодна апавядала прыгожая з твару, паўнаватая жанчына ў чырвонай касынцы, Анішчанка. Апавядала, абапершыся аб трыбуну локцямі, падаўшыся ўперад, пасміхваючыся, так спакойна i вольна, нібы гаварыла з сяброўкамі. Было відаць, што за трыбунай не першы раз i рада гаварыць. – Гаманілі мы, i я пыталася ў ix: як – пыталася – на Урале будуюць камуны i калгасы. Яны гаварылі мне: "Цётка, калі б вы пабачылі нашы камуны, якія былі арганізаваны дзесяць гадоў назад, дак вы не сказалі б, што гэта была сялянская веска. Зараз там жанчыны амаль што не работаюць на полі. Мы ўсё абрабатваем – казалі – машынамі, а жанчыны даглядаюць толькі быдла. У нас – хваліліся – добрае стада свіней, кароў i дробнай скаціны. Дак чаму б i нам, таварышы, на Беларусі не арганізаваць так сельскую гаспадарку?!. Некаторыя дзядзькі нам i сёння яшчэ кажуць, што ў нас не можна будаваць калгасы, бо там балоты, там горы. Там – тое, там – другое. Я думаю, што можна ў нас на Беларусі ўсю землю выкарыстаць, на сто працэнтаў… Таварыш Галадзед расказваў тут пра Асінбуд. Дзе ж вы бачылі, штоб у старыя часы ўздумалі на балоце будавацца?.. Мы самі нядаўна туды ездзілі, на экскурсію. Дак бачылі, што на гэтым балоце, якое займае пяць тысяч гектараў, можна ўжо не толькі торф здабываць, але ўжо i трактар пусціць. Там так добра землю асушылі, што мы хадзілі амаль не цэлы дзень i не маглі налюбавацца!..
Разумна, збалела непакоілася яна пра сялянскую бяду: бясконцыя пажары, няшчасныя пагарэльцы.
– Дзядзькі будуюць добрыя хаты, – шчыра бедавала i сама, – але будуюць так густа, што між імі i аршыну дзецца няма куды. Лепяць хаты адна каля другой, i што ж выходзіць? Дах саломай накрыем, – ад адной іскры гарыць уся веска. Часам баба жару прынясе сабе ад другой цёткі, а то ў свірані самагонку пачнуць гнаць – i так бывае. Селянін гаруе, будуецца, а за дзве гадзіны ўсё дабро яго гіне!.. Я думаю, калі пяройдзем на калгасы, тады зробім з нашых гор чарапіцы i будзем хаты крыць не саломаю, a чарапіцаю. Тады не будзем гарэць штогод. І дабро не будзе гінуць, i лес трапйчь не будзем попусту…