Текст книги "Подых навальніцы"
Автор книги: Иван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 23 (всего у книги 38 страниц)
Часам заходзілі суседзі, знаёмыя. Першы зазірнуў Зайчык. Спачатку плёў нібы так сабе – пра жыта, пра малацьбу; Васіль слухаў моўчкі, не глядзеў на яго: чуў, што ўсё гэта – подступ адно, што прыпёрся не дзеля гэтага.
– Плятуць, – як бы адказаў Зайчык. Параіў весела – А ты, братко, не глядзі! Не слухай! Не век аглядувацца ды слухаць усіх!.. – Васіль зіркнуў спадылба: Зайчык, здалося, глядзеў шчыра. – Калі ето i пажыць, як не ззамаладу. Пакуль спрыт малады ды сіла!.. Я, братко, – дробна, па-сяброўску захіхікаў,– у сваю пару таксамо буў! Не мінаў, дзе ўхапіць можна було! Не мінаў! Любіў, братко, салодкаго мяса ўхапіць! Смак знаў у етым! – Зноў захіхікаў: – І цяпер рад бы, дак – няма чым!
Пасмактаў люлечку, загаварыў без смеху, з павагай:
– Ганна, братко, – дзеўка! Ето не тое, што твая Маня! Я, брат, збоку бачу!.. – Нібы разважаў уголас, шчыра: – A i ты ж упадабаўся нечым! Бач – жыла, жыла з етым, з Корчыкам, а не ўжыла! Да цябе пацягнуло!.. Знайшла нешто ў табе, чаго ў Яўхіма няма! Нечым болей упадабаўся! І пажыўшы столькі з Карчом, не забылася! І – скажы ты – рук яго не пабаялася! Нічого не пабаялася, от баба! Наравістая, з харакцерам!.. Бабы, яны ўсе, чэрці, разбіраюць – хто ды што. У кожнай свой смак! A толькі ж – церпяць! І знаку не падаюць, што не даўпадобы! А ета ж – твая – не ўцерпела! І перад кім, перад Яўхімам! Наравістая!.. Упадабаўся, значыць, вельмі!.. Б’е яе дурань еты па чым папало! Уся ў сіняках! А не поўзае перад ім, не гнецца!.. – Зайчык зірнуў востра: – Што ето будзе ў вас цяпер? Сам поп, мабуць, не разбярэ. – Васіль не таіў, што гаварыць не хоча, але Зайчык не адступаўся: – Што ты ето рабіць думаеш? Праўда ето, што пабрацца згаварыліся? – Васіль так зірнуў, што Зайчык быццам павінаваціўся: – Я – нічого. Я толькі так – гавораць усе. Як, скажы ты, знаюць канешне!.. Не хочаш казаць, не кажы, я хіба застаўляю цябе!.. – Пыхнуў люлькаю i зноў павёў сваё: – Чаўпуць усе, на ўсіх падворках. Як знаюць канешне!.. А чаго ж – калi на тое – яно можно i – пабрацца!.. Баба – не кабыла, сказаць, a i яна ж нешто значыць!.. І без добрай бабы – у хаце як не хапае нечаго! Так што i баба людская – трэба!
Васіль амаль не глядзеў на яго i стараўся не слухаць, але ўсё, што ні казаў Зайчык, чула адгукалася ў душы^ вярэдзіла, трывожыла. "Як знарок прыпёрся – штоб дадзець яшчэ! Мало без яго думання було!.." Саскочыў раптам са сценкі застаронка, узяў мятлу, стаў, не зважаючы на Зайчыка, падмятаць на таку.
– Ат, як там ні е, не жалей, братко! – параіў раптам Зайчык. Саскочыў таксама з застаронка: сабраўся, мабыць, ісці. Цыркнуў весела: – Калі на тое: пажывіўся – i рад будзь! Друпя ето – з зайздрасці! Асабліво– жанкі! З зайздрасці i плятуць!.. Нашто мая – i то з’ела б, – як угледзіць, што на каторую зірну! А раней було!.. – ён зайшоўся смехам.
За ім прыйшоў Андрэй Руды, у крамнай сарочцы, картовых у пасачкі штанах, апорках, чыста паголены. Запытаў, колькі намалаціў, але Васіль няветліва адно буркнуў, што не мераў. Руды, нібы не заўважыў Васілёвай няветлівасці, пахваліў, што жыта ўрадзіла непаганае, калі раўняць з іншымі куранёўцамі. Канешне, у другіх краінах збіраюць больш, але з тымі нам пакуль што няма чаго раўняцца. Скруціў папяросу, адмысловую, тоненькую з аднаго боку, шырэйшую да другога, – увесь час нешта гаварыў пра кіслую глебу, пра тое, што ёй раіць даваць навука.
– У нас ето бы дзіво якое, – загаварыў павучальна i нібы звысака, – бы сабыціе несусветнае, – што чалавек завёў сабе, так сказаць, маладзіцу. – Васіль, хоць пачуў спачуванне, насцярожыўся адразу, з падазронасцю зірнуў спадылба. Руды спакойна слініў, склейваў папяросу, пераламіў, як люлечку. – У горадзе, асабліво ў некаторых странах, дак ето i не замецілі б. А на таго, хто здзівіўся б, папіядзелі б, так сказаць, як на дзікара. Там кажны, хто хоча i хто не хоча, мае абязацельно жанчыну, шчэ акрамя жонкі. Любоўніцу, называецца. І ніхто не дзівіцца, а наабарот. Там ето, так сказаць, як правіло. Так заведзено: кажны павінен мець! – Васіль зіркнуў: Руды спакойна мяў у пальцах сваю люлечку. Быццам папракнуў: – Цемната ўсё наша!.. – Узяў люлечку тонкім краем у рот, але не закурыў, паклаў раптам за вуха. – А то шчэ ў Расіі бувае такое дзело, – тлумачыў Васілю, – жывуць, не распісуючыся. He распісуюцца, а жывуць, як муж з жонкаю. Жывуць, пакуль, значыць, даўпадобы. Свабодныя атнашэнія. А патом, як нажывуцца, – так сказаць, да свіданія! Благадару, дарагая! Ето так завецца – гражданскі брак! – Васіль – хоць не выказваў асаблівай прыхільнасці госцю, глядзеў найбольш кудысьці ў кут гумна слухаў ужо з ахвотаю: лягчэй станавілася на душы. Нібы не такое страшнае было тое, што гняло. – А то шчэ е парадкі,– жвавеў, чуючы Васілёву ўвагу, Руды. – Ето найболей у цёплых странах, як, напрымер, – Турцыя ці Персія. Ето за Каўказам е такія страны. Дак там заведзено, што мужчына можа мець па некалькі жонак. Па закону іхняму паложано. Там некаторыя маюць, пра ето ў кнігах е сведзенія, па трыццаць, а то i пяцьдзесят жонак. І старэйшых, i маладзейшых, i саўсім маладых. І чорных, i белых! Называецца – гарэм… У аднаго було, навука падлічыла, – сто семдзесят тры жонкі!..
– Нашто ето яму? – не паверыў Васіль.
– Як ето нашто! Штоб, так сказаць, усякай уцехі пробуваць! То з адной, то з другой!
– Рабіць яму, мабуць, няма чаго. Багацей, пэўне…
– Багацей… Па-іхняму называецца – хан. Па-іхняму – хан, а па-нашаму – пан. Тое ж самае. У сачыненні Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна апісан адзін такі случай.
Нагаварыўшы ўсялякіх цудаў, у якія Васілю i верылася i не верылася, Руды, як старэйшы, мудрэйшы, узяўся навучаць, як выбрацца з бяды.
– Калі будзеш расходзіцца з бабаю сваёй, глядзі востро, штоб не абдурылі. Штоб усё, як паложано па Гражданскаму, а такжа, так сказаць, Працэсувальнаму кодзексу. Па кодзексу паложано палавіну імушчаства – табе, палавіну ёй. Яжэлі ёй, скажам, карова, то табе – конь. Яжэлі хату дзяліць, то такжа трэбуй: палавіна – мне. Або калі, дапусцім, хату ўсю ёй, то ты імееш право трэбуваць факцічаскую замену. У відзе, прымерам, каровы, свіней, хлява i таму падобнаго. Штоб усе па закону було, а не так, як Лесуну захочацца!..
Руды згадаў пра сваю папяросу-люлечку толькі на прыгуменні. Закурыў, падаўся лёгкаю, давольнаю хадою па загуменні дадому; Васіль жа, вярнуўшыся ў гумно, згадваючы яго парады, пачуў сябе яшчэ горш заблытана. "Напалавіну ўсё! Палавіну табе, палавіну – ёй! Легко табе дзяліць! Рэзаць чужое!.."
Ён веяў намалочанае, калі заўважыў, што ў вароты, за спіною, хтосьці ўвайшоў. Трымаючы ў руках лапатку са збожжам, як стаяў на карачках, азірнуўся: увайшоў сусед Міканор, у зрэбным, у лапцях, у расхрыстанай сарочцы, з асцюком у бялявых калматых валасах.
– Ну, дак як будзем? – сказаў голасна, весела, пасля таго як паздароваўся, пагаварыў для прыліку пра розныя дробязі.
– Што? – не зразумеў Васіль.
– Надумаў ужэ, можа?
– Што?
– У калгас надумаў, пытаюся?.. Пара ўжэ падаваць заяву. Чакаеш, што спіцыяльно запросяць? Ну, дак от я прыйшоў, спіцыяльно. Падавай заяву i – канец з канцом! Трэба канчаць ету валынку, на новую дарогу станавіцца. Бяры от, калі на тое, Ганну – i давай! Зразу рассякай вузел!.. А не, дак, калі на тое, – давай з дзвюма! – Міканор засмяяўся. – Абагульнім!
Васіль толькі ўнурыўся на яго смех.
– Mo – памагці табе? – Міканор не смяяўся, але глядзеў весела.
– Чаго?
– Напісаць заяву.
– Абыдуся покуль.
– Дурны ты! – незласліва, з папрокам сказаў Міканор. – Улез у кучу гною i бачыць не хочаш нічого! Яму добрага хочуць, на свет цягнуць, а ён улез у кучу гною i толькі адно: абыдуся! Сядзіць – i вылазіць не хоча! Жук i той выходзіць, а яго дак i выцягнуць не можно!
– Не можно, дак i не цягні!
– От, шчэ i прчаць пачынае, калі спробуюць цягнуць! Ты што ж, думаеш – ето табе жартачкі! Ты што ж думаеш – парція, увесь народ ето так сабе – з калгасамі! Пагавораць, пагавораць i – перастануць! Ці мо думаеш – круцяльня тут якая-небудзь? Абмануць хочуць, ці што?
– Нічого я не думаю! І думаць не хочу! Надумаўся ўжэ, што ў вачах зелено!..
– От, от – шчэ не зрабіў нічого, a ўжэ ў вачах зелено! Зелено, бо не тое думаеш, што трэба! Не тых слухаеш! Табе ўсякае кулацкае гадаўё голаву ачмурыла, дак табе i зелено! І м нятрудно ето, бо ты цёмны, за старое сваё гніллё дзержышся! А нас слухаць не хочаш! Не хочаш слухаць тых, што адны цябе могуць выцягнуць з гною! – Міканор доўга, цярпліва, таварыскім тонам тлумачыў радасці калгаснага жыццятлумачыў, хоць Васіль слухаў неахвотна i недаверліва Нарэшце цярплівасць яго кончылася.
– Ну, дак – напішаш? – прамовіў нядобра, строга.
– Падажду.
– Глядзі, штоб не було позно!
– Што ты прыліп з етым калгасам! – загарэўся Васіль. – Наравіцца – дак жыві! Што ты – сілуеш мяне!..
– Я не сілую, я – раз’ясняю табе! І папярэджую – штоб не позно було!
– А! – Васіль плюнуў з адчаем. – Позно, не позно– усе адно!
– Унь як!.. – Міканор глядзеў на Васіля так, быццам бачыў першы раз. Быццам стаяў перад непрыяцелем. – Кулацкая ж ты душа! З беднякоў выграбся, а ўжэ – чысты кулак! Стопрацэнтны кулак! Шчэ, можа, горай за кулака! Акапаўся – не падыходзь блізко! Не гавары яму, яму не наравіцца слухаць пра калгасы!.. Не наравіцца па-такому – загаворым іначай! Возьмемся i за вас!
– Бярыцеся!
– Возьмемся скора! Так возьмемся, што – пачуеш! Прывыклі, што цацкаюцца з вамі!..
Ён цвёрда пайшоў у вароты, пакінуў пад рудою з пачарнелымі кроквамі, з радамі старых лат, з павуцінай i пылам дзесяткаў гадоў страхою даўкі подых пагрозы. Але пагроза гэта толькі распальвала Васіля: "Возьмемся, грозіцца! Бярыцеся! Найшоў, чым пужаць! – Стомлены яшчэ тым неразвязным думаннем, што было да Міканора, рашыў горача – Усе адно!.. Як так ірвацца!.."
Ён абыякава ўзяў цэп. Проста таму, што трэба ж было штосьці рабіць. Доўга біў па снапах, не мог супакоіцца. Стаміўшыся, сеў на сценку застаронка; сядзеў, перадыхваў, астываў. Злосці не было ўжо, была толькі важкая, салодкая стома. У паспакайнелую галаву раптам увайшло: "А мо i праўда – пайсці? Забраць Ганну i – пайсці.– "Прыміце…" Як так ірвацца!.." Ён пабачыў сябе з Ганнаю ўжо ў кал гace, пабачыў з ціхай радасцю i палёгкай. Апе пазней, калі пачаў цвяроза абдумваць усё, на змену лёгкасці зноў прыйшла блытанасць пачуццяў, разваг: пайсці, кінуць усё, што нажываў гадамі! Улезці самому ў гэтую выдумку, якая можа аказацца пасткаю, пелькаю! У пельку ўлезці, толькі што – удваіх з Ганнаю!..
Думаў пра гэта i ўночы, i ў наступны дзень. І чым больш думаў, тым больш бачыў зноў: аблытаны ўвесь, па руках i нагах. І як ні падумай, каб разарваць, усё баліць нечым, усё нешта траціць трэба, – жывое адрываць ад сябе…
Сярод халаднаватага, ветранага дня, ідучы з бярэзніку – нарэзаў бярозавага вецця на мятлу, – сутыкнуўся з Ганніным бацькам. Чарнушка ішоў нечага ў бярэзнік, у світцы, з сякераю за поясам. Сутыкнуліся пры самым канцы бярэзніку – праз рэдкае, голае галлё дрэваў праглядвала ўжо сяло. Убачыўшы блізка Чарнушку, Васіль разгубіўся, адвёў вочы, як бы баяўся сустрэцца з яго позіркам. Чуў сябе як малы, які ўлез у шкоду i трапіў на вочы гаспадару, добраму чапавеку, – як злодзей, якога злавілі, на якога глядзяць. Няёмка стуліўся, – не гледзячы, бачыў Васіль, – i Ганнін бацька, прыпыніўся, кльшаў гак, быццам думаў – ісці бліжэй ці не. Няцвёрда набліжаўся. Калі падышоў, неяк хрыпла йаздароваўся. Нібы не ведаў, як здаровацца. Васіль вінавата адказаў. Чарнушка ступіў ужо ісці далей, але стаў. Быццам хацеў загаварыць, а не мог. Не ведаў, як пачаць. Чырвоны ад няёмкасці, пільны, Васіль улавіў позірк ціхіх, добрых вачэй: у ix был i пакута i нейкая надзея. Васіля раптам узяў жаль да яго.
– От як яно… завязалася!.. – Штосьці булькнула ў горле, Чарнушка каўтнуў дрыготка. Паскардзіўся, быццам – роднаму: – От як!.. – Штосьці тарганулася ў Чарнушкавым твары, i вочы пачало завалокваць.
– Завязалася!.. – З адчаем павёў вачыма ўбок Васіль. Пачуў сябе як вельмі вінаваты.
Чарнушка стрымаў горнасць. Толькі боль прайшоў па твары. Васіль убачыў старэчыя маршчыны на шыі, i жаль да старога запёк зноў.
Стаялi. Маўчалі. Шумеў адно вецер угары, часам даляталі галасы з сяла. І гаварыць не маглі, i развітвацца штосьці не давала. Як бы было яшчэ недагаворанае, няяснае.
– Не абіжай яе! – папрасіў раптам стары. – Еты гад есць яе… У сіняках век… – у голасе старога пачуўся адчай.
– Дак ці ж я… не хочу…
– Звядзе яе еты… нелюдзь…
Васіль схаваў вочы, угнуўся.
– Як бы ето… выручыць яе?
– Я думаў ужэ… Трудно ето… цяпер…
– Трудно!.. – стары пашкадаваў зноў– Завязалася.
– Завязалася!..
– Усе-такі ты – падумай… – папрасіў з болем.
– Падумаю…
Зноў маўчалі.
– Ну, бувай! – першы схамянуўся, выціснуў Ганнін бацька. Мякка, зычліва – як роднаму.
– Бувайце!..
Ужо ідучы ўзболаткам, Васіль учуў з сяла сабачы брэх: брахалі Карчовы вартавыя. Пачуў як бы нанава. Цераз пажоўклае куп’ё, цераз голы агарод з вязкай вецця на плячы даплёўся да гумна. Да поцемкаў малаціў, падмятаў на таку, веяў, быў у клопаце; i ўвесь час пяклі яго i вінаватасць, i жаль да Ганны, да бацькі яе, i турбота: што ж рабіць?! Думкі пра Ганну ішлі з нейкім новым наплывам пяшчоты i імкнення да яе…
Усе гэтыя дні Васіль стараўся не сыходзіцца ні з кім. Кожны дзень бачыў за плотам Дамеціка, Дамеціху, паказваў, што не заўважае; калі хто-небудзь з Дамецікавых браў ваду з калодзежа, Васіль павяртаў назад з пустым вядром. Неяк каля гумна ледзь не сутыкнуўся з Ганнінай мачыхай, адразу адвярнуўся, нібы спакойна пайшоў у гумно. Слухаў, ці не ідзе ўслед: здалёк здалося, што мачысе хацелася загаварыць з ім. Ткнулася была неяк зайсці Сарока, загаварыла лісліва, але ён няветліва адышоў, падаўся к хлявам. Паказаў, што не хоча растарэкваць з балбатухай гэтай.
Два разы пільны Васіль бачыў, як паўз гумно загуменнай дарогай праходзіў не хто іншы, Яўхім. Адзін раз Васіль назіраў за ім, пачуўшы блізка Яўхімаў голас: Яўхім ішоў з Ларывонам. Тады Васіль праз шчыліну між бярвенняў, з якой біла святло, заўважыў, як i раз, i другі, адказваючы Ларывону, Яўхім зірнуў к яго гумну, к двару – нібы шукаў яго. Васіль бачыў – глядзеў позіркам чалавека, які гатоў зарэзаць. Другі раз Васіль убачыў Яўхіма зводдалек – не стаў чакаць, пакуль той падыдзе, – як мог спакойна падаўся з гумнішча на двор. Ідучы, чуў на спіне ненавідны, затоена люты позірк.
Здавалася, Яўхім ірвецца схапіцца з ім. Шукае толькі зручнага выпадку.
Васіль, што не хацеў ні з кім бачыцца, менш за ўсё хацеў сустрэцца з Яўхімам. Не тое што баяўся: Васіль i еабе самому не паказваў, што можа баяцца: ёсць каго яму баяцца, Карча! – a ўсё ж сустракацца з ім аберагаўся. Нічога добрага не зычыла яму гэта сустрэча.
І трэба ж, усё-такі сустрэліся. У такі час, калі Васіль не чакаў: на Курані легла ўжо важкая, асенняя цемра. Каб трохі далей былі, разышліся б, не назнаўшы; але сутыкнуліся вочы ў вочы.
– А-а! – сказаў Яўхім злавесна-радасна. – От хто!
Васіль прамаўчаў. Пачуў, як брыдкая млоснасць кволіць рукі, ногі, усяго. Стараўся адужаць яе. Думкамі рыхтаваўся да бойкі. "Як толькі рынецца, крутнуцца ўбок i даць самому! Па сківіцы, па п’янай пысе!.." Але не ўправіўся i варухнуцца, як ад лютага, пудовага кулака загуло ў галаве, пачуў моцны ўдар па назе. Ледзь устаяў. Сляпы ад болю i крыўды, кінуўся на Яўхіма, з усёй сілы сунуў кулаком у твар. Трапіў, здаецца, у нос – Корч аж енкнуў. Васіль умомант адскочыў к плоту, ухапіўся за кол… Хітнуў, стараючыся вырваць… Кол паддаваўся туга. Але Васіль ірваў яго… Яўхім стаяў упоцемку нерухома. Чамусьці не кідаўся біцца. Заскрыпеў зубамі, шкадуючы, з адчаем, вылаяўся.
– Не бойся! – неспадзеўкі прасіпеў. Хвіліну маўчаў. Зноў гатоў быў, чуў Васіль, люта кінуцца на яго, учапіцца ў горла i стрымліваў сябе з адчаем.
– Не тут ето рабіць. Заб’ю, міліцыя ўхопіць зразу! – прасіпеў з нястоеным шкадаваннем, са злосцю. – У цюрму неахвота… Ці ў лес бегці. Жызнь губіць. З-за етакаго… Але – знай, – голас стаў важкі, грозны. – Знай, смярдзючы ўдод, будзе мамент! Я падлаўлю!
– Сам пра сябе падумай! Штоб цябе не падлавіў хто!
– Будзе ўдобны мамент – кішкі выпушчу! Па адной выцягну! Есці сваё застаўлю!.. Не пападайся ў пустом месцы адзін! Знай!
Васіль чуў: забіць можа, зарэзаць. Як плюнуць. Але не паддаўся гонарам.
– Напужаў!
– Пасмяешся патом! – грозна прадказаў Яўхім.
Пастаяў крыху, як бы для таго, каб Васіль падумаў, важка пасунуўся ў цемру.
Раздзел шосты
1Усе Дзятлікавы пільна сачылі за тым, што рабілася з Васілём i Маняю. Між ix не было чалавека, якога б гэта не трывожыла. У гэтым быў цяпер самы вялікі клопат i самы вялікі неспакой.
Hi на адзін дзень не ўціхаў неспакой у Валодзі. Усё што ён лавіў слыхам, што бачыў, чула вярэдзіла яго, узварушвала важкія, непадсільныя думкі. Як i тады, калі ён упершыню даведаўся, што Васіль хоча жыць з Ганнаю, тайна згаварыўся з ёю, калі пабачыў Маніны слёзы, свет мучыў яго нядобрай, нязменнай нязладнасцю. Гэтая нязладнасць не толькі не прападала з днямі, а яшчэ нібы больш паказвала, якая яна вялікая i моцная. Колькі Валодзя ні думаў, усё не выходзіла так, каб усім было добра. Усё ішло да таго, каб жыць утраіх хіба – i з Маняю, i з Ганнай. Але цяпер відаць ужо было, што калі б i ўзяўся Васіль карміць абедзвюх, дык усё адно нічога б не склеілася. Маня толькі i ведала, што клясці Ганну. Доўга Васіль цярпеў бы, слухаючы век гэту кляцьбу! А то ж, гіэўне, кляцьбою адною i не абышлося б. Канешне ж, пры такім жыцці ці адна, ці другая век чаплялася б за косы. Крыку на ўсё сяло было б век. Толькі i аставалася б сядзець ды разбараняць ашалелых…
Не было ніякага ладу i ў Валодзевых думках i пачуццях. Хоць Васіль быў i вінаваты ва ўсім, хоць ад гэтага Валодзьку было няёмка i сорамна за яго, за тое, што ён i сустракаўся тайна, i згаворваўся тайна кінуць жонку, было Валодзьку разам з тым i шкода Васіля. Што ні кажы, a Васіль усё ж такі – брат, i хоць, бывала, брат гэты не вельмі ласкава абыходзіўся з Валодзькам, a ўсё ж такі не вельмі добра на душы, калі бачыш, што брат твой сам невясёлы, можна сказаць – няшчасны. Што там ні казала Маня, а Валодзьку часта шкода было i Ганну, якая таксама ж мучылася з паганым сваім Карчом i не з радасці ж вялікай хацела к Васілю жыць перайсці; шкода было – i заўсёды чамусьці i няёмка, i сорамна, – хоць Валодзя i сам толкам не ведаў – чаму Мабыць, таму, што Ганна усе ж – чужая жонка, венчаная ў царкве з другім, што бегала к Васілю тайна, хоць Васіль венчаны з другой; сустракаліся тайна, не па закону, не па закону цалаваліся, хоць чужыя. З гэтым зноў i зноў улазіла спакуслівае: усё ж добра было б, каб Ганна перайшла, стала сваячкай, каб сваяком стаў i Хведзька. Яны, праўда, i так амаль ужо сваякі з Хведзькам, калі ўжо ў Васіля з Ганнаю было такое; а усё ж такі лепей было б, каб парадніліся саўсім, на закону…
Шкадаваў Валодзька i Маню. Маню дык ён толькі шкадаваў: што ні думай, яна самая няшчасная. Васіля ўсё ж любіць Ганна, i Васіль Ганну таксама любіць; яны могуць пашкадаваць адно аднаго. А Маня як сірата, Васіль i глядзець на яе не хоча, гаварыць не хоча з ёю. Шкода Маню. Адтаго маркота i жаль бяруць, калі бачыш, як яна горбіцца іншы раз пры калысцы. І хочацца неяк суцешыць, каб ёй не было так горка, – неяк памагчы ёй.
Валодзька не адкручваўся, як раней, калі матка загадвала иазабаўляць малое, якое само чамусьці ляжаць ціха не магло. Калі ў хаце нікога не было, а Алёшка пачынаў гарланіць на усю хату, то Валодзька i без чыіх там загадаў падыходзіў да калыскі, забаўляў ці гушкаў хлопчыка. Не тое што кніжку, a i забавы цікавыя свае кідаў, каб супакоіць Алёшку. Іншы раз ён агукаў, як матка, i крывіўся смешна, паказваў рожкі i калі Маня была ў хаце; калі ёй было не да Алёшкі. Валодзьку хацелася, каб яна пахваліла яго: вось які ён, сказала б, добры, як памагае ёй, але яна нібы i не заўважала. І нават – Валодзька здзівіўся – зіркнула неяк нелагодна, быццам i недавольна была, што ён памагае. Знарок падышла да калыскі, адштурхнула яго, стала карміць малога, хоць той i не хацеў есці. А то вось, калі Валодзька ўзяўся забаўляць Алёшку, раптам кінула паласкаць пялёнкі ў начоўках ды так злосна рынулася да Валодзькі, што таго страх узяў.
– Чаго лезеш?! – закрычала, аж трасучыся ўся. Вочы яе былі чырвоныя, круглыя, рот шчэрыўся. – Чаго чапаеш?!
Валодзьку здалося, што яна зараз ухопіцца за віхор яму. Ці ўчэпіцца злымі зубамі.
– Я пазабаўляць… хацеў…– Ён з асцярогі адступіўся ад калыскі, не зводзячы з Мані вачэй.
– Пазабаўляць! Ідзі забаўляй сучак па завуголлях! Забаўляка!.. Пазабаўляць хацеў!.. – Закрычала грозна: – Штоб не чапаў! Штоб блізко да яго не падыходзіў!
– Не б-буду… Я толькі…– хацеў ён растлумачыць, апраўдваючыся, але яна перарвала:
– Штоб блізко не падступаў!..
– Не буду…
З таго разу Валодзю было i шкода яе i боязна…
Дзед Дзяніс не кідаўся так, як Валодзя. Не было ўжо ў дзеда i збянтэжанасці, i абурэння, якія гналі яго з поля першы дзень, калі на дзеда абваліў неспадзяваную навіну Андрэй Руды. Дзед не кіпеў ужо, быў аж надзіва стрыманы i роўны. Быў ён яшчэ – нібы больш строгі i разважны. Худы, касцісты, з важкім чырвоным носам, хадзіў ён у дублёным кажусе i па двары, i па хляве ўжо нібы не так старэча, з нейкай дужасцю ў хадзе, з асаблівай годнасцю даваў загады, найбольш матцы; паводзіў сябе не як якая-небудзь дзесятая спіца ў коле, а як першы ў сям’і, гаспадар. Матка, беручы яго загады, хоць іншы раз i аглядвалася асцярожліва на Васіля, ківала дзеду згодна, слухалася. Васілю дзед амаль не загадваў, рэдка казаў i заўвагі, але гэта не мяняла значэння: дзед нібы паказваў, што не хоча звязвацца з гэтым неслухам. І што яму мала клопату, што думае гэтае дзіця. Трэба сказаць, што Васіль, хоць i не бегаў па дзедавых загадах, нічым не пярэчыў, што дзед, праўда, – старшы, не так сабе ўзяў гэта – кіраваць усімі.
Такое было не першы раз. І раней, калі ў сям’і ці ў гаспадарцы ішло што-небудзь крыва, дзед не глядзеў ціха са свайго сціплага месца ззаду, дзед выходзіў наперад i браўся за лейцы сам. У такія моманты дзед нібы згадваў, што ён не для таго тут, каб кашляць на печы ды дыміць люлькаю; бачыў нанава, што ён, а не маладыя стрыкуны гэтыя, самы сталы тут. Адзін сталы i адзін разважны. Момант нібы зваў дзеда ўзняцца над усімі, весці ўсіх, i дзед адгукаўся на кліч, уздымаўся i вёў іншых. Ці дзіва, што дзед станавіўся такі раздумлівы i паважны, што i хадзіў, i дзейнічаў з такой годнасцю…
Дзед Дзяніс не таіў, а знарок паказваў, што яму не падабаюцца ні Васілёў учынак, ні непарадак у гаспадарцы i ў хаце. Ён амаль не гаварыў ира гэта, не дакараў Васіля словамі: тое, як недавольны, дзед выказваў моўчкі. Нядобра зіркалі маленькія, выцвілыя вочы з-пад нейкіх натапыраных, кусцістых броваў, густа, непрыязна дыміла люлька; i кашаль пры Васілю быў ужо не той дабрадушны, як нядаўна, а нелагодны, злы нават. Яшчэ больш пра тое, што думае дзед пра Васілёў учынак, гаварылі сур’ёзнасць i строгасць, з якімі дзед гаспадарыў на двары, у хляве.
Усё ж ад гэтага не лягчэла. Маўчанне яшчэ нібы дадавала злога, i з кожным днём усё больш. Дзеду бачылася, што неслух гэты не разумее яго маўчання! Заўважаць не хоча! Усё нецярплівей жавалі сухія губы люльку, усё злей калолі вочкі з-пад натапыраных броваў.
– За розум пара ўжэ брацца! – не ўтрываў, нядобра павялеў дзед. Голас быў нацяты; відаць было, накіпела дзеду, але ён яшчэ стрымліваў сябе.
Васіль на дзедавы словы адно матнуў галавою – як ад назольнага авадня. Адвярнуўся нават.
Дзеда ўзяў гнеў. Загарэўся зразу:
– Слухаць трэба! Слухаць, што кажуць! Браць на вум!.. За розум брацца пара! Не дзіця ўжэ! Дак i дзяцініцца няма чаго! За розум трэба брацца!.. Кінуць глупство ўсякае пара!.. Кінуць!.. – Дзед некалькі разоў запар уцягнуў дым з люлькі, абурана закашляў: – Разумны вельмі стаў! Разумнейшы за ўсіх!.. Волі багато ўзяў сабе!.. Як жарабя, што на выган вырвалося! Усё яму ніпачом… – Заявіў цвёрда: – Разбалуваўся!
Дзеда ўжо не стрымаць было. Хоць Васіль словам не запярэчыў, слухаў цярпліва, дзед доўга не ўціхаў, кіпеў яшчэ. І потым, калі Васіль асцярожна сышоў,– ледзь не цэлы дзень, – у хаце, на двары, шумеў, бурчаў сам сабе. Нагаварыў злога дачцэ, Васілёвай матцы, якая трапілася на вочы. Не пашкадаваў Маню: насеў так – нібы з-за яе ўсё выйшла!..
Больш за ўсіх кідалася матка. Яна не кіпела гневам, як дзед; яна адно бедавала, ціха, турботліва.
Усіх ірвалася супакоіць, улагодзіць, прымірыць. Ірвалася ўвесці мір у хату. Асабліва старалася дагадзіць яна Мані, з якой абыходзілася так ласкава, нібы хацела адплаціць за ўсё гора, якое даў яе сын. З твару яе не сыходзіла вінаватасць, чулая, добрая вінаватасць, матка нібы прасіла быць незласлівай, дараваць. Калі Васіля не было блізка, матка штодня ўводзіла ў галаву нявесткі: "чаго ў сям’і не бывае", "усяго пабачыць даводзіцца", "ето толькі збоку здаецца, што ў другіх ціхо ды гладко"; штодня, цярпліва, неадступна ўгаворвала, каб тая – не дай Бог, не рабіла глупства, праз якое век будзе каяцца – не ішла да сваіх; каб не забывала пра тое, як будзе потым дзіцяці без бацькі; каб не рабіла няшчасным сіратою.
Бяда была ёй з Васілём. З Васілём яна не ведала, што рабіць, як падступіцца да яго. Іншы раз яна завіхалася каля яго, спраоавала улагодзіць, змякчыць ягоале Васіль нібы не заўважаў яе ці недавольны адыходзіў.
Ёй балела адтаго, што бачыла: ён не хіліўся ні да кога; ён цураўся ўсіх, не толькі Мані. Усе – i дзед, j яна, i Валодзька – был i яму нібы чужыя. Сярод сваіх ён жыў асобна, адзін, сам з сабою; i блізка не падпускаў нікога да сябе, i яе разам з іншымі. Яе дык, здавалася, горш за іншых цураўся!..
Толькі можна было здагадвацца, што робіцца ў душы яго; ад гэтых здагадак, ад невядомасці матчыны грудзі яшчэ болей ціснула скруха. Балела асабліва таму, што ведала ж – не такі ён каменны, як мог бы падумаць хто-небудзь іншы; бачыла – сумны i разгублены ён, сам не ведае, як з бяды выбрацца. Бачыла, што трэба яму i лагоды, i парады, – a ніякай падмогі не дапускаў!..