355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Подых навальніцы » Текст книги (страница 36)
Подых навальніцы
  • Текст добавлен: 20 сентября 2016, 16:05

Текст книги "Подых навальніцы"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 36 (всего у книги 38 страниц)

4

Адчуванне шырыні i супярэчлівасці жыцця не давала Апейку спакою ўвесь час: i калі абмяркоўвалі бюджэт, i калі абгаворвалі даклад пра чыстку савецкага апарату. Асабліва багата было гарачых выступленняў, калі ішлі спрэчкі пра бюджэт. Людзі з усіх краёў – найбольш жанчыны – неслі к трыбуне бяду сваіх вёсак, родных людзей, якія паслалі ix сюды ў сталічную залу, наказал i ім. Прасілі сродкаў на бальніцы, школы, крамы, дзіцячыя яслі, хаты-чытальні, лазні; прасілі настаўнікаў, дактароў, дакладчыкаў; прасілі лякарствы, апал, святло. Скардзіліся, што мучыць бездараж, што мала кніжак для дзяцей, што не хапае газы, ботаў, адзення, махоркі. Зямляк з Мазыра вельмі разумна гаварыў пра тое, што зарастаюць вакол Прыпяці рэкі i сплаўныя каналы; прасіў грошай на рэгуляванне рэк, даказваў, што неабходна пашырыць меліярацыю, якая дасць багата ўрадлівых зямель…

Розныя, нязлагадныя думкі засталіся ў Апейкі ад даклада намесніка наркома PCІ Рыскіна.

Рыскін, вельмі зграбны ў акуратнай гімнасцёрцы, зграбны ў рухах, спакойна, разумна растлумачыў, чаму неабходна чыстка дзяржаўнага апарату i чаму ёй дадзена такая ўвага. Ён адразу ж заявіў, што дзяржаўны апарат у асноўным складаецца з адданых справе сацыялістычнага будаўніцтва работнікаў. Услед за гэтым тым жа лёгкім тонам, але сур’ёзна, дзелавіта сказаў ён, што побач з адданымі людзьмі працуюць i значныя кадры такіх, якія шкодзяць сацыялістычнаму будаўніцтву.

"Нарэшце, мы маем, – энергічна вёў ён далей, катэгорыю, нешматлікую, наасобныя адзінкі, у якіх, бясспрэчна, маецца прытупленне камуністычнай пільнасці, людзей, якія згубілі рэвалюцыйнае "чуццё"; такіх людзей, якія не бачаць, што робіцца вакол ix, не могуць ахапіць усіх гэтых складаных задач, людзей, якія паддаюцца уплыву класава варожых нам сіл". Рыскін заявіў, што "месцамі назіраецца агіднейшае скрыўленне класавай лініі, месцамі – поўнае разлажэнне…". Ён стаў абурана крытыкаваць Наркамзем, уся дзейнасць якога ішла на развіццё кулацкіх гаспадарак, насаджэнне хутароў, супроць калектывізацыі.

Строга судзіў Рыскін фінансавыя органы за няправільную лінію пры абкладанні служыцеляў рэлігійных культаў, недастатковую цвёрдасць пры спагнанні падаткаў з буйных прыватных гандляроў, з прыватнага сектару сялян. Аказалася, што ў рэспубліцы – у Мінску, Гомелі, Віцебску, Магілёве, – як i раней, дзейнічаюць яшчэ нямала буйных гандляроў, якія ўсяляк выкручваюцца ад падаткаў, ад фінансавага кантролю. Рыскін, вінавацячы, сказаў, што фінансавыя органы на дзяржаўны i кааперацыйны сектар націскалі больш, як на прыватны, ён даводзіў гэта тым, што прыватны сектар мае большую суму нядоімкі. Рыскін вінаваціў, што выяўлена толькі каля двух працэнтаў кулацкіх гаспадарак, што багата выпадкаў, калі кулак залічваецца ў сераднякі.

З усяго гэтага Рыскін вывеў, што класавая лінія часта не вытрымліваецца, – з’ява недаравальная ва ўмовах нашага сацыялістычнага наступлення на варожыя элементы.

Рыскін паказаў некалькі прыкладаў таго, хто быў вычышчаны, зняты з пасад. Тут былі i бюракраты, i растратчыкі, i п’яніцы, i хабарнікі, i жулікі; усё гэта былі людзі, якіх належала гнаць. Апейку не спадабалася адно, што плён нялёгкай гэтай працы мераўся на працэнты: Рыскін крытыкаваў Пухавіцкі раён за тое, што там па першай катэгорыі – бюракраты – вычысцілі толькі І,5 працэнта. "Здаецца, – сказаў Рыскін, – тут праца была зроблена няправільна, у бок недавыканання". Крытыкаваў дакладчык установу, у якой знялі толькі 0,4 працэнта супрацоўнікаў – аднаго чалавека, тады як у Наркамземе вычышчана 9 працэнтаў! "Нібы па чыстцы трэба ставіць сабе нейкі план i выконваць яго!" – падумаў нязгодна Апейка. Разумна зазначыў Рыскін, што пры чыстцы больш стараліся выяўляць "былых" людзей, хоць i гэта трэба, – i мала давалі ўвагі людзям, якія шкодзілі сваёй дзейнасцю цяпер, – злосным бюракратам, што не зважаюць на сваё пралетарскае паходжанне i партыйную прыналежнасць… У дакладзе было багата талковага, i тым больш чутна вылазіла ў ім неразумнае. З прыкладаў розных памылак Рыскін асабліва вылучыў рашэнне, што прынялі ў Гомелі ў акрфа; Рыскін чытаў яго гнеўна – як "недапусцімы факт": "Прымаючы пад увагу спецыфічныя ўмовы работы ў акрфа, – Рыскін трымаў лісток у руцэ, кідаў у залу позіркі, нібы запрашаў далучыцца, падзяліць яго абурэнне. – Прымаючы пад увагу спецыфічныя ўмовы… i ўлічваючы магчымасць паступлення негрунтоўных матэрыялаў… а таксама паклёпаў на глебе асабістых разлікаў… сход заклікае камісію па чыстцы апарату – аднесціся да чысткі з асаблівай асцярогаю!.."

– Хіба ж гэта ёсць лозунг для развіцця самакрытыкі? – з гневам казаў Рыскін, апусціўшы лісток. – Гэта – лозунг, каб садзейнічаць камісіям па чыстцы, ускрываць гэтыя недахопы?.. Гэта ёсць апартуністычны лозунг, які замазвае класавую сутнасць. Лозунг, які, бясспрэчна, з’яўляецца тормазам, які можа звесці "на нет" усю працу па чыстцы савецкага апарату! Зам ест актыўнай дапамогі камісіям па чыстцы, яны хочуць заблытаць, не даць магчымасці ўскрыць усе недахопы свайго апарату!

Тут Апейка зноў згадаў Галенчыка. Зноў вастрэй пачуў неспакой, які за час дакладу то адступаў, знікаў, то вяртаўся, шчымеў назольна. "Як цяжка часам, аказваецца, – падумаў стомлена, – зразумець звычайныя рэчы!.."

З дня на дзень у зале было ўсё больш пустых крэслаў. Нямала дэлегатаў у час пасяджэнняў хадзілі ў вестыбюлі, гаманілі, курылі. Усё больш чулася стома. Найлепш адужвалі яе жанкі,– да апошняга дня, з раніцы да иозняга вечара, сядзелі ціхія, уважлівыя, зрэдку адно перашэптваючыся пра нешта.

Увечары 26 лістапада былі прыняты рэзалюцыі па ўсіх пытаннях, i старшыня ЦВК Чарвякоў устаў за сталом, каб закончыць сесію. Ён сказаў, што заклік – калектывізаваць Беларусь за два-тры гады – не фантазия, а канкрэтнае заданне, якое вынікае з самога жыцця. Ён тут жа зазначыў, што вялікаю памылкаю будзе лічыць, што калектывізацыя – лёгкая справа.

– Справа калектывізацыі,– з увагай, згодна слухаў Апейка, – гэта справа перабудовы дзесяткаў i соцепь тысяч сяляпскіх гаспадарак. Гэта справа перавыхавання дзесяткаў i соцепь тысяч – i мільёнаў – нашага сялянства. І таму гэта цяжкая справа… – Чарвякоў папрасіў адносіцца да гэтай справы, як да цяжкай i важнай, – вельмі сур’ёзна. Разумна перасцерагаў ён, што бюракратычна-фармальнымі адносінамі можна толькі сарваць калектывізацыю. Трэба, каб кожнае пытанне, раіў ён, было прапрацавана, каб яно было зразумелае для працоўных еялян, для мужчын i жанчын. Трэба, разумна турбаваўся ён, каб калектывізацыя з першых жа дзён станавілася на моцны, здаровы грунт.

– Перад намі можа паўстаць пытанне, – загаварыў ён, памаўчаўшы момант, – ці дапусціма насільственная калектывізацыя? – Апейка зацікавіўся. – Зразумелая рэч, што ў аснове калектывізацыя павінна праводзіцца на падставах добраахвотнага, свядомага жадання самога працоўнага сялянства… Аднак могуць быць выпадкі, калі не толькі магчыма, але i трэба падштурхнуць паасобных гаспадароў уваходзіць у калгасныя аб’яднанні. Мы не можам дапусціць, – усё цвярдзеў яго голас, – каб паасобныя гаспадаркі, ці з прычыны несвядомасці гаспадароў, ці з прычыны шкодных уплываў з боку варожых савецкай уладзе элементаў i г. д. i г. д. – разбурвалі нашы імкненні перабудаваць сельскую гаспадарку на сацыялістычных падставах. Большасць можа прымусіць меншасць пакарыцца, увайсці ў калектыў i падпарадкавацца калектыўнаму парадку працы i жыцця… Калі б мы ставілі пытанне інакш, то гэтым мы ставілі б усю справу пабудовы сацыялізма i на даным этапе ўсю справу сацыялістычнай перабудовы сельскай гаспадаркі ў залежнасць ад адсталых, несвядомых элемент^ нашай вёскі.

Ён яшчэ раз паўтарыў пад канец, што трэба не толькі не стрымліваць тэмпы, якія былі дасюль, а яшчэ ўзмацняць ix. Беларусь па калектывізацыі павінна ісці ў першых радах, заявіў ён перад тым, як аб’явіць, што сесія закончыла работу…

У гэты вечар, вярнуўшыся з развітальнай вячэры, Апейка стаяў трохі каля акна. Перад ім была цьмяна асветленая плошча з голымі дрэвамі, у акно біўся моцны вецер, з даху капала. Апейка чуў дзіўную стому: здалося, даўно-даўно ў Мінску, з радасцю думалася пра дарогу дадому. На плошчы жаўцела кругамі некалькі ліхтароў, некалькі агнёў свяцілася наводдаль, у пройме між дамоў. Гледзячы на ix, Апейка падумаў раптам узрушана: колькі ix, агнёў,– не такіх, а з лучыны, з газы, з-пад саламяных стрэх – на поўнач, на поўдзень, на ўсход, – i ў кожнай хаце – роздум, недавер’е i вера, надзея i адчай. Вялікі, неабсяжны прастор – да Масквы, за Маскву, за Урал, за Сібір – у роздуме, у надзеі, у трывозе. У вялікім клопаце, небывалым паходзе. Убачыў нібы нанава Юравічы, свой раён – адна, дробная кропелька ў акіяне! Кропелька, але якой дарагой здалася яна. І ў кроплі свой свет i свая надзея!

Няхай трывога, няхай – пакута, боль, але наперадзе – добрае. Добрае жыццё. Пакуты для добрага – не паганыя пакуты. Усё ўрэшце прыйдзе к добраму. Гэта – галоўнае!..

5

Раніцай, перад ад’ездам, ён зноў зайшоў да Алеся. Сядзеў нядоўга: не было калі. Алесь адзеўся; разам ішлі па крывых i мокрых, пачарнелых завулках, коўзаліся на слізкіх сцежках. Сонца значылася не яркае, а жаўтлява-цьмянае, затуленае мутнай смугою. Усё неба было нейкім вільготным, туманным. Алесь маўчаў, ступаў панура: усё ў яго жыцці было, як i раней, няясным…

– Жыццё ёсць жыццё, – сказаў Апейка. – Усялякае можа быць… Гэтае-то высветліцца скора, я ўпэўнены!.. Але потым – спакою не будзе! Усякага пабачыш, i бяду не ад ну, пэўне!.. І радасці будзе, i бяды! Такая штука – жыццё!.. Дак от, – прыпыніўся, як таварышу глянуў у вочы: – Што ні будзе потым табе – ніколі не падай духам!.. Усякую справу робяць жывыя; людзі. Ёсць i ў нас i разумныя, i дурні. І нягоднікі ёсць. Заўсёды былі, i ў нас ёсць, як ні шкода… Але – ёсць народ, i ёсць партыя. У ix – наша сіла. З імі толькі мы чагосьці варты. Яны разбяруцца ва ўсім, папраўдзе. Не сягоння, дак заўтра, а разбяруцца! Трэба верыць!.. І яшчэ, – Апейку ўзяла іншая думка, задумаўся, як сказаць лепш. – Трэба жыць так, з такім настроем… што мы жывём у вялікі час… Цяжкі i няроўны, але – вялікі час…

На вакзале, перад грэцім званком, Апейка напомніў яму:

– Я табе, брат, не проста так сказаў. Помні: крута будзе – ирыязджай. Уладзім. Ці настаўнікам, ці яшчэ кім.

– Пабачу, – думаў Алесь пра нешта сваё.

Апейка, нібы перадаючы сілу, моцна сціснуў яго руку. Не адразу адпусціў. Ужо з акна вагона, калі поезд крануўся i Алесь пачаў адплываць, штосьці пацягнула да яго. Заныла ўсярэдзіне – нядобрае, неспакойнае, трывожнае…

Грукалі, грукалі ўнізе колы, прыціхаючы адно на станцыях ды паўстанках. Тады грукат змянялі тупат i мітусня за вокнамі i ў праходзе, у вагон пачынала цягнуць холадам. Тупат i мітусня ўціхалі неўзабаве, i зноў перамаўляліся адно колы, i пад ix гонкую гаворку ішлі i ішлі ў памяці знаёмыя i незнаёмыя твары, нанава чуліся галасы, гоман. Быў нібы зноў у клубе імя Карла Маркса, у нядаўнім жывым хваляванні.

Як i там, у клубе i ў гасцінічным нумары, разам былі, мяняліся радасць, клопат, неспакой. Цешыла, уздымала неяк асабліва чутнае: пачынаецца, па-сапраўднаму! – шырыня прастору, які ўбачыўся вачавідкі, ва ўсёй сваёй агромністасці i нязвыклай мнагалюднасці. Цвярозы, практычны розум яго, што меў звычку перабіраць усё, высвятляць сам, адзначыў за мінулыя дні не адзін факт таго, што рабілася прадумана, сур’ёзна. Розум гэты нямала запомніў i такога, што варта было пераняць, скарыстаць. Помнячы, што дарога няпростая i будзе нялёгка, Апейка цяпер чуу сябе як бы мацней перад тым, што трэба было зрабіць. Разам з тым ён нібы больш рэальна, бліжэй чуў той свет, тую новую вёску, для якой жыў увесь час. Ад гэтага больш брала яго нецярплівае: хутчэй бы наблізіць, зрабіць…

Але між усяго гэтага, чым больш перабіраў у думках чутае на сесіі, даклады, выступленнй размовы, тым больш у тое, што цешыла, унізвалася клопатнае. Не адступала адчуванне: сур’ёзная размова заменена багата ў чым святочнай. Гэта, канешне, па-свойму прыгожа, прыемна; гэта таксама падымае людзей; але падымае па-святочнаму, не для цярплівай i цяжкай работы. Мала мабілізуе людзей на сур’ёзную, упартую працу, якая так патрэбна для найвялікшага наступлення. Апейка бачыў, што к тым турботным фактам, якія пяклі, трывожылі многіх прамоўцаў з акруговых цэнтраў i вёсак, мала хто па-сапраўднаму прыслухоўваўся. Над усім было адно – тэмпы, хуткасць: любым спосабам хутчэй, раней за іншых. Клопат пра гэта быў такі вялікі, што не хацелі чуць трывожных разваг, лічыцца з навакольным. І што горш яшчэ, усялякую спробу агледзецца, разважыць гатовы былі ўзяць як знак няўстойлівасці, як гнілы настрой!..

Зноў на памяць прыходзіла тое, што было ў рэзалюцыі аб калектывізацыі лістападаўскага пленума ЦК, i ён думаў, як небагата ў параўнанні з пленумам было дзелавітасці на сесіі; асабліва ў тых, хто кіраваў ёю. Проста цяжка было зразумець, як можна было абысці так многія важныя пункты, якія былі ў рэзалюцыі. Як можна было знізіць так асноўнае: сур’ёзны аналіз становішча, задач. Забыць фактычна папярэджанне пра недаацэнку цяжкасцей калгаснага руху, пра небяспеку фармальна-бюракратычнага падыходу…

Успомніў: "удзесяцярыць тэмпы!" – колы ўнізе, здавалася, выгруквалі таксама: "удзесяцярыць!.. удзесяцярыць!.."– i адчуў трывожна, што не ведае, як гэта ўдасца зрабіць. І не бачыў, што будзе, калі ўдасца зрабіць, – без аграномаў, тэхнікі, патрэбных кадраў. Трывога была шырокая: ведаў цяпер, што i іншыя не лепш гатовы! Падумаў, як гэты заклік падзейнічае на Башлыкова, на многіх раённых кіраўнікоў, якія i цяпер – чаго грэх таіць! – нярэдка дабіваюцца працэнтаў гразьбою ды прымусам! Нанава ўспомніў, што казаў Чарвякоў: ці можна дапусціць насільственную калектывізацыю? – i неспакой падужэў: як гэта можа падахвоціць некаторых!

Тэмпы!.. Хіба ён не разумее, што таптацца нельга! Хіба ён не разумее, што становішча патрабуе: трэба тэмпы! Але хіба ж тое трэба забываць: якая гэта няпростая, складаная справа – калгасы, i як важна рабіць яе сур’ёзна, добра. Вялікую, складаную справу i скалечыць легка, i загубіць! І людзей зняверыць! Як жа не лічыцца, таварыш Рачыцкі, з тым, ці ёсць змога, каб зрабіць з такім размахам, з такім тэмпам – добра, надзейна! Не похапкам, а толкам! Гэта ж, да усяго, не гадавая якая-небудзь кампанія!.. Чаго ж вы так легка "гатовы" перакрыць тэмпы, якія зацвердзіў ЦК партыі!..

"Няўжо я, праўда, не разумею чагосьці,– як мне даказвае Башлыкоў. Няўжо ва мне ўсё гэта праўда – сялянская хісткасць, мужыцкая жаласлівасць? Правы ўхіл, – у прыхаванай развагамі "форме"?.. Ухіл не ўхіл, – а прышыць – могуць! Прышыць i "зрабіць вывады"!.. Чаго там – могуць зрабіць, рабілі ж ужо. Робяць – гапенчыкі!.." Пагрозным успомнілася тое, што жорстка абвясціў у першы вечар, здавалася, добры, разважны Чарвякоў: жыццё бязлітасна адкіне ўсіх, хто не зможа ісці нага ў нагу! Нібы папярэджанне сабе чуў Апейка…

Намаганнем волі разарваў навалач думак, стаў думаць пра жонку, дзяцей – як там яны? Засумаваліся па ім, – як i ён па хаце сваёй? Месяц, здаецца, не бачыўся. "Дадому, дадому!" – чулася, грукалі пад вагонам колы.

Раздзел шосты
1

Той, хто хоча выбавіцца з бяды, хапаецца за саломіну. Шукаючы збавення, Ганна думкаю ўхапілася за, можна сказаць, незнаемую дзяўчыну.

Усё ж была нейкая надзея на яе – можа, параіць, куды пайсці, да каго падацца. У яе ж у Юравічах i ў Мазыры знаёмых, пэўне, багата.

Ганна ведала, што яна робіць настаўніцаю ў Глінішчах. Раз выпадкам сутыкнуліся тварам у твар – у алешніцкай краме; Параска аж бровы падняла здзіўлена i ўзрадавана: пазнала Ганну з аднаго позірку. Але Ганна вочы тады адвяла ўбок, не падала i знаку, што помніць, знарок схавалася ў натоўпе.

Чаму так абышлася з ёю тады, не сказала б i потым. Мо таму, што ўсё вельмі ж неспадзявана выйшла, мо таму, што казаць не было чаго добрага, – але, як бы там ні было, Ганна цяпер ад душы пашкадавала аб сваёй няветлівасці. Думкі цяпер не раз i не два ішлі да Параскі.

Яшчэ тады дазнапася Ганна ад Міканора, што Параска настаўнічае ў Глінішчах. Цяпер даведалася ад яго ж, што часта яна бывае i ў Алешніках, на сходах, у школе.

Тут Ганна i падпільнавала яе, калі тая выйшла на вуліцу. Ганне, праўда, не вельмі пашанцавала – з Параскай ішоў стары чалавек у свігцы, з кніжкамі i сшыткамі, але яна падалася проста да дзяўчыны, паздаровалася.

– Не пазнаеш, можа? – сказала знарок весела, па-прыяцельску.

– Пазнала… – проста, прыязна адказала Параска.

– Даўно було…

– Даўно…

Прайшлі, памаўчалі. Ганна напомніла:

– Сабіраліся ў Курані к нам настаўнічаць!

– Сабіралася! Ды не давялося. Назначылі ў Бярозаўку. А цяпер от – у Глінішчы…

Толькі прайшлі вуліцу – на сцежку ў поле, як здагнаў Міканор. Ганна чакала, што ён збочыць, вернецца, але ён ішоў i ішоў, быццам нейкая варта. Ганна глядзела на яго з непрыхільнасцю – трэба ж, прыпёрся так не ў час.

І звычайна няўкпюдны, ён цяпер – каля Параскі – здаваўся Ганне яшчэ больш няўклюдным, вялізным.

"Бы мядзведзь. А за кавалера буць хоча…" – падумала Ганна. Здагадвалася, сэрцам чула, што не так сабе Міканор сунецца побач тут.

То гаварылі абы пра што, то маўчалі. Дзень быў хмурнаваты, за жаўтлявым кужалем хмар значыўся немачны кружачок сонца, якое ніяк не магло прарвацца заліць дарогу, поле святлом. Таксама хмурна, няпэўна было i ў Ганны на душы…

– А я тады, у краме, падумала, – сказала Параска Ганне з вясёлай шчырасцю, – што – прызнаваць не хочаш мяне!

Ганна пачула сябе як вінаватая.

– Неспадзеўкі выйшло ўсё!.. Ды i – можно сказаць – забула ўжэ!..

– Нядоўга былі разам. І столькі часу мінула!

– Багато!.. Як на том свеце було!..

– Я ўспамінала цябе. Гадала, як табе замужам.

Ганна пачула ў Парасчыных словах пытанне, нахмурылася.

– Чаго там гадаць… – толькі i сказала.

З усіх гэтых праводзін засталіся ў памяці непрыхільнасць да Міканора i чуццё няпэўнасці, недагаворанасці, якое ўвесь час жыло ўсярэдзіне. Чуццё гэта памацнела, калі развіталіся, калі з Міканорам падалася назад. Быццам i не было поруч Міканора, ішлі, жылі кожны сваім настроем, сваімі думкамі. Заўважыла толькі мелькам, што ён вельмі ўсхваляваны, засмяяцца гатоў, закрычаць з нейкай радасці. Дыбае, як бы сп’янелы. Ён не засмяяўся, не закрычаў, пільна зірнуўшы на яе, неспадзеўкі запытаў:

– Праўда ето, што Яўхім бе цябе?

Яна недавольна варухнула брывамі, памаўмала. Быццам зазлавала на яго за пытанне.

– Праўда – няпраўда, – якое каму дзело?!

– Нам да ўсяго дзело! – важна аб’явіў ён. Дзелавіта дадаў: – Савецкая ўлада – не сакрэт – судзіць за ето!.. Хочаш, скажу яму?

– Не хочу! – адрэзала яна. Цвёрда, непахісна.

Міканор здзівіўся:

– Чаму ето?

– Таму.

– A ўсё-такі – чаму?

– Таму… Няпраўда ўсё!.. Наплялі!..

Ён, чула Ганна, не паверыў. Глядзеў на яе, як бы не разумеў.

Ганна нядобра кінула яму:

– Ты ето ці не ўхаджваць за Параскай надумаў?

Міканор збянтэжыўся. Ад неспадзеўкі не адразу знайшоў што сказаць.

– Выдумала!..

– І я кажу – выдумалі!

Ля сяла яны разышліся: Міканор падаўся вуліцаю, а Ганна па загуменню. Але прайшла яна па загуменню небагата: так не хацелася бачыць цяпер Карчоў, што, мінуўшы ўжо, вярнулася на колішняе сваё селішча, падалася к роднай хаце.

Мачыхі дома не было: не трэба таіцца, выдумляць нешта! Прытуліла пяшчотна Хведзьку, які вырэзваў нейкія цацкі на дручку, з пяшчотай пагладзіла рудаватую галоўку. Той пачакаў быў цярпліва, з надзеяй, зірнуў на Ганну, як бы пытаючыся; яна зразумела яго позірк, вінавата пашкадавала – няма!

Няма гасцінца! Не крыўдуй, не зразу сюды прыйшла. І не да таго мне цяпер, брацік! Села на лаўку, стала распытваць, дзе матка, дзе бацька, гаманіць абы аб чым; а сама думала: тут i астацца б, зусім не ісці б да Карчоў!..

Пайшла з хаты толькі тады, як вярнулася мачыха.

2

Яшчэ з двара прыкмеціла: свякруха за шыбаю, як коршак, віжуе, чакае. Знарок цвёрда, дужа ступіла на ганак, упэўнена ўзялася за клямку. Ледзь увайшла, Глушачыха ўмомант абмацала ўсю вачыма, пранізала позіркам.

– Явілася!.. Думалі, прапала ўжэ!..

– Не, не прапала! Баяліся за нішто…

– Усе адно як не ў Алешнікі, a ў Юравічы хадзіла!

– Можа, i ў Юравічы!

– Гайсала зноў немаведама дзе!

– Гайсала…

Добра, Яўхіма не было, – свякруха пабурчала. пабурчала злосна ды i вярнулася к сабе.

Што б ні рабіла, Ганна ўспамінала сустрэчу, праводзіны. Думкі не толькі не ціхлі з часам, a чапляліся, кружылі ўсё мацней. Тoe, што жыло недзе глыбока, як крынічка пад багнаю, ад думак ахвоча дужэла, выбівалася напаверх.

"Як мне замужам, гадала… – Сама не заўважыла, калі стала гаварыць з дзяўчынаю… – Як замужам… Няпраўду я казала табе тады, у Юравічах. Без любові i ў нас не можна. Як для каго, а для мяне жыццё без яе – не жыццё! Не жыццё гэта, калі не Любіш, калі ў душы нянавісць адна! Гора гэга, пагібель, а не жыццё! Праўда твая была, твая! Дурная была я тады, не паслухалася, не абераглася! А была ж любоў, была! Адна была, адна i асталася!.. Няма чаго таіцца, усе Курані цяпер знаюць! Чалавек, Яўхім, кожны вечар кулакамі напамінае!.."

Была любоў… Як на здзек, разышліся, разарваліся ix дарогі! Як вецер насенне з дрэваў, раскідала няскладнае жыццё ix на розныя палосы; на розных палосах пусцілі карэнне, раздзяліліся, можа, навек – нявіднай, але страхотна чутнай мяжою. У яго цяпер – свая моцная прывязка: жонка, хата, гаспадарка… Не адарвецца… Што будзе, як далей пойдзе яе доля – мабыць, i Бог не скажа… Што рабіць, ніяк да толку не дабярэшся!..

Схамянулася: "Чаму не сказала Парасцы гэтага, калі ішлі, калі яна пыталася? Яна ж не так сабе кінула: "Гадала, як табе замужам!" Я ж пачула гэта адразу. Але паказала, што не зразумела, прамовіла нешта, абы перамаўчаць. Канешне, такога не можна было пры сведках расказаць, але – каб хацела – ці ж не магла б ад Міканора адасобіцца як-небудзь? Не гэта перашкодзіла… Не захацела паказваць боль свой, стаілася. А чаму ж i не стаіцца – хто мне Параска, калі бачыць праўду? Таварышка, прыяцелька?

А не прыяцелька, чаму ж я гавару ёй усё ў думках?.. Пустое гэта ўсё – гаварыць незнаёмай, лічы!.." Сама сабе пярэчыла: "Чаму ж – незнаёмай, калі бачыліся яшчэ тры гады таму? Калі яма не забыла, думала – як мне замужам? Калі яна такая разумная i такая – відаць жа – чулая, добрая?.."

Зноў нібы гаварыла з Параскаю: "Каб ведала тады, што столькі бяды глынуць давядзецца! Каб загадзя убачыла усё – у пельку хутчэй кінулася б, чым дала б аброць такую на сябе надзець! Закаялася – ды позна: павянчаная, мужава жонка, нявольніца; хочаш не хочаш, а – цярпі, змогі няма, a цягні пакуту ды маўчы! І не скардзься, бо ад скарг тваіх – толку ніякага, ніхто не паможа! Толькі бацькава ласка ўцешыць калі; але ад яе i боль потым чуецца мацней, больш на волю душа рвецца!.."

Ноччу, слухаючы п’янае Яўхімава хрыпенне, чуючы, як ныюць з мужавай ласкі рукі i плечы, Ганна думала з адчаем. І жыць далей так – няма сілы, i выбавіцца, вырвацца – невядома як! Не будзе ж у Куранях жыцця вольнага, не дасць Яўхім жыць адной! Звядзе са свету – i не перахрысціцца! Не знае ж хіба яго! Было б падацца куды, каб не бачыцца, не сустракацца з ім! Толькі ж куды падасіся, калі далей куранёўскіх агародаў свету, лічы, не бачыла!

"І ўсё адно – бачыла не бачыла, а – пайду! Хоць куды, а пайду! Пайду куды вочы глядзяць, чым прападаць так, гібець век! Знайду не знайду долю, а – пашукаю!.." Як тут было не ўспомніць зноў Параску: на каго ж яшчэ магла быць надзея! Тут жа так патрэбна была падтрымка, хоць бы парада! "Ты – парай, памажы хоць словам! Ты ж бачыла свет, ты ж – гарадская, вучаная! От i будзе твая навука мне! Твая грамата!.."

Так закарцела зноў пабачыцца: "Скажу ўсё чысто! Не буду таіць нічого! Скажу ўсё! Няхай знае! Няхай параіць!.."

Але не сказала ні ў другую сустрэчу, ні ў трэцюю. І не таму, што Міканор замінаў. Кожны раз, калі ішлі разам, чула Ганна, што не можа паказаць Парасцы бяду сваю. Не тое што каб не верыла ёй, але кожны раз чула ўсё ж між сабой i Параскай нейкую мяжу, якую не можна было пераступіць з бядою, не рызыкуючы гонарам. Гонар жа гэты быў трывожны, насцярожаны: усё гатоў быў перацярпець, толькі не сваё прыніжэнне…

Нават у той раз, калі яны былі з Параскаю блізкія, як ніколі, калі Ганна нібы вельмі рашуча адарвала Параску ад мужчын-спадарожнікаў, шчырая гаворка між Ганнай i Параскаю пайшла не адразу. Доўга ішлі моўчкі. Параска не пыталася нічога, нават не глядзела на Ганну, цярпліва чакала гаворкі,– а Ганна слова прамовіць не магла.

Ужо недалёка былі глінішчанскія могілкі – пад нізкім, хмурным небам дрэвы тырчалі таксама хмурныя, голыя. Невясёла сівеў выган, схаладнела, нярадасна туліўся чэзлы алешнік i бярэзнік на ўзболатку. Такая нярадасць, пастыласць былі ўсюды. Так цяжка было пачаць, расшчапіць сціснутыя бядою губы, узяць з душы, з болю, якім гарэла ўсё ўсярэдзіне, словы. Выціснула глуха, хрыпата, з адчаем, з рашучасцю:

– Не магу болей!..

Параска толькі зірнула пільным, шчырым позіркам. Нібы мерала глыбіню.

– Кончыць сябе хачу!

Хоць не глядзела на Параску, заўважыла, як трывога, спачуванне хмаркай прайшлі па яе твары. У грудзях запякло яшчэ мацней.

– Бы звяры! Поедам ядзяць!..

Адтаго, што ўсярэдзіне так пякло, гаварыць было цяжка. Словы то нібы прарываліся, то застравалі ў горле.

– Думала ўсё – перацярплю!.. Не магу!.. Няма маёй сілы!..

Трохі ішлі моўчкі. Парасчына рука лагодна, чула легла на Ганніна плячо. Ішлі ўжо як сяброўкі.

– А нашто – цярпець? – сказала Параска. – Ён – любіць?..

– Любіць! – Ганніны губы злосна скрывіліся. – Любіць!.. Як грушу! Вытрасе скора душу!

Зноў ішлі моўчкі. Ганна глядзела нязводна кудысьці наперад, але не бачыла нічога. Вочы былі сухія, гарачыя.

– Дык чаго ж ты? – зноў нібы запыталася, нібы папракнула Параска. Не зусім упэўнена дадала: – Хто цябе… трымае?

– Хто?! – Ганна стрымалася, сказала спакайней, як бы з павучэннем. – Не знаеш ты ўсяго! Па-свойму, па-гарадскому, думаеш!..

– Не па-гарадскому, па-нашаму, па-жаночаму, – зразумець хачу!.. – запярэчыла Параска. – З чалавекам, не любячы яго, гэта, я так лічу, усё роўна што не жыць! А жыць – ненавідзячы – гэта ж… не ведаю, як i назваць!.. Гэта ж – катарга!

– А не катарга, думаеш!

– Катарга – дык нашто ж усё жыццё пакутаваць на ёй! За кару якую! Ці ты – прывязана навек?

– A хіба – не? Не прывязана?!. Ды калі б не прывязана була, стала б я цярпець усё?!. У мяне цяпер можа – толькі i думкі, як вырвацца!.. Начэй не сплю, думаю! Днямі толькі i жыву етым! Толькі i думаюі куды падацца!.. За чым абараніцца!.. За саломінку ўхапіцца гатова! Цябе от пабачыла, месца знайсці не магла! "А можа – параіць што?!" Хоць знала сама, якая твая парада будзе!..

Вострыя, з-пад чорных шырокіх броваў Парасчыны вочы зірнулі дапытліва:

– Што ж цябе трымае?

– Што!.. Ён, мой суджаны, знаеш які! Сякерай галаву расколе i не перахрысціцца!..

– Гразіўся?

– Усяляк було! Суджаны ў мяне – такі! Не сумнявайся!.. Не здрыганецца рука!.. Тут – да ўсяго – дак шчэ – любоў! Любіць, каб яго зямля не насіла!.. Жонцы сваёй мілай – разлучніцы – дак расколе галаву з радасцю! Не тое што так, з нявыкруткі!..

– Я скажу яму! Судом пагражу!.. Расстрэлам!

Ганна ў адказ на Парасчыны словы толькі пакруціла галавой: як з дзіцячай выдумкі.

– Шабету папрашу, каб папярэдзіў! А трэба будзе – дык i Харчаву скажу!

– Будзе таму Харчаву ахвота важдацца! Тут i Шабета пакуль прыедзе, дак астынеш у крыві! Ды i баіцца ён Шабету! Яму што Шабета, што наш Хведзька – адзін страх! – Ганна дадала раздумліва: – Ды i кеб паслухаў ён покуль Шабету ці каго, дак усе адно ж жыцця не будзе! Кожны дзень думай, штоб не наткнуцца дзе на яго, век аглядайся, асцерагайся! У Куранях ухаваешся хіба дзе!.. Ён жа, калi i не прыдушыць адразу, дак дыхнуць вольно не дасць! Услед будзе лазіць усюды, цікаваць! Уся ix хэўра!.. Ганьба ж такая ім! Хіба ж яны прымірацца калі!.. – Ганна разважыла: – Мо хіба – штоб далеко куды ўцекці! І на воко штоб не трапляцца!..

Параска раптам стала.

– Ведаеш, што я рашыла? – Ганна, якая таксама спынілася, убачыла ў чорных, як смародзіна, вачах радасць, рашучасць. Параска аб’явіла: – Пераходзь да мяне!

– Куды?

– У школу!

Ганна глядзела Парасцы ў вочы, нібы чакала ўбачыць яшчэ нешта.

Дзіўна стрыманым, нібы недаверлівым быў гэты яе позірк першы момант. Потым на Ганнін твар лёг роздум, цяжкі, строгі.

– Не дастане, думаеш, там? – сказала няцвёрда, нечакана квола.

– Не зробіць нічога! А паспрабуе – па руках дадзім!

– Смелая ты – на словах!..

– І ў жыцці – смеласці пазычаць не буду! Пабачыш – калi трэба будзе!

– Думаеш, уберагціся можно?

– Не сумнявайся!..

Ганна памаўчала, усё больш хвалюючыся. Яна, збоку было відаць – аж гарэла неспакоем.

– А што я там рабіць буду? – Пакпіла нібы: – Дзяцей вучыць?

– А як жа. Удваіх са мной. – Параска аж сумелася, як пільна лавіла Ганна яе словы; схамянулася, стала гаварыць сур’ёзна, дзелавіта – Дзяцей i я павучу. А ты – памагаць будзеш, чым можаш. Прыбіраць школу пасля заняткаў, гатаваць… Ведаеш, мне столькі клопату з заняткамі, што проста няма калі варыць, пражыць. Ды і, калі сказаць шчыра, не вельмі i выходзіць гэта. А ты ж, можа, умееш? – Параска зноў не ўтрывала, усміхнулася.

Ганна, як i раней, не адводзячы з яе ўсхваляваных, неспакойных вачэй, кіўнула галавой:

– На ето я вучоная…

У Ганне цяпер мітусілася, віравала цэлая бура нецярплівых, ліхаманкавых пачуццяў, разваг, думак. Радасці, разлікі, надзеі, трывогі – усё круцілася, віхурылася безупынку, без яснасці. Чуючы гэту буру, Ганна разам з тым лавіла кожнае Парасчына слова…

– Работы хопіць! Абы ахвота! – турбавала яе Параска. – Дзяцей у нас – ведаеш колькі? Сто семера! Як ні глядзі, a гразі за дзень нацягнуць – за галаву возьмешся! Праўда, мы завял i такі парадак: дзеці самі i прыбіраць павінны, i падлогу скрэбці! Але хіба адны ірабілі яны калі ўсё – як трэба! Два класы, калідор! Ды парты, ды дзверы, ды вокны!.. Работы, абы ахвота была! – Параска схапіла Ганну за локаць, сказала з захапленнем – Увесну – агарод выштукуем! На зайздрасць усяму раёну!.. А?..

– Глядзі, кеб патом… не пашкадавала! – толькі сказала Ганна.

Параска зразумела, паклялася:

– І ты не пашкадуеш!..


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю